БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Генрык Літвін. Сувязі эліты ВКЛ з Кіеўшчынай у 1569–1648 г.


Эліты Вялікага Княства Літоўскага доўгі час не пагаджаліся з далучэннем Валыні і Кіеўшчыны да Кароны, што цягнула за сабой адну з істотных прычын „унійных спрэчак”. Паўстае пытанне, у якой ступені гэтая з’ява вынікала з матэрыяльных інтарэсаў магнацкіх родаў Вялікага Княства Літоўскага, і ў якой была праявай націску на палітычнай канцэпцыі тэрытарыяльнай непадзельнасці. Каб высветліць дадзеныя аспекты, разгледзім абсяг інтарэсаў літоўскай эліты[1] на „інкарпараваных абшарах” і яе прыватнай актыўнасці на ўзгаданых землях. Такім чынам, наш артыкул будзе свайго роду спробай адказу на абазначаныя пытанні адносна Кіеўскага ваяводства.

У эпоху напярэдадні Люблінскай уніі і адразу пасля гэтага прадстаўнікі княскіх і магнацкіх родаў фактычна не мелі сваіх сядзібаў на Кіеўшчыне. Некалькі маёнткаў з вялікімі зямельнымі надзеламі, якія можна аднесці да маёмасці істотнага парадку, займалі магнаты, што часцей за ўсё сваю дзейнасць і справы вялі па-за межамі ваяводства. Сярод іх (улічваючы і перыяд пасля 1569 г.) былі таксама абывацелі (грамадзяне) Вялікага Княства Літоўскага.

Найбольш значным кіеўскім зямельным багаццем распараджаўся Філон Кміта, які ў 1566 г. атрымаў „на вечнасць” Чарнобыль і прылеглыя да яго тэрыторыі, у дадатак да чаго меў ва ўласнасці вялікую воласць Вяледнікі і некалькі вёсак[2]. Памер маёмасці ставіў Кміту на трэцюю пазіцыю ў спісе мясцовых землеўладальнікаў (1581)[3]. Кмітава сядзіба месцілася ў Чарнобылі, на што ўказ ваў допіс да ягонага прозвішча — Кміта-Чарнобыльскі. Пры гэтым ён выконваў функцыі аршанскага старасты (з 1566 г.), а з 1579 г. — ваяводы смаленскага, што звязвала яго з ВКЛ[4]. Сам ён выразна лічыў сябе ліцвінам[5]. Памёр Кміта ў 1587 г., пакінуўшы пасля сябе непаўнагадовых сыноў, з якіх толькі Лазар „даспеў” да самастойнага ўзросту, але ўсё роўна памёр маладым і без нашчадкаў у 1595 г.[6]. Названыя землі перайшлі ў спадчыну яго сёстрам.

Значнымі былі таксама кіеўскія ўладанні роду Гарнастаяў, што меў мясцовае паходжанне, але пры гэтым валодаў землямі і ўплывамі ў ВКЛ[7]. Са шматлікіх мужчынскіх нашчадкаў роду, што нарадзіліся ў 50-я і 60-я г., у выніку застаўся толькі адзін нашчадак — Гаўрыла Іванавіч. З 1566 г. ён быў ваяводам менскім, а пазней, з 1576 г., ваяводам берасцейскім[8]. У 70-я і 80-я г. XVI ст. ён прымаў актыўны ўдзел у палітычным жыцці ВКЛ[9], адначасова ўзмацняючы матэрыяльныя пазіцыі на Кіеўшчыне. Яго адзіны сын Еранім (Ерафей) атрымаў у спадчыну ўсе маёнткі роду, уключна з літоўскімі. Частку апошніх ён прадаў[10]. Ужо наступны прадстаўнік роду, Самуэль, быў моцна звязаны з Кіеўшчынай, пастаянна там жыў, і няма звестак пра ягоныя хоць якія сувязі з ВКЛ[11].

Падобную карціну ў перыяд каля 1569 г. можна назіраць адносна роду Тышкевічаў-Лагойскіх. Гэты род з фамільным гняздом на Кіеўшчыне, маючы немалыя мясцовыя маёнткі, заняў на працягу XVI ст. высокія пазіцыі ў спісе землеўладальнікаў і набыў значныя тэрыторыі ў Вялікім Княстве Літоўскім[12]. Васіль Тышкевіч быў першым сенатарам у гісторыі роду, а таксама займаў пасаду спачатку падляшскага, пазней жа смаленскага ваяводы (з 1569 г.). Ягоны „набытак” складаўся з трох зямельных комплексаў у паветах Менскім, Слонімскім ды на Кіеўшчыне[13]. Маёмасць цалкам перайшла ў спадчыну ўнукам Васіля, сынам яго старэйшага нашчадка — Юрыя[14]. Шматлікія прадстаўнікі роду ў чарговых пакаленнях таксама падтрымлівалі кантакты як з Кіеўшчынай, так і з ВКЛ. Такімі былі Юры, ваявода берасцейскі[15], ягоныя сыны Фрыдрых (Тэадор Фрыдэрык), Марцін і Астап (Ян Яўстахій), якія займалі адпаведна пасады надворнага падскарбія ВКЛ (1607), мсціслаўскага ваяводы (1611) і берасцейскага ваяводы (1615). Нашчадкі двух апошніх сыноў былі адпаведна: Іосіф Марцінавіч — вялікалітоўскім чашнікам (1640) і Антон Астапавіч — надворным падскарбіем ВКЛ (1645), апошні ж у хуткім часе даслужыўся да надворнага маршалка ВКЛ (1645)[16]. Іншым нашчадкам гэтага роду, у сваю чаргу, замінала падобнае рассяроджванне сваіх высілкаў. Януш, сын Фрыдрыха, Станіслаў Іосіфавіч і яшчэ двое Астапавічаў — Крыштаф і Феліцыян — трымаліся кіеўскай маёмаснай прасторы і мясцовай палітычнай сцэны. Наадварот, Пятро Юр’евіч і ягоныя дзеці, а разам з імі Юры і Казімір Астапавічы дзейнічалі на вялікалітоўскай арэне і не мелі дачынення да паўднёва-ўсходняга памежжа[17]. Тышкевічы-Лагойскія былі сярод першых у спісе найбольш заможных магнатаў Кіеўшчыны. Юры, Фрыдрых, Астап належалі да невялікай колькасці латыфундыстаў. Іосіф і Антон — да больш шырокай, але таксама нешматлікай групы заможнай шляхты[18].

Яшчэ адным прадстаўніком эліты ВКЛ, якому належалі значныя зямельныя надзелы на Кіеўшчыне (а таксама на Валыні), быў князь Аляксандр Пронскі. На Дняпры яму перайшлі ў спадчыну воласці Гражаны і Гарашкевічы (іншая назва — Александропаль), якія калісьці ў заставу князям пакінулі Сапегі, але так і не выкупілі[19]. Пронскі вёў актыўную палітычную дзейнасць на вялікалітоўскай арэне, у сувязі з чым ён спачатку займаў пасаду стольніка (1576 — 1588), потым — трокскага кашталяна (1591–†1596). Ён памёр, калі ягоныя два сыны — Аляксандр Актавіян і Юліюш — былі яшчэ непаўнагадовымі, таму спачатку знаходзіліся пад доглядам маці, Фядоры з роду Сангушкаў, а пасля і яе другога мужа, Андрэя Ляшчынскага. Юліюш памёр у 1613 г., Аляксандр жа паехаў за мяжу, дзе памёр пасля 1630 г. без нашчадкаў[20]. Кіеўская маёмасць перайшла да Ляшчынскіх, а пазней была прададзена Нямірычам[21].

Вялікія, але неабжытыя воласці займалі на Кіеўшчыне Кухмістровічы-Дарагастайскія. Гэтыя зямельныя надзелы мелі назву Абухаў, але таксама ўзгадваліся як Кухмістроўшчына[22]. Яшчэ да 1569 г. (адпаведна і пасля 1569 г.) яны складалі долю ў спадчыне Яна, малодшага сына Мікалая, мечніка літоўскага. Па прычыне заўчаснай смерці Яна кіеўская спадчына перайшла яго непаўнагадоваму сыну Паўлу, якім апекаваўся дзядзька Пятро[23]. Па ўсім відаць, Пятра Дарагастайскага мала цікавілі прыдняпроўскія землі, таму ён прадаў іх Канстанціну Астрожскаму ў 1588 г., калі разышліся чуткі, што ягоны пляменнік, які быў выпраўлены па навуку за мяжу, там і памёр. Павел Дарагастайскі, аднак, не памёр, і калі вярнуўся на радзіму, нагадаў дзядзьку пра страчаную маёмасць. Землі вярнуліся да яго пасля другога аспрэчання ў 1598 г. Праўда, гаспадар праз пару гадоў пакінуў гэты свет (1607/1609), а Абухаў стаў уласнасцю Андрэя Фірлея, мужа дачкі Паўла — Альжбэты (Гальшкі)[24]. Сувязі Паўла з ВКЛ цалкам перарваліся, хіба што ён кантактаваў са сваякамі.

Землі ў Кіеўскім ваяводстве імкнуліся пакінуць у сваёй уласнасці не толькі Дарагастайскія, але і іншыя літоўскія „паны” — Халецкія. У 1569 г. ім належала палова Ржышчава з воласцю[25]. Маёмасць была падзелена паміж сынамі Іосіфа (Есіпа), што быў аўруцкім старастам. Свае надзелы меў там таксама Андрэй, што спачатку служыў суддзёй (1579), а пасля рэчыцкім маршалкам (1589–†1595)[26], разам з ім месціліся там Васіль (пасля 1588) і Ян, які быў спачатку гаспадарскім маршалкам (1588), пасля ж мечнікам літоўскім (1589–†1615)[27]. У 1586 г. Андрэй выкупіў другую палову Ржышчаўскай воласці ў яе ўласнікаў па прозвішчы Кордыш. Пасля яго смерці маёнтак быў прыдзелены сынам Юзафіяну, Францішку і Пятру. Сваю частку саступіў ім таксама дзядзька Ян, брат бацькі, які ў крыніцах да 1604 г. узгадваецца як суўладальнік маёнтка[28]. Пятро і Францішак памерлі маладымі і без нашчадкаў, таму адзіным уласнікам Ржышчаўскай воласці стаў Юзафіян, якому давялося весці бясконцыя спрэчкі за межы паміж Кіеўскім і Багуслаўскім староствамі. Не маючы магчымасці развязаць пытанне на сваю карысць, ён надумаў прадаць увесь свой кіеўскі маёнтак Варонічам у 1625 г., пасля чаго, імаверна, перабраўся ў ВКЛ[29].

На Кіеўшчыне свае маёнткі мелі прадстаўнікі яшчэ адной лініі Халецкіх — сыны Герасіма, Васіль і Багдан. Аднак ужо ў 1572 г. яны прадалі воласць Вільск князю Багдану Карэцкаму, які, не доўга думаючы, перапрадаў яе Астрожскім[30].

Адным з двух кіеўскіх сенатараў, якія ў 1569 г. пе-райшлі пад юрысдыкцыю Кароны, быў кашталян Павел Сапега. Асноўная частка яго маёнткаў знаходзілася ў ВКЛ, а з Кіеўшчынай яго звязвала па большасці ўтрыманне з 1560 г. Любецкага староства і служба аховы памежжа, што вынікала з гэтага абавязку. Маёмасць, якой Сапега быў на тых землях спадчынным уласнікам (мясцовасць Гражаны), была закладзена Пронскім. Пасля уніі Сапега быў звязаны з літоўскай палітычнай арэнай і падтрымліваў далучэнне Кіеўшчыны і Валыні да Вялікага Княства Літоўскага. Жыў ён пры гэтым пераважна ў Любечы і сумленна выконваў там абавязкі старасты[31]. Пасля яго смерці (1580) членам яго сям’і не перадаліся землі Любецкага староства, як і не вярнулася да іх Гражанская воласць, таму кантакты названых Сапегаў з Кіеўшчынай перапыніліся[32].

Зямельныя надзелы на Кіеўшчыне меў таксама іншы прадстаўнік роду Сапегаў — Багдан, кашталян берасцейскі (з 1579 г.), пазней — смаленскі (1585–†1593). Былі гэта, аднак, дзве сціплыя воласці — вёска Радомель і Гызін (Хішын)[33]. Палітычная і вайсковая актыўнасць кашталяна была скіравана на Літву[34]. Усё паказвае на тое, што пасля яго смерці сям’я прадала названыя надзелы Нямірычам, прынамсі яны належалі апошнім яшчэ да 1599 г.[35].

Хоць і прасторныя, але ў большасці неасвоеныя землі займалі на Кіешўчыне Францкевічы-Радзімінскія[36]. Прыкладна ў 1569 г. Гулянікі i Карашын, як незаселеныя, узяў пад свой догляд кіеўскі ваявода Канстанцін Васіль Астрожскі. Гулянікі тады запісалі ў дзяржаўную маёмасць Рэчы Паспалітай, а ў 1595 г. перадалі пад катэгорыяй „пустое гарадзішча” Яну Аксаку[37]. Радзімінскія яшчэ доўгі час судзіліся за сваё адабранае дабро, але ў 1629 г. канчаткова адмовіліся ад спрэчкі і земляў у Гуляніках[38]. Інакш складалася сітуацыя вакол Карашына — яго Канстанцін Астрожскі далучыў да сваіх спадчынных маёнткаў[39]. Міхал Францкевіч-Радзімінскі, полацкі падкаморы, распачаў насуперак гэтаму працэс рэстытуцыі названай маёмасці (1598)[40]. Ягоны сын Мікалай выйграў справу, дачакаўшыся фармальнай перадачы яму маёмасці, што перапісаў сабе „на спадчынных правах” Астрожскі (1604)[41]. Той самы Мікалай да 1624 г. гаспадарыў у Карашыне разам з братам Янам, якому таксама належала ўзгаданая мясцовасць, пазней жа, відаць, пасля продажу, маёнтак быў ва ўласнасці кіеўскага лоўчага Вацлава Жміёўскага[42]. Мікалай і Ян трымалі таксама іншыя пакінутыя бацькам уладанні, у тым ліку Масанаў (іначай — Масаны, Мазаны, Мазанаў). Гэты маёнтак над Прыпяццю неперарыўна належаў роду Францкевічаў-Разімінскіх прыкладна ад сярэдзіны XVI ст., калі не з ранейшага часу[43]. У першыя гады пасля прыняцця уніі быў уласнасцю Міхала, полацкага падкаморыя[44]. Калі ж той памёр у 1598 г., Масанаў перайшоў да сыноў — Яна (†1635) і Мікалая, надворнага харужага літоўскага (†каля 1630)[45]. Больш дакладных дадзеных пра продаж Масанава мы не маем, але адбыўся ён не раней за 1628 г. і не пазней за 1634 г., калі ўласнікам яго запісвалі ўжо Іпаліта Радкевіча, кіеўскага мечніка[46]. З гэтага вынікае, што Францкевічы-Радзімінскія таксама адступіліся ад кіеўскага землеўладарання прыкладна ў 1630 г.

Невялікія зямельныя ўладанні на Кіеўшчыне мелі і Скумін-Тышкевічы. Дзмітры займаў тут нават урад падкаморыя, але ў 1576 г. атрымаў магчымасць заняць пасаду надворнага маршалка ВКЛ і знік з грамадскага і палітычнага жыцця ваяводства[47]. Ягоны брат Тодар трымаў ва ўласнасці надзелы ў Чэрніне на паўночным Задняпроўі[48], але актыўную дзейнасць праводзіў у Літве. Ён займаў тут пасады надворнага падскарбія (1576), земскага падскарбія (1586) і ўрэшце наваградскага ваяводы (1590–†1618), быў актыўным прадстаўніком палітычнай эліты ВКЛ і без сумневу лічыў сябе ліцвінам[49]. Чэрнін перадаваўся па спадчыне наступным пакаленням Скуміноў. Сын Тодара Януш пераказаў гэтыя землі дачцэ Кацярыне, якая разам з другім сваім мужам Янушам Вішнявецкім прадала іх у 1636 г. Андрэю Драгаеўскаму[50].

На поўначы Кіеўскага ваяводства распасціраліся землі Слушкаў пад назвамі Мухаедавічы, Апачыцы і Углы (Вуглы). У часовых межах 1569 г. на іх гаспадарыў Мікалай, крычаўскі стараста[51]. З 1581 г. іх уласніцай была запісана „пані Мікалаёва Слушчына”, а была ёю Гальшка з роду Кмітаў, на той час, відаць, ужо ўдовая па Мікалаю[52]. Праз нейкі час гэтыя маёмасці перадаліся дзецям Мікалая. У 1598 г. Мікалай Мікалаевіч Слушка запісаў на сваю жонку Ганну з роду Тхужэўскіх права дажываць і быць пад апекай на кіеўскіх маёнтках[53]. З чаго вынікае, што тады ён быў адзіным іх уладальнікам і памёр без дзяцей у тым самым 1598 г., а Мухаедавічы і іншыя надзелы спадчынна перадаліся ягоным малодшым братам Крыштафу і Аляксандру[54]. На кіеўскіх землях Слушкаў Аляксандр і Крыштаф былі суўладальнікамі, пакуль Крыштаф не памёр у 1619 г., а яго частку прынялі ў спадчыну сыны Рэмігіян і Рафал[55]. У 1631 г. дайшло да падпісання сямейнага пагаднення, паводле якога сыны Крыштафа атрымалі ў выключнае ўладанне кіеўскія землі, саступіўшы дзядзьку Аляксандру частку земляў у ВКЛ[56]. У пазнейшыя гады на гэтых землях вяліся прыгранічныя спрэчкі з праваслаўным мітрапалітам Пятром Магілам[57], што, магчыма, паўплывала на рашэнне братоў прадаць усе маёнткі ў Кіеўскім ваяводстве Стэфану Аксаку[58]. Сям’я Слушкаў даволі доўга трымалася сваёй маёмасці на Кіеўшчыне, напэўна таму, што іх землі знаходзіліся ля самай мяжы з ВКЛ. Прадстаўнікі названага роду былі звязаныя з Літвой і вялі там палітычныя і вайсковыя справы. Мікалай Мікалаевіч быў вядомым і паважаным военачальнікам. Ён кіраваў войскам ВКЛ, якое дапамагала кароннай арміі ваяваць з казацкімі аддзеламі Налівайкі, і лічыўся абывацелем ВКЛ[59]. Ягоны малодшы брат Крыштаф распачаў у ВКЛ кар’еру і ўрадавую (менскі падсудак у 1600 г.), і палітычную (менскі пасол у 1600 г.)[60]. Там ён жыў і дзейнічаў, хоць ад 1607 г. меў яшчэ пасаду вендэнскага ваяводы ў Інфлянтах, што належалі да супольных каронна-літоўскіх земляў[61]. Актыўным сенатарам ВКЛ быў і малодшы з братоў, Аляксандр Слушка — кашталян менскі з 1618 г. і жамойцкі з 1628 г., ваявода менскі з 1633 г., наваградскі з 1638 г. і трокскі з 1642 г. (памёр у 1647 г.)[62]. Нават кіеўскія спрэчкі спрабаваў вырашыць у судах ВКЛ, у выніку чаго трапіў у працяглы працэс з суседзямі з-пад Мухаедавічаў — Сурынамі[63].

Адначасова з працэсам адыходу ліцвінаў з Кіеўшчыны адбываўся — што праўда, у меншай меры — іх наплыў на названыя тэрыторыі. Прыгадаем, што кіеўскія маёнткі Кмітаў прынялі ў 1595 г. прадстаўнікі двух родаў з ВКЛ — Сапегаў і Друцкіх-Горскіх. Пасля смерці свайго брата Лазара Соф’я, жонка Лукаша Сапегі, і з ёю Багдана Друцкая — абедзве дачкі Кміты — падзялілі бацькаву спадчыну такім чынам, што першай засталася Чарнобыльская воласць, другой жа Вяледніцкая з некалькімі меншымі маёнткамі (Замысловічы, Ракітнае, Антонаў, Макалевічы, Вепрын, пераназваны пазней у Лукашаў)[64]. Друцкія, аднак, не прыжыліся на Кіеўшчыне. Калі ў 1609 г. Юры Друцкі-Горскі загінуў пад Масквой, удава перапісала сваю частку бацькавай спадчыны на сястру і яе сямейства. Такім чынам, у 1613 г. Лукаш Сапега стаў уласнікам усіх кіеўскіх земляў Кмітаў[65]. Спачатку ён паменшыў іх памеры продажам Ракітнага Гойскім (1623)[66], запісаўшы таксама Замысловічы ва ўласнасць езуітам з Вінніцы[67]. Калі ж адзіны яго сын Самуэль памёр у 1625 г., ён запісаў усе іншыя маёнткі на свайго сваяка, вялікага канцлера літоўскага Льва Сапегу, якому права ўласнасці на іх служыла з 1626 г.[68]. Леў Сапега сам на іх не сядзеў, а аддаў у распараджэнне стрыечным братам Паўлу, Яну і Андрэю, сынам Яна Пятра, усвяцкага старасты[69]. Тады ж адбылося чарговае памяншэнне ўсёй гэтай зямельнай маёмасці — у 1627 г. Іосіфу Корсаку быў прададзены Антонаў[70]. Дарэчы, названы зямельны надзел знаходзіўся на поўначы Кіеўшчыны і тады ўжо адносіўся да Мазырскага павета ВКЛ[71]. Воласць Вяледнікі патрапіла пад заставу, пазней жа, з прычыны яе несвоечасовага выкупу, перайшла ў спадчынную ўласнасць Станіслава Веляма[72]. Макалевічы і Вепрын, невядома дакладна якім чынам, адышлі да Чарлянкоўскіх[73]. Сапегі пакінулі сабе на Кіеўшчыне толькі Чарнобыль з воласцю. Калі ў 1633 г. памёр Леў Сапега, гэты маёнтак атрымаў ягоны сын, Казімір Лявон[74]. З Кіеўшчынай ён не быў звязаны ніякім чынам. Вядома, што на сойме 1646 г. ён спрабаваў нават прылучыць Чарнобыль да ВКЛ[75], аднак рашучая нязгода кіеўскіх паслоў пакінула воласць у межах іх ваяводства, Сапега ж пры гэтым ад яе не адмовіўся да канца даследаванага намі перыяду.

На поўначы ад Чарнобыля, недалёка ад межаў з ВКЛ, знаходзілася воласць Вострагладавічы, якая ў 20-я г. XVII ст. таксама патрапіла ў рукі ўласнікаў, што выводзіліся з элітаў ВКЛ. Не пазней за 1624 г. гэты маёнтак стаў належаць Мікалаю Абрагамовічу[76]. Прывялі да гэтага складаныя сямейна-фінансавыя дамоўленасці. Вострагладавічы ў маёмасць Абрагамовічаў прыўнесла жонка Мікалая, князёўна з роду Курцэвічаў. Ён перайшоў ёй у спадчыне па маці, Гальшкі з роду Стужынскіх, якая трэці раз выйшла замуж за Мікалая Харленскага, у гэтым шлюбе дзяцей не мела і калі стала ўдовай, атрымала названыя землі па мужу, запісаўшы іх сваёй адзінай дачцэ[77]. Воласць знаходзілася на памежжы з ВКЛ, таму Абрагамовічам было даволі зручна займацца яе адміністраваннем. Яны таксама не адмовіліся ад яе да канца даследаванага намі перыяду.

Два наступныя і апошнія ў нашым даследаванні кіеўскія маёнткі прадстаўнікоў эліты ВКЛ аддзяліліся ад вялізнай латыфундыі Карэцкіх. Пасля смерці князя Іахіма і завяршэння „пажыццёвага ўладання” яго жонкі Ганны з роду Хадкевічаў (†1626) два надзелы перадаліся ў спадчыну яго дочкам. Ганна, Глябовіч па мужу, атрымала мясцовасць Гаголеў з воласцю[78], а Лавінія, па мужу Радзівіл, — мясцовасць Базар з прылеглай тэрыторыяй (cum attinentis)[79]. Але Глябовічы на Украіне не затрымаліся, бо ўжо ў 1642 г. іх сын Марцыбелі Юры, падстолі літоўскі, прадаў усе кіеўскія землі Стэфану Аксаку[80]. У сваю чаргу Лавінія Радзівіл стала ўдовай ужо ў 1626 г. і, відавочна, апекавалася родавымі маёнткамі Карэцкіх на Кіеўшчыне да сваёй смерці ў 1648 г.[81].

Як мы пабачылі, прадстаўнікі элітаў ВКЛ, што ў 1569 г. валодалі зямлёй на Кіеўшчыне, паволі ці хутчэй пакінулі свае ўскраінныя маёнткі. Кміты вымерлі ў 1595 г. Пронскія з’ехалі з Кіеўшчыны прыкладна ў 1613 г., Дарагастайскія — каля 1607, Халецкія — каля 1625, дзве лініі роду Сапегаў — каля 1580 i 1599 г., Скуміны — пасля 1618 г., Францкевічы-Радзімінскія — каля 1630 г., а Слушкі — у 1640 г. Нашчадкі роду Гарнастаяў засталіся на Украіне, затое практычна перасталі зносіцца з ВКЛ. Толькі Тышкевічы-Лагойскія дзейнічалі па двух напрамках, падтрымліваючы зносіны як з ВКЛ, так і з Кіеўшчынай. У спадчыну атрымалі кіеўскія маёнткі Сапегі з канцлерскай лініі і Радзівілы з лініі клецкай, але ўласнасць гэтая мела для іх другараднае значэнне, і мы не адзначаем выразных сувязяў названых сем’яў з Кіеўскім ваяводствам.

Сляды палітычнай актыўнасці прадстаўнікоў эліты ВКЛ на Кіеўшчыне выяўляюцца рэдка і звязаныя з дзейнасцю прадстаўнікоў дзвюх фамілій — Сапегаў і Тыш-кевічаў. Фігурай, з якой лічыліся ў межах ваяводства, быў, без сумневу, Лукаш Сапега (†1626). Ён утрымліваў сядзібы ў Чарнобылі і Вяледніках, прымаў удзел у рэгіянальных фракцыях і спрэчках, нажыў сярод кіеўскай шляхты і сяброў, і ворагаў. Акрамя таго, што ён меў немалыя ўладанні, падтрымкай яго дзейнасці быў уплывовы сваяк Леў Сапега[82]. Пасля смерці Лукаша кіеўскія маёнткі перайшлі менавіта да яго, а ўласнік аддаў іх пад дагляд сваякам — усвяцкім старасцічам. Тыя імкнуліся працягваць справу Лукаша і гэта нават няблага выходзіла, бо Павел Сапега меў гонар прадстаўляць ваяводства на канвакацыйным сойме ў 1632 г.[83]. Аднак у перыяд панавання Уладыслава IV Сапегі знікаюць з кіеўскай палітычнай сцэны.

Адзінай сям’ёй, якая свядома захоўвала актыўнасць і на Літве, і на Кіеўшчыне, былі Тышкевічы па лініі Юрыя, берасцейскага ваяводы (†1576). Ян Яўстафій, у крыніцах часцей узгадваны як Астап, быў актыўным удзельнікам кіеўскіх соймікаў. У 1605 г. яго абралі ў Жытоміры паслом на сойм[84]. Урадавую кар’еру яму ўдалося зрабіць у ВКЛ — быў адпаведна надворным падскарбіем літоўскім (1607), ваяводам мсціслаўскім (1611) і пасля берасцейскім (1615–†1631)[85]. Пры гэтым ён не адступіўся ад Кіеўшчыны і Кароны, імкнуўся падтрымліваць добрыя адносіны з Томашам Замойскім i ў 1629 г. быў прэтэндэнтам на пасаду кіеўскага ваяводы — пасля таго, як памёр Аляксандр Заслаўскі[86]. Іншымі словамі, ён актыўна ўдзельнічаў у папярэдніх мясцовых раскладах на шляху да канкрэтнай пасады, дбаў пра добрыя зносіны з мясцовымі лідарамі[87]. Ягоныя сыны — Крыштаф і Феліцыян — зрасліся з Кіеўшчынай мацней за бацьку, а вось Антон Ян выступаў падобным чынам адразу на дзвюх арэнах — літоўскай і кіеўскай. Ён быў паслом віленскага сойміка (хутчэй за ўсё ў 1641), а таксама жытомірскага (1632, 1633, 1640, 1643), але дзяржаўныя пасады займаў — у адрозненне ад братоў — выключна ў ВКЛ (чашнік літоўскі 1640, надворны падскарбі літоўскі 1640, надворны маршалак літоўскі 1645)[88].

Варта таксама ўзгадаць пра ўплывовасць Крыштафа і Януша Радзівілаў на кіеўскай палітычнай сцэне. Кіраваная імі дысідэнцкая партыя мела сваіх прадстаўнікоў і на жытомірскім сойміку. Да супольнікаў князёў на Біржах і Дубінках у апошняй фазе панавання Жыгімонта Ш адносіліся Гаўрыла і Раман Гойскія[89]. Добрыя кантакты былі ў іх тады і з Нямірычамі[90]. Пры Уладыславе IV сувязі паміж Радзівіламі і лідарам кіеўскіх дысідэнтаў Юрыем Нямірычам яшчэ больш узмацніліся[91]. Гетман ВКЛ „аддэлегаваў” нават на Кіеўшчыну ў падтрымку Нямірычу свайго вернага супольніка Самуэля Пшыпкоўскага, які вызначыўся там вялікай актыўнасцю, быў абраны паслом і маршалкам сойміка[92]. Прыхільнікамі Радзівілаў былі не толькі дысідэнты. Існуюць прыклады цеснага супрацоўніцтва з гетманам ВКЛ каталіка Антонія Тышкевіча[93]. Да радзівілаўскіх кліентаў адносіўся яшчэ адзін каталік, кіеўскі падваявода і жытомірскі пасол 1646 г. Аляксандр Лянкевіч-Іпагорскі[94]. Таксама вядома, што Крыштаф Радзівіл наладжваў добрыя сувязі з кіеўскімі лідарамі праваслаўя, напрыклад з Фёдарам Праскурам-Сушчанскім[95].

Кантакты эліты ВКЛ з Кіеўшчынай пасля 1569 г. былі рэдкімі, прычым выяўлялася выразная тэндэнцыя іх знікнення. Устойлівыя сувязі прадстаўнікоў роду Тышкевічаў і Сапегаў з Прыдняпроўскім ваяводствам трэба разглядаць хутчэй як выключэнне, а не як правіла. Абмежаваная актыўнасць прадстаўнікоў некалькіх важных родаў ВКЛ датычыла паўночнай часткі Оўруцкага павета, што была спрэчнай тэрыторыяй паміж Каронай і Княствам. Падобным чынам уплывы біржанскіх Радзівілаў на Кіеўшчыне не трэба разглядаць як праяву моцных сувязяў паміж Літвой і Кіевам, а як імкненне апошніх арганізаваць там агульнадзяржаўны рух, перадусім веравызнаўчага, хоць і не толькі, характару. Сувязі эліты ВКЛ з Кіеўшчынай былі на момант падпісання уніі рэдкія і не надта трывалыя, тым лягчэй яны паддаліся эрозіі пасля уніі. Пастулаты аб вяртанні земляў, што ставіліся лідарамі ВКЛ у 70-я і 80-я г. XVI ст., мелі, відаць, чыста палітычныя падставы.

Пераклад Інэсы Курян

[1] У прыведзеных ніжэй разважаннях бярэцца пад увагу распаўсюджанае азначэнне, дзе пад элітай разумеюцца прадстаўнікі тых літоўскіх родаў, што займалі канкрэтную пасаду ў вышэйшай палаце сойма ці мелі высокі чын у цэнтральнай адміністрацыйнай іерархіі.
[2] Клепатский П. Н. Очерки по истории киевской земли. Т. 1. Литовский период. Одесса, 1912. С. 215, 226, 227, 256, 301, 310.
[3] Litwin H. Napływ szlachty polskiej na Ukrainę 1569–1648. Warszawa, 2000. S. 26.
[4] Eberle J. Kmita Czarnobylski Filon // PSB. T. 13. S. 88–89.
[5] Lulewicz H. Gniewów o unię ciąg dalszy. Stosunki polsko-litewskie w latach 1569–1588. Warszawa, 2002. S. 107–108.
[6] BC, Zbiór Muzeum Narodowego, 863, cz. 5, k. 57; Ukraina (Kijów — Bracław). Dział I–III, wyd. A. Jabłonowski. [у:] Polska XVI wieku po względem geograficzno-statystycznym. T. 9, wyd.: Źrodła Dziejowe. T. 20–22. Warszawa, 1894. Dz. II. S. 13.
[7] Пятае месца сярод землеўладальнікаў у 1581 г. Гл.: Litwin H. Napływ… Op. cit. Гл. таксама: Litwin H. Rody pańskie Kijowszczyzny. Status majątkowy // Przegląd Wschodni. T. VIII, z. 2 (30). 2002. S. 249–250.
[8] Markiewicz A. Hornostaj Gabriel (Hawryła) // PSB. T. 9. S. 626–627.
[9] Lulewicz H. Gniewów o unię… Op. cit. S. 201, 217, 237, 247, 276, 295, 315, 357, 363, 391.
[10] Boniecki A. Herbarz Polski. T. 7. S. 340.
[11] Rulikowski E. Opis powiatu kijowskiego. Kijów — Warszawa, 1913. S. 128–129.
[12] Lulewicz H. Miszkowicze, Kalenikowicze, Tyszkowicze (Tyszkiewicze) — cztery pokolenia w dziejach rodu (XV wiek — pierwsza połowa XVI wieku). [у:] Władza i prestiż: magnateria Rzeczypospolitej w XVI–XVIII wieku, red. J. Urwanowicz. Białystok, 2003. S. 306.
[13] Op. cit. S. 324–328.
[14] Litwin H. Rody… Op. cit. S. 242–243.
[15] Lulewicz H. Gniewów o unię… Op. cit. S. 86, 111, 134, 151, 182.
[16] Litwin H. Rody… Op. cit. S. 243–244.
[17] Op. cit. S. 242–245.
[18] Op. cit., гл. таксама: Litwin H. Napływ… Op. cit. S. 26, 30.
[19] Ukraina (Kijów — Bracław)… Dz. I. S. 36. Dz. II. S. 112. У 1581 г. гэта быў дзясяты з самых вялікіх зямельных уладанняў на Кіеўшчыне, гл.: Ltwin H. Napływ… Op. cit. S. 26.
[20] Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku. Warszawa, 1895. S. 402–403.
[21] Ukraina (Kijów — Bracław)… Dz. I. S. 67.
[22] Rulikowski E. Obuchow… [у:] Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich (далей SGKP). T. 7. S. 356–358.
[23] Op. cit. На жаль, Рулікоўскі пераблытаў тут дзве постаці. На самай справе, Паўлам апекаваўся ягоны дзядзька Пятро, што быў сынам вялікалітоўскага мечніка Мікалая, які ў хуткім часе пасля 1588 г. памёр (A. Boniecki. Herbarz… Op. cit. T. 13. S. 86). Рулікоўскі жа пераблытаў яго з Пятром, сынам полацкага ваяводы Мікалая. Названы Рулікоўскім Пятро, менскі кашталян з 1597 г., а пасля ваявода мсціслаўскі з 1600 і смаленскі з 1605 (†1611), быў па ўзросце амаль равеснікам Паўла і не мог быць ягоным апекуном.
[24] Ukraina (Kijów — Bracław)… Dz. II. S. 42, 76, 149, 191, 250, 331, 475.
[25] Rulikowski E. Rżyszczow… [у:] SGKP. T. 10. S. 171–174.
[26] Halecki O. Chalecki Andrzej // PSB. T. 3. S. 247.
[27] Halecki O. Chaleccy na Ukrainie // Miesięcznik Heraldyczny. T. 3. 1910. Гл. таксама: Rulikowski E. Opis powiatu kijowskiego… Op. cit. S. 132–137.
[28] Ukraina (Kijów — Bracław)… Dz. II. S. 41, 75. Boniecki A. Herbarz… Op. cit. T. 2. S. 335.
[29] Op. cit. Dz. III. S. 396. Rulikowski E. Rżyszczow… [у:] SGKP. T. 10. S. 172.
[30] Halecki O. Chaleccy na Ukrainie… Op. cit. S. 198.
[31] Lulewicz H. Sapieha Paweł // PSB. T. 35. S. 131–133.
[32] Rachuba A. Sapieha Jan Piotr // PSB. T. 34. S. 621–624.
[33] Ukraina (Kijów — Bracław)… Dz. I. S. 43.
[34] Lulewicz H. Sapieha Bohdan // PSB. T. 34. S. 594–596.
[35] Ukraina (Kijów — Bracław)… Dz. II. S. 88.
[36] Ukraina (Kijów — Bracław)… Dz. III. S. 622.
[37] Metryka Ruska (Wołyńska). Regesty dokumentów kancelarii koronnej dla ziem ukraińskich (województw wołyńskiego, bracławskiego, kijowskiego i czernihowskiego) 1569–1673, ed. P. Kennedy Grimsted. Kijow, 2002. S. 451.
[38] Першыя згадкі пра прававыя спрэчкі за Гулянікі з удзелам Радзімінскіх датаваныя 1606 г., гл.: Опись актовой книги Киевского Центрального Архива. T. 1, 8–14, 16–18. Kиев, 1869–1882. T. 10. С. 21. Дэкрэт ад 1629 г., гл.: Metryka Ruska… Op. cit. S. 662.
[39] Ukraina (Kijów — Bracław)… Dz. II. S. 39.
[40] Ukraina (Kijów — Bracław)… Dz. II. S. 34.
[41] Ukraina (Kijów — Bracław)… Dz. II. S. 439.
[42] Па гэтым пытанні ў нас ёсць супярэчлівыя дадзеныя. Так, Эдвард Рулікоўскі сцвярджаў, што ад Міхала мясцовасць Карашын перайшла ў спадчыну ягонаму сыну Яну, які памёр у 1631 г., а пасля сыны апошняга перадалі свае правы на маёнтак дзядзьку Мікалаю, гл.: Rulikowski E. Karaszyn. [у:] SGKP. T. 3. S. 832. Пры гэтым ёсць звесткі, што два браты — Мікалай і Ян — разам гаспадаравалі ў Карашыне, гл.: Ukraina (Kijów — Bracław)… Dz. II. S. 190, 227, 249, 254, 362. Відаць, усё ж Мікалай памёр раней за Яна. Як пісаў Рулікоўскі, Мікалай пасля 1631 г. прадаў Карашын Юрыю Нямірычу, а той перапрадаў маёнтак Вацлаву Жміёўскаму, гл.: Rulikowski E. Karaszyn. Op. cit. На самай справе Жміёўскі меў права ўласнасці ўжо ў 1624 г., а ў рэестры пабораў ад 1628 г. ён узгадваецца як адзіны ўласнік маёнтка, гл.: Ukraina (Kijów — Bracław)… Dz. II. S. 326. Dz. I. S. 71.
[43] Ukraina (Kijów — Bracław)… Dz. III. S. 667.
[44] Гл. падаткoвы рэестр ад 1581 г.: Ukraina (Kijów — Bracław)… Dz. I. S. 42.
[45] Ukraina (Kijów — Bracław)… Dz. II. S. 92, 248, 267.
[46] У 1628 г. рэестр пабораў мае запіс адносна ўласніка Масонава, якім з’яўляецца Мікалай Францкевіч-Радзімінскі, гл.: Ukraina (Kijów — Bracław)… Dz. I. S. 85. У наступным рэестры ад 1634 г. фігуруе ўжо Радкевіч, гл.: Центральний державний історичний архів України у Києві (далей ЦДІАУК), ф. 11, спр. 9, арк. 1808.
[47] Urzędnicy województw kijowskiego i czernihowskiego XV–XVIII wieku. Spisy, opr. E. Janas, W. Kłaczewski. Kórnik, 2002. S. 45.
[48] Ukraina (Kijów — Bracław)… Dz. I. S. 41. Dz. II. S. 213, 278, 528.
[49] Lulewicz H., Gniewów o unię… Op. cit. S. 254, 255, 294, 354, 357, 380, 395, 400, 401, 404.
[50] Biblioteka im. Łopacińskich w Lublinie, nr 465, bp.
[51] BC, Zbiór Muzeum Narodowego, 863, cz. 19, k. 2. Ukraina (Kijów — Bracław)… Op. cit. Dz. III. S. 667. Гл. таксама: Nagielski M. Słuszka Krzysztof // PSB. T. 39. S. 151. Niesiecki. T. 8. S. 413.
[52] Ukraina (Kijów — Bracław)… Op. cit. Dz. I. S. 41, 42.
[53] Ukraina (Kijów — Bracław)… Op. cit. Dz. II. S. 20.
[54] Nagielski M. Słuszka Aleksander // PSB. T. 39. S. 136.
[55] Ukraina (Kijów — Bracław)… Op. cit. Dz. I. S. 84. Dz. II. S. 66, 208. Опись актовой книги… T. 13. C. 86.
[56] Nagielski M. Słuszka Krzysztof… Op. cit. S. 152.
[57] Описание документов Архива Западнорусских Униатский митрополитов. Изд. С. Г. Рункевич. С.-Петербург, 1895. С. 228.
[58] BC, Zbiór Muzeum Narodowego, 863, cz. 19, k. 72.
[59] Rzońca J. Rzeczpospolita Polska w latach 1596–1599; Wybrane zagadnienia polityki wewnętrznej i zagranicznej. Opole, 1990. S. 13–14. Niesiecki. T. 8. S. 414.
[60] Wisner H. Rzeczpospolita Wazów II. Wojsko Wielkiego Księstwa Litewskiego — dyplomacja — varia. Warszawa, 2004. S. 250.
[61] Nagielski M. Słuszka Krzysztof… Op. cit. S. 152.
[62] Nagielski M. Słuszka Aleksander… Op. cit. S. 135–136.
[63] Metryka Ruska… Op. cit. S. 690, 707, 712, 727, 728.
[64] BC, Zbiór Muzeum Narodowego w Krakówie, 863/5, k. 57; Архив Юго-Западной Росии, издаваемый Временною Комиссиею для разбора древних актов. Ч. 1–8. В 34 т. Киев, 1859–1914. Ч. 6. T. 1. Отд. 1. С. 244–253; Ukraina (Kijów — Bracław)… Dz. II. S. 13, 205.
[65] AP Kraków, Archiwum Młynowskie Chodkiewiczow, N. 972; Опись актовой книги… T. 13. C. 87; Ukraina (Kijów — Bracław)… Dz. II. S. 205.
[66] Ukraina (Kijów — Bracław)… Dz. II. S. 629.
[67] Ukraina (Kijów — Bracław)… Dz. II. S. 628.
[68] AP Kraków, Archiwum Młynowskie Chodkiewiczow, N. 972.
[69] Опись актовой книги… T. 9. C. 33.
[70] Sapiehowie. Materiały historyczno-genealogiczne i majątkowe. T. 1–2. S.-Petersburg, 1891. S. 69.
[71] Крикун М. Адміністративно-територіальний устрій Право-бережної України в 15–18 ст.: Кордони воєводств у світлі джерел. Київ, 1993. С. 140–145.
[72] ЦДІАУК, ф. 11, спр. 9, арк. 1803.
[73] BJ 4503, k. 50, 85, Archiv Jugozapadnoj… Op. cit. Cz. 7. T. 1. S. 411; Опись актовой книги… T. 14. C. 22.
[74] Кароткі час суўладальнікам быў ягоны старэйшы брат Ян Станіслаў, які памёр у 1635 г., гл.: BC, Zbiór Muzeum Narodowego w Krakówie, 863/5, k. 66.
[75] Rachubа А. Sapieha Kazimierz Leon // PSB. T. 35. S. 33.
[76] Ukraina (Kijów — Bracław)… Dz. I. S. 83. Dz. II. S. 359; ЦДІАУК, ф. 11, спр. 9, арк. 1703, 1802.
[77] Гл.: Wolff J., Kniaziowie… Op. cit. S. 199. A. Boniecki. Herbarz… Op. cit. T. 2. S. 345. Біяграма Мікалая Абрамовіча ў Польскім Біяграфічным Слоўніку (PSB) чамусьці не ўзгадвае яго першую жонку Эву, якая паходзіла з роду Курцэвічаў, гл.: W. Lipiński. Abramowicz vel Abrahamowicz Mikołaj // PSB. T. 1. S. 14–15.
[78] Ukraina (Kijów — Bracław)… Dz. I. S. 72.
[79] Jw. S. 88.
[80] Lasocki Z. Sienkiewiczowskie „lwie pacholę” i rod jego // Miesięcznik Heraldyczny. 1936. T.15. S. 5.
[81] CDIAK, Fond 11, nr 9, k. 1799.
[82] Гл. перапіску паміж Лукашом і Львом Сапегамі [у]: Archiwum domu Sapiehow. T. 1. 1575–1606, wyd. A. Prochaska. Lwow,1892, passim.
[83] AR V, 8031, k.157.
[84] BC 320, k. 244.
[85] Urzędnicy centralni i dostojnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego XIV–XVIII wieku. Spisy, opr. H. Lulewicz, A. Rachuba. Kórnik, 1994. S. 161.
[86] Астап Тышкевіч да Тамаша Замойскага, 9 VI 1621, 22 VI 1628, 27 IX 1629, AGAD, AZ 747, k. 111, AZ 390, nr 1, 2.
[87] [Януш Тышкевіч] да Тамаша Замойскага, [1630. M. 27 VIII a 17 IX], AGAD, AZ 930, k. 233.
[88] Urzędnicy centralni Wielkiego Księstwa Litewskiego… Op. cit. S. 77.
[89] Гаўрыла Гойскі да Крыштафа Радзівіла, 16 V 1628, 24 VI 1628, AGAD, AR V, 5434, k. 4, 7.
[90] S. Kryczyński. Lubienieccy na służbie u Radziwiłłów // Odrodzenie i Reformacja w Polsce. T. 28. 1983. S. 235.
[91] J. Dzięgielewski. O tolerancję… Op. cit. S. 105. D. Kupisz. Zbigniew Gorajski (1596–1655). Studium z dziejów szlachty protestanckiej w Małopolsce w pierwszej połowie XVII wielu. Warszawa, 2000. S. 73.
[92] Самуэль Пшыпкоўскі да Крыштафа Радзівіла, 8 III 1630, 21 I 1640, 30 I 1640, AGAD, AR V, 12600; BPAU 2252, k. 277; АЮЗР. Ч. 1. T. 6. С. 774–775; Chmaj L. Samuel Przypkowski… Op. cit. S. 37.
[93] Augustyniak U. Dwor i klientela Krzysztofa Radziwiłła (1585–1640). Mechanizmy patronatu. Warszawa, 2001. S. 361.
[94] Аляксандр Лянкевіч да Крыштафа Радзівіла, 18 VIII 1632, AGAD, ARV, Nr 8318.
[95] Фёдар Праскура Сушчанскі да Крыштафа Радзівіла, 5 V 1632, AGAD, AR V 12401. 


Наверх

Тэгі: , ,