БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Бон , Томас М. “Мінскі феномен”. Гарадское планаванне і ўрбанізацыя ў Савецкім Саюзе пасля 1945 г.; пер. з ням. мовы М. Рытановіч; навук. рэд. Г. Сагановіч. – Мінск: Выдавец Зміцер Колас, 2016. 436 с., 28 іл.

Томас Бон – нямецкі гісторык, які займаецца вывучэннем урбанізацыйных працэсаў у Беларусі. Ён працуе ў г. Гісэне на аддзяленні ўсходнееўрапейскай гісторыі. Таксама ён з’яўляецца сябрам Таварыства па вывучэнні гарадской гісторыі і ўрбанізацыйных працэсаў. Гэтая праца вучонага – самае значнае даследаванне пра развіццё Мінска найноўшага часу. Беларускае выданне стала трэцім, пасля нямецкага і расійскага. У кнізе Томас Бон аналізуе феномен сталіцы Беларусі як “узорнага сацыялістычнага горада”, што, як лічыць аўтар, быў цалкам створаны пасля Другой сусветнай вайны. У гэтым даследаванні вучоны разглядае развіццё горада Мінска пасля Другой сусветнай вайны на аснове наступных зрэзаў: планіроўка і архітэктура, урбанізацыя і міграцыя, жыццё і будні насельніцтва. Вывучэнне сацыялістычнага горада як “жыццёвай прасторы” разам з яго асяроддзем, субкультуры, горадабудаўнічай палітыкі ўладаў і рэальна атрыманых вынікаў урбаністычных эксперыментаў у БССР стала асноўнай тэмай даследавання. Сваёй кнігай Т. Бон распрацаваў мадэль для вывучэння супольнасцяў савецкага ўзору, працэсаў мадэрнізацыі ва Усходняй і Паўднёва-Усходняй Еўропе пасля Другой сусветнай вайны.

Аўтар звяртае ўвагу на тое, што аднаўленне горада, практычна цалкам разбуранага пад час Другой сусветнай вайны, было выклікам для савецкіх горадабудаўнікоў і архітэктараў. Т. Бон лічыць, што спрэчкі з нагоды эстэтычнага выгляду горада былі толькі тэарэтычным бокам медаля. На думку аўтара, у выніку вайны і Халакосту змянілася структура насельніцтва Мінска (цяпер яно складалася пераважна з беларускіх сялян), таму прыярытэтным было аднаўленне горада, якое адпавядала б практычным, паўсядзённым патрэбам такой катэгорыі насельніцтва. Т. Бон праводзіць дэталёвы аналіз урбанізацыі Беларусі ад канца XIX да сярэдзіны XX ст. Аўтар прыходзіць да наступных высноваў: царызм спрабаваў да пачатку Першай сусветнай вайны ўтрымаць яўрэйскае насельніцтва на заходніх межах краіны, а з іншага боку, да канца 1930-х г. СССР не выяўляў цікавасці да мадэрнізацыі сваіх памежных абласцей; пераход ад аграрнай краіны да індустрыяльнай дзяржавы адбываўся ў Беларусі з сярэдзіны 1950-х да сярэдзіны 1960-х г.; працэс фарсіравання ўрбанізацыі Беларусі дамінаваў у развіцці беларускай сталіцы; гарады Беларусі маглі захаваць і развіць мадэль “еўрапейскага горада”, аднак былі абмежаваны рускай і савецкай уладай, а потым зусім знішчаны; у 1950-я гады ХХ ст. масавыя ўцёкі з вёскі прывялі да “сялянізацыі” гарадоў, працэс русіфікацыі прывёў да асіміляцыі з савецкай культурай.

Ва ўводзінах і першых раздзелах, апроч адсылак да нямецкай (невядомай у нас), расійскай і беларускай гістарыяграфіі на тэму ўрбанізацыі і горадабудаўніцтва ХХ ст., Т. Бон пераказвае ў скарочаным выглядзе гісторыю Мінска, шмат у чым стэрэатыпную.

У прыватнасці, аўтар робіць вялікі ўпор на правінцыйнасці Мінска, слабай развітасці яго інфраструктуры і гарадскога жыцця тут наогул. Аднак трэба мець на ўвазе, што ў кантэксце царскай Расіі гэта выглядала іначай –П. Шпілеўскі ў сярэдзіне ХІХ ст. пісаў: “Мінск належыць да ліку самых буйных і прыгожых гарадоў Заходняй Расіі й пры цяперашнім сваім добраўпарадкаванні і ў абноўленым выглядзе можа быць названы сталіцай Беларусі; ён больш разложысты й шчыгаляваты за Магілёў і Віцебск”. Менавіта Мінск стаў месцам пачатку творчых шляхоў такіх сусветна вядомых мастакоў, як Фердынанд Рушчыц, Хаім Суцін, Міхаіл Кікоін, Уладыслаў Стрэмінскі ды многіх іншых. Мінск пачатку ХХ ст. быў у рэгіёне адным з галоўных цэнтраў культуры, дзе жылі многія польскія, яўрэйскія, расійскія і нават украінскія творцы. Мінск стаў і адным з найважнейшых цэнтраў сацыялістычных і сіянісцкіх рухаў Расіі і Польшчы. То бок, “феномен Мінска” пачаў паўставаць нашмат раней за сацыялістычныя практыкі будаўніцтва. Урэшце, Мінск напярэдадні Першай сусветнай вайны стаў галоўным цэнтрам беларускага нацыянальнага руху. І стаў сталіцаю БНР, а ўрэшце і БССР. Пра што невыпадкова пісаў Уладзімір Жылка на пачатку 1920-х г. у лісце да Антона Луцкевіча: “Невядома яшчэ, хто здзейсніць ідэю незалежнасці – Менск ці Вільня?”. Спрэчнымі падаюцца ўяўленні і пра росквіт нацыянальных культур у Мінску напярэдадні Другой сусветнай вайны, бо ўжо ад 1927 г. нацыянальна-культурная палітыка (“беларусізацыя”, “ідышызацыя”, “татарызацыя” і г. д.) была рэзка змененая, і да вайны лідары культурных і грамадскіх элітаў розных этнасаў у Беларусі былі амаль цалкам знішчаны. Аўтар пазбегнуў ацэнак маштабаў і характару рэпрэсій 1930-х г. Занадта катэгарычнае і сцверджанне Т. Бона пра пасляваенны Мінск як “tabula rasa”. Усё ж нават пасля вайны, у межах даваеннага адміністрацыйнага падзелу, на 1944 год, заставалася 37 тыс. чалавек. Разам з вяртаннем яго колішніх жыхароў з эвакуацыі і ў выніку дэмабілізацыі, з уключэннем у новую рысу горада дзясяткаў былых пасёлкаў і вёсак, адбыўся і рэзкі рост нараджальнасці… У Мінск вярнуліся многія сем’і прадстаўнікоў культурнай і навуковай інтэлігенцыі, многія сем’іякіх жылі тут яшчэ ў царскі час. Вярталіся цэлыя калектывы ўніверсітэтаў, інстытутаў, тэатраў, з Дзяржаўным яўрэйскім тэатрам БССР уключна. Вярнуліся і многія мастакі яўрэйскага паходжання –З. Азгур, М. Данцыг, І. Басаў. А многія мастакі (В. Волкаў, М. Гусеў, І. Гэмбіцкі, Я. Ціхановіч, М. Дучыц ды многія іншыя) у горадзе перажылі акупацыю і актыўна ўключыліся ў савецкага культурнае жыццё пасля вайны. Такім чынам, казаць пра “tabula rasa” не выпадае.

Яшчэ адно такое стэрэатыпнае сцверджанне, паўторанае Т. Бонам, – канстатацыя “поўнага знішчэння” горада, хоць большасць манументальных мураваных аб’ектаў, храмаў, у тым ліку і помнікаў архітэктуры, былі знішчаны ўжо пасля вайны, у 1950–1970-я г. І тут нямецкі аўтар унікнуў ацэнак, не даючы сваіх суб’ектыўных канатацый праблеме “зачысткі” гістарычнага ўрбаністычнага асяроддзя ўжо ў мірныя савецкія гады. Не адмаўляючы катастрофы Другой сусветнай вайны для сталіцы Беларусі, варта аднак, праз гісторыю культуры, пазбаўляцца спрашчэнняў, глядзець на лёс Мінска больш дыялектычна. Бо менавіта захаванне даваеннай культурнай эліты дазваляе вытлумачыць хуткае аднаўленне і бурнае пасляваеннае развіццё тут мастацтва, асветы, навукі.

У кнізе Томаса Бона ёсць вельмі разнастайны архіўны матэрыял, на падставе якога разглядаюцца гарадское планаванне і архітэктура, урбанізацыя і міграцыя, і таксама жыллёвае пытанне і штодзённае жыццё горада. Аўтар супастаўляе жаданае і сапраўднае савецкай сістэмы. Паводле Бона Мінск – узорны горад сацыялізму. Натуральна, гэта трэба ўспрымаць як метафару. Бо такімі ж “узорнымі” сацыялістычнымі гарадамі могуць быць названы і іншыя сталіцы – Тырана, Бухарэст, Скоп’е, АлмаАта ды яшчэ дзясяткі буйных савецкіх гарадоў.

Аўтар вельмі дакладна падзяляе гісторыю Мінска пасля вайны на тры этапы. На позднесталінскі перыяд прыпадае збудаванне ключавых прадпрыемстваў і рэканструкцыя цэнтра горада ў духу неакласіцызму, рэалізацыя грандыёзнага праекта “сонечнага горада”. Т. Бон піша (цалкам слушна), што будаўніцтва цэнтра было прыярытэтным, і гэта прыводзіла да недахопу жыллёвага фонду. Пасля таго як рэалізацыя Генеральнага плана Мінска 1946 г. была спынена, функцыянальны стыль узяў верх над неакласічным стылем будаўніцтва. У хрушчоўскую эпоху адначасна з дэсталінізацыяй вялося масавае жыллёвае будаўніцтва шляхам індустрыялізацыі будаўніцтва і стандартызацыі тыпавых праектаў. Новым элементам стаў мікрараён – жылы комплекс дамоў для 15–20 тысяч жыхароў. Але рэалізацыі планаў замінаў недахоп працоўнай сілы і савецкі бюракратызм. Паскораная індустрыялізацыя БССР у першую чаргу сканцэнтравалася ў Мінску. З гэтым працэсам была звязана і велізарная міграцыйная хваля. Спыніць працэс спусташэння вёсак і “сялянізацыі» гарадоў было немагчыма. Жорсткая сістэма ўліку і рэгістрацыі сутыкаліся з супрацівам з боку насельніцтва і з рознымі спосабамі абыходу такіх правілаў. Гэта прывяло да таго, што ў 50–60-я гады ХХ ст. канцэнтрацыя жыхароў у Мінску і ваколіцах стала бескантрольнай. На свабодных тэрыторыях унутры Мінска і на яго ўскраінах узнікала драўляная забудова, на думку нямецкага даследчыка –з сельскай субкультурай. Апошні тэзіс таксама спрэчны, бо насельніцтва гэтых драўляных кварталаў не вяло гаспадаркі на зямлі, не было знітавана роднаснымі повязямі, карысталася ўсімі выгодамі сталічнага жыцця. Толькі сама драўляная архітэктура вонкава нагадвала вясковы лад.

План і рэальнасць, па меркаванні вучонага, значна разыходзіліся ў “сацыялістычным горадзе”. Т. Бон лічыць урбанізацыйную канцэпцыю мадэрнізацыі Мінска, распрацаваную беларускай партыяй і ўрадам, няўдалай, бо кіраўніцтву не ўдалося стрымаць міграцыю і выбудаваць супольнасць “новых людзей”. А на трэцім этапе, у часы Брэжнева, была зроблена спроба абмежаваць імклівы рост гарадоў. Тым не менш, спальныя раёны вакол гістарычнага ядра сталі найбольш характэрнай адметнасцю Мінска. Беларуская нацыя ў сучасным стане сфармавалася менавіта ў гарадах, дзе ад сярэдзіны 70-х гадоў мінулага стагоддзя ўжо жыве большасць этнічных беларусаў. Менавіта гарады, перадусім Мінск, сфармавалі сённяшніх беларусаў. Бон паказвае, што працэс саветызацыі Беларусі праходзіў у рамках уцёкаў насельніцтва з вёскі ў сувязі з запозненай індустрыялізацыяй. Новыя гараджане спрабавалі адмовіцца ад сваёй вясковай ідэнтычнасці, пры гэтым пераходзілі на агульную рускую мову і пераймалі савецкія нормы паводзінаў. Але гэта не вытлумачвае феномена імклівага росту ў 1980-я г. беларускай нацыянальнай самасвядомасці менавіта ў Мінску. Тое, што адбылося ў канцы XX ст., нават знішчэнне колішняй старасвецкай спадчыны, сёння ўжо можна ацэньваць як частку дэкаланізацыі. Мы ўжо самі будуем сабе “старасвецкія» кварталы ў старым горадзе, абіраем і ствараем уласныя знакі сваёй суб’ектнасці, гістарычнасці. І ў гэтым ёсць пакуль нявырашаная, неапісаная дыялектычнасць.

У сваёй працы Т. Бону выпала выявіць новыя характарыстыкі развіцця пасляваеннага Мінска. Тыя праблемы, што ён раскрывае з дапамогай архіўных крыніц, адлюстроўваюць прынцыпы дзеяння савецкага грамадства  ў савецкай перыферыі. Навуковы тэкст дапаўняюць шматлікія ілюстрацыі і табліцы, а таксама яскравыя жывыя прыклады з тагачаснай рэчаіснасці Мінска. У канцы працы Т. Бон піша, што пасля 1991 г., калі Мінск стаў сталіцай незалежнай дзяржавы, уладам неабходна было вырашаць тыя ж праблемы, што і ў савецкай пасляваеннай гісторыі горада.

Томас Бон стварыў добрую навуковую кнігу пра нашу сталіцу, прысвечаную пасляваенным гадам, надзвычай важную для наступных даследаванняў усходнееўрапейскай гарадской гісторыі і гранічна актуальную для беларускіх даследчыкаў. Інтэлектуальны выклік нямецкага гісторыка-пазітывіста беларускім калегам, якія мелі вольны доступ да дакументаў, скарыстаных Т. Бонам, але не выкарысталі іх. Мо каб у нас былі такога кшталту кнігі, напісаныя айчыннымі аўтарамі, мы знялі б многія міфы і стэрэатыпы, што даюць глебу для бясплённых дыскусій у грамадстве пра прыроду нашай ідэнтычнасці і гістарычнай наканаванасці…

Мінск

Сяргей Харэўскі

Тэгі: , ,