БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Да праблемы генэзісy ВКЛ (Алесь Краўцэвіч)*


*Заўвагі з нагоды артыкула Вячаслава Насевіча: Пытанняў больш чым адказаў // Беларускі Гістарычны Агляд. 1998. Т. 5. Сш. 1. С. 210-226.

Сведчаннем асаблівасці і, напэўна, слабасці беларускай гістарычнай навукі з’яўляецца адсутнасць рэгулярнага рэцэнзавання прац па айчыннай гісторыі. Многія сур’ёзныя кнігі ўвогуле не могуць дачакацца грунтоўнай рэцэнзіі ў навуковай перыёдыцы. Тым больш прыемная аператыўная рэакцыя на маю сціплую працу, што можна вытлумачыць важнасцю праблемы, якой яна прысвечана.

Паважаны рэцэнзент В.Насевіч непасрэдна займаўся (магчыма, працягвае займацца) вывучэннем пачатковай гісторыі ВКЛ, што знайшло адлюстраванне ў некалькіх артыкулах і навукова-папулярнай кнізе[1]. У сваім рэцэнзійным артыкуле В.Насевіч прывёў шэраг заўваг і ацэнак амаль усіх асноўных палажэнняў маёй працы і выказаў уласны погляд на развіццё гістарыяграфіі генезісу ВКЛ, працэсу балта-славянскіх кантактаў, іх узаемасувязі з утварэннем беларуска-літоўскага гаспадарства.

Рэцэнзент мае рацыю, калі заўважае „далёка не вычэрпны» гістарыяграфічны агляд у маёй кнізе. Сапраўды, па прычыне надзвычайнай шматлікасці прац, дзе гаворыцца ці згадваецца пра ўтварэнне ВКЛ, для аналізу былі выбраныя амаль выключна працы, спецыяльна прысвечаныя генезісу ВКЛ. У адваротным выпадку гістарыяграфічная частка кнігі пагражала намнога перарасці ўсе астатнія раздзелы, разам узятыя. Тым не менш згодны, што варта было згадаць погляды Мікалая Шкялёнка, хоць яны выказаныя ў выглядзе тэзісаў без разгорнутай аргументацыі. Толькі наўрад ці можна ўслед за рэцэнзентам называць тэзісы Шкялёнка канцэпцыяй і на гэтай падставе адбіраць аўтарства ў Міколы Ермаловіча. Унёсак апошняга ў стварэнне „беларусацэнтрысцкай» канцэпцыі генезісу ВКЛ непараўнальна большы.

Можна пагадзіцца, што недахопам гістарыяграфічнай часткі працы з’яўляецца адсутнасць характарыстыкі новых поглядаў пра этнічныя працэсы на Панямонні ў познім жалезным веку і раннім Сярэднявеччы, пра якія даволі падрабязна апавядае В.Насевіч у рэцэнзіі.

Паважаны рэцэнзент не згодны з групаваннем поглядаў розных даследчыкаў у адну т.зв. балцкую канцэпцыю ўтварэння ВКЛ. В.Насевіч лічыць, што існуе „даволі шырокі спектр поглядаў, якія плаўна змыкаюцца паміж сабой». У маёй працы падставай для высновы пра існаванне некалькіх варыянтаў адзінай канцэпцыі (балцкай, ці традыцыйнай, або летувіскай) стала наяўнасць ва ўсіх вядомых рэканструкцыях генезісу ВКЛ двух стрыжнявых тэзаў-аксіёмаў: 1) дзяржава — вынік эвалюцыі летувіскага грамадства; 2) цесная сувязь між утварэннем дзяржавы і захопам (у В.Насевіча — далучэннем) летувісамі земляў Русі[2]. Рэцэнзент не прывёў ніводнага адваротнага прыкладу, за выключэннем выказвання М.Доўнара-Запольскага. Аднак гэты прыклад аказаўся не зусім карэктным. Цытуючы выдатнага беларускага гісторыка („Гістарыч ная навука зусім адкідае ўсе гутаркі аб тым, быццам Беларускія землі былі заваяваны літоўскімі князямі»), В.Насевіч спаслаўся на брашуру „Асновы дзяржаўнасці Беларусі», якая не з’яўляецца ні навуковым, ні навукова-папулярным творам і ў прадмове да выдання 1994 г. названа „ідэйным абгрунтаван нем беларускага суверэнітэту»[3]. Напэўна, лепш было б зазірнуць у „Гісторыю Беларусі» (Мінск, 1994) таго самага аўтара і на с.54 прачытаць: „Ён (Міндоўг — А.К.) захоплівае суседнія рускія землі і нават сваю сталіцу пераносіць у Ноўгародак».

Прызнанне двух гэтых тэзаў-аксіёмаў не перашкаджала даследчыкам спрачацца па некаторых канкрэтных пытаннях: што было першасным штуршком у працэсе дзяржаваўтварэн ня; чым тлумачыць павышаную ваенную актыўнасць летапісных літоўцаў; як датаваць пачатак дзяржаваўтварэння; як вызначаць агульны этнічны характар дзяржавы (на наступных этапах яе існавання); прызнаваць ці не прызнаваць выкарыстанне вялікім князем беларускіх дружынаў у падпарадкаванні асобных балцкіх тэрыторый і г.д.

Паважаны рэцэнзент не згодны з крытэрыямі выдзялення ў асобную канцэпцыю поглядаў Ермаловіча, гэтаксама як і з маёй характарыстыкай агульных рысаў дзвюх канцэпцый (традыцыйнай і М.Ермаловіча). Напомню, што пры выразнай супярэчнасці абедзве канцэпцыі, па-першае, прапаноўваюць блізкую храналагічную (ХIII ст.) і геаграфічную (басейн Нёмана) лакалізацыю працэсу дзяржаваўтварэння; па-другое, пачатак уласна ВКЛ звязваюць з той самай гістарычнай асобай — Міндоўгам; па-трэцяе, абедзве канцэпцыі маюць выразную ідэалагічную афарбоўку, якая бачыцца ў імкненні давесці канкрэтную этнічную прыналежнасць дзяржавы (летувіскую ці беларускую) з самага яе пачатку; па-чацвёртае, у абедзвюх версіях прысутнічае тэза пра балта-славянскую канфрантацыю на тэрыторыі Панямоння. Прынцыповая розніца паміж названымі канцэпцыямі заключаецца ў вызначэнні пераможцы ў гэтай канфрантацыі.

У пэўным сэнсе выключэнне з апошняга тэзісу — меркаванне В.Насевіча пра добраахвотнае далучэнне да балцкай дзяржавы Наваградскай зямлі: „Замацаванне Панямонскіх гарадоў у складзе Літоўскай дзяржавы азначала пачатак непарыўнага сімбіёзу, у якім адзін бок не мог абысціся без другога»[4]. Выключэннем „у пэўным сэнсе» гэтая выснова названая таму, што, па-першае, яна ў агульных рысах адпавядае галоўным ідэям традыцыйнай канцэпцыі пра галоўную ролю балтаў ва ўтварэнні ВКЛ пры паралельным далучэнні імі суседніх земляў Русі; па-другое, В.Насевіч не заўсёды паслядоўны ў правядзенні сваёй тэзы сімбіёзу, калі піша, што летувісы выкарысталі найвышэйшую палітычную ўладу ў дзяржаве для спынення славянскай асіміляцыі; што ў дзяржаве захоўвала ся небяспека міжэтнічных супярэчнасцяў[5].

Погляды паважанага рэцэнзента не выпадае выдзеліць у асобную канцэпцыю яшчэ таму, што ў яго працах па праблеме генезісу ВКЛ дапушчаны шэраг памылак у інтэрпрэтацыі крыніц і аналізе поглядаў іншых даследчыкаў, маюцца выразныя супярэчнасці ў фармулёўках найважнейшых высноваў. Напрыклад, з выразу „Літва Міндоўга» (у Галіцка-Валынскім летапісе) робіцца выснова: „Літва належыць Міндоўгу», а літаральна на наступнай старонцы сцвярджаецца нешта іншае: „Пад «Літвой Міндоўга» таксама трэба разумець не ўсю тагачасную Літву, а толькі нейкую яе частку»[6]. В.Насевіч памыляецца, калі піша, што бацьку Міндоўга назваў „вялікім каралём» (kцnig gros) Генрых Латвійскі[7](дарэчы, аўтар знакамітай „Хронікі Лівоніі» не быў ордэнскім храністам). На самай справе гэтыя словы прамаўляюць Міндоўгу жамойцкія паслы ў ананімнай лівонскай Старэйшай рыфмаванай хроніцы. Выснова пра тое, што каля 1248 г. Міндоўг становіцца наваградскім князем як „уладар Літвы», не зусім стасуецца з наступным выказваннем — гэты князь у 1252 г. выправіў на Усход пляменнікаў, каб тым часам „захапіць аднаасобную ўладу ў Літве»[8](паводле ўдакладненняў М.Грушэўскага, таксама невядомых В.Насевічу, гэта адбылося каля 1248 г.)[9].

Пераказваючы высновы Г.Лаўмяньскага (з адпаведнай спасылкай) пра тэрытарыяльны падзел Аўкштоты, В.Насевіч называе Дзяволтву, Нальшану, Упіту і забываецца на галоўную вобласць — Літоўскую зямлю[10].

У інтэрпрэтацыі В.Насевіча занадта аморфна выглядае характарыстыка працэсу ўтварэння балцкай дзяржавы і самога паняцця дзяржавы. У адным месцы гаворыцца пра далучэнне панямонскіх гарадоў да „Літоўскай дзяржавы», у другім — што Літва ў гэты час „…знаходзіцца на папярэднiм вітку эвалюцыйнай спіралі — на стадыі ўтварэння цэнтралізаванай раннекласавай дзяржавы», ці „размова не абавязкова ідзе пра ўтварэнне літоўскай дзяржавы як здзейснены факт, а хутчэй пра тэндэнцыю да гэтага»[11].

Услед за традыцыйнай канцэпцыяй В.Насевіч правёў падлікі пачатковай тэрыторыі ВКЛ у сярэдзіне ХIII ст., уключыўшы ў яе Жамойць, Аўкштоту (называе яе ўласна Літоўскай зямлёй) і Наваградскую зямлю[12]. Між тым, галоўная крыніца па генезісу ВКЛ — Галіцка-Валынскі летапіс — выразна сведчыць, што ў сярэдзіне ХIII ст. на першым этапе ўтварэння дзяржавы яе асноўнай часткай была Наваградская зямля. Да дзяржавы не належала па меншай меры палова Жамойці, бо супраць Міндоўга і наваградцаў ваявала ў сярэдзіне ХIII ст. „Ятвязь і паў-Жамойці»[13]. З кантэксту летапіснага аповеду відаць, што Міндоўг каля 1248 г. выгнаў пляменнікаў, каб захапіць Літоўскую (у вузкім сэнсе) зямлю, а не ўсю тэрыторыю Аўкштоты ці культуры ўсходнелітоўскіх курганаў. Другая найважнейшая крыніца — Старэйшая рыфмаваная хроніка — паведамляе, што каля 1260 г. жамойты прыслалі паслоў да Міндоўга з абяцаннем прызнаць яго ўладу над Жамойцю, калі ён парве саюз з Ордэнам[14]. З гэтых сведчанняў вынікае, што Жамойць нельга ўключаць у пачатковую тэрыторыю ВКЛ. Такім чынам, падлікі В.Насевіча недакладныя.

Паколькі цяжка, а часам і немагчыма, прасачыць ход думкі даследчыка ад аналізу крыніц да высноваў (пры наяўнасці памылак і недакладнасцяў), заключэнні В.Насевіча ствараюць уражанне інтуітыўнасці, недапрацаванасці і паспешлівасці, а таму не выклікаюць даверу.

На жаль, не бачу пакуль падставаў для змены агульнай характарыстыкі поглядаў паважанага рэцэнзента як „злагоджанага» варыянта балцкай канцэпцыі генезісу ВКЛ з акцэнтаваннем добрай волі ўсходніх славян пры пераходзе іх да падданства летувіскай дынастыі на стадыі ўтварэння летувіскай „цэнтралізаванай раннекласавай дзяржавы».

Значная (і найбольш эмацыйная) частка рэцэнзіі прысвечана крытыцы маёй уяўнай адмовы прызнаваць якія-небудзь дзяржаватворчыя працэсы ў летувіскім грамадстве. Рэцэнзент задае рытарычнае пытанне: чым „саюз паміж двума этнічнымі чыннікамі» (А.Краўцэвіча) адрозніваецца ад „сінтэзу» У.Пашуты, „сімбіёзу» паводле В.Насевіча? І дае наступны адказ: «Напэўна, толькі тым, што А.Краўцэвіч не дапускае думкі пра незалежную ад славянскіх суседзяў „эвалюцыю летувіскага грамадства да дзяржавы» і тым больш пра тое, што „толькі пасля з’яўлення гэтай дзяржавы пачынаецца ўтварэнне ВКЛ»».

У гэтым выпадку мае месца непаразуменне, дакладней кажучы, рэцэнзент дапусціў памылку, якая ў фармальнай логіцы называецца „падменай тэзісу», калі замест вызначэння няправільнасці зыходнага тэзіса дабіваюцца абгрунтавання няправільнасці нятоеснага яму тэзіса. Дазволю сабе працытаваць уласную працу: „Несумненна, ваенна-рабаўнічая актыўнасць паскорыла сацыяльную дыферэнцыяцыю балцкага познеродавага грамадства і была прадвеснікам новага ладу — дзяржаўнага. … Але гісторыя паказвае, што патрэбны час, праходзіць не адно пакаленне, пакуль знойдзецца асоба, здольная пры спрыяльных абставінах ажыццявіць справу аб’яднання. Такое раней ці пазней, напэўна, адбылося б у Аўкштоце ды іншых балцкіх землях. Паўсталі б уласныя дзяржаўныя арганізацыі, як раней на Русі ці ў Польшчы. Але часу на эвалюцыю якраз не хапала»[15].

Рэцэнзент крыху пераблытаў, я адмаўляю не саму ідэю эвалюцыі летувіскага грамадства да дзяржавы (якая, несумненна, мела месца), а лічу памылковай выснову пра тое, што ўтварэнне ВКЛ было вынікам гэтай эвалюцыі . Надзвычай ныя знешнія падзеі (мангола-татарская і ордэнская пагроза) парушылі яе ход і прымусілі старажытных літоўцаў да тэрміновай рэакцыі, менавіта, удзелу ў стварэнні дзяржаўнай арганізацыі на аснове гатовых узораў усходнеславянскай дзяржаўнасці і больш чым двухвяковага вопыту балта-славянска га супрацоўніцтва.

Вось тут і хаваецца розніца ў нашых поглядах. Паводле У.Пашуты, „сінтэз» адбыўся пасля захопу беларускіх земляў летувіскімі феадаламі, „сімбіёз» — па В.Насевічу — пасля далучэння на стадыі ўтварэння цэнтралізаванай балцкай дзяржавы[16].

На жаль, тая самая лагічная памылка „падмены тэзісу» неаднаразова паўтараецца ў тэксце рэцэнзіі. Напрыклад, выказаўшы шэраг меркаванняў і дапушчэнняў , рэцэнзент потым называе іх фактамі і крытыкуе аўтара кнігі за ігнараван не фактаў, а не дапушчэнняў. Напрыклад, у якасці не ўлічаных мною доказаў балта-славянскіх канфліктаў прыводзіцца: „меркаванне некаторых даследчыкаў» пра заснаванне Наваградка як памежнага фарпоста Русі; меркаванне Ю.Зайца, што запусценне Заслаўя „магло быць вынікам літоўскага нападу»; магчымасць знаходкі пад час раскопак у Беларусі балцкага наканечніка стралы „ў аналагічным кантэксце»; фраза, укладзеная летапісцам у вусны Міндоўга, менавіта, каб выгнаныя ім з Літвы пляменнікі здабывалі сабе вотчыны на Віцебшчыне і Смаленшчыне (крыніца не прыводзіць звестак пра гэта, а паведамляе, што пляменнікі ўцяклі на Валынь).

Рэцэнзент крытыкуе высновы „пра характар ВКЛ» і пры гэтым мае на ўвазе сённяшнюю агульную ацэнку этнічнага характару дзяржавы, хоць у маёй працы гаворка ідзе пра этнічны характар ВКЛ на этапе яго ўтварэння. В.Насевіч папракае мяне за ігнараванне выказанай ім магчымасці таго, што згаданы Генрыхам Латвійскім Даўгерутэ быў стваральнікам сістэмы старэйшых князёў, пералічаных у Галіцка-Валынскім летапісе і г.д.

Пасля пераліку ігнараваных „фактаў» рэцэнзент сцвярджае, што я раблю гэта свядома, бо „ўключэнне іх у сістэму поглядаў А.Краўцэвіча прывяло б да яе фактычнага зліцця з поглядамі, існуючымі ў навуцы не першы год». Больш выразна В.Насевіч выказаўся ў самым пачатку артыкула, ахарактарызаваўшы аўтара рэцэнзаванай працы як асобу, у якой „змагаюцца публіцыст, апантаны інтарэсамі нацыянальнага адраджэння, і разважлівы гісторык» . Такая выразная спроба пераводу навуковай дыскусіі ў рэчышча ідэалогіі можа выклікаць толькі шкадаванне.

Аляксандр Краўцэвіч

Адказ В. Л. Насевіча можна прачытаць тут


[1]Гл. напрыклад: Насевіч В.Л. Працэс утварэння Вялікага Kняства Літоўскага (13-14 стст.) // Актуальныя пытанні гісторыі Беларусі ад старажытных часоў да нашых дзён. Мінск, 1992. С. 54-63; ён жа. Да пытання аб нацыянальным характары Вялікага Княства Літоўскага // Гістарычная навука і гістарычная адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь (новыя канцэпцыі і падыходы): Усебеларуская канферэнцыя гісторыкаў. Мінск, 3-5 лютага. Мінск, 1993. С. 55-58; ён жа. Пачаткі Вялікага Княства Літоўскага: Падзеі і асобы. Мінск, 1993.
[2]Краўцэвіч А. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага. С. 45.
[3]Доўнар-Запольскі М. Асновы Дзяржаўнасці Беларусі. Мінск, 1994. С. 3.
[4]Насевіч В. Пачаткі Вялікага Княства Літоўскага. С. 60.
[5]Насевіч В. Працэс утварэння Вялікага Княства Літоўскага. С. 61.
[6]Насевіч В. Пачаткі Вялікага Княства Літоўскага. С. 28, 29, 30.
[7]Тамсама. С. 28.
[8]Насевіч В. Працэс утварэння Вялікага Княства Літоўскага. С. 58.
[9]Грушевський М. Хронольогія подiй Галіцько-Волинськоi лiтописи // Записки Наукового Товариства імени Шевченка. Львів, 1901. Т. 41. С. 1-72.
[10]Насевіч В. Працэс утварэння Вялікага Княства Літоўскага. С. 55.
[11]Насевіч В. Пачаткі Вялікага Княства Літоўскага. С. 60, 78; Ён жа. Пытанняў больш чым адказаў. С. 224.
[12]Насевіч В. Да пытання аб нацыянальным характары Вялікага Княства Літоўскага. С. 56.
[13]ПСРЛ. Т. 2. Стб. 815-816.
[14]Livlandische Reimchronik /Her. von Leo Meyer. Padeborn, 1876. S. 146-147.
[15]Краўцэвіч А. Стварэнне ВКЛ. С. 130, 146.
[16]Насевіч В. Пачаткі Вялікага Княства Літоўскага. С. 59-60, 78.

Наверх

Тэгі: ,