PreModern Russia and its World. Essays in Honor of Thomas S. Noonan. Wiеsbaden, 2006 (Ірына Ганецкая)
Pre-Modern Russia and its World. Essays in Honor of THOMAS S. NOONAN. Ed. by KATHRYN L. REYERSON, THEOFANIS G. STAVROU, and JAMES D. TRACY. Wiеsbaden: Harrasowitz Verlag, 2006. — 180 p.
Зборнік „Расія і яе свет напярэдадні Новага часу» пад рэдакцыяй К. Л. Рэерсон, Т. Г. Стаўрова, Дж. Д. Трэйсі ўключае матэрыялы канферэнцыі з такім жа назовам, арганізаванай 2 лістапада 2002 г. і прысвечанай памяці Томаса Нунана,выдатнага амерыканскага гісторыка, які трыццаць пяцьгадоў працаваў ва універсітэце Мінесоты. Абшары навуковых інтарэсаў Т. Нунана вельмі шырокія, яны тычыліся ўсходнеславянскіх, фінскіх, балцкіх плямёнаў, волжскіх булгараў, хазараў, печанегаў і полаўцаў, якія насялялівелізарныя тэрыторыі, што распасціраліся ад Арктычнагаўзбярэжжа да Чорнага мора, ад Карпатаў да Урала. Длябольш глыбокага разумення працэсаў, што адбывалісятам на працягу ІХ-ХІІІ ст., Томас Нунан закранаў таксама гісторыю вікінгаў, Блізкага Ўсходу і Сярэдняй Азіі. У сваёй працы даследчык выкарыстоўваў пісьмовыя, археалагічныя інумізматычныя крыніцы. Яго даследаванні насілі сінтэтычныі шматузроўневы характар: ад разгляду эканамічнай гісторыі велізарнага рэгіёна ў шырокім сэнсе (гандлёвыя шляхі, аб’ёмы гандлю і інш.) да даволі вузкіх праблем (асобныя рамёствы, перайманне новых тэхналогій, эканоміка качэўнікаў, эвалюцыя рускіх гарадоў і г.д.). Томас Нунан стварыў новае вымярэнне ў падыходзе да вывучэння гэтага складанага рэгіёна, што можа быць узорам сучаснага гістарычнага даследавання.
У зборнік увайшлі сем артыкулаў: „Бліжэйшае знаёмства з Візантыйскім светам: Русь у Керчанскім праліве» Дж. Шэпарда; „Абагаўлёная вярхоўная ўлада хазар» П. Б. Голдэна; „Ідэнтыфікацыя суднабудаўнічых цвікоў з квадратным сячэннем эпохі вікінгаў: на прыкладзе сярэдняй Нарвегіі» Г. Сталзбэрг і Б. ле Бо; „Гандляры сярод лясоў: паўночнаяперыферыя Русі ў сярэднявечнай сістэме гандлёвых сувязяў»Н. Макарава; „Развядзенне сокалаў у сістэме абмену сярэднявечнай Еўразіі» Т. Т. Олсэна; „Развагі пра маскоўскае грамадства другой паловы ХV ст.» Р. Гэлі; „Манеты, гандаль і канцэптуалізацыя Кіеўскай Русі» Дж. Марцін. На першы погляд, публікацыі вельмі адрозныя тэматычна і храналагічна, аднак усе яны натхнёныя навуковымі ідэямі Томаса Нунана. Выданне адкрывае грунтоўны артыкул Дж. Шэпарда „Бліжэйшае знаёмства з Візантыйскім светам: Русь у Керчанскім праліве», які ўяўляе сабой непасрэдны працяг і далейшае развіццё даследаванняў Т.Нунана. У цэнтры ўвагі гісторыка знаходзіцца паўночнае і паўночна-ўсходняе Прычарнамор’е. У Х-ХІІ ст. у гэтым рэгіёне сутыкнуліся інтарэсы многіх народаў і дзяржаваў. Этнічная, культурная і палітычная карціна яго была надзвычай складанай і далёка не вывучана да канца. Тут прысутнічалі русь, хазары і іншыя плямёны качэўнікаў, Візантыя; скрыжоўваліся мясцовыя (уздоўж паўночнага і ўсходняга ўзбярэжжаў, а таксама праз мора на поўдзень у Малую Азію і Канстанцінопаль) і важнейшыя міжнародныя гандлёвыя шляхі (па сушы ў Арменію і мусульманскія краіны, на поўнач праз стэпы па Дону і Волзе ў лясную зону і да ўзбярэжжа Арктыкі, на ўсход да Каспія і ў Сярэднюю Азію). Гэта непазбежна прыводзіла да актыўнага культурнага, палітычнага і эканамічнага ўзаемадзеяння. Дж. Шэпард у сваім артыкуле закранае наступныя аспекты тэмы: геапалітычная і культурная сітуацыя; стратэгічнае значэнне Керчанскага праліва для Візантыйскай імперыі; дачыненні паміж Візантыяй і Хазарскім каганатам, Візантыяй і рускімі князямі; рускія набегі на ўсходні Каўказ у 1030-х г.; царкоўныя і іншыя кантакты паміж Канстанцінопалем, паўночна-ўсходнім Прычарнамор’ем і Аланіяй у ХІ ст.; дзейнасць Алега Святаслававіча (у Тмутаракані, Чарнігаве, у дачыненнях з Візантыяй); пісьменнасць і летазлічэнне; рускія князі і паўночна-ўсходняе Прычарнамор’е; гандаль і кантакты паміж руссю і грэкамі ў праліве ў ХІ-ХІІ ст. Разгорнуты аналіз пісьмовых сведчанняў з розных краін, культурных і рэлігійных уплываў, дадзеных нумізматыкі і сфрагістыкі дазволілі аўтару зрабіць важныя высновы, якія істотным чынам праліваюць святло на некаторыя аспекты складанай гісторыі такога супярэчлівага рэгіёна, якім было паўночнае і паўночна-ўсходняе Прычарнамор’е ў згаданы перыяд.
У публікацыі П. Б. Голдэна прадстаўлены аналіз прыроды Хазарскага каганата і асаблівасці інстытута вярхоўнага кіраўніка дзяржавы качэўнікаў. Свой погляд на інтэрпрэтацыю цвікоў з суднаў вікінгаў, адрозны ад традыцыйнага, выказваюць у невялікім матэрыяле Г. Сталзбэрг і Б. ле Бо.
Артыкул Н. Макарава „Гандляры сярод лясоў» несумненна будзе цікавым не толькі для гісторыкаў, але найперш для археолагаў. Вынікі дваццацігадовага сістэматычнага даследавання аднаго вясковага паселішча з выкарыстаннем сучасных метадаў, выкладзеныя аўтарам, абвяргаюць шэраг стэрэатыпаў савецкай і постсавецкай археалагічнай навукі. Агульнавядома, што шматлікія пісьмовыя крыніцы ІХ-ХІІІ ст. гавораць пра футра як асноўны прадмет усходнееўрапейскага экспарту. Несумненна, сістэма арганізацыі здабычы і збору футра мела велізарны ўплыў на агульнае эканамічнае развіццё Русі. Аднак пісьмовыя крыніцы толькі канстатуюць факт, кажуць, што футра пераважна атрымлівалі ў выглядзе даніны, але даюць вельмі абмежаваныя звесткі для раскрыцця практычных аспектаў тэмы экспарту футра. Не было акрэслена і значэнне спецыялізаванай здабычы і продажу футра. Натуральна, у такой сітуацыі вучоныя не маглі не выкарыстаць патэнцыял археалогіі і палеазаалогіі.
Археалагічны комплекс Мініна непадалёк ад Волагды ўключае тры неўмацаваныя паселішчы, могільнік і цэнтр па вытворчасці жалеза. Гісторыя помніка налічвае 250-300 гадоў і заканчваецца ў пачатку ХІІІ ст. Вакол Мініна ляжалі вялікія незаселеныя лясныя абшары (на тэрыторыю плошчай 3300 кв.км прыпадае ўсяго 7 паселішчаў такога тыпу). Першапачаткова была пастаўлена задача вывучэння сельскага паселішча з асноўным акцэнтам на эканамічны і экалагічны аспекты яго развіцця. Раскопкі праведзены на двух паселішчах і могільніку. Вёскі былі даволі вялікія — прыкладна 30-35 жытлаў у кожнай. На галоўным з іх знойдзена 1130 вырабаў з каляровых металаў і каля 1330 шкляных пацерак. Атрымліваецца ў сярэднім па 3 такія артэфакты на кожны квадратны метр — прыкладна, як у Бірцы, а таксама ў культурным пласце Ноўгарада і Гнёздава. Геаграфія і асартымент імпартных рэчаў надзвычай шырокія: візантыйскі шкляны посуд, бурштын, керамічны посуд волжскіх булгараў, кіеўскі паліваны посуд, бронзавыя шалі і арнаментаваны металічны пас. Натуральна, не заўсёды можна аддзяліць імпарт ад мясцовых імітацый. Нажы, замкі, ключы, грабеньчыкі паўтараюць заходнія тыпы. Археолагамі зафіксаваны сляды мясцовай вытворчасці металічных упрыгожванняў. Сыравіна паступала з Балтыйскага рэгіёна. Разам з металічнымі ўпрыгожаннямі, характэрнымі для міжрэчча Волгі і Акі, сустракаюцца жаночыя ўпрыгожанні заходніх тыпаў, якія распаўсюджваюцца з ХІ ст. У цэлым жаночы касцюм знаходзіўся пад моцным уплывам балцкіх традыцый. Раскопкі ў Мініна далі 19 заходнееўрапейскіх манет 976-1086 г. (13 з іх паходзяць з паселішчаў). Прынамсі некалькі манет выступалі як сродак грашовага абмену, паколькі на іх адсутнічалі адтуліны для падвешвання.
Задачы, пастаўленыя перад даследаваннем, патрабавалі ўважлівага вывучэння астэалагічнага матэрыялу. 75% агульнай колькасці костак належалі дзікім жывёлам. Доля рэшткаў дзікіх жывёл змяняецца ад перыяду да перыяду: калі ў ХІ — пачатку ХІІ ст. яна складала 76-80%, то з другой паловы ХІІ ст. працэнт костак дзікіх жывёл змяншаецца. Калекцыя дэманструе разнастайныя віды дзічыны, асабліва шмат баброў, вавёрак, куніц. Пэўная дынаміка назіраецца ў аб’ёмах здабычы бабра: 27-56% у розных месцах для Х — пачатку ХІІ ст. і 13-20% — для другой паловы ХІІ-ХІІІ ст. Змяншэнне папуляцыі бабра вяло да павелічэння здабычы вавёркі. Знаходкі спецыяльных жалезных і касцяных наканечнікаў стрэл таксама даюць сведчанні вялікай ролі палявання на пушнога звера.
Здабыча футра на Мініна ішла поруч з іншымі галінамі вытворчасці. Апроч металургіі і металаапрацоўкі жыхары паселішча актыўна займаліся сельскай гаспадаркай: вырошчвалі традыцыйныя зерневыя культуры, разводзілі свойскіх жывёл. Яны самі забяспечвалі сябе прадуктамі харчавання, прыладамі працы, і іх выжыванне не залежала ад знешняга гандлю.
У выніку перад археолагамі паўстала нечаканая карціна. На пушнога звера палявалі і пастаўлялі ў вялкіх аб’ёмах каштоўнае футра на міжнародны рынак жыхары вялікіх вясковых паселішчаў. Пры гэтым не было выяўлена ніякіх паляўнічых станцый ці сезонных стаянак, якія, паводле этнаграфічных крыніц, складалі аснову здабычы футра ў паўночнай Расіі позняга Новага часу. Не выклікае сумнення, што Мініна не было спецыялізаваным паселішчам паляўнічых. Яго эканоміка засноўвалася на розных відах дзейнасці. Насельніцтва тут займалася раслінаводствам, жывёлагадоўляй, рыбалоўствам, вытворчасцю жалеза і апрацоўкай чорных і каляровых металаў. Інакш кажучы, атрыманы сведчанні шматгаліновай эканомікі, дзе здабыча футра была хутчэй сродкам дасягнення раскошы, а не сродкам існавання. Н. Макараў лічыць, што эканамічная мадэль Мініна была тыповай для велізарных абшараў лясной паласы паўночнай Расіі.
Вынікі даследавання Мініна пацвярджаюць ідэі Нунана, які лічыў таварны абмен у Балтыйскім рэгіёне вельмі важным, і паказваюць, што ўплыў балтыйскага гандлю распасціраўся нашмат далей на ўсход. Пераарыентацыя міжнародных гандлёвых шляхоў ва Ўсходнебалтыйскім рэгіёне ў канцы Х — пачатку ХІ ст., дэталёва даследаваная Нунанам, не толькі стымулявала развіццё Ноўгарада, але і моцна паўплывала на эканамічнае і культурнае становішча велізарных тэрыторый паўночнай Расіі. Асаблівую значнасць вынікі даследавання расійскіх археолагаў набываюць у кантэксце вывучэння працэсу ўзаемадзеяння міжнароднага гандлю і мясцовага эканамічнага развіцця аддаленых раёнаў. Яны пацвярджаюць ідэю, што цыркуляцыя срэбра і іншых тавараў у міжнароднай сістэме гандлю аказвала моцны ўплыў не толькі на гандлёвыя цэнтры, размешчаныя на буйных водных шляхах, але і на аддаленыя раёны, якія самі выраблялі тавары і забяспечвалі гандаль прыроднымі рэсурсамі. Гэтая ідэя, ясна сфармуляваная ў працах Нунана, часта супярэчыць шырока распаўсюджанаму погляду на міжнародны гандаль як дзейнасць, што ажыццяўлялі толькі праз спецыялізаваную інфраструктуру, незалежна ад мясцовых супольнасцяў, якія, як лічылася, на самай справе не былі ўключаны ў таварны абмен. Уважлівы аналіз археалагічных дадзеных паказвае, што ўзровень камерцыялізацыі вясковага насельніцтва і ўзровень іх жыцця былі даволі высокімі. Мясцовыя пасяленцкія структуры ў рэгіёнах, дзе здабывалі футра, былі важнымі элементамі міжнароднай сістэмы абмену і карысталіся выгодамі свайго геаграфічнага становішча гэтаксама, як і гарады.
Аб’ектам увагі артыкула „Развядзенне сокалаў у сістэме абмену сярэднявечнай Еўразіі» сталі паляўнічыя птушкі, навучаныя для сакалінага палявання. Яны разглядаюцца не толькі як з’ява культурнага жыцця асобных народаў, але найперш як тавар, які на працягу стагоддзяў карыстаўся попытам у розных кутках кантынента. Т. Олсэн высвятляе вытокі гэтай паляўнічай традыцыі, вызначае рэгіёны, адкуль пастаўляліся птушкі, краіны і сацыяльныя групы, якія ix спажывалі, прасочвае кірункі руху гэтага жывога тавару ў глабальнай сістэме міжнароднага гандлю. Як паказваюць пісьмовыя крыніцы, у эпохі Сярэднявечча і ранняга Новага часу гандаль паляўнічымі птушкамі насіў глабальны характар і, звязваючы асобныя цывілізацыі Далёкага Ўсходу і Сярэдняй Азіі, Індыі, мусульманскага свету, Усходняй, Цэнтральнай і Заходняй Еўропы, быў адным з фактараў паступовага стварэння адзінай культурнай і эканамічнай еўразійскай прасторы.
Рычард Гэлі ў артыкуле „Развагі пра маскоўскае грамадства другой паловы ХV ст.» прадстаўляе свой погляд на гісторыю Масковіі. Ён лічыць, што другая палова ХV ст. сталася часам найвялікшых сацыяльных змен, супастаўляльных з тымі, што адбываліся паміж 1906 і 1936 г. Яны канчаткова былі сфармуляваны ў Саборным Улажэнні 1649 г. і зрабіліся вырашальнымі на стагоддзі далейшай гісторыі краіны. Аўтар паказвае фактары, сутнасць, механізмы і дынаміку перамен у асобных сегментах грамадскай структуры і грамадскіх адносінаў Масковіі: фармаванне класа служылага дваранства, узмацненне правінцыйных элітаў, працэс запрыгоньвання сялянства, рабства, стварэнне ўмоваў урбанізацыі.
Працэсы, якія адбываліся ва ўсіх азначаных сегментах сацыяльнай структуры, прывялі да ўзмацнення ролі дзяржавы / цара над усімі галоўнымі аспектамі грамадскага жыцця. Дзяржава ўзяла пад поўны кантроль асноўныя эканамічныя чыннікі: зямлю, працу, капітал. У той жа час, адзначае аўтар, дзяржава не абавязкова была ініцыятарам працэсаў, што вялі да рашучых зменаў, хоць амаль усе яны былі санкцыянаваны дзяржавай. Новыя з’явы ў маскоўскім грамадстве другой паловы ХV ст. мелі рознае паходжанне, а найбольш відавочным вынікам іх супольнай чыннасці быў уздым і ўмацаванне Маскоўскай дзяржавы.
Публікацыя Джэнет Марцін „Манеты, гандаль і канцэптуалізацыя Кіеўскай Русі» ў пэўнай ступені тычыцца і сярэднявечнай гісторыі Беларусі. Засноўваючыся на вывучэнні гандлю і гандлёвых шляхоў, даследчыца ўмешваецца ў даўнюю спрэчку нарманістаў і антынарманістаў і прапануе свой погляд на праблему паходжання Кіеўскай Русі. Яе галоўныя аргументы ляжаць у гісторыі гандлю паміж поўначчу Еўропы, з аднаго боку, і Візантыяй і мусульманскімі краінамі, з другога боку. Аўтарка прыходзіць да высновы, што менавіта вікінгі — ваяры, вандроўнікі, гандляры, даследчыкі ўнутраных тэрыторый Усходняй Еўропы — былі галоўным чыннікам фармавання ўсходнеславянскай дзяржавы. Аднак скандынаваў прывёў сюды зусім не заклік насельніцтва Русі, а арабскае срэбра, якое стала даступным пасля замірэння арабаў з хазарамі ў другой палове VІІІ ст., што адкрыла і зрабіла бяспечнымі транскаўказскія гандлёвыя шляхі. Менавіта дзякуючы хазарам, якія падпарадкавалі сабе некаторыя ўсходнеславянскія плямёны, прымусіўшы іх плаціць даніну, срэбра рушыла на поўнач. Гэтая акалічнасць не магла не прыцягнуць увагі варагаў. Такім чынам, паводле Дж. Марцін, падзеі, што адбыліся далёка за межамі земляў Русі, паклалі пачатак працэсам, якія прывялі да выкарыстання скандынавамі новых гандлёвых шляхоў, спрыялі ўзнікненню і росту гарадоў, усталяванню Рурыкавічаў у Кіеве і Ноўгарадзе, і ўрэшце — да фармавання Кіеўскай Русі.
Нягледзячы на тое, што падборка артыкулаў рэцэнзаванага выдання тэматычна не мае непасрэднага дачынення да гісторыі Беларусі, усё ж метады даследчыцкай працы, прадэманстраваныя тут, несумненна, вартыя самай пільнай увагі. Хачу ў сувязі з гэтым падкрэсліць тое, што заходнія гісторыкі не толькі не грэбуюць, але і актыўна займаюцца сур’ёзным (не павярхоўным!) вывучэннем археалагічнага матэрыялу, упэўнена ўплятаючы яго ў тканіну свайго даследавання. Трэба разумець, што інтэрпрэтацыя археалагічнага матэрыялу археолагам непазбежна застаецца спецыфічнай і не заўсёды адпавядае патрэбам гісторыка. Томас Нунан і аўтары зборніка, прысвечанага яго памяці, дэманструюць свежы погляд на археалагічныя крыніцы, даволі глыбока пранікаюць у сутнасць матэрыялу, фактычна ператвараюць яго ў яшчэ адну паўнавартасную гістарычную крыніцу. Гэта дазваляе ім не толькі ўзбагаціць свой навуковы арсенал, але і выводзіць на новы ўзровень аргументацыі і абагульненні, адкрывае магчымасці шырэйшага бачання глабальных праблем, з аднаго боку, і глыбейшага разумення прыватных лакальных праблем, з другога.
Мінск
Ірына Ганецкая