БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Соркіна, Інна. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ – першай палове ХІХ ст. – Вільня: ЕГУ, 2010 (Андрэй Кіштымаў)

СОРКІНА, ІННА. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. — 488 с.

Горад — мястэчка — вёска. На працягу стагоддзяў менавіта яны складалі сетку населеных пунктаў Беларусі. Прычым складнікі гэтай трыяды мелі розную ступень свабоды. Горад мусіў быць падобным на іншыя гарады. Жыць гарадскім жыццём. Інакш бы яму не паверылі, што ён — горад. Ён так і рабіў. Напрыклад, дамагаўся магдэбургіі, самасцвярджаўся: я — такі ж горад, як усе, я — гэтага варты, я — частка гарадской супольнасці Еўропы і свету… Вёска свята шанавала сваю традыцыйнасць — як свой нязменны і неразменны капітал ды цноту. Праўда, горад выступаў у дачыненні да вёскі агрэсарам, неаднаразова падрываючы яе традыцыі, уносячы сумятню ў вясковыя галовы і забіраючы, як здабычу, у гарадскі вір самы актыўны вясковы элемент.

І толькі мястэчка было свабодным. Яно не мусіла быць падобным ні на горад, ні на вёску. Яно не было агрэсіўным ні ў сваім прагрэсе, ні ў сваёй патрыярхальнасці. Яно было супольным домам для ўсіх насельнікаў, а іх было нямала. Сацыяльная, эканамічная, этнічная, культурная, канфесійная стракатасць мястэчак была значна шырэйшая за вясковую аднатоннасць і зусім не саступала шматкаляровасці гарадскогажыцця.

Менавіта беларускае мястэчка стала цэнтрам навуковых інтарэсаў Іны Соркінай, тэмай яе дысертацыйнага даследавання і галоўным сюжэтам рэцэнзаванай манаграфіі „Мястэчкі Беларусі ў канцы XVIII — першай палове ХІХ ст.». Гэтая тэматыка вельмі блізкая да абсягу маіх гістарычных штудый, таму цягам практычна дзесяці гадоў я сачу за хадой навуковых пошукаў аўтара. Зазначу адразу: гэтую кнігу, несумненна, можна назваць творчым поспехам.

Яна адпавядае традыцыйным канонам гістарычнай манаграфіі паводле як метадаў яе падрыхтоўкі (праца ў архівах і аналіз гістарыяграфіі), так і структуры (уводзіны, раздзелы, заключэнне, дадаткі) і аўтарскага выкладу тэксту. За гэтым стандартам — якасны тэкст, памножаны на выдатнае паліграфічнае выкананне і старанна падабраныя ілюстрацыі.

Пры азначэнні мястэчак гісторыкі зыходзяць з трох прынцыпаў. Большасць, у асноўным даследчыкі гісторыі гарадоў — шукае іх адрозненне ад горада. Меншасць — падкрэслівае іх розніцу з вёскай. Абодва падыходы аднабаковыя. Найбольш рэдкі і, на маю думку, найбольш слушны падыход — выкарыстанне і першага, і другога метадаў, пошук гістарычнага месца мястэчак паміж двума полюсамі. Акурат гэты падыход скарыстаны Інай Соркінай.

Уводзіны звычайна абавязваюць аўтара даць сваю ацэнку агульнай гістарычнай панараме, на фоне якой будуць разгортвацца асноўныя сюжэты яго працы. Гістарычны пералом — адыход Рэчы Паспалітай і прыход Расійскай імперыі — у айчыннай гістарыяграфіі, як мы ведаем, ацэньваецца далёка не адназначна. На змену спрошчанаму пераліку трох падзелаў паступова прыходзіць разуменне таго, што змяненне межаў толькі заклала пачатак складанага працэсу новай асіміляцыі беларускіх земляў, а гістарычны цень Рэчы Паспалітай, як, зрэшты, і Расійскай імперыі, не знік і сёння.

Зразумела, што як Беларусь, так і яе мястэчкі апынуліся, як піша аўтар, у «эканамічна адсталай Расіі, якая ўвасабляла сабой даганяючы тып мадэрнізацыі, дзе перажыткі даўніны выяўляліся найбольш моцна, эканамічныя рэформы праводзіліся са спазненнем, непаслядоўна». Аднак варта было адзначыць, што і Рэч Паспалітая ў гэтым дачыненні — не надта станоўчы прыклад. Тыя ж „гістарычныя грахі», тая ж „даганяючая» гістарычная мадэль, якая пры гэтым так і не дагнала ні Заходнюю Еўропу, ні найбліжэйшых суседзяў-драпежнікаў. Так што не рэгрэс прыйшоў на змену прагрэсу. Усе было нашмат складаней.

I ўсё ж хай сабе са спазненнем, але цень мадэрнізацыі накрыў і беларускія мястэчкі. У гэтых умовах яны «набывалі значэнне генератара і носьбіта тых новых працэсаў, якія адыгралі ролю ў разлажэнні феадалізму і фарміраванні капіталістычнага ўкладу» (7). Гэта новы, арыгінальны тэзіс, абгрунтаванне і абарона якога дазваляе гаварыць пра манаграфію як пра новае слова ў айчыннай гістарычнай навуцы.

Нельга сказаць, што беларускія мястэчкі да гэтага часу заставаліся без сваіх гістарыёграфаў. Беларуская мястэчкавая гістарыяграфія існуе ўжо больш за сто гадоў. Гістарычная спадчына мястэчак прыцягвала ўвагу не толькі гісторыкаў, але і архітэктараў, у меншай ступені — этнографаў. Існуе досыць вялікая колькасць прац, прысвечаных гісторыі асобных мястэчак. З апошніх айчынных доследаў на гэтую тэму я мог бы адзначыць працу Германа Брэгера, з замежных — манаграфію Леаніда Смілавіцкага[1]. Але комплекснае даследаванне, якое ахоплівае практычна ўсё без выключэння (як беларускія мястэчкі, так і ўсе бакі іх шматграннай гісторыі), мы атрымалі ўпершыню.

Гістарыяграфічны агляд займае ў рэцэнзаванай манаграфіі тузін старонак. Аднак своеасаблівы дыялог з папярэднікамі, пачаты ў першым раздзеле, аўтар вядзе на працягу ўсёй кнігі. Па сутнасці, на такім дыялогу пабудаваны і другі радзел „Агульная характарыстыка мястэчак і ўмовы ix развіцця ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст.». Раздзел гэты ключавы як для манаграфіі, так і для ўсёй тэмы. Парадаксальнасць паняцця „мястэчка» палягае ў тым, што ў яго характарыстыцы вельмі цяжка вылучыць асноўныя рысы. Вобразна кажучы, гістарычныя «партрэты» мястэчак настолькі непадобныя адзін да аднаго, што кожнае мястэчка заслугоўвае сваёй індывідуальнай класіфікацыі і асобнага азначэння. Пры гэтым няма ніякіх сумневаў і ў тым, што ўсе мястэчкі — гістарычныя «сваякі». Замірыць гэтую індывідуальнасць з навуковым патрабаваннем вызначэння іх агульных заканамернасцяў аўтар здолела з дапамогай уласнай сістэмы класіфікацыі мястэчак. У ёй улічваюцца статыстычныя звесткі і тыпалогія мястэчак, іх месца ў структуры населеных пунктаў Беларусі, адметнасці заканадаўства і ўплыў сацыяльна-эканамічных фактараў развіцця. І ўсё гэта на трывалым падмурку крыніц, у тым ліку шматлікіх матэрыялаў з архіваў Беларусі, Расіі, Польшчы, Літвы, Ізраіля.

Наступныя тры раздзелы прысвечаны даследаванню кутніх камянёў мястэчкавай гісторыі — эканоміцы, соцыуму і культурнай спадчыне беларускага мястэчка. Соцыуму аўтар справядліва аддае цэнтральнае месца, паміж эканамічным развіццём і месцам мястэчак на культурным ландшафце Беларусі. Бо стракаты этнаканфесійны склад насельніцтва мястэчак стагоддзямі ствараў гэтую эканамічную і культурную разнастайнасць, быў яе носьбітам і спадчыннікам. Вартая ўвагі выснова аўтара аб „мазаічнасці» мястэчак, што не дае магчымасці стварыць «абагульнены партрэт» местачковага жыхара (244). Аднак абсалютна справядліва падкрэслена наяўнасць агульнай рысы — дынамізму, які працінаў усё местачковае жыццё. Сапраўды, іх жыхарам даводзілася больш актыўна рэагаваць на выклікі часу, якія маглі паўставаць як унутры мястэчак, так і прыходзіць звонку — з царскімі ўказамі, войнамі, зменай эканамічнай кан’юнктуры альбо рэлігійнымі пераменамі.

Хоць мястэчкі вядомыя яшчэ з часоў Сярэднявечча, але і ў Вялікім Княстве Літоўскім, і ў Рэчы Паспалітай, і ў Расійскай імперыі, ды і ў Савецкай Беларусі ім выпала гістарычная роля, так бы мовіць, неафіцыйных населеных пунктаў. У іх існаванні не сумняваліся, але выразнага юрыдычнага азначэння ці дакладна прапісаных адміністрацыйных правоў у мястэчак не было. Адсюль і разнабой у статыстыцы мястэчак. У Расійскай імперыі ў катэгорыю гарадоў ім трапіць было вельмі складана, толькі пры стварэнні новага ўезда, а вось выпасці з местачковай статыстыкі ці, наадварот, патрапіць у яе, можна было на падставе вельмі цьмянага ўяўлення тагачасных рахункаводаў. Такія статыстычныя хібы, безумоўна, стваралі дадатковыя цяжкасці для аўтара.

Складаны, сінтэтычны свет беларускага мястэчка кепска паддаваўся заканадаўчаму афармленню. Заканадаўчаму азначэнню іх статусу царызм відавочна не даў рады. Як, зрэшты, і яго папярэднікі. Так і жылі мястэчкі паводле паўгарадскіх-паўвясковых законаў. Гэткім жа было іх эканамічнае, сацыяльнае і культурнае жыццё. Кожнаму з гэтых сюжэтаў прысвечаны асобны раздзел манаграфіі. І тут асноўнай базай з’яўляецца багаты матэрыял з беларускіх, польскіх, літоўскіх, расійскіх і ізраільскіх архіваў і бібліятэк. Частка гэтага матэрыялу стала асновай дадаткаў (41 табліца і 37 малюнкаў).

Верагодна, тэхнічнай памылкай выкліканы паўтор табліцы 10 (яна ж 12). Вядома, такое выданне не магло абысціся без геаграфічнага паказальніка. Іменны таксама быў бы дарэчы, але магчымасць хаця б вызначыць гістарычны персанал паводле месца прапіскі збольшага кампенсуе гэты недахоп.

Асобны сюжэт — яўрэйскае „аблічча» беларускіх мястэчак. Зусім не выпадкова аўтару даводзіцца звяртацца да яго практычна ва ўсіх раздзелах сваёй кнігі. Такая ўвага, на нашу думку, прадыктавана не проста спецыфікай местачковага народанасельніцтва. За гэтым стаіць большае. Гэта і выдатная ілюстрацыя значэння, уплыву і гістарычных наступстваў этнаканфесійнай сітуацыі ў цэлым, бо ва ўмовах беларускага мястэчка менавіта яна часта прадвызначала і станавую прыналежнасць, і сацыяльную дыферэнцыяцыю яго жыхароў.

Ведаю з уласнага досведу, як, зрэшты, і з прац калег, наколькі складаным бывае для гісторыкаў асваенне гістарычна-эканамічных праблем. Ім прысвечаны трэці раздзел рэцэнзаванай кнігі. Становішча пагаршаецца і праз даволі фрагментарны статыстычны матэрыял канца XVIII — першай паловы XIX ст. Вядома, хацелася б, каб аўтарскі тэзіс аб большай таварнасці і рынкавасці мястэчак у параўнанні з вёскамі і сёламі быў пацверджаны з матэматычнай дакладнасцю вычарпальным статыстычным матэрыялам. Але калі такога матэрыялу няма, то гэта зусім не значыць, што тэзіс памылковы альбо не даказаны і завісае ў паветры. Тут варта было адысці ад чыста гістарычнага падыходу і весці развагі як эканамісту-рыначніку. Таварнасць, рынкавасць вызначаецца не наяўнасцю прадукцыі, а попытам на яе. У лесе шмат дрэваў, але таварам яны робяцца тады, калі іх купляць. Сяляне, несумненна, агулам выраблялі больш сельскагаспадарчай прадукцыі, чым местачкоўцы. Але таварам гэтая прадукцыя рабілася толькі ў мястэчку ці горадзе — там, дзе яна прадавалася. Там, дзе быў не толькі прадавец, але і пакупнік-спажывец, там, дзе эканамічны ланцужок мог замкнуцца.

Не будзем забывацца і на тое, што селянін селяніну практычна амаль нічога не мог прадаць, а вось местачкоўца з местачкоўцам, у сувязі з розніцай іх прафесійных заняткаў, цалкам маглі звязваць рынкавыя адносіны. Яны ў дачыненні адзін да аднаго маглі быць (і, несумненна, былі) і прадаўцамі, і пакупнікамі. А гэта таксама ўзмацняла рынкавы патэнцыял мястэчка ў параўнанні з вёскай, ставіла мястэчка ўпоравень з горадам.

У працы яскрава паказана, што аблічча кожнага мястэчка вызначалася камбінацыяй самых розных фактараў — ад геаграфічных і эканамічных да этнаканфесійных і культурна-асветніцкіх. Пра культурны ландшафт Беларусі таго часу нямала разважалі і папярэднікі аўтара, але толькі ёй ўдалося арганічна звязаць свет асветы, культуры і мастацтва з чароўным светам беларускага мястэчка.

Насуперак чаканням, няма параграфа аб мястэчках як цэнтрах рэлігійнага жыцця. Бо такія прыклады былі. Найбольш яскравыя — Жыровічы і Бяроза-Картузская, Мір і Валожын. Аднак такая роля — толькі адна нота, а не лейтматыў ў жыцці асобных мястэчак. У кнізе пра яе гаворыцца як пра складнік этнаканфесійнай і культурнай ролі мястэчак.

Кніга насычана цытатамі. Добра гэта ці кепска? Перад гісторыкам часта паўстае праблема: як быць з іх выкарыстаннем, ці не засмечваюць яны тэкст, ці не перашкаджаюць зразумець і ацаніць аўтарскую думку? Асабіста я не хацеў бы ў гэтым пытанні быць надта катэгарычным, вінаваціць аўтара ў залішнім цытаванні. Цытаты падбіраюцца аўтарам, і, значыць, гэта таксама „аўтарскі голас». Асабліва там, дзе ў якасці доказнай базы мы выкарыстоўваем сведчанні відавочцаў. І паколькі адносна першай паловы ХIX ст. мы, гісторыкі, не надта распешчаны галасамі яе сучаснікаў (у мемуарнай ды іншай літаратуры,удакументах,утым ліку і статыстычных), то акурат варта было дазволіць ім прамаўляць на поўны голас.

Я высока ацэньваю заключэнне як самую моцную частку тэксту. Звычайна да фінішу ў аўтараў назіраецца пэўная акадэмічная стомленасць (усё ўжо сказана, чаго ж паўтарацца), аднак у гэтым выпадку ў заключэнні не толькі падсумоўваюцца вынікі, але і акрэсліваюцца перспектывы новай даследчай працы. Пры гэтым я не быў бы такі катэгарычны ў развагах пра крызіс мястэчак у другой палове XIX-ХХ ст. (348). Так, паміралі старыя мястэчкі, адміралі іх пэўныя функцыі і рысы. Але паўставалі новыя. І, галоўнае, захоўвалася гістарычная тэндэнцыя наяўнасці напалову гарадоў, — напалову вёсак. Чыгуначныя станцыі і раз’езды, якія прайшлі эвалюцыю ад мястэчка да горада, пасёлкі гарадскога тыпу, гэтак званыя аграгарадкі — найлепшая ілюстрацыя гістарычнай трансфармацыі местачковага брэнда.

На нашу думку, XIX стагоддзе — гэта класіка мястэчак. Але ў мястэчак быўяшчэ і свой сярэднявечны „досвітак» і праця глы „захад» у ХХ ст. І гэтыя старт ды фініш таксама чакаюць свайго даследчыка. Таму адзінае зычэнне аўтару: можа, варта было ў заключэнні паказаць, што гэты перыяд — толькі сэрцавіна няпростай гісторыі беларускага мястэчка. На фоне абуджэння цікавасці да „класікі» мястэчак да іх дзяцінства і старэння таксама непазбежна давядзецца звярнуцца. Сёння ў беларускай урбаністыцы, у гістарыяграфіі беларускіх мястэчак ёсць устойлівы арыенцір — манаграфія Іны Соркінай, той компас, на які будуць арыентавацца будучыя даследчыкі і, вядома, сам аўтар.

Мінск

Андрэй Кіштымаў


[1] Брэгер Г. Хацюхова: Гісторыя невялікага паселішча. Мінск, 2001. 212 с.; Смиловицкий Л. Евреи в Турове: История еврейского местечка Мозырского Полесья. Иерусалим, 2008.848 с.

Тэгі: , ,