Дзмітрый Віцько. Скарбовы Трыбунал ВКЛ 1700 года
Супрацьстаянне палітычных груповак у ВКЛ у XVII ст. праяўлялася ў розных сферах, і адной з галоўных быў кантроль над дзяржаўнымі фінансамі. Пасля перадачы ў 1697 г. збору асноўных падаткаў ад скарбу органам шляхецкага самакіравання напружанасць у гэтай сферы павялічылася. У кожным павеце барацьба ішла ў тым ліку вакол абрання асобаў, адказных за збор падаткаў. Па-другое, у групоўкі, якая кантралявала павет, з’явілася магчымасць пры зборы падаткаў больш паблажліва ставіцца да сваіх прыхільнікаў і больш жорстка да ворагаў. Усё гэта не спрыяла паспяховаму вырашэнню пытання запазычанасці перад войскам. Узброенае супрацьстаянне паміж групоўкамі Сапегаў і рэспубліканцаў, якое пачалося ў час бескаралеўя 1696–1697 г. і працягвалася ў наступныя гады, таксама не садзейнічала вырашэнню праблем з падаткамі. У баявых дзеяннях гэтага перыяду было некалькі перапынкаў, звязаных са скліканнем соймаў. Так, адной са спробаў пакласці канец варажнечы быў пацыфікацыйны сойм 1699 г., які павінен быў вырашыць і іншыя надзённыя праблемы, што стаялі перад ВКЛ і Рэччу Паспалітай [1].
Адным з найважнейшых рашэнняў гэтага сойма было прызначэнне Скарбовага Трыбунала ВКЛ, які павінен быў заняцца разглядам запазычанасці па выплаце падаткаў за перыяд з 1667 г. [2]. Праўда, у хуткім часе высветлілася, што частка шляхты ВКЛ (рэспубліканцы) нязгодная з такім рашэннем і нават катэгарычна адмаўляе, што сойм прыняў такую пастанову. Гэта прывяло да зацяжнога канфлікту, значэнне якога ў шэрагу падзеяў пераломнага для ВКЛ 1700 года патрабуе высвятлення [3].
Па версіі рэспубліканцаў, праект канстытуцыі аб Скарбовым Трыбунале абмяркоўваўся на правінцыйных сесіяхВКЛ, але згода па ім дасягнута не была. Больш за тое, сам гетман Казімір Ян Сапега пратэставаў супраць яго на правінцыйнай сесіі ў апошні дзень працы сойма, а пасля заканчэння паседжанняў на сходзе паслоў ВКЛ гэтае пытанне падняў канцлер Караль Станіслаў Радзівіл, аднак тады супраць гэтай канстытуцыі выступілі лідскія паслы. У пазнейшым пераказе іх аргументы гучалі так: супраць асобных палажэнняў пастановы на сойме пратэставала шмат паслоў, якія ўжо раз’ехаліся, і наогул сойм скончыўся, таму абмяркоўваць няма чаго і канстытуцыю трэба лічыць непрынятай. Таксама яны звярталі ўвагу, што “ў адпаведнасці з даўнім звычаем нашай Рэчы Паспалітай” канстытуцыі на працягу трох дзён не былі пададзены ў гродскі суд. Лідскія паслы нібыта хацелі скласці пратэстацыю ў варшаўскім гродскім судзе, але яе там не прынялі, тады яны паспрабавалі зрабіць гэта ў ліўскім, з тым жа вынікам, і ўрэшце склалі яе ў гарадзенскім [4]. Сама пратэстацыя лідскіх паслоў невядомая. З усёй гэтай інфармацыі іншымі крыніцамі пацвярджаецца выступленне Казіміра Яна Сапегі. Вялікі гетман пратэставаў супраць палажэння аб верыфікацыі падаткаў з 1667 г., а не з 1690 г., паколькі яго брат, вялікі падскарбі Бенядзікт Павел Сапега, у 1690 г. ужо склаў на сойме справаздачу пра сваю дзейнасць за ранейшы перыяд [5].
Прапанову склікаць Скарбовы Трыбунал выказаў 23 ліпеня на сойме ваўкавыскі пасол, кухмістр ВКЛ Крыштаф Камароўскі [6], звязаны з рэспубліканцамі. Падрыхтоўкай соймавых пастановаў (канстытуцый), у тым ліку гэтай, займалася дэпутацыя, у склад якой уваходзілі трое сенатараў (ад ВКЛ – менскі ваявода Уладзіслаў Язафат Сапега), маршалак сойма Станіслаў Антоній Шчука (атрымаў на гэтым сойме ўрад падканцлера ВКЛ) і шэсць паслоў (у тым ліку двое ад ВКЛ – полацкі харужы Крыштаф Неміровіч-Шчыт і згаданы Крыштаф Камароўскі). Гэта былі дасведчаныя парламентарыі, якія ўжо не першы раз удзельнічалі ў працы сойма [7]. За ўключэнне Шчыта ў склад дэпутацыі хадайнічаў падканцлер Караль Станіслаў Радзівіл (атрымаў на гэтым сойме урад канцлера) [8]. Праўда, подпіс Шчыта пад арыгіналам канстытуцыі адсутнічае [9]. Але з пазнейшых яго выказванняў вынікае, што ён увесь час падтрымліваў скліканне і дзейнасць Трыбунала, а рэспубліканцы, якія падтрымлівалі гэтую ідэю на сойме, потым змянілі сваю думку [10]. Таксама другі з дэпутатаў, Крыштаф Камароўскі, непасрэдна ў дзень адкрыцця Скарбовага Трыбунала засведчыў, што пры чытанні канстытуцыі пратэстаў не было [11].
Тым не менш, зацвярджэнне гэтай пастановы соймам – пытанне ўсё ж спрэчнае. Багуслаў Дыбась крыху памыляецца, калі сцвярджае, што паслы падтрымалі ўхваленне канстытуцыі аб Скарбовым Трыбунале ў сваіх дэкларацыях [12]. На самай справе ў падатковых дэкларацыях згадкі пра яе адсутнічаюць (за выключэннем дэкларацыі інфлянцкіх паслоў, але даволі няпэўнай – тыя пагаджаліся з любым магчымым рашэннем наконт месца і часу склікання гэтага Трыбунала). Да гэтага факта – адсутнасці згадак – апелявалі пазней і рэспубліканцы [13]. Больш за тое, у сваіх дэкларацыяхлідскія, жамойцкія, наваградскія і аршанскія паслы выказваліся супраць уключэння ў “Volumina legum” канстытуцый, якія не былі зачытаны ў зале паседжанняў або пярэчылі пастанове 1697 г. аб ураўнаванні правоў (каэквацыі), хоць і не ўдакладнялі, што маюць на ўвазе [14]. Пры гэтым паслы многіх паветаў выказвалі згоду з канстытуцыяй пра Галоўны Трыбунал. Такая сітуацыя з пастановай аб Трыбунале Скарбовым тым больш дзіўная з улікам бурнага абмеркавання яе праекта на сойме. Усё гэта можа выклікаць сумненні, што яна была прынятая ва ўстаноўленым парадку.
У большасці соймавых дыярыушаў звесткі пра зацвярджэнне канстытуцыіаб Скарбовым Трыбунале ВКЛ адсутнічаюць. Яе праект выносіўся на разгляд сойма 27 ліпеня, аднак на яго не было згоды, і кароль адаслаў яго разам з іншымі праектамі на правінцыйныя сесіі, якія адбыліся назаўтра [15]. Відаць, на гэтай сесіі і пратэставаў вялікі гетман (фармальна гэта быў апошні дзень працы сойма, але было вырашана працягнуць яго яшчэ на два дні, кампенсаваўшы святы). Аднак згадку пра зацвярджэнне гэтай пастановы можна сустрэць у дыярыушы з архіва маршалка сойма Станіслава Антонія Шчукі. Там яна называецца сярод іншых канстытуцый, прынятых 29 ліпеня (як “Камісія літоўскага скарбу”, але, відавочна, размова пра Трыбунал). Сказана, што ў гэты дзень усе ранейшыя праекты былі “рэкапітуляваныя” (падсумаваныя, сабраныя разам) і зацверджаныя [16]. Відаць, на гэты раз іх сапраўды цалкам не чыталі. Ва ўсялякім разе, іначай складана растлумачыць такую сітуацыю.
У канстытуцыі галоўнай прычынай склікання Скарбовага Трыбунала называлася выплата даўгоў па заробку войску ВКЛ, а менавіта чатырох чвэрцяў (прадугледжаных Пузавіцкім пагадненнем 1698 г.). Да разгляду таксама прымаліся справы па затрымцы заробку за тры чвэрці 1699 г. Пасля выплаты даўгоў рэшту войска, якая засталася пасля роспуску большай часткі жаўнераў у 1698 г., планавалася таксама распусціць. Рашэнне мусіла быць прынятае на сойме (магчыма, ужо на наступным). На 1700 г. з падаткаў былі ўхвалены толькі татарскае і жыдоўскае пагалоўнае ды тытунёвая манаполія [17].
Увогуле такі ход падзей задаволіў бы рэспубліканцаў (у падатковых дэкларацыях поўнага роспуску войска дамагаліся троцкія, ваўкавыскія і пінскія паслы [18]). Але, відаць, з іх боку былі і іншыя прычыны спачатку не выступаць супраць Скарбовага Трыбунала. Наколькі можна зразумець з тлумачэнняў Януша Антонія Вішнявецкага (па выніках сойма атрымаў урад надворнага маршалка ВКЛ), Казімір Ян Сапега пад уплывам брата Бенядзікта ў якасці кампрамісу адмовіўся ад сваёй пратэстацыі і пагадзіўся на верыфікацыю падаткаў не з 1690, а з 1667 г. Рэспубліканцы спадзяваліся выявіць за гэты перыяд скарбовыя махінацыі. Але Вішнявецкі ацэньваў іх спадзяванні скептычна, паколькі шмат адказных асобаў на той час ужо памерла і не ўсе падатковыя дакументы захаваліся. Акрамя таго, было дамоўлена, што падскарбі складзе чарговую справаздачу са сваёй дзейнасці на наступным сойме [19].
Скарбовы Трыбунал быў прызначаны на 4 студзеня і павінен быў судзіць восем тыдняў (дзве кадэнцыі па чатыры тыдні). У яго склад былі ўключаны вялікі гетман Казімір Ян Сапега, палявы гетман Юзаф Багуслаў Слушка, канцлер Караль Станіслаў Радзівіл, падканцлер Станіслаў Антоній Шчука, вялікі падскарбі Бенядзікт Павел Сапега, віцебскі ваявода Андрэй Казімір Крышпін-Кіршэнштэйн (да 1698 г. – палявы пісар), чыя дзейнасць мела дачыненне да вайскова-скарбовай сферы [20]. У дадатак да іх Аўгуст ІІ прызначыў наступных сенатараў: віленскага біскупа Канстанцыя Казіміра Бжастоўскага, полацкага ваяводу Дамініка Міхала Слушку, менскага ваяводу Уладзіслава Язафата Сапегу і віцебскага кашталяна Міхала Казіміра Коцела [21]. З гэтых дзесяці чалавек чатырох можна аднесці да групоўкі Сапегаў (абодва гетманы, падскарбі і полацкі ваявода), у той час як да адкрытых рэспубліканцаў належалі толькі віцебскія ваявода і кашталян. Яшчэ чацвёра маглі сябе павесці па-рознаму: біскуп Бжастоўскі і канцлер Радзівіл больш схіляліся да супрацоўніцтва з рэспубліканцамі, хоць у залежнасці ад сітуацыі маглі падтрымаць і Сапегаў, падканцлер Шчука быў звязаны з дваром, а менскі ваявода Сапега трымаўся ўбаку ад палітычных баталій, але падтрымліваў цесныя адносіны з Радзівілам. Рэшту дэпутатаў належала абраць на рэляцыйных сойміках (па адным з павета). Абмежаванне пры гэтым было зроблена для асобаў, адказных за збор падаткаў (камісараў, адміністратараў, зборшчыкаў і люстратараў). Акрамя таго, шляхта павінна была прыслаць на Трыбунал “асаблівых камісараў”, якія б прывезлі ўсю падатковую дакументацыю за апошнія гады [22].
Да гэтага ў XVII ст. дэпутаты Скарбовага Трыбунала ВКЛ, як з сената, так і ад шляхты (з ліку паслоў), прызначаліся на сойме, а кіраваў яго дзейнасцю вялікі падскарбі. Відавочна, цяпер за ўзор быў прыняты польскі Скарбовы Трыбунал, які фармаваўся падобным чынам, у тым ліку праз абранне часткі дэпутатаў []23. Такое рашэнне варта разглядаць у кантэксце каэквацыі, пад якой разумелася не толькі аднайменная соймавая пастанова, але і ў цэлым тэндэнцыя да ўніфікацыі дзяржаўнага ладу ВКЛ і Польшчы.
Ужо пасля завяршэння сойма кароль распарадзіўся, каб Шчука ўпісаў у канстытуцыю ў дадатак да прызначаных сенатараў таксама наваградскага кашталяна Стафана Яўстахія Александровіча [24]. Гэта істотна ўзмацняла пазіцыі Сапегаў, да таго ж рабілася відавочным спрыянне ім двара. Верагодна, хутка ўзнікла асцярога, што Сапегі могуць атрымаць большасць і выкарыстаць гэты Трыбунал для звядзення рахункаў. Пасля Пузавіцкага пагаднення асігнацыі харугвам на атрыманне заробку выдаваў Міхал Казімір Коцел як генеральны палкоўнік ВКЛ, ён жа ў 1697 г. займаўся падрыхтоўкай падатковага тарыфу ВКЛ. Да таго ж у пачатку 1698 г., на грамнічных сойміках, калі большасць паветаў абірала зборшчыкаў і адміністратараў падаткаў, рэспубліканцы атрымалі перамогу і, адпаведна, мусілі адказваць за выплату заробку жаўнерам.
Пазіцыя двара мела вялікі ўплыў на рашэнні сойма – асабліва ўлічваючы ролю маршалка Шчукі, які адказваў у тым ліку за падрыхтоўку пастаноў. Сучаснікі наўпрост пісалі, што Сапегі ў гэты час пачалі карыстацца прыхільнасцю і даверам караля, а рэспубліканцы – губляць іх [25]. Зацікаўленасць Аўгуста ІІ у збліжэнні з Сапегамі вынікала з яго ваенных планаў. Па-першае, каралю патрэбна было пакінуць у ВКЛ саксонскія войскі, якія можна было б выкарыстаць у вайне са Швецыяй [26]. Па-другое, як паказалі падзеі наступнага года, Аўгуст ІІ быў не супрацьвыкарыстаць і войска ВКЛ.
За месяц да адкрыцця Скарбовага Трыбунала вялікі гетман Казімір Ян Сапега разаслаў універсалы да войска (у тым ліку да жаўнераў распушчаных харугваў) і заклікаў прысылаць для разлікаў сваіх прадстаўнікоў. Пры гэтым Сапега абвінаваціў Міхала Казіміра Коцела, лідара рэспубліканцаў, што той “з вялікай крыўдай цэлага войска без майго гетманскага рэестра… выдаваў і адмяняў асігнацыі, пераносячы іх з павета на павет”, у выніку чаго жаўнерам не былі цалкам выплачаны заробак і чатыры чвэрці доўгу. Гэта ўжо павінна было б устрывожыць рэспубліканцаў, хоць невядома, ці паспеў той жа Коцел пазнаёміцца з універсалам перад пачаткам Трыбунала [27].
Як і варта было чакаць, канфлікт вакол Скарбовага Трыбунала быў востры. У Вільню з’ехаліся як прыхільнікі яго склікання, так і праціўнікі. Паслы ад паветаў, якія былі супраць, прыбылі загадзя і накіраваліся да віленскага біскупа Канстанцыя Казіміра Бжастоўскага, “як першага сенатара ВКЛ”, якому паведамілі, што збіраюцца пратэставаць [28]. Разумеючы гэта, прыхільнікі склікання Трыбунала спрабавалі прадухіліць непажаданае развіццё падзей. Асабліва прыкладаў да гэтага намаганні вялікі падскарбі Бенядзікт Павел Сапега. Разам з полацкім ваяводам Дамінікам Міхалам Слушкам за два дні да адкрыцця Трыбунала яму ўдалося прымірыць гетмана Сапегу і біскупа Бжастоўскага [29]. Пасля гэтага падскарбі і віленскі біскуп ужо разам пачалі перамовы з рэспубліканцамі. Лідары апошніх, віцебскі кашталян Міхал Казімір Коцел і жамойцкі стараста Грыгорый Антоній Агінскі, са свайго боку прыслалі браслаўскага маршалка Казіміра Уладзіслава Бяганскага, які заявіў, што пастанова аб Скарбовым Трыбунале не была прынятая соймам і нават не выносілася на разгляд. Падскарбі Сапега спрабаваў яму давесці, што гэта не так, але, відаць, у сітуацыі, калі пазіцыі рэспубліканцаў вызначыліся, шансаў іх пераканаць было няшмат [30].
4 студзеня на нарадзе ў палявога гетмана Юзафа Багуслава Слушкі з удзелам вялікага гетмана і падскарбія, якая адбылася перад самым адкрыццём Трыбунала, было вырашана не слухаць пратэстацый, паколькі нельга пратэставаць супраць рашэнняў сойма пасля яго заканчэння. Удзельнікі нарады сышліся на тым, што ўсе незадаволеныя могуць апеляваць на наступным сойме, і калі ён прызнае, што пастанова прынята з парушэннямі, то і рашэнні гэтага Трыбунала будуць скасаваны, а пакуль што ён павінен судзіць ва ўстаноўленым парадку. У гэты час у Слушкі сабралася шмат шляхты, якая прыехала на адкрыццё Трыбунала. Сюды ж завіталі і Крыштаф Камароўскі з Казімірам Бяганскім. Гетман Сапега жартам прапанаваў, каб рэспубліканцы забралі сабе Камароўскага і пасеклі яго на кавалкі, бо той склаў дрэнную канстытуцыю. Апошні “апраўдваўся хваробай у той час, калі гэтую канстытуцыю пасля сойма правілі”, але прызнаў, што на самім сойме яна была прынята без пратэстаў (параўнанне з арыгіналам канстытуцыі паказвае, што адзінай істотнай праўкай было даданне да ліку дэпутатаў Александровіча).
Пасля гэтага ўсе рушылі на набажэнства ў кафедральны касцёл. Яшчэ раней сюды прыбылі праціўнікі Трыбунала – “усе як ашпараныя”, бо іх сабралася, паводле ацэнкі радзівілаўскага слугі Казіміра Златкоўскага, разоў у дзесяць менш, чым прыхільнікаў. Разам з Коцелам і Агінскім тут былі жамойцкі харужы Казімір Заранак, падстолі ВКЛ Лявон Казімір Агінскі, краснасельскі стараста Казімір Кміціч, ашмянскі маршалак Крыштаф Зяновіч і іншыя рэспубліканцы, пераважна з Ашмянскага павета [31].
Пасля набажэнства, якое адслужыў віленскі біскуп, прысутныя на ім падзяліліся на дзве групы. Асноўная частка накіравалася да памяшкання на Замкавай гары, дзе звычайна праходзілі соймікі і пачыналіся Трыбуналы. З сенатараў тут прысутнічалі віленскі біскуп Канстанцый Казімір Бжастоўскі, віленскі ваявода і вялікі гетман Казімір Ян Сапега, віленскі кашталян і палявы гетман Юзаф Багуслаў Слушка, полацкі ваявода Дамінік Міхал Слушка, віцебскі кашталян Міхал Казімір Коцел, наваградскі кашталян Стафан Яўстахій Александровіч і вялікі падскарбі Бенядзікт Павел Сапега; прыбылі таксама 15 павятовых дэпутатаў. На чале другой групы быў жамойцкі стараста Агінскі. Выйшаўшы з касцёла, ён заявіў, што не збіраецца сядзець пад аховай драгунаў, расстаўленых па замкавым дзядзінцы, таму пратэстуе супраць Трыбунала тут. Пасля гэтага са сваімі прыхільнікамі (Заранак і інш.) ён накіраваўся да капітуляра пры касцёле, дзе праседзеў, пакуль не скончылася цырымонія адкрыцця. На пытанне ксяндза, чаму ён не разам з усімі, Агінскі адказаў, што “прыехаў біцца, а не рáдзіцца”.
Адкрыў паседжанні біскуп Бжастоўскі, які адзначыў у прамове, што Трыбунал сабраўся на законных падставах, але заклікаў пры гэтым да згоды. За ім выступаў Казімір Ян Сапега, які выказаў надзею, што праца гэтага Трыбунала паспрыяе выплаце запазычанасці перад войскам. Пасля яго ўзяў слова Юзаф Багуслаў Слушка. Не шкадуючы выразаў, ён абрынуўся на лідараў рэспубліканцаў: заявіў, што трэба кіравацца правам, а не іх “фантазіямі”, ды абвінаваціў Коцела і Агінскага ў рабаванні шляхты, у выбіранні і прыўлашчванні велізарных сум у час выступленняў апошніх гадоў. Паўтараючы “Божа, забі іх!” і называючы віцебскага кашталяна і жамойцкага старасту “паганскімі дзецьмі”, Слушка выказаў надзею, што гэты Трыбунал выявіць усе іх злоўжыванні, ды паабяцаў асабіста паехаць па галаву Коцела, калі будзе такі вырак. Пры гэтым палявы гетман заявіў, што гэта ён аўтар каэквацыі (соймавай пастановы 1697 г.), ды папракнуў сваіх былых саюзнікаў, для якіх гэта быў асноўны лозунг, што, адстойваючы гэтую пастанову, яны зайшлі занадта далёка, ператварыўшыся ў звычайных рабаўнікоў; таксама папракаў іх у сувязі з роспускам войска і ануляваннем яму доўгу. Слушка казаў гэта, звяртаючыся непасрэдна да Коцела, з якога яшчэ і пакпіў, павіншаваўшы з пячаткай (той прайграў на сойме барацьбу за ўрад падканцлера) [32].
Віцебскі кашталян, па сведчаннях прысутных, збялеў і палічыў за лепшае не адказваць. Аднак іншыя рэспубліканцы спрабавалі пратэставаць. Так, прасілі слова, каб зачытаць дадзеную ім інструкцыю, менскія паслы (холмскі гараднічы Павел Станіслаў Свянціцкі і менскі гродскі суддзіч Давід Міцкевіч). Але ім адмовілі і сталі пагражаць. Пачалася сварка, у час якой тыя, відаць, заявілі пратэст супрацьдзейнасці Трыбунала, аднак не ўсе маглі яго пачуць, бо ім актыўна перашкаджалі, у тым ліку іншая шляхта з Менскага павета. Гучалі пагрозы і на адрас іншых прыхільнікаў Коцела. Так, лідар ашмянскіх сапежанцаў Станіслаў Пазняк аблаяў правадыра мясцовых рэспубліканцаў Крыштафа Зяновіча (“сказаўшы некалькі слоў па матцы”) і абвінаваціў яго, што той “абакраў Ашмянскі павет”.
Не зважаючы на гэта, дэпутаты перайшлі да складання прысягі. Пры гэтым усплыло пытанне законнасці абрання гарадзенскага дэпутата, Крыштафа Міцуты, мясцовага падкаморыя, і да канца разбіральніцтва ён быў адхілены ад прысягі. Акрамя таго, не склалі прысягу Міхал Казімір Коцел, які папрасіў дазволу зрабіць гэта назаўтра, і лідскі падкаморы Уладзіслаў Нарбут, які адмовіўся, заявіўшы, што ўжо зрабіў гэта ў Лідзе. Пасля гэтага для абрання дырэктара папрасілі застацца толькі дэпутатаў, астатніх – пакінуць памяшканне. Паколькі прысутныя не спяшаліся, то давялося папрасіць выйсці ўсіх (прыклад паказалі сенатары), а потым запрасіць адныхдэпутатаў. Прычым сярод тых, хто вярнуўся, не было ўжо Коцела, хоць яго і запрашаў падскарбі Сапега. Не вярнуўся ён і пазней і ў працы Трыбунала не ўдзельнічаў.
Пасля гэтага зноў выступіў біскуп Бжастоўскі, які прапанаваў абраць дырэктарам вялікага гетмана Сапегу. Апошні, у сваю чаргу, прапанаваў палявога гетмана Слушку. Аднак той адмовіўся, спаслаўшыся на каэквацыю і заявіўшы, што ў Польшчы, калі на Скарбовым Трыбунале прысутнічае вялікі гетман, то ён і становіцца дырэктарам. У выніку ўсе адзінагалосна падтрымалі Казіміра Яна Сапегу. Але вялікі гетман прапанаваў кожнаму прагаласаваць асабіста (відаць, каб не засталося сумненняў у законнасці абрання), аднак адкрытым галасаваннем – і такім чынам быў абраны дырэктарам. Месца пісара Трыбунала было загадзя паабяцана слонімскаму дэпутату Казіміру Аляксандру Валовічу (віленскаму земскаму пісару), але яму давялося саступіць, і пісарам быў абраны віленскі дэпутат – познанскі стольнік Францішак Скарбек-Кялчоўскі. Потым дырэктар прызначыў рэгентам Трыбунала віленскага войта Яна Казіміра Ляшкевіча [33].
З уплывовых дэпутатаў, на якіх разлічвалі прыхільнікі Скарбовага Трыбунала, на адкрыцці і пазней адсутнічалі канцлер Радзівіл і падканцлер Шчука. Апошні як маршалак сойма мог бы сваёй прысутнасцю развеяць сумненні адносна правамоцнасці Трыбунала. Але калі Шчука быў звязаны больш з Польшчай, чым з ВКЛ, то адсутнасць Радзівіла не прайшла незаўважана. Сапежанцы спрабавалі падаць справу такім чынам, што канцлер паверыў Коцелу, нібы Трыбунал будзе ўсё адно сарваны, таму і не паехаў [34]. У той жа час рэспубліканцы таксама на яго наракалі [35]. Відавочна, пазіцыя Радзівіла была крыху двухсэнсоўнай. З аднаго боку, нараканні былі звязаныя з тым, што як канцлер ён падпісаў і замацаваў пячаткай надрукаваныя канстытуцыі [36]. Таксама з Берасцейскага павета, дзе Радзівіл карыстаўся ўплывам, і, верагодна, на сойміку, дзе ён быў дырэктарам, шляхта абрала на гэты Трыбунал дэпутата – берасцейскага падкаморыя і стражніка ВКЛ Людвіка Канстанцыя Пацея [37]. З другога боку, канцлер, магчыма, не хацеў занадта адкрыта падтрымліваць Сапегаў.
Два наступныя дні пайшлі на перамовы з лідарамі рэспубліканцаў, якіх Сапегі не трацілі надзеі схіліць да прызнання Трыбунала. У якасці пасрэдніка іх спрабаваў угаварыць біскуп Бжастоўскі, дапамагалі яму берасцейскі дэпутат Пацей ды жонка палявога гетмана Тэрэза Слушка. 5 студзеня ў апошняй пры пасрэдніцтве біскупа адбыліся перамовы Агінскага і Пацея з падскарбіем Сапегам і палявым гетманам Слушкам. Прысутнічала і шмат іншых дэпутатаў. Рэспубліканцы як адну з галоўных умоў выставілі поўны роспуск войска, патрабавалі таксама не адмяняцьрашэнні павятовых скарбовых судоў. Слушка на гэта зноў абвінаваціў іх у прысваенні грошай і адкінуў магчымасцьроспуску войска без выплаты заробку. Відаць, як варыянт для выплаты даўгоў было прапанавана працягнуцьзбор падаткаў, але палявы гетман адкінуў і яго, паколькі без рашэння сойма гэта было незаконна. Слушка заявіў рэспубліканцам, каб не спадзяваліся, што шляхта зноў за імі пойдзе, бо ўжо зразумела, што з яе падаткаў “першыя асобы падзялілі паміж сабой мільёны”, ды рытарычна спытаўся ў Агінскага, чаму той пабаяўся ехаць на жамойцкі рэляцыйны соймік. Назаўтра Агінскі і Коцел прапанавалі, каб Сапегі адмовіліся ад сваіх фінансавых прэтэнзій, але і з гэтага нічога не атрымалася [38]. Што рэспубліканцы дарэмна спадзяюцца на сваю папулярнасць, лічыў не толькі Слушка – такое меркаванне выказваў і біскуп Бжастоўскі ў адным з лістоў да канцлера Радзівіла. Ён жа дапускаў, што Агінскі і Коцел зноў звернуцца па дапамогу саксонскага войска для роспуску рэшты літоўскага [39]. Увогуле, з прамоваў Слушкі рэспубліканцам мусіла стаць ясна, што на Трыбунале іх збіраюцца судзіць за злоўжыванні.
Пасля адкрыцця Трыбунала паўстала пытанне выбару месца для яго паседжанняў. Спачатку як варыянт разглядалася ратуша, потым цэйхгаўз, але ў выніку спыніліся на Скарбовай камяніцы [40]. Там 7 студзеня Скарбовы Трыбунал і пачаў сваю працу. Пры гэтым да суддзяў далучыліся яшчэ гарадзенскі (Крыштаф Міцута) і інфлянцкі (Ян Людвік Плятар) дэпутаты, якія склалі прысягу ў гэты дзень. Францішак Кялчоўскі, пісар Трыбунала, карыстаючыся тым, што рэгент яшчэ прысягі не склаў дабіўся яго замены, заявіўшы, што прызначэнне рэгента –гэта яго прэрагатыва, ды пагражаючы адмовай ад пісарства і дэпутацтва. У выніку рэгентам стаў троцкі войскі Яўстахій Ян Бурба. Пасля гэтага пачалі чытаць ранейшую ардынацыю Скарбовага Трыбунала і стала зразумела, што яе трэба паправіць, каб яна адпавядала каэквацыі. Для гэтага былі прызначаны аршанскі і слонімскі дэпутаты (Мікалай Станіслаў Галінскі і Казімір Аляксандр Валовіч), якія разам з падскарбіем павінны былі падрыхтаваць тэкст новай ардынацыі. Вынік сваёй працы яны меліся прэзентаваць 8 студзеня. Верагодна, у гэты дзень яна і была зацверджаная [41].
Акрамя пакрыцця запазычанасці перад войскам яшчэ адной важнай задачай Трыбунала ў ардынацыі называлася падрыхтоўка дакументаў для справаздачы падскарбія на наступным сойме. У выпадку недабору падаткаў Трыбунал разглядаў справы зборшчыкаў, скарбовых дваран, камісараў, адміністратараў, падрадчыкаў і г. д. Што тычыцца апошніх гадоў, калі збор адбываўся ў адпаведнасці з каэквацыяй, то для разлікаў за гэтыя гады ў Вільню выклікаліся павятовыя камісары, якія адказвалі за выплаты жаўнерам, а ў іх адсутнасць – адміністратары і зборшчыкі. Выракі Трыбунала накіроўваліся для выканання ў паветы. У адпаведнасці з імі мясцовыя ўраднікі павінны былі забяспечыць (калі трэба – склікаўшы шляхту) прымусовае спагнанне даўгоў. У адваротным выпадку на суд выклікаліся ўжо яны. Таксама ў Трыбунал заклікалі звяртацца прадстаўнікоў тых харугваў, якія не атрымалі чатырох чвэрцяў у адпаведнасці з Пузавіцкім пагадненнем. Істцом выступаў і сам падскарбі, які заявіў, што скарбпа старых кантрактах з падрадчыкамі чопавага, шэлежнага і мыта недаатрымаў некалькі соцень тысяч злотых [42]. Ардынацыя Скарбовага Трыбунала была надрукавана да сярэдзіны гэтага месяца [43]. Відаць, адначасова з ёй была надрукавана і дэкларацыя Трыбунала ад 9 студзеня, якая забараняла ў час яго працы дзейнасць павятовых скарбовых судоў – каб не затрымліваць асобаў, адказных за збор падаткаў, якія выклікаліся ў Вільню [44]. Гэтае патрабаванне грунтавалася на соймавай канстытуцыі, якая патрабавала, каб скарбовыя суды разгледзелі справы пра недабор падаткаў перад пачаткам Трыбунала. Але частка паветаў, відаць, была настроена гэта ігнараваць.
Пачатак працы Трыбунала паставіў пад пытанне мэтазгоднасць далейшых перамоў 8 студзеня абраныя на рэляцыйных сойміках паслы-рэспубліканцы з чатырох паветаў склалі пратэстацыю супраць яго дзейнасці ў троцкім гродскім судзе. Пратэставалі упіцкія (менскі кашталяніч Юзаф Антоній Пузына, ваўкавыскі стольнік Ян Эмануэль Талочка і Крыштаф Гамбровіч), аршанскія (інфлянцкі падчашы Валяр’ян Борк і берасцейскі скарбнік Уладзіслаў Кажанеўскі), мсціслаўскія (Крыштаф Самуэль Гедройць і мсціслаўскі канюшы Марцін Казімір Панятоўскі) і менскія паслы (Павел Станіслаў Свянціцкі і Давід Міцкевіч). Паводле іх, праект пастановы аб Скарбовым Трыбунале абмяркоўваўся на сойме, але згода на яго дасягнута не была. У сувязі з гэтым на адкрыцці Трыбунала яны пратэставалі супраць яго дзейнасці ў адпаведнасці з дадзенымі сабе інструкцыямі, хоць іх і спрабавалі заглушыць. Адначасова, па іх словах, на адкрыцці былі прэзентаваны інфаміі, якія меліся ў трох дэпутатаў: Марцін Цюфяй прэзентаваў атрыманую Казімірам Янам Сапегам, падстолі ВКЛ Казімір Лявон Агінскі – дзве, атрыманыя Бенядзіктам Паўлам Сапегам, троцкі кашталян Марцін Міхал Крышпін-Кіршэнштэйн – атрыманую Стафанам Яўстахіем Александровічам. Таксама сапежанцаў абвінавачвалі, што тыя “прыбралісабе” дэпутата з Троцкага павета, які не быў абраны на рэляцыйным сойміку (невядома, хто меўся на ўвазе, але ў працы Трыбунала не ўдзельнічаў. – Д. В.). Нарэшце паслы паабяцалі, што выракі гэтага Трыбунала на тэрыторыі іх паветаў выконвацца не будуць [45]. Лявон Казімір Агінскі занёс пратэстацыю на Сапегу асобна. Ён сцвярджаў, што спрабаваў перашкодзіць выкананню прысягі падскарбіем, але яго праігнаравалі [46].
Да гэтых пратэстаў далучыліся і двое дэпутатаў: Уладзіслаў Нарбут і Стафан Кужанецкі, абраныя ў Лідзе і Пінску адпаведна. Нарбут, які на адкрыцці ўхіліўся ад прысягі, заявіў, што яму было даручана ў інструкцыі, каб удзельнічаў у працы Трыбунала, толькі калі не будзе іншых пратэстаў. Ён жа паўтарыў сцверджанне, што адпаведная канстытуцыя на сойме прынятая не была, а варшаўскі гродскі суд пратэстацыю лідскіх паслоў не прыняў [47]. Стафан Кужанецкі атрымаў даручэнне ад шляхты свайго павета пратэставаць супраць дзейнасці Трыбунала, калі той зоймецца разглядам “даўнейшых” спраў. Пасля адкрыцця, з яго слоў, ён спадзяваўся, што будзе дасягнута паразуменне з тымі, хто пратэставаў у першы дзень, але цяпер, калі Трыбунал пачаў працу, прычым з разгляду старых спраў, ён таксама вырашыў далучыцца да пратэстаў [48]. Пра яго Крыштаф Завіша ў сваіх успамінах адзначыў, што ўсе прыступілі да працы, “адзін толькі Кужанецкі з Пінска, перамяніўшыся, на трэці дзень з мёртвых уваскрос і пратэставаў” [49]. Прыхільнікі Трыбунала, у сваю чаргу, лічылі, што на пратэсты супраць яго можна ўвагі не звяртаць, бо соймавая пастанова мае сілу закона [50]. Пра пачатак працы дэпутаты данеслі прымасу Радзяёўскаму, паведаміўшы яму, што супраць Трыбунала выступаюць тыя, хто не хоча перад ім адказваць [51].
Ардынацыю Скарбовага Трыбунала падпісалі 20 дэпутатаў, у тым ліку 3 ураднікі (з шасці), якія ўваходзілі па пасадзе, 4 прызначаныя сенатары (з пяці) і 13 абраных дэпутатаў [52]. Праз дэпутатаў была прадстаўлена роўна палова паветаў ВКЛ, але з улікам Інфлянтаў атрымлівалася мінімальная большасць у аднаго дэпутата. У гэтым складзе Скарбовы Трыбунал і судзіў да канца першай кадэнцыі, хоць сітуацыя была даволі хісткая. У хуткім часе ад удзелу ў яго працы адмовіўся інстыгатар (абвінаваўца), рэспубліканец Станіслаў Ян Рукевіч, які ўначы 11 студзеня без тлумачэння прычын выехаў з Вільні. Замяніў яго віцэ-інстыгатар Андрэй Пяжарскі (удзельнічаў у працы гэтага Трыбунала як “surrogatus instigator”) [53]. Магчыма, нейкія праблемы былі і з пісарам Кялчоўскім, бо ў навінах паведамлялася, што “канцылярыя дэкрэтаў пісаць не хоча і, здаецца, бунтуе супраць Трыбунала” [54].
Перамовы з рэспубліканцамі, нягледзячы на занесеныя пратэстацыі, працягваліся, хоць і не так актыўна, да 13 студзеня, калі Агінскі і Коцел з прыхільнікамі выехалі з Вільні [55]. Набліжаліся грамнічныя соймікі, на якіхлідары рэспубліканцаў разлічвалі арганізаваць пратэсты супраць гэтага Трыбунала.
Да 16 студзеня Трыбунал разглядаў больш старыя справы, з часоў Міхала Вішнявецкага і Яна Сабескага. Як пісаў біскуп Бжастоўскі канцлеру Радзівілу: “Малоцім старыя нядоімкі, але Бог яго ведае, які будзе плён, бо адны дваране не з’явіліся і асуджаны завочна, іншыя, прысутныя, забралі [свае справы] на разлікі [спачатку] у скарбе”. З 18 студзеня дэпутаты збіраліся прыступіць да разгляду спраў за перыяд панавання Аўгуста ІІ, калі дзейнічала ўжо новая сістэма збору падаткаў, уведзеная пастановай аб каэквацыі [56]. Асобы, адказныя за збор і выплату іх у гэты час, таксама спачатку атрымлівалі разлік у скарбе. Захавалася такая квітанцыя полацкім адміністратарам і зборшчыкам падаткаў за 1698–1699 г. Выплаты на войска з іх адбываліся мінаючы полацкага камісара Міхала Казіміра Жабу, таму ён у гэтых разліках не ўдзельнічаў. Акрамя недабору гіберны, тут выявілася таксама несупадзенне сумы, закладзенай Коцелам у падатковы тарыф ВКЛ 1697 г., і фактычнай сумы, якая атрымлівалася паводле тарыфу 1667 г. (рэспубліканцы аддавалі яму перавагу). Да таго ж жыдоўскага пагалоўнага з 5000 злотых атрымалася сабраць толькі 130. Тут жа былі зафіксаваны выплаты з гэтых грошай харугвам, прыпісаным да ваяводства [57].
Паводле Крыштафа Завішы, камісараў і зборшчыкаў, якія не хацелі адказваць, але прыязджалі па нейкіх справах у Вільню, бралі пад арышт і прымушалі разлічвацца ў скарбе [58]. Адным з іх быў краснасельскі стараста Казімір Кміціч, камісар Аршанскага павета, двор якога быў узяты пад варту. Відаць, у гэтым жа кантэксце трэба разглядаць і затрыманне ротмістра трыбунальскай пяхоты Якуба Казіміра Кіяноўскага, якога прымусова даставілі ў Вільню [59]. На чале аховы Галоўнага Трыбунала яго паставіў Коцел (на моцы Пузавіцкай пастановы), і для Сапегаў гэтае прызначэнне было як бяльмо на воку.
Асобных дэкрэтаў Скарбовага Трыбунала і звестак пра іхзахавалася няшмат. Так, 26 студзеня быў вынесены завочны дэкрэт у справе наваградскага кашталяна і гарадзенскага войта Стафана Александровіча з гарадзенскім харужым (якога сапежанцы лічылі толькі падстарастам) Грыгорыем Катовічам і гарадзенскім кагалам за права размяшчэння крамаў і шынкоў у гарадской ратушы. Трыбунал вырашыў, што яны там размешчаны незаконна. Катовіч і кіраўніцтва кагалу атрымалі інфамію. Крамы і шынкі было пастаноўлена адтуль прыбраць, а гораду выплаціць кампенсацыю (3 тыс. злотых з Катовіча і 10 тыс. з кагалу). Выкананне рашэння было ўскладзена на гродскіх ураднікаў суседніх паветаў [60].
30 студзеня Мар’яна Пац, удава жамойцкага старасты Пятра Міхала Паца, выйграла завочна справу ў берасцейскіхзборшчыкаў гіберны: гродскага суддзі Жыгімонта Бенядзікта і лоўчага Францішка Хшаноўскіх ды Казіміра КасцюшкіСяхновіцкага. Яны абвінавачваліся ў тым, што ў 1698–1699 г. узялі занадта шмат з яе Блудзенскага стараства і не выдалі квітанцыі. Жыгімонт Хшаноўскі пазней адмаўляў, што быў зборшчыкам у 1699 г., а ў 1698 г., з яго слоў, Мар’яна Пац не хацела плаціць гіберну і не дапускала яе спагнання ў адпаведнасці з дэкрэтам берасцейскага скарбовага суда [61].
Судзіліся сапежанцы і паміж сабой. Так, Юзаф Багуслаў Слушка і яго жонка Тэрэза 30 снежня выйгралі завочна справу з менскім кашталянічам Станіславам Русецкім і Станіславам Тышкоўскім, берасцейскімі адміністратарамі чопавага і шэлежнага за 1699 г., якія ў час збору падаткаў нанеслі шкоду іх уладанням Воўчын і Тэрэспаль (самі адміністратары гэта адмаўлялі) [62].
Закрыццё першай кадэнцыі адбылося позна вечарам 5 лютага. Спачатку быў зачытаны генеральны дэкрэт гэтай кадэнцыі. Падпісаны ўсімі дэпутатамі, верагодна, ён быў толькі назаўтра (сярод тых, хто спачатку не хацеў падпісваць – палявы гетман Слушка, у якога былі нейкія прэтэнзіі да Сапегаў). Дыскусію выклікаў тэрмін пачатку другой кадэнцыі. Біскуп Бжастоўскі заявіў, што ён не супраць адкласці яе на чэрвень ці верасень, як гэтага хочуць некаторыя дэпутаты (“бо я не быў тут дзесяць гадоў, напэўна, і больш не буду, бо мне і цяпер шкада, што я прыехаў”). Слушка, палявы гетман, настаяў на тым, каб звярнуцца ад імя Трыбунала да караля, заблакаваўшы, пакуль не будуць гатовыя ліст і інструкцыя паслам, працяг выступленняў. Пасламі да Аўгуста ІІ на яго жаданне былі прызначаны двое дэпутатаў: ковенскі Сымон Забела і інфлянцкі Ян Людвік Плятар. Ад манарха патрабавалі, каб ён вярнуўся ў Рэч Паспалітую, пачаў выплату абяцаных у час бескаралеўя мільёнаў войску ВКЛ і вывеў з Княства саксонскія войскі. Што тычыцца другой кадэнцыі, то Слушка пагаджаўся на любы тэрмін, які будзе прызначаны, заявіўшы, праўда, што яго на ёй не будзе. Падпісаўшы падрыхтаваныя ліст і інструкцыю, палявы гетман развітаўся і пакінуў паседжанне, сказаўшы, што выязджае (хоць на самай справе застаўся ў Вільні яшчэ на грамнічны соймік). Тым часам большасць дэпутатаў выказалася за прызначэнне другой кадэнцыі на 10 траўня [63].
Генеральны дэкрэт першай кадэнцыі быў датаваны заднім днём 1 лютага. У хуткім часе яго надрукавалі ў віленскай друкарні францысканцаў. Дэпутаты падводзілі ў ім прамежкавыя вынікі сваёй дзейнасці. Па-першае, было канстатавана, што пытанне нядоімак за 1667–1670 г. было закрыта соймавай канстытуцыяй 1670 г. (не зусім зразумела, што гэта за пастанова. – Д. В.) ды ранейшымі Скарбовымі Трыбуналамі і камісіямі, таму і цяпер іх разглядаць не сталі. Спагнанне нядоімак па падатках, ухваленых у 1670–1690 г., рашэннямі Скарбовага Трыбунала 1691 г. і камісіі 1692 г. было даручана скарбовым дваранам. З іх на дадзены Трыбунал з’явіліся не ўсе. Тыя, што не з’явіліся, ці іх спадкаемцы былі асуджаны завочна. Іншыя ж засведчылі, што не змаглі выбраць запазычанасць з-за супраціўлення даўжнікоў. Было вырашана, што спагнаннем гэтых даўгоў скарбовыя дваране будуць займацца разам з прадстаўнікамі (“дэпутатамі”) харугваў і гродскімі ўраднікамі. Яны мусілі выбраць грошы або перадаць уладанні даўжнікоў “дэпутатам”. За тыдзень да другой кадэнцыі дваране мусілі скласці справаздачу са сваёй місіі ў скарбе. Калі б спагнанне сарвалася па віне кагосьці з адказных асоб, то на другой кадэнцыі судзілі б ужо іх.
Што тычыцца падаткаў, якія збіраліся паводле новай сістэмы пасля 1697 г., у тым ліку для выплаты чатырох чвэрцяў доўгу ў адпаведнасці з Пузавіцкім пагадненнем 1698 г. і трох чвэрцяў заробку за 1699 г., то тут правасуддзе напаткалі значныя праблемы. Частка павятовых камісараў, адказных за выплату заробку харугвам, на Трыбунал не з’явілася. Другая частка спачатку забрала свае справы для падвядзення рахункаў у скарбе. З гэтых падлікаў найперш выявіўся разнабой паміж падатковым тарыфам ВКЛ, складзеным Коцелам пасля сойма 1697 г. і пазней апублікаваным, ды яго копіямі, накіраванымі ім жа ў некаторыя паветы. У выніку па гэтых паветах атрымаўся недабор. Недабор таксама ўзнік у выніку адлічэнняў на ўзнагароджанне розным асобам, адказным за збор падаткаў. Акрамя таго, Коцел пасля заключэння Пузавіцкага пагаднення выдаваў асігнацыі некаторым харугвам, якія не ўваходзілі ў рэестр і не ўдзельнічалі ў вайне з Турцыяй, а некаторым рэестровым або не даў нічога, або выдаў на большую суму, чым належала. З некаторых паветаў ён патрабаваў зашмат. Таксама Коцел не выдаў асігнацый на вяртанне грошай вялікаму гетману, выдадзеных ім са сваёй кішэні на заробак войску ў час роспуску канфедэрацыі 1696 г. Тое самае датычыла 50 тыс. злотых, заплачаных ім жа віленскаму біскупу і духавенству за шкоды, якія войскі нанеслі іх уладанням. Да таго ж абодва гетманы не атрымалі заробку за два гады. Іншы лідар рэспубліканцаў, Грыгорый Антоній Агінскі, быў абвінавачаны ў самавольнай выдачы асігнацый харугвам, якія не значыліся ў рэестры і былі ім завербаваныя ў час узброенага супрацьстаяння апошніх гадоў.
Другая кадэнцыя прызначалася на 10 траўня. На яе выклікаліся камісары ці іншыя адказныя асобы, якія не змаглі прыбыць па важнай прычыне на першую або не скончылі на ёй падлікі ў скарбе. Хто іх скончыў, павінен быў выбраць нядоімкі, калі яны былі, і выплаціць войску, а на другой кадэнцыі скласці справаздачу. Таксама на другую адкладаліся пытанні, звязаныя з несупадзеннямі ў тарыфе. Выклікаліся на яе і Коцел з Агінскім, якіх пакуль не сталі судзіць завочна. У сувязі з нявыплатай заробку роспуск рэшты войска ВКЛ адкладаўся. У перыяд паміж кадэнцыямі забаранялася дзейнасць скарбовых судоў [64].
У навінах адзначалася, што, нягледзячы на вялікія прэтэнзіі да Коцела, у дэкрэце да яго паставіліся стрымана, каб пакінуць магчымасць дамовіцца [65]. Але шансы прымусіць ці пераканаць яго з’явіцца перад судом былі невялікія, і самі суддзі мусілі гэта разумець. Да таго ж адсутнасць паловы паветаў ставіла пад пытанне выкананне рашэнняў гэтага Трыбунала на іх тэрыторыі, а спробы прымусовага спагнання пагражалі новым вітком супрацьстаяння. Верагодна, такія спробы ў перапынку паміж кадэнцыямі мелі месца ў паветах, якія прызнавалі гэты Трыбунал і паспелі на ім разлічыцца [66]. Таксама захавалася некалькі выклікаў на яго другую кадэнцыю [67].
Сумнеўна, што генеральны дэкрэт паспеў разысціся па паветах да грамнічных соймікаў, якія прыпадалі на 8 лютага, – пра яго прыняцце маглі даведацца хіба што ў бліжэйшых. Таму эфект ад яго быў невялікі. Але і вынікі агітацыі рэспубліканцаў былі не настолькі значнымі, як бы ім таго хацелася, хоць можна заўважыць радыкалізацыю пратэстаў. Супраць Скарбовага Трыбунала выступілі прынамсі пяць соймікаў: наваградскі, пінскі, віцебскі, аршанскі, мсціслаўскі.
На грамнічным сойміку ў Наваградку, паседжаннямі якога кіраваў мсціслаўскі войскі Станіслаў Міхал Маляўскі, адміністратар Нясвіжскага княства, спачатку склалі справаздачу паслы на сойм (рэляцыйны соймік тут быў сарваны). Яны заявілі, што на сойме не было згоды на скліканне Скарбовага Трыбунала і самі яны на гэта не пагаджаліся. Назаўтра, 9 лютага, тут прайшоў фіскальны соймік, паседжаннямі якога кіраваў той самы дырэктар. На ім была прынята пастанова, асноўнае месца ў якой адводзілася Скарбоваму Трыбуналу. Наваградская шляхта заявіла, што яго не прызнае, і забараніла выкананне яго рашэнняў на тэрыторыі павета [68].
Пінскі грамнічны соймік, які прайшоў пад дырэкцыяй канцлера Караля Станіслава Радзівіла, прыняў пастанову, якая прызнавала Скарбовы Трыбунал і ўсе яго выракі нелегітымнымі; выкананне іх на тэрыторыі павета таксама забаранялася [69]. Як бачым, пазіцыя Радзівіла істотна змянілася – канцлер вырашыў ужо падыграць рэспубліканцам.
Найбольш радыкальную пазіцыю занялі тры ўсходнія соймікі: віцебскі, аршанскі і мсціслаўскі. Віцебскі грамнічны соймік, які прайшоў 8–9 лютага пад дырэкцыяй павятовага падкаморыя Адама Кісяля, накіраваў да караля паслоў: чарнігаўскага стольніка Войцеха Сабалеўскага і віцебскага харужыча Міхала Храпавіцкага. У дадзенай ім інструкцыі шляхта даводзіла, што канстытуцыя аб Скарбовым Трыбунале не была зацверджана і друкавацьяе было нельга, і што дэпутаты, прызначаныя на сойме для яе складання, перавысілі паўнамоцтвы, аддаўшы яе ў друк. Караля прасілі перашкодзіць падобным інцыдэнтам. Да таго ж шляхта сцвярджала, што дзейнасць гэтага Трыбунала парушае каэквацыю і юрысдыкцыю павятовыхскарбовых судоў, што абраныя дэпутаты не маюць права судзіць, бо самі асуджаныя на баніцыю ды інфамію, і што справы на ім выносіліся на разгляд без уручэння позваў. Абурэнне ўдзельнікаў сойміка выклікалі таксама арышт Кіяноўскага і ўзяцце пад варту Кміціча. У сувязі з гэтым віцебская шляхта прасіла караля скласці конны сойм ды выдаць позвы на соймавы суд дэпутатам, якія пісалі канстытуцыю аб Скарбовым Трыбунале. Звычайны сойм, па яе словах, ужо не было сэнсу склікаць, бо “калінашы паслы на нешта іне дадуць згоды, то што магнатам уздумаецца, тое ібудзе надрукавана як права”. Каліне склікацьконнага сойма, то прапаноўвалася дазволіць ёй бараніцца самой, “паколькі натуральная абарона дазволена Богам нават неразумнай жывёліне” [70].
Соймік у Оршы прайшоў пад кіраўніцтвам мясцовага старасты Юрыя Гераніма Крышпіна-Кіршэнштэйна. Аршанская шляхта, таксама як і віцебская, адправіла паслоў да караля (старадубскага стольніка Дамініка Крукоўскага і чавускага войта Яна Мольскага). Нават дадзеная ім інструкцыя блізка нагадвае сваім зместам віцебскую: таксама дзейнасць Скарбовага Трыбунала разглядаецца як парушэнне каэквацыі і іншых правоў, а да караля звернута просьба склікаць конны сойм ды выдаць на яго позвы дэпутатам, якія пісалі канстытуцыю. Акрамя таго, у манарха прасілі папярэдзіць вялікага гетмана, каб да сойма не спрабаваў прыводзіць у выкананне выракі Скарбовага Трыбунала з дапамогай жаўнераў ці сваіх слуг. Нарэшце ўдзельнікі сойміка гэтаксама заступаліся за Кіяноўскага і Кміціча. Аднак з улікам таго, што двое прадстаўнікоў павета, аршанскія гродскі суддзя і войскі Мікалай Станіслаў Галінскі з падсудкам Альбрэхтам Рабеем, удзельнічалі ў працы Скарбовага Трыбунала (Галінскі – у якасці дэпутата), відаць, аднадушнасці сярод аршанскай шляхты не было. Вядома, што яны “пазаносілі маніфесты супраць пастановы грамнічнага сойміка”, аднак не вядомыя ні сама пастанова, ні гэтыя пратэстацыі, хоць можна меркаваць, што яны таксама былі прысвечаны дадзенай тэме [71].
Грамнічны соймік у Мсціславе прайшоў 8 лютага пад кіраўніцтвам троцкага харужага Казіміра Пацея. Тут таксама вырашылі адправіць да Аўгуста ІІ паслоў: мсціслаўскага гродскага суддзю Базыля Сухадольскага і хаславіцкага старасту Крыштафа Цеханавецкага (быў, відаць, яшчэ старосцічам. – Д. В.). У дадзенай ім інструкцыі мсціслаўская шляхта, падобна да шляхты Віцебскага і Аршанскага паветаў, сцвярджала, што Скарбовы Трыбунал нелегітымны, скардзілася на Сапегаў ды прасіла караля склікаць супраць іх паспалітае рушанне. Было таксама прапанавана выдаць позвы на соймавы суд былому маршалку Шчуку і дэпутатам, якія рыхтавалі канстытуцыю аб Скарбовым Трыбунале [72].
Падобныя настроі праяўляліся і ў іншых паветах, але невядома, ці праціўнікі гэтага Трыбунала здабылі дзесьці яшчэ перамогу.
Пасля грамнічных соймікаў стала відавочна, што на месца маршалка Галоўнага Трыбунала прэтэндуе канцлер Радзівіл. Каб забяспечыць сабе падтрымку, ён разглядаў варыянт склікання паспалітага рушання на пачатак гэтага Трыбунала, разлічваючы, магчыма, і на падтрымку рэспубліканцаў. У другой палове сакавіка – першай палове красавіка Радзівіл і вялікі гетман Сапега вялі перамовы наконт таго, каму дастанецца кантрольнад Галоўным Трыбуналам. Умяшаўся ў справу і кароль, які ў пачатку красавіка накіраваў лісты да гетмана Сапегі, віцебскага кашталяна Коцела, жамойцкага старасты Агінскага і канцлера Радзівіла з заклікам лімітаваць Скарбовы Трыбунал, які неўзабаве мусіў сабрацца, не прыводзіць у выкананне яго дэкрэты першай кадэнцыі і адмовіцца ад склікання паспалітага рушання на пачатак Галоўнага Трыбунала [73]. Паводле Крыштафа Неміровіча-Шчыта, гэты ліст пісаў віленскі канонік і каралеўскі сакратар Крыштаф Белазор [74], фактычны прадстаўнік рэспубліканцаў пры двары, г. зн. ён з’явіўся пад уплывам іхзахадаў. Сапегі пайшлі на саступкі. У сярэдзіне красавіка было дамоўлена, што маршалкам Галоўнага Трыбунала стане Караль Станіслаў Радзівіл, а Скарбовы Трыбунал будзе лімітаваны да восені [75]. Пагадненне было дасягнута за спінаю рэспубліканцаў, і хоць з пачаткам дзейнасці Галоўнага Трыбунала ягонае існаванне стала відавочным, але падрабязнасці наконт Скарбовага, відаць, засталіся невядомымі.
У дзень адкрыцця Галоўнага Трыбунала 26 красавіка рэспубліканцы пад кіраўніцтвам Міхала Казіміра Коцела сабралі ў Вільні з’езд шляхты розных паветаў і прынялі на ім маніфест, скіраваны супраць Сапегаў і палявога гетмана Слушкі. Галоўнай падзеяй у гэты час быў напад аховы Сапегаў на князёў Вішнявецкіх, які адбыўся напярэдадні і які ўдала выкарысталі ў сваёй прапагандзе рэспубліканцы. Але адной з галоўных прычын, якія выклікалі іх незадаволенасць, называлася і дзейнасць Скарбовага Трыбунала. Прыгадалі Сапегам і затрыманне Кіяноўскага [76].
Пасля гэтага ў канцы красавіка – пачатку траўня былі яшчэ спробы вырашыць супярэчнасці праз перамовы [77]. Рэспубліканцы хацелі адкласці Скарбовы Трыбунал да наступнага сойма, каб той вырашыў, ці законна ён быў скліканы, Сапегіж пагаджаліся толькі на лімітацыю. Паводле Коцела, з-за гэтых рознагалоссяў пагаднення дасягнуць не атрымалася [78].
10 траўня пачалася другая кадэнцыя Скарбовага Трыбунала, але ўжо 17 траўня ён быў лімітаваны да 20 лістапада гэтага ж года. У акце лімітацыі тлумачылася, што гэта робіцца ў сувязі з неабходнасцю ад’езду сенатараў, асабліва двух гетманаў, на раду ў Варшаве, дзе будзе абмяркоўвацца “знешняя небяспека” (насамрэч – удзел у вайне са Швецыяй). На самай справе ўсё гэта было вынікам усё тых жа дамоўленасцяў з Радзівіламі і дваром. Тут жа можна меркаваць, што было яшчэ паабяцана Сапегам за саступкі. Адмова ад роспуску рэшты войска абгрунтоўваецца ўжо не толькі даўгамі па заробку, але і неабходнасцю затрымаць гэтае войска на службе па просьбе караля з-за той самай “знешняй пагрозы” (г. зн. для ўдзелу ў баявых дзеяннях у Інфлянтах). Паколькі ў некаторых паветах паміж дзвюма кадэнцыямі Скарбовага Трыбунала працавалі скарбовыя суды, то рашэнні іх скасоўваліся. Быў асуджаны ўчынак інстыгатара ВКЛ Станіслава Яна Рукевіча, які ўхіліўся ад выканання абавязкаў на мінулай кадэнцыі. Акрамя гэтага, было прызнана, што ён не меў права спалучаць дадзены ўрад з абавязкамі павятовага камісара, зборшчыка падаткаў, скарбовага суддзі і дырэктара скарбовага суда (Гарадзенскага павета. – Д. В.). У сувязі з гэтым Скарбовы Трыбунал звярнуўся да караля з просьбай пазбавіць яго пасады за злоўжыванні і прызначыць у ВКЛ новага інстыгатара [79].
Скарбовы Трыбунал быў лімітаваны, але не адменены. Яшчэ ў пачатку чэрвеня супраць яго ў Галоўным Трыбунале дэпутаты-рэспубліканцы ініцыявалі пратэстацыю, але, мабыць, не сабралі для яе дастаткова галасоў [80].
19 жніўня, ужо на фоне збораў паспалітага рушання, у Вільні былі ўзноўлены перамовы паміж рэспубліканцамі на чале з Коцелам і сапежанцамі на чале з вялікім гетманам, якія праходзілі пад старшынствам канцлера Радзівіла [81]. Іх вынікам стала пагадненне, падпісанае 21 жніўня 1700 г. У адпаведнасці з ім Скарбовы Трыбунал было вырашана адкласці аж “да паспяховага заканчэння будучага сойма”. Але галоўным патрабаваннем рэспубліканцаў быў на гэты раз ужо поўны роспуск войска, і Казімір Ян Сапега пайшоў у гэтым пытанні на саступкі [82]. Аднак яго брат Бенядыкт Павел, які адсутнічаў на перамовах, вярнуўшыся з Варшавы, “гэтую дамову зганіў і разладзіў” [83].
Пасля паражэння Сапегаў у бітве пад Алькенікамі на з’ездзе шляхты ў лагеры паспалітага рушання 24 лістапада 1700 г. была прынята т. зв. Алькеніцкая пастанова, адным з палажэнняў якой была адмена Скарбовага Трыбунала і скасаванне ўсіх яго рашэнняў [84].
Сітуацыя, якая склалася вакол Скарбовага Трыбунала, выступала як адзін з фактараў дэстабілізацыі палітычнай сітуацыі ў ВКЛ. Сапегі выкарысталі яго скліканне, каб перахапіць палітычную ініцыятыву, а рэспубліканцы аказаліся непадрыхтаванымі да такога развіцця падзеяў. Калі іх лідары зарыентаваліся, было ўжо позна – яны не паспелі арганізаваць пратэсты і не змаглі сарваць выбары дэпутатаў. Сапегі здолелі заручыцца падтрымкай шляхты паловы паветаў ВКЛ і большасці прызначаных сенатараў і ўраднікаў. Пасля адчувальных паражэнняў 1697–1698 г. гэта было нямала, хоць і было дасягнута за кошт супрацоўніцтва з дваром і Радзівіламі. З іншага боку, такая сітуацыя ставіла пад пытанне паспяховасць выканання рашэнняў гэтага Трыбунала. Коцел з Агінскім спрабавалі дамовіцца і вывесці сябе з-пад удару, аднак Сапегі ставілі за мэту зладзіць над імі паказальны суд і на саступкі не пайшлі. Падставаў для судовага пераследу шляхецкіх правадыроў было дастаткова, паколькі абодва дапусцілі шмат злоўжыванняў у час узброенага супрацьстаяння апошніх гадоў. Тады лідары рэспубліканцаў зноў звярнуліся да шляхты. Іх прыхільнікі таксама не былі зацікаўлены ў рэалізацыі рашэнняў гэтага Трыбунала, бо неслі адказнасць за збор і выплату падаткаў на войска за апошнія два гады. Гэта прывяло на грамнічных сойміках да больш радыкальных пратэстаў, хоць пакуль яшчэ і недастаткова шырокіх. Падагрэла настроі і сутыкненне ў час адкрыцця Галоўнага Трыбунала, пасля чаго рэспубліканцы пачалі падрыхтоўку да ўзброенага выступлення.
Не выклікае сумнення, што наступствам канфлікту вакол Скарбовага Трыбунала было аднаўленне і нарастанне варажнечы паміж палітычнымі групоўкамі ВКЛ. Відавочна, гэта была адна з асноўных прычын, якія прывялі да крывавай развязкі гэтага супрацьстаяння ў бітве пад Алькенікамі.
[1] Пра яго гл.: Dybaś B. Sejm pacyfikacyjny w 1699 r. Toruń, 1699; Wićko D. Kampania przedsejmowa 1699 roku w Wielkim Księstwie Litewskim // Zapiski Historyczne. T. LXXIX. R. 2014. Z. 2. S. 29–51.
[2] Dybaś B. Sejm pacyfikacyjny… S. 173–174; Volumina legum. T. VI. Petersburg, 1860. S. 40–41; Archiwum Główne Akt Dawnych (AGAD). Archiwum Publiczne Potockich (APP). Sygn. 34. T. II. S. 97–99 (арыгінал канстытуцыі аб Скарбовым Трыбунале). З канстытуцый, якія датычылі ВКЛ, асноўнае значэнне мелі дзве: “Скарбовы Трыбунал ВКЛ” і “Працяг часу Трыбунала ВКЛ”. Апошняя зацвярджала ардынацыю Галоўнага Трыбунала ВКЛ 1698 г., анулявала яго рашэнні па справах, дзе істцамі выступалі самі дэпутаты, працягвала час дзейнасці Галоўнага Трыбунала (пачынаючы з наступнага) і прызначала ў якасці аховы яму харугву венгерскай пяхоты: Dybaś B. Sejm pacyfikacyjny… S. 173; Volumina legum. T. VI. S. 40; Deputaci Trybunału Głównego Wielkiego Księstwa Litewskiego (1697–1794): spis / pod red. A. Rachuby; oprac. A. Rachuba i P. P. Romaniuk przy współpr. A. Macuka i J. Aniszczenki. Warszawa, 2004. S. 9.
[3] Дзейнасць Скарбовага Трыбунала закранаў у сваіх даследаваннях А. Рахуба, ацэньваючы барацьбу Сапегаў з рэспубліканцамі з перспектывы тагачаснага права: Rachuba A. Prawo w wojnie domowej na przykładzie konfliktu tzw. Republikantów z Sapiehami // Вялікае Княства Літоўскае і суседзі: Права. Вайна. Дыпламатыя / пад рэд. С. Ф. Сокала, А. М. Янушкевіча. Мінск, 2012. C. 143. Пра рашэнне сойма аб яго скліканні пісаў Б. Дыбась: Dybaś B. Sejm pacyfikacyjny… S. 173–174. Непасрэдна да тэмы звяртаўся Г. Слесарунас: Sliesoriūnas G. Lietuvos Didžiosios Kunigaikštystės 1700 m. Iždo tribunolas Vilniuje – politinių grupuočių susidūrimų arena // Lietuvos Didžiosios Kunigaikštystės istorijos atodangos: profesoriaus Mečislovo Jučo 90-mečio jubiliejui skirtas mokslinių straipsnių rinkinys / sud. V. Dolinskas, R. Petrauskas, E. Rimša. Vilnius, 2016. S. 410–424. Аднак, відавочна, тэма патрабуе больш шырокага разгляду.
[4] Vilniaus universiteto biblioteka. Rankraščių skyrius (VUB RS). F. 7. Sign. 15, 20-5974. L. 17–18 (рэспубліканская пратэстацыя ў сувязі з пачаткам дзейнасці Скарбовага Трыбунала; пададзена ў троцкі гродскі суд 8 студзеня 1700 г.).
[5] Wiśniowiecki J.A. Ilias Polski (1700–1710) / wyd. P. P. Romaniuk i J. Burdowicz-Nowicki. Warszawa, 2018. S. 75.
[6] Dybaś B. Sejm pacyfikacyjny… S. 173.
[7] Ibidem. S. 111, 119, 129, 130.
[8] AGAD. APP. Sygn. 163. T. III. S. 767 (К. С. Радзівіл да С. А. Шчукі, б. д. [ліпень 1699 г.]).
[9] Ibidem. Sygn. 34. T. II. S. 99.
[10] Ibidem. Sygn. 163a. T. 29. S. 358–360 (К. Неміровіч-Шчыт да С. А. Шчукі, Вільня, 9 траўня 1700 г.). Полацкі харужы пісаў, што тыя, каму не падабаецца Скарбовы Трыбунал, цяпер “падаюць справу іначай, чым у сваіх выступленнях на сойме і на сесіях (правінцыйных ВКЛ. – Д. В.)”.
[11] Ibidem. Archiwum Radziwiłłowskie (AR). Dz. V. Sygn. 18782. S. 10 (К. Златкоўскі да К. С. Радзівіла, Вільня, 5 студзеня 1700 г.).
[12] Dybaś B. Sejm pacyfikacyjny… S. 174.
[13] Пра гэтыя іх аргументы пісаў, напрыклад, К. Неміровіч-Шчыт: AGAD. APP. Sygn. 163a. T. 29. S. 253 (К. Неміровіч-Шчыт да С. А. Шчукі, Вільня, 8 чэрвеня 1700 г.).
[14] Volumina legum. T. VI. S. 43–46.
[15] Archiwum Państwowe w Toruniu (APT). Kat. II. Dz. XIII. Sygn. 35. S. 308.
[16] AGAD. APP. Sygn. 34. T. II. S. 37; тое самае: Biblioteka Książąt Czartoryskich w Krakowie (BCz). Rkps. 522. K. 604. Спіс уключае 14 пунктаў (у некаторых з іх пералічана ці коратка выкладзена па некалькі канстытуцый). Пункт 6 сфармуляваны вельмі коратка: “Зацверджана камісія літоўскага скарбу, а таксама канстытуцыя аб Галоўным Трыбунале”.
[17] Dybaś B. Sejm pacyfikacyjny… S. 174; Volumina legum. T. VI. S. 41.
[18] Volumina legum. T. VI. S. 43–45.
[19] Wiśniowiecki J.A. Ilias Polski… S. 75.
[20] Dybaś B. Sejm pacyfikacyjny… S. 173; Volumina legum. T. VI. S. 41; AGAD. APP. Sygn. 34. T. II. S. 97–99.
[21] AGAD. APP. Sygn. 34. T. II. S. 125–126 (К. С. Радзівіл да С. А. Шчукі, [Варшава], б. д.).
[22] Dybaś B. Sejm pacyfikacyjny… S. 173; Sliesoriūnas G. Lietuvos Didžiosios Kunigaikštystės 1700 m. Iždo tribunolas Vilniuje… P. 416; Volumina legum. T. VI. S. 41; AGAD. APP. Sygn. 34. T. II. S. 97–99 (арыгінал канстытуцыі).
[23] Sliesoriūnas G. Lietuvos Didžiosios Kunigaikštystės 1700 m. Iždo tribunolas Vilniuje… P. 410, 416. Таксама Г. Слесарунас адзначае, што абранне дэпутатаў на сойміках (праўда, на грамнічных) было ініцыятывай рэспубліканцаў, выказанай у Пузавіцкай пастанове 1698 г.: Ibidem. S. 414.
[24] AGAD. APP. Sygn. 34. T. II. S. 131 (Аўгуст ІІ да С. А. Шчукі, Варшава, жнівень 1699 г.). У арыгінале канстытуцыі, падпісанай дэпутатамі, Александровіч быў дапісаны пазней на палях.
[25] Pamiętniki Krzysztofa Zawiszy, wojewody mińskiego (1666–1721) / wyd. J. Bartoszewicz. Warszawa, 1862. S. 204.
[26] Вядома, што Аўгуст ІІ падзяліўся сваімі намерамі з некаторымі найвышэйшымі ўраднікамі Рэчы Паспалітай, у тым ліку з прымасам і Сапегамі. Цяжка сказаць дакладна, калі гэта адбылося, аднак, відаць, не раней за другую дэкаду жніўня: Устрялов Н. История царствования Петра Великого. Т. III. С.-Петербург, 1858. C. 503–504; Budrowicz-Nowicki J. Piotr I, August II i Rzeczpospolita 1697–1706. Kraków, 2010. S. 254–255; Flemming J.H. Pamiętniki o elekcji Augusta II na króla polskiego i o początkach wojny północnej (1696–1702) / wyd. U. Kosińska; tłumacz. K. Zaleska i M. Gołębiewska-Bijak. Warszawa, 2017. S. 413.
[27] Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (НГАБ). Ф. 1733. Воп. 1. Спр. 15. Арк. 221–221адв. (універсал К. Я. Сапегі да войска ВКЛ, Горадня, 10 снежня 1699 г.; пададзены ў пінскі гродскі суд 6 снежня 1700 г.).
[28] VUB RS. F. 7. Sign. 15, 20-5974. L. 17v.
[29] AGAD. AR. Dz. V. Sygn. 1513/ІІ. S. 4 (К. К. Бжастоўскі да К. С. Радзівіла, Вільня, 5 студзеня 1700 г.).
[30] Sliesoriūnas G. Lietuvos Didžiosios Kunigaikštystės 1700 m. Iždo tribunolas Vilniuje… P. 417–418.
[31] AGAD. AR. Dz. V. Sygn. 18782. S. 8–11 (К. Златкоўскі да К. С. Радзівіла, Вільня, 5 студзеня 1700 г.). Пра Казіміра Златкоўскага гл.: Rachuba A. Kazimierz Antoni Złotkowski, uczony sługa Radziwiłłów // Магнацкі двор і сацыяльнае ўзаемадзеянне (XV–XVIII стст.) / пад рэд. А. М. Янушкевіча. Мінск, 2014. С. 412–420.
[32] Sliesoriūnas G. Lietuvos Didžiosios Kunigaikštystės 1700 m. Iždo tribunolas Vilniuje… P. 418; AGAD. AR. Dz. V. Sygn. 13874/II. S. 1–5 (У. Я. Сапега да К. С. Радзівіла, Вільня, 8 студзеня 1700 г.); Ibidem. Sygn. 18782. S. 11–14 (К. Златкоўскі да К. С. Радзівіла, Вільня, 5 студзеня 1700 г.).
[33] Sliesoriūnas G. Lietuvos Didžiosios Kunigaikštystės 1700 m. Iždo tribunolas Vilniuje… P. 418–419; AGAD. AR. Dz. V. Sygn. 13874/II. S. 5–6 (У. Я. Сапега да К. С. Радзівіла, Вільня, 8 студзеня 1700 г.); Ibidem. Sygn. 1513/ІІ. S. 3 (К. К. Бжастоўскі да К. С. Радзівіла, Вільня, 5 студзеня 1700 г.); Ibidem. Sygn. 18782. S. 13–15 (К. Златкоўскі да К. С. Радзівіла, Вільня, 5 студзеня 1700 г.); VUB RS. F. 7. Sign. 15, 20-5974. L. 27. У. Я. Сапега пісаў, што на адкрыцці ніхто не пратэставаў, толькі ў самым пачатку двое прысутных прасілі слова, але ім адмовілі. Пра пратэсты не згадвае і К. Златкоўскі. Паводле яго, слова прасіў Міцкевіч, слуга Коцела (магчыма, памылкова прыняў менскага пасла за яго слугу, палічыўшы, што ён хоча абараніць Коцела, або той сапраўды быў звязаны з віцебскім кашталянам). Аднак у той жа час біскуп Бжастоўскі пісаў да Радзівіла, што “наслухаўся ўчора пратэстацый”. Выразна прапісаны гэты момант і ў навінах (прычым вытрыманых, хутчэй, прыхільна да Сапегаў).
[34] Sliesoriūnas G. Lietuvos Didžiosios Kunigaikštystės 1700 m. Iždo tribunolas Vilniuje… P. 419.
[35] Тэадор Антоній Ваньковіч, які напярэдадні адкрыцця Трыбунала быў у Міхала Казіміра Коцела, пісаў 5 студзеня з Вільні Каралю Станіславу Радзівілу, што віцебскі кашталян скардзіўся на яго “з плачам”: «Адвёўшы мяне ўбок, вельмі наракаў на няласку Вашай княскай міласці, дабрадзея, кажучы: “Пакінуў нас князь Яго міласць, дабрадзей” <…>. Нагадваў гарадзенскія падзеі і г. д.»: AGAD. AR. Dz. V. Sygn. 16963. S. 21. У апошнім выпадку Коцел меў на ўвазе супрацьстаянне ў 1698 г. паспалітага рушання і войска ВКЛ у Гарадзенскім павеце. Радзівіл падпісаў тады Пузавіцкую пастанову, прынятую рэспубліканцамі.
[36] AGAD. AR. Dz. V. Sygn. 17977. S. 13 (М. Б. Валовіч да К. С. Радзівіла, Вільня, 9 студзеня 1700 г.).
[37] Ibidem. Dz. VI. Sygn. II-79. K. 34v–35.
[38] Ibidem. Dz. V. Sygn. 13874/II. S. 6–8 (У. Я. Сапега да К. С. Радзівіла, Вільня, 8 студзеня 1700 г.); Ibidem. Sygn. 1513/ІІ. S. 3–4 (К. К. Бжастоўскі да К. С. Радзівіла, Вільня, 5 студзеня 1700 г.); Ibidem. S. 5–6 (К. К. Бжастоўскі да К. С. Радзівіла, Вільня, 8 студзеня 1700 г.); Ibidem. Sygn. 18782. S. 15 (К. Златкоўскі да К. С. Радзівіла, Вільня, 5 студзеня 1700 г.); APT. Kat. II. Dz. XIII. Sygn. 35. S. 511 (навіны з Вільні, 9 студзеня 1700 г.).
[39] AGAD. AR. Dz. V. Sygn. 1513/ІІ. S. 9 (К. К. Бжастоўскі да К. С. Радзівіла, Вільня, 13 студзеня 1700 г.). Відаць, гэта было звязана з пагрозамі Агінскага: Ibidem. Sygn. 18782. S. 15 (К. Златкоўскі да К. С. Радзівіла, Вільня, 5 студзеня 1700 г.).
[40] Sliesoriūnas G. Lietuvos Didžiosios Kunigaikštystės 1700 m. Iždo tribunolas Vilniuje… P. 418; AGAD. AR. Dz. V. Sygn. 1513/ІІ. S. 3 (К. К. Бжастоўскі да К. С. Радзівіла, Вільня, 5 студзеня 1700 г.). Ратушу разглядалі па аналогіі з месцам паседжанняў польскага Скарбовага Трыбунала ў Радаме. Але ад гэтага варыянта адмовіліся, каб не парушаць гарадскія прывілеі Вільні.
[41] AGAD. AR. Dz. V. Sygn. 13874/II. S. 8–9 (У. Я. Сапега да К. С. Радзівіла, Вільня, 8 студзеня 1700 г.); Ibidem. Sygn. 1513/ІІ. S. 5–6 (К. К. Бжастоўскі да К. С. Радзівіла, Вільня, 8 студзеня 1700 г.).
[42] Ordinacia Trybunału Skarbowego Wielkiego Xięstwa Litewskiego w Wilnie dnia 4 Ianuarij Anno Domini 1700 zaczętego. Wilno, 1700. Ардынацыя датаваная 7 студзеня, але ў гэты дзень яна была толькі падрыхтавана, а зацверджана назаўтра.
[43] AGAD. AR. Dz. V. Sygn. 13874/II. S. 14 (У. Я. Сапега да К. С. Радзівіла, Вільня, 16 студзеня 1700 г.).
[44] Deklaracia woiewództw y powiatów W. X. Litt. ratione niesądzenia sądów fiskalnych durantibus modernis iudicijs. [Wilno], 1700.
[45] VUB RS. F. 7. Sign. 15, 20-5974. L. 17–18 (пратэстацыя упіцкіх, аршанскіх, мсціслаўскіх і менскіх паслоў супраць Скарбовага Трыбунала ВКЛ; пададзена ў троцкі гродскі суд 8 студзеня 1700 г.); AGAD. AR. Dz. II. Sygn. 1880. S. 1–4 (тое самае). К. С. Гедройць падпісаўся як мсціслаўскі войскі, хоць прывілей на гэты ўрад атрымаў толькі ў жніўні.
[46] VUB RS. F. 7. Sign. 15, 20-5974. L. 26–26v (пратэстацыя Л. К. Агінскага ў троцкім гродскім судзе, складзеная 8 студзеня 1700 г.). Размова, відавочна, ішла пра дзве справы з Сапегамі, выйграныя завочна ў Галоўным Трыбунале 1698 г., у тым ліку наконт узброенага нападу ў тым жа годзе, у ходзе якога падстолі атрымаў цяжкія раненні: Віцько Д. Галоўны Трыбунал ВКЛ 1698 г.: судовая расправа над Сапегамі // Arche. 2016. № 3. С. 115, 120. Бенядзікт Павел Сапега і яго сын Міхал Юзаф атрымалі глейт на вырак у справе нападу толькі 30 сакавіка 1700 г.: НГАБ. КМФ-18. Спр. 148. Арк. 356–357.
[47] VUB RS. F. 7. Sign. 15, 20-5974. L. 29–29v (пратэстацыя У. Нарбута ў троцкім гродскім судзе, складзеная 8 студзеня 1700 г.).
[48] Ibidem, l. 27 (пратэстацыя С. Кужанецкага, Вільня, 11 (!) студзеня 1700 г.; пададзена ў троцкі гродскі суд 8 студзеня). Кужанецкі сцвярджаў, што дзейнічае таксама ў адпаведнасці з пратэстацыяй Яна Філона Вароніча, пінскага пасла на сойм 1699 г. Што гэта за пратэстацыя, дзе і калі яна была складзена, сказаць цяжка. Пінская шляхта на грамнічным сойміку ў лютым пацвердзіла, што Кужанецкі дзейнічаў у адпаведнасці з дадзенай яму інструкцыяй (сам ён казаў пра крэдэнс): НГАБ. Ф. 1733. Воп. 1. Спр. 15. Арк. 288.
[49] Pamiętniki Krzysztofa Zawiszy… S. 205.
[50] APT. Kat. II. Dz. XIII. Sygn. 35. S. 524 (навіны з Літвы, 22 студзеня 1700 г.).
[51] Biblioteka Narodowa w Warszawie (BN). Rkps. 6650. S. 286–287 (ліст Скарбовага Трыбунала да прымаса М. С. Радзяёўскага, б. д., за подпісамі дэпутатаў); AGAD. AR. Dz. II. Ks. 38. K. 240–241 (тое самае).
[52] Вялікі гетман Казімір Ян Сапега (маршалак Трыбунала), віленскі біскуп Канстанцый Казімір Бжастоўскі (дэпутат з сената), палявы гетман Юзаф Багуслаў (памылкова – Ян Багуслаў) Слушка, полацкі ваявода Дамінік Міхал Слушка (дэпутат з сената), менскі ваявода Уладзіслаў Сапега (дэпутат з сената), наваградскі кашталян Стафан Александровіч (дэпутат з сената), вялікі падскарбі Бенядзікт Павел Сапега, Францішак Скарбек-Кялчоўскі (віленскі дэпутат), падкаморы ВКЛ і вількамірскі маршалак Ян Крыштаф Пац (вількамірскі дэпутат), гарадзенскі падкаморы Крыштаф Міцута (гарадзенскі дэпутат), ковенскі падчашы Сымон Забела (ковенскі дэпутат), гарадзенскі падстолі Ян Францішак Корвін-Гасеўскі (смаленскі дэпутат), Антоній Зяновіч (полацкі дэпутат), віленскі земскі суддзя Казімір Валовіч (слонімскі дэпутат), ваўкавыскі падстараста Мікалай Станіслаў Сухадольскі (ваўкавыскі дэпутат), вендэнскі войскі Ян Клусовіч (віцебскі дэпутат), аршанскі войскі і гродскі суддзя Мікалай Станіслаў Галімскі (аршанскі дэпутат), стражнік ВКЛ і берасцейскі падкаморы Людвік Канстанцый Пацей (берасцейскі дэпутат), мазырскі маршалак Фларыян Лявон Катоўскі (мазырскі дэпутат), дынабургскі стараста Ян Людвік Плятар (інфлянцкі дэпутат).
[53] AGAD. AR. Dz. V. Sygn. 13874/II. S. 13 (У. Я. Сапега да К. С. Радзівіла, Вільня, 12 студзеня 1700 г.); Ibidem. Sygn. 1513/ІІ. S. 8 (К. К. Бжастоўскі да К. С. Радзівіла, Вільня, 13 студзеня 1700 г.); APT. Kat. II. Dz. XIII. Sygn. 35. S. 519 (навіны з Літвы, 18 студзеня 1700 г.); НГАБ. КMФ-18. Воп. 1. Спр. 151. Арк. 45; Dekret generalny Trybunału Skarbowego Wielkiego Xięstwa Litewskiego cadency pierwszey, w Wilnie dnia pierwszego miesiąca Februarij Anno Domini 1700 ferowany. Vilnae, [1700]. K. E3–F.
[54] APT. Kat. II. Dz. XIII. Sygn. 35. S. 519 (навіны ад 18 студзеня 1700 г.); BN. Rkps. III 3097. S. 221 (тое самае, 26 студзеня 1700 г.). У іншых крыніцах нейкіх звестак з пацверджаннем дадзенай інфармацыі няма, хоць іншыя звесткі з гэтага паведамлення пацвярджаюцца.
[55] AGAD. AR. Dz. V. Sygn. 13874/II. S. 13 (У. Я. Сапега да К. С. Радзівіла, Вільня, 12 студзеня 1700 г.); Ibidem. S. 14 (У. Я. Сапега да К. С. Радзівіла, Вільня, 16 студзеня 1700 г.); Ibidem. Sygn. 1513/ІІ. S. 10 (К. К. Бжастоўскі да К. С. Радзівіла, Вільня, 13 студзеня 1700 г.).
[56] Ibidem. Sygn. 1513/ІІ. S. 8 (К. К. Бжастоўскі да К. С. Радзівіла, Вільня, 13 студзеня 1700 г.); Ibidem. Sygn. 13874/II. S. 14 (У. Я. Сапега да К. С. Радзівіла, Вільня, 16 студзеня 1700 г.).
[57] НГАБ. Ф. 1734. Воп. 1. Спр. 4. Арк. 30–30адв. (скарбовая квітанцыя полацкім адміністратарам і зборшчыкам падаткаў, Вільня, 27 студзеня 1700 г., за подпісам ашмянскага падкаморыя і скарбовага пісара ВКЛ Юрыя Лаўрэна Жэмлы; упісана ў полацкія гродскія кнігі 15 красавіка 1700 г.).
[58] Pamiętniki Krzysztofa Zawiszy… S. 205; Lietuvos mokslų akademijos Vrublievskių biblioteka. Rankraščių skyrius (LMAVB RS). F. 17. B. 177. L. 230v.
[59] Niezabitowski S. Dzienniki, 1695–1700 / wyd. A. Sajkowski. Poznań, 1998. S. 260; AGAD. APP. Sygn. 133. S. 544–545, 554; Ibidem. AR. Dz. V. Sygn. 13874/II. S. 21; APT. Kat. II. Dz. XIII. Sygn. 35. S. 574; НГАБ. Ф. 1710. Воп. 1. Спр. 4. Арк. 771.
[60] Львівська національна наукова бібліотека України ім. В. Стефаника. Відділ рукописів. Ф. 103. Воп. 1. Спр. 6551, б/н (дэкрэт Скарбовага Трыбунала ВКЛ, 26 студзеня 1700 г.).
[61] Пра гэты дэкрэт гл.: НГАБ. Ф. 1705. Воп. 1. Спр. 117. Арк. 149–152, 188–189.
[62] Пра гэты дэкрэт гл.: Ibidem. Арк. 304. Акрамя таго, захавалася яшчэ некалькі рашэнняў гэтага Трыбунала. 29 студзеня была пастаўлена кропка ў спрэчцы паміж полацкімі езуітамі з аднаго боку ды зборшчыкамі гіберны і скарбовымі суддзямі Полацкага ваяводства з другога. У 1698 г. з езуіцкіх уладанняў рашэннем скарбовага суда была спагнана гіберна са штрафнымі санкцыямі ў памеры 5 тыс. злотых. Езуіты настойвалі, што іх уладанні – земскай фундацыі, а не каралеўскай, і плаціць гіберну яны не павінны. Пасля адваявання Полацка ў ходзе Інфлянцкай вайны езуітам былі перададзены ўладанні праваслаўнай царквы, нададзеныя яшчэ полацкімі князямі. Пытанне было ў тым, ці разглядаць іх нароўні з каралеўшчынамі. Сойм 1699 г. для яго вырашэння прызначыў камісію, якая вынесла свой вердыкт 16 снежня 1700 г. Відаць, ён быў на карысць езуітаў, і тыя звярнуліся ў Скарбовы Трыбунал з патрабаваннем адмены рашэння скарбовага суда і вяртання грошай. Адказчыкі ж настойвалі, што яны кіраваліся ранейшай практыкай, калі гіберна з гэтых уладанняў збіралася, бо яны разглядаліся як фундаваныя Стэфанам Баторыем, а рашэнне на карысць езуітаў было прынята пазней, таму грошы вяртаць яны не павінны. Пасля спрэчак бакоў Андрэй Пяжарскі, які замяняў інстыгатара, заявіў, што ў дадзеным выпадку неабходна прымаць пад увагу як грамадскія інтарэсы, так і правы езуітаў, таму зборшчыкі вяртаць грошы не абавязаныя, але на будучыню гэтыя ўладанні ад выплаты гіберны павінны быць вольныя. Трыбунал пагадзіўся з такой прапановай: НГАБ. КMФ-18. Воп. 1. Спр. 151. Арк. 42–47 (дэкрэт Скарбовага Трыбунала, 29 снежня 1700 г.); гл. таксама: Volumin legum. T. VI. S. 42–43. 1 лютага разглядалася справа Міхала Ханцэвіча, прадстаўніка пешага рэгімента Юзафа Багуслава Слушкі, з Аляксандрам Пшыборам, падстарастам і камісарам Мазырскага павета. Апошні не выплаціў Ханцэвічу ўзнагароджанне за паездку ў Мазыр па заробак рэгіменту. За Пшыбору заступіўся мазырскі маршалак Фларыян Лявон Катоўскі, дэпутат гэтага Трыбунала, які заявіў, што падстараста па дарозе ў Вільню цяжка захварэў, і прасіў адкласці разгляд справы на другую кадэнцыю, што і было зроблена: НГАБ. Ф. 1728. Воп. 1. Спр. 4. Арк. 46–47 (рэмісійны дэкрэт Скарбовага Трыбунала ВКЛ, 1 лютага 1700 г.). Нарэшце, захавалася дэкларацыя гэтага Трыбунала шляхце Мельніцкай зямлі ў справе пакрыцця страт, нанесеных пераходамівойска ВКЛ: AGAD. APP. Sygn. 55. S. I. K. 375 (дэкларацыя Скарбовага Трыбунала ВКЛ мельніцкаму стольніку і кароннаму віцэ-інстыгатару Яну Уладзіславу Кунату-Выразэмбскаму, 30 студзеня 1700 г.).
[63] AGAD. AR. Dz. V. Sygn. 13874/II. S. 18–20 (У. Я. Сапега да К. С. Радзівіла, Вільня, 6 лютага 1700 г.).
[64] Dekret generalny Trybvnału Skarbowego Wielkiego Xięstwa Litewskiego cadency pierwszey, w Wilnie dnia pierwszego miesiąca Februarij Anno Domini 1700 ferowany. Vilnae, [1700]. Дэкрэт падпісалі тыя самыя дэпутаты, што і ардынацыю.
[65] Sliesoriūnas G. Lietuvos Didžiosios Kunigaikštystės 1700 m. Iždo tribunolas Vilniuje… P. 420–421.
[66] Так, 15 лютага мсціслаўскі ваявода і вількамірскі гродскі стараста Міхал Даўмонт-Сесіцкі пісаў да вількамірскага павятовага ротмістра Юрыя Касцялкоўскага, каб той даў суправаджэнне зборшчыкам, калі тыя ў адпаведнасці з дэкрэтамі Скарбовага Трыбунала будуць выязджаць да даўжнікоў для спагнання запазычанасці: VUB RS. F. 7. Sign. 32/13909. L. 105.
[67] Гэта былі позвы ў згаданых вышэй справах. Адказчыкі сцвярджалі, што дэкрэты па іх былі вынесены без належнага выкліку ў суд: НГАБ. Ф. 1705. Воп. 1. Спр. 117. Арк. 323–324 (позва С. Русецкага да Ю. Б. Слушкі, 5 красавіка 1700 г.); Ibidem. Арк. 285 (позва Ж. Б. Хшаноўскага, Ф. Хшаноўскага і К. Касцюшкі-Сяхновіцкага да М. Пац, 30 сакавіка 1700 г.); Ibidem. Арк. 325–326 (сустрэчная позва М. Пац да Хшаноўскіх і Касцюшкі, 7 красавіка 1700 г.).
[68] AGAD. AR. Dz. II. Sygn. 1882. S. 1–7 (пастанова наваградскага грамнічнага і фіскальнага соймікаў, 9 лютага 1700 г.). Гэта пры тым, што адзін з паслоў, Станіслаў Корсак, раней, пасля сойма, пісаў, што Скарбовы Трыбунал “вельмі патрэбны”: AGAD. AR. Dz. V. Sygn. 7303. S. 2 (ліст С. Корсака да К. С. Радзівіла, Ваўковічы, 27 кастрычніка 1700 г.). Ёсць падставы падазраваць уплыў на такую змену пазіцыі К. С. Радзівіла.
[69] НГАБ. Ф. 1733. Воп. 1. Спр. 15. Арк. 288–289адв. (пастанова шляхты Пінскага павета, 8 лютага 1700 г.); AGAD. AR. Dz. VI. Sygn. II-51. S. 165–166 (тое самае); Віцько Д. Пінскі соймік у канцы XVII – пачатку XVIII ст.: функцыянаванне і палітычнае жыццё // Беларускі гістарычны часопіс. 2011. № 2. С. 26.
[70] AGAD. APP. Sygn. 133. S. 544–550 (інструкцыя шляхты Віцебскага павета паслам да Аўгуста ІІ, 8 лютага 1700 г.).
[71] Ibidem. S. 552–557 (інструкцыя шляхты Аршанскага павета паслам да Аўгуста ІІ, б. д.); Lietuvos valstybės istorijos archyvas (LVIA). Senieji aktai (SA). B. 387. L. 1753v.
[72] AGAD. APP. Sygn. 133. S. 532–542 (інструкцыя шляхты Мсціслаўскага ваяводства паслам да Аўгуста ІІ, 8 лютага 1700 г.); Lulewicz H., Rachuba A., Sikorska-Kulesza J. (et al.). Dzieje rodziny Ciechanowieckich herbu Dąbrowa (XIV–XXI w.). Warszawa, 2013. S. 158.
[73] BCz. Rkps. 194. Nr 10. K. 61–62 (Аўгуст II да К. С. Радзівіла, Варшава, 6 красавіка 1700 г.); AGAD. APP. Sygn. 163a. T. 31. S. 42–43 (А. Уласкевіч да С. А. Шчукі, Варшава, 5 красавіка 1700 г.).
[74] AGAD. APP. Sygn. 163a. T. 29. S. 254 (К. Неміровіч-Шчыт да С. А. Шчукі, Вільня, 8 чэрвеня 1700 г.).
[75] Ibidem. S. 292–293 (ліст Я. Шрэтэра, Вільня, 18 красавіка 1700 г.).
[76] Rachuba A. Wielkie Księstwo Litewskie w systemie parlamentarnym Rzeczypospolitej w latach 1569–1763. Warszawa, 2002. S. 323; VUB RS. F. 7. Sign. 15, 20-5974. L. 252–256 (маніфест рэспубліканскага з’езда шляхты, 26 красавіка 1700 г.).
[77] Niezabitowski S. Dzienniki… S. 272; AGAD. APP. Sygn. 163a. T. 29. S. 358–360 (К. Неміровіч-Шчыт да С. А. Шчукі, Вільня, 9 траўня 1700 г.). У Незабітоўскага згадваецца спроба перамоваў 30 красавіка ў кляштары францішканцаў – відаць, Сапегі прысылалі да рэспубліканцаў сваіх прадстаўнікоў.
[78] AGAD. AR. Dz. V. Sygn. 6970. S. 1–2 (М. К. Коцел да Ю. Б. Слушкі, Ганута, 5 чэрвеня 1700 г.); Ibidem. APP. Sygn. 163a. T. 29. S. 358–360 (К. Неміровіч-Шчыт да С. А. Шчукі, Вільня, 9 траўня 1700 г.). Са слоў Неміровіча-Шчыта можна зразумець, што Сапегі пагаджаліся лімітаваць яго да сойма.
[79] LVIA. SA. B. 4715. L. 1341–1344 (акт лімітацыі другой кадэнцыі Скарбовага Трыбунала, Вільня, 15 траўня 1700 г.); НГАБ. Ф. 1710. Воп. 1. Спр. 4. Арк. 810–813 (тое самае, копія); VUB RS. F. 7. Sign. 32/13909. L. 109 (тое самае, канцоўка). Акт датаваны 15 траўня заднім днём, сама лімітацыя адбылася 17 траўня: Niezabitowski S. Dzienniki… S. 275; AGAD. AR. Dz. V. Sygn. 13847/II. S. 217 (К. Я. Сапега да Я. Е. Пшэбяндоўскага, Вільня, 16 траўня 1700 г.).
[80] AGAD. APP. Sygn. 163a. T. 29. S. 251–254 (К. Неміровіч-Шчыт да С. А. Шчукі, Вільня, 8 чэрвеня 1700 г.).
[81] Ibidem. AR. Dz. VI. Sygn. II-79. K. 38v.
[82] LVIA. SA. B. 47. L. 1013–1014v (пагадненне паміж Сапегамі і рэспубліканцамі, Вільня, 21 жніўня 1700 г.; актыкаванае ў вячыстых кнігах Галоўнага Трыбунала ВКЛ 25 жніўня 1700 г.).
[83] LMAVB RS. F. 17. B. 177. L. 248v.
[84] Sliesoriūnas G. Lietuvos Didžiosios Kunigaikštystės 1700 m. Iždo tribunolas Vilniuje… P. 422; Postanowienie generalne stanów W. X. Lit., wieczne i nigdy nienaruszone, na zieździe walnym woiewództw y powiatów, pospolitym ruszeniem pod Olkinikami uchwalone. Wilno, 1700. K. H–H1.