Ірына Раманава, Аляксей Махнач. Сацыяльна-эканамічныя практыкі жыхароў беларускай вёскі ў гады нэпа.
У 1920-я гады беларуская вёска, нягледзячы на ўсё віхуры падзей папярэдняга перыяду, заставалася даволі традыцыйнай і ў штодзённым жыцці, і ў арганізацыі працы. Колькасць прадстаўнікоў савецкай улады ў вёсцы была зусім нязначнай – калгасаў і саўгасаў яшчэ амаль не было, савецкіх спецыялістаў – аграномаў, землямераў і ветэрынараў – вельмі не хапала, рупараў прапаганды – савецкіх газет – выпісвалася на хату-чытальню літаральна некалькі адзінак, сетка савецкіх школ у сельскай мясцовасці толькі разгортвалася, тэхнікі ў вёсцы ніхто яшчэ не бачыў. Асноўныя інтэрвенцыі ўлады ў гэты перыяд зводзіліся да размеркавання і пераразмеркавання зямлі (у тым ліку забарона буйнога землеўладання, высяленне памешчыкаў, абрэзка зямлі адпаведна новым нормам землекарыстання і надзяленне тых, хто не меў зямлі), а таксама пошукі алгарытму, якім чынам з вёскі ўзяць максімальную колькасць прадукцыі. Безумоўна, сялянства не магло ўплываць на палітыку бальшавікоў у цэлым, але магло прыстасоўваць сваю гаспадарку да новых умоваў. У 1930-я гады яно будзе пазбаўлена гэтай магчымасці.
Земленадзяленне. Прынятыя ў 1921–1922 г. заканадаўчыя акты аб эканамічных адносінах вёскі і дзяржавы, а таксама аб зямельных парадках, якія паклалі пачатак пераходу да новай эканамічнай палітыкі, фармальна адпавядалі сялянскім патрабаванням і адкрывалі шлях для пад’ёму сельскай гаспадаркі. Аднак наступствы сямігадовай ваеннай разрухі і засуха 1921 г., што прывялі да голаду ў асноўных збожжавытворчых раёнах краіны, выключалі магчымасць хуткага і лёгкага выхаду з цяжкага крызісу, да таго ж, усё залежала ад таго, наколькі паслядоўна будуць здзяйсняцца прынятыя заканадаўчыя акты.
Пераход да новай эканамічнай палітыкі, перадача памешчыцкіх і іншых земляў (больш за 1 млн. дзесяцін [1]) бясплатна ў бестэрміновае карыстанне, землеўпарадкаванне [2] павысілі давер да новай улады беззямельных і малазямельных сялян, крыху скарацілася колькасць беспасяўных гаспадарак (напрыклад, за 1924/25 г. на 9,8% [3]).
Сам працэс перадзелу зямлі, абрэзкі ў больш заможных і данадзялення малазямельных і беззямельных праходзіў даволі бурна – адсутнасць дакументаў, недахоп землямераў, аграномаў і г. д., сціслыя тэрміны – шматлікія канфлікты былі непазбежныя. Сяляне захоплівалі ўчасткі без усялякіх нормаў і парадку, у некаторых мясцовасцях яны прыходзілі на размеркаванне са зброяй. Многія з іх не паспелі засеяць атрыманую зямлю, аднак з гэтых надзелаў сталі патрабаваць падатак. АДПУ летам 1926 г. паведамляла з Гомельшчыны: “У сёлах – поўнае бязладдзе, ідуць спрэчкі і разлад з прычыны захопу ўгноеных земляў. Сельсаветы рэгуляваць гэтыя пытанні не могуць, бо, нягледзячы на рашэнне зямельнай камісіі, сяляне ўсё ж на месцах працягваюць захоп…” [4].
Негатыўна паставіліся да перадзелу тыя сяляне, якія раней набылі зямлю ва ўласнасць за свой кошт: яшчэ пры Сталыпіне былі адменены выкупныя плацяжы, і сяляне законна лічылі зямлю сваёй уласнасцю. На Случчыне ў многіх сялян адбіралі хутары, купленыя імі ў 1906– 1908 г., і пераразмяркоўвалі беднаце, якая не магла іх абрабляць з прычыны адсутнасці сродкаў. Самі ж вяскоўцы прызнавалі факты куплі-продажу зямлі і не згаджаліся перасяляцца на гэтыя надзелы, матывуючы тым, што могуць быць сваркі, бойкі з ранейшымі ўласнікамі [5].
Свае справы сяляне імкнуліся вырашыць пры дапамозе апелявання да партыйных органаў, Бюро скаргаў. Так, толькі ў зямельныя органы за 1921 г. паступіла больш як 12 тыс. заяў-скаргаў [6]. У 1924 г. адзначалася: “Прыватныя зямельныя спрэчкі ўцягнулі больш за 38 000 сялянскіх гаспадарак (каля 6% усіх двароў) і да 250 000 чалавек дарослага насельніцтва ў зямельнае суцяжніцтва, выклікаючы гэтым значную затрату сродкаў і часу сялян, падрываючы тым самым магутнасць сялянскіх гаспадарак, даводзячы бяднейшых з іх да поўнага разарэння” [7]. Суды, натуральна, не спраўляліся. Дрэнна ўздзейнічаў на псіхіку сялянства і той факт, што пры агульным малазямеллі на частцы прыватнаўласніцкіх маёнткаў адразу пачалі стварацца саўгасы. Сяляне гаварылі: “Саўгасы забралі ў нас усю зямлю і саўгасы з’яўляюцца як маёнткі чырвоных памешчыкаў” [8].
У цэлым на Беларусі зямлі ў дастатковай колькасці для данадзялення і ліквідацыі перанаселенасці не было (да таго ж каля 2 млн. дзесяцін тут займалі балоты [9]). На ўрадавым узроўні ставілася пытанне пра перасяленне з БССР у іншыя раёны СССР у бліжэйшае дзесяцігоддзе каля 600 тыс. чалавек [10]. У 1925–1928 г. у маланаселеныя раёны Сібіры і Далёкага Усходу выехала 74,8 тыс. беларускіх сялян. Аднак перасяленне не змяніла забяспечанасці зямлёй беларускай вёскі, тым больш што частка тых, хто з’ехаў, вярнулася назад.
Зняццю напружанасці павінны былі спрыяць мерапрыемствы па інтэнсіфікацыі сельскагаспадарчай вытворчасці, меліярацыя забалочанасці, але гэта быў толькі план на будучыню.
Падаткаабкладанне. Адным з галоўных стрыжняў нэпа стала замена харчразвёрсткі натуральным падаткам (13–18 відаў прадуктаў), які ўскладаўся не на ўсю вёску, а на кожную асобную гаспадарку дыферэнцыявана (у залежнасці ад колькасці ворнай зямлі і едакоў у сям’і, ураджайнасці). Увядзенне харчпадатку азначала прызнанне за селянінам права вольнага распараджэння вырабленым прадуктам.
Пераход да новай эканамічнай палітыкі сялянства ўспрыняло з недаверам. На тлумачэнне новай палітыкі ўлады кінулі ўсе наяўныя прапагандысцкія і агітацыйныя сілы, якія павінны былі забяспечыць падтрымку ці нейтралізацыю значнай часткі працоўных правядзеннем мітынгаў, шматлікіх сходаў і г. д.
Ва ўмовах гаспадарчай разрухі адмена харчразвёрсткі не была і не магла быць поўнай: у харчпадатку 1921 г. – адзінай крыніцы сродкаў для эканамічнага аднаўлення краіны – было нямала ад харчразвёрсткі [11]. Сялянства на першым часе ніякай эканамічнай зацікаўленасці ў новым падатку не выявіла. На некаторых сялянскіх канферэнцыях выказваліся думкі, што харчпадатак – толькі часовая мера з мэтай агітацыі за пашырэнне пасеваў; не верылі, што развёрсткі больш не будзе [12]. Зводкі ВЧК лета 1921 г. фіксавалі наступныя настроі: “Работа па дзяржнарыхтоўках праходзіць па-ранейшаму, натыкаючыся на цэлы шэраг цяжкасцяў. Адносіны да гэтага сялянства ў большасці несвядома-варожыя. Шмат у якіх мясцовасцях самі сяляне не маюць ні жывёлы, ні харчавання, яны ядуць хлеб, які ўтрымлівае 80% дамешку травы і карэння, таксама, дзе ёсць, мерзлую бульбу, ад чаго частыя выпадкі захворванняў” (11 красавіка 1921 г.) [13]. “У адносінах да харчпадатку заўважаецца незадавальненне з боку кулакоў, якія заяўляюць, што развёрстка лепш за падатак, бо пры развёрстцы можна было адкупіцца, даўшы агенту хабар, а таксама пры развёрстцы можна было схаваць запасы… хутарская шляхта і кулакі стараюцца скампраметаваць уладу, што часткова ў іх і атрымліваецца, ствараючы ў насельніцтва чакальна-варожы настрой” (ліпень 1921 г.) [14].
Зводкі ВЧК аб палітычным становішчы ССРБ вясной і летам 1921 г. сведчаць пра настроі няўпэўненасці і чакання сярод сялянства: “Заціхлыя на час чуткі пра хуткі прыход [палякаў] пачынаюць зноў цыркуляваць сярод насельніцтва” [15] (чэрвень); “Сельскае насельніцтва ставіцца да ўлады недаверліва, з прычыны распаўсюджвання правакацыйных чутак пра адыход улады і заняцце Беларусі палякамі” [16].
Падатак збіраўся кепска. Мясцовыя саветы тлумачылі гэта цяжкім эканамічным становішчам вёскі, тым, што ўсё забралі палякі, што на сялян уплывае эсэраўская агітацыя і г. д., прасілі вышэйшыя органы аб зніжэнні падаткаабкладання. Вышэйшыя органы канстатавалі нездавальняльны падбор выканаўцаў: “Вельмі рэдкія выпадкі, дзе было б поўнае спалучэнне неабходных якасцяў: пісьменнасць, знаёмства з вёскай, сумленне і палітычная добранадзейнасць” [17].
Тыя, хто не выплаціў падатак у поўным аб’ёме і ў тэрмін, павінны былі адказваць перад выязной сесіяй Рэвалюцыйнага трыбунала. Ім пагражала ад аднаго да трох гадоў турэмнага зняволення з канфіскацыяй маёмасці. Паседжанні Рэўтрыбунала павінны былі маральна ўплываць на псіхалогію грамадзян, таму выязным сесіям Рэўтрыбунала прапаноўвалася рабіць паседжанні адкрытымі, агітацыйнымі, пастановы друкаваць. У распараджэнне харчовых органаў вылучаліся падраздзяленні чырвонаармейцаў. За несвоечасовае і няправільнае складанне спісаў аддаваліся пад суд Рэўтрыбунала старшыні сельскіх саветаў, валвыканкамаў, асобныя грамадзяне. Вінаватыя ва ўтойванні раллі караліся накладаннем пені, пазбаўленнем волі з прымусовымі работамі [18]. Тыя, хто не выплаціў своечасова падатак, пазбаўляліся права продажу прадуктаў на вольным рынку [19].
У выпадку супраціўлення сялян уся іх маёмасць падлягала канфіскацыі, на пастой у вёску ўводзіліся войскі (на забеспячэнне насельніцтва) [20], сяляне нават маглі быць выселены за межы Беларусі. Так, за невыкананне харчпадатку вайсковы атрад быў пасланы ў Бычанскую воласць [21].
Наркамхарчбел 1 кастрычніка 1921 г. паведамляў у СНК, што падатак на хлеб у цэлым для Беларусі цяжкі, бо Беларусь належыць не да вытворчых, а да спажывецкіх рэгіёнаў. Цяжкім для сялян Беларусі аказаўся і падатак на малочныя прадукты, падатак на гародніну зусім не падыходзіў з-за адсутнасці прамысловага гародніцтва. А вось сянны падатак выявіўся цалкам прымальным [22]. Моцнае незадавальненне сялян выклікаў той факт, што, як паведамляў загадчык інспектарскага пададдзела Барысаўскага павятовага харчовага камітэта, пасля выплаты “алейнага падатку з яго яшчэ патрабуюць мяса, з авечкі, з якой ён аднойчы аддаў воўну, патрабуюць яшчэ мяса і жывую авечку і з воўнай…” [23].
Цяжар падатковага абкладання знаходзіўся ў прама прапарцыянальнай залежнасці ад памераў гаспадаркі і адваротна прапарцыянальнай ад колькасці едакоў. Таму не дзіўна, што пры правядзенні падворнага перапісу падатковымі органамі сяляне імкнуліся аб’явіць сваю гаспадарку раздзеленай, даць завышаныя звесткі пра колькасць едакоў (“мёртвыя душы” працягвалі служыць жывым), занізіць колькасць зямлі, пагалоўя жывёлы [24].
За ўтоеную раллю была ўведзена калектыўная адказнасць усіх жыхароў вёскі, быў прыменены шэраг рэпрэсіўных мераў: арышты, суды Рэўтрыбунала, накладанне пені ў памеры 1/5 абкладання, адчужэнне раллі, закрыццё рынкаў і г. д. Натуральна, гэта самым адмоўным чынам адбілася на настроях сялянства, як паведамляў Наркамхарчбел, пошук утоеных земляў «у некаторых сялянскіх пластах ахрышчаны “другім харчпадаткам”» [25]. Пад час першай фазы кампаніі 1921 г. толькі па Гомельскай губерні было выяўлена амаль 213 тыс. дзесяцін утоенай раллі [26]. Кругавая парука ўрэшце была адменена. Наркамхарчбел у кастрычніку 1921 г. на запыт СНК адносна таго, як праходзіла кампанія спагнання падатку, канстатаваў, што “сялянства ставіцца да харчпадатку ўхвальна, ва ўсялякім выпадку намнога лепш, чым да харчразвёрсткі”, што станоўчы эфект мела адмена кругавой парукі [27].
У сакавіку і ліпені 1922 г. АДПУ канстатавала, што “харчатрадам даводзіцца харчпадатак браць сілай” [28]; “Палітстан сялян нездавальняльны. Адносіны да Савецкай улады і РКП варожыя… цыркулююць чуткі пра вайну, якая рыхтуецца” [29].
Падатак 1921 г. быў амаль у два разы вышэйшы за развёрстку, а падатак 1922 г. перавышаў папярэдні [30]. Падатак 1922 г. павінен быў здавацца толькі шасцю прадуктамі. Сем’ям чырвонаармейцаў, інвалідам, беднаце даваліся льготы. Былі зменшаны тэрміны зняволення для тых, хто не выплаціў падаткі (ад 7 сутак да 1 года з канфіскацыяй маёмасці), акрамя таго, яны прысуджаліся да выплаты пені ў памеры пятай часткі падатку; выплаты падатку ў падвойным памеры.
Адмяніўшы харчразвёрстку, дзяржава яшчэ на працягу прыблізна двух гадоў не адмаўлялася ад розных відаў прамога абкладання вёскі, устанаўліваючы ўсё новыя і новыя натуральныя падаткі на самыя розныя тавары. На пачатку 1923 г. у рэспубліцы існавала 20 відаў толькі ўскосных падаткаў. Да таго ж пакупная здольнасць сельскага насельніцтва пры нізкіх цэнах на сельскагаспадарчую прадукцыю ўвесь час падала [31]. Акрамя таго сяляне павінны былі выплачваць культзбор, самаабкладанне на мясцовыя патрэбы, час ад часу ўдзельнічаць у розных кампаніях па зборы сродкаў. Усе выплаты разам былі даволі істотнымі для аслабленай сялянскай гаспадаркі.
Замена ў 1923 г. усіх відаў натуральнага падаткаабкладання адзіным сельскагаспадарчым падаткам (выплачваўся часткова прадуктамі, часткова грашыма) дазваляла сялянам вызначаць напрамак развіцця сваёй гаспадаркі з пункту погляду эканамічнай мэтазгоднасці. Гэтая кампанія ў параўнанні з папярэднімі праходзіла больш спакойна. Інструкцыяй УЦВК СССР адзінай мерай пакарання ў адміністрацыйным парадку вызначаўся арышт. Падатковыя камісіі (створаныя пры выканкамах) і загадчыкі фінаддзелаў не маглі накладваць нават пені, якая прызначалася толькі судом. Найбольш часта прымяняўся арышт на 7 сутак за ўкрыццё аб’ектаў абкладання, за няздачу падатку ў тэрмін. Гэта пазітыўна ўплывала на настроі асноўнай масы сялянства.
Адкрытае супрацьстаянне, якое даходзіла да ўзброенай барацьбы сялянства і ўлады, да 1923 г. сябе вычарпала. Захоўваліся яго астаткавыя формы [32]. Як паведамлялі зводкі АДПУ другой паловы 1923 г., сяляне ў цэлым станоўча адносіліся да новай формы падаткаабкладання. Разам з тым органы не маглі не фіксаваць негатыўных фактаў. Так, на 2 лістапада 1923 г. адзначалася, што ў Беларусі ў вёсцы – поўная адсутнасць грошай. Сяляне для выплаты падатку вымушаны прадаваць свой інвентар [33]. Сяляне, якія планавалі выплаціць грашовую частку падатку вясной 1924 г. з заробкаў на лесапавале, не атрымалі грошай [34].
Сітуацыя ўскладнілася дажджлівым надвор’ем пад час уборкі бульбы і сена. Восенню 1923 – зімой 1924 г. з Віцебшчыны пачалі прыходзіць паведамленні пра цяжкае эканамічнае становішча сялян. Так, у Невельскім і Аршанскім паветах сяляне дзе-нідзе харчаваліся сурагатамі і закуплялі хлеб [35]. З усіх паветаў ішлі скаргі на недарод і недахоп корму з-за позняй уборкі яравых з прычыны дрэннага надвор’я. Сяляне ў вялікай колькасці збывалі жывёлу па нізкіх коштах. Па афіцыйных сведчаннях, праз Невельскую бойню ў кастрычніку прайшло каля 10 тыс. галоў жывёлы. Моцна выраслі кошты на жыта [36], сяляне вымушаны былі прымешваць да хлеба мякіну [37].
Вясной 1924 г. АДПУ так апісваў правядзенне кампаніі падаткаабкладання па СССР: у губернях, слабых па выкананні падатку, працягвалася масавае прымяненне рэпрэсій. У беднаты, за адсутнасцю іншай маёмасці, нярэдка адбіраўся сельскагаспадарчы інвентар, жывёла да апошняга каня, апісваліся жылыя пабудовы і г. д. Колькасць арыштаваных неплацельшчыкаў за час падатковай кампаніі па некаторых губернях дасягала шмат тысяч, сяляне зазнавалі пабоі і здзек, усе грамадскія двары былі завалены канфіскаванай маёмасцю, сельскагаспадарчым інвентаром; канфіскоўваліся нават жылыя хаты і гаспадарчыя пабудовы. АДПУ падкрэсліваў: “Канфіскацыя сельскагаспадарчага інвентару, праведзеная ў такіх шырокіх памерах, немінуча павінна была адбіцца вельмі адмоўна на вясенняй пасяўной кампаніі” [38]. Сітуацыя крыху палепшылася ў 1925 г. з прычыны добрага ўраджаю і зніжэння падаткаабкладання [39]. Праўда, праверкі 1924–25 г. выявілі, што сяляне стаілі ад падаткаабкладання да пятай часткі ад агульнай колькасці плошчаў раллі, сенакосу, пагалоўя жывёлы [40].
Адным з зыходных прынцыпаў падатковай палітыкі было перасоўванне асноўнага цяжару падатку на заможныя пласты вёскі (апошнія абкладваліся ў індывідуальным парадку) і адначасова поўнае вызваленне ад дзяржаўных падаткаў беднаты і маламоцнага серадняцтва. Гэта адмоўна ўздзейнічала на сацыяльна-псіхалагічны настрой вёскі. Калі першапачаткова плацілі ўсе, то ў 1923 г. амаль 26 тыс. бядняцкіх гаспадарак у розным аб’ёме вызваляліся ад падатку, а сума скідак раскладвалася на заможных. Пры разліку атрымлівалася, што з аднаго заможнага едака бралі ў 180 разоў больш, чым з беднаты [41]. У 1925/26 годзе ўсяго было вызвалена ад сельгаспадатку 127 591 гаспадарак на суму 377 508 руб. Значная колькасць атрымала льготы (гаспадаркі чырвонаармейцаў, слухачы ВНУ, гаспадаркі перасяленцаў, калектыўныя гаспадаркі) [42].
У зводцы АДПУ ад 12 ліпеня 1926 г. адзначалася, што больш заможнае сялянства ўспрымае падатковую палітыку савецкай улады як «заахвочванне “гультаёў” і “лодараў”». Сяляне выказваліся: “Дзяржава зноў хоча пладзіць гультаёў, падатак будзе браць па даходу, а даход ёсць толькі ў таго, хто працуе, а лодар зноў не будзе плаціць, а будзе смяяцца над працаўніком» і інш. [43]. У 1927/28 г. на Случчыне, дзе налічвалася 17,4% бядняцкіх гаспадарак і 77% серадняцкіх, цалкам вызвалена ад падаткаў было 28%, а ў цэлым тыя ці іншыя льготы ў розных памерах атрымалі 59,1% (на 72 874 руб.) [44].
Вызначэнне колькасці падатку для кожнай гаспадаркі не толькі структуравала вёску па маёмасным стане, але і абумоўлівала штодзённыя сацыяльна-эканамічныя тактыкі яе членаў.
Землеўпарадкаванне. У севазвароце дамінавала трохполле, але дзе-нідзе ўжо значна парушанае. Сітуацыя ўскладнялася цераспалосіцай: зямля знаходзілася ў некалькіх адрэзках, часам значна аддаленых адзін ад аднаго і ад сялянскага двара. Селянін, палі якога размяшчаліся на адлегласці 9–10 км ад двара, павінен быў затрачваць на тое, каб дабрацца туды, працы і сродкаў амаль столькі ж, колькі затрачваў на апрацоўку саміх палёў [45].
Зямельным кодэксам 1922 г. быў узяты курс на пасялковае землеўпарадкаванне з разбіўкай ворыўнай зямлі гаспадарак на пэўную колькасць палёў, у залежнасці ад севазвароту, а кожнага поля – на палосы па колькасці гаспадарак паселішча [46]. Дэклараваўся дазвол як на выдзяленне з абшчыны асобных гаспадарак, так і на поўнае развёрстванне яе зямель на хутары і адрубы; звядзенне ў адным месцы зямельнага надзела (ворыўных – пры адрубной сістэме і ўсіх увогуле ўгоддзяў – пры хутарской) [47].
Гэтая зямельная палітыка фактычна была працягам сталыпінскай аграрнай рэформы і праводзілася з улікам спадчыны абшчыннай сістэмы землекарыстання. Так, у раёнах шырокага яе распаўсюджання (Віцебская і Магілёўская губерні) было лягчэй ствараць хутары і адрубы [48], падворнае землекарыстанне і фактычная адсутнасць абшчыны на Міншчыне і Гомельшчыне абумовілі слабае развіццё хутарызацыі тут.
Ва ўсходніх раёнах Віцебскай акругі ад 60 да 80% сялянскіх гаспадарак былі хутарскімі, значнае распаўсюджанне хутары мелі ва ўсходняй частцы Аршанскай, у Полацкай акрузе, часткова – у Магілёўскай. Менш за ўсё хутароў было на Міншчыне (асабліва ў Слуцкай і Барысаўскай акругах), у Калінінскай акрузе. Адрубы складалі ад 0,3 да 8% і займалі заўважнае становішча толькі ў некаторых раёнах Мазырскай акругі (да 10–18% усіх гаспадарак), што было абумоўлена, відавочна, асаблівымі ўмовамі сельскагаспадарчай дзейнасці Палесся [49].
Увогуле, даміноўнай формай сялянскага землекарыстання на Беларусі было падворна-цераспалоснае [50]. На 1 студзеня 1925 г. 74,1% гаспадарак карысталіся зямлёю цераспалосна, 20,3% размяшчаліся хутарамі і 4,0% мелі зямлю ў адрубных участках [51]. Усяго ж да 1929 г. было ўпарадкавана не больш за 44% агульнай плошчы сялянскага землекарыстання [52].
Існавалі адрозненні па акругах адносна сярэдняй землезабяспечанасці сялянскіх гаспадарак. На пачатку 1925 г. найбольшую плошчу прыдатных сельскагаспадарчых земляў мелі Мазырская (10,57 дзесяцін на гаспадарку, 1,95 – на душу), Мінская (адпаведна 9,11 і 1,66), найменшую – Магілёўская (адпаведна 6,52 і 1,15) і Аршанская акругі (адпаведна 6,64 і 1,17) [53]. У Полацкай акрузе на 1927 г. з 55 540 сялянскіх гаспадарак амаль палова (43%) адчувалі значны недахоп зямлі, прычым фондаў для задавальнення патрэбы не было [54].
Даволі істотна адрозніваўся агульны эканамічны стан сялянскіх гаспадарак па розных рэгіёнах, так, колькасць гаспадарак, якія мелі менш за 1 га на Віцебшчыне, была амаль у пяць з паловай разоў большай, чым на Случчыне (23,8% і 4,4% адпаведна), а колькасць гаспадарак, якія мелі больш за 8 га, на Случчыне была амаль у два з паловай разы большай (2,3% і 5,5% адпаведна) [55].
Драбленне сялянскіх гаспадарак. Стварэнне магчымасцяў для выдзялення маладых сямей у асобныя гаспадаркі, а таксама агульны прырост насельніцтва вялі да росту колькасці сялянскіх гаспадарак, да драблення іх матэрыяльна-тэхнічнай базы. Калі ў даваенны час узнікала ў сярэднім 8 тыс. новых гаспадарак у год, то ў паслярэвалюцыйны перыяд удвая больш.
Шматсямейныя двары характарызаваліся ў анкетах як заможныя: яны мелі больш зямлі і працоўных рук, ім было лягчэй абрабляць зямлю [56], для іх падзел, акрамя іншага, азначаў зніжэнне падаткаабкладання. Натуральна, з устанаўленнем для больш заможных гаспадарак прагрэсіўнага падаткаабкладання сустракаліся і фіктыўныя дзяленні з мэтай зніжэння падаткаў [57].
Улады імкнуліся стрымаць працэс драблення, які істотна падрываў матэрыяльна-тэхнічную базу сельскай гаспадаркі. Так, згодна з Зямельным кодэксам 1922 г. раздзел зямельнага надзела двара дапускаўся толькі ў тым выпадку, калі на выдзеленых частках яго магчыма было вядзенне самастойнай земляробчай гаспадаркі, у адваротным выпадку павінна была размяркоўвацца толькі маёмасць двара, а зямля заставалася ў надзеле адной гаспадаркі [58]. З 1 траўня 1925 г. пастановай СНК БССР раздзелы сялянскіх земляў дазваляліся толькі ў выключных выпадках [59]. “Інструкцыяй аб правядзенні сямейна- маёмасных раздзелаў працоўных земляробчых гаспадарак (двароў)” ад 30 сакавіка 1927 г. падзелы дазваляліся толькі ў тым выпадку, калі гаспадаркі, якія аддзяляліся, мелі на мэце стварэнне новых самастойных земляробчых гаспадарак, здольных весці такую гаспадарку [60].
Аднак гэтая інструкцыя, як і папярэднія законы, супярэчыла рэальнаму жыццю: вялікая колькасць гаспадарак мела адну карову, аднаго каня і г. д., якія фізічна не маглі быць падзелены. Прадугледжаная ж інструкцыяй выплата долі “грашыма ці прадуктамі ў растэрміноўку… на тэрмін не больш за пяць гадоў” была немагчыма ні для тых, хто заставаўся на гаспадарцы (рынкавы абарот асноўнай масы сялянскіх гаспадарак не дазваляў на працягу пяці гадоў выплаціць палову ці хоць бы трэцюю частку кошту сваёй маёмасці), ні тым больш для тых, хто выдзяляўся. Адмова ў раздзеле двара для тых, хто выдзяляўся, азначала пераход на становішча беззямельных [61].
Мясцовыя зямельныя ўпраўленні ў адказ на спецыяльны запыт Наркамзема РСФСР паведамлялі, што інструкцыю ад 30 сакавіка 1927 г. не зразумела ні насельніцтва, ні мясцовыя работнікі і яна практычна ніяк не паўплывала на працэс драблення сялянскіх гаспадарак. Спробы ўвесці “абавязковыя нормы недрабімасці” на мясцовым узроўні таксама асаблівага поспеху не мелі [62].
У выніку хуткага стварэння новых гаспадарак землезабяспечанасць на адну гаспадарку амаль не змянілася ў параўнанні з даваенным часам, а то і ўвогуле крыху зменшылася [63]. Паводле дадзеных па Аршанскай акрузе, калі ў 1917 г. забяспечанасць аднаго сялянскага двара раллёй у 1917 г. выражалася ў 5,94 га, то ў 1927 г. – у 5,62 га, памер сенакосу захоўваўся на адным узроўні – 1,83 га [64].
Агульны прырост насельніцтва, надзяленне зямлёй беззямельных і малазямельных за кошт абрэзкі заможных гаспадарак, выдзяленне маладых сямей у асобныя гаспадаркі прывяло да таго, што на 1926 г., нягледзячы на агульны рост плошчы пасеву ў 10,2%, група беспасяўных павялічылася на 60%, група заможных знізілася на 9%, а група т. зв. “эксплуататарскіх” – на 30% [65].
Сельскагаспадарчыя культуры. Асноўнымі сельскагаспадарчымі культурамі беларусаў былі збожжавыя: найперш жыта, а таксама пшаніца, авёс. На Беларусі, як і ў дарэвалюцыйны час, выразна назіралася тэндэнцыя скарачэння пасеваў пад збожжавымі культурамі і павелічэння пасеваў пад тэхнічнымі, што было абумоўлена рынкавай кан’юнктурай, развіццём таварнай жывёлагадоўлі. Значнымі былі пасевы пад бульбай, якая займала заўважнае становішча ў спажыванні селяніна – ад 150 да 250 кг на душу ў год (600–700 г у дзень на тэрыторыі спажывецкай паласы), у якасці кармавой культуры для жывёлы, была асноўным відам сыравіны для крахмальна-патачнай і вінакурнай прамысловасці [668]. На пачатку 1920-х гадоў, дзякуючы высокім нарыхтоўчым цэнам і шэрагу іншых мерапрыемстваў улады, даволі хутка раслі пасяўныя плошчы пад лёнам. Аднак лён не дасягнуў дарэвалюцыйнага ўзроўню ўраджайнасці [67].
Недахоп угнаенняў пры нізкаўрадлівых глебах, дрэнная апрацоўка зямлі (неглыбокая ралля) не спрыялі павышэнню прадукцыйнасці сельскагаспадарчай вытворчасці. Нізкімі былі ўраджаі – не больш як сам-пяць [68]. Так, на Тураўшчыне на ўгноенай глебе (у большасці з-пад кашар) ва ўраджайны год селянін меў 40–45 пудоў з дзесяціны, але сярэднім лічыўся ўраджай амаль удвая меншы – 25– 30 пудоў. Свайго хлеба хапала на месяцы 3–4, амаль 66% сялян куплялі збожжа і муку [69]. Пашырэнню штучных угнаенняў замінала часткова дарагоўля, а часткова няўменне сялянства імі карыстацца [70]. Увядзенне ў севазварот т. зв. зялёных угнаенняў (лубін, канюшына) скарачала збожжавыя культуры, а нават нязначнае скарачэнне плошчы пад збожжавымі культурамі парушала харчовы баланс гаспадаркі, штурхаючы яе за хлебам на рынак, вяло да пагаршэння эканомікі гаспадаркі [71], стваралася замкнёнае кола.
“Пачынаюцца гутаркі з нашым гаспадаром. Чаму такі малы ўраджай? – Дрэнная глеба ды няма гною. Чаму няма гною? – Мала жывёлы. А чаму мала жывёлы? – Няма на большы лік корму. А чым ты корміш сваю жывёлу? – Амаль што выключна сенам, саломай і мякінай. – А чаму не пасееш у полі больш бульбы й травы? – Баюся самому ня хопіць хлеба, а на бульбу, ня ведаю, ці хопіць працы. – Дык ты прадасі: сала, масла, яйкі або іншыя прадукты жывёлагадоўлі і купіш сабе недастачу хлеба. – Добра, а ці будзе выгада, калі я пачну прадаваць мяса, масла, сала й купляць збожжа, – запытае, урэшце, гаспадар” [72].
З усёй ворыўнай зямлі на Мазыршчыне толькі 61,2% было занята пад пасевамі, астатняе – пад папарам і аблогай. Земляробства тут не толькі не давала тавараў для вывазу, але і не забяспечвала збожжам яе жыхароў [73]. Разам з тым экстэнсіўнасць гаспадаркі Мазыршчыны нельга было патлумачыць выключна культурнай адсталасцю яе насельнікаў. Галоўным багаццем рэгіёна была не ралля, а сенажаці, не вельмі прадукцыйныя, затое вялікія. У той час як у сярэднім па БССР на 100 дзесяцін ворнай зямлі прыпадала толькі 46 дзес. сенажаці, на Мазыршчыне – 109. Акрамя таго, тут выкарыстоўваліся для выпасу лясы і непрыдатныя землі, якія разам з балотамі складалі большую частку земляў Мазыршчыны [74]. Натуральна, вялікае таварнае значэнне тут мела жывёлагадоўля.
Вось як выглядала нарыхтоўка сена, напрыклад, на Варанянскім балоце (Грэшчына) [75], куды з’язджаліся сяляне за 30–35 вёрст: “Косяць сена па калені ў вадзе, сярод плоймаў кусьлівай машкары. Каб ня прэлі ногі, касцы іх мажуць дзёгцем, абкручваюць анучамі. Так жывуць на балоце па некалькі дзён. Кепскае балотнае сена складаюць у стажкі на больш сухіх мясцох, робячы для гэтага з бярозавых жэрдак насцілы. Вывозяць яго зімой, калі прамерзне балота” [76].
Барысаўскі раён знаходзіўся ў досыць спрыяльных умовах для свайго эканамічнага развіцця. Шляхі зносін (МББ чыгунка, суднаходная і сплаўная рака Бярэзіна, добрыя грунтавыя дарогі) дазвалялі мець цесную эканамічную сувязь з буйным прамысловым цэнтрам акругі і раёна. У Барысаве праводзіліся вялікія кірмашы, былі кааперацыйныя крамы, вялікая колькасць рабочых гарантавала збыт прадуктаў сельскагаспадарчай вытворчасці [77].
Гародніцтва і садоўніцтва насілі натуральна-спажывецкі характар. Сяляне агранома ў вёсцы не бачылі. Аднак часам самі сяляне выступалі ініцыятарамі рацыяналізацыі: змены ў землекарыстанні, садоўніцтва, племянная жывёлагадоўля. Так, у вёсцы Дакудава ў Крупскім раёне ў аднаго гаспадара быў пладовы гадавальнік на 4,5 тыс. дрэў, тут спрабавалі разводзіць племянную скаціну, асабліва свіней [78]. На Барысаўшчыне адзін сад у сярэднім прыпадаў на 13 гаспадарак. Гароднінай сялянства задавальнялася ў сярэднім на 40–50% спажывецкай нормы. На Барысаўшчыне 4 гаспадаркі вялі гародніцтва па-навуковаму [79]. Перапрацоўвалі садавіну (сушылі, варылі павідла і інш.) у акрузе толькі ў гаспадарцы Марозава (Фатынь Лепельскага раёна), які меў сушылку, што прапускала да 500 пудоў сырой гародніны. Некаторыя сяляне, вярнуўшыся з палону дахаты (вёскі Засялечча, Замоша Асіповіцкага раёна), спрабавалі ўнесці змены ў вядзенне сваёй гаспадаркі. Так, у Замошы селянін Сцяпан Рамнёў працаваў на гародзе “па-германску”: разводзіў больш агуркі [80].
Арэндныя адносіны. Знізіць напружанасць у вёсцы павінны былі ўвядзенне арэнды зямлі і дазвол найму працоўнай сілы (1922 г., Зямельны кодэкс). Разлік быў такі: “лішнія” рабочыя рукі, або, напрыклад, сяляне, гаспадаркі якіх пацярпелі ад стыхійных бедстваў ці няшчасных выпадкаў, уладальнікі новаствораных ці нядаўна земленадзеленых гаспадарак будуць зарабляць грошы, працуючы па найме, і выкарыстоўваць гэтыя грошы для ўмацавання ўласнай сельскай гаспадаркі [81]. Увядзенне арэнды дазваляла “прыстройваць” землі, якія часова не маглі апрацоўвацца з прычыны прызыву гаспадара ў Чырвоную армію ці займання нейкіх пасад, пры страце працаздольнасці па хваробе на доўгі тэрмін, а таксама землі ўдоў, сірот і г. д.
Зямля магла здавацца на тэрмін у 1 севазварот, г. зн. да 3 гадоў, а з мая 1925 г. – да 12 гадоў [82]. Арандатарам магла выступаць толькі гаспадарка, якая ўжо існавала і мела зямельны надзел. Натуральна, гэта стварала перашкоды для ўзнікнення новых гаспадарак на арандаваных землях. У 1924 г. было дазволена арандаваць землі асобам, якія не мелі свайго надзела, галоўнае – арэнда павінна была мець працоўны характар. Здача ў арэнду не дазвалялася, “калі двор, які здаваў зямлю, цалкам спыняў вядзенне самастойнай гаспадаркі з прычыны канчатковага перасялення ці пераходу да іншых заняткаў” [83].
У якасці асноўнага здатчыка зямлі выступілі бясконныя і безынвентарныя беднякі, маламоцныя сераднякі (сярэдняя плошча арэнды складала каля 4 дзес.), якія не мелі земляробчых прылад, рабочай жывёлы і насення для апрацоўкі атрыманага надзела. Большасць з іх здавала ўвесь надзел, спыняючы на час арэнды вядзенне самастойнай гаспадаркі. Таксама здаўшы зямлю можна было набыць каня і пайсці з ім у заробкі на лесараспрацоўкі, дарожныя працы [84] і г. д. Асноўным арандатарам зямлі быў серадняк – на яго долю прыпадала каля 2/3 ад агульнай колькасці арандатараў і больш за палову арэнднага фонду [85].
Увядзенне абавязковай рэгістрацыі арэндных дамоў адпаведнымі органамі павінна было зрабіць іх празрыстымі для ўлады, дазволіць ёй рэгуляваць арэндныя адносіны ў вёсцы. Аднак паколькі арэнда абкладалася падаткам, сяляне імкнуліся ўтойваць пагадненні аб ёй ад рэгістрацыі, указваць заніжаныя памеры арэндаванай плошчы, з мэтай укрыцця сапраўднай плошчы ад абкладання падаткам памеры ўказваліся ў дагаворах як “увалока”, “пляц”, “надзел” і г. д. [86]. Мясцовы савецкі апарат не мог забяспечыць дзейсны кантроль за адносінамі паміж асобнымі дварамі. Як выявілі абследаванні, шмат сялян не ведала, што за арэндаваную зямлю падатак павінен плаціць арандатар, і або самі выплачвалі яго (у гэтым выпадку арэндная плата паніжалася да мінімуму, а сама арэнда набывала кабальны характар), або ўспрымалі выплату арандатарам як дабро і не паведамлялі аб здзелцы ў савет, каб не павышаць падатковую групу “дабрадзею”. Таксама неабходна ўлічваць эканамічную залежнасць здатчыка ад арандатара, пры якой апошні мог выступаць у ролі “памочніка” ці нават “ратавальніка” ад голаду [87]. У падобных сітуацыях бедняку было не да юрыдычнага афармлення здзелкі, тым больш што адмаўленне савета ў рэгістрацыі менавіта яго і паставіла б у цяжкае становішча.
Найбольш зацікаўленым бокам у заключэнні здзелкі быў менавіта бядняк [88]. Склалася парадаксальная сітуацыя, калі здатчык зямлі ў арэнду, на абарону інтарэсаў якога і быў накіраваны закон, імкнуўся пазбегнуць агалоскі – не толькі рэгістрацыі здзелкі ў савеце, але нават простага паведамлення пра факт пры абследаваннях, якія праводзіліся партыйнымі, статыстычнымі і навуковымі арганізацыямі. Арандатар жа (як правіла, больш пісьменны) не баяўся статыстыкі і абследавальнікаў, што наглядна праявілася ў велізарнай неадпаведнасці колькасці гаспадарак, якія здавалі зямлю ў арэнду, і колькасці арэндаваных гаспадарак (у 3–4 разы). Так, у 1926 г. зарэгістравана было не больш за 25–30% арэндных здзелак [89].
Зямля здавалася сялянамі за грошы, бо здатчыкамі выступалі перасяленцы і адыходнікі, для якіх іншыя формы былі нявыгадныя. Шырока практыкавалася здольшчына: 68,3% здаваных гаспадарак былі здольшчыкамі (прыкладна столькі ж, дарэчы на Украіне), гэта тлумачыцца як даволі моцнымі прыгоннымі ўстоямі ў папярэдні час, так і моцным недахопам рабочай жывёлы і інвентару ў беднаты – асноўнага здатчыка. У раёнах больш развітай таварнай вытворчасці здольшчына значнага пашырэння не атрымала [90].
Мелі месца выпадкі, калі пад выглядам арэнднай здзелкі адбываўся фактычны продаж, на карысць гэтага сведчыў моцна завышаны кошт здаванай у арэнду зямлі: у раёнах, дзе сярэдняя цана дзесяціны складала 6 руб., яна даходзіла да 30–40 і нават 85 руб. [91].
Не атрымалася таксама звесці ўсе арэндныя адносіны толькі да т. зв “працоўнай арэнды”, паводле ўмоў якой здатчык не павінен быў парываць з сельскай гаспадаркай. Такімі здатчыкамі маглі б стаць тэарэтычна толькі буйныя гаспадаркі. У БССР жа зямлю здавалі або маламоцныя сяляне, якія здавалі фактычна ўвесь надзел, або тыя гаспадаркі, працаздольныя члены якіх уладкаваліся на працу ва ўстановы, на прадпрыемствы [92].
Натуральна, арэнда ў такім выглядзе не магла істотна адбіцца на развіцці вытворчых сіл сельскай гаспадаркі і на сацыяльна-эканамічным расслаенні вёскі [93]. У арэнду здавалі 1,5–2,1% гаспадарак. Сярод арэндаваных земляў значную частку займаў сенакос (44,6%). Часцей за ўсё гэта былі невялікія ўчасткі, раскіданыя сярод лясоў [94].
З 1925 г. на арандаваныя гаспадаркі распаўсюджваўся закон аб дапушчэнні падсобнай наёмнай працы.
Наём працоўнай сілы. Да продажу сваёй працоўнай сілы вымушаны былі прыбягаць больш за палову бядняцкіх гаспадарак [95]. Некаторая частка такіх сялян знаходзіла выхад у заробках на будаўніцтве ці прамысловасці. Аднак большая частка бядняцкіх і маламаёмасных пластоў сельскага насельніцтва павінна была шукаць крыніцы існавання ў самой вёсцы.
Межы дазволу на прымяненне таго, што называлася “дапаможнай наёмнай працай” [96], у земляробчых гаспадарках былі празмерна вузкія: для гэтага неабходна было мець уважлівыя прычыны. У такіх умовах пашырыліся схаваныя формы найму – часцей за ўсё пад выглядам сваякоў. “Часовыя правілы аб умовах прымянення падсобнай наёмнай працы ў сялянскіх гаспадарках” (18 красавіка 1925 г., пастанова СНК СССР) аблягчалі прымяненне наёмнай працы ў працоўных сялянскіх гаспадарках, галоўным чынам серадняцкіх. У вёсцы фармаваўся асобны пласт – сельскагаспадарчыя рабочыя.
Асноўным наймальнікам была серадняцкая гаспадарка. Паводле дадзеных усесаюзнага перапісу 1926 г., з агульнай колькасці двароў, якія займаліся сельскай гаспадаркай і пастаянна прымянялі наёмную працу, аказалася, што ў 25,4% галоўнымі ў сем’ях былі жанчыны. Жанчына, становячыся галавой шмадзетнай сям’і без дарослых работнікаў-мужчын, была вымушана наймаць чужую працоўную сілу, пры гэтым трапляючы ў становішча хутчэй эксплуатаванай, чым эксплуататара [97].
Сярод тых, хто наймаўся, пераважалі маладыя людзі, часцей за ўсё хлопцы, батрацкія заняткі якіх былі толькі дапамогай у бюджэце гаспадаркі бацькоў. Натуральна, меў месца сезонны наём, які дасягаў найбольшых памераў у час уборачных работ (ад 2 да 5 чалавек на гаспадарку адначасова). Паводле статыстыкі, да найму звярталася каля 6%, ці 40 ½ тыс. сялянскіх двароў. Колькасць наёмных рабочых складала да 50 тыс. чал., у тым ліку да 10 тыс. пастухоў. Аднак тут жа канстатавалася, што афіцыйныя дадзеныя ўлічвалі не больш за палову ад рэальнай колькасці [98].
Тэрміны найму складалі, як правіла, для пастухоў – з траўня да кастрычніка (5 месяцаў), для сельскагаспадарчых рабочых – з красавіка да снежня (8–9 мес.), ці на працягу года. Найбольш тыповыя ўмовы працы батрака: харчы, адзенне і жыллё ён атрымліваў ад наймальніка; зарплата плацілася, як правіла, у канцы тэрміну найму, але рабочы мог узяць яе і наперад (на кабальных умовах); працягласць працоўнага дня складала 15–16 гадзін у суткі, выхадныя дні не выконваліся, асабліва для пастухоў. Розніцу ва ўмовах працы хутчэй можна было заўважыць паміж мясцовымі і прышлымі работнікамі, бо мясцовы часцей сустракаў маральнае спачуванне ў аднавяскоўцаў ці родных, якія маглі так ці інакш уплываць на наймальніка [99].
Памеры заробку, напрыклад, па Магілёўскай акрузе, не лічачы харчоў, вагаліся ад 1 р. 75 к. да 3 р. 50 кап. у месяц для падлетка і ад 2 р. 50 кап. да 6 р. 50 кап. для дарослага; у Слуцкай акрузе былі крыху вышэйшыя. Заробак грамадскіх пастухоў заўсёды налічваўся ў натуры з галавы рагатай жывёлы і выражаўся пры пераводзе на грошы ў 45 руб. за сезон [100].
Малазямельнае сялянства з в. Бранчыцы Старобінскага раёна ў ходзе пераразмеркавання прырэзкі не атрымала – побач не было зямлі, якая б магла быць для гэтага скарыстана. Сітуацыя ўскладнялася адсутнасцю магчымасцяў для адыходных промыслаў. Таму бедната гэтай вёскі, як і раней, станавілася крыніцай таннай рабочай сілы для заможных сялян, прыцягваў іх да працы і мясцовы саўгас. Паводле зводкі Белсельтрэста за 1926 г., па саўгасе Бранчыцы аплата падзённікаў была самая нізкая ў Беларусі, у сярэднім 50 кап. на дзень. Прыблізна 100 двароў в. Бранчыцы хадзілі на сезонныя работы, каля 20–30 батракоў з вёскі служылі ў розных месцах. Батракі- адзіночкі за 9 месяцаў службы атрымлівалі ад 10 (малодшыя, 10–12 гадоў) да 50 руб., якія траціліся на самыя неабходныя гаспадарчыя патрэбы (соль, газа, жалеза і інш.). Сезонную працу ў вёсцы на 80% выконвалі жанчыны [101].
Усе дагаворы найму неабходна было рэгістраваць у органах улады. Такая рэгістрацыя патрабавала ад наймальніка забяспечыць найманаму не больш як 8-гадзінны працоўны дзень, штотыднёвы адпачынак, сацыяльнае страхаванне за кошт прадпрымальніка, выплату выхадной дапамогі ў выпадку звальнення [102]. Натуральна, гэта вяло да схаванага найму, без рэгістрацыі і без гарантый.
Забарона арэнды і найму выліліся вясной 1929 г. у масавае беспрацоўе сярод батракоў, занятых раней у індывідуальных гаспадарках. Бядняцкія гаспадаркі, якія атрымалі зямлю, але не мелі сродкаў яе апрацоўкі, пазбавіліся магчымасці заробку шляхам найму ў самой вёсцы.
Гаспадарчыя прылады. Вытворчы патэнцыял дробнай індывідуальнай гаспадаркі, яе маёмасны і сацыяльны стан залежалі ад наяўнасці рабочай жывёлы, інвентару. Селянін, які не меў гэтага, страчваў магчымасць сваімі сіламі весці сямейна-індывідуальную гаспадарку.
Абсалютную большасць сельскагаспадарчых прылад выраблялі або непасрэдна ў самой гаспадарцы, або мясцовыя саматужнікі, фабрычныя вырабы былі рэдкасцю. Увогуле ж роля тэхнікі ў вытворчасці сельскагаспадарчых культур складала 1–2,5%.
Сяляне карысталіся звычайным аднаконным (адналямешным) плугам, які рабілі саматужнікі-кавалі, свайго вырабу бараной (драўляная рама з жалезнымі зубамі). Дзе-нідзе яшчэ захавалася саха (Мазыршчына, Барысаўшчына – Крупскі, Халопеніцкі, Бягомльскі раёны) [103]. Так, калі ў даволі багатага селяніна з “шляхты” вёскі Дакудава Аршанскай акругі ў 1890-я гады з’явіўся першы плуг, на такое “дзіва” збеглася глядзець паўвёскі, але да сярэдзіны 1920-х гадоў саха ўжо была практычна паўсюль выціснута [104].
Для малацьбы і ачысткі збожжа выкарыстоўвалі таксама пераважна “старасвецкія прылады”: малацілі цапамі, веялі збожжа драўлянымі лапатамі. Серп і каса, купленыя на рынку, былі амаль што адзінымі прыладамі на жніве і сенакосе; жняяркі і касілкі калі і сустракаліся, то толькі ў хутарскіх гаспадарках, імі карысталася самая нязначная колькасць гаспадароў [105]. Прылады для апрацоўкі лёну і канапель, за выключэннем бёрдаў, выраблялі саматужным парадкам.
Больш багатыя гаспадаркі мелі веялкі, саламарэзкі, малатарні, арфы і інш. Так, на 3 тыс. чалавек насельніцтва Крукавіцкага сельсавета на Мазыршчыне мелася 21 малатарня, 10 саламарэзак, 30 акучнікаў фабрычных, 10 сартовак, 1 трыер [106]. На Случчыне адна сячкарня прыпадала на 4–5 гаспадарак, адна спрунжыноўка – на 17 гаспадарак, 1 малатарня – на 19–20 гаспадарак. Побач з гэтым у 1924/25 гаспадарчым годзе 9,4% гаспадарак лічыліся ўвогуле безынвентарнымі [107]. На Віцебшчыне адпаведны працэнт быў 8,2%; 10,1% не мелі плугоў і сох, 14,2% – транспартнага інвентару [108]. Колькасць і якасць гаспадарчых прылад сведчыла, што гаспадаркі, за невялікім выключэннем, не маглі якасна апрацоўваць сваю зямлю [109].
Маламоцныя гаспадаркі, якім даводзілася наймаць сродкі вытворчасці, плацілі працай. Для заможных гаспадарак здача жывёлы і інвентару ў наём была крыніцай забеспячэння сваіх гаспадарак таннай працоўнай сілай. Цяглавая сіла, як правіла, давалася разам з гаспадаром. Такім чынам, маламаёмасны двор выступаў наймальнікам, які “эксплуатаваў” не толькі чужыя сродкі вытворчасці, але і чужую працу [110]. Серадняцкая гаспадарка была мала звязана з рынкам і таму імкнулася максімальна абмежаваць кола сваіх грашовых разлікаў і аддавала перавагу разліку прадуктамі.
Жывёлагадоўля. Асноўнай рабочай жывёлай у гаспадарцы беларусаў быў конь; па-першае, ён служыў для апрацоўкі раллі, па-другое, дзякуючы яму можна было мець дадатковыя заробкі (рамізніцкія промыслы, лесавывазкі, здача ў наём і г. д.), па-трэцяе, ён забяспечваў сувязь гаспадаркі з рынкам.
У Мазырскай акрузе функцыю рабочай жывёлы ў большай меры выконвалі валы [111]. Перавага апошніх у цяглавай сіле давала высокі ўзровень забеспячэння рабочай жывёлай. Так, у вёсцы Тонеж на двор прыпадала ў сярэднім па 3–4 адзінкі буйной рагатай жывёлы (пара гаспадарак – па 18–20), а разам на 270 двароў – 1307 галоў, але коней з іх было толькі 19 [112]. Тлумачылася гэта тым, што ўтрымліваць каня ў тых умовах было праблематычна: конь не спажываў жорсткага балотнага сена, а аўсу гаспадаркі ў дастатковай колькасці не мелі. Да таго ж вол даваў лепшы гной. Затое каб выканаць той жа аб’ём працы, з якім спраўляўся (і да таго ж хутчэй) адзін конь, патрабавалася пара валоў [113].
Але карміцелем гаспадаркі лічыўся менавіта конь, яго, як правіла, лепш, чым іншую жывёлу, даглядалі [114]. Каня да працы пачыналі скарыстоўваць з 3 гадоў, з 4 гадоў ён лічыўся ўжо сталым і служыў гадоў 16–20 [115]. У сярэднім у гаспадарцы было па адным кані і жарабяці [116]. Нагрузка на аднаго каня ў БССР была нязначнай і не перавышала 4–5 дзесяцін, але з прычыны нізкаросласці і маласільнасці конь не заўсёды спраўляўся ў поўнай ступені нават з такой нагрузкай [117].
Размеркаванне рабочай жывёлы ў Беларусі як спажывецкай зоне выконвала крыху меншую ролю ў сацыяльнай дыферэнцыяцыі вёскі, чым у спецыфічна земляробчых мясцовасцях, нязначным тут быў і працэнт гаспадарак, якія наймалі рабочую жывёлу [118]. Увогуле жывёлагадоўля ў БССР адыгрывала другарадную ролю ў развіцці сельскай гаспадаркі, але яе доля, як і ў даваенны час, на працягу 1920-х гадоў няўхільна ўзрастала. Пры вельмі нізкіх даходах ад паляводства маламоцныя гаспадаркі імкнуліся шырэй збываць прадукты жывёлагадоўлі. Экстэнсіўная мяса-малочная жывёлагадоўля патрабавала меншых матэрыяльных укладанняў і затрат жывой працы, чым земляробства, не патрабавала набыцця дарагога мёртвага інвентару і, акрамя таго, была сумяшчальнай з працай за межамі сваёй гаспадаркі – на мясцовых ці адыходных промыслах ці ў найме ў заможнага суседа.
На Палессі (Мазыршчына, паўднёва-заходняя частка Бабруйскай акругі) і часткова ў Полацкай акрузе, дзе была вялікая колькасць пашы, шырока гадавалі маладняк. На паўночнай Міншчыне і Віцебшчыне прадукцыйная жывёлагадоўля мела яскрава выражаны малочны напрамак, што было абумоўлена наяўнасцю побач рынка для такой прадукцыі (густанаселенасць прамысловых гарадоў, развіццё чыгуначнай сеткі). Гэта рабіла больш выгадным папаўненне статку за кошт куплі дарослых кароў, чым гадаванне іх у сябе ў гаспадарцы на малацэ [119]. На Магілёўшчыне і часткова сярэдняй Міншчыне прадуктыўная жывёлагадоўля насіла “навозны” характар. Статак папаўняўся за кошт натуральнага прыросту маладняку. У Слуцкай акрузе прамысловы характар насіла конегадоўля [120].
Значную перашкоду ў развіцці жывёлагадоўлі стваралі эпідэмічныя захворванні. Найбольшае распаўсюджванне мелі: у коней – мыт (Лепельскі раён), у кароў – сібірская язва (Крупскі, Халопеніцкі, Лепельскі раёны), крываўка (Крупскі, Бярэзінскі, Зембінскі, Бягомльскі раёны), вагініт і сухоты (Зембінскі раён), яшчур (Бягомльскі раён). Свінні хварэлі на чуму, рожу, а авечкі – на двухвуснаўку пячоначную. Падзеж жывёлы дасягаў вельмі высокіх працэнтаў: у Бярэзінскім раёне ён, напрыклад, даходзіў да паловы захварэлай жывёлы [121].
Сувязь з рынкам. У дробнай сялянскай гаспадарцы прадукт вырабляўся найперш для задавальнення ўласных патрэбаў, а не спецыяльна на рынак, не дзеля атрымання прыбытку. У сферу таваразвароту трапляў толькі лішак, памеры якога былі нязначныя.
1922/23 і 1923/24 гаспадарчыя гады характарызаваліся рэзкім разрывам сельскагаспадарчых і прамысловых цэн, што моцна паніжала пакупніцкую здольнасць вёскі і тым самым перашкаджала развіццю таваразвароту [122]. Увядзенне чырвонца, замена натуральнага падатку грашовым вялі да павышэння долі таварна-грашовых здзелак. Так, калі ў 1923/24 г. за грошы сялянства рэалізавала каля 30% прадукцыі, то ў 1924 г. ужо 80%. Натуральна, па розных групах гаспадарак былі істотныя адрозненні: калі гаспадаркі з пасяўной плошчай ад 8–16 дзесяцін за грошы рэалізоўвалі каля 90%, то гаспадаркі з пасевам менш як 2 дзесяціны толькі 50% [123].
Нармалізацыі абарачэння не спрыялі т. зв “нажніцы цэн” паміж прамысловымі і сельскагаспадарчымі таварамі. Селянін, каб купіць толькі адзін пуд солі, павінен быў прадаць 6–7 пудоў жыта, каб набыць боты – 60 пудоў [124]. Нізкія кошты на хлеб пераарыентавалі сялянства на вытворчасць тэхнічных і кармавых культур. У 1924/25 гаспадарчым годзе значэнне хлеба ў якасці таварнай культуры ўпала да ўзроўню даваеннага часу, калі сялянства Беларусі пераважна прадавала не збожжа, а жывёлу, прадукты жывёлагадоўлі і тэхнічныя культуры [125]. Аднак гаспадаркі, якія пераходзілі да вытворчасці тэхнічных культур, як і гаспадаркі саматужнікаў ці рамеснікаў, захоўвалі збожжавыя пасевы ў памерах, неабходных для пакрыцця ўласных патрэбаў.
“Нажніцы цэн”, рэзкае сезоннае ваганне коштаў на сельскагаспадарчую прадукцыю стваралі ўмовы, пры якіх кожнаму вытворцу выгадней было трымаць свае матэрыяльныя накапленні ў форме натуральных прадуктаў, прыбягаючы да іх рэалізацыі на грошы толькі пры ўмове вострай патрэбы ў апошніх ці пры асабліва выгадных коштах на рынку. Гаспадаркі імкнуліся прымеркаваць момант рэалізацыі прадуктаў да моманту неабходнасці выплаты падатку, плацяжоў па займу, грашовых і іншых павіннасцяў, набыцця неабходных прадметаў гаспадарчага ці асабістага спажывання. Прычым гэтыя грашовыя патрэбы маглі часткова задавальняцца паступленнямі з іншых крыніц, напрыклад, ад заробкаў, займаў [126], а значыць, прадуктаў сельскай гаспадаркі на рынак выкідвалася менш. Але магчымасць скарыстаць рынкавую кан’юнктуру мелі толькі больш заможныя, эканамічна моцныя гаспадаркі [127].
Дробныя гаспадаркі з-за адсутнасці сродкаў вымушаны былі выкідваць галоўную масу сваёй прадукцыі на рынак восенню ў перыяд нізкіх коштаў, а вясной, ва ўмовах павышанай кан’юнктуры, “прыкупляць” прадукты харчавання, якіх не хапала, корм для жывёлы, “сістэматычна недаядаючы і недакормліваючы жывёлу” [128]. Яны павінны былі знаходзіць заробак па-за межамі вёскі, каб купіць хлеб, якога ў сваёй гаспадарцы выраблялася мала, які да таго ж даводзілася прадаваць.
Калі па СССР сумарная ўдзельная вага рэалізаванай на пазавясковым рынку прадукцыі ўсіх галін сельскай гаспадаркі ў 1925/26 – 1926/27 г. складала 22–25% да яе валавога аб’ёму, то ў Беларусі – толькі 10–15%. Беларусь захоўвала пераважна натуральна-спажывецкую сялянскую гаспадарку, слаба звязаную з рынкам у якасці вытворцы сельскагаспадарчых прадуктаў [129]. Для простай таварнай вытворчасці характэрна маруднае і позняе ўцягванне ў таварную вытворчасць асноўнага прадукту харчавання чалавека – хлеба. Галоўнае месца ў валавой таварнай масе займала жывёла і прадукты жывёлагадоўлі, якія складалі большую долю валавой таварнай масы – 61,4%, прадукты паляводства і лугаводства – толькі 26,0%, прадукты іншых галін – 2,6% [130].
Змяншэнне выкідвання на рынак збожжа пагражала выкананню дзяржаўных планаў хлебанарыхтовак. Да таго ж у якасці канкурэнтаў нарыхтоўчых арганізацый выступілі прыватныя гандляры, якія плацілі больш, чым нарыхтоўшчыкі [131]. А на пачатку вясны на рынку з’явіўся новы спажывец – найбяднейшае сялянства, якое распрадало восенню свае хлебныя рэсурсы танна, а цяпер вымушана было плаціць за хлеб у 2–2½ разы больш [132].
За ўвесь перыяд нарыхтовак 1924/25 г. (жнівень – сакавік) хлеба было сабрана ў палавінным памеры ад папярэдняга года [133]. А з жніўня 1925 г. у БССР пачало павялічвацца прыбыццё хлебных прадуктаў, значнае месца ва ўсёй масе завезеных прадуктаў займала пшанічная мука [134]. Залежнасць ад дынамікі ўсесаюзных цэн прывяла да падзення цэн на мяса ў самой БССР з-за масавага збыту жывёлы з раёнаў, якія пацярпелі ад недароду (Украіна, Прыволжская губ.) [135]. Нарыхтоўкі 1925/26 года развіваліся вельмі вяла, улады вымушаны былі падоўжыць тэрміны іх выплаты, скараціць кантынгент сельскагаспадарчага падатку. Аднак план быў недавыкананы па ўсёй Беларусі [136]. Пасіўнасць хлебнага балансу была створана не паніжаным ураджаем, а ростам унутранага спажывання. Адзначаўся рост рэалізацыі хлебнага віна, самагонаварэння, асабліва вялікі ў вёсцы [137]. Хлебанарыхтоўкі 1927/29 г. выкананы не былі, нягледзячы на тое, што ўраджаі былі не на шмат ніжэйшыя, чым у 1925/26 г.
Саматужніцтва і рамесніцтва. Крайне неэфектыўная вытворчасць не здольная была пракарміць земляробаў, і гэта вымушала іх шукаць дадатковыя крыніцы даходаў, у тым ліку саматужніцтва [138]. Большасць вясковых саматужнікаў асноўным заняткам мела сельскую гаспадарку, а рамёствы выступалі дадатковым прыработкам, імі займаліся ў вольны ад працы на сельскай гаспадарцы час [139]. Нязначным быў і заробак.
Найбольш пашыранымі сельска-саматужнымі промысламі былі выраб цэглы, кавальства, сталярныя, бандарныя і калёсныя рамёствы, апрацоўка скур і воўны, шавецтва і кравецтва, пячкурства і інш.
Дробны саматужніцкі характар насіла і накіраваная на абслугоўванне мясцовага насельніцтва вясковая прамысловасць, найперш млыны, ваўначоскі, сукнавальні, крупарушкі, маслабойкі і г. д. Так, сетка ўстаноў такога тыпу ў Азарыцкім раёне складалася з: 6 паравых млыноў, 72 ветракоў, 1 вадзянога млыну з сукнавальняй, 21 ваўначоскі (3 конныя), 45 крупарушак (18 конных), 9 маслабоек, 8 гарбарань, 1 смалакурнага завода. Таксама мелася: 70 краўцоў, 107 шаўцоў, 60 будаўнікоў, 61 каваль, 50 калеснікаў, 5 слесараў, 4 шапачнікі, 52 печкуры, 129 бондараў, 2 токары, 1 муляр, 6 аўчыннікаў, большасць з іх жылі ў вёсках і толькі нязначная частка ў мястэчку Азарычы [140].
На тэрыторыі Барысаўскага раёна існавала 131 прамысловае і саматужна-рамесніцкае прадпрыемства (24 млыны, 14 смалакурных заводаў, 4 сукнавальні, 10 лесапілак пры млынах і сукнавальнях, 2 маслабойкі, 5 цагельных заводаў, 61 кузня, 3 шавецкія майстэрні, 4 сталярныя майстэрні, 3 ганчарныя заводы, 1 чарапічна-бетонны). Лесапільная фабрыка ў Навасёлках давала электрычнасць на вёску [141].
Саматужная прамысловасць вялася прымітыўнымі спосабамі. Сельскія саматужнікі, як правіла, працавалі ў хатніх умовах без спецыяльнага памяшкання, летам – на адкрытым паветры або пад паветкай, зімой – у хаце або падсобных пабудовах. Большасць саматужных промыслаў была заснавана на мужчынскай працы. Жанчыны захоўвалі манаполію ў апрацоўцы лёну, пянькі і воўны, прадзенні і ткацтве, вышыўцы, гатаванні ежы, збіральніцтве.
Адыходніцтва. Бедная неўрадлівая глеба, адсутнасць магчымасці прыработку непасрэдна ў вёсцы вымушалі сялян шукаць дадатковыя заняткі за яе межамі. Мясцовыя прамысловыя прадпрыемствы мелі вельмі нязначны патэнцыял у гэтым сэнсе, вытворчасць на іх была даволі прымітыўна арганізаванай, колькасць рабочых месцаў – літаральна некалькі адзінак. Бывалі сезонныя або часовыя прыработкі: у лесе ў час зімовых лесараспрацовак секлі і рэзалі дрэвы, вазілі лес да чыгункі і сплаўных рэк, перавозілі лёд для леднікоў, працавалі на будаўніцтве чыгункі і да т. п.
Сялянскія промыслы арганічна стасаваліся з земляробствам і жывёлагадоўляй і былі арыентаваны пераважна на асенне-зімовы сезон, вольны ад сельскагаспадарчай працы. Летам і восенню сяляне таксама займаліся нарыхтоўкай ягад, грыбоў, лекавых траў, здабычай лыка, вязаннем венікаў, рыбалоўствам.
Паводле дадзеных на 1925 г., на 100 дробных галоўным чынам беспасяўных гаспадарак прыпадала 67 гаспадарак з промысламі, а на 100 буйных гаспадарак – толькі 5–6 [142]. Неземляробчыя паступленні выконвалі галоўную ролю ў рынкавых даходах дробнай гаспадаркі (77,4% усіх рынкавых даходаў), а рынкавы даход ад жывёлагадоўлі быў у паўтара раза вышэйшы, чым ад земляробства. У сярэдніх гаспадарках найбольшую масу валавога рынкавага даходу давала сельская гаспадарка (65,3%), прычым і жывёлагадоўля, і земляробства давалі прыблізна аднолькавы працэнт прыбытку; значным быў працэнт неземляробчых паступленняў (34,7%). З узбуйненнем гаспадаркі рэзка падала адноснае значэнне неземляробчых (1/5) і жывёлагадоўчых (33,8%) паступленняў і вырастала значэнне земляробчых (47%) [143]. У параўнанні з дробнапасяўной групай сярэднепасяўныя гаспадаркі ў чатыры разы больш выкідвалі на пазавясковы рынак, а шматпасяўныя – нават у 25 разоў больш [144]. Сапраўды, высокая хлебафуражная таварнасць магла быць толькі ў заможных групах гаспадарак.
У час анкетавання, якое праводзілася СНК БССР у лютым 1926 г., 81% сялян адказалі, што мелі тыя ці іншыя заробкі на баку, прычым 36% з іх указалі на заробкі ад лясных распрацовак, 12% – ад адыходніцтва, 51% – ад іншых [145].
Так, практычна ўсё насельніцтва вёскі Вярхі Асіповіцкага раёна зімой 1929 г. было занята на лесараспрацоўках (выключэнне склалі толькі 3 сям’і). Валавы прыбытак вёскі склаў 6998 руб. 10 кап. [146]. У вялікай вёсцы Мглё Смалявіцкага раёна (688 чалавек насельніцтва) прыкладна трэцяя частка гаспадарак свой хлеб з’ядала яшчэ ў студзені, гэтыя гаспадаркі паўгода вымушаны былі купляць хлеб. Недахоп зямлі і наяўнасць “лішняй рабочай сілы” вымушалі шукаць заробкі па-за межамі вёскі, часам даволі далёка. Улетку мглінцы выпраўляліся на копку карчоў за м. Зембін, за ст. Рудзенск, у Полацкую акругу, за Барысаў; узімку цэлымі арцелямі, чалавек 20, ехалі на Барысаўшчыну на лясныя распрацоўкі. Зімой 1928 г. усе сяляне скарысталіся магчымасцю заробку непасрэдна каля вёскі, калі лясніцтва высякала “стойкі” для шахтаў Данбаса. Вёска зарабіла каля 5000 руб. Адзначалася, што моладзь тут апранута вельмі добра [147]. Большасць жыхароў в. Азяраны Тураўскага раёна, якім таксама свайго хлеба на ўвесь год не хапала, зараблялі на яго куплю сплавам лесу. У 1928 г. агульны прыбытак з пабочнага заробку на Азяранскі сельсавет склаў 20 710 руб., большая яго частка заставалася ў вёсцы [148].
Па самых сціплых падліках толькі лясныя і саматужна-рамесніцкія заробкі давалі сялянству БССР да 16 млн. рублёў у год [149]. Удзельная вага неземляробчых даходаў рэзка адрознівалася па акругах і раёнах. Максімальны працэнт гаспадарак, якія мелі заробкі, давала Мазырская акруга (72%), мінімальны – Магілёўская (8,7%). Нават у межах акругі па раёнах назіраліся рэзкія скачкі. У Гарадоцкім раёне Бабруйскай акругі заробкі мелі толькі 7,3% гаспадарак, а ў Асіповіцкім – 73,6% [150].
Да другой паловы 1920-х гадоў прыток грошай у вёску моцна вырас як за кошт адыходных заробкаў па лесанарыхтоўках і будаўніцтве, так і за кошт павелічэння рэалізацыі г. зв. другарадных відаў прадуктаў і сыравіны ў сувязі з павышэннем попыту на іх для выканання пашыранага экспартнага плана [151].
Аднак асноўным сродкам існавання сялянскай сям’і была зямля, сродкі, што прыносіла, напрыклад, адыходніцтва, выкарыстоўваліся менавіта на функцыянаванне гаспадаркі. У 1926 г. сялянства БССР са сваёй гаспадаркі ўжо атрымала больш за 35 млн. руб. даходаў з другарадных крыніц, у тым ліку: 12,7 млн. ад дробнай жывёлы, 18,6 млн. ад садаводства і гародніцтва, 3,9 млн. ад птушкаводства і пчалярства, што складала каля 16% усіх даходаў сельскай гаспадаркі, нягледзячы на тое, што гэтыя другарадныя крыніцы мела яшчэ даволі нязначная колькасць гаспадарак, для яшчэ меншай колькасці гэтыя крыніцы станавіліся найважнейшымі [152].
Найбольшы грашовы прыход мелі гаспадаркі прыгарадных раёнаў Гомельскай і Мінскай акруг, у якіх прыход у 1925/26 г. склаў 374 і 427 руб. на гаспадарку, потым – гаспадаркі ўрадлівых раёнаў Бабруйскай (318 руб.) і былой Слуцкай (293 руб.) акруг і найменшы – гаспадаркі бедных у сельскагаспадарчых адносінах раёнаў Полацкай і былой Барысаўскай акруг, у якіх гадавы даход складаў толькі 181–171 руб. [153].
Купля. Сімптаматычным фактам, які характарызаваў стан пакупніцкай здольнасці вёскі, стаў попыт на прадметы вытворчага спажывання, а таксама празмерна энергічны попыт вёскі на цукар. Так, спажыванне цукру ў 1926 г. узрасло ў параўнанні з папярэднім годам: у дробнапасяўных гаспадарках на 27%, у сярэднепасяўных на 253%, у заможных – на 46% [154] (відаць, у апошніх ён і так быў не нізкі). На рынку назіраўся значны попыт на сельскагаспадарчы інвентар, на будаўнічыя матэрыялы (найперш цэмент, дахавае жалеза, цэглу). Прамысловасць не задавальняла попыт сялянства [155].
Розныя паводле свайго матэрыяльнага стану групы мелі свае спажывецкія прыярытэты. У бядняцкіх гаспадарках практычна нічога не трацілася на набыццё адзення, паляпшэнне побыту; значная частка грошай ішла на выплату пазыкі, куплю хлеба, потым – на паляпшэнне гаспадаркі і набыццё інвентару. Заможны селянін значную частку сваіх даходаў (34,7%) выкарыстоўваў на паляпшэнне гаспадаркі, забеспячэнне яе інвентаром (24%), куплю жывёлы (10%), паляпшэнне побыту (12%). Выкарыстанне даходаў у серадняка адносна паляпшэння гаспадаркі ішло аналагічна, але серадняк яшчэ не мог сабе дазволіць паляпшэнне побыту, бо рэшта ішла на асабістае спажыванне [156]. Такім чынам, незалежна ад маёмаснага стану мэтай селяніна рабілася паляпшэнне становішча сваёй гаспадаркі, нават коштам уласнага спажывання, якасць асабістага жыцця была справай другараднай.
Памеры куплі прамтавараў, калі браць усю суму набытых (не толькі куплёных, але і атрыманых у абмен), вагаюцца ад 12 да 14 рублёў у бедных у сельскагаспадарчых адносінах раёнах (былых Барысаўскай і Калінінскай, Полацкай акруг), да 26–29 руб. на душу ў прыгарадных раёнах Мінскай і Гомельскай акруг і параўнальна ўрадлівай былой Слуцкай акрузе [157]. Аплата рознага роду паслуг (краўцу, шаўцу, настаўніку і г. д.) складала толькі 5,47% усіх грашовых расходаў, аплата гаспадарчых паслуг (кавалю, ветэрынару і г. д.) – 1,91% [158]. Істотным артыкулам была выплата падаткаў і плацяжоў (напрыклад, па абавязковым страхаванні).
Аднак сялянская гаспадарка БССР і ў сярэдзіне 1920‑х гадоў заставалася найменей грашовай у СССР, асабліва нізкай грашовасць была ў некаторых глухіх і бедных у сельскагаспадарчых адносінах раёнах Беларусі [159]. Калі сярэдняя па СССР сума складала 169 руб. 92 кап., то па БССР сярэдняя лічба расходаў на прамтавары – 118 руб. [160].
Рэалізацыя вёскай сваёй прадукцыі адбывалася галоўным чынам праз прыватны гандлёвы апарат (69%), 20% прыпадала на органы кааперацыі і 11% – на закупы аднавяскоўцаў. Большую палову неабходных тавараў селянін таксама набываў у прыватніка (51%), крыху менш – у кааператыўнай краме (45%) і нязначную колькасць у аднавяскоўцаў-саматужнікаў – 3,5% [161].
Сетка стацыянарнага гандлю на вёсцы была зусім неразвітай, у вёсцы, дзе жыло больш за 80% насельніцтва, знаходзілася толькі 8,6% усіх гандлёвых устаноў. Адна вясковая крама ў сярэднім павінна была абслугоўваць раён на 84 кв. вярсты з насельніцтвам 3126 чалавек, у некаторых акругах (Барысаўскай, Калінінскай, Полацкай, Слуцкай) на адну ўстанову прыпадала больш за 100 вёрст, а ў Мазырскай акрузе – каля 200 вёрст [162]. Некаторую кампенсацыю даваў дробны латочны гандаль. Аднак наяўнасць такіх “гандлёвых пустак” сведчыла пра слабасць развіцця таваразвароту.
Значнае месца ў штодзённым жыцці мелі ў той час кірмашы, якія звязвалі вытворцаў са спажыўцамі ўсёй краіны. Так, на кірмаш у Койданава з’язджаліся сяляне Койданаўскага, Самахвалавіцкага, Заслаўскага, Уздзенскага раёнаў, перакупшчыкі з Мінска. Скупкай сельскагаспадарчай прадукцыі займаліся дзяржаўныя органы (да 40%), кааперацыя, прыватнік. Гародніна, як і да вайны, вывозілася па чыгунцы ў Мінск, Ленінград, Маскву, Растоў і іншыя гарады.
У Азарычах вялікія кірмашы рэгіянальнага значэння праходзілі два разы на год. Пра кірмаш 1927 г. расказвалі: “Да таго было шмат людзей, што выпілі ўсю ваду з калодзежаў і хадзілі піць у рэчку”. Мясцовае насельніцтва пякло булкі, баранкі, запасалася цукеркамі і прадавала ўсё гэта на кірмашы. Сюды прывозілі шмат абутку, збруі, колаў, посуду, пераважна драўлянага, розныя гаспадарчыя рэчы. Цыганы прыводзілі шмат коней [163]. У Лагойску праходзілі ў год 4 буйныя кірмашы і два разы на тыдзень – мясцовыя, для жыхароў навакольных вёсак [164]. Наступленне на гандляра і фактычная забарона прыватнага гандлю значна пагоршылі сітуацыю.
У 1920-я гады сяляне нярэдка набывалі неабходныя спажывецкія тавары праз кантрабандны гандаль, у тым ліку і тавары штодзённага попыту, якіх не хапала ў савецкім гандлі, або з-за дэфіцыту цэны на іх былі непамерна высокія. Сярод такіх тавараў – сельскагаспадарчы інвентар, жыта, газа, спірт, сахарын, прадукты харчавання [165]. Да таго ж, кантрабанда была спосабам заробку грошай і для часткі моладзі, найперш вясковай.
Арганізаваная ўладамі шырокая ідэалагічная кампанія аб небяспецы вайны ў 1927 г. (пасля разрыву дыпламатычных адносін паміж Вялікабрытаніяй і СССР і забойства савецкага прадстаўніка Войкава ў Варшаве) напалохала сялянства. Чуткі пра магчымую вайну пачасціліся, раёнам іх найбольшага распаўсюджвання былі прыгранічныя тэрыторыі, сярод іх Беларусь [166]. У палітэканамічным аглядзе АДПУ па Заходнім краі і Беларусі ўказвалася: “Падзеі ў Польшчы і Англіі выклікалі з боку кулацтва і моцных сераднякоў шэраг размоў і агітацыі: аб вайне і хуткім падзенні Савулады, праяўленні сімпатый да Польшчы і надзеі, што апошняя, абвясціўшы вайну СССР, звергне ненавісную ім Совуладу. Распаўсюджванне гэтых чутак увогуле ўносіла ў масу насельніцтва трывожны настрой, няўпэўненасць ва ўстойлівасці ўлады…” [167].
Насельніцтва пачало панічна набываць прадукты харчавання і прамтавары “ў запас”. Зафіксаваны выпадкі продажу сялянствам рабочай жывёлы, пераважна добрых коней, ці абмен іх на горшыя з мэтай пазбегнуць магчымай рэквізіцыі, продажу хлеба, абмену грошай на залатую царскую манету [168]. Павялічылася агітацыя супраць землеўпарадкавання, апошняя суправаджалася пагрозамі расправіцца з беднатой [169]. Усе меры па ажыўленні тэмпу хлебанарыхтовак, якія праводзіліся друкам і спецыяльна камандзіраванымі на месца работнікамі, тлумачыліся сялянствам таксама блізкасцю вайны, рацыянальным лічылася прытрымаць хлеб [170].
Узрослы попыт насельніцтва наткнуўся на адсутнасць таварных рэзерваў, што вяло да росту коштаў на ходкія тавары. Таварны дэфіцыт не быў ліквідаваны і ў наступным годзе: не хапала мануфактуры, скураных вырабаў, пшанічнай мукі і г. д. [171]. У 1928 г. АДПУ фіксаваў: «Недахоп прамтавараў у дадзены момант прыняў у вёсцы характар самага балючага пытання… Вымушаныя звяртацца да прыватніка, шмат сялян гавораць: “На чорта такая кааперацыя, якая не можа нам даць нават фунта масла ці мукі і штурхае нас да прыватніка”, “Дарэмна ўлада ўціскае прыватных гандляроў і бярэ з іх вялікія падаткі, без іх мы ж усё роўна прапалі…”» [172]. У дакладзе пра эканамічнае і палітычнае становішча Беларускай вайсковай акругі, складзеным у красавіку 1929 г., зноў адзначалася: “Распаўсюджванне ілжывых чутак (асабліва шляхецтвам) пра вайну, пра будучы адыход Беларусі і Украіны да Польшчы; тлумачэнне адсутнасці хлеба падрыхтоўкай да ваенных дзеянняў і непрацяглым існаваннем улады, дыскрэдытацыя мерапрыемстваў партыі і кампраметацыя асобных працаўнікоў – такі фон палітычнай работы кулакоў на вёсцы” [173].
Выжыць кулака, выратаваць бедняка. Чым больш буйной была гаспадарка, тым яна актыўней удзельнічала ў таваразвароце і тым часцей і больш ёй патрэбны былі грашовыя крэдыты. Сераднякі і заможнікі імкнуліся атрымаць крэдыты для набыцця інвентару і жывёлы, прычым апошнія – да набыцця складанага сельскагаспадарчага інвентару і племянной жывёлы [174], у той час як да натуральных пазык часцей прыбягалі гаспадаркі маламоцныя. Дробная сялянская гаспадарка з вялікімі цяжкасцямі магла назапасіць сродкі, неабходныя для простага аднаўлення выдаткаў, і вымушана была ісці ў кабалу. Крэдытаванне ў вёсцы існавала ў выглядзе ўнутрысялянскіх здзелак – ліхвярства. Затое пазыка нават на кабальных умовах дазваляла выжыць сялянам, што трапілі ў бяду. Большасць пазык прыпадала на вясну, на найбольш цяжкі для сялян час. Пераслед ліхвярства з боку савецкага закону вёў да таго, што яно ўсяляк хавалася сялянамі. Выйсцем бачылася крэдытаванне сялян дзяржавай. Шляхам крэдытавання па лініі кааперацыі сялянства павінна было вызваліцца з-пад эканамічнага ўплыву кулацтва і, больш за тое, зрасціся з сацыялістычным сектарам гаспадаркі.
Вытворчасць рабочай жывёлы ўласнымі сіламі сялянства абмяжоўвала магчымасці дзяржавы па рэгуляванні яе сацыяльнага размеркавання. Дзяржава магла ўмешвацца ў гэты працэс толькі даючы маламоцным гаспадаркам пазыкі на набыццё рабочай жывёлы. Галоўныя сродкі накіроўваліся гаспадаркам без коней, без кароў, з адным канём і адной-двума каровамі [175]. Аднак хутка высветлілася, што крэдытаванне беднякоў на агульных падставах немагчымае. Пазыкі звычайна складалі толькі частку сумы, неабходнай для набыцця таго ці іншага сродку вытворчасці. Бядняк не меў накапленняў, і крэдыт у палову кошту каня ці машыны яму нічога не мог даць. З 1925 г. быў створаны спецыяльны фонд ільготнага крэдытавання беднаты [176].
Калі наяўнасць такіх сродкаў вытворчасці, як зямля і рабочая жывёла, служылі зыходнай умовай існавання і функцыянавання сялянскіх гаспадарак, то наяўнасць ці адсутнасць машын і інвентару вызначала ўзровень іх развіцця, эфектыўнасць працы, аб’ём валавой і таварнай прадукцыі. Натуральна, найбольшую цікавасць да іх набыцця выяўлялі заможныя збожжавытворчыя гаспадаркі. Вытворчасць і забеспячэнне сельскагаспадарчымі прыладамі стала важным рычагом дзяржаўнага рэгулявання сацыяльнага развіцця вёскі. Адным са спосабаў для ўзмацнення сацыялістычных элементаў на вёсцы павінна была стаць сельскагаспадарчая кааперацыя. У першыя гады нэпа найбольшае развіццё ў вёсцы атрымала спажывецкая кааперацыя. Неабходна было арганізаваць цэлы шэраг спецыяльных аб’яднанняў: масларобчых, сыраварных, машынных, жывёлагадоўчых, таварыстваў па апрацоўцы торфу, меліярацыйных, насенных і г. д. [177]. Але каапераванасць сялянскіх гаспадарак узрастала разам з ростам іх заможнасці, каапераванасць бядняцкіх гаспадарак заставалася даволі нізкай. Атрымлівалася так, што, абслугоўваючы ў першую чаргу найбольш таварныя гаспадаркі, кааперацыя павялічвала развіццё капіталістычных элементаў вёскі [178], а гэта, натуральна, не адпавядала палітыцы другой паловы 1920-х гадоў. Дапамога беднаце ў выплаце ўступных паявых узносаў сітуацыю радыкальна не вырашала.
Бядняцкім гаспадаркам аказвалася дапамога лесам у парадку крэдыту і без платы, выдаваліся грашовыя крэдыты на адбудову гаспадаркі [179], даваліся льготы па абавязковым страхаванні (яны вызваляліся ад абавязковага акладнога страхавання, але ў выпадку бедства атрымлівалі страхавую суму). У выніку сума атрыманай сельскай беднатой дапамогі ў 1925/26 г. склала 5 430 114 руб. [180].
На 1926/27 г. падаткаабкладанне заможных гаспадарак павялічылася амаль удвая, прычым без уліку колькасці едакоў, што вяло да яўнага ўшчамлення не толькі больш заможных, але і шматдзетных сем’яў. Заможныя гаспадаркі былі фактычна пазбаўлены крэдытаў, яны не мелі права набываць складаныя сельскагаспадарчыя машыны, у першую чаргу трактары, дэфіцытныя тавары [181]. Летам 1928 г. пад кіраўніцтвам ЦК партыі прайшла масавая праверка і чыстка кааператыўных арганізацый ад т. зв. варожых і класава чужых элементаў. З 1929 г. крэдытаванне т. зв. кулакоў было спынена, іх выганялі з кааперацыі.
У пачатку 1928 г. наркаматы саюзных рэспублік абавязалі свае мясцовыя органы правесці выняцце “лішкаў” зямлі ў кулацкіх гаспадарках і перадаць іх беднякам. У адпаведнасці з законам “Агульныя пачаткі землекарыстання і землебудаўніцтва” (зацверджаны ЦВК СССР 15 снежня 1928 г.) права на карыстанне зямлёй абумоўлівалася ўжо не толькі асабістай працай, але і класавым становішчам землекарыстальніка, наяўнасцю палітычных правоў. У 1929 г. быў забаронены наём рабочай сілы і арэнды зямлі.
Палітыка выцяснення т. зв. кулакоў прынесла плён даволі хутка. Ужо ў 1928–1929 г. “кулакі” пачалі скарачаць пасевы, праявілася тэндэнцыя пераходу “кулакоў” ад куплі зямельных участкаў да іх продажу. На мове ўладаў згортванне вытворчасці было названа “адной з формаў класавага супраціву кулацтва”. Ліквідацыя стымулаў да пашырэння вытворчасці сельгаспрадукцыі, абмежаванне магчымасцяў росту сялянскіх гаспадарак вышэй сярэдняга ўзроўню ўплывала на паводзіны асноўнай масы сялян: такія меры арыентавалі іх не на назапашванне, а на спажыванне. Ва ўмовах узмацнення наступу на заможных некаторыя з іх паспрабавалі застрахаваць сябе ад ліквідацыі ўласнай гаспадаркі і высялення ўступленнем у калгас.
Бальшавіцкая ўлада зыходзіла з наяўнасці ў вёсцы натуральнага антаганізму паміж заможнымі і беднатой, эксплуататарамі і эксплуатаванымі. Аднак рэальныя адносіны ў вёсцы былі намнога больш складанымі. Палітыка наступлення на т. зв. кулака адразу адбілася на становішчы бедняка, які знаходзіўся ў даволі моцнай эканамічнай залежнасці ад першага: бядняк мог узяць пазыку ў заможнага, заможны арандаваў у бедняка зямлю, даваў яму ў арэнду інвентар, працоўную жывёлу і ўрэшце працу [182]. АДПУ канстатавала: “Бедната і батракі пакорна зносяць кулацкую эксплуатацыю, бо з-за адсутнасці адыходніцтва ім няма дзе зарабляць сабе на пражыццё [183]. Батракі нават патрабавалі аднаўлення ў выбарчых правах лішэнцаў (пазбаўленых палітычных правоў, у вёсцы гэта, найперш, заможныя сяляне ці былыя памешчыкі і да т. п.). Матывацыя была наступнай: “Вось мяне разлічыў гаспадар, а ва ўсім вінаватыя камуністы і выбаркам. Гаспадара пазбавілі правоў, а мяне пакінулі без кавалка хлеба” [184]; “Што нам ваша арганізацыя: ад таго, што мы сабраліся – не будзем сытымі, нам заможны дасць без усялякіх слоў, а ўлада абяцае, ды не дае” [185].
Заможны чалавек, добры гаспадар мог быць аўтарытэтам для ўсёй вёскі, у той час як бядняк мог выклікаць не спачуванне сваім бядотным становішчам, а пагарду з прычыны неахайнасці, п’янства, лайдацтва ці інш. З ананімнага ліста 1927 г. у насценгазету хаты-чытальні в. Казіміраўка Рэчыцкай акругі: “…Жывучы ўвесь час у вёсцы, ведаючы блізка, дэталёва жыццё вёскі і нашага селяніна, назіраючы змены, што адбываюцца ў вёсцы, і чытаючы газету, пераконваешся, наколькі ўсё ж палітыка, што праводзіцца кампартыяй у вёсцы, далёка няправільная, наколькі вярхі – кіраўнічыя органы партыі стаяць далёка ад ісціны, бо яны не ведаюць цяперашняй вёскі. Я буду браць прыклады для доказу гэтага, прыклады з жыцця сваёй вёскі. У нас у вёсцы прайшло землебудаўніцтва, зямля падзелена па едаках, значыць, і ў гэтай галіне адбылося ўраўнаванне поўнае. З жывёлай амаль гэтак жа адбылося ўраўнаванне поўнае, пасля ўсялякіх рэквізіцый, адбірання лішкаў, харчпадатку. Значыць, ураўнаванне ў нашай вёсцы дасягнута, для чаго ж тады падзел партыяй вёскі на 3 класы: кулакоў, сераднякоў і беднякоў? Гэтага цяпер у нашай вёсцы, як і ў іншых вёсках, і ў паміне няма. На маю думку, найбольш правільным, адпаведным рэчаіснасці быў бы падзел, цяпер адпаведны паняццю кулака, серадняка і бедняка – дзяленне сялян на такія групы: 1) сялян, якія найбольш працуюць, якія выбіваюцца з сіл, 2) сялян сярэдніх, не асабліва працавітых і разумных і 3) дурнаватых і гультаёў, якія не хочуць працаваць, а чакаюць падтрымкі ад улады – беднякоў. Такі ж падзел забівае ініцыятыву ў ахвочых палепшыць сваю гаспадарку працалюбівых, прадпрымальных і разумных сялян, і наадварот – вельмі заахвочвае яшчэ да большага жабрацтва гультаёў і дурнаватых сялян. Ствараецца толькі лішняя непатрэбная і шкодная для развіцця сельскай гаспадаркі ў цэлым варожасць паміж гэтымі групамі асоб, якой (варожасці) раней не было і не назіралася” [186].
Спроба дзяржавы раздзяліць вёску па маёмасным стане не магла ўлічыць усіх абставінаў: “эксплуататарскай” на Беларусі была не толькі і не столькі заможная гаспадарка, колькі, напэўна, маламаёмасная – менавіта яна найбольш вымушана была выступаць у ролі наймальніка чужой працоўнай сілы. А масавая кампанія па высылцы тых, каго абразліва назвалі “кулакамі”, выклікала шырокі сялянскі супраціў [187], вёска лічыла “кулака” не варожым элементам, а аўтарытэтным гаспадаром, які можа дапамагчы ў цяжкіх выпадках, няхай сабе і на кабальных умовах.
Калгасы. Да пачатку масавай калектывізацыі калгасы ствараліся не шляхам аб’яднання аднаасобных надзелаў сялянства, як гэта будзе крыху пазней, а пераважна на былых прыватнаўласніцкіх ці дзяржаўных землях (у Беларусі – 94,4% абагуленага надзела, ва Украіне 57,1%) [188]. Яшчэ адной крыніцай стварэння калгасаў стала выкарыстанне такой формы земленадзялення яўрэяў. Да 1927 г. у БССР налічвалася 369 калгасаў, з якіх 145 было яўрэйскіх [189]. Сярод іх частку складалі т. зв. “карлікавыя гаспадаркі” (да 7 сямей на адзін калгас) [190]. У цэлым жа ў другой палове 1920-х удзельная вага аграмаджанага сектара складала каля 1% ад агульнай плошчы сельскагаспадарчага прызначэння [191].
Ад таго, хто ішоў калгас у 1920-я гады, не патрабавалася аддаць усё, што ў яго было, больш за тое – ён прыходзіў на ўсё гатовае, нават на лепшае гатовае: калгасам даваліся лепшыя землі, розныя льготы, пазыкі, крэдыты. Але сяляне ў калгас не імкнуліся. Няшмат тут дапамагала і прапагандысцкая шуміха з упорам на механізацыю сельскай гаспадаркі ў самай хуткай будучыні. Тыя ж калгасы, што ўжо існавалі, як правіла, не маглі служыць прыкладам для астатняга сялянства. Са зводкі АДПУ за 1924 г.: “У Бачэйкаўскім павеце калгасы разлагаюцца. Сяляне ўжо ўсё падзялілі паміж сабой і вясной мяркуюць працаваць асобна. Гаспадаркі ў саўгасах знаходзяцца ў дрэнным стане” [192]. Са зводкі АДПУ на 1 чэрвеня 1926 г.: “Мы маем з’явы гаспадарчага ўпадку калгасаў як следства безгаспадарчасці, няўмеласці, нядбайнасці і інш. Такія калгасы марнеюць і не толькі не павялічваюць сваіх сродкаў, але знішчаюць і асноўны капітал гаспадаркі, і крэдытныя сродкі, як грашовыя, так і інвентар, прадукты і г. д.” [193]. Сяляне імкнуліся падзяліць калгасную маёмасць і перайсці на індывідуальнае вядзенне гаспадаркі ці прадаць атрыманую пры падзеле маёмасць і пайсці з вёскі. Сярод прыкладаў фігуравала сельскагаспадарчая арцель “Восток” на Віцебшчыне [194], яўрэйская арцель “Новый Путь” на Міншчыне і інш. Адносна апошняй паведамлялася, што арцель складалася з 8 сем’яў, у большасці з дробных гандляроў і часткова былых рабочых, зусім незнаёмых з сельскагаспадарчай вытворчасцю. “Гаспадарка вялася няўмела. Члены арцелі раздзялілі хлеб, сена, жывёлу і гаспадарку па сем’ях, так што некаторыя атрымалі па 3–4 каровы і па 1 кані ў поўную ўласнасць” [195].
Мелі месца выпадкі стварэння т. зв. ілжэкалгасаў – кароткатэрміновых аб’яднанняў сялян (або нават сваякоў) з мэтай атрымання лепшых угноеных земляў, крэдытаў, льготнага набыцця сельскагаспадарчых прылад, насення, памяншэння падатку. Натуральна, такія калгасы існавалі толькі фармальна, у большасці выпадкаў ніякай калектыўнай гаспадаркі не вялося, зрэдку, толькі для выгляду, частка зямлі апрацоўвалася сумесна [196]. Адносна створаных у 1927/28 г. новых калгасаў на плошчы 36 тыс. га адзначалася, што “гэтыя калгасы мала чым адрозніваліся па сваёй сутнасці (у сярэднім 65 га) ад хутарскога паселішча”. Да канца 1928/29 г. пад калгасамі знаходзілася каля 4% зямельнай плошчы БССР. Дарэчы, колькасць хутароў і дробных паселішчаў расла даволі хутка, так, за 1927/28 г. новых хутароў было створана на плошчы 52,5 тыс. га і паселішчаў – на плошчы 311 тыс. га [197]. У 1928/29 г. хутарызацыя была забаронена.
“Крызіс хлебанарыхтовак” 1927/28 г. адзначыўся паваротам да жорсткага адміністравання. Да правядзення хлебанарыхтовак былі прыцягнуты органы АДПУ і міліцыі, на вёску камандзіравалі вялікую колькасць партыйных і савецкіх работнікаў з гарадоў. З лета 1928 г. у цэнтр пачалі паступаць сігналы пра голад у вёсцы. Да канца зімы 1929 г. тое, што называлася “значнае абвастрэнне харчовых цяжкасцяў”, мела месца ў Полацкай, Мазырскай і Віцебскай акругах, у меншай ступені амаль ва ўсіх акругах поўначы Беларусі, у Смаленскай і шэрагу паветаў Бранскай губерні [198]. Пачатак гвалтоўнай калектывізацыі быў адзначаны голадам, які ў канцы 1920-х насіў яшчэ лакальны характар.
У 1920-я гады сялянства мела пэўныя магчымасці прыстасаваць сваю гаспадарку да новай рэчаіснасці. Нягледзячы на празмерна цяжкі старт – умовы пасляваеннай разрухі, а таксама даволі непаслядоўныя і супярэчлівыя рэформы, аднаўляліся памеры пасяўных плошчаў, павялічыўся прыток прадукцыі сельскай гаспадаркі ў гарады, павышаўся дабрабыт сялян. Як адзначае амерыканскі даследчык М. Маліа, з 1924 да 1926 г. краіна пражыла “нармальна”: “Сапраўды, дастатак, характэрны для нэпа сярэдзіны 20-х гадоў, не толькі перавышаў усе вядомыя пасля 1913 г., – але і ўсе наступныя часы, і з пункту гледжання звычайнага мужыка ніколі ўжо не бывала нічога падобнага” [199].
Для павышэння дабрабыту сяляне выкарыстоўвалі даволі шырокі спектр стратэгій: ад пераарыентацыі вытворчасці сваёй гаспадаркі ў адпаведнасці са зменамі рынкавай кан’юнктуры і пошукаў дадатковых заробкаў па-за гаспадаркай – да прымянення розных хітрыкаў, сярод іх, найперш, абман дзяржавы пры рэгістрацыі (утойванне колькасці пасеваў, павелічэнне колькасці едакоў пры складанні спісаў падаткаплацельшчыкаў, маскіроўка продажу зямлі, нерэгістрацыя наёмнай працоўнай сілы, утойванне здзелак, якія ўлада назвала ліхвярскімі, і г. д.). Ратаваннем у значнай ступені стала немагчымасць на тым этапе татальнага кантролю з боку дзяржавы. Селянін жа сыходзіў найперш з неабходнасці паляпшэння становішча сваёй гаспадаркі, уласнае спажыванне і якасць асабістага жыцця былі справай другараднай, усе сродкі, што здабываліся па-за межамі гаспадаркі, ішлі менавіта на яе развіццё.
[1] Итоги хозяйственного строительства и дальнейшие задачи КП(б)Б (Постановление Х съезда КП(б)Б по докладу т. И. А. Адамовича // Советское строительство. 1927. № 1. C. 24.
[2] На 1926 г. землеўпарадкаванне было праведзена на 39,4% ад усёй тэрыторыі (амаль трэцяя частка яшчэ да рэвалюцыі) (Зьм. Прышчэпаў. Нашы дасягненьні ў аграрнай палітыцы // Советское строительство. 1927. № 10. С. 44).
[3] Данилов В. П. Советская доколхозная деревня: население, землепользование, хозяйство. Москва: Наука, 1977. С. 232.
[4] Советская деревня глазами ВЧК-ОГПУ-НКВД. 1918–1939. Документы и материалы: в 4 т. Т. 2. 1923–1929 гг. / Ин-т рос. истории РАН, Дом наук о человеке (Франция), Центр. архив ФСБ РФ, Институт истории новейшего времени (Франция), Рос. гос. архив экономики; под ред. А. Береловича, В. Данилова. Москва: РОССПЭН, 2000. С. 439.
[5] Бяспалая М. А. Беларуская вёска ў першыя гады нэпа (1921– 1923 гг.). Мінск, 1999. С. 86.
[6] Тамсама. С. 85.
[7] НАРБ (Нацыянальны Архіў РБ у Мінску). Ф. 4. Воп. 3. Спр. 5. Арк. 156–158.
[8] Советская деревня глазами ВЧК-ОГПУ-НКВД. 1918–1939. Т. 2. С. 263.
[9] Ганжа Б. О Старобинском еврейском мелиоративном товариществе // Советское строительство. 1926. № 8/9. С. 254.
[10] Итоги хозяйственного строительства и дальнейшие задачи КП(б)Б (Постановление Х съезда КП(б)Б по докладу т. И. А. Адамовича // Советское строительство.1927. № 1. С. 23.
[11] Советская деревня глазами ВЧК-ОГПУ-НКВД. 1918–1939. Т. 2. С. 9.
[12] Бяспалая М. А. Беларуская вёска… С. 69.
[13] НАРБ. Ф. 4. Воп. 1. Спр. 282. Арк. 10. Пер. з рус. мовы І. Раманавай.
[14] Тамсама. Арк. 83–87.
[15] Тамсама. Арк. 77–80.
[16] Тамсама. Арк. 83–87.
[17] Тамсама. Ф. 43. Воп. 1. Т. 2. Спр. 211. Арк. 4.
[18] Тамсама. Спр. 49. Арк. 10–16.
[19] Тамсама. Арк. 10–16.
[20] Тамсама. Спр. 205. Арк. 83.
[21] Тамсама. Спр. 49. Арк. 10–16.
[22] Тамсама. Арк. 10–16.
[23] Тамсама. Спр. 205. Арк. 96. Пер. з рус. мовы І. Раманавай.
[24] Данилов В. П. Советская доколхозная деревня: население. С. 211. Пры перапісе 1926 г. насельніцтва аказалася менш на 6–7 млн., чым давалі падатковыя зводкі.
[25] НАРБ. Ф. 43. Воп. 1. Т. 2. Спр. 49. Арк. 45–52.
[26] Советская деревня глазами ВЧК-ОГПУ-НКВД. 1918–1939. Документы и материалы: в 4 т. Т. 1. 1918–1922 гг. // Ин-т рос. истории РАН, Дом наук о человеке (Франция), Центр. архив ФСБ РФ, Институт истории новейшего времени (Франция), Рос. гос. архив экономики; под ред. А. Береловича, В. Данилова. Москва: РОССПЭН, 1998. С. 554.
[27] Тамсама. Спр. 49. Арк. 10–16.
[28] Советская деревня глазами ВЧК-ОГПУ-НКВД. 1918–1939. Т. 1. С. 582.
[29] Тамсама. С. 661.
[30] НАРБ. Ф. 43. Воп. 1. Т. 2. Спр. 211. Арк. 4.
[31] Бяспалая М. А. Беларуская вёска… С. 68–69.
[32] Советская деревня глазами ВЧК-ОГПУ-НКВД. 1918–1939. Т. 2. С. 14.
[33] Тамсама. С. 151.
[34] Тамсама. С. 195.
[35] Тамсама. С. 153.
[36] Тамсама. С. 156.
[37] Тамсама. С. 175–176.
[38] Тамсама. С. 195.
[39] НАРБ. Ф. 4. Воп. 21. Спр. 56. Арк. 2–7.
[40] Данилов В. П. Советская доколхозная деревня: социальная структура, социальные отношения. Москва: Наука, 1979. С. 29.
[41] Бяспалая М. А. Беларуская вёска… С. 80.
[42] Балабонов А. Помощь деревенской бедноте // Советское строительство. 1927. № 1. С. 141.
[43] Советская деревня глазами ВЧК-ОГПУ-НКВД. 1918–1939. Т. 2. С. 429.
[44] Крыцкі І. Матар’ялы з месц. Будаўніцтва сельскай гаспадаркі Случчыны // Наш край. 1929. № 8-9. С. 44.
[45] Данилов В. П. Советская доколхозная деревня: население. С. 135.
[46] Бонч-Осмоловский Р. Земельная площадь БССР и ее перераспределение по угодиям, землевладению и формам землепользования // Советское строительство. 1926. № 11. С. 70.
[47]47 Данилов В. П. Советская доколхозная деревня: население. С. 139.
[48] Гл.: Липинский Л. П. Столыпинская аграрная реформа в Белоруссии. Минск: Изд-во БГУ, 1978. С. 224, 68.
[49] Бонч-Осмоловский Р. Земельная площадь БССР. С. 71–72.
[50] У 1887 г. у трох губернях, якія ўвайшлі сваімі часткамі ў БССР, абшчыннае землекарыстанне ахоплівала наступны працэнт усіх сялянскіх надзельных земляў: у Мінскай – 4%, у Віцебскай – 34,3%, у Магілёўскай – 83,4%. Беларускае абшчыннае землекарыстанне фактычна набліжалася да падворнага. Такі характар абшчыннага землекарыстання на Беларусі пацвярджаецца тымі абставінамі, што пасля пастановы 1906 г. ліквідацыя абшчыннага права адбывалася ў беларускіх губернях вельмі хутка (Бонч-Осмоловский Р. Земельная площадь БССР. С. 69).
[51] Паводле дадзеных адміністрацыйнага перапісу населеных пунктаў і гаспадарак ЦСУ БССР на 1 студзеня 1925 г. (Бонч- Осмоловский Р. Земельная площадь БССР. С. 71).
[52] Нарысы гісторыі Беларусі: у 2 ч. Ч. 2 / М. П. Касцюк, І. М. Ігнаценка, У. І. Вышынскі [і інш.]. Мінск: Беларусь, 1995. С. 94.
[53] Бонч-Осмоловский Р. Земельная площадь БССР. С. 66.
[54] Мачульскі Ф. Экономічны абгляд чырвонай Полаччыны // Советское строительство. 1927. № 9. С. 138.
[55] Лур’е М. Матар’ялы з месц. Эканоміка Віцебшчыны // Наш край. 1928. № 5. С. 29, 31; Крыцкі І. Матар’ялы з месц. Будаўніцтва сельскай гаспадаркі Случчыны // Наш край. 1929. № 8-9. С. 33.
[56] Данилов В. П. Советская доколхозная деревня: население. С. 238.
[57] Тамсама. С. 263.
[58] Тамсама. С. 253.
[59] Вишневский Е. О дробимости крестьянских хозяйств // Советское строительство. 1926. № 11. С. 51.
[60] Данилов В. П. Советская доколхозная деревня: население. С. 254–255.
[61] Тамсама. С. 255.
[62] Тамсама. С. 255–256.
[63] Итоги хозяйственного строительства и дальнейшие задачи КП(б)Б (Постановление Х съезда КП(б)Б по докладу т. И. А. Адамовича // Советское строительство. 1927. № 1. С. 24.
[64] Самохин Ф. Экономический обзор Оршанского округа // Советское строительство. 1928. № 2. С. 142.
[65] Лозовский Ф.Н. Земельная аренда и наемный труд в крестьянском хозяйстве БССР // Советское строительство. 1926. № 10. С. 150.
[66] З 1924/25 да 1926/27 г. перапрацоўка бульбы ў крахмальна-патачнай прамысловасці СССР павялічылася больш чым у два разы, а ў вінакурнай – амаль у 6 разоў (Данилов В. П. Советская доколхозная деревня: население. С. 286).
[67] Тамсама. С. 290.
[68] Кісьлякоў Я. Тып беларускай сялянскай гаспадаркі // Наш край. 1925. № 2. С. 5, 8.
[69] Бараноўскі Яз. Санітарна-бытавы стан вёскі Радзілавічы, Букчанскі сельсавет Тураўскі раён, Мазырская акруга // Наш край. 1928. № 8-9. С. 54.
[70] Шыпіла І. Сельская гаспадарка Барысаўшчыны // Советское строительство. 1926. № 11. С. 201.
[71] Токмачев С. П. К вопросу о путях улучшения крестьянского хозяйства в Белоруссии // Советское строительство. 1926. № 2. С. 58–67, 59.
[72] Кісьлякоў Я. Тып беларускай сялянскай гаспадаркі // Наш край. 1925. № 2. С. 9.
[73] Так, у 1911–1913 г. прывоз збожжавых прадуктаў на Мазыршчыну складаў 215 тыс. пудоў, у 1924–1925 г. – 42 тыс. пудоў // Наш край. 1928. № 8-9. С. 18.
[74] Наш край. 1928. № 8-9. С. 19.
[75] Варанянскае балота займала плошчу 8 тыс. дзесяцін, пад сенакос выкарыстоўвалася толькі частка.
[76] Мікіцінскі У. Дваццаць дзён краязнаўчага вандраваньня. Матар’ялы з падарожжа па Слуцкім, Грэскім, Пухавіцкім і Стара-Дароскім раёнах // Наш край. 1929. № 2. С. 36.
[77] Самцэвіч В. Нарыс экономічнага становішча Барысаўскага раёну // Наш край. 1927. № 6-7. С. 53.
[78] Самцэвіч В. Вёска Дакудава (Крупскі раён, Аршанскай акругі) // Наш край. 1927. № 8-9. С. 42–43.
[79] Шыпіла І. Сельская гаспадарка Барысаўшчыны // Советское строительство. 1926. № 11. С. 203.
[80] Немцаў А. Матэрыялы з мест: Замоскі сельсавет Асіповіцкага раёну, Бабруйскай акругі // Наш край. 1927. № 6-7. С. 26.
[81] Лозовский Ф. Н. Земельная аренда и наемный труд в крестьянском хозяйстве БССР // Советское строительство. 1926. № 10. С. 158.
[82] Доўгі тэрмін арэнды не падаўся сялянству перспектыўным, такія дамовы склалі каля 9% ад агульнай колькасці арэндных дагавораў.
[83] Данилов В. П. Советская доколхозная деревня: социальная структура. С. 87.
[84] Лозовский Ф. Н. Земельная аренда и наемный труд. С. 153.
[85] Данилов В. П. Советская доколхозная деревня: социальная структура. С. 100.
[86] Лозовский Ф. Н. Земельная аренда и наемный труд. С. 157–158.
[87] Данилов В. П. Советская доколхозная деревня: социальная структура. С. 89–90.
[88] Тамсама. С. 91.
[89] Тамсама. С. 92, 108.
[90] Тамсама. С. 110.
[91] Лозовский Ф. Н. Земельная аренда и наемный труд. С. 157–158.
[92] Тамсама.
[93] У РСФСР арэнда была сканцэнтравана пераважна ў руках буйных гаспадарак (на 100 заможных гаспадарак прыпадала 70, якія прыбягалі да арэнды, у той час як у БССР толькі 10; суадносіны арэндных надзелаў адпаведна: ад 8 да 22 дзес. і ад 3 да 15 дзес.). У земляробчай паласе РСФСР арэнда выконвала значную ролю у збожжавытворчых гаспадарках (Филиппов Н. Основные вопросы дифференциации белорусской деревни // Советское строительство. 1927. № 1. С. 90).
[94] Данилов В. П. Советская доколхозная деревня: социальная структура. С. 95.
[95] Тамсама. С. 128.
[96] 25 лютага 1925 г. Прэзідыум ЦВК Беларусі зацвердзіў Зямельны Кодэкс БССР. 12 жніўня 1925 г. СНК Беларусі прыняў інструкцыю аб прымяненні “Часовых правіл” па найму рабочай сілы ў сялянскай гаспадарцы на тэрыторыі БССР.
[97] Данилов В. П. Советская доколхозная деревня: население. С. 141, 54.
[98] Лозовский Ф. П. Земельная аренда и наемный труд в крестьянском хозяйстве БССР // Советское строительство. 1926. № 11. С. 39, 43; НАРБ. Ф. 4. Воп. 21. Спр. 2581. Арк. 11–21.
[99] Лозовский Ф. П. Земельная аренда и наемный труд. С. 43–45.
[100] Тамсама. С. 43.
[101] Тамковіч М. Матэрыялы з месц. Да пытання аб санітарна-бытавым стане вёсак: Глядкі, Шабунькі, Куляшы, Бранчыцы і Чапялі, Старобінскага раёну, Бабруйскае акругі // Наш край. 1927. № 12. С. 45, 49.
[102] Данилов В. П. Советская доколхозная деревня: социальная структура. С. 145.
[103] Самцэвіч В. Вёска Дакудава (Крупскі раён, Аршанскай акругі) // Наш край. 1927. № 8-9. С. 42; Шыпіла І. Сельская гаспадарка Барысаўшчыны // Советское строительство. 1926. № 11. С. 201.
[104] Самцэвіч В. Вёска Дакудава. С. 42.
[105] Шыпіла І. Сельская гаспадарка Барысаўшчыны. С. 201.
[106] Кулакоў Т. П., Валатоўскі М. С. Крукавіцкі сельсавет Азарыцкага раёну Мазырскае акругі // Наш край. 1929. № 11. С. 27.
[107] Крыцкі І. Матар’ялы з месц. Будаўніцтва сельскай гаспадаркі Случчыны // Наш край. 1929. № 8-9. С. 40.
[108] Лур’е М. Матар’ялы з месц. Эканоміа Віцебшчыны // Наш край. 1928. № 5. С. 27–28.
[109] Кісьлякоў Я. Тып беларускай сялянскай гаспадаркі // Наш край. 1925. № 2. С. 5, 8.
[110] Данилов В. П. Советская доколхозная деревня: социальная структура. С. 73–74.
[111] Бабицкий Б. А. Производственные минимумы в крестьянском хозяйстве // Советское строительство. 1926. № 8/9. С. 123.
[112] Грынблят М. Я. Некаторыя матар’ялы да вывучэння пастушаства і жывёлагадоўлі Тураўшчыны // Наш край. 1928. № 8-9. С. 64.
[113] У сялянскім побыце пры ацэнцы цягла пара валоў прыраўноўвалася да аднаго каня, двор з адным валом нельга было лічыць ні пазбаўленым рабочай жывёлы, ні з валоданнем паўнавартаснай адзінкі апошняй (Данилов В. П. Советская доколхозная деревня: социальная структура. С. 51–52).
[114] Кулакоў Т. П., Валатоўскі М. С. Крукавіцкі сельсавет Азарыцкага раёну Мазырскае акругі // Наш край. 1929. № 11. С. 26.
[115] Немцаў А. Матэрыялы з мест: Замоскі сельсавет Асіповіцкага раёну, Бабруйскай акругі // Наш край. 1927. № 6-7. С. 27–28.
[116] Ваенна-конскі перапіс 1924 г. не змог выявіць гаспадаркі з двума і больш коньмі, бо перад ваеннымі перапісчыкамі сяляне паўсталі амаль зусім аднаконнымі: пры вайсковай мабілізацыі адзін конь заставаўся ў гаспадарцы (Данилов В. П. Советская доколхозная деревня: социальная структура. С. 32).
[117] Бабицкий Б. А. Производственные минимумы в крестьянском хозяйстве // Советское строительство. 1926. № 8/9. С. 124.
[118] Так, калі ў СССР было 33,4% гаспадарак без рабочай жывёлы, то ў БССР – 12,8%%; у СССР апрацоўка раллі наёмнай жывёлай складала 26,9%, то ў БССР – 9,9% (Данилов В. П. Советская доколхозная деревня: социальная структура. С. 51).
[119] Бабицкий Б. А. Производственные минимумы в крестьянском хозяйстве. С. 124.
[120] Тамсама. С. 124.
[121] Шыпіла І. Сельская гаспадарка Барысаўшчыны // Советское строительство. 1926. № 11. С. 204–205.
[122] Каледа А. Рынок БССР в первом полугодии 1925-26 // Советское строительство. 1926. № 5. С. 148.
[123] Каледа А. В. Крестьянское хозяйство Белоруссии и рынок // Советское строительство. 1926. № 4. С. 119–121.
[124] Советская деревня глазами ВЧК-ОГПУ-НКВД. 1918–1939. Т. 2. С. 152.
[125] Каледа А. Рынок БССР в первом полугодии 1925-26. С. 147. Пры агульным павелічэнні пасяўной плошчы на 9% плошча лёну і канапель у 1925 г. пашырылася на 50%, плошча бульбы – на 20%. Колькасць рагатай жывёлы павялічылася на 18,5%, колькасць авечак – на 20,8%, свіней – на 29,6%.
[126] Ярощук В. Связь с рынком крестьянских хозяйств // Советское строительство. 1926. № 11. С. 20–21.
[127] Тамсама. С. 25.
[128] Тамсама. С. 25.
[129] Данилов В. П. Советская доколхозная деревня: социальная структура. С. 176.
[130] Попелышко Ал. Рыночные связи крестьянских хозяйств // Советское строительство.1927. № 3. С. 67.
[131] Каледа А. Рынок БССР в первом полугодии 1925–26. С. 150. Увогуле, калі ў 1923/24 прадукты паляводства складалі да 50% сялянскага збыту на рынку, то ў 1924/25 – толькі да 30%. Абарот збожжавых прадуктаў склаў: у 1923/34 – 48–49%, у 1924/25 – 20% (Каледа А. В. Крестьянское хозяйство Белоруссии и рынок // Советское строительство. 1926. № 4. С. 119– 121).
[132] Шейнин А. Народное хозяйство в 1925–26 хозяйственном году (сводный обзор) // Советское строительство.1927. № 3. С. 24.
[133] Каледа А. Рынок БССР в первом полугодии 1925–26. С. 156.
[134] Шейнин А. И. Конъюнктура и обзоры // Советское строительство. 1926. № 1. С. 145.
[135] Каледа А. В. Заготовительный рынок и крестьянский сбыт в 1924-25 году и в первом квартале 1925–26 // Советское строительство. 1926. № 3. С. 93.
[136] Гэта тлумачылася тым, што пры складанні нарыхтоўчага плана былі закладзены павялічаныя падлікі таварнага наяўнага збожжа (Лур’е М. Матар’ялы з месц. Эканоміа Віцебшчыны // Наш край. 1928. № 5. С. 37).
[137] Шейнин А. Народное хозяйство в 1925-26 хозяйственном году (сводный обзор) // Советское строительство. 1927. № 3. С. 24, 29.
[138] Милов Л. В. Великорусский пахарь и особенности российского исторического процесса. Москва: РОССПЭН, 1998. С. 409.
[139] Кулакоў Т. П., Валатоўскі М. С. Крукавіцкі сельсавет Азарыцкага раёну Мазырскае акругі // Наш край. 1929. № 11. С. 28–29.
[140] Кулакоў Т. П. Матар’ялы з месц. Экономічны стан Азарыцкага раёну, Мазырскай акругі // Наш край. 1929. № 5. С. 36.
[141] Самцэвіч В. Нарыс экономічнага становішча Барысаўскага раёну // Наш край. 1927. № 6-7. С. 59.
[142] Филиппов Н. Основные вопросы дифференциации белорусской деревни // Советское строительство. 1927. № 1. С. 93.
[143] Ярощук В. Связь с рынком крестьянских хозяйств // Советское строительство. 1926. № 11. С. 17–18.
[144] Попелышко Ал. Рыночные связи крестьянских хозяйств // Советское строительство.1927. № 3. С. 73.
[145] Куликов К. Белорусская деревня (по материалам анкеты СНК БССР “О хозяйственном положении деревни”) // Советское строительство. 1926. № 6. С. 34.
[146] Немцаў А. Вёска Вярхі і шляхі да яе колектывізацыі // Наш край. 1930. № 1. С. 57.
[147] Войтко М. На беразе Усяжы // Наш край. 1930. № 3. С. 29.
[148] Лагун Я. М. Санітарна-бытавое апісанне вёскі Азяраны, Тураўскага раёну, Мазырскай акругі // Беларуская мэдычная думка. 1929. № 2-4. С. 78.
[149] Кирик Н. П. К новому закону о сельхоз налоге // Советское строительство. 1927. № 4. С. 107.
[150] Тамсама. С. 106.
[151] Адамайтис И. Заготовки БССР за первое полугодие 1927–28 г. и дальнейшие перспективы // Советское строительство. 1928. № 6-7. С. 99.
[152] Кирик Н. П. К новому закону о сельхоз налоге // Советское строительство. 1927. № 4. С. 103.
[153] Попелышко А. Денежный баланс крестьянского хозяства // Советское строительство. 1927. № 11-12. С. 58.
[154] Каледа А. В. Крестьянское хозяйство Белоруссии и рынок // Советское строительство. 1926. № 4. С. 120.
[155] Шейнин А. И. Конъюнктура и обзоры // Советское строительство. 1926. № 1. С. 157.
[156] Куликов К. Белорусская деревня (по материалам анкеты СНК БССР “О хозяйственном положении деревни”) // Советское строительство. 1926. № 6. С. 39–40.
[157] Попелышко А. Денежный баланс крестьянского хозяства // Советское строительство. 1927. №11-12. С. 65.
[158] Тамсама. С. 65.
[159] Тамсама. С. 72.
[160] Тамсама. С. 65.
[161] Каледа А. В. Крестьянское хозяйство. С. 121.
[162] Бонч-Осмоловский Р. А., Каледа А. В. Предварительные итоги хозяйственного года // Советское строительство. 1926. № 1. С. 95. З агульнай колькасці рознічных устаноў (13 316) 88,1% складаў прыватны гандаль, 9,9% – кааператыўны і толькі 2% прыпадала на дзяржгандаль.
[163] Кулакоў Т. Мястэчка Азарычы Мазырскае акругі (кароткае апісаньне) // Наш край. 1928. № 8-9. С. 83–89.
[164] Самцэвіч В. М. Лагойск (Менскай акругі) // Наш край. 1928. № 4. С. 31.
[165] Гл.: Ляхоўскі У., Нашчынец К. Кантрабанда ў БССР у 1920– 1930-я гг.: сацыяльна-эканамічнае вымярэнне // ARCHE. 2015. № 11. С. 293–323; Шляхтер А. А. Экономическая контрабанда и борьба с ней в СССР, 1917–1941 гг.: Проект исследования и предварительные выводы // Лубянские чтения. 1997–2007 гг. Москва, 2008. С. 66–85.
[166] Советская деревня глазами ВЧК-ОГПУ-НКВД. 1918–1939. Т. 2. С. 560.
[167] НАРБ. Ф. 4. Воп. 21. Спр. 2581. Арк. 11–21.
[168] Советская деревня глазами ВЧК-ОГПУ-НКВД. 1918–1939. Т. 2. С. 558; НАРБ. Ф. 4-п. Воп. 21. Спр. 117. Арк. 268–273.
[169] Советская деревня глазами ВЧК-ОГПУ-НКВД. 1918–1939. Т. 2. С. 558.
[170] Тамсама. С. 656.
[171] Тамсама. С. 646.
[172] Тамсама. С. 647.
[173] НАРБ. Ф. 4-п. Воп. 21. Спр. 56. Арк. 155–156.
[174] Куликов К. Белорусская деревня (по материалам анкеты СНК БССР “О хозяйственном положении деревни”) // Советское строительство. 1926. № 6. С. 45.
[175] Крыцкі І. Матар’ялы з месц. Будаўніцтва сельскай гаспадаркі Случчыны // Наш край. 1929. № 8-9. С. 53, 55.
[176] Данилов В. П. Советская доколхозная деревня: социальная структура. С. 197.
[177] Итоги хозяйственного строительства и дальнейшие задачи КП(б)Б (Постановление Х съезда КП(б)Б по докладу т. И. А. Адамовича) // Советское строительство.1927. № 1. С. 19.
[178] Данилов В. П. Советская доколхозная деревня: социальная структура. С. 232–233.
[179] Прышчэпаў Зьм. Нашы дасягненьні ў аграрнай палітыцы // Советское строительство. 1927. № 10. С. 46.
[180] Балабонов А. Помощь деревенской бедноте // Советское строительство. 1927. № 1. С. 141–142.
[181] Голанд Ю. М. Кризисы, разрушившие НЭП. Валютное регулирование в период НЭПа. Москва: Фонд экон. кн. “Начала”, 1998. С. 37.
[182] Советская деревня глазами ВЧК-ОГПУ-НКВД. 1918–1939. Т. 2. С. 691.
[183] Тамсама. С. 283.
[184] Тамсама. С. 508.
[185] Тамсама.
[186] Тамсама. С. 567–568. Пер. з рус. мовы І. Раманавай.
[187] Гл. больш падрабязна: Раманава І. “Жанчыны вааружылісь коллямі і ідуць на нас у наступленне…”. “Бабскія бунты” ў БССР у пачатку 1930-х гадоў // Arche. 2011. № 12. C. 87–99.
[188] Данилов В. П. Советская доколхозная деревня: население. С. 150.
[189] Итоги хозяйственного строительства и дальнейшие задачи КП(б)Б (Постановление Х съезда КП(б)Б по докладу т. И. А. Адамовича // Советское строительство. 1927. № 1. С. 20.
[190] Артемков Г. Сельское хозяйство Белоруссии на новом этапе коллективизации // Советское строительство. 1929. № 11–12. С. 38.
[191] Лазоўскі Х. Савгасы Беларусі // Советское строительство. 1929. № 6. С. 38.
[192] Советская деревня глазами ВЧК-ОГПУ-НКВД. 1918–1939. Т. 2. С. 175–176.
[193] Тамсама. С. 409.
[194] Тамсама. С. 411.
[195] Тамсама.
[196] Тамсама. С. 412.
[197] Мачульскі Ф. Формы суцэльнай калектывізацыі // Советское строительство. 1929. № 11-12. С. 19.
Советская деревня глазами ВЧК-ОГПУ-НКВД. 1918–1939. Т. 2. С. 875.
Малиа М. Советская трагедия: История социализма в России. 1917–1991. Москва: РОССПЭН, 2002. С. 176.