БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Wybitni historycy wielkopolscy (Марцэлі Косман)

Wybitni historycy wielkopolscy / Praca zbiórowa pod red. JERZEGO STRZELCZYKA. Poznań, Wydawnictwo Poznańskie, 2010. 875 s.

Познань і Велікапольшча маюць значную колькасць дакументальных збораў па гісторыі рэгіёна і I Рэчы Паспалітай, у тым ліку сучасных усходніх суседзяў — Беларусі і Літвы. Іх узнікненне было звязана з дварамі князёў, біскупаў і манастыроў яшчэ ў эпоху Пястаў. У Сярэдневеччы з’явіліся такія каштоўныя крыніцы, як „Хроніка Велікапольская” ці „Хроніка” Янкі з Чарнкова, збіраліся матэрыялы працэсаў з Нямецкім ордэнам, якія сталі выдавацца з сярэдзіны XIX ст. Сярод найбольш значных былі „Lites ac res gestae inter Polonos Ordinemque Cruciferorum” (выдаў Тытус Дзялыньскі, які фактычна стаў пачынальнікам працы ў гэтым накірунку), а потым „Acta Tomiciana” — дакументацыя каралеўскай канцылярыі часоў Жыгімонта Старога. З Велікапольшчы паходзілі і такія старапольскія храністы, як Свентаслаў Ажэлка, Самуэль Твардоўскі. Пад час знаходжання земляў пад уладай Прусіі аховай помнікаў нацыянальнага мінулага займаліся такія патрыёты, як Эдвард Рачыньскі і Тытус Дзялыньскі. Вынікам іх працы сталі кнігазборы, якія існуюць і сёння, — Бібліятэка Рачыньскіх (з 1829 г.) і Курніцкая бібліятэка (узнікла каля 1828 г.), у той час як іншыя зборы зніклі. Важнае месца займаюць і зборы створанага ў 1857 г. Таварыства сяброў навукі. У 1919 г. яго старшыня, Х. Свянціцкі, выступіў ініцыятарам стварэння Вышэйшай Пястаўскай вучэльні, цяпер — Універсітэт імя Адама Міцкевіча. Прафесура, якая тут працавала, падрыхтавала яшчэ ў міжваенны перыяд значную колькасць выдатных вучоных, якія пасля Другой сусветнай вайны стварылі ўласныя даследчыцкія цэнтры ў Познані і іншых гарадах паўночна-заходняй Польшчы.

Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны ў Познані ўзнік Заходні інстытут, а потым філіялы Польскай акадэміі навук. Тут пачалі выдавацца такія навуковыя серыі, як „Roczniki Historyczne”, „Przegląd Zachodni”, „Słownik Starożytności Słowiańskich”, „Studia Źrodłoznawcze” (першы з пералічаных убачыў свет яшчэ ў міжваенны перыяд), а таксама даследаванні па гісторыі Памор’я, Велікапольшчы і Познані. Акрамя гэтага з’яўляліся працы па сусветнай гісторыі, гісторыі Нямеччыны, Літвы. У першую чаргу ў гэтай сувязі варта згадаць імёны знакамітых медыявістаў — К. Тымянецкага, Г. Лаўмяньскага і Г. Лябуды.

У сувязі з адзначаным не выклікае здзіўлення жаданне познаньскіх гісторыкаў адлюстраваць дасягненні рэгіянальнай гістарыяграфіі па ўзоры іншых польскіх навуковых асяродкаў[1]. Ва ўводзінах да выдання рэдактар згадвае, што „ідэя асэнсавання гісторыі познаньскага і велікапольскага гістарычнага асяроддзя ўпершыню была сфармулявана… прафесарам Герардам Лябудам пад час урачыстасцяў з нагоды яго шасцідзесяцігоддзя ў кастрычніку 1976 г.”.

У 1989 г. у Навуковым выдавецтве Універсітэта імя А. Міцкевіча выйшла добра падрыхтаваная кніга пад назвай „Wybitni historycy wielkopolscy” (рэд. Е. Стшэльчык), дзе прыводзіліся біяграфіі 33 ужо памерлых даследчыкаў. У новым выданні, якое выйшла пад той самай назвай у Познаньскім выдавецтве, да змешчанай раней інфармацыі дадаліся матэрыялы пра іншых 28 гісторыкаў, якія адышлі ў іншы свет за апошнія 20 гадоў.

Можна спрачацца, ці ўсе пададзеныя ў кнізе асобы былі выбітнымі, але, безумоўна, кожны з іх заслугоўвае, каб застацца ў памяці нашчадкаў. Мы сустракаем тут імёны як тых, хто ўсё свае жыццё звязаў з універсітэтам імя А. Міцкевіча, так і тых, хто воляй лёсу быў вымушаны пакінуць Велікапольшчу. У кнізе прыводзяцца таксама біяграфіі даследчыкаў, якія працавалі на юры дычным факультэце (З. Вайцэхоўскі, З. Качмарчык, М. Шчанецкі). Справядліва згадваецца і Анджэй Вайткоўскі (памёр у 1975 г.), які ў якасці дырэктара Бібліятэкі Рачыньскіх у міжваенны перыяд шмат зрабіў для Велікапольшчы. Пасля нападу Нямеччыны ён выехаў з Познані, а апошнія трыццаць гадоў жыцця працаваў у Літоўскім каталіцкім універсітэце. Нягледзячы на яго шматлікія просьбы ў 1949 г. яму не дазволілі вярнуцца ў Познань, а таму „на чужыне” ён працаваў над бібліяграфіяй гісторыі Велікапольшчы. Яго даследаванне пра Э. Рачыньскага стала класічным і, больш за тое, захавала крыніцазнаўчую вартасць, таму што большая частка матэрыялаў, на падставе якіх яно было напісана, знікла пад час Другой сусветнай вайны.

Падобным чынам можна згадваць мноства паважаных імён. Першыя дзесяць маюць дачыненне да XIX — пачатку ХХ ст. Гэта арыстакраты-асветнікі, якія збіралі старапольскія пісьмовыя помнікі, мецэнаты і выдаўцы старадаўніх крыніц, іх супрацоўнікі і дакументалісты свайго часу (Эдвард Рачыньскі, Тытус і Ян Дзялыньскія, Юзэф Лукашэвіч, Енджэй Марачэўскі, Казімеж Ярахоўскі, Ян Карыткоўскі, Ігнацы Закшэўскі, Эдмунд Калье і Станіслаў Карвоўскі). Наступная група звязана з сучаснай гістарыяграфіяй міжваеннага перыяду (Тэадор Тыц, Адольф Варшаўэр, Браніслаў Дэмбіньскі, Казімеж Хадыніцкі, што прыехаў з Вільні, і адзін з заснавальнікаў універсітэта ксёндз Станіслаў Казероўскі). Частка даследчыкаў перажыла акупацыю і працягнула працу пасля 1945 г. Сярод такіх былі Ян Руткоўскі, Адам Скалкоўскі, Станіслаў Бодняк (дырэктар Курніцкай бібліятэкі і прафесар Познаньскага ўніверсітэта). З пасляваеннага пакалення трэба згадаць Уладыслава Кавалёнка, Здзіслава Грота, Уладыслава Кусіньскага, Вітольда Якубчыка, Ежы Тапольскага, Брыгіду Кюрбіс, познаньцаў Герарда Лябуду, Чэслава Лучака і Бенона Міськевіча.

Звычайна Познань трактуюць як цэнтр нямецкіх даследаванняў. Аднак яшчэ з сярэдзіны XIX ст. тут вялося вывучэнне Вялікага Княства Літоўскага і з’яўляліся адпаведныя публікацыі. Яны мелі важнае значэнне для далейшых даследаванняў. У гэтым месцы неабходна зазірнуць у біяграфіі велікапалян Э. Рачыньскага, Ю. Лукашевіча, Т. Дзялыньскага. На жаль, не змешчаны ў кнізе матэрыял пра памерлага ў маладым узросце гісторыка Яна Непамуцэна Раманоўскага. У міжваенны перыяд аўтарамі фундаментальных прац па гісторыі ВКЛ сталі выхадзец з Віленшчыны Казімеж Хадыніцкі (працаваў у Познаньскім універсітэце), Станіслаў Бодняк і Уладыслаў Пацеха, якія закраналі літоўскую тэматыку ў даследаваннях гісторыі XVI ст.

У 1925 г. з Львова прыехаў Зыгмунт Вайцэхоўскі (1900–1955), у працах якога перавагу мелі нямецкая тэматыка і пачатак існавання манархіі Пястаў. Два познаньскія гісторыкі — Уладыслаў Каваленка (1884–1966) і Уладзімір Двожачэк (1905–1988) — нарадзіліся ў Мінску, у Беларусі. Першы ў 1921 г. прыехаў у Познань, дзе і пражыў да смерці ў 1966 г. Яго цікавіла марская тэматыка і гісторыя першых славян. Доўгі час ён быў адным з рэдактараў шматтомнага „Słownika starożytności słowiańskich”, дзе шмат месца адводзіў малой радзіме. Двожачэк паходзіў з паланізаванай чэшскай сям’і, якая з’явілася на тэрыторыі Беларусі ў канцы XVIII ст. У 1920 г. ён пераехаў з Мінска ў Познань. Тут скончыў школу, потым атрымаў вышэйшую адукацыю і пад кіраўніцтвам Адама Скалкоўскага (які прыехаў з Львова) заняўся старапольскай генеалогіяй. І хоць у яго навуковай спадчыне пераважаюць працы па гісторыі Велікапольшчы, ёсць сярод іх і даследаванні па гісторыі I Рэчы Паспалітай.

Значнай фігурай у познаньскай гістарыяграфіі пасля Другой сусветнай вайны стаў Генрык Лаўмяньскі, які да 1939 г. выкладаў ва Універсітэце імя Стэфана Баторыя ў Вільні і быў аўтарам двухтомніка „Studia nad początkami społeczeństwa i państwa litewskiego”. Біяграфічная нота, змешчаная ў разгляданай кнізе, паказвае яго літуаністычныя працы і фундаментальныя даследаванні па гісторыі славян, якія ён праводзіў пасля 1945 г. І хоць у свой познаньскі перыяд жыцця Лаўмяньскі не вывучаў гісторыю ВКЛ, ён падрыхтаваў шмат вучняў, якія заняліся згаданай тэматыкай, і шчыльна сачыў за дасягненнямі сучаснай гістарыяграфіі ў гэтым напрамку[2]. Пасля смерці выдатнага гісторыка некаторыя з яго прац з’явіліся ў часопісе „Lituano-Slavica Posnaniensia. Studia Historica”. Больш за тое, была перавыдадзена яго дысертацыя — „Akta cechów wileńskich” [3] (падрыхтаваная Я. Юркевічам), а таксама гісторыя насельніцтва Вялікага Княства Літоўскага ў XVI ст., што праляжала доўгі час у рукапісах, і „Polityka Jagiellonow”.

Разглядаючы новае выданне пра знакамітых познаньскіх гісторыкаў XIX–ХХ ст., варта заўважыць, што іх унёсак у даследаванне гісторыі старадаўняй Літвы і Беларусі заслугоўвае больш дэталёвага аналізу і асобнай манаграфіі.

Познань

Марцэлі Косман


[1] У якасці прыкладу згадаем кнігу „Historycy warszawscy ostatnich dwoch stuleć” (Warszawa, 1986), дзе ў храналагічнай паслядоўнасці прыведзены біяграфіі 26 асоб, пачынаючы ад А. Нарушэвіча і І. Лелявеля.
[2] Падрабязней пра гэта гл: Косман М. З гісторыі і культуры Вялікага Княства Літоўскага. Мінск, 2010. С. 360–375.
[3] Гл.: рэц. М. Космана на гэтае выданне // БГА. Т. 14. Сш. 1–2. 2007. С. 398–404.

Тэгі: , , ,