БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Черепица, Валерий Н. Михаил Осипович Коялович. История жизни и творчества; яго ж, Польское национальное движение в Белоруссии (Алесь Смалянчук)

Черепица, Валерий Н. Михаил Осипович Коялович. История жизни и творчества. Гродно, ГрГУ, 1998. 328;
ён жа, Польское национальное движение в Белоруссии (последняя треть ХIХ в.): факты, события, комментарии. Гродно, 1996. 142.

У 1998 г. у Горадні выйшла з друку кніга прафесара Валерыя Чарапіцы, прысвечаная аднаму з самых прыкметных тэарэтыкаў і дзеячаў «заходнерусізму». Манаграфія выдадзена пры ўдзеле Гарадзенскага дзяржаўнага універсітэта як «навуковае выданне». Яна складаецца з «Прадмовы» і васьмі раздзелаў, большасць з якіх прысвечана асобным этапам станаўлення М.Каяловіча як навукоўца і грамадскага дзеяча. У апошніх раздзелах аўтар засяродзіў увагу на дзейнасці вучняў і паслядоўнікаў М.Каяловіча, на лёсе ягоных сыноў. Аповед В.Чарапіцы суправаджаецца спробамі ахарактарызаваць гістарычную cітуацыю ў «Заходняй Расіі»[1] ў ХIХ ст. Завяршае кнігу спіс публікацый М.Каяловіча і пералік найбольш важных падзей ягонага жыцця.

Спіс выкарыстаных крыніц і навуковай літаратуры адсутнічае. Аднак «Прадмова» і «Заўвагі», дзе пералічаны цытаваныя выданні, даюць магчымасць убачыць падмурак даследавання. Аўтар абапіраўся на публіцыстычную і навуковую спадчыну Каяловіча, карыстаўся ягонымі запісамі біяграфічнагу характара, перапіскай з І.Карнілавым, І.Аксакавым, І.Катовічам і некаторымі іншымі дзеячамі грамадскага і культурнага жыцця, тэкстамі некралогаў пра М.Каяловіча і інш.

Тэкст кнігі паказвае веданне аўтарам шырокага кола прац расійскіх гісторыкаў ХIХ і пачатку ХХ ст. (асабліва даследчыкаў з духоўнымі званнямі), у якіх пэўная ўвага аддавалася асобе М.Каяловіча і ягоным канцэпцыям. В.Чарапіца коратка ахарактарызаваў стаўленне да М.Каяловіча з боку як савецкай, так і беларускай нацыянальнай гістарыяграфіі. Узорам адносінаў апошняй для В.Чарапіцы стала кніга Аляксандра Цвікевіча «Западно–руссизм. Нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі ў ХIХ і пачатку ХХ в.» (Мінск, 1993). Кніга была напісаная ў канцы 20–х г., і ў сучаснай беларускай гістарыяграфіі ўжо мелі месца спробы крытычнага аналізу гэтай працы[2]. Але, па сутнасці, з выбарам В.Чарапіцы можна пагадзіцца. Праца А.Цвікевіча і сапраўды адлюстроўвае асноўныя падыходы нацыянальнай беларускай гістарыяграфіі да асобы і канцэпцый М.Каяловіча.

Кніга В.Чарапіцы напісана на высокім эмацыйным уздыме. Адчуваецца аўтарскае захапленне асобай М.Каяловіча, якое пры пераказе найбольш важных момантаў канцэпцыі даследчыка дазваляе гаварыць пра ідэйнае яднанне аўтара з сваім героем. Узнікае нават уражанне, што вуснамі М.Каяловіча і яго паслядоўнікаў у пэўныя моманты прамаўляе сам В.Чарапіца. У прыватнасці, гэта датычыць характарыстыкі беларускага нацыянальнага руху.

Феномен гэтага яднання ў «навуковым выданні» адразу насцярожвае. Пазней насцярожанасць саступае месца перакананню, што аўтар нават і не спрабаваў «адшукаць» рэальнага М.Каяловіча і пазнаёміць з ім беларускага чытача. Пра гэта сведчаць ужо першыя радкі біяграфіі М.Каяловіча ў трактоўцы В.Чарапіцы: «Михаил Осипович Коялович родился 20 сентября (2 октября по новому стилю) 1828 г. в семье священника местной (Кузницкой — А.С.) православной церкви» (с.15–16). Гісторыкам добра вядома, што М.Каяловіч нарадзіўся ў сям’і уніяцкага святара. Недакладнасць В.Чарапіцы можна расцаніць як спробу свядомага падману. Амаль адразу чытачу навязваецца вобраз М.Каяловіча, які больш адпавядае пажаданням аўтара, чым гістарычнай рэчаіснасці.

Тэкст кнігі ўяўляе сабой аўтарскі пераказ зместу асноўных прац М.Каяловіча («Литовская церковная уния», «Лекции по истории Западной России», «История русского самосознания…» і інш.) з мноствам цытатаў. Гэты пераказ перамяжоўваецца ўласнымі аўтарскімі разважаннямі ў духу «заходнерусізму». Спроба грунтоўнага аналізу навуковых канцэпцый і грамадскіх поглядаў М.Каяловіча ў кантэксце эпохі ў кнізе адсутнічае. Усё гэта, на жаль, не дазваляе зразумець рэальнага месца аднаго з галоўных тэарэтыкаў «заходнерусізму» ў гістарычнай і грамадскай думцы другой паловы ХIХ ст.

Вызначаць гэтае месца ў дадзенай рэцэнзіі — значыць пераказваць змест прац Аляксандра Цвікевіча, Янкі Станкевіча, Уладзіміра Конана, Мікалая Улашчыка, Аляксея Каўкі ды інш. Хацелася б толькі заўважыць, што «заходнерусізм» уяўляе сабой даволі складаны феномен грамадска–палітычнай думкі. Прадстаўнікі кансерватыўнага кірунку «заходнерусізму» (у прыватнасці, К.Гаворскі) лічылі этнічныя асаблівасці беларусаў вынікам «польска–каталіцкай экспансіі» і прапаноўвалі знішчыць іх для аднаўлення «спрадвечна рускага характару краю». Гэты кірунак быў разнавіднасцю вялікадзяржаўнай шавіністычнай ідэалогіі, якая адмаўляла існаванне беларусаў як самабытнага этнасу. Але «заходнерусізм» меў і іншы кірунак — ліберальны, ці «ліберальна–памяркоўны» (П.Церашковіч). Якраз да яго належаў і М.Каяловіч. Прыхільнікі гэтага кірунку прызнавалі рэальнасць існавання Беларусі як этнаграфічнага рэгіёна, але адхілялі ідэі стварэння нацыянальнай культуры і фармавання нацыянальнай супольнасці. Дарэчы, у адным з лістоў, адрасаваных да І.Карнілава, М.Каяловіч, маючы на ўвазе русіфікацыйную дзейнасць расійскіх чыноўнікаў у Беларусі, пісаў: «…первейших из русских негодяев должна бы душить та же верёвка, которая душила измену польскую» (РНБ. Аддзел рукапісаў. Фонд 629. В.Ф.Ратч. №393). Гэты кірунак «заходнерусізму», як здаецца, пры пэўных умовах мог стаць адной з формаў развіцця беларускай этнічнай самасвядомасці ў другой палове ХIХ ст.

Хацелася б звярнуць увагу на разуменне М.Каяловічам (і В.Чарапіцам) сутнасці гістарычнага даследавання і тых задач, якія стаяць перад кожным гісторыкам–даследчыкам.

Пераказваючы асноўныя моманты «Истории русского самосознания…», В.Чарапіца падрабязна спыняецца на разуменні М.Каяловічам сутнасці даследчыцкай працы. М.Каяловіч прыйшоў да высновы, што ў працы кожнага даследчыка непазбежна прысутнічае суб’ектывізм (110). Слушная думка. Гісторыку вельмі цяжка пазбегнуць суб’ектывізму, народжанага ягоным светаўспрыманнем, якое залежыць ад выхавання, адукацыі, асаблівасцяў характару, ад сацыяльных і нацыянальных сімпатый, антыпатый і г.д. Што ж рабіць даследчыку, які разумее гэтую абмежаванасць? М.Каяловіч сцвярджае, што трэба выбраць той суб’ектывізм, які з’яўляецца «найменшым злом», і працаваць на яго карысць (110–111). Аўтар, як здаецца, цалкам падтрымлівае гэтую выснову, а значыць, пагаджаецца з абвешчаным правам даследчыка рабіць з гістарычнай навукі паслухмяную служку свайго суб’ектывізму.

Між тым, многія даследчыкі выбіраюць іншы шлях. Яны настойліва шукаюць магчымасць абмежаваць уласны суб’ектывізм з дапамогай пэўных метадалагічных сродкаў, выпрацаваных сусветнай гістарычнай навукай. Але ж для гэтага трэба, па меншай меры, яе ведаць. Сучаснік М.Каяловіча Сяргей Салаўёў, які ў свае маладыя гады слухаў лекцыі Леапольда Ранке і Карла Рытэра, выкарыстоўваў прынцып максімальнай паўнаты крыніц, якія б адлюстроўвалі самыя розныя погляды на аб’ект гістарычнага даследавання. Безумоўна, гэты прынцып у пэўнай ступені паспрыяў навуковым дасягненням С.Салаўёва. М.Каяловіч, як можна зразумець з тэксту кнігі, з вопытам і метадалогіяй еўрапейскай гістарычнай навукі быў знаёмы досыць слаба. Наўрад ці неадукаванасць можна лічыць моцным бокам даследчыка. Але аўтар кнігі лічыць менавіта так: «Он первым бросил серьезный и глубоко аргументированный вызов тем силам в исторической науке и общественной жизни, кто следовал в изучении прошлого и настоящего белорусского народа не с позиций его собственного многовекового опыта, а жил заемным умом новомодных завоеваний западноевропейской науки…. Он говорил и писал о прошлом, настоящем и будущем Белоруссии, лишь исходя из своей уверенности в той правоте, которая находила подтверждение в исторических документах и реалиях современной ему жизни» (261).

Вядомая ўкраінская даследчыца Наталя Якавенка ў адным з артыкулаў справядліва заўважыла: «Без дыялогу з сусветнай навукай кожная нацыянальная навука ператвараецца ў запаведнік правінцыйных дзівакоў, з якога час ад часу вылазіць чарговы анахранізм, але ніколі не выходзіць адэкватная часу думка». Ігнараванне дасягненняў гістарычнай навукі амаль непазбежна нараджае этнічны, дзяржаўны або канфесійны цэнтрызм, які, у сваю чаргу, прыводзіць да панавання «двайнога стандарту» ў ацэнках, спрыяе актывізацыі пошука «ворагаў» і г.д. Здаецца, усё гэтыя наступствы самаізаляцыі прысутнічаюць у навуковай спадчыне галоўнага героя кнігі. Па меншай меры, пра гэта дазваляе гаварыць тэкст В.Чарапіцы.

У канцэпцыі М.Каяловіча галоўны вораг «белорусского племени» — палякі. Прыхільнікі «заходнерусізму» абвінавачвалі палякаў амаль ва ўсіх бедах эпохі: ад прыгоннага ладу да стварэння беларускага нацыянальнага руху. Пры гэтым чамусьці не заўважалася, што расійскі памешчык быў не меншым прыгоннікам, і што прыгонны лад трымаўся ў ХIХ ст. якраз на расійскім заканадаўстве.

М.Каяловіч сцвярджаў нават, што менавіта палякі («Польский Виленский земельный банк») былі галоўнай перашкодай на шляху набыцця зямлі беларускімі сялянамі (75). І сапраўды, у апошняй трэці ХIХ ст. рынак зямлі ў Беларусі і Літве практычна адсутнічаў. Але віной таму была, галоўным чынам, антыпольская палітыка расійскага ўраду, якая актыўна ажыццяўлялася (праўда, не заўсёды паслядоўна) пасля падаўлення паўстання 1863–1864 г. У межах гэтай палітыкі 10 снежня 1865 г. быў падпісаны Аляксандрам II указ, які забараняў палякам (і каталікам) набываць зямлю ў беларуска–літоўскім краі. І польская грамадскасць рабіла ўсё магчымае, каб яе не страціць. А калі зямля ўсё ж такі ішла на продаж, то ўжо расійскія ўлады клапаціліся пра тое, каб яна трапіла або расійскім дваранам–землеўладальнікам, або расійскім сялянам–перасяленцам[3].

Пратэст выклікае і аўтарская ацэнка беларускага нацыянальнага руху. В.Чарапіца ўпэўнены, што для беларускага руху было „трагедией … что его зачинателями стали выходцы из полонизированной католической шляхты «двойные ренегаты, ренегаты ренегатов»…“ (22). Адзначым, што размова, у прыватнасці, ідзе пра такіх выдатных дзеячаў беларускай культуры, як Людвік Кандратовіч, Арцём Вярыга–Дарэўскі, Вінцэнт Дунін–Марцінкевіч. На думку В.Чарапіцы, яны толькі на словах выступалі за беларускасць. На самой справе іх мэтай было акаталічванне і апалячванне беларусаў, бо яны «не маглі адарвацца ад шляхецка–польскай культуры» (24). У гэтым сцвярджэнні прафесар Гарадзенскага універсітэта таксама ідзе ўслед за М.Каяловічам, які лічыў, што палякі прыдумалі беларускасць, бо адчулі небяспеку сваім пазіцыям у Беларусі з боку расійскага ўраду (43). Галоўны аргумент на карысць тэзіса пра «крывадушша» беларускіх дзеячаў — ужыванне імі польскай мовы. Аўтар быццам не ведае, што рэальнасцю беларускай гісторыі сярэдзіны ХIХ ст. было дамінаванне польскай мовы сярод адукаваных колаў грамадства. Тое, што згаданыя беларускія дзеячы, не баючыся абвінавачванняў у «хлопаманстве», пачалі карыстацца ў сваёй творчасці беларускай мовай, сведчыць якраз пра шчырасць гэтых людзей. На першы план свядомасці гэтых «ліцвінаў» пачало выходзіць усведамленне імі свайго этнічнага паходжання, сваёй сувязі з беларускай зямлёй і беларускім народам. І гэтае пачуццё паступова станавілася мацнейшым, чым адчуванне культурнай сувязі з польскім этнасам. Блізкасць беларускага і польскага рухаў у ХIХ ст. была абумоўлена існаваннем агульнага ворага — расійскага самаўладдзя. Па меры развіцця падзеяў сувязі з шляхецкім кірункам польскага руху былі разарваныя. А вось супрацоўніцтва дэмакратычных сілаў абодвух рухаў працягвалася яшчэ доўгі час. Аднак яно ніколі не азначала несамастойнасці беларускага руху.

Над кнігай лунае дух рэлігійнай абмежаванасці. М.Каяловіч, а разам з ім і В.Чарапіца ўпэўненыя, што канфесійная прыналежнасць з’яўляецца галоўным крытэрыем вызначэння нацыянальнасці. Для беларускай гісторыі гэта азначае, што праваслаўны — значыць «рускі», а католік — «паляк». «Западная Россия» пры гэтым успрымаецца як памежная тэрыторыя, дзе на працягу стагоддзяў адбывалася (і адбываецца?!) змаганне дзвюх варожых цывілізацый — «ўсходняй» і «заходняй». Беларусы як частка «рускага народу» належаць да «руска–праваслаўнай», або «ўсходняй» цывілізацыі. Наступ «заходняй цывілізацыі» («польска–каталіцкая экспансія») пагражае самому існаванню беларускага народа. Прыхільнікі ідэалогіі «заходнерусізму» упэўненыя, што будучыня беларусаў — гэта або вяртанне да сваіх «вытокаў», г.зн. поўнае абрусенне, або акаталічванне і апалячванне. Трэці варыянт — самастойнае існаванне беларускай нацыі ў межах уласнай дзяржавы — для іх не існуе. Адпаведна, беларускі рух ці, як піша В.Чарапіца, «белорусский национал–сепаратизм» (6) і «так называемое „адраджэнне“» (6) — гэта толькі інтрыгі падступнага і зламыснага Захаду.

Можна зразумець прычыны пераканання М.Каяловіча ў няздольнасці беларусаў да самастойнага існавання. У другой палове ХIХ ст. у гэтае існаванне верылі нямногія. Але на чым грунтуецца гэтае пераканне ў В.Чарапіцы? Можа, на выніках майскага рэферэндуму 1995 г.? Можа, на ўласнай апантанасці ідэалогіяй «вялікай і непадзельнай праваслаўнай Расіі»? Калі так, то гэта даволі хісткі падмурак для гісторыка.

Беларуская зямля не з’яўляецца прыдаткам ні да Польшчы, ні да Расіі. Беларусь мае сваю гісторыю, свой уласны гістарычны шлях. Магчыма, якраз «рускі суб’ектывізм» аўтара не дазваляе гэтага зразумець.

На пачатку кнігі аўтар у сувязі з тым, што працы М.Каяловіча доўгі час не перавыдаваліся, ставіць пытанне: чаму гэтыя працы «страшили и страшат новых монополистов в науке истории?» (7). Паспрабую адказаць. Працы М.Каяловіча нікога не палохаюць. «Заходнерусізм» здаўна атрымаў належную ацэнку беларускіх гісторыкаў і беларускага грамадства. А сённяшняе адраджэнне гэтай ідэалогіі ў Беларусі звязана як з ажыўленнем шавіністычных настрояў у пэўных палітычных колах Расіі, так і з тым, што, як трапна заўважыў В.Чарапіца, прэзідэнт Лукашэнка «знает и понимает» беларускі народ дакладна так, як гэта рабіў у свой час доктар багаслоўя М.Каяловіч (43). З навуковага пункту погляду канцэпцыя «заходнерусізму» цікавая толькі ў якасці пэўнага феномену эпохі, а вывучэнне яго дазваляе больш глыбока зразумець умовы, у якіх адбывалася фармаванне беларускай нацыі і шляхі развіцця яе свядомасці.

Беларусы сапраўды і ў ХIХ ст., і сёння пазбаўлены нацыянальнага адзінства. Але, здаецца, адказнасць за гэта нясуць не дзеячы беларускага адраджэння, а тыя, хто прыкладаў усе намаганні, каб не дапусціць пашырэння беларускай нацыянальнай ідэі. Да іх ліку трэба аднесці вучняў і паслядоўнікаў М.Каяловіча. Яны і сёння адмаўляюць існаванне беларускай і ўкраінскай культуры, сцвярджаюць, што беларуская мова — гэта «язык католическо–литвинской культуры (сработанный наскоро топором на задворках у польской)» (263) і г.д. У іх уяўленнях магчымасць «возрождения подлинной белорусской национальной культуры» з’явіцца толькі «на основе такого сущностного признака как общерусскость» (265). (Цікава, які сэнс пры гэтым укладвае прафесар В.Чарапіца ў паняцце «беларуская нацыянальная культура»?)

Наогул, у кнізе выкарыстоўваецца шэраг ненавуковых паняццяў (напрыклад, «белорусский национал–сепаратизм»). Многія паняцці («восточная цивилизация», «западная цивилизация», «русско–православная цивилизация» і г.д.) патрабуюць спецыяльнага тлумачэння. Ужыванне ненавуковай тэрміналогіі непазбежна прыводзіць да некарэктнасці ў высновах. Хоць у публіцыстычных выданнях, а менавіта да такіх трэба аднесці кнігу В.Чарапіцы, гэты недахоп не з’яўляецца парушэннем жанру.

*

Аўтарская ацэнка месца і ролі польскага этнасу ў беларускай гісторыі, разуменне В.Чарапіцам сутнасці даследчыцкай працы прымушае звярнуць увагу на выдадзены гэтым самым аўтарам у 1996 г. зборнік дакументаў «Польское национальное движение в Белоруссии …».

Зборнік складаецца з пяці раздзелаў («Польское национальное движение в Белоруссии после поражения восстания 1863 г.», «Попытки оживления польского национального движения в 1866–1868 г.», «Активизация польского национального движения в Белоруссии в 1870–1871 г.», «Подъём польского общественного движения в Белоруссии в 1875–1878 г.», «Польское национальное движение в Белоруссии в 80–90–е г. ХIХ в.»), у якіх змешчаны 138 дакументаў. Адразу кідаецца ў вочы аднабаковы (дакладней, тэндэнцыйны) характар іх падборкі. 135 дакументаў «нарадзіліся» ў недрах расійскіх дзяржаўных устаноў. Яны характарызуюць польскі рух з пункту гледзішча расійскага чыноўніка. Толькі тры (?!) маюць дэклараванае «польскае» паходжанне. Праўда, змест некаторых з іх (у прыватнасці, пракламацый 1867 г.) выклікае думкі пра звычайную паліцыйную правакацыю.

Такі падыход да падбору дакументаў не дазваляе ўсебакова ахарактарызаваць феномен польскага нацыянальнага руху ў Беларусі. В.Чарапіца цвёрда стаіць на пазіцыі асуджэння ўсіх праяваў польскага руху ў «Заходнім краі Расіі». (Дарэчы, гэты тэрмін у зборніку прыводзіцца без двукосся.) Дарэчы, асуджае ён не толькі дзеячаў польскага руху. Укладальнік палічыў неабходным у прадмове «ахарактарызаваць» і беларускі рух. Працягваючы традыцыі ідэолагаў кансерватыўнай плыні «заходнерусізму», В.Чарапіца фактычна заявіў, што беларускі рух з’яўляецца толькі адной з польскіх інтрыг супраць расійскай нацыі.

Пачуццё, што мы маем справу з чарговым ненавуковым выданнем, яшчэ больш узмацняецца, калі чытач пачынае знаёміцца з зместам дакументаў. Матэрыялы зборніка адразу нараджаюць пытанне, што разумее ўкладальнік пад гістарычным фактам, пра веліч якога гаворыць у прадмове. Большасць айчынных і замежных даследчыкаў ужо даўно прынялі дзвюхступенную класіфікацыю гістарычнага факта. Яшчэ ў 1969 г. маскоўскі гісторык А. Гурэвіч падкрэсліваў розніцу паміж рэальнасцю мінулага і фактам як прадметам навукі. Апошні, на ягоную думку, гэта не проста кожны дакумент, знойдзены даследчыкам у архіве або бібліятэцы, а вынік пэўных навуковых аперацый. Толькі тады, калі гісторык ацэніць «рэальнасць мінулага» і ўключыць яе ў сістэму заканамерных сувязяў, народзіцца гістарычны факт, які будзе мець навуковую каштоўнасць. Іншы вядомы расійскі даследчык М. Барг вылучаў «факт гісторыі» і «навукова–гістарычны факт», падкрэсліваючы значнасць апошняга. Гэтая класіфікацыя ў вялікай ступені грунтавалася на працах еўрапейскіх гісторыкаў, у прыватнасці, Л.Голдстайна. Англійскі гісторык пераканальна давёў, што гістарычны факт нараджаецца толькі ў выніку навуковага даследавання.

Прыкладам «гісторыі», якую можна напісаць, калі ігнараваць адзначаныя палажэнні метадалогіі навукі, з’яўляецца тэзіс пра падрыхтоўку польскага паўстання ў Беларусі ў другой палове 60–х г. В.Чарапіца на падставе афіцыйных данясенняў сцвярджае, што «идея возможности восстания стала заявлять о своём существовании (? — А.С.) демонстрациями, пением революционных (? — А.С.) гимнов, а также частыми находками при обысках у помещиков шарфов и чемарок, ношением на груди чёрных крестов и других эмблематических изображений» (41). Між тым, добра вядома, што ў другой палове 60–х г. у грамадстве Беларусі, Літвы і Польшчы панавалі настроі расчаравання і апатыі. Толькі ў данясеннях расійскіх жандараў, якім трэба было пацвярджаць неабходнасць сваёй прысутнасці ў краі, магла з’явіцца ідэя падрыхтоўкі паўстання.

Апублікаваныя матэрыялы ствараюць уражанне, што польскі нацыянальны рух — гэта распаўсюджванне чутак, якія ганьбілі праваслаўную веру і імператарскую ўладу, засылка ў Беларусь польскіх эмігранцкіх агентаў, размова па–польску ў публічным месцы, падрыхтоўка чарговага паўстання, нашэнне шпілек з польскім арлом і г.д. Няўжо гэта і ёсць нацыянальны рух? Здаецца, што ўкладальнік і сам не разумее, пра што ідзе гаворка. Ні ў прадмове, ні ў каментарах ён нават не паспрабаваў растлумачыць сэнс паняцця «польскі нацыянальны рух» у дачыненні да Беларусі апошняй трэці ХIХ ст. Між тым, ёсць усе падставы сцвярджаць, што польскі нацыянальны рух у Беларусі і Літве напрыканцы ХХ ст. — гэта грамадска–палітычная, эканамічная і культурна–рэлігійная дзейнасць польскай грамадскасці, накіраваная на барацьбу супраць антыпольскай палітыкі расійскага ўрада. Палякі імкнуліся захаваць і ўмацаваць дамінавальныя пазіцыі ў эканоміцы краю, ягоным грамадскім і культурным жыцці. Якраз гэтыя кірункі дзейнасці польскай грамадскасці і павінны стаць галоўным аб’ектам увагі гісторыка, які спрабуе ахарактарызаваць польскі рух у Беларусі.

Можна было б спадзявацца, што адзначаныя недахопы зборніка будуць кампенсаваныя каментарамі ўкладальніка. Аднак, на жаль, гэтага не адбылося. Каментары часцей або не датычаць тых дакументаў, пасля якіх яны змешчаны (разд. 1 і разд. 5), або з’яўляюцца простым пераказам зместу надрукаваных у раздзеле дакументаў (разд. 2).

Сапраўднае абурэнне выклікае вельмі нізкі ўзровень археаграфічнай апрацоўкі дакументаў. Досыць часта замест дакумента ўкладальнік змяшчае ўласны пераказ некалькіх старонак архіўнай крыніцы (гл. с.5–7, 8–9, 19, 22–23, 24, 25, 30 і г.д.). Сам факт пераказу ніяк не пазначаны. Не пазначаны і скарачэнні. У шэрагу выпадкаў апошні абзац «дакумента» ўяўляе сабой галоўную ідэю некалькіх старонак архіўнага тэксту, сфармуляваную ўкладальнікам. Такім чынам, В.Чарапіца на с.5–7 змясціў дакумент аб’ёмам у 97 старонак, на с.36 — дакумент аб’ёмам у 39 старонак, на с.96–97 — дакумент аб’ёмам у 64 старонкі і г.д.

Археаграфічная неахайнасць, тэрміналагічная блытаніна, цьмянасць некаторых абзацаў каментараў, ігнараванне сучаснай польскай і беларускай гістарыяграфіі па праблеме польскага руху ў Беларусі, навязванне чытачу ідэалогіі «заходнерусізму» не дазваляе карыстацца гэтым зборнікам у навуковых даследаваннях.

Горадня

Алесь Смалянчук


[1] Менавіта так аўтар звычайна называе Беларусь і Літву.
[2] Гл., напр.,: Біч М. «Заходнерусізм» і беларускі нацыянальны рух: гістарыяграфічны аспект// Беларусь паміж Усходам і Захадам. Праблемы міжнацыянальнага, міжрэлігійнага і міжкультурнага ўзаемадзеяння, дыялогу і сінтэзу. Ч.1. Мінск, 1997.
[3] Гл.,напр., «Всеподданейший отчёт…» виленского, гродненского и ковенского генерал-губернатора П.Д.Святополк-Мирского Николаю ІІ // Беларускі гістарычны часопіс.1997. №2.

Наверх

Тэгі: , ,