БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Родэвальд, Штэфан. “Пра Полацкую Венецыю”. Калектыўныя дзеянні сацыяльных груп горада паміж Усходняй і Цэнтральнай Еўропай. Мінск, 2020 (Філіп Падбярозкін).


РОДЭВАЛЬД, ШТЭФАН. “Пра Полацкую Венецыю”. Калектыўныя дзеянні сацыяльных груп горада паміж Усходняй і Цэнтральнай Еўропай (Сярэднявечча, ранні Новы час, XIX ст. – да 1914 г.). Мінск: Лімарыус, 2020. 632 с. (Бібліятэка часопіса “Беларускі Гістарычны Агляд”, 30)

Пасля выдання кнігі амерыканскага палітолага Роберта Дэвіда Патнэма “Making democracy work: Civic traditions in Modern Italy” (1993) сусветная гуманітарыстыка “адкрыла” для сябе новыя гарызонты даследавання “сацыяльнага капіталу” гарадскіх супольнасцяў без прывязкі да канкрэтнага кейса, абмежаванага ў часе і прасторы [1]. Сапраўды, “публічная сфера”, традыцыі кааперацыі, “палітычная рэальнасць”, нормы мiжгрупавой інтэракцыі і гарызантальныя сувязі часам вызначаюцца больш аб’ектыўна і змяняюцца больш марудна, чым спекулятыўныя “эпохі” ў духy Леапольда фон Ранке. З такой перспектывы доўгага трывання (longue durée) прафесар Ляйпцыгскага ўніверсітэта Штэфан Родэвальд упершыню паставіў пытанне пра калектыўныя дзеянні ў Полацку на працягу амаль тысячы гадоў (IX ст. – 1914 г.).

Кніга “Пра Полацкую Венецыю…” уяўляецца даволі карэктным беларускім перакладам штутгарцкага арыгінала 2005 г. [2]. Пры гэтым для беларускага чытача яна можа быць цікавая тым, што ў ёй амаль поўнасцю адсутнічае любы нацыянальны кантэкст / падтэкст. Аўтар настолькі імкнуўся пазбегнуць любых этнічных канатацый, што нават замяніў кансэнсусныя “русь” і “рускі” ў дачыненні да праваслаўных усходнеўрапейскіх тэрыторый у Сярэднявеччы на хутчэй геаграфічнае “ўсходнеславянскі” [3]. Узамен Родэвальд прапануе маргінальны для айчыннага вуха транснацыянальны і транскантынентальны кантэкст: “Мяне вельмі парадуе, калі мая кніга паспрыяе таму, што гісторыя Русі, Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі і само беларускае мінулае будуць інтэгральна разумецца як частка і фактар агульнакантынентальных і надрэгіянальных грамадскіх узаемасувязяў у Сярэднявеччы, раннім Новым часе, а таксама ў новай і найноўшай гісторыі” (9). Спробы вылучэння надрэгіянальных тыпалогій апошнім часам характэрныя перадусім для ўсходнееўрапейскай медыявістыкі – прыгадаем працы Міхаіла Крома [4] і Аляксея Мартынюка [5]. У адрозненне ад іх Родэвальд цікавіцца калектыўнымі дынамікамі ў надрэгіянальным і прасапаграфічным вымярэнні, што патрабуе большай ступені тэарэтызавання і, адпаведна, цяжкога для ўспрымання стылю.
Аўтар палічыў важным зазначыць, што любыя “параўнанні мусяць выяўляць унутраныя працэсы гарадской гісторыі Полацка, а не служыць нейкай тэлеалагічнай гісторыі недаразвітасці ўсходнееўрапейскіх гарадоў у адрозненне ад цэнтральнаеўрапейскіх” (19). Аднак пры чытанні самога тэксту і вынікаў даследавання напрошваецца думка, што аўтар гаворыць пра класічнае культуртрэгерства, свядома адмаўляючыся ад таго, каб называць рэчы сваімі імёнамі. У чым гэта праяўляецца?

Прыклады выспявання самастойных умоў калектыўнага дзеяння прапанавала бадай што XII стагоддзе – хрысціянізацыя, палепшаныя эканамічныя перадумовы прывялі, маўляў, да новых (вечавых) спосабаў камунікацыі пад уладай князёў і дружын (калектыўная абавязальная прысяга, мір, любоў). Наступная гісторыя калектыўных дзеянняў у Полацку абумоўлена наяўнасцю знешняга культуртрэгера. Так, менавіта камунікацыя з Рыгай прывяла да з’яўлення новых і змянення старых формаў калектыўных дзеянняў. Дзякуючы дамове 1229 г. з Рыгай і Гоцкім берагам палачане ўпершыню засвоілі паняцце горада як месца “рэалізацыі прававой свабоды” (78). Кантакты з “заходнімі партнёрамі”, якія інтэнсіфікаваліся ў XIII– XIV ст., прывялі да таго, што пачалося “ўласнае, адрознае ад варункаў у гарадах Паўночна-Усходняй Русі развіццё Полацка” (94). Полацкая (станоўчая) “адрознасць” ад Паўночнай і Усходняй Русі, Маскоўскага княства і Расіі з’яўляецца адным з лейтматываў параўнаўчых падсумаванняў Родэвальда на працягу ўсяго тэксту (175, 182, 197, 217, 356, 423, інш.) [6]. Адзінае тлумачэнне “адрознасці” – блізкасць да “ўсходняга Міжземнамор’я” = Балтыйскага мора (“östliches Mittelmeer” паводле Клауса Цэрнака [7]).

Карыстаючыся “заходнімі ўзорамі”, пасля скасавання ўлады ўдзельных князёў палачане выпрацоўвалі свае формы камунікацыі ў літоўскі перыяд. На багатым матэрыяле перапіскі Полацка і Рыгі з XV ст. [8] Родэвальд “інтэгруе” горад у новае поле пісьмовай камунікацыі – праз перайманне даўно вядомых цэнтральна- і паўночнаеўрапейскіх формаў з полацкай “стылістыкай” (144). Кропкай біфуркацыі тут стаў Капыскі дагавор 1406 г. паміж Полацкам і Рыгай, пісьмовая форма якога канстытуявала новыя палі калектыўных дзеянняў. Вынік інтэграцыі – групавая ідэнтычнасць палачан, “якая набывала контуры ва ўзаемадзеянні з заходнімі супольнасцямі” (155). Такім чынам, наданню гораду магдэбургскага права (1498) папярэднічала доўгая прагісторыя камунальнай традыцыі. Прывілей 1498 г. фармалізаваў ужо наяўных карпаратыўных актараў.

Наступным культуртрэгерам полацкай гісторыі выступіла рыма-каталіцкая канфесія і канфесійнае спаборніцтва ў межах гарадской прасторы XVI–XIX ст. Тэзіс аўтара: праваслаўныя насельнікі Полацка ва ўмовах контррэфармацыі [9] запазычылі арганізацыйны ўзор “праціўніка” (ордэнскі парадак) і стварылі брацтва (304). Тыпова падобныя высновы – у дачыненні да “заходнярускіх” гільдый-цэхаў-брацтваў XVI–XVII ст. – зрабіў яшчэ Н. Скабалановіч [10]. Паводле Родэвальда, “у сутыкненні з каталіцкай часткай Еўропы праваслаўныя ўсходнія славяне адаптавалі канфесійна і сацыяльна інтэграцыйныя формы арганізацыі, а таксама формы калектыўнага гвалту ў адносінах да людзей іншай веры” (305). Справа тычылася не толькі сакральнай прасторы: ва ўмовах брацтва актары выпрацоўвалі і выкарыстоўвалі спецыфічныя юрыдычна вызначаныя стратэгіі аргументацыі.

У сувязі з апошнім ключавы “пойнт” аўтара – вызначэнне канфесіянальнага спаборніцтва ў Полацку XVII– XIX ст. як галоўнага (і спецыфічнага) чынніка калектыўных дзеянняў у межах longue durée. С аднаго боку, канфесіянальнае спаборніцтва стварала “агульную публічнасць” (533), з другога – “дзякуючы” гэтай барацьбе гарадское насельніцтва так і не пераўтварылася ў адзінага “карпаратыўнага актара”. Полацкі феномен праявіўся ў сакральных інсцэніроўках. І тут (зноў жа ў рамках “доўгай трываласці”!) Родэвальд дэманструе бліскучы паралелізм: шляхам унясення мошчаў святых у Полацк (св. Язафата Кунцэвіча ў XVII ст., св. Еўфрасінні ў XX cт.) канфесіі вызначалі “сакральную прастору” горада, легітымізуючы “панаванне меншасці”. Вядома ж, праваслаўныя пры гэтым дзейнічалі цалкам у рамках раннемадэрнай пампезнасці рыма-каталіцкага кшталту. Такім чынам, далучэнне да Расійскай імперыі мала паўплывала на традыцыі мясцовай палітычнай культуры – гульня актараў пасля “кароткай ракіроўкі” працягвалася тоеснымі метадамі. Спрашчаючы цэнтральную выснову: менавіта (умоўна) заходнія (“усходне-цэнтральнаеўрапейскія”, “рыма-каталіцкія”) уплывы XIII–XIX ст. абумовілі саму магчымасць і дынаміку калектыўных дзеянняў у Полацку. Напрыканцы аўтар сумна падводзіць вынік: “савецкі цэнтралізм” і вынішчэнне яўрэяў паклалі канец на “еўрапейскіх перспектывах” Полацка (547).

Галоўная каштоўнасць кнігі для беларускіх гісторыкаў палягае не толькі (і не столькі) у надзвычай арыгінальных (і таму вельмі спрэчных) высновах і паралелізмах, а ў прыкладзе выкарыстання даследчыцкай парадыгмы longue durée ў надрэгіянальным кантэксце. Праца паказвае, як за “спецыфічным” феноменам пэўнага перыяду і рэгіёна можна ўбачыць аб’ектыўныю тэндэнцыю велізарнай часавай і геаграфічнай прасторы (“пойнт” на карысць адэптаў навуковасці гістарычных ведаў). Гэта тым больш актуальна ў сітуацыі, калі ва ўсходнееўрапейскай гістарыяграфіі назіраецца настальгія па эпохах per se Леапольда фон Ранке (А. Мартынюк і інш.). Больш прасторы для фантазіі кніга прэзентуе інтэлектуальным спажыўцам, аддаленым ад гістарычнай навукі. Вялікая колькасць назапашанага матэрыялу дазваляе ставіць пытанне ў духу Роберта Патмэна: як узмацненне ці паслабленне гарызантальных сувязяў у межах горада ўплывала на ўмовы эканамічнага росту? Ці з’яўляецца наяўнасць культуртрэгера неабходнай умовай для развіцця дэмакратычнай традыцыі ва ўсходнеславянскім кантэксце? Спадзяемся, беларускі пераклад кнігі Штэфана Родэвальда дасць новы імпульс для рэфлексіі над гэтымі старымі пытаннямі.

Мінск

Філіп Падбярозкін


[1] Putnam R. D. (with R. Leonardi and R.Y. Nanetti). Making democracy work: Civic traditions in Modern Italy. Princeton, 1993.
[2] Rohdewald S. “Vom Polocker Venedig”. Kollektives Handeln sozialer Gruppen einer Stadt zwischen Ost- und Mitteleuropa (Mittelalter, Fühe Neuzeit, 19. Jh. bis 1914). Stuttgart, 2005. Трэба выказаць асобную падзяку перакладчыкам Мітрафану Патоцкаму, Сяргею Паўлавіцкаму і Галіне Скакун як за працу з вельмі складаным тэкстам увогуле, так і за максімальна дакладны і літаральны пераклад тэрмінаў.
[3] Спасылаючыся на мову крыніц, такі тэрмін выкарыстоўвае вядомы расійскі медыявіст Сяргей Палехаў (Полехов С. В. Наследники Витовта. Династическая война в Великом княжестве Литовском в 30-е годы XV в. Москва, 2015. С. 17).
[4] Кром М. Рождение государства: Московская Русь XV–XVI веков. Москва, 2018. Міхаіл Кром падкрэслівае, што расійскі варыянт “modern state” быў амаль тоесным заходнееўрапейскай мадэлі ранняга Новага часу.
[5] Мартынюк А. В. До Герберштейна: Австрия и Восточная Европа в системе персональных связей и культурных контактов (XIII – начало XVI века). Москва, 2019. Аляксей Мартынюк на аўстрыйскім кейсе спрабуе ўключыць Усходнюю Еўропу ў цэнтральнаеўрапейскія саслоўна-культурныя “трэнды” XIII– XV ст.
[6] Параўнанне заўсёды негатыўнае для маскоўскага боку (цытуючы аўстрыйскага даследчыка Вальтэра Ляйтша): «Калектыўныя дзеянні насельніцтва гарадоў у арэале маскоўскай улады “…прыносілі ў лепшым выпадку толькі палавіністы поспех, таму што не было ні традыцыі сумесных дзеянняў, ні арганізацыйных формаў, якія можна было б прынамсі прыстасаваць для сумеснага выступу”» – с. 182.
[7] Гл.: Troebst S. Klaus Zernack als Nordosteuropahistoriker // Zeitschrift für Ostmitteleuropa-Forschung 50 (2001). H. 4. S. 577.
[8] Большая частка гэтага ліставання даступная ў сучасным выданні “Полацкіх грамат”: Полоцкие грамоты XIII – начала XVI в. Т. 1–2. Москва, 2015.
[9] Тэрмін “контррэфармацыя” (“Gegenreformation”) ужо даўно абвешчаны анахранізмам (лепшы аналаг, напрыклад, – “рэкаталізацыя”), тым не менш яшчэ стала ўжываецца ў гістарыяграфіі. Гл.: Reinhard W. Gegenreformation als Modernisierung? Prolegomena zu einer Theorie des konfessionellen Zeitalters // Archiv für Reformationsgeschichte = Archiv for Reformation History. Bd. 68 (1977). S. 226.
[10] “Братства в грамотах называются цехами и представляют собою не что иное, как перенесение на западно-русскую почву устройства западно-европейских цехов” (Скабаланович Н. А. Западно-европейские гильдии и западно-русские братства // Христианское чтение. № 9-10 (1875). С. 327).

Наверх

Тэгі: , ,