БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Homo historicus 2008. Гадавік антрапалагічнай гісторыі. Вільня: ЕГУ, 2008 (Сяргей Грунтоў)


HOMO HISTORICUS 2008. Гадавік антрапалагічнай гісторыі / пад рэд. А. Ф. СМАЛЕНЧУКА з удзелам І. М. ДУБЯНЕЦКАй. Вільня: ЕГУ, 2008. — 520 с.

Напрыканцы 2008 г. беларускія чытачы атрымалі новы гістарычны альманах, які выйшаў з непрывычным для Беларусі лацінскім тытулам Homo historicus і прыемна ўразіў сваім аб’ёмам ды якасцю паліграфіі. Назва з прыхаванымі ў ёй дарвінісцкімі алюзіямі падкрэслівала амбіцыі стваральнікаў на тое, каб выданне стала новай прыступкай у развіцці беларускай гістарычнай навукі. На вокладцы ўдакладнена, што гэта „Гадавік антрапалагічнай гісторыі». Такое інтрыгоўнае азначэнне, не вельмі пашыранае ў беларускім гуманітарным дыскурсе, выклікала ў першую чаргу цікавасць да прадмовы, бо менавіта яна павінна паказаць, як разумеюць самі стваральнікі свае мэты і месца новага выдання ў гістарыяграфічным ландшафце.

Першыя ж радкі, аднак, паведамлялі, што рэдактару даволі складана даць азначэнне антрапалагічнай гісторыі і што гэты тэрмін ідэнтычны тэрміну „гістарычная антрапалогія» (11). Не меншае здзіўленне выклікала і тое, што гэта, „па сутнасці, новы накірунак гістарычный навукі» (11). У пацвярджэнне ніжэй пададзены кароткі гістарыяграфічны экскурс, дзе сярод заснавальнікаў накірунку прыгадваюцца Марк Блок, Люсьен Феўр і Фернан Брад эль. І нават калі пачаць весці адлік ад заяўленых 1970-х г., калі «у энцыклапедычных выданнях упершыню з’явіўся артыкул „Гістарычная антрапалогія»» (12), то і гэта азначае не менш як 30-гадовы ўзрост сталасці. Звяртаючыся да беларускай традыцыі, аўтар прыходзіць да высновы, што азначаныя перамены яе амаль не закранулі, і вінаватыя ў гэтым „савецкі варыянт неапазітывізму» (12), „палітычны рэжым» і „элементарнае нежаданне вучыцца» (13). Закляйміўшы неапазітывізм і падняўшы штандары эпохі мадэрнізму, аўтар, між тым, бярэ ў рукі зброю постструктуралістаў і ў межах толькі двух (!) абзацаў праводзіць дэканструкцыю метанаратыву класічнай гісторыі. Адзначаная аперацыя парадаксальным чынам завяршаецца тэзісам пра тое, што людзі мінулага былі Іншымі і не з’яўляюцца дакладным падабенствам сучасных жыхароў Беларусі. Так, нібы гэта не ёсць відавочным для любога гісторыка, які займаецца дастаткова аддаленай эпохай: любая спроба аналізу матывацыі дзеянняў гістарычных асобаў непазбежна падштурхоўвае нас да разумення змешчанасці сілавых зонаў тагачаснай аксеалагічнай сістэмы. Змешчанасці, але не поўнай адрознасці, і канструяванне катэгорыі Іншага ў дадзеным выпадку не апраўдана ні факталагічна, ні метадалагічна: праца ў гэтым накірунку прывядзе да стварэння ніяк не меншага „міфалагічнага царства», чым тое, у арганізацыі якога аўтар вінаваціць класічных гісторыкаў. Значна больш плённым падаецца перспектыва пошукаў падабенства, а не адрозненняў, а таксама тых механізмаў і прычын, якія вызначалі іх і іх змены. Адрознасць людзей, якія жылі ў папярэднія эпохі, вядомая гісторыкам больш-менш з часоў Мантэня, а абвінавачваць іх, што яны не займаліся, напрыклад, гісторыяй ментальнасці — тое ж, што вінаваціць мастака-баталіста, што ён не працуе ў бытавым жанры. Насамрэч класічная і антрапалагічная гісторыі не ўваходзяць у канфлікт ні па аб’ектах, ні па метадах даследавання, яны працуюць на розных плоскасцях, розных глыбінях адной і той жа галіны, і пастаноўка іх у апазіцыю надуманая і штучная. Гэткае стварэнне канфлікту характэрна для шматлікіх пачынанняў мінулых эпох, у ім стваральнікі звычайна шукаюць імпульс для развіцця новага праекта і прастору для яго рэалізацыі, таму мы з паразуменнем можам паставіцца да розных неадэкватнасцяў уводнага тэксту, тым больш, што на апошняй старонцы ён канчаткова набывае рысы маніфеста. Рыторыка разгортваецца вакол паняццяў „чалавек», „ачалавечванне», „антрапалагізацыя», пры гэтым варта заўважыць, што рэдактар настойліва карыстаецца метафарай рамяства ў дачыненні да заняткаў гісторыка, а альманах называе „свайго роду майстэрняй развіцця беларускай антрапалагічнай гісторыі» (14). Заўважаю гэта для таго, каб вярнуцца да яго і растлумачыць пазней.

Звернемся цяпер да структуры альманаха. Ён складаецца з трох вялікіх частак („Гісторыя, антрапалогія, этналогія, філасофія», „Гістарычная біяграфістыка», „Гісторыя і памяць») і дзвюх меншых („Крыніцы, бібліяграфія», „Дакументы»). Найбольш інтрыгоўным артыкулам альманаха нам падаўся змешчаны ў самым пачатку тэкст Алеся Смаленчука, рэдактара і аўтара ўводзінаў, пад назвай „Радкевіч versus Каліноўскі?» І сапраўды, пасля прынцыпаў, сфармуляваных ва ўступным слове, тэкст чакаўся не менш як узорны, які можа стаць прыкладам абяцанага новага стылю мыслення і „метадалагічнага разняволення» (14). У артыкуле разбіраецца сітуацыя вакол Восіпа Радкевіча, адстаўнога салдата царскай арміі, жонка якога была забіта паўстанцамі ў 1863 г., што і стала адным з эпізодаў больш чым 20-гадовага супрацьстаяння Радкевіча з жыхарамі мястэчка Новы Двор. Аўтар ставіць перад сабою мэту прааналізаваць гэтае здарэнне з пункту гледжання „чалавечага вымярэння гісторыі» з мэтай верыфікацыі стэрэатыпных адзнак з пункту гледжання нацыянальна-дзяржаўнай пазіцыі. З дапамогай архіўных дадзеных аўтар акрэслівае сацыяльна-эканамічнае становішча ў Новым Двары ў перыяд даследавання, дае кароткі агляд тагачаснай сялянскай гаспадаркі па матэрыялах этналагічных крыніц, апісвае нават культуры, якія раслі на сялянскіх палетках, і рынкавыя кошты на сельскагаспадарчую прадукцыю. Вялікі аб’ём артыкула дазваляе стварыць шырокую панараму жыцця навадворцаў. Аднак праблема палягае ў тым, што большасць напісанага тут аніякім чынам не ўключаецца ў далейшы аналіз: пададзеныя факты так і застаюцца пярэстым баластам, які ніяк не дапамагае ў справе асэнсавання прычын забойства Клары Радкевіч у 1863 г. Яшчэ больш дзіўна выглядае падраздзел, прысвечаны Кастусю Каліноўскаму (31-34), дзе выкладаюцца хрэстаматыйныя факты з гісторыі паўстання і біяграфіі яго кіраўніка. Найбольш цікавы апошні раздзел артыкула „Пасля паўстання. Радкевіч versus Новы Двор». Аўтарам сабраны дакументы, якія раскрываюць працяг канфлікту ў судова-адміністрацыйным полі. Пры гэтым звяртае на сябе ўвагу відавочная агрэсіўнасць Радкевіча, часам неадэкватнасць яго паводзінаў і асабліва фармаванне той сітуацыі, дзе на пэўны момант вясковая супольнасць трапляе ў залежнасць ад аднаго чалавека, які да таго ж быў інвалідам. У сабраным матэрыяле і яго падачы пазнаецца рука прафесійнага гісторыка, але яму бракуе здольнасці да інтэрпрэтацыі матэрыялу ў антрапалагічным разрэзе. Перад намі відавочны прыклад праблемы адносінаў супольнасці і дэвіянтнай асобы, якая не з’яўляецца нечым новым для антрапалогіі: у структуры беларускага традыцыйнага грамадства такія элементы былі арганічнай часткай супольнасці і прысутнічалі ў большасці пасяленняў (у першую чаргу тыя, каго звалі „ведзьмакамі», але гэта маглі быць млынары, кавалі ды інш.). У гэтым сэнсе Радкевіч па шэрагу прыкмет цалкам адпавядае традыцыйным для іх маркерам: фізічныя адхіленні, тыя, што называліся „крывізною» — ён быў інвалідам, і тапаграфічная маргінальнасць — жыў у крайняй хаце. Прысутнасць маргінала дазваляла супольнасці верыфікаваць „норму», стварала базавую сітуацыю бінарнай апазіцыі, неабходную для функцыянавання культуры. Нават па словах мясцовага святара Радкевіч быў „чалавекам з неспакойным характарам і п’яніцай» (47); няма сумневу, што да той жа катэгорыі належала і яго жонка — пабранне шлюбам у 30-гадовым узросце было абсалютна ненармальным для беларускага традыцыйнага грамадства, і відавочна, што яе маргінальны статус і перадвызначыў шлюб з інвалідам і чужаком. Дадамо да гэтага адсутнасць дзяцей і тое, што сельская гаспадарка не была падмуркам у іх стратэгіі выжывання. У гэтым сэнсе „прышласць» Радкевічаў усё ж з’яўляецца другасным фактарам: сацыяльная адаптацыя магла адбыцца, аднак не адбылася, і таму на першы план выступаюць прычыны гэтага.

Перад намі звычайны прыклад канфлікту ўнутры вясковай супольнасці і, як базавы сегмент яе існавання, ён не будзе вырашаны ніколі: гэта яе арганічная частка, якая амаль без зменаў захоўваецца да нашых дзён — варта толькі больш пільна разгледзець праблему таго, што сёння называецца „асацыяльнымі элементамі», і адносінаў да іх грамадства. І гэта яшчэ адзін доказ памылковасці канструявання катэгорыі „чужы» ў дачыненні да людзей з мінулых стагоддзяў: у аналізе сітуацыі нашмат больш карысці дало б высвятленне іх падабенства з нашымі сучаснікамі. Гэты канфлікт быў закрытай сістэмай, што існавала ў цыклічным часе традыцыйнага грамадства; было толькі дзве кропкі яго размыкання ў вонкавае, лінейнае: прыход паўстанцаў і апеляцыі да ўлады. Толькі праз гэтыя судакрананні ён і захаваўся для нас. І, напэўна, найбольш плённым тут было б вывучэнне саміх механізмаў судакранання і іх уплываў. Гэта, па-першае, вывела б нас на праблему трываласці базавай сістэмы — дыспазіцыя, выражаная аўтарам у слове versus, нягледзячы ні на што, захавала свой status quo ад пачатку і да канца. Па-другое, апісаны канфлікт мог бы паслужыць добрым матэрыялам да аналізу гісторыі ментальнасці, асабліва вывучэнне мадэлі, па якой сяляне будуюць свае стасункі з уладамі і Радкевічам — народныя стэрэатыпы, глыбіня і ўнутраная логіка пабудовы доваду. Заўважныя фобіі шмат маглі б патлумачыць і ў прычынах доўгатрываласці канфлікту ды ў яго непаслядоўнасцях і паўтарэннях. Аўтар робіць крок у гэтым накірунку, апісваючы, са словаў этнографаў, хітрасць сялян і іх схільнасць да хлусні, аднак далей гэтая лінія зусім не развіта.

Артыкул не дае ніякай яснасці пра эпізод з забойствам Клары Радкевіч: яго прычыны застаюцца гіпатэтычнымі, удзел Радкевічаў у даносах нявысветлены, таксама як і ўдзел у гісторыі навадворцаў. Незразумела і тое, дзе быў сам Восіп Радкевіч у ноч забойства і як ужо на наступны дзень ён апынуўся ў Ваўкавыску. Таму канец артыкула, яго высновы выглядаюць змазанымі, складзенымі з набору гіпотэз, якія зводзяцца да аднаго факта: падзеі паўстання наклаліся на стары канфлікт навадворцаў. З невядомых прычын аўтар не дапускае думкі пра тое, што два канфлікты маглі лёгка разгортвацца паралельна, а на заканчэнне падсумоўвае: «Гэты артыкул варта было б назваць „Радкевіч versus Новы Двор»….». З гэтым складана не згадзіцца, няясна толькі, чаму аўтар не зрабіў гэтага, пакінуўшы акцэнт на відавочна бесперспектыўнай лініі з каліноўцамі.

Артыкул пры чытанні выявіўся калажам, падобным да таго, што змешчаны на вокладцы (Каліноўскі побач з „Радкевічам»). Гэта пазнаецца і ў яго пабудове, і ў метадалагічным апараце: тут відавочна праяўляе сябе тое, на што мы звярталі ўвагу, аналізуючы ўводзіны — прыхільнасць да „рамесніцкай метафары». Фундаментальная памылка ў тым, што нельга паставіць побач, як два крэслы, антрапалогію і гісторыю — і атрымаць антрапалагічную гісторыю. Міждысцыплінарнае запазычванне метадалогій — гэта больш, чым механічны працэс, прычым карыстаюцца ў ім не проста чужой факталогіяй („рэпліка этнографа»), але чужым інструментарыем, спалучаючы яго са сваім.

Мы лічым прынцыповым падкрэсліць гэтую мадэль механічнага спалучэння, таму што яна характарызуе структуру не толькі артыкула, але і ўсяго альманаха. Побач пастаўлены артыкулы па гісторыі, антрапалогіі, філасофіі, тэорыі міфалогіі, бібліяграфіі, а таксама біяграфічныя тэксты, якія разам павінны выглядаць як адзін наратыў з галіны антрапалагічнай гісторыі. Больш пераканальна выглядае апошні раздзел, прысвечаны адносінам гісторыі і памяці, асабліва шэраг перакладных артыкулаў, такіх, як тэксты Ірэны Шуцінене пра Другую сусветную вайну ў калектыўнай памяці жыхароў Літвы і Крыстафа Клесмана пра „палітыку гісторыі і калектыўны ўспамін». Але і гэты раздзел пасля прачытання падаецца досыць разнародным унутрана. Некаторыя тэксты тут выкананы ў вельмі традыцыйным гістарычным ці гісторыка-публіцыстычным разрэзе.

Звяртае на сябе ўвагу таксама тое, што з трыццаці пададзеных у альманаху тэкстаў толькі два прысвечаны часам, ранейшым за ХІХ ст. Гэта здзіўляе, бо агульнавядома, што лепшыя еўрапейскія ўзоры прац у галіне антрапалагічнай гісторыі выкананы менавіта на матэрыялах Сярэднявечча і Новага Часу. Першы артыкул з тых, пра які ідзе гаворка — тэкст Вольгі Бабковай „Свет пачуццяў і свет рэчаў: шляхецкія тэстаменты другой паловы ХVІ ст.». З усяго зместу альманаха гэтая публікацыя, магчыма, найбольш набліжаецца да таго, што можна назваць антрапалагічнай гісторыяй. Кароткі аналіз зместу беларускіх тэстаментаў паказвае іх як выдатны матэрыял для вывучэння гісторыі ментальнасці і гісторыі штодзённасці. Шкада толькі, што артыкул па форме набліжаны да каментара да прыведзеных у яго межах трох тэстаментаў. Застаецца выказаць шчырае спадзяванне, што ў будучым мы ўбачым большую па аб’ёме працу, дзе сп. Бабкова ў поўнай ступені раскрые патэнцыял заяўленай ёю тэмы.

Другі артыкул напісаны Наталляй Сліж і называецца „Як вярнуць збеглую жонку: Прыгоды з жыцця Ульяны Гарнастаевай з роду Багавіцінавічаў (? — 1575)». Ён у асноўным выкананы ў накірунку гендэрнай гісторыі, аднак аўтар працуе з матэрыялам хутчэй як класічны гісторык, пазбягаючы зваротаў да антрапалагічных і сацыялагічных тэорый. Перашкаджае правядзенню аналізу і відавочнае напластаванне ў свядомасці аўтара разумення гістарычных рэалій і прагматычнай падаплёкі канфлікту паміж сужэнцамі, з аднаго боку, і гендэрных клішэ ды стэрэатыпаў, што пануюць у наш час, з другога. Гэта адчуваецца ў сказах накшталт „Учынак, варты мужчыны» (83). Азадачвае і прыведзенае побач выказванне пра тое, што „ў сярэдзіне XVI ст. мараль і норавы не мелі ўстойлівага характару» (83). Але заўвагі не зніжаюць вартасці артыкула менавіта як гістарычнага даследавання.

Найбольшай няўдачай першага нумара альманаха—калі дазволіць сабе праводзіць такую градацыю — можна назваць артыкул Уладзіміра Леўшука „Паходжанне езółцкай сістэмы адукацыі» (128-154). Крыху пафасны ўступ метадалагічнага плана, які абяцае нам сістэмны аналіз прычын „вітальнасці» езółцкага калегіума, пераходзіць у пераказ хрэстаматыйных фактаў з біяграфіі Ігнацыя Лаёлы, гісторыі заснавання калегіума і фундаметальных зменаў эпохі Рэфармацыі, што нечым нагадвае стыль такіх часопісаў, як National Geografie. I ўсё гэта для таго, каб па выніках паведаміць, што асноўнай прычынай „вітальнасці» было самааднаўленне сістэмы.

Аб’ём альманаха дастаткова вялікі, і мы ўстрымаемся ад таго, каб каментаваць кожны артыкул. Нягледзячы на тое, што выданне мае ўскоснае дачыненне да антрапалагічнай гісторыі, яго цікава чытаць проста як гуманітарны альманах: у ім дастаткова карысных і змястоўных матэрыялаў па самых розных дысцыплінах. Нашы крытычныя заўвагі выкліканы найперш жаданнем, каб гэты праект калі не адразу, то ў будучым здолеў спраўдзіцца і запоўніць якаснымі тэкстамі лакуну ў абранай галіне даследаванняў, паколькі неабходнасць развіцця накірунку гістарычнай антрапалогіі сапраўды відавочная. Таму мы спадзяемся, што наша крытыка будзе ўспрынята з разуменнем, і наступныя нумары будуць больш адпавядаць прызначэнню новага перыядычнага выдання.

Мінск

Сяргей Грунтоў

Наверх

Тэгі: ,