БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Siebert, Diana. Herrschaftstechniken im Sumpf und ihre Reichweiten. Landschaftsinterventionen und Social Engineering in Polesien von 1914 bis 1941. Wiesbaden, 2019 (Антон Лявіцкі).

SIEBERT, DIANA. Herrschaftstechniken im Sumpf und ihre Reichweiten. Landschaftsinterventionen und Social Engineering in Polesien von 1914 bis 1941. Wiesbaden, Harrassowitz Verlag, 2019. 572 S., 3 Abb., 14 Karten, 7 Tab. (Historische Belarus-Studien, 9).

Праца нямецкай даследчыцы Дыяны Зіберт “Тэхнікі панавання на балоце і іх дасягальнасць. Інтэрвенцыі ў ландшафт і сацыяльная інжынерыя на Палессі з 1914 да 1941 г.” мае на мэце паказаць, якія тэхнікі асваення балотаў прымяняліся на Палессі і з якім поспехам (17). Аўтарка, ужо добра вядомая гісторыкам Беларусі шэрагам сваіх беларусазнаўчых публікацый [1], адштурхоўваецца ад тэзіса, што Палессе ўвесь час знаходзілася «паміж сутыкненнем і супрацоўніцтвам, прыцягненнем і адрынаннем, паміж тэрорам і нармальнасцю, паміж тэрытарыялізацыяй і паўторным “здзічэннем”, паміж устанаўленнем бяспекі і ўзнаўленнем небяспекі (Ver- und Entsicherheitlichung), паміж прыпісваннем да свайго і чужога» (18). Гэты тэзіс яна імкнецца давесці на матэрыяле асобных эпізодаў з гісторыі рэгіёна.

Кніга складаецца з дзвюх сутнасных частак. Другая частка (пасля ўводзінаў) – раздзелы ад другога да шостага. Яны тычацца Першай сусветнай вайны, узброеных канфліктаў 1918–1920 г., Палескага ваяводства ў складзе Польшчы (фактычна два раздзелы), савецкага панавання 1939–1941 г.; шосты раздзел падсумоўвае гэты разгляд. Трэцяя частка кнігі (з сёмага да адзінаццатага раздзела) прысвечана тэарэтычным разважанням (канцэпт партызанства, каланізацыя, тэрытарыялізацыя і інш.), якія аўтарка часткова грунтуе на эмпірычных звестках першай часткі.

Эмпірычная частка кнігі абапіраецца на традыцыйныя, добра вядомыя сюжэты. Аўтарка імкнецца дастасаваць да сваёй працы новыя канцэпты і паняцці, кола якіх вельмі шырокае: spatial turn, тэрытарыялізацыя, тэхнікі панавання, сацыяльная інжынерыя, каланіялізм, othering, clash of cultures – ажно да прынагоднай адсылкі да “не-месцаў” (116). Розныя паняцці Д. Зіберт выкарыстоўвае вельмі шырока, таму да “інтэрвенцый” яна адносіць яўрэйскія пагромы пад польскай акупацыяй 1919 г., меліярацыю 1920-х г., публікацыі пра дробную шляхту ў друку 1930-х гг. і інш. Кніга ахоплівае шырокую гістарычную эпоху, у бібліяграфіі можна знайсці такіх розных аўтараў, як Дэвід Грэбер, Норберт Эліяс – побач з найноўшымі дасягненнямі беларусазнаўства накшталт працы Эндру Слоіна. Такая шырыня эмпірычнага і тэарэтычнага далягляду абарочваецца заганай. Мэта кнігі выразна не вызначана. Магчыма, Д. Зіберт не суадносіць свае развагі з наяўнай гістарыяграфіяй таму, што ўхіляецца ад дакладнага вызначэння праблемы, якой кніга прысвечана. Імкненне аўтаркі даць вычарпальнае апісанне прыводзіць да таго, што тлумачэнні часта губляюць глыбіню і навізну, а выніковы тэзіс – канкрэтнасць. Адсюль жа, магчыма, і шматузроўневая, іерархічна разбудаваная структура кнігі, якая ўключае, акрамя частак і раздзелаў, падраздзелы і параграфы, якія часта складаюцца з аднаго абзаца. Напісана кніга ў падкрэслена эксперыментальным стылі. Даследчыца свабодна абыходзіцца з нормамі навуковага пісьма, часта дазваляе сабе ацэначныя меркаванні (адно з найбольш яскравых тычыцца слоўнага запасу беларускай мовы, 149). Спасылкі не даведзены да ладу: яны выкананы ў розным фармаце, акрамя таго, Д. Зіберт спарадычна спасылаецца на падручнікі і Вікіпедыю.

Свядомае рашэнне аўтаркі застацца ў межах падзейнай гісторыі (16) супярэчыць яе тэарэтычным устаноўкам, імкненню разгледзець гістарычныя з’явы “доўгай працягласці” (нездарма яна рэгулярна згадвае Ле Феўра). Кніга, безумоўна, выйграла б праз удакладненне пастаўленых пытанняў, выпрацоўку больш яснай тэзы і зварот да сучаснай гістарыяграфіі ў дачыненні да строга вызначанай тэмы. Гаворка не толькі пра тэхнічныя паляпшэнні – больш празрыстую структуру ці больш лаканічнае выкладанне. Гаворка найперш пра паглыбленне аналізу.

Мюнхен

Антон Лявіцкі


[1] Гл.: Siebert D. Bäuerliche Alltagsstrategien in der Belarussischen SSR (1921–1941). Die Zerstörung patriarchalischer Familienwirtschaft. Stuttgart, 1998. (рэц. С. Новікава // БГА. 2000. Т. 7. С. 267– 271); яна ж. Vereinige und herrsche: Aufstieg und Niedergang des Chutorwesens im östlichen Weißrußland (1922–1940) // Jahrbücher für Geschichte Osteuropas. Bd. 43 (1995). H. 1. S. 58–77; яна ж. Zur Geschichte der Belarus und der dortigen Geschichtspflege seit 1944 // Projektgruppe Belarus im Jugendclub Courage e. V.: “Dann kam die deutsche Macht”. Weißrussische Kinderhäftlinge in deutschen Konzentrationslagern 1941–1945. Eine Dokumentation. Köln, 1999. С. 188–197; яна ж. Die Juden in Weißrussland vor der Shoah // Projektgruppe Belarus im Jugendclub Courage e. V.: “Existiert das Ghetto noch?” Weißrussland: Jüdisches Überleben gegen nationalsozialistische Herrschaft. Berlin u.a., 2003. С. 268– 275; яна ж. Пассивность как неприятие крестьянами Белоруссии коллективизации // Гістарычная навука і гістарычная адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь. Тэзісы дакладаў и паведамленняў. Мінск, 1993. Т. 1. С. 185–186; яна ж. Из истории хуторов в Советской Белорусии (1923–1941) // Гістарычная навука і гістарычная адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь. Т. 1: Гісторыя Беларусі. Мінск, 1994. C. 168–175; яна ж. Установа аддзелаў ЗАГС у ССРБ: грамадзянізацыя і індывідуалізацыя праз устанаўленне парадку // БГА. 2017. Т. 24. C. 71–88; яна ж. Карта из приложения к Брест-Литовскому мирному договору: причины неопубликования и ошибки в интерпретации текста документа в немецкоязычной историографии // Журнал Белорусского государственного университета. История. 2018. № 2. C. 48–56.

Тэгі: , , , ,