БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Аляксандр Казакоў. Гістарыяграфія Аршанскай бітвы 1514 г.: дасягненні і праблемы1


Аршанская бітва 1514 г., стаўшы рэзанансавай падзеяй сваёй эпохі, была вядомая ў Вялікім Княстве Літоўскім як “Вялікай бітва” [1]. Заняла яна і прыкметнае месца ў нацыянальным гістарычным дыскурсе суверэннай Беларусі пачатку 90-х г. XX ст. Бітва пад Оршай выкарыстоўвалася як прыклад паспяховага змагання беларусаў супраць замежнай агрэсіі нароўні з бітвай Грунвальдскай. На сённяшні дзень, аднак, афіцыйная гістарычная палітыка па зразумелых прычынах не знаходзіць месца Аршанскай бітве ў калектыўнай памяці беларусаў. Тым не менш яна працягвае выклікаць пэўны грамадскі інтарэс, які чакана ўзрос у сувязі з яе 500-годдзем. “Жыццё” гэтай падзеі ўгістарыяграфіі розных эпох і гістарычнай памяці народаў само па сабе становіцца прадметам даследавання [2].

Аднак перад тым як стаць аб’ектам гістарычнай палітыкі і месцам памяці, бітва пад Оршай 8 верасня 1514 г. была ваеннай падзеяй, канкрэтным сутыкненнем двух войскаў з пэўнымі перадумовамі, акалічнасцямі, ходам і вынікамі. З гэтага гледзішча яна выступае прадметам вывучэння ў рамках такога накірунку гістарычнай навукі, як мілітарная гісторыя. Паўтысячагадовы юбілей бітвы – добрая нагода для таго, каб ацаніць стан яе даследаванняў менавіта як з’явы ваенна-тактычнай. Што гістарычнай навуцы ўласна вядома пра бітву? Што не вядома і якія існуюць праблемы ў яе вывучэнні? Мэта артыкула – адказ на гэтыя пытанні.

Найбольшы ўнёсак у даследаванне Аршанскай бітвы быў зроблены польскімі навукоўцамі. Кантынуітэт традыцыі вывучэння гэтай падзеі назіраецца менавіта ў польскай гістарыяграфіі, якая не зведала такога ідэалагічнага ціску, пад якім знаходзілася гістарычная навука ў СССР.

Грунтоўны нарыс пра Аршанскую бітву належыць вядомаму гісторыку вайсковасці XIX ст. Канстантыю Гурскаму [3]. Ён упершыню разгледзеў шэраг пытанняў, звязаных з гэтай падзеяй, прыцягнуўшы шырокае кола першакрыніц. Паміж іншага, польскі даследчык паспрабаваў у дэталях рэканструяваць дыспазіцыі варожых сіл і ход бітвы. На яго думку, якая атрымала падтрымку сярод пазнейшых гісторыкаў, польскі кантынгент займаў правае крыло, а паспалітае рушанне Вялікага Княства Літоўскага стаяла злева (аднак некаторыя яго харугвы таксама сталі справа ў пярэднім шыхце) [4]. Даследчык адзначае супярэчнасць сведчанняў крыніц пра дыспазіцыю літоўска-польскага войска, а свой выбар тлумачыць уласнымі меркаваннямі наконт месца і ходу бітвы.

Крыніцы не паведамляюць, дзе дакладна адбылася бітва. Раскрытыкаваўшы версію князя Мікалая Галіцына, паводле якой войскі сышліся на правым беразе Крапівенкі [5], польскі даследчык размясціў маскоўскае войска ўздоўж левага берага гэтай ракі тылам да яе. Войска Астрожскага, адпаведна, павернутае фронтам на ўсход, левым флангам абапіралася на Дняпро [6]. К. Гурскі не дае пераканальнай аргументацыі на карысць такога выбару месца бітвы, настолькі нявыгаднага для маскоўскіх ваяводаў. Зыходзячы з гэтага варыянта лакалізацыі, ён лічыць, што спроба маскоўскіх сіл зайсці ў тыл непрыяцелю, пра якую кажуць многія крыніцы, адбылася менавіта вакол правага фланга пазіцый Астрожскага, бо левы быў надзейна прыкрыты Дняпром.

Аўтар даволі скептычна ставіцца да магчымасці падманных уцёкаў, якія нібыта здзейсніла паспалітае рушанне, каб завабіць непрыяцеля пад агонь артылерыі і пяхоты з засады. Праўда, ён не выкарыстоўвае першакрыніцу паведамлення пра гэты эпізод – вядомы трактат Сігізмунда Герберштэйна [7], а карыстаецца пераказамі іншых аўтараў. Таксама трэба адзначыць, што па-за ўвагай К. Гурскага засталося апісанне бітвы Станіслава Сарніцкага, змешчанае ў ягоных “Гетманскіх кнігах” [8]. Аўтар імкнецца даць крытычную ацэнку звесткам крыніц пра колькасць войскаў, што ўдзельнічалі ў бітве, аднак не знаходзіць лічбы 30– 35 тыс. (для войска Астрожскага) і 80 тыс. (для маскоўскага войска) завышанымі [9]. К. Гурскі паспрабаваў вызначыць колькасныя суадносіны розных кантынгентаў у літоўска-польскай арміі. Зыходзячы з агульнага яе памеру ў 35 тыс. і паведамлення Мацея Стрыйкоўскага, што паспалітае рушанне Вялікага Княства Літоўскага складала 16 тыс., даследчык вызначыў колькасць польскай кавалерыі як прыблізна такую ж, пяхоты – 2 тыс. чалавек [10]. Гэтыя разлікі былі запазычаны пазнейшымі даследчыкамі, якія іх толькі нязначна карэктавалі, і замацаваліся ў польскай гістарыяграфіі.

Ацэньваючы вынікі бітвы, К. Гурскі называе звесткі пра страты маскоўскага боку ў 40 тыс. перабольшанымі [11]. Галоўнымі прычынамі паражэння маскоўскіх сіл ён лічыць нязгоду сярод яго камандзіраў і больш высокія баявыя якасці ды лепшую арганізацыю харугваў літоўскапольскага войска [12].

Наступны крок у вывучэнні бітвы быў зроблены Тадэвушам Корзанам, які нарадзіўся ў Мінску, жыў там і ў маладыя гады. Аршанскай бітве быў прысвечаны кароткі нарыс у ягонай трохтамовай працы “Гісторыя польскай вайсковасці і войнаў” [13]. У адрозненне ад К. Гурскага, Т. Корзан змясціў палякаў на левае крыло, паспалітае рушанне Вялікага Княства Літоўскага – на правае. Апісваючы ход бітвы, аўтар ухіляецца ад разгляду падрабязнасцяў: ён не кажа, з якога боку вораг спрабаваў абысці пазіцыі войска Астрожскага і на якім флангу была размешчана артылерыйская засада. Таксама Т. Корзан не спыняецца на праблеме лакалізацыі бітвы. Аднак ён ставіць пад сумнеў апавяданне некаторых крыніц пра тое, што маскоўскія ваяводы, упэўненыя ў сваёй колькаснай перавазе, быццам наўмысна не перашкаджалі пераправе войска Астрожскага цераз Дняпро, каб знішчыць яго цалкам на левым беразе ракі.

У 1937 г. убачыў свет шосты том “Вайсковай энцыклапедыі” пад рэдакцыяй Атона Ласкоўскага, дзе быў змешчаны артыкул пра Аршанскую бітву 1514 г. Бадай самай істотнай навацыяй у параўнанні з працай К. Гурскага стала іншая лакалізацыя бітвы: на думку А. Ласкоўскага, яна адбылася ў лукавіне Дняпра за 4-5 км на паўночны ўсход ад Оршы [14]. Фармат энцыклапедычнага артыкула, вядома ж, не пакінуў месца для аргументацыі і спасылак. Відаць, да такой высновы аўтара прывяла знакамітая карціна невядомага мастака “Бітва пад Оршай”, на якой былі адлюстраваны некаторыя асаблівасці мясцовасці. Прынамсі, тэкст артыкула сведчыць, што А. Ласкоўскі выкарыстоўваў яе ў якасці крыніцы [15]. На яго думку, войска Астрожскага пераправілася цераз Дняпро тамсама, дзе і пад час кампаніі 1508 г., – у раёне сучаснай вёскі Пашына [16]. Акрамя таго, А. Ласкоўскі падтрымаў меркаванне Т. Корзана пра тое, што палякі занялі левы фланг, а кантынгент Вялікага Княства Літоўскага – правы; абхадны манеўр маскоўскія сілы здзяйснялі на левым флангу, а не на правым, як у К. Гурскага. Засада артылерыі і пяхоты размяшчалася ў невялікім ляску на крайнім правым крыле.

Артыкул гісторыка вайсковасці Станіслава Хербста і гісторыка мастацтва Міхала Валіцкага 1949 г. стаў важным этапам у вывучэнні Аршанскай бітвы [17]. У гэтай працы карціна “Бітва пад Оршай” была разгледжана як гістарычная крыніца і як помнік выяўленчага мастацтва. На думку аўтараў, мастак сам быў сведкам падзей і дакладна перадаў некаторыя дэталі, між іншым, характар мясцовасці [18]. Такім чынам, С. Хербст падтрымаў версію лакалізацыі бітвы А. Ласкоўскага, зыходзячы з гэтай бяздоказнай гіпотэзы, тады як сам Ласкоўскі, хутчэй за ўсё, проста знайшоў на тапаграфічнай карце месца, якое паводле асноўных арыенціраў адпавядала б намаляванаму на карціне. Прапанаваная версія замацавалася ў польскай гістарыяграфічнай традыцыі і не падвяргалася рэвізіі, а меркаванне К. Гурскага пра месца бітвы было адкінута. Акрамя таго, праца С. Хербста і М. Валіцкага садзейнічала замацаванню погляду на карціну як на каштоўную крыніцу, якая дакладна перадае гістарычныя рэаліі, хоць самі аўтары заўважылі, што яна ўтрымлівае пэўныя недарэчнасці.

Што тычыцца дыспазіцыі войскаў і ходу бітвы, то С. Хербст прапанаваў уласную версію. Ён пагадзіўся з Т. Корзанам і А. Ласкоўскім у парадку размяшчэння літоўскага і польскага кантынгентаў на полі бою, аднак артылерыйскую і пяхотную засаду змясціў не на правым крыле, а ў цэнтры пазіцый, на ўскрайку Пашынскага яра. Інавацыяй для польскай гістарычнай школы стала і меркаванне аўтара пра колькасць войскаў. С. Хербст, услед за Яўгенам Кашпроўскім, адкідае паведамленні крыніц пра 80-тысячнае маскоўскае войска як неверагодныя, кажучы, што такі памер прыкладна адпавядаў мабілізацыйнаму патэнцыялу ўсёй дзяржавы, а на полі пад Оршай была толькі частка яе сіл. Ацэньваючы колькасць літоўска-польскага войска, С. Хербст таксама быў арыгінальны і аддаў перавагу паведамленню М. Стрыйкоўскага, які называе лічбу 25 тыс. чалавек “do bitwy godnych”. Паколькі паводле таго ж Стрыйкоўскага, 16 тыс. складала паспалітае рушанне, то колькасць польскіх наймітаў была ацэнена С. Хербстам у 7 тыс., а добраахвотнікаў – як найменей 5 рот [19].

У 1958 г. апублікаваны дзве крыніцы: апісанне бітвы Станіслава Гурскага (у перакладзе на польскую мову) і Станіслава Сарніцкага. Яны выйшлі ў 4-м томе “Wypisów żródłowych do historii polskiej sztuki wojennej”, выдаваных вайскова-гістарычнай камісіяй міністэрства абароны. Укладальнік тома – вядомы спецыяліст Здзіслаў Сперальскі. Тэксты крыніц суправаджаліся аўтарскім апісаннем бітвы, якое амаль без зменаў было праз сем гадоў перадрукавана ў абагульняльнай калектыўнай працы ваеннагістарычнага інстытута [20]. Ацэньваючы сілы двух войскаў, аўтар, у адрозненне ад С. Хербста, звярнуўся да традыцыйных лічбаў – 35 і 80 тыс., а таксама пайшоў за К. Гурскім у рэканструкцыі дыспазіцыі літоўска-польскага войска, змясціўшы палякаў на правае крыло, а кавалерыю Вялікага Княства Літоўскага на левае. Пры гэтым узнікла неабходнасць патлумачыць, якім чынам польскія харугвы пад камандаваннем Войцеха Сампаліньскага, што знаходзіліся справа, паўдзельнічалі ў адбіцці атакі непрыяцеля на левае крыло войска Астрожскага. Была прапанавана даволі дзіўная версія: Сампаліньскі прайшоў уздоўж фронту паміж сваімі і варожымі шыхтамі з правага фланга на левы і ўдарыў па маскоўскім палку правай рукі, прычым яшчэ да таго, як той паспеў дасягнуць непрыяцельскіх пазіцый. Чаму гетман не выкарыстаў для гэтага ўласна войскі свайго левага фланга, што было б куды прасцей? На думку З. Сперальскага, цяжкая кавалерыя пад час руху магла набраць яшчэ большую сілу ўдару, з якой і абрынулася на ворага [21]. Цяжка сказаць, чаму аўтар адкінуў паведамленні тых крыніц, паводле якіх польскі кантынгент займаў левае крыло, што куды лепей тлумачыць удар Сампаліньскага па палку правай рукі. Трэба адзначыць і відавочную памылку, запазычаную, відаць, у С. Сарніцкага: аўтар сцвярджае, што сам вялікі князь Васіль ІІІ прысутнічаў на полі бою [22].

Апісанне бітвы З. Сперальскага было ў агульных рысах паўторана іншым вядомым гісторыкам Марэкам Пляўчыньскім, аўтарам самай дэталёвай яе рэкан струкцыі ў польскай гістарыяграфіі [23]. Вартасць яго працы – імкненне ўлічыць памеры плошчы, на якой адбывалася сутыкненне, у т. л. асобныя яго эпізоды. Нягледзячы на тое, што поле бою было параўнальна невялікім і абмежаваным натуральнымі перашкодамі, аўтар знаходзіць магчымым удзел у бітве трыццацітысячнага войска з літоўскапольскага боку і невядомай, але безумоўна большай, колькасці маскоўскіх сіл [24]. Насуперак свайму ранейшаму меркаванню, М. Пляўчыньскі не толькі дапускае ўдзел гусарыі ў бітве, але і адводзіць ёй прыкметную ролю. Ён нават называе прапарцыйную колькасць кавалерыі гэтага тыпу ў польскім кантынгенце – 40% [25], аднак не дае абгрунтавання такім падлікам.

Марэк Пляўчыньскі прапануе некаторыя навацыі пры рэканструкцыі ходу бітвы, аднак не заўсёды яго аргументы гучаць пераканаўча. У прыватнасці, гэта датычыцца меркавання аўтара пра тое, што ў час бою частка пяхоты была перакінута з цэнтра на правы фланг і далучана да засады [26]. Фактарамі перамогі М. Пляўчыньскі называе лепшую каардынацыю дзеянняў, лепшае ўзбраенне, мужнасць вялікакняскіх ваяроў і дысцыплінаванасць палякаў. Страты маскоўскага боку ў 40 тыс. ён лічыць перабольшваннем [27].

Ацэньваючы ўнёсак польскай гістарыяграфіі ў вывучэнне Аршанскай бітвы, нельга абмінуць працу Іераніма Гралі, прысвечаную лёсу маскоўскіх палонных [28]. Акрамя падрабязнага разгляду асноўнага прадмета, даследчык паспрабаваў ацаніць сапраўдны памер маскоўскіх сіл у бітве. Ён абапіраўся на сведчанні крыніц пра іх колькасць у аналагічных выправах XVI ст. і зыходзіў з таго, што маскоўскія палкі мелі колькасную перавагу над непрыяцелем пад Оршай. На думку І. Гралі, армія пад камандаваннем ваяводы князя Івана Чалядніна магла налічваць 35–40 тыс. чалавек. Што тычыцца колькасці войска Астрожскага, то тут І. Граля, услед за С. Хербстам, ацэньвае яго ў 25 тыс. [29].

Асобны інтарэс даследчыкаў працягвае выклікаць знакамітая карціна [30]. Даўно было заўважана падабенства паміж некаторымі элементамі на “Бітве пад Оршай” і на іншых выявах. У сувязі з гэтым нават узнікла меркаванне, што Альбрэхт Дзюрэр мог запазычыць пэўныя вобразы ў аўтара карціны пры стварэнні адной са сваіх гравюр 1518 г. Гэтая спрэчка вырашылася пасля дэндрахраналагічнага аналізу дубовых дошак, на якіх карціна намалявана. З улікам тэхналогіі іх вырабу, а таксама іншых акалічнасцяў гістарычнага характару можна меркаваць, што “Бітва пад Оршай” паўстала пасля 1530 г. і дакладна не магла быць створана раней за 1524 год [31]. Таму гаварыць пра “рэпартажны” характар карціны, аўтар якой нібыта сам прысутнічаў на полі бою, не выпадае [32]. Гэта, разам з многімі недарэчнасцямі, якія знаходзілі на карціне некаторыя аўтары, істотна зніжае яе вартасць як крыніцы для рэканструкцыі бітвы, хоць узоры ўзбраення той эпохі адлюстраваны мастаком даволі дакладна [33].

Такім чынам, найлепей у польскай гістарыяграфіі былі распрацаваны пытанні дыспазіцыі бакоў і ходу бітвы. Аднак гэта не прывяло да кансэнсусу адносна пэўных дэталяў галоўным чынам з-за супярэчлівасці крыніц.

Што тычыцца колькасці войскаў і страт, то перавага аддавалася максімальным лічбам, хоць голас прыхільнікаў іх памяншэння быў даволі гучным. Аўтары, якія адкідалі версію пра памер маскоўскай арміі ў 80 тыс. і яе страты ў 40 тыс. як неверагодную, не называлі альтэрнатыўных лічбаў, акрамя І. Гралі. Лакалізацыя бітвы, прапанаваная А. Ласкоўскім, стала бясспрэчнай і не пераглядалася [34].

У расійскіх гісторыкаў перыяду імперыі Аршанская бітва, па зразумелых прычынах, не выклікала вялікай зацікаўленасці, а ў савецкую эпоху і пагатоў. Вывучэнне гэтай падзеі ў расійскай гістарыяграфіі галоўным чынам зводзіцца да вельмі кароткіх нарысаў у рамках абагульняльных прац па гісторыі Расіі ці па яе ваеннай гісторыі [35]. У асноўным іх аўтары паўтаралі паведамленні польскіх крыніц пра памеры войскаў, а паражэнне маскоўскага боку тлумачылі канфліктам паміж найвышэйшымі ваяводамі, абапіраючыся на апісанне падзей Усцюжскага летапісу [36].

Асобнай згадкі варты нарыс, які належыць Рафаілу Зотаву [37]. Гэта была хіба першая спроба прывязаць бітву да пэўнай мясцовасці. Аўтар выкарыстаў паведамленне Усцюжскага летапісу пра тое, што Астрожскі, каб падмануць непрыяцеля, які чакаў яго на бродах, перавёў сваё войска праз Дняпро “за 15 верст выше” [38]. На думку аўтара, пасля пераправы літоўска-польскае войска рушыла ўніз па цячэнні ракі, каб атакаваць маскоўскія палкі, якія працягвалі займаць ранейшыя пазіцыі. Гэтая версія была падкарэктавана князем М. Галіцыным [39]. Ён лічыў, што Чаляднін першапачаткова займаў пазіцыю на правым беразе Крапівенкі фронтам на поўнач. Астрожскі, пераправіўшыся, апынуўся перад непрыяцелем. Такім чынам, бітва адбылася на правым беразе Крапівенкі. Гэтая версія замацавалася ў расійскай гістарыяграфіі і была падтрымана савецкім вайсковым гісторыкам Яўгенам Разіным у яго “Истории военного искусства” 1957 г. [40].

Расійскія дарэвалюцыйныя гісторыкі, якія пісалі пра Аршанскую бітву, дэманстравалі схільнасць да некрытычнага ўспрымання звестак з крыніц. Гэтага, аднак, нельга сказаць пра Я. Кашпроўскага, якому належыць нарыс пра барацьбу за Смаленск паміж Масквой і Вільняй у пачатку XVI ст. [41]. Ён падверг рашучай крытыцы колькасць маскоўскага войска ў 80 тыс., якая гучала ў польскіх крыніцах. Я. Кашпроўскі звяртае ўвагу на тое, што толькі частка войска пасля аблогі Смаленска накіравалася ўглыб варожай тэрыторыі, і камандавалі ім не самыя знатныя ваяводы [42]. Пры гэтым аўтар спасылаецца на Разрадныя кнігі, але трэба адзначыць, што разрадны роспіс войска, разгромленага пад Оршай, не захаваўся, таму колькасны і персанальны склад яго ваяводаў – дыскусійнае пытанне.

Завышаныя, на думку расійскага гісторыка, і звесткі крыніц пра страты маскоўскага боку ў 30–40 тыс. Ён звярнуў увагу на рэестры палонных у складзе Метрыкі і налічыў усяго 180 чал., што, на яго думку, сведчыць як пра нізкую колькасць маскоўскага войска, так і пра нязначныя маштабы паразы. Я. Кашпроўскі паказвае супярэчнасць у лічбах адносна страт непрыяцеля, якія называе Жыгімонт у сваіх лістах да розных адрасатаў [43]. Найменшую колькасць ён знайшоў у пасланні да Яна Ласкага – 16 тыс., аднак гісторык прачытаў крыніцу няўважліва. На самай справе Жыгімонт казаў, што толькі на полі бою ляжала больш за 16 тыс. ворагаў, а целы забітых былі раскіданыя на 8 міляў [44]. Расійскі гісторык крытыкуе і ацэнку пераможцамі сваіх стратаў у 500 забітых і невядомую колькасць параненых, лічачы гэтую колькасць заніжанай. Ён заўважае, што Астрожскі рушыў на адваёву Смаленска не адразу пасля бітвы, а толькі пасля атрымання ад Жыгімонта чатырохтысячнага рэзерву.

Можна хіба фантазіяваць пра тое, якая магла б разгарнуцца дыскусія паміж польскай ды расійскай гістарыяграфіяй, калі б у выніку рэвалюцыйных зменаў апошняя не пазбавілася перспектыў далейшага вывучэння Аршанскай бітвы. Праца Я. Кашпроўскага, аднак, была заўважана С. Хербстам, які пагадзіўся з рэмаркамі расійскага калегі адносна колькасці маскоўскага войска.

Ужо ў постсавецкі час праблематыкай, звязанай з Аршанскай бітвай, заняўся гісторык Аляксей Лобін, працы якога будуць разгледжаны ніжэй.

На хвалі нацыянальнага адраджэння ў Беларусі канца 80-х – пачатку 90-х г. ХХ ст. бітва пад Оршай набыла вядомасць і сімвалічнае значэнне. Аднак гэта, на жаль, не прывяло да новых дасягненняў у яе навуковым даследаванні. Нарысы, якія з’явіліся ў перыядычных выданнях, стаўшы пазней асновай энцыклапедычных артыкулаў, не далі новых вынікаў [45]. Такая сітуацыя не ў апошнюю чаргу мела прычынай тое, што ў Беларусі мілітарная гісторыя эпохі Сярэднявечча і Новага часу адсутнічае як навуковая школа. Для прац Анатоля Грыцкевіча, які стаў галоўным спецыялістам па Аршанскай бітве ў Беларусі, характэрна паўтарэнне легендарных звестак пра колькасць войскаў і ігнараванне альтэрнатыўных поглядаў (С. Хербст, І. Граля). Пры гэтым аўтар больш схільны выкарыстоўваць працы С. Салаўёва і М. Карамзіна, а не спецыялістаў па ваеннай гісторыі. А. Грыцкевіч часцей спасылаецца на другасныя і больш познія крыніцы (хронікі М. Стрыйкоўскага і М. Бельскага), а не на сведчанні сучаснікаў (Якуба Пізо, Станіслава Гурскага, Людвіга Дэцыя). У навукова-папулярным выданні 2014 г. “Сцягі Оршы” аўтар нават не згадвае манаграфію А. Лобіна, якая выйшла трыма гадамі раней. Зрэшты, немагчыма дакладна ацаніць ахоп аўтарам крыніц і даследаванняў, бо няма ніводнай працы, дзе б ён рабіў спасылкі з пазначэннем старонак.

Вартыя асобнай згадкі ў станоўчым ключы спробы рэканструкцыі і лакалізацыі бітвы Вячаслава Насевіча [46] і Віктара Цемушава [47]. На жаль, ідэі аўтараў маюць толькі графічнае выражэнне ў выглядзе схемаў бітвы, прывязаных да канкрэтнай мясцовасці, што дазваляе хіба толькі меркаваць пра іх аргументацыю. На думку В. Цемушава, войска Астрожскага пераправілася цераз Дняпро ў двух месцах. Недалёка ад Оршы ўверх па рацэ пяхота і артылерыя перайшлі на левы бераг па пантонным мосце, а астатняя частка арміі пераправілася пад самой Оршай. Пасля гэтага войска прасунулася наперад і сустрэлася з непрыяцелем прыкладна на паўдарозе з Оршы да Крапівенкі. Артылерыйская і пяхотная засада размясцілася ў лесе на правым флангу, але глыбей за агульную баявую лінію. Пад агонь гарматаў і рушніц патрапілі ваяры маскоўскага палка левай рукі, відаць, пры спробе абысці непрыяцельскія пазіцыі ў гэтым месцы. У астатнім жа ход бітвы рэканструяваны традыцыйна, наколькі гэта можна зразумець са схемы. Хоць варыянт яе лакалізацыі, заснаваны, як можна меркаваць, на паведамленні С. Герберштэйна, – даволі спрэчны [48], вартасцю працы трэба прызнаць увагу аўтара да тагачаснай сеткі населеных пунктаў. У адрозненне ад сваіх папярэднікаў ён слушна не пазначыў на карце вёскі, пра якія на пачатак XVI ст. няма звестак. Ва ўсім наваколлі пацверджана крыніцамі толькі існаванне Крапіўны.

Спрабуючы вызначыць месца бітвы, В. Насевіч, як падаецца, абапіраўся на паведамленне Усцюжскага летапісу. Таму яго версія супадае з прынятай у дарэвалюцыйнай расійскай гістарыяграфіі. Схема ж бітвы ў агульных рысах нагадвае тую, што змешчана ў працы Я. Разіна, аднак мае і некаторыя запазычанні з польскай гістарыяграфіі.

У іншых, акрамя Беларусі і Польшчы, краінах, якія могуць прэтэндаваць на спадчыну Аршанскай перамогі, – Літве і Украіне, навуковы інтарэс да бітвы быў яшчэ меншы. Сітуацыя, праўда, крыху змянілася ў сувязі з 500-гадовым юбілеем падзеі, пра што будзе сказана ніжэй.

Знікненне ідэалагічных перашкод з падзеннем СССР дазволіла і расійскім навукоўцам звярнуцца да тэмы Аршанскай бітвы. Яе праблематыкай займаецца ваенны гісторык з Санкт-Пецярбурга Аляксей Лобін, працы якога вартыя адмысловай увагі. Гэта абумоўлена ў першую чаргу тым, што яны маюць вялікую ступень навізны. Падсумаваннем аўтарскіх даследаванняў розных аспектаў бітвы пад Оршай, як і ўсёй вайны 1512–1522 г., стала манаграфія, што ўбачыла свет зусім нядаўна [49]. Крытыка гэтай працы ўжо выказвалася мною раней [50]; тут жа я дазволю сабе каротка спыніцца на асноўных тэзісах, а таксама дадам іншыя разважанні, выкліканыя ў тым ліку апошняй працай А. Лобіна і Міхаіла Бенцыянава [51].

На думку А. Лобіна, бітва адбылася прыкладна там, куды яе змясціў В. Цемушаў. Аднак па версіі расійскага даследчыка яна заняла большую плошчу, а фронт армій меў працяглась каля 6 км [52]. Засада з пяхоты і артылерыі змешчана А. Лобіным у той жа лес, але “апынулася” яна не на крайнім правым флангу, а ў цэнтры пазіцый літоўскапольскага войска. Шкада, што ў такой грунтоўнай працы пра Аршанскую бітву адсутнічае не толькі абмеркаванне праблемы яе лакалізацыі, але нават падрабязная аргументацыя на карысць уласнай версіі. Відаць, аўтар зыходзіў з таго, што для бітвы такога памеру армій была неабходна адпаведная прастора. У сваіх працах ён слушна адзначае, што іншыя гісторыкі звяртаюць мала ўвагі на пытанні “ваеннай лагістыкі”.

Расійскі гісторык прапануе даволі арыгінальную версію пераправы войска Астрожскага цераз Дняпро. На яго думку, спачатку яно размяшчалася на правым беразе ракі насупраць сучаснай вёскі Пашына, а таемная пераправа была зроблена ніжэй па цячэнні ракі, пад самай Оршай [53].

Аляксей Лобін не пагаджаецца з высновамі некаторых папярэднікаў (напрыклад, З. Сперальскага) і лічыць, што на левым флангу сталі палякі. Насуперак ранейшым меркаванням, аўтар вылучыў у пазіцыі літоўска-польскага войска яшчэ і цэнтр, які таксама складаўся з палякаў. Далей А. Лобін прапануе сваю дэталёвую рэканструкцыю ходу бітвы, якая ў агульных рысах не супярэчыць раней прапанаваным версіям, за выняткам яе лакалізацыі і месца засады. Даследчык падзяляе думку, што паміж Чалядніным і камандзірам палка правай рукі князем Міхаілам Булгакавым існаваў канфлікт, які стаў прычынай іх няўзгодненых дзеянняў. Але нельга прызнаць слушным тлумачэнне аўтара матываў нібыта самавольнай атакі Булгакавым на левы фланг літоўска-польскага войска, бо яно грунтуецца на недакладным прачытанні крыніц [54].

Бадай галоўная навацыя А. Лобіна – спроба высветліць сапраўдную колькасць войскаў пад Оршай. Ён слушна даводзіць, што агульнавядомыя лічбы 35 і 80 тыс. былі прадуктам прапаганды і не адпавядаюць рэчаіснасці. Абапіраючыся ў асноўным на рэестры найманых харугваў і на дадзеныя попісу войска Вялікага Княства Літоўскага 1528 г., даследчык прыходзіць да высновы, што пад камандаваннем гетмана Астрожскага магло быць 12–13 тыс. ваяроў [55]. Як заўважае аўтар, гэтая колькасць стасуецца з паведамленнямі некаторых наратыўных крыніц. Калі па наймітах захаваліся больш-менш дакладныя дадзеныя, то колькасць паспалітага рушання Вялікага Княства Літоўскага цяжка паддаецца падліку. На думку аўтара, пад сцягі прыйшла толькі палова земскай службы – 8 тыс. чал. Палова гэтага войска (4 тыс. чал.), якая складалася з почтаў радных паноў, была пакінута Жыгімонтам пры сабе пад Барысавам у якасці аховы. Такім чынам, і расійскі даследчык гэта адмыслова падкрэслівае, войска Астрожскага пад Оршай толькі на 1/3 складалася з ліцвінаў, рэшта – з палякаў: наймітаў і добраахвотнікаў [56].

Гэтыя высновы аўтара можна аспрэчыць. Самае слабое месца падлікаў – колькасць паспалітага рушання. Крыніцы захавалі сведчанні маруднасці яго збораў, а не адсутнасці яго значнай часткі, тым больш паловы. Таксама застаўся няўлічаны аўтарам атрад гаспадарскіх дваран з 1200 чал. (наогул А. Лобін не бачыць розніцы паміж шляхтай і дваранамі). Сцверджанне, што з Жыгімонтам пад Барысавам засталіся почты паноў-рад, А. Лобін падмацоўвае спасылкамі на ліст Я. Пізо і апавяданне С. Гурскага.

Але гэтыя крыніцы на самай справе такой інфармацыі не ўтрымліваюць. Яны называюць толькі колькасць атрада і не даюць аніякіх звестак пра яго склад [57].

Такім чынам, атрыманыя А. Лобіным колькасныя дадзеныя, як па памеры ўсяго войска, так і па долі ў ім вялікакняскага паспалітага рушання, патрабуюць істотнага карэктавання. Прапанаваныя ім лічбы варта расцэньваць хутчэй як арыенцір, які вядзе нас ад легендарных звестак у бок гістарычнай рэальнасці.

Пытанне колькасці маскоўскага войска больш складанае з прычыны адсутнасці хоць нейкіх надзейных крыніц. Аднак расійскі даследчык усё ж паспрабаваў яе вызначыць і, выкарыстаўшы ўласныя метады падліку, атрымаў вынік 11–12 тыс. [58]. Першы з метадаў грунтуецца на колькасным складзе тэрытарыяльных карпарацый памешчыкаў, якія ў той час былі асновай узброеных сіл Вялікага Княства Маскоўскага. Галоўная ж крыніца, якая дазваляе прымяніць гэты метад у дачыненні да маскоўскага войска ў Аршанскай бітве, – рэестры палонных, якія ўтрымліваліся ў гаспадарскіх замках. Акрамя імя вязня, там, як правіла, фіксавалася месца палону і зрэдку мясцовасць, з якой асоба паходзіла (“з Великого Новагорода”, “муромец” і г. д.). Прымаючы такія ўдакладненні як указанне на прыналежнасць да пэўнай карпарацыі і выкарыстоўваючы дадзеныя па іх колькасці за 60–70-я г. XVI ст., А. Лобін прыблізна выводзіць колькасць памешчыцкай конніцы, якая складала аснову войска.

Можна назваць галоўныя прычыны, па якіх гэты метад не дае хаця б прыблізна верагоднага выніку: дадзеныя па колькасці тэрытарыяльных карпарацый на пачатак XVI ст. адсутнічаюць; ступень развіцця некаторых карпарацый на пачатак XVI ст. наогул цяжка ацаніць, бо памесная сістэма знаходзілася ў стане фармавання (адпаведна, выкарыстанне звестак за другую палову XVI ст. нельга прызнаць слушным); гэты метад не ўлічвае кантынгенты феадалаў, што неслі ваенную павіннасць з земляў на вотчынным праве; рэестры палонных, на якія абапіраецца даследчык, захаваліся не цалкам; А. Лобін ігнаруе паведамленне пра тое, што шмат палонных дзяцей баярскіх ні ў якія рэестры не запісваліся, бо пераможцы развезлі іх па маёнтках (адпаведна, рэпрэзентатыўнасць спісаў маскоўскіх вязняў можа быць зусім невысокай) [59].

Іншы метад грунтуецца на колькасці т. зв. соценных галоў у падначаленні ваяводы і колькасці ратнікаў у падначаленні соценнага галавы. Аўтар узяў максімальныя паказчыкі (200 ратнікаў у “сотні” і 5 сотняў пад камандаваннем ваяводы) і разлічыў памер войска зыходзячы з таго, што ім камандавалі 14 ваяводаў. У выніку атрымалася 14 тыс. Улічыўшы фактары, якія памяншалі колькасць войска, аўтар заўважае, што гэтыя лічбы прыкладна супадаюць з тымі, якія дае метад падліку па тэрытарыяльных карпарацыях [60].

Крытыку гэтага метаду падліку можна звесці да наступных тэзісаў: колькасць ваяводаў у бітве пад Оршай невядомая, бо адпаведнага запісу ў разрадах не захавалася, а лічба 14 – аўтарская гіпотэза; соценная рэформа адбылася толькі ў 1550-я г., а на пачатак стагоддзя “Разрадныя кнігі” не фіксавалі колькасці галоў у падначаленні ваяводаў; разбежка магчымай колькасці ваяроў у “сотні” вельмі істотная: ад некалькіх дзясяткаў да сотняў. Улічваючы ўсё гэта, можам канстатаваць, што прапанаваны метад не спрацоўвае, хоць зноў жа дае нейкі вынік, які можна разглядаць у якасці арыенціра.

Дазволю сабе яшчэ адну заўвагу адносна ўжо не саміх метадаў, а іх прымянення аўтарам. У абодвух выпадках ён свядома падлічыў колькасць войска па максімальных, завышаных паказчыках. Робячы падлікі па памерах тэрытарыяльных карпарацый, аўтар зыходзіў з колькасці ўсёй карпарацыі, хоць сам адзначае, што ў замежны паход ішлі толькі найлепей узброеныя і забяспечаныя коньмі ваяры. Таксама няма падстаў лічыць, што кожны ваявода меў пад сваім камандаваннем максімальную колькасць галоў, кожны з якіх, у сваю чаргу, камандаваў атрадам найвышэйшай колькасці. Логіка прымянення абодвух метадаў падказвае, што трэба ажыццяўляць разлік не па максімальных, а па сярэдніх паказчыках. У такім разе наколькі ніжэйшай за 11–12 тыс. магла б быць выніковая колькасць маскоўскага войска? Улічваючы гэтую папраўку, ці не атрымалася б, што яно істотна саступала непрыяцелю, які меў 12–13 тыс.? А станоўчы адказ на гэтае пытанне супярэчыць таму, што мы ведаем пра ход бітвы і яе акалічнасці, і таму, што піша сам аўтар. Нягледзячы на перавагу варожых сіл ва ўзбраенні і наборы родаў войскаў (артылерыя, пяхота, кавалерыя), іх выгадную пазіцыю і перасечаную мясцовасць, маскоўскія ваяводы працягвалі ўпарта атакаваць непрыяцеля, прычым маглі сабе дазволіць рабіць гэта паасобку, і ў выніку зацятай сечы, якая доўжылася некалькі гадзін, старому гетману ўсё ж удалося пераламіць ход бітвы, і то дзякуючы толькі прымяненню агнявой засады, якая стала для ворага поўнай нечаканасцю [61]. Трэба яшчэ дадаць, што на пачатку бітвы маскоўскае камандаванне паслала нейкую частку сваіх сіл у абход варожых пазіцый. Карціна падзей 8 верасня падштурхоўвае нас да думкі, што войска Астрожскага саступала маскоўскаму па колькасці, а не наадварот.

Праз два гады пасля выхаду манаграфіі А. Лобін сумесна з іншым спецыялістам М. Бенцыянавым апублікаваў артыкул, у якім прапанаваў яшчэ адзін спосаб падліку маскоўскага войска ў бітве пад Оршай [62]. Гэтая праца вартая асобнага водгуку, тут жа я спынюся на галоўным. Асноўнай крыніцай зноў выступілі рэестры маскоўскіх вязняў. На гэты раз аўтары паставілі задачу ідэнтыфікаваць кожнага палоннага, для чаго выкарыстоўваліся дадзеныя з тагачасных (“Пісцовыя кнігі Наўгародскай зямлі”, спарадычныя акты) і больш позніх (напрыклад, “Тысячная кніга”) крыніц. Выкарыстоўваючы імя палоннага, згаданага ў рэестрах, аўтары шукалі яго магчымых сваякоў або згадкі пра яго самога па маскоўскіх крыніцах. У выніку ўдалося ідэнтыфікаваць амаль усіх з блізу 200 чалавек, высветліўшы мясцовасць іх паходжання. Гэта дазволіла аўтарам скласці ўяўленне пра тэрытарыяльную структуру маскоўскага войска пад Оршай. Яны адзначаюць, што некаторыя рэгіёны былі прадстаўлены сярод палонных шырока, асабліва Наўгародчына. Іншыя ж – толькі некалькімі асобамі, як Галіч, ці ўвогуле адной, як Суздаль, Бранск, Калуга. Цікава, што сярод ідэнтыфікаваных асоб выявілася даволі шмат вотчыннікаў, якія не браліся пад увагу ў падліках па раней прапанаваным метадзе, што грунтуецца на велічыні тэрытарыяльных карпарацый памешчыкаў другой паловы XVI ст.

Дзякуючы адносна добрай захаванасці пісцовых кніг Наўгародскай зямлі (на фоне наогул вельмі беднай рэпрэзентатыўнасці тагачасных крыніц па гісторыі маскоўскага служылага саслоўя) даследчыкі атрымалі важны вынік. У бітве прымала ўдзел 2–2,3 тыс. наўгародцаў, якія складалі 33,7–35,8% сярод палонных. Зыходзячы з таго, што дзве сотні палонных дакладна адлюстроўвалі прапорцыі тэрытарыяльнага складу маскоўскага войска, аўтары назвалі агульную колькасць служылых людзей пад Оршай – не болей за 6 тыс. (без уліку баявых халопаў) [63]. Калі ўлічыць, што раней А. Лобін разлічваў колькасць войска па прапорцыі 1 сын баярскі – 1 баявы халоп, то атрыманы вынік карэлюе з ранейшым – 11–12 тыс.

Трэба аддаць аўтарам належнае: яны зрабілі вялізную і сапраўды важную працу, якая можа стаць карыснай для іншых даследаванняў. Але каб зразумець, што і гэты спосаб падліку маскоўскага войска пад Оршай не дае верагоднага выніку, трэба звярнуць увагу на некаторыя акалічнасці. Сама ідэнтыфікацыя асоб па імені (імені ўласным, па бацьку, родавым празванні) у многіх выпадках застаецца толькі гіпотэзай. Артыкул стракаціць словамі кшталту “вероятно”, “скорее всего”, “с некоторой долей условности”, “в качестве предположения” і г. д. Трэба яшчэ раз падкрэсліць, што рэпрэзентатыўнасць крыніц, па якіх ажыццяўлялася ідэнтыфікацыя, даволі слабая.

Але не гэта галоўнае. На самай справе няма падстаў сцвярджаць, як гэта робяць аўтары, што меней за дзве сотні палонных дзяцей баярскіх адлюстроўваюць тэрытарыяльны склад усяго войска, нават калі прыняць яго колькасць у 11–12 тыс. Мы амаль нічога не ведаем пра дэталі апошняй фазы бітвы, калі адбываўся пераслед разбітага войска і знішчэнне апошніх ачагоў супраціву. Хутчэй за ўсё, менавіта тады і была ўзята асноўная маса палонных. Трэба ўлічваць, што тэрытарыяльны прынцып падзелу войска захоўваўся на полі бою, г. зн. прадстаўнікі адной тэрытарыяльнай карпарацыі ці атрада вотчыннікаў утваралі асобны аддзел, а не размяркоўваліся па розных злучэннях. Адсюль відавочна, што адны атрады маглі мець болей шанцаў на выратаванне ўцёкамі за іншыя і “даць” меней сваіх прадстаўнікоў у спісы вязняў. Не выключана, што асобныя групы маскоўскіх ваяроў, цалкам аточаныя [64], здаваліся ў поўным складзе, а іншыя зусім пазбягалі палону.

Такім чынам, працу расійскіх калег можна разглядаць як узорны прыклад т. зв. памылкі выжылых (survivorship bias), калі частка аб’екта даследавання не вывучаецца па прычыне недаступнасці, што вядзе да атрымання скажоных ці няпоўных дадзеных. У нашым выпадку “не выжылі” тыя, хто не патрапіў на старонкі пісьмовых крыніц.

На думку А. Лобіна, страты маскоўскага войска, як і яго колькасць, таксама вельмі перабольшаныя. Адкідаючы звесткі пра 1,5–2 тыс. палонных, ён схіляецца да значна меншых лічбаў: 380 дзяцей баярскіх і каля двухсот камбатантаў простага стану. На думку даследчыка, “ни о каких тысячах пленных речи быть не может” (вылучана мною. – А. К.), бо гэта не пацвярджаецца рэестрамі маскоўскіх вязняў, якія налічваюць каля 200 асоб [65]. Нагадаю, А. Лобін ігнаруе павдамленне пра тое, што шмат палонных дзяцей баярскіх, не кажучы пра баявых халопаў, наогул не было нідзе ўлічана [66]. Таксама ён не давярае “Хроніцы Літоўскай і Жамойцкай” па прычыне яе позняга стварэння і “сапсаванасці”, дзе колькасць палонных дзяцей баярскіх акрэслена ў 596 чал. [67].

У падмацаванне свайго тэзіса пра нязначнасць маскоўскіх страт расійскі даследчык прыводзіць паведамленне агента Тэўтонскага ордэна. Па словах шпіёна, “значительное число московитов было там (пад Оршай. – А. К.) убито и захвачено в плен живыми; как говорят, около 2 тысяч” [68]. Вядома ж, у арыгінале пунктуацыя адсутнічала, таму лічба 2 тыс. можа адносіцца толькі да палонных, а не да агульных страт палоннымі і забітымі. Гэта болей імаверна, бо агент перадаваў чуткі (“как говорят”), а колькасць палонных у 2 тыс. адпавядала афіцыйнай версіі, якую распаўсюджваў Жыгімонт. Таксама трэба адзначыць, што А. Лобін пакідае па-за ўвагай вельмі істотнае сведчанне Л. Дэцыя. З усіх аўтараў той эпохі ён адзіны, хто, кажучы пра страты ворага, не проста агучвае легендарныя звесткі (якім не вельмі давярае), а звяртаецца да першакрыніцы – маскоўскіх палонных, якія былі перададзеныя Яну Бонеру. Паводле іх слоў, войска страціла значна болей за палову складу [69]. Нарэшце, той красамоўны факт, што большая частка найвышэйшых камандзіраў, у т. л. і сам Чаляднін, патрапіла ў палон ці загінула, сведчыць на карысць цяжкіх страт усяго войска і добра карэлюе з паказаннямі палонных, зафіксаваных Л. Дэцыем (большасць ваяводаў / большасць іх падначаленых) [70].

Ацэньваючы вартасці прац А. Лобіна у цэлым, трэба адзначыць наступнае. Аўтар імкнецца выкарыстаць максімальнае кола крыніц, у т. л. тыя, што раней да даследавання Аршанскай бітвы і вайны 1512–1522 г. не прыцягваліся. У асноўным гэта датычыцца матэрыялаў былога архіва Тэўтонскага ордэна, якія цяпер захоўваюцца ў Берліне [71]. Спробы аўтара прымяніць новыя метады для высвятлення колькасці маскоўскага войска варта таксама занесці ў актыў. Методыка, якая не спрацоўвае належным чынам адносна бітвы пад Оршай, можа быць паспяхова выкарыстана ў іншых выпадках. Манаграфія А. Лобіна садзейнічае дэканструкцыі міфаў, звязаных з Аршанскай бітвай, выклікае дыскусію і стварае грунт для наступных даследаванняў. Працы расійскага гісторыка адкрываюць новую старонку ў вывучэнні Аршанскай бітвы, і ў гэтым іх галоўная роля. Аднак многае залежыць ад таго, якой будзе рэакцыя на іх сучаснай польскай і беларускай гістарыяграфій.

Разам з тым нельга не заўважыць і пэўную тэндэнцыйнасць. Як бачым, А. Лобін дэманструе схільнасць ігнараваць звесткі з крыніц, што супярэчаць ягоным тэзісам, хоць самі крыніцы яму добра вядомыя. У сувязі з гэтым нельга не адзначыць яшчэ адну асаблівасць. Адмысловае месца ў працах А. Лобіна займае слушная крытыка польскіх крыніц за іх тэндэнцыйнасць. Але ў той жа час нічым не лепшыя ў гэтым сэнсе паведамленні рускіх летапісаў часта прымаюцца аўтарам без аніякай крытыкі. Напрыклад, даследчык нават не задаецца пытаннем, ці не з’яўляецца сцверджанне летапісцаў пра адсутнасць часткі маскоўскіх ваяроў на момант бітвы або пра быццам нечаканы для маскоўскага камандавання прыход Астрожскага пад Оршу звычайным імкненнем апраўдаць разгром [72]? Гэта выглядае тым больш дзіўным на фоне яго крытыкі іншых гісторыкаў за суб’ектыўнасць і заклікаў да прафесійнай працы з крыніцамі [73].

Кароткая выснова, якую дазваляе зрабіць гэты гістарыяграфічны агляд, можа гучаць так: гісторыя Аршанскай бітвы мае больш адкрытых пытанняў, чым закрытых. Найбольш дыскусійныя праблемы колькасці войскаў (асабліва маскоўскага), страт бакоў і дакладнага месца бітвы. Што тычыцца яе ходу, то любая падрабязная рэканструкцыя будзе ў пэўнай ступені аўтарскай гіпотэзай з дамешкам фантазіі. На жаль, крыніцы пакінулі нам няшмат звестак і ў некаторых дэталях супярэчаць адна адной. Больш дакладна рэканструяваць ход бітвы можна было б, ведаючы, дзе яна адбылася. З іншага боку, новыя дадзеныя па колькасці, дыспазіцыі і дзеяннях войскаў маглі б дапамагчы прывязаць бітву да канкрэтнай мясцовасці. Без з’яўлення новых крыніц гэтае замкнутае кола наўрад ці ўдасца канчаткова разарваць, хоць пэўныя навацыі магчымыя [74]. Істотны прагрэс можа адбыцца дзякуючы прыцягненню палеагеаграфіі з мэтай рэканструкцыі ландшафту пяцісотгадовай даўніны. Што ж тычыцца праблемы колькасці войскаў і маштабаў страт, то, як уяўляецца, вядомыя крыніцы пакідаюць патэнцыял для новых рашэнняў. У большай ступені, аднак, гэта магчыма ў адносінах да складу літоўска-польскага войска.

Паўтысячагадовы юбілей бітвы садзейнічаў павышэнню ўвагі да яе сярод навуковай супольнасці. Рэдакцыі перыядычных выданняў падрыхтавалі спецыяльныя нумары [75], адбыўся шэраг мерапрыемстваў рознага фармату з удзелам беларускіх, польскіх, літоўскіх, украінскіх і расійскіх спецыялістаў [76]. Адразу некалькі навукоўцаў зацікавіліся адным аспектам падзеі, які раней спецыяльна амаль не вывучаўся: Аршанская бітва як узор ваеннага мастацтва на фоне яго развіцця ў тагачаснай Еўропе [77]. Паміж іншым, была звернута ўвага на нюансы выкарыстання агняпальнай зброі. Правядзенне канферэнцый і публічных выступленняў садзейнічала ажыўленню дыскусіі паміж нацыянальнымі гістарычнымі школамі. Як яна будзе развівацца далей, пакажа час.


[1] У аснову артыкула пакладзены даклад, прачытаны на ІІІ Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Войны ў палітычнай і культурнай традыцыі Беларусі і іншых краін Цэнтральна-Усходняй Еўропы” Інстытута “Палітычная сфера”, 30–31.05.2014, Мінск.
[2] Сагановіч Г. Аршанская бітва 1514 г. – канфлікт гістарыяграфій і ідэнтычнасцяў. Рэжым доступу: http://jivebelarus.net/history/gistografia/orsha-battle-and-historical-identity-conflict.html; Ён жа. Contested interpretation of the Battle of Orsha in Belarusian and Russian Lieux de Mémoire // Politics, History and Collective Memory in East Central Europe. Hamburg, 2012; Семянчук А. Бітва пад Оршай як “фігура памяці” // ARCHE. 2013. № 2. С. 146–161 (гэты артыкул – пашыраны і дапрацаваны пераклад тэксту “Bitwa pod Orszą w polskich utworach narracyjnych” // Senoji Lietuvos literatura. Vilnius, 2011. № 31. S. 159–182); Янушкевич А. Оршанская битва в белорусской историографии и белорусском культурном дискурсе // Traptautinė mokslinė konferencija “1514 m. Oršos mūšis: karinė pergalė ir jos ženklai”, Vilnius, 2014 m. rugsėjo 26–27 d. Pranešimų tezės = Międzynarodowa konferencja naukowa “Bitwa pod Orszą 1514 r.: zwycięstwo militarne i jego znaki”, Wilno, 26–27 wrzesnia 2014 r. Tezy referatów. Vilnius, 2014. P. 121–125.
[3] Górski K. O rozwoju sztuki wojennej w Polsce w wieku XV // Biblioteka Warszawska. 1890. T. II. S. 407–422. T. III. S. 85–98.
[4] Тамсама. T. III. S. 86.
[5] Падрабязней пра гэта гл. ніжэй.
[6] Górski K. O rozwoju… T. II. S. 420.
[7] Герберштейн С. Записки о Московии. Т. 1. Москва, 2008. С. 83.
[8] Wypisy żródłowe do historii polskiej sztuki wojennej. Z. 4. Polska sztuka wojenna w latach 1454–1562. Warszawa, 1958.
[9] Górski K. O rozwoju… T. II. S. 419.
[10] Тамсама. T. II. S. 415–416. Stryjkowski M. Kronika Polska, Litewska, Żmódzka i wszystkiej Rusi. T. 2. Warszawa, 1846. S. 379.
[11] Górski K. O rozwoju… T. II. S. 90.
[12] Тамсама. T. IIІ. S. 91–92.
[13] Korzon T. Dzieje wojen і wojskowości w Polsce. Epoka przedrozbiorowa. T. I. Kraków, 1912. S. 253–255.
[14] Orsza // Encyklopedia wojskowa. T. VI. Warszawa, 1937. S. 161– 163.
[15] Тамсама. S. 162. А. Ласкоўскі піша, што на крайнім правым і левым флангу літоўска-польскага войска стала пераважна гусарыя. Гэта адпавядае таму, што мы бачым на карціне. Трэба адзначыць: “Бітва пад Оршай” наогул адзіная крыніца, якая кажа пра ўдзел у бітве гусар, што выклікае істотныя сумневы (пра крытыку карціны як гістарычнай крыніцы гл. ніжэй).
[16] Тамсама.
[17] Herbst S., Walicki M. Obraz bitwy pod Orszą. Dokument historii sztuki i wojskowości XVI w. // Rozprawy komisji historii kultury i sztuki. T. I. Warszawa, 1949. S. 33–68 (частка гэтага артыкула, напісаная С. Хербстам, таксама змешчана ў: Herbst S. Potrzeba historii czyli o polskim stylu życia. Т. II. Warszawa, 1978. S. 273–295).
[18] Herbst S., Walicki M. Obraz bitwy pod Orszą. S. 36, 47–48.
[19] Тамсама. S. 36.
[20] Wypisy żródłowe do historii polskiej sztuki wojennej. Z. 4. Polska sztuka wojenna w latach 1454–1562 / oprac. Z. Spieralski. Warszawa, 1958. S. 134–143; Zarys dziejów wojskowości polskiej do roku 1864. T. I. Do roku 1648. Warszawa, 1965. S. 331–336.
[21] Тамсама. S. 335.
[22] Тамсама. S. 333. Wypisy żródłowe… S. 135, 141, 143.
[23] Plewczyński M. Wojny i wojskowość polska XVI w. T. 1. Lata 1500–1548. Zabrze, 2011. S. 186–210. Скарочаны варыянт гэтага нарыса быў апублікаваны ў зборніку прац: Plewczyński M. Bitwa pod Orszą 8 września 1514 r. // Bitwy decydujące o losach Europy Środkowej. Warszawa, 2010. S. 131–144.
[24] Plewczyński M. Wojny i wojskowość… S. 187–188. Аўтар называе колькасць маскоўскага войска ў 80 тыс. завышанай.
[25] Тамсама. S. 187, 206, 210. Раней аўтар заўважыў, што гусараў у такой колькасці на службу ні ў Кароне, ні ў Княстве ў той час не наймалі. Адзіная крыніца пра ўдзел гусараў у бітве – карціна “Бітва пад Оршай” (Plewczyński M. Wkład Serbów w rozwój staropolskiej wojskowości (1450–1570) // Studia i materiały do historii wojskowości. T. XXXVI. 1994. S. 17–19). Цяжка сказаць, што прымусіла М. Пляўчыньскага адмовіцца ад сваёй ранейшай крытыкі, на мой погляд, абсалютна слушнай.
[26] Plewczyński M. Wojny i wojskowość… S. 200.
[27] Тамсама. S. 210.
[28] Grala H. Jeńcy spod Orszy: między jagiellońską propagandą sukcesu a moskiewską racją stanu (1514–1552) // Aetas media, aetas moderna. Studia ofiarowane profesorowi Henrykowi Samsonowiczowi w siedemdziesiąta rocznice urodzin. Warszawa, 2000. S. 439–466.
[29] Тамсама. S. 447.
[30] Літаратуру па праблеме гл. у: Hucul V. Obraz Bitwa pod Orszą – propaganda dworska czy epos rycerski? // RIHA Journal 0092 (3 July 2014). Рэжым доступу: http://www.riha-journal.org/articles/2014/2014-jul-sep/hucul-orsza-pl.
[31] Dzięciołowski A., Monkiewicz M. Bitwa pod Orszą // Skarby Rzeczypospolitej. Z dziejów kolekcjonerstwa w Polsce od XIII do końca XVIII wieku. Olszanica, 2003. S. 120.
[32] Żygulski Z. jun. “Bitwa pod Orszą” – struktura obrazu // Rocznik Historii Sztuki. T. 12 (1981). S. 97.
[33] Падрабязней пра ацэнку карціны як крыніцы па вывучэнні ўзбраення пяхоты гл.: Bołdyrew A. Obraz “Bitwa pod Orszą” i badania nad jego przydatnością do dziejów uzbrojenia. Przyczynek do legendy historiograficznej // Mity i legendy polskiej historii wojskowości. T. 1. Kielce, 2014. S. 71–77.
[34] У гэтым аглядзе свядома апушчана папулярная кніга П. Дружджа, прысвечаная Аршанскай бітве, у якой аповед пра ўласна бітву заняў некалькі старонак (Dróżdż P. Orsza 1514. Warszawa, 2000). Крытыку гэтай працы гл.: Kwiatkowski K. O wojskowości polskiej, litewskiej i moskiewskiej w początku XVI stulecia: (na marginesie książki P. Dróżdża “Orsza 1514”, Warszawa, 2000) // Czasy Nowożytne: periodyk poświęcony dziejom polskim i powszechnym od XV do XX wieku. 15 (2003). S. 225–242.
[35] Гл., напрыклад: Карамзин Н. М. История государства Российского. Т. 7. С.-Петербург, 1819. С. 68–70; Соловьев С. М. История России с древнейших времен. Кн. 1. Т. 1–5. С.-Петербург, 1896. Стб. 1611.
[36] Устюжские и Вологодские летописи XVI–XVIII вв. Ленинград, 1982. С. 101.
[37] Зотов Р. М. Военная история Российского государства. Ч. 1. С.-Петербург, 1839. С. 109– 110.
[38] Устюжские и Вологодские летописи… С. 101.
[39] Голицин Н. С. Русская военная история. Ч. 2. От Иоанна III до Петра I. С.-Петербург, 1878. С. 105–106.
[40] Разин Е. А. История военного искусства VI–XVI вв. С.-Петербург, 1999. С. 351–353 (1-е выд.: Разин Е. А. История военного искусства. Т. 2. Военное искусство феодального периода. Москва, 1957). У хуткім часе пасля першай публікацыі выйшаў пераклад гэтай працы на польскую мову, які быў фактычна праігнараваны польскай гістарыяграфіяй (Razin E. Historia sztuki wojennej. T. II. Sztuka wojenna okresu feudalnego. Warszawa, 1960).
[41] Кашпровский Е. И. Борьба Василия III Ивановича с Сигизмундом I из-за обладания Смоленском (1507–1522) // Сборник историко-филологического общества при институте кн. Безбородко. Вып. II. Нежин, 1899. С. 242–250.
[42] Тамсама. С. 244–246.
[43] Тамсама. С. 249.
[44] Acta Tomiciana. T. III. Posnaniae, 1853. № CCXXXIV. P. 184–185.
[45] Грыцкевіч А., Трусаў А. Бітва пад Оршай // Мастацтва Беларусі. 1990. № 8. С. 29–30; Грыцкевіч А. Бітва пад Оршай 8 верасня 1514 г. // Спадчына. 1992. № 6. С. 3–11; Ён жа. Аршанская бітва 1514 г. // Вялікае Княства Літоўскае: энцыклапедыя. Т. 1. Мінск, 2005. С. 249–251; Ён жа. Аршанская бітва 1514 г. // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 1. Мінск, 1993. С. 187–188; Ён жа. Сцягі Оршы. Мінск, 2014. Крытыку беларускай гістарыяграфіі гл. у: Янушкевич А. Оршанская битва… P. 121–125; Лобин А. Битва под Оршей 1514 г. в современной белорусской историографии и проблема критики исторических источников // Studia Slavica et Balcanica Petropolitana = Петербургские славянские и балканские исследования. 2011. № 2. С. 29–40.
[46] Бітва пад Оршай (8.09.1514 г.) // Гістарычны атлас Беларусі. Т. 1. Беларусь ад старажытных часоў да канца XVIII ст. Варшава – Мінск, 2008. С. 73.
[47] Аршанская бітва 8 верасня 1514 г. // Вялікі гістарычны атлас Беларусі. Т. 1. Мінск, 2009. С. 75.
[48] Крытыку гл. у: Казакоў А. Дзе адбылася Аршанская бітва? // Герольд Litherland. 2014. № 20. C. 4–29.
[49] Лобин А. Н. Битва под Оршей 8 сентября 1514 г. С.-Петербург, 2011.
[50] Казакоў А. Паляванне на “Аршанскі міф” // ARCHE. 2012. № 5. С. 88–97. Рэц. на кн.: Лобин А. Н. Битва под Оршей 8 сентября 1514 года. С.-Петербург, 2011; Казакоў А. Дзе адбылася Аршанская бітва? С. 22–24.
[51] Бенцианов М., Лобин А. К вопросу о структуре русской армии в битве при Орше // Studia Slavica et Balcanica Petropolitana =Петербургские славянские и балканские исследования. 2013. № 2. С. 155–179.
[52] Лобин А. Н. Битва под Оршей 8 сентября 1514 г. … С. 254– 255.
[53] Тамсама. С. 254.
[54] Тамсама. С. 158; Казакоў А. Дзе адбылася Аршанская бітва? C. 28, заўв. 121.
[55] Лобин А. Н. Битва под Оршей 8 сентября 1514 г. … С. 109–134.
[56] Тамсама. С. 150–151; Лобин А. Битва под Оршей 1514 г. в современной белорусской историографии… С. 32–33. У гэтым артыкуле для бгрунтавання сваёй думкі аўтар спасылаецца на “Хроніку” Мацея Стрыйкоўскага. Іначай, як кур’ёзам, гэта не назавеш, бо паводле Стрыйкоўскага ліцвіны складалі 16 тыс. з 25-тысячнага войска (Stryjkowski M. Kronika Polska… T. 2. S. 379).
[57] Лобин А. Н. Битва под Оршей 8 сентября 1514 г. … С. 133; Acta Tomiciana. T. III. P. 6; № CCXLVI. P. 204.
[58] Лобин А. Н. Битва под Оршей 8 сентября 1514 г. … С. 104.
[59] Казакоў А. Паляванне… С. 90–92.
[60] Лобин А. Н. Битва под Оршей 8 сентября 1514 г. … С. 104.
[61] Тамсама. С. 156–162.
[62] Бенцианов М., Лобин А. К вопросу о структуре…
[63] Тамсама. С. 175.
[64] Напрыклад, вядома, што частка маскоўскага войска была прыціснута да Крапіўны (Герберштейн С. Записки о Московии. C. 85; Acta Tomiciana. T. III. P. 5; Полное собрание русских летописей (далей ПСРЛ). Т. 4. Псковская первая летопись. С.‑Петербург, 1848. С. 290).
[65] Лобин А. Н. Битва под Оршей 8 сентября 1514 г. … С. 170.
[66] “А иных многих детеи боярских не писано, которыи без ведома повезены по иманях князских и панских, тых князю гетману его милости не звещали и в еестр не хотели писати” (ПСРЛ. Т. 17. Западнорусские летописи. С.-Петербург, 1907. Стб. 186–188). Гэты недахоп быў адзначаны ў рэцэнзіі на манаграфію аўтара (Казакоў А. Паляванне… С. 92), пасля чаго ён фармальна ўзгадаў гэтую надзвычай важную акалічнасць, аднак фактычна працягвае ігнараваць яе ў сваіх разважаннях пра колькасць палонных (Бенцианов М., Лобин А. К вопросу о структуре… С. 158).
[67] Бенцианов М., Лобин А. К вопросу о структуре… С. 158, заўв. 13.
[68] Цыт. па: Лобин А. Документы об осаде Смоленска и битве под Оршей 1514 г. из собрания Кёнигсбергского тайного архива // Вялікае княства Літоўскае і суседзі: Права. Вайна. Дыпламатыя. Мінск, 2012. С. 188.
[69] Decii L. J. De Sigismundi regis temporibus liber 1521. Kraków, 1901. P. 79.
[70] А. Лобін тлумачыць гэта тым, што на ваяводаў ішло мэтанакіраванае “паляванне” (Бенцианов М., Лобин А. К вопросу о структуре… С. 162).
[71] Geheimes Staatsarchiv Preußischer Kulturbesitz. Ordensbriefarchiv.
[72] Пра тэндэнцыйнасць паведамленняў рускіх летапісаў гл.: Казаков А. Сообщения русских летописей об Оршанской битве 1514 г. // Traptautinė mokslinė konferencija “1514 m. Oršos mūšis: karinė pergalė ir jos ženklai”, Vilnius, 2014 m. rugsėjo 26– 27 d. Pranešimų tezės = Międzynarodowa konferencja naukowa “Bitwa pod Orszą 1514 r.: zwycięstwo militarne i jego znaki”, Wilno, 26–27 wrzesnia 2014 r. Tezy referatów. Vilnius, 2014. P. 116–118 (адпаведны артыкул павінен з’явіцца ў зборніку прац канферэнцыі).
[73] Лобин А. Битва под Оршей 1514 г. в современной белорусской историографии… С. 32–33.
[74] Абмеркаванне праблемы лакалізацыі Аршанскай бітвы гл. у: Казакоў А. Дзе адбылася Аршанская бітва? // Герольд Litherland. 2014. № 20. C. 4–29.
[75] Герольд Litherland. 2014. № 20; Mówią wieki. 2014. № 9 (гэты нумар выйшаў і па-беларуску); на момант здачы артыкула ў друк адпаведны нумар часопіса ARCHE яшчэ не з’явіўся.
[76] ІІІ Міжнародная навуковая канферэнцыя “Войны ў палітычнай і культурнай традыцыі Беларусі і іншых краін Цэнтральна-Усходняй Еўропы” Інстытута “Палітычная сфера”, Мінск, 30–31.05.2014 (пасля канферэнцыі адбылася публічная дыскусія, прысвечаная Аршанскай бітве); Міжнародная навуковая канферэнцыя “Ваенныя трыумфы эпохі Вялікага Княства Літоўскага” (Музей «Замкавы комплекс “Мір”», Мір, 12–13.09.2014); Міжнародная навуковая канферэнцыя “Бітва пад Оршай 1514 г.: ваенная перамога і яе сімвалы” (Вільня, 26–27.09.2014); Публічная дыскусія “Бітва пад Оршай у яе 500‑годдзе” (Нацыянальны музей у Варшаве, 7.09.2014); Круглы стол “Актуальныя пытанні ваеннай гісторыі Сярэднявечча і ранняга Новага часу: да 500‑годдзя Аршанскай бітвы” (БДУ, гістарычны факультэт, Мінск, 9.10.2014); Публічная дыскусія “Намаляваная перамога. 500 год бітвы пад Оршай – ад перамогі да легенды” (Цэнтр польска-расійскага дыялогу і паразумення, Варшава, 27.10.2014); Публічная дыскусія “Орша 1514”, арганізаваная ў рамках XXIII Кірмашу гістарычнай кнігі (Варшава, 29.11.2014).
[77] Gawron P. Wojskowość zachodnioeuropejska w dobie bitwy pod Orszą i jej związki z litewską-polską sztuką wojenną // Traptautinė mokslinė konferencija “1514 m. Oršos mūšis: karinė pergalė ir jos ženklai”, Vilnius, 2014 m. rugsėjo 26–27 d. Pranešimų tezės = Międzynarodowa konferencja naukowa “Bitwa pod Orszą 1514 r.: zwycięstwo militarne i jego znaki”, Wilno, 26–27 wrzesnia 2014 r. Tezy referatów. Vilnius, 2014. S. 48–49; Mleczek T. Kampania Orszańska 1514 r. w świetle recepcji uzbrojenia i sposobów wałki doby wojen włoskich do armii koronnej // Тамсама. S. 53–56; Федорук А. Битва под Оршей 1514 г. и “великая пороховая революция” на заре Нового времени // Тамсама. С. 60–63; Казакоў А. Ваенная рэвалюцыя ў Еўропе і Аршанская бітва 1514 г. (даклад быў прачытаны на канферэнцыі “Ваенныя трыумфы эпохі Вялікага Княства Літоўскага” (Музей «Замкавы комплекс “Мір”», Мір, 12–13.09.2014).

Наверх

Тэгі: , ,