Аляксандр Фрыдман. Кiтайскiя красоўкi для працоўных мiнскага завода халадзiльнiкаў
Кiтайскiя красоўкi для працоўных Мiнскага завода халадзiльнiкаў
Савецкая Беларусь вачыма лектара САПН у сакавiку — красавiку 1989 г.
Аляксандр Фрыдман
З 28 сакавiка да 3 красавiка 1989 г. у Мiнскай вобласцi з працоўным вiзiтам знаходзiўся лектар Сацыялiстычнай адзiнай партыi Нямеччыны (САПН) Э. К. У госця з Нямецкай Дэмакратычнай Рэспублiкi (НДР)адбылiся сустрэчы з тагачасным абласным партыйным кiраўнiцтвам (другi сакратар абкама КПБ Анатоль Бычак, сакратар абкама па iдэалогii Уладзiмiр Атрошчанка), ён наведаў Беларускi полiтэхнiчны iнстытут i iншыя навучальныя ўстановы, пазнаёмiўся з працай мiнскiх маторнага i аўтамабiльнага заводаў, завода халадзiльнiкаў, оптыка-механiчнага завода „Зенiт” у Вiлейцы i iншых буйных прадпрыемстваў. У сваiх выступленнях перад навучэнцамi i працоўнымi „нямецкi таварыш” распавёў пра становiшча ў НДР[1]. Беларуская Савецкая Сацыялiстычная Рэспублiка, у прыватнасцi Мiнск i Мiнская вобласць, пакiнулi ў К. досыць станоўчае ўражанне. Пасля вяртання на радзiму лектар 10 красавiка 1989 г. склаў падрабязную справаздачу, копiю якой атрымала таксама i адчыненае ў 1972 г. генеральнае консульства НДР у Мiнску. У сваёй справаздачы К. адзначыў, што размовы, сустрэчы i выступы прайшлi ў „добрай, дзелавой i сяброўскай атмасферы”[2].
Справаздача К. — каштоўная крынiца па гiсторыi Беларусi ў перыяд гарбачоўскай перабудовы. Вялiкую цiкавасць выклiкае знешні погляд аўтара, які з пазiцыi „замежнага сябра” падрабязна спынiўся на развiццi беларускай прамысловасцi, сцiсла акрэслiў стан сельскай гаспадаркi, а таксама паведамiў пра палiтычнае жыццё рэспублiкi, настроi мясцовай партыйнай элiты i насельнiцтва. Пры аналiзе гэтай крынiцы абавязкова неабходна ўлiчваць тагачаснае становiшча ў НДР, якое, безумоўна, паўплывала на характар справаздачы i на высновы аўтара адносна сацыялiстычнай будучынi БССР. У гэтай сувязi трэба адзначыць, што ў красавiку 1989 г. на чале Нямецкай Дэмакратычнай Рэспублiкi па-ранейшаму стаяў сумнавядомы Эрых Хонэкер (Erich Honecker), САПН выконвала цэнтральную ролю ў грамадскiм, палiтычным i эканамiчным жыццi краiны, а дзяржаўнае кiраўніцтва вельмi скептычна ставiлася да пераменаў у СССР. У пачатку 1989 г. узрасла колькасць грамадзян НДР, якія хацелі пакiнуць краiну, а ў траўнi Нямецкую Дэмакратычную Рэспублiку ахапiла хваля пратэстаў супраць камунiстычай дыктатуры, што значна ўзмацнiлася ў вераснi i кастрычнiку i скончылася адстаўкай Хонэкера. Прадбачыць такое хуткае развiццё падзей вясной 1989 г. было фактычна немагчыма.
„Паспяховае развiццё” прамысловасцi i сельскай гаспадаркi
У сваёй справаздачы К. падкрэслiў поспехi мясцовай прамысловасцi i сельскай гаспадаркi, звязаў iх з iнiцыяванымi савецкiм урадам эканамiчнымi рэформамi, а праблемы ўзгадаў толькi мiмаходзь цi ўвогуле абышоў увагай. Так, аўтар, у прыватнасцi, спынiўся на прыросце сельскагаспадарчай вытворчасцi ў БССР, якi пераўзышоў агульнасавецкi ўзровень i быў, паводле меркавання другога сакратара абкама Бычака, увогуле галоўным дасягненнем Савецкай Беларусi за апошнiя тры гады.
„Беларускiм таварышам” заставалася яшчэ, аднак, папрацаваць над пашырэннем асартыменту сельскагаспадарчай прадукцыi. Такiм чынам К. прызнаў, што ў сельскай гаспадарцы Беларусi вырашаны далёка не ўсе надзённыя пытаннi[3].
Лектар САПН прытрымлiваўся меркавання, што ў БССР i ў далейшым захаваюцца буйныя сацыялiстычныя (дзяржаўныя) прадпрыемствы, якiя ўжо падрыхтавалi дакладныя канцэпцыi развiцця прадукцыйнасцi i павелiчэння збыту сваёй прадукцыi, у тым лiку на экспарт. Асаблiва ўразiлi К. планы Мiнскага завода халадзiльнiкаў i вiлейскага завода „Зенiт”, якiя меркавалi да 1995 г. павялiчыць выпуск сваёй прадукцыi на 50 i прыкладна на 70% адпаведна. Нямецкi госць падкрэслiў, што беларускiя прадпрыемствы вельмi хочуць пастаўляць свае вырабы за мяжу i такiм чынам зарабляць валюту. Справа была яшчэ i ў тым, што дзяржава дазволiла прадпрыемствам самастойна распараджацца заробленымi сродкамi i, напрыклад, выкарыстоўваць чвэрць атрыманай валютнай выручкі на набыццё тавараў народнага спажывання за межамi СССР. Менавiта такой магчымасцю i скарыстаўся сталiчны завод халадзiльнiкаў. Выконваючы пажаданнi працоўнага калектыву, ён набыў у Кiтаi красоўкi, а ў Ганконгу побытавыя рэчы, якiя працоўныя потым змаглi купіць за савецкiя рублi. К. адзначыў, што гэты эскперымент павялiчыў зацiкаўленасць працоўных у стварэннi якаснай i канкурэнтаздольнай прадукцыi[4]. Завод халадзiльнiкаў бачыўся яму ўвогуле бадай найсучаснейшым беларускiм прадпрыемствам, якое актыўна i паспяхова ўжывала новыя формы гаспадарання[5].
Э. К. высока ацанiў сацыяльную iнфраструктуру беларускiх прадпрыемстваў, што мелi ўласныя палiклiнiкi, дзiцячыя сады, дамы адпачынку, прафесiйна-тэхнiчныя вучылiшчы i г. д., а акрамя таго, цесна супрацоўнiчалi з калгасамi i саўгасамi, дапамагаючы апошнiм у мадэрнiзацыi сельскай гаспадаркi. Вядомая савецкая практыка накiравання працоўных з горада ў вёску пад час збору ўраджаю знайшла сваё адлюстраванне i ў справаздачы лектара САПН, якi патлумачыў, што прамысловыя прадпрыемствы атрымлiваюць ад калгасаў i саўгасаў сельскагаспадарчую прадукцыю i рэалiзуюць яе сярод працоўных. З дапамогай такiх мерапрыемстваў у БССР вырашалася „харчовая праблема”[6].
У Мiнску К. пачуў пра рацыяналiзацыю працы i сучаснае тэхнiчнае абсталяванне беларускiх прадпрыемстваў. Пабачыць гэтае абсталяванне на ўласныя вочы ў „таварыша з НДР”, аднак, не атрымалася. Камунiстычныя функцыянеры цi кiраўнiцтва прадпрыемстваў палiчылi (вiдаць, зусiм невыпадкова) непатрэбным знаёмiць замежнiка, хай i з „братэрскай” Нямецкай Дэмакратычнай Рэспублiкi, з апошнiмi дасягненнямi савецкай тэхнiчнай думкi. Пад час сустрэч на прадпрыемствах „беларускiя сябры” ахвотна распавядалi госцю пра эканамiчнае супрацоўнiцтва з замежнiкамi i ў тым лiку з заходнiмi фiрмамi. Пад уплывам гэтых размоў К. прыйшоў да высновы, што ўзяты савецкай прамысловасцю курс на супрацоўнiцтва з замежжам набыў незваротны характар, а НДР, з якой у СССР па-ранейшаму хацелi цесна супрацоўнiчаць, павiнна выкарыстаць сiтуацыю i замацаваць свае пазiцыi на савецкiм рынку. У Мiнскім аўтазаводзе лектар САПН убачыў патэнцыйнага партнёра для ўсходненямецкiх прадпрыемстваў. Мiнчане хацелi пастаўляць сваю прадукцыю ў НДР i былi са свайго боку зацiкаўлены ў набыццi сучаснага тэхнiчнага абсталявання ў гэтай краiне[7].
„Беларусь вучыцца дэмакратыi”
Вiзiт Э. К. распачаўся ў панядзелак 28 сакавiка 1989 г. За два днi да таго, 26 сакавiка, адбыўся першы тур выбараў народных дэпутатаў СССР, вынiкi якога моцна расчаравалi мясцовы партыйны апарат i паўплывалi на яго настроi. Камунiстычнае кiраўнiцтва вiдавочна не чакала, што выбарцы ў шэрагу выпадкаў адмовяцца падтрымаць прапанаваных партыяй кандыдатаў, i наракала як на прэсу, якая паспрыяла паразе некаторых сакратароў абкамаў i гаркамаў, так i на выбаршчыкаў, якiя яшчэ „толькi вучацца дэмакратыi”, нiбыта не прызвычаiлiся да новых плюралiстычных умоваў i схiльны абiраць „папулiстаў” i „гарлапанаў”, не заўважаючы кандыдатаў з сур’ёзнай праграмай. Да тэмы выбараў нямецкi госць падышоў вельмi асцярожна, падкрэслiўшы, аднак, што сярод дэпутатаў стала менш сялян, рабочых, жанчын i моладзi[8]. Хутчэй за ўсё К. iзноў прыгадаў гэтае адносна свабоднае волевыяўленне грамадзян СССР ужо ў траўнi 1989 г., калi ў НДР адбылiся мясцовыя выбары, на якiх т. зв. „нацыянальны фронт” на чале з САПН атрымаў 98,85% галасоў, а абуранае нахабнай фальсiфiкацыяй вынiкаў насельнiцтва выйшла на вулiцы[9].
У красавiку 1989 г. Э. К. быў упэўнены, што КПБ зрабiла адпаведныя высновы i будзе ў будучым, напрыклад, пад час выбарчай кампанii ў Вярхоўны Савет БССР i мясцовыя саветы, яшчэ больш актыўна працаваць з насельнiцтвам, рашуча адстойваючы лiнiю партыi[10]. У сваёй справаздачы К., акрамя таго, паспачуваў мясцоваму партыйнаму апарату, што апынуўся пасля скарачэння кадраў у даволi цяжкiм становiшчы: у мiнскiм абкаме, у прыватнасцi, з 109 супрацоўнiкаў на сваiх пасадах засталiся 75, а колькасць аддзелаў скарацiлася з 16 да 7. Скарачэнне прывяло, па меркаванні лектара САПН, да таго, што некаторыя функцыянеры перагружаны працай i не ў стане выконваць свае прафесiйныя абавязкi на адпаведным палiтычна-iдэалагiчным узроўнi[11].
Распавядаючы пра палiтычнае жыццё рэспублiкi, Э. К. уз гадаў i т. зв. „народны фронт”, што вылучае „экстрэмiсцкiя патрабаваннi”[12]. На ўвазе меўся Беларускi народны фронт „Адраджэнне”, устаноўчы з’езд якога прайшоў напрыканцы чэрвеня 1989 г. у Вiльнюсе. У адрозненне ад К., якi не палiчыў патрэбным падрабязна спынiцца на станаўленнi новага грамадскага руху, што кiнуў выклiк КПБ, адыграў гiстарычную ролю ў стварэннi незалежнай беларускай дзяржавы, а ў 1990-я г. заставаўся прыкметнай з’явай на палiтычным небасхiле Рэспублiкi Беларусь, генеральнае консульства НДР у Мiнску ўважлiва сачыла за дзейнасцю БНФ[13].
Вопыт „нямецкiх таварышаў”
У красавiку 1989 г. лектар САПН Э. К. выказваў спадзяванне на ўмацаванне ўсебаковых сувязей памiж БССР i НДР, спасылаючыся пры гэтым на станоўчы вопыт супрацоўнiцтва памiж Мiнскай вобласцю i акругай Патсдам. Аўтар з задавальненнем адзначыў, што „мiнскiя таварышы” ў сваёй кадравай палiтыцы пераймаюць „карысны вопыт” САПН i актыўна працуюць з нiзавымi партыйнымi структурамi[14]. Адметным лiчыў К. таксама той факт, што мясцовыя партыйныя функцыянеры падтрымалi рашэнне ўладаў НДР спынiць распаўсюджванне выдання савецкага Агенцтва друку „Новости” „Спутник” на тэрыторыi Усходняй Нямеччыны. Штомесячны дайджэст савецкага друку „Спутник”, якi выходзiў таксама i на нямецкай мове, рашуча падтрымлiваў палiтыку галоснасцi i дэмакратызацыi i лiчыўся таму ў НДР Эрыха Хонэкера непажаданым[15]. Як i ва Усходнiм Берлiне, у Мiнску меркавалi, што „Спутник” — як, дарэчы, i вядомы штодзённiк „Московские новости” пад рэдакцыяй Ягора Якаўлева, — не даюць чытачам сапраўднага ўяўлення пра Савецкi Саюз[16].
Пытаннi без адказаў: цi iснуе алкагалiзм у НДР?
У дадатку да сваёй справаздачы Э. К. змясцiў вялiкi спiс пытанняў, якiя ўздымалiся грамадзянамi БССР пад час сустрэч з нямецкiм лектарам[17]. Свае адказы на гэтыя, часам досыць непрыемныя, пытаннi ён, аднак, не прывёў. Пытаннi паказваюць, што суразмоўцы iмкнулiся даведацца пра сапраўднае становiшча ў НДР, каб перш за ўсё параўнаць яго з сiтуацыяй у СССР. У К. пыталiся пра эканамiчную палiтыку ўрада НДР, пра дзяржаўную падтрымку сельскай гаспадаркi, пра памер заробкаў, пенсiй i стыпендый i пра выдаткi насельнiцтва НДР на аплату жылля. Лектар мусiў патлумачыць, як грамадзяне Нямецкай Дэмакратычнай Рэспублiкi праводзяць адпачынак, цi iснуе ў краiне беспрацоўе, цi сутыкнулася НДР з праблемай дэфiцыту дзяржаўнага бюджэту. У шэрагу пытанняў закраналiся развiццё адукацыi, культуры i спорту ў НДР, дэмаграфiчныя тэндэнцыi, становiшча ў галiне мацярынства i дзяцiнства, а таксама дзяржаўная падтрымка маладых сем’яў. Чакалася таксама, што К. выкажацца наконт уплыву сталiнiзму i брэжнеўскага застою на НДР i распавядзе пра стаўленне ўсходнiх немцаў да палiтыкi перабудовы ў СССР. Некаторыя грамадзяне хацелi абавязкова даведацца пра экалагiчную сiтуацыю ў НДР i пра распаўсюджанне алкагалiзму i СНIДу ў гэтай краiне. Калi пытанне пра алкагалiзм было выклiкана, верагодна, сумнавядомай антыалкагольнай кампанiяй у СССР (1985–1987), а тэма СНIДу набыла актуальнасць у сувязi з хуткiм ростам захворванняў у Савецкiм Саюзе, дык цiкавасць да экалагiчнай праблематыкi тлумачылася, хутчэй за ўсё, чарнобыльскай трагедыяй i яе страшэннымi наступствамi для БССР, якiя партыйнае кiраўнiцтва старанна замоўчвала. У гэтай сувязi не павiнен здзiўляць той факт, што i лектар САПН абышоў у сваёй справаздачы „непрыемную” чарнобыльскую тэму.
Працэс дэмакратызацыi грамадска-палiтычнага жыцця ў другой палове 1980-х г. паспрыяў актывiзацыi культурнага i нацыянальнага жыцця этнiчных меншасцяў у СССР. Вялiкая колькасць савецкiх грама дзян яўрэйскага i нямецкага паходжання скарысталася магчымасцю пакiнуць Савецкi Саюз. Пад уплывам гэ тых па дзей беларускiя суразмоўцы ўздымалi пытаннi пра нацыянальныя меншасці ў НДР i працу з iмi, пра спро бы ўсходнiх немцаў перасялiцца ў Федэратыўную Рэс пуб лiку Нямеччына (ФРН) i пра магчымую дапамогу, якую НДР магла б аказаць СССР у працы з савецкiмi немцамi.
У К., як у прадстаўнiка САПН, пыталiся пра сучасны стан гэтай партыi, яе ўзроставую структуру, арганiзацыю i фiнансаванне, а таксама ўплыў у розных частках НДР. Адказы на гэтыя пытаннi павiнны былi дапамагчы параўнаць САПН i КПСС (КПБ). Цiкавасць у новых палiтычных умовах выклікала таксама iснаванне „нефармальных груповак” i шматпартыйная сiстэма ў НДР, якую САПН выкарыстоўвала ў якасцi дэмакратычнага фасаду для сваёй дыктатуры.
Шэраг пытанняў тычыўся адносiнаў памiж ФРН i НДР. Лектара САПН, у прыватнасцi, папрасiлi параўнаць жыццёвы ўзровень у абедзвюх Нямеччынах, магчыма, дакладна ведаючы, што параўнанне будзе зусiм не на карысць сацялiстычнай дзяржавы, а акрамя таго, распавесцi пра адносiны памiж САПН i Сацыял-дэмакратычнай партыяй ФРН, спынiцца на праграме гэтай партыi i патлумачыць iдэалагiчную накiраванасць заходненямецкiх зялёных i стаўленне САПН да гэтай новай палiтычнай сiлы. Беларускiя суразмоўцы хацелi пачуць меркаванне К. наконт магчымасцi аб’яднання Нямеччыны, пра стаўленне НДР да савецкай знешняй палiтыкi, аднабаковага скарачэння савецкiх узброеных сiлаў, частковага вываду савецкiх войскаў з Усходняй Нямеччыны i пра верагоднасць павелiчэння армii НДР у гэтай сувязi. Лектару давялося таксама патлумачыць, як насельнiцтва НДР успрымае размешчаны на тэрыторыi краiны савецкi вайсковы кантынгент. Урэшце ў цэнтры ўвагi апынулася i замежная палiтыка Нямецкай Дэмакратычнай Рэспублiкi, яе далейшая дзейнасць у межах Савета эканамiчнай узаемадапамогi, адносiны з Польскай Народнай Рэспублiкай i эканамiчныя сувязi з СССР.
Вынiкi
Разгледжаная ў гэтым артыкуле красавiцкая справаздача Э. К. — цiкавая крынiца, якая, нягледзячы на адпаведную iдэалагiчную афарбоўку, дазваляе скласцi пэўнае ўяўленне пра развiццё прамысловасцi i сельскай гаспадаркi ў БССР, пра грамадска-палiтычнае жыццё рэспублiкi, пра становiшча КПБ i настроi насельнiцтва, якое, дарэчы, прадэманстравала значную цiкавасць да падзей за межамi СССР. Лектар САПН прыйшоў да высновы, што як партыйныя кадры, так i працоўныя не бачаць альтэрнатывы палiтыцы перабудовы i паскарэння сацыяльна-эканамiчнага развiцця краiны i абранаму Мiхаiлам Гарбачовым курсу на палiтычныя пераўтварэннi. Пры гэтым СССР, як адзначыў аўтар, трэба яшчэ вызначыцца з памерам i тэмпам пераўварэнняў[18]. Абавязковае для партыйнага функцыянера з Нямецкай Дэмакратычнай Рэспублiкi ўсхваленне СССР, вера ў паспяховае развiццё „братэрскай краiны”, сiмпатыя да мясцовых „партыйных таварышаў” i адначасовае iмкненне ўстрымацца ад прынцыповай (пазiтыўнай цi негатыўнай) асабiстай ацэнкi перабудовы i перш за ўсё адмоўна ўспрынятых кiраўнiцтвам НДР палiтычных пераўтварэнняў у Савецкiм Саюзе з’яўляюцца адметнымi рысамi справаздачы, што ўзнiкла ў апошнiя месяцы хонэкераўскай дыктатуры. Так, К. палiчыў за лепшае заплюшчыць вочы на яскравыя праявы эканамiчнага крызiсу ў СССР i выказаў спадзяванне на тое, што прамысловасць i сельская гаспадарка БССР i надалей будуць дынамiчна развiвацца на сацыялiстычных рэйках, гаспадарчае супрацоўнiцтва памiж БССР i НДР узмоцнiцца, а КПБ „паспяхова навучыць” насельнiцтва дэмакратыi i шляхам iнтэнсiўнай агiтацыi замацуе сваю кiроўную ролю ў грамадстве.
Надзеi лектара САПН Э. К. не спраўдзiлiся. Сiстэмны крызiс сацыялiстычнага лагера скончыўся знiкненнем НДР у 1990 г. i распадам СССР у 1991 г. Прадчуваннi кансерватыўных колаў КПБ, якiя яшчэ ў 1989 г. вельмi хваравiта ўспрынялi развiццё „некантраляванай дэмакратыi” i з хваляваннем назiралi за ўзмацненнем „нефармальных экстрэмiсцкiх сiлаў”, аказалiся недарэмнымi. У той жа час беларускае грамадства даведалася пра жахлiвыя наступствы Чарнобыля, якiя не знайшлi свайго адлюстравання нi ў савецкай афiцыйнай партыйнай прапагандзе, нi ў справаздачы лектара САПН.
[1] BArch [Bundesarchiv Lichterfelde Ost; Федэральны архiў ФРН, Лiхтэрфельдэ-Ост] DY 30/12403, арк. 152–162, тут: арк. 152, 159.
[2] Тамсама, арк. 152.
[3] Тамсама.
[4] Тамсама, арк. 153.
[5] Тамсама, арк. 155.
[6] Тамсама, арк. 154, 155.
[7] Тамсама, арк. 153, 154.
[8] Тамсама, арк. 156, 157.
[9] Klaus Schroeder, Der SED-Staat. Partei, Staat und Gesellschaft 1949–1990, München 1998. S. 284, 297.
[10] BArch DY 30/12403, арк. 156.
[11] Тамсама, арк. 157.
[12] Тамсама, арк. 155.
[13] Гл. напрыклад: BArch DY 30/12403, арк.144–151, тут: 147, 148; арк. 171, 172; арк. 185–191, тут: 189–191.
[14] BArch DY 30/12403, арк. 157, 158.
[15] Klaus Schroeder, Der SED-Staat. Partei, Staat und Gesellschaft 1949–1990, München 1998. S. 295f.
[16] BArch DY 30/12403, арк. 158.
[17] Тамсама, арк. 160–162.
[18] Тамсама, арк. 152.
Наверх