Spatial concepts of Lithuania in the long Nineteenth Century / ed. by DARIUS STALIUNAS. Boston: Academic Studies Press, 2016. VI + 471 pp.
Акадэмічныя дыскусіі пра прастору, тэрытарыяльнасць, межы рэгіёнаў і “нацыянальны абшар”, “тэрыторыі” і іх “нацыяналізацыю” ў гістарыяграфіі не спыняюцца.
Яны хутчэй дапаўняюцца новымі падыходамі, даследаваннямі і матэрыяламі. Натуральна, не абмінаюць гэтыя дыскусіі і Усходне-Цэнтральную Еўропу з яе складанай спадчынай тэрытарыяльных канфліктаў і супярэчнасцяў [1]. Сведчанне гэтага – апублікаваны бостанскім выдавецтвам “Academic Studies Press” зборнік даследаванняў “Прасторавыя канцэпцыі Літвы ў доўгім дзевятнаццатым стагоддзі” пад агульнай рэдакцыяй Даруса Сталюнаса, намесніка дырэктара Інстытута гісторыі Літоўскай акадэміі навук. Зборнік – частка серыі “Літоўскія даследаванні без межаў”.
Уражвае высокі акадэмічны ўзровень і ўзважанасць гэтага зборніка, у якім кожнае з даследаванняў дэманструе вельмі насычаную і ўсебаковую карціну фармавання прасторавых вобразаў Літвы ў сувязі з інтэлектуальным, сацыяльным, культурным і палітычным кантэкстамі. Усяго ў кнізе 7 раздзелаў, кожны з якіх прысвечаны аналізу прасторавых канцэпцый Літвы ў расійскім імперскім, польскамоўным літоўскім, літоўскім літоўскамоўным, польскім, беларускім, яўрэйскім і нямецкім дыскурсах у перыяд ад 1795 г. (апошні падзел Рэчы Паспалітай) да 1914 г. (пачатак Першай сусветнай вайны). Аўтары пры неабходнасці звяртаюцца да ранейшых перыядаў гісторыі для больш поўнага асвятлення тэматыкі сваіх раздзелаў, аднак толькі ў тых выпадках, калі зразумела, што канцэпцыі прасторы ХІХ ст. склаліся раней (3–4).
Дарус Сталюнас выступае не толькі рэдактарам тома, але і аўтарам ці суаўтарам чатырох з сямі раздзелаў. Таксама трое (Дарус Сталюнас, Вольга Масцяніца, Зіта Медзішаўскене) з пяці аўтараў зборніка – супрацоўнікі Інстытута гісторыі Літоўскай акадэміі навук.
Гэтая калектыўная праца вельмі важная і цікавая для беларускіх даследчыкаў. Зборнік можна назваць узорам таго, якой сёння павінна быць навуковая манаграфія. Сама яна абапіраецца ў значнай ступені на навукова-даследчы даробак літоўскіх гісторыкаў апошняй чвэрці стагоддзя.
Разам з тым тэарэтыка-метадалагічную базу для міждысцыплінарнага зборніка, якой прытрымліваюцца ўсе яго аўтары, складаюць “прасторавы” і “тапаграфічныя” павароты ў гуманістыцы, а больш канкрэтна – канцэпцыя прадукавання прасторы французскага марксіста Анры Лефеўра (Henri Lefebvre). Яна тычылася ў першую чаргу ўрбаністыкі, гарадской прасторы і рухаў “права да горада” ў кантэксце таго, што ён разглядаў як “позні капіталізм” 1970-х г. Канцэпцыя ўяўляе сабой тэарэтычную трыяду наступных узаемазвязаных працэсаў:
1) “прасторавую практыку”, якая ўключае ў сябе фармаванне розных сацыяльных сетак, сацыяльную дзейнасць, а таксама ўзаемадзеянне праз іх, тут жа адбываецца і матэрыяльнае прадукаванне;
2) “рэпрэзентацыю прасторы”, якая прадугледжвае стварэнне вобразаў, якія характарызуюць прастору (звычайна гэта розныя дыскурсіўныя практыкі, якія ўключаюць у сябе не толькі пісьмовыя тэксты, але і прасторавае планаванне, карціны, карты);
3) “сімвалічнае стварэнне прасторы”, або сімвалічнае вымярэнне прасторы, уяўляе сабой больш агульную ідэю, а адпаведнымі сімваламі могуць быць як прыродныя аб’екты, так і аб’екты, створаныя чалавечымі рукамі (будынкі, помнікі) (5).
Што цікава, спасылак на працы самога Лефеўра ў зборніку няма. Калектыў аўтараў на чале з Дарусам Сталюнасам хутчэй карыстаўся другаснымі працамі, якія аналізавалі і вылучалі прынцыповыя элементы і падыходы ў кантэксце “прасторавага павароту” і даробку французскага марксіста, якія былі неабходнымі для рашэння іх задач. Але гэта зусім не закід на адрас літоўскіх калег ці недахоп. Наадварот, гэта паказвае, наколькі неабходная падобнага кшталту літаратура, якая ў значнай ступені спрашчае працу даследчыка.
Гэты падыход у тэкстах асобных даследчыкаў дапаўняецца і іншымі, не менш цікавымі канцэпцыямі. Напрыклад, Васіліюс Сафронавас (Vasilijus Safronavas), які аналізуе нямецкі і літоўскі дыскурс адносна прасторы прускай Літвы, ці Малой Літвы (Mažoji Lietuva / Kleinlitauen), згадвае вельмі цікавую канцэпцыю культурнага трансфера француза Мішэля Эспаня (Michel Espagne) (372).
Важнае для тэкстаў зборніка і паняцце “кагнітыўная карта”. У зборніку выкарыстоўваецца азначэнне гэтага тэрміна як суб’ектыўнага адлюстравання асяроддзя вакол нас. Больш сцісла, аднак, азначэнне паняцця падкрэслівае тое, што гэта працэс, які складаецца з серыі псіхалагічных трансфармацый, з дапамогай якіх індывід атрымлівае, кадзіруе, перахоўвае, прыгадвае і дэкадзіруе інфармацыю пра адноснае размяшчэнне і ўласцівасці феномена ў штодзённым прасторавым асяроддзі (7).
З гэтым таксама звязана і такое паняцце, як “геаграфічнае цела” (geo-body), якое апісвае разуменне тэрыторыі ў нацыяналістычным дыскурсе (9–10). Больш складаная сітуацыя тады, калі сустракаюцца нацыяналізмы, што маюць вобраз сваёй уяўнай тэрыторыі, які супадае з межамі імперыі, як было ў выпадку расійскага нацыяналізму ў імперыі Раманавых.
Тэксты зборніка звяртаюцца да пытання таго, ці рэгіён у кантэксце прасторавых практык нацыянальных эліт супадаў з канцэпцыяй нацыянальнай тэрыторыі. Для гэтага розныя дыскурсіўныя практыкі параўноўваюцца з нацыянальнай палітыкай (у выпадку расійскага імперскага кантэксту) (5). Галоўнай мэтай даследавання было не толькі паказаць разнастайнасць канцэпцый Літвы ці іншых прасторавых вобразаў, але і раскрыць прычыну іх фармавання (444).
Афіцыйны імперскі адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел і адміністрацыйна-бюракратычныя практыкі мелі вялікі ўплыў на вобразы нацыянальнай тэрыторыі (geoimages) (120, 101, 118, 131). Тым не менш, напрыклад, афіцыйная забарона на назву Літва не прывяла да яе знікнення як канцэпцыі тэрыторыі і як гістарычнай спадчыны са свядомасці мясцовых эліт.
Наадварот, расійскія імперскія практыкі спрыялі таму, што Гродзенская, Віленская, Ковенская, а часам і Сувалкаўская губерні лічыліся на афіцыйным узроўні літоўскімі на пачатку ХХ ст. Гэта тлумачыць тое, што ў мемарандуме 1905 г. да расійскага ўрада літоўская інтэлігенцыя ўжывала катэгорыі імперскага адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання (202–203). Але гэта быў адзіны такі выпадак, бо, як правіла, іх згадак пазбягалі (445). Імперскія ўлады яўна пераацэньвалі ўплыў на ментальныя карты мясцовых эліт і насельніцтва скасаванага ў 1911 г. інстытута Віленскага генерал-губернатарства. Хоць сам факт таго, што наяўнасць такой адміністрацыйнай адзінкі надавала “Паўночна-Заходняму краю” ці “Заходняму краю” пэўную рэгіянальную ідэнтычнасць, што прывяло да яго ліквідацыі, а самі гэтыя назвы не павінны былі згадвацца ва ўказе аб скасаванні, гэта не дае канчатковай карціны расійскай бюракратычнай логікі ў сэнсе абгрунтавання і стварэння пэўных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак (73–74).
Што ж датычыць беларускага нацыянальнага руху, то нацыянальныя актывісты не бачылі нічога дрэннага ва ўжыванні назваў афіцыйных імперскіх адміністрацыйных адзінак (294–295) для вызначэння нацыянальнай тэрыторыі на падставе этналінгвістычнага крытэрыю, які на рубяжы ХІХ і ХХ ст. стаў нарматыўным.
Яўрэйскі дыскурс таксама трымаўся ў асноўным афіцыйнага тэрміна “Беларускія губерні”, калі гаворка ішла пра “Райсн” (Беларусь) (336). А вось сучасная цэнтральная і заходняя часткі Беларусі на захад ад ракі Бярэзіны вызначаліся ў яўрэйскім дыскурсе як “Літэ” (Літва) (336). Гэта, праўда, істотна дапаўнялася распаўсюджаннем на тэрыторыі рэгіёну “Райсн” уплываў рэлігійнага хасідскага руху Хабад, на што ўказалі Уладзімір Левін (Vladimir Levin) і Дарус Сталюнас (333–335).
Гэта зусім не азначае, як можна пераканацца, чытаючы раздзелы зборніка, што менавіта імперскі дыскурс быў галоўным для нацыянальных эліт у фармаванні прасторавых канцэпцый Літвы. Да ХІХ ст. ролю сістэмы каардынатаў, якія спрашчалі камунікацыю, выконвалі водныя бар’еры, галоўным чынам рэкі, а ў Расійскай імперыі пачынаючы з гэтага стагоддзя аналагічную функцыю адыгрывалі межы губерняў і іншых адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак (445–446).
Імперскі дыскурс і звязаны з ім адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел меў вялікі ўплыў, але толькі да пэўнай ступені. Ён знаходзіўся ў дыялогу з іншымі моцнымі чыннікамі, якія фармавалі вобразы нацыянальных тэрыторый, фармавалі прасторавыя вобразы Літвы сярод беларусаў, літоўцаў, палякаў і яўрэяў. Такімі чыннікамі выступалі культурныя ці нацыянальныя ідыёмы (ідэі эпохі рамантызму, канцэпцыі этнакультурнай ці этналінгвістычнай нацыі і інш.), а таксама спадчына мінулага (444–446). У той жа час такі чыннік, як геаграфічны дэтэрмінізм, прэтэнзіі на “натуральныя межы” выступалі ўвыпадках, каліімкнуліся знайсці дадатковыя аргументы, якія дапамаглі б вызначыць нацыянальную тэрыторыю “больш аб’ектыўна” (445). Зрэшты, якраз “прасторавы паварот” у гуманістыцы аспрэчвае “натуральнасць” межаў.
У выпадку ж прускай, ці Малой, Літвы назіралася адначасовае вызначэнне яе межаў паводле этналінгвістычнага крытэрыю пры функцыянаванні адміністрацыйных адзінак, якія выступалі як літоўскія, але не супадалі этналінгвістычнымі межамі. Гэта ўплывала на прасторавы вобраз названага рэгіёну.
Трэба ўсё ж адзначыць, што ў зборніку аналізуецца пытанне “нацыяналізацыі мас” і распаўсюджанне адпаведных прасторавых вобразаў Літвы сярод літоўскамоўнага насельніцтва, а не толькі элітны дыскурс. Вельмі цікавы ў гэтым сэнсе тэкст Зіты Медзішаўскене (Zita Medišauskienė), якая разглядае функцыянаванне тэрытарыяльных вобразаў і іх гістарычнага кантэксту ў зборніках касцельных гімнаў, лемантароў, календароў і брашур у першай палове ХІХ ст. (152, 155, 157–172), скіраваных на сялянскую аўдыторыю.
Можна пагадзіцца з Дарусам Сталюнасам і Вольгай Масцяніцай у тым, што з’яўленне з цягам часу, а асабліва на пачатку ХХ ст., у польскім дыскурсе складанага тэрміна “Літва і Беларусь” было сведчаннем усведамлення польскім грамадствам пашырэння беларускага і літоўскага нацыянальных рухаў (243–244). Аўтары ўдакладняюць, што не ахапілі ўсіх наяўных крыніц па згаданым пытанні, але такую тэзу можна прыняць. Гэта, аднак, павінна стымуляваць даследчыкаў з Беларусі і Літвы да больш глыбокага далейшага вывучэння крыніц па названым пытанні і пашырэння дыскусіі вакол яго.
Цікавасць і неадназначную рэакцыю, асабліва сярод беларускіх чытачоў, можа выклікаць гіпотэза, высунутая Вольгай Масцяніцай у тэксце, прысвечаным стварэнню нацыянальнай тэрыторыі беларускім нацыянальным рухам. Адметна тое, што беларускай праблематыцы прысвечаны самы невялікі па памерах тэкст у зборніку, што, аднак, не азначае яго горшай якасці параўнальна з іншымі.
Даследчыца піша, што ідэя стварэння адзінай аўтаномнай Літвы пад час рэвалюцыі 1905–1907 г. у поглядах беларускай інтэлігенцыі абапіралася на пэўны разлік. Паводле даследчыцы, беларускія актывісты былі перакананы, што беларуская нацыянальная свядомасць узмоцніцца ў рамках аўтаномнай Літвы, і гэта пазней дазволіла б ім дамагацца аўтаноміі этнаграфічнай Беларусі як асобнай палітычнай і тэрытарыяльнай адзінкі. Літоўскі ж бок разгадаў такую логіку і адкінуў у траўні 1906 г. прапанову аб’яднання літоўскіх і беларускіх сацыял-дэмакратаў. Але В. Масцяніца сваю гіпотэзу называе “далікатнай”, настойваючы, што сустрэча сацыял-дэмакратаў і некаторыя праграмныя дакументы БСГ дазваляюць сфармуляваць такое меркаванне. У той жа час усведамленне супадзення ўяўных нацыянальных тэрыторый беларусаў і літоўцаў (“этнаграфічнай Літвы” і “этнаграфічнай Беларусі” [2]) не прывяло да публічнага абмеркавання гэтай супярэчнасці. Беларускі бок, як піша Вольга Масцяніца, не быў зацікаўлены ў гэтым (302).
Прасторавыя вобразы і канцэпцыі, якія функцыянавалі ў розных дыскурсах, мелі ўзаемаўплыў. Напрыклад, у канцы ХІХ і пачатку ХХ ст. літоўцы ў Прусіі сталі апісваць “сваю ўласную” тэрыторыю паводле крытэрыяў, вызначаных нямецкімі навукоўцамі ў ХІХ ст. (448) [3]. Можна пагадзіцца з высновамі аўтараў і рэдактара зборніка, што геа-ідэалагічныя вобразы не былі сталымі, яны змяняліся ў залежнасці ад культурных ідыём і інтарэсаў. У той жа час яны залежалі ад прасторавых вобразаў, якія склаліся гістарычна. Таксама пераканаўчай выглядае тэза аб тым, што новыя ідэалогіі сучаснай ідэнтычнасці ва Усходне-Цэнтральнай Еўропе не столькі замянілі тагачасныя лакальныя, рэгіянальныя ці палітычныя ідэнтычнасці, колькі былі ў сталым дыялогу з імі (449).
На завяршэнне хацелася б падкрэсліць яшчэ раз высокія стандарты даследчыцкай працы, якіх прытрымліваюцца і самі задаюць спецыялісты, што працавалі над гэтай калектыўнай манаграфіяй. За выключэннем некаторых памылак у транслітарацыі беларускіх назваў і невялікай колькасці моўных штампаў гэта практычна бездакорная праца, да якой будуць звяртацца спецыялісты па гісторыі Беларусі, Літвы, Польшчы і Усходне-Цэнтральнай Еўропы ў цэлым. Знаёмства з кнігай трэба рэкамендаваць як спецыялістам, так і тым, хто цікавіцца новай і найноўшай гісторыяй Беларусі, Літвы і іх суседзяў. Яна, безумоўна, пашырыць уяўленне пра складанасць і неадназначнасць працэсаў фармавання нацый і нацыянальных ідэнтычнасцяў, дапаможа ўзбагаціць метадалагічную і тэарэтычную базу даследчыкаў, якія займаюцца гэтай праблематыкай, павысіць узровень і якасць акадэмічнага дыскурсу.
Горадня – Варшава
Аляксандр Пагарэлы
[1] Johnson L. R. Central Europe: Enemies, Neighbors, Friends. New York – Oxford, 1996.
[2] Mačiulis D. and Staliūnas D. Lithuianian Nationalism and the Vilnius Question, 1883–1940. Verlag Herder-Institut, Marburg, 2015. P. 38, 49.
[3] Liulevicius V. G. The German Myth of the East. 1800 to the Present. Oxford-New York, 2009. P. 106–107.