Гiсторыя «Вялiкага тэрору» ў Беларусi (Андрэй Кiштымаў)
Па наканаванню гiсторыi на 1997 год прыпаў шэраг драматычных юбiлеяў: 120-годдзе з дня нараджэння Ф.Э.Дзяржынскага, 80-годдзе Кастрычнiцкага перавароту i 80-годдзе стварэння ВЧК, да таго ж — 50-годдзе сумна вядомага 1937 года. Менавiта таму Беларускi Хельсiнскi камiтэт i Беларуская асацыяцыя ахвяр палiтычных рэпрэсiй 19 снежня 1997 года правялi ў Менску навуковы семiнар «Карныя органы Беларусi: гiсторыя i сучаснасць».
У свой час з тэмы палiтычных рэпрэсiй пачаўся чарговы вiток беларускага Адраджэння — Курапаты, Мартыралог Беларусi, стварэнне БНФ. Потым ад рэпрэсiяў пачала вызваляцца беларуская гiсторыя, нацыянальная сiмволiка, паўстала рэпрэсаваная беларуская дзяржаўнасць. Здавалася б, чарговая старонка беларускай гiсторыi перагорнута. На самой справе, яна толькi пачала запаўняцца. Найноўшая гiсторыя Беларусi мае падмурак, на якiм iдзе будоўля.
Сярод тых камянёў, на якiх ствараецца палiтычная гiсторыя сучаснай Беларусi, тэма тэрору, як сведчыць час, з’яўляецца краевугольнай. Менавiта пра гэта iшла размова на семiнары. Вядома, гiсторык — не лекар, i грамадства павiнна само адольваць свае сацыяльныя хваробы. Аднак там, дзе неабходна i патрэбна даць навуковы аналiз, гiсторыка не заменiць нiякi палiтык, нават самага высокага ўзроўню. Даклад кандыдата гiстарычных навук Iгара Кузняцова «Тэхналогiя функцыянавання карных органаў у 1920-1950-я гады», па сутнасцi, стаў цэнтральным на семiнары. Нежывое слова «тэхналогiя» най-больш прыдатнае для характарыстыкi ўсёй з’явы. Таму i гаварылi пра «вiнцiкаў» гэтай машыны тэрору кандыдат фiласофскiх навук Тацяна Процька ў дакладзе «Роля ВЧК ва ўсталяваннi савецкай улады на Беларусi», кандыдат гiстарычных навук Нiна Стужынская ў дакладзе «Гiсторыя ЧК Беларусi ў асобах», былы супрацоўнiк КГБ Валеры Костка. А кандыдат гiстарычных навук Вiталь Скалабан у дакладзе «Удзел ва Усебеларускiм з’ездзе 1917 года як падстава для рэпрэсiй» прадэманстраваў, як «карны меч рэвалюцыi» нiшчыў сваiх ворагаў, нiбы ворагаў усяго народа.
Храналагiчныя рамкi семiнара, быццам бы, акрэслены даволi жорстка — з 1997-га i на 80 гадоў углыб айчыннай гiсторыi, выразна пазначана i тэма — карная дзейнасць органаў ВЧК-КГБ. Мiжволi на думку прыходзяць iншыя даты, iншыя з’явы. Гiстарычныя паралелi заўсёды маюць адценне штучнасцi. Аднак, 1792 год — год другога падзелу Рэчы Паспалiтай, уваходжання ў склад Расiйскай iмперыi цэнтральнай i асноўнай часткi сучаснай Беларусi i, адначасова, — утварэння жандармерыi, якая на працягу стагоддзя выконвала ролю расiйскай палiтычнай палiцыi. Таму, магчыма, ёсць сэнс у тым, каб пашырыць разгляданую праблему да большага маштабу, да пытання пра месца i ролю палiтычных рэпрэсiяў i карных органаў у гiсторыi Беларусi за апошнiя два стагоддзi. «Вялiкi тэрор» на Беларусi выступiў не толькi ў аблiччы ВЧК-КГБ, але i жандарскага корпуса, польскай дэфензiвы, нямецкага гестапа. Гiстарычна, вязьнi сталiнскага ГУЛАГу прыйшлi на змену сасланым за Урал паўстанцам 1863 года, а за беларускасць у адзiн i той жа час, толькi па розныя бакi мяжы, саджалi альбо ў Бярозу-Картузскую, альбо ў мiнскую турму. Усё гэта — звёны аднаго ланцуга.
Як бы там нi было, тэма палiтычных рэпрэсiй на Беларусi пасля непазбежнага перыяду выпрабавання эмацыйнай гiстарычнай публiцыстыкай паступова, не губляючы свайго грама-дзянскага гучання, набывае i сталасць навуковага гiстарычнага асэнсавання. Семiнар — самастойная падзея ў гiсторыка-грамадскiм жыццi сучаснай Беларусi. У працяг яго, пад той жа назваю, у Мiнску, у лютым 1998 года, запланавана правядзенне прадстаўнiчай мiжнароднай навуковай канферэнцыi, выставы i прэзентацыi новых выданняў па гэтай тэме.
Андрэй Кiштымаў.