Ганецкая, Ірына У. Глускі замак у святле археалагічных даследаванняў і пісьмовых крыніц. Мінск, 2018 (Ніна Здановіч).
ГАНЕЦКАЯ, ІРЫНА У. Глускі замак у святле археалагічныхдаследаванняў і пісьмовых крыніц. Мінск: Беларуская навука, 2018. 415 с., іл.
Археалогію традыцыйна класіфікуюць як дапаможную гістарычную дысцыпліну. Аднак гісторыкі практычна не карыстаюцца яе дапамогай. Археолагі вельмі часта плацяць гісторыкам той жа манетай. Манаграфія ж Ірыны Ганецкай дэманструе магчымасці сінтэзу гістарычныхі археалагічных крыніц. З яе старонак у святле няпростай гісторыі ВКЛ і Рэчы Паспалітай паўстае практычна зніклы з твару зямлі Глускі замак – як родавае гняздо Палубінскіх, а пасля – уладанне Радзівілаў.
Работа падзяляецца на шэсць раздзелаў: I. “Гісторыя вывучэння Глускага замка і крыніцы даследавання” (7–33); II. “Гісторыя валодання замкам” (34–54); III. “Стратыграфія і храналогія культурнага пласта” (55–69); IV. “Аналіз
калекцый археалагічных знаходак” (70–155); V. “Фартыфікацыя” (156–174); VI. “Замак як жыццёвая прастора” (175–238). Тэкставую частку дапаўняюць 4 дадаткі, у якіх даецца спіс гаспадароў замка і вынікі даследавання астэалагічнага матэрыялу, рыбінай лускі і рэшткаў раслін, атрыманыхз раскопак замка. Шматлікія ілюстрацыі размешчаны як па тэксце, так і ў асобным альбоме, які налічвае 225 фотаздымкаў, графічных замалёвак і табліц.
Кожны раздзел прысвечаны асобнай тэме, але яны цесна звязаны паміж сабой. Прыкладам, з генеалогіяй роду Палубінскіх чытач пачынае знаёміцца ў раздзеле I, прысвечаным гісторыі вывучэння замка і крыніцам даследавання, падрабязна разглядаецца яна ў раздзеле II (“Гісторыя валодання замкам”), і вяртаецца аўтар да асобных прадстаўнікоў роду пры разглядзе пытанняў стратыграфіі, фартыфікацыі і нават аналізе керамічных калекцый (геральдычная кафля). Гэта абумоўлена імкненнем даследчыцы ўвязваць гістарычныя крыніцы з археалагічнымі, што, аднак, месцамі прыводзіць да вымушаныхпаўтораў. Спецыфічна археалагічныя па змесце раздзелы III і IV, затое наступныя пабудаваны на сінтэзным выкарыстанні і археалагічных матэрыялаў, і пісьмовых крыніц.
Першы раздзел пачынаецца з падрабязнага аналізу замкавай пляцоўкі, што заўсёды важна для выбару месцаў археалагічных даследаванняў. У кароткім аглядзе гісторыі вывучэння замка І. Ганецкая дае крытычны агляд прац папярэднікаў (А. Рынейскага, Ю. Якімовіча, М. Ткачова, Г. Сагановіча) і вызначае стан даследаванняў. Высветліўшы, што з дзвюх вядомых у пісьмовых крыніцахназваў Глуска (“Пагарэлы” і“Дубровіцкі”) даследаванаму замку належала апошняя, яна сцісла аналізуе дакументы па гісторыі Глуска-Дубровіцкага. Гэта прывілеі, дзельчыя лісты, матэрыялы Метрыкі ВКЛ, купчыя лісты і асабліва – інвентары. У характарыстыцы археалагічныхкрыніц уражваюць маштабы даследавання: за 13 сезонаў, з 1996 да 2008 г., раскопамі было ахоплена 668 кв. м плошчы аб’екта. Не менш уражвае колькасць апрацаваныхзнаходак – агулам больш як 60 000 адзінак! Даследчыца адразу звяртае ўвагу на тое, што вывучэнне менавіта масавага матэрыялу дае магчымасць не толькі ахарактарызаваць у цэлым матэрыяльную культуру побыту жыхароў замка, але і асвятліць некаторыя нематэрыяльныя бакі іхжыцця і ўдакладніць некаторыя даты гісторыі помніка. Сцісла апісваюцца ўсе катэгорыі знаходак, бо кожная з іх, як адзначае аўтар, можа нешта расказаць пра жыццё замка. Прыкладам, менавіта будаўнічыя матэрыялы (а гэта не толькі цэгла, дахоўка, драўляныя элементы з пабудоў, а яшчэ і рошчына, цвікі, аконнае шкло) разам з пісьмовымі крыніцамі даюць уяўленне пра выгляд інтэр’ераў замка розных эпох. А статыстычная раскладка ўсіх знаходак па перыядах дазваляе вызначыць інтэнсіўнасць жыцця на замку ў розныя часы і пік гэтай інтэнсіўнасці, які прыпадае на другую палову XVII – XVIII ст. (25).
Дадатковай катэгорыяй крыніц сталі карты, гравюры, схемы, копіі якіх прыведзены ў кнізе (26–33).
Раздзел II прысвечаны падрабязнаму аналізу змены ўладальнікаў замка. Прычым у канву генеалагічныхперыпетый уключаны дадзеныя археалогіі, дзякуючы якім высвятляецца, хто з уладальнікаў мог пабудаваць ці перабудаваць у замку выяўленыя пад час раскопак аб’екты. Аўтар шмат цытуе архіўныя крыніцы, падае вытрымкі з разнастайных дакументаў і змяшчае партрэты ўладальнікаў, якія дазваляюць уявіць гісторыю замка ў вобразах і асобах.
У наступным раздзеле (“Стратыграфія і храналогія культурнага пласта”) падрабязна аналізуецца працэс археалагічных даследаванняў, яго логіка і этапы. Гаворачы пра першапачатковы рэльеф замкавай пляцоўкі, аўтар вызначае яе як пясчанае ўзвышша на нізкім забалочаным беразе Пцічы (57). Дзякуючы дасканаласці апісання раскопаў, шурфоў і траншэй, дапоўненага малюнкамі і фотаздымкамі, праца І. Ганецкай можа паслужыць добрым прыкладам для маладых археолагаў. Стратыграфічны аналіз раскапаных плошчаў праведзены тут па выяўленых этапах будаўніцтва. Акрамя непасрэднага апісання характару адкладанняў, магутнасці слоя і яго лакалізацыі падаецца методыка прачытання профіляў, стратыграфічных асаблівасцяў і інтэрпрэтацыя слядоў тых працэсаў, якія адбываліся пад час будаўніцтва і перабудовы замка. Даследчыца спрабуе не проста фіксаваць, але вытлумачыць усе асаблівасці слоя. Не ігнаруецца, прыкладам, нават вялікая колькасць трэсак у пэўным месцы – гэта магло быць месца для апрацоўкі лесу для будаўніцтва драўлянага замка (58). А там, дзе вугаль спрасаваны са спечанай глінай, – месца знішчанай агнём драўлянай канструкцыі з глінянай абмазкай.
Даследчыца выявіла і рэканструявала цэлую серыю аб’ектаў у межах замка, а стратыграфічныя сляды ў прывязцы да даследаваных шурфоў і раскопаў дазволілі ёй вызначыць хаду самых грандыёзных будаўнічых работ – узвядзення брамы, воднай вежы і земляных умацаванняў.
Найбольш месца ў кнізе аддадзена аналізу калекцый археалагічных знаходак (70–155). Тут разгледжаны літаральна ўсе іх катэгорыі: будаўнічыя матэрыялы, керамічны посуд і іншыя побытавыя рэчы з гліны, шкляныя, металічныя вырабы, вырабы са скуры і астэалагічныя парэшткі. Будаўнічыя матэрыялы класіфікаваны на прыродныя натуральныя (пясок, гліна, камень, дрэва і іхспалучэнне) і штучныя, да якіх аднесены не толькі будаўнічая кераміка (цэгла, пліткі падлогі і дахоўка), але і рошчына, аконнае шкло і скабянка. Апрацоўка знаходак праведзена па прадуманай, грунтоўнай методыцы. Аналізуюцца памеры цэглы, склад фармовачнай масы і мацавальнай рошчыны, а таксама тэхналагічныя сляды. Па фіксаванай розніцы ў характары нанясення барознаў на цэгле-пальчатцы даследчыцы ўдаецца вызначаць факт таго, што выраблялі яе розныя майстры. У аконным шкле яна таксама знаходзіць залежныя ад перыяду характарыстыкі, якія і дазволілі рэканструяваць інтэр’еры выяўленых пабудоў.
Кафля як архітэктурна-дэкаратыўная кераміка характарызуецца ў звязку з выяўленымі пабудовамі. Даследчыцай апрацавана амаль 4,5 тысячы фрагментаў каробкавай кафлі, якая разгледжана ў храналагічнай паслядоўнасці па аднолькавай схеме: статыстыка, лакалізацыя, тэхналогія вырабу і арнаментыка. Памеры кафлянай пласціны ўключаюць не толькі яе фармат, але і таўшчыню з рэльефам і без яго, вышыню і характар рэльефу (акруглы ці плоскі), вышыню і шырыню рамкі. Фіксуюцца сляды матрыцы пласціны (драўляная ці керамічная, ці выкарыстоўвалася пры фармоўцы тканіна). Пры апісанні арнаменту не толькі адзначаецца характар малюнка і ступеньяго захаванасці, але і даецца мастацтвазнаўчы аналіз выявы. Для паліхромнай кафлі каштоўная фіксацыя паслядоўнасці нанясення колераў. Датавана кафля найперш стратыграфічным метадам, а для геральдычнай прыменены яшчэ і дэталёвы аналіз генеалогіі родаў уладальнікаў. Пад увагу бярэцца і стылістычны аналіз выяў – іхадпаведнасць рысам маньерызму ці барока. Даследчыца выказала цікавую гіпотэзу, што ўзорам для кафлі з гербам Аляксандра Гілярыя Палубінскага была творчасць славутага мастака-гравёра XVII ст. Аляксандра Тарасевіча (96). Аналіз фрагментаў гербавай кафлі можа быць прыкладам методыкі аднаўлення малюнка і ідэнтыфікацыі прыналежнасці герба з дадатковым выкарыстаннем пісьмовых крыніц.
Значная частка кнігі прысвечана самым масавым археалагічным знаходкам – керамічнаму посуду, якога вывучана каля 23 000 фрагментаў (105–140). Колькасная характарыстыка матэрыялу зноў звязана з пабудовамі, ля якіх ён выяўлены, і з храналагічнымі перыядамі. Характарызуючы тэхналагічныя асаблівасці посуду, даследчыца адначасова выкладае методыку яго апрацоўкі. Звязваючы рэцэптуру са спосабам фармоўкі, звяртае ўвагу на шматлікія прыкметы вырабу начыння на ручным ці нажным крузе, падкрэслівае важнасць фіксацыі колеру чарапка (бела- ці чырвонагліняны). У якасці збядняльнікаў вызначаны не толькі жарства і пясок, але і тоўчаныя ракаўкі-перлавіцы – рэдкая з’ява ў вытворчасці посуду. Уважлівы аналіз складу фармовачнай масы дазволіў выявіць групу посуду канца XVII – пачатку XVIII ст., зробленага ў архаічнай тэхніцы (на ручным крузе), уласцівай у гэты час толькі сельскаму ганчарству. Да таго ж частка гаршкоў мела клеймы, што не характэрна для посуду таго часу, аднак даследчыца даводзіць, што стратыграфічна яны датуюцца часам пасля 1670 г. Гэта чарговы раз даказвае важнасць стараннага аналізу стратыграфіі пры датаванні знаходак, нават калі высновы, як можа падасца, супярэчаць стэрэатыпам (як у выпадку з клеймамі). Аналізуючы сляды розных тэхналогій абпалу паліванага посуду, І. Ганецкая вызначае прыкметы браку як доказ яго мясцовай вытворчасці. У апісанні арнаментыкі размова вядзецца не толькі пра сляды на посудзе, але і пра магчымыя інструменты ды тэхніку нанясення арнаменту.
Аналіз формаў посуду таксама размеркаваны па храналагічных перыядах. На прыкладзе вылучаных тыпаў непаліваных гаршкоў добра прасочваецца методыка апісання керамікі: колькасць фрагментаў, лакалізацыя, архітэктоніка, тэхналогія, аздабленне, стратыграфічная прывязка і толькі потым – аналогіі. У начыннях складанай формы (рынкі) даследчыца імкнецца апісаць паслядоўнасць працэсу далучэння частак. Склад асартыменту ганчарнага посуду, пададзены ў працэнтах, дае ўяўленне пра суадносіны розных яго відаў, незалежна ад тэхналагічных груп, у перыяд яго найбольшай разнастайнасці – з XVI да сярэдзіны XVII ст. (116).
Грунтоўна апісаны цэлыя формы посуду: падаюцца прамеры дыяметраў венца, донца, тулава, вышыня максімальнага дыяметра ад падэшвы начыння, вылічваюцца прапарцыянальныя суадносіны іх памераў. Даследчыца імкнецца вызначыць модуль формы, яе гармонію. Заслугоўвае пераймання ўменне лаканічна і дакладна апісаць прафілёўку гаршкоў розных тыпаў, уключаючы нават фіксацыю вугла адхілення венца (120).
У калекцыі шкла аўтарам ідэнтыфікавана каля 200 сасудаў у асноўным з перыяду 1680–1800 г., якія зафіксаваны графічна і ў фотаздымках. Яны апісаны паводле той жа методыкі, што і кераміка, з дадаваннем звестак пра таўшчыню вырабу, ступень пацінізацыі, колеравую гаму і меркаванае месца вытворчасці.
Апісанне і ідэнтыфікацыя металічных вырабаў пры іхфрагментарнасці і дрэнным стане захавання – заўсёды няпростая задача. Аднак даследчыца імкнецца зрабіцьвырабы максімальна інфармацыйнымі не толькі праз апісанне, але з дапамогай фота- і графічнай фіксацыі (іл. 162–177). Функцыянальная прыналежнасць некаторыхвырабаў гіпатэтычная, але іх крыніцазнаўчая вартасцьузмацняецца дакладнай прывязкай да месца знаходкі (пабудовы, слой пажарышча ці мацярык). Тое ж датычыцца і вырабаў з дрэва ці каменю.
Пра гарбарства і прафесіі, звязаныя з рэшткамі вырабаў са скуры, сведчаць не толькі археалагічныя знаходкі, але і матэрыялы інвентароў, у якіх захаваліся прозвішчы двух замкавых майстроў (153). Уважлівы аналіз слядоў на вырабах дазволіў вызначыць ступень зношанасці абутку, наяўнасць слядоў аздаблення, гендарную прыналежнасць, не кажучы пра гатункі скуры.
Тэкставая частка, прысвечаная астэалагічным парэшткам, на жаль, невялікая. Аднак дзякуючы змешчаным у дадатках табліцам вызначэння відаў жывёл, птушак і рыб створана выразная карціна фаўністычных рэсурсаў горада і прылеглых лясоў ад XVI да канца XVIII ст. Гэта інфармацыя можа стаць крыніцай для самастойнага даследавання заолагаў. Лічбавыя матэрыялы дазваляюць прааналізаваць і дынаміку відавога складу не толькі дзікіх, але і свойскіх жывёл. Зафіксаваны нават парэшткі жаб, мышы і жукоў, што пераконвае ў вельмі якасным працэсе даследаванняў (палявых і камеральных). Па слядах на касцях жывёл аўтар выказвае меркаванне пра спосабы апрацоўкі касцей і іх выкарыстанне. Невялікую, але цікавую калекцыю раслін (дадатак 4), апрацаваную супрацоўнікамі Інстытута батанікі НАН Беларусі, даследчыца перадала ў гербарый названай установы, што робіць яе даступнай для іншых даследчыкаў.
Змест раздзела “Фартыфікацыя” добра дэманструе значэнне археалагічных даследаванняў для аднаўлення вобразу замка. Гіпатэтычная рэканструкцыя замка розныхперыядаў тут падаецца на падставе сінтэзу археалагічных матэрыялаў і пісьмовых крыніц. Аўтар аднавіла карціну ўмацаванняў і логіку разбудовы драўлянага замка XVI ст., які быў спалены ўкраінскімі казакамі ў сакавіку 1655 г. Падрабязнае апісанне замка, пры неабходнасці і наяўнасці ў горада сродкаў, можа быць падставай для рэканструкцыі замка у фармаце 3D.
Апісанне фартыфікацыі замка XVII–XVIII ст. базуецца галоўным чынам на пісьмовых крыніцах – пераважна на інвентарах XVIII ст., звесткі якіх дапоўнены вынікамі археалагічных раскопак. У датаванні абарончых збудаванняў і пабудоў выкарыстаны стратыграфічныя назіранні і знаходкі. Сляды будаўніцтва брамы ў выглядзе плям пяску, рошчыны і чырвонай гліны з цэглай, а таксама геральдычная кафля з датамі 1670–1675 г. – усё гэта дазволіла вызначыць час яе пабудовы: паміж пажарам і ўзвядзеннем вала. Манеты і знаходкі сведчаць пра функцыянаванне брамы да канца XVIII ст. Інвентары і раскопкі сталі падставай для апісання інтэр’ераўбрамы іяе абарончых элементаў У даследаванніабарончага вала вызначаны як яго памеры, так івуглы нахілаў. Апісаны абрысы і памеры бастыённай фартыфікацыі замка, узвядзенне якой аднесена да 1677–1679 г. Падсумоўваючы, І. Ганецкая паказвае, як Глускі замак з другой паловы XVII ст. паступова ператвараецца ў рэзідэнцыю і цэнтр адміністрацыйнай акругі (174).
У заключным раздзеле “Замак як жыццёвая прастора” І. Ганецкая апісвае планіровачную структуру замкавых пабудоў, заняткі жыхароў і іх харчаванне, а таксама звяртаецца да пытання санітарных умоў і гігіены. Пры ўзнаўленні вобразу пабудоў і іх інтэр’ераў у розныя часы, залежна ад уладальнікаў, можна зноў назіраць добры прыклад камбінацыі пісьмовых і археалагічных крыніц, іх узаемадапаўнення. Прыкладам, калі ў дзельчым лісце 1571 г. толькі згадваецца дом “на подклецех”, то археалагічныя раскопкі дазволілі выявіць рэшткі гэтага дома, вызначыць этапы яго будаўніцтва і некаторыя рысы інтэр’еру. Па наяўнасці імпартнага шклянога і керамічнага посуду ці гербавай кафлі даследчыца вызначае статуснасць уладароў замка. Праца дазваляе уявіць не толькі жылыя ці абарончыя, але і разнастайныя гаспадарчыя пабудовы (цэхгаўзы, свірны, стайні, вазоўні і г. д.) Глускага замка, які ў XVIII ст. ператвараецца ў сядзібу, абкружаную магутным валам.
Вывучэнне заняткаў паказвае, што галоўнай турботай уладароў замка была арганізацыя абароны. Пры іхапісанні даецца агляд узбраення, характарызуюцца вайсковыя павіннасці і сама сістэма кіравання замкам ды ўсім маёнткам. На падставе аналізу інвентароў, дзельчыхлістоў і іншых крыніц аўтар паказвае ўзаемадачыненні паміж гаспадарамі замка і падуладным ім насельніцтвам. Галоўнай павіннасцю былі “гвалты” на карысць замка, найважнейшы з якіх – узвядзенне і рамонт фартыфікацыйных збудаванняў. Местачковыя рамеснікі і насельніцтва воласці выконвалі іншыя “гвалты”, уключаючы выраб прылад працы і рэчаў штодзённага ўжытку. Даследчыца не проста пералічвае местачковых рамеснікаў розных спецыяльнасцяў, але падае іх спісы на канкрэтныя гады (з 1638 да 1755 г.), на падставе аналізу інвентароў.
Пра замкавых рамеснікаў і іх спецыялізацыю шмат звестак даюць археалагічныя матэрыялы. Як падкрэслівае даследчыца, бракаваныя вырабы, інструменты і сляды вытворчасці, якіх на замку знойдзена нямала, заўсёды можна лічыць доказам мясцовай вытворчасці.
На падставе такіх знаходак, як драўляныя мячы, гліняныя вершнікі, канькі, каменныя ці керамічныя вырабы для настольных гульняў і да т. п., І. Ганецкая змагла аднавіць і традыцыі баўлення вольнага часу жыхарамі замка. Самы распаўсюджаны шляхецкі занятак – паляванне – разглядаецца праз прызму пісьмовых звестак, тады як пра аб’екты кажа пералік сабраных у раскопах рэшткаў жывёл. Знаходкі сведчаць, што з XVII cт. у жыхароў замка з’яўляецца і мода курыць тытунь.
Даследчыца пастаралася вызначыць і рацыён харчавання насельнікаў замка. Яна лічыць, што асноўнымі крыніцамі здабывання харчовых прадуктаў былі фальваркі і гароды, сады з кустамі, лясы з дзічынаю і рака Пціч. Некаторыя прадукты, як гэта вядома з пісьмовых крыніц, прывозіліся з-за мяжы (віно, прыправы) або купляліся на мясцовых рынках. У працы пералічваюцца культываваныя ў Глуску зерневыя культуры, апісаны працэс іх перапрацоўкі і збудаванні, неабходныя для гэтага (млыны, пякарні, сырніцы), а таксама некаторыя нюансы самой перапрацоўкі (222). Па пісьмовых крыніцах прыводзяцца звесткі пра хлеб і пякарні.
Характарызуючы рацыён харчавання, аўтар па працэнтных суадносінах костак жывёл робіць выснову пра паступовае ўзрастанне ў спажыванні долі свініны і зніжэнні долі дзікіх жывёл. Аднак у рацыёне арыстакратыі яны маюць большы працэнт у параўнанні з іншым насельніцтвам. У кантэксце пытанняў гігіены і сацыяльнай дыферэнцыяцыі грамадства разгледжана спажыванне страў, развіццё асартыменту посуду і з’яўленне паліванай керамікі. Хоць знаходка сталовых прыбораў – вялікая рэдкасць, даследчыцы ўдалося прасачыць змены ў эвалюцыі формы відэльцаў ад XVI да XVIII ст.
Па скупых сведчаннях пісьмовых крыніц і выяўленыхканструкцыях І. Ганецкая ацэньвае санітарную сітуацыю ў замку. Паляпшэнню апошняй, на яе думку, спрыяла наяўнасць печаў і камінаў, магчымасць для праветрывання ў канструкцыі вокнаў, студні і, верагодна, замкавая каналізацыі для сцёку нечыстот у раку, а таксама выкарыстанне нягашанай вапны для дэзінфекцыі адкрытыхям-сметніц.
Увогуле трэба адзначыць змястоўнасць апошняга раздзела працы, наватарскага для беларускай археалогіі. Дзякуючы яму чытач можа атрымаць шматбаковае ўяўленне пра побыт і магнацка-шляхецкую культуру беларускага замка ранняга Новага часу.
Багаты ілюстрацыйны матэрыял (выявы ўладароў; планы і графічныя ілюстрацыі збудаванняў, якія ўжо не існуюць; фотаздымкі выяўленых фрагментаў пабудоў, знойдзеных архіўных дакументаў; графічныя рэканструкцыі самага галоўнага ўпрыгожвання інтэр’ера памяшканняў – печаў XVI–XVII ст.; шматлікія фотаздымкі археалагічных знаходак з замка) можа быць карысны для папулярызацыі гэтых ведаў сярод шырокіх колаў насельніцтва. Працэс раскопак і выяўлены археалагічны матэрыял падрабязна зафіксаваны ў графічных ілюстрацыях і фотаздымках. Зручнасці ў карыстанні працай дадае імянны паказнік у канцы кнігі, які ўключае прозвішчы жыхароў воласці, што сустракаліся ў архіўных крыніцах.
У цэлым кніга Ірыны Ганецкай уяўляе з сябе комплекснае, грунтоўнае, можна сказаць – узорнае даследаванне асобнага замка, заснаванае на выніках архітэктурна-археалагічных раскопак з выкарыстаннем звестак усіх іншых даступных крыніц. Даследчыца выканала пастаўленую сабе задачу – паказала Глускі замак як “поліфункцыянальную сістэму – абарончую, адміністратыўную, эканамічную і жыццёвую, створаную людзьмі і для людзей”. Адначасова яна прадэманстравала магчымасці інтэрдысцыплінарнага падыходу ў вывучэнні канкрэтнага помніка. Гэтая праца можа выкарыстоўвацца ў якасці прыкладу методыкі апрацоўкі і вывучэння масавага археалагічнага матэрыялу як гістарычнай крыніцы. Несумненна, яна будзе карыснай як для археолагаў, так і для гісторыкаў, краязнаўцаў і экскурсаводаў.
Мінск
Ніна Здановіч