Гісторыя гандлю ў Беларусі (ад старажытнага часу да канца ХХ ст.)
Гісторыя гандлю ў Беларусі (ад старажытнага часу да канца ХХ ст.): праблемы вывучэння і перспектывы даследавання: матэр. І Міжнар. навукова-практ. канферэнцыі (Мінск, 14–16 лістапада 2013 г.) / Цэнтр вывучэння гісторыі гандлю ТАА «Інстытут рознічных тэхналогій “Менка”»; рэд. рада: Андрэй Кіштымаў, Захар Шыбека [і інш.]. Мінск: Тэхналогія, 2014. 295 с.
У 2014 г. выйшаў у свет навуковы зборнік “Гісторыя гандлю ў Беларусі (ад старажытнага часу да канца ХХ ст.): праблемы вывучэння і перспектывы даследавання”. Зборнік складаецца з матэрыялаў Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, якая адбылася ў Мінску 14–16 лістапада 2013 г. Унікальнасць выдання ў тым, што ініцыятарам правядзення канферэнцыі і выпуску зборніка выступіла прыватная кампанія “Менка”. Паводле меркавання аднаго з рэдактараў выдання Захара Шыбекі, гэта пакуль першы і адзіны такі прыклад у нашай краіне.
Сам загаловак зборніка сведчыць пра амбітнасць праекта – ахарактарызаваць стан і вызначыць перспектывы даследаванняў праблематыкі гісторыі гандлю ў Беларусі. Безумоўна, дасягнуць пастаўленай мэты ў рамках адной канферэнцыі і аднаго навуковага зборніка вельмі няпроста, тым болей што гісторыя гандлю ніколі не належала да прыярытэтных кірункаў у айчыннай гістарыяграфіі. Захар Шыбека слушна адзначыў, што ў савецкі перыяд апублікавана толькі адна навуковая манаграфія, прысвечаная гісторыі гандлю – даследаванне эканаміста Леаніда Міхневіча “Торговля Белоруссии” [1]. У 1995 г. выйшла ў cвет манаграфія гарадзенскага гісторыка Вячаслава Шведа “Торговля в Беларуси в период кризиса феодализма”[2] (падрыхтаваная на аснове кандыдацкай дысертацыі аўтара), якая і сёння застаецца адзінай манаграфіяй на дадзеную тэматыку ў айчыннай гістарыяграфіі. У 1996 г. Пётр і Ніна Гуды выдалі кнігу, прысвечаную гісторыі беларускага кірмашу[3]. У 1998 г. віцебскі даследчык Р. Цімафееў абараніў кандыдацкую дысертацыю “Развитие торговли в БССР в годы нэпа”[4], а ў 2003 г. былі абаронены адразу дзве кандыдацкія дысертацыі – В. Карпіевіча[5] і М. Шаўчэні[6] – па гісторыі гандлю. Але ўсе гэтыя дысертацыі так і не выдадзены ў выглядзе манаграфій, а таму засталіся невядомымі шырокаму колу аматараў гісторыі.
На жаль, эканамічная гісторыя ў апошнія дваццаць гадоў апынулася, па сутнасці, на перыферыі даследаванняў у беларускай гістарыяграфіі, пра што сведчыць, як адзначыў Захар Шыбека, і ліквідацыя адпаведнага сектара ў Інстытуце гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук. У пэўнай ступені гэта была зразумелая рэакцыя супольнасці гісторыкаў на дзесяцігоддзі засілля сацыяльна-эканамічнай гісторыі ў яе марксісцка-ленінскай версіі. Даследчыкі звярнулі ўвагу на тыя тэмы і праблемы, якія ці былі забаронены ў савецкі час, ці лічыліся неперспектыўнымі. Але занядбанне эканамічнай дзялянкі неўзабаве адгукнулася адмоўнымі наступствамі. Пры ўсіх хібах беларускай савецкай гістарыяграфіі, абумоўленых найперш ідэалагічнымі патрабаваннямі да навуковых тэкстаў, даследаванні па сацыяльна-эканамічнай тэматыцы патрабавалі ад гісторыка грунтоўнай тэарэтычнай падрыхтоўкі, былі вельмі працаёмкімі з патрэбы шырокага выкарыстання статыстычных матэрыялаў і колькасных метадаў. Дастаткова ўзгадаць працы гісторыкаў беларускай аграрнай школы. Можна нават рызыкнуць сцвердзіць, што навуковую “халтуру” ў гэтай галіне гістарычных ведаў зрабіць было складаней, чым у галіне даследаванняў гісторыі культуры ці палітычнай гісторыі, пры ўсёй павазе да сапраўдных даследчыкаў азначанай праблематыкі. Усё гэта паступова прыводзіла да фактычнага зніжэння нефармальных стандартаў навуковага даследавання.
Прычынамі слабой зацікаўленасці гісторыяй гандлю з боку беларускіх гісторыкаў Захар Шыбека бачыць таксама моцную яўрэйскую афарбоўку гэтай сферы дзейнасці ў Беларусі, а большасць сённяшніх жыхароў нашай краіны, у тым ліку і гісторыкаў – нашчадкі сялян (да якіх можна аднесці і дробную шляхту): “Зусім зразумела, што беларускія гісторыкі схільныя больш вывучаць сваіх сялян з іх аграрнымі праблемамі, чым чужых для іх мяшчан, якія займаліся прадпрымальніцтвам” (20). На гэтую праблему можна паглядзець яшчэ шырэй. У традыцыйным сялянскім грамадстве гандаль ніколі не лічыўся паважанай сферай дзейнасці, а гандляры не карысталіся асаблівай пашанай. Вядомы даследчык сялянства антраполаг Роберт Рэдфілд сцвярджаў, што галоўны жыццёвы прынцып селяніна – перакананне ў вырашальным значэнні працы, штодзённага фізічнага высілку. Фізічная праца на ўласнай зямлі выступае галоўным чыннікам прэстыжу для мужчыны ў вясковай супольнасці, нават калі яна і не можа забяспечыць высокі дабрабыт яго сям’і ў параўнанні з іншымі. У той жа час занятак гандлем, нават вельмі прыбытковы, не можа заслужыць праўдзівай павагі ў вачах вяскоўцаў. Адмова ад земляробства азначала для селяніна, як сцвярджаў Р. Рэдфілд, выключэнне з асяродку праўдзівых мужчын і страту права ўдзелу ў галоўных цырымоніях вясковай супольнасці [7].
У нашым постсялянскім грамадстве стаўленне большасці жыхароў да гандлю таксама, мякка кажучы, не вельмі паважлівае. Дастаткова прыгадаць папулярныя параўнанні гандляроў з рознымі шкоднымі насякомымі. Тыповы сучасны беларус лічыць, што вартая павагі справа – толькі вытворчасць нейкіх рэчаў, якія можна памацаць рукамі, панюхаць, паспрабаваць на смак. Кожную добрую рэч нехта абавязкова набудзе, а гандляры толькі накручваюць цэны і атрымліваюць несправядліва высокія прыбыткі. Пазбыцца гэтых даўніх стэрэатыпаў вельмі няпроста, але ў гісторыі ёсць шмат пазітыўных прыкладаў. Напрыклад, фіны сацыяльным паходжаннем нічым не адрозніваюцца ад беларусаў – такая ж сялянская нацыя, але яны навучыліся цудоўна гандляваць і прасоўваць свае тавары на ўсе рынкі свету. І рэцэнзаванае выданне таксама павінна зрабіць унёсак у гэтую справу і паспрыяць пераменам у стаўленні нашых сучаснікаў да гандлю як вельмі важнай і патрэбнай сферы эканамічнай дзейнасці.
Такім чынам, можна сцвердзіць, што ў беларускай гістарыяграфіі сёння адсутнічаюць навуковыя школы і сур’ёзныя традыцыі ў вывучэнні гісторыі гандлю. Як заўважыў Захар Шыбека, ні ў адной вышэйшай навучальнай установе Беларусі не выкладаецца спецкурс, прысвечаны гісторыі гандлю. І разгляданы зборнік адлюстроўвае такі стан. Для большасці яго аўтараў гісторыя гандлю не з’яўляецца асноўным кірункам навуковых даследаванняў. Складальнікі зборніка падзялілі навуковыя тэксты на чатыры часткі: “Пленарныя даклады і тэзісы”, “Умовы для развіцця гандлю і гандлёвыя сувязі да ХХ ст.”, “Гандаль у лакальным і антрапалагічным вымярэнні”, “Гандаль у Беларусі ў ХХ ст.”. Сярод пленарных дакладаў канцэптуальным падыходам і арыгінальнымі аўтарскімі ідэямі вылучаецца тэкст Захара Шыбекі. Даследчык акрэсліў асноўныя праблемы, звязаныя з вывучэннем гандлю, перспектыўныя метады даследавання, вызначыў асноўныя этапы развіцця гандлю ў Беларусі. Артыкул гарадзенскага гісторыка Дзмітрыя Карава называецца “История торговли в белорусской историографической традиции XIX – начала ХХІ века (вехи исследования и нерешенные проблемы)”. Па сутнасці, у ім разглядаецца развіццё гістарычных ведаў і працэсы навуковага вывучэння Беларусі ўвогуле ў азначаны храналагічны перыяд. Аўтар вылучае шэсць перыядаў у гісторыі вывучэння эканамічнай гісторыі Беларусі ў цэлым і “гандлю ў прыватнасці”. Але большая ўвага ў артыкуле аддадзена першым двум перыядам, якія ахопліваюць ХІХ – пачатак ХХ ст., пра астатнія чатыры гаворыцца вельмі коратка. Паказальна таксама, што ў тэксце няма ніводнай спасылкі на ўласна даследаванні гісторыі гандлю. Вядомы даследчык эканамічнай гісторыі Андрэй Кіштымаў разгледзеў асноўныя тэндэнцыі развіцця гандлю Беларусі ва ўмовах мадэрнізацыі грамадства ў ХІХ – пачатку ХХ ст. Аўтар вылучае асноўныя тэндэнцыі і асаблівасці беларускага гандлю: шматвектарнасць і значная доля экспартна-імпартных аперацый, гандлёвае пасярэдніцтва і ўдзел у транзітным гандлі, актыўнае ўмяшальніцтва дзяржавы ў камерцыйную дзейнасць. Пётр Гуд разглядае гісторыю і тэндэнцыі развіцця беларускага кірмашу; тэкст артыкула падрыхтаваны на аснове манаграфіі гэтага аўтара. У артыкуле расійскага даследчыка Міхаіла Бранцава разглядаюцца гандлёвыя сувязі горада Бранска з “Літвой” у XVII cт. Артыкул Эмануіла Іофе, прысвечаны ролі яўрэяў у гандлі Беларусі ў канцы XVIII – пачатку ХХ ст., мае аглядны характар. Тэма яго, несумненна, надзвычай цікавая і перспектыўная, яна патрабуе не аднаго манаграфічнага даследавання.
Раздзел “Умовы для развіцця гандлю і гандлёвые сувязі да ХХ ст.” пачынаецца з артыкула Івана Саракавіка «Влияние “Договора Смоленского, Витебского и Полоцкого княжеств с Ригой, Готландской землей и немецкими городами 1229 года (Готландская редакция)” на развитие белорусской торговли». Юрый Грузіцкі асвятляе мытныя адносіны ў Вялікім Княстве Літоўскім у XV–XVI ст. У артыкуле полацкай даследчыцы Таццяны Бакуновай разглядаецца распаўсюджанне імпартных тканін на беларускім рынку ў XVI–XVIII ст., паказваюцца сацыяльныя і культурныя аспекты гэтага пытання. Сяргей Ясюнін і Канстанцін Завальнюк аналізуюць беларуска-ўкраінскія гандлёвыя сувязі ў другой палове ХІХ ст. У працы магілёўскага даследчыка Дзмітрыя Пятрова разглядаецца прававы механізм вырашэння гандлёвых спрэчак у беларускіх губернях у другой палове ХІХ ст. Такім чынам, большасць тэкстаў раздзела прысвечана праблематыцы знешнегандлёвых сувязяў Беларусі.
Назва раздзела “Гандаль у лакальным і антрапалагічным вымярэннях” (так называлася і адна з секцый навуковай канферэнцыі) сведчыць пра імкненне аўтараў праекта развіваць сучасныя тэндэнцыі ў гістарыяграфіі, да ліку якіх адносяцца лакальны і антрапалагічны даследчыцкія падыходы. Пастаўленая задача рэалізавалася, на маю думку, не да канца, прычынай чаго можна лічыць сучасны стан беларускай гістарыяграфіі. Ментальнасць гандляроў, сістэма іх каштоўнасцяў, стэрэатыпы паводзінаў і штодзённыя практыкі – гэтыя пытанні не атрымалі дастатковага асвятлення ў большасці тэкстаў. Безумоўна, у дачыненні да больш ранніх часоў існуе праблема абмежаванасці і недахопу крыніц. Што ж датычыцца пазнейшага перыяду, дык тут праблема палягае ўжо ў адсутнасці традыцый спецыяльных даследаванняў. Зрэшты, яшчэ раз падкрэслім, што рэцэнзаваны зборнік і ўвесь праект кампаніі “Менка” – спроба даць штуршок развіццю гістарычных даследаванняў праблематыкі гандлю, у тым ліку і ў яго антрапалагічным вымярэнні.
Раздзел пачынаецца з артыкула Ігаэла Егудзі “Габрэі і гандаль на землях Русі і Вялікага Княства Літоўскага напрыканцы і ў першай палове ІІ тысячагоддзя н. э.”, які выразна выбіваецца сваёй тэматыкай з агульнага шэрагу. Прадмет даследавання – этнагенез яўрэяў на тэрыторыі ВКЛ. Аўтар артыкула выступае прыхільнікам усходняй канцэпцыі паходжання яўрэйскай супольнасці на гэтай тэрыторыі, слушнасць якой і спрабуе давесці ў сваім тэксце. Паводле азначанай канцэпцыі, з прычыны пашырэння гандлёвых сувязяў яўрэі з тэрыторыі Блізкага Усходу перабіраліся ў Хазарскі каганат, а потым рассяляліся на ўсходнеславянскіх землях, дзе пераходзілі на славянскую мову мясцовага насельніцтва. Толькі пазней пачалася міграцыя яўрэяў-ашкеназі з тэрыторыі Заходняй Еўропы, якія прынеслі сюды мову ідыш. Праца Ігаэла Ёегудзі грунтуецца выключна на апублікаваных матэрыялах іншых аўтараў. Аўтар – не прафесійны гісторык, але яго эрудыцыя і веданне розных моў робіць матэрыял вельмі цікавым для аматараў старажытнай гісторыі Беларусі.
Артыкул гарадзенскага гісторыка Наталлі Сліж, прысвечаны гісторыі гандлю ў Горадні, грунтуецца на архіўных крыніцах. Як і ў іншых працах гэтага аўтара, у тэксце вельмі шмат цікавых яскравых фактаў, што ілюструюць самыя розныя здарэнні з жыцця тагачасных гандляроў, спецыфіку узаемаадносін паміж імі. Людміла Рогач з Горадні даследавала ўстановы грамадскага харчавання ў Беларусі і зрабіла спробу іх тыпалагізацыі. Яшчэ адзін гарадзенскі гісторык Сяргей Грэсь аналізуе развіццё гандлю на тэрыторыі Ваўкавыскага павета Гродзенскай губерні, звяртаючы асаблівую ўвагу на дзейнасць знакамітага Зэльвенскага кірмашу. Ролю мясцовых прадпрымальнікаў у забеспячэнні расійскіх войскаў на той жа Гарадзеншчыне ў 60–70-я г. ХІХ ст. даследуе Аляксандр Арлукевіч. Мінскі гісторык Таццяна Вароніч разглядае выпадкі злоўжыванняў і махлярства ў дробным гандлі ў гарадах і мястэчках Беларусі ў канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. Менавіта гэты тэкст, на нашу думку, у найбольшай ступені адпавядае ідэям антрапалагічнай гісторыі. Барыс Сідарэнка разглядае формы арганізацыі гандлю і асартымент харчовых тавараў у губернскім горадзе Магілёве ў другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст.
Фактычна палову зборніка заняў раздзел пра гісторыю гандлю ў ХХ ст. На жаль, няма ніводнага артыкула, прысвечанага Заходняй Беларусі, дзе ўмовы для развіцця прыватнага гандлю былі куды больш спрыяльныя, чым на тэрыторыі савецкай Беларусі. Затое гісторыя гандлю ў БССР і ўжо незалежнай беларускай краіне разгледжана дастаткова грунтоўна – ад першых гадоў савецкай улады і да нашага часу. Можна вылучыць артыкул мінскага гісторыка Наталлі Палятаевай “Частные предприниматели в розничной торговле Беларуси в годы новой экономической политики (1921–1929)”. Аўтар на аснове аналізу статыстычных матэрыялаў Усесаюзнага гарадскога перапісу 1923 г. і Усесаюзнага перапісу насельніцтва 1926 г. вызначыла характэрныя рысы сацыяльнай групы прадпрымальнікаў у БССР у перыяд нэпу, акрэсліла сацыяльны партрэт яе тыповага прадстаўніка. Як вынікае з артыкула, прадпрымальнікі ў гарадах складалі амаль пятую частку сярод самастойных гаспадароў, што сведчыць пра высокую эканамічную актыўнасць насельніцтва ў першае дзесяцігоддзе савецкай улады. Сярод прадпрымальнікаў-гандляроў прадказальна дамінавалі яўрэі, якія складалі амаль 90% прадстаўнікоў гэтай групы. Прычым прыватнаму бізнесу ў сферы гандлю даводзілася ў вельмі няроўных умовах канкураваць з дзяржаўнымі і кааператыўнымі арганізацыямі. Але прыватнікі выжывалі за кошт хуткага звароту капіталу і арыентацыі на патрэбы спажыўца, а значыцца, і за кошт больш высокага прафесіяналізму. І ўсё ж ціск на іх увесь час узмацняўся, а савецкая улада мэтай сваёй палітыкі бачыла поўную і канчатковую ліквідацыю прыватнага гандлю. Аднак гэтай мэты канчаткова дасягнуць так і не ўдалося, і прыватны гандаль заўсёды займаў сваю нішу у гаспадарцы БССР. Артыкулы Віктара Астрогі і Канстанціна Нашчынца прысвечаны дзейнасці мытнай службы і кантрабандзе на заходняй мяжы БССР у 1920-я г. Тут прыводзіцца шмат яскравых канкрэтных прыкладаў, якія адлюстроўваюць менталітэт такой каларытнай сацыяльнай групы, як кантрабандысты. Уладзіслаў Крыўчыкаў разглядае сістэму ваеннага гандлю на тэрыторыі БССР у 1924–1939 г. У артыкулах Алены Сумко і Алены Трацяк асвятляецца аднаўленне і развіццё рознічнага гандлю ў пасляваенныя гады. Алена Трацяк ахарактарызавала дакументы Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў, звязаныя з пытаннямі спажывецкай кааперацыі і аднаўлення гандлю. Алена Сумко на аснове архіўных дакументаў і матэрыялаў вуснай гісторыі асвятляе працэс аднаўлення гандлю ў пасляваеннай Полацкай вобласці. У яе тэксце таксама прыводзіцца шмат каларытных прыкладаў штодзённага жыцця тагачаснага грамадства.
Аляксандр Чудзецкі разглядае індывідуальную працоўную дзейнасць у савецкай эканоміцы ў сярэдзіне 1970-х – пачатку 1990-х г. Тамара Балашова даследуе рознічны гандаль Магілёўскай вобласці ва ўмовах пераходу да рынкавай эканомікі ў канцы ХХ – пачатку ХХІ ст. Аляксандр Баюра аналізуе выкарыстанне талонаў, купонаў і іншых грашовых сурагатаў у рознічным гандлі Беларусі ў пераходныя 1989–1993 г. Генадзь Рыдзеўскі акрэсліў заканамернасці прасторавага развіцця рэгіянальных спажывецкіх рынкаў Беларусі ў 1990–2012 г. Надзея Станкевіч разгледзела развіццё заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб рознічным гандлі. Завяршаецца зборнік публікацыяй матэрыялаў круглага стала археолагаў на тэму “Месца і роля археалогіі ў вывучэнні гісторыі гандлю ў Беларусі”.
У цэлым рэцэнзаваны зборнік з’яўляецца дастаткова прэзентатыўным адлюстраваннем стану даследаванняў гісторыі гандлю ў беларускай гістарыяграфіі і ўвогуле першым айчынным навуковым зборнікам, прысвечаным выключна дадзенай праблематыцы. Несумненна, ён знойдзе свайго чытача і будзе цікавым для аматараў эканамічнай гісторыі нашай краіны. Спадзяемся, што заяўленыя складальнікамі зборніка навуковыя мэты будуць рэалізаваны і неўзабаве ўбачаць свет вынікі ўжо спецыяльных навуковых даследаванняў, праведзеных у рамках праекта, акрэсленага пад час канферэнцыі кампаніяй “Менка”. І тады гэта ўжо будуць першыя ў гісторыі Беларусі навуковыя вынікі, атрыманыя з ініцыятывы і пры падтрымцы прыватнай кампаніі.
Горадня
Сяргей Токць
[1] Михневич Л. Торговля Белоруссии (1900–1970). Минск, 1973.
[2] Швед В. Торговля в Беларуси в период кризиса феоадализма (1830–1850-е годы). Гродно, 1995.
[3] Гуд П.А., Гуд Н.І. Беларускі кірмаш. Мінск, 1996.
[4] Тимофеев Р.В. Развитие торговли в БССР в годы нэпа: дис. …канд. ист. наук: 07.00.02. Гродно, 1998.
[5] Карпіевіч В.А. Развіццё гандлю ў Беларусі (1861–1900): аўтарэф. дыс. … канд. гіст. навук. Мінск, 2003.
[6] Шаўчэня М.М. Развіццё гандлю ў Беларусі (канец XVIII – першая траціна ХІХ ст.): аўтарэф. дыс. … канд. гіст. навук. Гродна, 2003.
[7] Redfield, Robert. Co jest wedlug chłopa dobrym życiem // Roczniki socjologii wsi. Studia i materjały. PAN. Instytut filozofii i socjologii. T. XIX. 1982. S. 137.