БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

БАГДАНОВІЧ, ВЯЧАСЛАЎ. Царква і дзяржава: выбраныя артыкулы і прамовы / укл. А. С. Горны. Мінск, 2019. 204 с.


У айчыннай гістарычнай навуцы дакументальныя зборнікі крыніц, прысвечаныя дзеячам беларускага нацыянальнага руху, – выданні даволі рэдкія. З перспектывы гістарычнай антрапалогіі вывучэнне персаналій, звязаныхз нацыянальным рухам, мае вялікі навуковы і грамадскі інтарэс. Спалучэнне біяграфіі і крыніц, пры выкарыстанні адпаведнай метадалогіі, дае магчымасць прасачыць глыбінныя каштоўнасныя змены ў светапоглядзе асобы, што адбываліся пад час пераломных падзей першай паловы ХХ ст. і былі звязаны з асэнсаваннем і ўсведамленнем сваёй беларускай ідэнтычнасці. Асаблівую цікавасць у кантэксце фармавання беларускай мадэрнай нацыі выклікае пытанне ролі Праваслаўнай царквы і яе вернікаў, асоб, цесна звязаных з царкоўным і грамадкім беларускім жыццём. Усё гэта актуалізуе рэцэнзаваную кнігу, прысвечананую асобе Вячаслава Васілевіча Багдановіча, якую ўклаў кандыдат гістарычных навук Аляксандр Горны.

Гістарыяграфію біяграфічных выданняў, прысвечаных беларускім рэлігійным дзеячам міжваеннай Заходняй Беларусі, цяжка назваць вялікай [1]. Больш шырокае вывучэнне атрымала пытанне сувязі беларускага нацыянальнага руху і Каталіцкай царквы [2]. У міжваенны перыяд у Заходняй Беларусі аформіўся Беларускі хрысціянска-дэмакратычны рух на чале з А. Станкевічам [3], В. Гадлеўскім [4], якім прысвечаны шэраг выданняў. У той жа час малавядомай застаецца аналагічная праблематыка, датычная Праваслаўнай царквы. Прысутнасць беларускага нацыянальнага кампанента ў жыцці Праваслаўнай царквы міжваеннай Заходняй Беларусі – пытанне актуальнае [5]. Жыццё і дзейнасць выбітных асоб беларускага руху – С. Паўловіча, А. Каўша, І. Карчынскага і іншых, звязаных з праваслаўем, яшчэ не дачакаліся грунтоўнага манаграфічнага даследавання або публікацыі іх творчай спадчыны [6].

Кніга падрыхтавана як духоўна-асветніцкае выданне, яна выйшла пры падтрымцы Гродзенскай епархіі Беларускай Праваслаўнай царквы. Крыніцай зборніка стала перыёдыка міжваеннага перыяду – “Сялянская Ніва”, “Беларускі звон”, “За свободу”, “Праваслаўная Беларусь”, “Сын Беларуса”, “Сялянская праўда”, “Беларуская крыніца”, а таксама стэнаграфічныя справаздачы Сената Польшчы. Матэрыялы ўтрымліваюць навуковыя каментары і біяграфічныя даведкі асоб, што згадваюцца ў тэксце. Варта адзначыць, што карысным для навігацыі па кнізе быў бы паказальнік імёнаў, які адсутнічае.

Вячаслаў Багдановіч, як падкрэслівае ўкладальнік кнігі А. Горны, належаў да той кагорты старой інтэлігенцыі, якая пасля рэвалюцыі зразумела перспектыўнасцьі творчы патэнцыял беларускага нацыянальнага праекта. Яго жыццё, з аднаго боку, – прыклад паслядоўнай абароны сваіх поглядаў і перакананняў, а з другога боку, яно ілюструе трагічны лёс беларускай інтэлігенцыі ў ХХ ст.

Нарадзіўся В. Багдановіч 26 верасня 1878 г. у мястэчку Дзісна Віцебскай губерні ў сям’ісельскага святара. Атрымаў багаслоўскую адукацыю ў Кіеўскай духоўнай акадэміі. Працаваў выкладчыкам у Віцебскай семінарыі, інспектарам і рэктарам Віленскай духоўнай семінарыі. Ад міран Літоўскай епархіі ўдзельнічаў у Памесным саборы Рускай Праваслаўнай царвы, дзе было адноўлена патрыяршаства. Усё далейшае жыццё ён адстойваў палажэнні і пастановы гэтага сабору. Актыўна займаўся беларускай грамадска-палітычнай і культурнай дзейнасцю ў Заходняй Беларусі, якая пасля Рыжскага міру ўвайшла ў склад Польшчы. В. Багдановіч спрычыніўся да стварэння розных беларускіх арганізацый з мэтай захавання і падтрымкі беларускай ідэнтычнасці ва ўмовах паланізацыйнай палітыкі ўладаў. Ён меў сувязі з Таварыствам беларускай школы, Беларускім інстытутам гаспадаркі і культуры, Беларускім нацыянальным камітэтам, Беларускім кааператыўным банкам. Быў адным з заснавальнікаў Віленскай беларускай гімназіі.

Жыццё В. Багдановіча знітавана з Праваслаўнай царквой. Ён быў паслядоўным прыхільнікам пашырэння выкарыстання беларускай мовы ў царкве, у першую чаргу ў казанях, справаводстве, выкладанні ў школах. Менавіта з В. Багдановічам звязаны спробы арганізацыі беларускага хрысціянска-дэмакратычнага праваслаўнага палітычнага руху. Ён ініцыяваў стварэнне “Праваслаўнага беларускага дэмакратычнага аб’яднання”. З яго ўдзелам выдаваўся грамадскі і царкоўны часопіс “Праваслаўная Беларусь”.

Палітычная дзейнасць В. Багдановіча звязана і з польскім парламентам. У 1922 г. абраны ў Сенат Польшчы, стаў членам Беларускага пасольскага клуба і на працягу васьмі гадоў фактычна быў галоўным абаронцам праваслаўныхбеларусаў ад пераследу з боку польскіх уладаў і ціску Каталіцкай царквы. На дзяржаўным узроўні ім уздымаліся пытанні разбурэння і адабрання на карысць Каталіцкай царквы праваслаўных святынь, палітычнага пераследу духавенства і епіскапаў. Асабліва вострым было пытанне аўтакефаліі Праваслаўнай царквы ў Польшчы. В. Багдановіч падкрэсліваў некананічнасць увядзення яе незалежнасці, лічыў неабходным захоўваць сувязі з Маскоўскім патрыярхатам, за што на яго была накладзена анафема ў Польскай Праваслаўнай царкве. Тым не менш, В. Багдановіч карыстаўся павагай і вялікім аўтарытэтам у праваслаўным асяроддзі. Паводле некаторых крыніц, у канцы 1930-х г. ён быў затрыманы польскімі ўладамі і зняволены ў Бяроза-Картузскі канцэнтрацыйны лагер. З прыходам у Вільню савецкіх войскаў арыштаваны 30 верасня 1939 г. органамі бяспекі. Далейшы лёс невядомы, верагодна, быў расстраляны адразу пасля арышту ў Віленскай турме.

Разгляданае выданне ўяўляе сабой збор творчай спадчыны В. Багдановіча. Гэта пераважна беларускамоўныя артыкулы ў перыёдыцы міжваеннай Польшчы, а таксама некалькі рускамоўных артыкулаў на царкоўную тэматыку. Кніга складаецца з уступнага слова ўкладальніка і пяці тэматычных раздзелаў: аўтакефалія і кананічнасцьцарквы; царкоўнае жыццё; палітыка, культура, гісторыя; успаміны; прамовы і выступы.

Самая аб’ёмная частка –першая, прысвечаная праблеме абвяшчэння аўтакефаліі і кананічнасці царквы ў Польшчы. Яна складаецца з 9 артыкулаў, у якіх паказана пазіцыя В. Багдановіча ў пытанні царкоўнай самастойнасці. Адлюстроўваецца яго пазіцыя адносна магчымасці абвяшчэння аўтакефаліі Праваслаўнай царквы ў Беларусі. Багдановіч лічыў гэта магчымым ва ўмовах палітычнай незалежнасці Беларусі з нацыянальнай уладай пры захаванні кананічных патрабаванняў: жадання аўтаноміі ці аўтакефаліі самой Беларускай царквы, духавенства і вернікаў, а таксама згоды той царквы, ад якой яна залежала. Матэрыялы раздзела выразна дэманструюць раскол, які ўзнік паміж вернікамі і іерархамі царквы, што пайшлі на супрацоўніцтва з польскімі ўладамі. Характэрна падабенства думак В. Багдановіча і дзеяча рускай эміграцыі Д. Філосафава наконт стану спраў у царкве і краіне: “Русская иерархия пресмыкалась пред светской властью. Из угодничества пред нею она совершенно забыла о чистоте и святости канонов, чем нанесла жестокий вред церкви и родине. Если бы наши иерархи заботились об этой самой каноничности хотя бы в эпоху Александра ІІІ и Николая ІІ, то наша российская разруха не была бы так ужасна” (59–60).

Другі раздзел “Царкоўнае жыццё” склалі публікацыі В. Багдановіча, датычныя ўзамаадносін праваслаўныхі каталікоў у Жыровічах, спробаў захопу і рэвіндыкацыі праваслаўных цэркваў на карысць Каталіцкай царквы. Крытыкуюцца адносіны ўладаў і Сінода царквы да ўладыкі Панцеляймона, які выступіў супраць аўтакефаліі. Таксама ўздымаецца пытанне рэлігійнага расколу беларускага грамадства і стварэння асобнай праваслаўнай палітычнай арганізацыі ў Заходняй Беларусі. В. Багдановіч лічыў, што “лепш нам сядзець на розных рэлігійных вазох, але ехаць адным нацыянальным шляхам” (71). У раздзеле “Палітыка, культура, гісторыя” сабраны публікацыі В. Багдановіча, дзе ён выказвае сваю пазіцыю адносна нацыянальнай палітыкі Польшчы і бальшавікоў, дзейнасці Б. Тарашкевіча і Беларускага пасольскага клуба, змяшчаюцца артыкулы па гісторыі праваслаўя на беларускіх землях, а таксама пра творчую дзейнасць Янкі Купалы і Якуба Коласа. Цікавым уяўляецца аналіз твораў Я. Купалы, прапанаваны В. Багдановічам, які сцвярджаў, што ў савецкай Беларусі паэт перажываў заняпад у творчасці (115–116).

Раздзел “Успаміны” ўтрымлівае два тэксты. Першы з іхпрысвечаны дзейнасці Віленскай праваслаўнай семінарыі ў 1915–1927 г. В. Багдановіч імкнуўся паказаць ціск польскіх уладаў на ўстанову шляхам прызначэння лаяльныхуладам асоб на кіроўныя пасады, арыштам няўгодных святароў і рэформамі ў кірунку паланізацыі духоўнай адукацыі. Другі артыкул – успаміны В. Багдановіча аб працы Маскоўскага сабору пад час бальшавіцкага перавароту, якія змяшчаюць шмат цікавых назіранняў над грамадскапалітычнай сітуацыяй і настроямі ў царкоўным асяроддзі.

Апошні раздзел “Прамовы і выступленні” складаецца з 6 прамоў і выступаў В. Багдановіча ў Сенаце і на паседжаннях Віленскай гарадской рады. У прамовах Багдановіч уздымаў праблемы варожых адносін польскіх уладаў да праваслаўя, фінансавага становішча царквы, адабрання цэркваў, скасавання прыходаў, пазбаўлення царквы маёмасці, абмежавання правоў праваслаўных, выкладання рэлігіі ў школе, пераследу епіскапаў і стварэння некананічнай царкоўнай улады, барацьбы з саборнасцю і самаўладства польскага Міністэрства веравызнанняў.

Выданне не ставіць кропку ў вывучэнні пытання ўзаемаадносін праваслаўя і беларускага руху ў Заходняй Беларусі, а наадварот, як і кожны зборнік крыніц, патрабуе грунтоўнага аналізу з пошукам адказаў на шматлікія пытанні, якія маюць навуковую і грамадскую значнасць: арганізацыйная форма Праваслаўнай царквы ў Беларусі; ужыванне беларускай мовы ў царкве; узаемаадносіны дзяржавы і царквы; роля Праваслаўнай царквы ў грамадстве; ідэнтычнасць, якую стварала і рэпрэзентавала праваслаўе ў Беларусі.

Мінск

Аляксандр Цымбал


[1] Адно з найбольш вядомых выданняў, дзе сабраны 172 біяграмы: Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы, мартыралогія, успаміны / аўт.-укл. Ю. Гарбінскі. Мінск – Мюнхен: Беларус. кнігазбор, 1999.
[2] Мазько Э. А. Уплыў беларускай хрысцiянскай дэмакратыi на фарміраванне культурнай сiтуацыi ў Заходняй Беларусi ў 20–30 гг. XX ст.: аўтарэф. дыс. … канд. гіст. навук. Гродна, 2003. 21 с.; Moroz M. “Krynica”: ideologia i przywódcy białoruskiego katolicyzmu. Białystok, 2001. 230 с.; Мруз М. Каталіцызм на паграніччы: адносіны каталіцкай царквы да ўкраінскага і беларускага пытання ў Польшчы ў 1918–1925 г. / пер. з польск. Мінск, 2009; Сто асобаў беларускай хрысціянскай дэмакратыі / [укл. П. Севярынец]. Менск, 2017. 231 с.
[3] Луцкевіч Л. Адам Станкевіч. Вільнюс, 2002. 23 с.; Конан У. Ксёндз Адам Станкевіч і каталіцкае адраджэнне ў Беларусі. Мінск, 2003. 127 с.; Вашкевіч А. Адам Станкевіч: прадаўжальнік справы Скарыны і Багушэвіча. Мінск, 2017. 63 с.
[4] Вашкевіч А. Вінцэнт Гадлеўскі: насуперак часу. Мінск, 2018. 185 с.
[5] Больш дэталёва аб праблеме беларусізацыі праваслаўнай царквы: Цымбал А. Г. Праваслаўная царква ў Заходняй Беларусі (1921–1939). Мінск, 2016. 123 с.; Горный А. С. Белорусское национальное движение в православных учебных заведениях Польши в 1920-х гг. // Studia Bialorutenistyczne. Vol. 10. 2016. С. 39–53; Беларусізацыя Праваслаўнай Царквы ў міжваенны перыяд: дакументы і матэрыялы. Ч. 1 / уступ. арт., публ. і заўв. А. С. Горнага // Хронос. Церковно-исторический альманах. 2017. № 5. С. 142–161; 2018. № 6. С. 202–213.
[6] Неабходна згадаць некалькі артыкулаў і невялікіх выданняў, прысвечаных названым асобам: Луцкевіч Л. Аляксандр Коўш. Вільня, 1999. 12 с.; Горны А. С. Протаіерэй Іаан Карчынскі. Старонкі жыцця і творчасці // Труды Комиссии по канонизации в Белорусской Православной Церкви. Жировичи, 2014. С. 38–53; Горны А. Протаіерэй Аляксандр Коўш: вяртанне з забыцця // Гродненские епархиальные ведомости. 2011. № 11. С. 13–17; Святланіч П. Да юбілею Сяргея Паўловіча // Царкоўнае слова. 2015. № 38. С. 13; Кулажанка Л. Сяргей Паўловіч як асветнік і перакладчык: [С. К. Паўловіч] // Царкоўнае слова. 2010. № 38. С. 10–11; Бунеева Л. Нарадзіўся на Драгічыншчыне, спатрэбіўся ў Вільні: [С. К. Паўловіч] // Вечерний Брест. 2010. № 76. С. 2; Вабішэвіч А. “Каб жыць пад сваім небам…”: Навукова-педагагічная спадчына Сяргея Паўловіча // Голас Радзімы. 1996. 19 снеж.; 26 снеж.

Наверх

Тэгі: ,