“Nowiny Lubelskie” z marca 1569 roku. Źródło do dziejów sejmu unii lubelskiej / Opracowali i wydali PIOTR DYMMEL i HENRYK GMITEREK. Lublin: Archiwum Państwowe w Lublinie, 2019. 102 s.
У 2019 г. навуковая грамадскасць адзначыла 450-гадовы юбілей падпісання Люблінскай уніі. Прадстаўнічыя канферэнцыі, прысвечаныя ўтварэнню Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў, адбыліся ў Польшчы, Беларусі, Літве, Украіне, Расіі і іншых краінах. Гэтыя канферэнцыі паказалі, што саюз паміж Каронай Польскай і Вялікім Княствам Літоўскім, заключаны 1 ліпеня 1569 г., меў этапнае значэнне для далейшага развіцця народаў Цэнтральна-Усходняй Еўропы. Нягледзячы на тое, што вывучэнне Люблінскай уніі 1569 г. мае надзвычай багатую і доўгую традыцыю, увесь час паўстаюць новыя аспекты і вымярэнні гэтай даследчай праблемы. Адпаведна, увядзенне ў шырокі навуковы зварот новых або малавядомых крыніц, звязаных з ходам палітычнай барацьбы вакол заключэння уніі, – вельмі актуальная і важная задача.
Яшчэ ў 1908 г. польскі гісторык Казімеж Пуласкі надрукаваў невялікі артыкул, прысвечаны дакументу пад назвай “Nowiny Lubelskie”, з падрабязным апісаннем сітуацыі на сойме ў Любліне на працягу 4–6 сакавіка 1569 г. [1]. На жаль, у пазнейшых даследаваннях, за выключэннем хіба работ Оскара Галецкага і Марэка Ферэнца [2], гэтай крыніцы не аддавалася значнай увагі [3]. І толькі ў 2019 г. яна дачакалася паўнавартаснага навуковага выдання, падрыхтаванага намаганнямі люблінскіх даследчыкаў Пятра Дымеля і Генрыка Гмітэрэка пры фінансавай падтрымцы Галоўнай дырэкцыі дзяржаўных архіваў у Варшаве. Заўважым, што П. Дымель займае пасаду дырэктара Дзяржаўнага архіва ў Любліне, дзе і захоўваюцца “Люблінскія навіны”. У сваю чаргу, супрацоўнік Універсітэта Марыі Кюры-Складоўскай у Любліне прафесар, доктар габілітаваны Г. Гмітэрэк вядомы сваімі даследаваннямі па гісторыі Цэнтральна-Усходняй Еўропы XVI–XVII ст.
Кніга распачынаецца “Уводзінамі”, якія складаюцца з трох частак. Першая частка (9–17) прысвечана акалічнасцям з’яўлення “Люблінскіх навін” і іх зместу. Г. Гмітэрэк апісвае спрэчкі на сойме ў Любліне паміж кароннай і велікакняскай дэлегацыямі вакол зместу уніі ў студзені – лютым 1569 г. Якраз прынцыповыя разыходжанні ў поглядах на ўмовы будучага дзяржаўнага саюзу прывялі да радыкальнага і, як пасля выявілася, памылковага кроку – у ноч на 1 сакавіка дэлегацыя ВКЛ амаль у поўным складзе пакінула Люблін. Такі дэмарш зрабіў пазіцыю караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта Аўгуста, а таксама кароннага боку больш жорсткай, і ў пачатку сакавіка было прынята рашэнне пра далучэнне земляў Падляшша і Валыні да Кароны. Менавіта ў такіх умовахпаўсталі “Люблінскія навіны”, якія адлюстравалі спрэчкі і настроі, што панавалі 4–6 сакавіка 1569 г. на паседжаннях сойма, пры каралеўскім двары ды вакол яго. Гістарычны кантэкст апісаны на аснове работ О. Галецкага.
На жаль, у выданні зусім па-за ўвагай засталося фундаментальнае даследаванне Генрыка Люлевіча, прысвечанае ўтварэнню Рэчы Паспалітай і няпростым стасункам паміж палітычнымі народамі ВКЛ і Польшчы ў першыя два дзесяцігоддзі яе існавання [4]. Што датычыць пытання аўтарства рукапісу, то Г. Гмітэрэк падтрымлівае выказанае яшчэ К. Пуласкім меркаванне, што “Люблінскія навіны” былі напісаны пісарам канцылярыі ВКЛ Мацеем Савіцкім для віленскага ваяводы, канцлера Мікалая Радзівіла Рудога (10, 16). У другой частцы “Уводзінаў” (19–34) П. Дымель падрабязна разглядае гісторыю самога рукапісу, адзначае яго выкарыстанне ў навуковай дзейнасці К. Пуласкага і О. Галецкага, а таксама Станіслава Пташыцкага. Звяртае ўвагу на два асобнікі “Люблінскіх навін”, што захаваліся да нашага часу: рукапіс XVI ст. з Дзяржаўнага архіва ў Любліне, якім карыстаўся К. Пуласкі, і копія канца XVIII ст. з Бібліятэкі Музея Чартарыйскіх у Кракаве, якой карыстаўся О. Галецкі. На падставе грунтоўнай знешняй крытыкі крыніцы П. Дымель прыходзіць да высновы, што менавіта польскамоўны рукапіс XVI ст. з’яўляецца арыгіналам “Люблінскіх навін” (22–24). У сваю чаргу, польскамоўная копія канца XVIII ст. была зроблена непасрэдна з арыгінала (25). Акрамя таго, пададзена апісанне знешніх прыкмет рукапісу, а таксама разгледжана пытанне яго назвы. Асобна П. Дымель спыніўся на гісторыі арыгінальнага рукапісу, асабліва ў XIX–XX ст. На старонках выдання (28–34) адкрываецца таямнічая і амаль дэтэктыўная гісторыя падарожжа “Люблінскіх навін” з Бібліятэкі Генеральнага штаба ў Пецярбургу праз познаньскага калекцыянера Марыяна Свінарскага ў Дзяржаўны архіў у Любліне. У трэцяй частцы “Уводзінаў” (35–36) змешчаны прынцыпы выдання крыніцы, а таксама шэрагу матэрыялаў, непасрэдна звязаных з яе вывучэннем. Рукапіс надрукаваны ў адпаведнасці з выдавецкай інструкцыяй 1953 г.: былі мадэрнізаваны арфаграфія, пунктуацыя і правапіс пры захаванні характэрныхрысаў старапольскай мовы. Безумоўны плюс выдання – наяўнасць факсіміле арыгінальнага тэксту “Люблінскіх навін” у даволі вялікім пашырэнні (600 ppi) і без усялякага змянення атрыманай выявы (59–80). Лічым, што пры гэтым выдаўцы здолелі дасягнуць сваёй мэты – адлюстраваць рукапіс у макімальна рэальным стане (36). Можна асабіста пазнаёміцца з арыгінальным тэкстам крыніцы, убачыць уласнаручныя праўкі яе аўтара і чытачоў, пазнакі архівістаў.
Сам тэкст “Люблінскіх навін” падрыхтаваны да друку Г. Гмітэрэкам (39–48). Крыніца насычана рознымі дзейнымі асобамі, фактамі і падзеямі, меркаваннямі і чуткамі. Аднак галоўная яе рыса – надзвычайная эмацыйная напоўненасць. Перш за ўсё можна адчуць тую напружаную палітычную атмасферу, што панавала ў Любліне ў пачатку сакавіка 1569 г. Аўтар, як ён сам сябе называў, “праўдзівы сын земскі Вялікага Княства Літоўскага” (43), не хаваў свайго абурэння рашэннем манарха і палякаў аб адарванні ад ВКЛ земляў Падляшша і Валыні. Каронны бок фактычна ставіўся ў адзін шэраг з галоўным ворагам Вялікага Княства Літоўскага – Маскоўскай дзяржавай: “нажніцы, як даўно абяцана, што вас з аднаго боку Маскоўскі [князь], а з другога боку Палякі падстрыгуць, ужо навастрыліся” (41). Шок выклікала тое, што на такі ўчынак пайшоў найбліжэйшы саюзнік. Вельмі трапна гэта выказаў падканцлер ВКЛ Астафей Валовіч на аўдыенцыі ў Жыгімонта Аўгуста 6 сакавіка 1569 г.: “Калі той вуж хаваўся да гэтага часу ў траве, а цяпер з’явіўся, то лепей бы Ваша К[аралеўская] М[ілас]ць мячом у нас тое вырваў, чым такім фортэлем, які ад прыяцеля і браткі маем, а не ад каўпака [5]. І горш мне цярпець ад брата, чым ад ворага” (48). Цень маскоўскай пагрозы станавіўся яшчэ больш змрочным. Аўтар асцерагаўся, што Маскоўская дзяржава можа выкарыстаць крызісную сітуацыю і рушыць з войскам на Кіеў, Мсціслаў, Віцебск (47). Красамоўна, што на старонках рукапісу зусім сур’ёзна пераказваліся чуткі, якія кружылі тады ў Любліне: Жыгімонт Аўгуст і палякі збіраюць войска, каб падпарадкаваць сваёй уладзе Падляшша, а можа нават ВКЛ і Валынь, усе ўрады ў Вялікім Княстве манарх будзе раздаваць “Ляхам”, а тых, хто не захоча прысягнуць на вернасць Кароне, не толькі пазбавяць маёнткаў, але і пакараюць смерцю (40, 42, 45). Больш за тое, рыхтуюцца розныя “фортэлі” супраць жамойцкага старасты Яна Хадкевіча і віленскага ваяводы Мікалая Радзівіла, нават з пагрозай для іх здароўя (43–44). Дарэчы, аўтар даволі ясна разумеў характар дзеянняў Жыгімонта Аўгуста ў пачатку сакавіка 1569 г.: “Пан выракся прысягі” (43). Манарх стаў выключна на бок палякаў, а ліцвіны ператварыліся ў “нявольнікаў”. Аднак далейшыя падзеі паказалі, што палітычная эліта ВКЛ была на той момант проста не гатовай да адпаведных рашучыхдзеянняў супраць гаспадара, які парушыў уласную прысягу і абавязак Вялікае Княства Літоўскае “въ границахъ ни въ чомъ не вменшати и овшемъ примножати” [6].
З іншага боку, “Люблінскія навіны” даволі дакладна адлюстравалі рэакцыю як кароннага боку, так і Жыгімонта Аўгуста на нечаканы, без афіцыйнага папярэджання ад’езд дэлегацыі ВКЛ з сойма. Гэты крок адназначна прывёў да радыкалізацыі пазіцыі польскай шляхты. Зноў загучалі словы пра “грубага халопа” Ягайлу, якому палякі далі “шляхетную” каралеўну, пра вольнасці, правы, свабоды і гербы, атрыманыя Вялікім Княствам ад Кароны. Сцвярджалася, што да Крэўскай уніі 1385 г. жыхары ВКЛ былі “грубымі і непрыстойнымі людзьмі, нявольнікамі паноў сваіх”. Палякі ўжо больш за 170 гадоў абараняюць ліцвінаў сваёй крывёй і грашыма, але тыя не маюцьніякай удзячнасці і толькі “высакамернымі” сталі. Увогуле, ліцвіны гатовы з масквіцінамі або з татарамі братацца і тым служыць, а не заключаць з палякамі унію (41). У сваю чаргу, Жыгімонт Аўгуст ацаніў палітычны дэмарш велікакняскай дэлегацыі як адназначную абразу. Калі адзін з “Літоўчыцаў” звярнуўся да манарха з просьбай адкласці рашэнне аб далучэнні Падляшша і Валыні на далейшае абмеркаванне сойма, то кароль “слова не даў сказаць, з гневам [заявіў], што няхай [ліцвіны] тое піва п’юць самі, якога наварылі” (45–46). Прыкладна тое жпаўтарыў Жыгімонт Аўгуст Астафею Валовічу і Мікалаю Нарушэвічу на аўдыенцыі 6 сакавіка: “А што сабе зрабілі, тое няхай і маюць” (47). Між іншым, на старонках “Люблінскіх навін” раптоўны ад’езд з сойма велікакняскай дэлегацыі ацэньваўся як безумоўная палітычная памылка. На думку аўтара, працяг перамоў мог даць станоўчы для ВКЛ вынік, але сваім ад’ездам толькі “сабе і сваёй Рэчы Паспалітай горш учынілі” (с. 45) [7]. Ён таксама спасылаўся на словы невядомых польскіх сенатараў пра былога віленскага ваяводу Мікалая Радзівіла Чорнага, які пад час перамоў аб уніі (у прыватнасці, на варшаўскім сойме 1563–1564 г.) “каралю іўсім радам смела казаў, сварыўся, але ніколі так не ад’язджаў уначы, абразы Пану і радам, і сабе ганьбы не рабіў” (45).
Тэкст крыніцы дае цікавыя звесткі пра адносіны ў межах самога палітычнага народа Вялікага Княства Літоўскага. Так, падзеі сакавіка 1569 г. выявілі канфлікт паміж вышэйшай часткай кіроўных колаў ВКЛ і часткай падляшскай шляхты. Аказалася, што паслы Драгічынскага павета Адам Касінскі і Мікалай Буйна з радасцю ўспрынялі далучэнне да Кароны. Абодва заявілі манарху і польскім сенатарам, што “чуюць пагрозы сабе ад Літвы, бо мы былі ў ніх заўсёды ў няміласці, у сварах, і не давяралі нам паны літоўскія, асцерагаючыся нас як сабак” (39–40). Падкрэслівалі, што служаць не віленскаму ваяводу або жамойцкаму старасту, а каралю польскаму і вялікаму князю літоўскаму. Праўда, частка падляшскіх паслоў спачатку падтрымала агульную пазіцыю дэлегацыі ВКЛ. Пасол Бельскага павета Каспер Ірыкавіч не хацеў, каб “паны літоўскія называлі яго здраднікам” (39). Калі верыць аўтару, то і найбольш уплывовыя дзеячы ўкраінскіх земляў з абурэннем аднесліся да адарвання Падляшша і Валыні ад ВКЛ. Так, кіеўскі ваявода Канстанцін Астрожскі нібыта заявіў наступнае: “Злітуйся, Божа, што мяне да карчмароў, нягоднікаў, Касінскага махляра і Буйна прыраўнялі. Я ў гэтай кампаніі быць не хачу і, дай Бог, не буду да смерці” (43). Цікава, што, па чутках, такое непрыманне К. Астрожскім далучэння да Кароны падтрымала і яго жонка, прадстаўніца вядомага польскага роду Зоф’я Тарноўская. Нават перад пагрозай магчымай канфіскацыі маёнткаў у Польшчы яна даводзіла мужу: “А калі да чаго-небудзь прыйдзе, каб [ён] хутчэй застаўся пры Айчыне, любячы дабрадзейнасць і пакліканне сваё княскае і продкаў сваіх, і не глядзеў, што яна за ім Полька” (43). Аўтар выказваў шчырае здзіўленне з падобнай яе пазіцыі. Аднак з-за пасіўнасці і расколу ў сваіх шэрагах кіроўныя колы ВКЛ страцілі шанец утрымаць на сваім баку палітычную эліту ўкраінскіх земляў. У выніку магнатэрыя і шляхта Валыні, а пасля і Кіеўшчыны згадзіліся перайсці пад уладу Польшчы [8]. Нездарма аўтар крыніцы заклікаў уладную эліту Вялікага Княства “не ў вёсцы над Нёманам сядзець, а ў Вільні, і мець вока на ўсё… Пра з’езд супольны думаць… бо трэба цяпер злучыцца моцна, як было і на Люблінскім сойме” (42).
Кніга мае некалькі дадаткаў (Faksymilia). Па-першае, як ужо адзначалася вышэй, выдаўцы змясцілі факсіміле арыгінальнага рукапісу крыніцы. Факсімільнае выданне дае магчымасць вывучаць не толькі гістарычны змест
дакумента, але і асаблівасці польскай мовы, якой карысталіся шляхцічы ВКЛ у XVI ст. Заўважым, што ў тэксце сустракаецца пэўная колькасць “русчызны”, запісанай лацінскімі літарамі: “Boh pomahaj kroliowi szto takije choroszyje dajesz” (44), “okajannych”, “bolszaja”, “nado być obo wsiem” (45), “odno aby na odnoho bieda prudszaja” (46). А гэта, на нашу думку, сведчыць, што на той час велікакняская шляхта існавала ў розных моўных стыхіях. Па-другое, надрукавана факсіміле артыкула К. Пуласкага 1908 г. (83–98), які стаў першай спробай навуковага аналізу “Люблінскіх навін”. На с. 101–102 змешчана лічбавая копія аналітычнай запіскі (Opinia), спецыяльна прысвечанай дадзенай крыніцы і напісанай у студзені 1925 г. тагачасным дырэктарам Дзяржаўнага архіва ў Любліне С. Пташыцкім. Запіска была падрыхтавана для мясцовыхгарадскіх уладаў, якія напрыканцы 1924 г. атрымалі ад калекцыянера М. Свінарскага прапанову набыць у яго рукапіс “Люблінскіх навін” і звярнуліся да вядомага польскага гісторыка і архівіста за прафесійным меркаваннем. С. Пташыцкі правёў знешнюю крытыку рукапісу, паказаў яго гісторыю, а таксама выказаў свой погляд на навуковую вартасць крыніцы і яе рэальны рынкавы кошт. Па ўсім відаць, менавіта ў 1920-я г. арыгінал “Люблінскіх навін” вярнуўся ў Люблін. Падкрэслім, што гэтая запіска друкуецца ўпершыню. Акрамя таго, рэцэнзаванае выданне мае бібліяграфічны спіс, на наш погляд, – даволі абмежаваны (49–50) і разгорнутае англамоўнае рэзюмэ (51–54). На жаль, адсутнічаюць такія важныя элементы навукова-даведачнага апарату, як іменны і геаграфічны паказальнікі, тэрміналагічны слоўнік, што, безумоўна, палегчыла б працу карыстальнікаў.
Такім чынам, можна толькі павіншаваць польскіх калег і ўсіх даследчыкаў гісторыі Вялікага Княства Літоўскага з выхадам гэтага сур’ёзнага выдання, выкананага на высокім навуковым і тэхнічным узроўні. Для вывучэння Люблінскага сойма 1569 г. і спрэчак, якія разгарнуліся на яго паседжаннях, вакол умоў новай уніі выдадзены рукапіс мае дапаможны характар. Аднак “Люблінскія навіны” з’яўляюцца вельмі важнай крыніцай для даследавання настрояў у шляхецкім асяроддзі ВКЛ і Польшчы, узаемаадносін паміж элітамі абедзвюх дзяржаў, а таксама палітычнай свядомасці велікакняскай шляхты.
Мінск
Уладзімір Падалінскі
[1] Pułaski K. “Nowiny Lubelskie”, fragment ze sprawozdań z Sejmu Unii 1569 // Nasza Przyszłość. Czasopismo Naukowo-literackie, społeczne i polityczne. Z. 4. Kijów, 1908. S. 593–606.
[2] Абодва гісторыкі карысталіся копіяй рукапісу канца XVIII ст., якая захоўваецца ў Кракаве: Ferenc M. Mikołaj Radziwiłł “Rudy” (ok. 1515–1584). Działalność polityczna i wojskowa. Kraków, 2008; Halecki O. Przyłączenie Podlasia, Wołynia i Kijowszczyzny do Korony w roku 1569. Kraków, 1915; Idem. Dzieje unii jagiellońskiej: w 2 t. T. 2. Kraków, 1920.
[3] Нягледзячы нават на тое, што ў свой час “Люблінскія навіны” былі размешчаны ў свабодным доступе ў сусветнай сетцы Internet: Diariusz sejmu unijnego w Lublinie z dni 4–6 III 1569 roku. Mode of access: http://www.dziedzictwo.polska.pl/katalog/skarb,Diariusz_sejmu_unijnego_w_Lublinie_z_dni_4-6_III_1569_roku,gid,205394,cid,1072.htm Date of access: 31.01.2010.
[4] Lulewicz H. Gniewów o unię ciąg dalszy (Stosunki polsko-litewskie w latach 1569–1588). Warszawa, 2002.
[5] Г. зн. ад масквіціна.
[6] Статут Вялікага княства Літоўскага 1566 года / рэдкал. Т. І. Доўнар і інш. Мінск, 2003. С. 77. Між іншым, падканцлер А. Валовіч і земскі падскарбі М. Нарушэвіч (?) ужо 6 сакавіка асабіста нагадалі Жыгімонту Аўгусту, што той павінен тэрыторыю ВКЛ “пашыраць і як мінімум не змяншаць, і наадварот забранае вяртаць” (с. 46). Аднак рашэнне манарха засталося нязменным. Заўважым, што ў крыніцы не ўдакладнена, хто менавіта з падскарбіяў ВКЛ прысутнічаў на аўдыенцыі. Ім мог быць і дворны падскарбі Лаўрын Война, які таксама застаўся ў Любліне ў сакавіку 1569 г.: Ferenc M. Mikołaj Radziwiłł “Rudy” (ok. 1515–1584). S. 337.
[7] Дарэчы, у крыніцы ўказваецца, што рашэнне пакінуць паседжанні Люблінскага сойма ў ноч на 1 сакавіка 1569 г. было прынята разам М. Радзівілам Рудым і Я. Хадкевічам, а не толькі віленскім ваяводам, як гэта традыцыйна лічыцца ў гістарыяграфіі (46).
[8] Гл. напр.: Litwin H. Kijowszczyzna, Wołyń i Bracławszczyzna w 1569 roku. Między unią a inkorporacją // Праблемы інтэграцыі і інкарпарацыі ў развіцці Цэнтральнай і Усходняй Еўропы ў перыяд ранняга Новага часу: Матэр. міжнар. навук. канф. /навук. рэд. С. Ф. Сокал, А. М. Янушкевіч. Мінск, 2010. С. 186–203.