БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Яўген Анішчанка. Дыверсійны рэйд Міхала Клеафаса Агінскага на Міншчыну ў 1794 г.


У 1793 г. пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай значная тэрыторыя Беларусі апынулася ў складзе Расійскай імперыі. Частка знаці і шляхты ўсвядоміла рэальнасць пагрозы знішчэння незалежнасці вольнай “шляхецкай рэспублікі” і яе канчатковага рассячэння паміж суседнімі агрэсіўнымі дзяржавамі. Вызваліцеляў краіны ў Польшчы і Літве ўзначаліў знакаміты генерал Тадэвуш Касцюшка.

Да іх вырашыў далучыцца і князь Міхал Клеафас Агінскі, які быў падскарбіем ВКЛ, удзельнічаў у Гарадзенскім сойме 1793 г., дзе падпісваў зневажальную дамову з Расіяй пра чарговы, другі, падзел краіны. Радыкальная частка змоўшчыкаў намервалася рашуча расправіцца з падобнымі здраднікамі Радзімы, якія супрацоўнічалі з Расіяй. Над М. К. Агінскім навісла пагроза пакарання смерцю разам з іншымі таргавічанамі ў Ваенна-Крымінальным судзе паўстання [1]. Каб пазбегнуць верагодных канфіскацый, яму неабходна было прадбачліва прадаць свае маёнткі. На гэта паказваюць такія факты.

Яшчэ 26 сакавіка 1791 г. Міхал Клеафас Агінскі як мечнік ВКЛ купіў у генерал-маёра расійскай службы Яна Салагуба за 1 млн. 400 тыс. злотых графства Ілія з 507 дварамі і ў іх 3123 душамі сялян абодвух полаў у 35 вёсках і засценках. Графства мела 309 426 злотых доўгу [2]. Усіх жа абавязкаў на 11 маёнтках мечніка М. Агінскага лічылася 8 млн. злотых, з якіх па працэнтах узята больш як 3 млн. злотых, і да смерці трэба было выплаціць 40 тыс. [3]. І вось 21 сакавіка 1794 г. пад час навагрудскіх кантрактавых з’ездаў М. Агінскі прадаў у графстве Ілля Мінскага ваяводства фальваркі Абодаўцы, Забор’е, Сцёпкі з 27 вёскамі за 29 444 злотых Людвіцы Багдановіч і Людвіку Вышынскаму [4]. 19 сакавіка 1794 г. ён асабіста прадаў мсціслаўскаму старасту Яну Лапацінскаму за 2100 тыс. злотых [5] маёнтак Дрысвяты ў Браслаўскім павеце разам з мястэчкамі Дрысвяты, Новы Двор, Кавалеўшчына і Скірна. 22 красавіка 1794 г. Агінскі прадаў полацкаму стольніку Іосіфу Сяляву за 165 тыс. злотых 117 валок у графстве Ракаў, за 4 тыс. злотых – 4 валокі Адаму Хмару, тамсама 20 красавіка 1794 г. за 70 тыс. злотых – фальварак Наваполле з вёскамі Пелікша, Рудзеўцы, Жукі, Казакі, Зухі мінскаму гродскаму пісару Станіславу Лышкевічу, 19 красавіка 1794 г. за 35 тыс. злотых яшчэ тры вёскі мінскаму лоўчаму Тадэвушу Высагерду [6] і яшчэ з таго ж Ракаўскага графства 18 сакавіка 1794 г. за 100 тыс. злотых 4 вёскі з 45 валокамі ксяндзу Францішку Паўлікоўскаму Рыльскаму [7]. Да 22 красавіка 1794 г. Міхал Агінскі прадаў з маёнтка Ізабелін 15 вёсак з 179 валокамі за 100 тыс. злотых віленскаму краўчаму Вінцэнту Гецэвічу, за 77 тыс. злотых – тры вёскі віцебскаму стольніку Бернару Гурко і за 120 тыс. злотых некалькі вёсак харужаму гусар Фабіяну Ластоўскаму Храптовічу [8]. Усяго ён прадаў больш як тысячу двароў з 8 тыс. падданых абодвух полаў і займеў з таго 666 тыс. злотых. На момант канфіскацыі – 12 красавіка 1795 г. – за ўдзел у паўстанні ён пазбавіўся 4701 чалавека сялян-мужчын (усяго 9211 душ абодвух полаў), якія прыносілі яму прыбытак у паўмільёна злотых. Практычна ўсе гэтыя сяляне жылі ў межах Мінскай губерні і былі перададзены М. Агінскім або ў заставу, або ў арэнду. Напрыклад, мястэчка Ракаў з фальваркамі было закладзена за 200 тыс. злотых Іосіфу Тышкевічу [9].

Пра пачатак паўстання князь даведаўся за тры дні, 20 красавіка 1794 г., і паспяшаўся ў паўстанцкую сталіцу ВКЛ – Вільню [10]. І самае дзіўнае: яго не толькі не пакаралі радыкальныя прыхільнікі французскага тэрору, а наадварот, 5 траўня ўвялі ў склад Найвышэйшай Нацыянальнай рады паўстання. Матывы такога абыходжання не зусім зразумелыя. Магчыма, Агінскі змог даказаць там сваё жаданне змыць ганьбу гераізмам на полі змагання.

Прыбыўшы ў Вільню, Міхал Клеафас Агінскі 29 красавіка прысягнуў паўстанню і склаў з сябе пасаду падскарбія ВКЛ, заявіўшы, што “не прагне ў гэты момант нічога больш хвалебнага, чым тытул раўнівага абывацеля” [11]. Старажытны княскі герб князь замяніў патрыятычным дэвізам – “Свабода, вернасць і незалежнасць”. Як заўзяты патрыёт, князь асігнаваў на мэты паўстання 138 тыс. злотых [12] і адначасова даў 300 злотых на фонд дапамогі рыцараў для заахвочвання іх “мужнасці і адвагі”. 9 траўня ён паведаміў Радзе паўстання пра стварэнне за свой кошт корпуса “вольных стралкоў з асоб шляхецкага і купецкага саслоў’я” для абароны сталіцы [13]. Каб падняць іх маральны дух, ён стварыў для атрада некалькі ваенных песняў. Такі корпус, па яго ўласным запэўніванні, першапачаткова складаўся з 480 чалавек [14]. Тады ж ён прапанаваў сфармаваць тры такія атрады, кожны па некалькі сотняў чалавек, для выканання розных дыверсій на мяжы з Расіяй [15].

У канцы траўня Віленская Рада склала план такіх партызанскіх дыверсій на акупаванай Расіяй тэрыторыі, “каб учыніць адчувальныя рэпрэсіі парушальнікам правоў Бога, чалавецтва і народаў” [16]. Кіраўнік паўстання ў Літве палкоўнік інжынерыі Якуб Ясінскі 1 чэрвеня 1794 г. выдаў маніфест, у якім заклікаў патрыётаў урывацца з розныхбакоў на акупаваную тэрыторыю і падымаць мясцовых насельнікаў на паўстанне [17]. Мясцовыя кіраўнікі (зямянскія генералы) павінны былі на працягу двух тыдняў сабраць“пад страхам пакарання смерцю” ў партызанскія атрады ўзброеную шляхту і “ўсіх без адрознення здаровых і моцных людзей” [18]. А потым кожны такі атрад колькасцю не меней 300 чал. урываўся б за мяжу другога падзелу і там мог бы рабаваць дзяржаўныя маёнткі, уладанні расійскіхдваран аж да поўнага знішчэння і выцяснення з краю ўсіхрасійскіх акупантаў. Правадыры рэйдаў атрымлівалі таксама права караць кожнага шляхціча, які не з’явіцца на паспалітае рушанне (усеагульнае апалчэнне) [19].

На развіццё гэтага плана 2 чэрвеня Віленская Рада паслала свайго члена Іосіфа Кушалеўскага з інструкцыяй да ўсіх кіраўнікоў і пасэсараў Нясвіжскай ардынацыі малалетняга Дамініка Радзівіла з патрабаваннем сабраць казакоў, баяраў і стральцоў і даставіць іх у Вільню з належнай амуніцыяй і ўзбраеннем [20]. 7 чэрвеня ўслед рушыў універсал Рады да ўсіх татараў ВКЛ з заклікам да ўзброенай абароны Радзімы пад пагрозай пазбаўлення прывілеяў, падараванняў, чыноў і рангаў [21]. Крыху пазней, 14 чэрвеня, Віленская Рада заклікала да ўсеагульнага (паспалітага) рушання “людзей усялякага стану” [22], якое царскія вайскоўцы прадухілялі самымі жорсткімі мерамі. Праз цэрквы царскія генералы распаўсюджвалі ўказы, у якіх гаварылася, што з “мятежниками” жартаваць не збіраюцца, а “всех, кого с оружием в руках встретят” або “которые каким-то образом будут способствовать бунту или заговорам, те не только силой вооруженной будут поражаться, но с ними и их хуторами будет совершено как собственно с предателями и сущими врагами собственного их отечества”.

Ініцыятары ўсеагульнага паўстання не сталі чакаць прытоку большых сіл з ускраін. Зямянскія генералы неакупаваных паветаў не выслалі ў вызначаны тэрмін партызанскія атрады, каб з іх дапамогай ускалыхнуць патрыятызм сонных ці абыякавых суайчыннікаў. М. Агінскі стаў першым і адзіным, хто ў той момант кінуўся ўвасабляць грандыёзную задуму, упэўнены, што “не спатрэбіцца вялікіх высілкаў для таго, каб абудзіць жыхароў гэтага краю” [23]. Ён відавочна разлічваў на асабісты гарачы прыклад.

З такой самаўпэўненасцю ён вырашыў здзейсніць са сваім атрадам дыверсійны рэйд у бок Мінска. Мэта яго палягала ў тым, каб уварвацца праз Мінск “у Белую Русь” і там падняць на ўзброенае паўстанне 12 тыс. сялян, вымусіўшы расійскія войскі адступіць “з усёй Літвы”. Верагодна, ён меў на ўвазе сялян, якія ў 1772 г. былі секвестраваны ў вялікага гетмана і віленскага ваяводы Міхаіла Казіміра Агінскага, а таксама ў віленскага кашталяна Ігнація Агінскага (усяго не меней як 18 тыс. душ абодвух полаў) [24]. Ён намерваўся даць асабістую волю сваім сялянам і ні слова не прамовіў пра падобнае імкненне на адрас усіх астатніх сялян. Гэта вызваленчая задума выказана М. Агінскім толькі ў яго ўспамінах і не знаходзіць пацверджання ў публічных актахпаўстання. Генерал Якуб Ясінскі з ім пагадзіўся і дадаў да атрада Агінскага з 300 чал. стральцоў яшчэ дзве сотні вершнікаў пад камандай паручніка кавалерыі Каспара Людвікава Корсака [25]. 4 чэрвеня 1794 г. Ясінскі даручыў Агінскаму “ісці ў Мінскае ваяводства і там збіраць любым спосабам узброеную сілу ў згодзе з маёй пракламацыяй пра ўварванне ў расійскі кардон, выкарыстоўваць і прызначаць генерал-маёраў, ротмістраў, паштовых, выдаваць ім інструкцыі – словам усё, што палічыш патрэбным для ўзняцця Мінскага ваяводства на шчаслівую рэвалюцыю, усё выконваць будзе тваім абавязкам” [26].

Рэйд корпуса вольных стралкоў пачаўся 7 чэрвеня з імклівага авалодання мястэчкам Валожын, дзе Агінскі 14 чэрвеня, пасля некалькіх стрэлаў, заспеў знянацку 300 чал. расійскай пяхоты і 50 казакоў, з якіх паланіў 24 расійскіх егера, 2 сяржантаў, капрала і паручніка (28 чал.) [27]. Палонных разам з абозам ён адправіў у Ашмяну да Ясінскага.

Мяркуючы па сведчаннях манаха ракаўскага дамініканскага манастыра ксяндза Лявона Булгака, які сустрэў атрад Агінскага ў Валожыне, адтуль яны прайшлі да карчмы Сівіца. Тут Агінскі выправіў манаха ў Івянец даведацца, ці ёсць там расійскія войскі. Манах прыехаў у Івянец і паведамляў усім, каго сустракаў і хто знаходзіўся на кірмашы, што “ў Валожыне польскія войскі забралі расійскія і што раніцай Агінскі з войскам будзе ў Івянцы, раячы тамтэйшым жыдам, каб дзеля ўласнай бяспекі далі Агінскаму больш грошай”. Манах запэўніваў, што ён казаў гэта “без даручэння ад Агінскага ці ад іншых, бо Агінскі загадаў толькі паведаміць пра хуткае прыбыццё ў Івянец аднаго ксяндза Камінскага, які апавешчаны ім, Булгакам. У Івянцы, атрымаўшы ад знаёмага жыда Схалі каня з вазком, накіраваўся да тамтэйшага абшарніка, свайго прыяцеля Ратынскага, і з дарогі выправіў гэтага жыдоўскага пагоншчыка да Агінскага са слоўным паведамленнем, што ў Івянцы расійскіх каманд няма”.

Па сведчанні ксяндза Булгака і самога Агінскага, расійскія войскі спешна рэціраваліся з Івянца, так што 80 вершнікаў М. Агінскага праскочылі пусты Івянец і спыніліся перад вёскай Навінкі. Тут яны паставілі пікет з 12 жаўнераў. Жыхары мястэчка сустракалі Агінскага 15 чэрвеня “з хлебам і соллю”. Увайшоўшы без перашкод у Івянец, Агінскі заспеў тут кінуты расійскімі войскамі абоз з 2 тыс. патронаў для 100 ружжаў, з нарабаваным у “велізарнай колькасці амуніцыяй, сукна, мундзіра і іншыя прадметы да экіпіравання войска, такія, як срэбныя, медныя, алавяныя і іншыя рэчы, разабраныя навакольнымі жыхарамі і раскіданыя ў розных складах і сховах. Я вагаўся перш чым прыняць цвёрдае рашэнне: ці рушыць далей, кінуўшы гэтую здабычу, якая была каштоўнасцю ў некалькі сотняў тысяч злотых польскіх, ці ж эскартаваць яе самому разам з усім маім атрадам, трымаючыся бакавой дарогі. Я пакінуў ваганне, даведаўшыся, што губернатар Мінска Няплюеў [28] сабраў у горадзе цэлыя войскі з наваколляў, што ён забарыкадаваўся з усіх бакоў і паставіў за сценамі горада мноства ўзброеныхсялян, каб выставіць іх на першы агонь”.

Тады М. Агінскі вырашыў не нападаць на Мінск, а вярнуцца назад з захопленым абозам. Дапусцім, ён не ведаў, што Мінск ахоўвала ўсяго 2 роты пяхоты з 2 гарматамі. Але ж ён мог паслаць на выведку ў бок Мінска шпегаў, чаго не зрабіў. Ён мог падысці да Мінска, пабачыць там колькасцьяго ахоўнікаў і ўвачавідкі, асабіста высветліць, чым яны ўзброены – каламі ці стрэльбамі. Калі ён не хацеў штурмаваць жывую сцяну з сялян вакол Мінска, тады пустым гукам выглядаюць яго словы пра тое, што ён у траўні 1794 г. сваёй палымянай гаворкай прымусіў плакаць 30-тысячны мітынг у Вільні [29]. Прычым Агінскі адводзіць у сваіх успамінах цэлыя 4 старонкі ў доказ магіі і сілы свайго красамоўства. Наш аратар мог гэтак жа палка выступіць перад сялянамі пад сценамі Мінска і ўзяць горад без стрэлу. Але ён павярнуў назад.

“Весткі схілялі мяне да злучэння з галоўным войскам; але цяжкасць складалася ў тым, каб знайсці сродак да транспартавання прадметаў, якія ледзь маглі змясціцца на 200 сялянскіх вазах. Выпадак вырашыў гэта, і я не замарудзіў скарыстацца такой выгадай. Раніцай (15 чэрвеня), прыбыўшы ў Івянец, я не знайшоў ні коней, ні вазоў, але паколькі тады быў дзень парафіяльнага свята [святога Антонія, 13 чэрвеня], то неўзабаве перад варотамі касцёла спынілася больш як 20 экіпажаў першых жыхароў з ваколіц са збруяй на 6 ці 4 конях, а потым яшчэ некалькі сотняў сялянскіх вазоў неўзабаве запоўнілі рынкавы пляц. Я паклікаў іх уладальнікаў, каб яны пазбавілі мяне ад клопатаў. Усе яны былі гатовыя добраахвотна мне дапамагчы. Яны загадалі распрэгчы лепшых коней, якіх запрэглі ў 20 маскоўскіх вазоў, запоўненыхсукном і амуніцыяй. Сяляне па іх прыкладзе даставілі гэтулькі коней і калёс, колькі нам было трэба, і на працягу 6 гадзін часу 170 добра нагружаных калёс былі гатовыя пусціцца ў паход пад нашай аховай”.

Тым жа вечарам Агінскі пакінуў Івянец, абраўшы замест ранейшай новую дарогу, і рушыў на Бакшты. Бяскроўны поспех у Івянцы так акрыліў кіраўніка вольных стралкоў, што ён гатовы быў “тысячу разоў аддаць сваё жыццё за родную Айчыну” і запэўніваў у публічнай газеце паўстання, што ўвесь яго корпус “або вернецца авеяны славай, або стане кучай трупаў пры абароне Айчыны” [30].

У Івянцы 15 чэрвеня Агінскі агучыў свой заклік да жыхароў былога Мінскага ваяводства наступнага зместу.

“Заклік М. Агінскага да абывацеляў Мінскага ваяводства.

Жыхары, якія нарадзіліся ў адной айчыне, але якія вымагальніцкім чынам суседніх дзяржаваў з чэрава маці сваёй вырваны, скіньце з сябе ганебнае гэтае ярмо, якое вас з непадуладных палякаў робіць няшчаснымі нявольнікамі тырана, вазьміце ў рукі вашы зброю, якою продкі вашы так умела маглі ўтаймоўваць ворагаў айчыны, далучайцеся з вашымі сіламі да сілаў вашых братоў, як і добрыя сэрцы вашы сапраўды з імі злучаны. Хай засаромеецца ад адзінай і згоднай сілы подлы тыран, што перад вамі фанабэрыцца, які лічыць, што, прыгнятаючы паляка, здолее і сэрца ягонае зрабіць нізкім; хай здрыганецца дэспат, гледзячы на запал, які паходзіць ад дабрачыннасці і адчаю; кожны з вас хай далучыцца да святой сувязі, якая ўзноўлена актам Кракаўскім пад кіраўніцтвам Касцюшкі, няхай будзе ў душы вашай тая праўдзівая справядлівасць, што дабрачыннасць і аднадушша спалохаць могуць і наймацнейшага непрыяцеля, бо з уласнага вопыту я сам ведаю, што дзе толькі пакажацца жаўнер польскі, там заўсёды ці ахвяраю робіцца, ці бяжыць непрыяцель, які звык да грабежніцтва, але які бяззбройных толькі палохае, а вояў і сам баіцца. Уступленне маё ў межы Мінскага ваяводства засведчаць бедствы ад маскоўскіх войскаў, якія сапраўды штодзённа па дарозе бываюць разбітыя, і набыцця ад іх вялікай здабычы. I так мы, браты і жыхары, усе цяпер увогуле смела на тым стаім, што або вернем Айчыне вольнасць, або дамо сябе пахаваць у яе развалінах. А калі я пра гэта вам, жыхары, пасланы ад поўнага дабрачыннасці і мужнасці генерал-лейтэнанта войскаў літоўскіх Ясінскага, паведамляю, то разам з тым і спадзяюся, што гэты мой заклік ажывіць у сэрцах вашыхагонь. Універсал жа непераможнага Касцюшкі і Акт Кракаўскі пакажуць вам спосаб, якім чынам можаце з’яднацца з намі, а на гэты выпадак рэкамендую, каб гэты заклік разам з Актам Кракаўскім пры дзвярах касцельных быў прыбіты, а копіі з іх па ўсіх парафіях разасланыя былі б, і гэта здзейсніцьпрашу Вас любоўю да Айчыны.

Дадзены ў Івянцы 1794 г. чэрвеня 15. Міхал Агінскі, корпуса шэф, камандуючы вольнымі войскамі” [31].

Заклік паказвае, што Агінскі распаўсюджваў у Івянцы таксама першыя ўніверсалы Касцюшкі пра пачатак узброенага паўстання. На гэтую тэму ён размаўляў са “сваім знаёмым, мінскім канюшым Ігнатам Ратынскім [32]2, з братам яго Антоніем, маёрам Эсткам [33], Тадэвушам Жаброўскім [34], шваграм яго Антоніем Коўзанам” [35], якія прыехалі да яго з Перажыр. Як паказваў манах Булгак, «Агінскі прымушаў ксяндза Камінскага [36] чытаць паперы, але калі той адмовіўся са словамі, што абавязку на тое не мае і што за тое можа атрымаць пакаранне ад расійскіх войскаў, які ўчыніў прысягу, то Агінскі, не кажучы ніякіх грубіянстваў, перад усімі, што знаходзіліся ў хаце Камінскага, сам чытаў гэтыя паперы пад назвамі: першая “Водгук польскага народа да расійскіх салдатаў”, друкаваная за подпісам Касцюшкі, іншыя, як універсал яго самога, Агінскага, пра ўсеагульнае паўстанне, і гэты апошні загадаў свайму ад’ютанту Грабоўскаму [37] прыбіць да касцельных дзвярэй, а першы, друкаваны, аддаў Камінскаму, ды, больш за тое, невядома які скрутак уручыў Эстку. Сакратар жа яго, Дзядзерка, шэсць такіх жа скруткаў вынес да тых, хто знаходзіўся на двары, але каму раздаў, ён, Булгак, не ведае».

“Агінскі, знаходзячыся ў Івянцы, размаўляў большай часткай з канюшым Ратынскім, паведамляючы яму, між іншым, што, прыехаўшы ў Івянец, забраў у расійскім абозе больш чым на трыста ці чатырыста тысяч злотых. Нарэшце падышоўда Эсткіідастаўз ножан шаблю яго са словамі што яна добрая на знішчэнне расійцаў. А Эстка, усміхаючыся, адказваў, што яна ўжо старая. Аддаўшы ж Эстку шаблю назад, гаварыў з ім вельмі ласкава, прапануючы ўсім наогул, каб для згуртаваных для выратавання Айчыны войскаў давалі грошы ці што хто мае. Прычым гэты Агінскі запэўніваў, што расійцаў страшыцца ўжо не варта, маючы ў адной Вільні больш як 36 000 польскага войска, добра ўзброенага і вельмі адважнага. Пасля загадваў яму, Булгаку, каб той, вярнуўшыся ў Ракаў, спаліў там замак, і пра тое даў да сваіх афіцыялістаў і ракаўскіх мяшчан пісьмовы загад, які ім, Булгакам, кінуты ў хаце ксяндза Камінскага” [38]. Прысутны тады шляхціч Іосіф Ляхоўскі страшыў яўрэяў “не падманваць сябе надзеяй думаць быць пад Расіяй, бо палякі ўжо ўвайшлі і вы не будзеце такімі меркамі віно прадаваць”. Ён называў іх маскоўскімі шпегамі і пагражаў тым, што “вас палякі вешаюць і аднаго ўжо павесілі па дарозе на Ракаў” [39]. М. Агінскі пры гэтым заклікаў яўрэяў не шкадаваць грошай “дзеля іх уласнай бяспекі” і перад сыходам з мястэчка загадаў паставіць там 2 шыбеніцы [40]. Апошні факт немагчыма ні аспрэчыць, ні пацвердзіць.

А потым, “з паслядоўнікамі сваімі, выступіўшы з Івянца, Агінскі, якому Ратынскія, Жаброўскія, Эстка і іншыя, а з імі і народ, кланяючыся, жадалі шчаслівых поспехаў, заходзіў у Камень да тамтэйшага ўладальніка Юдыцкага (Іосіф Міхайлавіч Юдыцкі быў першы раз жанаты з Марыяй Агінскай, дачкой віцебскага ваяводы. – Я. А.), там частаваўся вячэрай і абедам, узяўшы ад яго на 300 чырвонцаў каня. Пры выездзе з Камянца бачыў яўрэяў, якія везлі аднаго свайго мёртвага, пра якога яны сказалі, што той павешаны ў час праходу войскаў польскіх па даносе хлопчыка за тое, што быў расійскім шпіёнам”. Расійскія лазутчыкі даносілі, што ўжо 15 чэрвеня Агінскі нібыта пасылаў са сваіх 4 тыс. “возмутителей” рабаваць м. Камень Юдыцкага [41].

Сведчанні Л. Булгака асвятляюць некаторыя дэталі паходу М. Агінскага, якія ён прыхаваў у сваіх успамінах. На момант прыходу яго ў мястэчка Івянец тут налічвалася 224 двароў з 717 мужчынамі і 671 жанчынай хрысціян і 102 / 143 чал. яўрэяў у 64 дварах [42]. Гэтае шматлюднае мястэчка з усім графствам пасля 1782 г. было ўласнасцю малалетняй графіні Дароты Ягоравай Салагуб, бацька якой – эйшышскі стараста Ягор Антонаў Салагуб – перадаў Івянец у апеку свайму брату, генерал-маёру расійскай службы Яну Салагубу, даўно адданаму царскаму трону. У 1783–1784 г. графства пайшло ў падзел (эксдывізію) па прэтэнзіях 238 крэдытораў, сярод якіх значыліся тры расійскія асобы [43].

Паводле дэкрэта ігуменскага эксдывізарскага суда ад 15 траўня і 8 кастрычніка 1784 г. [44] мястэчка Івянец у ліку 17 двароў з 39 / 31 сялянамі было перададзена да выплаты 42 000 чырвоных злотых (золатам) Аляксандру Аўрамавічу Раманіусу [45], малалетняму сыну генерал-паручніка Аўрама Іванавіча Раманіуса [46], які камандаваў корпусам войскаў для ажыццяўлення першага падзелу Рэчы Паспалітай. Апекуном Аляксандра Раманіуса стаў секунд-маёр расійскай службы Якаў Міхайлавіч Эстка. Якуб Эстка быў сынам ковенскага стольніка Міхала Якуба Эсткі, у 1745 г. значыўся ўжо капітанам на расійскай службе і меў брата Зыгмунта, таксама падпалкоўніка расійскай службы. Вядома, што ў 1820 г. Я. Эстка стаў суддзёй эксдывізарскага суда ў Барысаўскім павеце, тады ж ён значыўся ў масонскай ложы “Паўночная паходня” г. Мінска, а ў 1828 г. быў старшынёй Ігуменскага земскага суда [47]. Такім чынам, ён рабіў кар’еру ў Расіі. Гэты апякун аддаў маёру Яну Адамаву Бранікоўскаму ў заставу маёнтак Маскалеўшчыну ў Мінскам ваяводстве [48]. Пад час дзяльбы 1783 г. Я. Бранікоўскі запэўніваў, што Аўрам Раманіус не забіраў ніякай маёмасці з Івянца [49]. Перад намі тыповая практыка рабавання і раскрадання закладзенай маёмасці пад абаронай і з ужываннем расійскай зброі [50], часта з вывазам сялян углыб Расіі падобнымі апекунамі.

Наогул, Аўрам Раманіус атрымаў ад апекуноў малалетняй Салагубавай пад заклад за 20 579 чырвоныхі 17 000 польскіх злотых 14 вёсак, у якіх, разам з часткай мястэчка Івянец, было 96 двароў з 279 / 295 сялянамі [51].

Гэтыя прыгонныя потым так ці інакш, праз перасаступкі і перазалогі іншых асоб, перайшлі да мінскага канюшага І. Ратынскага.

Канюшы І. Ратынскі, з якім Агінскі вёў гутаркі, меў у графстве Івянец, паводле дэкрэта ад 5 ліпеня і 8 кастрычніка 1783 г. па эксдывізіі (падзеле) графства паміж крэдыторамі 119 сялян абодвух полаў у 16 дварах пры мястэчку Івянец [52]. З усіх 1490 сялян у 262 дварах Івянецкага графства Ратынскаму належала 176 сялян у 23 дварах [53].

Секунд-маёр Я. М. Эстка па рашэнні таго ж івянецкага эксдывізарскага суда 1784 г. атрымаў ад графіні Салагуб за 1500 чырвоных і 30 тыс. польскіх злотых тры вёскі (Тоўпікі, Мешкуці, Навінкі), якія складаліся з 16 двароў з 54 / 37 сялянамі [54]. Акрамя таго, ён жа меў па асобнай пазыцы ў суме 1000 чырвоных у 1786 г. у самым Івянцы 5 двароў з 13 /11 чал. і ў в. Абрамоўшчына 9 двароў з 32 / 34 сялянамі [55]. Фінансавыя інтарэсы Я. Эсткі перасякаліся з інтарэсамі І. Ратынскага ў в. Мешкуці, якую яны трымалі разам па заставе (закладзе) з моманту эксдывізіі Івянецкага графства.

Узнікае пытанне пра тое, які менавіта Эстка быў у кампаніі Агінскага. У Мінскім павеце ў 1794–1795 г. вёскай Літвіны валодаў смаленскі стражнік Міхал Томашаў Эстка [56]. Аўтары “Польскага біяграфічнага слоўніка” запэўніваюць, што ў паўстанні 1794 г. праявіў сябе Станіслаў Тэадор Людвік Марцін Эстка (1763–1820), маёр стральцоў у 5-м палку Паўла Грабоўскага [57]. Ён быў сынам старэйшай і любімай сястры знакамітага кіраўніка паўстання Т. Касцюшкі – Ганны з Касцюшак. Гэты Эстка, пляменнік Касцюшкі, мог быць у атрадзе Агінскага сцягам і жупелам, які дадаваў славы камандзіру вольных стралкоў. Аднак Л. Булгак ясна кажа, што калі М. Агінскага выпраўлялі з Івянца ўдзельнікі гутарак з ім, то сярод іх адвітаўся з пажаданнямі ваеннага шчасця і Эстка. Апублікаваны А. Энгелем рапарт кадэта і разведчыка Івана Парадоўскага выразна гаворыць, што ён асабіста сустрэў пад вёскай Навінкі 16 чэрвеня адстаўнога секунд-маёра расійскай службы Якава Эстку, якога Агінскі пасадзіў пад каравул пасля адмовы прынесці таму прысягу.

Удзельнік паўстання 1794 г. Дамінік Дзядзерка быў палкоўнікам ВКЛ і шамбелянам, сынам Караля, аршанскага скарбніка [58]. Яго паслужны спіс наступны. 29.09.1777 г. ён стаў паручнікам і ад’ютантам караля, у 1777 г. – харужым, у 1782 г. – паручнікам ВКЛ, 16.12.1783 г. – капітанам, 8.10.1789 г. як аўдытар 2-й дывізіі прызначаны маёрам 1-га пяхотнага палка. У гэтым званні ён “праславіўся” (пасля здрадлівай здачы расійскаму войску Нясвіжа ў вайне 1792 г.) сваёй “тупасцю ібаязлівасцю” [59]. Тым не менш, з 19.09.1791 г. ён стаў палкоўнікам 8-га пяхотнага палка ВКЛ [60]. Яго брат Казімір, аршанскі ротмістр і скарбнік, меў жонку Вікторыю Камінскую, якая была ў нейкім сваяцтве са згаданым ракаўскім ксяндзом Іосіфам Камінскім [61].

Наогул род Дзядзеркаў вядомы сваёй разгалінаванай службай на грамадзянскіх і ваенных пасадах у Аршанскім павеце і Віцебскім ваяводстве. Яшчэ ў 1766 г. аршанскі ротмістр Казімір Дзядзерка выступаў упаўнаважаным мечніка ВКЛ Андрэя Агінскага і Франца-Ксаверыя Агінскага, гусарскага паручніка і прэвальскага старасты, падчас падзелу паміж імі ў Віцебскім ваяводстве маёнткаў Вялешкавічы, Вяледзічы і Марцыянава, якія дасталіся ім ад Тадэвуша Агінскага [62]. Прысутнасць Дамініка Дзядзеркі ў камандзе М. Агінскага ў якасці яго сакратара звязана, магчыма, з планамі палкаводца вызваліць вотчынныхсялян на ўсходзе Беларусі і спыніць там ледзь не паўстанне. У любым выпадку, гэтай справе маглі паслужыць яго дзелавыя сувязі з нагоды службы там сваякоў.

Булгак гэтак жа выразна кажа, што М. Агінскі ўгаворваў усіх сваіх суразмоўцаў ахвяраваць на ўзброеных выратавальнікаў Айчыны грошы і ўсё, што можна. Гэта, трэба разумець, і складала галоўны змест іх гутарак. Сам Агінскі мог разлічваць на зварот 13 680 чырвоных злотых, за якія віленскі кашталян Міхал Геранім Агінскі ў 1780 г., тэрмінам да 1796 г., заклаў Дамініку Радзівілу вёскі Леднікі, Байдакі і Гаеўку ў Мінскім павеце [63]. У 1794 г. маёнткамі малалетняга Дамініка Радзівіла распараджаўся віленскі кашталян Мацей Радзівіл, які якраз значыўся членам Віленскай Рады паўстання [64] – органа, які жыхары паўсталай сталіцы падазравалі ў злачыннай маруднасці і здрадзе. Гэтыя грошы вынікала спагнаць са шляхцічаў, аканомаў закладзеных маёнткаў, у тым ліку і ў Івянецкім графстве, калі яны самі не хацелі садзіцца на коней і ўлівацца ў шэрагі дыверсійных атрадаў.

Нейкі час М. Агінскі мог шукаць рэчы параскраданага жыхарамі кінутага расійцамі абозу. Прадметам гутарак М. Агінскага ў Івянцы магло быць і вывучэнне ім становішча ў сувязі з апублікаваным яшчэ 22 красавіка 1794 г. планам царскай улады вярнуць ва ўлонне праваслаўя ўсіх уніятаў з дапамогай войскаў [65]. Гэты план супадаў з царскім указам ад 23 чэрвеня 1794 г. пра правядзенне 5-й чарговай рэвізіі, якое запісвала ў вечнае падданства Расійскай імперыі ўсіх жыхароў перапісаных маёнткаў і вёсак. Царскія войскі даводзілася распыляць і драбніць па маёнтках для забеспячэння поспеху гэтых дзвюх грандыёзных акцый. Не даводзіцца сумнявацца, што ўзброеныя рэйды, у тым ліку і Агінскага, мелі мэтай сарваць (і сапраўды дапамаглі адтэрмінаваць) прымусовую канверсію ўніятаў. Такая рэвізія праводзілася праз год, увосень 1795 г. У любым выпадку напалоханым рэйдамі паўстанцаў расійскім генералам даводзілася ўмацоўваць дадатковымі мерамі свае ўзброеныя цытадэлі накшталт Мінска, Слуцка, Нясвіжа і інш.

Па запэўніванні паручніка 2-й Пінскай брыгады Ягора Пятровіча, палоненага расійцамі, Агінскі меў загад адправіць са свайго атрада “100 чалавек вольных лепшых стралкоўі50 чалавек кавалерыі” на дапамогу падпалкоўніку Мустафе Мірзе Ахматовічу, пасланаму на чале 600 чал. з Зэльвы на Пінск і адтуль да Слуцка. Сам жа Агінскі з астатнімі сіламі, а менавіта з 500 вольнымі стралкамі, 950 чалавекамі конніцы і з дзвюма гарматамі “ішоў неадкладна праз Івянец і Стоўбцы на Нясвіж”. На Мінск жа праз Глыбокае пайшоў чацвёрты полк з 500 чал. кавалерыі пад камандай Мікалая Сулістроўскага [66].

Гэты план сумесных дзеянняў праваліўся. Такім чынам, ні публічныя запэўніванні М. Агінскага выслаць поле бітвы трупамі герояў і вярнуцца авеяным славай, ні ўрачыстыя заявы пра сваю здольнасць лёгка падняць заваяваных Расіяй жыхароў на паўстанне, ні наяўнасць пры ім сумнеўных камандзіраў накшталт Д. Дзядзеркі і К. Корсака, не паўплывалі на цвёрдае рашэнне камандзіра вольных стралкоў адмовіцца наступаць на Мінск і павярнуць назад.

Услед за Агінскім кінуўся 48-гадовы генерал Лявон Бенігсен [67] з атрадам у складзе трох эскадронаў Ізюмскага лёгкаконнага палка (каля 420 чал.) [68], 4-га егерскага батальёна Эстляндскага корпуса (238 чал.) [69], дзвюх рот грэнадзёраў Нараўскага пяхотнага палка (387 чал.) [70], дзвюх рот Пскоўскага пяхотнага палка (да 400 чал.) [71], шасцідзесяці казакоў і пяці палкавых гармат (усяго каля 1500 чал.). Бенігсен 15 чэрвеня прыйшоў у Валожын, дзе даведаўся, што атрад Агінскага з 600 стралкоў і 1 тыс. вершнікаў мае намер прайсці праз мястэчка Вішнева [72]. Такім чынам, паводле дзвюх асобных даведак, Агінскі меў за сабой недзе паўтары тысячы каманды, і сілы яго з расійцамі былі роўныя.

Раніцай 17 чэрвеня Агінскі пакінуў Вішнева, а пры вёсцы Шаркаўшчына, за паўтары мілі ад Вішнева, перавёў уброд стральцоў з абозам, пераправіў кавалерыю па мосце, а потым “пераламаў мост, пакідаўшы ўвесь лес у раку на адлегласці чатырох сажань шырыні”. Тут ён даведаўся, што яму засланілі дарогу на Баруны для злучэння з галоўнымі сіламі Я. Ясінскага. Пакуль ён разважаў над картай, расійцы за паўгадзіны збудавалі пераправу і ў дзевяць гадзін раніцы напалі на мястэчка Вішнева сіламі трох эскадронаў Ізюмскага палка (камандзір 37-гадовы палкоўнік Мікалай Якаўлевіч-Трэгубаў) і шасцюдзесяццю казакамі (усяго каля 480 чал.). Конніца Трэгубава галопам праскакала цераз Вішнева і ўбачыла кавалерыю Агінскага, якая паспела выстраіцца ў баявы парадак і нават сустрэць ворага “самым жорсткім агнём” з адной малакалібернай гарматы. Трэгубаў выстраіў фронт, энергічна атакаваў і змяў непрыяцеля. Конніца Агінскага пры ўцёках на некаторай адлегласці зноў выстраілася, але палкоўнік Трэгубаў другі раз змяў яе і пераследаваў па кустах паабапал вялікай віленскай дарогі. Потым кавалерыя Агінскага па гэтай дарозе кінулася наўцёкі.

Стралкі Агінскага ў час гэтай справы паспелі заняць два пагоркі паміж вёскамі Сафінава і Люташы і пад заслонай лесу сустрэлі агнём правы фланг расійскай кавалерыі. Неўзабаве да першага ўзвышша падышла пяхота 4-га батальёна Эстляндскага егерскага корпуса. Па загадзе свайго камандзіра, Хрысціяна Давыдава Берха, яна выстраілася ў фронт і, са стратай некалькіх чалавек, пад моцным агнём непрыяцеля, заняла пагорак. Расійцы паставілі на ім 2 гарматы пад кіраўніцтвам капітана Наўгародскага пяхотнага палка (186 чал.) Мікалая Іванавіча Лідэрса, якія наносілі адчувальныя страты ворагу. Бенігсен тут жа паслаў падпалкоўніка камісарыята Паўла Пятровіча Зубава з 80 падлоўчымі і 60 чалавекамі пяхоты для дапамогі праваму крылу егерскага батальёна. Зубаў атакаваў непрыяцеля ў лесе і прагнаў яго, прычым быў лёгка паранены. З другога пагорка вольных стралкоў Агінскага прагналі дзве роты Пскоўскага пяхотнага палка пад камандай секунд-маёра Санктпецярбургскага грэнадзёрскага палка Отта Ягоравіча Эцінгена. Неўзабаве падбеглі 2 грэнадзёрскія роты Нараўскага пяхотнага палка пад камандай прэм’ер-маёра Івана Сцяпанавіча Раўтэнштэрна, якія канчаткова адкінулі стралкоў Агінскага. Наўздагон ім выправіўся падпаручнік Міхал Сцяпанавіч Пляханаў.

Конніца Агінскага ў ліку 150 шабель на шляху да вёскі паспрабавала яшчэ раз перастроіцца для адпору, але “палкоўнік Трэгубаў змяў яе трэці раз, вынішчыўшы вялікую частку яе. Эстляндскага ж корпуса 4-га егерскага батальёна секунд-маёр Бурхард Максімаў Берх, роўна пасланы са 150 падлоўчымі ўслед непрыяцелю, праявіў сябе, пакінуўшы на месцы мноства забітых”.

Па словах Л. Бенігсена, пад час бітвы, якая цягнулася з 9 гадзін раніцы да паловы дванаццатай, ён страціў 6 чалавек забітымі і 30 параненымі, а Агінскі забітымі і параненымі больш за 300 чалавек разам з 40 тыс. зарадаў да гарматы. У палоне апынуліся 64 чалавекі, “паміж якімі капітан Іахім Сухадольскі, што камандаваў валанцёрамі ў былой бітве пры Ашмянах, і тры паручнікі. Непрыяцель вымушаны быў пакінуць нам як здабычу ўвесь свой абоз у колькасці больш як двухсот вазоў, у якіх знайшлося мноства выкрадзенага ў мястэчку Івянец” [73]. Па запэўніванні іншага расійскага генерала Б. Кнорынга, акружаны Агінскі выратаваў уцёкамі “не больш за сто чалавек вершнікаў і, кідаючыся то ў адзін, то ў другі бок, бо я перакрыў яму шляхі, знайшоў адзін толькі спосаб уцячы з вялікім спрытам праз Крэва, узяўшы там абывацельскіх коней, кінутых стомленымі, за паўгадзіны да прыбыцця ў гэтае мястэчка майго атрада, які дакладна схоплены і потым пабіты быў бы, калі б быў там, хоць крыху затрымаўшыся, каб адтуль выехаць”. З Кнорынгам згодны і сам Агінскі, які піша, што ратаваўся ўцёкамі разам з 150 чал. [74]. Ён страціў пад Вішневам 64 салдаты і 4 афіцэры, у тым ліку забітымі 12 кавалерыстаў і 45 пехацінцаў, увесь захоплены ў Івянцы абоз на 280 вазах і касу з 7 тыс. чырвоных злотых [75]. Гэта значыць, ён страціў больш за 350 чал. з 500 чал. свайго першапачатковага атрада, насуперак сцвярджэнню польскіх аўтараў, якія кажуць пра страту 150–200 чалавек ці толькі трэці першага складу [76].

Калі давяраць звесткам пра роўныя суадносіны супернікаў, то выходзіць, што М. Агінскі пакрыў сябе сорамам, – з яго смяяліся нават сябры і паплечнікі, нібыта ён здзейсніў нейкую няўдалую дзіцячую забаву. Агінскі вярнуўся ў Вільню, а потым выправіўся прасіць дапамогі ў Варшаву, бо тэхнічнае забеспячэнне паўстанцкага войска, асабліва што да артылерыі, выявілася значна горшым, чым у расійскай арміі.

Насуперак першапачатковай задуме кіраўніцтва паўстаннем урывацца ў акупаваны край з розных бакоў і рознымі атрадамі маршрут туды пралажыў толькі М. К. Агінскі. Аднак яго дыверсія не была падрыхтавана належным чынам у розных адносінах, бо грунтавалася на самаўпэўненасці правадыра без праблем абудзіць патрыятычны запал маўклівых жыхароў акупаваных тэрыторый на падтрымку паўстання. Наадварот, там яго сустрэлі холад, страх і абыякавасць нават з боку вузкіх колаў знаці і шляхты. Такім чынам, М. Агінскі асабіста абвергнуў свае заявы пра тое, што яму не складзе ніякай цяжкасці падняць на слаўную рэвалюцыю жыхароў акупаванай тэрыторыі шляхам узброенай дыверсіі ўглыб яе. Гэта сарвала агульны план вызваленчых рэйдаў і іх ролю ў арганізацыі агульнага апалчэння і шмат у чым прадвызначыла агульную паразу ўсяго паўстання 1794 г. у наступным.

Агінскі не мог пахваліцца паспяховым прыцягненнем пад час дыверсіі ў склад сваёй каманды добраахвотнікаў з акупаваных тэрыторый. Ён нічым не засведчыў свае высілкі сабраць ваеннаабавязаных ротмістраў, як быццам не хацеў выконваць загад галоўнакамандуючага Я. Ясінскага, нібы сабатаваў агульную мэту. Гэтак жа не адзначае ён сам і фактаў радасці ад атрымання грашовых і іншых ахвяраванняў. Менавіта такая глухая рэакцыя жыхароў акупаванай тэрыторыі прымусіла яго павярнуць назад. Ён наогул страціў захоплены расійскі абоз з вялікай маёмасцю, пра які паспешна паведаміў у публічныя акты паўстання. Ён цалкам замоўчвае імкненне спагнаць грошы з яўрэяў і закладатрымальнікаў чужых вёсак і сялян, пра што ясна кажуць сведкі і дакументы. Агінскі ўжываў традыцыйныя паборы, ад якіх даўно цярпела наваколле. Гэта не магло не адштурхнуць жыхароў ад агітатара за свабоду. Правадыра вольных стралкоў пераўзышлі расійскія вайскаводы і па ваенна-тактычнай хватцы, і па аператыўным мысленні, і па службовым старанні. Як гэта ні горка цяпер усведамляць.


[1] Kądziela L. Fryderyk Moszyński w insurekcji Kościuszkowskiej. Warszawa, 2004. S. 270.
[2] Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (далей НГАБ). Ф. 1769. Воп. 1. Спр. 23. Арк. 343, 382; Расійскі дзяржаўны ваенна-гістарычны архіў (далей РДВГА). Ф. 1350. Воп. 312. Спр. 89. Арк. 369–379. Пазней гэтае графства дастанецца душыцелю паўстання Мікалаю Салтыкову.
[3] Гэта Обаль, Стараселле, Варшава Руская, Мікулічы на ўсходзе Беларусі, Навасёлкі ў Мінскім ваяводстве, Індуры ў Гродзенскім павеце, Іўе ў Ашмянскім, Судча, Чамерын, Махорава ў Пінскім, Цяцерын у Аршанскім паветах (НГАБ. Ф. 1755. Воп. 1. Спр. 80. Арк. 614–626).
[4] НГАБ. Ф. 1769. Воп. 1. Спр. 26. Арк. 521. Спр. 33. Арк. 265. Ф. 1727. Воп. 1. Спр. 33. Арк. 205–217.
[5] Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў (далей РДГА). Ф. 46. Воп. 1. Спр. 20. Арк. 3.
[6] НГАБ. Ф. 1769. Воп. 1. Спр. 26. Арк. 521, 524, 416, 418. Ф. 1727. Воп. 1. Спр. 33. Арк. 179–203.
[7] Тамсама. Ф. 1769. Спр. 27. Арк. 8.
[8] Тамсама. Ф. 1769. Воп. 1. Спр. 26. Арк. 712адв. Спр. 27. Арк. 12адв. Спр. 33. Арк. 221–242. Ф. 1727. Спр. 33. Арк. 247–256.
[9] Архіў знешняй палітыкі Расійскай імперыі. Ф. 79. Воп. 6. Спр. 1548. Арк. 933адв.; НГАБ. Ф. 333. Воп. 1. Спр. 21. Арк. 124адв.
[10] Sułek Z. Sprzysiężenie Jakuba Jasińskiego. Warszawa, 1982. S. 198.
[11] Gazeta narodowa Wileńska. 1794. № 1. S. 2.
[12] Libiszowska Z., Nowak-Romanowicz A. Michał Kleofas Ogiński // PSB. T. 23/4. Z. 99. S. 632; Шмигельските-Стукене Р. Михаил Клеофас Огинский. Политик. Дипломат. Министр. Минск, 2015. С. 144.
[13] Gazeta narodowa Wileńska. 1794. № 3. S. 2.
[14] Міхаіл Клеафас Агінскі. Мемуары пра Польшчу і палякаў з 1788 да 1794 года // Arche. 2011. № 6 (105) С. 664; Шмигельските-Стукене Р. Михаил Клеофас Огинский. С. 146.
[15] Pamietniki Michala Ogińskiego o Polsce i polakach od roku 1788 aż do końca roku 1815. Т. 1 // Pamiętniki z ośmnastego wieku. T. 11. С. 313.
[16] Mościcki H. General Jasiński i powstanie kościuszkowskie. Warszawa, 1917. S. 384. Лічыцца, что ініцыятарам ідэі быў М. Агінскі.
[17] Усе спасылкі на крыніцы ўзяты з кнігі: Анищенко Е. К. Восстание и война 1794 года в Литовской провинции (по документам российских архивов). Москва, 2000. С. 102–104.
[18] Расійскі дзяржаўны архіў старажытных актаў (далей РДАСА). Ф. 16. Воп. 1. Спр. 658. Ч. 2. Арк. 132.
[19] Powstanie kościuszkowskie 1794: dzieje militarne / pod red. T. Rawskiego. T. 1. Warszawa, 1994. C. 389.
[20] Некалі віленскі ваявода К. Радзівіл абяцаў выставіць на абарону краіны са сваіх Нясвіжскай і Слуцкай ардынацый легіён з 6210 салдат, маючы 2860 чал. пяхоты і каля 4 тыс. кавалерыі (Ratajczyk L. Wojsko i obronność Rzeczypospolitej. 1788–1792. Warszawa, 1975. S. 69).
[21] Gazeta narodowa Wileńska. 1794. № 11. С. 1. № 12. S. 1, 2.
[22] РДАСА. Ф. 16. Воп. 1. Спр. 758. Ч. 2. Арк. 226. Надрукавана: Анищенко Е. К. Восстание и война 1794 года… № 62.
[23] Шмигельските-Стукене Р. Михаил Клеофас Огинский. С. 151.
[24] Анищенко Е. К. В когтях двуглавого орла: Беларусь во времена Екатерины II (1772–1796 гг.). 2-е изд., доп. Минск, 2016. Гл. дадатак.
[25] У справаздачы ад 14 чэрвеня з Валожына сам М. Агінскі кажа пра адважнага паручніка Корсака (Gazeta narodowa Wileńska. 1794. № 14. S. 1). Каспар Людвікаў Корсак быў паручнікам у 2-й брыгадзе нацыянальнай кавалерыі (Żytkowicz L. Kasper Korsak // Polski Słownik Biograficzny. Wrocław, 1968. T. XIV/1. S. 110). Аўтары “Польскага біяграфічнага слоўніка” адназначна запісалі ў якасці ўдзельніка рэйда Каспара Корсака, хоць там жа можна сустрэць згадку пра маёра віленскай міліцыі Іосіфа Корсака (атрымаў чын маёра 31.08.1794) і Амбраізія Корсака, які 4.07.1794 г. атрымаў патэнт на чын маёра пяцігорскай брыгады (PSB. Т. 14. S. 117). Mościcki H. Generał Jasiński i powstanie… С. 207; Akty powstania Kościuszki. Kraków, 1955. T. 3. S. 181.
[26] Анищенко Е. К. Восстание и война 1794 года… С. 131.
[27] Gazeta narodowa Wileńska. 1794. № 14. S. 1. Рапарт надрукаваны 15 чэрвеня 1794 г.
[28] Генерал-маёр Іван Мікалаевіч Няплюеў (1750–1823).
[29] Pamiętniki Michała Ogińskiego o Polsce… S. 308–312.
[30] Gazeta narodowa Wileńska. 1794. № 14. S. 1.
[31] РДАСА. Ф. 16. Спр. 758. Ч. 2. Арк. 130–131адв.; РДВГА. Ф. ВПА. Спр. 282. Арк. 213, 214.
[32] Ратынскі Ігнат Феліцыянаў, мінскі канюшы, кавалер ордэна св. Станіслава, паводле рэвізскай сказкі 1795 г., меў жонку Канстанцыю Антонаву Аскерку, дзяцей Станіслава, Антона, Софью, валодаў 9 вёскамі ў Мінскім павеце і 17 вёскамі ў Вілейскім (НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 7. Арк. 938–943; Спр. 9. Арк. 534–563, 853, 872; Спр. 12. Арк. 11–17).
[33] Капітан з 1783 г., у 1786 г. секунд-маёр расійскай службы Якаў Міхайлавіч Эстка быў апекуном Аляксандра Раманіуса, сына расійскага генерала Аўрама Раманіуса.
[34] Жаброўскі Мартын Тадевуш, падчашыч, меў у Вілейскім павеце в. Падневічы з 11 дварамі і 73 душамі сялян (НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 12. Арк. 2). Гл.: Анищенко Е. К. Шляхта Минского воеводства. Список XVIII ст.: сборник. Минск, 2020. С. 72.
[35] Відаць, гаворка ідзе пра брацлаўскага лоўчага Коўзана Антона Антонавага, які трымаў у Вілейскім павеце маёнткі Суша і Сульжыцы (7 двароў з 69 душамі сялян абодвух полаў. НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 12. Арк. 2), а ў Мінскім павеце – Старынкі (НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 4. Арк. 369. Ф. 1727. Спр. 14. Арк. 789. Спр. 16. Арк. 250). Тамсама былі маёнткі іншых Коўзанаў – сыноў падчашага Антона і Вікторыі Навадворскай – ротмістра Фелікса, Аляксандра, паручніка Нікадзіма. Яны разам валодалі 17 дварамі з 49/53 душамі сялян (НГАБ. Ф. 1769. Спр. 18. Арк. 88. Ф. 1727. Спр. 12. Арк. 1295. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 12. Арк. 2). Гл: Анищенко Е. К. Шляхта Минского воеводства. Список XVIII ст. С. 95.
[36] Івянецкі плябан і альтарыст касцёла Іосіф Томашаў Камінскі (НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 11. Арк. 61–62, 63–69) у рэвізскіх сказках пісаўся смаленскім канцлерам генерала.
[37] Сам палонены сямнаццацігадовы Іахім Сухадольскі гаварыў, што ён быў ад’ютантам генерала Стэфана Грабоўскага, якога Агінскі выпрасіў сабе ў ад’ютанты (Энгель А. М. Архив Виленского генерал-губернаторства. С.-Петербург, 1870. Т. 2. Ч. 3. С. 268, 270, 271–272; Mościcki H. Generał Jasiński i powstanie… С. 207).
[38] РДАСА. Ф. 7. Воп. 2. Спр. 2869. Ч. 1. Арк. 99адв. Адзін з Камінскіх, уніяцкі плябан Людвік Камінскі, меў у 37 населеных пунктах вакол мястечка Даўгінава 562 двароў з 2525 чал. падданных абодвух полаў (РДВГА. Ф. ВПА. Спр. 18839. Арк. 348–366).
[39] РДАСА. Ф. 7. Воп. 2. Спр. 2869. Арк. 89, 100.
[40] Шмигельските-Стукене Р. Михаил Клеофас Огинский. С. 151.
[41] РДАСА. Ф. 7. Воп. 2. Спр. 2869. Ч. 1. Арк. 100; Энгель А. М. Архив Виленского генерал-губернаторства. Т. 2. Ч. 3. С. 260.
[42] НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 12. Арк. 2, 7адв. Усе згаданыя населеныя пункты пасля, у 1797 г., пяройдуць з Вілейскага павета ў склад Мінскага.
[43] НГАБ. Ф. 1864. Воп. 1. Спр. 1 (пратаколы размежавання Івянецкага графства ў 1783–1784 гг.). Iwieniec.eu/eksdywizja/aktorzy
[44] НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 12. Арк. 604адв.–605, 787адв.–788.
[45] Тамсама. Арк. 592адв.–593, 620адв.–621.
[46] Раманіус Аўрам Іванавіч (1724–1799) у 1771–1783 г. камандаваў корпусам у Рэчы Паспалітай і забяспечваў сілай рэалізацыю першага падзелу гэтай краіны да сваёй адстаўкі ў 1783 г.
[47] Kurier Litewski. 1820. № 140. 1829. № 49; Jusupović M. Prowincjonalna elita litewska w XVIII wieku. Działalność polityczna rodziny Zabiełłów w latach 1733–1795. Warszawa, 2014. С. 124.
[48] НГАБ. Ф. 1769. Воп. 1. Спр. 17. Арк. 377, 382.
[49] Тамсама. Спр. 14. Арк. 370.
[50] Анішчанка Я. Народжаны рабалепнічаць. Беларускія землі пры першым падзеле Рэчы Паспалітай. Мінск, 2007. С. 95, 98–99, 100, 109, 137, 192, 199, 204–205.
[51] НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 12. Арк. 6, 365адв, 641, 647, 653, 670, 693, 751, 791, 808–809.
[52] НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 4. Арк. 693адв., 791; Iwieniec.eu/eksdywizja/aktorzy. Графіня Салагуб мела ў Івянцы ўсяго 1129 душ абодвух полаў у 184 дварах.
[53] РДВГА. Ф. ВПА. № 18839. Спр. 70; РДГА. Ф. 1350. Воп. 312. Спр. 89. Раманіус атрымаў 199 сялян у 26 дварах.
[54] НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 4. Арк. 622–623, 624–625, 626–627.
[55] Тамсама. Спр. 4. Арк. 649–650, 662–663.
[56] НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 9. Арк. 299адв.–300. Жонка Ганна Багуславава.
[57] PSB. 1947. T. 6 (4). Z. 29. S. 300, 303.
[58] PSB. T. V/1. Z. 21. 1939. S. 47.
[59] Tadeusz Soplica (Adam Wolański). Wojna Polsko-Rosyjska 1792 r. Т. 1. Poznań, 1924. S. 110.
[60] НГАБ. Ф. 389. Спр. 545. Арк. 95. Спр. 551. Арк. 734. Спр. 554. Арк. 535, 1171. Ф. 1727. Спр. 92. Арк. 229. Ф. 1774. Спр. 25. Арк. 501. Ф. 1767. Спр. 21. Арк. 740.
[61] Тамсама. Ф. 1711. Воп. 1. Спр. 67. Арк. 679.
[62] Тамсама. Ф. 1751. Воп. 1. Спр. 31. Арк. 140.
[63] Тамсама. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 12. Арк. 545адв.–546, 563адв.–564.
[64] РДВГА. Ф. ВПА. Спр. 282. Арк. 322адв. Князь М. Радзівіл быў членам у 3-й дэпутацыі Крымінальнага суда.
[65] Рункевич С. История Минской архиепископии. 1793–1832 гг. С.-Петербург, 1893. С. 235; Bilyk V. Царские репрессии относительно грекокатолической церкви на юго-восточной Речи Посполитой в конце XVIII века // Studia Koszalińsko-Kołobrzeske. 2019. Z. 26. S. 233–248.
[66] РДАСА. Ф. 16. Спр. 758. Ч. 2. Арк. 132, 138–184.
[67] Бенігсен Лявон Лявонцьеў (1745–1826), барон, служыць пачаў з 14 гадоў, з 1787 г. камандзір Ізюмскага лёгкаконнага палка, чын генерал-маёра атрымаў за разгром паўстанцаў пад Ліпнішкамі і Соламі, а ордэн св. Георгія – за захоп Вільні.
[68] РДВГА. Ф. 489. Воп. 1. Спр. 2720. Арк. 1–121. Спр. 2721. Арк. 1–171. У палку лічылася 1045 чал. пры 907 конях.
[69] Тамсама. Ф. 489. Воп. 1. Спр. 1907. Арк. 92–122. Спр. 2040. Арк. 1–152.
[70] Тамсама. Ф. 489. Воп. 1. Спр. 539. Арк. 36. Спр. 540. Арк. 5–170.
[71] РДВГА. Ф. 489. Воп. 1. Спр. 2516. Арк. 1–101. Пскоўскі полк налічваў 1831 чал. пры 1860 конях.
[72] АЗПРІ. Ф. 79. Воп. 6. Спр. 1838. Арк. 165; РДАСА. Ф. 7. Воп. 2. Спр. 2869. Ч. 2. Арк. 99адв.
[73] АЗПРІ. Ф. 79. Воп. 6. Спр. 1838. Арк. 165–166. Энгель А. М. Архив Виленского генерал-губернаторства. С. 276–280; Powstanie kościuszkowskie 1794: dzieje militarne / pod red. T. Rawskiego. Warszawa, 1994. Т. 2. S. 397–398. Польскія аўтары спасылаюцца на мемуары Агінскага і таго ж А. М. Энгеля (Описание дел, хранящихся в архиве Виленского генерал-губернаторства / сост. А. Энгель (при содействии К. Н. Комолицкого). Т. 1–2. Вильно, 1870. Т. 2. Ч. 1: Письма и бумаги, относящиеся до польского восстания 1794 г. и до кампании против Костюшки, с 1 апреля по 19 мая 1794 г.).
[74] Мемуары Михаила Клеофаса Огинского о Польше и полякахс 1788 года до конца 1815 года. Т. 1. Минск, 2015. С. 323.
[75] Ogiński M. Pamiętniki… T. 1. S. 456. Mościcki H. Generał Jasiński i powstanie… S. 207.
[76] Powstanie kościuszkowskie 1794: dzieje militarne. S. 398.

Наверх

Тэгі: ,