БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Роберт Калодзей. Лімітацыя на сойміках Вялікага Княства Літоўскага ў часы Яна III Сабескага (1674–1696)


Соймікавая лімітацыя, або перанос даты з’езда, каб шляхта магла зноў сабрацца без новага ўніверсала, у другой палове XVII – пачатку XVIII ст. зрабілася сталым элементам палітычнага жыцця ў шмат якіх рэгіёнах даўняй Рэчы Паспалітай. Гэтае пытанне трапіла ў поле зроку гісторыкаў даволі рана. Так, яшчэ Адольф Павінскі звяртаў увагу на імкненне шляхты дабіцца магчымасці склікання сойміка незалежна ад жадання манарха [1]. Іншыя даследчыкі таксама закраналі праблематыку, звязаную з узнікненнем і развіццём гэтай з’явы [2]. Адным з тых, хто найбольш комплексна даследаваў названую тэму, быў, несумненна, Генрык Альшэўскі [3]. Важныя высновы ў дадзенай сферы зрабіў яшчэ адзін знаўца соймікавага жыцця Войцех Крыгсайзэн [4]. Цікавыя назіранні можна знайсці таксама на старонках манаграфій, прысвечаных паасобным соймікам [5]. Тым не менш, па-ранейшаму не хапае вычарпальнага і ўсебаковага даследавання з’явы соймікавай лімітацыі, у якім былі б раскрыты яе зараджэнне, прычыны, а таксама тэрытарыяльны ахоп.

Паводле Г. Альшэўскага, карані з’явы лімітацыі сягаюць яшчэ ў часы панавання двух першых Вазаў [6]. Але такія прэцэдэнты сустракаліся тады толькі эпізадычна, галоўным чынам у нейкіх экстраардынарных умовах, выкліканых пераважна ўнутранымі канфліктамі. Магчыма, узорам для соймікаў стала распаўсюджаная ў той час практыка адкладання сходаў шляхты, прымеркаваных да судовых “рокаў” (кадэнцыі суда). Гэтую з’яву можна назіраць, напрыклад, у час Сандамірскага рокашу, калі шляхта шукала рашэння, якое б дазволіла ёй склікаць з’езды без каралеўскага ўніверсала [7]. Але такія сітуацыі здаралася рэдка і насілі эпізадычны, а не сістэмны характар. Пашырылася ж выкарыстанне лімітацыі ў другой палове панавання Яна Казіміра, а ў апошняй чвэрці XVII ст. набыло паўсюдны і масавы характар. Можна дапусціць, што лімітацыя практыкавалася на абсалютнай большасці, калі не на ўсіх, сойміках Рэчы Паспалітай, хоць даказаць гэта было б няпроста і запатрабавала б шырокіх і грунтоўных даследаванняў. Што да гэтага артыкула, дык ён мае на мэце паказаць у агульных рысах маштаб і характар выкарыстання лімітацыі ў Вялікім Княстве Літоўскім у 1674–1696 г., г. зн. тады, калі яна зрабілася масавай з’явай. Гэтае пытанне пакуль яшчэ не станавілася прадметам асобнага разгляду. Пра лімітацыю літоўскіх соймікаў згадваў Г. Альшэўскі, але не прыводзіў пры гэтым ніякіх канкрэтных прыкладаў [8]. Выкарыстанне лімітацыі на сойміках Вялікага Княства Літоўскага адзначаў і Анджэй Рахуба. Ён звярнуў увагу на той факт, што лімітаваліся не толькі соймікі, – пачынаючы з XVIII ст. лімітацыя прымянялся нават на з’ездах шляхты ВКЛ [9]. Важнае значэнне маюць высновы аўтараў манаграфій, прысвечаных паасобным соймікам ВКЛ. З іх вынікае, што лімітацыя сапраўды практыкавалася як мінімум на частцы з іх. Як адзначаў Анджэй Закшэўскі, “з’ява лімітацыі была не чужая і троцкаму сойміку” [10]. Дасведчанаму знаўцу дзяржаўнага ладу ВКЛ, аднак, не ўдалося знайсці прыкладаў, датаваных раней як на 1710 г. Значна лепш захаваныя першакрыніцы па дзейнасці берасцейскага сойміка дазволілі Дыяне Канечнай знайсці больш раннія прыклады. Яна дакументальна засведчыла лімітаванне соймікаў яшчэ ў канцы XVII ст., хоць пераважная большасць зафіксаваных выпадкаў адносяцца да саксонскага перыяду [11]. Вычарпальная манаграфія Робертаса Юргайціса, прысвечаная віленскаму сойміку, пытання лімітацыі не закранае з відавочных прычын: аўтар разглядае гісторыю сойміка пасля 1717 г., калі гэтая працэдура была забаронена заканадаўча [12]. Нельга, праўда, выключаць, што і пасля Нямога сойма яна ў рэшткавай форме не функцыянавала на некаторых сойміках [13], але з прычыны недахопу крыніц высветліць гэта цяжка.

Як вынікае з кароткага агляду, найбольш раннія выпадкі лімітацыі соймікаў ВКЛ, якія адносяцца да 70– 80‑х гадоў XVII ст., дагэтуль не былі прадметам навуковага аналізу. Галоўная прычына, відаць, – вельмі бедная база крыніц, на што звярнуў увагу А. Закшэўскі [14]. Так, адчуваецца недахоп соймікавых пастановаў, што выступаюць галоўным дакументам, які можа пацвердзіць прымяненне лімітацыі. Пошукі ў гродскіх кнігах ВКЛ, што захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў Мінску, Дзяржаўным гістарычным архіве Літвы ў Вільні, а таксама ў Бібліятэцы Віленскага ўніверсітэта, далі мала плёну. За разгляданы перыяд збераглося няшмат гродскіх кніг, дый у іх соймікавая дакументацыя ўносілася нерэгулярна і ў параўнанні з аналагічнымі матэрыяламі Каралеўства Польскага вельмі рэдка. З іншага боку, у раскіданых па шматлікіх бібліятэках ды архівах шляхецкіх рукапісах тыпу silva rerum збераглося шмат інструкцый для паслоў ВКЛ, але ў іх рэдка сустракаюцца звесткі пра лімітацыю таго ці іншага сойміка. З прычыны фрагментарнага характару соймікавай дакументацыі варта звярнуць увагу на іншыя магчымасці пошуку інфармацыі – напрыклад, у карэспандэнцыі ці іншых ускосных крыніцах.

Перш чым перайсці да разгляду выпадкаў выкарыстання лімітацыі на сойміках ВКЛ – некалькі заўваг пра прычыны пашырэння з’явы. Гісторыкі ўжо выказваліся на гэтую тэму. Г. Альшэўскі звязваў пашырэнне лімітацыі з ростам уплыву магнатэрыі на соймікавае жыццё Рэчы Паспалітай [15]. У сваю чаргу, В. Крыгсайзэн звязваў пашырэнне гэтай з’явы, хутчэй, з аслабленнем органаў цэнтральнай улады і неабходнасцю забяспечыць функцыянаванне шляхецкага самакіравання ва ўмовах небяспекі, перш за ўсё знешняй [16]. Вывучэнне часоў панавання Яна III дазваляе схіліцца да меркавання апошняга аўтара. Але пры гэтым варта падкрэсліць шэраг іншых фактараў, якія нельга пакідаць па-за ўвагай.

Так, на пашырэнне лімітацыі яўна паўплывала павелічэнне паўнамоцтваў соймікаў. Апошняе, у сваю чаргу, тлумачылася дэцэнтралізацыяй фінансавага апарату, калі многія падатковыя пытанні пачалі разглядацца і вырашацца акурат на мясцовых сойміках. Абмеркаванне ўсіх гэтых пытанняў займала вельмі шмат часу. Рэдка калі шляхце ўдавалася прыняць усе неабходныя рашэнні за адзін раз. Удзельнікі сойміка мусілі прызначаць асобаў, адказных за збор падаткаў (зборшчыкаў, скарбовых суддзяў, люстратараў), якім даручаліся адпаведныя задачы, пасля чаго паседжанні пераносілася, каб праз пэўны час разгледзець вынікі іх працы. Вось чаму здаралася, што ўзнікала неабходнасць сабрацца некалькі разоў на працягу адносна невялікага перыяду. Агульны парадак прадугледжваў, што для кожнага разу неабходны быў новы ўніверсал. Працэдура ж лімітацыі дазваляла абысці гэтую праблему. А праблема, між іншым, усё больш нарастала, бо з часоў панавання Яна III можна назіраць фактычна працэс знікнення цэнтра дзяржавы, у якім бы пастаянна знаходзіўся кароль [17]. Часткова гэта тлумачылася ваеннымі дзеяннямі, у якіх манарх нярэдка ўдзельнічаў асабіста, часткова – нежаданнем караля сядзець у Варшаве і яго большай прыхільнасцю да сваіх маёнткаў у Рускім ваяводстве. Таму шляхце было ўсё цяжэй дамагчыся выдання чарговага ўніверсала: для гэтага да караля трэба было накіраваць паслоў, якія мусілі яго спачатку знайсці. У часы панавання Аўгуста II – асабліва гэта датычыць перыяду Паўночнай вайны і ўсіх звязаных з ёю ўзрушэнняў – праблема атрымання каралеўскага ўніверсала яшчэ больш ускладнілася. Каб забяспечыць няспынную працу сойміка, шляхце заставалася толькі скарыстацца працэдурай лімітавання паседжанняў. Яшчэ адным фактарам, які спрыяў пашырэнню гэтай з’явы, было нарастанне легалізму шляхты і, адпаведна, імкненне строга выконваць усе фармальнасці, звязаныя з дзейнасцю соймікаў. Так, напрыклад, адсутнасць пячаткі пад дакументам аб скліканні сойміка ці іншыя хібы, выкліканыя элементарнымі памылкамі канцылярыі, маглі прывесці да апратэставання яго дзейнасці або нават зрыву [18]. Тады магчымым паратункам была яго лімітацыя – да ліквідацыі ўсіх фармальных перашкод. Таксама лімітацыя дазваляла перанесці разгляд спрэчных пытанняў на пазнейшы час, каб не даць магчымасці розным зацікаўленым групам уплыву сарваць соймік, і ў той жа час заняцца вырашэннем больш актуальных праблем.

Зрэшты, непасрэдныя прычыны лімітацыі перадсоймавых і рэляцыйных соймікаў былі розныя. Першыя ў Каралеўстве Польскім лімітаваліся значна радзей, чым паслясоймавыя ці надзвычайныя (напрыклад, скліканыя для вырашэння падатковых пытанняў). Відаць, падобная сітуацыя была і ў ВКЛ. Само сабой зразумела, што перадсоймавы соймік павінен быў выканаць усе свае задачы (абранне паслоў, падрыхтоўка ім інструкцыі) за акрэслены час, каб паслы паспелі прыбыць на сойм. З гэтай прычыны магчымасці яго пераносу былі абмежаваныя. Паводле звестак Д. Канечнай, у Берасці перадсоймавыя соймікі наогул ніколі не лімітаваліся [19]. Аднак гэта не азначае, што такая практыка адсутнічала на іншых сойміках ВКЛ.

Лімітаванне перадсоймавых соймікаў магло быць выклікана некалькімі прычынамі. Найперш гэта фармальныя акалічнасці: напрыклад, занадта позняе абнародаванне ўніверсалаў і дрэннае апавяшчэнне шляхты пра час правядзення сойміка, вынікам чаго была нізкая яўка. Іншай фармальнай перашкодай магла быць адсутнасць каралеўскага пасла з інструкцыяй, што рабіла правядзенне сойміка практычна немагчымым. Аднак бывалі выпадкі лімітацыі, абумоўленыя зацягваннем і матывамі выключна палітычнымі, з мэтай адтэрмінаваць абранне паслоў. Дрэнна захаваная база крыніц па ВКЛ, на жаль, не дазваляе правесці больш шырокі аналіз гэтага пытання, але нельга выключаць, што і тут згаданыя фармальныя прычыны мелі месца. Вядома, аднак, што сама працэдура лімітацыі перадсоймавых соймікаў існавала. Відавочна, такія выпадкі звязаны з ініцыятывай магнатаў, якія дзеля сваіх палітычных інтарэсаў маглі дабівацца перанясення паседжанняў. Так здарылася на троцкім сойміку ў канцы 1688 г. Паколькі кароль напярэдадні запланаванага Варшаўскага сойма рыхтаваўся расправіцца з апазіцыяй у ВКЛ, то групоўка Сапегаў была зацікаўлена ў правядзенні як мага большай колькасці сваіх паслоў. Віленскі ваявода і вялікі гетман ВКЛ Казімір Сапега, які прысутнічаў на сойміку ў Троках, чакаў вестак пра заканчэнне мазырскага сойміка, на якім за пасольскі мандат змагаўся абозны ВКЛ Юрый Караль Хадкевіч. З гэтай прычыны Сапега дамогся, каб троцкі соймік, на якім мусілі абраць паслоў, быў адкладзены на тыдзень. Маці Хадкевіча ён пісаў: “Для пана сына Вашай міласці затрымаў соймік Троцкага ваяводства, калі сарвецца мазырскі” [20]. Такім чынам, як можна бачыць, лімітацыя павінна была служыць гарантыяй таго, што Хадкевіч зможа стаць паслом з Трокаў. На жаль, гэта адзіны дакументальна пацверджаны выпадак лімітавання перадсоймавага сойміка на тэрыторыі Вялікага Княства ў дадзены перыяд.

Значна часцей лімітаваліся соймікі паслясоймавыя і надзвычайныя. Для многіх соймікаў Каралеўства Польскага гэта стала ў той час звычайнай з’явай. Прычын іх лімітавання было значна больш, чым у выпадку перадсоймавых. Вельмі часта паседжанні пераносіліся з прычыны адсутнасці соймавых пастаноў, якія не паспявалі даставіць у мясцовыя гродскія суды. Часткова такая сітуацыя складвалася ў выніку правядзення пасля сойма яшчэ дадатковых сесій (т. зв. “pieczętarskich”), з-за чаго затрымліваўся друк канстытуцый і рассылка іх па паветах. Іншай прычынай, якая часам вяла да лімітацыі рэляцыйных соймікаў, была адсутнасць соймавых паслоў, у выніку чаго нельга было выслухаць справаздачу і прыняць падатковыя рашэнні. Часам прычынай магла быць занадта нізкая яўка шляхты. Значна часцей, аднак, соймікі лімітаваліся з прычыны вялікай колькасці спраў, якія не атрымлівалася вырашыць за адзін раз. Добрым прыкладам у гэтым плане можа быць сітуацыя, калі зборшчыкі падаткаў не паспявалі разлічыцца і скласці справаздачу, што не дазваляла ацаніць нядоімку і, адпаведна, вызначыць памер новых падаткаў. Але адкладанне падатковых рашэнняў магло тлумачыцца і іншымі, самымі рознымі прычынамі. Само сабой, гэта азначала, што шляхта павінна была сабрацца яшчэ раз, бо прыняць гэтыя рашэнні было трэба. Часта прычынай лімітацыі соймікаў рабілася адпраўка пасольства да караля (часам да гетманаў ці сенатараў). У такім выпадку шляхта прымала рашэнне адкласці паседжанні, каб сабрацца паўторна і выслухаць справаздачу паслоў. Часам паслоў высылалі, каб аспрэчыць частку прынятых на сойме канстытуцый; тады ў гродскі суд заносілі пратэстацыю і дамагаліся іх скасавання. Нарэшце, бывалі і выпадкі наўмыснага зацягвання часу. Некаторыя соймікі не спяшаліся прымаць рашэнні наконт тых ці іншых спрэчных пытанняў і лічылі за лепшае пачакаць навін з іншых паветаў.

Не ўсе з пералічаных прычын можна знайсці на тэрыторыі ВКЛ. Аднак магчыма, што гэта, як і ў выпадку перадсоймавых соймікаў, тлумачыцца недахопам першакрыніц. На жаль, у параўнанні з Каралеўствам Польскім яны захаваліся вельмі фрагментарна, і ўсё ж значна багацейшыя, чым у выпадку перадсоймавых соймікаў. Знойдзеныя звесткі дазваляюць нам выявіць спектр прычын, якія стаялі за пастановамі аб лімітацыі соймікаў ВКЛ.

Вельмі часта прычынай выступала адсутнасць соймавых канстытуцый. Агулам тут няма нічога дзіўнага – такая самая сітуацыя вельмі часта назіралася і на польскіх сойміках. Тут, дарэчы, варта адзначыць, што затрымка з дастаўкай соймавых пастаноў у гродскі суд была прычынай пераносу літоўскіх рэляцыйных соймікаў ужо ў канцы XVI ст. [21]. Ад пачатку панавання Яна III такая практыка стала шмат у якіх паветах нормай, і паколькі без надрукаваных канстытуцый нельга было прыняць ніякіх падатковых рашэнняў, паседжанні адкладаліся. Так, ужо пасля каранацыйнага сойма 1676 г. праз адсутнасць друкаваных канстытуцый былі лімітаваны віленскі [22], бецейскі [23] і менскі [24] соймікі. Акрамя таго, з той жа прычыны лімітавалі жамойцкі соймік, а мясцовая шляхта ў прынятай тады ж пастанове выказвала патрабаванне, каб канстытуцыі дастаўляліся ў гродскія суды самае позняе праз чатыры тыдні пасля сойма [25]. Але гэтыя патрабаванні ні да чаго не прывялі – пасля наступнага сойма, які адбыўся ў 1677 г., сітуацыя не палепшылася. Праз адсутнасць канстытуцый тады былі лімітаваны наваградскі [26] і, зноў жа, віленскі [27] соймікі. Пасля чарговага, трэцяга ў перыяд панавання Яна III, сойма, які ўпершыню сабраўся ў Горадні, адсутнасць канстытуцый паслужыла прычынай лімітацыі пінскага сойміка [28]. Такім чынам, як бачым, гэта была дастаткова частая практыка; можна меркаваць, што яна мела месца і на іншых сойміках, і толькі фрагментарнасць крыніц не дазваляе засведчыць усю шырыню гэтай з’явы.

Частай прычынай лімітавання соймікаў ВКЛ было выпраўленне сабранай шляхтай пасольства і чаканне яго справаздачы. Паслы высылаліся галоўным чынам да караля, часам да ўраднікаў. Відаць, гэта была даволі папулярная практыка, бо з дадзенага перыяду вядомыя некалькі такіх выпадкаў. Відаць, акурат такая прычына стаяла за лімітацыяй менскага рэляцыйнага сойміка 1676 г. [29]. Слонімскі рэляцыйны соймік 1677 г. накіраваў пасла да канцлера ВКЛ Крыштафа Паца з просьбай растлумачыць, ці сапраўды на сойме мелі месца злоўжыванні ў ходзе прыняцця канстытуцый. З гэтай прычыны шляхта адклала паседжанні і вырашыла сабрацца яшчэ раз пасля таго, як вернецца пасол, каб выслухаць яго справаздачу [30]. Пасля сарванага сойма 1681 г. кароль склікаў рэляцыйныя соймікі, на якіх папрасіў шляхту выказаць сваё меркаванне наконт магчымага склікання наступнага сойма. Рэляцыйны соймік Лідскага павета прыняў тады рашэнне накіраваць да караля пасла і адклаў свае паседжанні да часу атрымання адказу ад манарха [31]. Аналагічна зрабілі тады слонімскі і старадубскі соймікі [32]. Увосень 1697 г. шляхта Віцебскага павета падрыхтавала інструкцыю паслам да новаабранага караля Аўгуста II на рэляцыйным сойміку, які сабраўся пасля лімітацыі [33]; нельга выключаць, што і раней такая практыка на віцебскім сойміку мела месца. У тым жа годзе інструкцыю да караля выслаў лімітаваны раней берасцейскі соймік [34]. Часам рэляцыйны соймік лімітаваў свае паседжанні па невядомых нам прычынах, не прымаючы ніякіх абавязковых рашэнняў і не выпраўляючы пасольства. Такая сітуацыя мела месца на берасцейскім паслясоймавым сойміку ў 1681 г. [35].

У Каралеўстве Польскім у аналізаваны перыяд з’ява лімітацыі фіксуецца таксама і на дэпутацкіх сойміках. Але ў параўнанні з іншымі соймікамі гэта былі, хутчэй, спарадычныя выпадкі. Што праўда, як сцвярджае Д. Канечная, у Берасці дэпутацкія (грамнічныя) соймікі не лімітаваліся [36], але гэта не азначае, што такой практыкі не існавала ў іншых месцах. У 1697 г., г. зн. неўзабаве пасля смерці Яна ІІІ Сабескага, мела месца лімітацыя старадубскага грамнічнага сойміка (у выгнанні), які пасля аднаўлення паседжанняў ухваліў інструкцыю паслам да вялікага кароннага маршалка Станіслава Геракліуша Любамірскага [37]. Нельга выключаць, што не толькі старадубская шляхта, але і ўдзельнікі іншых соймікаў не прымалі падобных рашэнняў і раней.

Каб соймік мог быць лімітаваны, мусілі быць выкананы пэўныя ўмовы. Перш за ўсё, ён павінен быў распачаць паседжанні і выбраць маршалка. Такі соймік не мог быць сарваны: гэта рабіла немагчымай лімітацыю, якая абвяшчалася з усеагульнай згоды (аднагалосна). Неад’емным элементам гэтай працэдуры была таксама падрыхтоўка пастановы, у якой агаворваліся абставіны лімітацыі. Яна магла ўтрымліваць падрабязна прапісаныя рашэнні, напрыклад, што дырэктар сойміка застаецца ранейшы. Здавалася б, калі шляхта лічыла лімітаваны соймік працягам ранейшага, пакіданне таго самага маршалка мусіла быць нормай. Тым не менш, на каронных сойміках здаралася, што прынцып пераемнасці не выконваўся і чарговыя паседжанні лімітаваных соймікаў праходзілі ўжо пад кіраўніцтвам іншай асобы. Таксама на сойміках Каралеўства Польскага нормай было прызначэнне і фіксацыя ў пастанове тэрміну наступнага сходу. Вельмі рэдка прыняцце такога рашэння пакідалася маршалку сойміка [38]. На сойміках ВКЛ таксама кіраваліся гэтым правілам, хоць і тут здараліся ад яго адступленні. Гэта датычыла выпадкаў, калі соймік выпраўляў пасольства да караля. Паколькі не было вядома, калі паслы вернуцца, часам шляхта давала права вызначаць тэрмін паўторнага збору свайму маршалку. А. Рахуба таксама выявіў выпадкі, калі соймік даручаў выпраўленым паслам пасля свайго вяртання паведаміць пра гэта суграмадзянам і прызначыць новую дату збору. Здаралася таксама, што прызначэнне тэрміну даручалася мясцоваму ваяводу [39].

У Каралеўстве Польскім вельмі часта ўзнікалі ланцужкі лімітацыі. Адзін соймік мог быць лімітаваны некалькі разоў, і на падставе аднаго ўніверсала шляхта магла збірацца раз за разам на працягу больш як дзесяці месяцаў. Захаваныя крыніцы не дазваляюць зрабіць канкрэтных высноў адносна пашыранасці такой з’явы ў ВКЛ, але на некаторых літоўскіх сойміках таксама можна назіраць ланцуговую лімітацыю. Напрыклад, шляхта Пінскага павета, што сабралася на соймік 2 траўня 1679 г., спачатку адклала паседжанні на 25 траўня. У гэты дзень яна сустрэлася зноў, але толькі для таго, каб яшчэ раз іх адкласці, цяпер ужо да 9 чэрвеня [40]. Гэты выпадак паказвае, што такая практыка не была чужая і для літоўскіх соймікаў, і нельга выключаць, што яна мела месца і ў іншых паветах.

Тэрмін, на які адкладаліся соймікі ў ВКЛ, найчасцей складаў ад дзесяці з нечым дзён да некалькіх тыдняў. Напрыклад, менскі соймік, які сабраўся 2 траўня 1676 г., быў лімітаваны да 28 траўня таго ж года [41]. Віленскі соймік тады ж быў адкладзены з 2 на 29 траўня, жамойцкі – з 22 траўня на 2 чэрвеня. Берасцейскі рэляцыйны соймік у 1681 г. быў адкладзены на два тыдні. Хоць у Польшчы бывалі і даўжэйшыя лімітацыі, якія даходзілі нават да некалькіх месяцаў, усё ж гэта было рэдкасцю і звычайна тэрміны пераносу не адрозніваліся ад ВКЛ.

Нарэшце, варта звярнуць коратка ўвагу і на тэрміналогію, якая сустракаецца ў літоўскіх пастановах у кантэксце лімітацыі. Набор ужываных фармулёвак быў даволі багаты і разнастайны: “затрымаў соймік Троцкага ваяводства”, Лідскі павет “далейшыя паседжанні перанёс”; пінскі соймік адбыўся “з адкладу” ці быў “адкладаны”, а віцебскія паслы атрымалі інструкцыю “з сойміка адкладнога”. У сваю чаргу, старадубскі соймік адбыўся “ex limitatione”. Вось жа, якраз тэрміны накшталт апошняга – “ліміта”, “з ліміты”, “ex limitatione” – якія папраўдзе і перадаюць сэнс усёй з’явы, выкарыстоўваліся досыць рэдка. На каронных сойміках наменклатура, звязаная з лімітацыяй, была не менш разнастайная, аднак тамтэйшая шляхта куды часцей ужывала тэрмін “лімітаванне”. Магчыма, у разгляданы перыяд з’ява лімітацыі лічылася ў ВКЛ не да канца законнай і адпаведнай юрыдычным нормам. Бо калі ў 1693 г. хворы Ян III, які не мог прыбыць на сойм у Варшаву, спрабаваў яго лімітаваць, найбольшае абурэнне гэта выклікала якраз у ліцвінаў, якія не дазволілі адкласці паседжанні [42].

Лімітацыя, пачынаючы з 70-х гадоў XVII ст., стала трывалым элементам соймікавага жыцця Рэчы Паспалітай. З прыведзеных прыкладаў відаць, што гэтак жа як і ў Каралеўстве Польскім, у Вялікім Княстве Літоўскім падобная з’ява таксама сустракалася, што ў сваю чаргу можа сведчыць пра нарастанне працэсу ўніфікацыі сістэм шляхецкага самакіравання ў абедзвюх частках дзяржавы. Але ацаніць маштабы гэтай з’явы няпроста. З крыніц вынікае, што ў ВКЛ яны былі меншыя, чым у Польшчы. Магчыма, больш рэдкі зварот да лімітацыі вынікаў з таго факта, што ў ВКЛ большыя паўнамоцтвы адносна склікання соймікаў мелі мясцовыя прадстаўнікі ўладных эліт (ваяводы, маршалкі, старасты) [43]. Гэта азначала большую верагоднасць склікання сойміка без каралеўскага ўніверсала, што для шляхты было значнай палёгкай. Але нельга выключаць, што з’ява лімітацыі была куды больш шырокай, чым гэта вынікае з захаваных матэрыялаў, а прагалы ў першакрыніцах скажаюць сітуацыю і не дазваляюць ацаніць усяго маштабу разгледжанай з’явы. Як бы там ні было, можна канстатаваць, што лімітаванне літоўскіх соймікаў даволі часта сустракалася ўжо ў 70-я гады XVII ст., хоць паўсюднай гэта з’ява стала толькі ў гады панавання Аўгуста II. Канец яе надышоў толькі ў 1717 г., калі лімітацыя была канчаткова забаронена заканадаўча [44].

Пераклад Сяргея Петрыкевіча


The phenomenon of “the Limita” in Dietines of the Grand Duchy of Lithuania during the Reign of Jan III Sobieski

Robert Kołodziej

In the time of Jan III Sobieski, the role of the dietines (sejmiki) can be seen to increase. Dietines took over the powers in tax matters and for this reason, the nobility had to meet more often than before. Organizing all complex tax issues was complicated and took a long time. It was rarely possible to arrange everything in a single meeting and the nobility had to postpone many of them for a later. However, without a royal document (uniwersał), the nobility couldn’t organize a new dietine. It was often tough to obtain an uniwersał and for this reason, the nobility tried to deliberate without this document. In this way the phenomenon “a limita” had arisen, when the nobility postponed a dietine for a few weeks or months, and they met without a new uniwersał. “The limita” was widely used in the crown part of the Polish-Lithuanian Commonwealth, this article shows how popular such a solution was in Lithuania. Although much fewer sources have survived for the Grand Duchy of Lithuania, it can be seen that “the limita” was present at numerous dietines. This proves that the changes in the functioning of the dietines in Poland and Lithuania were similar.


[1] Адольф Павінскі адзначыў гэтую з’яву у сваёй класічнай працы пра польскія соймікі на прыкладзе соймікаў куяўскіх, хоць яе зараджэнне адносіў толькі на канец панавання Яна III, гл.: Pawiński A. Rządy sejmikowe w Polsce, 1572–1795: na tle stosunków województw kujawskich / oprac. i wstępem poprzedził H. Olszewski. Warszawa, 1978. S. 495.
[2] Siemieński J. Organizacja sejmiku ziemi dobrzyńskiej // Rozprawy Akademii Umiejętności. Wydział Historyczno-Filozoficzny. Seria II. T. XXIII. Kraków, 1906. S. 281–284; Śreniowski S. Organizacja sejmiku halickiego (Studia nad Historią Prawa Polskiego. T. XXVI. Z. 3). Lwów, 1938. S. 41.
[3] Olszewski H. Praktyka limitowania sejmików // Czasopismo Prawno-Historyczne. T. XIII. 1961. S. 33–55
[4] Kriegseisen W. Samorząd szlachecki w Małopolsce, 1669–1717. Warszawa, 1989. S. 44–49.
[5] Шырэй за ўсё пытанне лімітацыі закранаў Ежы Уладарчык: Włodarczyk J. Sejmiki łęczyckie. Łódź, 1973. S. 104–108.
[6] Olszewski H. Praktyka limitowania… S. 35.
[7] Так было, напрыклад, на лэнчыцкім сойміку, дзе шляхта лімітавала з’езд, прымеркаваны да пачатку кадэнцыі земскага суда, апраўдваючы гэта нізкай яўкай: Archiwum Główne Akt Dawnych (AGAD). Archiwum Radziwiłłów (AR). Dz. II. Sygn. 495. S. 1–3 (пастанова з’езда ў Лэнчыцы, 5 ліпеня 1606 г.). Аналагічныя захады мелі месца тады ж і на бэлзскім сойміку: Akta sejmikowe województwa bełskiego. Lata 1572–1655 / wyd. M. Zwierzykowski, R. Kołodziej. Kraków, 2020. S. 171–172 (упаўнаважанне шляхты Бэлзскага ваяводства, сабранай на судовыя “рокі”, дадзенае старасту для іх лімітавання, Бэлз, 19 кастрычніка 1605 г.).
[8] Olszewski H. Praktyka limitowania… S. 39.
[9] Rachuba A. Wielkie Księstwo Litewskie w systemie parlamentarnym Rzeczypospolitej w latach 1569–1763. Warszawa, 2002. S. 328.
[10] Zakrzewski A. Sejmiki Wielkiego Księstwa Litewskiego XVI–XVIII w. Ustrój i funkcjonowanie: sejmik trocki. Warszawa, 2000. S. 37.
[11] Konieczna D. Ustrój i funkcjonowanie sejmiku brzesko-litewskiego w latach 1565–1763. Warszawa, 2013. S. 36, przyp. 153, 154.
[12] Jurgaitis R. Vilniaus seimelio veikla 1717–1795 m. Kaunas, 2007. Гэта ж датычыць і аналізу дзейнасці полацкага сойміка, гл: Maцук A. Полацкае ваяводства ў XVIII ст.: ваявода, шляхецкая эліта, соймікі. Мінск, 2014. С. 91–93. Аўтара цікавілі, праўда, не столькі арганізацыйныя пытанні, колькі палітычныя справы.
[13] Такой магчымасці не выключаў А. Закшэўскі, гл.: Zakrzewski A. Sejmiki Wielkiego Księstwa Litewskiego… S. 38.
[14] Ibidem. S. 37
[15] Olszewski H. Sejm Rzeczypospolitej epoki oligarchii (1652–1763). Prawo – praktyka – teoria – programy // Idem. Sejm w dawnej Rzeczypospolitej. Ustrój i idee. T. 1. Poznań, 2002. S. 89, 92.
[16] Kiegseisen W. Samorząd szlachecki… S. 44.
[17] Для ілюстрацыі гэтага працэсу дастаткова прыгадаць, што чарговыя ўніверсалы на перадсоймавыя соймікі выдаваліся Янам III у лагеры на Збручы пад Чарнакозінцамі, у Жоўкве (два), Явараве, Стрыі, Золачаве, Памаранах і Варшаве, гл.: Kołodziej R. Ostatni wolności naszej klejnot. Sejm Rzeczypospolitej za panowania Jana III Sobieskiego. Poznań, 2014. S. 44, przyp. 185.
[18] Напрыклад, на рэляцыйным сойміку ў Віцебску ў 1685 г. мясцовы падсудак Юзаф Казімір Гурко склаў пратэстацыю, паколькі ва ўніверсале “не было вызначана месца сойміка”: Muzeum Narodowe w Krakowie. Rkps. 169. T. 7. S. 254 (дыярыуш Яна Антонія Храпавіцкага).
[19] Konieczna D. Ustrój i funkcjonowanie… S. 36.
[20] Archiwum Narodowe w Krakowie (ANKr). Archiwum Młynowskie Chodkiewiczów. Sygn. 128. S. 29–31 (І. Хадкевіч да Ю. К. Хадкевіча, Наваградак, 13 снежня 1688 г.).
[21] Rachuba A. Wielkie Księstwo Litewskie… S. 196.
[22] Національна бібліотека України ім. В. І. Вернадського у м. Київ (НБУВ). Інститут рукопису (ІР). Ф. І. Спр. 5985. Арк. 25–30 (пастанова віленскага рэляцыйнага сойміка, [28 траўня 1676 г.]); Biblioteka Narodowa w Warszawie. Biblioteka Ordynacji Zamoyskich. Rkps. 1809. T. 2. K. 781–781v (тое самае, копія). Паседжанні былі адкладзены з 2 да 28 траўня, г. зн. на 26 дзён.
[23] Акты Виленской археографической комиссии. Т. III. Вильна, 1870. С. 161 (пастанова берасцейскага сойміка, 9 траўня 1676 г.).
[24] НБУВ. ІР. Ф. І. Cпр. 5994. Арк. 10–10зв. (інструкцыя менскага рэляцыйнага сойміка, які прайшоў пасля каранацыйнага сойма, паслу да караля, менскаму стольніку Андрэю Касакоўскаму, 2 траўня 1676 г.).
[25] Соймік быў перанесены з 22 траўня на 2 чэрвеня 1676 г.: Vilniaus universiteto biblioteka. F. 7. Sign. 27, 31/14483. L. 534 (пастанова жамойцкага сойміка, 2 чэрвеня 1676 г.); Ibidem. L. 637v (інструкцыя жамойцкага сойміка паслам на сойм, 14 студзеня 1677 г.).
[26] AGAD. AR. Dz. V. Sygn. 10481/III. S. 234–236 (С. Незабітоўскі да N. [З. Морштына?], Ятра, 30 траўня 1677 г.).
[27] Lietuvos valstybės istorijos archyvas. F. 21. Aр. 1. B. 46. L. 362–365v (пастанова віленскага сойміка, 12 чэрвеня 1677 г.).
[28] Biblioteka Naukowa PAU i PAN w Krakowie. Rkps. 6121. K. 24–25v (пастанова пінскага сойміка, 26 траўня 1679 г.); Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (НГАБ). Ф. 1733. Воп. 1. Спр. 11. Арк. 294–295 (тое самае).
[29] НБУВ. ІР. Ф. I. Спр. 5994. Арк. 10–10зв. (інструкцыя менскага рэляцыйнага сойміка, які прайшоў пасля каранацыйнага сойма, паслу да караля, менскаму стольніку Андрэю Касакоўскаму, 2 траўня 1676 г.).
[30] Kołodziej R. Odpowiedzialność posłów przed wyborcami. Przykład sejmiku relacyjnego słonimskiego z 1677 r. // Najjaśniejsza Rzeczypospolita. Studia ofiarowane Profesorowi Andrzejowi Stroynowskiemu / red. M. Durbas. Częstochowa, 2019. S. 125.
[31] Biblioteka Jagiellońska w Krakowie (BJag). Rkps. 1151. K. 133 (“Звесткі з рэляцыйных соймікаў ВКЛ, якія прайшлі 28 ліпеня 1681 г.”).
[32] Ibidem.
[33] Biblioteka Zakładu Narodowego im. Ossolińskich we Wrocławiu (BOss). Rkps. 2439. S. 70–71v (інструкцыя паслам да караля з віцебскага “адкладнога” сойміка, 11 кастрычніка 1697 г.).
[34] ANKr. Zbiór Rusieckich. Sygn. 625. S. 47–54 (інструкцыя паслам Берасцейскага павета “да найсвятлейшага Аўгуста ІІ з сойміка limitationis”, 27 жніўня 1697 г.).
[35] BJag. Rkps. 1151. K. 133 (“Звесткі з рэляцыйных соймікаў ВКЛ, якія прайшлі 28 ліпеня 1681 г.”).
[36] Konieczna D. Ustrój i funkcjonowanie… S. 36.
[37] BOss. Rkps. 408. S. 119–121 (інструкцыя паслам Старадубскага павета з грамнічнага ex limitatione сойміка, які сабраўся 5 сакавіка 1697 г., да вялікага кароннага маршалка С. Г. Любамірскага, Вільня, 8 сакавіка 1697 г.); Sliesoriūnas G. Lietuvos Didžioji Kunigaikštystė vidaus karo išvakarėse: didikų grupuočių kova 1690–1697 metais. Vilnius, 2000. P. 221.
[38] Włodarczyk J. Sejmiki łęczyckie… S. 106.
[39] Rachuba A. Wielkie Księstwo Litewskie… S. 195.
[40] Biblioteka Naukowa PAU i PAN w Krakowie. Rkps. 6121. K. 26–27v (пастанова пінскага сойміка, 2 траўня 1679 г.); Ibidem. K. 28–29v (пастанова пінскага сойміка, 25 траўня 1679 г.). Тэксты пастановаў гл. таксама: НГАБ. Ф. 1733. Воп. 1. Спр. 11. Арк. 294–295, 322–323
[41] НБУВ. ІР. Ф. I. Спр. 5994. Арк. 10–10зв. (інструкцыя менскага рэляцыйнага сойміка, які прайшоў пасля каранацыйнага сойма, паслу да караля, менскаму стольніку Андрэю Касакоўскаму, 2 траўня 1676 г.).
[42] Kołodziej R. Sejm z 22 grudnia 1693 roku // Wieki Stare i Nowe. T. 10. 2016. S. 67.
[43] Zakrzewski A. Wielkie Księstwo Litewskie (XVI–XVIII w.). Prawo – ustrój – społeczeństwo. Warszawa, 2013. S. 98.
[44] Volumina legum. T. VI. Petersburg, 1860. S. 148–1

Наверх