Новы нумар


Андрэй Чарнякевіч. Месца, дзе нас няма

* БАРОЎСКАЯ, ВОЛЬГА М. Беларускае пытанне на савецка-польскіх перагаворах 1918–1921 гг. Мінск: Беларус. навука, 2017. 269 с.

КОРОТКОВА, ДАРЬЯ А. Белорусские земли в советско-польских отношениях. Разменная карта в противостоянии двух держав. 1918–1921 гг. Москва: Центрполиграф, 2019. 222 с.

“…Народы ў сваёй палітыцы кіруюцца не сымпатыямі, ня блізкасьцю па крыві, не гістарычнымі традыцыямі, а выключна сваёй карысьцю. І толькі правільным зразуменьнем свае нацыянальнае карысьці і павінны кіравацца беларусы ў той незвычайна важны гістарычны мамэнт, калі перад імі адкрываецца магчымасьць самым наладзіць сваё жыцьцё. Толькі тады, як мы ўжо створым сваю незалежную дзяржаву, мы можам у меру патрэбы пашукаць сабе саюзьнікаў…” – пісаў у сярэдзіне 1918 г. на старонках віленскай газеты “Homan” адзін з пачынальнікаў беларускага нацыянальнага руху, будучы прэм’ер БНР Антон Луцкевіч [1]. Выказаная ім пазіцыя была рэфлексіяй на падпісаную савецкім урадам у Брэсце мірную дамову і адначасова спробай сфармуляваць уласна беларускую міжнародную суб’ектнасць ва ўмовах нараджэння новай Еўропы. Перш за ўсё, новай Усходняй Еўропы.

Праз тры гады, у канцы 1921 г., ужо пасля падпісання Рыжскай мірнай дамовы, якая фактычна вызначыла канчатковую перамогу бальшавікоў у грамадзянскай вайне, іншы палітык – гэтым разам расійскі, Барыс Савінкаў, ідэолаг “Трэцяй Расіі” і адзін з актыўных удзельнікаў польска-савецкага збройнага супрацьстаяння на яго завяршальным этапе, прыглядаючыся да новай рэчаіснасці, напісаў: “Свабоду не даюць у якасці падарунка… А таму хочам мы таго, Велікаросы, ці не хочам, аднак праўда заключаецца ў тым, што на другі дзень пасля падзення камуністычнай улады зменяцца не толькі палітычныя праграмы, але і ўся карта Усходняй Еўропы… Хочам мы таго ці не, аднак, калі рассыплецца Саўдэпія, Польшча будзе мець межы не з Расіяй, а з незалежнай Беларускай дзяржавай і з незалежнай Украінай. Тады перад Масквой паўстане новая мэта: перабудова ўсходу Еўропы…” [2].

Гэтыя дзве цытаты храналагічна дакладна і адначасова змястоўна акрэсліваюць сутнасць тых выклікаў, якія пакінула пасля сябе польска-савецкая вайна 1919–1920 г. Прычым калі беларуская нацыянальная традыцыя ўспрымае яе вынікі як трагічную страту ўласнай незалежнасці ды падзел беларускіх земляў паміж суседзямі, дык для палітычных эліт Польшчы і Расіі, прычым Расіі і “чырвонай”, і“белай”, і“трэцяй”, ціне галоўнай геапалітычнай траўмай стала з’яўленне ўласна гэтай новай рэчаіснасці, у якой міжнародная суб’ектнасць Украіны ды Беларусі выступае дзейсным фактам.

Разгледжаныя ніжэй працы сучасных даследчыкаў – беларускага і расійскага, – прысвечаныя дыпламатычнаму кантэксту збройнага канфлікту Савецкай Расіі і Польшчы, вельмі яскрава дэманструюць супрацьпастаўленне гэтых двух поглядаў, але ўжо ў гістарыяграфічным вымярэнні. Яшчэ адзін дадатковы момант, які варта ўлічыць пры параўнанні абодвух тэкстаў, – тое, што перад намі дзве адаптаваныя для публікацыі працы на спашуканне навуковай ступені кандыдата гістарычныхнавук, напісаныя з улікам фармальных патрабаванняў і інстытуцыянальнай субардынацыі акадэмічнай сістэмы кожнай з краін. З іншага боку, той факт, што абодва выданні з’явіліся амаль адначасова, стварае падставы для шырокага і грунтоўнага навуковага дыялогу, галоўная каштоўнасць якога, як падаецца, у магчымасці ўзаемнай верыфікацыі ды крытычнага пераасэнсавання ўласнага “траўматычнага досведу”.

Праўда, напачатку можа ўзнікнуць пачуццё, што ніякай дыскусіі не адбудзецца, а ўся розніца ў падыходах абмяжоўваецца выключна мовай выданняў (апошняе наогул страчвае значэнне, калі ведаеш, што кніга беларускага гісторыка была перавыдадзена па-руску [3]). Нават актуальнасць навуковага даследавання сфармулявана амаль ідэнтычна, толькі ў Дар’і Каратковай гэта “недастатковая колькасць прац” па абранай тэме (Короткова, с. 25), а для Вольгі Бароўскай інтарэс абумоўлены адсутнасцю “асобнага комплекснага даследавання” “асобных аспектаў савецка-польскіх перагавораў”, у якім была б пададзена “цэласная карціна падзей” (Бароўская, с. 6).

І гэта не выпадкова. Кніга Вольгі Бароўскай убачыла свет у серыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і была падрыхтавана ў рамках выканання Дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў на 2016–2020 г. “Эканоміка і гуманітарнае развіццё беларускага грамадства” пад навуковай рэдакцыяй прафесара А. Кавалені; кніга “Белорусские земли в советско-польских отношениях. Разменная карта в противостоянии двух держав. 1918–1921 гг.” Дар’і Каратковой з’явілася пры падтрымцы Расійскага фонду фундаментальных даследаванняў і была зацверджана да публікацыі вучоным саветам Інстытута славяназнаўства Расійскай акадэміі навук. Менавіта “фармалізаванасць” абедзвюх кніг, г. зн. іх строгая прывязанасць да фармальных патрабаванняў, якія ставяцца перад тэкстам тыпавой дысертацыі, можна аднесці да агульных хібаў рэцэнзаваных выданняў. Аўтары ад пачатку былі абмежаваны пэўнымі схематычнымі шаблонамі, ад якіх не здолелі, а магчыма, і не захацелі адысці.

Пытанне, ці існуе недзе ў гістарычнай навуцы праца, якая поўнасцю ўвасабляла б аб’ектыўную рэчаіснасць ва ўсёй яе шматзначнасці ды разнастайнасці, і колькі наогул патрэбна публікацый, каб раз і назаўсёды закрыць аб’ект навуковага пошуку, варта пакінуць без адказу. Пры ўсёй відавочнасці гэтая фармальная рыторыка, якую ведае амаль кожны, хто прайшоў працэдуру абароны ў айчынных вучоных саветах і каму давялося абгрунтоўваць актуальнасць уласных даследаванняў, пазбавіла абодвухаўтараў галоўнага – магчымасці выказацца ад свайго імя: чаму ж абраная тэма прыцягвае нашу ўвагу нават сёння, выклікаючы шчырую цікавасць і гарачыя спрэчкі.

Праўда, Вольга Бароўская па-свойму паспрабавала абысці гэткую перашкоду і задалася пытаннямі: “Цібыў падзел тэрыторыіБеларусіадзіным верагодным варыянтам развіцця падзей? Ці існавала, хоць і ў мінімальным аб’ёме, магчымасць захавання цэласнасці і адзінства?” Аднак адразу пасля гэтага высвятляецца, што гэта пытанні не даследчыцы, а нейкіх абстрактных “спецыялістаў па праблеме” ды аматараў гісторыі. Для самога ж гісторыка відавочна, што Рыжскі мір – гэта “сродак пацыфікацыі ўсходнееўрапейскага рэгіёна”, дзякуючы якому адбылося “афіцыйнае прызнанне ў якасці самастойных суб’ектаў міжнароднага права БССР і УССР” (Бароўская, с. 6). Так яшчэ ва ўводзінах мы атрымліваем канчатковую аўтарскую выснову, якая апярэджвае само даследаванне, і гэтым самым робіць сфармуляваную вышэй актуальнасць… не актуальнай. Таму што ўсё ўжо відавочна і зразумела!

І ўсе ж такі засталося ўражанне, што аўтар не зусім шчыры, прынамсі, з тым афіцыйным рэцэнзентам, для якога, відавочна, і прызначаўся гэты ды іншыя падобныя звароты. Каб зразумець, пра што ідзе гаворка, трэба ўяўляць, якім чынам у сучаснай беларускай гістарычнай навуцы адбываецца назапашванне новых ведаў і з якімі цяжкасцямі сустракаюцца маладыя (гаворка нават не пра ўзрост, а хутчэй пра сацыяльна-навуковы статус) даследчыкі, асабліва даследчыкі ХХ ст., якія спрабуюць знайсці кампраміс паміж уласна ведамі ды інстытуцыянальнай лаяльнасцю.

Дарэчы, нешта падобнае можна ўбачыць і ў працы расійскага гісторыка, якая ўдакладняе, што ў яе кнізе “асаблівая ўвага будзе аддавацца поглядам савецкіх уладаў на беларускае пытанне ў кантэксце польскага кірунку міжнародных адносінаў, паколькі менавіта гэтыя сюжэты часцей за ўсе застаюцца па-за сувяззю паміж сабой” (Короткова, с. 25). Можна толькі дадаць: уласна ў гэтым і ёсць галоўная навізна ды актуальнасць абранай тэмы.

Тым часам сінхранізацыя ў нарацыі дзякуючы ўжо згаданай вышэй агульнай структуры дасягае сваёй кульмінацыі, калі абодва гісторыкі пераходзяць да агляду літаратуры і галоўных крыніц па сваёй тэме, з той толькі розніцай, што мінская даследчыца вылучае гэтае пытанне ў асобны раздзел, а Д. Караткова абмяжоўваецца агульным аглядам ва “Уступе”. Памятаючы, што аб’ект даследавання каліне ідэнтычны, дык, прынамсі, вельмі блізкі, а ў некаторых момантах (напрыклад, уласна самі перамовы ў Мінску і Рызе) поўнасцю супадае, менавіта гэтая частка вельмі выразна дэманструе тыя два падыходы, якія адрозніваюць беларускага ды расійскага гісторыкаў.

Агульны спіс крыніц і літаратуры В. Бароўскай з улікам архіўных спасылак складае 456 адзінак, а ў Д. Каратковай іх толькі 125. Бачым, што расійскі аўтар не ставіць перад сабой мэты ахапіць усе публікацыі, пералік якіх, асабліва беларускамоўных, далёка не поўны; кідаецца ў вочы абмежаванасць у выкарыстанні перыядычнага друку (згаданы толькі два выданні – газеты “Известия” ды “Новое время” за 1917–1918 г.); крыніцы прадстаўлены галоўным чынам дакументамі з расійскіх маскоўскіх архіваў. У гэтым сэнсе з крыніцазнаўчага погляду, асабліва ў параўнанні з некаторымі іншымі “замежнымі” даследчыкамі беларускага пытання (назаву тут у якасці прыкладу польскага гісторыка Яанну Героўскую-Калаур), праца выглядае вельмісціпла, за выключэннем матэрыялаў Архіва знешняй палітыкі Расійскай Федэрацыі, некаторыя з якіх уводзяцца ў навуковы зварот упершыню.

Характарызуючы даследаванасць праблемы, гісторык, напрыклад, сцвярджае: “Працы, прысвечаныя розным аспектам дадзенай тэмы, выходзілі, за рэдкім выключэннем, у Савецкім Саюзе ды Польшчы, замежныя публікацыі былі адзінкавымі”, пасля чаго прыводзіць у якасці “адной з першых публікацый на тэму беларускага Адраджэння”… кнігу Я. Канчара. Д. Караткова сфармулявала цікавае азначэнне: “савецкія даследчыкі, выхадцы з беларускага руху”, залічыўшы сюды Ф. Турука, У. Ігнатоўскага, З. Жылуновіча і М. Доўнара-Запольскага, затое ў савецкай пасляваеннай гістарыяграфіі згаданы толькі некалькі прозвішчаў – Н. Каменскай, С. Ісачэнка, П. Альшанскага ды В. Круталевіча (Короткова, с. 10–12).

Але, каб аб’ектыўна ацаніць гэты гістарыяграфічны падмурак працы Д. Каратковай, трэба памятаць спецыфічныя ўмовы, у якіх апошнім часам існуе расійскае беларусазнаўства, асабліва ў дадзенай тэматычнай нішы. Усё ж такі, пры ўсім вонкавым падабенстве, беларуская і расійская гістарычныя навукі за апошнія дзесяцігоддзі пабудавалі дзве вельмі розныя сістэмы каардынат, а Д. Караткова здолела акумуляваць увесь той станоўчы досвед, які быў закладзены яе папярэднікамі з ліку расійскіх гісторыкаў, прыцягнуўшы найбольш істотныя працы даследчыкаў з Беларусі ды Польшчы.

У выпадку з беларускай даследчыцай мы бачым зусім супрацьлеглы прыклад. А. Бароўская для сваёй кнігі выкарыстала матэрыялы таго самага Архіва знешняй палітыкі Расійскай Федэрацыі, архіва Расійскай акадэміі навук, Дзяржаўнага архіва Расійскай Федэрацыі, Расійскага дзяржаўнага архіва сацыяльна-палітычнай гісторыі, Літоўскага цэнтральнага дзяржаўнага архіва, бібліятэкі Акадэміі навук Літвы, Дзяржаўных архіваў Гродзенскай ды Мінскай абласцей, НАРБ, БДАМЛМ, Архіва новых дакументаў, публічнай і нацыянальнай бібліятэк у Варшаве, архіва Польскай акадэміі навук. Яе агляд гістарыяграфіі праблемы – вельмі падрабязны ды грунтоўны, яна добра арыентуецца ў польскай літаратуры прадмета, звяртае ўвагу на тыя эвалюцыйныя змены, якія адбываліся ў поглядах беларускіх гісторыкаў цягам савецкага часу і аналізуе сённяшні стан даследаванасці пытання ў айчыннай навуцы, дае характарыстыку расійскай гістарыяграфіі.

Дарэчы, В. Бароўская змясціла ў працы разгорнуты агляд кандыдацкай дысертацыі маскоўскай калегі. Сярод іншага, гісторык звярнула ўвагу на тэзіс Д. Каратковай аб тым, што БНР была палітычным творам, які паўстаў “з дазволу нямецкіх акупацыйных уладаў”, праўда, адкрыта не палемізуючы з аўтарам. Затое яна аспрэчвае неабгрунтаванае, на яе думку, абвінавачванне А. Чарвякова “ў нежаданні браць адказнасць за падпісанне Прэлімінарнага мірнага дагавору”, падкрэсліваючы, што “ні адзін з бакоў і не прадстаўляў БССР права ўдзельнічаць у падпісанні трактата як чацвёртай краіны” (Бароўская, с. 22).

Да выкладзенага спіса літаратуры, праўда, хацелася б яшчэ дадаць кандыдацкую працу Валерыя Цынкевіча, прысвечаную пытанням узаемадачыненняў паміж БССР і Польскай Рэспублікай у 1920-я гады [4]. Акрамя таго, аўтар фактычна пакінула па-за ўвагай украінскую гістарыяграфію Рыжскага міру [5]. Таксама незапатрабаваным стаў сюжэт, звязаны з супрацьстаяннем польскай і савецкай разведкі на мінскім этапе перамоваў [6]. Гэтыя, магчыма, не вельмі істотныя заўвагі, тым не менш, выразна дэманструюць, што “цэласная карціна падзей” нават на ўзроўні гістарыяграфічнага агляду – мэта амаль недасягальная, і тым больш не варта вызначаць яе ў якасці актуальнасці навуковай працы. І што, магчыма, больш істотна, – знаёміцца з крыніцай і літаратурай (г. зн. чытаць, згадваць у спісе) і выкарыстоўваць – рабіць на іх падставе арыгінальныя высновы, знаходзіць новыя сэнсы ўжо вядомых фактаў, – далёка не адно і тое ж.

Як жа выглядае сам змест гэтага завочнага дыялогу? Яшчэ на самым пачатку свайго даследавання В. Бароўская дае разгорнутае тлумачэнне дэфініцыі “беларускае пытанне”, якое яна разглядае як “комплекс дзяржаватворчых, тэрытарыяльных, нацыянальных, сацыяльна-эканамічных, культурных праблем, звязаныхз лёсам, станаўленнем дзяржаўнасці і цэласнасці беларускіх зямель” і якое выступае “ў якасці элемента праблемнага поля міжнародных адносін” (Бароўская, с. 5). Пры гэтым іншае пытанне – што, уласна, лічыць “беларускімі землямі”, – застаецца без адказу.

У першым раздзеле працы Д. Караткова аналізуе, якім чынам беларускае пытанне стала міжнароднай праблемай, і звяртаецца да перыяду Першай сусветнай вайны (1914–1918). Праўда, амаль адразу аўтар выходзіцьза вызначаныя храналагічныя рамкі ды нават вяртаецца ў пачатак ХІХ ст., абазначыўшы праблему як “Крыніцы канфлікту: ідэалагічная і палітычная барацьба ў краі ў 1800–1914 г.”. Д. Караткова неяк механічна ставіць знак роўнасці паміж “тэрыторыяй пражывання беларускага этнасу” ды паняццем “беларускія землі”, удакладняючы, што апошнія “з 1795 па 1917 г. … поўнасцю належалі Расійскай імперыі і разам з абласцямі сучаснай Літвы ўтваралі Паўночна-Заходні край Расіі” (Короткова, с. 7). Далей у гэтай жа частцы яна разглядае ўласна беларускія землі ў час Першай сусветнай вайны (жнівень 1914 – люты 1917) ды ўзаемасувязь паміж расійскай рэвалюцыяй і беларускім нацыянальным праектам.

Даследчыца шмат месца аддае апісанню Усебеларускага з’езда, адзначаючы на самым пачатку, што цяжка было чакаць ад беларускіх нацыянальных арганізацый, каб за такі кароткі час яны “здолелі стаць над паміж- ды ўнутрыпартыйнымі спрэчкамі, дасягнуўшы паразумення, і стварыць нацыянальны (ці хоць бы рэгіянальны) цэнтр” (Короткова, с. 53). Праўда, сама Д. Караткова далей паказвае, што гэты кампраміс быў магчымы, калі б не крокі мясцовых бальшавіцкіх уладаў. “У сувязі з тым, – падводзіць яна вынік разгону Усебеларускага з’езда, – што не атрымалася стварыць адзінае легітымнае нацыянальнае прадстаўніцтва, якое магло б выступіць ад імя беларускага народа, асобныя плыні нацыянальнага руху цяпер вымушаны былі шукаць міжнароднае прызнанне з пазіцыі слабага і залежнага партнёра. Грамадскія настроі ў краі ў далейшым практычна перасталі ўплываць на ягоны лёс, ператварыўшы яго ў аб’ект вайсковых ідыпламатычных камбінацый больш моцных суседзяў, у тым ліку і тых, якія толькі што атрымалі незалежнасць” (Короткова, с. 59).

Заканчваецца раздзел параграфам, прысвечаным Брэсцкаму міру ды абвяшчэнню Беларускай Народнай Рэспублікі. “Поўнасцю расчараваўшыся ў бальшавіках, – робіць выснову гісторык, – беларускія нацыяналісты пачалі арыентавацца на немцаў, якія яшчэ ў 1915 г. прызналі права беларусаў на незалежнасць (у рамках кааліцыі з літоўцамі). На акупаванай немцамі тэрыторыі Беларусі была створана сетка беларускіх пачатковых школ, заснаваны дзве настаўніцкія семінарыі. Цярпіма адносіліся немцы і да выхаду беларускіх часопісаў, якія прапагандавалі ідэю незалежнасці Беларусі” (Короткова, с. 70).

У выніку гэткай пранямецкай палітыкі Рада БНР 24 сакавіка 1918 г. (гэтак у тэксце) абвясціла Беларусь незалежнай дзяржавай, што для “беларускіх дзеячоў усходняй арыентацыі… ператварылася ў акт нацыянальнай здрады”. Наступствы гэтага кроку, паводле Д. Каратковай, для беларускага руху сталі трагічнымі. Ён прывёў да дэлегітымізацыі рашэнняў Усебеларускага з’езда (які паводле яе ж самой, легітымным не быў ад самага пачатку) і канчатковай страты Радай БНР падтрымкі з боку мясцовага насельніцтва (Короткова, с. 72–73).

Падобная выразная маргіналізацыя беларускага нацыянальнага руху, якая амаль поўнасцю пазбаўляе яго ўласнай гістарычнай суб’ектнасці, г. зн. магчымасці самастойна ўплываць на гістарычныя падзеі, у выніку становіцца калі не галоўнай ідэяй кнігі, дык, прынамсі, праходзіць праз яе чырвонай ніткай. Аўтар не хоча заўважаць ні дынамікі ў працэсах развіцця беларускага нацыянальнага культурнага праекта, ні выразнай змены ў ягонай ідэалогіі, ні нават паступовага пашырэння яе сярод уласна беларусаў. І нават той факт, што роўна праз стагоддзе пасля разгляданых падзей Беларусь (а не “Белоруссия”, як у аўтара), існуе на палітычнай карце, а Савецкая Расія – не, нічога не даводзіць. Vae victis! – гора пераможаным!

Рэч у тым, што гэта Расія і Польшча – галоўныя ўдзельнікі канфлікту. Не выпадкова ўжо ў другім раздзеле Д. Караткова засяроджваецца на праблеме савецкай палітыкі буферызацыі, якую яна супрацьпастаўляе “польскаму федэралізму”, хоць і разглядае апошні як амаль поўны яе адпаведнік. Ад агульнага пытання “Адраджэнне Польскай дзяржавы як фактар савецкай знешняй палітыкі” яна пераходзіць да разгляду першага праекта Савецкай Беларусі, далей – да праекта “Літбел” і перамоваў з місіяй А. Венцкоўскага, апісання польскабеларускіх кантактаў на Парыжскай мірнай канферэнцыі ды заканчвае аналізам палітыкі Грамадзянскага кіравання польскімі землямі (менавіта так гучыць сам параграф, пры тым, што ў тэксце назва польскай адміністрацыйнай адзінкі падаецца ўжо дакладна – “Грамадзянскае кіраванне Усходнімі землямі”, гл.: Короткова, с. 121) ды спробы беларуска-польскага збліжэння вясной 1920 г.

Беларускаму чытачу будзе цікава даведацца, што “жыхарам Беларусі, вядомым сваёй апатычнасцю ў палітыцы, праект нацыянальнага ўтварэння савецкага тыпу падаваўся падазроным… Тым не менш Савецкая Беларуская рэспубліка была створана. Аднак яе існаванне было нядоўгім, нарастанне пагрозы з боку Польшчы запатрабавала яе аб’яднання з савецкай Літвой у адзіную рэспубліку. Акрамя ўсяго іншага, Літбел павінен быў стаць супрацьвагай польскай палітыкі аб’яднання вакол сабе ўсіх новых памежных з Расіяй рэспублік на падставе федэрацыі. Савецкая Расія вырашыла стварыць гэткую федэрацыю першай, што для яе было прасцей зрабіць, бо не патрабавала неабходнасці шукаць кампрамісу з нацыяналістычнымі сіламі…” (Короткова, с. 128–129).

Фактычна, па сапраўднаму навуковая дыскусія распачынаецца паміж аўтарамі толькі цяпер. Свой наступны раздзел Вольга Бароўская прысвяціла разгляду

беларускага пытання ў рамках неафіцыйных і афіцыйных савецка-польскіх перамоваў у лістападзе 1918 – верасні 1920 г., і па памерах гэты раздзел атрымаўся самым вялікім у кнізе. Ён складаецца з чатырох частак: “Палітыка савецкага і польскага бакоў адносна беларускіх земляў на пачатковым этапе савецка-польскіх перагавораў (лістапад 1918 г. – май 1919 г.)”, “Беларускае пытанне на белавежска-мікашэвіцкім этапе савецка-польскіх перагавораў (чэрвень – лістапад 1919 г.)”, “Спроба нармалізацыі ўзаемаадносін паміж Савецкай Расіяй і Польшчай на барысаўскім і баранавіцка-мінскім этапах перагавораў (снежань 1919 – 1920 г.)” і “Дыпламатычныя акцыі БНР у час савецка-польскіх перагавораў (лістапад 1918 г. – верасень 1920 г.)”.

Апісваючы дзве галоўныя палітычныя канцэпцыі адбудовы Рэчы Паспалітай – федэралісцкую ды інкарпарацыйную, В. Бароўская адзначае “раздвоенасць… непаслядоўнасць, а ў некаторых выпадках нелагічнасць” польскай грамадска-палітычнай думкі, якія адбівалася на польскай палітыцы адносна беларускіх земляў. Разам з тым яна заўважае, што паміж гэтымі напрамкамі “было шмат чаго агульнага”: ідэя стварэння моцнай і расквітнелай Польшчы з устойлівай, абараназдольнай мяжой на ўсходзе, пэўная узаемападпарадкаванасць з лозунгамі бальшавікоў аб праве нацый на самавызначэнне, маніпуляванне і заляцанне з беларускім нацыянальным рухам (Бароўская, с. 33–34).

У гэтым сэнсе палітыка бальшавікоў адносна беларускіх земляў падаецца аўтару больш лагічнай і паслядоўнай, хоць яна і была звязана з агульным курсам савецкай дзяржавы на рэалізацыю ідэі сусветнай рэвалюцыі, а само абвяшчэнне Савецкай Беларусі вынікала з планаў кіраўніцтва РСФСР па стварэнні на сваіх заходніх межах “буфернай” рэспублікі. В. Бароўская супрацьпастаўляе знешнепалітычную дзейнасць БССР, якую ацэньвае як несамастойную ды пасіўную, палітычнаму курсу кіраўніцтва ЛітБел, накіраванаму на тое, каб “прадставіць гэтае дзяржаўнае ўтварэнне ў выглядзе асобнага, самастойнага суб’екта міжнароднага права” (Бароўская, с. 34–35).

Больш за тое. Паводле гісторыка, паступова канцэпцыя сусветнай рэвалюцыі бальшавікоў трансфармуецца ў “рэвалюцыйную геапалітыку, у якой рэвалюцыйная складаючая выступала дамінантай успрыняцця прасторавапалітычных змен”, а само кіраўніцтва знешнепалітычнага ведамства РСФСР і ўласна Г. В. Чычэрын ды А. А. Іофе (якога аўтар чамусьці называе Абрамам Адольфавічам) схіляліся да “ажыццяўлення рэальнай палітыкі, накіраванай на ўсталяванне міралюбівых узаемаадносін з суседнімі краінамі і іншымі дзяржавамі еўрапейскага кантынента” (Бароўская, с. 37). Тое, што менавіта вясной 1919 г. узнік Камінтэрн – міжнародная бальшавіцкая ўстанова, якая павінна была засяродзіцца менавіта на “экспарце” рэвалюцыі, а ўсе дамовы з буржуазнымі ўрадамі, паводле ідэалогіі расійскіх камуністаў, былі толькі часовай “перадышкай”, аўтар пакідае без увагі.

Пасля знаёмства з гэтай часткай кнігі ўзнікае моцнае ўражанне, што аўтар кіруецца нейкім пачуццём унутранай самацэнзуры, якое робіць з яе апалагета савецкай дзяржаўнасці, нават насуперак тым матэрыялам і дакументам, якія яна сама ж і прыводзіць! Іншай незразумелай з’явай застаецца амаль поўнае ігнараванне гісторыкам палітычных крокаў польскіх кіроўных колаў па пошуку ўзаемнага кампрамісу з беларускімі нацыянальнымі асяродкамі ў пачатку і першай палове 1919 г., пра што, дарэчы, хоць бы часткова згадвае ў сваёй працы Д. Караткова! Перамовы Антона Луцкевіча, старшыні ўрада БНР, з польскім камісарам С. Іваноўскім у Горадні ў лютым 1919 г.; справа пераходу пад польскае камандаванне 1-га беларускага палка, які знаходзіўся да гэтага ў складзе літоўскага войска, у красавіку 1919 г.; місіі К. Цвіркі-Гадыцкага ды А. Смоліча ў Варшаву тады ж; арганізацыя і правядзенне беларускага з’езда Віленшчыны ды Гродзеншчы і г. д., і г. д.

Затое для В. Бароўскай не выклікае сумнення беларуская прысутнасць на гістарычнай сцэне. “Дыпламатычная дзейнасць БНР, – робіць яна выснову ў канцы раздзела, – аказвала значны ўплыў на ход савецка-польскіх перагавораў 1918–1921 гг. <…> Факт існавання беларускага нацыянальнага руху і структур БНР, ажыццяўленне імі актыўных знешнепалітычных акцый улічваліся савецкім кіраўніцтвам пад час вырашэння спраў другога абвяшчэння ССРБ у ліпені 1920 г. Нельга не прызнаваць таго факта, што ўключэнне А. Р. Чарвякова ў склад расійска-ўкраінскай дэлегацыі падчас перагавораў у Рызе стала вынікам не толькі пэўных стратэгічных разлікаў савецкага боку, але і дыпламатычных мерапрыемстваў БНР” (Бароўская, с. 37).

Адразу пасля гэтага беларуская даследчыца звяртаецца да міжнароднага кантэксту польска-савецкай вайны. Трэці раздзел яе кнігі носіць назву “Беларускае пытанне ў палітыцы краін Антанты і ЗША ў 1918–1921 гг.”, і ў ім разглядаюцца толькі дзве тэмы: “Беларускае пытанне на Парыжскай мірнай канферэнцыі: студзень – снежань 1919 г.” і “Адносіны краін Антанты і ЗША да польска-савецкага канфлікту: студзень 1920 г. – сакавік 1921 г.”. Тут трэба адзначыць, што аўтар устрымліваецца ад нейкіх адназначных высноваў у духу савецкай гістарыяграфіі і спрабуе даць вельмі ўзважаную, хоць, магчыма, і крыху павярхоўную ацэнку месца і ролі сусветных дзяржаў уласна ў вырашэнні савецка-польскага збройнага канфлікту.

Апошні па ліку, чацвёрты, раздзел працы В. Бароўскай названы “Беларускае пытанне на рыжскім этапе савецка-польскіх перагавораў: верасень 1920 г. – сакавік 1921 г.” і ўключае чатыры асобныя параграфы: “Пытанне ўдзелу беларускіх прадстаўнікоў у працы мірнай савецка-польскай канферэнцыі”; “Працэс фарміравання беларускага ўчастка савецка-польскай мяжы”; “Дзейнасць Польска-расійска-ўкраінскай ваеннай узгадняльнай камісіі. Працэс стварэння і функцыянавання нейтральнай зоны” і “Юрыдычна-прававыя і фінансавыя аспекты савецка-польскіх перагавораў у Рызе”. Гэта, без сумнення, найбольш цікавая, навукова абгрунтаваная і змястоўная частка, якая дэманструе глыбокія веды і даследчыцкі талент аўтара. Асаблівасць структуры кнігі Вольгі Бароўскай яшчэ і ў тым, што амаль кожны раздзел мае дадатак “Дакументы сведчаць”, прычым яго памер павялічваецца з набліжэннем да кульмінацыйнага моманту, якім і выступае канцавы этап савецка-польскіх перамоваў.

Трэці (і апошні) раздзел кнігі расійскага гісторыка носіць назву “Вырашальнае сутыкненне: Беларусь у польскіх і савецкіх знешнепалітычных планах у канцы 1919 – 1920 г.” і змяшчае тры розныя па памеры параграфы: “Пад спудам: неабвешчаная вайна і спроба дамовіцца (снежань 1919 – ліпень 1920 г.); “Адраджэнне БССР іпалітыка Крамля ў чэрвені – жніўні 1920 г.” і “Рыжская мірная канферэнцыя (верасень 1920 – сакавік 1921 г.)”. У параўнанні з беларускай калегай яна менш увагі аддае ўласна дыпламатычным працэсам, а больш засяроджваецца на палітычных наступствах заключэння міру для абодвухваяўнічых бакоў. Акрамя таго, Д. Караткова ўключыла ў сваю працу ў якасці асобнага дадатку “Біяграфічную даведку”, якая можа быць цікавай для расійскага чытача. Галоўная выснова, да якой прыходзіць аўтар, падсумоўваючы вынікі савецка-польскай вайны і падпісання мірнай дамовы ў Рызе, гучыць амаль як перафразаванне думкі Барыса Савінкава, працытаванай на пачатку рэцэнзіі: “Гэтым самым быў пакладзены пачатак працэсу суверэнізацыі беларускай нацыі, які цягнуўся семдзесят гадоў і завяршыўся ў снежні 1991 г. стварэннем незалежнай Рэспублікі Беларусь… Рэспубліка, утварэнне якой для яе творцаў было выключна тактычным крокам, аказалася даволі жыццяздольнай, паколькі, хоць дзяржаўнасцьі была выдадзена Беларусі “авансам”, яна мела ўнутраныя падставы як у эканамічным, так і ў этнічным адзінстве рэгіёна” (Короткова, с. 175, 182).


[1] Луцкевіч А. Барацьба за вызваленьне. Вільня – Беласток, 2009. С. 169–170.
[2] За Свободу. 29.11.21.
[3] Боровская О. Н. Советско-польские переговоры 1918–1921 гг. и их влияние на решение белорусского вопроса. Москва: ТД “Алгоритм”, 2018. 287 с.
[4] Цынкевіч, В. Палітычныя ўзаемадачыненні паміж БССР і Польскай Рэспублікай у 1921–1929 гг.: дыс. … канд. гіст. навук. Мінск, 2004.
[5] Кобринська С. Ризький мир як завершальний етап боротьби (1917–1921 рр.) за утвердження української державності: автореф. дис. … канд. юрид. наук. Киïв, 1996; Гетьманчук М. Ризький мир: українсько-польські відносини періоду підготовки, підписання і ратифікації Ризького договору 1921 р. Львів, 1998; Галицька-Дідух Т. Східна Галичина і Ризька мирна конференція (1920–1921 рр.): автореф. дис. … канд. іст. наук. Львів, 2001; Кавунник В. Ризький мир у дипломатичних документах урядів УНР і УСРР (серпень 1920 – березень 1921 років): дис. … канд. іст. наук. Київ, 2014 ды інш.
[6] Зданович А. Польский крест советской разведки. Польская линия в работе ВЧК-НКВД 1918–1938. Москва, 2017. С. 34–37.

Наверх

Tags: ,