БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Романько, Олег В. Легион под знаком Погони (Аляксандр Гагун)


РОМАНЬКО, ОЛЕГ В. Легион под знаком Погони. Белорусские коллаборационистские формирования в силовых структурах нацистской Германии (1941–1945). Симферополь: Антик-ва, 2008. 304 с.

Тэма калабарацыянізму ў Другой сусветнай вайне робіцца ўсё больш актуальнай для даследчыкаў розных краін[1]. Па-першае, у сувязі з адкрыццём многіх цэнтральна- і ўсходнееўрапейскіх архіваў сталі даступнымі раней засакрэчаныя крыніцы. Па-другое, ва ўмовах узнікнення новых дзяржаў і хуткіх зменаў сістэмы міжнародных адносін пытанні „здрады” і „барацьбы за нацыянальны суверэнітэт” выклікаюць заканамерную цікавасць як у аматараў, так і ў спецыялістаў.

На жаль, беларуская гістарыяграфія гэтага пытання, можна сказаць, адсутнічае. Ніводнай колькі-небудзь значнай абагульняльнай манаграфіі нараджэнцы „партызанскай рэспублікі” (БССР) за дваццаць гадоў незалежнасці не апублікавалі. Таму з’яўленне выдатна дакументаванай працы вядомага крымскага гісторыка Алега Раманько, прысвечанай беларускім узброеным калабарацыянісцкім фармаванням у сілавых структурах Трэцяга райха, можна толькі вітаць.

У манаграфіі выкарыстаны матэрыялы дзесяці архіваў Беларусі, Нямеччыны, Украіны, Расіі і ЗША, не кажучы ўжо пра сотні публікацый на рускай, англійскай, нямецкай, украінскай, беларускай і польскай мовах. Работа складаецца з уводзінаў, заключэння і чатырох разделаў: „Причины создания белорусских коллаборационистских формирований”, „Белорусский национализм и проблема создания коллаборационистских формирований”, „Белорусские коллаборационистские формирования в полицейских и антипартизанских структурах”, „Белорусские коллаборационистские формирования в Вермахте и СС”.

Аўтар выразна абазначыў сваю пазіцыю па пытанні, якое даследаваў: „…Советский коллаборационизм был, по сути, продолжением событий гражданской войны 1918–1920 гг., а его предпосылками послужили особенности общественно-политического развития предвоенного СССР. Среди них, прежде всего, следует назвать репрессии, коллективизацию, фактическую нерешенность национального вопроса, религиозные притеснения и т. п.” (37).

Пры гэтым, па меркаванні Алега Раманько, уласна беларускі нацыянальны рух ў 1920–30-я г. быў вельмі слабым і разрозненым, а большасць беларускіх партый у Другой Рэчы Паспалітай вялі вартае жалю бесперспектыўнае існаванне. „Новае жыццё” ў іх удыхнулі Другая сусветная і асабліва савецка-нямецкая вайна, у тым ліку таму, што самае позняе з 1943 г. нацысты раздзьмувалі ў беларусаў нацыянальныя пачуцці, імкнучыся выкарыстаць іх у сваіх мэтах.

Пра слабасць беларускага нацыяналізму сведчыць той факт, што ў адрозненне ад Украіны ў гады нацысцкай акупацыі тут не было арганізавана колькі-небудзь масавай беларускай антыкамуністычнай паўстанцкай барацьбы (143). Кіраўніцтва невялікіх атрадаў падобнага накірунку было забіта савецкімі партызанамі ў ходзе перамоваў, а самі фармаванні разагнаныя камуністамі без якіх-небудзь высілкаў. Значыць, у адрозненне ад украінскіх беларускія нацыяналісты дзейнічалі ў асноўным у рамках калабарацыянізму.

У працы апісаны погляды розных палітыкаў нацысцкай Нямеччыны на беларускае пытанне, дэталёва паказаны акупацыйны апарат Райха на тэрыторыі БССР, прыведзена класіфікацыя розных беларускіх калабарацыянісцкіх фармаванняў па прынцыпе іх падначалення і аператыўнага выкарыстання. Хоць асноўная цяжкасць па ахове тылу і барацьбе з партызанамі ляжала на плячах беларусаў, але справіліся калабарацыяністы з гэтай задачай зусім не на „выдатна”, што было выклікана як ваганнямі лініі нямецкай палітыкі, так і супрацьдзеяннем савецкага боку, Арміі Краёвай, а таксама недабразычлівымі настроямі насельніцтва.

Па словах аўтара, «закономерным был конец этих формирований, который, помимо всего прочего, показал, что поражение ждёт всех, кто попадёт в центр схватки между двумя гигантами. К тому же, если еще и погонится за заведомо утопической идеей, какой на тот момент являлся белорусский национализм с его стремлением создать „Независимую Белоруссию” (незразумелае ўжыванне двукосся. — А. Г.). Ни политических, ни военных, ни национальных, ни каких-либо других предпосылок для подобного начинания в условиях того времени попросту не было» (260).

Праца ў цэлым выканана на належным навуковым узроўні. Але сустракаюцца ў ёй і спрэчныя моманты.

У шэрагу выпадкаў адзначаецца некрытычнае выкарыстанне крыніц, у прыватнасці давер да мемуараў. Напрыклад, на с. 145–146 звесткі пра шырокамаштабную антыпартызанскую аперацыю Палескую Сечу Т. Бульбы-Бараўца ўзяты з мемуараў самога Бараўца, які вядомы сваім „красамоўствам”. На с. 155–158, 208–209 механічна прыводзіцца інфармацыя з успамінаў бы лога ка лабарацыяніста Ф. Кушаля, які на розныя ла ды расхвальвае сваіх былых братоў па зброі. На с. 213–214 апісваецца шырокамаштабная дзейнасць антыса вец кіх пар ты за наў Беларускай вызваленчай ар міі (БВА) у 1944–1948 г., прычым крыніца таксама вель-мі сумнеўная. Уліч ва ючы вельмі слабы характар Супраціву ў Беларусі ў 1944–1946 г., можна дапусціць, што гісторыя БВА — фан том, народжаны беларускімі нацыяналістычнымі эмігрантамі.

Агульная ацэнка нямецкага апарату ўпраўлення выглядае слушнай, але не дакладнай: пры вывучэнні нямецкага акупацыйнага рэжыму на тэрыторыі Беларусі „может сложиться впечатление, что он был чересчур громоздким и излишне усложненным таким обилием пересекающихся структур власти. Однако следует подчеркнуть, что между тремя его основными ветвями — гражданской, военной и полицейской — не было никакой принципиальной разницы, а имелись лишь некоторые, чисто функциональные различия. В действительности же эти ветви представляли собой неразрывно связанные части одного оккупационного аппарата” (89). Сцвярджэнне адводзіць убок ад спецыфікі нацысцкага ўпраўлення ва Усходняй Еўропе, пра што ў падобнай працы варта было б узгадаць. Афіцэры і генералы СС з недаверам ставіліся да Вермахта, лічачы яго эліту зборышчам адсталых служак, косных і рэакцыйных прадстаўнікоў „былой Нямеччыны”. У сваю чаргу, камандны склад Вермахта глядзеў на сваіх калег з СС як на крыважэрны нацысцкі зброд, які пляміў зверствамі нямецкі мундзір і да таго ж не меў уяўлення пра традыцыі і гонар. І тыя і другія аднолькава пагардліва глядзелі на „тылавых пацукоў”, фанабэрыстых і няўмелых „залатых фазанаў” з грамадзянскай акупацыйнай адміністрацыі, узлаваных на жыццё крыварукіх няўдачнікаў. Апошнія лічылі сіла вікоў тупымі салдафонамі. Дапаўнялася гэ-тая псі ха лагічная гармонія перманентнай барацьбой паўнамоцтваў і кампетэнцый, што аказвала моцны ўплыў на ўсю акупацыйную палітыку Трэцяга райха ў Беларусі.

Баяздольнасць беларускіх калабарацыянісцкіх фармаванняў аўтар у цэлым ацэньвае як невысокую. Гэтая выснова стала ледзь не агульным месцам і ў многіх працах іншых калег Алега Раманько. Але, як правіла, ніхто не гаворыць, у параўнанні з якімі фармаваннямі ўсходнеславянскія калабарацыяністы ваявалі дрэнна. Калі казаць пра нямецкія часткі Вермахта, нямецкія або латышскія часткі Waffen-SS, то, вядома ж, параўнанне па вывучцы, майстэрстве і матываванасці асабовага складу зусім не на карысць беларусаў або, напрыклад, рускіх. Калі ж мы супаставім паліцэйскія батальёны з савецкімі партызанскімі атрадамі або нават страявымі часткамі Чырвонай арміі, то выснова не настолькі адназначная. Бо шуцманы і паліцаі абавязкова праходзілі на нямецкай службе навучанне ваеннай справе, а ва ўзброеных фармаваннях СССР шарагоўцы нярэдка наогул упершыню бралі вінтоўку ў рукі проста перад боем.

Прачытаўшы ў кнізе апісанне некалькіх беларускіх партый, якія мелі ў 1941–1944 г. пэўны, хоць бы пра-пагандысцкі, уплыў на насельніцтва БССР, можна прый сці да высновы, што аўтар зрабіў некаторае перабольшанне: „…белорусский национализм являлся на тот мо мент фикцией” (121). Такую самую заў ва-гу можна зра біць і ў дачыненні да сцвярджэння, што з сярэдзіны 1942 г. савецкае „…партизанское движе-ние, в силу разных причин, становится по настоящему массовым и всенародным” (123). Наяўнасць ка ла барацыянісцкіх фармаван няў ужо выключае ўсе-на род насць камуністычнай партызан скай барацьбы. Асабліва калі ўлічваць, што большасць у партызанскіх атра дах Беларусі складалі сяляне, ма бі лізаваныя туды пад пагрозай расстрэлу. Акрамя таго, на с. 126 аўтар апісвае маштабы савецкай партызанскай барацьбы, выкарыствоўваючы раздзьмутыя лічбы савец кай гіста-рыяграфіі, заснаваныя на надзвычайных партызанскіх прыпісках у аператыўных справаздачах. З іншага боку, відавочна прымяншаецца значэнне партызанскай барацьбы польскай партызанскай Арміі Краёвай у Заходняй Беларусі. У прыватнасці сцвярджаецца, што гэты партызанскі рух не быў масавым (129). Між тым, з канца 1943 г. і да лета 1944 г. паміж АК і чырвонымі на тэрыторыі Беларусі ішла сапраўдная міжпартызанская вайна, прычым, як скардзіліся ў Цэнтр савецкія камандзіры, у шэрагу выпадкаў польскія нацыяналісты прыносілі ім большую шкоду, чым немцы.

Прынамсі спрэчным выглядае сцвярджэнне пра тое, што „…большинство коллаборационистских прояв ле ний имели в своей основе национализм и антикоммунизм” (3). Савецкая гістарыяграфія большасць паліцаяў называла „шкурнікамі”. Гэта значыць прыстасавальніц тва, канфармізм, кар’ерызм і дзеянні „па аб ста ві нах” і былі асноўнымі прычынамі, якія пабуджалі людзей да ўступлення ў добраахвотніцкія часткі і падраздзяленні. Ідэалагічна матываваныя байцы ў любых масавых узброеных фармаваннях, як правіла, складаюць меншасць.

Выклікае вялікія сумненні выніковая лічба 50 тысяч беларусаў (255–256), якія прайшлі службу ў шэрагах нямецкіх узброеных сілаў у 1941–1945 г. Хоць у тэксце і агаворваецца, што дадзеныя прыблізныя, але, верагодней за ўсё, няслушны нават іх парадак. Па-першае, у гэты лік не ўвайшлі шматлікія „добраахвотныя памочнікі” Вермахта беларускай нацыянальнасці. Па-другое, не ўлічваюцца шматлікія паліцэйскія і ахоўныя фармаванні, створаныя на тэрыторыі Паўднёвай Беларусі (Райхскамісарыята Украіна) і Усходняй Беларусі (зона акупацыі Вермахта). Гэтыя часткі і падраздзяленні хоць і не насілі статусу беларускіх, але служылі там пераважна беларусы. Па-трэцяе, практычна праігнаравана ў ста тыс тыцы „самаахова” сёлаў, створаная нямецкімі сілавымі структурамі. Пэўная няўважлівасць назіраецца і ў да чыненні да іншых мясцовых фармаванняў, у пры-ватнасці, да „ахоўных камандаў індывідуальнай службы” (Schutzmannschaft Einzeldienst) — нечага накшталт участковых міліцыянераў у СССР. Гэта значыць, агульная лічба павінна быць значна павялічана.

Неапраўданым спрашчэннем выглядае сцвярджэнне пра тое, што „приписывать белорусским добровольцам какие-либо эксцессы на национальной или религиозной почве нельзя. В отличие от, например, Прибалтики, Украины или Крыма белорусские добровольцы никогда не убивали людей за то, что они говорили на другом языке или исповедовали другую религию” (260). Тым больш што ў гэтай жа працы на с. 163 можна знайсці такія звесткі: «Известно много случаев, когда белорус-«Известно много случаев, когда белорусские или польские полицейские убивали евреев-беглецов из гетто, „принимая” их за „советских партизан”». У гэтым кантэксце пакажам такі недахоп манаграфіі, як адсутнасць звестак пра ўдзел калабарацыяністаў у правядзенні Халакосту, апісання іх значэння ў гэтым злачынстве. Ці была іх роля важнай, малазначнай, нікчэмнай? Улічваючы маладаследаванасць тэмы, у названай кнізе можна было б прысвяціць гэтаму пытанню некалькі старонак.

Уяўляецца, што занадта вялікая ўвага аддадзена палітычнай гісторыі, сваркам і бясплодным унутраным спрэчкам беларускіх нацыяналістаў і назіраецца пэўная няўвага да гісторыі ваеннай. Бо сутычкі калабарацыяністаў з чырвонымі партызанамі ўвайшлі ў шэдэўры савецкай літаратуры, кінематографа і нават у фальклор. Гэтае супрацьстаянне вартае падрабязнага і яркага апісання спецыяліста. А ў рэцэнзаванай працы не перададзена напружанне, драматызм барацьбы паміж байцамі дзвюх таталітарных сістэм на нізавым узроўні. Хоць менавіта даследаваны рэгіён дае мноства яскравых прыкладаў. Узгадаем тут толькі знішчэнне беларускімі паліцаямі і шуцманамі „партызанскіх” вёсак і знішчэнне беларускімі савецкімі партызанамі „паліцэйскіх” сёлаў — у абодвух выпадках разам з усімі іх жыхарамі. Можна было б шырэй асвятліць прапаганду калабарацыяністаў і прапаганду на калабарацыяністаў, агентурныя мерапрыемствы нямецкага боку з выкарыстаннем беларусаў як на акупаванай нацыстамі тэрыторыі СССР, так і ў савецкім тыле, спробы тэрактаў беларускіх калабарацыяністаў супраць функцыянераў сталінскай сістэмы і тэракты спецгруп НКУС-НКДБ БССР, НКУС-НКДБ СССР і Галоўразведупраўлення супраць беларускіх калабарацыяністаў. Зрэшты, многія падобныя сюжэты дагэтуль застаюцца недаступнымі для даследчыкаў, бо шмат дакументаў пра падзеі мінулага стагоддзя ўсё яшчэ застаюцца „засакрэчанымі на перыяд рассакрэчвання”.

Берлін — Бостан

Аляксандр Гагун


1 Пры гэтым адзінай кнігай пра ўласна беларускі калабарацыянізм, якая заслугоўвае ўвагі, застаецца манаграфія амерыканскага даследчыка Антоніа Муньёса ў суаўтарстве з Алегам Раманько: Munoz A. J., Romanko O. V. Hitler‘s White Russians: Collaboration, Extermination and Anti-Partisan Warfare in Byelorussia, 1941–1944. New York, 2003. 512 p.

Рэцэнзія напісана пры фінансавай падтрымцы Гарвардскага інстытута ўкраінскіх студый (HURI).

Наверх

Тэгі: ,