БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

ЛЕМЕШКИН, ИЛЬЯ. Портрет Франциска Скорины. К 550-летию со дня рождения книгоиздателя. Institut national de langue lituanienne. Cercle linguistique de Prague. Vilnius – Prague, 2020. 298 с.


У 2020 г. убачыла свет манаграфія Іллі Лямешкіна “Партрэт Францішка Скарыны” (“Портрет Франциска Скорины”). Аўтар яе (як адзначае ў прадмове да выдання дырэктар Бібліятэкі імя Урублеўскіх Літоўскай акадэміі навук Сігітас Нарбутас) – выдатны балтыст і славіст, доктар габілітаваны, які працуе ў Карлавым універсітэце (Прага) і ў Інстытуце літоўскай мовы (Вільня). Таму нічога дзіўнага, што выдаўцамі кнігі лічацца Пражскі лінгвістычны гурток і Інстытут літоўскай мовы, а месцам выдання – Прага і Вільня. Гэты факт сімвалічны: у 1517–1519 гадах Францішак Скарына друкаваў кнігі Бібліі ў Празе, а скончыў кнігавыдавецкую дзейнасць у 1525 г. у Вільні, сталіцы Вялікага Княства Літоўскага.

Кніга складаецца з уводзінаў, 9 раздзелаў, заключэння, рэзюмэ, спіса друкаваных крыніц і літаратуры і дадаткаў. Пералічым назвы раздзелаў: 1. Агляд крыніц і псеўдакрыніц; 2. Жанр партрэта ў кантэксце ілюстрацыйнага апарату “Бивлии руской”; 3. Камбінацыя літар і лічбаў МЗ у кантэксце партрэтнага жанру; 4. Матывацыя выкарыстання партрэта ў “Кнізе прамудрасці Ісуса, сына Сірахава” і ў “Чатырох кнігах Царстваў”; 5. Генезіс і марфалагічныя асаблівасці партрэта Ф. Скарыны. Біблейскі кантэкст яго выкарыстання; 6. Musca depicta на партрэтах Ф. Скарыны; 7. Партрэтыст Ф. Скарыны; 8. Месца друкавання “Бивлии руской”; 9. Праблемы візуалізацыі вобраза выдаўца, або Па якіх прычынах варта адмовіцца ад ордэнаў Ф. Скарыны.

Кожны раздзел прысвечаны вырашэнню важных праблем, так ці інакш звязаных з партрэтам Францішка Скарыны. Ніхто з мастацтвазнаўцаў дагэтуль так грунтоўна не вывучаў яго ў кантэксце цэнтральна-ўсходнееўрапейскага мастацтва і біблійнай сімволікі.

Ужо ў пачатку кнігі Ілля Лямешкін інфармуе чытача, што нагодай да яе выдання з’явіўся юбілей Францішка Скарыны: у 2020 г. споўнілася 550 гадоў з дня яго нараджэння. Такое істотнае ўдакладненне даты нараджэння выдатнага асветніка было зроблена доктарам Лямешкіным на падставе расшыфроўкі літар кірылічнага алфавіта МЗ на славутым партрэце першадрукара, якія абазначаюць лічбу 47. Паводле правілаў, якімі кіраваліся ў ХVІ ст. партрэтысты, так было прынята абазначаць ўзрост партрэтаванага.

Гэтае сенсацыйнае ўдакладненне біяграфіі Скарыны было апублікавана яшчэ ў 2019 г., калі ў выдавецтве “Беларуская навука” выйшаў зборнік “Францыск Скарына: новыя даследаванні”, а ў ім артыкул Іллі Лямешкіна “1470 – год рождения Ф. Скорины”. Аргументацыю адкрыцця разгледзім крыху ніжэй.

У рэцэнзаванай манаграфіі разглядаюцца розныя рэдакцыі партрэта першадрукара, якія захаваліся ў дзвюх кнігах Бібліі, выдадзеных Скарынам, – “Кнізе прамуд расці Ісуса, сына Сірахава” і ў “Чатырох кнігах Царстваў”. У “Аглядзе крыніц і псеўдакрыніц” Лямешкін адзначае, што тры экзэмпляры першай кнігі, якія захаваліся, знаходзяцца ў Расіі, другая кніга – у Расійскай дзяржаўнай бібліятэцы, Брытанскай Бібліятэцы і Oberlausitzische Bibliothek der Wissenschaften. Трэба адзначыць: даследчык працаваў з усімі згаданымі першадрукамі Скарыны, і гэта дало яму магчымасць заўважыць тое, што раней ігнаравалася ці на што не звярталася ўвага.

Рознымі рэдакцыямі партрэта Скарыны мы называем выявы, на якіх прысутнічае або адсутнічае муха (musca depicta) і названае спалучэнне літар МЗ (=47). Такіх рэдакцый сёння вядома дзве. Аўтар манаграфіі не лічыць асобным партрэт з экзэмпляра “Кнігі Быцця”, які захоўваецца ў Расійскай нацыянальнай бібліятэцы (канвалют 1.5.4 а/1), паколькі партрэт туды “быў уведзены толькі ў ХІХ ст.”, калі стала модна складаць скарыніяны (42). Агульная колькасць экзэмпляраў “Кнігі прамудрасці Ісуса, сына Сірахава” і “Чатырох кніг Царстваў”, у якіх дагэтуль ёсць партрэт выдаўца, роўная шасці: па тры варыянты з мухай і без яе (50).

На самай справе персанальная ксілаграфія знаходзілася далёка не ва ўсіх экзэмплярах накладу. Так, у шматлікім корпусе скарынаўскіх выданняў часцей сустракаецца “Кніга Царстваў” (10.08.1518). Па колькасці захаваных экзэмпляраў кніга адназначна лідзіруе, аднак партрэт ёсць толькі ў 3 кнігах з 21. “Кніга прамудрасці Ісуса, сына Сірахава” да нашых дзён дайшла ў 14 экз., з іх 4 утрымлівалі партрэт (58). Гэта сведчыць пра тое, што экзэмпляры з партрэтам, на думку Лямешкіна, маглі прызначацца асобам, “якія з разуменнем ставяцца да секулярных і індывідуалістычных праяў Ф. Скарыны” (57), г. зн. вузкаму колу еўрапейскіх інтэлектуалаў, што не сталі б асуджаць друкара за гэта. Не выключана таксама, што гэта былі падарункавыя экзэмпляры. Рэшта ж кніг выдавалася без партрэта!

У манаграфіі Іллі Лямешкіна перагледжаны многія памылковыя палажэнні Яўгена Неміроўскага, Віктара Шматава, іх папярэднікаў (Мікалая Шчакаціхіна і інш.), якія даўно і грунтоўна занялі месца ў скарыназнаўстве. Некаторыя даследчыкі не бачылі арыгіналаў або блыталі арыгінальныя выявы з рэпрадукцыямі ХІХ ст. Першае факсіміле партрэта на медзі ў свой час зрабіў мастак А. А. Флораў. У 1830 г. яго апублікаваў прафесар І. М. Снегіроў, які ў славесным апісанні медзярыту, напрыклад, надзяліў Скарыну вусамі, а замест мухі ўбачыў пчалу – “знамение трудолюбия”. Дарэчы, Лямешкін вельмі нізка ацаніў мастацкія вартасці і адпаведнасць арыгіналу медзярыта Флорава.

Аўтар рэцэнзаванай манаграфіі працаваў з арыгіналамі амаль усіх вядомых сёння скарынаўскіх выданняў. Паўз яго не прайшлі незаўважанымі такія дробныя дэталі скарынаўскага партрэта, як колькасць вусікаў і лапак на целе мухі ў ніжнім правым куце. Лямешкін заўважыў, што ў 1517 г. муха спачатку мела 6 лапак, потым, у тым жа годзе, з’явілася гравюра, дзе непрапарцыйна доўгую лапку мухі зрэзалі з ксілаграфічнай дошкі, і муха аказалася з 5 лапкамі, а ўжо ў 1518 г. ў “Кнізе Царстваў” уся муха была зрэзаная.


Многія даследчыкі лічылі, што Скарына праявіў нечуваную дзёрзкасць, друкуючы свой партрэт у Святым Пісанні. У часы савецкага атэізму гэта было на руку тым гісторыкам, якія абвяшчалі друкара вальнадумцам, які падкрэсліваў энцыклапедычныя вартасці Бібліі як крыніцы свецкіх ведаў аб сусвеце [1]. На самай справе, як ужо было сказана вышэй, колькасць вядомых партрэтных скарынаўскіх выданняў сёння вагаецца ў рамках 4–7 адзінак, што на агульным фоне накладу ў 200–300 экз. выглядае сціпла (57). Пры гэтым партрэт (раз ужо гравёр зрабіў дошку) можна было дадрукаваць у любы момант, нават на іншай паперы (54), і выкарыстаць для іншых патрэбаў, не звязаных з Бібліяй рускай. Наяўнасць у выданні партрэта, таксама як і прадмовы (56), рабіла экзэмпляр Бібліі больш дарагім. Скарына ж клапаціўся, каб як мага болей “люду паспалітага” атрымала кнігі. Так што партрэт Скарыны ў Бібліі бачылі толькі тыя людзі, для якіх ён быў прызначаны. Пытаннем застаецца, хто былі гэтыя людзі? Хто ўмеў прачытаць стараславянскую вязь і лічбы, напісаныя кірылічнымі літарамі? Такім чалавекам мог быць прускі герцаг Альбрэхт Брандэнбургскі (1490–1568), які для дзвюх сваіх бібліятэк – “камернай” і “палацавай” [2] – мог набыць (а хутчэй, Скарына мог яму падарыць) Біблію. Герцаг, як вядома, запрасіў кнігадрукара ў Каралевец / Кёнігсберг у 1530 г. На жаль, гэты перыяд жыцця Скарыны застаецца слаба даследаваным.

Доктар Лямешкін у манаграфіі разглядае партрэт першадрукара ў кантэксце ілюстрацыйнага апарату “Бівліі рускай”. У адпаведным раздзеле кнігі ён палемізуе з беларускімі мастацтвазнаўцамі (М. Шчакаціхіным, Л. Баразной, В. Шматавым) аб тыпах і жанрах кніжнай гравюры. Пры гэтым Лямешкін падкрэслівае, што ў ХVІ ст. “структурная значнасць” ілюстрацый, калі і ўсведамлялася выдаўцом, то была не настолькі важнай, як сёння.

Выкарыстанне ілюстрацыі залежала, у першую чаргу, ад таго, як тэкст “клаўся” на друкаваны ліст, а таксама ад памеру ксілаграфічнай дошкі (73). Напрыклад, якую-небудзь выяву можна было адвольна змясціць на свабоднай прасторы ліста.
Што да аўтарства гравюр, то Лямешкін, у прынцыпе, згаджаецца з чэшскім гісторыкам Пятром Войтам, які атрыбутаваў наступных майстроў: рысавальшчыка “Майстра ІР” (пра яго пойдзе гаворка далей) і разьбяроў – “Майстра тонкага штрыха”, “Майстра Новага Запавету”, “Майстра бурлейскага акаймлення” і “Майстра скарынаўскага дэкору”. Асноўны корпус гравюр спецыяльна для “Бівліі рускай” выразаў “Майстар тонкага штрыха” (74). Да бясспрэчных графічных прац “Майстра ІР” П. Войт залічыў партрэт Скарыны, біблейскія ілюстрацыі “Каранацыя Божай Маці Царыцы Нябеснай” і “Госпад Уседзяржыцель”. На апошняй у вобразе чалавека, апранутага ў мантыю вучонага, які моліцца на каленях перад Пантакратарам, П. Войт ідэнтыфікаваў доктара Ф. Скарыну.

Абапіраючыся на тыпалогію партрэтнай індывідуалізацыі, манеру выяўляць аблокі, контуры геральдычнага шчыта і г. д., партрэт Скарыны з “Кнігі прамудрасці Ісуса, сына Сірахава” і “Чатырох кніг Царстваў” можна аднесці да прац “Майстра ІР” (86), таксама, як “Каранацыю Божай Маці на Нябеснае царства”, “Госпад Уседзяржыцель” і “Ерэмія-прарок плача, гледзячы на Ерусалім”.

Выяву “Каранацыя Божай Маці Царыцы Нябеснай” раней у скарыназнаўчай літаратуры называлі “Хрыстос і нявеста”, але, як паказвае І. Лямешкін, гэта іканаграфічны тып Assumpta, які быў папулярны ў гатычным мастацтве з ХІІ ст. У сярэдзіне ХV ст. у Чэхіі яго распаўсюджваў Ян Капістран, вучань Бернардзіна з Сіены, а Скарына, як вядома, вучыўся ў полацкіх бернардзінаў. Такім чынам, іканаграфія Assumpta (Маці Божая стаіць на месяцы ў промнях сонца) павінна была быць знаёмая будучаму выдаўцу ўжо з канца ХV ст. (77). Сонца і месяц былі неад’емнай часткай Assumptа. “Сярэднявечная сімволіка бачыла ў сонцы Новы Запавет, а ў месяцы – Стары”, – цытуе Ёзафа Цыбульку прафесар Лямешкін (82). У іншым выпадку маладзік сімвалізаваў царкву, а сонца – Хрыста. Аднак на гравюрах “Бівліі рускай” паслядоўна паказаны ветах, як і ў “Кнізе хронік” Гартмана Шэдэля (1493 г.) [3].

Так, у кантэксце Святога Пісання, а не “асабістых” зацьменняў, як калісьці прапаноўваў Шчакаціхін, ці геральдычных сімвалаў (як прапануе Аляксей Шаланда) трэба, як мяркуе І. Лямешкін, разглядаць так званае “сонца маладзіковае”. Ён лічыць, што багародзічны культ у выглядзе каранаванай Мадонны быў блізкі Францішку Скарыну. Магчыма, такім чынам ён паслядоўна “заяўляў” і пра сваю канфесійную прыналежнасць, бо праваслаўныя і пратэстанты каранацыю Дзевы Марыі не прызнаюць. Хоць у манаграфіі застаецца нявытлумачаным факт, чаму ва ўсіх кнігах Бібліі, надрукаваных Скарынам (акрамя ксілаграфіі “Госпад Уседзяржыцель” з кнігі “Прамудрасці Саламона”), сігнэт, ці “сонца маладзіковае”, выяўлены на геральдычным шчыце. Здаецца, само па сабе меркаванне А. Шаланды не супярэчыць багародзічнай этымалогіі, якую прапануе Лямешкін.

Для аўтара манаграфіі была важнай партрэтная індывідуалізацыя. Цікава даведацца, рысамі якіх рэальных асобаў надзяліў майстар вобразы цара Саламона, Давіда, прарока Самуіла і г. д. Так званыя крыптапартрэты былі выкананы пражскімі майстрамі па прамых указаннях выдаўца, а адукаваныя сучаснікі маглі іх даволі лёгка пазнаць. Так, Самсона, які разрывае пашчу льву, даследчыкі атаясамліваюць з каралём і вялікім князем літоўскім Жыгімонтам І, біблейскага Саламона – з каралём Уладыславам ІІ Ягелонам, Давіда – з Людвікам Ягелонам, святара і прарока Самуіла – з папам рымскім Юліем ІІ і г. д. На думку П. Войта, такім чынам Скарына выказваў удзячнасць свайму акружэнню ў Празе і Вялікім Княстве Літоўскім, г. зн. прадстаўнікам кіраўнічай дынастыі, якія далі яму магчымасць займацца выдавецкай справай у Празе.
На падставе аналізу сінхронных з партрэтам Скарыны іншых партрэтаў (чэшскіх ці нямецкіх) Ілля Лямешкін даказвае, што ўсе яны ўтрымлівалі своеасаблівы фармуляр, у якім указваўся ўзрост у год выканання партрэта, імя і род заняткаў партрэтаванага. Улічваючы пражскае паходжанне гравюрнага партрэта Ф. Скарыны, Лямешкін у храналагічным парадку разгледзеў працы вядомых ў Чэхіі “Майстра Літамержыцкага алтара”, Ганса Крэла і Якуба Зайзенегера ў перыяд з 1506 да 1529 г. і прыйшоў да высновы, што на партрэце акрамя імя Францыска Скарыны і яго тытула доктара медыцыны адзначана, што на момант партрэтавання ў 1517 г. яму было 47 гадоў (127) [4].

Будучы мешчанінам паводле паходжання, Скарына меў ганаровае званне доктара лекарскіх навук, г. зн. прэтэндаваў на шляхецтва [5], і быў ужо дастаткова заслужанай для грамадства асобай, каб замовіць уласную выяву для змяшчэння яе ў любы ўласны твор.

У раздзеле “Матывацыя выкарыстання партрэта ў «Кнізе прамудрасці Ісуса, сына Сірахава» і «Чатырох кнігах Царстваў»” Лямешкін даказвае, што размяшчэнне ўласнай выявы менавіта ў гэтых кнігах не было выпадковым (хоць раней, на с. 73, было сказана, што “друк ілюстрацый у тым ці іншым месцы нават у нашы дні залежыць ад вёрсткі” і што “ў ХVІ ст. «структурная значнасць» ілюстрацый… была не настолькі важнай, як цяпер”). Тым не менш нельга не пагадзіцца, што з’яўленне партрэта ў “Кнізе Ісуса Сірахава” было лагічна абгрунтавана: Сірахаў сын хацеў застацца ў памяці нашчадкаў дзякуючы таму, што “преложил есть книгу сию из еврейскаго языка на греческый”. Скарына, праецыруючы на сябе заслугу Ісуса Сірахава, ставіў тую ж самую мэту – перакласці кнігі Святога Пісьма “для похвалы Божией и для посполитого доброго и размножения мудрости, умения, опатрености, разуму и науки… выложити книгу сию на рускый язык”. У якасці memoria павінен быў служыць яшчэ і партрэт. “47-гадовы выдавец цудоўна ўсведамляў свае надзвычайныя заслугі і сваё эксклюзіўнае права застацца ў памяці нашчадкаў”, – адзначае доктар Лямешкін (134). Сапраўды, калі б Скарыну на момант 1517 г. было каля 25 гадоў (як лічылася раней), то змяшчэнне ўласнага вобраза ў Святым Пісанні справядліва магло б успрымацца як высакамер’е і блюзнерства.

Другое з’яўленне партрэта ў “Кнігах Царстваў” не мае такіх асабістых канатацый, але доктар Лямешкін бачыць вельмі чулае стаўленне Скарыны да знакамітага перакладчыка Бібліі на лацінскую мову св. Гераніма. Таму і кампазіцыя скарынаўскага партрэта нагадвае кампазіцыю Альбрэхта Дзюрэра на партрэце знакамітага творцы Вульгаты. “З вялікай доляй пэўнасці можна сцвярджаць, што ў кампазіцыйна-змястоўным плане «Майстар ІР» парафразаваў гравюру 1514 г. «Святы Геранім у кабінеце»”(141).

Лямешкін спрачаецца з Неміроўскім, які сцвярджаў, што ў партрэце Скарыны “цудоўна прадуманая кампазіцыя не ўтрымлівае, здаецца, нічога лішняга”. Наадварот, ён заўважае, што з пункту гледжання гравіраванага партрэта з-за несамастойнасці сюжэта і кампазіцыі практычна ўсё лішняе. Калі б не непасрэдны ўплыў дзюрэраўскай гравюры, партрэтыст мог бы стварыць цалкам стандартную выяву выдаўца, які працуе за пюпітрам, але значна больш цэльную, з дэталёвай прамалёўкай рысаў твару.

У сваім партрэце Скарына, на думку Лямешкіна, пазіцыянуе сябе не столькі як доктар медыцыны, колькі як доктар тэалогіі. Лекарскіх атрыбутаў не бачым, затое празмерна многа хрысціянскай сімволікі (151). Сваю заслугу палачанін бачыў ва ўніфікацыі біблейскага тэксту для ўсходніх славян. Так ён сваёй дзейнасцю сумяшчае ў сабе постаці св. Гераніма і Іагана Гутэнберга, які ў 1454– 1455г. выдаў Вульгату (152).

Далей доктар Лямешкін звяртаецца да таямнічага знікнення манаграмы МЗ і мухі з партрэта Скарыны 1518 г. Пачынае з таго, што сярэднееўрапейская графіка не ведае ніводнага майстра з ініцыяламі МЗ (156). У “Кнізе прамудрасці Ісуса, сына Сірахава” (1517 г.) мы бачым зашыфраваны пад вобраз св. Гераніма асабісты партрэт прыватнай персоны, які суправаджаецца стандартным наборам звестак, а менавіта: 1517 г., калі Скарыну, па меркаванні Лямешкіна, было 47 гады, і подпіс “доктар Францыск Скорын”. А ў “Кнізе Царстваў” (1518 г.) тая ж самая гравюра функцыянуе ў іншым жанравым ключы, г. зн. абазначае “мужа светого”. Менавіта таму ў больш познім варыянце ксілаграфіі нівелююцца некаторыя характэрныя прыкметы партрэта: рэдукуюцца МЗ (=47 гадоў) і муха, якая ў значнай меры секулярызавала партрэт (159). “Павінны ж некаторыя тэксты, якія суправаджаюць партрэт, быць нечытэльнымі ці хоць бы быць менш яўнымі, завуаляванымі”, – усклікае аўтар манаграфіі (160).

Аднак на партрэце, як мы бачым, “завуалявана” амаль усё, у тым ліку абрэвіятуру МЗ некаторыя даследчыкі чыталі як МТЗ, некаторыя ТМЗ [6]. Але да Іллі Лямешкіна ўсе аднагалосна бачылі ў ёй манаграму партрэтыста. Аляксей Шаланда нават мяркуе, што пад ёй хаваўся не хто іншы, як “Тимофей Мойсеевич Золотар”, якога ён асцярожна атаясамлівае з бацькам Пятра Цімафеевіча Мсціслаўца [7]. Былі і шматлікія іншыя варыянты расшыфроўкі. Аднак прапанаванае Лямешкіным спалучэнне ўсіх надпісаў на партрэце сёння выглядае найбольш пераканаўчым.

Праўда, у 1518 г. манаграма МЗ знікае з партрэта, як і musca depicta, якой даследчык прысвяціў цэлы раздзел, нагадаўшы нам гісторыю з’яўлення інсекта на шматлікіх карцінах эпохі Рэнесансу (К. Крывелі, А. Дзюрэра і інш.). Многія аўтары дагэтуль схільныя думаць, што на гравюрным партрэце Скарыны – працавітая пчала. Дасціпны аповед з шматлікімі ілюстрацыямі заслугоўвае таго, каб яго прачытаць хоць бы для інтэлектуальнай асалоды. Аднак гэты раздзел цалкам арганічна ўпісаны ў структуру манаграфіі і пацвярджае шматграннасць і поліфанічнасць гравюр Скарыны, якія трэба разглядаць на шырокім фоне заходне- і сярэднееўрапейскага мастацтва. “Ніхто не звярнуў увагі на тое, што муха суверэнна лётае, сядзіць і назойліва гудзіць у / на многіх выдатных творах жывапісу эпохі Адраджэння” (191). А самае галоўнае прызначэнне мухі было ў тым, што яна сваёй прысутнасцю секулярызавала выяву прыватнай асобы на старонках Бібліі. З іншага боку, “тлустая муха на друкаваны ліст не толькі села (1517 г.), але і элегантна зляцела (1518 г.)” (193).
Дык кім жа быў той мастак, які мысліў ва ўнісон з заказчыкам і здолеў увасобіць ягоныя ідэі ў прадуманай кампазіцыі і на высокім мастацкім узроўні? Першы прэтэндэнт, на якім спыняецца Лямешкін у спецыяльным раздзеле “Партрэтыст Ф. Скарыны”, – гэта “Майстар Літамержыцкага алтара”. Яму аддаецца перавага таму, што “доктар Скарына скарыстаўся лепшым, што ў гэты час магла прапанаваць Прага” (196). Ды іншых і не было. Партрэт Альбрэхта з Калаўрат (1506 г.), падпісаны “Майстар Літамержыцкага алтара”, паклаў пачатак новаму мастацка-выяўленчаму жанру. Іншых партрэтыстаў тады ў Чэхіі не існавала. Таму можна атаясамліваць “Майстра Літамержыцкага алтара” і так званага “Майстра ІР”, якому і прыпісваюць сёння аўтарства партрэтаў Скарыны (у тым ліку на гравюры “Госпад Уседзяржыцель”). Яму ўласціва таксама любоў да розных натуралістычных дэталяў, а асабліва да архітэктурных элементаў (якіх у скарынаўскіх гравюрах безліч).
Аднак доктар Лямешкін не абмяжоўваецца толькі адным прэтэндэнтам на аўтарства партрэта Скарыны. Другім, на яго думку, мог бы стаць Барталамей Трнка, чэшска-крумлаўскі святар, які ў 1527 г. зрабіў ілюзіяністычную выяву, на якой прысутнічае тая самая муха.

Пытанне аўтарства, як і тэрміналагічнай дакладнасці словазлучэння “Манаграміст ІР”, на думку доктара Лямешкіна, нельга лічыць вырашаным, хоць “за адсутнасцю лепшай альтэрнатывы” ён сам у кнізе карыстаецца ўмоўным тэрмінам “Майстр ІР”, якім атрыбутуе не самога мастака, а сукупнасць графічных выяў, якія яму належаць. У далейшым Ілля Лямешкін збіраецца карыстацца тэрмінам “Партрэтыст Ф. Скарыны”, а не “Майстр ІР”, паколькі пошукі партрэтыста з такімі ініцыяламі ён лічыць бесперспектыўнымі (205). Такім чынам, поле для пошукаў партрэтыста Скарыны застаецца даволі шырокім.
Раздзел “Месца друку «Бівліі руской»” падаецца нам больш актуальным і цікавым для жыхароў чэшскай сталіцы, чым для жыхароў былога Вялікага Княства Літоўскага. Тут разглядаюцца ўсе кнігі Бібліі Скарыны з пункту гледжання лакалізацыі яго друкарні. Горад пражскі называецца ў Скарыны “слаўным” (5 выпадкаў), “старым” (9) і “вялікім” (13). І гэта не метафары! Так у Бібліі адлюст раваліся змены ў тапаграфіі і гаспадарцы Прагі пачатку ХVІ ст., а менавіта аб’яднанне Новай і Старой Прагі, стварэнне Вялікай Прагі. Закранаецца таксама пытанне ўладальнікаў друкарні, якую арэндаваў Скарына ў Празе: “Ніякай «друкарні Яна Севярына і Яна Кампа» не было… Існавала друкарня, якая да 1519–1520 гг. знаходзілася ва ўласнасці «купца Севярына». Гэты прадпрымальны пат рыцый і высокі чыноўнік гарадскога магістрата сваю кнігадрукарню ахвотна здаваў арандатарам” (219). Скарына ў канцы 1517 г. быў, магчыма, восьмым карыстальнікам друкарні (227), дарэчы, поруч з яўрэйскімі арандатарамі. “Пражскія выданні Ф. Скарыны можна супаставіць – па якасці і наватарстве – толькі з прадукцыяй яўрэйскіх кнігадрукароў”, – падкрэслівае доктар Лямешкін (229); гэтая прадукцыя дасягнула ўзроўню італьянскіх і нямецкіх друкарань эпохі ранняга Рэнесансу.

Ілля Лямешкін указвае дакладную прапіску будынка, дзе друкавалася “Бівлія руская”: Стары горад Прагі (з 30.08.1518 – Вялікі горад Прагі), “Курыны рынак” (пл. Св. Мікалая), дом купца Севярына “У напалову залатога месяца”. У 1833 г. будынак знеслі. Пражыванне побач з іншымі друкарамі, у блізкім асяроддзі паўплывала самым непасрэдным чынам на творчасць Скарыны. Тут ён чытаў “Пражскую Біблію” 1488 г., запазычыў чэшскі калафон 1487 г. для свайго Псалтыра (223–224).

У апошнім раздзеле манаграфіі доктар Лямешкін вельмі крытычна выказваецца аб мемарыялізацыі памяці пра Францішка Скарыну ў сучаснай Беларусі. Медаль і ордэн Скарыны ён катэгарычна не прымае, называе іх “аляповатыми и косными”. Сапраўды, можна пагадзіцца з дадзенай характарыстыкай абодвух твораў медальернага мастацтва Беларусі. Іх эстэтычныя якасці ў духу савецкіх узораў пакідаюць не самыя лепшыя ўражанні. Асабліва непрымальны надпіс “Францыск Георгій Скарына” на ордэне (прычым на медалі імя “Георгій” адсутнічае). У свой час праф. Георгій Галенчанка даказаў, што гэтае імя ніякім чынам не належала Францыску Скарыну [8], і сёння выкарыстанне імя “Георгій” – ідэалагічны анахранізм.

Напрыканцы хацелася б асабліва падкрэсліць паліграфічныя якасці манаграфіі Іллі Лямешкіна. Публікацыя пра такую вяршыню мастацтва кнігі, як Біблія Скарыны, павінна быць адпаведнага эстэтычнага ўзроўню. Але не толькі якасць друку, але і кампазіцыйная структура тэксту дасканалыя: усе ілюстрацыі знаходзяцца ў тэксце, што вельмі аблягчае арыентацыю ў ім і супастаўленне тэксту і графічнага шэрагу. Якасць рэпрадукцый выдатная. У цэлым манаграфія доктара Іллі Лямешкіна, прысвечаная толькі аднаму з шматлікіх навуковых пытанняў жыцця і дзейнасці Францішка Скарыны, указвае нам новыя даследчыя перспектывы і шляхі пошукаў.

Гродна

Альбіна Семянчук


[1] Naumow A. Domus Divisa. Kraków, 2002. S. 192.
[2] Шевченко Н. Н. “Камерная” библиотека как отражение личности герцога Альбрехта Бранденбургского (1525–1568) // Книга в культуре Возрождения. Москва, 2002. С.176–188. У каталозе “камернай” бібліятэкі Біблія руская адсутнічае, магчыма, яна была ў другім, “палацавым”, кніжным зборы прускага герцага.
[3] Подберёзкин Ф. Д. “Книга хроник” Хартмана Шеделя (1493) – энциклопедия Позднего средневековья. – Минск, 2021. С. 51. Дарэчы, мастацтвазнаўцам варта больш уважліва прыгледзецца да гравюр, змешчаных у “Кнізе хронік” Г. Шэдэля: многія з іх, асабліва з выявамі гарадоў, віньеткі і застаўкі моцна нагадваюць скарынаўскія.
[4] Цікава, што на медзярыце Эразма Ратэрдамскага 1526 г. якраз не ўказана, колькі гадоў партрэтаванаму на момант, калі А. Дзюрэр намаляваў яго партрэт, то бок маглі быць выключэнні.
[5] Як мяркуе Лямешкін, руку з доктарскім пярсцёнкам на пальцы Скарына чамусьці хавае (108).
[6] Шаланда А. І. Код Францішка Скарыны. Геральдычныя ма тэрыялы ў пражскіх і віленскіх выданнях беларускага першадрукара. Мінск: Беларуская навука, 2017. С. 103.
[7] Тамсама. С. 90, 103.
[8] Галенчанка Г. Я. Канец застарэлага міфа: новы дакумент пра Скарыну // Полацк: карані нашага радавода. Полацкая зямля як сацыякультурная прастора ўзнікнення і развіцця беларускага этнасу і нацыянальнай дзяржаўнасці: матэр. Міжнар. навук. канф., 5–6 верас. 1995 г. Полацк, 1996. С. 72–77.

Наверх

Тэгі: , ,