Kouida, Artem. Melioration im Belarussischen Polesien. Die Modernisierung der sowjetischen Peripherie (1965–1991). Wiesbaden, 2019 (Таццяна Астроўская)
KOUIDA, ARTEM. Melioration im Belarussischen Polesien. Die Modernisierung der sowjetischen Peripherie (1965–1991). Wiesbaden, 2019. 280 S., 19 Abb., 1 Karte. (Historische Belarus- Studien 7)
Калі ў дачыненні да Беларусі час ад часу ўзнікае азначэнне “перыферыя”, то Беларускае Палессе можна было б ахарактарызаваць як “перыферыю перыферый”. З прычыны прыродных асаблівасцяў і дастатковай аддаленасці ад цэнтра і вялікіх гарадоў спачатку Расійскай імперыі, а пасля Польскай рэспублікі і Савецкай дзяржавы, Палессе атрымала “славу” глушы і глыбокай правінцыі, якая яшчэ доўга яе пераследавала. А галоўная прыродная асаблівасць (ці славутасць) Палесся – балота – ператварылася яшчэ і ў метафару – адсталасці і інертнасці, якая нярэдка выкарыстоўвалася і пры азначэнні сучаснага (да 2020 г.) грамадства Беларусі. Як нагадвае аўтар рэцэнзаванага выдання Арцём Куйда, забалочаныя мясціны яшчэ ў сярэдзіне ХХ ст. займалі да адной трэці ўсёй тэрыторыі Беларусі. І сёння, пасля дзесяцігоддзяў меліярацыйных высілкаў, плошча балот, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, перасягае такую ва ўсіх заходнееўрапейскіх дзяржавах разам ўзятых (241). Гісторыя, тапаграфія і экалогія Палесся павінны займаць істотнае месца ў гісторыі і ідэнтычнасці Беларусі. І тым не менш, даследаванню гэтага рэгіёна пакуль не аддавалася належная ўвага.
Арцём Куйда напісаў дысертацыю (пакладзеную ў аснову кнігі) у межах даследчага праекта “Палессе – ландшафт інтэрвенцыі“ (2015–2019), кіраўнікамі якога былі нямецкія гісторыкі Анна Вероніка Венланд (Інстытут імя Гердэра), Томас Бон (Гісэнскі ўніверсітэт) і Клаўдзія Крафт (на той момант Універсітэт Зігена). Праект гэты, натуральна, ахопліваў усю тэрыторыю Палесся, імкнучыся разглядзець яго праз прызму ўзаемадзеяння (і супрацьстаяння) прасторы, прыроды, культуры і тэхналогіі.
Кіруючыся згаданым падыходам, А. Куйда разглядае праграму распрацоўкі, аптымізацыі і выканання меліярацыі Беларускага Палесся. Аўтар імкнецца паказаць, што для Савецкай Беларусі і яе насельніцтва меліярацыя стала нечым нашмат большым, чым проста комплекс мер па распрацоўцы новых сельскагаспадарчых земляў, – з яе вынікалі радыкальныя сацыяльныя і экалагічныя змены (4).
Аўтара цікавіць пытанне, якія мэты ставіла перад сабой савецкае кіраўніцтва, распачынаючы праграму меліярацыі Беларускага Палесся, і ці былі гэтыя мэты ўрэшце рэалізаваныя. Таксама ён пытаецца, як паўплывала меліярацыя на жыццё мясцовага насельніцтва, і ці апраўданы прыпісваны яму “наратыў ахвяры” гэтых зменаў, які ўсё яшчэ дамінуе ў беларускай версіі гісторыі меліярацыі Палесся (4–5) Зразумела, што ў звязку з гэтым узнікаюць і іншыя пытанні. Наколькі самастойнымі былі ўлады ў Мінску ў дачыненні да планавання і правядзення меліярацыі? Ці апошняя паспрыяла паскарэнню мадэрнізацыйных працэсаў у рэгіёне? І, нарэшце, наколькі эфектыўнымі былі гэтыя меры, якім чынам яны змянілі становішча мясцовага насельніцтва і прыродны свет Палесся?
Нават ў параўнанні з астатняй тэрыторыяй Беларусі да пачатку мэтанакіраванага асваення на Палессі не хапала інфрастуктуры, а таксама рэсурсаў і адукаваных кадраў. І тым не менш, Палессе прыцягвала ўвагу спачатку імперскіх (з апошняй трэці ХІХ ст.), а пасля і савецкіх уладаў як эксперыментальнае поле, сімвал дзікасці, удалае асваенне якога даказвала б уладу чалавека (а дакладней канкрэтных уладаў) над прыродай, іх усёмагутнасць, таксама як іх адукаванасць і мадэрнізаванасць у параўнанні з мясцовай адсталасцю. Што да савецкага перыяду, зразумела, былі ў асваенні і меліярацыі Палесся і свае прагматычныя мэты – найперш пашырэнне ворных земляў, колькасць якіх у сярэдняй, што не мела чарназёму, паласе Савецкага Саюза была недастатковай для таго, каб вырошчваць неабходную колькасць сельскагаспадарчай прадукцыі для насельніцтва і кармоў для жывёлы.
Пасля ўводзінаў аўтар прапануе кароткі гістарычны агляд (19–27) ранейшых спробаў меліярацыі, дзе ён паказвае, што хоць гэтая тэрыторыя і прыцягвала ўвагу і некаторыя спробы яе вывучэння і меліярацыі ўзнікалі раней, яны не былі ні паслядоўнымі, ні дастаткова распрацаванымі, каб прынесці істотныя змены ў рэгіён.
Радыкальныя змены пачалі адбывацца з сярэдзіны 1960-х. Да іх аўтар звяртаецца ў трэцяй частцы даследавання, тэматычна прысвечанай планаванню меліярацыйных мераў у БССР. У 1965 г. новы Першы сакратар ЦК КПСС Леанід Брэжнеў распачаў рэфармацыю савецкай сельскай гаспадаркі, часткай якой і стаў грандыёзны праект меліярацыі; істотную долю яго займае меліярацыя Беларускага Палесся.
Стратэгічнае месца Палесся пацвярджаецца і тым, што з пачаткам мэтанакіраванай і арганізаванай меліярацыі, якая разгарнулася з другой паловы 1960-х, яна была кіраваная непасрэдна цэнтральнымі ўладамі. У 1966 г. у Пінску было заснавана Галоўнае ўпраўленне па асушэнні земляў і будаванні саўгасаў на Палессі (Галоўпалессеводбуд, у 1982 г. налічвала больш як 45 тыс. супрацоўнікаў), што падпарадкоўвалася непасрэдна Міністэрству меліярацыі і воднай гаспадаркі СССР (49). Спецыялісты ў гідралогіі, геалогіі, аўтаматызацыі прадукцыі, падрыхтоўка якіх у такой колькасці была ў савецкай Беларусі немагчымая, таксама прыцягваліся з усяго СССР (54).
І хоць гаворка вядзецца пра Беларускае Палессе, сэнс у гэтае азначэнне ўкладваецца хутчэй геаграфічны, чым культурны і палітычны. У Беларусі ў той час, як вядома, кіраўніком КПБ стаў Пётр Машэраў. Нягледзячы на, здавалася б, цэнтральнае месца П. Машэрава ў гісторыі пасляваеннай Беларусі і яго падтрымку праекта меліярацыі, ён толькі некалькі разоў і амаль “мімаходзь” згадваецца ў кнізе. Роля Машэрава (а тым больш яго наступнікаў Ц. Кісялёва, М. Слюнькова і інш.) падаецца аўтарам хутчэй як другарадная, дапаможная на фоне працэсаў па пераўтварэнні Палесся, якія ініцыяваліся Масквой і кіраваліся з Масквы.
Чацвёртая (і самая вялікая) частка кнігі распавядае пра практыку меліярацыі ці выкананне планаў, якія выявіліся яшчэ больш праблематычнымі. Драматычнае несупадзенне паміж уяўленнямі і рэальнасцю, заўсёдны недахоп кадраў і рэсурсаў мелі вынікам адставанне і кепскую якасць працы.
Улады раз за разам спрабавалі звярнуцца да заходняга досведу, імпартуючы тэхналогіі, машыны, дэталі і матэрыялы, але і гэта не давала чаканага выніку з-за непаслядоўнасці стратэгіі імпарту і, вядома, заўсёднага недахопу фінансавання (гл., напр., с. 138). Акрамя таго, з-за дрэннай арганізацыі ўласнай сельскай гаспадаркі Савецкі Саюз вымушаны быў рэгулярна рабіць велізарныя закупы зерня і іншай сельскагаспадарчай прадукцыі на Захадзе, і найперш у ЗША. Такая залежнасць ад Захаду паказальная. Нягледзячы на тое, што “халодная вайна” працягвалася, а СССР пазіцыянаваў сябе як звышдзяржава, яго эканамічныя і гаспадарчыя асновы былі ўжо заўважна хісткімі напрыканцы 1960-х.
Як падаецца, найбольш цікавыя ў кнізе раздзелы, што набліжаюцца да лакальнай спецыфікі, звяртаюць увагу на канкрэтныя выпадкі, якія здараліся пад час інтэнсіўнай меліярацыі і мадэрнізацыі Палесся. Так, аўтар распавядае пра будаўніцтва і поспех эксперыментальнага саўгаса “Парахонскі”, пераможцы сацыялістычнага спаборніцтва, што знаходзіўся за 35 км на паўночны ўсход ад Пінска (97–108). Таксама вартыя ўвагі часткі, прысвечаныя разгляду карупцыі і экалагічных наступстваў меліярацыі, аб’яднаныя ў падраздзеле пад назвай “Безгаспадарчасць” (Misswirtschaft). Факты пашкоджання экасістэмы Палесся вядомыя, і тым не менш іх пералічэнне ўражвае. Меліярацыя стала прычынай кліматычных зменаў, паводак, эрозіі глебы, пясчаных бураў, лясных пажараў, захворвання дрэў, забруджвання і драбнення азёр і невялікіх рэк, знікнення шэрагу відаў жывёльнага і расліннага свету, і наадварот – з’яўлення небяспечных для чалавека насякомых (175–188). Спробы задумацца пра ахову навакольнага асяроддзя пачаліся ў СССР ужо з канца 1960-х, што адпавядае часу ўзнікнення экалагічнага руху ў свеце. У 1977 г. неабходнасць “аховы і навукова абгрунтаванага выкарыстання” глебы, водных рэсурсаў, жывёльнага і расліннага свету, захавання чысціні паветра ўпершыню была заканадаўча зафіксавана ў Канстытуцыі СССР [1], аднак істотнага ўплыву на працэс меліярацыі пад час даследаванага аўтарам перыяду гэтыя захады не мелі. Як і раней, улады, а нярэдка і само насельніцтва не задумваючыся спажывалі прыродныя рэсурсы і забруджвалі навакольнае асяроддзе.
Арцём Куйда толькі схематычна звяртаецца да тэмы Чарнобыля, бо, як вядома, кіраўніцтва БССР не спяшалася выносіць звесткі пра аварыю на ЧАЭС на публічнае абмеркаванне. Сур’ёзныя змены ў гаспадарчым жыцці Палесся, у тым ліку і згортванне меліярацыі, пачалі адбывацца толькі з пачаткам 1990-х. Так, напрыклад, у Краснапольскім раёне, насельніцтва якога было эвакуяванае ў 1987 г., сельскагаспадарчыя працы працягваліся на працягу некалькіх гадоў пасля эвакуацыі: “Яшчэ ў 1990 годзе ў многіх гаспадарках жанчыны палолі буракі голымі рукамі [ohne jeglichen Schutz]” (42). Істотна яшчэ і тое, што павышаны радыяцыйны фон на Палессі быў заўважаны яшчэ да выбуху Чарнобыльскай АЭС, аўтар звязвае гэта з магчымымі выпрабаваннямі атамнай зброі, які маглі мець месца ў рэгіёне на пачатку 1960-х (145–147).
У пятай частцы, прысвечанай практыкам прыстасавання, выканання і супраціўлення, аўтар спрабуе наблізіцца да лакальнай спецыфікі, зважаючы на непасрэдных удзельнікаў і назіральнікаў меліярацыі: супрацоўнікаў Галоўнага ўпраўлення ў Пінску, меліяратараў, студэнтаў і камсамольцаў, а таксама мясцовых жыхароў. Ён апісвае цяжкую працу і кепскія жыллёва-побытавыя ўмовы, у якіх даводзілася існаваць меліяратарам. І адначасова ўдзячнасць і гасціннасць вяскоўцаў: тыя, як даводзіць аўтар, віталі меліярацыйныя меры ў чаканні цывілізацыйных выгод – дарог і сродкаў камунікацыі, якіх па-ранейшаму не хапала (204– 212). Таксама аўтар распавядае гісторыі добраахвотнікаў, што спакусіліся рамантыкай пакарэння палескай стыхіі. Колькасць апошніх не была дастатковай, так што да меліярацыйных работ даводзілася далучаць і вайскоўцаў тэрміновай службы. Што да супраціўлення, то тут як асноўная сіла падаецца інтэлігенцыя – сярод названых імёнаў Анатоль Казловіч і Васіль Якавенка. Занепакоенасць наступствамі савецкага кіравання ў асяроддзі інтэлігенцыі, як даводзіць аўтар, заўважнай стала толькі з надыходам палітыкі перабудовы і галоснасці, ініцыяванай генеральным сакратаром КПСС М. Гарбачовым. Як падаецца, гэтае пытанне трэба было разгледзець больш падрабязна.
Нягледзячы на асобныя прыклады і гісторыі, што датычыцца лакальнага насельніцтва і праблем, з якімі яно сутыкалася, спецыфікі рэгіёна, культуры і асаблівасцяў мясцовага жыцця, складваецца ўражанне, што разабрацца з мясцовым асаблівасцямі, дайсці да іх сутнасці аўтару ўдалося не да канца. Яшчэ на пачатку кнігі ён з лёгкасцю і некрытычна прымае тэзу пра паспяховую і татальную саветызацыю Беларусі і надалей адмятае нацыянальныя і рэгіянальныя асаблівасці як нявартыя ўвагі. Калі не зважаць на прыродны ландшафт, гісторыя, расказаная аўтарам, магла б адбывацца ў якой заўгодна частцы СССР.
У такога адасаблення ад мясцовай канкрэтыкі ёсць свае перавагі – гісторыя Беларусі змяшчаецца ў больш шырокі кантэкст падзей, што адбываліся ў даследаваны перыяд у СССР, сацыялістычным блоку і нават у свеце. Ёсць, аднак, у яе і свае недахопы – яна шмат у чым паўтарае схему, што сфармавалася яшчэ пад час “халоднай вайны”, калі гісторыя Беларусі тлумачылася і пісалася выключна з перспектывы Масквы і праз прызму яе інтарэсаў. Таксама і ідэя мадэрнізацыі, што была арганізавана цэнтрам і абяцала прагрэс ды цывілізацыйныя выгоды для перыферыі, якой шмат у чым кіруецца аўтар, распавядаючы пра меліярацыю Беларускага Палесся, вымагае больш крытычнага падыходу. Як вядома, адносіны паміж цэнтрам і перыферыяй нашмат больш складаныя, і мадэрнізацыйныя высілкі цэнтра ў дачыненні перыферыі маюць двухбаковы эфект.
У высновах, адказваючы на пастаўленае ў пачатку пытанне пра “наратыў ахвяры”, аўтар лічыць яго неабгрунтаваным, нагадваючы пра выгоды і інвестыцыі, якія БССР атрымала ад маштабнага і абміцыйнага савецкага праекта па меліярацыі Палесся, і якія, як і зацікаўленасць у гэтым праекце мясцовага насельніцтва і кіраўніцтва КПБ, сапраўды мелі месца. Няма сумневу, што з канца 1960-х меліярацыя істотным чынам змяніла аблічча Беларускага Палесся, значна паскорыла яго індустрыялізацыю і ўрбанізацыю, аднак у той жа час яна ў значнай ступені разбурыла яго экалагічны і культурны ландшафт.
“Меліярацыя Беларускага Палесся” А. Куйды – выдатнае даследаванне адной з маштабных сацыялістычных ініцыятыў па пераўтварэнні прыроды і навакольнага свету з перспектывы ўзаемадзеяння палітыкі, эканомікі, тэхналогіі і ідэалогіі, якая прынесла асобныя эканамічныя вынікі, але і стала прычынай шэрагу сур’ёзных экалагічных праблем. Кніга А. Куйды звяртае ўвагу на істотнае месца Палесся ў гісторыі Беларусі ХХ ст. і прымушае чарговы раз задумацца пра будучыню гэтага рэгіёна.
Марбург
Таццяна Астроўская
[1] Конституция (основной закон) Союза Советских Социалистических Республик. Принята на внеочередной седьмой сессии Верховного Совета СССР девятого созыва 7 октября 1977 г. Ч. 2, ст. 18. Рэжым доступу: http://www.hist.msu.ru/ER/Etext/cnst1977.html.