БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

LITWIN, HENRYK. Równi do równych: kijowska reprezentacja sejmowa 1569–1648. Warszawa: Wydawnictwo DiG, 2009. 195 s.


У наступным нумары (том 19, 2012)

Вывучэнне соймавага прадстаўніцтва як усёй Рэчы Паспалітай, так і асобных яе рэгіёнаў – вельмі актуальны і перспектыўны даследчы накірунак[1]. Праца вядомага польскага гісторыка і дыпламата Генрыха Літвіна прысвечана прадстаўніцтву Кіеўскага ваяводства на соймах Рэчы Паспалітай ад заключэння Люблінскай уніі да канца панавання караля польскага і вялікага князя літоўскага Уладыслава Вазы. Манаграфія складаецца з уводзінаў, трох раздзелаў, бібліяграфічнага спіса і асабовага індэкса.

Ва ўводзінах аўтар адразу адзначае, што соймавае прадстаўніцтва Кіеўшчыны цікавіла яго з пункту гледжання вывучэння эліты лакальнай шляхецкай супольнасці (5). Гэта, адпаведна, абумовіла і выбар методыкі даследавання. Статыстычны аналіз усёй сукупнасці паслоў Кіеўскага ваяводства на соймы Рэчы Паспалітай з 1569 да 1648 г. спалучаецца з выяўленнем асяроддзевых, сваяцкіх і палітычных сувязяў канкрэтных асобаў з разгляданай групы (8). Адна з галоўных праблем, з якой сутыкаецца гісторык парламентарызму Рэчы Паспалітай канца XVI – першай паловы XVII ст., – недахоп звестак менавіта пра асабовы склад соймавага прадстаўніцтва. Асабліва гэта датычыць паслоў з земляў Вялікага Княства Літоўскага[2]. Трэба прызнаць, што высновы рэцэнзаванай працы маюць даволі высокую ступень рэпрэзентатыўнасці: было выяўлена каля 63% кіеўскіх паслоў разгляданага перыяду, а дакладней 64 асобы, якія 126 разоў выконвалі пасольскія функцыі на 53 з 67 соймаў. Грунтоўнасць даследавання можна ацаніць і паводле ахопу крыніц ды літаратуры. Г. Літвін выкарыстаў багаты рукапісны матэрыял з архіваў і бібліятэк Варшавы, Кракава, Любліна. Не засталіся па-за ўвагай і дакументы, якія захоўваюцца ва Украіне і Расіі. Фактычна былі ахоплены ўсе найважнейшыя публікацыі дакументальных і наратыўных крыніц (94 пазіцыі), выдадзеныя з пачатку XIX ст. у Польшчы, Расіі, Украіне, Італіі. Усебакова вывучана і гістарыяграфія сацыяльна-палітычнай гісторыі Рэчы Паспалітай разгледжанай эпохі: спіс літаратуры ўтрымлівае 284 пазіцыі на польскай, рускай і ўкраінскай, а таксама англійскай мовах.

Першы раздзел працы (13–41) прысвечаны аналізу ўсёй сукупнасці кіеўскіх паслоў ад Люблінскага сойма 1569 г. да надзвычайнага сойма 1647 г. (апошняга пры жыцці Уладыслава Вазы). Праўда, не агаворана, чаму не ўлічаны прадстаўнікі Кіеўскага ваяводства на элекцыйных соймах Рэчы Паспалітай. Можна толькі здагадвацца, што звязана гэта з асаблівым прынцыпам прадстаўніцтва на элекцыі (т. зв. элекцыя viritim). У выбарчым сойме меў права браць удзел кожны шляхціч, а не толькі абраны на сойміку[3].

Перад тым як перайсці ўласна да аналізу прадстаўніцтва, аўтар звяртае ўвагу на гісторыю ўтварэння соймікаў у Кіеўскім ваяводстве (з 1566 г.), месца яго правядзення (пасля Люблінскай уніі праходзіў у Жытоміры), колькасць абіраных паслоў (з 1572 г. абіраліся 3 паслы). Гісторыку, які займаецца ВКЛ, у гэтым параграфе найбольш блізкім будзе сюжэт пра падзел ваяводства, якое складалася з Кіеўскага і Мазырскага паветаў. Як вядома, 6 чэрвеня 1569 г. прывілеем караля і вялікага князя Жыгімонта Аўгуста Кіеўскае ваяводства было адарвана ад Вялікага Княства і далучана да Кароны[4]. Аднак у акце уніі ад 1 ліпеня 1569 г. Мазырскі павет фактычна фігуруе зноў як частка ВКЛ[5]. Г. Літвін лічыць, і з гэтым можна цалкам пагадзіцца, што рашэнне аб вылучэнні Мазыршчыны з Кіеўскага ваяводства было прынятае якраз паміж 6 чэрвеня і 1 ліпеня. Аўтар выказвае меркаванне, што адбылося гэта дзякуючы дзейнасці мазырскіх паслоў (14). Падаецца вельмі малаверагодным, што паслы Мазырскага павета (мясцовы земскі падсудак Фёдар Лянкевіч-Іпагорскі і Ян Клопат) маглі неяк сур’ёзна паўплываць на вырашэнне пытання аб прыналежнасці цэлага рэгіёна. Належалі яны, у лепшым выпадку, толькі да павятовай эліты, уплываў на дзяржаўным узроўні не мелі, актыўнай палітычнай дзейнасцю не вызначаліся. Хутчэй, тут трэба звярнуць увагу на асобу мазырскага старасты. А ім у той час быў віленскі ваявода, канцлер ВКЛ Мікалай Радзівіл Руды[6]. М. Радзівіл вельмі адмоўна ставіўся да моцнага дзяржаўнага аб’яднання Вялікага Княства і Кароны, не прысутнічаў ён і ў Любліне пры падпісанні уніі. Рашэнне пра захаванне Мазырскага павета за ВКЛ, якое, безумоўна, прымаў кароль, лагічна разглядаць у кантэксце адносінаў Жыгімонта Аўгуста і М. Радзівіла. На нашу думку, гэта быў адзін з крокаў караля і вялікага князя, каб схіліць віленскага ваяводу, а з ім і значную частку палітычнага народа ВКЛ, да больш памяркоўнай пазіцыі ў пытанні уніі.

Далей аўтар  прыступае непасрэдна да вывучэння  соймавай рэпрэзентацыі Кіеўшчыны. Падкрэслім, што ў рэцэнзіі не ставіцца за мэту проста пераказаць высновы, зробленыя ў працы. Найперш хацелася б засяродзіць увагу на саміх падыходах да вырашэння пастаўленай мэты. Перыяд даследавання разбіваецца на некалькі падперыядаў (25). З аднаго боку, каб прапарцыянальна падзяліць абраную для вывучэння эпоху, іх вылучаецца тры: 1569–1596, 1597–1626 і 1627–1648 г. Такім чынам, на кожны прыпадае па 22 ці 23 соймы. З другога боку, вылучаюцца яшчэ чатыры падперыяды, звязаныя з часам панавання асобных манархаў: 1569–1586, 1587–1609, 1611–1632 і 1632–1648 г. Такі падыход дазваляе больш выразна выявіць як агульныя тэндэнцыі ў персанальным складзе соймавага прадстаўніцтва Кіеўскага ваяводства за ўвесь даследаваны час (“статычная трактоўка”), так і яго змены ды асаблівасці на асобных этапах (“дынамічная трактоўка”). Акрамя таго, сабраны матэрыял разглядаецца як дзве статыстычныя сукупнасці (17): агульная колькасць пасольстваў (іх налічваецца 126) і ўласна паслы (іх колькасць – 64). Аналіз першай групы перадусім паказвае прыхільнасці мясцовых выбарцаў, аналіз другой характарызуе саміх парламентарыяў. Таксама ў першым раздзеле змешчана 18 табліц, што значна дапамагае ва ўспрыманні багатай статыстычнай інфармацыі.

Аналіз складу кіеўскіх паслоў адбываецца паводле 5 найважнейшых крытэрыяў: этнічнае паходжанне, канфесійная прыналежнасць, сацыяльны статус, маёмаснае становішча і трыманне ўрадаў (8–9). Так, Г. Літвін вызначае тры этнічныя групы (narodowości) сярод соймавых паслоў Кіеўскага ваяводства: русіны, ліцвіны, палякі. На жаль, не растлумачаны канкрэтныя прынцыпы, паводле якіх адбываўся падзел на гэтыя групы. Для падрабязнай інфармацыі аўтар толькі адсылае чытача да сваіх папярэдніх прац[7]. Зразумела, дакладна вызначыць этнічную прыналежнасць кожнага шляхціча, а тым больш яго этнічную самасвядомасць, для XVI–XVII ст. надзвычай складана. Тут заўсёды будзе пэўная доля дапушчэння. Таму слушным падаецца падзел паслоў, паралельна праведзены аўтарам, на мясцовых (землеўладальнікі, аселыя на Кіеўшчыне ў другім пакаленні) і прышлых (прыехалі з іншых украінскіх земляў, напрыклад, з Валыні ці Брацлаўшчыны, а таксама з Кароны і Вялікага Княства). Па-першае, такі крытэрый лепш паддаецца выяўленню, а па-другое, на наш погляд, менавіта такі падзел больш уплываў на пазіцыю шляхты пры выбары сваіх прадстаўнікоў на сойм.

Наступны крытэрый, выкарыстаны аўтарам, – гэта канфесійная прыналежнасць кіеўскіх паслоў. За даследаваны час сярод іх прасочваецца перавага праваслаўных пры паступовым росце ўплываў каталікоў. Трывалыя пазіцыі ў соймавай рэпрэзентацыі займалі пратэстанты. А ўвогуле кідаецца ў вочы стракатасць кіеўскага прадстаўніцтва ў канфесійным плане. Сярод паслоў былі праваслаўныя, каталікі, арыяне, кальвіністы і чэшскія браты.

Разгледжаны ўплыў сацыяльнага статусу на выбар таго ці іншага шляхціча соймавым паслом. Прычым Г. Літвін выкарыстоўвае два падыходы да падзелу шляхецкага стану на розныя групы (podział warstwowy). З аднаго боку, шляхта падзяляецца на князёў, паноў і зямян (баяраў). Аўтар сцвярджае, са спасылкай на вядомую даследчыцу Н. Якавенку, што падобны падзел, уласцівы традыцыі ВКЛ, захоўваўся на ўкраінскіх землях і ў XVII ст. (28). У цэлым сярод соймавых паслоў відавочнае дамінаванне паноў, якія працягвалі карыстацца значным прэстыжам у мясцовым шляхецкім асяроддзі. З другога боку, што ўжо больш характэрна для Кароны, вызначаюцца дзве групы: магнаты і шляхта[8]. Аналіз паводле гэтага падыходу дазваляе паставіць пад сумнеў распаўсюджаны ў гістарыяграфіі тэзіс пра ўсёўладдзе магнатэрыі на ўкраінскіх землях Кароны Польскай. Прадстаўнікі шляхты за разгляданы перыяд складалі каля 87% усіх паслоў Кіеўшчыны (29). Сацыяльны статус паслоў разглядаецца ў цеснай сувязі з іх маёмасным становішчам. Аўтар прапануе падзел землеўладальнікаў на 5 груп (grupy majątkowe) паводле велічыні іх маёнткаў: латыфундысты (валодалі больш чым 2500 дымамі), найбуйнейшыя землеўласнікі (ад 500 да 2500 дымоў), заможная шляхта (ад 100 да 500 дымоў), сярэдняя шляхта (ад 20 да 100 дымоў) і дробная шляхта (менш за 20 дымоў). Абсалютную большасць кіеўскіх паслоў складалі прадстаўнікі заможнага і найбуйнейшага шляхецтва. Менавіта яны, на думку аўтара, і складалі эліту Кіеўскага ваяводства (31). Якраз гэтая шляхта паходзіла з уплывовых мясцовых родаў і валодала эканамічнай незалежнасцю, што было вельмі важна для актыўнай палітычнай дзейнасці.

Нарэшце аналізуецца, якія ўрады займалі земскія прадстаўнікі Кіеўскага ваяводства. Сярод мясцовых паслоў былі дыгнітарыі, старасты, павятовыя (земскія і гродскія) ураднікі, а таксама асобы без пасады. Г. Літвін падкрэслівае, што трыманне таго ці іншага ўраду не было галоўным крытэрыем выбару шляхціча паслом на сойм. Хоць польскі даследчык адзначае істотную долю ў прадстаўніцтве выбарных павятовых ураднікаў: падкаморыя, земскіх суддзі, падсудка і пісара (36).

У другім раздзеле (42–144) прыводзіцца свайго роду кароткая палітычная біяграфія кожнага з 64 паслоў Кіеўскага ваяводства на соймы Рэчы Паспалітай 1569–1648 г. Пры гэтым вялікая ўвага аддаецца ролі і месцу кожнай канкрэтнай асобы ў палітычным жыцці ваяводства і ўсёй краіны, асабліва ў час выканання пасольскай місіі. Паказаны іх сваяцкія, кліентальныя, канфесійныя і іншыя сувязі, канфліктныя ці таварыскія кантакты з рознымі шляхецкімі родамі. Трэба сказаць, што Г. Літвін сабраў велізарную колькасць разнастайных звестак пра лакальную палітычную эліту. Аднак сам аўтар прызнае, што нават такая інфармацыя не дае магчымасці адназначна вызначыць палітычныя і кліентальныя сувязі таго ці іншага шляхціча. Вельмі часта даводзіцца мець справу толькі з ускоснымі доказамі (42). Сярод кіеўскіх паслоў сустракаліся і асобы, так ці інакш звязаныя з ВКЛ: Юры Друцкі-Горскі, Стэфан Лозка, Павел Сапега, шматлікія прадстаўнікі роду Тышкевічаў і інш. Увогуле матэрыял другога раздзела гарманічна дапаўняе папярэдні статыстычны аналіз. Прыведзеныя звесткі дазваляюць за лічбамі і працэнтамі ўбачыць самае галоўнае – жывога чалавека з яго інтарэсамі, прыхільнасцямі, здольнасцямі і недахопамі.

У трэцім раздзеле (145–152), які адначасова з’яўляецца і заключэннем працы, разглядаецца палітычная сітуацыя ў Кіеўскім ваяводстве на працягу 1569–1648 г. Акцэнт робіцца на адлюстраванні значэння паслоў, па вызначэнні аўтара, у “палітычных і сваяцкіх канфігурацыях” на тэрыторыі ваяводства. Мясцовыя лідары і групоўкі паказаны праз прызму іх палітычных, сваяцкіх, таварыскіх сувязяў. Каб выявіць змены на палітычнай сцэне Кіеўскага ваяводства ў дынаміцы, аўтар падзяляе даследаваны перыяд на пяць этапаў: 1569–1586, 1587–1605, 1606–1620, 1621–1632, 1632–1648 г. Падкрэслім толькі, што панаванне Жыгімонта Вазы падзелена на тры часткі, зыходзячы з этапных падзей у жыцці як мясцовай шляхецкай супольнасці, так і ўсёй Рэчы Паспалітай: смерць Яна Замойскага ў 1605 г., рокаш Зебжыдоўскага 1606–1609 г. і смерць Станіслава Жулкеўскага ў 1620 г. На падставе папярэдне прааналізаванага матэрыялу Г. Літвін вызначае тры найбольш уплывовыя на Кіеўшчыне магнацкія групоўкі — Астрожскіх, Замойскіх, Вішнявецкіх (т. зв. “вялікая тройка”). Разам з тым, у ваяводстве былі і даволі самастойныя шляхецкія лідары, якія паходзілі, як правіла, з асяроддзя паноў і заможнай шляхты. І буйныя магнаты мусілі лічыцца з гэтымі дзеячамі, шукаць з імі кантактаў, калі хацелі мець уплыў на мясцовым сойміку (145, 152). Прасочваецца таксама рост уплываў каралеўскага двара, асабліва пасля рокашу Зебжыдоўскага. Адзначаецца вялікая роля ў палітычным жыцці ваяводства праваслаўнага кіеўскага мітрапаліта Пятра Магілы (150). Засмучае толькі адсутнасць у працы асобнага раздзела, які б датычыў палітычнай культуры[9] мясцовых соймавых паслоў. Хаця гістарычнага матэрыялу, каб раскрыць гэты аспект, сабрана дастаткова. Упэўнены, што адлюстраванне палітычнай культуры паспрыяла бы стварэнню значна больш поўнага і выразнага вобразу і кіеўскіх паслоў, і іх выбарцаў.

У падсумаванні адзначым, што манаграфія Г. Літвіна прысвечана не толькі пытанням з гісторыі парламентарызму Рэчы Паспалітай, яна закранае і гісторыю лакальных палітычных элітаў. Аўтар здолеў збольшага аднавіць асабовы склад соймавага прадстаўніцтва Кіеўскага ваяводства і ўсебакова яго прааналізаваць. Была зроблена спроба выявіць разнастайныя сувязі (сваяцкія, кліентальныя, палітычныя, таварыскія, станавыя і інш.), якія звязвалі паслоў як паміж сабой, так і з усёй мясцовай шляхецкай супольнасцю. Такім чынам, вывучэнне земскіх паслоў дало магчымасць ахарактарызаваць усё асяроддзе палітычна актыўнай шляхты Кіеўшчыны апошняй трэці XVI – першай паловы XVII ст. Безумоўна, рэцэнзаваная праца будзе добрым прыкладам для далейшага вывучэння соймавай рэпрэзентацыі як усяго Вялікага Княства Літоўскага, так і асобных яго рэгіёнаў.

Мінск               

Уладзімір Падалінскі


[1] Choińska-Mika J. Sejmiki koronne XVI–XVII wieku. Problemy badawcze // Praktyka życia publicznego w Rzeczypospolitej Obojga Narodów w XVI–XVIII wieku. Materiały XVIII konferencji Komisji Lituanistycznej przy Komitecie Nauk Historycznych PAN / Pod red. U. Augustyniak i A. Zakrzewskiego. Warszawa, 2010. S. 19–20.
[2]Напрыклад, нам на дадзены момант удалося аднавіць імёны каля 31% паслоў ВКЛ на вальныя соймы Рэчы Паспалітай за перыяд 1569–1600 г., без уліку соймаў часоў бескаралеўя. Часткова вынікі нашых даследаванняў апублікаваны ў: Падалінскі У. А. Прадстаўніцтва і палітычная пазіцыя Вялікага Княства Літоўскага на вальных соймах Рэчы Паспалітай у апошняй трэці XVI ст.: дыс. … канд. гіст. навук: 07.00.02 / Інстытут гісторыі НАН Беларусі (6.07.2004; 10.11.2004). Мінск, 2004. Зроблены спробы прааналізаваць соймавае прадстаўніцтва і некаторых рэгіёнаў ВКЛ: Падалінскі У. Прадстаўніцтва Гарадзенскага павета на соймах Рэчы Паспалітай у апошняй трэці XVI ст. // Леў Сапега (1557–1633) і яго час: зб. навук. арт. / Рэдкал.: С. В. Марозава [і інш.]. Гродна, 2007. С. 31–38; яго ж. Соймавае прадстаўніцтва Полацкага ваяводства ў канцы XVI ст. Спроба аналізу // Полацкі музейны штогоднік: (зборнік навуковых артыкулаў за 2010 г.) / уклад. Т. А. Джумантаева, А. У. Шумовіч, Т. Р. Смірнова. Полацк, 2011. С. 155–163.
[3] Гл. напр.: Rutkowski H. Wolna elekcja – zasady i praktyka wybierania królów polskich // Elekcje królów Polski w Warszawie na Woli 1575–1764 / Pod red. M. Tarczyńskiego. Warszawa, 1997. S. 39–56.
[4] Akta unii Polski z Litwą 1385–1791 / Wyd. S. Kutrzeba i W. Semkowicz. Kraków, 1932. S. 308–319.
[5] Тамсама. S. 348–362. Паслы Мазырскага павета прысягнулі на акт уніі менавіта як прадстаўнікі ВКЛ.
[6] Lietuvos Metrika = Lithuanian Metrica = Литовская Метрика / Liet. istorijos inst. Kn. 531: 1567–1569 / Parengė L. Anužytė ir A. Baliulis. Vilnius, 2001. P. 152. Дарэчы, адзін з мазырскіх паслоў, Я. Клопат, быў кліентам М. Радзівіла: Ragauskienė R. Lietuvos Didžiosios Kunigaikštystės kancleris Mikalojus Radvila Rudasis (Apie 1515–1584 m.). Vilnius, 2002. P. 337, 368.
[7] Крытэрыі гэтыя даволі дыскусійныя. Найперш акцэнтуецца ўвага на канфесійным фактары, а вось працэсы культурных зменаў фактычна адкідаюцца: Litwin H. Napływ szlachty polskiej na Ukrainę 1569–1648. Warszawa, 2000. S. 13–15.
[8] Падкрэслім, што гаворка ў дадзеным выпадку вядзецца не пра маёмасны, а менавіта пра сацыяльны статус. Так, да магнатаў Г. Літвін адносіць прадстаўнікоў тых родаў, якія ў двух папярэдніх пакаленнях мелі статус сенатараў Рэчы Паспалітай.
[9] Яе найважнейшыя элементы: удзел у грамадскім жыцці рэгіёна і ўсёй краіны, веды і пазіцыя па актуальных праблемах, сістэма каштоўнасцяў і палітычная свядомасць, ацэнка палітычных інстытутаў і з’яў, самастойнасць у прыняцці рашэнняў і інш.

Наверх

Тэгі: ,