БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

East and West. History and Contemporary State of Eastern Studies. Ed. J. Malicki, L. Zasztowt (Андрэй Ціхаміраў)

East and West. History and Contemporary State of Eastern Studies. Edited by JAN MALICKI and LESZEK ZASZTOWT. Conference Centre for East European Studies. University of Warsaw, October 26-28, 2008. – Warsaw, 2009. – 335 p.

Распад „сацыялістычнай садружнасці», а потым і СССР на сумежжы 1980-х і 1990-х г. паклаў пачатак працэсу маштабных трансфармацый ва ўсходнееўрапейскім рэгіёне. Былая сістэма міждзяржаўных адносінаў разбурылася ўшчэнт. Пераважная большасць дзяржаў, што пасля Другой сусветнай вайны знаходзіліся ў сферы ўплыву СССР, стала рухацца ў бок Еўрапейскага Саюза і НАТА пад лозунгамі „вяртання ў Еўропу». З 1991 г. гэты ж напрамак стаў прыярытэтным для Літвы, Латвіі і Эстоніі, якія аддзяліліся ад Савецкага Саюза. Расія пасля некаторага вагання аддала перавагу ідэі аднаўлення статусу „вялікай дзяржавы». Што датычыць Беларусі, Украіны і Малдовы, то яны не змаглі выразна вызначыцца са сваімі прыярытэтамі і дагэтуль знаходзяцца ў пошуках аптымальнай мадэлі палітычнага развіцця і пазіцыянавання на міжнароднай арэне.

Пытанні самаідэнтыфікацыі дзяржаў і народаў Усходняй Еўропы, рэалізацыі ідэйных канструкцый у практычнай палітыцы разглядаюцца ў адпаведным зборніку, які стаў вынікам міжнароднай канферэнцыі, што адбылася ў Варшаве ў кастрычніку 2008 г. Актыўную ролю ў правядзенні гэтай канферэнцыі і выданні зборніка адыграў варшаўскі Цэнтр ўсходнееўрапейскіх даследаванняў.

У зборніку прадстаўлены артыкулы аўтараў з розных краін Еўропы (Аўстрыі, Польшчы, Літвы, Вялікабрытаніі, Беларусі, Чэхіі, Нямеччыны, Украіны), Расіі і ЗША. Ён складаецца з чатырох частак. Першая і трэцяя часткі кнігі прысвечаны пытанням гістарыяграфіі. У другой частцы разглядаюцца праблемы ўзаемаадносінаў Расіі з краінамі Ўсходняй Еўропы. Чацвёртая частка змяшчае артыкулы па польскай праблематыцы.

Трэба заўважыць, што аўтарскія артыкулы неаднародныя па сваім змесце. Еўрапейскія і расійскія аўтары імкнуцца да разгляду канкрэтных пытанняў, творы амерыканскіх аўтараў выглядаюць больш паліталагічнымі і публіцыстычнымі па змесце. Але размяшчэнне ўсіх гэтых артыкулаў у адным зборніку апраўданае, бо ўсе аўтары імкнуцца адказаць на пытанне, чаму народы ўсходнееўрапейскага рэгіёна не змаглі дасягнуць ідэйнай і палітычнай гамагеннасці, нягледзячы на тое, што практычна ўсе яны пасля падзення камунізму дэкларавалі прыхільнасць да ідэалаў свабоды, выказвалі павагу да правоў чалавека і палітычнага плюралізму.

Як адзначалася вышэй, вельмі дыскусійнымі выглядаюць творы амерыканскіх аўтараў. У прыватнасці, у артыкуле прафесара Гарвардскага ўніверсітэта Рычарда Пайпса, зробленым на аснове яго публікацыі ў часопісе „Foreign Affairs» (публікацыя адбылася ўвесну 2004 г.), даецца аналіз праблемы палітычнага развіцця Расіі ў кантэксце яе гістарычных традыцый. Даследчык лічыць, што Расія ніколі не была сапраўды свабоднай краінай, таму яе насельніцтва было няздольнае падтрымаць ідэалы свабоды ва ўмовах гарбачоўскай „перабудовы» і ельцынскай адмовы ад камунізму. Страх расіян перад свабодай і звязанай з ёй адказнасцю выкарыстаў Уладзімір Пуцін, які аднавіў асобныя элементы царска-савецкай сістэмы, павялічыўшы ролю дзяржаўнай бюракратыі ў кіраванні краінай (аўтарскі артыкул мае даволі красамоўную назву „Уцёкі ад свабоды»).

Прапанаваная аўтарам схема выглядае трохі спрошчанай. Нягледзячы на тое, што Расія сапраўды ніколі не з’яўлялася эталонам свабоды і дэмакратыі, трэба ўсё ж прызнаць, што ў другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст. яна выразна трансфармавалася з абсалютысцкай дзяржавы ў канстытуцыйную манархію з развітымі нормамі публічнага і прыватнага права. Эвалюцыйны працэс перарваўся ва ўмовах Першай сусветнай вайны, што справакавалаглыбокі палітычны крызіс, вынікам якога сталі падзенне манархіі, распад Расійскай імперыі і ўрэшце ўсталяванне бальшавіцкай дыктатуры ў краіне. Але замацаванне ва ўладзе камуністаў суправаджалася няспынным супраціўленнем расійскага грамадства. Па сутнасці гісторыя Савецкай Расіі і СССР у 1917-1952 г. – гэта гісторыя змагання савецка-камуністычнага апарату з народам з прымяненнем метадаў непрыкрытага насілля (тэрору) у дачыненні да нязгодных з камуністычным панаваннем, што зусім не сведчыць аб схільнасці расійскага народа да рабства.

Змякчэнне савецкага палітычнага рэжыму ў другой палове 1950 – пачатку 1980-х г. падрыхтавала глебу для больш маштабных рэформ, якія адбыліся ў другой палове 1980-1990-х г. Аднак дэмакратычныя прынцыпы і стандарты, абвешчаныя ў якасці асновы палітычнай сістэмы СССР і Расійскай Федэрацыі ў гарбачоўска-ельцынскі перыяд, вельмі часта выглядалі як дэкларацыя і адпаведным чынам успрымаліся расійскімі грамадзянамі, нягледзячы на тое, што менавіта выступленні жыхароў Масквы і Санкт-Пецярбурга ў жніўні 1991 г. сарвалі спробу рэстаўрацыі былой партыйна-дзяржаўнай сістэмы ў выглядзе ГКЧП. Рэвалюцыйны энтузіязм пачатку 1990-х г. змяніўся апатыяй і раздражненнем, што ўрэшце паспрыяла прыходу да ўлады Уладзіміра Пуціна і перадвызначыла стыль яго палітычных паводзінаў, які выклікае негатыўную рэакцыю Рычарда Пайпса.

Крызісныя з’явы ў палітычнай і эканамічнай сферах, якія ўзніклі ў 1990-я г. і дагэтуль не пераадолены ў Расіі, сапраўды выклікаюць у расійскім грамадстве рост нацыяналістычных і шавіністычных настрояў, імкненне прытрымлівацца „асаблівага» шляху развіцця дзяржавы, жаданне тлумачыць цяжкасці падкопамі знешніх ворагаў і іх унутрырасійскай „агентуры». Усё гэта ўскладняе рух расійскай дзяржавы па шляху класічнай дэмакратыі, але дэмакратычны трэнд застаецца прыцягальным для значнай часткі расійскага грамадства.

Як своеасаблівы адказ Пайпсу можна расцаніць артыкул даследчыцы з універсітэта Санта-Клара Джэйн Л. Кары, які прысвечаны „каляровым» рэвалюцыям на постсавецкай прасторы. Прааналізаваўшы адпаведны палітычны феномен, аўтар прыходзіць да высновы, што рэвалюцыі не былі ў поўнай меры народнымі выступленнямі і ажыццяўляліся пры актыўнай падтрымцы звонку. Менавіта гэта, з пункту гледжання Кары, перадвызначыла нетрываласць праведзеных палітычных пераўтварэнняў і цяжкасці пры распаўсюджванні дэмакратычных ідэалаў ва ўсходнееўрапейскім рэгіёне.

Артыкулы аўтараў з краін Еўропы і Расіі змяшчаюць карысныя звесткі па праблемах фармавання нацыянальнай самасвядомасці літоўцаў, палякаў, беларусаў, украінцаў, чэхаў. Важнай часткай працэсаў фармавання нацыянальнай самасвядомасці было вывучэнне гісторыі і культуры суседніх народаў і дзяржаў. У прыватнасці, на падставе матэрыялаў зборніка можна зрабіць выснову, што чэхі і палякі вельмі цікавіліся праблематыкай Расіі і СССР. Часткова гэта было звязана з пэўнай культурнай блізкасцю славянскіх народаў, часткова выклікалася страхам перад магчымасцю захопу больш моцным усходнім суседам і жаданнем паўплываць на яго развіццё. Імкненне асэнсаваць працэсы, што адбываліся на ўсходзе, спалучалася з захаваннем стэрэатыпаў, якія склаліся на больш ранніх стадыях гістарычнага развіцця (напрыклад, для палякаў такім стэрэатыпам стала „чорная легенда» Сібіры). У асобных выпадках даследчыкі знаходзіліся пад моцным ціскам ідэйна-палітычных фактараў. Асабліва гэты ўплыў адчуваўся ў ХХ ст. ва ўмовах супрацьстаяння розных грамадска-палітычных і сацыяльна-эканамічных сістэм і высокай ступені ідэалагізаванасці грамадства.

Вельмі цікавым у сувязі з вышэйсказаным выглядае артыкул прафесара Венскага ўніверсітэта Андрэаса Капэлера. Аўтар разглядае праблемы вывучэння Расіі нямецкамоўнымі вучонымі на працягу ХХ ст. Артыкул мае назву „Паміж навукай і палітыкай» і ў ім выразна адлюстравана спецыфіка падыходаў нямецкамоўных навукоўцаў да аб’екта іх вывучэння. Паводле Капэлера, даследаванні часта праводзіліся з улікам паноўнай ідэалогіі, якая вызначала іх рамкі і метадалагічныя падыходы. Аўтар артыкула лічыць, што найбольш плённым у вывучэнні гісторыі Расіі і СССР стаў перыяд „халоднай» вайны, калі ў нямецкамоўных краінах (ФРГ, ГДР, Аўстрыі, Швейцарыі) з’явіліся цэлыя навуковыя школы вывучэння еўрапейскага Усходу (45). Карысным было і тое, што даследаванні праводзіліся з выкарыстаннем розных метадалогій і ахоплівалі шырокі дыяпазон праблем (гендэрная гісторыя, гісторыя нацыянальнасцяў, гісторыя культуры, біяграфічныя даследаванні і г. д.). Завяршэнне „халоднай» вайны адкрыла перад даследчыкамі новыя магчымасці ў вывучэнні Расіі (стала лягчэй ажыццяўляць паездкі ва ўсходнім напрамку, працаваць у архівах і бібліятэках Расіі і іншых дзяржаў СНД), але завяршэнне блокавага супрацьстаяння ў Еўропе знізіла цікавасць нямецкамоўнага грамадства да постсавецкай прасторы наогул і да Расіі ў прыватнасці.

У адрозненне ад нямецкамоўных краін у краінах, якія раней уваходзілі ў склад „савецкага блока» (Польшча, Чэхія), завяршэнне „халоднай вайны» не толькі не прывяло да зніжэння цікавасці навукоўцаўда праблем еўрапейскага Усходу, але ва ўмовах знікнення СССР павысіла яе, запатрабаваўшы вызначэння палітыкі адносна новых краін на постсавецкай прасторы. Да таго ж даследчыкі з краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы атрымалі магчымасць праводзіць свае даследаванні на аснове новых метадалагічных установак, што было немагчыма ў часы панавання камуністычнай ідэалогіі. Важную ролю ў вывучэнні ўсходнееўрапейскай праблематыкі цяпер адыгрываюць спецыяльныя навукова-даследчыцкія цэнтры. Адзін з іх – варшаўскі Цэнтр усходнееўрапейскіх даследаванняў, які выступае ў якасці правапераемніка навуковых устаноў, што існавалі ў Польшчы паміж дзвюма сусветнымі войнамі (Усходніхінстытутаў у Варшаве і Вільні). З матэрыялаў зборніка відаць, што даследчыкаў з Цэнтральнай і Усходняй Еўропы цікавіць не толькі Расія, але і іншыя дзяржавы на ўсходзе Еўропы. Напрыклад, у Польшчы ў пачатку ХХІ ст. значная ўвага стала аддавацца вывучэнню Грузіі.

Зразумела, для беларускай грамадскасці асаблівую значнасць маюць артыкулы, звязаныя з беларускай праблематыкай (іх у зборніку тры). Першы з іх – артыкул даследчыка з Інстытута філасофіі і сацыялогіі Польскай акадэміі навук Андрэя Ціхамірава, прысвечаны праблемам вывучэння „заходнерусізму». У другім артыкуле, падрыхтаваным даследчыкам з Польскай акадэміі навук Янам Шумскім, разглядаюцца праблемы правядзення калектывізацыі ў Заходняй Беларусі ў 1947-1952 г. І, нарэшце, у трэцім артыкуле, аўтар якога – даследчык з Люблінскага ўніверсітэта імя Марыі Складоўскай-Кюры Рышард Радзік, разглядаюцца пытанні фармавання самаідэнтыфікацыі беларусаў на мяжы ХХ і ХХІ ст.

Андрэй Ціхаміраў лічыць, што „заходнерусізм» як ідэйная плынь сфармаваўся ў другой палове ХІХ ст., але ўмацаваўся ў пачатку ХХ ст. У перыяд станаўлення ён выступаў у якасці ідэйнай альтэрнатывы „паланістычнай» і „празаходняй» мадэлі адраджэння „Літвы» (былога Вялікага Княства Літоўскагаў складзе Рэчы Паспалітай) і мадэлі стварэння нацыянальнай дзяржавы. Даследчык звяртае ўвагу на тое, што ідэі „заходнерусізму» распаўсюджваліся не толькі на землях Беларусі, але і на землях Украіны, якія калісьці ўваходзілі ў склад Кіеўскай Русі. На яго думку, уплыў „заходнерусаў» знізіўся ў гады Першай сусветнай вайны, калі частка літоўска-беларускіх зямель, у тым ліку буйны культурны цэнтр Вільня, апынулася пад нямецкім кантролем, але ва ўмовах расійскай рэвалюцыі 1917 г. „заходнерускія» ідэі зноў былі ўведзены ў абарот. Паводле Ціхамірава, часткова палажэннямі „заходнерусаў» карысталіся нават стваральнікі БССР (162), хаця, зразумела, у поўным аб’ёме яны выкарыстаць адпаведную ідэйную плынь не маглі (напрыклад, „за дужкі» быў выведзены праваслаўны кампанент, бо савецкія рэспублікі выступалі ўякасці атэістычных утварэнняў).

Стаўленне ўладаў да „заходнерусізму» ў савецкія часы было дваістым. Яго асобныя элементы выкарыстоўваліся афіцыйнымі ідэолагамі (напрыклад, сцвярджэнні аб непарушным адзінстве рускага, беларускага і ўкраінскага народаў, „асаблівай місіі» славянскіх, г. зн. праваслаўных, „незаходніх», народаў і да т. п.), асабліва ў познія сталінскія і паслясталінскія часы, але афіцыйна на ўзбраенне адпаведная тэорыя не прымалася, бо супярэчыла камуністычнай інтэрнацыянальнай дактрыне. Спробы вывучэння і навуковай крытыкі „заходнерусізму» не віталіся. Кніга Аляксандра Цвікевіча пра „заходнерусізм», падрыхтаваная ў канцы 1920-х г. на марксісцкіх пазіцыях, адразу ж трапіла ў спецсховішча і была выдадзена толькі ў пачатку 1990-х г., калі Беларусь стала незалежнай дзяржавай.

У Рэспубліцы Беларусь „заходнерусізм» выступае ў якасці альтэрнатывы „празаходнім» тэорыям. Больш выразным у параўнанні з савецкім часам у ім стаў „праваслаўны» кампанент. У другой палове 1990-х г. беларускія ўлады спрабавалі пакласці „заходнерусізм» у падмурак дзяржаўнай ідэалогіі, але сёння іх цікавасць да адпаведнага вучэння знізілася. Аднак у якасці аб’екта вывучэння „заходнерусізм» застанецца прыцягальным для даследчыкаўі надалей.

Ян Шумскі разглядае калектывізацыю ў Заходняй Беларусі як частку палітыкі маскоўскага цэнтра, накіраванай на больш цеснае злучэнне тэрыторый, набытых у 1939 г. і зноў уцягнутых у савецкую сферу уплыву ў 1944-1945 г. Ён прыводзіць доказы таго, што калектывізацыя праводзілася прымусова, з актыўным выкарыстаннем розных сродкаў ціску (як фіскальных, так і адкрытага прымусу аж да масавых дэпартацый мясцовага насельніцтва). Мясцовыя ўлады фактычна адыгрывалі ролю перадатачнага механізма і істотна на працэс калектывізацыі не ўплывалі. Ідэалагічныя сродкі ўздзеяння выкарыстоўваліся, але іх выніковасць была спрэчнай. У прыватнасці, аўтар прыводзіць цікавыя звесткі пра тое, што ў новых калгасах было абмежавана выкарыстанне трактароў, бо яны пастаўляліся ў СССР па лініі ЮНРРА і спараджалі ў сялян „непатрэбныя» пачуцці (175). Найбольш слабым месцам артыкула выглядае сюжэт аб супраціве калектывізацыі. Аўтар сцвярджае, што такі супраціў быў, але не прыводзіць пераканаўчых доказаў гэтага сцвярджэння. Як вынік, складваецца ўражанне, што, у адрозненне ад Прыбалтыкі і Заходняй Украіны, дзе супраціў меў узброены характар, у Заходняй Беларусі справа далей пасіўных пратэстаў не пайшла.

Вельмі цікавы артыкул Рышарда Радзіка. Ён разглядае працэс фармавання беларускай самасвядомасці ў кантэксце геапалітычнага становішча Беларусі і спецыфікі яе гістарычнага развіцця. На думку вучонага, істотны ўплыў на фармаванне беларускай самасвядомасці аказала знаходжанне Беларусі на стыку цывілізацый. Беларусь перыядычна трапляла то пад уплыў Еўропы (рэпрэзентантам якой выступала Польшча), то пад уплыў Расіі. У ХХ ст. расійскі ўплыў стаў даміноўным, хаця на працягу большай часткі стагоддзя русіфікацыя ажыццяўлялася ў савецкім абліччы. Аўтар артыкула лічыць, што русіфікацыю Савецкай Беларусі аблягчала тое, што беларускае грамадства было пераважна сялянскім і не змагло выпрацаваць элітарнай культуры, якая магла б эфектыўна супрацьстаяць расійскаму ўплыву. Да таго ж савецкая сістэма не спрыяла развіццю пачуццяў свабоды, дэмакратыі і палітычнага плюралізму. Як вынік беларусізацыя, якая актыўна праводзілася ў БССР у 1920-я г., набыла павярхоўны характар і да канца 1980-х г. „беларускасць» у Савецкай Беларусі абмежавалася сферай фальклору і этнаграфіі.

Набыццё Беларуссю незалежнасці ў 1991 г., на думку даследчыка, паўплывала на развіццё беларускай самасвядомасці, але беларусы засталіся найбольш „прасавецкім» з народаў Усходняй Еўропы. На падставе апытанняў, зробленых беларускімі незалежнымі сацыялагічнымі службамі, Рышард Радзік робіць выснову, што большасць беларускага насельніцтва не адраклася ад савецкага мінулага, працягвае лічыць Другую сусветную вайну „Вялікай Айчыннай», выкарыстоўвае рускую мову, станоўча ставіцца да рэінтэграцыйных працэсаў на постсавецкай прасторы, аддаючы перавагу збліжэнню з Расіяй, і не надта падтрымлівае дэмакратычныя пераўтварэнні праеўрапейскага і празаходняга кшталту.

Разважанні даследчыка выглядаюць слушнымі, хаця некаторыя палажэнні артыкула відавочна патрабуюць узмацнення. У першую чаргу гэта датычыць пытання аб месцы ў беларускай самасвядомасці кампанента беларускай дзяржаўнасці, суадносінах афіцыйнай ідэалогіі і альтэрнатыўных канцэптаў у фармаванні пачуцця прыналежнасці да беларускай нацыі (сёння ніхто не зможа адмовіць факт наяўнасці ў Беларусі элітарнай культуры, прапаноў палітычнага развіцця і геапалітычнай арыентацыі, якія адрозніваюцца ад тых, што прапануе беларускі афіцыёз).

Варта сказаць, што рэцэнзаваны зборнік уносіць добры ўклад у справу асэнсавання праблем усходнееўрапейскага рэгіёна. Можна спадзявацца на тое, што далейшыя крокі варшаўскага Цэнтра ўсходнееўрапейскіх даследаванняў будуць не менш плённымі.

Мінск

Андрэй Ціхаміраў

Тэгі: , ,