БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Нiл Гілевіч. Дзевяноста трэці год. Дзённік

У дзённікавых запісах Ніла Сымонавіча Гілевіча, народнага паэта Беларусі, які стаў непасрэдным удзельнікам станаўлення маладой беларускай дзяржаўнасці, рэдакцыя бачыць каштоўную крыніцу па нядаўняй палітычнай гісторыі Беларусі. Занатоўкі старшыні Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і ахове гістарычнай спадчыны адлюстравалі не толькі стаўленне народных абраннікаў да лёсаносных пытанняў мацавання суверэнітэту Беларусі, але і тагачасныя клопаты беларускага грамадства.

Дзевяноста трэці год. Дзённік*

Ніл Гілевіч

„Занатоўкі для сябе”, зробленыя ў час пасяджэнняў Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь

2. І. 1993

Упершыню за апошні час сустракаў Новы год па-чалавечы — у мілым сямейным коле, і зноў адчуў гэтую непараўнаную радасць. Божа, дапамажы мне — сівому, ды неразумнаму! Я апраўдаю давер Твой!.. Першы дзень новага года прайшоў у трывожных, цяжкіх роздумах. Што будзе? Куды ідзем? Ці бачым, ці разумеем самі? Два тыдні ляжаць накіды да артыкула „Што з намі?”. Не магу ўзяцца, каб сказаць гэтае балючае слова, не хапае сілы духу. 30-га вечарам засядалі ўсім Прэзідыумам Вярхоўнага Савета ў Драздах, у былой рэзідэнцыі Першых асобаў (раней мая нага тут ні разу не ступала). На маё здзіўленне быў поўны кворум — прыйшлі ўсе да аднаго. Пілі мала. Гаварылі шмат. У тым ліку — шмат кампліментаў і клятваў вернасці Станіславу [Шушкевічу[1]], нашаму спікеру, фактычна — галаве дзяржавы. (Але ж: „Пяюн не пра пяяў тры краты”. Не паўторыцца? Далёка ж не ўсе яго аднадумцы! Сёй-той толькі і чакае каманды: „Назад!”) Ш-ў трохі перабраў, відаць, і па-дзіцячы смешна прасіўся ў Шушкевіча і ва ўсіх нас у замежную камандзіроўку. Як усё-такі цягне іх усіх у гэтыя паездкі! Як яны помняць пра сябе! Падсякай, пакуль клёў ёсць! Падсякай ды ў вядзерца! Ці на дно чоўна! Далі слова і мне. Сказаў пра прафесійны рост і старшыняў і ўсіх дэпутатаў, і ўсім пажадаў зрабіць хоць крок да практычнага карыстання беларускай мовай. Дарэчы, да гэтага заклікаў у слове на развітанне і Шушкевіч. А Б. Савіцкі зусім сур’ёзна сказаў мне: „А вы знаеце, што ў справе адраджэння беларускай мовы я зрабіў не менш за вас?” Яшчэ і паўтарыў гэтае самае „не менш”. „Можа быць, — адказаў я спакойна. — У такім разе гісторыя аддасць вам належнае”. Усякае даводзілася чуць ад тых, хто сам і двух слоў па-беларуску сказаць не можа, ну але такое — пачуў упершыню. Нават і накуляўшыся мог бы сёе-тое помніць, шаноўны прафесар. Учора прачытаў у „Правде” прагнозы замежных саветолагаў. Прарочаць: у красавіку Ельцын[2] падасць у адстаўку, да восені прэзідэнтам стане Руцкой[3] і возьме курс на аднаўленне СССР (напачатку — у форме канфедэрацыі). Мяркуючы па ўсім, будзе менавіта так. Нас далучаць без крыві — эканамічнай блакадай і гатоўнасцю народа да страты незалежнасці.

3. І. 1993

Ельцын і Буш падпісалі дагавор аб скарачэнні стратэгічных узбраенняў. Ну што ж, хоць трохі больш надзеі, што ачуняем. Па тэле ішоў фільм пра Сталіна („Баляванне Валтасара”). Яшчэ адзін выразны штрых да вялікай трагедыі народа і народаў. Між іншым, нядаўна вычытаў, што ў Сталіна была калекцыя парнаграфічных малюнкаў. Сексуальна-паталагічны тып. Як і многія з яго атачэння, перш за ўсё — Берыя. У чацвер, 31-га, заходзіў міністр Вайтовіч[4] — наконт заснавання ў Беларусі Акадэміі мастацтваў і літаратуры. Ён загарэўся гэтай ідэяй і хоча давесці справу да канца. Ну што ж, хай бы была ў нас і такая Акадэмія. Але мяне гэта больш не хвалюе. Сябры музыкі і мастакі, як сведчыць іх ліст у друку, проста не ведаюць, які ў мяне настрой і якога „акадэмічнага спакою” мне хочацца. Гаварылі з Нінай [Іванаўнай, жонкай] пра Данчыка[5] (ішоў яго канцэрт). Сам Бог яго паслаў нам — цяпер, калі мы Адраджаемся. Часцей бы толькі даваць яму экран і эфір! Праз добры беларускі голас можна зрабіць для Адраджэння вельмі многа. Ды яшчэ пры ягонай артыстычнай і чалавечай прывабнасці.

4. I. 1993

Перабіраючы завалы прэсы за апошнія гады, знайшоў дзве газеты з артыкуламі Б-а і з маімі горкімі паметамі на палях. Незразумела здрадніцкі выпад. Якраз тады, калі мне было так цяжка: „Правда” за 24.XI.89 і „Литературная газета” за 27.6.90. Ах ты мой дарагі брат, мой найблізкі сябра! І што ж гэта здарылася з табой? І хто ж гэта ачмурыў цябе так страшна? Хто і за што купіў душу тваю?.. На першы артыкул я тады ж адказаў вершам „Пра нашу годнасць”[6]. Без прысвячэння. Але рэдактар ЛіМа В. адразу ж разгадаў, каму верш адрасаваны, і не хацеў пускаць яго ў друк. А на другі артыкул я ўжо нічога не адказваў. Які сэнс? Гора маё дый толькі. Гэта Б. не ведаў, хто амаль на працягу года трымаў у 306 пакоі Дома Літаратара штаб БНФ? На чыёй крыві і нервах гэты штаб там дзейнічаў? Якой цаной я амаль штодзённа адбіваўся ад званкоў з ЦК, з ГК, з РК? Ды ведаў ён гэта, ведаў!..

5. I. 1993

Да пытання аб прадчуваннях. Учора, перачытаўшы ў старых газетах прысвечаныя мне пасажы Б-а, расхваляваўся і амаль да раніцы не мог заснуць. Ад горычы і крыўды. Шмат чаго перабіраў у памяці, перадумаў. А сёння раніцай — наце вам! — інтэрв’ю з Б-м у „Звяздзе”. Апрача звыклай злосці на ўсіх і ўсё — нічога новага. Ніякай прасветліны. Ніякай надзеі. Намёкі на асоб часам досыць туманныя, адных я распазнаў, другіх — не. І мінімум уласнага пакаяння: браў узнагароды, прэміі, званні — самыя высокія ў СССР; ведаў, што гэта абавязвае… але браў. Як і ўсе грэшныя. Як Броўка, як Танк, як Шамякін… Адмовіцца пакуль не сабраўся. А можна было б — пры такой нянавісці да той сістэмы, якая іх давала. А то ж неяк непаслядоўна атрымліваецца! Гэта ж ужо ледзь не „віхлярства”, за якое атрымаў у „Правде” Ніл Гілевіч. Тады, пасля „Правды” (а артыкул быў у той жа дзень і ў ЛіМе), я сказаў яму: „Ну, дык запомні, брат: у гэтых адносінах нават ты мне не суддзя. Нават ты! Не кажучы ўжо тваё новае акружэнне…”

7. І. 1993

Каляды. Званіў М. А. Савіцкі[7]. Сказаў, што ўчора міністр Вайтовіч збіраў „рабочую групу” па арганізацыі Акадэміі мастацтваў і літаратуры (спісак яе, той групы, мне Вайтовіч чытаў раніцай 31-га). Прагаласавалі — за Акадэмію, а не за Аддзяленне літаратуры і мастацтва ў складзе АН Беларусі. Адзін Казінец, нібыта, супраць. Але механізм стварэння Акадэміі на мой погляд, сумніўны. Кандыдатаў у акадэмікі будуць вылучаць творчыя саюзы. Уяўляю, якое гэта будзе вылучэнне і хто ў тую акадэмію трапіць.

9. I. 1993

Пісаў артыкул „Не плюйце ў крыніцы, панове!”. Свайго роду водпаведзь „ворагам беларушчыны”, паклёпнікам і чорным злоснікам. Трэба ж нешта гаварыць, не маўчаць!

11. І. 1993

Вечарам перадаў у „Звязду” рэпліку на інтэрв’ю Сл-ва[8], старшыні камісіі В[ярхоўнага] С[авета] па нацыянальных пытаннях. Рэпліка — рэзкая і іранічная, таму будзе, напэўна, і адказ. А трэба было б і яшчэ вастрэй. Якія ж у нас дзяржаўныя „абаронцы” свайго народа!..

12. І. 1993

Цэлы дзень, з раніцы, у Радашкавічах, на адкрыцці новай школы, да завяршэння будаўніцтва якой я меў дачыненне (як дэпутат гэтай акругі). На мяне выпаў гонар перарэзаць стужку. У вачах — першакласнікі (чатыры класы беларускія, два рускія — для прыезджых). Аж расчуліўся, гледзячы на іх. Трэба часцей глядзець малым у вочы. Як шкада, што ў мяне з імі так мала сустрэчаў!..

13. І. 1993

У „Звяздзе” — мая рэпліка Сл-ву: „Прабачце, гэта не апіскі?”. Звышаператыўна надрукаваў Наркевіч[9]. Малайчына. Першыя водгукі (тэлефонныя) вельмі хвалебныя. Днём — лекцыя ў Наргасе (ЭУ), на адкрыцці факультатыўнага Універсітэта беларускай культуры, мовы, гісторыі. Гаварылася мне чамусьці цяжкавата, але людзі — дэканы і загадчыкі кафедраў — здаецца, засталіся задаволенымі. Былі пытанні наконт моўнай сітуацыі ў Беларусі. Яшчэ раз пераканаўся, што трэба сустракацца і гутарыць. Вечар (шчодры!) правёў у Музычнай Акадэміі, з Казінцом[10] і Шаранговічам[11], пасля далучыўся і Дрынеўскі[12]. Гадзіны чатыры „прабалантэсілі” — і амаль толькі пра будучую акадэмію мастацтваў. А сабраў нас мой ліст да іх. К. сказаў: „Ніколі за 50 гадоў не атрымліваў такога ліста, у якім столькі болю, але і столькі неразумення мяне…”. З доўгай размовы вынікала: нам трэба трымацца разам і не аддаваць справу заснавання Акадэміі ў рукі М. С. (пры ўсёй да яго павазе), бо — не туды пакіруе. Прымірэння, а тым больш любові ў гэтых з гэным — не будзе. У чым я пераканаўся канчаткова. Наша нацыянальная трагедыя. Вынікі халуйскага становішча Беларусі ў імперыі.

14. І. 1993

Маленькае свята паэзіі ў Карповічах, у маіх выбаршчыкаў, з ініцыятывы дырэктара саўгаса У. І. Худога. Былі і старэйшыя школьнікі, і дарослыя. Сустрэча прайшла вельмі хораша, — дзякуючы настаўніцы В. І. Цыбулінскай, якая выдатна ўсё арганізавала. Дзеці таксама чыталі свае вершы, і досыць слаўненькія. Асабліва 9-класнік Вадзім Равяка — пра Багдановіча.

15. І. 1993

Прачнуўся ў 4:15 і да 8:00 напісаў водпаведзь тром землякам, акадэмікам РАН, што прабілі ў рэйку: трымайцеся, беларусы, за рускую мову — і ў навуцы, і ў тэхніцы, і ў школах! А ў 10:00 ужо быў у Доме настаўніка — з лекцыяй (гутаркай) аб сучасным становішчы беларускай мовы і культуры — для загадчыкаў кафедраў абласных ІПК Міністэрства адукацыі. Сярод прысутных — яўныя і нават зацятыя ворагі беларусізацыі жыцця ў Беларусі. Але такіх менш.

16. І. 1993

З 10 да 18 быў на сумесным пасяджэнні двух Прэзідыумаў — Вярхоўнага Савета і Савета Міністраў. Уражанне вельмі цяжкае — ніхто нічога не ведае, як не дапусціць канчатковага краху эканомікі і выйсці з крызісу. І ў прыватнасці, як адолець чарнобыльскую бяду. Падобна на тое, што нашыя вучоныя-ядзершчыкі ўсё ж вінаватыя перад народам.

18. I. 1993

А. М. Ганчарэнка[13] прапанаваў мне зрабіць на агульным сходзе АН даклад аб праблемах фальклору. Прапанова з прыцэлам: пакажа, чаго варты. Паглядзім і, можа, выберам членкорам — наўздагон за іншымі. Здаецца, спазніліся, дарагія мае. Быў час, была магчымасць. Не парупіліся. На сёмым дзесятку плешчыцца ў членкоры? Смешнавата. Ну, а рабіць даклад проста так — можна было б, але знайду часу на падрыхтоўку, трэба шмат перачытаць, перадумаць. Адным словам… Званіў А. А. Марачкін[14] з просьбай (ад імя ініцыятыўнай групы) — увайсці ў аргкамітэт па падрыхтоўцы і правядзенню 75-й гадавіны БНР. Згадзіўся з удзячнасцю, што не забыліся пра мяне. Гэту Дату трэба адзначыць хораша! І на дзяржаўным узроўні!..

18.V.1993[15]

Першы дзень працы ХІІ сесіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь. Пасля доўгага перапынку. Запісы раблю на пасяджэнні. Пачалося вельмі сумбурна. Зноў у зале, у радах, пануе нейкі лёгкі настрой, гучыць гумарок, жарцікі. Зусім не адчуваецца настроенасці на цяжкую, сур’ёзную працу. Чорт жа знае, што робіцца ў краіне — у эканоміцы, у гаспадарцы. Ды і на свеце. Паўсюль у зале — гэтакае маладзецкае бадзёрства. Ні знаку, што ў рэспубліцы — крайне цяжкая, нават трывожная сітуацыя. У тым ліку і ў маральным стане грамадства. Пачынаецца абмеркаванне Парадку дня. Дэп[утат] У. Новік[16] прапануе ўключыць законапраект аб паліве — бо надта страшная можа быць для нас зіма. Рэпліка З. Ломаця[17]: „Садзіся на свой нейтралітэт і язджай, нашто табе бензін. Хацеў жа нейтралітэту, без саюзу з Расіяй”. Дэпутат З. Пазьняк[18] унёс дзве прапановы. Першая: адмяніць пастанову, якая рэабілітавала Камуністычную партыю Беларусі, каб заставалася ў сіле першая пастанова, паводле якой КПБ — антыдзяржаўная арганізацыя. Другая: паставіць на разгляд пытанне аб адмене пастановы аб Рэферэндуме, бо такі рэферэндум не патрэбен, ён будзе на шкоду Беларусі. У зале — адпаведнае (нядобрае) рэагаванне. Падхапіўся дэп. Качан[19]. Патрабуе: 1. Уключыць у Парадак дня пытанне аб забароне БНФ як арганізацыі антыдзяржаўнай (у піку Пазьняку). 2. Аб аднаўленні свята Кастрычніцкай рэвалюцыі. Спаслаўся на ліст 112 дэпутатаў у Прэзідыум Вярхоўнага Савета. (А з якім пафасам гаварыў! З якой загартоўкай у голасе!) Канфрантацыя пачалася з абмеркавання складу Рэдакцыйнай Камісіі. „Беларусы” зарэзалі ўсіх „дэмакратаў” (Герменчука[20], Герасюка[21], Трусава[22], Навумчыка[23] і інш.). Узначаліў Камісію Б. І. Недарэка, што і засведчыў, выступіўшы (хай Бог даруе, што я даў Б. І. такі псеўданім). Дэп. В. Ганчар[24] пляжыць Прэзідыум ВС і рабочы прэзідыум Сесіі за няўменне арганізаваць працу, парушэнне рэгламенту, — з вялікай непавагай да кіраўніцтва ВС — як заўсёды. І як заўсёды — высакамерна, наставіцельна, павучальна, па-рэзанёрску, катэгарычна… Дэп. Мінько[25] патрабуе ўключыць у Парадак дня справаздачу Шушкевіча аб выкананні ім п. 4-га Пастановы ХІ сесіі. Вядома ж, не толькі ад свайго імя. Даюць адразу ж зразумець Шушкевічу. Дэп. Трафіменка[26]: „Намі ставілася пытанне аб барацьбе са спекуляцыяй — які яго лёс? Ці будзе яно ставіцца нанава?” Дэп. Лукашэнка[27]: напачатку хвошча Прэзідыум ВС і Шушкевіча, затым патрабуе ўключыць у Парадак дня справаздачу кіраўнікоў дзяржавы Шушкевіча і Кебіча[28] аб мерах па паляпшэнні эканамічнага становішча ў краіне. А яшчэ — „Я падтрымліваю дэпутата Качана наконт забароны БНФ і святкавання дня Кастрычніцкай Рэвалюцыі”. Дэп. Гаркун[29] прапануе разгледзець пытанне аб кампенсацыі калгасам і ўсім сельгаспрацаўнікам панесеных імі цяжкіх стратаў ад поўнага адпускання цэнаў на тавары прамысловасці. Вельмі справядлівае патрабаванне. Дэп. Лукашэнка: пытанне аб прыватызацыйных чэках не абмяркоўваць — зняць! Шушкевіч: без прыватызацыі — мы адстанем у рэформах ад Расіі, трэба даганяць рэформы Расіі! (Што даганяць? Гэны дзікі капіталізм?) Дэп. Міцько[30] (пасля правалу пытання аб правах дзіцяці — набрала 123 галасы, не прайшло, не ўключылі): „Не разумею! Супроць будучыні Беларусі прагаласавалі!” (З абурэннем.) Дэп. Савіцкі[31] (пасля правалу пытання аб экалагічнай інспекцыі): „Віншую! Нас з’ядуць тараканы скора, калі мы так рашаем пытанні экалогіі!” Дэп. Катушкін[32] — Шушкевічу: «Станіслаў Станіслававіч, вы, іменна вы расколваеце Сесію. Вы ўжо дзесяць разоў зрабілі выпад супроць дэпутатаў аб’яднання „Беларусь”! Я вам раблю катэгарычную заўвагу!» (Усё — з вялікай злосцю.) Пытанне аб санітарна-эпідэмiялагічнай службе — зарэзалі. Не ўключылі. Ну і ну! Гэта заняло б толькі паўхвіліны часу. І вось — маем!.. Пытанне аб Рэферэндуме (з удакладненнем пытанняў, якія выносяцца на ўсенароднае галасаванне). Дэп. Пазьняк: рашуча супроць. Булахаў[33], Станкевіч[34], Грыбанаў[35]: рашуча за. Булахаў узяў слова яшчэ раз — за! „У 1991-м у нас не было вопыту, рэферэндум быў недасканалы”. Наша Камісія прасіла ўключыць у план Сесіі пытанні „Аб архівах” і „Аб бібліятэках”. Не ўключылі: толькі 88 галасоў „за” (і па адным, і па другім). Было бачна, з якім вялікім энтузіязмам зарэзалі — аж пошчак ішоў па зале, як галасавалі супроць! Выступленне Трусава не памагло. Пытанне „Аб племянной справе” — зарэзалі пад гучны рогат. Настолькі на пошлы лад настроеныя думкі дасціпнікаў. А пытанне вельмі важнае для развіцця жывёлагадоўлі. Дэп. Унучка[36] (эканаміст!) пульнуў дос ціп: „Штучна ці натуральна асемяняць?” (з націскам на „натуральна”). А між тым дэп. Лужынскі[37] з вялікай горыччу сказаў, якая гэта важная эканамічная праблема. Дэп. Герасюк прапанаваў уключыць у Парадак дня пытанні: 1. Аб катэджах наменклатуры; 2. Аб адстаўцы В. Кебіча з пасады Старшыні Савета Міністраў. Абедзве прапановы з трэскам праваліліся. Дэп. Вярцінскі[38] (ад сябе і ад дэп. Гілевіча) унёс прапанову абмеркаваць пытанне „Аб канцэпцыі інфармацыйнай прасторы” — замест праваленага Законапраекта аб СМІ. Прапанова была з вялікім поспехам зарэзана — „за” толькі 75 галасоў. Дэп. Трусаў унёс прапанову абмеркаваць пытанне аб датэрміновых выбарах у Вярхоўны Савет. „За” — усяго 95 галасоў. Дзівак-чалавек! Людзі ашалелі ад шчасця, што сталі „членамі Парламента”, і цяпер самім адмовіцца ад такога гонару? Прагаласавалі прапанову Качана аб забароне БНФ: „за” — 45. (Я думаў, што будзе больш.) Яго ж прапанову аб аднаўленні дня 7 лістапада як Свята Кастрычніцкай рэвалюцыі падтрымалі 131 голасам. Не прайшла. Прапанова Мінько абмеркаваць на Сесіі справаздачу Шушкевіча атрымала 176 галасоў. Прайшла! Рыхтуйся, спікер, да справаздачы! Ой, мала табе не будзе!

19 траўня

Пачалося, як звычайна, з „Рознага”. Дэп. Дзейка[39] звярнуўся з запытам да генеральнага пракурора, чаму быў звольнены з Арміі афіцэр Мікалай Статкевіч[40]. Дэп. Кучынскі[41] прабіў трывогу аб пашырэнні ў Беларусі рэлігійных сектаў „Белыя браты”, „Крышнаіты” і іншых — аб страшным уздзеянні іх на псіхіку нашай моладзі, аб неабходнасці ратаваць яе. Маладыя хлопцы, трапіўшы ў іх сеці, сохнуць, усыхаюць. Многія наогул знікаюць! Дэп. Баршчэўскі[42]. Запыт намесніку прэм’ера М. Дземчуку: чаму ў кнігарнях няма беларускіх кніг? Апратэставаў („у народа выклікаў смех”) выпад дэп. Качана і кампаніі супроць БНФ. (У зале прамаўчалі.) Першае пытанне Парадку дня: Аб зменах у Канстытуцыі. Дакладчык дэп. Леўчык[43]. Доўга затрымаліся на першай жа папраўцы. На кожную заўвагу — у зале рэплікі, як у школьнікаў ці студэнтаў — лёгкія, зубаскальскія, з прэтэнзіяй на дасціпнасць. Ах, гэтыя практыкаванні ў досціпах! Як яны выдаюць узровень культуры, выхаванасці! У зале — вялікая суматоха. Спрэчкі — якіясьці анархічныя, мітынговыя, амбіцыйныя і нават бзікаватыя. Леўчык, пасля правалу першага пытання, што называецца „плюнуў” і сеў на месца. Дэп. Арціменя[44] прысарамаціў усіх — асабліва Лукашэнку: за яго выступленне. Шушкевіч злосна абрэзаў Лукашэнку: „Хопіць дэмагогіі! Вы толькі крычыце, як на мітынгах. А ніводнай за ўвесь час канкрэтнай прапановы! Ніхто так не дэстабілізуе залу, як вы!” Праект новай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Дакладчык Шушкевіч. Гаварыў хвілін 15 — максімум, а можа і 10. Для такога даклада — малавата. Я чакаў, што зойме каля гадзіны. Пайшлі пытанні. Першае: Дык што за лад у нас будзе, у Беларусі — сацыялістычны ці капіталістычны? — Адказ: Пачытайце ўважліва тэкст, там сфармулявана. Дэп. Камай[45]: А дзе Закон аб сімвалах у Канстытуцыі? Адказ: Ёсць закон, і добры, добра прыняты грамадскасцю, і няма патрэбы яго мяняць. (Сапраўды, сімвалы ў нас выдатныя. Адно што Гімна няма.) Пытанне: Чаму — платнае навучанне? А было бясплатнае. — Адказ: Было не для ўсіх, было сацыяльнае рэгуляванне. Пытанне: Што ў эканамічнай аснове ладу — якая ўласнасць? — Адказ: Не трэба вызначаць! Будзем будаваць справядлівае грамадства, на прававых асновах. — Пытанне: Ці парламент будзе прафесійны, ці такі, як цяпер? — Адказ: Прафесійны, але… з пэўнымі агаворкамі (рэгламентацыямі). Дэп. Заблоцкі[46]: Нідзе ў свеце няма спалучэння выканаўчых і заканадаўчых улад. Усюды яны размежаваны. Дэп. Качан: Дзе гарантыя на працу, на адукацыю і г. д.? Шушкевіч: Не трэба слоў „гарантыя”. Гэта — нерэальна! Дэп. Камай: Дык якая ж эканамічная аснова РБ? Трэба вызначыць у Канстытуцыі эканамічны базіс РБ! Адказ: Няма патрэбы ў такім вызначэнні, у іншых краінах няма. Дэп. Трафіменка: На здароўе — гарантуецца права, а на ўсё іншае — не, слова „гарантуецца” няма. Дэп. Сінчылін[47]: Чаму адна беларуска мова — дзяржаўная? Шушкевіч адказаў вельмі эмацыйна, але добра, лагічна і доказна. Праўда, спасылка на шведскую мову ў Фінляндыі — няўдалая. Дэп. Лакцюшын[48]. Таксама аб мовах. Паршывую сацыялогію прыцягнулі з „Советской Белоруссии”, фальшывыя лічбы… Ах, сацыёлагі! Шушкевіч рэзка абрэзаў. Дэп. Баршчэўскі пачаў дасведчана гаварыць аб мовах у Фінляндыі. У зале заулююкалі. Асабліва — дэпутат-генерал Гетц[49]. Дэп. Лавіцкі[50] прапанаваў зняць у прэамбуле ўпамінанне аб Статуце Вялікага Княства Літоўскага. Прагаласавалі прапанову. „За” ўпамінанне — толькі 106 галасоў. Знялі! З энтузіязмам! Вось адносіны да гісторыі Бацькаўшчыны. Не было яе і няма — у душах і сэрцах бальшыні.

20 траўня

Арганізацыя працы і дысцыпліна — ніякая. Калі галасавалі пункт аб грамадзянстве — спачатку было ў зале 203 дэпутаты, паўторна — ужо 250, амаль 50 набеглі з калідораў, з кафэ. Не склікаўшы людзей у залу, паставілі на галасаванне. Станкевіч нахіліўся да мяне і прашаптаў: «Шушка (Шушкевіч) перад выбарамі спікера запрасіў на кватэру Лукашэнку, Ганчара, рэзаў і чысціў селядца і прасіў: „Галасуйце за мяне! Я вас не пакрыўджу, буду падтрымліваць…”. А цяпер — такія ворагі Лукашэнка і Шушкевіч!». (Па-мойму, плётка, у якой зацікаўлены непрыяцелі Станіслава, а іх процьма.) Аб дзяржаўнай мове ў Рэспубліцы Беларусь. Зноў вылезлі: Лакцюшын (учора — Сінчылін) і член нашай Камісіі, дзядок П. З. Мінчанка[51] (пасланец ад КПБ) і іншыя. Канешне ж, узяў і я слова. Пры маім выступленні рэпліку „Не пугай!” кінуў дэпутат з Барысава Трусаў[52] (не ўпершыню і менавіта „Не пугай!” — на „ты”, як у сябе на заводзе). Кінуў — пасля маіх слоў: „Для Беларусі стане горш, калі мы адступім назад ад Закона аб мовах”. Выступіў я нялепшым чынам, трэба будзе пры абмеркаванні п. 50 паправіць. І аднак жа за дзве дзяржаўныя мовы прагаласавалі 83 дэпутаты, а за адну беларускую — 204. Ура! Хоць гэта яшчэ толькі абмеркаванне праекта Канстытуцыі.

21 траўня

Пачалі з пытанняў непрадбачаных: выступленне дэп. Сапронава[53] аб злоўжываннях у замежным гандлі агаломшыла. Калі ўсё гэта праўда, то — жахліва! Слухалі з выключнай увагай і пры поўнай цішыні ў зале. Урад распрадае краіну, багацці народа, заганяючы людзей у жабрацтва. Выступіў Міністр хлебапрадуктаў — амбіцыйна — з водпаведдзю Герасюку. А Герасюк тут жа прыпёр яго да сцяны фактамі. Затым паўгадзіны аддалі тэме: як прымусіць дэпутатаў пастаянна быць на сесіях і ўдзельнічаць у пасяджэннях. Ой, што тут пачалося! Як узяліся бэсціць адзін аднаго! Шушкевіч неасцярожна назваў імёны адсутных дэпутатаў. А Станкевіч, бэсцячы яго за нібыта „пошла-кухонны ўзровень”, сам пакарыстаўся менавіта такім стылем: „Вы можаце з маладой сваёй жонкай такое на кухні гаварыць…”. Гэта — пра спікера Вярхоўнага Савета. Крэпенька! Выйшла: усе вы, шаноўныя, адною культурай валодаеце. Шушкевіч узарваўся: „Я не ў міліцыі ў вас, дэпутат Станкевіч, не падследчы на допыце ў вас!..” Затым дэп. Ганчар з гасподніх вышак спляжыў усіх. Асабліва Шушкевіча і Прэзідыум.

25 траўня

Выбары намесніка Старшыні Прэзідыума. Прапанавалі дэпутата Міцько, разумнага, інтэлігентнага чалавека, медыка па адукацыі. Правалілі: толькі 125 „за”. Чаму? Праясніў сваім пытаннем да Міцько ваяўнічы дэпутат-генерал Сарокін[54]: „Вашы адносіны да ўваходу Беларусі ў Калектыўную Бяспеку?”. Добра адказаў Міцько, вельмі добра, але ўжо было ясна, што „зарэжуць”. Якая зацятасць ворагаў нашай дзяржаўнай незалежнасці! Абмеркаванне главы Канстытуцыі „Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь”. За прэзідэнцкую форму кіравання выказаліся толькі 132 дэпутаты. Зарэзалі саму ідэю „прэзідэнцтва”. Ніякага прэзідэнта не трэба: ні „моцнага”, ні „слабага” (як у Германіі). Не трэба! Слова ўзяў Ганчар: патрэбен галава ўлады, дзяржавы без галавы не бывае, такога няма ў свеце! Прагаласавалі паўторна. Набралі 147. Рост! Не разумеюць шаноўныя, не разумеюць, якая можа нас чакаць бяда — пры нашай масавай палітычнай культуры.

26 траўня

У „Розным”: дэп. Бойка[55] зачытаў ліст свайго выбаршчыка супроць „тарашкевіцы” (палічыў вартым увагі). Ліст рэзкі. Дарэмна зачапіў Данчыка. Пытанне ж увогуле правамернае і ў прынцыпе — рэзкасць справядлівая. „А можа, гэта правакацыя?” — сказаў Бойка, як бы звяртаючыся да прысутных дэпутатаў-філолагаў. Не, вядома, не правакацыя, але падумаць так можна — настолькі самаўпэўнена і напорыста ў друку „плянуюць” і „клясуюць”. Дарэмна А. Трусаў, узяўшы слова, „рашуча заявіў пратэст” супроць выступлення Бойкі. Праблема ж ёсць! Абмеркаванне главы „Суд”. Пункт аб увядзенні суда прысяжных не прайшоў… пасля выступлення А. Трусава, які напомніў зале, што суд прысяжных быў ліквідаваны бальшавікамі пасля 1917-га. Знайшоў каму напомніць! Тым, для каго суд прысяжных вельмі непажаданы. Пытанне зусім не звязана з палітыкай, але раз выступіў у падтрымку апазіцыйнік і крытыкнуў бальшавікоў — усё, кранты! Адразу ж многія ўсумніліся і — 20 галасоў не хапіла. Трусаў забыўся, хто ў зале. Пытанне аб Кантрольнай Палаце. Сама назва не прайшла. Дэп. Грынёў[56]: Трэба сістэма кантролю, а Палата пакуль не адпавядае. „Вы протаскиваете то, в чём заинтересованы”. (Гэта — Шушкевічу. Не зусім карэктна.) Дэп. Сапронаў: Не разумею логікі паводзін дэпутатаў, што галасавалі супроць. Патрэбен жа кантроль! Дэп. Макейчанка[57] (у адказ на „шпільку” А. Трусава): І ў ЦК працавалі людзі, якія нешта ведалі ў галінах гаспадаркі. Між іншым, гэта праўда: былі такія людзі — і дасведчаныя, і кампетэнтныя, і культурныя. На жаль, часта ім не хапала мужнасці, стойкасці, упартасці, іх волю ламалі недасведчаныя і некультурныя, амбіцыйныя і фанабэрыстыя „сталаначальнікі”.

27 траўня

У „Розным” дэп. Герасюк гаварыў пра росквіт карупцыі ў Беларусі (набывае ўсё большыя маштабы). Папрасіў даваць яму слова па гэтым пытанні кожны дзень і да канца сесіі. (Брава, Герасюк! Малайчына! Нех та ж павінен пароць у вочы зладзюгам — што яны зладзюгі.) Дэп. Крыжаноўскі[58] спачатку расказаў пра састарэласць тэхнікі ў Беларусі і пра нядбайнасць Урада ў гэтай справе. Затым папракнуў дэпутатаў за нападкі на Шушкевіча — што не падпісаў Дагавор аб Калектыўнай бяспецы, асудзіў і за непрыманне імі Кантрольнай Палаты — бо яна пачала ўскрываць злачынствы мужоў дзяржаўных. Пытанне аб дадатковых паўнамоцтвах Савета Міністраў у Канстытуцыі. Дакладчык дэп. Леўчык. Спрэчкі разгарэліся страшныя. Кебіч (пасля выступлення дэп. Какоўкі[59] і іншых) — ох і ўскіпеў ад злосці! „Ніводнай стрэльбы не прадалі ў Таджыкістан! І не прададзім без рашэння Вярхоўнага Савета! І вы, таварыш гаспадзін Трусаў, перастаньце!.. У газетах поўна хлусні!..”. А пачаў сваю прамову так: „Спыніце балбатню! Іначай не магу сказаць!..” (Ох і разышоўся! Відаць-такі — дапяклі!) Лакцюшын, Лукашэнка, асабліва генерал Гетц — крычаць так, што аж глушаць залу, патрабуюць амаль усенароднага ганьбавання дэмакратаў-апазіцыянераў. (Лакцюшын: „Все эти Каковки, Сасновы, Барщевские…”) Дэп. Заблоцкі абрэзаў крыкуноў, а галоўнае — гакнуў па эканамічнай палітыцы Урада за адсутнасць стратэгіі, за нягоднасць такога эканамічнага курса. Дэпутаты Жукоўскі[60], Мачуленка[61] зноў паднялі крык супроць дэмакратаў, — крык наогул, без канкрэтных прапаноў. Дэп. Сасноў[62] вельмі пераканаўча даў ім водпаведзь.

28 траўня

У „Розным” дэп. Чэпік[63] патрабаваў або — або: або — Урад у адстаўку, калі праўда тое, што казаў Герасюк, або — дэпутата Герасюка пазбавіць на паўгода мандата за яго ўчарашняе выступленне пра міністра хлебапрадуктаў Якушава М. С. Вось такое або — або. Такая інтрыга ў сюжэце. Пытанне Аб дзяржаўнай службе. Дакладчык — дэп. Заблоцкі. Не ўцямлю, чаму Заблоцкі? Ён — намеснік старшыні Камісіі па навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе. Размова ж — пра служачых дзяржаўнага апарату! Дэп. Голубеў[64] зрабіў вельмі слушную прапанову: аб абавязковым веданні беларускай мовы як мовы дзяржаўнай тымі, хто паступае на працу ў дзяржаўную ўстанову. Узнікла спрэчка. Дэп. Цярэшка[65]: „Камісія не прапаноўвала такога”. Голубеў: „Непрыемна казаць, Іван Іванавіч, але Камісія тройчы разглядала і рэкамендавала гэтую прапанову”. (Галасавалі як за прапанову аднаго Голубева. „За” — 42 галасы. Рэпліка з залы дэпутата-генерала Піскарова[66]: „Великое множество!” Здзеклівым тонам, вядома. Чаму ж з дзяржаўнай мовы і не паздзеквацца! У нас, у незалежнай Беларусі гэта можна. Нават пахвальна. Пад воплескі…)

1 чэрвеня

У „Розным”. Дэп. Волкаў[67]: „Нам у Камісію прыйшло звыш 100 пісем пра дзяцей з ракам шчытавіднай залозы. Колькасць расце. Ужо цэлыя сем’і хварэюць. Усіх чакае смерць! Дзяцей запісваюць інвалідамі ад нараджэння! Гэта дзікунства!” Дэп. Качан. Тэма — Другі з’езд камуністаў Беларусі, названы аб’яднаўчым. Чытае Зварот З’езда да Вярхоўнага Савета РБ. Аб недапусцімасці свабодных цэн на прадукцыю першай неабходнасці. Затым кінуў лозунг: „Адрадзіць саюзную дзяржаву! Іначай — пагібель!” Дэп. Судас[68]: пра ільготы пенсіянерам на транспарт у сельскай мясцовасці. Патрабуе вырашыць гэта пытанне ў карысць пакрыўджаных. Шушкевіч дае водпаведзь М. Грыбу[69] за яго выступленне ў „Народнай газеце” наконт падпісання Дагавора аб Калектыўнай бяспецы. Слова ўзяў намеснік прэм’ера С. Лінг. Ад закона будзе залежаць, хто будзе працаваць на дзяржаўных службах. Тыя, што будуць, як жабракі, зазіраць у вочы кожнаму наведніку? (Гэта — у адказ тым, хто лічыць, што ў чыноўнікаў вельмі высокія зарплаты.)

2 чэрвеня

У „Розным”. Дэп. Холад[70] крытыкуе Кебіча, што не скарачае раздзьмутыя чыноўніцкія штаты. Дэп. Лябедзька[71] робіць запыт да сп. Жыльскага (старшыня камітэта па справах Рэлігіі) — у абарону каталіцкай парафіі ў Ашмянскім раёне, у абарону прыезджага святара (здаецца, са Славакіі). Няма ксяндзоў, а патрэба ў іх вялікая і ўсё нарастае. „У Гародні вучацца на ксяндзоў толькі 74 семінарысты. Гэтага зусім мала!” — бядуе Лябедзька. Дэп. Пракаповіч[72]: Спад вытворчасці працягваецца. Заключэнне эканамічнага саюза — працэс доўгі. Патрэбен палітычны Саюз у рамках СНД. Чаму ігнаравалі прапанову VII з’езда народных дэпутатаў Расійскай Федэрацыі аб утварэнні Канфедэрацыі? (Вось яно — куды хіліць! Да Канфедэрацыі! Нашто нам гэтая незалежнасць!) Пытанне аб барацьбе з эканамічным злачынствам і карупцыяй. Дакладчык — дэп. Папоў[73]. Схапіліся спрачацца, што такое карупцыя. Дэп. Булахаў: Суб’ектам карупцыі з’яўляецца ўвесь беларускі народ! Бо эвентуальна кожны так ці іначай у ёй удзельнічае… Дэп. Какоўка: Зняць першы артыкул! Дэп. Аксаміт[74]: Зняць увесь законапраект, дапрацаваць і ў канцы сесіі прыняць! Як добра ў ходзе абмеркавання пытання аб карупцыі бачна, хто не мае ніякага дачынення да злачынстваў, у каго сумленне чыстае!.. Гэта адчуваецца вельмі выразна. Сумленны чалавек (напрыклад, Аксаміт) гаворыць такім асаблівым тонам — і без крыку, і пераканаўча. Або як дэп. Герасюк, які сказаў: „Пры паступленні на дзяржаўную службу кожны павінен прад’явіць дэкларацыю”. Так усюды ў свеце. Але калі вам падабаецца без дэкларацый — хай будзе так! (Прагаласавалі прапанову Герасюка: „за” — 171. Не прайшла. Дзіва што!..) Ну і схватка! Па колькі разоў бяруць слова адны і тыя ж. Большасць схіляецца, што гэта не закон, а пастанова аб узмацненні барацьбы з карупцыяй і злачынствамі ў сферы эканомікі.

3 чэрвеня

У „Розным” першы ўзяў слова дэп. Прывалаў[75]. О, які, аказваецца, гэта ваяўнічы палкоўнік! Ястрабок! Але ж і заслужыў: крыкамі сагналі з трыбуны. Не любяць нашыя людзі празмернай ваяўнічасці. Дэп. Федарчук[76]: Побач з вамі, Станіслаў Станіслававіч, група па згатаванню віцебскіх „блюд”, асабліва з Кантрольнай палаты. Знаю людзей, якія не мяняюць масак. (Нейкія цяжкія закіды, а пра што?) Дэп. Маркевіч[77] у прамове ўжыў слова „шпалеры”. У зале — бачна — не разумеюць, што гэта. Трэба рускім языком гаварыць, шаноўны! Дэп. І. Трусаў. Пытанні Шушкевічу: Ці падпісаў Станіслаў Станіслававіч Дагавор аб Калектыўнай бяспецы? Якую пазіцыю ў гэтым займае Прэзідыум? І нарэшце: калі вы былі шчырым? (Во дзе сапраўдная „вандэя”! Божа, як мы яшчэ далёка да беларускай Беларусі!) Дэп. Казлоў[78]. Выйшаў, каб пахваліць „Фемиду” — як найвыдатную ў Беларусі газету (не важна, што на мове другой краіны). Пафас выступлення: „Далоў Шушкевіча!” Абкладаюць Стася. Але ці толькі яго? Думаю пра выступленні на сесіі дэпутата І. Т. Увесь час адчуваю, што гэты беларус няйначай як вывучанік вядомага „северозападника” І. Саланевіча. Умоўна, бо гэтага прозвішча ён, напэўна, і не чуў, тым больш яго шавіністычных опусаў не чытаў. З першых момантаў знаёмства мая інтуіцыя па адносінах да яго — у напружанні, у насцярожанасці. Цяпер ясна, чаму на плошчы крычаць „Шушкевича в отставку!”. У крыкуноў ёсць натхняльнікі і абаронцы. Вось і рашылі ўзяцца. Ужо ўзяліся. Пытанне аб Камітэце Дзяржаўнай Бяспекі. Дакладчык — дэп. М. Грыб. Па дакладу разгарнуліся цікавыя спрэчкі. Дэп. Станкевіч: Камітэт не павінен быць у веданні Прэзідыума ВС! Яго трэба неадкладна перадаць у веданне Савета Міністраў. І кропка. І ніякіх размоў! (З тым жа апломбам, як і заўсёды.) Дэп. Малашка: Усім ясна, дзеля чаго хочуць пе[79]рападпарадкаваць Камітэт Саўміну. Для таго, каб запалучыць аператыўную сілу ў СМ і пазбавіць Вярхоўны Савет неабходнай інфармацыі… І ўсё ж ра шылі прагаласаваць. Раптам выходзіць Лінг. І катэгарычна патрабуе: Перападпарадкаваць Камітэт Саўміну! Абавязкова! Не драбязіце функцый КДБ. Сачыць за дзейнасцю Савета Міністраў — гэта дробязь! Генерал Піскароў. Рашуча за перападпарадкаванне Саўміну. Нарэшце пачалі галасаваць. За тое, каб пакінуць, як ёсць — г. зн. за рэдакцыю Камісіі — 98 галасоў. Не прайшло. За перападпарадкаванне Саўміну — 147. Таксама не прайшло. Але больш, і на многа, чым за рэдакцыю Камісіі Вярхоўнага Савета. Пытанне аб Грамадскіх аб’яднаннях. Дакладчык — дэп. Вярцінскі. Даклад разумны, пераканаўчы. У Беларусі на сёння 420 грамадскіх аб’яднанняў, зарэгістраваных. (Ніколі не падумаў бы, што іх аж столькі! Во — актыўнасць грамадзян на свабодзе!) Так рэалізуюцца правы грамадзян на аб’яднанні. А ў зале — ніводнага пытання дакладчыку, ніводнай рэплікі, ніводнага выступлення! Значыць, ніякіх праблем няма. Прагаласавалі моўчкі. „За” — 178. Усяго! І ніякіх пярэчанняў не было — і не блаславілі. Дзіўны народ сабраўся ў зале ВС!

4 чэрвеня

У „Розным”. Дэп. Слямнёў — аб дыскусіі па Калектыўнай бяспецы. Тлумачыць талкова — у апраўданне Шушкевіча. Дэп. Жураўлёў[80]: падтрымлівае рашэнне ген. Казлоўскага[81] аб звальненні з арміі афіцэра М. Статкевіча, б’е Шушкевіча за пазіцыю ў гэтым пытанні („Вас втянули!”). Дэп. Гермянчук. Аб дамове наконт стратэгічных сіл. Калі пачаў гаварыць пра неадпаведнасць тэкстаў дамовы на беларускай і рускай мовах — у зале іранічна заа-яй-калі. Не зусім тактоўна зрабіў запыт Кебічу: „Калі не маеце — я вам дам свайго карэктара”. Не зусім тактоўна па форме, а па сутнасці — зусім справядліва: павінны ж быць у Саўміне людзі, якія дасканала валодаюць беларускай мовай — каб змястоўных, сэнсавых разыходжанняў у тэкстах не было. Дэп. Лябедзька: Чым праславіў Беларусь Карл Маркс, што яго імем названа вуліца, на якой знаходзіцца наш Вярхоўны Савет? Мінгарсавет павінен тэрмінова разгледзець гэта пытанне! Пытанне аб справаздачы Нацыянальнага Банка. Дакладчык С. Багданкевіч[82]: Калі мы не спынім інфляцыю — не выйдзем з крызісу. Нашы крэдыты павінны быць дарагімі — іначай тупік, і ніякіх ілюзій. Крэдытная палітыка павінна быць больш жорсткай. У камерцыйных банках рэсурсаў — 40 млрд. рублёў. Нацынальны Банк — не Сабес (Аддзел сацыяльнага забеспячэння). Да якога часу ён будзе іменна такім Сабесам? Не пераменім закон — наперадзе тупік і поўны крах эканомікі! Рост аплаты працы на 60 працэнтаў перавышае прадукцыйнасць працы! А ільготы? На ўсё — ільготы! Гэта ненармальна! Утварылі камісію па кантролю за дзейнасцю камерцыйных структур. Старшынёй Камісіі абралі дэп. Лукашэнку.

8 чэрвеня

У „Розным” дэп. Жук[83] падняў пытанне аб будаўніцтве вакол Мінска і іншых гарадоў на захопленай зямлі катэджаў (дамоў, палацаў). Трэба перагледзець Зямельны кодэкс. Старшыні сельсаветаў робяць, што хочуць. Дэп. Заблоцкі: Рэформа не ідзе. Ёсць ілюзіі, што мы рэфармуемся. Законы не выконваюцца. Развал паглыбляецца. Спрэчкі па ўчарашнім дакладзе Багданкевіча. Дэп. Беленькі[84]: Нацыянальны Банк самастойнай крэдытна-грашовай палітыкі не праводзіць, — як і ў 1991 годзе, аб чым тады адкрыта гаварыў Багданкевіч. Дэп. Лукашэнка крайне рэзка выказаўся пра падрыў эканомікі, пра нейкую незразумелую прыватызацыю. Затым — пра вайну між кіраўніцтвам Вярхоўнага Савета і Урадам. «„Ад Савета Міністраў пахне мерцвячынай”, — кажуць у Вярхоўным Савеце». (Шум у зале, крыкі: „Хто кажа? Назаві!”) Рэпліка Шушкевіча: „Чую першы раз! Першы раз! Як можна так безадказна гаварыць?” Дэп. Цялежнікаў[85]: Мы думалі, нам удасца пераседзець і выйграць. Не ўдалося. Пераступілі рысу. Віна не Нацбанка. Вінавата наша эканамічная палітыка — крайне няўдалая. Трэба кардынальна змяніць падыходы — іначай к восені дамы не будуць ацяпляцца, заводы і фабрыкі масава стануць спыняцца. Трэба стымуляваць экспарт у Расію і гандаль з Расіяй. Трэба называць рэчы сваімі імёнамі. Сельскай гападарцы крэдыты выдаваць не бяздумна і не ўсім. Дэп. Какоўка: У Латвіі рубліс, выпаўшы з рублёвай зоны, пайшоў угору. А ў нас? Чаму мы не зрабілі гэтак? Хацелі жыць за чужы кошт? Трэба сесці за стол перамоў з Расіяй і ўсё чыста выкласці. Мы не бяром ні капейкі за чыгунку, за газапровад і многае іншае. Трэба даць больш прасторы прыватызацыі! — каб кожны паклапаціўся пра сябе, што ён будзе есці. Дэп. Новік: Наш урад напорна імкнеца да дэстабілізацыі! Разам з Нацбанкам. Яны пагоршылі эканамічную сітуацыю ў краіне. Банк не кіруе сітуацыяй. Цэны выраслі на 5000 працэнтаў! Хіба гэта — не гіперінфляцыя? А хто атрымаў ільготны крэдыты? Нямногія. І несправядліва. Расія, маючы друкарскі станок для рублёў, нас душыць. Яна экспартуе інфляцыю ў нашу краіну. Наша багацце — высокакваліфікаваныя кадры. Нас рабуюць — праз фінансавую сістэму. Колькі ўвозіцца грошай з Расіі? Як кантраляваць грашовую масу? Ніяк. І яе ніхто не кантралюе. І апошняе: патрабую ўвесці беларускую грашовую адзінку! (Ну малайчына, Новік! Во каго міністрам паставіць!)…

9 чэрвеня

Закон аб праве ўласнасці на зямлю. Дэп. Гаркун[86] (старшыня Камісіі па аграрных пытаннях): Камісія рэкамендуе замацаваць у Законе дзве формы ўласнасці: дзяржаўная і прыватная. Упершыню, калі мы абмяркоўвалі Праект на Камісіі, не было аднадушнага пагад нення. Пачалося галасаванне (паіменнае, бо над та важнае пытанне). За прапанову Камісіі — 194 галасы. За папраўку дэп. Лакцюшына (толькі дзяржаўная ўласнасць!) — усяго 41 голас. „Дзяды” атрымалі паразу. Дэп. Жук: Вясковыя людзі ўсе супроць прыватнай уласнасці на зямлю! Надта ж лёгка мы тут ставімся да выключна важнай праблемы! Дэпутат-ветэран Коваль[87]: Ні ў якім разе! Ні пядзі прыватнай! Толькі дзяржаўная! Дэп. Какоўка: Усе мае выбаршчыкі — і за прыватную. „Аддалі б нам нашы прысядзібныя кавалачкі!..” Дэп. А. Трусаў: А ўспомніце, як бальшавікі адбіралі ў сялян зямлю! … Дэп. Баршчэўскі: На сёння законапраект ужо састарэлы, але хоць гэткі трэба прыняць. (Састарэлы? Ужо? А які быў бы самы раз на сёння? Бальшавіцкі — з процілеглым знакам? Сацыяльны пераварот?) Дэп. Бамбіза[88]: Давайце ўдасканалім Зямельны Кодэкс, які ёсць! З якой мэтай мы ўводзім прыватнае права на зямлю? Дэп. Дубоўскі: Два гады працавалі над законапраектам у Камісіі. Праз дзесяць гадоў будзе трэба яго карэктаваць. Нічога страшнага для калгасаў у Законе няма. Тры-чатыры соткі зямлі — дайце людзям! Дайце! І ў сацыяльным плане — вялікая карысць! Дэп. Зданевіч[89]: „Вы!.. Вы! Вы!..” — з такім абурэннем і так рэзка крычаў на дэпутатаў — праціўнікаў прыватызацыі зямлі, то ў яго адабралі мікрафон. Як вадой сцюдзёнай абдалі!.. Дэп. Гаркун: Продаж зямлі ўсё адно ідзе! Але — падпольны. Незаконны. Без дазволу дзяржавы, у абыход Закона. Дэп. Лукашэнка: Хто пралічыў, што будзе з эканомікай, калі пачнецца купля і продаж зямлі? Дэп. Марыніч[90]: Увесь свет чакае, калі ён зможа ўкладаць інвестыцыі ў эканоміку Беларусі. Дэп. Малашка: Трэба выдзяляць зоны, дзе могуць у нас купляць зямлю замежнікі, каб — не ўсюды, дзе ім захочацца, не любы ласы кавалак!..

10 чэрвеня

У „Розным”. Дэп. Зарэцкі[91]: Пакуль не вызначылі, якое грамадства мы хочам пабудаваць, — няма сэнсу прымаць закон аб праве ўласнасці на зямлю. І не трэба ставіць сёння пытанне аб прыватнай уласнасці на зямлю. Гэтаксама і наконт прыватызацыі дзяржаўнай маёмасці. (Правільна! Сур’ёзная перасцярога!) Дэп. Сечка[92] праінфармаваў аб стварэнні дэпутацкай групы „Згода”. У групу ўвайшлі: Сапронаў, Карпенка[93], Марыніч, Булахаў, Даўгалёў[94], Драбышэўская[95], Сукач[96], Сярдзюк[97], Кічкайла[98] і інш. — усяго 20 чалавек. Цікава, хто ініцыятар стварэння „Згоды”? І на якой платформе згода? Што агульнага, напрыклад, у Карпенкі з Булахавым? Дэп. Волкаў: Калі Беларусь пакінулі стратэгічныя сілы СССР, засталіся пуставаць 150 ваенных гарадкоў. Гэта — багацце беларускага народа. Размешчаны яны ў экзатычна прыгожых мясцінах: зялёных, чыстых, упарадкаваных. Іх трэба аддаць для чарнобыльскіх дзяцей — для аздараўленчых комплексаў. Іначай гэтыя гарадкі захопяць камерцыйныя структуры. (Правільна, сп. Волкаў! Абавязкова захопяць! І не агледзімся, як захопяць. Вельмі слушна сказалі!) Працяг абмеркавання закона Аб праве ўласнасці на зямлю. Дэп. Грынёў: артыкул аб чарнобыльцах і чарнобыльскіх землях не ўзважаны, з істотнымі заганамі. Дэп. Скарабагацька[99] падтрымлівае Грынёва і патрабуе артыкул зняць і дапрацаваць. Дэп. Смоляр[100] абвяргае Грынёва, яго заўвагі трэба абмеркаваць асобна. Дэп. Лукашэнка: па Смоляру — дык там жывуць не людзі. Гэтага артыкула мала, трэба даць яшчэ адзін артыкул аб абароне чарнобыльцаў! Дэпутат-генерал Гетц: трагедыя ў тым, што ўсё гэта транслюецца па тэле. „Товарищ Лукашенко! Или оставьте этот Верховный Совет, или перестаньте заниматься словоблудством!” Дэп. Станкевіч: Хопіць спекуляваць на чарнобыльскай тэме! Не бяры, не прыватызуй, калі забруджаная — і ўсё! Дэп. Сасноў: Ідзе свядомая блакіроўка Закона — і толькі! Блакіроўка „чарнобылем” — каб не зрабіць хоць маленькі крок наперад да прыватнай уласнасці на зямлю.

11 чэрвеня

„Рознае”. Дэп. Сапронаў выказаў абурэнне, што на яго запыт міністру няма ніякага адказу. „Гэта дзяржава — ці што? Адно прадпрыемства спаганяе з другога плату ў валюце, не маючы ніякага юрыдычнага права! Ідзе нарастанне крытычнай масы! Скора выбухне!..” Дэп. Сумар[101] — аб бясчынствах у сферы рынку збыту, аб бедах вытворцаў гародніннай прадукцыі. Дэп. Зяленін[102]: што за парадак і дысцыпліна? Зарэгістравана 232 дэпутаты, а ў зале — 156. Суседзі рэгіструюць адсутных! Трэба пазбавіць такіх дэпутатаў мандата і правесці ў акругах новыя выбары! Чаму пакрываем мы іх? Пытанне „Аб статусе дзяржаўнай граніцы”. Дэп. Бачароў[103] зрабіў добры аргументаваны даклад. Прагаласавалі: за — 202. Упэўнена прайшло. Цікава, як некаторыя пытанні праходзяць. Здавалася б, у пафасе многіх прамоўцаў: „Ніякіх граніц! Ні з Украінай, ні з Расіяй!” А вось жа прагаласавалі. Значыць, за „адмежаваную” Беларусь?..

15 чэрвеня

У „Розным” — дэп. Піскароў, іранічна кагось цытуе: „Вярхоўны Савет працуе добра?”. Нельга так ацэньваць работу ВС — калі рэзка павышаюцца цэны, ідзе сацыяльнае расслаенне грамадства. „Даць сацыяльна-эканамічную інфармацыю”, — гэта — да Шушкевіча і Кебіча. Дэп. Вярцінскі А. І. даў адпор выдавецтву „Эрыдан” за яго праект Закона аб мовах. Зачытаў зварот гр. Саламонава ў абарону беларускай мовы. Дэп. Лукашэнка: патрабуе неадкладнай справаздачы кіраўнікоў дзяржавы аб сацыяльна-эканамічным становішчы ў краіне. І прафсаюзаў таксама! І нельга спешна згортваць работу Сесіі! (А гэта правільна.) Закон Аб дзяржаўнай службе (працяг абмеркавання). Дэп. Заблоцкі. Зноў: у служачых трэба прымаць прысягу! Паставілі на галасаванне. За — усяго 167. Завязалася спрэчка. За прысягу выступілі дэпутаты Вярцінскі (А. І.), Грыб. А дэп. Савіцкі супроць (іранічна-здзекліва). Дэп. Бабачонак[104]: або здымайце законапраект зусім — або абавязкова з прысягай! Яшчэ раз заклікае галасаваць за прысягу Заблоцкі, спасылаецца на Гарыбальдзі: „Создали идеалы, теперь создадим гражданина” (мудра!). Зноў на галасаванне — і зноў недабор. Не праходзіць! Цікава! Не хочуць нашыя дэпутаты цырыманіялаў!

16 чэрвеня

Рознае. Дэп. Ваўчэцкі[105] (з нашай Камісіі) зачытаў пастанову прафсаюза аб забастоўцы настаўнікаў з 1-га верасня, калі не павялічаць зарплату. (Правільна! Колькі можна цярпець жабрацкае становішча?) Дэп. Какоўка зачытаў Зварот калектыву рабочых завода і гарадскога Савета дэпутатаў (г. Наваполацак). Б’е Кебіча за… мае час наведаць фестываль у Маладзечне, лікёра-гарэлачны завод і пахваліць прадукцыю, а на наш горад часу не мае. Дэп. Баршчэўскі. Услед за Валчэцкім гаворыць пра мізэрную зарплату работнікаў адукацыі. Зарплата служачых у прамысловасці ўсё ж на 50 і нават на 70 працэнтаў большая, чым у настаўнікаў. Дэп. Бойка — аб папярэджанні рабочых прафсаюзаў: патрабуюць адмяніць падаткі на дабавачную вартасць. Ужо на гэтай сесіі трэба разгледзець пытанне аб эканамічна-сацыяльным становішчы ў Рэспубліцы. Аб прыватызацыйных чэках. Дэп. Кудравец[106]. „Прыхватызацыя” ідзе ўжо на мільярды, а не на мільёны. Трэба вярнуць усё да нуля назад — дзяржаве і тады пачаць спачатку — сумленна, па закону. (Гэта тысячу раз правільна! Толькі так!) Дэп. Баршчэўскі і ўслед дэп. Трусаў: ні ў якім разе не прыватызаваць бібліятэкі і музеі! Гэта пярэчыць Закону аб культуры! Паставілі на галасаванне. За іх прапанову — 220. Брава! Хоць гэтыя аб’екты культуры пакінулі дзяржаве.

17 чэрвеня

У „Розным”. Дэп. Лябедзька: 240 дэпутатаў прагаласавалі за агульныя стратэгічныя (ядзерныя) сілы (СНД-1). Гэта не клопат пра нейтральную Беларусь. А дзе гарантыя? Дэп. Пазьняк: без пэўных вызначальных палажэнняў прымаць Канстытуцыю няма сэнсу. БНФ — за парламенцкую рэспубліку! (Правільна! Толькі так! Толькі парламенцкая!) Аб праекце Канстытуцыі РБ. Дэп. Шаладонаў[107]. Пра пануем тры блокі законапраекта — тры варыянты: першы — на чале дзяржавы прэзідэнт, другі — улада прэзідэнта абмежаваная, трэці — дзяржава без прэзідэнта, парламенцкая рэспубліка. Прагаласавалі за кожны. Вынікі засведчылі адсутнасць адзінага погляду на форму вярхоўнага кіравання ў дзяржаве. І аднак жа блок першы (з моцным прэзідэнтам) набраў 213 галасоў, каб яшчэ 17 — і прайшоў бы. І мне страшнавата: на першую ролю вылезе антыбеларус — і Беларусі каюк! А нашай мове — перш за ўсё.

29 чэрвеня

Напачатку — сустрэча з Лехам Валенсам. Натуральна, яму першаму і далі слова. Выказаўся з дыпламатычнай далікатнасцю, але і з яўнымі сімпатыямі да ўсходняй суседкі. Не сказаў бы, што ў зале важную асобу слухалі ўважліва і з дастатковай павагай. Калі ж сказаў, што „Салідарнасць” будзе супрацоўнічаць з Беларускім Народным Фронтам — у радах зашумелі яшчэ больш. Пайшлі галасы, і чуць гэта было непрыемна. Калі скончыў сваю нядоўгую прамову — воплескі былі досыць рэдзенькія. Адным словам — не „герой часу”. Далей пайшло „Рознае”. Дэп. Качан: Што далі рэспублікам суверэнітэты? Патокі крыві? Куды вы, Станіслаў Станіслававіч, нас вядзеце? У 17-ы век? У грамадстве — „растление”! А што робіцца з асвятленнем нашай гісторыі? Нацыянальнымі героямі становяцца здраднікі тыпу Вацлава Іваноўскага! Народ вам не даруе гэтага! Да якога часу вы, Станіслаў Станіслававіч, будзеце разбураць тое, што стварыў народ? Дэп. Трафіменка злосна „пахваліў” Валенсу: той пацвердзіў ленінскі тэзіс, што дзяржавай можа кіраваць „кухарка”. А ў нас з ленінскага тэзіса смяюцца. Дэп. Холад. Аб крымінальных справах у Барысаве. Камісія ВС праверыла, а вынікі праверкі разгледзелі не на Прэзідыуме ВС, а ў Мінскім аблвыканкаме. Б’е Кебіча за патуранне „нягоднікам”. Дэп. Антончык[108]. Мае артыкулы аб канкрэтных злачынствах „Звязда” не друкуе („здымі прозвішча міністра”), „Народная газета” не друкуе (рэдактар Сярэдзіч[109] зрабіў высновы, бо сам хоча стаць кампаньёнам будаўнікоў). Вось такія сур’ёзныя абвінавачванні. З такой высокай трыбуны. Дэп. Грыб: мы, дэпутаты ВС, маем права на непасрэдную інфармацыю аб міжнародных падзеях, справах, а бяром яе з друку, у інтэрпрэтацыі журналістаў. Напрыклад, аб забастоўках у блізкіх суседзяў, аб заяве ўрада Расіі — што мы ведаем з дакладных крыніц? Трэба, каб у нас быў свой інфармацыйны цэнтр. Дэп. Жукоўскі[110]. Заяўляю пратэст супроць зневажання ветэранаў і гераізму народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Іваноўскага рабіць героем — ганьба! А верх — апафеоз — гэтага — намер правесці вечар 50-годдзя Саюза Беларускай Моладзі. У савецкай Беларусі, іменна ў савецкай, былі створаны ўмовы для суверэннай дзяржавы! (Усё гэта — з вялікім-вялікім пафасам, нават большым, чым заўсёды.) Пытанне аб Камітэце Дзяржаўнай Бяспекі: каму КДБ павінен належаць — Савету Міністраў ці Вярхоўнаму Савету? Дэп. Грыб за першае — за Савет Міністраў. (Вельмі кепска слухае зала. Старшыня дае званок за званком. Крыкі: „Галасуем!”.) Зноў разгарэліся спрэчкі. Дэп. Грыбанаў: ні ў якім разе нельга ў СМ! Заклікаю не галасаваць! Дэп. Майсееў: чаму Кебіч так цягне КДБ у СМ, пад сваё крыло? Задумаліся? Прашу вас устрымацца ад непрадуманага кроку! Дэп. Баршчэўскі: Хай вырашыць новы Вярхоўны Савет! У вас усё роўна не пройдзе! Гэта пытанне канстытуцыйнае. Толькі пасля прыняцця новай Канстытуцыі вырашыцца. Дэп. Навумчык: у 1991 годзе паводзіны старшыні КДБ Шыркоўскага былі годнымі. Вы ж не захацелі!.. Вы ж не захацелі!.. Вы ж!.. Вы!.. Дэп. Папоў: КДБ павінен быць падпарадкаваны Савету Міністраў! Урад адказвае за бяспеку дзяржавы! Як без КДБ ён забяспечыць? З юрыдычна-прававога пункту гледжання — толькі СМ! (У зале шум, крыкі, поўны хаос!) Кузняцоў[111] яўна не спраўляецца з залай. Трыбуну захапіў дэп. Папкоў[112]. Крычыць: „Мікрафон выключылі за трыбунай! Мікрафон дайце!” Да Кузняцова падляцеў Пазьняк, нешта крычыць яму ў твар, што — не чую. Каля мікрафона на праходзе галяпуе Гермянчук: дайце звесткі! дайце звесткі аб…! Затым махнуў рукой і пайшоў на праводзіны Леха Валенсы, недзе там жа і Шушкевіч. А тым часам прагаласавалі. Трох галасоў для перамогі Саўміна не хапіла. Засталося, як было. Пра падпісанне Шушкевічам Дагавора аб калектыўнай бяспецы. Старшыня ВС Шушкевіч тлумачыць, чаму да гэтага часу Дагавор не падпісаны. (Ой, зараз будзе гвалт! Ой, будзе!) Даказвае, чаму нам ні ў якім разе нельга падпісваць гэты Дагавор. У Таджыкістане ўжо загінула сто тысяч чалавек. Дык што — і мы ўцягнемся туды? (Добра гаворыць, пераканаўча. Вельмі пераканаўча!) Ва Узбекістане насельніцтва ў два разы больш, чым у Беларусі. А армія ў пяць разоў меншая.) Дэп. Ганчар: „Сем пятніц на тыдні. Абвергніце, што гэта не датычыць вас”, „Ці маеце права кіраваць калектыўным органам?”. (О, куды хапіў! Ды як бесцырымонна!) Дэп. Гетц: Дзе карані — чаму пагаршаецца эканамічнае становішча? Шушкевіч: Нельга адной нагой ста яць у чоўне прыватызацыі, а другой — у чоўне планавай эканамічнай сістэмы! Прыклад трэба браць з Польшчы! (Г. зн. усё прыватызаваць.) Дэп. Навумчык: Ці не лічыце вы неабходным зрабіць кадравыя перамены, ка лі ва Урадзе такі развал? Шушкевіч: Не пра асобы га ворка, а пра канцэпцыі! Дэп. Казлоў. Дамагаецца, каб Шушкевіч выказаў свае асабістыя адносіны да Дагавора. Дэп. Новікаў[113] (генерал). Што перашкаджае вам выслухаць ваенных, афіцэраў? Апошняя вашая сустрэча з вайскоўцамi была 2 студзеня 1992 г. Шушкевіч. Армія павінна быць па-за палітыкай. Дэп. Мачуленка. Вы падпісалі ці не падпісалі Дагавор? У вашым лісце ў СНД няма ні слова аб тым, што Вярхоўны Савет РБ — за далучэнне Беларусі да Дагавора аб калектыўнай бяспецы. (Усё гэта — з веданнем працэдуры, юрыдычнага боку справы. О, як зацята, як настырна і як ядавіта!) Дэп. Мінько. Ці ўхваляеце вы ўдар ЗША па Іраку? (У зале рогат.) Дэп. Сарокін (генерал). Чаму тут няма членаў Урада, калі абмяркоўваецца такое важнае пытанне? Дзе Кебіч, міністр Казлоўскі і іншыя? Усе гавораць на расійскай мове, і Шушкевіч таксама — нібыта адпаведна пытанню. Хаця — а чаму? Хай яны пытаюцца па-расійску, а ты — сячы ім на дзяржаўнай беларускай! Дэп. Камай. Можна думаць, што вы перагледзелі сваю пазіцыю, якую займалі ў Віскулях? Так ці не? Шушкевіч. Жыццё ідзе наперад, і трэба ўлічваць новыя рэаліі і рабіць адпаведныя карэктывы. Дэп. Лукашэнка. „Игра!” Ён прымае нас за студэнтаў! „Только двусторонние отношения!” — заяўляў у Віскулях. (Ох, і кусаюць! Ох, і грызуць Старшыню! Пра павагу і гаворкі няма.) Шушкевіч. Калі вы хочаце „на калені” — то я „на калені” не хачу! І каб Беларусь падала на калені — не хачу! Вядома, трэба ісці па шляху двухбаковых згодаў, хаця я не выключаю і іншых пагадненняў. Дэп. Новік (Шушкевічу): Колькі праз Беларусь на захад прайшло зладзейства? Ці лічыце вы, што калі б мы не засцерагліся і дапусцілі, наш Урад пайшоў бы на здачу беларускай Дзяржаўнасці, нашай незалежнасці? Шушкевіч. Не хачу, каб з майго дакладу рабіліся такія высновы… (Рэпліка Станкевіча — напаўголаса, для блізкага акружэння: „Столькі выпіўшы, можна яшчэ і не так гаварыць!” О-о-о, усе ў адну дудку!) Дэп. Скарынін[114]. Здзекліва іранізуе, што Шушкевіч не ведае зместу Дагавора аб калектыўнай бяспецы. О, як прыпірае Станіслава да сцяны! Дэп. Вайцянкоў[115]: Паедзьце з Кебічам у Маскву, і праз два тыдні мы тут збярэмся і абгаворым сітуацыю. Бо сёння ў зале надта многа істэрыкі. Вы досыць паспешліва і нечакана для многіх праінфармавалі, а трэба спакойна, не так, як сёння… З’ездзіце пагаварыце ў Маскве…

30 чэрвеня

У „Розным”. Дэп. Ніканчук[116] — аб школьных падручніках: сітуацыя на сёння катастрафічная, вучыцца няма па чым. Дэп. Звераў[117]. Мільёны даляраў пускаюць на чорт ведае што, а на лекі дзецям няма і цэнта! (Малайчына, Звераў!) Па дакладу С. С. Шушкевіча (працяг). Дэп. Грыб. Вельмі настойліва — у абарону Дагавора аб калектыўнай бяспецы. (З унутраным напорам супраць Шушкевіча.) Дэп. Слямнёў. Спакойна тлумачыць, што праблемы з падпісаннем Дагавора па сутнасці няма. Апраўдвае дзеянні Шушкевіча. Дэп. Піскароў. Рэкамендуе Шушкевічу ехаць у Маскву да Ельцына, а не ў Злучаныя Штаты да Клінтана. Дэп. Грынёў. Гаворыць спакойна, разважліва, — але! Як і Піскароў, рэкамендуе паехаць у Маскву, а не ў Амерыку. Дэп. Скарынін. Патрабуе прагаласаваць за давер Шушкевічу па галоўных пытаннях: Дагавор, КДБ, Рэферэндум і інш. Дэп. Зданевіч. Спакойна, але настойліва гне сваё (прыватызацыю). Дае ў косці і Шушкевічу — за непаслядоўнасць, за непадтрымку ў многіх пытаннях дэмакратаў. Дэп. Сцепаненка (Шушкевічу): Ці ёсць у вас крэда? Лінія? Дзе паслядоўнасць? Што за „изворотливость”? Гэта ж палітычная спекуляцыя! Вы — як прафесійны акцёр! Перастаньце хітраваць! (Бросьте лукавить!) Патрабую: даклад Шушкевіча не прымаць! Паездку ў ЗША адмяніць! На чарговай сесіі паставіць пытанне аб даверы Шушкевічу! (Даўно падазраваў, што гэты былы першы сакратар з Жыткавічаў належыць да ліку крайніх ачмурэлых. Помню, як ён не захацеў сустрэцца са сваім дэпутатам ВС Васілём Быкавым — ухіліўся, схаваўся ад гасцей. Прыехалі — у яго была нарада ў райкаме, і нас папрасілі пачакаць. А потым — няма! Знік! Сакратарка: „Наверное, куда-то срочно позвали…”. Куды? У Мінск? Дык папрасі прабачэння — і госць-дэпутат зразумее…) Дэп. Майсееў: Прэм’ер-міністра — неадкладна ў адстаўку! Наш Савет здольны на разумныя рашэнні. Дэп. Трусаў А. З чаго пачалося ў нас канфліктаванне? З пытання аб уласным войску. „Увесь урад сёння ж у адстаўку!” Дэп. Дзейка (у працяг Трусава): Хто і сёння ў дзяржаўных крэслах? Усе тыя ж чыноўнікі антыбеларускай загартоўкі! (Малайчына, Дзейка!) Дэп. Гілевіч. (Колькі гаварыў — увесь час бачыў, як генерал Піскароў вульгарна паводзіць сябе, ёрнічае, „лыбіцца”, бо — за трыбунай „не той”, і не тое, што ім трэба, кажа. Ды яшчэ і не на той мове.)

1 ліпеня

У „Розным”. Дэп. Даўлюд[118]. Падобна, што дэпутаты Лукашэнка, Станкевіч, Скарынін і інш. страцілі чалавечае сумленне… Дэп. Даўгалёў. (Ад групы „Згода”.) Урад не здольны вырашаць найважныя праблемы, структуры — усе — камуністычных часоў. Змянілі вывескі — і толькі! (У зале шумяць — не падабаецца. А ён — ох і пляжыць. Ох і пляжыць!) Няма канстытуцыйнага ўрада! Ёсць прапановы па новых назначэннях. Абмеркаванне даклада Шушкевіча (працяг). Дэп. Грынёў. Трэба распрацаваць доўгатэрміновую эканамічную палітыку. Для гэтага — Шушкевічу сустрэцца з Ельцыным. Шушкевіч прымае прапанову. Падтрымалі і галасаваннем. Дэп. Трусаў. Адмяніць паездку афіцыйнай дэлегацыі на чале з Шушкевічам у ЗША, а заняцца тут наспелымі праблемамі. Дэпутата Вярцінскага А. І. заглушылі. Заглушаюць і дэп. Заблоцкага крыкуны з фракцыі „Беларусь”. Дэп. Карпенка паездку падтрымаў, але… з агаворкамі. Паездкі фармальныя, гасцявыя, з жонкамі і дзеткамі — навошта? Дайце праграму паездкі! (Даўно бачу, што Карпенку наш спікер нечым не задавальняе.) Шушкевіч дакладвае, што ў праграме, але скомкана. Дэп. Цярэшка. Заклікае: Будзем памяркоўнымі! Гэта не проста візіт старшыні ВС, а візіт кіраўніцтва дзяржавы. Прадугледжана падпісанне многіх пагадненняў. (У зале шумяць, крычаць, адчуваецца агульная непрыязнасць да ЗША.) Дэп. Гетц. Чаму не ў кампетэнцыі ВС задума паездкі? Іменна Вярхоўны Савет павінен рашаць! (Крычыць.) Чаму іменна гэтыя ў дэлегацыі людзі? Дэп. Мачуленка. Не трэба сёння галасаваць прапановы! Дэп. Станкевіч. Уключыць у склад дэлегацыі міністра Краўчанку[119]! Шушкевіч упарціцца, стаіць на сваім. Паставілі пытанне на галасаванне. Супроць паездкі ў ЗША — усяго 44 галасы. Дробны крыкун за спіной у мяне крычыць і крычыць — ну проста як дурнаватая вясковая баба. Мае права! Дык чаму ж не? Дэп. Цумараў[120]. Коратка і ясна — звольніць з пасадаў увесь Прэзідыум ВС — і не менш! Дэп. Булахаў. Горача падтрымаў Цумарава. Дэп. Ганчар. Зноў у атаку на Шушкевіча і Прэзідыум. Дэп. Карпенка. Зноў пра маральны бок у справах дзяржаўных. Спрэчкі скончыліся галасаваннем. За недавер Шушкевічу — 166, за давер — 27, астатнія, больш сотні, не галасавалі ніяк. На перапынку члены прэзідыума сабраліся ў пакойчыку за сцэнай. Апрача Шушкевіча і Кузняцова былі Грыб, Слямнёў, Савіцкі, Кулічкоў, Леўчык, Сасноў, Гілевіч… угаворвалі Шушкевіча па прасіць прабачэння ў ВС за пераход у спрэчках на пярсоны, бо гэта, маўляў, на шкоду яму самому. Вядома, карэктнасць трэба захоўваць. Пасада!

2 ліпеня

У „Розным”. Дэп. Кучынскі робіць „утык” Кебічу, што і ён вінаваты (а не толькі кіраўніцтва ВС) у знішчэн ні зброі, якая патрэбная нашай рэспубліцы. Дэп. Навумчык. Заўвага ў адрас рэдакцыйнай камісіі ВС — крытыка радыё і тэлебачання за тэндэнцыйны характар інфармацыі, за нападкі на тых, „што не хацелі ўдзельнічаць у камуністычным шабашы, у спробе камуністычнага перавароту”. Дэп. Герасюк. Падстаў крыўдзіцца на Шушкевіча шмат… Але — хто раскрадае дзяржаўныя, народныя багацці, хто шыкоўна будуецца? Ке біч, Кенік, Мясніковіч — не хопіць часу, каб назваць усіх. Пытанне аб імянных прыватызацыйных чэках. Дакладчык — старшыня камісіі Козік[121]. Вельмі складанае, цяжкае пытанне. З дакладу мне стала ясна адно: для зладзюганаў тут магчымасці пажывіцца і нажыцца агромністыя. Пачаліся гарачыя, вострыя спрэчкі.

6 ліпеня

У „Розным”. Дэп. Ціхіня[122]. Абвінавачвае ва ўсім Шушкевіча і пагражае: сыходзь! (Нічога не дайшло да шаноўнага?) Дэп. Гілевіч. Дзяржаўныя мужы (Кебіч і іншыя) не пераадолелі псіхалогіі залежнасці, паслухмянасці, падпарадкавання Крамлю — захавалі звыклы стан душы, свядомасці: там, там разумнейшыя, мудрэйшыя, там ведаюць лепш, як павінна быць, як трэба, — там! Яны бяруць на сябе адказнасць — і нам так лепш, лягчэй і прасцей, зручней. Нашыя мужы не падняліся ў душы, у свядомасці, да самастойнасці, да незалежнасці, да самапачування гаспадарамі ў сваім доме, да ўсведамлення: „Мы вырашаем, як і што, мы самі! Мы і толькі мы! Мы бярэм на сябе ўсю адказнасць!”. Дэп. Майсееў. Выказаўся ў падтрымку Шушкевіча. Дэп. Новік. Таксама абараняе пазіцыю Шушкевіча. Дэп. Дзейка. Робіць запыт старшыні КДБ Шыркоўскаму (паўторна, ужо нядаўна рабіў): якімі фактамі валодае КДБ? „Патрабую поўнай інфармацыі!” Дэп. Крыжаноўскі. Абвінавачвае былых партакратаў у ганебнай пазіцыі. Затым пра дэп. Станкевіча, які нібыта яму прыгразіў: „Мы тебя сделаем инвалидом” (У зале шум, незадавальненне. Відаць, Станкевіч гаварыў жартам). Пытанне аб прыватызацыйных чэках. Прэамбулу да размовы зрабіў Шушкевіч. Але дакладчык Козік папрасіў на некалькі гадзінаў адкласці абмеркаванне. А ў гэтага, што ў мяне за спіною, не зачынецца рот — зусім не помніць чалавек, дзе ён знаходзіцца: крычыць па ўсякім повадзе і без поваду. Пытанне аб пакаранні смерцю — уводзіць ці не ўводзіць у Беларусі гэту вышэйшую меру пакарання за цяжкае злачынства. Старшыня Вярхоўнага Суда Каравай прапанаваў адмяніць смяротнае пакаранне за эканамічныя злачынствы (якія б цяжкія яны не былі). Нечакана разгарэлася вялікая спрэчка, здаецца, ёй не будзе канца.

7 ліпеня

У „Розным”. Дэп. Качан. Зноў той жа крык — і гэта ўжо сумна. Адкладзенае пытанне аб прыватызацыйных чэках. Дакладчык — Козік. Пачалася вострая гаворка — і законапраект сёння не прынялі. Пытанне аб Рэферэндуме. Дакладчык — старшыня Камісіі Леўчык. Фактычна даклада не зрабіў, сказаў дзве-тры фразы і — „Законапраект у вас у руках. Чытайце! Рашайце! Галасуйце!”. Дэп. Баршчэўскі. Гаворыць без паперкі. Як прафесійны прамоўца. Ды і голас пастаўлены. Пра рэферэндум — вельмі пераканаўча. Дэп. Навумчык. Б’е Шушкевіча за згодніцтва з партакратамі. Дэп. Прывалаў. О, які баявіты палкоўнік! Цікава, хто яму напісаў гэты лямант? Колькі нецярпімасці, нянавісці, варожасці да… Тон — падкрэслена ваенны, загадны. Патрабуе не выносіць пытанне пра Дагавор аб Калектыўнай бяспецы на рэферэндум. Увогуле — рэзка супроць правядзення рэферэндуму. Калі ж і праводзіць, то: „Что делать с языком, на котором в Беларуси говорят 90 процентов населения?”. О, які гадзюк! Крыві, крыві хочуць, таварышы палкоўнікі!.. Дэп. Сарокін, генерал. У тую ж дудку, што і палкоўнік. Адна нянавісць да Беларусі, да нашай незалежнасці, да нашай мовы. Дэп. Казлоў. Нібыта спакойна і культурна. Спаслаўся на артыкул Н. Г. аб расійскай мове ў Беларусі, аб яе статусе па Канстытуцыі (мова міжнацыянальных зносінаў). „Гэта ўсё мы адрэгулюем! Мы павінны ставіць пытанне на рэферэндуме!” Дэп. Зданевіч. Дае ў косці і Шушкевічу за балансаванне сярод правай большасці. Дэп. Скарынін. Дубасіць Шушкевіча па ўсіх лініях. Пазіцыю спікера характарызуе як „верх цынізму”. Гэта ў Шушкевіча — цынізм? Дзе? Дэп. Пракопаў. Патрэбны неадкладныя выбары прэзідэнта! Дэп. Какоўка. Здзекуецца з партакратычнай большасці ў зале. Дэп. Пазьняк. Як і Какоўка, бязлітасна здзекуецца з пракамуністычнай бальшыні ў зале, але яшчэ больш здзекліва — з Шушкевіча. Вось гэта і ёсць мы, беларусы. Толькі так! Толькі есці адзін аднаго! Іначай мы не можам! Дэп. Жукоўскі. О, які галасок! Толькі на плошчу! Толькі на мітынг! Стары ідэалагічны кадр з тых, што не турбуюцца — слухаюць іх людзі ці не слухаюць, ведае, што перакрычыць усіх. Поўныя вушы, поўная галава крыку, бухання ў мікрафон! І навошта так галяпаваць? Дэп. Ганчар. Ад пачатку да канца — суцэльны здзек з Шушкевіча… Дэп. Даўгалёў. О, як з’еў Ганчара! Аж запляскалі ў зале. Шушкевіч. Заключнае слова. Адбіваецца, як можа. Амаль нічога не прызнае. І зноў сарваўся (у дачыненні да Ганчара). Божа, як сумна, горка і брыдка! Як горка! Нішто не аб’яднае нас, нішто! Тое, што магло нас аб’яднаць — таго ў душах няма. Свяшчэнны доўг перад Беларуссю — г. зн. перад мовай і культурай Беларусі, перад Святым Духам Беларусі, — няма! Думаюць пра іншае — пра свае чыноўніцкія амбіцыі, пра сваю ўласную пыху…

9 лістапада

Просьба нашай Камісіі ўключыць у Парадак дня пытанне аб архівах і бібліятэках адхілена. Абодва законапраекты не прайшлі: двойчы ставілі на галасаванне — і двойчы родненькія дэпутаты правалілі. Ні архівы, ні бібліятэкі іх не хвалююць. Дробязь! Хаця на абмеркаванне гэтых законапраектаў у першым чытанні хапіла б дзесяці хвілін. Так людзі выка залі свае адносіны да культуры наогул. Удалося ўста віць у Парадак дня пытанне аб зарплаце настаўнікам і педагогам. Дэп. Пазьняк: „Першым трэба ставіць пытанне аб адстаўцы Урада!” І вельмі рэзка асудзіў Урад, які давёў краіну да цяперашняга становішча. Дэп. Ізмайлава (ваяўнічая бабулька!): зусім не па тэме Парадку дня пачала крычаць аб пагрозе дзяржаве з боку апазіцыі і БНФ. Гэтую небяспеку ўбачыла яна і ў інтэрв’ю Сярэдзіча з Шушкевічам. (За два рады перада мной сядзіць дэпутат „ад інвалідаў” і ўвесь час паварочвае галаву, каб кінуць кеплівую рэпліку Гермянчуку, а ўхмылка дурненька-дурненькая. Можа, і добры чалавек, і заслужаны ветэран, але… Ён ведае адно, што трэба перш за ўсё ўчыняць абструкцыю „дэмакратам”. Крычы, стукай і грукай нагой аб падлогу, рукамі па стале. Навыбіралі такіх законатворцаў, навыбіралі!.. А для чаго? Недарэчна гэта было зроблена, недарэчна.

11 лістапада

Дэп. Гілевіч: „Дазвольце сказаць пра адно ўражанне, якое мяне вельмі засмучае. Мнагавата гаворыцца тут таго, што не дапамагае адказаць на пытанне: як, якімі шляхамі выйсці з глыбокага крызісу, як не дапусціць, каб здарылася самае горшае — каб абрабаваныя, ашуканыя няшчасныя сумленныя людзі не пачалі паміраць ад голаду і холаду”. „Дарэчы, у вуснах многіх нашых грамадзян словы „суверэнітэт”, „незалежнасць” сталі словамі зняважліва-абразлівымі, гучаць, як лаянка. Няшчасце на галаву звалілася — суверэнітэт! Жылі-жылі — і раптам на табе! Суверэнітэт!..” 16 лістапада. Абмеркаванне дакладаў С. С. Шушкевіча і В. Ф. Кебіча. Дэп. Заблоцкі У. М. Нам патрэбен нейтралітэт па ўзору Швецыі. У любых абставінах — нейтралітэт! Ні ў якім разе не ўтвараць агульную рублёвую зону з Расіяй. Рашуча супроць здачы суверэнітэта і незалежнасці! Прапанаваў выбраць старшынёй Урада… Марыніча. (У зале — шум і посмехі — не прынялі.) Дэп. Новік У. У. „Сёння Расія ў руках ліберальнай буржуазіі, а заўтра?” Трэба было на другі дзень пасля ўвядзення расійскага рубля нам у Беларусі ўводзіць свой, беларускі. Вярхоўны Савет і Савет Міністраў не зрабілі гэтага. Задзейнічалі хапугі. Трэба помніць пра геапалітычныя інтарэсы Расіі ў Беларусі. Паглядзіце: набіраюць сілу дзялкі-кампрадоры! Я заклікаю і ВС і СМ да разумнай згоды. Урад, дай праграму выйсця са становішча! ВС адказвае за дзейнасць Урада, і калі той не так дзейнічае — дык у адстаўку! Дэп. Садоўскі П. В[123]. Колькі будзе цягнуцца пераходны перыяд з агульным рублём, агульнай рублёвай зонай? Павінна быць камісія, якая б выпрацавала праграму выратавання эканомікі. Гэта зробіць абноўлены Урад — толькі абноўлены! Далей П. В. ро біць бліскучы аналіз, куды пайшлі грошыкі і адкуль іх узяць. (Куды ўцяклі капіталы?) Дэп. Сукач М. Д. Уз нік ла патавая сітуацыя — з-за канфрантацыі ВС і СМ. Няма агульнай стратэгіі — вось бяда! Чаму ў нас павінна быць горш, калі маюцца ўсе ўмовы, каб было лепш? Адкажыце, хто вінаваты? Вячаслаў Францавіч, ніколі не хітрыце! Я — за ўласную беларускую валюту! Але — не за ізаляцыю!.. Вячаслаў Францавіч, вы кажаце: мы не дапусцім развалу сельскай гаспадаркі. Ды яна ж ужо развалена! Калгас ужо не корміць, а фермер тым больш не можа карміць, бо не мае падтрымкі. Нам ёсць чым гандляваць з усім светам, а не залежаць ад Расіі! (Ой, як разумна гаворыць!) І яшчэ: трэба пакончыць з хаосам у мясцовых уладах! Скараціць начальнікаў усіх рангаў (скароцяцца шафёры, бензін, сакратаркі!). Дэп. Чакушоў У. М[124]. Нашто нам рабіць самазвалы і столькі трактароў, не маючы сваёй матэрыяльнай базы (вугалю, руды)? Знізілі экспарт, прадаём за бясцэнак. Перавагі клірынга відавочныя, але мы не ўмеем ім карыстацца. Дэп. Турак[125] А. М. Чаша цярпення перапоўнена. Хаваем ад людскіх вачэй бяздзейнасць. (Слухаюць, як і папярэдняга, кепска!) Яўны здзек з вытворцаў! „Беспредел” ва ўзаемаразліках з краінамі СНД. Дэп. Андрэйчанка У. П.[126] У сельскай гаспадарцы мы дайшлі да небяспечнай рысы. Усе калгасы сталі аднолькава беднымі. У жніўні працуем у полі па 6–7 гадзін — удумайцеся! „Не будзе вёскі — не будзе і рэспублікі!” (!!!) Пастаўлялі ў Расію 300 тысяч тон мяса, зараз — 40 тысяч тон. Павярнуць бюджэт на сельскую гаспадарку! Непарытэт цэн — галоўная прычына гібелі сельскай гаспадаркі! Сёння крэдытаванне сяла — ніякае. Трэба даць вёсцы ільготныя крэдыты! Разлік за здадзеную сельскую прадукцыю праводзіцца несвоечасова, а грошы абясцэньваюцца. Дэп. Цялежнікаў У. І. Ні адно рашэнне Вярхоўнага Савета не давялі да канца — за ўсе тры гады. Мы спадзяваліся на палітычны цуд, а ён не адбыўся. Але яшчэ многія ў яго вераць. І эканамічнага цуда не будзе. Адказнасць на нас. Трэба правесці структурныя змены ў Савеце Міністраў. Дэп. Цярэшка І. І. Аб рабоце Нацыянальнага банка: яго палітыка прывяла да вялікіх страт у народнай гаспадарцы, да іншых страт. (Рэпліка з залы: „Усё ў руках Савета Міністраў, а не банка!”) Прапаную падпарадкаваць Нацыянальны банк Прэзідыуму Вярхоўнага Савета. (Ну і прапанова!) Дэп. Навумчык С. І. дае ацэнкі дакладам Шушкевіча і Кебіча. „Вы, Вячаслаў Францавіч, чатыры гады ўзначальваеце Урад — і што зрабілі? Зарплата — 26 адсот каў „спажывецкага кошыка”. Пазыка — ужо каля двух мільярдаў даляраў. Хто разлічыцца? Наступныя пакаленні народа? Савет Міністраў займаецца не эканомікай, а паліты кай і палітыканствам. Прапаную ства рыць пе ра ход ны ка аліцыйны Урад. З гэтым мы, апазіцыя, і выйшлі на Сесію. Дэп. Трусаў А. А. Згодніцкая палітыка Шушкевіча карысці народу не дала. Паглядзіце на харомы сучасных буржуяў вакол Мінска і іншых гарадоў — хто жыве і будзе жыць у іх? Урад даў прастору жулікам, злодзеям. Зняў мытню з аднаго боку. Мае прапановы: першая, трэба стварыць кааліцыйны Урад, другая, скараціць колькасць міністраў (і яшчэ восем прапаноў!). Дэп. Жыдзіляеў І. І. Так і не зразумеў з дакладу Кебіча, ці бачыць Урад крызіс эканомікі. І ў Шушкевіча мала канкрэтных прапаноў. Дэп. Карпенка Г. Дз. У дакладах няма аналізу крызісу ўлады на ўсіх узроўнях. Ідзе працэс палітычнага развалу дзяржавы. Перад намі два шляхі выйсця: дрэнны і зусім дрэнны. (Абмалёўвае гэтыя шляхі.) Галоўная задача — выратаванне насельніцтва ад голаду і холаду. (Малайчына!) Дэп. Какоўка В. Ф. Спасылаецца на сваю нацыянальную валюту ў Казахстане і Узбекістане. Прыводзіць прыклад Германіі пасля вайны: стабільнасць валюты (грошай) і цэн. Гэта галоўнае права чалавека — стабільнасць. Асноўнай задачай сёння бачу змену прэм’ера. Дэп. Жук А. М. Крытыкуй — каб самому дарвацца да ўлады, — і ўсё! Многія так і робяць. Аб справах у Аграпроме скажу так: горш, чым дзе б ні было! Дэп. Лукашэнка А. Р. (Крытыкуе даклад Шушкевіча, але — не пераканаўча, абы прычапіцца. Нічога канструк тыўнага не сказаў. Агульнае ўражанне — дэмагогія і па пулізм.) „А дзе, Станіслаў Станіслававіч, былі вы? З вамі з гэтага крызісу мы не выйдзем! Прапаную вызваліць ад пасад і Шушкевіча, і Кебіча”. (Шушкевіч тут жа даў водпаведзь.) Дэп. Каўбаска М. І[127]. Вельмі ўпэўнена — за сваю беларускую валюту як за сімвал незалежнасці. (Малайчына, Каўбаска, не чакаў!) Дэп. Камай А. С. Корань усіх бед зусім не там, куды паказвае Шушкевіч. А ў Віскулях! У рыначнай стыхіі, якая можа запанаваць у рэспубліцы! У дакладах Шушкевіча і Кебіча няма эканамічных разлікаў. Шушкевіч хай выконвае волю Вярхоўнага Савета! У сельскай гаспадарцы патрэбна мэтавая дзяржаўная праграма па вытворчасці прадукцыі (мяса і малака). Дэп. Грынёў М. Ф. Рэзка крытыкуе Шушкевіча і тых, хто супроць агульнарублёвай зоны. „Давайце гандляваць! Працуем на склад, а трэба везці ў Расію! Я — за незалежнасць, але гэта трэба рабіць паступова, разумна, узважана, а не з ходу!” (??? Што гэта значыць?) Рожкі-ножкі засталіся ад абяцанняў. Помнік паставяць Кебічу і Чарнамырдзіну за падпісанне пагадненняў аб далучэнні… да Расіі. Дэп. Крыжаноўскі М. К. Хваліць даклад Шушкевіча; Кебіч прачытаў той самы даклад, што і шмат разоў раней. Урад не ажыццяўляе законы. (У зале шумяць.) Б’е наменклатуршчыкаў за катэджы: цэмент бяруць па 70 рублёў мяшок, шпалеры — па 3,5 рубля метр. „Гарызонт” праеў крэдыт на 20 млн. марак, а выраб тэлевізараў знізіўся на 140 тысяч. (Сапраўды, дзіўна! Дзе ж плён ад крэдыту?) Жудасныя страты БелАЗа!.. Дэп. Грыб М. І. У дакладах прагучала сур’ёзная крытыка і самакрытыка. Расійскія тавары складуць нашым моцную канкурэнцыю. Не забываць і аспекты палітычныя! Павінен быць рэальны падзел уладаў і паўнамоцтваў. Дэп. Жукоўскі М. Дз. У дакладах бачанне выйсця ёсць, задача ў тым, каб аб’яднаць намаганні. У свеце 170 рыначных дзяржаў, а працвітаюць з іх — 20–30. А чаму? Рыначныя адносіны павінны быць рэгуляваныя! Трэба сыходзіць з тых пазіцый, на якіх былі, калі звалілася на нас незалежнасць Беларусі. Сродкаў аднаго бюджэту не хопіць на сацыяльна незабяспечаных. Гуманітарная дапамога часта паступае абы-каму, а не ў дзяржаўны фонд. Дэп. Спіглазаў А. Ф[128]. Эканоміка не церпіць эксперыментаў. Нам абавязкова патрэбная свая валюта! Трэба мяняць склад Урада, і ёсць кім замяняць у самім Урадзе. Дэп. Баршчэўскі Л. П. З агульнай рублёвай зонай страцім і ўнутраны рынак — канчаткова! Задача Урада — прагназаваць, што будзе. Урад ставіць на палітычную карту, і нас ужо не ўспрымаюць як самастойную, незалежную краіну. Неабходна зрабіць поўныя замены ва Урадзе! Вячаслаў Францавіч, падайце ў адстаўку — і я складу свой дэпутацкі мандат і не буду выбірацца на чарговых выбарах! Дэп. Пазьняк З. С. Віна Кебіча — у разбурэнні эканомікі і многага іншага. Прычына — у палітычных пазіцыях Кебіча. Ён — за адраджэнне СССР, за ліквідацыю незалежнай Рэспублікі Беларусь, за ператварэнне Беларусі ў эканамічнае падмаскоўе. Самая вялікая шкода, нанесенная Урадам, — паліўны голад. У Балтыі — свая валюта, і таму — зусім іншае становішча. (Дае Кебічу і ў хвост і ў грыву!) „Што гэта за скамароства? Адкуль гэта глупства? Апрача дзяржаўнага самазабойства — Кебіч не бачыць выйсця. Ён не бачыць і не ра зумее, як выйсці з крызіснага становішча. Дэп. Данілевіч І. М.[129] Нагадвае пра гучную заяву Урада „легчы пад паравоз” — калі спатрэбіцца. „Буду гаварыць пра сельскую гаспадарку. Кожны дакладчык лічыць, што праўда ў яго. А я не бачу праўды ні ў аднаго, ні ў другога. Усходнія немцы не ліквідавалі сельгаскалектывы. Усякая стратэгія пачынаецца з земляробства. Я, кіраўнік аграфірмы, прадаў усю прадукцыю — і стаў у шэсць разоў бядней. Што ж гэта? Скажыце: калі пяройдзем на сусветныя цэны? Тады вёска выжыве. Ні адна сельская гаспадарка ў свеце не жыве без датацыі. Як дажыць да 1-га студзеня — не знаю. Лічу: тое, што зрабіў Нацыянальны банк, гэта — дыверсія супроць сяла. СМ павінен прадугледзець сродкі на вёску, на сельскую гаспадарку. Лён і бабовыя — наша золата, а не бульба і не мяса. Дэп. Грыбанаў У. М. Чакалі высноў ад Шушкевіча. Але — не было: ні аб рэформах, ні аб адстаўцы. Як ісці да мэты — адказу не пачулі ў дакладах. Трэба хірургічнае ўмяшанне! Са скальпелем!

17 лістапада

Працяг абмеркавання дакладаў Шушкевіча С. С. і Кебіча В. Ф. Дэп. Булахаў Дз. П. Здрада нацыянальным інтарэсам — голы суверэнітэт, што ў галовах у нацыянал-радыкалаў. Трэба наводзіць парадак у структурах улады — у рамках Канстытуцыі. 1. Давайце падпішам пагадненні! 2. Абновім склад Урада! 3. Прымем новую Канстытуцыю! 4. Нам трэба моцная ўлада! („Сильная власть!” Што мае на ўвазе? Дыктатара?) Дэп. Даўгалёў В. Б. Прапановы Шушкевіча і Кебіча, як выйсці з крызісу, — прынцыпова разыходзяцца. Далей прыводзіць жахлівыя лічбы (сапраўды: жах!). Міністэрства абароны стала камерцыйным. 500 тысяч гектараў лясоў, што ў веданні ваенных, — распрадаюцца. (Жах!) У кішэні сабе кладуць мільёны. (Жах!). Глыбокі крызіс праваахоўнай сістэмы. Горш няма куды. Прэм’ер адводзіць кожны раз убок ад галоўнага якой-небудзь прыдумкай. Урад не здольны ўзначаліць работу па выхаду з крызісу — трэба ставіць пытанне аб яго адстаўцы! Дэп. Кучынскі Е. Ф. Крытыкуе Вярхоўны Савет за знешнепалітычную дзейнасць. За неажыццяўленне пагадненняў, падпісанных у Віскулях. „Скажыце: чаму ніводнай пастановы аб паездках у краіны СНД? Вузкі круг людзей дыктуе волю нам — усяму Вярхоўнаму Савету. Прапаную: 1. Зняць Шушкевіча з пасады старшыні ВС. 2. Прагаласаваць давер старшыні Нацбанка. 3. Трэба новая каманда, якая павядзе дзяржаву. (З каго, з якіх сіл каманда?) Дэп. Сечка Л. Н. Сітуацыя з банкавай справай у нас — нікуды не вартая. Патрэбна паэтапная рэарганізацыя кіраўнічых структур. Дэп. Кулакоў У. П.[130] Што ў краіне такое становішча — вінаватыя і Урад і Вярхоўны Савет. Ніхто за нас нашы праблемы не вырашыць. Я — за эканамічны саюз з Расіяй, за рублёвую зону. Але — гэта залежыць не толькі ад РБ. Беларусь — зборачны цэх, залежны ад Расіі і іншых краін. Прапаную: 1. Правесці глыбокую структурную перабудову народнай гаспадаркі! 2. Трэба іншая падатковая сістэма. 3. Рацыянальна выкарыстоўваць рэсурсы! Напрыклад, лес: мы яго гонім за мяжу неапрацаваным, а трэба гнаць мэблю. Навісла небяспека над ільнаводствам. 4. Нельга траціць рынак збыту сельгаспрадукцыі. У нас ідзе няспынны рост цэн. Але ж гэта — не рынак! Рынак — канкурэнцыя тавараў! Дэп. Гаркун У. Г. Што і як рабіць далей? Якія рэальныя шляхі на заўтра? — Ратыфікаваць пагадненне з Расіяй! Розніца ў цэнах прывяла да поўнага банкруцтва многіх-многіх гаспадарак. Выйсце адно — у цэнавай палітыцы. Чым больш калгас вырабляе мяса і малака — тым больш стратна для яго! Што гэта? Бутэлька кефіру — 40 рублёў, бутэлька мінералкі — 330! Што гэта ТАКОЕ? Карэнным чынам змяніць крэдытную палітыку! Няма доўгатэрміновых крэдытаў для сельскай гаспадаркі. Што гэта? Дзе такое ёсць у свеце? (Божа прамілы! Сапраўды: што гэта? Што гэта?) Дэп. Сасноў А. В. Толькі эканамічныя рэформы змогуць выратаваць краіну! Хай і ў саюзе з Расіяй і іншымі дзяржавамі — але рэформы! І рэнтабельныя прадпрыемствы чакае крах, калі не абнаўляць фонды. Даць рэнтабельным прадпрыемствам замацавацца на рынку! Бо — адкуль будзе бюджэт? Урад абяцае… ужо тры гады! А Вярхоўны Савет верыць яму! І зацвярджае кожную новую праграму. Адносіны Урада да недзяржаўнага сектара — абыякавыя, няма падтрымкі. Можа, усё ж адправім Урад у адстаўку? (Які малайчына Сасноў, які малайчына!) Дэп. Беленькі Ю. А. Прычына развалу фінансавага становішча Беларусі — поўная некампетэнтнасць Урада ў фінансава-валютных справах. Ён прымае незаконныя пастановы. Банк іх не выконвае. Ствараецца фіктыўны капітал. (Во! Во малайчына!) Што дасць аб’яднанне грашовых сістэм? Будзе страшны ўдар па сельскай гаспадарцы. Нацыянальны банк не дапаможа ёй. Дэп. Пракаповіч П. П. Што мы сабе думаем? Маем 150 мільярдаў доўгу Расіі за газ — і чакаем, пакуль нас адключаць? Чаму Вярхоўны Савет не кантралюе выкананне Законаў і Пастаноў? Напрыклад, аб прыярытэтах сяла? Паставілі б пытанне — і вызвалілі ад пасады, калі Багданкевіч не слухае! КДБ — у вас! Кантрольная палата — у вас! Дэп. Гермянчук І. І. Лепш сёння адправіць Кебіча пакаваць чамаданы! Бо праз месяц-другі ўсё адно пойдзе! (У зале шумяць, стукаюць, ляпаюць.) Заяўляюць: „Рэспубліка папала ў крызіс!” Як быццам — сама сабой! Ніякага даверу Ураду няма і не будзе! Абяцалі, абяцалі і зноў абяцаюць! І што? У рабочы час член Прэзідыума Вярхоўнага Савета едзе на свой катэдж. Гэта не дробязь, гэта нахабства! Жонку Кебіча злавілі за руку: тры мільёны бюджэтных даляраў! І што? Журналіста — у суд! Дэп. Голубеў В. Ф. Хто будзе несці адказнасць за невыкананне Праграм? Чаму вы, Станіслаў Станіслававіч, не паставілі пытанне аб бяздзейнасці Урада? Не трэба, сп. Кебіч, уводзіць валюту сваю прымусова! Расійскі Урад будуе Расію. Кебіч не разуме гэта, ці не хоча разумець. Наконт структуры Урада скажу: у нас над міністрамі стаяць упраўленні і кіруюць міністэрствамі. Наконт знешняй палітыкі: станцыю Гадуцішкі аддалі Літве. Без рашэння Вярхоўнага Савета! Кебіч аддаў! Сам! (Ох, і зашумелі-закруціліся ў зале.) Дэп. Герасіменка А. М.[131] Заклікаю падтрымаць ідэю стварэння Вышэйшага Савета па эканоміцы. 1. Рэфармаваць банкавую сістэму. Усе банкі передаць Ураду! 2. Падатковая палітыка павінна стымуляваць прадпрыемствы, а не быць фіскальнай. Затым цытуе нейкі зварот аб падтрымцы эканамічнага саюза і рублёвай зоны. Прадпрыемствы вінаваты гораду Мінску 75 мільярдаў рублёў (Жах! Што ж адбываецца?) Рэкамендуе не захапляцца чэкамі, думаць пра сацыяльную абарону грамадзян! І пра бюджэт! Дэп. Сямдзянава Г. Г.[132] Чэргі па хлеб такія, што — у адстаўку ўвесь кабінет Урада! Яго грахі не пералічыць! Дэп. Унучка Р. І. БНФ і ПКБ (Партыя камуністаў) самкнуліся ў сваёй дзейнасці. Мала шукаем крыніцы энергіі. Ядзерную трэба развіваць! Каб не загубіць эканоміку — трэба ўзяць крэдыт на 450–500 мільёнаў даляраў. Вёску заспакойваем, ашукваем — як і раней. Вытворчасць прадукцыі сельскагаспадарчай стала нявыгаднай. Стала нявыгадна ў вёсцы жыць. Дэп. Антончык С. А. Гваздае карпаратыўныя партыйна-дзяржаўныя групы, якія рабуюць народ і краіну. (Ой гваздае!) Гваздае — як прайдзісветаў. (А як доказна!) Урад дазваляе ім займацца прыхватызацыяй! У гэтых умовах — толькі адстаўка Урада! Заклікае народ да забастовак, да бунту, на вуліцу! (Такога з трыбуны ВС яшчэ не гучала!.. Сапраўдны рабоча-пралетарскі лідэр! Брава, Антончык!) Дэп. Качан М. А. Унучка — былы першы сакратар РК КПСС, сёння ён — жоўта-карычневы. Я абвяргаю ўсе яго абвінавачванні. Далей — драпежыць БНФ, прамовы Пазьняка, Гермянчука, Голубева. А галоўнае — у адстаў ку Шушкевіча! У гэтых мэтах патрабуе арганіза ваць ліст выбаршчыкаў. І зноў і зноў — пра Віскулі. Дэп. Алампіеў В. П.[133] Мы ўхіліліся ад рашэння эканамічных праблем. Цытуе Лінга: „Калі паперадзе эканомікі ідзе палітыка — будзе крах!” Не будзе — ужо ёсць. (Робіць доказны аналіз гэтага.) Што ў такім хаосе, як у нас, можна зрабіць? Адны (Заламай, Казлоў) — за СНД, другія — супроць, за дэнансацыю дагавора. Кебіч даўно заслугоўвае адстаўкі! Дэп. Марыніч М. В. Заклікаў падтымаць і Кебіча і Шушкевіча. Даверыцца ім — і няхай працуюць!

18 лістапада

Дэп. Гілевіч Н. С. Тут была заява, што пытанне аб незалежнасці хочуць абмяркоўваць адно дэпутаты з апазіцыі — члены БНФ ды Грамады. Я не належу ні да БНФ, ні да Грамады, ні да якой-небудзь іншай партыі. Не належу і не збіраюся належаць. Але я належу да народа, які тут жыў, жыве і будзе жыць і які заслугоўвае лепшае долі, чым тая, якую меў у стагоддзях, калі з яго воляй ніхто не лічыўся, да народу, які мае права, Богам данае права, быць і пачувацца гаспадаром на гэтай зямлі, на сваёй роднай зямлі — іншай у яго няма. І таму зразумець маю трывогу ў гэтую хвіліну, думаю, няцяжка. Нельга недаацэньваць момант, які мы зараз перажываем — бо ён можа аказацца лёсавызначальным, ён можа стаць пачаткам канца — канца таго, да чаго мы так доўга ішлі — да суверэннасці, да незалежнасці. І што ж прымушае многіх з нас, сыны і дочкі Беларусі, так легкадумна ставіцца да лёсу сваёй Бацькаўшчыны? Рэд.: Верш, згаданы аўтарам у запісе за 4 студзеня 1993 г., друкуецца паводле выдання: Гілевіч Н. Незалежнасць: зб. вершаў. Мінск, 1991.

Пра нашу годнасць

Што праўда,

То праўда –

Даўно гэта стала:

Віхляння — багата,

А годнасці — мала.

Багата юродства,

Блюзнерства,

Крыўляння,

А мова народа –

На грані сканання.

Таму і цямнеем,

Чарнеем ад злосці.

Аж хочацца нават

Ударыць кагосьці.

Каго — зразумела,

Ды чорт яго знае,

Чым кончыцца можа

Адвага такая!

І што ж тады робім

У злосці і скрусе

Мы — існыя родам

Сыны Беларусі?

Што — робім?

А б’ём-дабіваем заўзята

Свайго

Недабітага злыднямі

Брата.

У гэтым — і мужнасць,

І мудрасць,

І годнасць,

І нашага гора-гібення

Нязводнасць.

(27.11.1989)

* Першая версія дзённіка публікавалася ў газеце „Літаратурная Беларусь” (№№ 52–54, 56; снежань 2010 — красавік 2011).


[1] Шушкевіч Станіслаў Станіслававіч (нар. 1934) — беларускі фізік, дзяржаўны дзеяч, у 1991–1994 — старшыня Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь. (Біяграфічныя звес ткі пра згаданых аўтарам асобаў падаюцца па стане на 1993 г. — Рэд.)
[2] Ельцын Барыс Мікалаевіч (1931–2007) — першы прэзідэнт Расійскай Федэрацыі, займаў пасаду прэзідэнта з 1991 да 1999.
[3] Руцкой Аляксандр Уладзіміравіч (нар. 1947) — расійскі дзяржаўны і палітычны дзеяч, з 1991 да 1993 — першы і апошні віцэ-прэзідэнт Расійскай Федэрацыі.
[4] Вайтовіч Яўген Канстанцінавіч — беларускі палітык і дыпламат. З 16 ліпеня 1990 быў міністрам культуры БССР.
[5] Данчык (Багдан Андрусішын, нар. 1958) — беларускі спявак і журналіст. Супрацоўнік, в. а. дырэктара Беларускай службы „Радыё Свабода”.
[6] Гл. верш на с. 270.
[7] Савіцкі Міхаіл Андрэевіч (1922–2010) — беларускі мастак, кіраўнік Творчай акадэмічнай майстэрні Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.
[8] Слямнёў Міхаіл Аляксандравіч (нар. 1939) — старшыня Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па нацыянальнай палітыцы і міжнацыянальных адносінах.(звесткі пра дэпутатаў узяты з выдання: Народныя дэпутаты Рэспублікі Беларусь. Дванаццатае скліканне. Мінск, 1992).
[9] Наркевіч Уладзімір Браніслававіч (нар. 1952) — галоўны рэдактар газеты „Звязда”.
[10] Казінец Міхаіл Антонавіч (нар. 1938) — беларускі дырыжор, народны артыст Беларусі (1987).
[11] Шаранговіч Васіль Пятровіч (нар. 1939) — народны мастак Беларусі, майстра кніжнай і станковай графікі.
[12] Дрынеўскі Міхаіл Паўлавіч (нар. 1941) — мастацкі кіраўнік (з 1975) і галоўны дырыжор Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г. І. Цітовіча.
[13] Ганчарэнка Андрэй Маркавіч (нар. 1932) — беларускі фізік, акадэмік, галоўны вучоны сакратар НАН Беларусі (да 1997).
[14] Марачкін Аляксей Антонавіч (нар. 1940) — беларускі мастак, загадчык кафедры Беларускай акадэміі мастацтваў, адзін са стваральнікаў і старшыня мастацкага аб’яднання „Пагоня”.
[15] З гэтага дня і да канца публікаванага дзённіка ідуць запісы пра ХІІ сесію Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь.
[16] Новік Уладзімір Уладзіміравіч (нар. 1952) — сакратар Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па пытаннях развіцця прамысловасці, энергетыкі, транспарту, сувязі і інфарматыкі.
[17] Ломаць Зянон Кузьміч (нар. 1944) — беларускі дзяржаўны дзеяч, у 1991–1992 — сакратар Камітэта Савета Рэспублік па аграрных пытаннях Вярхоўнага Савета СССР у Маскве. У 1992–1995 — член планавай і бюджэтна-фінансавай камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь.
[18] Пазьняк Зянон Станіслававіч (нар. 1944) — беларускі палі тык і грамадскі дзеяч, адзін з заснавальнікаў Беларускага Народнага Фронту „Адраджэнне”, старшыня Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі — БНФ, з 1990 — кіраўнік дэпутацкай Апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце. Быў членам Канстытуцыйнай камісіі Вярхоўнага Савета БССР і Рэспублікі Беларусь ХІІ склікання.
[19] Качан Міхаіл Арцём’евіч (нар. 1927) — старшыня Гомельскага абласнога савета ветэранаў вайны і працы.
[20] Гермянчук Ігар Іванавіч (1961–2002) — беларускі журналіст і грамадскі дзеяч, дэпутат Вярхоўнага Савета БССР ХІІ склікання, былы рэдактар забароненай газеты „Свабода”, заснавальнік часопіса „Кур’ер”.
[21] Герасюк Іван Мікалаевіч (нар. 1949) — аглядальнік рэдакцыі „Народная газета”.
[22] Трусаў Алег Анатольевіч (нар. 1954) — намеснік старшыні Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і ахове гістарычнай спадчыны, адзін з заснавальнікаў БНФ, БСДГ (з 1991), намеснік (1991), старшыня Цэнтральнай Рады БСДГ (1992–1995).
[23] Навумчык Сяргей Іосіфавіч (нар. 1961) — каардынатар парламенцкай Апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце Рэспублікі Беларусь, узначальваў інфармацыйнае агенцтва „Павет”.
[24] Ганчар Віктар Іосіфавіч (1958 — 16 верасня 1999 г. бясслед на знік разам з Анатолем Красоўскім) — першы намеснік старшыні Маладзечанскага гарадскога Савета народных дэпутатаў. Член Партыі народнай згоды (1992–1995).
[25] Мінько Франц Францавіч (нар. 1954) — дырэктар Стаўбцоўскага раённага прадпрыемства па вытворча-тэхнічным забеспячэнні сельскай гаспадаркі.
[26] Трафіменка Васіль Сяргеевіч (нар. 1938) — намеснік старшыні Віцебскага абласнога аб’яднання па вытворчасці свініны.
[27] Лукашэнка Аляксандр Рыгоравіч (нар. 1954) — у 1987–1994 — дырэктар саўгаса „Гарадзец” Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці.
[28] Кебіч Вячаслаў Францавіч (нар. 1936) — Старшыня Савета Міністраў БССР, прэм’ер-міністр Беларусі.
[29] Гаркун Уладзімір Гіляравіч (нар. 1946) — старшыня Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па аграрных пытаннях, харчаванні і сацыяльным развіцці сяла, член Канстытуцыйнай камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь.
[30] Міцько Пётр Антонавіч (нар. 1944) — старшыня Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па справах жанчын, аховы сям’і, мацярынства і дзяцінства.
[31] Савіцкі Барыс Парфёнавіч (нар. 1933) — старшыня пастаяннай Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па пытаннях экалогіі і рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў.
[32] Катушкін Пётр Міхайлавіч (нар. 1940) — намеснік старшыні выканкама Магілёўскага абласнога Савета народных дэпутатаў.
[33] Булахаў Дзмітрый Пятровіч (1960–2006) — старшыня Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па заканадаўстве, пазней кіраваў ініцыятыўнай групай па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты Беларусі А. Лукашэнкі.
[34] Станкевіч Уладзімір Міхайлавіч (нар. 1950) — намеснік старшыні Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па заканадаўстве.
[35] Грыбанаў Уладзімір Міхайлавіч (нар. 1944) — сакратар Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па нацыянальнай палітыцы і міжнародных адносінах.
[36] Унучка Раман Іосіфавіч (нар. 1944) — старшыня пастаяннай Планавай і бюджэтна-фінансавай камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь.
[37] Лужынскі Станіслаў Антонавіч (нар. 1949) — старшыня калгаса „Бальшавік” Валожынскага раёна Мінскай вобласці.
[38] Вярцінскі Анатоль Ільіч (нар. 1931) — беларускі паэт, драматург, публіцыст, крытык, перакладчык. У 1986–1990 — галоўны рэдактар газеты „Літаратура і мастацтва”. Член Беларускага ПЭН-цэнтра (з 1989). У 1990–1995 — намеснік старшыні Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па пытаннях галоснасці, сродках масавай інфармацыі і правоў чалавека.
[39] Дзейка Лявон Іванавіч (нар. 1950) — інжынер-электронік, адзін з заснавальнікаў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада), член парламенцкай апазіцыі БНФ і фракцыі БСДГ .
[40] Статкевіч Мікалай Віктаравіч (нар. 1956) — лідар Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада). Адзін са стваральнікаў грамадскага аб’яднання „Беларускае аб’яднанне вайскоўцаў”.
[41] Кучынскі Віктар Францавіч (нар. 1958) — сакратар Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па справах моладзі.
[42] Баршчэўскі Лявон Пятровіч (нар. 1958) — беларускі філолаг, перакладчык, грамадскі дзеяч і палітык, намеснік дырэктара па навукова-метадычнай рабоце Беларускага гуманітарнага адукацыйна-культурнага цэнтра.
[43] Леўчык Уладзімір Канстанцінавіч (нар. 1935) — старшыня пастаяннай Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па пытаннях працы Саветаў народных дэпутатаў і развіцця самакіравання.
[44] Арціменя Дзмітрый Канстанцінавіч (нар. 1932) — народны дэпутат БССР, старшыня выканкама Гродзенскага абласнога Савета народных дэпутатаў.
[45] Камай Аляксей Сцяпанавіч (нар. 1936) — член Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па міжнародных справах і сувязях з СНГ, былы другі сакратар ЦК КПБ.
[46] Заблоцкі Уладзімір Мікалаевіч (нар. 1939) — намеснік старшыні Камісіі Вярхоўнага Савета па навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе, сябра Камісіі Вярхоўнага Савета па пытаннях развіцця прамысловасці, энергетыкі, транспарту, сувязі і інфарматыкі. Член Канстытуцыйнай Камісіі. Старшыня Часовай камісіі Вярхоўнага Савета па расследаванні фактаў выкарыстання псіхіятрыі ў палітычных і рэпрэсіўных мэтах. Намеснік старшыні Апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце. Прэм’ер-міністр Ценявога Кабінета (урада) Апазіцыі БНФ.
[47] Сінчылін Васіль Ільіч (нар. 1925) — старшыня Мінскай секцыі Савецкага камітэта ветэранаў вайны.
[48] Лакцюшын Мікалай Іванавіч (нар. 1926) — старшыня Ваўкавыскага раённага савета ветэранаў вайны і працы.
[49] Гетц Барыс Гаўрылавіч (нар. 1925) — Герой СССР, старшыня Барысаўскага гарсавета ветэранаў вайны і працы.
[50] Лавіцкі Генадзь Міхайлавіч (нар. 1942) — намеснік старшыні КДБ Рэспублікі Беларусь.
[51] Мінчанка Пётр Захаравіч (нар. 1922) — старшыня Аршанскага гарадскога савета ветэранаў вайны і працы.
[52] Трусаў Іван Іванавіч (нар. 1944) — дырэктар Барысаўскага завода „Чырвоны металіст”.
[53] Сапронаў Уладзімір Аляксандравіч (нар. 1955) — намеснік начальніка аддзела знешнеэканамічных сувязяў ВА „Беларускалій”, Салігорск.
[54] Сарокін Валянцін Інакенцьевіч (нар. 1929) — старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення саюза ветэранаў Афганістана.
[55] Бойка Уладзімір Васільевіч (нар. 1939) — з 1991 да 2001 старшыня Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь.
[56] Грынёў Мікалай Фёдаравіч (нар. 1946) — старшыня Магілёўскага абласнога Савета народных дэпутатаў, член Канстытуцыйнай камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь.
[57] Макейчанка Барыс Андрэевіч (нар. 1937) — намеснік старшыні Дзяржэканомплана Рэспублікі Беларусь.
[58] Крыжаноўскі Мікалай Кірылавіч (нар. 1937) — член Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па пытаннях развіцця прамысловасці, энергетыкі, транспарту, сувязі і інфарматыкі. Член Часовай камісіі Вярхоўнага Савета па прывілеях. Член Канстытуцыйнай Камісіі. Член Ценявога Кабінета (урада) Апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце, уваходзіў у камітэт па барацьбе з карупцыяй.
[59] Какоўка Віктар Фёдаравіч (нар. 1949) — інжынер-тэхнолаг завода „Вымяральнік” (Наваполацк), член Камісіі Вярхоўнага Савета па пытаннях развіцця прамысловасці, энергетыкі, транспарту, сувязі і інфарматыкі. Член Камісіі па пытаннях дэпутацкай этыкі.
[60] Жукоўскі Міхаіл Дзмітрыевіч (нар. 1926) — старшыня пастаяннай Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Бела русь па справах ветэранаў вайны, працы і Узброеных Сіл.
[61] Мачуленка Міхаіл Арцёмавіч (нар. 1941) — да дэпутацтва працаваў другім сакратаром Гомельскага абласнога камітэта КПБ.
[62] Сасноў Аляксандр Віктаравіч (нар. 1947) — старшыня пастаяннай Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па пытаннях працы, коштаў, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва.
[63] Чэпік Васіль Васільевіч (нар. 1948) — старшыня Пастаўскага раённага Савета народных дэпутатаў.
[64] Голубеў Валянцін Фёдаравіч (нар. 1955) — сакратар пастаяннай Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па міжнародных і знешнеэканамічных сувязях. Адзін з аўтараў Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі. З’яўляўся членам рабочай групы па падрыхтоўцы праекта Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 г.
[65] Цярэшка Іван Іванавіч (нар. 1942) — намеснік старшыні Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па міжнародных справах і знешнеэканамічных сувязях.
[66] Піскароў Віктар Аляксеевіч (нар. 1929) — генерал-лейтэнант унутранай службы.
[67] Волкаў Анатоль Ягоравіч (нар. 1931) — кіраўнік радыелагічнага цэнтра, г. Пінск.
[68] Судас Мікалай Міхайлавіч (нар. 1942) — намеснік начальніка ўпраўлення па працы і сацыяльнай абароненасці насельніцтва Гомельскага аблвыканкама.
[69] Грыб Мечыслаў Іванавіч (нар. 1936) — другі старшыня Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, член Прэзідыума Вярхоўнага Савета, старшыня пастаяннай Камісіі па пытан нях нацыянальнай бяспекі, абароны і барацьбы са злачыннасцю. Генерал-лейтэнант міліцыі (1993).
[70] Холад Павел Ігнатавіч (нар. 1935) — дырэктар Рэспубліканскай вучэбна-спартыўнай базы Добраахвотнага таварыства садзеяння арміі, авіяцыі і флоту (г. п. Плешчаніцы).
[71] Лябедзька Анатоль Уладзіміравіч (нар. 1961) — намеснік старшыні Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па справах сям’і і моладзі. У 1992 стварыў Беларускую асацыяцыю маладых палітыкаў і быў яе прэзідэнтам.
[72] Пракаповіч Пётр Пятровіч (нар. 1942) — галоўны інжынер Брэсцкага аблміжкалгасбуда, генеральны дырэктар Брэсцкага аблсельсбуда, ВА „Брэстаблсельбуд”.
[73] Папоў Юрый Мікалаевіч (нар. 1949) — намеснік старшыні Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па пытаннях нацыянальнай бяспекі, абароны і барацьбы са злачыннасцю.
[74] Аксаміт Мікалай Уладзіміравіч (нар. 1954) — мастак-афармляльнік (Ваўкавыск).
[75] Прывалаў Леанід Пятровіч (нар. 1940) — намеснік старшыні Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па пытаннях нацыянальнай бяспекі, абароны і барацьбы са злачыннасцю.
[76] Федарчук Мікалай Аляксеевіч (нар. 1941) — старшыня Віцебскага гарадскога Савета народных дэпутатаў.
[77] Маркевіч Мікалай Мікалаевіч (нар. 1962) — карэспандэнт абласной газеты „Гродзенская праўда”.
[78] Казлоў Генадзь Іванавіч (нар. 1946) — першы намеснік начальніка Упраўлення па пытаннях правоў грамадзян, грамадскай бяспекі і абароннай работы Кіраўніцтва справамі Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.
[79] Малашка Віталь Аляксеевіч (нар. 1958) — вядучы інжынер Навукова-даследчага інстытута сродкаў аўтаматызацыі, Мінск.
[80] Жураўлёў Мікалай Іванавіч (нар. 1922) — намеснік старшыні Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па справах ветэранаў вайны, працы і ўзброеных сілаў.
[81] Казлоўскі Павел Паўлавіч (нар. 1942) — міністр абароны Рэспублікі Беларусь.
[82] Багданкевіч Станіслаў Антонавіч (нар. 1937) — беларускі эканаміст, грамадска-палітычны дзеяч, прафесар. Старшыня Нацыянальнага банка Беларусі ў 1991–1995 г.
[83] Жук Анатоль Міхайлавіч (нар. 1938) — першы намеснік старшыні выканкама Мінскага абласнога Савета народных дэпутатаў.
[84] Беленькі Юрый Адамавіч (нар. 1960) — працаваў у складзе Апазіцыі Беларускага Народнага Фронту ў Вярхоўным Савеце, член планавай і бюджэтна-фінансавай Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь.
[85] Цялежнікаў Уладзімір Іванавіч (нар. 1954) — дырэктар Полацкага камбіната будаўнічых матэрыялаў.
[86] Гаркун Уладзімір Гіляравіч (нар. 1946) — старшыня Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па аграрных пытаннях, харчаванні і сацыяльным развіцці сяла.
[87] Коваль Мікалай Мікалаевіч (нар. 1928) — старшыня калгаса „ХХІ з’езд КПСС” Рэчыцкага раёна.
[88] Бамбіза Іван Міхайлавіч (нар. 1952) — беларускі дзяржаўны дзеяч, старшыня назіральнай рады ААТ „Белаграпрамбанк”.
[89] Зданевіч Лявонцій Ульянавіч (нар. 1955) — беларускі архітэктар і палітык, член Канстытуцыйнай камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь з 1990, а таксама Апа зі цыі БНФ і яе „Ценявога кабінета”.
[90] Марыніч Міхаіл Апанасавіч (нар. 1940) — былы старшыня Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, член Планавай і бюджэтна-фінансавай камісіі і Камісіі па пытаннях архітэктуры, будаўніцтва, вытворчасці будаўнічых матэрыялаў і жыллёва-камунальнай гаспадаркі сяла і горада.
[91] Зарэцкі Сцяпан Рыгоравіч (нар. 1945) — старшыня Чачэрскага раённага Савета народных дэпутатаў.
[92] Сечка Леанід Міканоравіч (нар. 1948) — намеснік старшыні Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па пытаннях экалогіі і рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў.
[93] Карпенка Генадзь Дзмітрыевіч (1949–1999) — беларускі навуковец і палітык. Старшыня камісіі па навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе. У 1992 узначаліў Маладзечанскі гарвыканкам.
[94] Далгалёў Васіль Барысавіч (нар. 1951) — сакратар Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па пытаннях работы Саветаў народных дэпутатаў і развіцця самакіравання.
[95] Драбышэўская Інэса Міхайлаўна (нар. 1947) — галоўны ўрач Гомельскага абласнога анкалагічнага дыспансэра.
[96] Сукач Міхаіл Данілавіч (нар. 1941) — дырэктар міжгаспадарчага прадпрыемства „Стадолічы” Лельчыцкага раёна.
[97] Сярдзюк Валерый Канстанцінавіч (нар. 1952) — сакратар Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе.
[98] Кічкайла Аляксандр Трафімавіч (нар. 1933) — намеснік Мінсітра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь.
[99] Скарабагацька Пётр Андрэевіч (нар. 1949) — старшыня Лунінецкага раённага Савета народных дэпутатаў.
[100] Смоляр Іван Мікалаевіч (нар. 1938) — былы старшыня пастаяннай Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па праблемах наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і забеспячэння бяспечнага пражывання насельніцтва рэспублікі.
[101] Сумар Канстанцін Андрэевіч (нар. 1949) — старшыня Брэсцкага раённага Савета народных дэпутатаў.
[102] Зяленін Валерый Іванавіч (нар. 1949) — вайсковец, начальнік лабараторыі вымяральнай тэхнікі.
[103] Бачароў Яўген Міхайлавіч (нар. 1948) — генерал-маёр, камандзір вайсковага злучэння.
[104] Бабачонак Станіслаў Ульянавіч (нар. 1937) — дырэктар прадпрыемства „Маналіт” (Магілёў).
[105] Ваўчэцкі Уладзімір Вячаслававіч (нар. 1935) — настаўнік Суткоўскай СШ Уздзенскага раёна.
[106] Кудравец Віктар Міхайлавіч (нар. 1947) — намеснік старшыні Гродзенскага Савета народных дэпутатаў.
[107] Шаладонаў Васіль Іванавіч (нар. 1948) — намеснік старшыні Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь.
[108] Антончык Сяргей Антонавіч (нар. 1956) — апаратчык Мінскага вытворчага аб’яднання імя У. Леніна, член Апазіцыі БНФ. Быў у складзе антыкарупцыйнай парламенцкай камісіі, якую ўзначаліў А. Лукашэнка.
[109] Сярэдзіч Іосіф Паўлавіч (нар. 1949) — з 1990 да 1995 галоўны рэдактар „Народнай газеты”, органа Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь.
[110] Жукоўскі Міхаіл Дзмітрыевіч (нар. 1926) — старшыня Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па справах ветэранаў вайны, працы і ўзброеных сілаў.
[111] Кузняцоў Вячаслаў Мікалаевіч (нар. 1947) — старшыня Савета народных дэпутатаў г. Мінска, з 24 лютага 1992 г. быў першым намеснікам старшыні Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь.
[112] Папкоў Сяргей Пятровіч (нар. 1940) — дырэктар навукова-вытворчага прадпрыемства „Рыф-М” (Мінск).
[113] Новікаў Анатоль Мікалаевіч (нар. 1941) — генерал-лейтэнант, намеснік камандуючага войскамі Беларускай ваеннай акругі, г. Мінск.
[114] Скарынін Мікалай Паўлавіч (нар. 1947) — галоўны саветнік Старшыні Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.
[115] Вайцянкоў Мікалай Рыгоравіч (нар. 1947) — старшыня Гомельскага абласнога Савета народных дэпутатаў.
[116] Ніканчук Аляксей Сямёнавіч (нар. 1943) — дырэктар СШ №1 г. Драгічына Брэсцкай вобласці.
[117] Звераў Леанід Аляксандравіч (нар. 1939) — загадчык рэнтгеналагічнага аддзялення Магілёўскай абласной бальніцы.
[118] Даўлюд Аляксей Уладзіміравіч (нар. 1953) — брыгадзір электрыкаў Лідскага завода „Оптык”.
[119] Краўчанка Пятро Кузьміч (нар. 1950) — міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь (да 1994).
[120] Цумараў Яўген Аляксандравіч (нар. 1957) — сакратар Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны.
[121] Козік Леанід Пятровіч (нар. 1948) — страшыня Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па эканамічнай рэформе, дасягненні эканамічнай самастойнасці і суверэнітэту рэспублікі.
[122] Ціхіня Валерый Гур’евіч (нар. 1940) — загадчык кафедры права Акадэміі кіравання пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь.
[123] Садоўскі Пётр Вікенцьевіч (нар. 1941) — старшыня Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па міжнародных справах і знешнеэканамічных сувязях.
[124] Чакушоў Уладзімір Міхайлавіч (нар. 1939) — першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта Рэспублікі Беларусь па матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні.
[125] Турак Анатоль Мікалаевіч (нар. 1950) — дырэктар Рэчыцкага доследна-прамысловага гідролізнага завода.
[126] Андрэйчанка Уладзімір Паўлавіч (нар. 1949) — намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама.
[127] Калбаска Мікалай Ігнатавіч (нар. 1951) — старшыня Цэн тральнага праўлення Беларускага таварыства інвалідаў.
[128] Спіглазаў Аляксандр Фёдаравіч (нар. 1960) — урач Жабінкаўскай раённай бальніцы (Брэсцкая вобласць).
[129] Данілевіч Іван Мікалаевіч (нар. 1951) — старшыня аграфірмы-калгаса „Малеч” Бярозаўскага раёна.
[130] Кулакоў Уладзімір Панцялеевіч (нар. 1936) — старшыня Віцебскага абласнога Савета народных дэпутатаў.
[131] Герасіменка Аляксандр Міхайлавіч (нар. 1946) — беларускі палітык і дыпламат. У 1990–1995 быў старшынёй Мінскага гарадскога савета народных дэпутатаў і старшынёй выканаўчага камітэта г. Мінска. Быў членам Канстытуцыйнай камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ХІІ склікання.
[132] Сямдзянава Галіна Георгіеўна (1947–2011) — працавала інспектарам Наваградскага гарадскога камітэта народнага кантролю.
[133] Алампіеў Віктар Пятровіч (нар. 1947) — начальнік інфармацыйна-вылічальнага цэнтра Пінскага вытворчага аб’яднання верхняга трыкатажу.

Наверх

Тэгі: ,