БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

MARKOVÁ, ALENA. Sovětská bělorusizace jako cesta k národu: iluze nebo realita? Praha: Nakladatelství Lidové noviny, 2012. 261 s.

У 20 томе БГА (2013)

Калі б  мы хацелі знайсці доказы таго, што  гістарычная навука выбірае свае тэмы не па іх значнасці, а ў залежнасці ад палітычнай кан’юнктуры, то развіццё даследаванняў у галіне беларускай гісторыі паслужыла б гэтаму яскравым прыкладам. Бо калі сорак гадоў таму існавала толькі адна сур’ёзная аглядная манаграфія па беларускай нацыянальнай гісторыі, напісаная беларускім эмігрантам Нікаласам Вакарам (Nicolas Vakar), то на працягу апошніх двух дзесяцігоддзяў у “заходняй” гістарыяграфіі і паліталогіі выйшлі дзясяткі публікацый, прысвечаных беларускай праблематыцы. Гэта, вядома ж, нічога не змяняе ў тым, што як тады, так і цяпер існавала і існуе этнічная супольнасць – беларусы, роўна як і тое, што ў тэрыторыі іх пражывання было сваё мінулае і свая гісторыя. Аднак гэтае мінулае стала прадметам падвышанай цікавасці толькі ў той момант, калі Беларусь трывала ўвайшла ў палітычны дыскурс і стала аб’ектам сутыкнення часта процілеглых палітычных інтарэсаў.

Сярод прац, якія ўзнікаюць у такіх умовах (зрэшты як і ў іншых галінах  навукі), можна знайсці нямала павярхоўных  даследаванняў, што ўяўляюць сабой  часта агітацыйна-палітычныя і кан’юнктурныя кампіляцыі. З іншага боку, сярод гэтых прац можна таксама сустрэць і сур’ёзныя, змястоўныя даследаванні. Менавіта да такіх і належыць манаграфія А. Маркавай, нядаўна выдадзеная ў Празе. Яе аўтар – беларуска па паходжанні і чэшка па ўніверсітэцкай адукацыі – паставіла сабе амбіцыйную задачу: падрабязна растлумачыць прычыны непаспяховасці спробаў утварэння мадэрнай этнічна дэфінаванай (etnicky definovaný) беларускай нацыі.

Галоўны перыяд, на працягу якога вырашаўся лёс беларускага працэсу нацыяфармавання, па меркаванні аўтара, – перыяд так званай “беларусізацыі” 20-х г. ХХ ст. Само па сабе такое сцверджанне, вядома ж, не ёсць чымсьці новым, хоць і не ўсе даследчыкі яго падзяляюць. Новай, па нашым меркаванні, з’яўляецца спроба не абмяжоўвацца рамкамі патрыятычнага захаплення, не рабіць маралізатарскіх высноваў, а супастаўляць нацыянальную дзейнасць, а таксама праект сучаснай нацыі з аб’ектыўнымі ўмовамі і перадумовамі, што склаліся ў рэальным грамадска-палітычным кантэксце свайго часу.

З шырокага дыяпазону ўсёй дзейнасці, якая адносіцца  да такога ж шырокага паняцця “беларусізацыя”, аўтар абрала дзве тэмы: прасоўванне беларускай мовы ў галіне нацыянальнай адукацыі, звязанае з умацаваннем беларускай ідэнтычнасці, і пашырэнне выкарыстання беларускай мовы ў дзяржаўнай сферы, г. зн. сферы дзяржаўных устаноў і арганізацый.

Карпатлівая рэканструкцыя спробаў укаранення беларускай мовы ў адміністрацыйную сферу, а таксама ў партыйную  вертыкаль засноўваецца на вывучэнні  адміністрацыйных крыніц. Рэканструкцыя  ўзнаўляе вартую ўвагі карціну не толькі вельмі слабой беларускай нацыянальнай свядомасці адукаванай меншасці насельніцтва, але і дэманструе шчырае імкненне нешматлікай групы беларускай нацыянальна арыентаванай інтэлігенцыі пашырыць сферу выкарыстання новай мовы ў грамадскім дыскурсе. Дадзеная сітуацыя ўскладнялася з самага пачатку тым, што нацыянальна арыентаваная інтэлігенцыя павінна была адмяжоўвацца ад таго падазрэння, што ў духу “буржуазнага нацыяналізму” яе перавагі аддаюцца нацыянальнаму, а не класаваму прынцыпу.

Аўтар выкарыстала  не толькі пісьмовыя матэрыялы, якія дакументуюць саму беларусізацыйную дзейнасць, але і высновы праверак, што рэгулярна кантралявалі яе эфектыўнасць. Нават тады, калі патрабаванне валодання беларускай мовай і пераводу на яе ўсяго справаводства заставалася ў сіле, частыя праверкі дэманстравалі, што дзяржаўныя службоўцы ўсё яшчэ размаўлялі пераважна па-руску не толькі паміж сабой, але і аддавалі перавагу гэтай мове пры зносінах са сваім атачэннем. Гэта тлумачылася тым, што для большасці службоўцаў беларуская мова не была роднай. І звязана гэта было не толькі з тым, што яшчэ нядаўна ў царскай Расіі гарадская адміністрацыя складалася пераважна з рускіх па нацыянальнасці службоўцаў, але таксама і з тым, што гарадское асяроддзе, з якога паходзіла большасць інтэлектуальных эліт, не было этнічна беларускім, а пачынальнікі беларусізацыі не мелі дастатковага часу для падрыхтоўкі кадраў з мясцовага беларускага (пераважна сельскага) насельніцтва.

Самы падрабязны, як і, па нашым меркаванні, самы выніковы – раздзел пра нацыянальную палітыку ў галіне народнай асветы і адукацыі. Спачатку аўтар асвятляе праблематыку пачатковых школ, дзе галоўнай задачай была спроба пераканаць сялянства ў тым, што агульнадзяржаўная кампанія па ліквідацыі непісьменнасці павінна праходзіць на беларускай мове. Дасягнуць гэтай мэты было вельмі няпроста, бо вялікая частка сялян лічыла рускую мову адзінай літаратурнай мовай, а значыць, і мовай, якая адкрые іх дзецям шлях да патэнцыйнага ўзыходжання па сацыяльнай лесвіцы.

Спробы беларусізаваць сярэднюю прафесійную і вышэйшую адукацыю звычайна сутыкаліся з тым, што большасць выкладчыкаў, якія прыйшлі ў гэтыя ўстановы пасля рэвалюцыі, не валодалі беларускай мовай. Гэтая сітуацыя, тым не менш, істотна змянілася на працягу некалькіх наступных гадоў, калі асноўная маса выкладчыцкіх кадраў пачала пераходзіць да выкладання па-беларуску. Найболей паспяховай беларусізацыя была на педагагічных факультэтах.

Заслугоўвае ўвагі шосты раздзел, прысвечаны нацыянальнаму зместу школьнай праграмы, які можна ўзнавіць, аналізуючы змест  новых беларускіх падручнікаў, асабліва па такіх дысцыплінах, як гісторыя, геаграфія і літаратура. Надзвычай  цікавы аналіз нацыяналізаванай канцэпцыі  беларускай гісторыі, якая цесна пераплятаецца з гісторыямі суседніх народаў – Польшы, Літвы і Расіі. Мы не збіраемся пераказваць тут фактаграфію, сабраную аўтарам кнігі. Спынімся канкрэтна на тых прынцыпах і метадах, якія, па нашым меркаванні, найболей важныя і выніковыя. Найперш неабходна зазначыць, што аўтар не проста апісвае саму беларусізацыю 20-х г., а змяшчае асобныя звесткі ў агульны кантэкст палітычных і сацыяльных узаемасувязяў. Важна і тое, што аўтар пры гэтым зыходзіць з аналізу прычын пачатку беларусізацыі, г. зн. аналізу нацыянальнай палітыкі маладой савецкай дзяржавы і матывацыі яе правядзення. Пры гэтым аўтар не абмяжоўваецца павярхоўным клішэ аб прапагандысцкіх мэтах, а імкнецца зразумець матывацыю і “свет ідэйных перакананняў” пачынальнікаў савецкай нацыянальнай палітыкі ўвогуле і палітыкі беларусізацыі ў прыватнасці. Дадзенай праблематыцы працэсу прыняцця палітычных рашэнняў аўтар à proposпрысвячае асобны раздзел. Пры гэтым апісвае ўсю ўнутраную супярэчлівасць той сітуацыі, у якой апынулася савецкая нацыянальная палітыка: з аднаго боку, падтрымка нацыянальнай культуры была прыярытэтам тых прадстаўнікоў савецкай палітыкі, якія адмовіліся ад “вялікарускага” інтэрнацыяналізму, які ў духу Розы Люксембург падтрымліваўся Бухарыным, Пятаковым і інш. З другога боку, у выніку правядзення нацыянальнай палітыкі фармаваўся той пласт мясцовай нацыянальнай інтэлігенцыі, які патэнцыйна саслабляў цэнтралістычныя асновы ўлады.

Самыя ўдалыя, па нашым меркаванні, тыя раздзелы кнігі, якія прысвечаны ролі школьнай адукацыі, г. зн. ролі пачатковых, сярэдніх прафесійных і вышэйшых навучальных  устаноў. Аўтар разглядае барацьбу з непісьменнасцю і аналізуе яе вынікі, адначасова звяртае ўвагу на тое, што навучанне ў школах з беларускай мовай выкладання часта было малапрывабным. Вельмі цікавы, як ужо згадвалася, аналіз новых падручнікаў, асабліва падручнікаў  па гісторыі, паколькі гістарычна дасведчаныя  стваральнікі нацыянальнай ідэнтычнасці толькі тады пачыналі шукаць і апісваць сваё мінулае, сваю “нацыянальную прастору”, а значыць, і сваё “агульнае прызначэнне”. Канцэпцыя нацыянальнай гісторыі ўзнікала адначасова з беларускай нацыянальнай навукай. У гэтым сэнсе беларускі нацыянальны рух у еўрапейскім кантэксце (разам з сербскім ці басконскім) належыць да тых нешматлікіх выпадкаў, калі фаза А “навуковага інтарэсу” інтэнсіўна развівалася толькі разам з наступленнем нацыянальнай агітацыі (г. зн. фазы В) і ў цесным узаемадзеянні з ёю. Само сабой зразумела, што такая акалічнасць паўплывала і на сам характар праграмы нацыянальнага руху.

Неабходна пытацца  не толькі пра тое, што новага мы даведваемся з кнігі. Вялікае  значэнне мае тое, якое месца займае кніга ў шырокім даследчым  кантэксце, які ўнёсак робіць яна  ў шырэйшае абагульненне ўзаемасувязяў у вывучэнні нацыянальных рухаў. Адна з галоўных высноваў, да якіх прыходзіць аўтар, – сцверджанне пра тое, што непаспяховасць палітыкі беларусізацыі мела вырашальную ролю пад час фармавання беларускай нацыі. Ці азначае гэта, што няўдача была ўжо загадзя наканавана ўмовамі, якія папярэднічалі яе развіццю. З пункту гледжання перыядызацыі еўрапейскіх нацыянальных рухаў беларускі рух пачаўся са значным спазненнем па часе. Нацыянальны рух беларусаў узнікаў на парозе ХХ ст., а ў час Кастрычніцкай рэвалюцыі знаходзіўся на пачатку сваёй агітацыйнай фазы (фазы В нацыянальнай агітацыі). Афіцыйнае прызнанне беларусаў як нацыі і наступная савецкая беларусізацыя не толькі значна садзейнічалі развіццю нацыянальнага руху, але і адкрывалі магчымасць масавага прыняцця беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці. Гаворка, аднак, ішла толькі пра патэнцыйную, тэарэтычную магчымасць, якая сёння рэтраспектыўна аналізуецца сучаснымі даследчыкамі. Але ці была гэтая магчымасць сапраўды рэальнай? Працэс фармавання нацыі ў такой сітуацыі нельга ахарактарызаваць як непазбежны: пра непазбежнасць можна гаварыць толькі тады, калі нацыянальны рух ужо ўвайшоў у сваю масавую фазу (фазу С). У беларускім жа выпадку нацыянальны рух, безумоўна, не знаходзіўся ў гэтай фазе. Непаспяховасць дадзенага працэсу, звязанага з непаспяховасцю нацыянальнай агітацыі, перашкодзіла наступнай рэалізацыі гэтай магчымасці.

Як вынікае  з кнігі А. Маркавай, гэтая няўдача не была выклікана толькі пачаткам сталінскіх рэпрэсій, а мела глыбейшыя перадумовы, якія палягалі ў нізкім узроўні не толькі нацыянальнай, але і беларускай этнічнай ідэнтычнасці, пачынаючы з папярэдніх дзесяцігоддзяў і канчаючы пачаткам савецкай эры. Такім чынам, кніга не толькі робіць істотны ўнёсак у вывучэнне аднаго з найважнейшых перыядаў беларускай гісторыі, але і дзякуючы дасведчанаму тэарэтычнаму падыходу аўтара прымушае задумацца пра такія агульныя праблемы працэсаў нацыяфармавання, як роля палітычных рашэнняў, сацыяльнай камунікацыі і ўзроўню агульнай адукацыі насельніцтва. На гэтыя пытаннірэцэнзаваная кніга адказвае толькі часткова: хутчэй падштурхоўвае да разважанняў і да іх пастаноўкі.

Пяройдзем да агульных высноваў, якія робяцца відавочнымі  з праведзенага А. Маркавай даследавання. Яны з’яўляюцца каштоўным эмпірычным унёскам у дыскусію паміж “канструктывісцкай” і “перэніялістычнай” канцэпцыямі фармавання сучасных нацый. Па нашым глыбокім перакананні, гісторыя і лёс беларусізацыі ў гэтым сэнсе – і пры гэтым незалежна ад намераў аўтара – даюць аргументы супраць абедзвюх гэтых канцэпцый. Беларусізацыя – эмпірычны прыклад не толькі таго факта, што нацыя не была “адвечнай” катэгорыяй, але і таго, што яе нельга было “сканструяваць” у адпаведнасці з ідэалістычнымі ўяўленнямі “нацыяналістаў”. Іншымі словамі, фармаванне сучаснай нацыі залежала як ад суб’ектыўных высілкаў адраджэнцаў (а таксама ад іх уціску), так і ад аб’ектыўных фактараў і ўзаемасувязяў. Там, дзе аб’ектыўныя фактары нацыянальнай інтэграцыі не былі развіты ў дастатковай ступені, вонкавага ўмяшання ў выглядзе палітычных рэпрэсій, накіраваных на прадстаўнікоў і ўдзельнікаў нацыянальнай агітацыі, было цалкам дастаткова не толькі для таго, каб спыніць пераход нацыянальнага руху да яго масавай фазы, але нават і для таго, каб была дыскрэдытавана тагачасная мадэль нацыянальнай ідэнтычнасці.

Неабходна згадаць  і іншую заслугу манаграфіі: кніга  з’яўляецца ўнёскам у даследаванне фактараў, якія ўплываюць на раўнавагу  паміж імкненнем да стабільнасці і адначасова дэстабілізацыі бальшавіцкай дыктатуры пралетарыяту. Барацьба за беларусізацыю была па сваёй сутнасці адначасова барацьбой за новую нацыянальную ідэнтычнасць. Адсюль пытанне: што для савецкай дзяржавы азначала б патэнцыйная перамога ў гэтай барацьбе? Наколькі слушнымі былі асцярогі камуністычнай партыі наконт таго, што стабільнасць савецкай дзяржавы магла быць пахіснутая пры магчымым паспяховым фармаванні нацый на яе этнічных ускраінах? Жорсткасць ліквідацыі гэтых “нацыяналізмаў”, вядома ж, можна назваць сталінскай самаўпраўнасцю, але пры гэтым не аспрэчваецца тая асцярога, што іх патэнцыйны поспех мог дэстабілізаваць дыктатуру пралетарыяту. Але тут мы пераходзім да пастаноўкі такіх пытанняў, адказаць на якія павінны ўжо іншыя даследчыкі.

Прага

Міраслаў Грох

Наверх

Тэгі: , , , ,