БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Тамаш Камусэла. Нацыяналізм і нацыянальныя мовы*

* Публікуецца з ласкавай згоды аўтара паводле: Tomasz Kamusella. Nationalism and National Languages // James W. Tollefson and Miguel Pérez-Milans, eds. The Oxford Handbook of Language Policy and Planning. Oxford: Oxford University Press, 2018.

Аўтар удзячны Пітэру Бэрку за зычлівую падтрымку, Кэтрын Гібсан, Джэймсу Толефсану, Мігелю Перэс-Мілансу і Дораці Баўхоф – за іх шматлікія заўвагі і прапановы, якія дазволілі істотна палепшыць гэтае эсэ. Вядома, адказнасць за ўсе магчымыя хібы нясе толькі аўтар.

У вялікім корпусе навуковай літаратуры на тэму нацыяналізму, як правіла, прызнаецца важнасць мовы ў працэсе фармавання нацый і дзяржаў. Аднак абмяркоўваць пытанні мовы і нацыяналізму досыць складана, бо тут прысутнічаюць моцныя, часта непрамоўленыя, нарматыўныя цверджанні, і да такіх, здавалася б, нейтральных і ўніверсальных тэрмінаў, як “нацыя”, “нацыянальная дзяржава”, “нацыянальнасць”, могуць дадавацца розныя палітычныя і сацыяльныя канатацыі. Яны могуць істотна разыходзіцца ў розных краінах і мовах. Яшчэ адна складанасць – у таксама латэнтным для Захаду нарматыўным супрацьпастаўленні дыялектаў і моў, калі дыялекты ўспрымаюцца як “дзеці” “ўласна моў”. Больш за тое, канцэпцыя мовы – гэта адначасова і прадукт культуры (у т. л. палітыкі), і асноўная прылада фармавання культуры як сацыяльнай рэальнасці (адрозна ад матэрыяльнай). Нацыі, нацыянальныя дзяржавы і мовы, бадай, нябачныя ў матэрыяльнай рэальнасці, аднак яны складаюць падмурак сацыяльнай рэальнасці сучаснага свету, якім мы яго ведаем.

У гэтым эсэ даводзіцца, што этналінгвістычны нацыяналізм – асноўны механізм стварэння і захавання сацыяльнай рэальнасці ў цэнтральнаеўрапейскіх нацыянальных дзяржавах – звязаны з нарматыўным ізамарфізмам (шчыльным прасторава-дыскурсіўным перапляценнем) мовы, нацыі і дзяржавы. Гэты механізм паказаны як сукупнасць некалькіх працэдур, што дазваляе ўжыць канцэпцыю этналінгвістычнага нацыяналізму як інструмент аналізу. Большасць дзяржаў, якія адпавядаюць гэтаму нарматыўнаму ізамарфізму (за рэдкімі выняткамі на абсягу астатняй Еўразіі), знаходзяцца ў Цэнтральнай Еўропе, дзе пасля Першай сусветнай вайны асноватворным прынцыпам нацыяналізму стаў этналінгвістычны нацыяналізм. (Яшчэ адна сукупнасць ізаморфных дзяржаўных утварэнняў месціцца ў ПаўднёваУсходняй і Усходняй Азіі; яна паўстала ў выніку Другой сусветнай вайны і дэкаланізацыі.) На прыкладзе этналінгвістычнага нацыяналізму ў Цэнтральнай Еўропе тут даследуюцца гістарычнае развіццё сувязяў паміж мовай і нацыяналізмам, адпаведныя паняццева-тэрміналагічныя складанасці і моўная палітыка пасля Другой сусветнай вайны, якая адлюстроўвае ізамарфізм мовы, нацыі і дзяржавы.

Распаўсюд нацыяналізму па планеце

Цяпер мы жывем у глабальную эпоху нацыяналізму (як празорліва прадказваў Ганс Кон у 1962 г.). З распадам Савецкага Саюза ў 1991 г. з палітычнай карты свету знікла апошняе значнае ідэалагічна ненацыянальнае дзяржаўнае ўтварэнне. Першыя самаабвешчаныя нацыянальныя дзяржавы – ЗША, рэвалюцыйная Францыя і Гаіці – узніклі напрыканцы XVIII ст. У першай палове наступнага стагоддзя да іх далучыліся іспанскія калоніі ў Лацінскай Амерыцы, што імкліва заваявалі незалежнасць як нацыянальныя дзяржавы. У 20-я г. XIX ст. у Еўропе (еўрапейскай частцы Асманскай імперыі, на т. зв. Балканах) таксама з’явіліся аўтаномныя хрысціянскія нацыянальныя дзяржавы, якія здабылі незалежнасць: Чарнагорыя, Сербія і Грэцыя.

У Заходняй Еўропе Бельгія сфармавалася як нацыянальная дзяржава на рэлігійнай аснове, а Нідэрланды і Швейцарыя акрэслілі сябе як дзяржавы адзінай нацыі. Пасля заснавання Каралеўства Італія ў 1861 г. і Германскай імперыі ў 1871 г. як па сутнасці нацыянальных дзяржаў усе еўрапейскія краіны Новага часу, за выняткам Аўстра-Венгрыі і Расійскай імперыі, ператварыліся ў нацыянальныя дзяржавы, каб захаваць або вярнуць сабе дзяржаўную легітымнасць. Да Першай сусветнай вайны нацыянальная дзяржава стала эталонам легітымнага дзяржаўнага ладу ў Паўночнай, Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыцы і на постасманскіх Балканах, амаль цалкам падзеленых на нацыянальныя дзяржавы.

Па-за межамі Еўропы да пачатку дваццатага стагоддзя мадэль нацыянальнай дзяржавы, якая прыраўноўвалася да мадэрнасці і прагрэсу, прынялі Японія пры імператару Мэйдзі, Кітайская Рэспубліка і Каралеўства Сіям (Тайланд) – апошняе дзяржаўнае ўтварэнне, якое такім чынам імкнулася супрацьстаяць спробам Францыі ператварыць яго ў французскую калонію. Тая ж мадэль нацыянальнай дзяржаўнасці распаўсюдзілася і ў пасяленскіх калоніях Вялікабрытаніі, якія адна за адной ператварыліся ў Канадскую канфедэрацыю, Аўстралійскую садружнасць, Дамініён Новая Зеландыя і Паўднёва-Афрыканскі Саюз. У міжваенны перыяд пасля распаду Аўстра-Венгерскай, Расійскай і Асманскай імперый практычна ўсе еўрапейскія дзяржавы (апроч Вольнага горада Данцыг і Дзяржавы-горада Ватыкан) ператварыліся ў нацыянальныя дзяржавы. (Адметны вынятак – Савецкі Саюз, што меўся ахапіць усю планету, як вынікае з яго падкрэслена ўніверсалісцкай назвы, у якой камуністычная дзяржава не прывязвалася ні да якой этнічнай і геаграфічнай канкрэтыкі.) Шмат якія постасманскія тэрыторыі Блізкага Усходу і арабскай Паўночнай Афрыкі: Егіпет, Ірак, Сірыя, Турцыя – атрымалі незалежнасць і сталі нацыянальнымі дзяржавамі, іншыя ж ступілі на шлях да будучай нацыянальнай незалежнасці пад мандатам Вялікабрытаніі і Францыі. Астатнія незалежныя дзяржаўныя ўтварэнні не на Захадзе, асабліва Абісінія (Эфіопія) і Персія (Іран), імкнуліся тэрмінова перааформіцца ў нацыянальныя дзяржавы, каб не зрабіцца калоніямі заходніх дзяржаў.

Пасля Другой сусветнай вайны распаліся заходнія марскія каланіяльныя імперыі. У выніку гэтай маштабнай дэкаланізацыі, якая ахапіла ўвесь свет, усе былыя калоніі без вынятку, атрымаўшы незалежнасць, абвяшчалі сябе нацыянальнымі дзяржавамі. Працэс завяршыўся ў 1991 г. распадам Савецкага Саюза на пятнаццаць нацыянальных дзяржаў – былых саюзных рэспублік, кожная са сваёй этналінгвістычнай нацыяй, у адпаведнасці з абвешчаным Іосіфам Сталіным у 1930 г. лозунгам, што культура ў Савецкім Саюзе мусіць быць “нацыянальная паводле формы, але сацыялістычная паводле зместу” [1]. Такім чынам, нацыяналізм стаў першай усеагульна прызнанай інфраструктурнай ідэалогіяй легітымавання дзяржаўнасці, як у ЗША, так і ў Іране, Паўночнай Карэі ці Науру – дзяржавах, якія рэзка адрозніваюцца паміж сабою амаль ва ўсім, апроч неад’емнай прыхільнасці да нацыяналізму.

Паўстае пытанне: што нясе ў сабе нацыяналізм як адзіная ідэалогія фармавання, легітымавання і захавання дзяржавы ў познемадэрны перыяд (ад 1991 г.)? Каб падыходзіць усім дзяржавам свету, нягледзячы на ўсе іх велізарныя адрозненні, гэтая ідэалогія мусіць складацца з некалькіх простых, шырока прызнаных і гнуткіх правілаў. Яны падрабязна разглядаюцца ў наступным параграфе.

Нацыяналізм і “гульні розуму”: чарадзейства

Сцісла кажучы, нацыяналізм зыходзіць з таго, што, каб мець легітымнасць, дзяржаўнае ўтварэнне мусіць быць нацыянальнай дзяржавай, г. зн. дзяржавай толькі адной нацыі. У адпаведнасці з вестфальскай мадэллю тэрытарыяльнай дзяржавы (Territorialstaat) пасля 1648 г. нацыянальная дзяржава ўяўляецца як своеасаблівая абмежаваная прастора, аднародная або рэлігійна, культурна і моўна, або з гледзішча статусу яе жыхароў – грамадзян.

Гэтая аднародная абмежаваная прастора, якая ў ідэале складаецца з адзінай суцэльнай тэрыторыі, знаходзіцца пад уладай аднаго ўрада, які ахоўвае палітычны, ваенны, сацыяльны і часам эканамічны суверэнітэт прасторава і ідэалагічна адасобленай нацыянальнай дзяржавы ад усіх іншых дзяржаўных утварэнняў. Гэта азначае, што ўрад ахоўвае нацыянальную дзяржаву ад непажаданых уплываў і магчымых ваенных уварванняў, як правіла, з боку суседніх дзяржаў. Такім чынам, нацыянальная дзяржава выступае як прыклад уласцівай чалавецтву сацыяльнай тэндэнцыі імкнуцца да бяспекі ва ўяўленых (сканструяваных) “морфа-імуналагічных сферах” [2]. Нацыя, у сваю чаргу, лічыцца найвышэйшай уяўнай таксанамічнай адзінкай чалавечай супольнасці, што a priori выключае магчымасць узнікнення любой не менш упарадкаванай і жыццяздольнай наднацыянальнай супольнасці. Толькі нацыі могуць прэтэндаваць на права на дзяржаўнасць (нацыянальнае самавызначэнне) і адначасова быць крыніцамі дзяржаўнасці і яе легітымнасці.

Аналіз паняцця “нацыя” па-англійску і па-французску ўскладняецца тым, што на гэтых дзвюх мовах названы тэрмін звычайна ўжываецца як сінонім да слова дзяржава. Таму навукова-юрыдычны неалагізм nation-state [нацыянальная дзяржава] выглядае як таўталогія. Гэтая праблема не паўстае, напрыклад, у нямецкай і польскай мовах. Па-нямецку “дзяржава” – Staat, а “нацыя” – Volk (або ў некаторых спецыяльных значэннях – Nation), а папольску – адпаведна państwo і naród. Па-нямецку і папольску тэрмін нацыя як чалавечая супольнасць (г. зн. Volk і naród) не маюць значэння ‘дзяржава’. “Нацыянальная дзяржава” перадаецца па-польску як państwo narodowe, а па-нямецку – як Nationalstaat.

З nationality [нацыянальнасцю] таксама ўзнікаюць тэрміналагічныя цяжкасці: гэтае слова можа азначаць ці прыналежнасць асобы да нацыі, ці чалавечую супольнасць, “большую за этнас, але меншую за нацыю”, якая можа мець права на аўтаномію, але не на нацыянальную незалежнасць (у гэтым значэнні некаторыя аўтарытэтныя навукоўцы аддаюць перавагу неалагізму протанацыя [3]). Аднак па-англійску nationality найчасцей ужываецца як сінонім паняцця “грамадзянства”. Па-нямецку “нацыянальнасць” – Nationalität, а па-польску –narodowość, і гэтыя словы не азначаюць “грамадзянства” –Staatsbürgerschaft па-нямецку і obywatelstwo па-польску. Расійскае паняцце “национальность” розніцца ад “грамадзянства” (гражданство па-руску), але мае два значэнні: ‘народнасць’ (ад слова народ) і ‘нацыянальнасць’ (ад слова нацыя). Раней абодва гэтыя паняцці былі сінанімічныя ў значэнні ‘протанацыя, якая мае права на аўтаномію’, і толькі ‘нацыянальнасць’ азначае прыналежнасць да нацыі. Цяпер у значэнні ‘протанацыя’ ўжываецца амаль выключна “народнасць”. Такім чынам, у сучаснай рускай мове ёсць два адпаведнікі nationality – у залежнасці ад значэння, і гэта змяншае верагоднасць блытаніны. Адсюль вынікае, што носьбіты англійскай, нямецкай, польскай і рускай моў могуць мець на ўвазе зусім розныя рэчы, ужываючы адныя і тыя ж англійскія тэрміны.

Аднак нацыі як чалавечыя супольнасці (г. зн. дэмаграфічны “змест” нацыянальных дзяржаў) істотна розняцца, напрыклад, сваёй колькасцю. Побач з кітайскай нацыяй колькасцю 1,4 млрд чалавек тувалуанская колькасцю менш за 10 000 чалавек выглядае карлікавай. Такія адрозненні не пазбаўляюць ніводную нацыю права на гэтае найменне, бо няма канкрэтных матэрыяльных крытэрыяў, якім мусіць адпавядаць супольнасць, каб прэтэндаваць на статус нацыі. Працэс фармавання нацыі –дыскурсіўны, ён залежыць ад рыторыкі ўлады [4], якая выказваецца і рэалізуецца праз мову [5].

Стварэнне нацыі ці нацыянальнай дзяржавы – гэта моўны акт, які, калі і можа змяніць матэрыяльную рэальнасць, дык не адразу [6]. Сукупнасці, якія завуцца “нацыямі” ці “нацыянальнымі дзяржавамі”, належаць сацыяльнай рэальнасці, якая спараджаецца праз мову сталых зносін паміж людзьмі і супольнасцямі [7]. І нацыі, і нацыянальныя дзяржавы немагчыма разгледзець і ідэнтыфікаваць з дапамогай інструментаў, якімі карыстаюцца прыродазнаўчыя навукі, даследуючы матэрыяльную рэальнасць. Нацыі і нацыянальныя дзяржавы не ўбачыць ні з пазіцыі назіральніка на паверхні Зямлі, ні з арбіты, ні няўзброеным вокам, ні ў тэлескоп. Да нацыі і нацыянальнай дзяржавы нельга дакрануцца, хоць нацыяналісты традыцыйна сцвярджаюць, што, калі неабходна, трэба аддаць жыццё за сваю краіну, маючы на ўвазе нацыю і / ці нацыянальную дзяржаву [8]. Такім чынам, нацыі і нацыянальныя дзяржавы нараджаюцца толькі праз чалавечае ўяўленне, г. зн. дыскурсіўна, праз мову.

Роля мовы

У 1793–1794 г. рэвалюцыйная Францыя выключыла з адукацыі і афіцыйнага ўжытку ўсе мовы, якімі да таго звычайна карысталіся на пісьме, апроч французскай. Аднак мова не зрабілася адзіным падмуркам нацыі, ці дзяржаўнасці [9]. Ідэя нарматыўнай роўнасці паміж дэмаграфічнай сукупнасцю – нацыяй – і нарматыўным моўным адзінствам з’явілася на землях былой Святой Рымскай Імперыі пад час шматразовых наступаў Напалеона на самым пачатку XIX ст., якія ў 1806 г. прывялі да распаду гэтай тысячагадовай імперыі. Такім чынам, знікла дамадэрнае дзяржаўнае ўтварэнне, якое магло б ператварыцца ў нямецкую нацыянальную дзяржаву. У выніку нованароджаны нямецкі нацыянальны рух пазбавіўся магчымасці пайсці шляхам французаў, якія ператварылі Каралеўства Францыя ў французскую нацыянальную дзяржаву. Такое становішча моцна турбавала нямецкамоўных інтэлектуалаў (Bildungsbürgertum) на пачатку XIX ст.

Выйсце прапанавала добра вядомая антыфранцузская песня [10], у якой сцвярджалася, што нямецкая нацыянальная дзяржава (айчына немцаў) мусіць распасцірацца “паўсюль, дзе гучыць нямецкая мова” [11]. Гэты моўны падыход да нацыянальнага пытання стаў новай нормай для Новага часу, якая сцвярджае, што носьбіты адной мовы (моўная супольнасць) натуральным чынам утвараюць нацыю і што тэрыторыя кампактнага пражывання гэтай моўнай супольнасці мусіць зрабіцца нацыянальнай дзяржавай [12]. Гэтая норма паспяхова прайшла выпрабаванне ў 60 –70-я г. XIX ст., калі Італія і Нямеччына сфармаваліся як этналінгвістычныя нацыянальныя дзяржавы. Пазней, пасля Першай сусветнай вайны, у адпаведнасці з названым прынцыпам змяніліся палітычныя абрысы Цэнтральнай Еўропы (у гэтай працы пад ёю разумеецца вертыкаль пасярэдзіне Еўропы ад Скандынавіі да Балканаў). Ад другой паловы XIX ст. пытанне мовы як паказніка нацыянальнасці (прыналежнасці да нацыі паводле чыста моўнага вызначэння) уключалася ў агульнадзяржаўныя перапісы насельніцтва ва ўсёй Цэнтральнай Еўропе [13].

Пасля заканчэння Першай сусветнай вайны на месцы былых імперыі Габсбургаў і Асманскай імперыі, на захадзе ранейшай Расійскай імперыі, а таксама на некаторых усходніх тэрыторыях, адрэзаных ад Германскай імперыі, паўсталі этналінгвістычныя нацыянальныя дзяржавы. Апроч таго, пад час Балканскіх войнаў і Першай сусветнай вайны ад пачатку этнарэлігійныя нацыянальныя дзяржавы на Балканах усё больш рабіліся этналінгвістычнымі. Найлепшы прыклад гэтых змен – Албанія, заснаваная ў 1912 г. на выключна этналінгвістычнай глебе. Албанская нацыя ўтварылася з носьбітаў албанскай мовы, якія вызнавалі розныя рэлігіі: іслам, праваслаўе, каталіцтва. Дзяржавы-пераможцы ў Першай сусветнай вайне прынялі гэтую новую логіку палітычнай арганізацыі Цэнтральнай Еўропы. Этналінгвістычны прынцып паступова зрабіўся натуральным, як сведчыць наступная цытата з аўтарытэтнай буйной працы 1917 г. на гэтую тэму, якую ўважліва вывучалі ўдзельнікі перамоў на Парыжскай мірнай канферэнцыі: “усё большае супадзенне моўных і палітычных межаў трэба ўспрымаць як нармальнае развіццё падзей. <…> Бо нацыі, як і асобы, найлепш раскрываюць сябе, калі яны свабодныя, г. зн. калі іх лёс – у іх уласных руках” [14].

У выніку ў міжваенны перыяд, напрыклад, у Эстоніі адзінай афіцыйнай і нацыянальнай мовай стала эстонская, у Венгрыі – венгерская, у Польшчы – польская, у Румыніі –румынская. Меркавалася, што гэта дзяржавы толькі для сваіх адпаведных этналінгвістычных нацый, якія размаўляюць на нацыянальнай мове, г. зн. для эстонскамоўных эстонцаў у Эстоніі, венгерскамоўных венграў у Венгрыі, польскамоўных палякаў у Польшчы і румынскамоўных румынаў у Румыніі. Каб дзяржавы-пераможцы прызналі легітымным новае палітычнае ўтварэнне ў Цэнтральнай Еўропе, яно мусіла адпавядаць гэтай мадэлі этналінгвістычнай нацыянальнай дзяржаўнасці. (Цікава, што дзяржавы-пераможцы не хацелі пашыраць названы прынцып фармавання нацыянальнай дзяржавы на іншыя рэгіёны Еўропы і пагатоў на свае заморскія калоніі [15].)

Гэтае абавязковае прыраўноўванне нацыі і нацыянальнай дзяржавы да адзінай моўнай супольнасці стварыла велізарную ідэалагічную і палітычную праблему для Чэхаславакіі і Каралеўства Сербаў, Харватаў і Славенцаў (ад 1929 г. – Каралеўства Югаславія). Першая была заснавана як агульная дзяржава для чэхаў і славакаў, а другая – для сербаў, харватаў і славенцаў. Большасць палітычных дзеячоў, як і насельніцтва Цэнтральнай Еўропы, разглядала вышэйназваныя супольнасці як свайго роду асобныя нацыі ці нацыянальнасці (протанацыі) са сваімі ўласнымі мовамі. Таму ні Чэхаславакія, ні Каралеўства не маглі быць нацыянальнымі дзяржавамі, як гэты тэрмін разумелі ў Цэнтральнай Еўропе пасля 1918 г.

Калі б гэтыя дзве дзяржавы не легітымаваліся і не выжылі, гэта быў бы моцны ўдар па дыпламатычных і палітычных намаганнях краін-пераможцаў пераўладкаваць палітычную канструкцыю Цэнтральнай Еўропы паводле прынцыпаў этналінгвістычнага нацыяналізму. У выпадку Чэхаславакіі знайшлі рашэнне абвясціць яе нацыянальнай дзяржавай чэхаславацкай нацыі з адзінай афіцыйнай і нацыянальнай мовай – чэхаславацкай. На практыцы ў міжваеннай Чэхаславакіі ў дзяржаўным кіраванні і адукацыі на тэрыторыі Славакіі выкарыстоўвалася славацкая мова, а на чэшскіх землях Багеміі і Маравіі-Сілезіі – чэшская. Згодна з гэтай мадэллю, чэхаславацкая мова складалася з двух варыянтаў: чэшскага і славацкага [16]. На такое ўскладненне, як Карпацкая Русь са сваёй нацыяй – русінамі – у якасці трэцяга этнатэрытарыяльнага складніка міжваеннай Чэхаславакіі, папросту не зважалі. Русінскі этнонім не фігураваў у назве дзяржавы, і іх мова – русінская – не называлася трэцім варыянтам чэхаславацкай.

Тое, што значнасць мовы ў канструяванні і легітымаванні нацыянальных дзяржаў у Цэнтральнай Еўропе стала нарматывам, відаць і на прыкладзе Каралеўства Сербаў, Харватаў і Славенцаў. Назва з трох складнікаў змянілася на ўнітарнае найменне Югаславія ў 1929 г. –праз восем гадоў пасля канстытуцыйнага рашэння 1921 г.надаць сербска-харвацка-славенскай статус адзінай афіцыйнай і нацыянальнай мовы гэтай нацыянальнай дзяржавы. Трохскладнікавая назва мовы ніколі афіцыйна не змянялася, але ад 1929 г. яе ўсё часцей і часцей пачалі называць югаслаўскай. Хоць каралеўскім загадам у 1929 г. сербы, харваты і славенцы абвяшчаліся адзінай нацыяй югаславаў, на практыцы ў дзяржаўным кіраванні і адукацыі міжваеннай Югаславіі серба-харваты і славенцы de facto разглядаліся як дзве асобныя супольнасці югаслаўскай нацыі. Гэтаксама афіцыйная сербска-харвацкаславенская мова падзялялася на два варыянты, кожны – на сваёй тэрыторыі: славенская ўжывалася ў Падраўскім рэгіёне (сучаснай Славеніі), а сербска-харвацкая – на ўсёй астатняй тэрыторыі нацыянальнай дзяржавы і ў дзяржаўным кіраванні. Апроч таго, сербска-харвацкі варыянт сербска-харвацка-славенскай мовы афіцыйна меў дзве графічныя сістэмы: кірыліцу і лацініцу, таму лацінічны варыянт неафіцыйна называўся харвацкім, а кірылічны – сербскім. Тэрытарыяльна харвацкі варыянт панаваў у Харвацкім рэгіёне (заснаваны ў 1939 г., ён супадаў з абсягамі сучаснай Харватыі і часткі Босніі), а сербскі – на поўдні Югаславіі (на тэрыторыі сучасных Косава, Македоніі, Сербіі і Чарнагорыі).

Другая сусветная вайна кардынальна змяніла не толькі тэрытарыяльны падзел Чэхаславакіі і Югаславіі, але і становішча з афіцыйнымі (нацыянальнымі) мовамі. У 1939 г. Чэхаславакія раскалолася як нацыянальная дзяржава. Славакія стала незалежнай нацыянальнай дзяржавай толькі для славацкамоўных славакаў, і яе адзінай афіцыйнай і нацыянальнай мовай была славацкая. Чэшскія землі інкарпараваў Трэці Рэйх (ваенная Нямеччына) як Пратэктарат Багеміі і Маравіі, дзе афіцыйнымі мовамі былі нямецкая і чэшская. (Венгрыя анексавала Карпацкую Русь – адрозна ад міжваеннай Чэхаславакіі, у Венгрыі русінская мова ў нейкім аб’ёме ўжывалася як афіцыйная разам з венгерскай.) Ад 1945 г. Чэхаславакія (за выняткам Карпацкай Русі, улучанай у склад СССР як частка Украіны) аднавіла сваю самастойнасць як нацыянальная дзяржава чэхаславацкага народа, што складаўся, паводле Канстытуцыі 1948 г., з дзвюх братніх нацый – чэхаў і славакаў. Аднак вяртання да чэхаславацкай мовы не адбылося, і ў якасці афіцыйных і нацыянальных моў функцыянавалі і чэшская, і славацкая [17].

Падзел Югаславіі ў 1941 г. паміж Нямеччынай, Італіяй, Венгрыяй і Балгарыяй таксама прывёў да скасавання сербска-харвацка-славенскай мовы як афіцыйнай і нацыянальнай мовы нацыянальнай дзяржавы. Славенскі варыянт выйшаў з афіцыйнага ўжытку, бо этнічную тэрыторыю славенцаў падзялілі паміж сабой Нямеччына і Італія. У падкантрольнай Нямеччыне і Італіі краіне з афіцыйнай назвай Незалежная Харвацкая Дзяржава, якая займала тэрыторыю сучасных Харватыі і Босніі, сербска-харвацкую мову з дзвюма графічнымі сістэмамі замяніла лацінічная харвацкая, а кірылічны варыянт быў катэгарычна забаронены ў афіцыйным ужытку і ў адукацыі. Гэтаксама ў Сербіі пад уладай нямецкай ваеннай адміністрацыі кірылічная сербская мова выціснула з афіцыйнага ўжытку сербска-харвацкую. У італьянскім Губернатарстве Чарнагорыя таксама панавала сербская мова, хоць першапачаткова Рым планаваў замяніць яе на чарнагорскую. У далучанай да Балгарыі частцы паўднёвай Сербіі (сучаснай Македоніі) кірылічную сербскахарвацкую ў афіцыйным ужытку і ў адукацыі замяніла балгарская [18].

Пасля вайны ў камуністычнай Югаславіі сербска-харвацка-славенскую мову не аднавілі, але два яе варыянты міжваеннага часу – двухграфічная сербска-харвацкая і славенская – вярнуліся да жыцця як самастойныя афіцыйныя і нацыянальныя мовы. Пераймаючы прыклад Савецкага Саюза, пасляваенная Югаславія была наноў створана як ненацыянальная федэрацыя, што складалася з этналінгвістычных нацыянальных рэспублік. У Сацыялістычнай Рэспубліцы Славенія афіцыйнай і нацыянальнай мовай была славенская, а ў Сацыялістычнай Рэспубліцы Македонія – македонская. Пра македонскую мову заявілі ў 1944 г., калі югаслаўскія камуністычныя сілы ўжо адваявалі ў Балгарыі большую частку былой паўднёвай Сербіі, якую перайменавалі ў Македонію. У выніку да 1945 г. з сербска-харвацка-славенскай мовы міжваеннага часу нарадзіліся македонская, сербска-харвацкая і славенская мовы [19].

Сербска-харвацкая была афіцыйнай і нацыянальнай мовай у чатырох сацыялістычных рэспубліках Югаславіі: Босніі і Герцагавіне, Харватыі, Чарнагорыі і Сербіі. Такая канфігурацыя выпадала з цэнтральнаеўрапейскага кантэксту, які прадугледжваў, што кожная сапраўдная нацыя – у межах сваёй нацыянальнай дзяржавы ці нацыянальнай рэспублікі (у выпадку федэрацый) – мусіць мець сваю ўласную адметную нацыянальную мову. Таму ў 1974 г. кожная з гэтых чатырох сацыялістычных рэспублік атрымала свой уласны варыянт нацыянальнай мовы [20]. У Сацыялістычнай Рэспубліцы Харватыя ён афіцыйна менаваўся харвата-сербская, ці харвацкая, мова, у якой ужывалася толькі лацініца. У Сацыялістычнай Рэспубліцы Сербія, наадварот, афіцыйна замацоўвалася кірылічнае пісьмо, а ў Чарнагорыі і ў Босніі і Герцагавіне дазвалялася карыстацца абодвума алфавітамі. Урэшце афіцыйнае найменне дзяржаўнай мовы ўсёй Югаславіі –сербска-харвацкая – з агульнай згоды змянілі на сербскахарвацкую / харвата-сербскую, харвацкую і сербскую [21].

Праз пяць гадоў, пасля інтэрвенцыі ў 1968 г. краін Варшаўскай Дамовы на чале з СССР у Чэхаславакію, гіпатэтычную нацыянальную дзяржаву двухнацыянальнага чэхаславацкага народа пераўтварылі ў ненацыянальную федэрацыю дзвюх нацыянальных рэспублік: Чэшскай Сацыялістычнай Рэспублікі і Славацкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Як і ў федэратыўнай Югаславіі, за ўзор узялі савецкую мадэль. Як і раней, афіцыйнай мовай Чэхіі заставалася чэшская, а Славакіі – славацкая. Істотная розніца была ў тым, што калі да 1969 г. агульнадзяржаўнай мовай была чэшская, дык пасля ва ўсіх сферах грамадскага жыцця афіцыйна ўвайшло ў норму поўнае і роўнае чэшска-славацкае двухмоўе [22].

Гэтыя прыклады з Цэнтральнай Еўропы да падзення камунізму ў 1989 г. яскрава сведчаць, што мовы – гэта сукупнасці, якімі могуць маніпуляваць асобныя людзі і супольнасці. Людзі могуць ствараць і знішчаць ці аб’ядноўваць і падзяляць мовы, як і нацыі і дзяржавы [23]. Але перш чым разглядаць дынаміку фармавання моў і яе паралелі з фармаваннем і руйнаваннем нацый і нацыянальных дзяржаў, трэба знайсці паразуменне ў адной істотнай канцэптуальнай і тэрміналагічнай праблеме.

Einzelsprache: канцэпцыя адной мовы

Тое, што мы называем мовамі, – гэта не звычайная форма множнага ліку ад абстрактнага, незлічальнага назоўніка мова, бо той ніколі не ўжываецца ў множным ліку. Гэты абстрактны назоўнік выключна адзіночнага ліку азначае біялагічную здольнасць чалавека да маўлення. У сваю чаргу, злічальны назоўнік мова і яго форма множнага ліку азначаюць канкрэтныя ўвасабленні гэтай біялагічнай здольнасці. Названая здольнасць дазволіла асобным чалавечым супольнасцям стварыць свае ўласныя мовы і такім чынам стаць моўнымі супольнасцямі. Таму антраполагі схільныя ставіць знак роўнасці паміж моўнымі супольнасцямі ў грамадствах да ўтварэння дзяржавы і этнасамі [24]. Такім чынам, калі мова – гэта частка матэрыяльнай рэальнасці, дык мовы як вынікі ўвасаблення біялагічнай здольнасці да маўлення – гэта плён дзейнасці людзей і іх супольнасцяў, г. зн. культурныя артэфакты, г. зн. часткі сацыяльнай рэальнасці. Прынцыпова важна разумець, што адной здольнасці да маўлення недастаткова для зносін паміж людзьмі і іх супольнасцямі, гэтаксама як здольнасць хадзіць – яшчэ не хада. Функцыю зносін могуць выконваць толькі мовы.

Наяўны слоўнікавы запас англійскай і іншых вядомых мне еўрапейскіх моў не дазваляе правесці яснае, адназначнае тэрміналагічнае разрозненне паміж здольнасцю да маўлення і канкрэтным увасабленнем гэтай здольнасці. Неяк вырашыць праблему дазваляе толькі стары нямецкі спецыялізаваны тэрмін. Каб абазначыць біялагічную здольнасць да маўлення, нямецкамоўныя філолагі ўжываюць агульнае слова Sprache, але калі трэба ясна і адназначна назваць канкрэтнае ўвасабленне гэтай здольнасці (адну мову), яны аддаюць перавагу наватвору Einzelsprache. Зразумела, што ў побытавым ужытку ў нямецкай, як і ў англійскай, кажуць, што людзі размаўляюць на Sprachen (мовах), а не Einzelsprachen [25].

Больш за тое, канцэпцыя асобнай, замкнёнай Einzelsprache (адной мовы) – гэткае ж чалавечае вынаходства, як і канцэпцыя нацыі [26]. Абедзве яны, падобна, з’явіліся ў Заходняй Еўропе і адтуль распаўсюдзіліся па свеце як неад’емная частка стандартнага культурна-палітычнага камплекта заходняга каланіялізму і імперыялізму.

Да таго як сацыяльнай рэальнасці праз палітычныя рашэнні і абавязковую пачатковую адукацыю навязалі канцэпцыю Einzelsprache, мовы былі, па сутнасці, суцэльнай сукупнасцю, якая паступова змянялася ад клана да клана, ад вёскі да вёскі, ад горада да горада, ад рэгіёна да рэгіёна, ад дзяржавы да дзяржавы і ад імперыі да імперыі [27]. Хоць Новы час у моўным аспекце (чытай: моўнай палітыцы) быў ідэалагічна шчыльна звязаны з канцэпцыяй Einzelsprache, у шмат якіх рэгіёнах захавалася паступовая моўная пераемнасць у геаграфічным абсягу. Для азначэння прасторава-сацыяльнага складніка гэтай з’явы патрабаваўся належны тэрмін – “дыялектны кантынуум” [28].

Супрацьпастаўленне дыялектаў і моў

Немагчыма гаварыць пра Einzelsprachen, не згадаўшы паняцце “дыялект”, канцэптуальна і ідэалагічна звязанае з паняццем “адной мовы”. Выглядае, што гэтая дыяда – таксама вынаходства Захаду, якое распаўсюдзілася па свеце і цяпер шырока ўспрымаецца як норма апісання моў у грамадстве.

Гэтае супрацьпастаўленне нясе ў сабе шматлікія латэнтныя нарматыўныя цверджанні [29]: па-першае, што мова складаецца з дыялектаў, па-другое, што дыялекты – ніжэйшыя (горшыя) за мовы, і таму апошнія мусяць выступаць як “парасоны” (па-нямецку Dachsprachen, даслоўна – “дахавыя мовы”) для першых [30], па-трэцяе, што кожная сапраўдная мова мае ўстойлівае пісьменства, а дыялекты – вусныя варыянты, яны звычайна не ўжываюцца на пісьме.

Пакінуўшы ўбаку марную спробу правесці навуковае разрозненне паміж мовамі і дыялектамі (напр., паводле крытэрыя ўзаемнай (не)зразумеласці [31]), важна адзначыць, што агульнапрынятае ў наш час падпарадкаванне дыялектаў мовам – вялікі анахранізм. Галоўнае ў тым, што Einzelsprache – гэта дыялект цэнтра ўлады, г. зн. сталіцы, ці дыялект – дакладней, сацыялект – эліты, які замацаваўся на паперы і такім чынам стаў інструментам улады. У выніку вуснае і пісьмовае маўленне паноўнай супольнасці – мова паводле вызначэння, а маўленне “нізоў” – дыялект, пісьмо на якім не заахвочваецца і нават абвяшчаецца нарматыўна немагчымым [32].

Нарматыўнае супрацьпастаўленне Einzelsprache і дыялекту – вынік дачыненняў улады ў чалавечых супольнасцях і шматстайнага палітычнага пераносу гэтых няроўных дачыненняў. Гэтае супрацьпастаўленне як такое легітымуе падуладнасць ніжэйшых паноўнай эліце ці, згодна з сучаснай палітычнай тэрміналогіяй, падуладнасць этнасаў, протанацый і меншасцяў прызнаным нацыям са сваімі нацыянальнымі дзяржавамі. У Цэнтральнай Еўропе, дзе ідэалогіяй стварэння і захавання дзяржаўнасці выступае этналінгвістычны нацыяналізм, гэтае нарматыўнае супрацьпастаўленне Einzelsprache і дыялекту і, як вынік, падпарадкаванне першаму апошняга складаюць сутнасць modus operandi гэтай ідэалогіі.

Гэтая кароткая гісторыя паняцця Einzelsprache і супрацьпастаўлення дыялекту і мовы мае дзве мэты. З аднаго боку, яна завяршае агульны агляд росту ролі моў у фармаванні нацый і нацыянальных дзяржаў у Еўропе. З другога, яна складае метадалагічную аснову аналізу этналінгвістычнасці нацыяналізму ў Цэнтральнай Еўропе.

Нарматыўны ізамарфізм мовы, нацыі і дзяржавы

Я зыходжу з таго, што галоўнае нарматыўнае цверджанне этналінгвістычнага нацыяналізму ў тым, што ўсе носьбіты пэўнай мовы (ці моўная супольнасць) складаюць нацыю і што тэрыторыя іх кампактнага пражывання павінна стаць нацыянальнай дзяржавай гэтай нацыі.

У найлепшым выпадку мова, нацыя і дзяржава шчыльна накладаюцца адно на адно прасторава і ідэалагічна –паўстае нарматыўны ізамарфізм гэтых трох складнікаў. Як выглядае, мова стварае дадатковы ахоўны (ізаляцыйны) слой для тэрытарыяльна-дэмаграфічнай “морфа-імуналагічнай сферы” нацыі [33] – сферы, што абараняе нацыю ад небяспекі, якую нясе вонкавы свет. Большасць наяўных нацыянальных дзяржаў у свеце маюць дваістую ахоўную сферу – толькі са шчыльна пераплеценых нацыі і яе дзяржавы. Іх імуналагічная сфера складаецца з дэмаграфічнага і тэрытарыяльнага слаёў, між тым як этналінгвістычная нацыянальная дзяржава мае таксама трэці слой – моўны.

Асноўныя спадарожныя прынцыпы нарматыўнага ізамарфізму мовы, нацыі і дзяржавы вымагаюць, каб нацыянальная мова была адзінай афіцыйнай мовай нацыянальнай дзяржавы і не належала ніякім іншым дзяржаўным утварэнням і нацыям. Як вынік, у межах нацыянальных дзяржаў не можа быць аўтаномных тэрыторый з адрознымі ад нацыянальнай афіцыйнымі мовамі. Гэтаксама па-за межамі нацыянальнай дзяржавы, якой належыць яе мова, не можа існаваць аўтаномных тэрыторый, дзе гэтая мова мела б афіцыйны статус. Дадатковы прынцып палягае ў тым, што кожны чалавек у складзе этналінгвістычнай нацыі мусіць валодаць выключна нацыянальнай мовай і што ў нацыянальнай дзяржаве не павінны стала пражываць носьбіты іншых моў. Гэтаксама носьбіты нацыянальнай мовы не павінны стала пражываць па-за межамі сваёй нацыянальнай дзяржавы [34].

Дыялекты не падпадаюць пад прынцыпы нарматыўнага ізамарфізму. Этналінгвістычны нацыяналізм, як правіла, не зважае на кантынуумы дыялектаў і іх выроўніванне, г. зн. знішчэнне [35]. У тыповых цэнтральнаеўрапейскіх нацыянальных дзяржавах выключны статус нацыянальнай мовы часта гарантуецца Канстытуцыяй, а дыялекты ў афіцыйных дакументах звычайна не згадваюцца. Існуе маўклівая згода, што дзяржаўнае кіраванне, адукацыя і СМІ вядуць да непазбежнага знікнення дыялектаў, на змену якім з цягам часу прыходзіць ідэалізаваная аднародная нацыянальная мова, якая ахоплівае сабой усю нацыянальную дзяржаву і ўсе грамадскія слаі нацыі. Мабыць, гэта і меў на ўвазе італьянскі палітык-нацыяналіст і пісьменнік Масіма д’Адзэлья ў сваім знакамітым выслоўі: “Мы зрабілі Італію. Цяпер мы мусім зрабіць італьянцаў” [36].

Як будзе паказана далей, нарматыўны ізамарфізм мовы, нацыі і дзяржавы – гэта аналітычны інструмент, які дазваляе даследаваць этналінгвістычны характар нацыянальных дзяржаў у Цэнтральнай Еўропе.

Дзе знаходзіцца Цэнтральная Еўропа?

Аднак эўрыстычную каштоўнасць нарматыўнага ізамарфізму як інструмента, каб вызначыць этналінгвістычны нацыяналізм, псуе адна “сляпая пляма”. Дактрына суверэнітэту перашкаджае этналінгвістычнай нацыянальнай дзяржаве без праблем дапусціць, каб яе нацыянальную мову абвясціла сваёй афіцыйнай і / ці нацыянальнай іншае дзяржаўнае ўтварэнне або яго аўтаномны рэгіён. У гэтых выпадках можна гаварыць пра амаль ізаморфныя нацыянальныя дзяржавы. Напрыклад, у 2010 г. сербская Ваяводзіна аднавіла сваю аўтаномію, надаўшы пры гэтым афіцыйны статус славацкай, венгерскай, румынскай, русінскай, сербскай і славацкай мовам [37]. У выніку раней цалкам ізаморфныя нацыянальныя дзяржавы Венгрыя, Румынія, Славакія па-за сваёй воляй зрабіліся амаль ізаморфнымі дзяржаўнымі ўтварэннямі. У сваёй ацэнцы значэння этналінгвістычнага нацыяналізму ў Цэнтральнай Еўропе я не звяртаю ўвагі на гэтую параўнальна дробную адрознасць і разам разглядаю ізаморфныя і амаль ізаморфныя нацыянальныя дзяржавы.

Уважлівы разгляд палітычнай карты Цэнтральнай Еўропы за 2007 г. – да стварэння нацыянальнай дзяржавы ў Косаве ў 2008 г. і з’яўлення аўтаномнай Ваяводзіны з шасцю афіцыйнымі мовамі і двума алфавітамі – дае магчымасць класіфікаваць нацыянальныя дзяржавы як у табліцы.

У 2007 г. чатырнаццаць з трыццаці пяці дзяржаўных утварэнняў Цэнтральнай Еўропы былі ізаморфнымі нацыянальнымі дзяржавамі і яшчэ трынаццаць – амаль ізаморфнымі. Разам гэтыя дзве катэгорыі складалі 77% агульнай колькасці дзяржаў у рэгіёне. Калі паглядзець на колькасць насельніцтва, з 416,32 млн жыхароў Цэнтральнай Еўропы (у тым ліку – трэць насельніцтва Еўрапейскай часткі Расiі [38]) 357,69 млн (86%) жывуць у ізаморфных ці амаль ізаморфных дзяржавах. Такім чынам, сучаснай Цэнтральнай Еўропе ўласцівы этналінгвістычныя паводле арганізацыі, легітымацыі і функцыянавання дзяржавы.

Наколькі мне вядома, у Заходняй Еўропе існуе ўсяго адна цалкам ізаморфная дзяржава – Ісландыя – і дзве амаль ізаморфныя: Мальта і Нідэрланды. Астатнія заходнееўрапейскія нацыянальныя дзяржавы – не ізаморфныя. Я не хачу сказаць, што ў Заходняй Еўропе мова не мае палітычнай значнасці. Проста ў гэтым рэгіёне мова звычайна не служыць падставай стварэння, легітымацыі і функцыянавання дзяржавы. Напрыклад, Швейцарыя, з яе афіцыйным чатырохмоўем, не мае швейцарскай мовы, а Францыя моцна падтрымлівае распаўсюд французскай мовы як афіцыйнай ці нацыянальнай [39].

Аднак у Цэнтральнай Еўропе становішча выглядае іначай. З распадам Югаславіі ў 1991–2007 г. сербска-харвацкая мова падзялілася на баснійскую, сербскую, чарнагорскую і харвацкую, так што кожная постюгаслаўская нацыянальная дзяржава (за выняткам Косава, што, як выглядае, схіляецца да этналінгвістычнага нацыянальнага саюзу з Албаніяй) мае сваю нацыянальную мову [40]. Такім чынам, з сербска-харвацка-славенскай мовы міжваеннага часу на сёння ўтварылася шэсць нацыянальных моў: баснійская, македонская, сербская, славенская, чарнагорская і харвацкая. Калі ў 1991 г. постсавецкая Малдова атрымала незалежнасць, назву кірылічнай малдоўскай мовы (ад 1989 г. – лацінічнай) змянілі на “румынскую мову”. Славянамоўнае насельніцтва Малдовы баялася, што гэта можа стаць першым крокам да саюзу з Румыніяй. Гэта прывяло да вайны, у выніку якой усходняя частка Малдовы аддзялілася – узнік непрызнаны пратэктарат Расіі Прыднястроўе. У 1994 г. Канстытуцыя Малдовы аднавіла старую назву – малдоўская мова, каб схіліць Прыднястроўе вярнуцца, але пакуль гэтыя захады не далі плёну. Практычна малдоўская і румынская мовы –амаль аднолькавыя, розніца паміж імі меншая, чым паміж брытанскім і амерыканскім варыянтамі англійскай [41]. Апошнім часам з’явілася тэндэнцыя зноў перайменаваць малдоўскую ў румынскую, хоць кірылічная малдоўская застаецца адной з афіцыйных моў Прыднястроўя разам з рускай і ўкраінскай, у якіх таксама выкарыстоўваецца кірыліца [42].

Калі ў 1991 г. Македонія абвясціла незалежнасць, першай прызнала гэтую постюгаслаўскую нацыянальную дзяржаву Балгарыя. Аднак Сафія не прызнае македонскай мовы і македонскай нацыі. З афіцыйнага гледзішча Балгарыі, македонская мова – гэта адзін з літаратурных варыянтаў балгарскай. Таму носьбіты македонскай афіцыйна разглядаюцца як балгарамоўнае насельніцтва, якое належыць да балгарскай нацыі ў яе этналінгвістычным вызначэнні. Адсюль вынікае, што, на думку Балгарыі, македонскай нацыі ў чыстым выглядзе не можа існаваць [43].

Халакост у час Другой сусветнай вайны, кардынальныя змены межаў, пасляваенныя перасяленні (г. зн. выгнанне саюзнікамі этналінгвістычных супольнасцяў) ператварылі Польшчу ў аднародную, як ніколі раней, этналінгвістычную нацыянальную дзяржаву, у якой няпольскамоўныя меншасці складаюць менш за 1% насельніцтва. Аднак зусім нечакана пад час перапісу 2011 г. 850 000 чалавек (больш за 2%) сказалі, што належаць да этналінгвістычнай нацыі сілезцаў, і больш за паўмільёна – што размаўляюць дома і з суседзямі па-сілезску. Згодна з Канстытуцыяй Польшчы 1997 г., польскую нацыю складае ўся сукупнасць польскіх грамадзян, незалежна ад этнічнай прыналежнасці, мовы і веравызнання. Але ўлады вырашылі ў афіцыйных звестках не зважаць на сілезцаў і носьбітаў сілезскай мовы – афіцыйна нацыянальныя меншасці і носьбіты іншых ад польскай моў па-ранейшаму складаюць менш за 1% [44].

Гэтыя прыклады сведчаць, што ва ўсёй Цэнтральнай Еўропе працягвае панаваць нарматыўны ізамарфізм мовы, нацыі і дзяржавы. Цэлых 86% насельніцтва гэтага рэгіёна жыве ў нацыянальных дзяржавах, дзе адметная цэнтральнаеўрапейская сацыяльная рэальнасць мацуецца дзяржаўным кіраваннем, палітычнымі партыямі, школамі, СМІ і бізнесам. Ва ўсім рэгіёне эталонам у разуменні нормаў грамадскапалітычнага ладу выступае этналінгвістычны нацыяналізм. Таму цэнтральнаеўрапейцаў можа здзіўляць, што ў Канадзе не размаўляюць па-канадску, а ў Нігерыі – па-нігерыйску.

Апроч некалькіх іншых этналінгвістычных нацыянальных дзяржаў у Еўразіі, напрыклад Ісландыі і Туркменістана, у Паўднёва-Усходняй і Усходняй Азіі сканцэнтраваны – паводле стану на 2007 г. – яшчэ сем цалкам ізаморфных нацыянальных дзяржаў: В’етнам, Інданэзія, Камбоджа, Лаос, М’янма, Тайланд і Японія – і пяць амаль ізаморфных: Малайзія, Манголія, Паўднёвая Карэя, Паўночная Карэя і Філіпіны. У будучыні параўнальныя доследы распаўсюду ідэй у свеце і ідэалагічных сувязяў паміж этналінгвістычным нацыяналізмам у Цэнтральнай Еўропе і Паўднёва-Усходняй і Усходняй Азіі могуць прынесці вялікі плён у выглядзе новых аналітычных ведаў.

Этналінгвістычны нацыяналізм у будучыні

Добра гэта ці кепска, але ва ўсёй Цэнтральнай Еўропе нарматывам стварэння, легітымавання і захавання дзяржаўнасці застаецца этналінгвістычны нацыяналізм. І ў бліжэйшай будучыні становішча не зменіцца. Калі заходнееўрапейскія палітыкі ясней усвядомяць сутнасць гэтага тыпу нацыяналізму, ім будзе больш зразумела, што маюць на ўвазе іх цэнтральнаеўрапейскія калегі, звяртаючыся да лозунгаў нацыі і нацыянальнай мовы. З іншага боку, палітыкі Цэнтральнай Еўропы могуць пастарацца глыбей асэнсаваць этналінгвістычны нацыяналізм, каб пераадольваць абмежаванні, што накладае гэтая ідэалогія, калі гэтага вымагаюць інтарэсы грамадства.

Цяпер адметная характарыстыка большасці шматмоўных раёнаў Цэнтральнай Еўропы ў тым, што ў іх розныя супольнасці ўспрымаюць сваю мову як больш “па-сапраўднаму нацыянальную” за іншыя, у якіх пераважна бачаць небяспеку для чысціні нацыі. Аднак існуюць і выключэнні, у тым ліку шматмоўная сербская Ваяводзіна, Малдова, дзе ў штодзённых зносінах суіснуюць малдоўская / румынская і руская мовы, і Фінляндыя, у якой дзве афіцыйныя мовы: фінская і шведская, хоць шматразовыя спробы пазбавіць шведскую яе канстытуцыйна замацаванага статусу сведчаць пра нарматыўную моц этналінгвістычнага нацыяналізму [45]. Яшчэ адзін прыклад – Нарвегія, якая мае два варыянты нарвежскай мовы: букмал і нюнорск, не менш адрозныя між сабой, чым чэшская і славацкая ці галандская і нямецкая. У Чэхіі і Славакіі сярод пакаленняў, што дасягнулі паўналецця да падзелу Чэхаславакіі ў 1993 г., захоўваецца пазанарматыўнае двухмоўе: паспяховым зносінам не замінае тое, што славакі звяртаюцца да чэхаў паславацку, а тыя, у сваю чаргу, адказваюць па-чэшску.

У некаторых раёнах на нацыянальнай мове не размаўляюць досыць вялікія ці ўстойлівыя супольнасці, здольныя супрацьстаяць асіміляцыі. Гэтая ўстойлівасць часам падтрымліваецца навязанымі звонку гарантыямі правоў меншасцяў. Сярод прыкладаў – носьбіты лужыцкіх моў на ўсходзе Нямеччыны, сілезскай – у Верхняй Сілезіі і кашубскай – на поўначы Польшчы, венгерскай – на поўдні Славакіі і ў румынскай Трансільваніі, сербскай – на поўначы Косава, албанскай – на захадзе Македоніі і турэцкай – ва ўсходняй і паўднёвай Балгарыі і паўночна-ўсходняй Грэцыі.

Цікава, што ў Цэнтральнай Еўропе застаецца мала тэрыторый, дзе на афіцыйным узроўні або ў пашыраным побытавым ужытку выкарыстоўваюцца два алфавіты, хоць да XX ст. гэта было нормай для ўсяго рэгіёна. У Малдове на малдоўскай / румынскай мове пішуць лацініцай, а па-руску – кірыліцай. Падобнае становішча існуе ў сербскай Ваяводзіне: па-сербску і па-русінску пішуць кірыліцай, а на астатніх чатырох мовах – лацініцай. У асобных частках Грэцыі і Балгарыі па-турэцку пішуць лацініцай, па-грэцку – грэцкім алфавітам, а па-балгарску – кірыліцай. Падобнае становішча назіраецца ў Македоніі: па-албанску пішуць лацініцай, а па-македонску – кірыліцай. Гэткая “двухалфавітнасць” адпавядае няроўнаму шматмоўю, калі “нізы” валодаюць абодвума алфавітамі, а паноўная супольнасць карыстаецца толькі афіцыйным алфавітам дзяржаўнай мовы і застаецца аднамоўнай.

Своеасаблівы алфавітны апартэід назіраецца ў Босніі і Косаве. У тых раёнах Босніі, дзе жывуць баснійцы і харваты, і ў албанскіх раёнах Косава на албанскай, баснійскай і харвацкай мовах пішуць лацініцай. У сербскіх раёнах Босніі і Косава карыстаюцца толькі кірыліцай. У самой Сербіі, нягледзячы на канстытуцыйны статус кірыліцы як адзінага афіцыйнага алфавіта [46], палова ўсёй друкаванай прадукцыі на сербскай мове выдаецца кірыліцай, а палова – лацініцай. У Чарнагорыі, згодна з Канстытуцыяй, у пісьме на нацыянальнай і афіцыйнай чарнагорскай мове выкарыстоўваюцца і кірылічны, і лацінічны алфавіт [47]. Такім чынам, як і ў Сербіі, чарнагорскія выдаўцы ўжываюць два алфавіты. Аднак у Сербіі і Чарнагорыі “двухалфавітнасць” звязаная не з шматмоўем, а з адзінай афіцыйнай мовай – адпаведна, сербскай і чарнагорскай. Як вынікае, абедзве гэтыя мовы спадкаеміцы двухалфавітнай сербска-харвацкай мовы ў камуністычнай Югаславіі. Яна па-ранейшаму ўжываецца ў інтэрнеце і мае найбольшую з усіх постсербска-харвацкіх моў Вікіпедыю, кірылічную і лацінічную [48].

Інтэрнэт і Еўрасаюз – гэта тыя непрадказальныя фактары, якія могуць у будучыні адпрэчыць ідэалагічнае панаванне нарматыўнага ізамарфізму мовы, нацыі і дзяржавы ў Цэнтральнай Еўропе. У склад Еўрасаюза цяпер уваходзяць 28 нацыянальных дзяржаў, якія маюць 24 афіцыйныя мовы. У большасці выпадкаў гэтыя мовы ўжываюцца толькі ў межах адпаведных нацыянальных дзяржаў, але ўсе яны выкарыстоўваюцца структурамі ЕС на ўсім яго абсягу. Апроч таго, мільёны грамадзян ЕС пераязджаюць з адной краіны ў іншыя, на нізавым узроўні спрыяючы распаўсюду сваіх нацыянальных моў. Гэтым яны або ўзбагачаюць тое шматмоўе, што склалася раней, як у Лондане і Парыжы, або ствараюць шматмоўе там, дзе яго раней не было, як у Варшаве і зямлі Мекленбург – Пярэдняя Памеранія, што ў Нямеччыне.

Больш за тое, вольная ад межаў кіберпрастора, непадуладная (пакуль) нацыянальным дзяржавам, дае магчымасць людзям, што належаць да той ці іншай моўнай супольнасці, без праблем падтрымліваць стасункі між сабой у Еўропе і па ўсім свеце. Карыстальнікі інтэрнэту, дзе б яны ні жылі, могуць чытаць, слухаць, глядзець разнастайныя аўдыявізуальныя матэрыялы на сваёй мове. Адным з магчымых вынікаў інтэграцыі мігрантаў у Еўрасаюзе можа стаць страта імі сваёй роднай мовы. Апроч таго, непрызнаныя і прыгнечаныя этнічныя, нацыянальныя і рэгіянальныя моўныя супольнасці могуць развіваць культуру на сваёй мове ў інтэрнэце. Сярод прыкладаў з Вікіпедыі – ніжнесаксонская, кірылічная малдоўская, пантыйская (грэцкая), русінская, сілезская.

Ніводная Einzelsprache – не наканаванне. Людзі могуць бясконца ствараць і пераствараць сваю сацыяльную рэальнасць. Гэтаксама і моўная палітыка не застаецца нязменнай. Абмяжоўвае фармаванне сацыяльнай рэальнасці ўкарэненасць звычаяў і перакананняў, якія стрымліваюць чалавечае ўяўленне. У сучаснай Цэнтральнай Еўропе галоўнае такое абмежаванне – сляпая вера, што этналінгвістычны нацыяналізм (г. зн. ізамарфізм мовы, нацыі і дзяржавы) – гэта адзіны магчымы спосаб утварэння, легітымавання і захавання (нацыянальнай) дзяржаўнасці.

Пераклад Вольгі Калацкай.


[1] Цыт. паводле: Вдовин А. И. “Русский вопрос” и “российская нация” на современном этапе // Национальная идентичность России и демографический кризис / ред. С. С. Сулакшин и др. Москва, 2007. С. 145.
[2] Solterdijk P. Spheres.Vol 1: Bubbles. Transl. by W. Hoban. Los Angeles, 2011. Р. 46.
[3] Гл.: Hobsbawm E. J. Nations and nationalism since 1780: Programme, myth, reality. Cambridge, 1990. Р. 72.
[4] Han B.-C. Was ist Macht? Stuttgart, 2005.
[5] Bourdieu P. Language and symbolic power / ed. J. B. Thompson, transl. by G. Raymond & M. Adamson. Cambridge, 1992; Foucault M. The order of things: Archaeology of the human sciences. London, 2002 (1970).
[6] Austin J. L. How to do things with words. Cambridge, 1962.
[7] Searle J. R. The construction of social reality. London, 1995.
[8] Balch G. T., Foster W. Apatrioticprimer for the little citizen: Anauxiliary in teaching the youth of our country the true principles of American citizenship. Indianapolis, 1898. Р. 67.
[9] Certeau M. de, Julia D., Revel J. Une politique de la langue : La Révolution française et les patois. L’enquête de Grégoire. Paris, 1975.
[10] Arndt E. M. Des deutschen Vaterland. In E. M. Arndt. Fünf Lieder für deutsche Soldaten. Berlin, 1813.
[11] Цыт. паводле: Feuerzeig L. (Ed.). Deutsche Lieder für Jung und Alt. Middleton, 2002. S. 70.
[12] Reiter N. Gruppe, Sprache, Nation. Wiesbaden, 1984
[13] Leuschner T. Richard Böckh (1824–1907): Sprachenstatistik zwischen Nationalitätsprinzip und Nationalstaat // Historiographia Linguistica. V. 31 (2004). P. 389–421.
[14] Dominian L. The frontiers of language and nationality in Europe. London; New York, 1917. P. 342.
[15] Mishra P. From the ruins of empire: The revolt against the West and the remaking of Asia. London, 2012.
[16] Nekvapil J. On the relationship between small and large Slavic languages // International Journal of the Sociology of Language. V. 183 (2007). P. 146–147.
[17] McDermott K. Communist Czechoslovakia, 1945–89: A political and social history. London, 2015. P. 48.
[18] Greenberg R. D. Language and identity in the Balkans: SerboCroat and its disintegration. Oxford, 2008. P. 22; Samardžija M. Hrvatski jezik, pravopis i jezična politika u Nezavisnoj Državi Hrvatskoj. Zagreb, 2008; Scotti G., & Viazzi L. Le aquile delle Montagne Nere. Storia dell’occupazione e della guerra italiana in Montenegro (1941–1943). Milano, 1987.
[19] Greenberg R. D. Language and identity in the Balkans. P. 18.
[20] Ibidem. P. 23.
[21] Brozović D., Ivić P. Jezik, srpskohrvatski/hrvatskosrpski, hrvatski ili srpski [Izvadak iz II izdanja Enciklopedije Jugoslavije]. Zagreb, 1988; Tollefson J. W. The language debates: Preparing for the war in Yugoslavia, 1980–1991 // International Journal of the Sociology of Language. V. 154 (2002). P. 65–82.
[22] Nábělková M. The Czech-Slovak communicative and dialect continuum: With and without a border // Kamusella T., Nomachi M., Gibson C. (Eds.) The Palgrave hand- book of Slavic languages, identities and borders. Basingstoke, 2016. P. 140–184.
[23] Kamusella T. Language as an instrument of nationalism in Central Europe // Nations and Nationalism. V. 7 (2) (2001). P. 235–252.
[24] Shaul D. L. A prehistory of Western North America: The impact of Uto-Aztecan languages. Albuquerque, 2014. P. XVI.
[25] Dreschler M. Grundlegung zur wissenschaftlichen Construktion des gesammten Wörter- und Formenschatzes. Zunächst der Semitischen, versuchsweise und in Grundzügen auch der IndoGermanischen Sprachen. Palm und Enke, Erlangen, 1830. S. viii.
[26] Kamusella T. On the similarity between the concepts of nation and language // Canadian Review of Studies in Nationalism. V. 31 (2004). P. 107–112.
[27] Billig M. Banal nationalism. London, 1995. P. 29–36.
[28] Chambers J. K., Trudgill P. Dialectology. Cambridge, 1998. P. 5–11.
[29] Kamusella T. The history of the normative opposition of “language versus dialect”: From its Greco-Latin origin to Central Europe’s ethnolinguistic nation-states // Colloquia Humanistica. V. 5 (2016). P. 164–188.
[30] Kloss H. “Abstand languages” and “Ausbau languages” // Anthropological Linguistics. V. 9 (7) (1967). P. 29–41.
[31] Bloomfield L. A set of postulates for the science of language // Language. V. 2 (3). (1926). P. 153–164; Haugen E. Semicommunication: The language gap in Scandinavia // Sociological Inquiry. V. 36 (2). (1966). P. 280–297.
[32] Пар.: Tollefson J. W. Planning language, planning inequality: Language policy in the community. London, 1991.
[33] Solterdijk P. Op. cit. Р. 46.
[34] Kamusella T. The isomorphism of language, nation, and state: The case of Central Europe // Burszta W., Kamusella T., Wojciechowski S. (Eds.). Nationalisms across the globe: An overview of nationalisms of state-endowed and stateless nations. Vol 2: The World. Poznań, 2006. P. 57–92.
[35] Auer P. (Ed). Dialect levelling and the standard varieties in Europe. Berlin, 1998; Stieber Z. Z dziejów powstawania języków narodowych i literackich. Warsaw, 1956.
[36] D’Azeglio M. I miei ricordi, Vol. 1. Florence, P. 7; Killinger C. L. The history of Italy. Westport, 2002. P. 1.
[37] Statut Autonomne Pokrajine Vojvodine, 2014: www.propisi.com/statut- autonomne-pokrajine-vojvodine.html; Zakon o utvrđivanju nadležnosti Autonomne pokrajine Vojvodine, 2009:www.paragraf.rs/propisi/zakon_o_utvrdjivanju_nadleznosti_autonomne_pokrajine_vojvodine.html
[38] Index Mundi, 2015: www.indexmundi.com/malaysia/population.html
[39] Poissonnier A., Sournia G. Atlas mondial de la francophonie: Du culturel au politique. Paris, 2006.
[40] Greenberg R. D. Op. cit.
[41] King C. The ambivalence of authenticity, or how the Moldovan language was made // Slavic Review. V. 58 (1999). P. 117–142.
[42] Hotărâre Nr. 36 din 05.12.2013 privind interpretarea articolului 13 alin. (1) din Constituție în corelație cu Preambulul Constituției și Declarația de Independență a Republicii Moldova (Sesizările nr. 8b/2013 și 41b/2013). (2013): http://constcourt.md/download.php?file=cHVibGljL2NjZG9jL2hvdGFyaXJpL3JvLWhfMzZfMjA xM19yby5wZGY%3D
[43] Majewski P. (Re)konstrukcje narodu: Odwieczna Macedonia powstaje w XXI wieku. Warszawa, 2013. S. 74; Shea J. Macedonia and Greece: The struggle to define a new Balkan nation. Jefferson, 1997. P. 352.
[44] Kamusella T., Nomachi M. The long shadow of borders: The cases of Kashubian and Silesian in Poland // The Eurasia Border Review. V. 5 (2) (2014). P. 35–60.
[45] Mandatory Swedish, 2015 // Wikipedia — https://en.wikipedia.org/wiki/ Mandatory_Swedish
[46] Constitution of the Republic of Serbia (2006), Art. 10: www.srbija.gov.rs/cinjenice_ o_srbiji/ustav_odredbe.php?id=217
[47] Montenegro’s Constitution (2007), Art. 13: https://www.constituteproject.org/constitution/Montenegro_2007.pdf
[48] List of Wikipedias by language group. (2015). Wikimedia: MetaWiki – https:// meta.wikimedia.org/wiki/List_of_Wikipedias_by_language_group.

Наверх

Тэгі: ,