БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Беларуская літаратура X–XV стст. / Укладанне, прадмова, каментарый, пераклад на беларускую мову і адаптацыя І. В. Саверчанкі. Мінск: Беларуская навука, 2010. 410 с.

У 22 томе БГА (2015)


Беларуская літаратура X–XV стст. / Укладанне, прадмова, каментарый, пераклад на беларускую мову і адаптацыя І. В. Саверчанкі. Мінск: Беларуская навука, 2010. 410 с.

Тэма нашай рэцэнзіі – шэраг тэкстаў, надрукаваных доктарам філалагічных навук, вядучым навуковым супрацоўнікам Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАН Беларусі Іванам Саверчанкам у хрэстаматыі пад выглядам рэканструкцыі аўтэнтычных хранікальных твораў XIV–XV ст. Гэта тэксты, якія І. Саверчанка пазіцыянуе ў прадмове як “яркія помнікі нацыянальнага прыгожага пісьменства” і нават узоры “беларускай гатычнай літаратуры” (с. 5): “Аповесць пра Гедзіміна”, “Запісы пра княжанне Альгерда”, “Аповесць пра вялікага князя Альгерда”, “Запісы пра княжанне Ягайлы”, “Аповесць пра Ягайлу”, “Летапіс княжання Вітаўта”, “Аповесць пра рыцарскія справы і ўчынкі Вітаўта Вялікага”.

Любая рэканструкцыя архетыпаў[1] гістарычных крыніц, якія дайшлі да нашага часу ў некалькіх спісах і рэдакцыях, мусіць грунтавацца на строгай і празрыстай метадалагічнай аснове. Чытачы, а тым больш навукоўцы, якія будуць карыстацца такой рэканструкцыяй, павінны добра ўсведамляць, па якіх прынцыпах яна праведзена, чаму аўтар аддаў перавагу таму ці іншаму прачытанню, як ён будуе іерархію розных спісаў і рэдакцый і адпаведна выбірае з іх самыя раннія і надзейныя.

У рэцэнзаванай кнізе апісання такіх прынцыпаў няма. І нават нягледзячы на тое, што кніга мае грыф “Навуковае выданне”, у ёй адсутнічае бібліяграфічны спіс, а значыць, няма ніякіх спасылак на ранейшыя працы аўтара-ўкладальніка, у якіх ён мог сфармуляваць гэтыя прынцыпы. Трэба таксама адзначыць, што ў тым экзэмпляры кнігі, якім мы карыстаемся, не пазначаны імёны навуковых рэцэнзентаў, а надрукаваныя тэксты пазбаўлены каментарыя, прысвечанага асобным гістарычным фактам, датам і персаналіям.

Такім чынам, аб прынцыпах праведзенай рэканструкцыі могуць даць аддаленае ўяўленне толькі спасылкі аўтара на публікацыі летапісаў і хронік, па якіх ён “узнаўляў” (тэрміналогія І. Саверчанкі) тыя ці іншыя тэксты.

Вывучэнне гэтых спасылак прыводзіць да наступных высноваў. Творы, надрукаваныя пад загалоўкамі “Аповесць пра Гедзіміна”, “Аповесць пра вялікага князя Альгерда”, “Аповесць пра Ягайлу”, аўтар-складальнік рэканструяваў паводле так званай “Хронікі Літоўскай і Жамойцкай”, а таксама, па яго прызнанні, улічыў гістарычныя звесткі, пададзеныя ў навелах пра гэтых князёў, якія змешчаны ў “Хроніцы Быхаўца”.

“Запісы пра княжанне Альгерда” рэканструяваны паводле Супрасльскага і Нікіфараўскага летапісаў. “Летапіс княжання Вітаўта” – паводле Супрасльскага летапісу. Нарэшце, для рэканструкцыі “Аповесці пра рыцарскія справы і ўчынкі Вітаўта Вялікага” выкарыстаны тэксты “Хронікі Літоўскай і Жамойцкай”, “Хронікі Быхаўца” і Супрасльскага летапісу.

Для поўнай яснасці тут трэба зрабіць невялічкі экскурс у гісторыю вывучэння беларуска-літоўскіх летапісаў. Навуковае вывучэнне хронік, складзеных на тэрыторыі ВКЛ, пачалося ў першай чвэрці XIX ст., калі І. Даніловіч адкрыў і апублікаваў Супрасльскі спіс першага летапіснага зводу ВКЛ (для зручнасці мы адразу будзем карыстацца сучаснай тэрміналогіяй).

Паколькі ўсе вядомыя цяпер спісы беларуска-літоўскіх летапісаў уводзіліся ў навуковы зварот не адначасова, а на працягу перыяду, які расцягнуўся амаль на сто гадоў, важнасць розных прац, асабліва надрукаваных у XIX ст., не аднолькавая. Практычна поўнасцю састарэлі даследаванні І. Шараневіча, А. Барбашава, В. Іконнікава[2]. Захоўваюць значэнне некаторыя назіранні І. Даніловіча, А. Прахаскі, І. Ціхамірава (разам з выдатнымі публікатарскімі заслугамі двух першых вучоных)[3].

Выключную навуковую каштоўнасць працягвае мець праца С. Смолькі. Хоць польскі гісторык карыстаўся абмежаванай колькасцю спісаў, у яго даследаванні даволі дакладна вызначаны ўзаемасувязі паміж “Origo Regis” і так званым “Мемарыялам Вітаўта”, Супрасльскім і Слуцкім спісамі, правільна пастаўлены і вырашаны многія фундаментальныя пытанні наконт крыніц, складу, аўтарства і часу з’яўлення “Летапісца вялікіх князёў літоўскіх” і першага летапіснага зводу ВКЛ[4].

З дасягненняў дарэвалюцыйнай расійскай гістарыяграфіі трэба назваць даследаванні А. Шахматава пра агульнарускія летапісы, што паслужылі крыніцай для першага летапіснага зводу ВКЛ[5]. Каласальнае значэнне мела публікацыя 17-га тома “Поўнага збору рускіх летапісаў”, падрыхтаванага С. Пташыцкім і А. Шахматавым[6] – упершыню пад адной вокладкай былі сабраны тэксты найважнейшых беларуска-літоўскіх летапісаў і хронік, многія з якіх да таго часу яшчэ не друкаваліся. Гэтае выданне, забяспечанае кадыкалагічным апісаннем рукапісаў, стала асновай для далейшых даследаванняў і дагэтуль не страціла навуковай каштоўнасці.

Разам з С. Смолькам іншы польскі гісторык Я. Якубоўскі заклаў асновы сучаснай класіфікацыі летапісаў і хронік ВКЛ, прызнаўшы найбольш раннім першы летапісны звод ВКЛ (паводле Супрасльскага і Слуцкага спісаў), наступным па часе ўзнікнення – другі летапісны звод ВКЛ (паводле спіса Рачынскага) і трэцяй – “Хроніку Быхаўца”[7]. З некаторымі папраўкамі – вылучэннем “Летапісца” і “Мемарыяла Вітаўта” ў якасці старэйшых помнікаў гістарыяграфіі ВКЛ – гэтая класіфікацыя атрымала развіццё і абгрунтаванне ў пазнейшых працах самога Я. Якубоўскага, а таксама Ф. Сушыцкага, М. Прысёлкава, М. Ючаса, В. Чамярыцкага, М. Улашчыка, А. Ёвайшаса, Ю. Мікульскага, А. Ліцкевіча[8].

Беларускія даследчыкі (В. Ластоўскі, Я. Станкевіч) пачалі займацца старым летапісаннем ВКЛ яшчэ ў 20-я г. XX ст.[9]. Згаданыя два аўтары пераважна грунтаваліся на дасягненнях тагачаснай гістарыяграфіі суседніх краін і не ўнеслі нічога новага ў разгляд гэтай праблематыкі – за выняткам таго, што абвясцілі летапісы і хронікі, вядомыя ў дарэвалюцыйнай гістарыяграфіі як “заходнерускія” або “літоўскія”, беларускімі, што мела пэўнае сімвалічнае значэнне.

Сапраўдным пачаткам грунтоўнага навуковага даследавання летапісання ВКЛ у Беларусі стаў выхад у свет згаданых манаграфій В. Чамярыцкага “Беларускія летапісы як помнікі літаратуры. Узнікненне і літаратурная гісторыя першых зводаў” (1969) і М. Улашчыка “Уводзіны ў вывучэнне беларуска-літоўскага летапісання” (1985), а таксама падрыхтаваных гэтымі вучономі выданняў летапісаў і хронік – двух тамоў у серыі “Поўны збор рускіх летапісаў”[10]. Сярод беларускай вучэбнай літаратуры для вышэйшых навучальных устаноў, якая распавядае пра “Летапісец вялікіх князёў літоўскіх”, у лепшы бок грунтоўнасцю і ўвагай да гістарыяграфічных і крыніцазнаўчых аспектаў вылучаецца падручнік А. Семянчук[11].

Салідны корпус навуковай літаратуры прысвечаны праблемам складу, датавання і аўтарства “Хронікі Быхаўца”[12]. Апроч пералічаных прац, у многіх з якіх закранаецца гэтая праблематыка, а таксама даследаванняў філалагічнага характару, варта асобна ўзгадаць працы М. Улашчыка, Е. Ахманьскага, Р. Ясаса, М. Ючаса, Б. Флоры, В. Чамярыцкага, К. Гудмантаса[13].

Творы беларуска-літоўскага летапісання неаднаразова перакладаліся, што, зразумела, патрабавала правядзення значнай працы па ўзнаўленні іх архетыпаў. Першы пераклад “Летапісца вялікіх князёў літоўскіх” і “Аповесці пра Падолле” на адну з сучасных моў (нямецкую) быў надрукаваны ў 1877 г.[14] і грунтаваўся толькі на Супрасльскім і Слуцкім спісах, таму ён часткова састарэў. У апошнія дваццаць гадоў тэкст “Летапісца…” быў перакладзены як на беларускую[15], так і на літоўскую мовы[16]. Беларускі пераклад “Летапісца вялікіх князёў літоўскіх”, які характарызуецца высокімі літаратурнымі якасцямі, зроблены В. Чамярыцкім паводле Супрасльскага, Віленскага і Слуцкага спісаў (з прыцягненнем некаторых прачытанняў “Origo Regis”).

Спроба рэканструкцыі поўнага тэксту “Летапісца…” на рускай (“старабеларускай”) мове, зробленая на падставе Віленскага спіса, з розначытаннямі паводле Супрасльскага і Слуцкага спісаў[17], належыць В. Чамярыцкаму.

Нельга абмінуць увагай шэраг прац, прысвечаных мове беларуска-літоўскіх летапісаў і хронік. Пачынальнікам гэтага кірунку навуковых даследаванняў  быў Я. Карскі[18]. Сярод здабыткаў апошніх дзесяцігоддзяў трэба вылучыць працы Н. Марозавай[19], Л. Ціткі[20] і В. Мароз[21].

Сёння ў галіне вывучэння беларуска-літоўскага летапісання склаўся пэўны навуковы кансэнсус, які грунтуецца на даволі трывалых выніках тэксталагічных і крыніцазнаўчых даследаванняў. У агульных рысах карціна наступная: першыя хранікальныя творы, якія ўзніклі на тэрыторыі ВКЛ і апавядаюць пра падзеі XIV ст., – гэта так званы “Мемарыял Вітаўта” (умоўная назва нямецкамоўнага тэксту 1390 г. “Dis ist Witoldes sache wedir Jagaln vnd Skargaln”) і першая частка “Летапісца вялікіх князёў літоўскіх”, адлюстраваная ў лацінскім перакладзе “Origo Regis” і шэрагу спісаў на рускай мове (з іх самыя раннія і значныя – Слуцкі, Супрасльскі, Віленскі і Акадэмічны). Каля 1430 г., а можа, і крыху пазней, першая частка “Летапісца вялікіх князёў літоўскіх” была дапоўнена ў Смаленску новым матэрыялам за 1384–1396 г. У поўным выглядзе “Летапісец вялікіх князёў літоўскіх”, разам з “Аповесцю пра Падолле”, “Пахвалой Вітаўта”, хронікай феадальнай вайны 1430-х г., падборкай летапісных артыкулаў з агульнарускіх летапісных зводаў і некаторымі іншымі матэрыяламі, увайшоў у склад так званага першага летапіснага зводу ВКЛ.

У першыя дзесяцігоддзі XVI ст. на аснове Слуцкага спіса першага летапіснага зводу ВКЛ быў створаны другі летапісны звод ВКЛ (самая ранняя рэдакцыя якога, відаць, адлюстравана ў спісе Красінскага). У другім летапісным зводзе была значна ўніфікавана мова і дададзены паведамленні легендарнага характару пра раннюю гісторыю ВКЛ XIII–XIV ст. У некаторых спісах, як, напрыклад, у спісе Рачынскага, апавяданне працягнута і змешчаны звесткі пра падзеі XVI ст.

У XVI ст. быў створаны і трэці летапісны звод ВКЛ, тэкст якога на сёння прадстаўлены “Хронікай Быхаўца” і кракаўскім фрагментам, надрукаваным нядаўна К. Гудмантасам. Большасць “унікальных” паведамленняў “Хронікі Быхаўца” за перыяд раней 40-х г. XV ст. носяць легендарны характар і патрабуюць вельмі асцярожнай трактоўкі як гістарычныя крыніцы.

Нарэшце, у XVII ст. узнікла “Хроніка Літоўская і Жамойцкая”. На яе тэкст значна паўплывала “Хроніка Польская, Літоўская, Жамойцкая і ўсёй Русі” Мацея Стрыйкоўскага (1582). Уплыў настолькі вялікі, што ў некаторых фрагментах “Хроніка Літоўская і Жамойцкая” ўяўляе сабой толькі сапсаваны і скарочаны пераклад хронікі Стрыйкоўскага. Адпаведна як крыніца пра падзеі XIV ст. гэтая хроніка мае вельмі абмежаваную вартасць, улічваючы яе позняе паходжанне, кампілятыўны і белетрызаваны характар.

Такім чынам, калі І. Саверчанка бярэ за аснову сваёй рэканструкцыі хранікальных тэкстаў “Хроніку Літоўскую і Жамойцкую”, ён цалкам і без аніякіх тлумачэнняў ігнаруе вялізны корпус папярэдняй навуковай літаратуры. У сваіх прадмовах да надрукаваных тэкстаў аўтар спасылаецца на вынікі папярэдняга навуковага аналізу. Так, напрыклад, у прадмове да “Аповесці пра Гедзіміна” ён піша: “Аналіз семантыкі твора сведчыць аб тым, што яго літаратурную і гісторыка-фактаграфічную аснову склалі старадаўнія навелы і занатоўкі, напісаныя непасрэдна ў часы княжання Гедзіміна або адразу пасля яго смерці” (с. 253). Але ўсе даследчыкі аднадушныя ў тым, што “Хроніка Быхаўца”  і “Хроніка Літоўская і Жамойцкая”, на якіх грунтуецца рэканструкцыя, узніклі ў XVI–XVII ст., гэта значыць як мінімум праз 160–300 г. пасля смерці Гедыміна, дык пра якія “нататкі сучаснікаў” тут можна гаварыць? Хіба І. Саверчанка адкрыў новыя спісы беларуска-літоўскіх летапісаў, невядомыя іншым навукоўцам?

Яшчэ большае здзіўленне выклікае метад, калі тэкст рэканструюецца з прыцягненнем адразу некалькіх хронік, створаных зусім у розныя перыяды і ў розных абставінах. Аўтар-складальнік адвольна, па незразумелых крытэрыях, выбірае фрагменты, якія яму падабаюцца, з Супрасльскага спіса (у якім адлюстраваны звод XV ст.), з “Хронікі Быхаўца” (XVI ст.) і “Хронікі Літоўскай і Жамойцкай” (XVII ст.). У выніку гэтай працэдуры ён атрымлівае нейкі новы тэкст, якому дае назву “Аповесць пра рыцарскія справы і ўчынкі Вітаўта Вялікага”, і абвяшчае яго рэканструкцыяй аўтэнтычнага хранікальнага твора XIV або XV ст.

У выпадку з творам, які названы “Аповесцю пра вялікага князя Альгерда”, аўтар-складальнік нават піша, што ён захаваўся ў дзвюх асноўных рэдакцыях: «Гісторыка-літаратурнае ядро “Аповесці” і яе фактаграфічная аснова створаны, верагодна, яшчэ пры жыцці Альгерда або адразу пасля яго смерці летапісцам, набліжаным да асобы вялікага князя. Другая рэдакцыя твора была зроблена ў XVI ст.» (с. 268). Чаму ж тады, калі захаваліся дзве рэдакцыі, прычым адна была створана ажно пры жыцці Альгерда, за аснову сваёй рэканструкцыі аўтар-складальнік бярэ не гэтую раннюю рэдакцыю, а “Хроніку Літоўскую і Жамойцкую” XVII ст.? Ці гэта проста разлік на недасведчанага чытача, на якога нічым не падмацаваныя словы рэдакцыя, гісторыка-літаратурнае ядро, аналіз семантыкі твора могуць аказаць магічнае ўздзеянне?

Праілюстраваць методыку І. Саверчанкі можна на некалькіх даволі красамоўных прыкладах.

Найбольш раннія паведамленні пра тое, што Альгерд атрымаў ад Гедыміна ўдзел у Крэве, а пасля стаў княжыць у Віцебску, адлюстраваліся ў “Мемарыяле Вітаўта” і першай частцы “Летапісца вялікіх князёў літоўскіх”.

У “Мемарыяле Вітаўта” лаканічна сказана, што Гедымін даў Альгерду Віцебскае княжанне (“…vnd Jagaln fatir Algarden di herschafft czu Witawis”)[22]. У першай частцы “Летапісца вялікіх князёў літоўскіх” апавяданне пашырана. Пераклад яго архетыпа, на нашу думку, можа гучаць у двух варыянтах: “Альгерду, бацьку пана караля – Крэва. Паколькі ж віцебскі князь не меў сыноў, то прыняў яго ў якасці зяця да сваёй адзінай дачкі ў Віцебск” (або другі варыянт: “прыняў яго да сваёй адзінай дачкі, каб ён узяў Віцебск”). Пры гэтым няясна, якім было зыходнае прачытанне архетыпа: “в зяти” або “взяти”. Напрыклад, выдаўцы Акадэмічнага спіса надрукавалі прачытанне “принял его к докце у Витебь в зяти”[23]. У Супрасльскім спісе фраза гучыць як “принял его к дотьце Витебскь в зяти”[24], хоць граматычная будова сказа, здаецца, сведчыць, што тут можа быць і злітнае прачытанне (“взяти”). У Слуцкім спісе тут лакуна, але ў спісе Красінскага таксама значыцца: “принял Олкгирда к дочце своеи Витебъск в зяти”[25]. Перапісчыкі аднаго з прамежкавых спісаў усё ж патрактавалі словы “в зяти” як “взяти” (узяць), і гэта адбілася ў “Origo Regis” (“assumpsit eum ad filiam suam unicam, Wythewsko post eam recipiendo”)[26]. Перапісчык Віленскага спіса вырашыў пазбегнуць тут двухсэнсоўнасці і ўвогуле выкрасліў словы “в зяти” (“принял ко дочце в Витебеск”)[27].

Трэба адзначыць, што паміж “Мемарылам Вітаўта” і “Летапісцам вялікіх князёў літоўскіх” тут існуе пэўнае сэнсавае разыходжанне. У адным тэксце гаворыцца, што Альгерд атрымаў Віцебск непасрэдна ад Гедыміна. А ў іншым – што ад Гедыміна Альгерд атрымаў Крэва, а ў Віцебску стаў княжыць толькі пасля шлюбу з віцебскай князёўнай, імя якой не называецца. Такое разыходжанне, на наш погляд, толькі падкрэслівае легендарны характар гэтых звестак і тое, што яны былі зафіксаваны на пісьме значна пазней пасля апісаных падзей.

У другім і трэцім летапісных зводах гэтае паведамленне практычна не зведала ніякіх змен[28]. Але яно было значна пашырана ў хроніцы Мацея Стрыйкоўскага, які пісаў наступным чынам: “Olgerdowi Krewo zamek, ktorego się państwo sciagało aż do Berezyny rzeki ku wschodu słońca idąc. A iż miał Olgerd granicę z kniaziem ruskim Witebskim, poiał v niego corkę iedynaczkę imieniem Vlianę, po ktorey też wziął w possagu wszystko Xięstwo Witebskie, ktore się wten czas sciagało od Berezyny rzeki aż do Juhry rzeki w Moskwi, po ktorą był potym Witold, synowiec Olgerdow granicę Litewskie z Wassilem Kniaziem Moskiewskim y iego państwy założył, iak o tym będzie niżey, a tak Olgerd w ten czas od Krewa y Witebska aż do Juhri na Xięstwach vdzielnych y wianowanych szeroko panował”[29].

Відаць, што Стрыйкоўскі дапоўніў звесткі, узятыя з аднаго з летапісных зводаў ВКЛ, дадзенымі з дакументальнай крыніцы (пагаднення паміж вялікім князем літоўскім Вітаўтам і вялікім князем маскоўскім Васілём Дзмітрыевічам). Але таксама відавочна, што яго паведамленне мае другасны характар, бо Стрыйкоўскі дапусціў грубую памылку: надзейна ўстаноўлена, што княгіня Ульяна Аляксандраўна была не першай, а другой жонкай Альгерда і паходзіла не з Віцебска, а з Цверы. Таму няма падстаў лічыць, што Стрыйкоўскі тут грунтаваўся на нейкіх невядомых цяпер аўтэнтычных крыніцах XIV ст.

Адпаведны фрагмент у “Хроніцы Літоўскай і Жамойцкай” гучыць наступным чынам: “Олгердови Крево замок, которого ся панство ростягло ажь до Барчи реки ку всходу слонца идучои, а ижь мел Олгерд границу з княжатем русским витебским, бо понял у его дочку единачку именем Ювианию, по которой мел в посагу все князство Витебское, которого князства панство ростягълося от реки Березины аж до реки Угри в Москве (по которой был потом Витолт, сыновец Олгердов, границу литовскую з Василием, великим князем московским, и его потомствы заложил о чом будет нижей)”[30].

Гэты фрагмент цалкам запазычаны з хронікі Стрыйкоўскага. Але зроблены яўныя памылкі: “Барчи” замест “Berezyny”, “потомствы” замест “państwy”. Апошні сказ з хронікі Стрыйкоўскага (“a tak Olgerd w ten czas od Krewa y Witebska aż do Juhri na Xięstwach vdzielnych y wianowanych szeroko panował”) у “Хроніцы Літоўскай і Жамойцкай” прапушчаны, напэўна, па стылістычных меркаваннях.

Думаю, не мае сэнсу падрабязна тлумачыць той факт, што насуперак сцверджанням І. Саверчанкі гэты тэкст “Хронікі Літоўскай і Жамойцкай” ніякім чынам не мог быць створаны пры жыцці Альгерда або ў першыя гады пасля яго смерці.

Звернемся цяпер да рэканструкцыі І. Саверчанкі. Працытаваны фрагмент з “Хронікі Літоўскай і Жамойцкай” ён выкарыстаў для “ўзнаўлення” першай часткі “Аповесці пра вялікага князя Альгерда”. Рэканструкцыя наступная: “Альгерд атрымаў у спадчыну ад бацькі – вялікага князя Гедзіміна – Крэўскі замак. Уладанні Альгерда сягалі на ўсход ажно да рэчкі Барчы і межавалі з Віцебскім княствам. Пасля шлюбу Альгерда з Ульянай, адзінай дачкой віцебскага князя, ён атрымаў у якасці пасагу ўсё Віцебскае княства. Альгердавы ўладанні цяпер расцягнуліся да ракі Бярэзіны і да ракі Угры” (с. 269).

Як бачым, І. Саверчанка запазычыў з “Хронікі Літоўскай і Жамойцкай” нават яўную памылку, напісаўшы “Барчы” замест “Бярэзіны”, хоць цікава, ці здолее шаноўны доктар філалагічных навук паказаць гэтую раку “Барчу” на карце Беларусі[31]. Нельга не заўважыць і тое, з якой лёгкасцю аўтар-складальнік прэпаруе нават тэкст “Хронікі Літоўскай і Жамойцкай”, без усялякіх папярэджанняў і агаворак выкідваючы цэлыя абзацы. Ці магчыма тут увогуле гаварыць пра “рэканструкцыю” тэксту? Гэта больш нагадвае нейкі палёт фантазіі, не стрыманы ніякімі метадамі і прынцыпамі.

Неабгрунтаваны сляпы давер аўтара-складальніка да “Хронікі Літоўскай і Жамойцкай” прыводзіць часам да амаль анекдатычных выпадкаў. У “Хроніцы Літоўскай і Жамойцкай” гаворыцца: “О котором примирю Кестут от Гостороденя каменданта крижацкого, которого дочку Кестут до крещения святого держал, зараз довѣдался”[32]. Ці трэба казаць, што І.  Саверчанка без ценю сумневу таксама піша ў сваёй так званай “Аповесці пра Ягайлу” пра гэтага таямнічага “Гостороденя”: “Князь Кейстут даведаўся пра планы Ягайлы ад Гастардэня – крыжацкага каменданта, дачку якога ён трымаў падчас хрышчэння і быў яму кумам” (с. 279). І не толькі піша, але і выдае гэты тэкст за “рэканструкцыю” аўтэнтычнага хранікальнага твора XIV або XV ст. Між тым, у самых ранніх спісах “Летапісца вялікіх князёў літоўскіх” на рускай мове тут гаворыцца пра “Гунстына” – комтура Астэродэ Гюнтэра фон Гоэнштайна[33]. Напрыклад, у Віленскім спісе: “Острозкыи кунтоур, звали его Гунстыном”; у Акадэмічным спісе: “Ошькровьскыи кунтарь, звали его Гуньстыном”; у Супрасльскім спісе: “Остродски кунтор, звали его Гунстыномь”; у спісе Красінскага: “лифлянскии кунтор, звали его Густыном”. Нягледзячы на існаванне цэлага шэрагу спісаў з памылковымі прачытаннямі[34], самае ранняе прачытанне архетыпа “Летапісца вялікіх князёў літоўскіх” устанаўліваецца ў гэтым выпадку з высокай ступенню надзейнасці, і гэтае прачытанне – менавіта “Гунстын”. Прачытанне ж “Гостородень” у “Хроніцы Літоўскай і Жамойцкай” – зноў жа прамы вынік блытанага (па прынцыпе “сапсаванага тэлефона”) пераасэнсавання хронікі Стрыйкоўскага, дзе брат Ордэна называецца “kontorem Ostrodomskim” або “Osterodomskim”[35], або адной з іншых польскіх хронік, якая грунтавалася на чытанні “Origo Regis” (“astorodensis comendator”).

Пры гэтым не Кейстут хрысціў дачку брата Тэўтонскага ордэна Гюнтэра фон Гоэнштайна (як паказвае наш аналіз семантыкі твора, гэта проста нонсэнс), а Гоэнштайн хрысціў дачку Кейстута – Ганну Дануту, калі тая выходзіла замуж за мазавецкага князя Януша. І гэты факт, адлюстраваны ў “Летапісцы вялікіх князёў літоўскіх”, пацвярджаецца хронікай Віганда з Марбурга, дзе Гоэнштайн названы кумам (compater) Кейстута[36]. Зразумела, такая памылка даравальная для кампілятара “Хронікі Літоўскай і Жамойцкай”, які жыў у XVII ст., але сучасны навуковец мусіць ведаць хоць бы базавыя факты і прынцыпы тэксталагічнага і гістарычнага даследавання, каб не выдумляць нейкіх міфічных “Гастардэняў” і не блытаць чытачоў.

Пра тое, што такія ляпсусы – гэта не адзінкавыя выпадкі, сведчыць і іншы прыклад. Так, на аснове Нікіфараўскага і Супрасльскага спісаў першага летапіснага зводу ВКЛ І. Саверчанка “ўзнаўляе” і друкуе твор пад назвай “Запісы пра княжанне Альгерда”. На яго думку, гэта не больш і не менш як “унікальны помнік нацыянальнай літаратуры і гістарыяграфіі” (с. 265).

Але разгледзім два першыя паведамленні гэтых “Запісаў пра княжанне Альгерда”.

“У 1342 годзе войскі Вялікага княства Літоўскага прыйшлі пад Мажайск. Пасады спалілі, але горада не ўзялі.

У 1350 годзе прыйшлі паслы ад літоўскага князя Альгерда да вялікага князя Сямёна Іванавіча. Яны прынеслі каштоўныя падарункі, прасілі падпісаць мір і вызваліць сваіх суайчыннікаў з палону. Князь падпісаў замірэнне з Альгердам на шмат гадоў і адпусціў з палону Карыятавых дзяцей” (с. 265–266).

Абодва паведамленні І. Саверчанка запазычыў з Супрасльскага і Нікіфараўскага спісаў, дзе гаворыцца: “В лѣто 6850. Приде рать литовьская к городу Можаиску, посад пожгошя, а града не взяшя”[37], а потым: “В лето 6858. Приидоша послове от литовъского князя Олирда ко великому князю Семену Ивановичю со многыми дарми, прося мира и живота своеи братьи. Князь великыи воземь мирь на многа лѣта и отпусти Коръадову чадь”[38].

Звяртае на сябе ўвагу, што І. Саверчанка ў дадзеным выпадку адвольна выбраў з вялікай падборкі летапісных звестак тыя паведамленні, якія палічыў патрэбным, і сканструяваў з іх нейкі трэці тэкст пад назвай “Запісы пра княжанне Альгерда”. Лішне казаць, што асобнага тэксту з такой назвай і з такім зместам ніколі не існавала – ні ў XIV ст., ні пазней.

Больш за тое, цытаваныя летапісныя артыкулы не былі ўвогуле створаны на тэрыторыі ВКЛ. У першы летапісны звод ВКЛ яны трапілі з некаторых агульнарускіх зводаў, дзе былі змешчаны ў значна паўнейшым выглядзе. Так, у Рагожскім летапісцы, Сімяонаўскім летапісе і захаваных выпісках з Троіцкага летапісу мы чытаем тыя ж паведамленні, але больш падрабязныя і з іншай датай:

“В лѣто 6849… Тое же осѣни мѣсяца октября в 1 день, в Покров святыя Богородица, пришедше Олгерд с литовьскою ратию к городу к Можаиску, посад пожьгли, а города не взяли. Тогды Руготу оубили”[39].

“В лѣто 6857 Олгордъ князь Литовьскыи прислал послы свои к князю великому Семену Ивановичю бити челом за своего брата Корьяда и за бояр и за его дружину за Литву со многыми дары, просяще мира и живота своеи братии. Князь же великы Семен Иванович многое серебро отложив и приа любовь и мир мног взем отпусти Корьяда и его дружину Литву въсвояси. Того же лета прислал князь Люборт из Велыня своих бояр к князю великому Семену бити челом о любви и испросити сестричну его за себе оу князя Костянтина Ростовьскаго. И князь великии Семен Иванович приял в любовь его челобитие, пожаловал и выдал свою сестричну в Велынь. Того же лѣта князь Литовьскыи Олгорд прислал свои послы к князю великому Семену Ивановичу бити челом и просити за себе свести княжи Семеновы княжны Ульяны княжи дчери Александровы Михаиловича Тфѣрьского. И князь великии Семен Иванович доложа Фегнаста митрополита и выда свою свесть за Олгорда князя Литовьскаго”[40].

Прыярытэт агульнарускіх зводаў у дадзеным выпадку даказваецца даволі надзейна: паведамленні больш поўныя, больш звязныя і дэталёвыя, да таго ж змяшчаюць у дачыненні да Альгерда фармулёўкі кшталту “бити челом”, якія паказваюць, што аўтарамі былі яўна не прадстаўнікі ВКЛ.

Калі б І. Саверчанка ўлічыў другаснасць цытаваных паведамленняў Нікіфараўскага і Супрасльскага спісаў, ён не дапусціў бы ў сваіх “рэканструкцыях” такіх памылак, як няправільнае ўказанне года або пераклад “Карыятавых дзяцей” (калі гаворка ідзе пра “Коръадову чадь”, гэта значыць пра баяр і дружыну). Застаецца запытацца, дзе ж тут у гэтых скарочаных летапісных артыкулах, запазычаных з агульнарускіх зводаў, І. Саверчанка ўбачыў “унікальны помнік нацыянальнай літаратуры і гістарыяграфіі”? Але відавочна, што пытанне рытарычнае.

Аб’ём рэцэнзіі не дазваляе падрабязна аналізаваць іншыя прыклады. Але думаю, што і на аснове выкладзенага матэрыялу можна зрабіць пэўныя высновы.

“Рэканструкцыя” згаданых хранікальных твораў у рэцэнзаванай кнізе праведзена з грубымі парушэннямі методыкі і прынцыпаў навуковага даследавання. Аўтар-складальнік цалкам праігнараваў бадай усю папярэднюю літаратуру, прысвечаную вывучэнню беларуска-літоўскага летапісання. Прааналізаваныя выпадкі сведчаць, што сур’ёзнага тэксталагічнага і гістарычнага аналізу перад тым, як рабіць свае “рэканструкцыі”, аўтар-складальнік не праводзіў. У шэрагу выпадкаў І. Саверчанка бярэ яўна другасныя кампілятыўныя тэксты XVI і XVII ст. (“Хроніку Быхаўца”, “Хроніку Літоўскую і Жамойцкую”) і, штучна вырываючы з іх асобныя фразы і абзацы, канструюе новыя фантомныя тэксты, якія потым друкуе пад выглядам рэканструяваных аўтэнтычных хранікальных твораў XIV–XV ст. Дзіўна, што пры друкаванні рэцэнзаванай кнігі ў выдавецтве “Беларуская навука” не знайшлося спецыялістаў, якія б маглі ўказаць на відавочныя метадалагічныя хібы, дапушчаныя аўтарам-складальнікам. Аднак яшчэ горш для сітуацыі ў беларускай гуманітарнай навуцы, калі такія спецыялісты ўсё ж знайшліся, але іх меркаванні былі праігнараваныя.

Асобных хранікальных твораў з назвамі “Аповесць пра Гедзіміна”, “Запісы пра княжанне Альгерда”, “Аповесць пра вялікага князя Альгерда”, “Запісы пра княжанне Ягайлы”, “Аповесць пра Ягайлу”, “Летапіс княжання Вітаўта”, “Аповесць пра рыцарскія справы і ўчынкі Вітаўта Вялікага” і з тым зместам, які ў іх уклаў І. Саверчанка, у XIV–XV ст. ніколі не існавала. Назвы гэтых твораў выдуманы І. Саверчанкам, а змест сфармаваны штучна шляхам адвольнай “вівісекцыі” некаторых хронік XV–XVII ст.

“Рэканструяваныя” І. Саверчанкам хранікальныя творы не могуць выкарыстоўвацца як крыніцы па гісторыі ВКЛ, а таксама па гісторыі старажытнай культуры і літаратуры Беларусі. Гэта хацелася б падкрэсліць, бо кніга выдадзена немалым накладам (1500 асобнікаў) і паводле выдавецкай анатацыі адрасуецца “навукоўцам, выкладчыкам ВНУ і каледжаў, настаўнікам, студэнтам і школьнікам”. Шкода ад увядзення ва ўжытак выдуманых І. Саверчанкам “унікальных помнікаў нацыянальнай літаратуры і гістарыяграфіі” ў навуковым і адукацыйным працэсе можа аказацца вельмі значнай.

Асобна хацелася б вызначыцца з нашым стаўленнем да “Хронікі Літоўскай і Жамойцкай”. Не сакрэт, што па гісторыі XIV ст. захавалася не так многа крыніц – і наратыўных, і дакументальных. Іх паведамленні часта сухія і лаканічныя. Па сваёй літаратурнай апрацоўцы, багаццю дэталяў і псіхалагічных характарыстык яны, вядома ж, прайграюць больш познім хранікальным творам, напрыклад, хроніцы Мацея Стрыйкоўскага або “Хроніцы Літоўскай і Жамойцкай”. Перад гісторыкам паўстае спакуса адкінуць больш раннія аўтэнтычныя крыніцы і пабудаваць свой наратыў на хроніках XVI–XVII ст., апраўдваючы гэта тым, што ў гэтых хроніках быццам бы адлюстраваліся нейкія крыніцы, якія не дайшлі да нашага часу. Па кожнай тэме існаванне такіх крыніц мусіць быць надзейна абгрунтавана па выніках скрупулёзнага і празрыстага тэксталагічнага і гістарычнага аналізу. У многіх выпадках, што датычыцца XIV ст., нават у хроніцы Стрыйкоўскага “ўнікальныя звесткі” – проста вынік яго домыслаў ці імкнення неяк аздобіць апавяданне з літаратурнага пункту гледжання. Што ж тады казаць пра “Хроніку Літоўскую і Жамойцкую”, якая па некаторых эпізодах з’яўляецца проста блытаным і скажоным пераказам хронікі Стрыйкоўскага. Самая актуальная задача ў вывучэнні “Хронікі Літоўскай і Жамойцкай”, на наш погляд, – гэта супаставіць яе тэкст з больш раннімі хронікамі, найперш з хронікай Стрыйкоўскага, і дакладна вылучыць тыя фрагменты тэксту або трактоўкі асобных падзей, якія больш нідзе не паўтараюцца. Менавіта такая праца была б сапраўды карыснай і для гісторыкаў, і для літаратуразнаўцаў.

Мінск

Алег Ліцкевіч


[1] Паводле вызначэння Д. Ліхачова, «предполагаемый текст, от которого пошли все остальные тексты списков данной редакции, принято называть архетипом редакции» (Лихачев Д. С., Алексеев А. А., Бобров А. Г. Текстология. На материале русской литературы X–XVII веков. Изд. 3-е, перераб. и доп. С.-Петербург, 2001. С. 143).
[2] Szaraniewicz I. O latopisach i kronikach Ruskich XV i XVI wieku a zwłaszcza o “Latopisie Wielikoho kniaztwa Litowskoho i Žomojtskoho” // Rozprawy i sprawozdania z posiedzeń Wydziału Historyczno-Filozoficznego Akademii Umiejętności. T. 15. Kraków, 1882. S. 351–413; Летописные источники для истории Литвы в средние века / сост. А. И. Барбашев. СПб., 1883. С. 3–9; Иконников В. С. Опыт русской историографии. Т. 2, кн. 2. Киев, 1908. С. 1496–1505.
[3] Данилович И. Н. О литовских летописях // Журнал Министерства народного просвещения. 1840. Ч. 28, № 11. С. 70–114; Prochaska A. Latopis litewski: rozbiór krytyczny. Lwów, 1890; Ён жа. Przekład ruskiego latopisca ks. Litewskiego na język łaciński // Kwartalnik Historyczny. Rocz. 2, zesz. 2. Lwów, 1888. S. 196–205; Тихомиров И. А. Два польских труда о западнорусских летописях // Журнал Министерства народного просвещения. 1891. Ч. 273, февраль. Отд. II. С. 397–412; Тихомиров И. А. [Рец.:] Prochaska A. Latopis litewski: rozbiór krytyczny. Lwów, 1890 // Журнал Министерства народного просвещения. 1893. Ч. 287, май; Тихомиров И. А. О составе так называемых литовских летописей // Журнал Министерства народного просвещения. 1901. № 3 (март), № 5 (май).
[4] Smolka S. Najdawniejsze pomniki dziejopisarstwa rusko-litewskiego: rozbiór krytyczny. Kraków, 1889.
[5] У кн.: Шахматов А. А. Обозрение русских летописных сводов XIV–XVI вв. Москва – Ленинград, 1938.
[6] Полное собрание русских летописей. Т. 17. Западнорусские летописи. С.-Петербург, 1907.
[7] Jakubowski J. Kroniki litewskie // Rocznik Towarzystwa przyjaciół nauk w Wilnie. T. 3. Wilno, 1910. S. 68–74.
[8] Jakubowski J. Studia nad stosunkami narodościowymi na Litwie przed Unią Lubelską. Warszawa, 1912; Сушицький Т. Західньо-руськи літописи як пам’ятки літаратури / Упорядк. та до друку вигот. О. А. Назаревський // Збірник історично-філологічного відділу. № 2. Праці комісіі давнього українського письменства. Т. 1. Київ, 1930; Приселков М. Д. Летописание Западной Украины и Белоруссии // Ученые записки Ленинградского гос. ун-та. Серия ист. наук. Вып. 7. Ленинград, 1941. С. 11–21; Jučas M. Lietuvos didžiųjų kunigaikščių metraštis // Lietuvos TSR Mokslų akademijos darbai. Serija A. 1957, № 2. P. 111–121; Ён жа. Lietuvos metraščiai. Vilnius, 1968; Ён жа. Lietuvos metraščiai ir kronikos. Vilnius, 2002; Чамярыцкі В. А. Беларускія летапісы як помнікі літаратуры. Узнікненне і літаратурная гісторыя першых зводаў. Минск, 1969; Ён жа. Летописи // История белорусской дооктябрьской литературы. Минск, 1977. С. 53–58; Ён жа. “Летапісец вялікіх князёў літоўскіх” // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 4. Мінск, 1997. С. 354–355 [Тое ж у выд.: Вялікае Княства Літоўскае: Энцыклапедыя. Т. 2. Мінск, 2006. С. 190–191]; Ён жа. Летапісы // Гісторыя беларускай літаратуры XI–XIX ст. Т. 1. Даўняя літаратура XI – 1-й пал. XVIII ст. Мінск, 2006. С. 234–242 [3-е выд., выпр.: Мінск, 2010. Пагінацыя тая ж]; Улащик Н. Н. Введение в изучение белорусско-литовского летописания. Москва, 1985; Jovaišas A. Trumpojo Lietuvos metraščių sąvado literatūrinės ypatybės ir paslaptys // Senoji Lietuvos literatūra. Kn. 4. Metraščiai ir kunigaikščių laiškai. Vilnius, 1996. P. 222–261; Mikulski J. Smoleński ośródek latopisarski w latach 20–50. XV w. // Białoruskie zeszyty historyczne. T. 33. Białystok, 2010. S. 17–49; Ліцкевіч А. У. Пра некаторыя спісы “Летапісца вялікіх князёў літоўскіх” маскоўскага і наўгародскага паходжання (на маргінезе выданняў М. Улашчыка і В. Вароніна) // Вялікае Княства Літоўскае і яго суседзі ў XIV–XV стст.: саперніцтва, супрацоўніцтва, урокі. Да 600-годдзя Грунвальдскай бітвы. Матэрыялы Міжнар. навук. канф. Гродна, 8–9 ліп. 2010 г. Мінск, 2011. С. 207–223; Ён жа. Атручэнне князя Скіргайлы ў Кіеве (1395 год). Гістарычны каментарый і праблема аўтарства другой часткі “Летапісца вялікіх князёў літоўскіх” // Arche. 2012. № 3. С. 8–52.
[9] Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі. Спроба паясьніцельнай кнігопісі ад канца X да пачатку XIX стагодзьдзя. Коўна, 1926. С. 189–200; Станкевіч Я. Повесьці й апавяданьні беларускіх (крывіцкіх) летапісцаў // Ён жа. Крыўя-Беларусь у мінуласьці. [2-е выд.]. Вільня – Беласток, 2010. С. 31–48.
[10] Полное собрание русских летописей. Т. 32. Хроники: Литовская и Жмойтская, Быховца. Летописи: Баркулабовская, Аверки и Панцырного. Москва, 1975; Полное собрание русских летописей. Т. 35. Белорусско-литовские летописи. Москва, 1980.
[11] Семянчук А. А. Беларуска-літоўскія летапісы і польскія хронікі. Гродна, 2000. С. 29–37 [Глава: I летапісны звод. “Летописець великых князеи литовъскых”]. – Пар. таксама: Гісторыя беларускай літаратуры: Старажытны перыяд: Вучэб. дапам. для філал. фак. пед. ВНУ / М. М. Грынчык, У. А. Калеснік, У. Г. Кароткі і інш.; пад рэд. М. А. Лазарука, А. А. Семяновіча. 4-е выд. стэрэатып. Мінск, 1998. С. 71–74; Клімаў І. П. Старажытная беларуская літаратура XI–XVI стст.: эпохі і постаці. Мінск, 2010. С. 84–86.
[12] Агляд гл.: Міхальчук Г. Гісторыя даследавання “Хронікі Быхаўца” // Працы кафедры гісторыі беларускае літаратуры БДУ. Вып. 10. Мінск, 2009. С. 161–177.
[13] Хроника Быховца / подг. Н. Н. Улащик. Москва, 1966; Ochmański J. Nad kroniką Bychowca // Studia Źródłoznawcze. T. 12. Warszawa etc., 1967. S. 155–163; Флоря Б. Н. О «Летописце Быховца» // Источники и историография славянского средневековья. Сб. статей и материалов. Москва, 1967. С. 135–144; Lietuvos metraštis. Bychovco kronika / Vertė, įvadą ir paaiškinimus parašė R. Jasas. Vilnius, 1971; Ючас М. А. Хроника Быховца // Летописи и хроники. Сб. статей 1973 г., посвященный памяти А. Н. Насонова. Москва, 1974. С. 220–231; Чамярыцкі В. А. Да гісторыі фарміравання трэцяга беларуска-літоўскага летапіснага зводу – “Хронікі Быхаўца” // Беларуская пісьмовая спадчына ў кантэксце еўрапейскага культурна-гістарычнага працэсу XI–XIX ст.: вытокі, традыцыі, уплывы. Матэрыялы рэсп. навук.-практ. канф. (Мінск, 24 мая 2010 г.). Мінск, 2010. С. 51–60; Gudmantas K. Lietuvos metraščio Vavelio nuorasas (fragmentas) // Senoji Lietuvos literatūra. Kn. 34. 2012. P. 121–151.
[14] Die älteste litauische Chronik / Aus dem Russischen übersetzt von F. Neumann. Hrsg. von M. Töppen // Altpreussische Monatsschrift. Bd. 14. Königsberg, 1877. S. 419–458.
[15] “Летапіс вялікіх князёў літоўскіх” / Прадмова, пер. са ст.-бел. мовы і камент. В. А. Чамярыцкага // Спадчына. 1991. № 1. С. 78–84; № 2. С. 61–68; № 3. С. 78–81 [“Аповесць пра Падолле”]. – Гэты ж пераклад перадрукаваны ў выданнях: Беларускія летапісы і хронікі: пер. са ст.-рус., ст.-бел. і польск. / уклад. У. Арлова; прадм. В. Чамярыцкага. Мінск, 1997. С. 49–62; Літаратура XI–XVI ст. / уклад. і камент. А. У. Бразгунова, І. У. Будзько, Л. В. Ляўшун; навук. рэд. В. А. Чамярыцкі. Мінск, 2011. С. 150–164 [тут з некаторымі зменамі].
[16] Senoji Lietuvos literatūra. Kn. 4. Metraščiai ir kunigaikščių laiškai. Vilnius, 1996. P. 312–326, 343–347.
[17] “Летапіс вялікіх князёў літоўскіх” / рэд. падрыхтоўка В. А. Чамярыцкага // Анталогія даўняй беларускай літаратуры. XI – 1-я пал. XVIII ст. Мінск, 2005. С. 238–250.
[18] Карский Е. Ф. О языке так называемых литовских летописей // Ён жа. Труды по белорусскому и другим славянским языкам. Москва, 1962. С. 211–220; гл. таксама яго агляд зместу “Летапісца вялікіх князёў літоўскіх” у кн.: Карский Е. Ф. Белорусы. Т. 3. Очерки словесности белорусского племени. Вып. 2. Старая западнорусская письменность. Петроград, 1921. С. 99–100.
[19] Морозова Н. Виленский список «Летописца великих князей литовских» – языковые особенности и состав // Kalbotyra. 45 (2). Slavistica Vilnensis. 1995. Vilnius, 1997. С. 26–45; Яе ж. Lietuvos Didžiosios Kunigaikštystės metraščių kalbos ir tekstologijos problemos: Bychovco kronika. Daktaro disertacijos santrauka. Vilnius, 2001.
[20] Citko L. “Kronika Bychowca” na tle historii i geografii języka białoruskiego. Białystok, 2006.
[21] Мароз В. К. Мова беларускага летапісання: манаграфія. Мінск, 2008; Яе ж. Летапісы і хронікі ў кантэксце фарміравання беларускай літаратурнай мовы старажытнага перыяду: манаграфія. Мінск, 2011.
[22] Scriptores rerum Prussicarum. Bd. 2. Leipzig, 1863. S. 712.
[23] ПСРЛ. Т. 35. Москва, 1980. С. 110.
[24] Тамсама, с. 61.
[25] Тамсама, с. 132.
[26] Тамсама, с. 115.
[27] Тамсама, с. 85.
[28] Тамсама, с. 97, 154, 181, 201, 222; ПСРЛ. Т. 32. Москва, 1975. С. 138.
[29] Stryjkowski M. Kronika Polska, Litewska, Żmódzka i wszystkiej Rusi. Królewiec, 1582. S. 407–408.
[30] ПСРЛ. Т. 32. С. 41.
[31] Ракі з такой назвай на тэрыторыі сучаснай Беларусі не зафіксавана: Блакітная кніга Беларусі (водныя аб’екты Беларусі): энцыклапедыя. Мінск, 1994. С. 55.
[32] ПСРЛ. Т. 32. С. 64.
[33] Voigt J. Namen-Codex der Deutschen Ordens-Beamten, Hochmeister, Landmeister, Grossgebietiger, Komthure, Vögte, Pfleger, Hochmeister-Kompane, Kreuzfahrer und Söldner-Hauptleute in Preussen. Königsberg, 1843. S. 23, 42; Boldt F. Der Deutsche Orden und Littauen. 1370–1386 // Altpreussische Monatsschrift. Bd. 10. Königsberg, 1873. S. 430; Balzer O. Genealogia Piastów. Kraków, 1895. S. 468–469; Rowell S. C. Pious princesses or the daughters of Belial: Pagan Lithuanian dynastic diplomacy, 1279–1423 // Medieval Prosopography. 1994. Vol. 15/1. P. 63; Гудавичюс Э. История Литвы с древнейших времен до 1569 года. Москва, 2005. С. 155.
[34] Напрыклад, “Origo regis”: “Astorodensis comendator dictus Smydsten”. Адсюль жа ў хроніцы Длугаша: “Sundsteyn Osterrodensem Commendatorem”. Спіс Дуброўскага: “Островскии купец, звали его Гнупыном”; адсюль у Пагодзінскім спісе: “Островскии купец, именем Гнупын”. Патрыяршы спіс А: “Ифлянскии коунтор, звали его Август”; спіс Рачынскага: “Ифлянскии кунтор, именем Авкгуштын”; Румянцаўскі спіс: “лифлянскии кунтар, звали его Авъкгуштыном” (ПСРЛ. Т. 35. С. 115, 155, 202; ПСРЛ. Т. 17. С.-Петербург, 1907. Стлб. 155, 207, 575; Długosz J. Opera omnia. T. 12. Historiae Polonicae libri XII. T. 3. Lib. IX, X. Cracoviae, 1876. S. 407). У “Хроніцы Быхаўца” змешчана іншае прачытанне: “Ostrodski kuntor, zwali ieho Liebestyn”, аднак нядаўняя знаходка ў Кракаве фрагмента хронікі з прачытаннямі, ідэнтычнымі “Хроніцы Быхаўца”, але з “Гуностымь”, сведчыць, што “Liebestyn” – гэта, верагодна, інтэрпаляцыя Т. Нарбута (гл.: ПСРЛ. Т. 32. С. 141; Gudmantas K. Lietuvos metraščio Vavelio nuorasas (fragmentas), p. 127–128).
[35] Stryjkowski M. Kronika Polska, Litewska, Żmódzka i wszystkiej Rusi, s. 464.
[36] Scriptores rerum Prussicarum. Bd. 2. S. 604.
[37] ПСРЛ. Т. 35. С. 28, 46.
[38] Тамсама, с. 28, 47.
[39] ПСРЛ. Т. 15. Рогожский летописец. Тверской сборник. Москва, 1965. Стлб. 53–54. Гэтае ж паведамленне пад той жа датай 6849 г. было змешчана ў Троіцкім летапісе і вядома з выпісак М. М. Карамзіна (Приселков М. Д. Троицкая летопись (реконструкция текста). Москва – Ленинград, 1950. С. 365). Гл. таксама: ПСРЛ. Т. 18. Симеоновская летопись. С.-Петербург, 1913. С. 93.
[40] ПСРЛ. Т. 15. Стлб. 59. Тое ж пад датай 6857 г. у выпісках М. М. Карамзіна з Троіцкага летапісу (Приселков М. Д. Троицкая летопись, с. 370). Гл. таксама: ПСРЛ. Т. 18. С. 96–97.

Наверх

Тэгі: , ,