БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Тумаш, Вітаўт. Выбранае: уклад., камент. Н. Гардзіенкі, Л. Юрэвіча. Мінск, 2020 (Сяргей Емяльянаў).


ТУМАШ, ВІТАЎТ. Выбранае: уклад., падрыхт. тэкстаў, рэдаг., камент. НАТАЛЛІ ГАРДЗІЕНКІ, ЛЯВОНА ЮРЭВІЧА. Мінск: Кнігазбор, 2020. 541 с. (Бібліятэка Бацькаўшчыны; Спадчына: агледзіны)

Да нашых дзён у айчыннай гістарычнай літаратуры застаецца незаўважаным той факт, што беларуская гістарыяграфія другой паловы ХХ ст. абавязкова мае разглядацца ў фармаце яе дзвюх адрозных частак – савецкай і эміграцыйнай. Па традыцыі, якая, дарэчы, выразна сягае каранямі менавіта ў часы БССР, пад “беларускай гістарыяграфіяй” 1940–1980-х гадоў разумеюцца працы, створаныя ў савецкай Беларусі. Натуральна, гэта можна патлумачыць пераемнасцю сучаснай афіцыйнай, ды й, умоўна кажучы, “незалежнай” навукі, калі зважаць на “паходжанне” нашых аўтараў – іх адукацыю, навучанне ў папярэднікаў, працу ў рамках інстытуцый ды нават рамкі, што накладаюцца традыцыяй напісання і рэдагавання тэкстаў. Падаецца, што зварот да эміграцыйных гісторыкаў калі і адбываецца, то толькі эпізадычна – або ў адмысловых тэкстах, прысвечаных дзейнасці беларусаў замежжа, або ў тых выпадках, калі вядзецца пра нейкія дыскусіі паміж эміграцыйнымі і савецкімі гісторыкамі.

Пры гэтым варта адзначыць, што эміграцыйныя аўтары пасляваеннага часу, як і іх савецкія калегі, таксама мелі шэраг асаблівасцяў, абумоўленых акалічнасцямі іх лёсу, абставінаў працы і памкненняў. Гісторыкам-эмігрантам, як і іх падсавецкім калегам, не ўдавалася пазбегнуць ідэалагізаванасці сваіх твораў, з той толькі папраўкай, што калі для першых асноўнай ідэйнай каляінай быў савецкі “вульгарны” марксізм, змяшаны з спецыфічнай візіяй пазітывісцкіх падыходаў ды абавязковым “савецкім” (а часта – вялікадзяржаўным расійскім) патрыятызмам, то для беларускай эміграцыі, асабліва яе пасляваеннай хвалі, агульным месцам было ўсёмагчымае праслаўленне гісторыі бацькаўшчыны, а таксама спроба даказаць шкоднасць для Беларусі замежных уплываў, асабліва – усходніх.

У гэтым святле асабліва цікавымі выглядаюць аўтары, якія, нягледзячы на ўключанасць у тыя ці іншыя ідэалагічныя плыні, здольныя былі захоўваць цвярозасць розуму і максімальна халодны навуковы падыход. Вынікі працы менавіта такіх даследчыкаў, натуральна, маюць найбольшае значэнне ў гістарыяграфіі. Падаецца, што да іх ліку можна аднесці і дзеяча беларускай эміграцыі Вітаўта Тумаша, рэцэнзаваны зборнік выбраных прац якога нарэшце ўбачыў свет у Мінску. Укладальнікамі выдання выступілі даследчыца эміграцыі Наталля Гардзіенка і беларускі мовазнаўца ды архівіст з Нью-Ёрка Лявон Юрэвіч. Апошні прадстаўляе тут Беларускі інстытут навукі і мастацтва, да стварэння і дзейнасці якога наўпрост спрычыніўся сваім часам Вітаўт Тумаш.

Тумаш, медык паводле адукацыі, выпускнік Віленскага ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя, значную частку сваёй дзейнасці ажыццявіў на ніве гістарычнай навукі. Тым больш адметна, як аўтар, што не быў прафесійным гісторыкам, стаў вядомы дзякуючы гістарычным штудыям. Знаходжанне ў спецыфічнай прасторы пасляваеннай беларускай эміграцыі ў ЗША адкрывала перад Вітаўтам Тумашам магчымасць у сваіх даследаваннях трапіць ва ўсе прыгаданыя вышэй пасткі рамантычна-нацыяналістычнай гістарыяграфіі. Многія яго калегі і паплечнікі пайшлі па гэтым шляху, аднак у выпадку Тумаша мы назіраем зусім іншую карціну, што добра ілюструе падбор артыкулаў, уключаных у зборнік.

Сама кніга дзеліцца на пяць асноўных частак, прысвечаных, адпаведна, этнагенезу і культуры беларусаў, даследаванням жыцця і дзейнасці Скарыны, кніжнай спадчыне, аўтарскаму бачанню ідэй асобных папярэднікаў, а таксама ўключае некалькі рэцэнзій і водгукаў. Завяршаецца зборнік тэкстам дачкі Вітаўта Тумаша, Яры, прысвечаным памяці бацькі.

Вітаўт Тумаш карыстаўся разнастайнымі псеўданімамі. Інфармацыя пра публікацыю арыгінальнага тэксту пад нейкім з іх падаецца ў выданні пры кожным артыкуле. Калі ўлічыць, што многія тэксты Тумаша публікаваліся ў адных і тых жа выданнях, да стварэння якіх ён актыўна спрычыніўся (“Конадні”, “Запісы БІНіМ”), то робіцца відавочным намаганне аўтара “памножыць” сваю асобу на некалькі нібыта розных “персаналій”.

Зразумела, што найбольш значная частка выдання адведзена працам Вітаўта Тумаша, прысвечаным асобе Францішка Скарыны. Менавіта жыццё, дзейнасць і ідэі Скарыны найбольш цікавілі Тумаша як гісторыка. Артыкулы, што трапілі ў зборнік, апісваюць разнастайныя аспекты, звязаныя з беларускім першадрукаром – агульныя пытанні біяграфіі, асобныя этапы і выпадкі з жыцця, а таксама такія акалічнасці, як варыянты партрэтаў, напісання імя і г. д.

Укладальнікі пры выбары тэкстаў, відаць па ўсім, парупіліся не толькі пра тое, каб паказаць як мага шырэйшы спектр скарыназнаўчых даследаванняў В. Тумаша, але і пра тое, каб прадэманстраваць адказы аўтара на некаторыя пытанні, што і да сёння перыядычна ўсплываюць як у навуковай дыскусіі, так і ў шырокім інфармацыйным полі, калі гаворка заходзіць пра асобу Скарыны. У прыватнасці, ёсць артыкул, прысвечаны магчымаму візіту Скарыны ў Маскву, яго службе ў дацкага караля, варыянтам ягонага імя, у тым ліку – крытыцы савецкага міфа пра тое, што доктар Скарына меў арыгінальнае “праваслаўнае” імя Георгій. Пэўным працягам “скарынаўскага” блока кнігі выступае раздзел “Кніжная спадчына на Беларусі”, які складаецца з трох артыкулаў – пра выданні Статута 1588 г., пра паходжанне Сымона Буднага і пра падпольныя выданні 1860-х гадоў.

Падаецца, менавіта ў гэтых тэкстах як найлепей праяўляецца Тумаш-гісторык. Мы не знойдзем тут нейкіх прынцыпова новых метадалагічных падыходаў, якімі славілася гістарыяграфія ХХ ст. Але трэба прызнаць, што перад намі менавіта грунтоўна напісаныя класічныя гістарычныя працы.

Безумоўна, у Тумаша, як і ў іншых гісторыкаў з эміграцыі, прысутнічае захапленне Беларуссю і імкненне ўзвысіць яе мінулае праз апісанне ўчынкаў герояў сваіх тэкстаў, перш за ўсё – Скарыны. Гэтая ж думка прымушае яго спрачацца з польскімі аўтарамі, даказваючы паходжанне Сымона Буднага менавіта з беларускіх земляў. Аднак, у адрозненне ад многіх калег па цэху, Вітаўт Тумаш знаходзіць мажлівасці і сродкі, каб заставацца пры гэтым у межах навуковага дыскурсу, не выходзячы ў поле ідэалогіі.

Метадалагічны набор, якім карыстаецца Тумаш, як ужо адзначалася, класічны. Ён адносіцца, хутчэй, да пазітывісцкай гістарыяграфіі ХІХ – пачатку ХХ ст. Аднак, падаецца, што менавіта тут у гістарычных тэкстах праяўляецца першая прафесія іх аўтара – медыцына. Можна сказаць, што Тумаш-гісторык застаецца Тумашам-медыкам. Акуратна і ўзважана, нібы робячы складаную аперацыю, ён ацэньвае як крыніцы, так і папярэднюю гістарыяграфію – гэтым ён сапраўды адрозніваецца ад многіх іншых аўтараў, не толькі эміграцыйных, але і сучасных яму савецкіх, якія лёгка дазвалялі сабе “палёт думкі”, не звяртаючы ўвагі на ўсю сукупнасць крыніц або на тыя ідэі і тэорыі, што выказваліся раней.

Асабліва выразна гэтая акуратнасць праяўляецца ў стаўленні да моўных аспектаў крыніц. Сам Тумаш звяртае ўвагу на сваю зацікаўленасць у доступе да арыгінальнага тэксту кожнай крыніцы, у тым ліку для таго, каб мець магчымасць дэталёва ацаніць напісанне ў кожным канкрэтным выпадку. Гэта відаць у артыкулах скарыназнаўчага цыкла, у тым ліку – адносна аналізу ўжывання самім Скарынам і іншымі яго сучаснікамі разнастайных формаў імя знакамітага палачаніна, а таксама – пры аналізе дакументаў, што сведчаць пра экзамен на доктара медыцыны, які Скарына вытрымаў у Падуі, і ў іншых выпадках.

Таксама своеасаблівым указаннем на тое, наколькі для Вітаўта Тумаша была важнай праца з крыніцамі, можа паслужыць прыведзеная ў зборніку рэцэнзія на пераклад “Песні пра зубра” Міколы Гусоўскага, зроблены Язэпам Семяжонам. Рэцэнзія, для характарыстыкі якой падыходзіць азначэнне “разгромная”, цалкам прасякнута крытыкай менавіта з пазіцыі гісторыка, якога катэгарычна не задавальняюць паэтычныя вольнасці ў перакладзе, за якімі губляюцца абрысы арыгінальнага тэксту. Досыць справядліва выступае Тумаш і супраць ужывання прозвішча паэта ў форме Гусоўскі – арыгінальнае аўтарскае лацінскае напісанне Hussoviani ён прапануе падаваць па- беларуску як Гусавянін.

Паслядоўна адстойвае Тумаш і форму імя беларускага першадрукара. Задоўга да прац доктара Георгія Галенчанкі Тумаш выступаў супраць папулярнай у савецкай літаратуры і вытворнай яшчэ ад дарэвалюцыйных папулярных тэкстаў ідэі аб тым, што Скарына меў першапачаткова імя Георгій. Не менш паслядоўна, з апорай на магчымыя крыніцы, ён адстойвае варыянт імя Франьцішак (у аўтарскім напісанні класічным правапісам) замест прынятага пры відавочным уплыве рускай мовы Францыск. У гэтым святле варта прызнаць крыху дзіўным захаванне формы Францыск, зробленае ў загалоўку адпаведнага раздзела кнігі яе ўкладальнікамі.

Зборнік утрымлівае шэраг тэзаў Тумаша, якія і сёння з’яўляюцца адно смелымі здагадкамі і не прызнаны поўнасцю. Найбольш цікавыя тычацца абставінаў біяграфіі Францішка Скарыны – яго няўдалай паездкі ў Маскву, сустрэч з Марцінам Лютэрам, спрэчак з Парацэльсам і інш. Як і ў выпадку працы з крыніцамі і здабыткамі сваіх папярэднікаў, Тумаш падыходзіць да выстаўлення тэорый вельмі асцярожна. Зважаючы на адносна невялікую крыніцазнаўчую базу, ён акуратна, крок за крокам будуе доказы на карысць той ці іншай здагадкі. Пры гэтым, у тых выпадках, калі тэорыі будуюцца толькі на ўскосных доказах, але не сустракаюць, прынамсі, яўных супярэчнасцяў з вядомымі фактамі біяграфіі Скарыны (так было, напрыклад, пры даследаванні эпізоду магчымай сустрэчы Скарыны з Лютэрам), аўтар не прапануе сваю ідэю як адназначна слушную, а толькі пазначае, што пытанне застаецца ў навуцы адкрытым.

Яшчэ два раздзелы – “Пытанні этнагенезу і культурнага развіцця беларусаў” і “Гісторыкі і творцы” – рэпрэзентуюць тэксты, што ў большай ступені падпадаюць пад агульную для эміграцыйных аўтараў хваробу ўзвышэння “нацыянальнай” гісторыі. Аднак і тут Тумаш захоўвае максімальна магчымую навуковасць сваіх пабудоў, хоць у шматлікіх выпадках патрыятычныя памкненні і ацэнкі аўтара чытаюцца надзвычай празрыста. Характэрнай рысай тут выступае ідэя пра беларускі ўплыў на іншыя краіны, у прыватнасці – на Польшчу.

Нагадаем, што маладосць Вітаўта Тумаша прайшла ў міжваеннай польскай дзяржаве, якая можа разглядацца як адзін з найбольш яскравых прыкладаў шляху развіцця нацыянальнай ідэі ў яе характэрных для першай паловы – сярэдзіны ХХ ст. абрысах. Спроба тагачасных палітыкаў будаваць у фактычна шматнацыянальнай Польшчы монанацыянальную дзяржаву аўтаматычна штурхала актыўных беларусаў і прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў да той ці іншай формы супраціву. Паслядоўныя спробы Тумаша сцвердзіць “беларускасць” шматлікіх гістарычных дзеячоў, а таксама паказаць, як у розныя часы гэтыя “беларусы” ўплывалі на Польшчу, можна разглядаць у якасці адной з такіх формаў. Гэта прасочваецца як у артыкуле пра беларускую “культурную экспансію”, так і ў тэксце, прысвечаным Адаму Міцкевічу (ці Міцькевічу ў напісанні Тумаша).

Таксама відавочны і другі кірунак уплываў, які малюе Тумаш – маскоўскі. Беларусь першых пасляваенных дзесяцігоддзяў, якая цалкам зрабілася падуладнай Маскве, ды яшчэ ва ўмовах пасляваеннай нацыянальнай палітыкі савецкага ўрада, куды вярнуліся шматлікія рысы імперскіх каланіяльных практык дарэвалюцыйнай Расіі, ніяк не магла задавальняць Тумаша і яго паплечнікаў па эміграцыі. І, роўна як у выпадку з палякамі, адным з захадаў тут робіцца імкненне сцвердзіць, якія здабыткі расійскага мінулага былі прыўнесены з беларускіх земляў.

Як вынік, Тумаш малюе шырокую карціну ўплываў, што ішлі з Вялікага Княства Літоўскага на ўсход і на захад. Само ВКЛ пры гэтым, згодна з традыцыяй нацыянальнай гістарыяграфіі, стала разумеецца як “беларуская” па характары дзяржава. Варта, аднак, прызнаць, што аўтар у цэлым застаецца ў навуковым полі, не выходзячы ў зону відавочнай пабудовы міфаў. Ён паказвае культурныя ўплывы на Польскае каралеўства, што сапраўды пачаліся з часоў Ягайлы і працягваліся фактычна да эпохі Адраджэння, таксама фіксуецца на шматлікіх моўных уплывах на польскую літаратурную традыцыю, якія заканамерна паўставалі ў выніку таго, што значныя для польскай спадчыны тэксты ствараліся польскамоўнымі выхадцамі з шляхты беларускіх земляў. Нават сучасныя польскія даследчыкі не аспрэчваюць, што беларуская мова прысутнічала ў жыцці спаланізаваных беларускіх эліт [1]. Відавочна, што яна сапраўды ўплывала на іх “высокую” польскую, праз што аказвала ўплыў і на мову “караняжаў” у выніку.

Хоць асноўным полем дзейнасці Вітаўта Тумаша былі скарыназнаўчыя штудыі ды ўвогуле даследаванні кніжнай і літаратурнай спадчыны, звяртаўся ён і да гісторыі Ранняга ды Высокага Сярэднявечча. І тут неабходна зазначыць: талент гісторыка дазволіў Тумашу ўбачыць і абазначыць некаторыя тэзы, што застаюцца важнымі і ў сучаснай беларускай навуцы, больш за тое, дыскусіі вакол іх у самой Беларусі разгарнуліся толькі на мяжы ХХ–ХХІ ст. і працягваюцца да сёння. З пададзеных у зборніку тэкстаў да гэтай групы перадусім адносяцца артыкулы пра балцкую тэорыю, паходжанне назвы Белая Русь, а таксама даследаванне пра сувязь поглядаў Вацлава Ластоўскага на пашырэнне паняцця “русь” з пазнейшай гістарыяграфіяй.

Так званая “балцкая тэорыя” мае асаблівае значэнне для беларускай гістарычнай свядомасці. Сучасны яе стан, які характарызуецца досыць шырокім распаўсюдам спрошчанай яе версіі ў грамадстве (звычайна ў фармулёўцы кшталту “Беларусы – гэта славянамоўныя балты”), сягае мяжы 1980–1990-х гадоў, калі на хвалі нацыянальнага адраджэння ішоў актыўны пошук беларускіх адметнасцяў, якія б дапамаглі ідэйна адасобіць беларусаў ад суседзяў, на той час перш за ўсё – ад расіян. Актыўнымі праваднікамі гэткіх ідэй сталі тады беларускія даследчыкі і творцы, аб’яднаныя вакол суполкі “Крыўя” (Цэнтр этнакасмалогіі “Крыўя”). У сваю чаргу, яны базаваліся на ранейшых напрацоўках як археолагаў ды антраполагаў, так і мовазнаўцаў [2].

У гістарыяграфіі прынята лічыць, што такога кшталту погляды ўзыходзяць да “тэорыі балцкага субстрату” савецкага археолага Валянціна Сядова, якая паўстала ў 1960-я гады. Сядоў меркаваў, што беларусы, па моўных прыкметах безумоўна адносячыся да славянскіх народаў, паводле свайго этнічнага паходжання маюць у сабе моцны балцкі складнік. На адмену ад мэнстрыму тагачаснай гістарыяграфіі, які тлумачыў асаблівасці беларускага этнасу і балцкія элементы ў складзе беларускай культуры і мовы як вынік знаходжання беларусаў у складзе Вялікага Княства Літоўскага, Сядоў, базуючыся на археалагічных дадзеных, адкінуў час узнікнення гэтых асаблівасцяў да перыяду Вялікага перасялення народаў, калі на заселеныя балтамі землі будучай Беларусі сталі пранікаць славяне [3].

Тым цікавей, што яшчэ ў 1950 г. Вітаўт Тумаш паслядоўна вылучае і адстойвае ідэю балцкага складніка ў этнагенезе беларусаў. У ягоным распараджэнні яшчэ не было пазнейшых дадзеных археалогіі, таму базаваўся ён на разважаннях аб агульнай логіцы гістарычнага працэсу на беларускіх землях. Па сутнасці, у сваім тэксце Тумаш адмаўляе ідэю класіфікацыі беларусаў выключна па моўнай прыкмеце (што адназначна змяшчае іх у групу “ўсходніх славян”) і прапануе звяртацца да “антрапалагічных крытэраў”, якія будуць указваць на прысутнасць балцкага элемента ў паходжанні беларускага этнасу.

З іншага боку, яшчэ адной папулярнай сёння тэзе ў тэкстах Вітаўта Тумаша можна знайсці пераканаўчае пярэчанне. Гаворка ідзе пра першапачатковае ўжыванне тэрміна Белая Русь у дачыненні выключна да Маскоўскай дзяржавы і Вялікага Ноўгарада і, адпаведна, нібыта штучнай прыўнесенасці гэтай назвы на беларускія землі пасля падзелаў Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў. Застаючыся ў звыклай для сябе манеры пошуку і апоры на крыніцы, Тумаш на некалькіх старонках адпаведнага артыкула прыводзіць цэлы шэраг прыкладаў, што дэманструюць ужыванне наймення Белая Русь для часткі земляў Вялікага Княства Літоўскага

Адносна ж базавага тэрмін Русь, які і сёння выклікае як навуковыя дыскусіі, так і спрэчкі ў папулярным полі, Вітаўт Тумаш трымаецца думкі пра рэлігійны характар яго распаўсюду. Варта адзначыць, што ў сучаснай навуцы менавіта гэтая ідэя з’яўляецца адной з найбольш прызнаных. Першапачатковая “русь” – скандынаўскія (магчыма, і не толькі) вікінгі, што запрашаліся на княскія стальцы ва Усходняй Еўропе, а таксама выступалі як найміты і купцы, была, згодна з гэтай думкай, той сацыяльнай групай, што прынесла сюды хрысціянства ў яго візантыйскім варыянце. З распаўсюдам, хай і фармальным, новай рэлігіі на ўсё насельніцтва рэгіёна на мяжы Х–ХІ ст. усе ахрышчаныя робяцца людзьмі “рускай веры”, “рускімі людзьмі”.

Вакол гэтай жа думкі разгортваецца і гістарыяграфічнае даследаванне Тумаша, якое ўтрымліваецца ў зборніку. Ён прасочвае прысутнасць названай тэорыі ў польскіх аўтараў, а таксама выводзіць аднаго з папярэднікаў гэтай плыні, якім аказваецца беларускі гісторык пачатку ХХ ст. Вацлаў Ластоўскі.

Як ужо адзначалася вышэй, наяўны перакос у афіцыйнай беларускай гістарыяграфіі на карысць савецкай яе часткі з’яўляецца абсалютна хібным і мае быць пераадолены. Магчымыя ж контраргументы, звязаныя з абвінавачваннямі эмігранцкіх даследчыкаў у перадузятасці, заідэалагізаванасці і ненавуковасці (нават не зважаючы, што аналагічныя закіды можна лёгка ўжыць і да падсавецкіх гісторыкаў), не будуць мець сілы пры ацэнцы спадчыны такіх даследчыкаў, як Вітаўт Тумаш. Ужо адна толькі глыбокая прапрацоўка крыніц і здабыткаў папярэднікаў, якой адзначаюцца працы гэтага аўтара, прымушае паставіць яго ў шэраг выбітных беларускіх гісторыкаў ХХ ст., а яго тэксты – на пачэснае месца ў скарбонцы класічнай айчыннай гістарыяграфіі.

Мінск

Сяргей Емяльянаў


[1] Радзік Р. Трыадзіны рускі народ, ці асобныя нацыянальныя супольнасці? // ён жа. Вакол ідэнтычнасці беларусаў. Мінск, 2017. С. 43.
[2]Санько С. Балцкая тэма // Druvis. Almanach centru etnakasmalogiji “Kryŭja”. 2005. № 1. С. 150.
[3] Седов В. Предыстория белорусов // Краткие сообщения института археологии. 2001. № 211. С. 44–50.

Наверх

Тэгі: ,