БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Запісы Інстытута імя братоў Луцкевічаў. Год І. Сшытак І. Vilnius – Mensk, 2020. 106 с.

У Беларусі з’явілася новае працяглае выданне на гістарычную тэматыку. Прычым выпускае яго не проста калектыў гісторыкаў-аднадумцаў, а людзі пэўнай палітычнай арыентацыі. Створаны і зарэгістраваны ў Літве Інстытут імя братоў Луцкевічаў ставіць перад сабой задачу прапагандаваць каштоўнасці сацыял-дэмакратыі і адным з важных кірункаў дзейнасці бачыць даследаванне гісторыі беларускіх сацыял-дэмакратычных партыі і арганізацый, а таксама структур, якія прытрымліваліся падобных прынцыпаў і былі створаны прадстаўнікамі іншых народаў, што жылі на тэрыторыі Беларусі (палякаў, яўрэяў, расійцаў). Відавочна, што галоўны ідэолаг выдання і яго ўкладальнік – пазначаны “адказным рэдактарам” вядомы беларускі гісторык і прыхільнік сацыял-дэмакратычных ідэй Анатоль Сідарэвіч. Яму належыць большасць публікацый па тэматыцы гісторыі Беларускай сацыялістычнай грамады, а таксама жыцця і творчасці братоў Луцкевічаў, якія з’явіліся ў беларускай гістарыяграфіі цягам некалькіх дзесяцігоддзяў. Апошнія гады спадар Анатоль спрабуе грунтоўна пашырыць сферу сваіх даследаванняў, звяртаючыся да спадчыны так званага “нацыянал- камунізму” ў БССР 1920-х гадоў, а таксама ў Заходняй Беларусі.

Сшытак невялікі, усяго 106 старонак. Вокладка выдання аформлена мінімалістычна, апрача назвы і месца выдання ніякіх дадатковых выяваў, бо ўласнага лагатыпа Інстытут імя братоў Луцкевічаў пакуль, напэўна, не займеў. Выходныя дадзеныя паведамляюць, што нумар надрукаваны ў Мінску накладам 150 экз. Аднак здзіўляе адсутнасць УДК і ISBN. Здаецца, варта было распачынаць сур’ёзнае навуковае, і тым болей працяглае, выданне з забеспячэння яго ўсімі неабходнымі каталогавымі і бібліятэчнымі атрыбутамі. Асноўная частка зборніка складаецца з чатырох тэкстаў, два з якіх, Рыгора Лазько і Станіслава Рудовіча, прысвечаны ролі БССР у беларускіх нацыя- і дзяржаватворчых працэсах.

Рыгор Лазько на аснове як вядомых раней, так і новых дакументаў прапануе сваю інтэрпрэтацыю падзей, звязаных з утварэннем ССРБ у канцы 1918 г. Аўтар прыходзіць да высновы, што традыцыйная схема, складзеная гісторыкамі савецкага часу, не вытрымлівае крытыкі. Ён абгрунтоўвае думку, што ключавой прычынай стварэння беларускай савецкай дзяржаўнасці была не інтэнсіўная праца Белнацкама на чале з З. Жылуновічам і не ленінскі “прагрэсіўны” погляд на справу нацыянальнай дзяржаўнасці Беларусі (быццам трансляваны І. Сталіным Жылуновічу і Мяснікову). Не адпавядае рэчаіснасці і меркаванне, што галоўнай прычынай стварэння ССРБ было існаванне Рады БНР, хоць бальшавікі ўсур’ёз асцерагаліся, што кіраўніцтва БНР будзе разгортваць прапагандысцкую дзейнасць за мяжой на карысць незалежнасці Беларусі.

Гледзячы на падзеі канца снежня 1918 г. праз прызму міжнароднай сітуацыі, Р. Лазько прыходзіць да высновы, што рашэнне пра абвяшчэнне ССРБ было прынята вышэйшым камуністычным кіраўніцтвам сыходзячы з міжнароднага становішча. У той момант пачало з’яўляцца разуменне, што рэвалюцыя ў Германіі не пойдзе па камуністычным сцэнары і што на знешнепалітычным полі з’явіўся новы гулец – Польская дзяржава. Бальшавікі хацелі заключыць з Польшчай мірную дамову, і ССРБ (пазней ЛітБел) была патрэбная ім як своеасаблівая геапалітычная пракладка, тэрыторыяй якой можна было скарыстацца для заключэння чарговага “Брэсцкага міру”. Менавіта заходні кірунак у існаванні ССРБ быў ключавым, пра гэта сведчыць, з аднаго боку, адыманне ад рэспублікі ўсходніх губерняў на карысць РСФСР, а з другога – зліццё з Савецкай Літвой. Бальшавіцкая ўлада планавала “разлічыцца” з Польшчай беларускімі і літоўскімі землямі ў выпадку заключэння міру, а зрабіць гэта тэрыторыяй буфернай дзяржавы, а не тэрыторыяй уласна РСФСР было куды прасцей. Нагадаем, што ўжо ў 1918 г. бальшавікі спадзяваліся бальшавізаваць будучую Польшчу. Нават была створана Заходняя стралковая дывізія ў складзе Варшаўскага, Седлецкага, Гродзенскага і Віленскага пяхотных палкоў, а таксама Варшаўскага і Мазавецкага кавалерыйскіх палкоў. Дывізія да канца 1918 г. ваявала на Усходнім фронце, а пасля была перакінута на захад і на тэрыторыі Беларусі вяла баявыя дзеянні з польскімі войскамі на Гродзеншчыне і Віленшчыне. Адным словам, стварэнне ССРБ было часткай плана бальшавіцкага кіраўніцтва ў пошуку ўгоды з адроджанай Польшчай і далейшых спробаў захопу ўлады бальшавікамі ў польскай дзяржаве. План гэты не быў рэалізаваны з прычыны рашучай настроенасці кіраўніцтва Польшчы, найперш Ю. Пілсудскага, на канфлікт з бальшавікамі і максімальнае заняцце тэрыторый былой Рэчы Паспалітай.

Філасофскім працягам тэксту Р. Лазько можна назваць вялікі артыкул “Да пытання аб ролі БССР у беларускім нацыяўтваральным працэсе” Станіслава Рудовіча. Большую частку матэрыялу даследчык прысвяціў крытыцы распаўсюджанага апошнім часам тэзіса аб тым, што ў БССР пачала складвацца беларуская нацыя, прычым менавіта ў межах гэтага дзяржаўнага ўтварэння яна набыла ў большай ступені грамадзянскі, а не нацыянальны складнік. Аўтар мяркуе, што бальшавіцкая ўлада, наадварот, тармазіла нацыятворчыя працэсы, звыродліва іх перарабляючы і змяняючы. Высновы дастаткова песімістычныя: беларуская нацыя ў БССР не стала ні “мадэрнай”, ні “грамадзянскай”, ні “палітычнай”. Заканчваецца артыкул словамі А. Кудзіненкі з фільма “Акупацыя. Містэрыі”: “Цяпер у беларусаў ёсць дзяржава. Але іх саміх ужо не засталося”. Рытарычнае пытанне: ці закончыў бы так аўтар свой цікавы артыкул, калі б пісаў яго ўжо пасля падзей лета і восені 2020 г.?

Наступны тэкст – працяг працы, распачатай Анатолем Сідарэвічам шмат гадоў таму. Гэта публікацыя некалькіх выяўленых у архівах Літвы лістовак Беларускай сацыялістычнай грамады, надрукаваных у гады Першай сусветнай вайны.

Апошні тэкст зборніка належыць Іне Соркінай і прысвечаны ён капылянам у гісторыі Беларусі першай трэці ХХ ст. Капыль на пачатку ХХ ст. быў вялікім беларуска-яўрэйскім мястэчкам са значнай колькасцю пралетарыяту, які займаўся пераважна гарбарствам. Не дзіўна, што з такога асяроддзя выйшлі некалькі знакавых для гісторыі Беларусі дзеячаў сацыялістычнага руху. Гэта найперш Зміцер Жылуновіч (Цішка Гартны), першы кіраўнік урада Савецкай Беларусі і галоўны прадстаўнік “пралетарскай плыні” ў беларускай паэзіі пачатку ХХ ст., а таксама Зміцер Чарнушэвіч, Аляксандр Чарнушэвіч, Міхаіл Мароз і іншыя дзяржаўныя дзеячы БССР.

Першы нумар новага часопіса заканчваецца аглядам актуальнай літаратуры па тэме. Яго ўкладальнікі запрашаюць усіх ахвотных пісаць тэматычныя артыкулы ў наступныя нумары. Спадзяемся, што новыя нумары “Запісаў Інстытута імя братоў Луцкевічаў” сапраўды будуць выдадзены і знойдуць свайго чытача.

Гродна

Андрэй Вашкевіч

Тэгі: ,