АКІНШЭВІЧ, ЛЕЎ. Выбранае / укладальнікі, [пад рыхтоўка тэкстаў, агульнае рэдагаванне, ка ментары, паказнік]: НАТАЛЛЯ ГАРДЗІЕНКА і ЛЯВОН ЮРЭВІЧ. Мінск: Кнігазбор, 2021. 405 с., VIII іл. (Бібліятэка Бацькаўшчыны, кн. 42. Спадчына: агледзіны)
Матэрыялы зборніка размешчаны ў некалькіх раздзелах згодна з характарам тэкстаў і з тэматыкай. Тэматычны падзел абраны для першых тэкстаў кнігі, дзе надрукаваны навуковыя артыкулы Акіншэвіча, напісаныя ў розныя часы. Яны скампанаваны ў тры блокі: “Агульная гісторыя”, “Да гісторыі беларускага права” і “Да гісторыі беларускага казацтва”. За імі ідзе частка аўтарскіх рэцэнзій, напісаных гісторыкам у розныя гады і на розныя тэксты. У цэлым гэтыя раздзелы можна было аб’яднаць у адзін вялікі блок уласных навуковых (месцамі – навукова-папулярных) прац Льва Акіншэвіча.
Другая частка кнігі, як можа падацца на першы погляд, уяўляе сабой амаль абавязковы для такіх выданняў дадатак: яна ўтрымлівае адзін мастацкі тэкст Акіншэвіча, яго ўспаміны, фрагменты перапіскі з рознымі асобамі, а таксама водгукі іншых аўтараў на выступы і артыкулы самога Льва Акіншэвіча. Аднак у кантэксце навуковых тэкстаў, абраных укладальнікамі для публікацыі, менавіта фінальныя раздзелы выглядаюць неабходнымі – без іх карціна творчасці ўкраінска-беларускага гісторыка была б надзвычай няпоўнай, што вельмі важна ў гэтым выпадку.
Апошні раздзел, дзе пададзены рэфлексіі сучаснікаў (рэцэнзіі, водгукі і г. д.) з нагоды тэкстаў і дакладаў Льва Акіншэвіча, увогуле з’яўляецца адным з найбольш яскравых фрагментаў кнігі. Змешчаныя тут тэксты дазваляюць надзвычай выразна ўбачыць кантэкст, у якім даводзілася працаваць гісторыку, прынамсі, ужо ў эміграцыйныя часы. Яшчэ больш дапаўняе ўражанне перадапошні раздзел – гэта выбранае ліставанне Акіншэвіча з рознымі дзеячамі эміграцыі, у тым ліку Янкам ды Станіславам Станкевічамі, айцом Львом Гарошкам, Міколам Абрамчыкам, Вітаўтам Тумашам і інш. Гэтыя раздзелы дазваляюць зазірнуць у атмасферу беларускай эміграцыі, дакладней, той яе часткі, што імкнулася займацца навукай ды актыўна прасоўваць беларускую справу.
Да гонару ўкладальнікаў кнігі варта адзначыць, што яны не сталі абмяжоўвацца выключна тымі матэрыяламі, якія дэманструюць станоўчыя бакі актывістаў беларускага руху. У прапанаваных матэрыялах можна ўбачыць цэлы шэраг праблем, з якімі сутыкаліся беларусы, а таксама крыху прасачыць тыя канфлікты, што існавалі як у беларускім асяродку, так і ва ўзаемадачыненнях паміж дыяспарамі (беларускай і ўкраінскай), а таксама паміж беларускай дыяспарай і ўладамі ЗША.
Навуковыя тэксты Льва Акіншэвіча варта разгледзець тут згодна з тым тэматычным падзелам, які быў прапанаваны складальнікамі – ён цалкам натуральны. Аднак падаецца мажлівым вызначыць у разглядзе крыху іншую паслядоўнасць, узяўшы за аснову ступень профільнай паглыбленасці аўтара ў тэму. І тады на першае месца выходзяць тэксты, прысвечаныя “беларускаму” або “крывіцкаму” казацтву, г. зн. дзейнасці казацкіх атрадаў, як украінскіх, так і мясцовых, на беларускіх землях у часы Хмяльніччыны і Трынаццацігадовай вайны.
Пад “беларускім казацтвам” Леў Акіншэвіч разумее, перш за ўсё, тыя аддзелы, што ствараліся як казацкія на тэрыторыі ВКЛ (атрад Паклонскага на Магілёўшчыне), а таксама казацкія групы Івана Нячая, якія, як даводзіць аўтар, таксама фармаваліся з мясцовага насельніцтва. У той жа час у некаторых фрагментах тэкстаў Акіншэвіч спрабуе давесці “беларускасць” асобных казацкіх дзеячоў, а таксама тых аддзелаў, што паходзілі з сумежных з сучаснай Беларуссю тэрыторый, у насельніцтве якіх аўтар бачыць частковую “беларускасць”. Так, у прыватнасці, ён піша пра казакоў, што паходзілі са Старадубшчыны, нібыта тыя, “украінцы па падданству і беларусы па нацыянальнасьці”, калі прыйшлі ў складзе загонаў Залатарэнкі на тэрыторыю беларускіх земляў, меліся спрыяць паразуменню з мясцовым насельніцтвам. Указвае ён і на сваяцкія сувязі, напрыклад генеральнага пісара Войска Запарожскага Івана Выгоўскага, жонку якога лічыць беларускай (“крывічанка” ў тэксце 1948 г.), а пра радзіму Выгоўскага, Валынь, адзначае, што яна “недалёкая ад Крывіччыны”. Але найдалей ён ідзе ў ацэнцы Івана Нячая – у тым самым артыкуле Акіншэвіч фактычна залічвае яго да беларускіх дзеячоў з той аргументацыяй, што “далёка больш важыць, для якое нацыянальнасьці ён працаваў”…
Варта адзначыць, што найбольшую цікавасць з пункту гледжання сучаснага чытача выклікае не сам змест артыкулаў, хоць ён і мае актуальнасць. Найбольш звяртае ўвагу тое, якія артыкулы ўкладальнікі кнігі выбралі для публікацыі. Перад намі чатыры тэксты: “Казацтва на Беларусі (Гістарычна-юрыдычны нарыс)”, апублікаваны ў часопісе “Полымя” ў 1927 г., “Беларускае казацтва ў украінскай гістарыяграфіі”, апублікаваны ў тым жа “Полымі”, але пазней – у 1929 г., “Казацка-сялянскія войны на Беларусі ў XVII сталецці ў характарыстыцы акадэміка Міхайла Грушэўскага”, які з’явіўся ў часопісе “Савецкая краіна” ў 1931 г., а таксама “Крывіцкае казацтва ў XVII ст. (Рэфэрат, чытаны на паседжаньні Крывіцкага Навуковага Таварыства Праньціша Скарыны)”, публікацыя якога адбылася ў эмігранцкім часопісе “Сакавік” ў 1948 г.
Як няцяжка здагадацца, галоўнае, што можна прасачыць у гэтых тэкстах, па-за іх асноўным зместам – змена рыторыкі і гістарыяграфічных падыходаў у цэлым. Больш дакладна: паступовую эвалюцыю Акіншэвіча як савецкага гісторыка ва ўмовах станаўлення сталінскага рэжыму ў СССР, а таксама тое, наколькі адрозніваюцца ягоныя ж погляды як гісторыка эмігранцкага. Тым болей што асноўны змест усіх артыкулаў амаль аднолькавы – гэта дазваляе раскрыць тую эвалюцыю надзвычай яскрава.
Так, артыкул 1927 г., яшчэ згодна з духам перыяду беларусізацыі, ад самага пачатку ўтрымлівае крытычны пастулат аб звядзенні ў папярэдняй навуцы гісторыі ўсходнеславянскіх народаў да гісторыі Расіі (відавочна, размова ідзе пра так званую “дарэвалюцыйную расійскую гістарыяграфію”). Асноўны ж змест і высновы тэксту шмат разоў падкрэсліваюць думку аб нацыянальным, “беларускім”, характары падраздзялення Паклонскага ды некаторых пазнейшых казацкіх аддзелаў, што дзейнічалі на тэрыторыі беларускіх земляў у часы Трынаццацігадовай вайны 1654–1667 гадоў. Сацыяльныя ж аспекты ідуць у цеснай звязцы з нацыянальнымі, увогуле ж складваецца адчуванне, што нацыянальнае для аўтара відавочна першаснае, а сацыяльна-эканамічнае – другаснае, або, як мінімум, менш значнае “аб’ектыўна”, у сувязі са спецыфікай развіцця ВКЛ. Менавіта на гэта ўказвае Леў Акіншэвіч у высновах, сцвярджаючы, што сацыяльны зрух – “шляхецкая рэвалюцыя” – на землях Княства на сярэдзіну XVII ст. ужо адбыўся, і выканала яго шляхта, а не новы казацкі стан, як ва Украіне. Сацыяльныя ж памкненні нізоў, паводле аўтара, не былі структураваныя і не дасягнулі поспеху менавіта ў выніку таго, што на беларускіх землях адсутнічала традыцыя нацыянальнай дзяржаўнасці, якая нібыта была ва Украіне.
Цікавая, але заканамерная, эвалюцыя поглядаў Акіншэвіча назіраецца ўжо ў наступным апублікаваным артыкуле 1929 г. Варта заўважыць, што з самога тэксту цяжка ацаніць, чым выклікана гэтая эвалюцыя – ці сыходзіла яна непасрэдна ад аўтара, ці ўсё ж была вынікам змены кан’юнктуры, абставінаў, у якіх мусіў працаваць і сам Леў Акіншэвіч, і ўсе іншыя савецкія гісторыі таго часу.
Як бачым з назвы, артыкул “Беларускае казацтва ў украінскай гістарыяграфіі” ўяўляе сабой узор гістарыяграфічнай крытыкі. У гэтым выпадку разглядаюцца тры тэксты ўкраінскіх аўтараў – заходнеўкраінскага гісторыка Амяльяна Тэрлецкага, вучня Міхайлы Грушэўскага, ад 1896 г., аўтара з Усходняй Украіны Аляксандра Вастокава, ад 1890 г., а таксама кніга “Z dziejów Ukrainy” Вячаслава Ліпіньскага, украінска-польскага гісторыка, якая ўбачыла свет у 1912 г. Пры гэтым асноўная частка разваг Акіншэвіча адносіцца да тэкстаў Тэрлецкага і Ліпіньскага, можна ўбачыць надзвычай характэрныя пункты крытыкі, а таксама спробу пошуку адказу на гістарыяграфічную праблему (канкрэтна тут – аб прычынах паходаў казакоў Хмяльніцкага на тэрыторыю ВКЛ), выкананыя згодна з “духам эпохі” канца 1920-х.
Акіншэвіч яшчэ стараецца трымацца арыентацыі на “нацыянальную тэму”. Ён яскрава закідае Тэрлецкаму ў межах крытычных заўваг менавіта ігнараванне “нацыянальнага моманту” для тлумачэння дзеянняў удзельнікаў падзей на беларускіх землях. Аднак падаецца, што вектар крытыкі пачынае выразна схіляцца ў бок сацыяльна-эканамічнай праблематыкі. Асабліва яскрава гэта відаць у фінальных развагах Акіншэвіча, дзе ён у якасці альтэрнатывы поглядам Тэрлецкага і Ліпіньскага прапануе даволі спрэчную думку. Сэнс яе ў тым, што нібыта экспансія Хмяльніцкага на землі ВКЛ мела прычынай імкненне да балтыйскіх партоў, што адпавядала інтарэсам “гандлёвага капіталу” Украіны, які імкнулася рэалізаваць казацкая старшына (у тэрміналогіі Акіншэвіча ў гэтым месцы – “украінская шляхта”). Як ужо адзначалася, застаецца толькі здагадвацца, наколькі ў канкрэтных умовах 1929 г. такая тэорыя была вынікам развіцця поглядаў самога Льва Акіншэвіча, ці ўсё ж ён мусіў хоць неяк прыцягваць “аб’ектыўныя” “законы сацыяльна-эканамічнага развіцця” для тлумачэння любой праблемы, якую б ні разглядаў.
Азначаная тэндэнцыя яшчэ больш яскрава праяўляецца ў кароткім крытычным артыкуле адносна працы “Історія України-Русі” славутага ўкраінскага гісторыка М. Грушэўскага, які доўгі час негатыўна ацэньваўся ў савецкай гістарыяграфіі. Цалкам у духу часу Акіншэвіч дае агульную ацэнку працы Грушэўскага як “старамоднай рэчы”, акурат з тае прычыны, што там мала ўвагі аддаецца “эканамічнай характарыстыцы Украіны” і “малюнку клясавых змаганьняў”.
Два асноўныя закіды ў бок Грушэўскага – абвінавачванне ў “нацыяналізме” і ў адсутнасці той самай сацыяльнай праблематыкі. Акіншэвіч адзначае, што яго вядомы папярэднік скажае “класавы характар” казацкага руху, падмяняючы яго змест барацьбой за нацыянальныя правы. У той жа час дадаюцца і абвінавачванні ў шавінізме – акурат адносна беларускага пытання. Нібыта Грушэўскі, праслаўляючы як нацыянальны ўкраінскі рух казакоў, цалкам ігнаруе беларускія інтарэсы ў тых месцах, што тычацца дзейнасці прыхільнікаў Хмяльніцкага на тэрыторыі ВКЛ. Тут Акіншэвіч піша, што Грушэўскі, які “заўзята адстойвае поўную асобнасьць украінскай нацыі”, “адразу-ж кідае гэтыя свае позыцыі, калі гутарка ідзе пра народ, які будучае ўкраінскае шляхецтва хацела «далучыць» да Украіны”.
Зноў жа, як і ў папярэднім тэксце, аўтар паўтарае тэзу пра эканамічныя прычыны экспансіі Хмяльніцкага на землі ВКЛ, звязваныя з пошукам гандлёвага шляху на Балтыку – тут ён нават звяртаецца да канцэпту “шляху з варагаў у грэкі” (які сапраўды меў важнае значэнне, але за паўтысячы гадоў да Хмяльніччыны). Да таго ж, Акіншэвічу лёгка ўдаецца ўказаць на той факт, што ў працы, прысвечанай пераважна палітычнай гісторыі Украіны, Грушэўскі асноўную ўвагу аддае элітам, а пры гэтым ігнаруе фактар сялянскіх рухаў. Калі параўнаць гэты закід з тым, як пісаліся гістарычныя тэксты (ад навуковых да папулярных) 1930–1950-х гадоў у СССР, то ён цалкам кладзецца ў агульную каляіну тагачаснай гістарыяграфіі.
Увогуле, можна сказаць, што ў артыкуле 1931 г. “нацыянальнае”, якое так горача адстойваў Акіншэвіч раней, амаль цалкам адштурхоўваецца, а на першае месца выводзіцца выключна “сацыяльнае”. Зразумела, што самі праблемы сацыяльна-эканамічнай гісторыі разглядаюцца толькі ў рэчышчы той гістарыяграфічнай плыні, якая пазней будзе акрэслена як “вульгарны марксізм”. Аднак было б мала проста канстатаваць гэтую эвалюцыю Льва Акіншэвіча, пакінуўшы па-за ўвагай кантэкст, у якім праходзіла яго праца. І тут укладальнікі кнігі зрабілі надзвычай важную рэч, размясціўшы на яе старонках аўтабіяграфічны тэкст “Балонкі з успамінаў”. Любому сучаснаму чытачу, безумоўна, варта пасля прачытання “савецкіх” артыкулаў пра казацтва звярнуцца менавіта да гэтага тэксту, што будзе не проста карыснай, а неабходнай умовай для поўнага разумення гістарыяграфічнага працэсу ўвогуле і эвалюцыі (паказной?) поглядаў Акіншэвіча ў прыватнасці.
Выразным кантрастам на гэтым фоне праходзіць чацвёрты, апошні з “казацкай” часткі кнігі, артыкул. Нават сама фармулёўка ў яго назве (“Крывіцкае казацтва”), а таксама паслядоўнае выкарыстанне тэрміна “крывіцкі” замест “беларускі” выразна ўказвае на змену аўтарскай парадыгмы ва ўмовах эміграцыі. Артыкул, а дакладней – даклад, прачытаны ў суполцы, блізкай да Янкі Станкевіча, дэманструе павевы часу і ўплыў асяродку, не горш за тэксты савецкага перыяду.
Тут Леў Акіншэвіч ужо рашуча адмаўляецца ад сацыяльных трактовак падзей Хмяльніччыны, як увогуле, так і на беларускіх землях у прыватнасці. Натуральна, што на першае месца зноў вяртаюцца аспекты “нацыянальныя”. На старонках даклада фігуруюць беларускія“крывіцкія” казакі, іх беларускія ж правадыры, а, як адзначалася вышэй, нават украінец сярод іх можа лёгка стаць “крывічом”, калі дзейнічае ў “крывіцкіх” інтарэсах. Таксама выразна іншай выглядае і ацэнка ключавых момантаў гісторыі сярэдзіны XVII ст. Так, хаўрус паміж Запарожскай Сеччу і Масквой ахарактарызаваны як “крок фатальны”. У той жа час у даволі станоўчым ключы апісваецца барацьба казакоў супраць Масквы. Увогуле, калі казаць пра стаўленне да маскоўскага боку, то ад нейтральнага ў раннім тэксце яно паступова эвалюцыянуе да больш пазітыўнага ў пазнейшых артыкулах савецкага часу, а потым, па зразумелых, калі ўлічыць кантэкст пасляваеннай эміграцыі, прычынах – да стандартнага ў гэтым выпадку варожа-негатыўнага.
Калі ў тэксце пра “крывіцкае казацтва” 1949 г. сучасны чытач можа ўбачыць у Льве Акіншэвічы тыповага савецкага гісторыка-пазітывіста, які толькі змяніў “мінус на плюс і плюс на мінус”, перамяніўшы свае ранейшыя ацэнкі, але пакінуўшы ўсю даследчыцкую фактуру, то ў артыкулах, прысвечаных тэорыі гісторыі, аўтар паўстае ў новай для ўсходнееўрапейскай гістарыяграфіі якасці. Эміграцыя дала Акіншэвічу, як і многім іншым даследчыкам, мажлівасць, па-першае, пісаць свабодна, без прымусу савецкай цэнзуры і разнастайных “прынцыпаў партыйнасці”, а па-другое, бесперашкодна знаёміцца з дасягненнямі тагачаснай сусветнай навукі ды выкарыстоўваць іх у сваіх даследаваннях. На жаль, многія з аўтараў, магчыма, з прычыны адсутнасці профільнай падрыхтоўкі, не скарысталіся апошняй магчымасцю, засталіся ў межах састарэлых метадалагічных парадыгмаў. Але Леў Акіншэвіч як прафесійны гісторык выдатна заўважае даследаванні ў тым кірунку, які прынята называць “цывілізацыйным падыходам”, і стварае сваю рэфлексію з гэтай нагоды.
У цэлым Акіншэвіч прызнае вартасць тэорыі Тойнбі (а пададзеныя тэксты прысвечаныя перадусім ёй). Аднак найбольш цікавымі выглядаюць яго заўвагі да прац брытанскага гісторыка. Па-за групай пунктаў крытыкі, што мае выключна метадалагічны характар – напрыклад, пра тэндэнцыйны падбор аргументаў ды прыкладаў з велізарнага аб’ёму гістарычных дадзеных (і гэта пакінуўшы за дужкамі нашу непазбежную аддаленасць ад паўнаты ведаў пра мінулае) – варта адзначыць надзвычай цікавыя для беларускага, і шырэй – усходнееўрапейскага, чытача моманты.
Леў Акіншэвіч абсалютна слушна заўважае, што Тойнбі (як і многія іншыя заходнія аўтары) часта сыходзіць у развагах з некаторых скажоных перадпасылак, якія можна ўмоўна разбіць на дзве групы. Да першай варта аднесці пастулаты, што сыходзяць з пэўнай спрадвечнасці дамінавання ва ўсходнееўрапейскім рэгіёне Расіі (ва ўсіх яе гістарычных варыянтах, ад Вялікага Княства Маскоўскага да сучаснага аўтарам СССР). Леў Акіншэвіч справядліва заўважае, што на працягу гісторыі існавалі разнастайныя іншыя цэнтры, якія, што важна, нельга адназначна аднесці да “праваслаўнай цывілізацыі” ў разуменні Тойнбі (ВКЛ, “дзяржава гетманаў” ва Украіне, Грузія, Арменія). Варта дадаць сюды і той аспект, што ўключэнне ў склад “расійскай гісторыі” часоў так званай “Старажытнай Русі”, а больш дакладна – перыяду да паўстання магутнасці ВКМ, таксама з’яўляецца гістарыяграфічным канструктам, ды служыла і служыць, у тым ліку, палітычным інтарэсам пазнейшай расійскай дзяржавы. Роўна, дарэчы, як і прынцыповае супрацьпастаўленне “Русі” і “Расіі”, якое назіраецца ва ўкраінскай гістарыяграфіі з часоў Грушэўскага, а ў беларускай – у нашы дні, таксама спараджае тыя самыя пытанні адносна інтэлектуальных пабудоў сучасных гісторыкаў ды ідэй, што стаяць за такімі пабудовамі.
Другі выразны пункт крытыкі з боку Акіншэвіча тычыцца ўжывання брытанскім аўтарам набору састарэлых і спрэчных канцэптаў. Перш за ўсё яго закранае, па зразумелых прычынах, сцверджанне аб дамінаванні “лясных варвараў” літоўцаў над беларусамі ў ВКЛ. Акіншэвіч рэзка адкідае гэтую тэзу, заяўляючы пастулат, які сёння можна лёгка знайсці ў беларускай гістарыяграфіі – аб адсутнасці “дамінавання” літоўцаў і абмежавання іх ролі стварэннем кіроўнай дынастыі.
Варта прызнаць, што як першы, умоўна “расійскацэнтрычны”, аспект, так і другі, знітаваны з некрытычным ужываннем даўно састарэлых і аспрэчаных ідэй, характэрны для гістарычнай навукі, што піша пра Усходнюю Еўропу, і сёння. Таму заўвагі ўкраінскага даследчыка, па-першае, цалкам зразумелыя. Так, можна сказаць, што гэта ўсяго толькі праява “нацыянальных комплексаў” і непатрэбны ў навуцы перанос персанальнага болю аб прыніжэнні ролі свайго народа (у дадзеным выпадку – сваіх народаў, украінскага і беларускага). Аднак, з іншага боку, трэба канстатаваць, што тыя моманты, якія Акіншэвіч крытыкуе ў Тойнбі, і якія лёгка можна знайсці ў шэрагу іншых заходніх аўтараў, аж да нашых дзён, па сутнасці сваёй з’яўляюцца праявай каланіяльнага мыслення, дзе ўмоўным “гістарычным правам” у цэлым рэгіёне валодае толькі метраполія мадэрнага часу – Расія, а іншым народам адводзіцца роля ў лепшым выпадку статыстаў, калі ўвогуле прызнаецца іх існаванне. Тое ж, наколькі такой карціне адпавядала гістарычная рэчаіснасць іншых ад ХІХ–ХХ ст. часоў, нярэдка ігнаруецца. Таму, падругое, заўвагі Льва Акіншэвіча ў названых аспектах неабходна лічыць абсалютна слушнымі.
Не пазбегнуў пры гэтым досыць слабых і дзіўных аргументаў і сам Акіншэвіч. З сучаснага гледзішча як найменей не зусім навуковымі, калі не адкрыта расісцкімі, выглядаюць яго развагі пра “расавыя” ды “нацыянальныя” рысы, уласцівыя нібыта розным народам. Сярод іх ён вылучае педантычнасць немцаў, дух прадпрымальніцтва ў англічан ды іншыя рэчы, якія, безумоўна, варта аднесці да набору досыць банальных стэрэатыпаў. У той жа час варта прызнаць, што такія погляды не былі чымсьці ненатуральным для даследчыка з пасляваеннай эпохі. Яны сустракаліся ў сучаснікаў Акіншэвіча, у тым ліку сярод заходніх аўтараў, тым болей можна іх сустрэць і сёння ў айчынных тэкстах, што, зважаючы на месца публікацыі, прэтэндуюць на званне сур’ёзнай акадэмічнай навукі.
Нарэшце некалькі слоў варта сказаць і пра тэкст, прысвечаны гісторыі парламентарызму на беларускіх землях. Другі артыкул з “прававога” раздзела – “Да пытаньня пра беларускую юрыдычную тэрміналёгію” (“Полымя”, 1928) выглядае хутчэй як разгорнутая рэцэнзія са спецыфічным лінгвістычным ухілам. А вось першы з прапанаваных тэкстаў, “Парлямэнт беларускай зямлі” (“Запісы БІНіМ”, 1952), заслугоўвае асобнага каментара.
Па-першае, у ім ёсць цікавая спроба выпрацаваць нейкую агульную логіку паўстання парламенцкіх структур у Еўропе ды ўпісаць у гэтую логіку, хоць і з агаворкамі, “беларускі парламент” – сойм Вялікага Княства Літоўскага. Тут Леў Акіншэвіч даволі ўдала адзначае асноўныя аспекты паўстання парламенцкіх структур, агульныя для ўсёй сярэднявечнай цывілізацыі, у тым ліку – для нашых земляў. Гэта перадусім прычына склікання парламентаў, што заключалася ў патрэбе для каралеўскіх уладаў згоды ўсёй rei publicae на ўвядзенне новых падаткаў ды прыняцце важных законаў. Таксама гэта логіка развіцця радных структур, ад спарадычных збораў эліты in corpore да пастаяннага функцыянавання пэўных прадстаўнічых органаў з прапісанымі механізмамі вызначэння прадстаўніцтва.
Пад гэтую логіку Леў Акіншэвіч і падводзіць развіццё парламентарызму на беларускіх землях. І вось тут варта адзначыць, што па нейкіх незразумелых прычынах ён ігнаруе адну з найважнейшых структур народаўладдзя – веча. Акіншэвіч прыгадвае веча, але канцэнтруецца на элітарных структурах – радах арыстакратыі пры манарху.
Магчыма, ён імкнуўся такім чынам надаць максімальнае падабенства тутэйшаму развіццю парламента з тым, як гэтыя працэсы разгортваліся ў “класічных” манархіях Заходняй Еўропы, перадусім – у Англіі ды Францыі. У той жа час тут аўтар ігнаруе значную рэгіянальную спецыфіку – тое, што ў Раннім ды Высокім Сярэднявеччы беларускія землі фактычна належалі да шырокай зоны, якая мела свае адрозненні ад тэрыторый былой Заходняй Рымскай Імперыі ды некаторых іншых частак Еўропы. Гэтая зона, даволі ўдала названая расійскім археолагам Глебам Лебе дзевым “Цыркумбалтыйскай цывілізацыяй вікінгаў”, ахоплівала скандынаўскія землі, а таксама шырокую паласу Паўночнай і Усходняй Еўропы, якая была заселена прадстаўнікамі фінскіх, балцкіх і славянскіх плямёнаў. У кантэксце палітычнай гісторыі варта адзначыць, што спецыфікай гэтых земляў была выразная архаічнасць – тут доўгі час захоўвалі сваю сілу старажытныя інстытуцыі, якія зніклі ў кантынентальных германцаў ва ўмовах паўстання “варварскіх каралеўстваў” на тэрыторыях былой Рымскай Імперыі. Так, тут неаспрэчнае вялікае значэнне мелі народныя сходы паўнапраўных “мужоў” – ваеннаабавязаных землеўласнікаў. Яны не толькі дажылі да Высокага Сярэднявечча, але і сталі што для Скандынавіі, што для ўсходнееўрапейскага, “старажытнарускага”, рэгіёна прамымі перадасновамі пазнейшых парламенцкіх структур. Калі казаць, напрыклад, пра паўстанне соймаў у ВКЛ, то варта весці гутарку не толькі і не столькі пра пашырэнне палітычнага ўдзелу ад вышэйшых арыстакратаў (“князёў”, “паноў”) да шырокіх мас шляхты, колькі пра звужэнне доступу да вышэйшага палітычнага ўдзелу, калі з яго выключаліся тыя катэгорыі насельніцтва, што страчвалі сваю свабоду (сяляне) або не далучаліся да прывілеяў шляхты ў перыяд замыкання рыцарскага стану (групы баярства, мяшчане і г. д.). Аналагічны шлях, напрыклад, прасочваў для Нарвегіі Арон Гурэвіч, праўда, у публікацыях, пазнейшых ад тэксту Акіншэвіча. У той жа час у распараджэнні даследчыка маглі быць працы класікаў беларускай гістарыяграфіі – Вацлава Ластоўскага, Мітрафана ДоўнараЗапольскага, Усевалада Ігнатоўскага. Усе яны, і не толькі яны, выразна адзначалі ролю вечавых інстытуцый, прынамсі для перыяду Х–ХІІІ ст. Такім чынам, па нейкіх прычынах тут Леў Акіншэвіч абірае шлях ігнаравання наяўнай гістарыяграфічнай традыцыі, не даючы на гэты конт спецыяльных каментароў.
З іншага боку, прапанаваная ім візія – трансфармацыя сойма з нейкіх княскіх “снемаў” Полацкай зямлі таксама, натуральна, выклікае два пытанні. Па-першае, на адмену ад веча, якое фіксуецца ў гісторыі Полаччыны неаднаразова, ніякіх прыгадак “снемаў” князёў-Рагвалодавічаў (Акіншэвіч ужывае форму “Ізяславаў род”) у крыніцах няма. Гіпатэтычна такія з’езды маглі быць, але дзіўным выглядае акцэнтацыя на інстытуцыі, якая існавала імаверна, пры ігнараванні інстытуцыі, што існавала рэальна і досыць добра рэпрэзентавана ў крыніцах. Па-другое, імкненне бачыць у якасці нейкіх асобных, адрозных ад вечавой традыцыі, органаў улады княскія з’езды-снемы і “баярскія думы” (у літаратуры часта ўжываецца назва савет) – характэрная рыса для шэрагу ранейшых расійскіх і савецкіх гісторыкаў часоў Акіншэвіча. Натуральна, што з думкай пра наяўнасць розных і абасобленых “органаў улады” пагаджаюцца далёка не ўсе даследчыкі, яна сама па сабе патрабуе аргументавання. У дадзеным жа выпадку аўтар механічна падае яе як адзіны варыянт існавання палітычнай арганізацыі старажытнарускіх часоў.
Нягледзячы на гэты і некаторыя іншыя азначаныя моманты падбор тэкстаў, зроблены ўкладальнікамі для выдання, варта прызнаць надзвычай удалым. Як і іншыя выданні серыі, том выбраных прац Льва Акіншэвіча – цудоўнае акно ў гісторыю айчыннай гістарычнай думкі для любога сучаснага чытача, як прафесійнага гісторыка, так і аматара: стыль падачы матэрыялу ў аўтара даволі лёгкі пры захаванні высокага навуковага ўзроўню, не перагружаны залішнім акадэмізмам. Безумоўна, да выразных плюсоў выдання варта аднесці выбар асобы аўтара, бо Леў Акіншэвіч, будучы гісторыкам, перадусім украінскім, займаючыся беларускай праблематыкай, адкрывае для нас погляд звонку на саміх сябе, хоць і з візіі вельмі падобнай, з боку суседняга народа, шмат у чым злучанага з беларусамі ў пакручастых шляхах гісторыі ХХ ст., калі давялося жыць і дзейнічаць усім аўтарам, чые працы складаюць згаданую серыю публікацый. У канкрэтным выпадку Льва Акіншэвіча ўся складанасць і неадназначнасць гэтага шляху праявілася як найболей, што цудоўна адлюстроўваюць сабраныя пад вокладкай “Выбранае” працы.
Мінск
Сяргей Емяльянаў