БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Грицак, Ярослав. Нарис історії України: формування модерної україньской нації (Андрэй Кіштымаў)


Грицак, Ярослав. Нарис історії України: формування модерної українськой нації ХIХ–ХХ ст. Київ: Генеза, 1996. 360.

Гэтая кніга пра тое, як украінцы, яшчэ зусім нядаўна самая вялікая ў свеце „бездзяржаўная“ нацыя, знайшлі, збудавалі сваю дзяржаву. Гартаючы старонкі велізарнай (45 друк. арк.) працы Яраслава Грыцака, міжволі ставіш сабе пытанне: „Калі б так і такая гісторыя была напісана пра і для беларусаў, то ці ўспрыняло б яе сучаснае беларускае грамадства?“. Другое пытанне чыста прафесійнае: „Ці ёсць у нас сёння гісторыкі, здольныя на такую працу?“. І ўжо наогул рытарычнае: „Ці ёсць пры гэтым магчымасць атрымаць грыф Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь на дазвол выкарыстання такой кнігі ў якасці навучальнага дапаможніка для вучняў гуманітарных гімназій, ліцэяў, студэнтаў гістарычных факультэтаў ВНУ, настаўнікаў?“. Нашыя суседзі ў Украіне на ўсе гэтыя пытанні далі станоўчы адказ. Для нас жа яны застаюцца адкрытымі.

Галоўная тэма працы Я.Грыцака — „сцвярджэнне прынцыповай нармалёвасці ўкраінскай гісторыі“ (с.3). Пасля знаёмства з тэкстам прыходзіш да высновы, што гэтая фармулёўка ў гранічна завостранай форме можа гучаць і так: „Сцвярджэнне прынцыповай нармалёвасці саміх украінцаў і іх шляху да нацыі“. Кола замкнулася — народ знайшоў сябе ў гісторыі, гісторыя ўвасобілася ў народзе. Такім чынам аўтар вырашае праблему „этналізацыі“ гісторыі Украіны. Пры гэтым станаўленне ўкраінскай нацыі ёсць не проста вынік навукова–культурніцкага пошуку ўкраінцаў, а, што больш значна, падсумаванне шматгадовай асветніцкай і, як найвышэйшая стадыя, палітычнай працы сярод народу. „Большасць атрыбутаў існавання нацыі — мова, тэрыторыя, традыцыі і г.д. — не існуюць у прыродзе ў гатовым стане, усе яны ў той або іншай меры створаны заўсёды свядомымі намаганнямі некалькіх пакаленняў нацыянальных інтэлектуалаў, палітыкаў, грамадскіх дзеячаў“, — падкрэслівае аўтар (4). Лагічна выглядае „рэабілітацыя“ нацыяналізму. Паводле Грыцака, украінскі нацыяналізм — „у шырокім сэнсе рух украінцаў за ўласныя культурныя і палітычныя правы“ (102–103). Праўда, ёсць яшчэ і „крайнія нацыяналісты“ (300). Пра іх, як пра палітычны кірунак, аўтар узгадвае пры разглядзе падзеяў канца 80–х г., але, на жаль, не вызначае, чым яны адрозніваюцца ад „простых“.

Праца ахоплівае гістарычныя падзеі ад 1772 да 1996 г. Пераўтварэнне ўкраінцаў як этнасу ў нацыю ішло ў надзвычайна складаных і неспрыяльных умовах: адсутнасць уласнай дзяржавы, шматканфесійнасць, асіміляцыйны ціск, моўнае пытанне (як вынік, сёння амаль палова ўкраінцаў размаўляе на расійскай мове). На працягу дзесяцігоддзяў украінцы складалі меншасць сярод насельніцтва вялікіх гарадоў і прамысловых цэнтраў Украіны. Усё гэта спалучалася з вялікімі сацыяльнымі катаклізмамі ХХ ст.: дзвюма сусветнымі і грамадзянскай войнамі, акупацыямі, масавымі рэпрэсіямі. Дадамо нешматлікасць нацыянальнай эліты і абыякавасць т.зв. вялікіх дзяржаваў да ўкраінскай справы. На такі пералік складанасцяў у той або іншай меры могуць прэтэндаваць і беларусы.

Але, пры ўсім падабенстве гістарычных шляхоў украінцаў і беларусаў канца XVIII–XX ст., яны маюць і прынцыпова розныя рысы. Вось некаторыя з іх: наяўнасць „казацкага міфа“ як падмурка станаўлення ўкраінскай нацыі; украінцы, адрозна ад беларусаў, апынуўшыся ў межах Расійскай імперыі, атрымалі магчымасць даволі рэзка пашырыць тэрыторыю свайго этнічнага пражывання; яшчэ адзін важкі фактар фармавання нацыі — рэгіяналізацыя Украіны: украінцы „праварыліся“ ў двух імперскіх катлах — расійскім і аўстра–вугорскім, і палітычныя ўмовы па розных баках мяжы, што падзяліла ўкраінскі этнас, моцна розніліся. Беларуская інтэлігенцыя як ХIХ, так і ХХ ст. значна саступае па ўсіх параметрах украінскай.

Аўтар упэўнена і дакладна датуе пачатак першай хвалі ўкраінскага нацыянальнага адраджэння 1798 г. — годам выхаду ў свет першай часткі „Энеіды“ І.Катлярэўскага. У рэцэнзіі не варта ўслед за аўтарам расказваць усю складаную і шматбаковую, як ідэалагічную, так і арганізацыйную эвалюцыю ўкраінскага нацыянальнага руху. Адзначым некаторыя прынцыповыя моманты. Напрыклад, непасрэднае параўнанне ўкраінскага нацыянальнага руху з беларускім на пачатку ХХ ст. і трактоўка ўкраінцаў і беларусаў як „сялянскай нацыі“ (100). На думку аўтара, як для чэхаў, славакаў, літоўцаў, палякаў, фінаў і інш., для ўкраінцаў рэвалюцыя пачалася не ў 1917, а ў 1914 г., таму што для іх цэнтральным пунктам была не змена тагачаснага палітычнага дзяржаўнага ўладкавання, а нацыянальная рэвалюцыя, стварэнне ўласных дзяржаваў. Пры гэтым пачатковым пунктам адліку Я.Грыцак прапануе лічыць утварэнне нацыянальных камітэтаў і вайсковых фармаванняў (103).

Па–сутнасці, аўтар праводзіць гістарычную рэабілітацыю Паўла Скарападскага і „гетманшчыны“ — паўгадовага рэжыму 1918 г. пад яго кіраўніцтвам (134). А вось Украінская Народная Рэспубліка, на яго погляд, была „нежыццяздольным дзяржаўным утварэннем“ (148). Тым самым Я.Грыцак салідарызуецца з украінскімі гісторыкамі 20–х г. з т.зв. „кансерватыўнага лагера“ (161).

Дарэчы, беларускі нацыянальна–адраджэнцкі і, y меншай ступені, нацыянальна–вызвольны рух шмат у чым ішоў па шляху, паказаным украінскай нацыянальнай мадэллю. Менавіта ўкраінскія нацыянальныя палітыкі далі фармулёўку Украіны як народнай рэспублікі. Аналогія з БНР відавочная. Таму, мяркую, у беларускіх гісторыкаў наперадзе параўнальны і дэталёвы аналіз зместу беларускіх Устаўных грамат і Універсалаў украінскай Цэнтральнай Рады. Нельга прызнаць здавальняльным і сучасны стан вывучэння стасункаў паміж палітычнымі дзеячамі абодвух народаў.

Калі весці гаворку пра гісторыю Украіны і Беларусі, непазбежна паўстае цень двух „братоў“ — Польшчы і Расіі. Сапраўды, палякі згубілі сваю незалежнасць як раз у той момант, калі на ўсім еўрапейскім кантыненце нараджаліся нацыянальна–вызвольныя рухі. Таму польская барацьба за аднаўленне сваёй дзяржаўнасці надоўга стала ўзорам для іншых пакораных народаў. Але не для ўкраінцаў і беларусаў. Так, яны ўспрынялі мадэль польскага нацыяналізму, ды аказаліся глухімі да закліку барацьбы „За вашу і нашу свабоду!“, таму што польскія дэмакраты ў пераважнай большасці пераставалі быць дэмакратамі, як толькі гаворка заходзіла пра нацыянальныя правы ўкраінцаў і беларусаў. Пры гэтым нам ўяўляецца вельмі слушнай думка Я.Грыцака пра польскі нацыяналізм, які „правакуе і абуджае“ іншыя (56).

Расійскі ўплыў — іншы бок праблемы. Расія — імператарская і сталінская, з’явілася сапраўдным збіральнікам украінскіх земляў, а само існаванне ўкраінцаў, іх культурная і палітычная дзейнасць служылі падмуркам для такой „інтэграцыі“. Чыста ўкраінскія спробы аднавіць адзінства ўласнай тэрыторыі, як у цэлым, так і на рэгіянальным узроўні, скончыліся паразай. Вынікі II сусветнай вайны, падведзеныя пад дыктоўку Сталіна, канчаткова вырашылі шматвяковае ўкраінска–польскае пытанне і вызначылі заходнюю мяжу Украіны. У адрозненне ад Польшчы, якая аднаўлялася польскімі збройнымі сіламі праз вяртанне сваіх земляў са складу іншых дзяржаваў — Расіі, Нямеччыны, Аўстра–Вугоршчыны, Украіна, як, дарэчы, і Беларусь, спачатку атрымала сваё сучаснае тэрытарыяльнае адзінства ў складзе адной дзяржавы — СССР, а ўжо потым, у 1991 г., абвясціла незалежнасць гэтай тэрыторыі. Апрача тэрытарыяльнага, на рахунку ў Расіі і другі фактар станаўлення ўкраінскай нацыі — індустрыялізацыя Украіны, спачатку царская (вугаль Данбаса і жалеза Крыварожжа), а потым — сталінскія пяцігодкі (ад Днепрагэса да заводаў па вытворчасці стратэгічных ракет).

Чым была „ўлада Масквы“ для Украіны? І як быць з „савецкімі“ ўкраінцамі, якія раптам сталі загадкай для сучасных гісторыкаў? Праблема „савецкіх“ украінцаў, як і пытанне пра калабарацыю ў час II сусветнай вайны, сталі найбольш складанымі для гістарычнай інтэрпрэтацыі. Акурат іх як быццам раз і назаўсёды вырашыла савецкая гістарыяграфія. Вядома, сёння патрэбныя новыя погляды. Але, калі гаварыць пра калабарацыяналізм з немцамі, дык чаму тую ж гістарычную логіку і аргументацыю не пашыраць на савецкую ўладу? Пытанне без адказу.

І яшчэ. Як для ўкраінскіх, так і для беларускіх нацыяналістаў сур’ёзным пытаннем была і застаецца праблема выбару замежнага саюзніка. У ХХ ст. яны двойчы, у гады першай і другой сусветных войнаў, рабілі выбар на карысць Нямеччыны, і абодва разы гэта была стаўка на таго, хто пацярпеў паразу.

Бясспрэчную цікавасць уяўляе дэталёвы разбор аўтарам старонак партыйнага і інтэлектуальнага жыцця Украіны часоў Хрушчова і Брэжнева, у прыватнасці „чысткі“ ў галіне гісторыі і гуманітарных навук на пачатку 70–х г. і тагачасны „разгром“ украінскай літаратуры. Тое самае датычыць і гісторыі ўкраінскага дысідэнцкага руху ў 70–80–я г.

Цікава, што Я.Грыцак свядома пакінуў за межамі свайго даследавання гісторыю ўкраінскай дыяспары. Гэта выглядае неяк не па–беларуску, таму што разважанні нашых гісторыкаў на нацыянальную тэматыку цяпер амаль што заўсёды ідуць побач з рытуальным успамінам пра „суайчыннікаў за мяжой“. Пры гэтым атрымліваецца, што лепш любіць Беларусь у сабе, чым сябе ў Беларусі. Таму мы згодныя з Я.Грыцаком: дыяспара — гэта асобная тэма, якая патрабуе асобнага разгляду.

За даследаваннем гісторыі народу мы час ад часу нібы забываемся, што яна адлюстроўваецца на асабістым узроўні, і трагедыя народа — гэта заўсёды і трагедыя асобнага чалавека. Кніга Я.Грыцака даволі густа „заселеная“ людзьмі, і ў гэтым яе дадатковая вартасць.

Аўтар не пазбегнуў некаторай публіцыстычнасці, што невыпадкова пры звароце да такой тэмы, хоць і застаўся цалкам у рэчышчы гістарычнага даследавання. Яўным перабольшаннем гучыць выраз: „Украінцы былі адзіным народам, у якога рэпрэсіі адчула родная мова — падмурак яго культуры“ (71). Наўрад ці трэба тлумачыць прыродныя ўмовы як асноўнага „саюзніка“ Сталіна ў барацьбе супраць Гітлера ў 1941 г. (219).

Трэба адзначыць і прыкрую памылку ў тэксце: замест дакладнага 1917 г. выданне Першага Універсала Цэнтральнай Рады датуецца 1918 г. (114). Дарэчы, і Адэса па колькасці насельніцтва напрыканцы ХIХ ст. была не трэцім (20), а чацвёртым, пасля Варшавы, горадам у Расійскай імперыі.

Аўтар не дарма марыць пра другое, дапрацаванае выданне (9) — кніга заслугоўвае гэтага. Нам застаецца спадзявацца, што ў наступным выданні, калі гаворка пойдзе пра А. Сталыпіна і яго палітыку, не абмінецца пытанне пра стварэнне Холмскай губерні і не будзе забытая спроба ўкраінскіх уладаў падпарадкаваць сабе паўднёвыя беларускія землі ў 1918–1919 г.

Нельга не пагадзіцца з выразам Я.Грыцака, быццам „большасць усходнееўрапейскіх (у тым ліку ўкраінскіх) гісторыкаў паводле спосабу свайго мыслення належаць хутчэй да ХIХ, а не ХХ ст.“ (10). Аўтар прынцыпова крытычна ставіцца да гістарычнай спадчыны. Ён засцерагае ад занадта шырокага трактавання тэзіса, быццам бы ўкраінцы на працягу сваёй гісторыі былі толькі ахвярамі і не былі адказнымі за тыя падзеі, што здараліся на іх зямлі. Спакуса вельмі знаёмая і для нас: і сёння ёсць беларускія гісторыкі і палітыкі, якія адказнасць за ўсё беларускае мінулае і сённяшняе гатовыя ўскласці на „старэйшага брата“. „Адлюстраванне нацыянальнай гісторыі як суцэльнай мартыралогіі ператварае яе ў сапраўдную карыкатуру, — падкрэслівае даследчык. — Толькі здольнасць крытычнага перагляду нацыянальнай спадчыны і прызнанне нацыянальных грахоў ёсць адзнака маральнай сілы і паслужыць аднаўленню даверу да ўкраінскай гістарыяграфіі ў акадэмічным свеце“ (9). Таму цалкам справядліва аўтар засцерагае сучасных украінскіх гісторыкаў ад спакусы ствараць гісторыю выключна для „хатняга ўжывання“ (7).

Кніга Я.Грыцака — відавочны крок наперад. З аднаго боку, перад намі выразны ўзор погляду на фармаванне ўкраінскай нацыі з пункту гледжання заходнеўкраінскай гістарычнай традыцыі. Такі „галічанскі акцэнт“ адчуваецца па тэксце вельмі выразна. Гэтая школа шмат у чым складае і метадалагічны падмурак кнігі, што не хавае і сам аўтар.

Але гэта не ўсё. Праца Я.Грыцака — адначасова прыклад новых падыходаў у сучаснай, шырэй постсавецкай, гістарыяграфіі, што характарызуецца як крытычным стаўленнем да папярэдняй, партыйна–дагматычный, савецкай гістарыяграфіі, так і выкарыстаннем здабыткаў заходняй, у першую чаргу т.зв. эмігранцкай гістарычнай школы. Здаецца, на гэтай глебе і будзе фармавацца сучасная ўкраінская гістарычная навука.

Менск

Андрэй Кіштымаў

Наверх

Тэгі: , ,