Юры Гардзееў. Шляхецкія сядзібы ў Гародні ў другой палове XVII – XVIII ст. (арганізацыйна-гаспадарчы аспект функцыянавання)
Горад перыяду Новага часу, будучы шматграннай з’явай, характарызаваўся тэрытарыяльна абмежаванай канцэнтрацыяй насельніцтва, яго аб’яднанняў і ўстаноў, шматлікіх культавых, адміністрацыйных і вытворча-паслуговых аб’ектаў Акрамя таго, ён выступаўдынамічнай сацыяльна-прасторавай сістэмай разнапланавых узаемадачыненняў гараджан, да аднаго з элементаў якой трэба аднесці маёмасныя адносіны. Уладальнікамі і карыстальнікамі нерухомай маёмасці ў горадзе былі не толькі мяшчане, але і духавенства, і шляхта. З цягам часу ў гарадах пачаў развівацца фонд зямельных прасторавамаёмасных адзінак, адасобленых у адміністрацыйна-судовым плане, якія ў выніку атрымання лібертацыі падпарадкоўваліся земскаму праву, а іх жыхары выконвалі павіннасці на карысць уладальніка сядзібы [1][2]. Вядома, трэба памятаць, што працэс утварэння комплексаў шляхецкіх уладанняў у залежнасці ад мясцовых умоваў працякаў з рознай ступенню інтэнсіўнасці. Трэба ўлічыць і тое, што не кожны пляц ці яго забудова, якія знаходзіліся ў валоданні ці карыстанні шляхціча, можна лічыць юрыдыкай. Па гэтай прычыне паняцці юрыдыка і шляхецкая сядзіба нельга лічыць тоеснымі.
У той час як пытанні палацава-дворыкавага будаўніцтва і маёмасных адносінаў у Гародні ў перыяд Новага часу, развіцця рынку нерухомай маёмасці, шляхоў набывання гарадскіх сядзіб, сацыяльнага складу іх уладальнікаў прыцягвалі ўвагу даследчыкаў, то некаторыя праблемныя пытанні эканамічнай гісторыі горада, у тым ліку арганізацыйныя і гаспадарчыя аспекты гісторыі шляхецкіх зямельных уладанняў, вывучаны у меншай ступені.
Зыходзячы са сказанага, мэтай дадзенага артыкула будзе спроба раскрыцця механізму функцыянавання шляхецкіх пасэсій у Гародні ў XVII–XVIII ст., калі з’ява фармавання фонду юрыдык дасягнула поўнага росквіту [3]. У першую чаргу прыцягваюць увагу наступныя праблемныя палі. Якім чынам шляхта выкарыстоўвала свае гарадскія сядзібы? Якія функцыі тыя выконвалі? Ці ўвогуле яны прыносілі даходы, а іх утрыманне акуплялася? Магчыма, адказ на пастаўленыя пытанні дазволіць лепш зразумець прычыны набывання шляхтай сядзіб у горадзе.
Функцыянальны характар шляхецкай сядзібы непасрэдна залежаў ад яе тыпу і ў пэўнай ступені ад месца размяшчэння. У адрозненне ад іншых гарадоў, у якіх юрыдыкі ляжалі па-за гарадскімі межамі, на абшарах прадмесцяў, гарадзенскія пасэсіі сярэднезаможнай шляхты ці магнатаў збольшага знаходзіліся ў межах горада, кантрастуючы сваімі аб’ёмна-прасторавымі формамі з мяшчанскай ці яўрэйскай масавай, пераважна драўлянай, забудовай.
Паводле дадзеных 1789 г., у Гародні налічвалася 22 палацы, 19 камяніц, 51 дворык, 290 “прыватных дымоў”, якія знаходзіліся ў валоданні шляхты [4]. Захаваная крыніцазнаўчая база дазваляе прасачыць працэс абароту нерухомай маёмасці, у якім удзельнічала шляхта. Гэта засведчылі шматлікія дамовы куплі-продажу сядзіб, адным з бакоў якіх была шляхта, акты іх даравання ці заставы, звесткі аб спадках.
У 1783 г. гарадзенскі афіцыял Ян Непамуцэн Кадлубоўскі [5] прадаў гарадзенскаму земскаму суддзі Тадэвушу Александровічу дворык з флігелем, свірнам і агародам [6], які знаходзіўся на рагу “вуліцы з Азёрскай да вуліцы Дзям’янаўскай” [7] з вуліцай Дзям’янаўскай [8]. У 90-я гады XVIII ст. непадалёку, на Навікоўскай вуліцы [9], Кадлубоўскі ўзвёў дворык са стайняй і вазоўняй. Прычым – як сведчаць крыніцы – на пляцы застаўся стары дом з мураванымі сутарэннямі. У 1795 г. ксёндз саступіў пасэсію падстолію Ліфляндскага княства Людвіку Юрыю і Марыяне з Сапоцькаў Ліпніцкім [10].
Разам з тым шляхта не толькі рабіла інвестыцыі на гарадскім рынку нерухомай маёмасці, але, што натуральна, прадавала паасобныя пляцы. Даволі паказальны ў гэтым плане абарот нерухомай маёмасці літоўскага канюшага Дамініка Александровіча, які ў другой палове XVIII ст. валодаў сядзібай, размешчанай паміж Віленскай ды Калюцінскай вуліцамі. У 1792 г. апошні прадаў пісару Скарбовай камісіі Казіміру і Эльжбеце Арцішэўскім дворык з флігелем і стайняй, які стаяў на вуліцы Калюцінскай [11]. Яшчэ адзін пляц, забудаваны дворыкам з флігелем ды мураванымі сутарэннямі, стайняй, вазоўняй і гаспадарчымі пабудовамі, у 1794 г. быў прададзены канюшым пекару Яну Кшыштафу і Яанне Крысціне Раўтэнбергам [12].
З пункту гледжання вывучэння функцыянальнага характару шляхецкіх пасэсій у горадзе можна падкрэсліць сцісласць зместу дамоваў куплі-продажу нерухомай маёмасці. Куды больш грунтоўнае апісанне сядзібнай забудовы адлюстроўвалася ў інвентарах той ці іншай пасэсіі. У 1684 г. быў складзены інвентар нерухомай маёмасці лідскага харужыя Яна Масевіча. Як вынікае з яго зместу, папярэднім уладальнікам дворыка быў парнаўскі падкаморы і гарадзенскі гродскі суддзя Ігнацы Рукевіч. Дворык быў узведзены з дрэва, што пацвярджаюць шматлікія звесткі пра сталярскую і цяслярскую працу (аканіцы, дубовыя і ліпавыя дзверы, ліпавая мэбля, сасновы стол ці падлога з габляваных дошак). Дворык у інвентары быў акрэслены як “вялікі жылы домам” (“dom wielki mieszkalny”), крыты гонтамі. Складальнік інвентару падрабязна, згодна з тагачаснымі звычаямі, апісаў яго ўнутраную арганізацыю.
З сяней вяла лесвіца (“na gurę drabina”), што сведчыць пра магчымасць існавання паддашка ці гары. У пакоі (“izba pokojowa”) знаходзілася печка з паліванай зялёнай кафлі, камін (“kominek dla niecenia ognia”) з мураваным комінам. Пад гэтым памяшканнем размяшчаліся мураваныя сутарэнні. Наступнае апісанае памяшканне – гэта алькеж, які выконваў функцыі спальні. Побач з ім была прыбіральня (“transyt z tego alkierza”). Сені злучаліся са сталовым пакоем, які меў печку з зялёнай кафлі (“piec gładkich kafli zielonej polewy”) з комінам, а таксама сцэну для выканання музычных твораў (“chór świeżo przebudowany na czterech słupach dla muzyki z tarcic”). У дворыку быў яшчэ адзін алькеж і пакой (“izba biała”) з печчу ды хлебнай печкай. На панадворку, побач з варотамі, стаяла кухня (“dom kuchenny oraz gospodarski”) з мураванай печчу (“kuchnia murowana z kominem”), а перад домам – стайня [13]. Пляц быў абнесены плотам з дыляў і частаколам.
Не менш цікавае пытанне – высвятленне месца размяшчэння сядзібы. Набытак Масевіча знаходзіўся ў прэстыжным месцы горада, на скрыжаванні вуліцы Маставой з “вулачкай да царквы Прачыстай” (“od ulicy Cerkwi Przeczystej”), выходзячы на галоўны Рынак. Супастаўленне гэтых звестак з іншымі крыніцамі дазваляе сцвярджаць, што ні месца, ні час набытку Масевіча лічыць выпадковымі нельга. Як вядома, у 1681 г. віленскі ваявода Казімір Ян Сапега набыў камяніцы на Рынку ад ябланоўскага старасты Кшыштафа Сендзівоя Патоцкага, а праз дзевяць гадоў Дарота Ганна з Гжыбоўскіх Кярдзей, жонка троцкага кашталяна Яна Казіміра Кярдзея (1684–1685) [14], прадала ваяводу суседні рынкавы пляц [15]. Такім чынам, другую камяніцу Сапегі набылі пасля сойма 1688 г.
Акрамя таго вядома, што Аляксандр Масевіч быў прыхільнікам магнацкай групоўкі Сапегаў. Кар’еру распачаў у адной з сапегаўскіх харугваў. Дзякуючы падтрымцы літоўскага падканцлера Аляксанда Нарушэвіча, зяця Паўла Сапегі, стаў пісарам гродскага суда Лідскага павета, а ў 1673 г. маршалкам двара Яна Казіміра Сапегі. Урэшце ў 1677 г. быў абраны членам камісіі па пытаннях размяшчэння паслоў сойма ў Гародні, а ў 1688 г., будучы адным з кіраўнікоў сапегаўскай апазіцыі, паслом на гарадзенскі сойм [16].
У 1678 г. літоўская канюшанка княгіня Караліна Радзівіл прыдбала сядзібу на вуліцы Калюцінскай. Згодна з соймавай канстытуцыяй 1678–1679 г. уладальніца ўзвяла новы двор (“plac w Grodnie na miejskim gruncie skupiony i z dworem świeżo wybudowanym”) [17].
Больш падрабязныя звесткі пра арганізацыю ўнутранай прасторы сядзібы змешчаны ў яе інвентары, складзеным у 1679 г. [18]. З боку вуліцы Калюцінскай стаялі вялікія ўязныя вароты с веснічкамі. Галоўны аб’ект участка – дворык, названы “новым домам” і крыты гонтамі. Планіроўка дворыка выглядала наступным чынам: сені, белы пакой, злучаны з яшчэ адным пакоем (“izba tylna”), побач з якім знаходзілася прыбіральня. З сяней можна было прайсці ў яшчэ адзін пакой, алькеж, “заднюю ізбу”, бакавы пакой і камору (“spiżarnia”). У пакоях пісар адзначыў цагляныя тынкаваныя каміны і печкі з зялёнай кафляй.
На пляцы, акрамя таго, стаялі: будынак з кухняй, камінам, “белым кухонным пакоем” (“izba biała kuchenna”), каморкай, пякарняй з хлебнай печкай, стайня, вазоўня, асобны дом для князя літоўскага стольніка (“dla Xcia Jm Pana Stolnika WºXªLitº”) [19]. Відаць, што з боку паралельнай вуліцы Златарскай на тэрыторыю пляца можна было ўехаць праз другія вароты (“wrota od drugiej ulicy wiezne mniejsze”) [20].
У інвентары сядзібы 1691 г. дворык быў названы “старым палацам”. Згодна з апісаннем пабудовы, ён меў жыллёвае прызначэнне: сені, сталовы пакой (“izba stołowa”) з печкай з зялёнай кафлі і камін, камора і каморка, бакавы пакой, сталовы пакой і алькежык, а таксама кабінет. Насупраць палаца стаяў новы дом: сені, сталовы пакой, камора з кабінетам, кладоўка (“od tej komory spiżarenka”), пакой (“izba”).
Побач знаходзіўся гаспадарчы дом (“dom gospodarski”), у якім былі наступныя памяшканні: сені, пакой, камора, пякарня, вялікая стайня з яслямі і вазоўня, яшчэ адзін дворык (сені, пакой, камора, бакавая камора, пакоік, сталовы пакой). На падворку размяшчалася невялікая стайня, “белая ізба” з каморай, пякарня і два мураваныя скляпы.
Укладальнік інвентару адзначыў, што на двары стаялі бочкі, “фасы” [21], “шафлікі” [22] з вапнай, ляжалі шматлікія кроквы, некалькі дзясяткаў коп гонтаў і дранак [23]. Гэтыя звесткі могуць ускосна сведчыць пра сядзібную будоўлю ці перабудову ранейшых аб’ектаў.
У 1683 г. Барбара з Крышпінаў Кіршэнштэйнаў Валовіч [24] адступіла Катажыне Радзівіл пляц, што ляжаў у квартале паміж вуліцай Маставой і Рынкам [25]. У інвентары, складзеным у тым жа годзе, змешчана апісанне планіроўкі і забудовы сядзібы. Як было пазначана, у вялікім старым будынку былі сені, пакой, печка з камінам, алькеж, каморка, “кухонны пакой з кухоннай кладоўкай і каморкай” (“izdebka kuchenna ze spiżarnią kuchenną
z komorką”), вялікі пакой і камора. Тут знаходзіўся склеп, крыты гонтамі, на даху два мураваныя коміны. На пляцы стаяў невялікі будынак (“izdebka mała”), стайня, будынак з двума малымі пакоямі з каморкай [26].
Разгледжаны матэрыял, нягледзячы на выразную сціпласць, дазваляе зрабіць пэўныя высновы. Па ўсёй верагоднасці, апісаныя сядзібы (пляц з дворыкам са складанай шматкамернай планіроўкай) магла ўтрымліваць заможная шляхта.
Шляхецкія пасэсіі ў горадзе вылучаліся сярод іншых тыпаў гарадскіх сядзіб характарам забудовы. Можна меркаваць, што па сваіх будаўнічых формах жытло шляхціча ў горадзе нагадвала сядзібу ў маёнтках ці фальварках [27], хоць разыходзілася з апошнім па прызначэнні. Сядзібы шляхты ўяўлялі сабой як невялікі зямельны забудаваны ўчастак, так і зямельны комплекс, які падзяляўся на шэраг асобных пляцаў. Шляхецкая сядзіба, як правіла, драўляная, складалася з комплексу збудаванняў, у першую чаргу дворыка са шматлікімі пакоямі, алькежамі і каморамі, з жылой прыбудоўкай, ці т. зв. флігелем (“oficyna”).
Дворыкі ў першую чаргу выконвалі функцыю забеспячэння ўладальніка жыллём у горадзе [28] пад час соймікаў, паседжанняў земскіх ці гродскіх судоў, святочных мерапрыемстваў, вырашэння гаспадарчых справункаў у горадзе. Да такой думкі схіляе наяўнасць кабінетаў ці алькежаў, пякарань з хлебнымі печкамі і мураваных падземных памяшканняў (скляпы-сутарэнні), у якіх захоўваліся розныя рэчы, у тым ліку харчовыя прадукты. Адсутнасць згадак пра калодзежы ці лазні магла б сведчыць, што шляхціч-уладальнік толькі наведваў горад і затрымліваўся ў сваёй гарадской сядзібе па меры неабходнасці (афіцыйныя ці гаспадарчыя справы).
Неад’емным элементам сядзібнай забудовы былі стайні і вазоўні, дзе ўладальнікі пасэсіі трымалі коней, вазы і сані. Можна пагадзіцца з думкай Тэрэзы Зяліньскай наконт больш шырокіх функцый гэтых пабудоў, у якіх, напрыклад, трымалі свойскую жывёлу (свінні, каровы і птушкі) ці прылады працы і дровы. Акрамя таго, уласнік мог атрымліваць фінансавую карысць, напрыклад, здаючы фурманам у наймы будынкі гэтага тыпу [29].
Куды большыя магчымасці мелі магнацкія юрыдыкі, якія складаліся са шматлікіх пляцаў і былі занятыя жылымі і гаспадарча-паслуговымі збудаваннямі. Вялікім комплексам нерухомай маёмасці ў Гародні валодалі Радзівілы. Нельга выключыць таго, што паасобныя сядзібы, раскіданыя па горадзе, маглі выконваць акрэсленыя, вузкаспецыялізаваныя функцыі. На карысць такой думкі сведчаць наступныя факты.
У 1752 г. быў падрыхтаваны інвентар новага дворыка, што стаяў на Падоле, на правым беразе Нёмана. Будынак складаўся з двух пакояў і алькежа. Двор быў заняты наступнымі збудаваннямі. Па абодвух баках размяшчаліся стайні і каморкі для дроў. Да Нёмана вялі тыльныя вароты, побач з якімі знаходзіўся яшчэ адзін невялікі будынак, кухня, спіжарня, а таксама качалка для прасавання бялізны качаннем (“magiel”). Апошняе сведчанне можа пацвердзіць здагадку таго, што гэтая пасэсія выконвала функцыю пральні, якая абслугоўвала левабярэжную радзівілаўскую юрыдыку, у склад якой, зрэшты, уваходзіла [30].
Троцкі ваявода Казімір Дамінік і Элеанора з Войнаў Агінскія падаравалі ў 1729 г. драўляны палац сыну Юзафу Людвіку ды Ганне з Вішнявецкіх Агінскім [31]. Са складзенага інвентару вынікала, што палац узведзены на падклецці (“pałac na podmurowaniu”) са склепам (“piwnica”), быў крыты гонтамі. На дзядзінцы знаходзіліся: стайня і маштарня, якая традыцыйна выконвала функцыі майстэрні (дзе рамантаваліся вазы, захоўвалася вупраж) і жытла для конюхаў ці рамеснікаў, дзве павеці (“szopa”) для вазоў будынак кухнііпякарня. За палацам ляжаў“агарод для сена” [32].
У інвентары палаца 1803 г. змешчана падрабязная інфармацыя пра яго планіроўку. Паводле апісання гэта быў драўляны двухпавярховы палац на падклецці (“pałaс na sklepach murowanych” / “pałac na podmurowaniu”). На другім паверсе палаца знаходзілася “круглая зала”. Трэба адзначыць, што залы-ратонды, ці авальныя залы, – распаўсюджаны прыём у палацавай архітэктуры XVIII ст. [33]. Акрамя таго, на гэтым паверсе размяшчаліся: алькеж, вітальня (“przedpokój”), пяць пакояў, “зала доўгая”. У пакоях стаялі печкі: “белая шведская печка”, “белая шведская печка з дзверцамі і трубой”, “печ з белай кафлі маскоўская”, хлебная печка, а таксама каміны. Пад будынкам мясціліся два склепы. У дакуменце згаданы спіжарня, камора, кухня, пякарня, флігель, стайня, вазоўня [34]. Згадка пра пажарны насос (“sikawka do pałacu”) [35] сведчыць, што ўласнікі прытрымліваліся мер супрацьпажарнай бяспекі.
Такім чынам, палац Агінскіх – прыклад магнацкай рэзідэнцыі, унутраная планіроўка якой мела ў большай ступені ўтылітарны характар.
Згодна з распаўсюджаным меркаваннем, ролю фактара, які спрычыніўся да ўзмоцненай цікавасці шляхты да рынку гарадской нерухомай маёмасці, адыграла вызначэнне Гародні на месца правядзення соймаў. Разам з тым яго нельга абсалютызаваць. Больш правільным будзе сцверджанне, што не столькі соймы, колькі перспектыва іх правядзення падштурхоўвала магнатаў будавацца ў горадзе [36].
Напрыклад, у 1725–1726 г., гэта значыць напярэдадні чарговага сойма, пачалася будова палаца Паўла Караля Сангушкі. Аднак узвесці палац так і не паспелі, што змусіла Сангушкаў размясціцца ў фальварку Дубніцы, які ляжаў пад Гародняй і належаў троцкаму суддзі Турлаю [37].
Важны аспект функцыянавання шляхецкіх пасэсій – іх гаспадарчае асваенне і па меры магчымасці атрыманне даходу, у першую чаргу шляхам здачы ў наймы паасобных палацавых памяшканняў [38]. У 1794 г. Дамінік Александровіч падпісаў з Лейзерам Міхялёвічам трохгадовы кантракт на арэнду (“w arędowną trzyletnią posessyą”) дворыка на вуліцы Віленскай, які патрабаваў рамонту. Заўважым, што ў дакуменце падкрэслівалася прэстыжнае месца размяшчэння сядзібы, якая ляжала насупраць дамініканскіх збудаванняў. З кантракта вынікала, што за арандаваную нерухомую маёмасць карыстальнік меў уносіць штогод 500 злотых, а таксама кватэрную падымную аплату (“kwaterowe podymne”). У выпадку правядзення соймаў гэтая сума мела ўзрасці да 3000 злотых [39].
У 1744 г. аўгустоўскі стараста Станіслаў Шаняўскі за суму 335 злотых здаў у наём палац, які знаходзіўся на Траецкай вуліцы, літоўскаму абознаму Ігнацыю Агінскаму [40]. У інвентары нерухомай маёмасці літоўскага гетмана Міхала Агінскага 1784 г. згадваецца чатырохпакаёвая “рэзідэнцыйная афіцына” [41]. Згодна з дакументам “Percepta pieniężna od r[ok]u 1797”, у 1799 г. за наём дома на паўгода Агінскі атрымаў 160 злотых [42]. Вядома таксама, што ў 1752 г. маршалак вялікі літоўскі Ігнацы Агінскі зняў дворык вігерскіх камедулаў на перыяд наступнага сойма за 500 чырвоных злотых [43].
У 1726 г. Мендэль Ізраэлёвіч арандаваў на адзін год палац Сангушкаў [44]. Напярэдадні сойма 1784 г. муляр Юзаф Бараноўскі за суму 50 чырвоных злотых здаў у наймы дворык, падпісваючы дагавор з Тадэвушам Вежбаловічам, бурграфам палаца генерала літоўскай артылерыі Францішка Сапегі, абавязваючыся дабудаваць вазоўню [45]. У кнігі гарадзенскага магістрата 1786 г. быў унесены дагавор Вежбаловіча з цесляром, гарадзенскім баўмайстрам Якубам Прайсігам, на рамонт палаца, стайні і афіцыны [46].
Аляксандр Міхал Сапега, які валодаў сядзібным комплексам на рагу Рынка і Азёрскай (Брыгіцкай вуліцы), у 1793 г. падпісаў кантракт з Моўшам Зеліковічам на карыстанне адным з пляцаў юрыдыкі. Згодна з умовамі кантракта, апошні павінен быў пабудаваць дом з мансардай ды мураванымі комінамі. Штогадовы чынш за карыстанне пляцаў склаў 30 злотых. Паводле крыніц, у гэтым жа годзе новы дом быў прададзены Францішкам Сапегам Ізраэлю Юдэлёвічу за суму 3000 злотых [47].
Згодна з дадзенымі 1795–1797 г. у наём здаваліся таксама падвальныя памяшканні палаца (“sklep”) Дамініка Радзівіла на Рынку [48]. 1 траўня 1799 г. Пілітоўская падпісала кантракт на наём дзевяці пакояў, вазоўні і сутарэнняў палаца Агінскага ў мэтах правядзення рэдут [49], г. зн. публічных баляў-маскарадаў, якія былі даволі распаўсюджанай формай адпачынку і забавы гараджан [50].
Такім чынам, гэтыя дадзеныя сведчаць, што ўладальнікі пляцаў выказвалі зацікаўленасць у атрыманні даходу шляхам яго перадачы ў карыстанне на акрэсленых умовах ці здачы памяшканняў у наём.
Цікавым выключэннем можна палічыць наступны прыклад. У 1781 г. Караль Станіслаў Радзівіл выдаў распараджэнне намесніку гарадзенскіх юрыдык Горскаму аб тым, што рэгент Рыпейка мае права бясплатна карыстацца памяшканнем у яго палацы на Рынку (“wolna stancja”) для правядзення паседжанняў Трыбунала [51]. Заўважым, што сказанае сведчыць пра аўтатэлічнае сацыяльнае дзеянне. Відавочна, уладальнік сядзібы не кіраваўся імкненнем атрымання матэрыяльнай выгады (што мог, напэўна, сабе дазволіць). Дапускаем, што ў дзеяннях Радзівіла можна прасачыць нейкі глыбінны сэнс, напрыклад, праяву яго грамадзянскага абавязку.
Аднак не кожны, нават найбольш заможны ўладальнік сядзібы, быў схільны да такіх “шчодрых дароў”. Як вынікае з рахункаў палаца Сангушкаў (1790–1793), гарадзенскі падкаморы Францішак Юндзіл [52] за найманую залу для правядзення соймікаў унёс 108 злотых [53].
Адным з галоўным элементаў даходу ўладальніка сядзібы быў чынш, г. зн. рэнта за карыстанне пляцам. Згодна з дакументам “Percepta pieniędzy z dochodów juryzdycznych i za najmę stancjów w pałacu do roku 1793 dnia 30 marca aż do roku 1795 dnia 1go januarji…”, даходы з юрыдык літоўскага падкаморыча Дамініка Радзівіла ў 1793 г. склалі 1342 злотых 1 грош, а ў 1794 г. – толькі 489 злотых і 5 грошаў, што, магчыма, магло мець нейкую сувязь з перыядам паўстання Тадэвуша Касцюшкі [54]. Чынш, атрыманы з 40 пляцаў 6 юрыдык, што ў канцы XVIII ст. належалі літоўскаму падкаморычу Дамініку Радзівілу, склаў 1683 злотых і 26,5 грошаў [55]. У 1797 г. даход з яго юрыдык склаў 1689 злотых. Для прыкладу, па дадзеных 1790 г. Сангушкі са сваіх зямельных уладанняў у Гародні атрымалі 2067 злотых за 16 месяцаў (звесткі 1790 г.) [56], а чынш з юрыдыкі Агінскіх у 1797 г. – толькі 56 злотых, у 1801–1802 г. – па 62 злотыя [57].
24 жніўня 1793 г. купец Далькоўскі за найм склепа і двух свірнаў унёс у скарб Радзівілаў 400 злотых гадавога чыншу за перыяд ліпень 1793 – ліпень 1794. 1 ліпеня 1794 г. ён заплаціў 350 злотых (за бягучы год да 1 ліпеня 1795 г.) [58].
У 1793 г. ад трох юрыдычан Годфрыда Крома, Кавалеўскага і Маеўскага радзівілаўскай пасэсіі на Маставой вуліцы ішоў “дубелтавы падатак” у памеры 120 злотых і 13,5 гроша [59]. У 1796 г. найбольшыя грашовыя плацяжы за карыстанне ўчасткамі радзівілаўскай юрыдыкі, што знаходзілася на Маставой вуліцы (“Przy poczcie na ulicy Mostowej”), былі ўнесены наступнымі рамеснікамі. Так, рымар Годфрыд Кром заплаціў 47 злотых і 11 грошаў, каваль Павел Кавалеўскі – 37 злотых і 15½ грошаў, а “баў майстар” Ёган Прайсіг – 47 злотых і 18½ грошаў. Пекар Ян Эвардт (Слуцкая юрыдыка на Златарскай вуліцы) заплаціў штогадовага чыншу 38 злотых і 29 грошаў, а “жыд Беньямін” за крамку, што стаяла побач з палацам Радзівілаў, – ажно 150 злотых. Вядома, не ўсе карыстальнікі зямельных участкаў маглі ўносіць такія плацяжы. Напрыклад, жыхар юрыдыкі Падвале на Падольнай вуліцы Юзаф Цыдзік заплаціў за пляц 5,1 злотага, а муляр Ян Малішэўскі яшчэ менш – 3,3 злотага [60].
На наступным прыкладзе варта затрымацца больш падрабязна. У перыяд ад 12 чэрвеня 1793 г. да 12 чэрвеня 1794 г. пісар Завадскі ў радзівілаўскім рынкавым палацы за 270 злотых наняў “станцыю на склад тытуню” [61].
Згодна з соймавай пастановай 1789 г., Скарбовая камісія абавязана была заснаваць у Гародні тытунёвую фабрыку, на што было асігнавала 310 000 злотых [62]. У ВКЛ налічвалася 12 складоў, аднак галоўнае складское памяшканне планавалася размясціць у Гародні. Пасля закрыцця фабрыкі ў Вільні гарадзенскае прадпрыемства размяшчалася ў будынках каралеўскіх мануфактур на Гарадніцы (“w domach manufaktur JKM[ś]ci grodzień[skich]) і засталося адзіным у Вялікім Княстве Літоўскім. Акрамя таго, кожны склад меў пісара, які размяркоўваў вырабы агентам (“dystrybutor”) [63]. Такім чынам, можна меркаваць, што тавар гарадніцкай фабрыкі складаваўся менавіта ў памяшканнях палаца Радзівілаў на Рынку.
Пытанне ўзроўню даходнасці ад нерухомай маёмасці можна прасачыць на прыкладзе функцыянавання комплексу зямельных уладанняў віленскага біскупа Ігнацыя Масальскага. У інвентары 1782 г. усе пляцы сядзібы былі падзелены на дзве катэгорыі: чыншавыя і службовыя (“czynszowe”, “służebne”). Такім чынам, карыстальнікамі зямельных участкаў былі як звычайныя чыншавікі, так і службовы персанал, які займаўся абслугоўваннем юрыдыкі. Акрамя таго, звесткі інвентару даюць магчымасць прааналізаваць саслоўна-прафесійны склад яе жыхароў.
Згодна з дадзенымі 1782 г., з 38 жыхароў сямі юрыдык Масальскага было сабрана гадавога даходу (“roczna intrata”) 410 злотых і 20 грошаў. Найбольшы чынш уносілі жыхары “юрыдыкі на Замкавай вуліцы”: Лейба Несяновіч Гажанскі, які арандаваў “скарбовую камяніцу”, і Шмойла Янкялёвіч (па 24 злотых), мечнік Антоні Макарэвіч (16 злотых), кушнер Хацкель Ясялёвіч (12 злотых), Лейбіна Шмулавічова, Рубіновіч Аркавы – ажно па 40 злотых. Жыхары юрыдыкі Агіншчына, якая размяшчалася за шпіталем св. Духа, штогод плацілі: шынкар Моўша Гудалёвіч – 20 злотых, сталяр Шымон Янушкевіч – 18 злотых. Даволі распаўсюджанай была рэнта ў памеры 1 злотага 15 грошаў ці 2 злотых 16 грошаў, якія аплачвалі пераважна карыстальнікі “службовых” пляцаў У інвентары адзначана, што чынш з 3 пляцаў, на якіх раней стаяла карчма, быў вернуты ў фонд гарадской нерухомай маёмасці [64].
У 1795 г. чынш з юрыдык віленскага біскупа склаў 461 злоты. Аналіз рэестра яго зямельнага фонду дазваляе высветліць сацыяльна-маёмасную дыферэнцыяцыю той ці іншай вуліцы. Так, жыхары Замкавай вуліцы Эльяш Ляйбовіч і Шмойла Янкялёвіч уносілі па 40 злотых.
Найбольшая грашовая рэнта за карыстанне пляцамі на Віленскай вуліцы складала 18 злотых, на Калужанскай і Златарскай вуліцах – па 10, Траецкай вуліцы – 8 [65].
Характэрная рыса шэрагу зямельных уладанняў шляхты – комплекс вытворчых і гандлёва-паслуговых аб’ектаў. Сказанае ў пераважнай бальшыні тычыцца магнацкіх юрыдык. Магчымасці шляхціча былі больш абмежаванымі. Па гэтай прычыне на тэрыторыі шляхецкіх сядзіб пераважалі гаспадарчыя пабудовы, якія выкарыстоўваліся ўладальнікам у час знаходжання ў горадзе.
Не выклікае сумнення, што да ліку адной з найбольш прыбытковых галін тагачаснай гаспадаркі належаў выраб і продаж алкагольных напояў. Аналіз гарадзенскіх крыніц пацвярджае гэтую думку. Згодна з захаванымі крыніцамі, на шляхецкіх юрыдыках у канцы XVII – XVIII ст. функцыянавала каля 40 корчмаў [66]. Было б памылкай лічыць, што ініцыятыву ўзвядзення бровараў ці корчмаў мог праяўляць яе ўладальнік. Разам з тым ёсць падставы меркаваць, што шляхціч не столькі абцяжарваў сябе пытаннямі непасрэднага гаспадарчага асваення сядзібы, колькі быў зацікаўлены ў фінансавых паступленнях. Заўважым, што ўладальнік мог перадаць адзін з пляцаў сваёй юрыдыкі ў карыстанне пры ўмове ўзвядзення на ім карчмы і атрымання чопавага ці мог перадаць у арэнду ўжо наяўныя бровары ці корчмы [67].
Найбольшай колькасцю корчмаў у Гародні ў XVIII ст. валодалі магнаты і шляхта. Напрыклад, паводле тарыфу падымнага падатку 1790 г. на юрыдыцы віленскага ваяводы Караля Станіслава Радзівіла знаходзілася некалькі корчмаў. Так, на занёманскай юрыдыцы, на Рабяёўскай вуліцы, стаялі “domy wiezne” Гіршы Янкялёвіча і Новаха Абрагамовіча [68]. У апісанні занёманскай юрыдыкі, якое датуецца 1796 г., было адзначана, што гадавы чынш Невеха Абрамовіча за пляц з домам і броварам складаў 101 злоты і 28,8 гроша. На гэтай жа юрыдыцы стаяў дом з броварам Мартхеля Янкялёвіча. Як вынікае з аналізу крыніцы, карыстальнікам аднаго з пляцаў на другой занёманскай юрыдыцы (“Juryzdyka druga na przedmieściu zaniemeńskim”) быў Гірш Янкялёвіч, які за ўчастак з домам, броварам і свірнам унёс яе уладальніку 81 злоты і 23 грошы [69]. Трэба дадаць, што паводле звестак 1790 г. заезныя дамы функцыянавалі на іншых магнацкіх юрыдыках на Занёманскім прадмесці, напрыклад, на пляцах Агінскіх, на Горніцкай (Адэльскай) знаходзіліся кормчы Вігдэра Фалішэвіча і Шмойла Моўшавіча [70].
Аб’екты, што выраблялі алкагольныя напоі, будаваліся побач з корчмамі. На гэта, напрыклад, паказвае размяшчэнне бровара “жыда Эльяша” (1772, 1783), які стаяў непадалёку ад карчмы вялікага кароннага маршалка Юрыя Мнішка на Азёрскай вуліцы, ля ўсходніх ускрайкаў горада. Вядома таксама, што Эльяш уносіў 2 злотыя пляцавага (“placowe”) і 2 злотыя і 3 грошы падымнага падатку [71].
Разгледжаныя звесткі дазваляюць зрабіць адну істотную выснову. Занёманскае левабярэжнае прадмесце Гародні было своеасаблівым вытворча-паслуговым раёнам горада. Побач з броварам, у якім выраблялася піва, яе ўладальнік узводзіў карчму, у якой рэалізоўваў прадукцыю. Дадаткова варта падкрэсліць выгаднае размяшчэнне бровараў і корчмаў побач з нёманскім перавозам, які злучаў абедзве часткі горада.
Вялікі абшар Занёманскага прадмесця займалі юрыдыкі. У другой палове XVIII ст. на ўсходнім баку занёманскага Рынку стаяў палац вялікага літоўскага гетмана Міхала Казімірa Агінскага [72]. Паводле легенды плана горада 1780 г., уздоўж Навадворскай вуліцы [73] цягнуліся ворыўныя ўчасткі, што належалі надворнаму літоўскаму маршалку Ігнацыю Патоцкаму [74]. На вуліцы Рабяёўскай ляжала юрыдыка Караля Станіслава Радзівіла, інтэгральна звязаная з прыгарадным зямельным комплексам віленскага ваяводы ў Гнойніцы.
Згодна з інвентаром 1752 г., у радзівілаўскім фальварку Гнойніца знаходзіўся стары двор, крыты дранкай і саломай. Дворык быў невялікім збудаваннем, які складаўся з наступных памяшканняў: сяней, пакоя, каморы, варыўні для захавання гародніны ды пякарні (“izba piekarniana”). На тэрыторыі сядзібы стаяў невялікі стары драўляны бровар, крыты саломай, закінуты калодзеж, на панадворку – малы свіран (“spichlerzyk”), дзе трымалі збожжа, прадукты і розныя рэчы, стайня, адрына (“odryna”), у якой захоўваліся інвентар ці корм для жывёлы, гумно (“stodoła”), дзе абмалочвалася і складвалася збожжа.
Асноўнымі відамі гаспадарчай дзейнасці ў фальварку былі жывёлагадоўля (ёсць згадкі пра кароўнік, аўчарню і хлеў), земляробства і пчалярскі промысел. Адпрацоўная рэнта падданых (6 дымоў), якія мелі па паўвалокі зямлі [75], складала шэсць дзён штотыдня, агароднікаў – адзін дзень на тыдзень. Пасяўныя плошчы засяваліся збожжавымі (жыта, пшаніца, авёс, грэчка), бабовымі (гарох, боб), тэхнічнымі (лён і каноплі) [76].
Да фальварка належала “юрыдыка на прадмесці гарадзенскім” (“Juryzdyka na przedmieściu grodzieńskim do tego pałacu i folwarku”). У двары стаяла крама. Старая карчма на беразе Нёмана выглядала наступным чынам:
стол і лавы, печка з зялёнай кафлі і другая мураваная хлебная печка з комінам. Побач знаходзіўся стары бровар, два свірны, якія, напэўна, выконвалі функцыю складскіх памяшканняў. Непадалёку ад берага Нёмана, побач з паромам, была пастаўлена новая карчма. Акрамя таго, у комплекс уваходзілі вадзяны млын і два ветракі.
Можна меркаваць, што менавіта вытворча-паслуговая дзейнасць была адной з галоўных крыніц даходу юрыдыкі. Корчмамі валодалі Файвіш Шаёвіч і Мордух Марковіч, нядаўна аселыя на юрыдыцы. Ёсь Юдкавіч валодаў “домікам з сенямі накшталт заезнага” (“domek z sienią per modum wjeznego”). Яшчэ чацвёра карыстальнікаў пляцаў юрыдыкі ў момант складання інвентару будаваліся. За кожны дым штогод карыстальнікі пляцаў уносілі па 10 злотых грашовай рэнты. Хрысціянскае насельніцтва юрыдыкі (13 дымоў) было перапісана асобна. Трэба заўважыць, што адзін з пляцаў, названы Александравічоўскім, размяшчаўся на супрацьлеглым, правым, беразе Нёмана. Юрыдычане былі абавязаны выконаць наступныя павіннасці: улетку, пад час жніва, адпрацоўваць сем дзён, вартаваць палац, разносіць пошту, наглядаць за плытамі і млынамі [77].
Штогадовы даход (“intrata roczna”) фальварка з юрыдыкай склаў 799 злотых і 24 грошы. Звяртае ўвагу той факт, што чынш карчмароў ці рамеснікаў быў невысокі. У сваю чаргу з арэнды скарбовай карчмы было атрымана 100 злотых, а з арэнды парома з карчмой, што стаяла побач, – ажно 600 злотых. У “Summaryuszy generalnej intraty rocznej” адсутнічаюць звесткі пра даход з млыноў, які, як было адзначана, “у верныя рукі ададзены” і будзе весціся паводле рахункаў адміністратара [78].
Гэты на першы погляд сухі пералік фактаў дазваляў зрабіць высновы пра магчымыя гандлёвыя кантакты радзівілаўскай гаспадаркі з горадам і яго навакольнымі населенымі пунктамі. Па-першае, даходным артыкулам была прадукцыя фальварачных бровараў, якая, што падаецца лагічным, пастаўлялася ў занёманскія корчмы. Як відаць, найбольшыя фінансавыя паступленні ішлі ў скарб Радзівілаў з транспартных і сельскагаспадарчых паслуг (пераправа цераз раку і памол збожжа ў млынах).
Можна дапускаць, што мёд прадаваўся рэчыцкаму харужаму Тадэвушу Даўнаровічу, які валодаў мядовым складам на Лабенскай вуліцы, на Занёманскім прадмесці, г. зн. побач з валоданнямі Радзівілаў [79]. На думку Тэрэзы Зяліньскай, прадукты сельскай і рыбнай гаспадаркі маглі ісці на стол радзівілаўскага палаца ў Гародні, у меншай ступені – на продаж [80]. Разам з тым, у фінансава-справаздачных дакументах радзівілаўскіх юрыдык 29 снежня 1794 г. занатавана, што з прададзенага мёду ў скарб Дамініка Радзівіла было ўнесена 202 злотыя і 7 грошаў [81].
Факт валодання нерухомай маёмасцю азначаў не толькі атрыманне даходаў і назапашванне прыбыткаў, але ў першую чаргу патрабаваў ад яе ўладальніка аплаты падаткаў і, вядома, немалых капіталаўкладанняў і выдаткаў на яе ўтрыманне (апарат кіравання ці кошты рамонтаў).
На жаль, пра расходы сярэднезаможнай шляхты, якая валодала ў горадзе нерухомай маёмасцю, матэрыялаў захавалася няшмат. Магчыма, калі сядзіба складалася з аднаго пляца і была занятая дворыкам ды нешматлікімі гаспадарчымі пабудовамі, уладальнік, будучы яе асноўным карыстальнікам, мог без праблем, самастойна вырашаць усе арганізацыйныя справы ды гаспадарчыя пытанні. Куды больш можна сказаць пра механізм арганізацыі і ўтрымання магнацкіх пасэсій.
На чале кіраўнічага апарату сядзібы ў навачаснай Гародні знаходзіўся адміністратар, які называўся мурграфам ці бурграфам. Напрыклад, у 1803 г. мурграфам палаца Агінскіх быў Бяляўскі [82], палаца генерала артылерыі Аляксандра Сапегі – Тадэвуш Вяжбоўскі, а бурграфам палаца Сангушкаў-Патоцкіх у XVIII ст. – Міхал Дамброўскі [83]. У 1726 г. адміністратарам гарадзенскага палаца Паўла Караля Сангушкі стаў мешчанін Юзаф Судан, аўтар інвентару сядзібы, які штогод меў атрымоўваць 250 злотых [84]. Па звестках 1794 г., дворыкам маршалка Лідскага павета Александровіча таксама кіраваў бурграф [85]. У 1794 г. Міхал Паплаўскі быў названы ўпаўнаважаным канюшага вялікага літоўскага Дамініка Александровіча [86].
Асоба, якая загадвала пасэсіяй, магла называцца “гаспадаром”. Напрыклад, у інвентары дворыка літоўскай канюшанкі княгіні Караліны Радзівіл у 1678 г. быў згаданы “gospodarz” [87]. У 1740 г. згадваецца “гаспадар” (“gospodarz Karol Eohler”) палаца з юрыдыкай падскарбія надворнага літоўскага Юзафа Францішка Сапегі на Падольскай вуліцы. У інвентары пасэсіі, які датуецца 1745 г., быў названы юрыдычанінам і наглядчыкам палаца (“juryzdyczanin i dozorca tego pałacu)”. У яго абавязкі ўваходзіў нагляд за станам пабудоў і садам [88].
Даволі разгалінаваным быў адміністрацыйны апарат комплексу нерухомай маёмасці Караля Станіславa Радзівіла і яго пляменніка Дамінікa Радзівілa. Гэты апарат, згодна з дадзенымі 1784 г., узначальваў намеснік палацаў і юрыдык Ян Гурскі [89]. Намеснікі былі ў паасобных радзівілаўскіх палацаў. У 1794 г. пасаду намесніка палаца, што стаяў на Рынку, займаў Іеранім Абраміцкі [90].
Адшуканыя крыніцы дазваляюць правесці рэканструкцыю структуры адміністрацыйнага апарату фальварка Гнойніца і занёманскай юрыдыкі. Так, у 1752 г. ім загадваў адміністратар Сяліцкі (“Pan Sielicki administrator folwarku Gnojnica i całej juryzdyki”). Свайго войта мелі хрысціянскія жыхары занёманскай юрыдыкі: “Васіль Зянкевіч войт” [91]. У адным з фінансавых дакументаў канца XVIII ст. былі пералічаны заробкі службовага занёманскага “рылавецкага” палаца: дзясятніка – 24, вартаўніка – 240, мурграфа – 120, намесніка Абраміцкага – 800 злотых [92].
У апошняй частцы інвентару фальварка Гнойніца 1752 г. змешчаны кампетэнцыі адміністратара. Так, у адпаведнасці з “Punktami…”, апошняму перадавалася поўнае кіраванне фальваркам Гнойніца і юрыдыкай, гаспадарчы парадак і ўраджай (“porządek gospodarki i krescencja”).
У яго задачы ўваходзіла ахова межаў уладанняў, развіццё бортніцтва і рыбнай гаспадаркі, за якой наглядаў садоўнік і за якую павінен атрымліваць “страўнае” (“strawne”), здача ў наймы свірнаў і пляца на Падоле. Адміністратар не меў права пашыраць павіннасны цяжар, быў абавязаны дапамагаць жыхарам юрыдыкі звяртацца да ўладальніка са скаргамі, клапаціцца пра стан млыноў, арандаваць і дбаць пра плыты на Нёмане ды стан карчмы [93].
У 1795 г. на чале адной з юрыдык віленскага біскупа Ігнацыя Масальскага, што размяшчалася на Скаліманаўскай вуліцы, таксама стаяў войт Ежы Кшыштафовіч (“Jerzy Krzysztofowicz wójt nie płaci”), які, што цікава, не плаціў уладальніку чынш [94].
Надзвычай цікавая крыніца – прыходна-расходныя дакументы магнацкіх юрыдык. Напрыклад, у рахунку прыходаў і расходаў палаца і юрыдык падкаморыча Дамініка Радзівіла (“Rachunek percepty i expensy z pałacu i jurydyk grodzieńskich JOX Dominika Radziwiłły podkomorzyca litewskiego”) у перыяд ад 30 сакавіка 1793 да 1 студзеня 1795 г. падрабязна распісана выдаткаванне сродкаў: на “выціранне” комінаў, рамонт кавалямі замкоў і клямак ці выраб ключоў, рамонт мулярам даху і комінаў, абкладанне печаў вогнетрывалай цэглай, а таксама направу вадасцёкавых труб і іх ачыстку, выраб новых шыбаў шкляром ці новых ліхтароў бляхаром. Агульным чынам выдаткі ўладальніка (“expensa”) склалі 4534 злотыя і 12 грошаў, з чаго ў скарбе засталося 207 злотых і 16 грошаў 15 дынарыяў [95].
Прыходна-расходная ведамасць утрымання палаца Дамініка Радзівіла за 1795–1797 г. складалася з расходнай часткі. У ёй улічаны выдаткі рамонтаў палаца (кошт працы рамеснікаў ды будаўнічых матэрыялаў), зафіксаваны сродкі, унесеныя наймальнікамі падвальных памяшканняў, выдаткі на асвятленне палаца ліхтарамі, а таксама на ўтрыманне пустога палаца Радзівілаў за Нёманам [96].
Адным з галоўных падаткаў у Рэчы Паспалітай, які складаў значную частку паступленняў скарбу, было падымнае [97]. У Вялікім Княстве Літоўскім падатак збіраўся з паасобнай сядзібы ў залежнасці ад яе характару, у адрозненне ад Польшчы, дзе падымны падатак налічаўся ад колькасці комінаў на даху дома.
Згодна з тарыфам падымнага падатку Гародні 1775 г., шляхецкія ўладальнікі гарадскіх сядзіб былі абавязаны ўносіць штогод: 50 злотых (мураваныя ці драўляныя палацы Бжастоўскіх, Радзівілаў, Масальскіх, Жавускіх), 30 злотых (камяніцы Тызенгаўза і Вольмера, карчма Сангушкі ў Рынку), 12 злотых (дворык Агінскага за Нёманам ці Стрыенскіх, карчма Валя), 4 злотыя (дом літоўскага канюшага Александровіча). Падымнае плацілі таксама карыстальнікі юрыдыкавых пляцаў. Памеры падымнага вагаліся. Напрыклад, за дамы і камяніцы жыхары юрыдыкі Масальскіх на Замкавай вуліцы ўносілі ад 4 да 30 злотых. Але, як правіла, юрыдычане ўносілі па 4 злотыя (юрыдыкі Масальскіх і Александровічаў на Скаліманаўскай вуліцы) [98]. У прыходна-расходную ведамасць утрымання палаца Дамініка Радзівіла на Рынку была ўнесена графа: “на публічныя падаткі”, што, відаць, сведчыла пра падымнае за 1795–1797 г. [99].
Існавалі асобныя гарадскія плацяжы, іх былі абавязаны ўносіць шляхцічы, якія будаваліся на гарадскіх пляцах. Такім чынам, гэтыя сродкі папаўнялі бюджэт горада, складаючы яго “prowent”, г. зн. даход. У 1775 г. быў складзены “Dyspartyment Szlach[etnego] Magistratu Grodzień[skiego] na podatek miejski z placów miejskich”, у якім можна сустрэць наступныя фармулёўкі: “place miejskie, na których dwór JW. JP Aleksandrowicza podkomorzego pttu lidzkiego”, “place miejskie, na których pałac JO Xiążąt Sanguszków”, “place miejskie officinami JOO Xiążąt Czartoryskich woj[ewo] dów ruskich zabudowane” [100]. У “Dyspartymencie prowentów miasta JKMśći Grodna na ratą marcową…” 1783 г. асобна ўведзены дзве графы: “placowe” і “podymne”. Такім чынам, “пляцавы” быў мясцовым гарадскім падаткам, які ўносіўся ад карыстальнікаў участкаў, якія ўваходзілі ў склад гарадскога зямельнага фонду. Напрыклад, пляцавае з рынкавых сядзіб Тызенгаўза, Сангушкі склала 8 злотых. За тры пляцы, на якіх быў пастаўлены палац Сангушкаў, было налічана 12 злотых, а за гарадскі ўчастак у Нямецкім рынку, забудаваны дворыкам Ваўкавыцкага – 4 злотыя [101].
Падсумаванне
Генезіс гарадскіх зямельных комплексаў шляхты здаўна прыцягваў увагу даследчыкаў. Разам з гісторыяй узнікнення і развіцця тых ці іншых юрыдык нельга не заўважыць, што не меншага вырашэння патрабуе пытанне арганізацыйна-эканамічнага аспекту іх дзейнасці.
Не выклікае сумнення, што гарадская нерухомая маёмасць у перыяд Новага часу прыцягвала прадстаўнікоў шляхецкага саслоўя. Гарадскія пляцы былі аб’ектам капіталаўкладання, што вынікала з розных прычын. Сказанае схіляе да думкі аб неабходнасці высвятлення праблемы прычыннай абумоўленасці гэтай з’явы. Адказ на гэтае пытанне нельга лічыць адназначным і ў выпадку Гародні абмяжоўваць яго соймавым характарам.
Акрамя фактару прэстыжнасці ды палітычнай “прыцягальнасці”, шляхта імкнулася набываць пляцы па іншых прычынах. Паасобны забудаваны пляц мог разглядацца яго ўласнікам выключна ў катэгорыях сродку фінансавых укладанняў у мэтах узбагачэння. На карысць такой думкі сведчыць аналіз арганізацыі ўнутранай прасторы пасэсій, забудаваных дворыкамі і палацамі з комплексам гаспадарчых і вытворчых будынкаў. Гэта азначае, што функцыянальны характар сядзібы нярэдка залежаў ад непасрэдных побытавых патрэб сярэднезаможняга шляхціча, які прыязджаў у горад на соймік, вырашаў судовыя і гаспадарчыя справы. Такім чынам, горад быў не толькі рэгіянальным адміністрацыйным цэнтрам. Гарадскі рынак і яго інфраструктура выкарыстоўваліся шляхтай у мэтах рэалізацыі прадукцыі сваёй гаспадаркі на гарадскім рынку ці перасоўвання таварных плыняў па Нёмане [102]. Напэўна таму дворык ці камяніцу ў горадзе можна патлумачыць як адно са звёнаў арганізацыйна-эканамічнага цыкла шляхецкай гаспадаркі. Пытанне, у якой ступені гарадскія сядзібы прыносілі шляхце даходы, а іх утрыманне акуплялася, застаецца адкрытым і патрабуе дадатковага разгляду.
Акрамя таго, азнаямленне з даступнымі крыніцамі дазваляе зрабіць высновы, што эвалюцыя шляхецкай уласнасці ў горадзе – гэта прыклад экстрапаляцыі суадносін сілаў розных магнацкіх родаў на рынак гарадской нерухомай маёмасці, што прасочваецца на прыкладзе размяшчэння паасобных сядзіб Масевічаў ды Сапегаў.
Адначасова трэба адзначыць, што вывучаныя крыніцы могуць быць цікавымі не толькі для гісторыкаў, але і для этнографаў у плане даследавання гісторыі беларускай матэрыяльнай культуры (назвы ўчасткаў, жылых і гаспадарчых збудаванняў, мэблі, печак і агароджы), разуменне якой не павінна абмяжоўвацца прасторай вёскі [103].
[1] Аўтар артыкула выказвае шчырую ўдзячнасць за дапамогу ў пошуках матэрыялаў і каштоўныя парады Дамінінкасу Бурбу, Герману Брэгеру і Андрэю Мацуку.
[2] Mazurkiewicz J. Jurydyki lubelskie. Wrocław, 1956. S. 59; Карпачёв А. Феодальные юридики в королевских городах Белоруссии XVII–XVIII веков // Советское славяноведение. 1968. № 6. С. 29, 37; Kulejewska-Topolska Z. Struktura prawna aglomeracji osadnіczej Poznania od XV do końca XVIII wieku. Poznań, 1969, s. 18–19; Капыскі З. Юрыдыкі // Вялікае Княства Літоўскае: энцыклапедыя. Т. 2. Мінск, 2006. С. 772.
[3] Zielińska T. Szlacheccy właściciele nieruchomości w miastach XVIII w. Warszawa – Łódź, 1987. S. 3.
[4] Літоўскі дзяржаўны гістарычны архіў (далей ЛДГА). Ф. 1282, воп. 1, спр. 5820; Старажытныя акты (далей СА), 4057.
[5] Ксёндз Ян Непамуцэн Кадлубоўскі, выкладчык гарадзенскай школы Адукацыйнай камісіі (ЛДГА, ф. 11, воп. 1, спр. 123, (СА 2780), арк. 84; Аддзел рукапісаў Бібліятэкі Вільнюскага ўніверсітэта, F 2 DC 96, арк. 4).
[6] Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (далей НГАБ). Ф. 1761, воп. 1, спр. 13, арк. 197–199; Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy. T. II. Województwo trockie XIV–XVIII wiek, red. A. Rachuba, opr. H. Lulewicz, A. Rachuba, P. Romaniuk, A. Haratym, współpr. A. Macuk, A. Aniszczanka. Warszawa, 2009. S. 324.
[7] Фрагмент сучаснай вуліцы Сацыялістычнай паміж вуліцамі Свярдлова і Карла Маркса.
[8] Сучасная назва – вуліца Свярдлова.
[9] Сучасная назва – вуліца Маладзёжная.
[10] НГАБ, ф. 1761, воп. 1, спр. 16, арк. 1173–1174.
[11] Тамсама, спр. 15, арк. 575–577.
[12] Тамсама, спр. 16, арк. 361–362, 713–714.
[13] ЛДГА, ф. 1282, воп. 1, спр. 2325, арк. 1–2.
[14] Wasilewski T. Kierdej Jan Kazimierz // Polski Słownik Biograficzny. T. XII. Wrocław, 1966–1967. S. 425–426; Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy. T. II. S. 128.
[15] Бібліятэка АН Літвы імя Урублеўскіх. F 18-134, арк. 25, 27.
[16] Wasilewski T. Mosiewicz (Moszewicz) Aleksander // Polski Słownik Biograficzny. T. 22. Wrocław, 1977. S. 38–40.
[17] Volumina legum. T. V. Petersburg, 1860. S. 312.
[18] Галоўны архіў старажытных актаў у Варшаве (далей ГАСА), Архіў Радзівілаў (далей АР), аддз. XVIII, 323, арк. 9–12.
[19] Станіслаў Казімір Радзівіл са старшай лініі Клецкай лініі быў стольнікам у 1670–1680 г. (Zielińska T. Poczet polskich rodów arystokratycznych.Warszawa, 1997. S. 317).
[20] ГАСА, АР, аддз. XVIII, 323, арк. 9–12.
[21] Фаска – мера аб’ёму і масы, у дадзеным выпадку невялікая бочка (польск. fasza, ням. fass).
[22] Шафлік – драўляная ёмістасць з круглым днішчам (польск. szaflik, ням. Schaffel).
[23] ГАСА, АР, аддз. XVIII, 323, арк. 21–25.
[24] Жонка Аляксандра Гераніма Валовіча, плацельскага старасты і літоўскага стальніковіча, гарадзенскага харужага (1678–1681) (Urzędnicy centralni i dostojnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego XIV–XVIII wieku, opr. H. Lulewicz i A. Rachuba. Kórnik, 1994. S. 242).
[25] ГАСА, АР, аддз. XVIII, 305, арк. 366; Urzędnicy centralni… S. 46; Zielińska T. Poczet… S. 320; Міхал Казімір Радзівіл, падканцлер і палявы гетман літоўскі (1635–1680) ажаніўся з Катажынай з Сабескіх Заслаўскай (пам. 1694) (T. Zielińska, Poczet… S. 320).
[26] ГАСА, АР, аддз. XVIII, 323, арк. 17–18.
[27] Молчанова Л. Очерки материальной культуры белорусов XVI–XVIII вв. Минск, 1981. С. 18–31; Лакотка А. Пад стрэхамі прашчураў. Мінск, 1995. С. 169–192.
[28] Zielińska T. Szlacheccy właściciele… S. 47.
[29] Zielińska T. Poczet… S. 56.
[30] ГАСА, АР, аддз. XVIII, 323, арк. 221–222.
[31] ЛДГА, ф. 1274, воп. 1, спр. 61, арк. 52.
[32] Тамсама, арк. 58–59.
[33] Кулагин А. Архитектура дворцово-усадебных ансамблей Белоруссии. Минск, 1981. С. 39.
[34] Навуковая бібліятэка ПАУ і ПАН у Кракаве (далей НБ ПАУ і ПАН у Кракаве), № 5885, арк. 42–43.
[35] Тамсама, арк. 50адв.
[36] Zielińska T. Szlacheccy właściciele… S. 50; Lileyko J. Przebudowa grodzieńskich pałaców Batoriańskiego i Sapieżyńskiego na gmach sejmowy w 1717–1718 roku // Między Padwą a Zamościem. Studia z historii sztuki i kultury ofiarowane Profesorowi Jerzemu Kowalczykowi. Warszawa, 1993. S. 263–282; Jamski P. J. Pałace niedoszłego króla. Artystyczne przygotowania Kazimierza Jana Sapiehy do sejmu grodzieńskiego w roku 1693 // Studia nad sztuką renesansu i baroku. T. VI. Lublin, 2005. S. 53–82; Ямскі П. Я. Палацы прэтэндэнта на каралеўскі трон. Мастацкая падрыхтоўка Казіміра Яна Сапегі да гарадзенскага сойма 1693 года // Гарадзенскі гадавік. Гродна. № 1. 2012. С. 26–49.
[37] Надзвычай скрупулёзную рэканструкцыю палацавага будаўніцтва правёў Адам Пэрлакоўскі (Perłakowski A. Dole i niedole budowniczych pałacu Sanguszków w Grodnie w latach 1724–1726 // Białoruskie Zeszyty Historyczne. 2008. № 30. S. 41–58).
[38] Zielińska T. Szlacheccy właściciele… S. 49, 72, 74.
[39] НГАБ, ф. 1761, воп. 1, спр. 16, арк. 271–273.
[40] ЛДГА, ф. 1285, воп. 1, спр. 243.
[41] ЛДГА, ф. 1274, воп. 1, спр. 61, арк. 77адв.
[42] НБ ПАУ і ПАН у Кракаве, № 4501, арк. 17адв.
[43] Тамсама, № 5745, арк. 28–28адв.
[44] Perłakowski A. Dole… S. 57.
[45] НГАБ, ф. 1761, воп. 1, спр. 13, арк. 350.
[46] Тамсама, арк. 890.
[47] Тамсама, спр. 16, арк. 139–140, 303.
[48] ЛДГА, ф. 459, воп. 1, спр. 1495, арк. 4.
[49] НБ ПАУ і ПАН у Кракаве, № 4508, арк. 7.
[50] Komissya Porządkowa i Cywilno-Wojskowa powiatu grodzieńskiego z 6 lipca 1790 r. k. F (Аддзел старадрукаў Бібліятэкі Вільнюскага ўніверсітэта, № 17628).
[51] ГАСА, АР, аддз. XVIII, 322, с. 5; Zielińska T. Szlacheccy właściciele… S. 68.
[52] Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy. T. II. S. 301.
[53] Zielińska T. Szlacheccy właściciele… S. 66.
[54] ЛДГА, ф. 459, воп. 1, спр. 1496, арк. 3.
[55] ЛДГА, ф. 1029, воп. 1, спр. 191; ф. 1280, воп. 1, спр. 511, арк. 11.
[56] ЛДГА, ф. 459, воп. 1, спр. 1496, арк. 3; Zielińska T. Szlacheccy właściciele… S. 74.
[57] НБ ПАУ і ПАН у Кракаве, № 4501, арк. 17, 18.
[58] ЛДГА, ф. 459, воп. 1, спр. 1496, арк. 3.
[59] Тамсама, ЛДГА, СА 11649.
[60] ЛДГА, ф. 1280, воп. 1, спр. 511, арк. 9адв, 10адв, 11.
[61] ЛДГА, ф. 459, воп. 1, спр. 1496, арк. 3.
[62] Kościałkowski S. Antoni Tyzenhauz podskarbi nadworny litewski. T. 1. Londyn, 1970. S. 519.
[63] НБ ПАУ і ПАН у Кракаве, № 568, арк. 75–77.
[64] ЛДГА, ф. 1029, воп. 1, спр. 191, арк. 1–2.
[65] НГАБ, ф. 1761, воп. 1, спр. 16, арк. 425–427.
[66] Gordziejew J. Socjotopografia Grodna w XVIII w. Toruń, 2002. S. 72–79; Гардзееў Ю. Магдэбургская Гародня (сацыяльная тапаграфія і маёмасныя адносіны ў XVI–XVIII ст.). Гародня – Wrocław, 2008. С. 45–46, 306–309, 323–325.
[67] Zielińska T. Szlacheccy właściciele… S. 73.
[68] ЛДГА, СА 11649.
[69] ЛДГА, ф. 1280, воп. 1, спр. 511, арк. 9адв, 10адв, 11.
[70] ЛДГА, СА 11649.
[71] ЛДГА, СА 3862, арк. 13адв, 69адв; Акты, издаваемые Виленскою археографическою комиссиею. Т. VII. Акты Гродненского гродского суда. Вильно, 1874. С. 290.
[72] Расійскі дзяржаўны ваенна-гістарычны архіў (далей РДВГА у Маскве), ф. 846, воп. 16, спр. 21872; ЛДГА, СА 11649.
[73] Сучасная вуліца Гагарына.
[74] РДВГА, ф. 846, воп. 16, спр. 21872.
[75] Зямельны надзел сялян складала ½ валокі (Козловский П. Крестьяне Белоруссии во второй половине XVII–XVIII в. (по материалам магнатских вотчин). Минск, 1969. С. 55).
[76] ГАСА, АР, аддз. XVIII, 323, арк. 223–225.
[77] ГАСА, АР, аддз. XVIII, 323, арк. 227–233.
[78] Тамсама, арк. 231–233.
[79] [Spis mieszkańców Grodna w 1794 r.] // Grodno w XVIII wieku. Miasto i ludność (na tle trendów rozwojowych od średniowiecza do 1939 roku), red. A. Woltanowski i J. Urwanowicz. Białystok, 1997. S. 144.
[80] Zielińska T. Szlacheccy właściciele… S. 50.
[81] ЛДГА, ф. 459, воп. 1, спр. 1496, арк. 3.
[82] НБ ПАУ і ПАН у Кракаве, № 5885, арк. 50.
[83] НГАБ, ф. 1761, воп. 1, спр. 13, арк. 890; [Spis…]. S. 68, 69, 83, 89, 91; Рябинин И. Архив Царства Польского. Москва, 1914. С. 72.
[84] Perłakowski A. Dole… S. 57.
[85] НГАБ, ф. 1761, воп. 1, спр. 13, арк. 890; [Spis…]. S. 68, 69, 83, 89, 91; Рябинин И. Архив… С. 72.
[86] НГАБ, ф. 1761, воп. 1, спр. 16, арк. 361–362.
[87] ГАСА, АР, аддз. XVIII, 323, арк. 21–25.
[88] ГАСА, Роскі архіў, 768, арк. 75, 77.
[89] У крыніцах XVIII ст. згадваецца “намеснік юрыдык” у Вільні, якія належалі віленскаму ваяводу Радзівілу (ЛДГА, СА 4540, арк. 8).
[90] ЛДГА, ф. 459, воп. 1, спр. 1496.
[91] ГАСА, АР, аддз. XVIII, 323, арк. 228, 231.
[92] ЛДГА, ф. 459, воп. 1, спр. 1495, арк. 7.
[93] ГАСА, АР, аддз. XVIII, 323, арк. 231–233.
[94] НГАБ, ф. 1761, воп. 1, спр. 16, арк. 427.
[95] ЛДГА, ф. 459, воп. 1, спр. 1496, арк. 3–10.
[96] ЛДГА, ф. 459, воп. 1, спр. 1495, арк. 1–6.
[97] Rybarski R. Skarbowość Polski w dobie rozbiorowej. Kraków, 1937. S. 243; Kościałkowski S. Antoni Tyzenhauz… T. 2. Londyn, 1971. S. 155.
[98] ЛДГА, ф. 11, воп. 1, спр. 18584, арк. 1–3.
[99] ЛДГА, ф. 459, воп. 1, спр. 1495, арк. 6.
[100] ЛДГА, СА 3862, арк. 3, 12адв.
[101] Тамсама, арк. 68.
[102] Zielińska T. Szlacheccy właściciele… S. 115.
[103] Сцяцко П. Народная лексіка і словаўтварэнне. Мінск, 1972.