БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Розенблат, Евгений С., Еленская, Ирина Э. Пинские евреи: 1939-1944 (Уладзiмiр Здановiч)


РОЗЕНБЛАТ, ЕВГЕНИЙ С., ЕЛЕНСКАЯ, ИРИНА Э. Пинские евреи. 1939-1944. Брест, 1997. 312.

Трагедыя яўрэйскага насельнiцтва ў час мiнулай сусветнай вайны агульнавядомая. Тым не менш, гiсторыя яўрэяў Беларусi гэтага перыяду, нягледзячы на шэраг публiкацый, яшчэ не знайшла свайго належнага аcвятлення. Таму трэба толькi вiтаць спробы асобных навукоўцаў падыходзiць да вывучэння праблемы больш грунтоўна i глыбока. Сярод новых прац такога кшталту асаблiва вылучаецца кнiга берасцейскiх даследчыкаў Яўгена Разенблата i Iрыны Яленскай, прысвечаная малавядомым старонках жыцця яўрэйскага насельнiцтва Пiншчыны.

Манаграфiя «Пiнскiя яўрэi. 1939-1944 г.» напiсана на аснове шырокага корпусу крынiц: апублiкаваных матэрыялаў, у тым лiку гiстарычнай лiтаратуры на польскай i ангельскай мовах, матэрыялаў акупацыйнай прэсы, музейных матэрыялаў, сведчанняў удзельнiкаў i вiдавочцаў тых падзей. Асаблiвую важкасць даследаванню надаюць архiўныя дакументы, пераважная большасць якiх уводзiцца аўтарамi ў навуковы зварот упершыню.

Кнiга складаецца з уступа, 4 разделаў, заключэння i двух дадаткаў. Аўтары паставiлi на мэце «дакументаваную рэканструкцыю гiсторыi пiнскiх яўрэяў ў кантэксце агульнагiстарычных падзей 1939-1944 г.» (С.9).

У першым раздзеле «У гады савецкай улады. 1939-1941 г.» аўтары, выкарыстоўваючы малавядомыя дакументы, прадэманстравалi досыць арыгiнальны погляд на становiшча яўрэйскага насельнiцтва. Гледзячы на ўвесь комплекс мерапрыемстваў, ажыццяўляных савецкай уладай на тэрыторыi Заходняй Беларусi — нацыяналiзацыю, пашпартызацыю, арышты, дэпартацыю, пытаннi працоўнага заканадаўства, антырэлiгiйнай палiтыкi, праблемы бежанцаў i iнш. — праз прызму дакументаў НКВД i сакрэтных матэрыялаў партыйных органаў, яны здолелi паказаць патаемны бок гэтай палiтыкi, засведчылi, што дзейнасць савецкiх уладаў у дачыненнi да жыхароў Заходняй Беларусi вызначалася не толькi сацыяльна-класавым характарам, але i нацыянальным: першыя мерапрыемствы, накiраванныя на скасаванне прыватнага сектару, закранулi ў першую чаргу прадстаўнiкоў польскай i яўрэйскай нацыянальнасцяў. Рэпрэсii супраць былых сяброў яўрэйскiх палiтычных, грамадскiх i культурных партый i арганiзацый пазбавiлi яўрэйскае насельнiцтва лiдэраў. Зразумела, падобная палiтычная практыка i ўмяшанне ў культурнае жыццё яўрэяў выклiкалi незадаволенасць часткi яўрэйскага грамадства.

Аналiз афiцыйных дакументаў i ўспамiны непасрэдных удзельнiкаў тых падзей прывёў даследчыкаў да высновы, што ў перадваенныя гады звыклы лад жыцця яўрэяў г. Пiнска ўжо разбурыўся. Менавiта ў працэсе ўсталявання савецкай улады «былi парушаны традыцыйныя яўрэйскiя структуры i ўзмацнiўся раскол унутры яўрэйскага грамадства» (С.196). Падзеi 1939-1941 г., на думку аўтараў, у пэўнай ступенi ўзбудзiлi антысемiцкiя настроi ў асяроддзi карэннага насельнiцтва Палесся. Гэтаму спрыяла i кадравая палiтыка савецкай улады, якая прызначыла на адказныя пасады значную колькасць яўрэяў. Распаўсюджанасць антысемiтызму, а таксама антысавецкiх настрояў, пацвярджаецца сакрэтнымi дакументамi НКВД, якiя, безумоўна, як крынiца заслугоўваюць даверу. Станоўчым тут можна лiчыць тое, што аўтары разглядаюць змены ў сацыяльна-дэмаграфiчнай структуры i нацыянальным складзе насельнiцтва заходнебеларускiх гарадоў, а таксама паказваюць узаемаадносiны савецкай улады з нацыянальнымi меншасцямi.

Далей у кнiзе асвятляецца жыццё яўрэйскага насельнiцтва ў гады акупацыi Пiнска нямецка-фашысцкiмi захопнiкамi. У пачатку другога раздзела «Першы год акупацыi» цэлым шэрагам фактаў аўтары абвяргаюць тэзiс пра нечаканасць нападу Нямеччыны на СССР, што быў даволi трывала замацаваны ў савецкай гiстарыяграфii. Насельнiцтва Заходняй Беларусi па-iншаму (не так, як ва Ўсходняй) успрымала падзеi, якiя адбывалiся ў Еўропе. Гэтаму спрыялi i былыя сувязi з Польшчай, i цыркуляцыя чутак дзякуючы вiру людзей на савецка-польскай мяжы. Як сцвярджаюць Я.Разенблат i i.Яленская, частка насельнiцтва чакала прыходу Гiтлера з надзеяй на паляпшэнне ўмоў жыцця. Аднак ужо першыя мерапрыемствы акупантаў развеялi гэтыя iлюзii. Рэгiстрацыя яўрэяў, выдзяленне iх асобным вонкавым знакам адразу вызначыла iх у «групу рызыкi». У працы разглядаюцца розныя формы дзейнасцi акупацыйных уладаў па дыскрымiнацыi яўрэйскага насельнiцтва. Праз супастаўленне крынiц аўтары падаюць i абгрунтоўваюць найбольш верагодную колькасць загiнулых пад час нацысцкiх акцыяў па вынiшчэнню мужчынскага яўрэйскага насельнiцтва Пiнска ў жнiўнi 1941 г. (С.73-74).

Асобны раздзел манаграфii прысвечаны стварэнню i дзейнасцi органа яўрэйскага самакiравання горада — юдэнрата (яўрэйскай рады), якi забяспечваў выкананне нямецкiх загадаў, датычных яўрэяў. Упершыню ў беларускай гiстарыяграфii дэталёва, на падставе шматлiкiх i разнастайных дакументаў разглядаюцца асноўныя напрамкi дзейнасцi гэтага органа: улiк i рэгiстрацыя яўрэйскага насельнiцтва, збор грашовых кантрыбуцый i розных каштоўных рэчаў, арганiзацыя рабочых каманд, забеспячэнне яўрэйскай супольнасцi харчаваннем, сацыяльная апека, медыцынская дапамога, падтрыманне грамадскага парадку. Адначасова з гэтым аўтары прасочваюць змены, якiя адбылiся ў эканамiчным, сацыяльным i прававым становiшчы яўрэяў города з пачаткам акупацыi. Фактаграфiчны матэрыял, выкарыстаны Я.Разенблатам i i.Яленскай, да-зволiў iм па-свойму выказацца па праблеме ацэнкi юдэнратаў у айчыннай гiстарычнай навуцы i ўступiць у палемiку па гэтым пытаннi з сучаснымi навукоўцамi. Звяртаючы ўвагу на тое, што дзейнасць юдэнрата была супярэчлiвай, аўтары тым не менш лiчаць, што намаганнi яўрэйскай рады кiравалiся на захаванне супольнасцi, i «Пiнскi юдэнрат» здолеў у рамках магчымага вырашаць асноўныя задачы жыццезабеспячэння яўрэйскага насельнiцтва горада» (С.201).

Крынiцы дазволiлi аўтарам паказаць, што з лiпеня 1941 г. па травень 1942 г. у Пiнску iснавала гета адкрытага тыпу, асноўнымi прыкметамi якога былi канцэнтрацыя яўрэйскага насельнiцтва (вяртанне яўрэяў на ранейшае месца жыхарства i дэпартацыя iх сямей з сельскай мясцовасцi), абмежаванне свабоднага перамяшчэння яўрэйскага жыхарства (уезд i выезд з Пiнска), дакладнае дзяленне горада на арыйскую i яўрэйскую часткi, а таксама выдзяленне яўрэяў спецыяльнымi апазнавальнымi знакамi i iншыя формы расавай i прававой дыскрымiнацыi.

Трэцi раздзел манаграфii «Гета» разглядае перыяд, калi ў Пiнску iснавала гета закрытага тыпу. Ён лагiчна падзелены на дзве часткi: «Жыццё i быт у гета» i «Лiквiдацыя гета». Такi падзел, не парушаючы агульнай канструкцыi работы, даў магчымасць аўтарам больш яскрава паказаць умовы жыцця i побыт вязняў, а таксама мерапрыемствы акупацыйных уладаў, накiраваныя на лiквiдацыю пiнскага гета. Першая частка раздзела знаёмiць з нарматыўнымi дакументамi органаў фашысцкага кiравання, якiя рэгламентавалi ўмовы арганiзацыi гета i рэжым яго iснавання, а таксама дазваляе ўявiць сацыяльна-псiхалагiчнае становiшча ў горадзе напярэдаднi масавага знiшчэння яўрэйскага насельнiцтва. Адной з галоўных праблемаў пасля стварэння гета стала забеспячэнне жыхароў прадуктамi харчавання. Аўтары вызначаюць асноўныя крынiцы забеспячэння харчаваннем: атрыманне прадуктаў па картачках, продаж i абмен рэчаў, прыватныя заробкi, самадапамога, якая ажыццяўлялася праз юдэнрат, а таксама крадзёж унутры гета i за яго межамi i падачкi мясцовага люду.

Недахоп харчавання, пагаршэнне медычна-санiтарнага стану прывялi да рэзкага павелiчэння смяротнасцi, якая тут, як пераканаўча паказваюць аўтары, цягам 1941-1942 г. была ў некалькi разоў вышэйшая, чым сярод жыхароў iншых нацыянальнасцяў Пiнска (С.140).

Аўтары даказваюць, што стварэнне гета было адной са стадый на шляху фiзiчнага вынiшчэння яўрэйскага насельнiцтва. Адметнай рысай Пiнскага гета з’яўляецца час яго iснавання: з 30 красавiка па 28 кастрычнiка 1942 г., гэта значна пазней, чым большасць iншых гета на тэрыторыi Беларусi i Украiны.

У раздзеле «Лiквiдацыя гета» Я.Разенблат i i.Яленская на аснове ўспамiнаў выжыўшых вязняў, справаздачы аднаго з выканаўцаў акцыi iх знiшчэння, а таксама паказанняў сведкаў тых падзей паспрабавалi аднавiць адну з самых жудасных старонак у гiсторыi Пiнска. Сыходячы з дадзеных аб колькасцi яўрэйскага насельнiцтва горада, аўтары лiчаць, што яго страты за 1941-1942 г. склалi 24-25 тысячаў чалавек, дапускаючы пры гэтым i магчымасць выяўлення новых звестак аб ахвярах нацысцкага генацыду (С.205). Вывучэнне дакументальных крынiц i iншых матэрыялаў дазволiць удакладнiць колькасць загiнуўшых у гета, а таксама выявiць усе месцы знiшчэння яўрэйскага насельнiцтва (так, аўтары звярнулi ўвагу спецыялiстаў на тое, што ў сённяшнiх спiсах месц канцэнтрацыi i знiшчэння яўрэяў на тэрыторыi Беларусi ўвогуле адсутнiчаюць звесткi аб Кобрыньскiм, Пагост-Загародскiм i Лагiшынскiм гета Брэсцкай вобласцi (С.204)).

Цiкавым i па некаторых аспектах, магчыма, спрэчным атры-маўся чацвёрты раздзел кнiгi «Антысемiтызм i Катастрофа». Яно i зразумела, аўтары спрабуюць разгледзець вельмi далiкатнае пытанне, якое амаль не закраналася ранейшымi даследчыкамi: стаўленне насельнiцтва Беларусi да мерапрыемстваў акупацыйных уладаў, накiраваных супраць яўрэяў, а таксама ўзаемаадносiны яўрэйскага i неяўрэйскага насельнiцтва. Гэтая частка кнiгi носiць больш тэарэтычны характар. Згодна з меркаваннем аўтараў, масаваная антысемiцкая прапаганда з’яўлялася своеасаблiвай формай iдэалагiчнага генацыду i скарыстоўвалася акупацыйнымi ўладамi як адзiн са стрыжнявых метадаў барацьбы з савецкай уладай. На прыкладзе публiкацый перыядычнага друку, змешчаных на старонках «Пiнськай газеты», Я.Разенблат i i.Яленская паказваюць механiзмы фармавання антысемiцкiх мiфалагемаў i стэрэатыпаў. У вынiку такой прапаганды нацыстаў пры адсутнасцi савецкай контр-прапаганды па «яўрэйскiм пытаннi», а таксама з-за агульнага страху за ўласнае жыццё ва ўмовах жорсткага акупацыйнага рэжыму адбылася пэўная дэфармацыя грамадскай свядомасцi, ступень i праявы якой, лiчаць аўтары, павiнны стаць тэмай самастойнага даследавання (С.206).

iстотным дапаўненнем даследавання «Пiнскiя яўрэi. 1939-1944 г.» з’яўляюцца дадаткi да кнiгi. Першы з iх, у якiм сабраны ўспамiны i сведчаннi вiдавочцаў i ўдзельнiкаў падзей 1941-1944 г., змяшчае аўтарскi каментар да прадстаўленых наратыў-ных крынiцаў, а таксама крытычны аналiз мiфаў i стэрэатыпаў, распаўсюджаных сярод iнфармантаў-яўрэяў i неяўрэяў. Заслугай стваральнiкаў кнiгi трэба лiчыць пераклад i публiкацыя цiкавых матэрыялаў па гiсторыi пiнскiх яўрэяў, арыгiналы якiх захоўваюцца за мяжой: лiста вязьня пiнскага гета (датуецца восенню 1942 г.), дзённiка яўрэйскага падлетка, якi хаваўся разам з сям’ёй у горадзе пасля лiквiдацыi гета, успамiны пiнчанкi, якая хавала яўрэйскую сям’ю i г.д. Значная частка выкарыстаных у кнiзе ўспамiнаў атрымана аўтарамi дзякуючы iнтэрвiю i знаходзiцца ў iх асабiстым архiве.

Другi дадатак кнiгi ўключае спiсы супрацоўнiкаў пiнскага юдэнрата, яўрэйскай бальнiцы, палiклiнiкi i дзiцячага дома, а таксама рамеснiкаў, якiя працягвалi працаваць па спецыяльнасцi ў гарадскiх арганiзацыях i ва ўласных майстэрнях: кавалёў, краўцоў, шаўцоў, цырульнiкаў i iнш. Акрамя таго, тут многа зводных таблiц, якiя тычацца кадравай палiтыкi савецкай улады ў 1939-1941 г., сацыяльна-дэмаграфiчнай структуры яўрэйскага насельнiцтва i г.д. Большасць гэтых таблiц скла-дзена самымi аўтарамi.

Гаворачы пра выданне ў цэлым, варта падкрэслiць, што гэта першая кнiга, спецыяльна прысвечаная гiсторыi пiнскiх яўрэяў у 1939-1944 г. Аўтары не абмяжоўваюцца разглядам толькi мясцовай гiсторыi, а выходзяць i на агульнагiстарычныя праблемы: нацыянальная палiтыка савецкай улады, трагiчны лёс еўрапейскага яўрэйства ў гады другой сусветнай вайны, нямецка-фашысцкi акупацыйны рэжым, беларускi горад у гады згаданай вайны, антысемiтызм i iнш. Незвычайная форма, абраная аўтарамi для падачы матэрыялаў — урэзка ў асноў-ны тэкст дакументаў, успамiнаў, фотаздымкаў i г.д. — прадуманая i лагiчная. Яна спрыяе лепшаму, нават эмацыйнаму ўспрыманню новай iнфармацыi. У выкладаннi тэкста дамiнуе навуковы сiнтэзны падыход, якi дазваляе спалучыць маштабны сiнтэз гiганцкай колькасцi фактаў, статыстычных дадзеных i г.д. з канкрэтна-гiстарычным аналiзам. Я.Разенблат i i.Яленская iмкнуцца не навязваць чытачу свае меркаваннi, а прапануюць яму паразважаць над дакументамi, якiя цытуюцца або друкуюцца цалкам.

Як слушна зазначаюць ва ўводзiнах аўтары, «не ўсе дакументы, што маюць дачыненне да тэмы даследавання, на сённяшнi момант выяўлены i вывучаны, таму праца не прэтэндуе на канчатковыя вывады» (С.12). Сапраўды, манаграфiя «Пiнскiя яўрэi. 1939-1944 г.» — гэта яшчэ не вынiк, а толькi падыход да даследавання гэтай тэмы.
Берасце

Уладзiмiр Здановiч

Наверх

Тэгі: ,