БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Иоффе, Эммануил Г. Когда и зачем Гитлер и другие высшие чины нацистской Германии приезжали в СССР? (Міхаіл Стралец)

ИОФФЕ, ЭММАНУИЛ Г. Когда и зачем Гитлер и другие высшие чины нацистской Германии приезжали в СССР? Москва: Харвест, 2010. 512 с.

Каб адказаць на пытанне, пастаўленае ў назве кнігі, яе аўтар, прафесар Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, апрацаваў гіганцкі масіў крыніц — ад дзяржаўных архіваў Расіі і Беларусі да мемуараў паплечнікаў Гітлера і яго военачальнікаў ды спецыяльнай літаратуры. Ужо ў першым раздзеле, цэнтральным персанажам якога стаў сам Адольф Гітлер, Э. Іофе прасачыў яго прылёты і прыезды ў розныя населеныя пункты Расіі, Беларусі і Украіны — галоўным чынам у тыя, дзе знаходзіліся штаб-кватэры груп армій „Поўнач”, „Цэнтр”, „Поўдзень”, а таксама сустрэчы фюрэра з іх камандным складам. Усе візіты нацысцкага фюрэра ва ўказаны рэгіён сістэматызаваны, па многіх з іх зроблены важныя ўдакладненні. Так, аўтар даказаў, што Гітлер знаходзіўся ў Барысаве 4 жніўня, а ў Брэсце — 26 жніўня 1941 г. (13), але не выявіў пераканальных пацверджанняў версіі пра наведванне фюрэрам Мінска (33–36).

Візіты вярхоўнага галоўнакамандуючага ўсімі ўзбро  е нымі сіламі Трэцяга райха былі звязаны з яго імкненнем даведацца з першых рук пра сітуацыю на Усходнім фронце і ў выпадку неабходнасці аператыўна ўнесці карэктывы ў дзеянні Вермахта. Эмануіл Іофе паказаў, што карэктывы Гітлера далёка не заўсёды ўзгадняліся з ходам думак нямецкіх военачальнікаў. У якасці прыкладу можна ўзяць нараду ў Барысаве 4 жніўня 1941 г. Напярэдадні нямецкая вайсковая эліта не сумнявалася ў тым, што для фюрэра захоп Масквы — задача нумар адзін. Камандаванне групы армій падрыхтавала план наступлення на адпаведным напрамку і, натуральна, чакала станоўчай рэакцыі вярхоўнага галоўнакамандуючага. Аднак Гітлер сфармуляваў сваё бачанне прыярытэтаў наступным чынам: „Першая дасягальная мэта — Ленінград і рускае ўзбярэжжа Балтыйскага мора… На другім месцы па важнасці для праціўніка стаіць поўдзень Расіі, у прыватнасці Данецкі басейн, пачынаючы ад раёна Харкава… Раён Масквы па сваёй важнасці для праціўніка стаіць толькі на трэцім месцы” (23). На падставе заявы Гітлера ў Барысаве аўтар заключае, што фюрэр збіраўся не браць Маскву, а шчыльна акружыць і потым затапіць.

Змястоўны бок другога раздзела складаюць нарысы пра знаходжанне ў заходніх абласцях СССР такіх паплечнікаў Гітлера, як Іон Антанеску, Ганс Баўр, Марцін Борман, Ёзэф Гебельс, Рэйнгард (Рэйхард) Гейдрых, Герман Герынг, Генрых Гімлер, Карл Дзёніц, Отта Дзітрых, Фрыдрых Заўкель, Эрых Кох, Беніта Мусаліні, Ганс Ратэнхубер, Іаахім фон Рыбентроп, Альфрэд Розенберг, Рудольф Шмунт і Альберт Шпеер. Напрыклад, намеснік фюрэра па нацысцкай партыі Марцін Борман наведаў Мінск у верасні 1943 г., адзін з кіраўнікоў СС і генерал паліцыі Рэйнгард Гейдрых двойчы бываў на беларускай зямлі, у 1941 і 1942 г. (140, 142). Другі візіт згаданага фашысцкага дзеяча на Беларусь звязаны з ходам знішчэння тут нямецкіх яўрэяў і асаблівай пазіцыяй генеральнага камісара генеральнай акругі „Беларусь” Вільгельма Кубэ. Вядома, што апошні, хоць меў непасрэднае дачыненне да Халакосту, не ставіў знак роўнасці паміж нямецкімі і ненямецкімі яўрэямі. Калі поўнае і безагаворачнае ўключэнне апошніх у лік аб’ектаў Халакосту ўяўлялася генеральнаму камісару слушным, то намер вышэйшых чыноў СС знішчыць усіх без выключэння нямецкіх яўрэяў, дастаўленых у Мінск, Кубэ аспрэчваў. Яго першы аргумент — што з гледзішча асабістай гігіены „няма ніякага параўнання паміж высланымі і мясцовымі яўрэямі”, другі — што сярод прывезеных яўрэяў былі ветэраны Першай сусветнай вайны, якія рызыкавалі жыццём дзеля перамогі Нямеччыны, мелі ўзнагароды (143). Усё гэта Кубэ выклаў у спецыяльным лісце ў РСХА. І рэакцыя эсэсаўскіх вярхоў была неадкладнай. Адзін з архітэктараў Халакосту Гейдрых прыляцеў з Берліна ў Мінск толькі для таго, каб аб’явіць вымову генеральнаму камісару акругі „Беларусь” (144).

Аўтар кнігі вызначыў, напрыклад, што імперскі міністр авіяцыі Герман Герынг наведваў Брэст, райхсфюрэр СС Генрых Гімлер — Мінск, як і стаўку Гітлера пад Вінніцай — месца, якое паплечнікі фюрэра наведвалі найчасцей. Там бываў грос-адмірал Карл Дзёніц, райхслейтэр, обергрупенфюрэр СС Отта Дзітрых, кіраўнік ведамства па выкарыстанні працоўнай сілы обергрупенфюрэр СС Фрыдрых Заўкель, які быў арганізатарам масавага вывазу насельніцтва з Савецкага Саюза і іншых акупаваных дзяржаў, з чым былі звязаны ажно тры яго паездкі ў Мінск. Дакладна выяўлена, што 26 жніўня 1941 г. у Брэсцкай крэпасці знаходзіўся Рыбентроп. Добра вядома і тое, што імперскі міністр замежных спраў неаднойчы бываў у 1942–1943 г. у стаўцы Гітлера пад Вінніцай (212).

Бываў у Беларусі і імперскі міністр па справах акупаваных усходніх тэрыторый Альфрэд Розенберг, адзін з архітэктараў нямецкай акупацыйнай палітыкі адносна Прыбалтыкі, Беларусі, Украіны. Аўтар лічыць, што пры ўсім сваім расісцкім антысемітызме і заала гічнай русафобіі „ён быў адзіным сярод нацысцкага кіраўніцтва, хто рабіў адрозненне паміж рускімі і іншымі нацыянальнасцямі Савецкага Саюза”, а ў Мас ковіі ачаг „руска-мангольскай адсталасці”, які і пры цар скім, і пры савецкім рэжымах падаўляў нацыянальную своеасаблівасць многіх нярускіх народаў і праводзіў іх гвалтоўную русіфікацыю. „Немцы выступалі тут як вызваліцелі ад бальшавіцкага прыгнёту і давалі магчымасць стварыць уласныя аўтаномныя дзяржавы пад нямецкай абаронай” (215). Так, прыляцеўшы ў Мінск у траўні 1942 г., А. Розенберг, хоць і выдатна ведаў пра існаванне плана „Ост”, „у гутарцы з кіраўніцтвам БНС (Беларускай Народнай Самапомачы) заявіў, што Нямеччына зацікаўлена ў існаванні незалежнай і моцнай Беларусі як нямецкага фарпоста на ўсходзе” (218).

Не мог не наведваць заходнія вобласці СССР галоўны ад’ютант Гітлера Рудольф Шмунт. У кнізе паказаны яго ўплыў на прыняцце Гітлерам рашэнняў у час зна хо джання ў дадзеным рэгіёне. А імперскі міністр узбраенняў і боепрыпасаў Альберт Шпеер неаднаразова бываў на Украіне. Па зразумелых прычынах прыярытэт належаў стаўцы Гітлера пад Вінніцай, куды імперскі міністр узбраенняў і боепрыпасаў выязджаў на абмеркаванне з фюрэрам розных тэхнічных нюансаў. Аўтар адзначае, што як галоўнакамандуючы сухапутнымі войскамі Шпеер „вельмі цікавіўся імі і імкнуўся сам вырашаць многія пытанні” (231).

Трэці, самы вялікі, раздзел кнігі прысвечаны гітлераўскім военачальнікам у заходніх абласцях СССР (1941–1944). Агулам разгледжаны 41 военачальнік. На прыкладзе некаторых з іх аўтар паказаў, як канкрэтна яны вырашалі свае задачы ў сітуацыі, калі стратэгічная ініцыятыва знаходзілася на нямецкім баку, і наадварот, калі яна перайшла да Чырвонай Арміі.

Мяркуючы па „Дадатку”, у заходніх абласцях СССР бывалі галоўны дыверсант нацысцкай Нямеччыны Отта Скарцэні і оберштурмбанфюрэр Адольф Эйхман. Першы ўваходзіў у склад войскаў Вермахта, якія ваявалі з абаронцамі Брэсцкай крэпасці (485), а другі прыязджаў з мэтай актывізацыі знішчэння яўрэяў.

Кніга прафесара Э. Іофе, якая стала плёнам двац-цацігадовых пошукаў аўтара, абавязкова будзе запатрабавана і навукоўцамі, і выкладчыкамі гісторыі. Яе з вялікай цікавасцю змогуць чытаць усе, хто неабыякавы да гісторыі Другой сусветнай вайны.

Брэст

Міхаіл Стралец

Тэгі: ,