Рымантас Ясас. Хроніка Быхаўца і яе паходжанне*
Ад перакладчыка
У 1971 г. у Вільні выйшаў з друку пераклад на літоўскую мову Хронікі Быхаўца – арыгінальнага помніка агульнадзяржаўнага летапісання ВКЛ першай трэці XVI ст. Да 2011 г. гэты помнік быў вядомы толькі па адным спісе, які атрымаў назву ад прозвішча ўладальніка рукапісу Аляксандра Быхаўца і даў назву ўсяму Поўнаму зводу летапісання ВКЛ [1].
Пераклад выканаў літоўскі гісторык Рымантас Ясас. Акрамя ўласна перакладу, уступу і каментароў, у выданне ўключана навуковае даследаванне “Хроніка Быхаўца і яе паходжанне” з назіраннямі і высновамі вучонага, што ўзніклі ў час працы над перакладам. Пры гэтым высновы тычацца не толькі ўласна Хронікі Быхаўца, часу і асяродку яе ўзнікнення, магчымых крыніц, але і гісторыі стварэння другога, або Пашыранага, зводу агульнадзяржаўнага летапісання ВКЛ – Хронікі Вялікага Княства Літоўскага і Жамойцкага.
Нягледзячы на тое, што з моманту апублікавання перакладу Р. Ясаса прайшло амаль паўстагоддзя, да сённяшняга часу даследаванне “Хроніка Быхаўца і яе паходжанне” не было перакладзена на беларускую мову, што значным чынам паўплывала на ступень засвоенасці даследавання і прыведзеных у ім высноў беларускімі гістарыяграфіяй і літаратуразнаўствам. Між тым высновы, да якіх прыйшоў у час працы над перакладам Р. Ясас, да гэтай пары не страцілі сваёй актуальнасці, а асобныя з іх могуць паслужыць зыходнай кропкай для новых даследаванняў і адкрыццяў.
У прыватнасці Р. Ясас пацвердзіў меркаванне пра тое, што Пашыраны звод быў створаны па ініцыятыве Альбрэхта Гаштаўта ў другім дзесяцігоддзі XVI ст., да 1519 г. Больш за тое, даследчык доказна абгрунтаваў, што не толькі Пашыраны звод, але і ўся Хроніка Быхаўца (а гэта значыць сам Поўны звод) была напісана пры жыцці і па ініцыятыве Альбрэхта Гаштаўта, неўзабаве пасля стварэння Пашыранага зводу. Час стварэння Поўнага зводу акрэслены ў даследаванні дастаткова дакладна – мяжа другога і трэцяга дзесяцігоддзя XVI ст. (1519–1521 або 1525 г.).
Такім чынам, у навуковым даследаванні Р. Ясаса была не проста пастаўлена пад пытанне, але ў значнай ступені аспрэчана найбольш распаўсюджаная на момант працы над перакладам гіпотэза пра датаванне часу ўкладання Поўнага зводу сярэдзінай – другой паловай XVI ст.
Для абгрунтавання сваіх высноў Р. Ясас прывёў не толькі аналіз канкрэтных гістарычных фактаў (напрыклад, з жыцця і службовай дзейнасці А. Гаштаўта і членаў ягонай сям’і, але іпаказаўХроніку Быхаўца ў супастаўленні з шэрагам гісторыка-літаратурных твораў, напісаных у канцы другога – трэцім дзесяцігоддзі XVI ст., у тым ліку аўтарства самога А. Гаштаўта. На падставе гэтага даследчык выявіў кропкі судакранання паміж пэўнымі гістарычнымі падзеямі, гісторыка-літаратурнымі тэкстамі, што дало магчымасць абгрунтаваць уласныя высновы.
Хроніку Быхаўца ў сваім даследаванні Р. Ясас разглядаў як характэрную з’яву шляхецкай культуры ВКЛ першай трэці XVI ст. Гэтую культуру, як адзначыў сам даследчык, “пазней заліло хваляй польскай феадальнай культуры”. Аднак самае важнае – і ў даследаванні Р. Ясаса нездарма акцэнтавана на гэтым увага, – што яна была. Тое, якой гэтая культура была, нам дапамагаюць убачыць і зразумець Хроніка Быхаўца і Хроніка Вялікага Княства Літоўскага і Жамойцкага, спісы якіх, дарэчы, выкарыстоўваў Мацей Стрыйкоўскі, калі пісаў сваю “Хроніку Польскую, Літоўскую, Жамойцкую і ўсёй Русі” [2] – першую надрукаваную гісторыю ВКЛ.
Вывучэнне Хронікі Быхаўца (услед за Р. Ясасам) як характэрнай з’явы шляхецкай культуры ВКЛ першай трэці XVI ст. – гэта магчымасць не толькі лепш зразумець шляхецкую культуру ВКЛ гэтага перыяду, але таксама – магчымасць зразумець і прааналізаваць асаблівасці пераемнасці асобных сюжэтаў, матываў, ідэй Хронікі ў пазнейшых гісторыка-літаратурных творах ВКЛ.
Асобнай увагі заслугоўваюць прыведзеныя Р. Ясасам тэксталагічныя супастаўленні Хронікі Быхаўца і “Хронікі палякаў” Мацея Мехавіты (першай выдадзенай друкам гістарычнай хронікі Польскага Каралеўства) [3]. На іх падставе даследчык зрабіў высновы, што твор М. Мехавіты быў вядомы аўтару Хронікі Быхаўца і мог быць выкарыстаны ім у якасці крыніцы. Сярод магчымых крыніц Хронікі даследчык назваў таксама “Гісторыю Аляксандра” – незахаваны да нашага часу тэкст, які апісвае часы праўлення вялікага князя літоўскага Аляксандра Казіміравіча і на які ў працы “Хроніка палякаў” спасылаецца таксама М. Мехавіта.
Яшчэ больш тэксталагічных супастаўленняў, а таксама шэраг верыфікаваных гістарычных звестак, удакладненняў, тлумачэнняў, пададзена ў каментарах, далучаных да літоўскамоўнага перакладу. На сёння гэта найбольш поўныя каментары да Хронікі Быхаўца.
Нягледзячы на доўгую традыцыю даследавання Хронікі Быхаўца (з сярэдзіны ХІХ ст.) і багатую гістарыяграфію па тэме, да цяперашняга часу існуе шэраг нявырашаных пытанняў у вывучэнні гэтага помніка. З’яўленне перакладу, спадзяёмся, значна пашырыць аўдыторыю чытачоў, знаёмых з даследаваннем Р. Ясаса, дасць магчымасць развіць або аспрэчыць асобныя высновы вучонага. І гэта будзе чарговы крок у вывучэнні гісторыі беларускалітоўскага летапісання.
У прапанаваным перакладзе максімальна захаваны аўтарскі стыль. Паколькі праца была апублікавана 46 гадоў таму, пры неабходнасці былі ўнесены пэўныя ўдакладненні, якія знайшлі сваё адлюстраванне ў каментарах.
Выказваю шчырую падзяку Валюсу Венцкунасу, Юраце Якубавічэне, Таццяне Кур’ян, Ягору Прыстаўку за дапамогу пры падрыхтоўцы перакладу.
Ганна Міхальчук
[1] На сённяшні дзень вядомыя два спісы Поўнага зводу – спіс Быхаўца і Вавельскі. Апошні быў выяўлены ў 2011 г. у фондах Нацыянальнага архіва ў Кракаве. Больш падрабязна гл.: Gudmantas K. Lietuvos metraščio Vavelio nuoraљas (fragmentas) // Senoji Lietuvos literature. 2012. Kn. 34. S. 121 – 151; Міхальчук Г. Новы спіс агульнадзяржаўнага летапісання Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага і яго суадносіны з “Хронікай Быхаўца” // Białoruskie Zeszyty Historyczne = Беларускі гістарычны зборнік. Białystok: Białoruskie Towarzystwo Historyczne, 2016. № 45. С. 190−225.
[2] Stryjkowski M. Która przed tym nigdy świata nie widziała Kronika Polska, Litewska, Zmodzka i Wszystkiej Rusi. Królewec, 1582.
[3] Mathiae de Mechovia. Chronica Polonorum. Cracoviae, 1519, 1521.
***
Да гэтага часу вядомыя тры найбольш значныя помнікі летапіснай літаратуры, якія ўзніклі ў Вялікім Княстве Літоўскім: Кароткі звод, Пашыраны звод і Хроніка Быхаўца [1].
Гэтыя зводы, таксама як і ўключаныя ў іх творы, – ананімныя: мала вядомыя або зусім невядомыя іх аўтары, дакладны час напісання і месца. Ніводзін з іх не быў у свой час надрукаваным, а распаўсюджваўся ў рукапісных копіях, якіх больш шырока вядома па меншай меры 22 [2]. Большасць гэтых спісаў і звязаных з імі асобных фрагментаў апублікавана ў выданні расійскай Археаграфічнай камісіі, якое называецца “Полное собрание русских летописей” [3].
У Кароткім зводзе, які быў створаны каля 1446 г., паслядоўна і поўна асветлены толькі 1377–1445 гады – палітычная гісторыя перыяду феадальнай Літоўскай дзяржавы. У ім не было больш вычарпальных звестак не толькі пра кіраванне Гедыміна, але і пра кіраванне Альгерда, і амаль ніякіх звестак з мінулага Літвы да XIV ст.
Пашыраны звод летапісаў Літвы, які называецца “Хроніка Вялікага Княства Літоўскага і Жамойцкага”, узнік, найбольш верагодна, у другім дзесяцігоддзі XVI ст. Тут гісторыя Літвы выкладзена ад старажытных часоў і пачынаецца сказам пра нараджэнне Хрыста, праўленне рымскага імператара Аўгуста, пералікам рымскіх імператараў да Нерона і апісаннем Неронавых зверстваў. Ратуючыся ад ягонага пераследу, частка рымскай “шляхты” пад кіраўніцтвам Палямона, сваяка імператара Нерона, рушыла на поўнач і стала пачынальнікамі літоўскага народа і дзяржавы. Пазней, калі нашчадкі Палямона і наступнай княжацкай дынастыі герба “Кентаўр” вымерлі, літоўскі сталец перайшоў да першага правіцеля дынастыі Гедымінавічаў Віценя.
У навуковай літаратуры гэтая гісторыя называецца легендарнай. Таму і пачатак тэксту Пашыранага зводу, частка да змовы Гедымінавых сыноў Кейстута і Альгерда супраць брата Яўнута (1345 г.), таксама называецца легендарнай.
Далейшая гісторыя Літвы, пачынаючы з пераліку Гедымінавых сыноў, у Пашыраным зводзе выкладзена паводле другой, створанай у канцы XV ст., рэдакцыі Кароткага зводу. Пасля далучэння новай легендарнай гісторыі Літвы да перапісанай складовай часткі Кароткага зводу – апісання часоў Вітаўта “Летапісца вялікіх князёў літоўскіх” – быў цалкам перароблены і пачатак гэтай крыніцы. А менавіта, пасля пераліку Гедымінавых сыноў, якім у Кароткім зводзе пачынаецца “Летапісец вялікіх князёў літоўскіх”, у Пашыраны звод уключана паданне пра Гедымінавага сына Кейстута, ягоную жонку Біруту і пра нараджэнне іх сына Вітаўта.
У некаторых рукапісах Пашыранага зводу (Рачынскага і Еўраінаўскім) гэтыя дапаўненні яшчэ большыя. Пасля Кейстутавага і Альгердавага перавароту (1345 г.) устаўлены пералік Альгердавых сыноў і іх уладанняў, а ў Еўраінаўскім спісе да гэтага пераліку далучана яшчэ паэтычная легенда пра паход Альгерда на Маскву, якой няма ні ў Кароткім, ні ў іншых спісах Пашыранага зводу, а толькі ў Хроніцы Быхаўца.
Аднак далей гісторыя Літвы перапісана з Кароткага зводу, больш значнага новага матэрыялу не ўнесена, толькі адрэдагаваны мова, стыль, парадак выкладу звестак.
Асноўны тэкст як у Кароткім, так і ў Пашыраным зводзе заканчваецца аповедам пра зімовую вайну 1444 – 1445 г. і перамір’е паміж вялікім князем літоўскім Казімірам Ягелончыкам і вялікім князем маскоўскім Васілём ІІ Васілевічам (Цёмным). Праўда, у многіх спісах Пашыранага зводу ёсць дапаўненні: пагадовыя запісы і разгорнутыя апавяданні пра некаторыя больш важныя падзеі канца XV і першай паловы XVI ст. Аднак гэтыя дапаўненні асноўнага тэксту не належаць аўтару Пашыранага зводу, а дапісаны на некалькіх этапах у сярэдзіне XVI ст. Яны расцэненыя як самастойны этап развіцця летапіснай літаратуры ВКЛ.
І. Рукапіс і яго публікацыя
Хроніка Быхаўца, у параўнанні з Кароткім і Пашыраным зводамі, – найбольш поўная гісторыя Літвы, што была напісана да сярэдзіны XVI ст.; у ёй запоўнены прабелы Кароткага зводу ў апісанні часоў праўлення Вітаўта, а гісторыя Літвы пасля 1446 г. сістэматычна апісана да 1506 г.
Рукапіс Хронікі Быхаўца перад 1830 г. у бібліятэцы Аляксандра Быхаўца ў маёнтку Магілёўцы выявіў настаўнік Віленскай гімназіі Іпаліт Клімашэўскі. Вымушаны эміграваць з-за ўдзелу ў паўстанні 1831 г., ён паспеў надрукаваць найбольш драматычны фрагмент Хронікі Быхаўца – апавяданне пра забойства Вітаўтавага брата Жыгімонта Кейстутавіча ў 1440 г. У кароткай прадмове пра знаходку рукапісу ў бібліятэцы Аляксандра Быхаўца І. Клімашэўскі першым даў ацэнку гэтай хроніцы [4].
Намер І. Клімашэўскага апублікаваць увесь тэкст Хронікі Быхаўца [5] ажыццявіў Тэадор Нарбут, найбольш вядомы літоўскі гісторык кірунку рамантыкаў першай паловы ХІХ ст.
Па просьбе Т. Нарбута ўладальнік рукапісу Аляксандр Быхавец перадаў яго знаёмаму гісторыка – суддзі Вінцэнту Яноўскаму, а апошні 4.02.1834 г. пераслаў рукапіс Т. Нарбуту ў яго маёнтак Шаўры Лідскага павета, у Нацкую парафію. У лісце ён прыгожа агаварыўся, што дасылае “чароўны помнік старажытнасці”, які нагадвае пра “дзікія звычаі і веліч нашага народа, падступныя напады і крывавыя войны”, які не можа называцца дакладнай хронікай, але дапаможа ў напісанні нацыянальнай гісторыі [6].
Сапраўды, Т. Нарбут шырока, хоць і некрытычна выкарыстоўваў новую крыніцу ў найважнейшай працы свайго жыцця – 9-тамовай “Старажытнай гісторыі літоўскага народа” (Narbutt Т. Dzieje starożytne narodu Litewskiego. T. I–IX. Wilno, 1835–1841). Падкрэсліваючы каштоўнасць Хронікі Быхаўца, Т. Нарбут пісаў гісторыку І. Анацэвічу, што гэта “скарб скарбаў, тая галоўная крыніца, з якой чэрпаў Стрыйкоўскі. Я ўзяў яе за аснову сваёй працы як адзінае сведчанне літоўскай гісторыі супраць упіканняў, што былі зроблены Стрыйкоўскаму” [7].
Завяршаючы “Гісторыю Літвы”, Т. Нарбут з 1838 г. пачаў рупіцца пра друк Хронікі Быхаўца. 23.02.1844 г. ён адаслаў рукапіс у Вільню свайму самаму блізкаму сябру доктару А. Рэнье, просячы перадаць яго сваяку В. Нарбуту [8], які пазней кіраваў справамі друку і чытаў карэктуры.
У 1846 г. Хроніка Быхаўца, якую, па словах С. Даўкантаса, усе даўно ўжо чакалі “як спрагнелыя кроплі вады” [9], выйшла асобным выданнем [10]. Тэкст рукапісу ў ёй быў перададзены без ніякіх правак, з арфаграфіяй, памылкамі пунктуацыі і заўвагамі на палях. У спасылках Т. Нарбут растлумачыў некаторыя месцы тэксту, але гэтыя тлумачэнні маюць толькі гістарыяграфічнае значэнне, паколькі яны або састарэлі, або памылковыя.
У дадатку Т. Нарбут апублікаваў факсіміле дзевяці радкоў 25-й старонкі рукапісу Хронікі Быхаўца, якія, паводле ягоных слоў, павінны добра атрымацца [11], і далучыў аповед пра шлюб Жыгімонта Аўгуста і Барбары Радзівіл, узяты з іншай крыніцы. Т. Нарбут лічыў, што гэта асобны фрагмент незахаванай часткі Хронікі Быхаўца, але пазнейшыя даследаванні паказалі, што гэты аповед мае незалежнае паходжанне і вядомы з працягу Пашыранага зводу ў спісе Рачынскага.
Т. Нарбут пакінуў таксама першае і адзінае вядомае палеаграфічнае апісанне рукапісу – першы раз у ІІІ томе “Старажытнай гісторыі літоўскага народа” [12], другі раз у прадмове да публікацыі Хронікі Быхаўца [13]. Дзякуючы Т. Нарбуту ў гістарыяграфіі ўкаранілася і сучасная назва хронікі – Хроніка Быхаўца.
Як бачым з апісання Т. Нарбута, рукапіс быў параўнальна невялікага аб’ёму – 20 сшыткаў, г. зн. сагнутых у чацвёрку аркушаў, паслядоўна пранумараваных, або 160 старонак. Пасля тэксту Хронікі Быхаўца, у самым канцы, іншай рукой быў дапісаны кароткі радавод віцебскіх князёў, названы “A se jest rodoslowie kniazey Wytebskich”. Перадапошняй, 159-й, старонкі была спісана толькі трэцяя частка, а апошні аркуш пусты, і на яго другой палове, г. зн. на апошняй старонцы рукапісу, почыркам XVII ст. напісана па-польску: “Kronika Litewska z ruskiego języka na polski przetłumaczona”, хоць на самай справе рукапіс быў не перакладам з заходнярускай [14] на польскую мову, а толькі транскрыпцыяй першапачаткова напісанага на кірыліцы тэксту на лацініцу польскімі літарамі. У пачатку рукапісу (арк. 1–8) на палях тэксту былі напісаны тым жа почыркам кароткія заўвагі па змесце на польскай мове, але ці яны ўжо былі ў той копіі, з якой транскрыбаваўся знойдзены рукапіс, ці былі дапісаны тым, хто рабіў транскрыпцыю, – не высветлена.
Такім чынам, знойдзены рукапіс Хронікі Быхаўца не быў тэкстам, напісаным самім аўтарам, і нават не копіяй таго ж часу, створанай яшчэ ў XVI ст. Гэта – пазнейшы спіс з дрэнна захаванай копіі; тэкст без пачатку і канца, са шматлікімі пропускамі і скажэннямі.
Калі быў напісаны знойдзены ў А. Быхаўца рукапіс хронікі, таксама дакладна не вызначана, паколькі ў самім рукапісе не было напісанай або перапісанай даты.
На падставе папяровых філіграняў і асаблівасцяў почырку Т. Нарбут меркаваў, што рукапіс быў транскрыбаваны лацінскімі літарамі ў XVII ст., але цяпер выказана іншае меркаванне, што ён яшчэ пазнейшы і датаваны XVIII стагоддзем [15].
Самы галоўны недахоп рукапісу Хронікі Быхаўца – гэта адсутнасць пачатку і канца. Тэкст пачынаецца на сярэдзіне абарванага сказа пра спалох рымлян з-за ўварвання гунаў пад кіраўніцтвам Атылы ў Італію: “[рымляне, якія] byli u tom miste, baczeczy tak welikuiu siłu ludey ieho, byli ohorneny strachom welikim y rozbehlisia z mesta”, а заканчваецца таксама абарваным сказам пра бітву войска ВКЛ з крымскімі татарамі ля Клецка ў 1506 г.: “Tatarowie ż, kotoryie nebyli u bitwie, a chodyli ieszcze po zahonom, y newedaiuczy o tom, prychodyli z polonom, da…”.
Тэкст аўтографа мог быць даўжэйшым і даводзіць гісторыю ВКЛ па меншай меры да 1508 г., бо ў адным месцы, гаворачы пра Мікалая Глінскага, фаварыта вялікага князя літоўскага Аляксандра, аўтар абяцаў расказаць пра яго яшчэ шмат цікавых рэчаў. Такім чынам, ён меўся апісаць паўстанне Міхаіла Глінскага супраць Жыгімонта Старога 1508 г. Але ў знойдзеным у А. Быхаўца рукапісе тэкст абрываецца на 1506 годзе, месяцы жніўні. Можа быць, аўтар не ажыццявіў сваёй задумы, магчыма, перапісчык не скончыў транскрыпцыю ўсяго тэксту лацінскімі літарамі або, магчыма, ён карыстаўся таксама пашкоджанай копіяй, якая не мела ні пачатку, ні канца. Аднак больш за ўсё напрошваецца выснова, што мы маем справу акурат з няскончаным творам.
Сам Т. Нарбут меркаваў, што ў знойдзеным у А. Быхаўца рукапісе адлюстравана толькі палова хронікі [16]. Яго меркаванне грунтавалася на дапушчэнні, што аўтарскі тэкст павінен быў сягаць па меншай меры 1548 года і ахопліваць гісторыю Жыгімонта Аўгуста і Барбары Радзівіл.
Падобным чынам лічыць беларускі гісторык літаратуры В. А. Чамярыцкі. Паводле яго, тая частка Хронікі Быхаўца, якой не хапае, меркавана ахоплівала падзеі першай паловы XVI ст. (каля чвэрці ўсяго тэксту). Яна павінна была складацца з кароткіх запісаў, паколькі менавіта так гэтыя падзеі асветлены ў Хроніцы М. Стрыйкоўскага [17]. Але, як было адзначана, Т. Нарбут памыляўся. Апавяданне пра Жыгімонта Аўгуста і Барбару Радзівіл на самай справе было ў спісе Пашыранага зводу летапісаў ВКЛ, што знаходзіўся ў пазнанскай бібліятэцы Рачынскіх. Са спісаў Пашыранага зводу, якія маюць працягі да сярэдзіны XVI ст., маглі паходзіць і звесткі М. Стрыйкоўскага пра падзеі першай паловы XVI ст. Характэрна, што пасля 1506 г. М. Стрыйкоўскі больш не ўспамінае “рускі летапіс” (варыянт Хронікі Быхаўца), які пастаянна згадваў і з якім часам палемізаваў, выкладаючы гісторыю Літвы да 1506 г.
Адпаведна, існаванне далейшага працягу Хронікі Быхаўца пасля 1506 г. не з’яўляецца даказаным і бясспрэчным [18].
Другі раз тэкст Хронікі Быхаўца апублікаваў С. Пташыцкі ў 17-м томе ПСРЛ выдання Імператарскай археаграфічнай камісіі [19], у якім была надрукавана і большасць пісьмовых помнікаў летапісання Вялікага Княства Літоўскага XV–XVI ст., выяўленых да 1907 г.
У гэтым выданні Хронікі Быхаўца з Хронікі М. Стрыйкоўскага быў унесены пачатак, прапушчаны пазнакі на палях пра змест, якія былі ў выданні Т. Нарбута. Тэкст перададзены больш дасканала: у спасылках коратка ўказаны несупадзенні адпаведных месцаў Хронікі Быхаўца з адпаведнымі месцамі некаторых іншых летапісных спісаў ВКЛ і часткова з Хронікай М. Стрыйкоўскага.
Паводле публікацыі ў ПСРЛ тэкст Хронікі Быхаўца быў выдадзены трэці раз у 1966 г. Мікалай Улашчык пераклаў Хроніку на сучасную рускую мову і надрукаваў у серыі Інстытута гісторыі Акадэміі навук СССР “Гістарычныя помнікі народаў СССР” [20]. Выданне ажывіла цікавасць да Хронікі Быхаўца, паўплывала на з’яўленне новых даследаванняў гэтага помніка пісьменства ВКЛ як у СССР, так і за яго межамі.
Перад тэкстам перакладу Хронікі Быхаўца М. Улашчык змясціў уступ, у якім паспрабаваў вырашыць пытанні адносна яе месца напісання і аўтарства, даў кароткія тлумачэнні пра некаторыя згаданыя ў тэксце мясцовасці, больш рэдкія тэрміны і некаторыя іншыя месцы тэксту.
Варта адзначыць, што ва ўсіх выпадках Хроніка Быхаўца публікавалася як літаратурны помнік. Яе звесткі не былі правераны з прыцягненнем усіх сучасных хроніцы дакументальных крыніц, не была вызначана іх надзейнасць для кожнага канкрэтнага выпадку.
Апублікаваўшы Хроніку Быхаўца, Т. Нарбут яшчэ летам 1845 г. забраў рукапіс [21], і Хроніка да 1851 г. знаходзілася ў прыватнай бібліятэцы Т. Нарбута ў Шаўрах, – яна ўключана ў перапісаны інвентар самога гісторыка [22]. Аднак пасля смерці Т. Нарбута рукапіс знік, таму што ў вопісе ягоных кніг і дакументаў з архіва, які быў створаны ў 1864 г. настаўнікам Віленскай гімназіі Сакаловым [23], Хроніка Быхаўца не фігуруе. Ёсць падстава меркаваць, што Т. Нарбут, прадчуваючы небяспеку канфіскацыі сваёй бібліятэкі, мог дастаць рукапіс і разам з іншымі каштоўнымі рэчамі схаваць у знаёмых або сваякоў. Але невядома, каб пазней з’явілася хоць якая звестка пра гэты рукапіс.
Паколькі рукапіс знік, то паміж І і ІІ сусветнымі войнамі сталі сумнявацца, ці існаваў ён увогуле, тым больш што выявілася ненадзейнасць некаторых іншых апублікаваных Т. Нарбутам крыніц [24]. З гэтай нагоды, наўмысна для таго, каб абняславіць помнікі даўняга пісьменства, якія ўзніклі ў Вялікім Княстве Літоўскім, было кінута падазрэнне і на Хроніку Быхаўца, што яна была напісана самім Т. Нарбутам [25].
Ад гэтага неабгрунтаванага падазрэння Т. Нарбута ў 1959 г. абараніў Р. Шалюга [26], які выявіў лісты А. Быхаўца і гісторыка Т. Нарбута аб перасылцы рукапіса В. Нарбуту і друку хронікі ў Вільні. На гэтай аснове было даказана, што рукапіс Хронікі Быхаўца на самай справе павінен быў існаваць.
ІІ. Структура і змест Хронікі
Па сваім змесце Хроніка Быхаўца не з’яўляецца цалкам арыгінальным творам, а складзена тым жа метадам кампілявання, што і Пашыраны звод. Толькі калі ў Пашыраным зводзе была наноў перастворана старажытная гісторыя Літвы, якой не хапала ў Кароткім зводзе, то ў Хроніцы Быхаўца па-новаму апісаны падзеі з 1446 па 1506 г., якіх яшчэ не магло быць у Кароткім зводзе і якія яшчэ не паспелі апісаць у Пашыраным.
Апісваючы мінулае Літвы ад старажытных часоў да 1445 г., аўтар Хронікі Быхаўца абапіраўся на два папярэднія зводы, але стварыў новы пачатак: перасяленне рымлян у Літву ён перанёс з часоў Нерона ў V стагоддзе нашай эры, у часы “біча божага” правадыра гунаў Атылы. Акрамя гэтага аповеду, новай, устаўленай з паўднёвазаходняга рускага Іпацьеўскага летапісу, гісторыі Міндоўга і ягонага сына Войшалка (раздзелы перакладу 9–11) і некаторых падрабязнасцяў, усё астатняе, што выкладзена ў пачатковай (легендарнай) частцы ад Палямона да канфлікту Кейстута і ягонага сына Вітаўта са спадкаемцам Альгерда Ягайлам (раздзелы 1–19), перапісана з легендарнай часткі другой рэдакцыі Пашыранага зводу, а наступны перыяд – апошняе дваццацігоддзе XIV ст. і першая палова XV ст. (раздзелы 25–46) – з Кароткага зводу.
Аднак перапісаныя з Пашыранага і асабліва з Кароткага зводу тэксты не былі перанесены ў Хроніку Быхаўца механічна, а ў многіх выпадках былі вельмі мэтанакіравана перапрацаваны, дапоўнены новымі сказамі, абзацамі, новымі арыгінальнымі аповедамі і нават цэлымі серыямі іх. Такіх арыгінальных уставак, якія складаюцца з аднаго або некалькіх апавяданняў, уключаных у спісаны з папярэдняга зводу тэкст, шэсць (раздзелы 22, 24, 28–29, 31, 34–41, 43–45). Мэтай некаторых з іх было больш поўна асвятліць праўленне Альгерда, Ягайлы, Вітаўта і Свідрыгайлы, а таксама пачатак праўлення Казіміра Ягелончыка, актуальныя адносіны з Польшчай і праблемы з іншымі суседзямі, а іншых – узвысіць перад Літоўскай дзяржавай заслугі папярэдніх прадстаўнікоў роду Гаштаўтаў, уплывовых у першай палове XVI ст. літоўскіх магнатаў, дзяржаўных дзеячоў.
У цэлым гэтыя арыгінальныя аповеды ў тэксце Хронікі Быхаўца да 1445 г. не што іншае, як паслядоўны працяг працы, распачатай пры стварэнні Пашыранага зводу, калі ўжо быў перапрацаваны і папоўнены новымі апавяданнямі перапісаны з пачатку Кароткага зводу “Летапісец вялікіх князёў літоўскіх”. Аўтар Хронікі Быхаўца скончыў яго перапрацоўваць, а сваёй пятай, самай доўгай арыгінальнай устаўкай (раздзелы перакладу 34–41), па сутнасці, наноў апісаў праўленне Вітаўта ад 1405 да 1430 г. і такім чынам запоўніў асноўны прабел, які быў у гісторыі часоў Вітаўта ў Кароткім зводзе.
Тэкст Хронікі Быхаўца, які яшчэ грунтуецца на матэрыяле папярэдніх зводаў, заканчваецца перапісаным з Кароткага зводу, але таксама адрэдагаваным наноў аповедам пра паўстанне ў Смаленску 1440 г. і вайну з Вялікім Княствам Маскоўскім пачатку 1445 г. Ад гэтага месца ўвесь наступны змест Хронікі Быхаўца да самага канца (раздзелы 47–56), г. зн. да жніўня 1506 г., – цалкам новы. Дадзены перыяд асветлены з нераўнамернай паўнатой. Больш падзей апісана ад праўлення вялікага князя літоўскага і польскага караля Казіміра Ягелончыка да 1453 г. З наступнага – амаль 40 гадоў – перыяду (да 1492 г.) у Хроніцы Быхаўца амаль няма ніводнага больш разгорнутага апавядання з унутранага жыцця самой Літоўскай дзяржавы, а распавядаецца пра аддаленыя памежныя абшары Польшчы – Прусію, Сілезію, Малдову, узбярэжжа Чорнага мора. Зноў жа больш падрабязна і непараўнальна больш дакладна апісана кіраванне сына Казіміра Ягелончыка Аляксандра (1492–1506). Некаторыя апавяданні, як, напрыклад, пра бітву на Ведрашы (1500), буйства крымскіх татар у Слуцка-Наваградскім краі, пра Клецкую бітву (1506), несумненна, перадаюць жывога і выразнага сучасніка тых падзей і нават аповед удзельніка. Як гістарычная крыніца, аповед пра часы Аляксандра – самая каштоўная частка Хронікі Быхаўца. Аўтар тут карыстаўся “Гісторыяй Аляксандра”, якая ўзнікла ў Вялікім Княстве Літоўскім. Асобным творам яна не захавалася, але тое, што яна была, пацвярджае Мацей Мехавіта. Ён згадвае, што ў 1497 г. у час вайны з Малдовай вялікі князь літоўскі Аляксандр са сваім войскам стаяў лагерам у Брацлаве, “як відаць з яго гісторыі” (ut in sua videbis historia) [27].
Аднак было б няслушным глядзець на апісанне часоў Аляксандра ў Хроніцы Быхаўца як на суцэльную перадачу гэтай “Гісторыі Аляксандра”. Яго структура, памылкі храналогіі і парушэнні паслядоўнасці падзей паказваюць, што і гэтая частка Хронікі Быхаўца, напэўна, створана аўтарам з разнастайных крыніц.
З якой іншай (не “Гісторыі Аляксандра”) хронікі аўтар браў звесткі, калі пісаў іншыя арыгінальныя ўстаўкі, а таксама гісторыю літоўскай феадальнай дзяржавы за 1446–1492 г., належным чынам не высветлена, за выключэннем хіба толькі агульнапрынятага меркавання, што тут несумненна былі выкарыстаны захаваныя сярод літоўскай магнатэрыі – Гаштаўтаў, васальных князёў Друцкіх, Гальшанскіх, Слуцкіх князёў Алелькавічаў (нашчадкаў Альгердавага сына Уладзіміра) і ў іншых найбольш значных феадальных родаў паданні, успаміны або запісы пра падзеі XV ст. Таму арыгінальныя аповеды Хронікі Быхаўца пра часы Вітаўта і пачатак праўлення Казіміра – не дакументальна дакладнае адлюстраванне гістарычнай рэчаіснасці, а вельмі неаднароднай надзейнасці белетрызаванае выяўленне далёкага мінулага ў адпаведнасці з пазіцыяй феадальнага грамадства Літвы першай паловы XVI ст. Сапраўдныя гістарычныя факты тут часта пакінуты па-за ўвагай, а перадусім прысутнічае імкненне адпаведным чынам асвятліць палітычна ўсё яшчэ актуальныя падзеі мінулага і ролю пэўных гістарычных асоб у гэтых падзеях.
Гістарычнай крыніцай у гэтых арыгінальных апавяданнях хронікі можна лічыць, у першую чаргу, тыя звесткі, якія пацвярджаюць дакументы апісанага года і іншыя надзейныя пісьмовыя крыніцы таго часу. Іншае, што цікавіць, – хроніка як літаратурны адгалосак падзей далёкага мінулага, паказанага з перспектывы першай паловы XVI ст.
Пішучы пра часы Казіміра і Аляксандра, аўтар Хронікі Быхаўца таксама карыстаўся першай выдадзенай гісторыяй Польшчы – “Хронікай палякаў” М. Мехавіты (першае, канфіскаванае, выданне 1519 г., другое – 1521). Часткі месцаў, дзе перасякаюцца Хроніка Мехавіты і Хроніка Быхаўца, адзначаны ў нашых тлумачэннях. Тут упамінаецца толькі яшчэ адзін выпадак перасячэння тэкстаў абедзвюх хронік. Менавіта ў Хроніцы Быхаўца, гаворачы пра з’езд у Наваградку (летам 1505 г.), дзе сабралася літоўская магнатэрыя – члены паноў-рады, якая была ў сварцы з вялікім князем літоўскім Аляксандрам, згадана, што Аляксандр “абяцаў дапусціць іх [членаў паноўрады] да ласкі на сейме Радамскім [травень 1505 г.], калі прыедзе ў Літву” [28]. Гэта амаль даслоўна адпавядае фразе М. Мехавіты ў апісанні Радамскага сейма, згодна з якім Аляксандр паабяцаў “quam primum Lithuaniam rediret, admittere illos [Lietuvos Tarybos ponus] in suam pristinam gratiam regiam” [29].
Характэрная асаблівасць Хронікі Быхаўца, якую крытыкаваў ужо М. Стрыйкоўскі, – адсутнасць датавання. Нават і там, дзе звесткі выкарыстаных крыніц былі датаваныя, аўтар Хронікі Быхаўца нярэдка выдаляе даты, або калі ўказвае месяц і дзень, тады не пазначае гады. Напрыклад, у легендарнай частцы мы ледзь знаходзім чатыры даты, у гістарычнай частцы (1377–1445) – восем дат. Амаль зусім без дат пададзена апісанне праўлення Казіміра [30]. Замест таго, каб указваць год, месяц і дзень, аўтар задавольваецца характэрнымі для мастацкай літаратуры выразамі “того ж часу”, “потом”, “на другое лето”, “тое ж осені”, “тое же зімы” і г. д. Праверка паказвае, што паслядоўнасць гістарычных падзей часта зусім іншая, чым у хроніцы [31]. Асабліва пераблытаныя, перамяшаныя ў адным месцы падзеі розных гадоў і ўдзельнікі ў апісанні Трынаццацігадовай вайны (1453–1466) (49-ы раздзел перакладу).
У апісанні павялічаны даты праўлення Аляксандра, але і тут, пры пераходзе да новага аповеду, указана толькі дата зыходнай падзеі, а больш далёкія падзеі не датаваныя (напрыклад, не пазначаны месяц і дзень бітвы на Ведрашы, хоць пра яе распавядаецца больш падрабязна).
Такое абыякавае стаўленне да храналогіі, самага абавязковага элемента гісторыі, сведчыць, што аўтар Хронікі Быхаўца не быў па сваёй натуры гісторыкам, які шукае як мага болей і найбольш дакладных звестак пра мінулае, як, напрыклад, М. Стрыйкоўскі, які, нават калі быў салдатам, не паленаваўся плыць, каб пабачыць старадаўнія запісы на камянях, якія выступаюць у Дзвіне [32]. Аўтар Хронікі Быхаўца – гэта перш за ўсё літаратар, публіцыст, папулярызатар, задачай якога было за кароткі прамежак часу стварыць палітычна актуальную, кароткую і лёгкую для чытання гісторыю Літвы. Для гэтага аўтар у першую чаргу намагаўся падабраць найбольш займальныя для чытача эпізоды, напрыклад пра цуд з рэліквіяй святога крыжа, трагічны скон Міндоўга, Войшалка, Жыгімонта Кейстутавіча, пра раптоўную смерць біскупа Кафы, пра Дубровенскую (Грунвальдскую), Ведрашскую, Клецкую бітвы. Ён таксама выкарыстаў некаторыя выразна анекдатычныя апавяданні (сватанне Ягайлы ў Друцку, паходжанне прозвішча Неміровічаў, размова вялікага князя літоўскага Казіміра з панам Рутвянскім у лазні).
Каб ажывіць аповед, ён карыстаецца простай мовай. Гэта, дарэчы, не было выключэннем і ў практыцы тагачаснага дзяржаўнага пісьменства Літвы. Ёсць захаваныя судовыя дэкрэты XVI ст., дзе рэплікі бакоў перададзены простай мовай, і ісцец звяртаецца да адказчыка: “Мілы браце!” – гэтак жа, як і Ягайла да Свідрыгайлы ў Хроніцы Быхаўца.
Выкладзеная ў Хроніцы Быхаўца гісторыя Літвы – гэта палітычная гісторыя дзяржавы, вялікіх і васальных князёў, гісторыя магнатаў, распаведзеная ў першую чаргу з гледзішча магнатаў-“паноў”, якія былі супраць умацавання ўлады вялікага князя. Саслоўныя прэрагатывы магнатаў у адносінах да ўлады вялікага князя падкрэслены ў апісанні канфлікту Аляксандра з панамі-радай. Хроніка Быхаўца выразна абараняе лад Літоўскай дзяржавы другой паловы XV – першай чвэрці XVI ст., абгрунтоўваючы панаванне магнацкай алігархіі і яе палітычнага органа – паноў-рады. Гэты лад паказаны ледзь не спрадвечным, бо ўжо Свінтарог, заснавальнік дынастыі герба “Кентаўр”, і заснавальнік дынастыі Гедымінавічаў Віцень былі выбраны “панамі”. Аўтару, відаць, увогуле далёкія думкі, што дзяржаўны лад можа мяняцца, таму радныя “паны” прыпісаны ўжо князю Эрдзівілу (XIII стагоддзе), а гетманам загадана дзейнічаць у часы Гедыміна, хоць пасада гетмана – пастаяннага галоўнакамандуючага войскам – афіцыйна была ўведзена толькі ў 1497 г.
Справы іншых саслоўяў (нават духавенства) аўтара Хронікі Быхаўца, можна сказаць, зусім не хвалююць. Мяшчане, калі дзе згаданыя, то ў тэксце, запазычаным з Кароткага зводу, і то яны паказаны больш з адмоўнага боку: віленцы дапамагаюць Ягайлу захапіць Вільню, але не ўпускаюць у горад Вітаўта, а смаленцы – “простыя людзі” – фігуруюць як бунтаўнікі ў апісанні Смаленскага паўстання 1440 г.
Сяляне ў арыгінальным тэксце Хронікі Быхаўца названы “сабачай кроўю”. Але няма чаго здзіўляцца, калі прыгадаць, што ў той жа самай хроніцы феадал Дрозд, сваяк князя Мікалая Глінскага, фаварыта вялікага князя літоўскага Аляксандра, які кіраваў валасцямі і замкамі вялікага князя, названы “простым” чалавекам. Меркаваны намер “увесь род шляхецкі пагубіць і кроў іхнюю праліць, а ўзняць род халопскі, сабачую кроў” паказаны як адзін з найстрашнейшых амаральных учынкаў Жыгімонта Кейстутавіча.
Як выразны прадстаўнік вярхоў феадальнага класа і выяўнік іх ідэалогіі, аўтар Хронікі Быхаўца накіроўвае сваю ўвагу не на ўнутраную гісторыю дзяржавы. Можна сказаць, што ў яе арыгінальнай частцы зусім няма грамадзянскай гісторыі. Няма характэрных для хронік і летапісаў суседніх краін апісанняў будаўніцтва замкаў, цэркваў, манастыроў, дат заснавання гарадоў, карцін побыту, адлюстравання больш цікавых мясцовых падзей, стыхійных бедстваў, эпідэмій. У арыгінале, па сутнасці, няма нават гісторыі сталіцы дзяржавы – Вільні. Аўтар вядзе чытача ў аддаленыя ўскрайкі вялікай дзяржавы – у Падмаскоўе, да Дняпра і Днястра, бо ў цэнтры ўвагі – міжнароднае становішча ВКЛ і перадусім праблемы, якія выцякалі са стасункаў ВКЛ з Польскім Каралеўствам і Маскоўскай дзяржавай. Асвятляючы іх, аўтар Хронікі Быхаўца выступае як яркі прадстаўнік грамадства свайго краю і патрыёт сваёй дзяржавы, які адстойвае недатыкальнасць яе тэрыторыі і самастойнасць сваёй дзяржавы, абараняе феадальны клас Літвы і прэстыж яе ўладароў.
Для гэтых мэтаў служыла гісторыя пра рымскае паходжанне літоўцаў і далучэнне рускіх земляў да Літоўскай дзяржавы, перапісаная з легендарнай часткі Пашыранага зводу і паўтораная ў Хроніцы Быхаўца. Тая самая праблематыка развіваецца і ў арыгінальных апавяданнях Хронікі Быхаўца з гісторыі ўзаемаадносін ВКЛ і Польшчы ў XV ст. З гэтага гледзішча асабліва паказальным будзе апісанне каранацыі Вітаўта. Па паходжанні літоўская шляхта – падкрэслена ў Хроніцы Быхаўца – “старэйшая і даўнейшая, чым ляхі”. Свае гербы літоўскія шляхцічы атрымалі ў спадчыну ад продкаў – рымлян, “шляхты”, а палякі ў старадаўнія часы былі простымі людзьмі, свае гербы купілі ў чэхаў.
Шмат сказана пра ўвядзенне хрысціянства ў Літве. Спецыяльна ўключаны аповед, як віленскі ваявода Пётр Гаштаўт яшчэ ў часы Альгерда заснаваў у Вільні манастыр францысканцаў і тым самым праклаў шлях каталіцтву раней за Ягайлу, які ажыццявіў хрышчэнне літоўцаў. Такім чынам зменшаны заслугі Польшчы ў хрысціянізацыі Літвы, больш акцэнтавана роля Вітаўта ў гэтай сферы. Заслуга хрышчэння жамойтаў прыпісана аднаму Вітаўту, а ў гісторыі Польшчы Я. Длугаша на першае месца быў высунуты Ягайла.
У процівагу польскай гістарыяграфічнай традыцыі асветлена найважнейшая праблема ўзаемаадносін Польшчы і Літвы – Крэўская унія 1386 г. У Хроніцы Быхаўца ўвогуле няма слова “унія” ці яго адпаведніка, які б вызначаў адносіны абедзвюх краін пасля шлюбу Ягайлы і Ядвігі. Дамоўленасці Гарадзельскай уніі (1413 г.) паказаны як пагадненні паміж раўнацэннымі партнёрамі. Пра Мельніцкую унію (1492 г.) зусім не згадана. Польскія паны выяўлены як вялікія ворагі раўнапраўя Літвы: яны выкралі адпраўленую Вітаўту каралеўскую карону, хацелі знішчыць найбольш значных літоўскіх магнатаў, а Літоўскую дзяржаву далучыць да Польшчы і зусім ліквідаваць.
Нядобразычлівая ў дачыненні да польскіх феадалаў тэндэнцыя Хронікі Быхаўца праяўляецца таксама ў асвятленні супольнай з польскай арміяй ваеннай аперацыі. Роля польскіх войск у апісанні Дубровенскай (Грунвальдскай) бітвы цалкам адмаўляецца, заваяванне перамогі прыпісана толькі літоўцам. Роля літоўцаў вельмі моцна падкрэслена ў апісанні Хойніцкай бітвы, дзе крыжаносцы разбілі войскі Польшчы. Падтрымка літоўцаў мае вырашальнае значэнне ў тым, каб кароль Казімір узяў рэванш за гэтае паражэнне. Зусім не згадана пра палякаў у апісанні Клецкай бітвы 1506 г. Між тым у гісторыі Польшчы М. Мехавіты паказана, што ў той бітве крымскія татары былі пераможаны галоўным чынам дзякуючы з’яўленню польскага войска.
У апісанні зносін ВКЛ з Рускай дзяржавай [33] моцна вылучана перавага Вітаўта ў дачыненні да яго зяця Васіля, вялікага князя Масквы, Пскоўскай і Вяліканаўгародскай феадальных рэспублік. Войны з Вялікім Княствам Маскоўскім канца XV і пачатку XVI ст. паказаны ў адпаведнасці з дзяржаўнымі пазіцыямі Літвы.
Стасункі з Прускім і Лівонскім ордэнамі, якія былі найбольшай з тых, што пагражалі Літве, праблемай у XIIІ і XIV ст., для аўтара як Пашыранага зводу, так і Хронікі Быхаўца малаважныя. Адсутнасць адмысловай цікавасці да гісторыі Лівоніі найлепш указвае, што Хроніка Быхаўца не была напісана ў другой палове XVI ст., у час так званай Лівонскай вайны паміж Лівоніяй і яе пратэктарам Вялікім Княствам Літоўскім, з аднаго боку, і Рускай дзяржавай – з другога.
Войны з прускімі крыжаносцамі XIII – пачатку XV ст. і тым самым гісторыя Жамойці ў Хроніцы Быхаўца абагульнены чатырма апавяданнямі. Тры з іх належаць аўтару Хронікі Быхаўца. Гісторыя Жамойці ўключана таксама таму, што ў ёй распавядаецца пра жамойцкіх старастаў – прадстаўнікоў роду Кезгайлаў (яны згаданы па меншай меры ў 12 выпадках). Аднак з усяго таго, што вядома па гісторыі Жамойці і войнаў з крыжаносцамі, Хроніка Быхаўца – малаінфарматыўная. Пасля 1441 г. гісторыя Жамойці зусім не цікавіць аўтара Хронікі Быхаўца. Гэта сведчыць, што з Жамойцю ён непасрэдна звязаны не быў, але, з іншага боку, Жамойць у той час не была арэнай і якіх-небудзь важных падзей, напрыклад войнаў.
Стасункі Літоўскай дзяржавы з татарскімі ордамі найбольш закрануты ў легендарнай частцы, дзе ўсе бітвы заканчваюцца перамогай літоўцаў, а таксама ў апісанні кіравання Аляксандра. Тут ва ўстаўленых аповедах пра напад крымскіх татар на паўднёвыя і цэнтральныя вобласці дзяржавы часткова адлюстроўваецца трагічнае становішча, у якім з канца XV ст. з-за пастаянных татарскіх спусташэнняў апынуліся ўкраінскія і беларускія землі Літоўскай дзяржавы і землі Польшчы.
У Хроніцы кідаецца ў вочы дзяржаўны патрыятызм Вялікага Княства Літоўскага, які выразна адчуваецца ў многіх аповедах, асабліва калі гаворыцца пра адносіны гэтай дзяржавы з суседзямі. Найбольшы клопат аўтара – узвялічыць сваю дзяржаву, паказаць, якой магутнай яна была ў мінулым. Аднак гэта кансерватыўны патрыятызм: яго ідэал у мінулым. Гэтым Хроніка Быхаўца і адрозніваецца ад трактата Міхалона Літвіна “Аб норавах татараў ліцвінаў і маскавітаў” (V, 1966). Яго аўтар таксама не цураўся гісторыі сваёй дзяржавы, але, дапаўняючы яе прыкладамі, імкнуўся змагацца з заганамі грамадства і ладу свайго часу.
Узвялічваючы перадусім уладароў, дзяржаўных дзеячоў, станоўча асвятляючы іх справы, аўтар Хронікі Быхаўца выказаў погляды і ідэалогію феадальнага класа сваёй дзяржавы. Але адначасова ён імкнуўся і да патрыятычнай мэты – абуджаць і падтрымліваць у грамадстве гонар за сваю дзяржаву і яе мінулае. Выступаючы за феадальную незалежнасць Літоўскай дзяржавы ў адносінах з суседнімі дзяржавамі, аўтар Хронікі Быхаўца служыў і нацыянальным інтарэсам усяго літоўскага народа.
Хроніцы зусім неўласцівае супрацьпастаўленне адных жыхароў і рэлігій разнароднай Літоўскай дзяржавы іншым. Адпаведна ў ёй адлюстравалася істотнае развіццё ў збліжэнні літоўскіх і рускіх феадалаў, асабліва іх эліты, фармаванне адзінага “літоўскага народа”, які складаўся з класа феадалаў, што размаўляў на розных мовах, але аднадушна трымаўся за сваю бацькаўшчыну і дзяржаву Вялікае Княства Літоўскае, творачы адзіную феадальную культуру. Хроніка Быхаўца – характэрная з’ява гэтай культуры, якую пазней заліло хваляй польскай феадальнай культуры.
ІІІ. Паходжанне.
Хроніка Быхаўца – Хроніка Альбрэхта Гаштаўта?
Хто з’яўляецца аўтарам Хронікі Быхаўца, хто яе натхняльнік-мецэнат, дзе і калі яна на самай справе была напісана – на гэтыя найважнейшыя пытанні дасюль не знойдзена адзінага і канчатковага адказу, таму што непасрэдных звестак пра гэта ў самой хроніцы няма і іх пакуль што не выяўлена ў іншых крыніцах. З-за адсутнасці такіх дадзеных магчымыя толькі тыя ці іншыя гіпотэзы.
У літаратуры пануе меркаванне, што Хроніка Быхаўца была напісана ў другой палове XVI ст.: паміж 1564–1574 [34] або 1560–1570 [35] г., перад 1565 г. [36], паміж 1555 і 1560 г. [37]. Выключэнне складае М. Ючас, які аргументавана перанёс час напісання ў першую палову XVI ст. [38].
Больш разнастайных версій існуе наконт пытання паходжання Хронікі Быхаўца. Паводле меркавання Я. Якубоўскага [39], якое перанялі і развілі М. М. Улашчык [40] і В. А. Чамярыцкі [41], Хроніка Быхаўца павінна была быць напісана ў Беларусі, у Слуцку або Наваградку.
Яе аўтар – беларус шляхецкага саслоўя, праваслаўны, які нарадзіўся ці доўга жыў у гэтым краі і звязаны са слуцкімі князямі Алелькавічамі, нашчадкамі Уладзіміра (кіеўскага князя), сына вялікага літоўскага князя Альгерда.
Паводле польскага гісторыка Ю. Радзішэўскай, Хроніка Быхаўца – першая праца М. Стрыйкоўскага па гісторыі Польшчы, напісаная ім у маладосці на рускай мове [42].
Між тым М. Ючас выказаў думку, што натхняльнікам Хронікі Быхаўца, арганізатарам яе напісання мог быць гальшанскі князь Павел Гальшанскі, які ў 1536–1555 г. быў віленскім біскупам. З ягонага ведама хроніку мог напісаць хто-небудзь з віленскіх францысканцаў [43].
Яшчэ па-іншаму генезу Хронікі Быхаўца тлумачыць Б. М. Флора [44] і асабліва – Е. Ахманьскі [45]. Паводле Б. М. Флоры, хроніка стваралася ў асяродку не толькі cлуцкіх князёў Алелькавічаў, але і літоўскіх магнатаў Гаштаўтаў у два этапы. Па ініцыятыве Гаштаўта ў сярэдзіне XV ст. узнікае перапрацоўка Кароткага зводу, дапоўненая апавяданнямі пра XIV стагоддзе. Пра Пятра Гаштаўта, Гедымінавага гетмана, віленскага і камянец-падольскага ваяводу, таксама пра Яна Гаштаўта, літоўскага камандзіра ў Грунвальдскай бітве, канцлера ВКЛ (1440–1458) і заслужанага апекуна і дарадцу юнага вялікага князя Казіміра. Пазней, у пачатку XVI ст., гэтая пераробка Кароткага зводу, патрапіўшы ў рукі слуцкіх князёў Алелькавічаў, была дапоўнена аповедамі пра іх барацьбу з крымскімі татарамі і ператворана ў тое, што называецца Хронікай Быхаўца.
Б. М. Флора выказаў таксама меркаванне, што ў радні Гаштаўтаў магла быць напісана і легендарная гісторыя Літвы.
Е. Ахманьскі не адмаўляе сувязь хронікі з князямі Алелькавічамі, але лічыць, што ў іх асяроддзі перад 1510–1514 г. было створана толькі апісанне праўлення Аляксандра; матэрыял гаштаўтаўскай хронікі – аповед пра пачатак праўлення Казіміра Ягелончыка (1440–1453), героем якога з’яўляецца Ян Гаштаўт, – Е. Ахманьскі датуе не сярэдзінай XV ст., як Б. М. Флора, а першай трэццю XVІ ст. (паміж 1519–1539 г.), і мяркуе, што яна была напісана на замову троцкага ваяводы, пазней віленскага ваяводы і канцлера ВКЛ Альбрэхта Гаштаўта.
Асяродку Альбрэхта Гаштаўта Е. Ахманьскі прыпісвае таксама стварэнне (каля 1510–1527 або 1522–1539 г.) Пашыранага зводу (дакладней – яго легендарнай часткі), такім чынам канкрэтызуючы ўзнятае, але не развітае меркаванне Б. М. Флоры.
Аднак сама Хроніка Быхаўца, г. зн. легендарная частка, аповеды пра Пятра і Яна Гаштаўтаў, апісанне праўлення Аляксандра і іншыя арыгінальныя аповеды, створаныя ў першай трэці XVI ст., па меркаванні Е. Ахманьскага, былі аб’яднаны ў адзін твор – Хроніку Быхаўца – ужо не ў гады жыцця Альбрэхта Гаштаўта (да 1539 г.), а ў другой палове XVI ст., паміж 1565–1574 г., як яе датуе Я. Якубоўскі. Чыя ініцыятыва гэтай справы і хто гэта зрабіў – дадзеных пытанняў Е. Ахманьскі не вырашае.
Ні адна са згаданых гіпотэз паходжання Хронікі Быхаўца не з’яўляецца агульнапрынятай. Датаванне хронікі другой паловай XVI ст. выклікае сумневы. Малаверагодна, што сюжэты і тэмы, закранутыя ў легендарнай частцы Пашыранага зводу ў другім дзесяцігоддзі XVI ст., так паслядоўна развіваліся б праз 40 гадоў, у цалкам новых гістарычных умовах, як гэта мы бачым у арыгінальных аповедах Хронікі Быхаўца. Акрамя таго, дзіўна, што ў Хроніцы, нібыта напісанай напярэдадні Люблінскай уніі (1569 г.), не відаць амаль ніякай зацікаўленасці справамі Лівоніі. Наўрад ці так было б, калі б яна была напісана ў другой палове XVI ст., у гады крызісу Лівоніі (1556–1557), у пачатку вайны (з 1558 г.) ці пасля пераходу Лівоніі пад пратэктарат Польшчы і Літвы (1561 г.), асабліва калі ў гэты час род Гаштаўтаў ужо згас і ў палітычным жыцці краіны паўсюдна ўкараніліся ворагі Гаштаўтаў – Радзівілы.
М. Ючас трапна заўважае, што ў апавяданні Хронікі Быхаўца пра забойства 14 францысканцаў у Вільні ў часы Альгерда яшчэ нічога не вядома пра капліцу, пабудаваную пасля 1542 г. на месцы забойства [46]; значыць, яна напісана не пазней за сярэдзіну XVI ст., і ніяк не ў другой палове. Да такой самай думкі вядуць і некаторыя іншыя факты. А менавіта, характэрная для Хронікі Быхаўца версія пра знаходжанне каралеўскай кароны Вітаўта ў Польшчы адлюстроўваецца ў інструкцыі літоўскіх паноў-рады, якую Літва адаслала польскаму каралю і вялікаму князю літоўскаму Жыгімонту ІІ Казіміравічу [47]. Міхалон Літвін у сваім трактаце, напісаным каля 1549–1550 г., ужо ведае гісторыю пра выратаванне Казіміра Ягелончыка ў 1454 г. [48], выкладзеную ў Хроніцы Быхаўца; з Я. Длугаша і М. Мехавіты ён пра яе даведацца не мог.
Той самы Міхалон Літвін згадвае, што ў час пажару Віленскай катэдры ў 1529 г. згарэла каля 300 трафейных харугваў [49], а ў Хроніцы Быхаўца сказана, што харугвы крыжаносцаў, заваяваныя ў Грунвальдскай бітве, “вывешаны былі” ў Віленскай катэдры. Такім чынам, арыгінальны аповед Хронікі Быхаўца пра Грунвальдскую бітву вусна ці ў пісьмовай форме павінен быў існаваць ужо перад 1529 г. Нарэшце, пра ролю Гаштаўтаў у Грунвальдскай бітве і пра ролю Казіміра, для замацавання ўлады Ягелонаў, напісана не толькі ў Хроніцы Быхаўца, але і ў мемарыяле Альбрэхта Гаштаўта, які быў створаны ў 1525 г. [50]. Так што, калі арыгінальныя сюжэты Хронікі Быхаўца былі папулярныя ўжо ў першай палове XVI ст. і нават у яго першай трэці, г. зн. пры жыцці Альбрэхта Гаштаўта і ў гады ягонай дзяржаўнай і палітычнай дзейнасці, тады чаму ў гэты самы перыяд не магла быць напісана і сама хроніка, дзе гэтыя сюжэты развіты ў самастойныя аповеды?
Прызнаць такую магчымасць перашкаджае атрыманае ў спадчыну ад Я. Якубоўскага і Т. Сушыцкага перакананне, што тэндэнцыя хронікі супраць польскіх феадалаў можа быць патлумачана толькі настроямі літоўскіх магнатаў другой паловы XVI ст., напярэдадні заключэння Люблінскай уніі [51]; другое – што Хроніка Быхаўца не магла ўзнікнуць раней, чым спісы Пашыранага зводу, у якім асноўны тэкст дапоўнены звесткамі, якія сягаюць сярэдзіны XVI ст. [52]. Аднак гэта ўяўныя перашкоды. На самай справе стасункі паміж Літоўскай дзяржавай і кіраўнічымі коламі Польшчы не былі вельмі братэрскімі і ў першай чвэрці XVI ст. “Сепаратысцкай” лініі трымаўся не толькі канцлер Альбрэхт Гаштаўт, але і ягоныя папярэднікі. Дастаткова прыгадаць тое, што ўрад Літвы не прызнаў Мельніцкую унію 1501 г., ігнараваў польскія прапановы адносна больш цеснага саюзу абедзвюх дзяржаў, малалетняга Жыгімонта Аўгуста 04.12.1522 г. абвясцілі пераемнікам Жыгімонта ІІ Казіміравіча без згоды польскага ўрада, урэшце, непрыязна трактаваны замежнікі, сярод іх палякі, у І Статуце ВКЛ (1529).
А калі казаць пра дапаўненні асноўнага тэксту Пашыранага зводу, то, як было адзначана, яны не з’яўляюцца арганічнай часткай Пашыранага зводу; аўтар Хронікі Быхаўца мог у другой палове XV і пачатку XVI ст. напісаць гісторыю Літвы і без гэтых працягаў, не чакаючы іх з’яўлення, асабліва калі існаванне працягу Хронікі Быхаўца да сярэдзіны XVI ст. не даказана напэўна.
Нашы высновы, якія ўзніклі ў працэсе падрыхтоўкі перакладу Хронікі Быхаўца на літоўскую мову, пацвярджаюць меркаванні, што Пашыраны звод павінен быў быць створаны па ініцыятыве Альбрэхта Гаштаўта ў другім дзесяцігоддзі XVI ст., да 1519 г. [53]. Па-другое, мы глыбока перакананы, што не толькі асобныя арыгінальныя апавяданні Хронікі Быхаўца, але і ўся гэтая хроніка была напісана па ініцыятыве таго самага Альбрэхта Гаштаўта, яшчэ пры яго жыцці, неўзабаве пасля Пашыранага зводу, на мяжы другога і трэцяга дзесяцігоддзя XVI ст., магчыма, паміж 1519–1521 або 1525 гадамі.
На карысць Альбрэхта Гаштаўта сведчыць мноства акалічнасцяў. У першую чаргу, гэта характэрны падбор родаў магнатаў і васальных князёў, пра прадстаўнікоў якіх прыведзена больш звестак і нават асобныя апавяданні. На першым месцы ў легендарнай частцы Пашыранага зводу знаходзіцца згадка пра родапачынальніка князёў Друцкіх – кіеўскага і пасля нібыта друцкага князя Дзімітрыя. На другім месцы – пачынальнікі родаў Гаштаўтаў, Давойнаў, Манівідаў, на трэцім – Гальшанскіх і Гедройцаў. Пачынальнікі гэтых самых родаў і ў той самай паслядоўнасці шэрагаў згаданы і ў легендарнай частцы Хронікі Быхаўца. Аднак у далейшым выкладзе гісторыі Літвы родавая гісторыя князёў Гедройцаў больш зусім не развіваецца. Мала адлюстроўваецца гісторыя Давойнаў і Манівідаў. Больш за ўсё новых звестак пра тры роды: князёў Друцкіх і Гальшанскіх, і асабліва шмат – пра Гаштаўтаў.
Гэта невыпадковая з’ява. Разгледзеўшы паходжанне апошняга з Гаштаўтаў, згаданага ў Хроніцы Быхаўца, а менавіта Альбрэхта Гаштаўта, мы ўбачым, што гісторыя роду Гаштаўтаў, выкладзеная ў Пашыраным зводзе і ў Хроніцы Быхаўца, не што іншае, як гісторыя бацькі Альбрэхта Марціна Гаштаўта, дзеда Яна Гаштаўта і больш далёкіх продкаў; тое, што распаведзена пра Друцкіх і Гальшанскіх – гэта мінулае родаў маці і мачахі Альбрэхта Гаштаўта [54]. З гэтага гледзішча цікава, што і на рэльефнай пліце (частцы разбуранага надмагілля), што знаходзіцца ў Віленскай карціннай галерэі, выяўлены тры гербы: “Габданк”, “Кентаўры” і “Друцк” – гэта значыць, гербы тых родаў, з якімі Альбрэхт Гаштаўт быў звязаны кроўнымі сувязямі па бацьку і маці, а таксама па мачасе. Пра гэтыя самыя роды больш за ўсё звестак мы знаходзім і ў легендарнай частцы Пашыранага зводу, і ў Хроніцы Быхаўца. Акрамя таго, там жа выяўлена, што герб Кентаўраў – гэта колішні знак адной з легендарных дынастый вялікіх князёў літоўскіх, і таксама распаведзена, якім чынам “Габданк” зрабіўся знакам роду Гаштаўтаў, як з’явілася змяненне герба “Габданк”, які называюць “Дубна”.
Ёсць таксама дастаткова відавочныя сувязі паміж этапамі службовай кар’еры Альбрэхта Гаштаўта і тым, якое месца ў Пашыраным зводзе і Хроніцы Быхаўца адведзена Наваградку, Полацку і Кіеву ў аповедах пра далучэнне рускіх земляў да Літоўскай дзяржавы, а таксама Трокам. Выглядае, што аўтар Пашыранага зводу і Хронікі Быхаўца больш спыняўся на гісторыі далучэння і кіравання згаданых гарадоў не толькі з-за іх аб’ектыўнага значэння ў дзяржаве, але перадусім з-за таго, што гэтыя гарады адыгралі сваю ролю ў жыцці Гаштаўтаў. Калі не згадваць дзеда Яна Гаштаўта, які ў перыяд 13.07.1440–1443 г. быў троцкім ваяводам, з гэтымі гарадамі быў звязаны бацька Альбрэхта Гаштаўта Марцін Гаштаўт, які першы раз у дакументах з’яўляецца як намеснік наваградскі (1464–1471), а пасля выконвае абавязкі ваяводы кіеўскага (1471–1480) і да смерці – ваяводы троцкага (1480–1483) [55].
Наваградак быў таксама адным з пачатковых звёнаў кар’еры Альбрэхта Гаштаўта, горадам яго маладосці. Пачынаючы сваю службовую кар’еру з пасады двараніна вялікага князя Аляксандра (1501 г.), у перыяд 02.1503 – 1506 ён выконвае абавязкі намесніка, а ў перыяд 1508 – 01.1509 – ваяводы наваградскага. Пост ваяводы полацкага (1513–4.03.1519) быў трэцім звяном яго службовай дзейнасці, а чацвёртым – месца ваяводы троцкага (1519 – 24.07.1522) [56].
Займаючы высокія дзяржаўныя пасады, выконваючы адміністрацыйныя, судовыя функцыі ваяводы наваградскага, полацкага, троцкага, а з 1522 г. і віленскага, А. Гаштаўт не мог не ведаць падуладных яму тэрыторый, асабліва калі ў згаданых адміністрацыйных месцах валодаў нерухомай маёмасцю. Таму крыніцай інфармацыі пра наваградскі і слуцкі край у Хроніцы Быхаўца мог быць, як тлумачаць М. М. Улашчык з В. А. Чамярыцкім, шляхціч з мясцін Наваградка і Слуцка – меркаваны аўтар хронікі, паводле даследчыкаў, але ў роўнай ступені такой крыніцай мог быць сам Альбрэхт Гаштаўт, як намеснік і ваявода наваградскі, як намеснік мазырскі (пасля 1513 г.) – кіраўнік таго краю, праз які праходзілі шляхі крымскіх татар на поўнач ад Прыпяці, дзе адбылося апісанае ў заключнай частцы Хронікі Быхаўца сутыкненне з татарамі, якое традыцыйна трактуецца як гістарычны матэрыял слуцкага паходжання.
За Альбрэхта Гаштаўта гаворыць таксама параўнанне, мясціны якіх краёў найчасцей упамінаюцца ў легендарнай частцы Пашыранага зводу і Хронікі Быхаўца, і як на тэрыторыі ВКЛ былі размешчаны маёнткі Альбрэхта Гаштаўта – аднаго з самых багатых феадалаў [57]. Да гэтага часу не было заўважана, што мясціны, згаданыя ў легендарнай частцы Пашыранага зводу і Хронікі Быхаўца, а таксама ў арыгінальных матэрыялах, як, напрыклад, Жаслей (Жослі), Раканцішкі, Гальшаны, Трубы, Койданава, Валожын, Барысаў, Мазыр, былі ўласнасцю Альбрэхта Гаштаўта або адміністраваліся ім у першай чвэрці XVI ст. Адпаведна, пры стварэнні імён легендарных літоўскіх князёў, пры лакалізацыі падзей легендарнай літоўскай гісторыі выбіраліся мясцовасці не з Літвы ўвогуле, а ў многіх выпадках з тых мясцін, якія былі ўласнасцю Альбрэхта Гаштаўта. Варта дадаць, што адным з маёнткаў Альбрэхта Гаштаўта да 1522 г. былі Ляхавічы [58]. Яны знаходзяцца на адлегласці крыху больш за дзесяць кіламетраў ад Клецка, а якраз апісанне Клецкай бітвы (1506 г.) з мноствам згаданых у ім назваў мясцін было адным з аргументаў М. М. Улашчыка, якімі ён падмацаваў сваё меркаванне пра паходжанне Хронікі Быхаўца з Наваградчыны ці Случчыны.
Прыняўшы меркаванне, што хроніка была створана ў асяродку слуцкіх князёў Алелькавічаў або віленскага біскупа Паўла Гальшанскага, было б цяжка патлумачыць, адкуль у хроніцы ўзяўся матэрыял, звязаны з Гаштаўтамі і асабліва з Альбрэхтам Гаштаўтам.
Ролі Альбрэхта Гаштаўта, як мецэната абодвух летапісных твораў, пра якія вядзецца гаворка, не супярэчаць і некаторыя факты, датычныя яго асобы. У прыватнасці, у вельмі багатай для таго часу ягонай бібліятэцы (вядомыя 57 пазіцый, больш за 60 тамоў), якая раней была памылкова прыпісана каралю Жыгімонту ІІ Казіміравічу [59], знаходзіўся не вызначаны дакладна “Кіеўскі летапіс”. Ён мог патрапіць у бібліятэку Альбрэхта Гаштаўта са спадчыны яго бацькі Марціна Гаштаўта, ваяводы кіеўскага (1471–1481). Найбольш рэальна, што гэты “Кіеўскі летапіс” – спіс паўднёва-рускага летапіснага зводу, вядомага пад назвай Іпацьеўскага летапісу; ён акурат пачынаецца самым старым летапісам Кіеўскай Русі. Але ж неаспрэчна вызначана, што аўтар Пашыранага зводу стварыў паводле Іпацьеўскага летапісу прадстаўленыя ў легендарнай частцы гісторыю далучэння рускіх земляў да Літоўскай дзяржавы і некаторыя падзеі праўлення дынастыі герба “Кентаўр”. А ў Хроніку Быхаўца з гэтай жа крыніцы былі ўстаўлены фрагменты пра Міндоўга і яго сына Войшалка.
Мы маем таксама захаваны і несумненна прыклад літаратурнага твора самога Альбрэхта Гаштаўта – пахвалу Жыгімонту ІІ Казіміравічу, напісаную ў 1529 г. з нагоды прыняцця кодэкса права Вялікага Княства Літоўскага – І статута ВКЛ [60]. Не згаданы нідзе ў літаратуры спіс гэтага твора А. Гаштаўта (польскамоўная версія) знаходзіцца ў аддзеле рукапісаў Цэнтральнай бібліятэкі Акадэміі навук ЛССР, F. 17 (B3), № 29, 1. 2 [61].
Нарэшце, хіба самы важны сведка на карысць Альбрэхта Гаштаўта – гэта яго лацінамоўны мемарыял, напісаны ў 1525 г. для жонкі польскага караля і вялікага князя літоўскага Жыгімонта ІІ Казіміравіча каралевы Боны Сфорцы [62]. На значэнне названага твора звярнуў увагу Е. Ахманьскі [63]. Гэты цікавы прыклад палемічна-публіцыстычнага пісьменства эпохі Рэнесансу і адначасова гістарычная крыніца быў напісаны як адказ на незахаваную або невядомую скаргу ваяводы троцкага і найвышэйшага гетмана ВКЛ Канстанціна Астрожскага, які з 1522 г. зрабіўся палітычным і асабістым ворагам Альбрэхта Гаштаўта. Характэрна, што ў мемарыяле даецца агляд палітычных падзей першай чвэрці XVI ст., якіх не ўтрымліваў рукапіс, апублікаваны Т. Нарбутам. Між іншым, у мемарыяле А. Гаштаўт апісвае сваю дзейнасць у перыяд мяцяжу М. Глінскага (1508 г.), пра што абяцаў напісаць аўтар Хронікі Быхаўца.
Тон і тэндэнцыя Хронікі Быхаўца і мемарыяла Альбрэхта Гаштаўта супадаюць, асвятляючы ролю і значэнне гісторыі роду Гаштаўтаў у Літоўскай дзяржаве. Калі ў Хроніцы Быхаўца былі надзвычай узвышаны заслугі дзеда А. Гаштаўта Яна, а з жыцця самога Альбрэхта Гаштаўта адзначаны толькі самыя першыя крокі, то гэты мемарыял – панегірык самому Альбрэхту Гаштаўту і, з пункту гледжання гісторыі Гаштаўтаў, сапраўдны працяг Хронікі Быхаўца. Як у Хроніцы Быхаўца Ян Гаштаўт паказаны выратавальнікам Казіміра Ягелончыка, так у мемарыяле Альбрэхт Гаштаўт узвялічваецца як выратавальнік Літоўскай дзяржавы, якой кіруе сын Казіміра Жыгімонт ІІ (“Так я, хоць і малады, абараніў ад ворага [М. Глінскага] бацькаўшчыну і абодва надзвычай важныя гарады яе – Вільню і Трокі – ад ворага пільнуючы, высакародна захаваў, у адсутнасці не толькі гаспадара майго караля Жыгімонта, але і ўсіх службовых асоб, якія Яго Вялікасць замянялі”) [64].
Несумненную сувязь мемарыяла А. Гаштаўта з Хронікай Быхаўца паказвае месца ў гэтым мемарыяле, дзе А. Гаштаўт коратка выкладае заслугі сваіх продкаў перад Літоўскай дзяржавай. У мемарыяле падкрэслена, што прадзед Альбрэхта Гаштаўта Пётр Гаштаўт, “муж вельмі адважны”, быў ваенным камандзірам у гады вялікай вайны з Прусіяй. Дзед Альбрэхта Ян Гаштаўт пасадзіў на літоўскі сталец малалетняга вялікага князя літоўскага Казіміра і абараняў яго, а бацька Альбрэхта Марцін Гаштаўт з-за сваёй адданасці быў пастаянным паплечнікам і дарадцам Казіміра. Усё гэта вельмі лаканічны, але несумненны паўтор таго, што пра тых жа Гаштаўтаў, асабліва пра Яна Гаштаўта, напісана ў Хроніцы Быхаўца.
З іншага боку, гэта таксама сведчыць, што Хроніка Быхаўца павінна была быць ужо напісанай да 1525 г., паколькі, як мы бачылі раней, у тым самым дзесяцігоддзі, перад 1529 г., існавалі таксама і некаторыя іншыя арыгінальныя апавяданні Хронікі Быхаўца і яна сама павінна была быць канчаткова адрэдагавана не пазней як у 1529 г.
Акрамя характарыстыкі заслуг продкаў, у мемарыяле А. Гаштаўта ёсць і больш элементаў, адпаведных Хроніцы Быхаўца. Мемарыял пацвярджае цікавасць А. Гаштаўта да гісторыі сваёй дзяржавы. Падзеі першай чвэрці XVI ст. у ім ацэнены вачыма патрыёта Літоўскай дзяржавы, што характэрна і для Хронікі Быхаўца.
Аднак, з іншага боку, паколькі гэта закранае пункт гледжання на праваслаўных феадалаў у ВКЛ, мемарыял А. Гаштаўта сваім тонам сутнасна адрозніваецца ад Хронікі Быхаўца. Нападаючы на К. Астрожскага як свайго палітычнага ворага і суперніка і паказваючы яго вінаватым ледзь не ва ўсіх ваенных паразах ВКЛ, А. Гаштаўт у мемарыяле нападае і на ўсіх без выключэння суайчыннікаў К. Астрожскага. Характэрнага для мемарыяла супрацьпастаўлення адных насельнікаў ВКЛ іншым зусім не было ў Хроніцы Быхаўца. Гэтая акалічнасць дае падставу меркаваць, што Хроніка Быхаўца была напісана не пазней за 1525 г., а на самай справе крыху раней, магчыма, яшчэ да 1522 г., пакуль А. Гаштаўт падтрымліваў добрыя стасункі з К. Астрожскім.
Справа ў тым, што сам А. Гаштаўт указвае ў сваім мемарыяле, што лічыў К. Астрожскага сваім бацькам і падтрымаў прызначэнне яго ваяводам троцкім, хоць іншыя літоўцы пратэставалі супраць гэтага.
Відаць, невыпадкова ў Хроніку Быхаўца ўстаўлены і асобны аповед пра прызначэнне К. Астрожскага вялікім гетманам [65] і ў ёй няма ні ценю крытыкі ў апісанні бітвы на Ведрашы (14.VII.1500), якую цалкам прайграў новапрызначаны гетман і за што бязлітасна абвінавачаны ў мемарыяле А. Гаштаўта, напісаным у 1525 г., калі папярэднія добрыя ўзаемаадносіны К. Астрожскага і А. Гаштаўта змяніліся вострай варожасцю.
Вызначыўшы, што Хроніка Быхаўца, верагодней за ўсё, не магла быць напісанай пасля 1525 г., неабходна яшчэ больш дакладна правесці пярэднюю мяжу. Такой мяжой, магчыма, былі працы рэктара Кракаўскага ўніверсітэта Мацея Мехавіты – “Трактат пра дзве Сарматыі” [66] (гістарычная геаграфія Усходняй Еўропы) і асабліва ягоная “Хроніка палякаў” (Chronika Polonorum) [67] – першая надрукаваная і ілюстраваная гісторыя Польшчы на лацінскай мове. “Трактат пра дзве Сарматыі”, з’явіўшыся ў 1517 г., мог быць адной з крыніц у час перапрацоўкі пачатку самой легендарнай гісторыі Літвы – апавядання пра Атылу, паколькі М. Мехавіта неаднаразова падкрэслівае сувязь гунаў і венграў з заўральскімі вуграмі [68], а гэта акурат адлюстравалася ў рэштках пачатку Хронікі Быхаўца, узноўленых па тэксце М. Стрыйкоўскага. Ёсць падставы меркаваць, што якраз “Хроніка палякаў” М. Мехавіты магла стымуляваць напісанне Хронікі Быхаўца – кароткай, але новай гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Аўтар складаў хроніку, узяўшы за аснову легендарную частку Пашыранага зводу, створаную ўжо перад 1519 г., перапрацаваўшы гісторыю 1377–1445 г., выкладзеную ў Кароткім зводзе, і пішучы зусім наноў гісторыю Літвы 1446–1506 г.
У Пашыраным зводзе не відаць слядоў выкарыстання “Хронікі палякаў” М. Мехавіты, а аўтар Хронікі Быхаўца несумненна ёю ўжо карыстаўся, і двума спосабамі – з аднаго боку, выбіраючы сюжэты і плануючы паслядоўнасць іх выкладу, а з іншага – наўпрост карыстаючыся матэрыялам “Хронікі палякаў” М. Мехавіты ў некаторых сваіх арыгінальных апавяданнях, асабліва пра праўленне Казіміра і Аляксандра. Дарэчы, гэтае выкарыстанне не суцэльная перапіска і таму не вельмі відавочнае. Акрамя таго, некаторыя тэкставыя супадзенні “Хронікі палякаў” М. Мехавіты і Хронікі Быхаўца, дзе апісваюцца часы Аляксандра, могуць быць патлумачаны тым, што пры іх напісанні была выкарыстана агульная крыніца – напісаная ў Літоўскай дзяржаве Хроніка Аляксандра. Гэта паказвае, што частка Хронікі Быхаўца, якая ахоплівае перыяд пасля 1446 г., павінна была быць напісана пасля таго, калі ўжо з’явілася “Хроніка палякаў” М. Мехавіты, адпаведна, пасля 1519 г., або неўзабаве пасля 1521 г., на працягу некалькіх наступных гадоў.
Высветліўшы паходжанне Пашыранага зводу і Хронікі Быхаўца і меркаваны час іх напісання, застаецца адкрытым пытанне іх аўтараў. Ясна адно: іх неабходна было б шукаць не ў другой палове XVI ст., а ў першай чвэрці сярод інтэлігенцыі Вялікага Княства Літоўскага, звязанай з Альбрэхтам Гаштаўтам.
* Перакладзена паводле: Jasas R. Bychovco kronika ir jos kilmė // Lietuvos metraštis: Bychovco kronika, vertė, įvadą ir paaiškinimus parašė R. Jasas (ser. Lituanistinė biblioteka, 10). Vilnius: Vaga, 1971. P. 8–38.
[1] Гл.: Lietuvių literatūros istorija. Т. I. Feodalizmo epocha / red. K. Korsakas. Vilnius, 1957. P. 55–72; Jučas М. Lietuvos metraščiai. Vilnius, 1968.
[2] Чамярыцкі В. А. Беларускія летапісы як помнікі літаратуры. Мінск, 1969. С. 13. Да вядомай колькасці спісаў неабходна дадаць яшчэ два спісы Пашыранага зводу, якія знаходзяцца ў Вільні і зусім не згаданыя ў літаратуры. Адзін з іх – спіс сярэдзіны XVIII ст. (Аддзел рукапісаў Цэнтральнай бібліятэкі Акадэміі навук Літоўскай ССР, ф. B. 17, № 29, арк. 3–12), ён тэксталагічна супадае з апублікаваным Альшэўскім спісам.Другі (Цэнтральны дзяржаўны гістарычны архіў Літоўскай ССР, Таварыства прыяцеляў навук у Вільні [Vilniaus Lenkų mokslo bičiulių draugijos], ф. 1135, воп. 17, спр. 10) – спіс пачатку XX ст., перапісаны А. Прахаскам з рукапісу, які адпавядае апублікаванаму спісу з Пазнанскай бібліятэкі Рачынскіх. Шырэй пра летапісныя спісы Вялікага Княства Літоўскага гл.: Сушицький Т. Західньо-рускі літописи як пам’ятки літератури. Київ, 1930. С. 55–100; Ptaszycki S. Kodeks Olszewski Chomińskich. Wielkiego Księstwa Litewskiego i Żmódzkiego Kronika. Warszawa – Lublin, 1932. С. І–VIII. Заўвагі перакладчыка: 1. Сучасная назва Цэнтральнай бібліятэкі Акадэміі навук Літоўскай ССР – Бібліятэка Акадэміі навук Літвы імя Урублеўскіх. Названыя Р. Ясасам аркушы ўключаюць у сябе два творы: Wielkiego Księstwa Litewskiego i Zmudzkiego Kronika, сігнатура: F17–29, арк. 3–11адв.; Wielkiego Księstwa Litewskiego Kroniczka któtko pisana, сігнатура: F17–29, арк. 12. 2. Сучасная назва Цэнтральнага дзяржаўнага гістарычнага архіва Літоўскай ССР – Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы. 3. У 2011 г. быў выяўлены адзін са спісаў Поўнага зводу агульнадзяржаўнага летапісання ВКЛ (Хронікі Быхаўца), які па месцы знаходжання названы Вавельскім. У навуковы зварот помнік быў уведзены К. Гудмантасам (Gudmantas K. Lietuvos metraščio Vavelio nuoraљas (fragmentas) // Senoji Lietuvos literature. 2012. Kn. 34. S. 121–151). Расчытаны тэкст рукапісу прадстаўлены ў публікацыі Г. Міхальчук «Новы спіс агульнадзяржаўнага летапісання Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага і яго суадносіны з “Хронікай Быхаўца”» // Białoruskie Zeszyty Historyczne = Беларускі гістарычны зборнік. 2016. № 45. С. 190−225.
[3] Полное собрание русских летописей (далей ПСРЛ). Т. 17. Западнорусские летописи. С.-Петербург, 1907.
[4] O śmierci x. Zygmunta Kiejstutowicza. Wyciąg z kroniki litewskiej // Noworocznik Litewski na rok 1831, wydany przez H. Klimaszewszkiego. Wilno, 1830. P. 91–102.
[5] Kraszewski J. Hipolit Klimaszewski // Przegląd literacki “Kraju”. 1888. № 41. P. 5.
[6] Аддзел рукапісаў Цэнтральнай бібліятэкі Акадэміі навук Літоўскай ССР. Ф. 18, спр. 185, арк. 181 (сучасная сігнатура: F18–185, 181r. – Заўвага перакладчыка).
[7] Тамсама. Ф. 18, спр. 185, арк. 268. У артыкуле Р. Ясаса ўказаны аркуш 268, паводле цяперашняй пагінацыі старонак справы цытата знаходзіцца на аркушы 165адв. (F18–185, 265r.). – Заўвага перакладчыка.
[8] “Я дасылаю ў твае рукі, дарагі Аніцэты, маю самую вялікую каштоўнасць – аўтограф хронікі Быхаўца. Зрабі ласку ўручыць пану Вінцэнту Нарбуту, які жыве ў кляштары базыліян, але ён павінен даць распіску аб атрыманні і з абавязальніцтвам вяртання пасля друку” // Kronika Rodzinna. T. 14. Warszawa, 1888. P. 358 (на гэты і іншыя лісты Т. Нарбута ўказаў Р. Стэйгвіла [R. Steigvila]).
[9] Janulaitis А. Daukanto laiškai. Senovė. T. I, kn. 4-5. Tilžė, 1922. P. 726–738 (больш дакладная назва крыніцы: Janulaitis А. Daukanto laiškai // Mūsų senovė / red. J. Tumas. 1922. № 4-5. Tilžė, 1922. Цытаваны радок знаходзіцца толькі на с. 738). Заўвага перакладчыка: Падобна на тое, што ў выданні дапушчана недакладнасць: замест с. 736–738, на якіх вядзецца гаворка пра выдавецкую справу, у тым ліку друк Хронікі Быхаўца, указаны старонкі 726–738, першая частка якіх не ўтрымлівае інфармацыі пра Хроніку Быхаўца ўвогуле.
[10] Narbutt Т. Pomniki do dziejów litewskich. Kronika litewska. Wilno, 1846.
[11] “Facsimile dobre bardzo będzie”. 3.08.1845 г. Ліст Т. Нарбута А. Рэнье (Kronika Rodzinna. T. XIV. Warszawa, 1888. P. 358).
[12] Wiadomość o Kronice rękopisnej litewskiej, cytowanej w piśmie niniejszym, pod nazwaniem Kroniki Bychowc. Narbutt Т. Dzieje starożytne narodu litewskiego. T. III. Wilno, 1838. P. 578–582.
[13] Narbutt Т. Pomniki do dziejów litewskich. P. I–IV.
[14] Так у арыгінале. Сёння больш карэктна было б называць мову Хронікі Быхаўца старабеларускай. – Заўвага перакладчыка.
[15] Гл.: Radziszewska J. W sprawie autorstwa tzw. Latopisu Bychovca // Zeszyty Naukowe Wyższey Szkoły Pedagogicznej w Katowicach. Prace historyczne. № 2. 1967. Р. 47.
[16] Narbutt Т. Pomniki do dziejów litewskich. P. 11.
[17] Чамярыцкі В. А. Беларускія летапісы. С. 173–175.
[18] Пар.: Jučas М. Lietuvos metraščiai. Vilnius, 1968. P. 106.
[19] ПСРЛ. Т. XVII. С. 473–572.
[20] Хроника Быховца. Предисловие, комментарии и перевод Н. Н. Улащика. Москва, 1966. Заўвага перакладчыка: у арыгінале прыведзена памылковая назва серыі, правільная – “Памятники средневековой истории народов Центральной и Восточной Европы”.
[21] “Autograf kroniki odebrałem”. Ліст Т. Нарбута да А. Рэнье ад 3.VII.1845 // Kronila Rodzinna. T. XIV. Warszawa, 1888. P. 358.
[22] Аддзел рукапісаў Цэнтральнай бібліятэкі Акадэміі навук Літоўскай ССР. Ф. 18, спр. 185, 17-я пазіцыя: “R. Kronika litewska, z której drukowano wydanie 1846 r., rękopis z wieku XVII” (сучасная сігнатура: F18–185\1. – Заўвага перакладчыка).
[23] Тамсама. Ф. 22, спр. 30, ІІ, арк. 1–22 (сучасная сігнатура: F 22 – 30, арк. 1–22. – Заўвага перакладчыка).
[24] Karge Р. Der Gesandsbericht des Ordensspitalers Grafen Konrad von Kyburg vom Jahre 1397 – eine Fälschung. Das Litauen – Buch. Wilna, 1918. P. 86–89; Łowmiański Р. Sfałszowany opis obwarowania miasta Wilna // Ateneum Wileńskie, 3 (1925–1926). P. 82–94.
[25] Chodynicki К. Ze studiów nad dziejopisarstwem rusko-litewskim. T. z. Rękopis Raudański // Ateneum Wileńskie, 3. Zesz. 10–11. Wilno, 1926. P. 387.
[26] Šalūga R. Bychovco kronika. Lietuvos TRS Mosklų Akademijos darbai. Ser. A. T. 1 (6). 1959. P. 149–153.
[27] Miechowita М. Chronica Polonorum. Crakoviae, 1521. P. 351.
[28] У Хроніцы Быхаўца працытаваны фрагмент уяўляе сабой тэкст, узноўлены паводле Хронікі М. Стрыйкоўскага. – Заўвага перакладчыка.
[29] Miechowita М. Chronica Polonorum. Crakoviae, 1521. P. 367.
[30] Выключэнне тут складае цалкам летапісны па характары фрагмент, які пачынаецца звесткамі пра ўварванне туркаў у Канстанцінопаль (1453 г.), дзе адна за адной ідуць сем датаваных звестак (50-ы раздзел перакладу).
[31] Гл.: Jučas М. Lietuvos metraščiai. P. 125–126.
[32] Kronika M. Stryjkowskiego. Warszawa, 1766. P. 233.
[33] Так у тэксце. На наша меркаванне, больш карэктным было б выкарыстанне тэрміна “Маскоўская дзяржава”, паколькі як ВКЛ, так і Масковія ў XIV–XVI ст. у аднолькавай ступені прэтэндавалі на рускую спадчыну і званне рускай дзяржавы. – Заўвага перакладчыка.
[34] Jokūbauskis J. Tautiniai santykiai Lietuvoje ligi Liublino unijos. Vilnius, 1921. P. 47, 70–71.
[35] Сушицький Т. Західньо-руські літописи як пам’ятки літератури. С. 100.
[36] Хроника Быховца. Москва, 1966. С. 28–29.
[37] Чамярыцкі В. А. Беларускія летапісы як помнікі літаратуры. С. 183.
[38] Jučas М. Lietuvos metraščiai. P. 106
[39] Jokūbauskis J. Tautiniai santykiai Lietuvoje ligi Liublino unijos. P. 72.
[40] Хроника Быховца. Москва, 1966. С. 24–28.
[41] Чамярыцкі В. А. Беларускія летапісы як помнікі літаратуры. С. 184–185.
[42] Radziszewska J. W sprawie autorstwa rzw. Latopisu Bychovca // Zeszyty Naukowe Wyższey Szkoły Pedagogiczney w Katowicach. Prace historyczne. Nr. 2. 1967. P. 55–62.
[43] Jučas М. Lietuvos metraščiai. P. 109–110, 134, 185–186.
[44] Флоря Б. Н. О Летописце Быховца // Источники и историография славянского средневековья. Москва, 1967. С. 135–145.
[45] Ochmański J. Nad Kroniką Bychowca // Studia żródłoznawcze. T. XII. 1967. P. 155–163.
[46] Jučas М. Lietuvos metraščiai. P. 111.
[47] Акты, относящиеся к истории Западной России. С.-Петербург, 1848. Т. 2. С. 174–176.
[48] Lietuvis М. Apie totorių, lietuvių ir maskvėnų papročius. Vilnius, 1966. P. 56.
[49] Тамсама. P. 60.
[50] Acta Tomiciana. VII. Poznań, 1859. P. 258–269.
[51] Jokūbauskis J. Tautiniai santykiai Lietuvoje ligi Liublino unijos. Vilnius, 1921. P. 47,49, 73.
[52] Гл.: Сушицький Т. Західньо-руські літописи як пам’ятки літератури. С. 100; Чамярыцкі В. А. Беларускія летапісы як помнікі літаратуры. С. 183.
[53] Да 1519 г., паколькі ўжо М. Мехавіта (Меховский М. Трактат о двух Сарматиях. Москва – Ленинград, 1936. С. 99) ведае характэрную для легендарнай часткі Пашыранага зводу версію пра паходжанне назвы Літва ад лацінскіх слоў litus i tuba, а першы выпуск “Трактата пра дзве Сарматыі” М. Мехавіты (гл. спасылку 62 [у літоўскамоўным выданні. – Заўвага перакладчыка]) з’явіўся ў 1517 г.
[54] Маці Альбрэхта Гаштаўта (імя невядомае), першая жонка Марціна Гаштаўта, была настолькі з Друцкіх, наколькі з Гальшанскіх. Яе бацька (дзед Альбрэхта Гаштаўта па матчынай лініі) быў Сымон Сымонавіч Гальшанскі, уладальнік Трубаў каля Гальшан, а апошняя жонка (бабуля Альбрэхта Гаштаўта) – дачкой друцкага князя Дзмітрыя “Сякіры” Зубравіцкага. Мачаха Альбрэхта Гаштаўта (другая жонка Марціна Гаштаўта) Ганна Ю’еўна Гальшанская была дачкой Юрыя Сымонавіча Гальшанскага (гл.: Polski słownik biograficzny. T. VII/4. Sąs. 34. P. 299).
[55] Polski słownik biograficzny. T. VII/4. Sąs. 34. Kraków, 1949. Р. 299.
[56] Polski słownik biograficzny. T. VII/4. Sąs. 34. Kraków, 1949. Р. 300–301.
[57] Гл. карту М. Кузьмінскай: Mapa posiadłości Gasztoldуw. XV–XVI // Ateneum Wileńskie. Wilno. R. V. 1928. Zesz. 14. S. 132–172.
[58] Тамсама. S. 151.
[59] Jablonskis К. Albrechto Goštauto biblioteka. Vilniaus Valst. V. Kapsuko vardo universyteto mosklinės bibliotekos metraštis. 1958–1959. Vilnius, 1961. Р. 21–25.
[60] Działyński А. Zbiór praw litewskich. Poznań, 1841. P. 42.
[61] Сучасныя назва сховішча і сігнатура: Аддзел рукапісаў Бібліятэкі Акадэміі навук Літвы імя Урублеўскіх. F17–29, арк. 1–2. – Заўвага перакладчыка.
[62] Acta Tomiciana. T. VII. P. 258–269.
[63] Ochmański J. Nad Kroniką Bychowca // Studia źródłoznawcze. T. XII. 1967. P. 159–160.
[64] Acta Tomiciana. T. VII. P. 263 (у тэксце Р. Ясаса пададзена скарочаная цытата, у перакладзе мы падаем поўную. – Заўвага перакладчыка).
[65] Narbutt Т. Pomniki do dziejów litewskich. Wilno, 1846. P. 65; ПСРЛ. T. XVII. С. 555.
[66] Tractatus de duabus Sarmatiis. Asiana et Europiana. Cracoviae, 1517. Наступныя выданні выйшлі ў 1518, 1521, 1532, 1537 і 1582 г.
[67] Mathiae de Meychov. Chronica Polonorum. Cracoviae, 1519.
[68] Меховский М. Трактат о двух Сарматиях. Москва, 1936. С. 69 – 70, 81, 83, 118, 120.