БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Российские и славянские исследования. Вып. I–V (Любоў Козік)

Российские и славянские исследования: научный сборник / редкол.: АНАТОЛИЙ П. САЛЬКОВ, ОЛЕГ А. ЯНОВСКИЙ (отв. ред) [и др.]. Вып. I–V. Минск: БГУ, 2004–2010.*

Беларуская славістыка мае глыбокія карані, аднак у адрозненне ад шматлікіх публікацый па гісторыі Беларусі ці Расіі матэрыялаў па гісторыі паўднёвых і заходніх славян у нашай краіне няшмат. Гэты ў пэўным сэнсе „недахоп” паспрабавалі выправіць на гістарычным факультэце БДУ, дзе з 2003 г. прайшла чарада абарон кандыдацкіх дысертацый па гісторыі Чэхаславакіі, Польшчы, Македоніі, Югаславіі, Харватыі, а з 2004 г. пачаў выходзіць зборнік навуковых артыкулаў пад назвай „Российские и славянские исследования”. За перыяд з 2004 да 2010 г. убачылі свет пяць нумароў гэтага выдання, якое па праву стала вядучым у галіне замежнай славістыкі.

У першым выпуску матэрыял згрупаваны ў тры рубрыкі: „Расійская і славянская гісторыя ў перыяд Сярэднявечча”, „Новы час у гісторыі Расіі і славянскіх народаў”, „Праблемы навейшай гісторыі Расіі (СССР) і славянскіх краін”. Працы беларускіх, украінскіх, расійскіх і польскіх гісторыкаў закраналі пераважна праблемы з гісторыі Расійскай імперыі і Беларусі, якая знаходзілася ў яе складзе, старажытнай гісторыі славянскіх народаў, гісторыі СССР і найноўшай гісторыі Польшчы.

Другі нумар навуковага зборніка займеў больш падрабязную рубрыкацыю (артыкулы, паведамленні, крыніцазнаўства і гістарыяграфія, публікацыі, крытыка і бібліяграфія, навуковае жыццё), шырокую тэматыку і міжнароднае прадстаўніцтва аўтараў. У ім раскрываліся структурна-функцыянальныя мадэлі вывучэння савецкай гісторыі 1930-х г. у англа-амерыканскай гістарыяграфіі (В. Мянькоўскі), паказваўся генезіс канцэпцыі старарускай народнасці ў працах У. Пічэты (Н. Усава), нямецкая эканамічная палітыка на акупаванай тэрыторыі Беларусі ў 1941–1944 г. (С. Новікаў), чэхаславацкая ідэя і „венгерскае пытанне” ў гады Першай сусветнай вайны (І. Кручкоў), характарызавалася становішча праваслаўнай царквы ў міжваеннай Польшчы (Я. Мірановіч) і адлюстроўваліся пытанні развіцця польскай сельскай гаспадаркі і сялянскага руху на старонках часопіса „Аграрныя праблемы” ў 1927–1935 г. (Г. Матвееў).

Канчаткова канцэпцыя штогодніка ўсталявалася з выхадам у 2008 г. трэцяга выпуску „Российских и славянских исследований”. Менавіта з гэтага нумара структура часопіса стала ўключаць такія рубрыкі, як „Артыкулы”, „Паведамленні”, „Гістарычныя партрэты”, „Гістарычная падзея — асоба ў гісторыі”, „Крыніцазнаўства і гістарыяграфія”, „Партрэты гісторыкаў”, „Публікацыя”, „Крытыка і бібліяграфія”, „Навуковае жыццё”.

Сярод дакументальных публікацый, змешчаных у II–V выпусках, пададзены вытрымкі з паказанняў У. Пічэты ў час яго знаходжання пад следствам з верасня 1930 да жніўня 1931 г. (вып. II); урыўкі з успамінаў і перапіскі старшыні польскай дэлегацыі на Рыжскай мірнай канферэнцыі Я. Домбскага пра тайныя перамовы са старшынёй расійска-ўкраінскай дэлегацыі А. Іофе наконт мяжы паміж Польшчай і Беларуссю (вып. III); заклік польскай моладзі да жанчын беларуска-літоўскіх зямель пад назвай „Литвинки и Русинки”, які, па меркаванні аўтара прадмовы да дакумента А. Фірыновіч, мог узнікнуць у перыяд з красавіка 1861 да студзеня 1863 г. (вып. V).

Чацвёрты выпуск „Российских и славянских исследований” прысвечаны 75-годдзю гістарычнага факультэта БДУ, што ў першую чаргу адлюстравалася ў рубрыцы „Публікацыі”. Яе значную частку склалі падрыхтаваныя расійскай даследчыцай Л. Уткінай дзённікавыя запісы У. Пічэты, якія ахопліваюць жыццё гісторыка да 1905 г. і ў 1944–1946 г., успаміны былых дэканаў гістфака І. Царук, П. Шупляка і А. Яноўскага, дакументы, якія характарызуюць пэўныя этапы ў жыцці У. Пічэты, У. Перцава, Л. Шнеерсона.

Сярод матэрыялаў і паведамленняў III–V выпускаў можна вылучыць артыкулы А. Салькова па праблеме ўсталявання межаў у Паўднёвай Еўропе пасля Другой сусветнай вайны і пазіцыі СССР, матэрыялы па палітычнай гісторыі Польшчы, Чэхіі, Славакіі, Югаславіі, прапанаваныя як айчыннымі (І. Вашкевіч, Н. Прыступа, С. Лукашанец, Л. Козік, А. Космач, Ю. Паўлавец, А. Еўдакімовіч, В. Кухарэнка, А. Пеганаў і інш.), так і замежнымі (Т. Валакіціна, В. Комар, Я. Рыхлік, Р. Туркоўскі, Д. Алімаў, В. Варынскі, М. Шмігель і інш.) даследчыкамі. Вялікая колькасць публікацый прысвечана розным праблемам у гісторыі Беларусі: шляхецка-сялянскім міжсаслоўным адносінам на беларускіх землях у другой палове XVI — першай палове XVII ст. (П. Лойка), асаблівасцям рэгулявання ўнутранага гандлю на беларускіх землях у XVI — першай палове XVII ст. (А. Кісялёў), тэндэнцыям гаспадарчай дзейнасці ў парэформенным маёнтку на Палессі і ў прыватнасці ў маёнтках Цярэшчанкаў (В. Кахновіч), ролі дваранства ў сістэме гарадскога самакіравання Беларусі ў апошняй чвэрці XIX — пачатку ХХ ст. (І. Грыбко), удзелу беларускага сялянства ў „польскім” паўстанні 1830–1831 г. (У. Сосна), фарміраванню беларускай дыяспары ў Чэхаславакіі на пачатку 1920-х г. (А. Буча) і інш.

У зборніку закранаюцца і некаторыя праблемы метадалогіі гістарычнага даследавання. Так, А. Каханоўскі разглядае асаблівасці метадалогіі і методыкі аналізу сацыяльнай трансфармацыі беларускага грамадства ў другой палове XIX — пачатку ХХ ст. (вып. IV), а М. Сакалова прасочвае эвалюцыю канцэптаў „нацыя” і „нацыянальны суверэнітэт” у розныя гістарычныя перыяды і паказвае асноўныя падыходы сучасных беларускіх даследчыкаў да іх разумення (вып. V).

Адзін з пастаянных элементаў штогодніка — рубрыка „Партрэты гісторыкаў”. Першым матэрыялам у ёй стаў артыкул А. Баранавай і А. Яноўскага, прысвечаны 130-годдзю з дня нараджэння У. Пічэты (вып. III). Аўтары засяродзілі ўвагу на „беларускай складовай” у біяграфіі знакамітага даследчыка і паказалі яго ўнёсак у станаўленне і развіццё не толькі БДУ, але і нацыянальнай гістарычнай навукі, асабліва такой яе часткі, як беларусазнаўства. Працягам публікацый пра вядомых даследчыкаў-славістаў сталі артыкул А. Давідсана пра М. Палеціка (вып. IV) і матэрыялы А. Яноўскага і С. Цемушава пра А. Савіча (вып. V).

У рубрыцы „Крытыка і бібліяграфія” ўведзены ўнутраныя падзелы: „Разважанні над кнігай”, „Рэцэнзіі”, „Каротка пра кнігі”. Варта адзначыць, што ва ўсіх падраздзелах прадстаўлены працы, якія выйшлі не толькі і не столькі ў Беларусі, колькі за яе межамі — у Польшчы, Расіі, Украіне, ЗША, Харватыі, Сербіі і іншых краінах. Аўтары публікацый знаёмяць чытачоў з дасягненнямі замежных калег-славістаў і дзеляцца сваімі разважаннямі і заўвагамі.

Варта падкрэсліць, што рэдактары „Российских и славянских исследований” вырашылі не спыняцца толькі на знаёмстве чытачоў з новым фактамі і падзеямі. Яны прапанавалі, на наш погляд, вельмі цікавы раздзел „Запрашэнне да дыскусіі” ў рубрыцы „Навуковае жыццё”. У гэтай частцы зборніка былі прыведзены разважанні А. Яноўскага пра развіццё сучаснай нацыянальнай гісторыі (вып. II), А. Насковай пра стаўленне Сталіна да Арміі Краёвай (вып. III), А. Лукашэвіча пра ацэнку расійскіх службаў па лі тыч нага вышуку і контрразведкі палітычнай сітуацыі ў беларускіх губернях напярэдадні вайны 1812 г. (вып. IV), А. Стыкаліна пра гісторыю падрыхтоўкі і правядзення маскоўскіх паседжанняў кампартый у лістападзе 1957 г., прысвечаных арганізацыі ўрачыстых мерапрыемстваў да 40-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі (вып. V). На жаль, далей „запрашэння” гэтыя дыскусіі не пайшлі. Хаця ўздыманыя аўтарамі праблемы сапраўды заслугоўва юць абмеркавання. Можна спадзявацца, што ў перспекты ве закранутыя ў штогодніку пытанні выклічуць актыўную рэакцыю навукоўцаў не толькі з Беларусі, але і з іншых краін. Прынамсі рэдкалегія, спадзеючыся пашырыць кола сваіх чытачоў і патэнцыйных аўтараў, а таксама з увагі на невялікі наклад часопіса, з лютага 2009 г. стварыла сайт   (www.rsijournal.net), дзе рэгулярна раз мяш чае матэрыялы чарговых выданняў.

Спрабуючы пашырыць кантакты беларускіх славістаў з замежнымі калегамі, рэдкалегія штогодніка знаёміць чытачоў з цэнтрамі і школамі славістыкі і русістыкі, з працай навуковых канферэнцый і форумаў, запрашае да ўдзелу ў працы спецыялістаў з розных краін свету. Хочацца спадзявацца, што пачынанні беларускіх гісторыкаў-славістаў дадуць свой плён і прывядуць да актывізацыі даследаванняў не толькі па айчыннай гісторыі, але і па гісторыі іншых славянскіх народаў.

Мінск

Любоў Козік

* Вып. I (2004), 252 с.; вып. II (2007), 263 с.; вып. III (2008), 367 с.; вып. IV (2009), 431 с.; вып. V (2010), 419 с.


Тэгі: , ,