БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Геранім Граля. Ці была Рэч Паспалітая каланіяльным утварэннем?

“Д’ябал хаваецца ў дэталях…”

Фрыдрых Ніцшэ

Гэтыя развагі я пачну з апеляцыі не да моднай апошнім часам сярод навукоўцаў практыкі апісваць першую Рэч Паспалітую праз прызму посткаланіяльнай тэорыі, а да падзеі, якая мела шырокі розгалас у польскіх СМІ. Так, 7 кастрычніка 2015 г. папулярная пісьменніца Вольга Такарчук, даючы інтэрв’ю тэлеканалу “TVP Info” (праграма “Пасля восьмай вечара”) з нагоды ўручэння ёй літаратурнай прэміі “Ніке”, зрабіла наступную заяву: “Мы прыдумалі сабе гісторыю Польшчы як талерантнай, адкрытай краіны, краіны, якая ва ўзаемаадносінах са сваімі меншасцямі нічым сябе не запляміла. Тым часам мы рабілі жудасныя рэчы, выступаючы як каланізатары, як нацыянальная большасць, што прыгнятала меншасці, як рабаўладальнікі”. Гэтае інтэрв’ю інспіравала шалёную атаку на пісьменніцу з боку многіх палітычных асяродкаў –асабліва нацыянальна-кансерватыўнага крыла, выклікала хвалю несканчонага флэйму, а таксама прымусіла сяго-таго выступіць з канкрэтнымі захадамі, накіраванымі на пакаранне пісьменніцы, напрыклад заявай аб пазбаўленні яе статусу ганаровага грамадзяніна яе роднага горада Нова Руда [1].

У ходзе гарачай палемікі большасць дыскутантаў, аднак, выпусцілі з-пад увагі той відавочны факт, што высновы Такарчук не былі яе асабістай выдумкай ці праекцыяй упарта прыпісваных ёй “антыпольскіх забабонаў”, а грунтаваліся на гістарычных ведах, здабытых, відаць, у час карпатлівай працы над “Якубавымі хронікамі”, а значыць, на поглядах вучоных.

Так, ужо працяглы час пазіцыю, блізкую да агучаных пісьменніцай высноў, што выклікалі такое моцнае абурэнне, займае значная колькасць спецыялістаў у галіне польскіх гуманітарных навук (асабліва актыўна адстойвае яе кракаўскі даследчык Ян Сова [2]). Аналагічная мадэль ахвотна бярэцца на ўзбраенне і ўкраінскай гістарыяграфіяй (гл., напрыклад, публікацыі Яраслава Грыцака), а таксама карыстаецца падтрымкай шанаваных у нас замежных аўтарытэтаў (у прыватнасці, Даніэля Бавуа). Выдатным прыкладам гэтай з’явы можа быць хоць бы інтэрв’ю Я. Грыцака Катажыне Венжык пад красамоўнай назвай “Для нас пекла, для вас рай”. Львоўскі даследчык звяртаецца ў ім да характэрных элементаў посткаланіяльнага дыскурсу, бязлітасна дэканструюючы польскі міф вакол “крэсаў”: «Што датычыць міфа пра “ўсходнія крэсы”, мне найбольш блізкі падыход французскага гісторыка Даніэля Бавуа, якому спадчына Польшчы на “крэсах” нагадвае стаўленне Францыі да краін Магрыба». Вінавацячы польскі бок у непрыхавана жорсткім каланіялізме, гэты даследчык працягвае: “А каланіялізм заўсёды так падбірае словы, каб паказаць, што гэта не захоп, не гвалт, а ўсяго толькі цывілізацыйная місія. <…> Гэта тыповы дыскурс каланізатараў. Гэтаксама пішуць французы пра Алжыр ці брытанцы пра Індыю” [3].

Што ж, паспрабуем спачатку правесці параўнанне з французска-брытанскай аналогіяй. Пры супастаўленні з красамоўным матэрыялам першакрыніц гэтае эфектнае параўнанне выглядае цалкам прыцягнутым за вушы, асабліва ў дачыненні да перыяду даўняй Рэчы Паспалітай. Ужо неаднаразова адзначалася, што само пашырэнне межаў Рэчы Паспалітай на ўсход было пазбаўлена гэтага першароднага граху каланіялізму – заваёўніцтва. Слушна заўважае К. Кёлер: «Вось жа, не ведаю, на якой падставе можна гаварыць аб тым, што было польска-літоўскай уніяй, у катэгорыях каланіялізму. Наколькі мне вядома, гэтая унія была вынікам доўгага і складанага палітычнага працэсу, і мне нічога не вядома (а можа, Такарчук ведае?) ні пра якае ўзброенае ўмяшанне: каронныя войскі не ўвайшлі на тэрыторыю ВКЛ, не адбылося замены адміністрацыі або валюты, не былі навязаны намеснікі і г. д.

Проста была заключана унія. <…> Мабыць, я памыляюся, бо не надта добра вучыўся, але ж у гістарычных кнігах і крыніцах я прачытаў, што за унію з Рэччу Паспалітай актыўна выступала русінская шляхта, г. зн. частка шляхты ВКЛ, якая бачыла ў ёй шанец увайсці ў прававую арбіту Каралеўства Польскага, то бок вырвацца з-пад моцнай рукі літоўскіх магнатаў і трапіць, як казаў Норман Дэвіс, у “шляхецкі рай”» [4].

Вышэйпрыведзеную выснову можна падмацаваць, указаўшы на значную – і, магчыма, вырашальную пры тагачасным палітычным раскладзе – заслугу русінскай шляхты ў тым, што Люблінская унія 1569 г. насуперак абструкцыі ліцвінаў была падпісана, што, зрэшты, добра пацвярджае вядомы факт склікання валынскай шляхтай пад час бескаралеўя 1572 г. канфедэрацыі для абароны здабыткаў уніі (г. зн. дзеля захавання паўднёвых ваяводстваў у складзе Кароны), часткова ў адказ на рэвізіянісцкія памкненні нядаўніх землякоў-ліцвінаў… Дзеля ісціны варта таксама прыгадаць, што сама ідэя перадачы Кіеўскага ваяводства ў склад Кароны была вылучана ў час Люблінскага сойма 1569 г. зусім не палякамі, а прадстаўнікамі русінскай валынскай шляхты [5]!

Упартае прыцягненне французска-брытанскіх аналогій і раздзіманне маштабаў уяўнай экспансіі польскай шляхты на ўкраінскія землі было апошнім часам даведзена калі не да абсурду, дык да маштабаў, якія залежаць толькі ад добрасумленнасці канкрэтнага даследчыка. Так, паводле эфектнай фармулёўкі Совы, гэта была наогул своеасаблівая “польская крэсавая кампанія” [6], якая, калі прыгледзецца бліжэй – ці проста пачытаць крыніцы, –выяўляецца, як ні дзіўна, зусім не польскай! Застаецца пашкадаваць, што цытаваныя даследчыкі пакінулі па-за ўвагай грунтоўныя пярэчанні Стэфана Кяневіча на адрас высноў Бавуа, выказаныя – падкрэслім – яшчэ 30 гадоў таму, але дагэтуль актуальныя: «Карціна польскага жыцця на Украіне <…> не зусім адпавядае рэальнасці. Так, спрошчаным выглядае падзел насельніцтва Украіны на паноў – прышэльцаў з Польшчы – і падданых – мясцовых сялян. Па-першае, русінскае паходжанне мелі не толькі два-тры даўно паланізаваныя княскія роды, але і вялікая колькасць сярэднезаможнай шляхты, пра што сведчаць яўна русінскія прозвішчы яе прадстаўнікоў: Бернатовічы, Букары, Выгоўскія, Галавінскія, Гулевічы, Іваноўскія, Кацюжынскія, Лянкевічы, Маргульцы, Падгарадзенскія, Юрэвічы – пералік можна было б доўжыць дзясяткамі. Калі ўлічыць іх продкаў па жаночай лініі, можна дапусціць, што значная частка крэсавай шляхты магла пачувацца “тутэйшаю” на працягу стагоддзяў. Па-другое, з Польшчы ў XV ст. прыбываў не толькі шляхецкі, але і сялянскі элемент – уцекачы, перасяленцы. Гэтае насельніцтва кампенсавала чалавечыя страты ў краі, спустошаным крымска-татарскімі набегамі. Сляды гэтай міграцыі відаць і ў XIX ст. у выглядзе так званых “мазураў” – яшчэ каталікоў, але ўжо абруселых; куды большая частка каланістаў прынялі ўсходні абрад і зліліся з мясцовым насельніцтвам. Моўны падзел на Украіне далёка не адразу супаў з класавым, а таму цяжка прыраўноўваць (як робіць аўтар на с. 4) тамтэйшыя ўзаемаадносіны да антаганізму паміж французамі і арабамі ў Алжыры» [7.

Сапраўды, цяжка прызнаць аб’ектам і ахвярай каланіяльнай экспансіі тых, каго класік украінскай нацыянальнай гістарыяграфіі Міхайла Грушэўскі трапна назваў “удзельнымі князямі новай эпохі” і чые прадстаўнікі – русінскія князі Астрожскія, Заслаўскія, Збаражскія, Сангушкі, Вішнявецкія і Карэцкія – у 1569–1648 г. займалі ў Сенаце Рэчы Паспалітай аж 21 месца! Дадамо таксама, што іх каланізатарская дзейнасць у выглядзе масавага выкарыстання паслуг хоць і паланізаваных, але чыста русінскіх паводле свайго паходжання кліентаў з Кароннай Русі, гэтых “галіцкіх паноў”, нярэдка ацэньваецца як фактар, што фактычна спрыяў кансалідацыі ўкраінскай нацыі – шляхам своеасаблівай “сустрэчы Русі з Руссю” (Н. Якавенка) [8]!

Займаючыся гісторыяй ужо шмат дзесяцігоддзяў, я нязменна трымаюся думкі (якая мяжуе з перакананасцю), што навуковую гіпотэзу можна сфармуляваць і даказаць выключна на аснове праўдзівых дакументальных пасылак: памылковыя дапушчэнні непазбежна вядуць да памылковых вывадаў, у выніку чаго канчатковыя высновы разыходзяцца з праўдай. А таму ацэнім, як выглядае ў супастаўленні з матэрыялам першакрыніц якасць аргументацыі, да якой звяртаюцца прыхільнікі меркавання пра каланіяльны характар першай Рэчы Паспалітай. Пачнем з працы, якая сёння карыстаецца найбольшай папулярнасцю і найшырэй абмяркоўваецца, – “Фантомнага цела караля” Яна Совы. Дык вось: тэорыя сармацкай экспансіі, якая давала польскай шляхце доказы на карысць яе вышэйшасці над іншымі сацыяльнымі групамі і, на думку аўтара, фактычна служыла каланізацыйнай праграмай (262), не была ўнікальнай з’явай у сацыяльным кантэксце эпохі феадалізму – дастаткова прыгадаць упэўненасць літоўскай шляхты ў сваім паходжанні ад старажытных рымлян (“Мы шляхта старая рымская, а палякі – людзі простыя”); у гэтым выпадку, зрэшты, падкрэслівалася вышэйшасць не над прадстаўнікамі “сацыяльных нізоў”, а над “панамі-братамі» з Кароны. Мабыць, такая ўпэўненасць па аналогіі павінна сведчыць пра існаванне асобнага літоўскага каланіялізму, прычым скіраванага… супраць палякаў?

Дэманструючы крытычнае стаўленне да самога паняцця “шляхецкай дэмакратыі” (289–290) і падкрэсліваючы адсутнасць у ёй сацыяльнай інклюзіі, аўтар пакідае па-за сваёй увагай вельмі істотную акалічнасць, а менавіта выключную для тых часоў прадстаўнічасць шляхецкага саслоўя, якое панавала ў Рэчы Паспалітай: яно складала 8–10 % ад ліку насельніцтва і ўключала ў сябе ўсе эліты далучаных правінцый, незалежна ад іх нацыянальнасці і веравызнання, – феномен, які заслугоўвае глыбокага асэнсавання [9]!

Пішучы пра “адрыў Украіны ад Літвы і далучэнне яе да Польшчы” (321), аўтар, відаць, не разумее, чаго на самай справе хацела русінская шляхта. Рэч у тым, што ў Вялікім Княстве Літоўскім перад Люблінскай уніяй не толькі баяры, але і князі сутыкаліся са шматлікімі абмежаваннямі – у тым ліку канфесійнымі! – з боку прывілеяваных літоўцаў (прыгадаем скандал, звязаны з прызначэннем у 1522 г. Канстанціна Астрожскага – вядомага сваёй бездакорнай службай князя, легендарнага пераможцы маскоўскага войска ў бітве пад Оршай – на пасаду ваяводы трокскага і наданнем яму першага месца ў Радзе ВКЛ; прадстаўнікі літоўскай эліты абвінавачвалі тады Жыгімонта I у парушэнні пастаноў Гарадзельскага прывілея, паводле якога нельга было надаваць Трокскае і Віленскае ваяводствы ніякаму русіну і схізматыку [10]). Вось чаму ідэя Люблінскай уніі знайшла падтрымку не толькі ў сапраўдных лідараў тагачаснай Русі – князёў Астрожскіх, Чартарыйскіх, Вішнявецкіх і Карэцкіх, – але і ў шырокіх мас мясцовай шляхты!

Асобнага тлумачэння вымагае і наступная фармулёўка: “Займаючы літоўскія ваяводствы і выкарыстоўваючы іх як базу для далейшай экспансіі на ўсход, Рэч Паспалітая дэ-факта бярэ на сябе ролю каланізатара”. І далей: “Новых тэрыторый шукаліне на другім канцы зямлі, а тут, побач. Іх заваёўвалі, здабывалі перакупкай, палітычным торгам ці іншым спосабам уключалі ў арбіту непасрэднай залежнасці ад метрапалітальнага цэнтра (Варшавы або Масквы)” (322). Адзначу, што я не магу знайсці якое-небудзь падабенства паміж, скажам, маскоўскай экспансіяй у Сібіры і каланізацыяй Дзікага Поля. У апошнім выпадку перасяленцы – ці гэта былі казакі, ці магнаты – не зганялі з абжытых земляў карэннага насельніцтва, не падпарадкоўвалі сабе “ясачных людзей”, бо іх там папросту не было! Мала таго, іх перасяленне было карыснае для асноўнага ядра дзяржавы, бо давала магчымасць больш эфектыўна абараняць яе галоўныя цэнтры ад раптоўных набегаў татараў, якія раней бесперашкодна пранікалі праз гэтыя “нічыйныя землі”. У сваю чаргу, маскоўская экспансія, з самага пачатку разлічаная на занявольванне мясцовага насельніцтва, якое разглядалася перш за ўсё ў якасці пастаўшчыкоў футра – гэтага “пушнога золата”, без якога эканоміка Маскоўскай дзяржавы ў XVI–XVII ст. не магла нармальна функцыянаваць, – досыць моцна нагадвае заваёўванне Дзікага Захаду ў ЗША [11]. Я не магу прыгадаць якіх-небудзь тэрыторый на ўсходзе, якія Рэч

Паспалітая далучыла шляхам заваёвы, перакупкі ці палітычнага торгу… Бо тэрытарыяльны прырост дзяржавы ў выніку Дзявулінскага перамір’я (1618) і Палянаўскага міру (1634), хоць і вельмі кароткатрывалы, быў усё-такі не чым іншым, як заканамерным вяртаннем пад свой кантроль земляў, адарваных у ходзе ранейшай маскоўскай экспансіі! Дзе ж тут заваёва? Што ж маецца на ўвазе пад так званай перакупкай, наогул невядома: з аналізу Уладзіслава Гадзішэўскага вынікае хутчэй пэўная схільнасць да незразумелых саступак і беспадстаўнага карэктавання межаў акурат з боку Рэчы Паспалітай [12]. Высвятляецца таксама, што ў выпадку ўкраінскіх земляў нельга ўжыць класічную каланіялісцкую тыпалогію Юргена Остэрхамеля, бо тут мы не бачым ні масавага засялення занятых тэрыторый палякамі (“перасяленчы каланіялізм”), паколькі сярод сялян працягвалі дамінаваць русіны, ні поўнага палітычнага падпарадкавання і эканамічнай эксплуатацыі метраполіяй (“адміністрацыйны каланіялізм”), бо якраз наадварот: хутчэй мясцовыя “некаранаваныя каралі”, нярэдка русінскага паходжання, цяпер пачалі аказваць вызначальны ўплыў на лёс дзяржавы [13]!

Выкарыстанне кракаўскім даследчыкам тоеснасці “паланізацыя = каланізацыя” (322–327) вымагае бясконцай колькасці ўдакладненняў і паправак: так, намаляваная карціна польска-каталіцкага дамінавання сярод русінскіх эліт пасля Люблінскай уніі (шмат у чым перабольшаная) цалкам абыходзіць дзве надзвычай істотныя з’явы – натуральнае выміранне значнай часткі старых русінскіх эліт, а таксама адыход русінаў ад праваслаўя, прычым нярэдка пад уплывам Рэфармацыі (яскравае сведчанне чаго – знакаміты “Трэнас” Мялеція Сматрыцкага) [14]. У ходзе разважанняў забываецца, напрыклад, немалаважная выснова Генрыка Літвіна, што менавіта паўстанне Хмяльніцкага (а не палітыка Рэчы Паспалітай! – Г. Г.) канчаткова прадвызначыла акаталічванне кіеўскай і брацлаўскай шляхты, якая дагэтуль цвёрда трымалася “грэчаскай веры”, –саслоўная салідарнасць пераважыла над канфесійнай [15].

Аўтар таксама прыпісвае планаванне і каардынацыю каланізацыі Украіны нейкім неакрэсленым “цэнтральным уладам Рэчы Паспалітай” (327), ігнаруючы той відавочны факт, што значна большую ролю ў гэтым працэсе, у параўнанні з прадстаўнікамі Велікапольшчы або Куявіі, выконвалі самі русіны: так, прыведзены ім пералік родаў, якія вялі прыватныя зямельныя войны (Вішнявецкія, Астрожскія, Ружынскія, Карэцкія і Тышкевічы), складаецца выключна з магнацкіх фамілій русінскага паходжання!

На палях разважанняў пра тэмпы польскай каланізацыі абгрунтаванае здзіўленне выклікае заўвага пра тое, што ў 1569–1648 г. насельніцтва Чарнігаўшчыны вырасла ў 200–300 разоў (sic! – с. 326): па-першае, гэтыя землі знаходзіліся пад юрысдыкцыяй Рэчы Паспалітай толькі з 1618 г., таму пытанне аб складзе перасяленцаў і самім парадку засялення тэрыторый, “у Масквы забраных”, патрабуе вельмі асцярожнага падыходу. Дастаткова прыгадаць хоць бы пашыраную з’яву надання там зямельных уладанняў тым, хто вызначыўся ў барацьбе з Маскоўскай дзяржавай – як прафесійным ваярам, так і расійскім прыхільнікам “цара Уладыслава Жыгімонтавіча”, вымушаных пакінуць радзіму, –Солтыкам (Салтыковым), Трубяцкім, Гразновым і інш. [16].

Больш за тое, у святле падрабязных даследаванняў Пятра Кулакоўскага відаць, што каланізацыя Кіеўшчыны і Чарнігаўшчыны адбывалася ў вялізнай ступені сіламі русінскага этнасу – шляхты з Валыні, Рускага і Бельскага ваяводстваў (хоць таксама і з Мазовіі), сялян з Луцкага павета, Падольскага ваяводства, Мазырскага павета, Менскага і Наваградскага ваяводстваў, – што, зрэшты, абгрунтоўвае ўжыванне ўкраінскім вучоным Міколам Крыкуном паняцця “exodus maximus” для апісання гэтага працэсу, які характарызаваўся маштабным перасяленнем на ўсход акурат русінскага элемента [17]. Для параўнання – сапраўдны поспех польскага этнасу ў выцясненні карэннага русінскага насельніцтва меў месца на зусім іншай тэрыторыі і значна бліжэй да Кракава і Варшавы: гаворка тут ідзе, вядома ж, пра Бельскую зямлю, якую, аднак, даволі цяжка аднесці да “крэсаў” [18].

Выклікаюць сумненні і іншыя аргументы Совы: прыведзены ім пералік маёнткаў (328–329) пераканаўча паказвае, што большасць іх належалі шляхце русінскага паходжання (Збаражскім, Заслаўскім, Чацвярцінскім, Вішнявецкім), чаго не ў стане затушаваць нават забаўная спроба назваць сянкевічаўскага князя Ярэму “літоўскім магнатам” (sic! – с. 328). Відаць, гэта нельга назваць пераканаўчым аргументам на карысць “выцяснення карэннага насельніцтва польскім”. Нельга пагадзіцца і з дамінаваннем “польскіх каланізатараў” сярод кіеўскай шляхты: дэталізаваныя даследаванні Генрыка Літвіна паказваюць, што львіную долю соймавага прадстаўніцтва гэтага ваяводства ў 1569–1648 г. складалі прадстаўнікі традыцыйных для гэтай мясцовасці шляхецкіх родаў русінскага паходжання, звязаных моцнымі кліентарнымі сувязямі з ключавымі княскімі фаміліямі [19].

Нарэшце, выснова, што “Рэч Паспалітая, аднак, нават глыбей, чым заходнееўрапейскія імперыі, ублыталася ў каланіялізм” (333), бо “Люблінская унія была каланіяльным актам у прамым значэнні гэтага слова, паколькі дзякуючы ёй Польшча займела новыя тэрыторыі, на якія не мела ніякіх гістарычных правоў”, тады як “Літва, інкарпараваная ў фантомнае цела караля, з незалежнага дынастычнага княства ператварылася ў правінцыю” (тамсама), эпатуе не столькі сваім іканаборчым характарам, колькі надзвычайнай недасведчанасцю ў асновах дзяржаўнага ладу Рэчы Паспалітай Абодвух Нацый. Наўрад ці дарэчна паўтараць тут агульнавядомыя звесткі пра тое, што кожная дзяржава захавала сваю асобную судовую сістэму на чале з трыбуналам, армію і скарб, асобную сістэму дзяржаўных пасад і г. д. Куды больш здзіўляе тое, што аўтар не задумваецца хоць бы над такім элементарным пытаннем: якія ж землі гэтай “літоўскай правінцыі” былі каланізаваны хцівымі жыхарамі Кароны і дзе іх варта шукаць (бо, спадзяюся, аўтар не мае тут на ўвазе шаноўных Дабрынскіх з “Пана Тадэвуша”, што верна служылі мясцоваму ўрадніку, стольніку Гарэшку – мяркуючы з прозвішча, ліцвіну русінскага паходжання…)? Бо калі без цяжкасці можна знайсці на землях Каралеўства Польскага шматлікія маёнткі Радзівілаў, Сапегаў, Пацаў, Чартарыйскіх, Агінскіх і г. д., дык прыгадаць у адказ якое-небудзь больш-менш буйное ўладанне жыхара Кароны на землях ВКЛ наўрад ці ўдасца – прычым на працягу ўсяго існавання Рэчы Паспалітай! Нельга забываць і пра разнастайныя абмежаванні, прадугледжаныя ў заканадаўстве ВКЛ супраць “чужаземцаў” [20].

Нарэшце, улюбёны прыклад аўтара і іншых аматараў паразважаць пра “каланіялізм па-польску” – заклікі Паўла Пальчоўскага да пакарэння Маскоўскай дзяржавы, якую ён параўноўваў “з тою Індыяй” (331–332). Цымус у тым, што заявы Пальчоўскага, якія ў значнай ступені тлумачыліся яго асабістым вельмі непрыемным досведам (знаходжанне ў маскоўскім палоне), былі разлічаны на кароткатэрміновы палітычны эфект ва ўмовах досыць складанага становішча ўнутры самой Рэчы Паспалітай: так, адна частка шляхецкага стану ангажавалася ў падтрымку Ілжэдзмітрыя II – круцяля і авантурыста “блізкага прыцэлу”, другія лічылі за лепшае падтрымаць антымаскоўскія ваенныя планы Жыгімонта III Вазы, а трэція – паслядоўна ім супраціўляліся [21]. Калі ўспомніць пра заканамернае жаданне часткі шляхты адпомсціць за “маскоўскую ютрань” – крывавую расправу з вясельным поездам Марыны Мнішак і здзейсненае пры гэтым знеслаўленне прастолу Рэчы Паспалітай у асобах яе паслоў, – дык хібнасць тэзіса пра каланіялізм як аснову для такіх памкненняў робіцца відавочнай. Больш за тое, нельга забывацца, што і раней (пасольская місія Льва Сапегі ў Маскву ў 1601 г.), і крыху пазней (перагаворы наконт выбрання на царскі трон каралевіча Уладыслава Вазы ў 1610 г.) польскія эліты зусім па-іншаму ўяўлялі сабе нармалізацыю ўзаемаадносін з усходнім суседам: яе зарукай мелася быць своеасаблівая “траістая унія”, як мінімум дынастычная, якая павінна была палякам (а таксама ліцвінам і русінам!) адкрыць доступ да прастораў Масковіі, але пры гэтым не пазбаўляла аналагічных магчымасцяў у Рэчы Паспалітай і яе расійскіх удзельнікаў. Вось жа, прыгадаем адзін з ключавых пунктаў мадэлі экспансіі, прапанаванай Пальчоўскім: “А рэшту зямлі, падзяліўшы яе на розныя часткі і маёнткі, у леннае права раздаць народу не толькі свайму, але і маскоўскаму, дапусціўшы іх да правоў і вольнасцяў нашых” [22]. Пастулат аб пашырэнні шляхецкіх прывілеяў на “чужаземных” падданых, мабыць, не да канца ўпісваецца ў схему каланіяльнай экспансіі.

Відаць, немэтазгодна прыводзіць далейшыя прыклады, тым больш што колькасць недагаворак, скажэнняў, недакладнасцяў і спрашчэнняў [23], заўважаных у параўнальна невялікім фрагменце тэксту, дазваляе з абгрунтаванай асцярожнасцю паставіцца да яго асноўнай ідэі.

І гаворка тут зусім не пра абарону “сармацкай Аркадыі”, а пра тое, каб пазбегнуць стварэння ўяўнага старапольскага Мордара… Вось чаму варта пагадзіцца з яшчэ адным крытыкам такой канцэпцыі – Філіпам Бялэкам, які адзначае, што “ў многіх тэкстах, напісаных прыхільнікамі сарматызму, досыць яўна выступае імкненне падкрэсліць сваю вышэйшасць над русінамі, з’яўляюцца матывы пустой Украіны, якая чакае прыходу сапраўдных гаспадароў, ці наогул ідзе гаворка пра цывілізацыйны абавязак утрымаць гэты рэгіён у межах Рэчы Паспалітай (заўважым, аднак, што вышэйшасць шляхты падкрэслівалася ў дачыненні не толькі да жыхароў Русі, але і да польскіх сялян, мяшчан і нават краін Захаду – сарматы пачуваліся абсалютна выключнымі)”. Апошняя заўвага мае першараднае значэнне для канструяванай Совам апазіцыі Усход – Захад. Не менш прынцыповым, хоць пры гэтым і не пазбаўленым пэўнай злараднасці, выглядае і яшчэ адно пытанне, пастаўленае Бялэкам: “Якім чынам Сову ўдаецца спалучаць выкрыццё каланіяльных памкненняў польскай шляхты і адначасова сцвярджаць, што сапраўдны цэнтр цывілізацыі знаходзіцца на Захадзе? Пры паслядоўным прымяненні посткаланіяльнай тэорыі ідэі пра вышэйшасць Заходняй Еўропы мусілі б таксама зведаць дэканструкцыю. У адваротным выпадку варта было б прызнаць Яна Сову кампрадорам, які спрабуе пераканаць народ (г. зн. палякаў), што ў яго залежным становішчы няма нічога ненатуральнага” [24].

Вернемся нарэшце яшчэ раз да пытання аб тым, наколькі абгрунтавана выкарыстанне вышэйпамянёных алжырска-індыйскіх аналогій. Хібнасць гэтай канструкцыі можна прадэманстраваць досыць прынцыповым пытаннем пра ўдзел дэяў і магараджаў, а ўрэшце і ўсёй – зусім не малалікай! – мясцовай эліты ў створанай каланізатарамі новай грамадскай сістэме, і перш за ўсё – пра іх становішча ў метраполіі. Калі ў выпадку Брытанскай Індыі можна гаварыць пра выкарыстанне навязанага сацыяльнага парадку для прасоўвання па службе імперыі “тут і цяпер”, г. зн. на месцы – у самой Індыі, дык зусім марна будзе шукаць прадстаўнікоў гэтых мясцовых эліт у Палаце лордаў, дый нават у Палаце абшчын. Пашырэнне на Індыю прамога брытанскага праўлення (1877) таксама не прынесла мясцовым элітам шанцаў на паспяховую кар’еру ў маштабах усёй імперыі, не адкрыла іх прадстаўнікам доступу да рангу пэраў. У выпадку французскай Паўночнай Афрыкі падобныя разважанні выглядаюць яшчэ больш бессэнсоўна. Мясцовыя эліты ніколі так і не зрабіліся часткай эліт абедзвюх згаданых каланіяльных імперый –як, зрэшты, гэта было і ў выпадку іспанскіх, партугальскіх або галандскіх калоній. Тым часам у Рэчы Паспалітай мы маем справу з зусім іншым сцэнарыем: незалежна ад вырашэння сакраментальнай спрэчкі пра сутнасць Люблінскай уніі – ці гэта было “аб’яднанне”, ці “інкарпарацыя”, – літоўцы і русіны сталі важнай складовай часткай гэтай супольнай з Польшчаю дзяржавы, нярэдка пераўзыходзячы магутнасцю і багаццем “польскіх каланізатараў”.

Па сутнасці, з часоў Крэўскай уніі і аж да падзелаў Рэчы Паспалітай на троне гэтай польска-літоўскай дзяржавы немагчыма сустрэць – за выключэннем Станіслава Ляшчынскага і Яна Сабескага – прадстаўнікоў польскай нацыі: Ягелоны, так ці інакш трывала пародненыя з Рурыкавічамі, дадалі да сваёй літоўска-русінскай крыві яшчэ і габсбургскую, і італьянскую, але не польскую; Вазы – нашчадкі па жаночай лініі літоўска-русінскіх Ягелонаў – не мелі яе наогул; што ж да Міхала Карыбута Вішнявецкага, дык ён па мужчынскай лініі паходзіў акурат з украінскіх эліт! Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, праўда, па мужчынскай лініі меў паходжанне з малапольскай (люблінскай?) шляхты, але сваю кар’еру здзейсніў дзякуючы таму, што яго маці належала да ўсёмагутнай “фаміліі” Чартарыйскіх – русінскіх князёў.

Русіны і літоўцы займалі нярэдка найвышэйшыя дзяржаўныя пасады, рэгулярна дабіваліся гетманскай булавы і канцлерскай пячаткі, мелі больш месцаў у сенаце, чым этнічныя палякі, маглі пахваліцца магутным соймавым прадстаўніцтвам. Зрэшты, сама шматлікасць гэтай “меншасці” выключала яе маргіналізацыю; прыгадаем, што менавіта неспадзяваны рост колькасці шляхецкага стану ў маштабе ўсёй імперыі ў выніку далучэння земляў Рэчы Паспалітай зробіцца пасля 1795 г. сур’ёзнай праблемай для царскай адміністрацыі! А гаворка ж ідзе пра дзяржаву, якая, з увагі хоць бы на наяўнасць шырокай праслойкі ўласнага дваранства і агульную колькасць насельніцтва, здавалася б, не павінна была мець ніякіх праблем з асіміляцыяй масы новых падданых. Дык ці ж можна знайсці нейкае падабенства паміж становішчам літоўска-русінскай шляхты і сітуацыяй колішніх эліт у каланіяльных уладаннях Англіі і Францыі? Гэта падаецца больш чым сумнеўным, асабліва калі ўлічыць, якую велізарную культурную ролю было наканавана з цягам часу адыграць яе прадстаўнікам: ці ж можна ўявіць сабе сёння польскую культуру без Адама Міцкевіча, Юльюша Славацкага, Станіслава Манюшкі ці Чэслава Мілаша?

Пры тым што хапіла іх даробку і для ўзбагачэння культурнай традыцыі іншых народаў – спадчыннікаў Рэчы Паспалітай! Гэтая з’ява, здаецца, не мае прамых аналогій у заходнееўрапейскім каланіялізме. Бо, напрыклад, Рабіндранат Тагор, хоць і быў выхаваны ў віктарыянскую эпоху і ў 1915 г. атрымаў ад караля рыцарскі тытул (ад якога, зрэшты, праз некалькі гадоў адмовіўся), належыць выключна індыйскай культуры, тады як у франкафонным свеце першай значнай фігурай алжырскага паходжання стаў, відаць, знакаміты футбаліст Зінедзін Зідан… Больш за тое, у выпадку французскіх калоній нізкае сацыяльнае становішча пагражала не толькі тубыльцам: “Алжырскія французы – гэта байстручая раса, плён самых нечаканых мяшаных шлюбаў”, – пісаў з прыкрасцю Альбэр Камю, сын французскага рабочага і каталонкі. Спашлемся і на пранізлівы аналіз алжырскай рэальнасці, зроблены французскім сацыёлагам П’ерам Бурдзьё: “Еўрапеец паступова ствараў асяроддзе, якое было яго адлюстраваннем, і свет, у якім ён мог не пачувацца чужым, але ў якім акурат алжырац рабіўся няпрошаным госцем”. На думку гэтага даследчыка, Алжыр, упарта каланізаваны французскімі перасяленцамі, гэтымі “чарнаногімі” (pieds-noirs), рабіўся краінай без гісторыі, а алжырцы – людзьмі без правоў [25]. Сапраўды, цяжка ў гэтай карціне ўбачыць якое-небудзь падабенства з польскімі рэаліямі. Абгрунтаванае здзіўленне – больш, зрэшты, у выпадку Бавуа, чым Совы і Грыцака – выклікае затое замоўчванне іншай надзвычай цікавай аналогіі з гісторыі Францыі, якая вельмі добра перагукаецца з нашым міфам аб “крэсах”. Маецца на ўвазе “казачны Эльзас” – рэгіён, які меў падобную гісторыю і быў аб’ектам аналагічных эмоцый. Памяць пра колішні край, страчаны на карысць ваяўнічага суседа, якая перад Першай сусветнай вайной прымушала французскіх вайскоўцаў выпраўляцца ў сакрэтныя патрулі на горныя хрыбты, каб паглядзець на Кальмар (“нашы шарэнгі змыкаліся, здранцвелыя і анямелыя ад хвалявання” [26]), знаходзіць празрыстыя аналогіі хоць бы ў завядзёнцы салдат даваеннага Корпуса аховы мяжы пільна ўзірацца ў землі, што засталіся на савецкім баку. Палякі бачылі ў “крэсах» не толькі неад’емную частку сваёй гістарычнай дзяржаўнай тэрыторыі, край, які спрадвеку ім належаў, але яшчэ і рэгіён, які ўпісаў асабліва велічныя старонкі ў звод гісторыі айчыннай культуры – як у часы незалежнасці, так і пад расійскім панаваннем. Вось чаму вяртанне і ўтрыманне гэтага краю заставалася імператывам для многіх пакаленняў палякаў. А таму здаецца, што польскія намаганні, зробленыя дзеля ўключэння ў склад сваёй адноўленай дзяржавы Вільні і Львова, ці нават мары пра вяртанне Камянца-Падольскага мелі куды больш агульнага з французскімі рэаліямі і імкненнем да рэваншу пасля зневажальнага Франкфурцкага міру 1871 г., калі ў рукі немцаў перайшоў увесь Эльзас і частка Латарынгіі, а разам з імі – Страсбург, Мец, Кальмар і Мюлуз, чым з настальгічнымі ўспамінамі французскіх каланістаў пра страчаныя ў Алжыры аліўкавыя гаі і вінныя склепы.

Сацыяльныя пытанні, поруч з нацыянальнымі і канфесійнымі, займаюць не апошняе месца пры канструяванні міфа пра так званую “польскую крэсавую кампанію”. Ключавое месца тут займае, вядома ж, праблема нечалавечага прыгнёту з боку “паноў” (заўсёды палякаў!) у дачыненні да “падданых” (як правіла, украінцаў, што, дарэчы, дазваляе паставіць пытанне пра тагачасны лёс беларускага ці  польскага сялянства…) і падбору да гэтага сюжэту адпаведна падабраных першакрыніц. На жаль, і ў гэтым выпадку рэпрэзентатыўнасць такіх крыніц выклікае вялікія сумненні. Прыкладам – дадамо, адным з многіх – такіх не надта добрасумленна падабраных сведчанняў (на якім Я. Сова, следам за Д. Бавуа, робіць асаблівы акцэнт) з’яўляецца проціпастаўленне рэестра судовых пастаноў Кіеўскай губерні за XIX ст. у справах пра збіццё або забойства сялян ідэалістычнай тырадзе Войскага з 12-й кнігі “Пана Тадэвуша” [27]. Між тым, калі першы дакумент сапраўды адлюстроўвае ганебныя акты насілля над сялянствам, дык другі нават не столькі ідэалізуе ўзаемаадносіны паміж панамі і сялянамі, колькі апявае гармонію ўнутры шляхецкага стану, прычым у рэаліях “соймікавай дэмакратыі” [28].

Супастаўленне такіх разнародных крыніц, такім чынам, пазбаўлена з метадалагічнага пункту гледжання ўсялякага сэнсу: больш дарэчна ўжо было б звярнуцца да кананічнага тэксту Аляксандра Радзішчава “Падарожжа з Санкт-Пецярбурга ў Маскву” (1790), з якога можна пераканацца ў існаванні падобных формаў прыгоннага ладу і ў іншых рэгіёнах Расійскай імперыі, дзе гэта ніяк не магло быць абумоўлена рудыментамі ўяўнага старапольскага каланіялізму; прычым, што характэрна, не ў нейкай уральска-сібірскай глушы (што наводзіла б на пошукі магчымых каланіяльных аналогій), а ў цэнтральнаеўрапейскіх губернях – ядры расійскай дзяржаўнасці! Нарэшце, варта было б параўнаць вышэйзгаданыя прысуды з судовай практыкай іншых еўрапейскіх краін перад скасаваннем там прыгоннага права і ліквідацыяй рэліктаў паншчыны, што, зрэшты, у большасці краін нашага кантынента здарылася ненашмат раней і было звязана, як правіла, з Вялікай французскай рэвалюцыяй і напалеонаўскім рэжымам.

Вось жа, хоць аналагічныя ўзаемаадносіны існавалі шмат у якіх краінах, у тым ліку ў еўрапейскай частцы Расійскай імперыі, даследчыкі чамусьці не спяшаюцца разважаць пра магчымасць прыцягнення каланіяльнага дыскурсу да аналізу іх грамадскага ладу [29]… Клеймаваныя выключна чулым на сацыяльную несправядлівасць Стэфанам Жаромскім выпадкі бязлітаснага здзеку з падданых (Міхцік з рамана “Попел”, салдат-бадзяга Матус Пулют), як бы там ні было, не носяць ніякіх прымет міжнацыянальнага канфлікту (хіба што перакуленага з ног на галаву, зважаючы на яўнае “крэсавае” паходжанне князя Гінтулта), а закранаюць пэўную мадэль узаемаадносін паміж панамі і сялянствам, якая была пашырана, як мы паказалі вышэй, не толькі ў польскіх маёнтках ва Украіне. Што ж, знакаміты пісьменнік зрабіў, як відаць, належныя высновы не толькі з Галіцыйскага паўстання 1846 г. (разні польскіх памешчыкаў польскімі ж сялянамі), але і з пазіцыі сялянства ў ходзе паўстання 1863–1864 г.

Праявай семантычнага злоўжывання выглядае і спроба правесці паралель паміж пагардлівым азначэннем “чарнамазыя” ітэрмінам “чэрнь”, які нібыта выкарыстоўваўся палякамі “для абазначэння карэннага ўкраінскага сялянскага насельніцтва” [30]. Падобная семантычная забаўка, эфектная з выгляду, на самай справе зводзіць нас на аблудную дарогу, паколькі тэрмін гэты, хоць і папулярызаваны на польскай глебе ў творчасці Сянкевіча, на самай справе мае выключна ўсходнеславянскае паходжанне і ўпершыню сустракаецца ў старажытнарускіх летапісах! Паняцце “чэрнь” у значэнні ‘простанароддзе’

шырока ўжывалася ўжо ў XIII ст. (Наўгародскі першы летапіс); у польскай мове гэта яўны рутэнізм, які пашырыўся дзякуючы не гіпатэтычнаму “ляшскаму панаванню» і прыгнёту ўкраінскага сялянства, а пераможнаму ўплыву русінскай сацыяльна-прававой традыцыі. Гэтае паняцце, несумненна, паходзіць ад вядомага яшчэ ў Кіеўскай Русі азначэння залежнага насельніцтва (“чорныя людзі”), якое, зрэшты, з тымі ці іншымі відазмяненнямі перайшло і ў юрыдычную тэрміналогію мадэрнай расійскай дзяржавы. Калі ж яшчэ ўзяць пад увагу шырокае ўжыванне гэтага тэрміна – у аналагічным значэнні! – у дачыненні да прадстаўнікоў сацыяльных нізоў у рускай мове на працягу XIX–XX ст. (у чым даволі цяжка западозрыць польскі ўплыў ці пачуццё этнічнай адчужанасці…), хацелася б параіць прыхільнікам дыскутаванай версіі як след азнаёміцца не толькі з яўна натхняльнай для іх “каланіяльнай» прозай Джозефа Конрада, але і з асноўнымі помнікамі эпохі даследаванага імі ўсходнеславянскага рэгіёна [31].

Такім чынам, можна канстатаваць, што падобная падтасоўка навуковага матэрыялу не вытрымлівае элементарнай крытыкі: спажывецкае стаўленне да першакрыніц і надзвычай выбіральнае выкарыстанне напрацаванай гістарыяграфіі часам мяжуе з даследчым нігілізмам, у выніку чаго на гарызонце барацьбы з уяўным монстрам польскага каланіялізму відаць не ўзнёслы храм Праўды, а абы-як збітая халупа – надвіслянская копія хаціны дзядзькі Тома…

Звяртаючыся да сутнасці праблем, якія маюць гісторыкі з посткаланіяльнай тэорыяй, вельмі ўдала акрэсленых у загалоўку артыкула Анеты Пенёндз, змешчанага ў гэтым зборніку, я хацеў бы дадаць да прапанаванай трыяды яшчэ адзін элемент – супраціўленне. Маецца на ўвазе, вядома, не супраціўленне самому метаду, а хутчэй спрэчка наконт яго рацыяльнага выкарыстання і межаў яго прымяняльнасці. У такім разуменні стаўленне гісторыкаў да вышэйназванай тэорыі характарызуецца не столькі перакананнем, што гэта “экзатычная навінка, якая выклікае непрыманне, бо дэманстратыўна разбурае падмуркі храма гістарычнай навукі – як апошнюю разумеў Леапольд фон Ранке (ці мо хутчэй Марцэлій Гандэльсман)”, што павінна весці да своеасаблівага рэфлексу самаабароны, які заключаецца ў дыскрэдытацыі тэорыі без спроб яе глыбейшага зразумення, – колькі поглядам, што гэта своеасаблівая спроба падмены догматаў без уліку абмежаванай прыдатнасці новай метадалогіі да канкрэтных рэгіёнаў і цывілізацыйных колаў (акурат з такіх пазіцый крытыкаваў посткаланіяльную тэорыю Кшыштаф Помян). Аўтарка трапна і дасціпна вызначае асноўную рысу гэтага дыскурсу: «У адказ на крытыку, скіраваную на адрас гісторыкаў, якія без энтузіязму паставіліся да “новых” тэорый, тыя просяць палемістаў толькі аб адным – каб яны, перш чым зачыніць перад гісторыкамі архівы, самі рушылі ў бібліятэку і сёе-тое пачыталі».

Падаецца, аднак, што сітуацыя, з якою мы сутыкнуліся, яшчэ больш дынамічная, а пазіцыя гісторыкаў – больш складаная. Поруч з падсвядомым (свядомым?) страхам упадання ў дагматызм і навязвання “адзіна слушнай» метадалогіі, поруч з пратэстамі супраць яе вульгарнага прымянення, нарэшце – поруч з адмаўленнем сапраўды наватарскіх новаўвядзенняў са спасылкамі на тое, што пад новай формай на самай справе хаваюцца даўно вядомыя інтэрпрэтацыі, застаецца яшчэ фундаментальнае пытанне навуковай добрасумленнасці. Ранейшыя спробы ўжыць посткаланіяльную тэорыю для аналізу падзей у нашым рэгіёне, і перш за ўсё – пры разглядзе гісторыі Рэчы Паспалітай, як правіла, выглядалі не надта паспяховымі (што, зрэшты, ілюструюць і прыведзеныя намі вышэй прыклады). Метадалагічная дыскусія ператвараецца ў дадзеным выпадку ў барацьбу за адстойванне прынцыпаў нашай прафесіі і павагу да агульнапрынятых акадэмічных нормаў. Грэбаванне дэталямі дзеля абмалёўкі шырокай перспектывы ці распрацоўкі мадэлі высокай ступені генералізацыі азначае, па сутнасці, адмаўленне фундаментальнага прынцыпу разнароднасці – і раўнапраўнасці – навуковых даследаванняў. Яшчэ горш тое, што значная частка апалагетаў посткаланіяльнай тэорыі схільны ўжываць яе з досыць істотнымі рэгіянальнымі і часавымі абмежаваннямі. Між тым, неад’емнай умовай выкарыстання інструментаў, якія прэтэндуюць на статус універсальных, з’яўляецца праверка іх прымяняльнасці на як мага шырэйшым матэрыяле і апеляцыя да старанных і метадалагічна карэктных параўнальных даследаванняў. Тым часам, пішучы пра меркаваны каланіялізм яўна запозненай у сваім развіцці Рэчы Паспалітай, ніхто неяк не спяшаецца правесці паралелі з вопытам Асманскай ці хоць бы Расійскай імперыі! Нават відавочная кожнаму розніца паміж марской і кантынентальнай (Расія, Атаманская Порта, Візантыйская імперыя, Кітай і г. д.) экспансіяй, якая ляжыць у аснове адрозненняў паміж расійскім і заходнееўрапейскім каланіялізмам, тым не менш не знаходзіць сур’ёзнага адлюстравання ў польскіх развагах пра (не)прыдатнасць каланіяльнага дыскурсу да айчыннай гісторыі. Нарэшце дадамо: нельга не пагадзіцца з высновай Яна Кяневіча, што працэсы, да аналізу якіх звяртаюцца прыхільнікі каланіяльнай тэорыі, “могуць быць апісаны і інтэрпрэтаваны ў рамках класічнай школы – як вэбераўскай, так і марксісцкай – і не патрабуюць прыцягнення тэрміналогіі або метадалогіі, напрацаванай посткаланіяльнымі даследаваннямі”.

Вось чаму варта паставіць сабе пытанне, ці сапраўды рэкамендаваныя нам лекі – радыкальныя, разлічаныя на бязлітасны дэмантаж усіх напластаванняў гістарычнай традыцыі, на гэтую дэманстратыўную “дэканструкцыю міфа” – у цяперашняй форме добра адпавядаюць самой сутнасці “хваробы”, якую прапануецца лячыць? А можа, усё-такімудрасць старажытных медыкаў “Што добра ачышчае, тое добра гоіць” не абавязкова нясе карысць у выпадку лячэння “фантомных боляў” пры дапамозе антыгістарычнай фантасмагорыі? Бо Рэч Паспалітая ў посткаланіяльнай інтэрпрэтацыі сваіх крытыкаў – гэта не столькі рэальны гістарычны арганізм – удзячны прадмет навуковага аналізу паводле ўсіх канонаў сучаснай гуманістыкі, – колькі праекцыя ўяўлення саміх даследчыкаў. Інакш кажучы, сучаснае ўвасабленне славутай фразы Альфрэда Жары: “У Польшчы – значыць нідзе…”

Пераклад Сяргея Петрыкевіча


* Grala, Hieronim. Rzeczpospolita Szlachecka – twór kolonialny? // DEBATY Artes Liberales. T. X. Pesrspektywy postkolonializmu w Polsce, Polska w perspektywie postkolonialnej. Red. J. Kieniewicz. Warszawa, 2016. S. 275–299. Па-беларуску публікуецца з ласкавай згоды аўтара і рэдакцыі “DEBAT”.
[1] Гл.: http://prawicowyinternet.pl/olga-tokarczuk-pupilekgazetywyborczej-moze-pluc-na-polske-i-polakow/, http:// wyborcza.pl/1,75410,19347868,nowa-polityka-historyczna-wgpiszadaja-odebrania-tokarczuk.html; пар.: http://wyborcza. pl/1,75398,19024992,internetowy-lincz-na-oldze-tokarczuk-zabicpisarke.html. Вядома, сярод крытыкаў Такарчук хапала і ўзважаных, абгрунтаваных выказванняў, з якіх вылучаецца грунтоўны палемічны артыкул Кшыштафа Колера, апублікаваны, праўда, пад красамоўным загалоўкам “Самазваная настаўніца гісторыі”; гл.: http://www.rp.pl/Publicystyka/310119874Samozwancza-nauczycielka-historii.html#ap-2. Аўтар у вельмі даступнай, але пры гэтым бездакорнай форме прадэманстраваў яўную хібнасць вывадаў пісьменніцы, дапусціўшы, што цытаванае выказванне нарадзілася ў выніку блытаніны двух зусім розных паняццяў – каланіялізму і каланізацыі: «Я здагадваюся, што паслужыла крыніцай натхнення для гэтага выказвання: відаць, гэта праведзеныя аўтаркай даследаванні дакументальнай асновы для свайго рамана, а таксама модны апошнім часам “дыскурс”, які прымушае займацца крытыкай ці нават дэканструкцыяй пэўных і, здавалася б, агульнапрынятых поглядаў на гістарычны шлях Польшчы. Мэта такой крытыкі – перагляд месца палякаў у посткаланіяльным прачытанні сучаснай гісторыі. <…> У прамоўленых словах чуваць адгалоскі яшчэ аднаго рамана, які пачынае здабываць папулярнасць. Гэта раман на сацыяльную і… расавую тэматыку. Так, у працах Яна Совы і падобных да яго даследчыкаў усё гучней гаворыцца пра польскую шляхту як клас эксплуататараў, “рабаўладальнікаў”, якія будавалі эканоміку Рэчы Паспалітай (вядома ж, адсталую) на жорсткай эксплуатацыі сялянства. <…> Мне здаецца, што Вольга Такарчук гаворыць пра каланіялізм (як гэта бачыць Ян Сова) у кантэксце засялення шляхтай русінскіх земляў пасля Люблінскай уніі 1569 г., а можа, у кантэксце пастановы караля Жыгімонта Аўгуста аб далучэнні Валынскага, Кіеўскага і Брацлаўскага ваяводстваў да Кароны. Не ведаю, пра што яшчэ можна тут думаць? Напэўна ж, не пра планы акупацыі Мадагаскара. <…> Гэтаксама я не разумею, на аснове чаго можна ставіць знак роўнасці паміж каланізацыяй (г. зн. засяленнем) земляў, названых пазней “крэсамі”, і каланіяльнымі захопамі афрыканскіх ці амерыканскіх тэрыторый дзяржавамі Еўропы ў XIX ст. Можа, адбылася нейкая блытаніна паняццяў, якая паставіла на адну дошку працэс каланізацыі і каланіялізм? (Падкрэсліванне наша. – Г. Г.) Так, шляхта з Кароны сялілася на землях Вялікага Княства, але ці можна гэты працэс аднесці да каланіялізму? Варта таксама памятаць, што буйныя роды XVII ст., якія захавалі істотнае значэнне і ў XVIII ст., – Сабескія, Вішнявецкія, Сапегі, Радзівілы, Хадкевічы, Масальскія, Чартарыйскія і многія іншыя, хто мог пахваліцца вялікім багаццем і палітычным уплывам, – паходзілі з земляў, якія сёння любяць называць “каланізаванымі”».
[2] Гл.: Sowa J. Fantomowe ciało króla. Peryferyjne zmagania z nowoczesną formą. Kraków, 2011; Яго ж. Inna Rzeczpospolita jest możliwa! Widma przeszłości, wizje przyszłości. Warszawa, 2015.
[3] http://wyborcza.pl/magazyn/1,147225,18418145,kresy-dla-nas-pieklodlawas-raj-rozmowa-z-jaroslawem.html; пар.: Beauvois D. Trójkąt ukraiński. Szlachta, carat i lud na Wołyniu, Podolu i Kijowszcyźnie 1793–1914. Lublin, 2005. S. 11; Sowa J. Fantomowe ciało króla. S. 157 nn. Відаць, варта ў гэтым кантэксце прыгадаць яшчэ адно выказванне французскага гісторыка, які ў інтэрв’ю Яраславу Курскаму, апублікаваным у “Gazecie Wyborczej” за 27 студзеня 2006 г., безапеляцыйна заявіў: “…З’ява прыгнёту ўкраінскага насельніцтва польскімі памешчыкамі не падлягае сумненню <…> прыгонная залежнасць русінскіх сялян была блізкая да рабства. Узаемаадносіны паміж дваром і вёскай былі такія ж жорсткія, як на амерыканскіх баваўняных плантацыях, на французскай Марцініцы ці недзе ў Афрыцы. Гэта сапраўды было страшна” (гл.: http:// www.archiwum.wyborcza.pl/Archiwum/1,0,4568728,20060128RPDGW, Demokracji_szlacheckiej_nie_bylo,.html). Інтэрв’ю Бавуа, зрэшты, сустрэла адпор з боку польскіх даследчыкаў, пар.: http:// przodek.pl/menu/czytelnia/genealogia-i-heraldyka/polemika/426demokracji-szlacheckiej-nie-bylo.
[4] http://www.rp.pl/Publicystyka/310119874-Samozwancza-nauczycielkahistorii.html#ap-2.
[5] Гл.: Grala H., Krawczyk J. Zaprzepaszczone szanse? (Polska i Ukraina między unią lubelską i ugodą hadziacką) // Historia alternatywna. Spotkanie polsko-ukraińskie. Warszawa, 2000. S. 15–17; Mazur K. W stronę integracji z Koroną. Sejmiki Wołynia i Ukrainy w latach 1569–1648. Warszawa, 2006. S. 33–36, 40–41; пар.: Lulewicz H. Gniewów o unię ciąg dalszy. Stosunki polsko-litewskie w latach 1569–1588. Warszawa, 2002. S. 105–106. Аргумент Совы, што, паводле даследаванняў Ю. Пяленскага, адной з істотных прычын падтрымкі валынскай шляхтай Люблінскай уніі было жаданне пазбавіцца ад “рэгулярных бандыцкіх наездаў” польскай шляхты з Мазовіі (гл.: Sowa J. Fantomowe ciało króla. S. 320; пар.: Peleński J. Inkorporacja ukraińskich ziem dawnej Rusi do Korony. Ideologia i korzyści – próba nowego spojrzenia // Przegląd Historyczny. T. 65. 1974. Z. 2. S. 248), грунтуецца на неразуменні сутнасці праблемы: незалежна ад складаных пературбацый паміж Каралеўствам Польскім і Вялікім Княствам Літоўскім вакол прыналежнасці Валыні ў ягелонаўскую эпоху (Сову, відаць, засталіся невядомымі публікацыі А. Галецкага пра выцясненне з Кароннай Русі карэннага русінскага элемента літоўскімі панамі і князямі, якія масава перасяляліся з ВКЛ) нельга забывацца пра цяжкасці ў вырашэнні юрыдычных спрэчак і суседскіх канфліктаў, абумоўленыя дуалізмам прававой сістэмы. Дадамо, што пашыраны ў юрыдычнай практыцы Рэчы Паспалітай інстытут наездаў (як вядома нам з паэмы Адама Міцкевіча, жывы яшчэ і пасля падзелаў Рэчы Паспалітай), які асабліва часта прымяняўся на землях Кароннай Русі (гл. манаграфію Уладзіслава Лазінскага “Правам і бяспраўем”), з’яўляецца хутчэй характэрнай праявай тагачаснай прававой культуры, а не інструментам этнічнай экспансіі. Ідучы гэтай аблуднай дарогай, лёгка дайсці да абсурду: калі наезды жыхароў Кароны былі праявай польскай экспаніі, то наезды русінаў павінны трактавацца як доказ існавання русінскай экспансіі, ці не так? (У гэтым кантэксце чым быў вядомы наезд князя Ярэмы Вішнявецкага, амаль чыстага русіна, на Громнае, якое трымаў караняр Аляксандр Казаноўскі, – юрыдычнай спрэчкай паміж прадстаўнікамі адной палітычнай нацыі ці канфліктам этнічнага характару?) Іранічная заўвага Совы, што “прывабнасць польскага палітычнага ладу заключалася ў тым, што ён дазваляў бараніцца ад… палякаў” (Sowa J. Fantomowe ciało króla. S. 321), па сутнасці завісае ў пустаце: няўжо ж у час Люблінскага сойма хітрыя валынцы захацелі абараніць ад мазавецкай экспансіі яшчэ і кіяўлян?!
[6] Sowa J. Fantomowe ciało króla. S. 327 nn.
[7] Пар.: Kieniewicz S. Daniel Beauvois o kresach południowych (w związku z pracą D. Beauvois “Le noble, le serf et le revisor. La noblesse polonaise entre le tsarisme et les masses ukrainiennes (1831–1863)”. Paris – Montreaux, 1985) // Przegląd Historyczny. T. 77. 1986. № 4. S. 772.
[8] Jakowenko N. Historia Ukrainy od czasów najdawniejszych do końca XVIII wieku. Lublin, 2000. S. 155–158.
[9] Канстатацыю гэтага факта, досыць агульнапрынятую ў гістарыяграфіі, аўтар паблажліва назваў “догмай”, якая нібыта не ўсімі прымаецца без пярэчанняў, спаслаўшыся на адзінкавую публікацыю Ежы Тапольскага; гл.: Sowa J. Fantomowe ciało króla. S. 297. Цымус у тым, што нават калі зменшыць гэтую ацэнку ўдвая, гэта ўсё роўна не адбярэ ў Рэчы Паспалітай яе выключнай пазіцыі на фоне тагачасных суседзяў, а таксама іншых еўрапейскіх “імперый”!
[10] Łapiński A. Zygmunt Stary a kościół prawosławny. Warszawa, 1937. S. 151–156.
[11] Пар.: Граля И. Между двух империй: Сибирь в колониальном дискурсе (XVI – начало XX в.). Несколько соображений с польской перспективы // Встреча на Байкале. Время прошлого, вызовы будущего / науч. ред. А. Базаров, Я. Кеневич. Улан-Удэ, 2014. С. 277–281, 299–300.
[12] Godziszewski W. Granica polsko-moskiewska wedle pokoju polanowskiego (wytyczona w latach 1634–1648) // Prace Komisji Atlasu Historycznego Polski. Z. III. Kraków, 1935. S. 1–96.
[13] Пар.: Osterhammel J. Kolonialismus. München, 1995. S. 17–18.
[14] Куды больш стрыманыя ў гэтым сэнсе высновы ўкраінскай даследчыцы, да якой так ахвотна апелюе Сова; гл.: Jakowenko N. Historia Ukrainy od czasów najdawniejszych do końca XVIII wieku. S. 180–182.
[15] Litwin H. Katolicyzacja szlachty ruskiej 1569–1648. Stosunki wyznaniowe na Kijowszczyźnie i Bracławszczyźnie // Przegląd Powszechny. 1985. № 10 (770). S. 70. Вычарпальнае апісанне канфесійнай сітуацыі на Кіеўшчыне гл. у: Яго ж. Struktura wyznaniowa szlachty kijowskiej 1569–1648 // Odrodzenie i reformacja w Poslce. T. 48. 2004. S. 199–220.
[16] Выглядае, што аўтар, які ахвотна спасылаецца на выбраныя працы Пятра Кулакоўскага, зусім выпусціў з-пад увагі фундаментальную манаграфію ўкраінскага даследчыка, у якой дэталёва апісваюцца міграцыйныя і каланізацыйныя з’явы ў вышэйпамянёным рэгіёне; гл.: Кулаковський П. Чернiгово-Сiверщина у складi Речi Посполитої (1618–1648). Киiв, 2006.
[17] Kułakowśkyj P. Kolonizacja Kijowszczyzny i Czernihowszczyzny (1569–1648) // Modernizacja struktur władzy w warunkach opóźnienia. Europa Środkowa i Wschodnia na przełomie średniowiecza i czasów nowożytnych / red. M. Dygo, S. Gawlas, H. Grala. Warszawa, 1999. S. 164–165, 171–172.
[18] Пар.: Janeczek A. Osadnictwo pogranicza polsko-ruskiego. Województwo bełskie od schyłku XIV do początku XVII w. Wrocław, 1991. S. 120–124.
[19] Litwin H. Równi wśród równych. Kijowska reprezentacja sejmowa 1569–1648. Warszawa, 2009. S. 144–152.
[20] Пар.: Dąbkowski P. Stanowisko cudzoziemców w prawie litewskim w drugiej połowie XV i w XVI wieku (1447–1588). Lwów, 1912.
[21] Пар.: Maciszewski J. Polska a Moskwa 1603–1618. Opinia i stanowiska szlachty polskiej. Warszawa, 1968. S. 173–177, 185–189.
[22] Пар.: Franczak G. Moskwa – polskie Indie Zachodnie. O pewnym mirażu kolonialnym z początku XVII wieku // Nel mondo degli Slavi: Incontri e dialoghi tra culture: Studi in onore di Giovanna Brogi Bercoff. Vol. I. Firenze, 208. P. 155–163; пар.: Яго ж. Wstęp // Paweł Palczowski, Kolęda Moskiewska / oprac. G. Franczak. Warszawa, 2010. S. 24–45.
[23] У такой ацэнцы аўтар, ва ўсякім разе, не адзінокі; гл.: Stobiecki R. Różne oblicza historycznego rewizjonizmu // Sensus Historiae. Vol. XIX. 2015/2. S. 35–36. Асабліва красамоўнае ў гэтым сэнсе меркаванне А. Хвальбы, апублікаванае на вэб-сайце Цэнтральнай камісіі ў справах навуковых ступеняў і тытулаў, які піша пра “сотні фактычных памылак і правакацыйных інтэрпрэтацый”, а таксама вінаваціць Я. Сову ў “перайначванні фактаў і падзей, ці, прасцей кажучы, падтасоўцы іх на патрэбы сваёй працы” (sic! – Г. Г. ).
[24] Гл.: http://nowe-peryferie.pl/index.php/2012/11/realne-czylipolskosc/.
[25] Staniul M. Francuskie zbrodnie w wojnie o niepodległość Algierii // http://historia.wp.pl/martykul.html?wid=16503302&ticaid=117462 historia.wp.pl/martykul.html?wid=16503302&ticaid=117462 (праверана 28.06.2016).
[26] Tuchman B. W. Sierpniowe salwy / tłum. M. J. i A. Michejdowie. Warszawa, 1984. S. 61–62.
[27] Sowa J. Inna Rzeczpospolita jest możliwa! S. 59; Яго ж. Fantomowe ciało króla. S. 338–339; пар.: Beauvois D. Trójkąt ukraiński. S. 273–275.
[28] Пар.: Mickiewicz A. Pan Tadeusz czyli ostatni zajazd na Litwie. Historia szlachecka z r. 1811 i 1812 we dwunastu księgach wierszem / oprac. J. Krzyżanowski. Warszawa, 1953. S. 332–333.
[29] З вельмі грунтоўнай крытыкай у гэтым сэнсе выступіў Ян Дзенгялеўскі, гл.: http://www.yumpu.com/xx/document/ view/42045697/daniel-beauvois-wywaa-1-4-ya-dawno-otwartedrzwiglaukopis/1.
[30] Sowa J. Inna Rzeczpospolita jest możliwa! S. 65. Аўтар падмацоўвае свае высновы спасылкай на працу Багдана Гука: Huk B. Ukraina. Polskie jądro ciemności. Przemyśl, 2013.
[31] Гл.: Срезневский И. И. Словарь древнерусского языка. Т. III. Ч. 2. Москва, 1989. Кол. 1564. Пар.: Даль В. Толковый словарь живого великорусского языка. 2-е изд. T. IV. С.-Петербург –Москва, 1882. С. 595.

Наверх

Тэгі: ,