БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

ASTROUSKAYA, TATSIANA. Cultural Dissent in Soviet Belarus (1968–1988). Intelligentsia, Samizdat and Nonconformist Discourses. Wiesbaden: Harrassowitz, 2019. XVI, 232 S., 14 Abb., 4 Diagr., 1 Kte., 5Tab. (Historische Belarus-Studien, 8)


У дысертацыі, абароненай у Грайфсвальдскім універсітэце, Таццяна Астроўская даследуе дысідэнцкі рух у культуры Савецкай Беларусі апошніх дзесяцігоддзяў яе існавання. У рамках гэтай працы яна разглядае творчы шлях такіх пісьменнікаў, як Васіль Быкаў, у больш шырокім кантэксце гісторыі інтэлігенцыі. Прыводзяцца прыклады нефармальных, паўфармальных і афіцыйных дыскусій сярод празаікаў, паэтаў, мастакоў і гісторыкаў. У якасці перадгісторыі аўтарка звяртаецца да гісторыі тэрыторый сучаснай Рэспублікі Беларусь у складзе Расійскай імперыі ды Рэспублікі Польшча, уключна з бальшавіцкай рэвалюцыяй. Асноўны прадмет даследавання – культурнае асяроддзе, у рамках якога праз неафіцыйныя забароненыя працы і публікацыі ў перыяд з 1968 да 1988 г. усталёўваліся важныя сувязі і пераадольваліся жорсткія межы цэнзуры, нягледзячы на ідэалагічны (сама-)кантроль. Разглядаючы дакументы з архіваў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Радыё Свабода ў Празе, архіваў Адкрытага Таварыства ў Будапешце і зборы прац самвыдату, апублікаваныя Цэнтрам Усходнееўрапейскіх Даследаванняў пры Брэменскім універсітэце, Таццяна Астроўская аналізуе дзейнасць аўтараў, якія балансавалі паміж канфармізмам і нонканфармізмам, працу пісьменнікаў, якія выкарыстоўвалі слова як асноўны сродак штодзённай камунікацыі для абмеркавання важных пытанняў па-за афіцыйным савецкім дыскурсам. Для азначэння тых дыскусій, цягам якіх адбывалася барацьба і мяняліся погляды або шукаўся кансэнсус, Астроўская выкарыстоўвае тэрмін “трэцяя прастора” (third space), уведзены Хомі Баба. У гэтай трэцяй прасторы, што існавала ў цені каланіяльнага былога і тагачасных каланіяльных рэалій, межы паміж дазволенымі і недазволенымі тэкстамі пачалі размывацца. Даследчыца звяртаецца да найбольш перыферыйных прыкладаў літаратуры савецкіх часоў і закранае гісторыю жыццёвага шляху аўтараў, амаль невядомых па-за беларускім акадэмічным літаратуразнаўствам.

Храналагічна даследаванне пачынаецца з 1968 г., з рэакцый на падзеі Пражскай вясны. 1988 год азначае сабой афіцыйнае ўсталяванне палітыкі галоснасці на XIX канферэнцыі КПСС і санкцыянаванае затым згортванне цэнзуры. У першым раздзеле разглядаюцца водгукі, якія з’явіліся праз некаторы час пасля ўварвання Чырвонай арміі ў Чэхаславакію. Наступны раздзел прысвечаны біяграфічным даследаванням і аналізу дзейнасці колаў маладых інтэлектуалаў. Пасля прыкладаў дзейнасці самвыдату даследаванне завяршаецца аналізам знешніх выклікаў. Такая структура дазваляе раскрыць феномен беларускага самвыдату ў храналагічным разрэзе. Аднак з-за абагульнення розных поглядаў на гэтую з’яву ў чытача можа скласціся ўражанне, што біяграфіі такіх цэнтральных фігур, як Васіль Быкаў, Уладзімір Караткевіч і Ларыса Геніюш, аўтар апісвае неяк асобна ад гісторыі самвыдату замест таго, каб выкарыстоўваць іх як прыклады ў гэтым кантэксце і дапаўняць імі раздзелы ўласнага даследавання. Акурат адрозненні паміж Быкавым, які належаў да афіцыйнага Саюза пісьменнікаў БССР і ўваходзіў у афіцыйныя рэдакцыі, Караткевічам, які працаваў ва ўласна абранай нішы, і Геніюш, асоба і творчасць якой былі маргіналізаваныя, адлюстроўваюць шырыню дысідэнцкага руху ў БССР.

Агульнай аргументацыі працы супярэчыць азначэнне антысемітызму і чарнобыльскай катастрофы як “знешніх выклікаў”. Дзяржаўная антысіянісцкая кампанія, што праводзілася ў СССР, як і наступствы Чарнобыля, не былі знешнімі падзеямі, а адбываліся ў той жа дзяржаве і ў тым жа грамадстве, у якім жылі і працавалі постаці, якія разглядаюцца ў працы Астроўскай. Гэтая супярэчнасць выяўляе і недахопы метадаў аналізу: канцэптуальнае рашэнне не выкарыстоўваць агульнасавецкі кантэкст для аналізу падзей 1968–1988 г. у БССР, а разглядаць Беларусь у рамках яе гісторыі, вядзе да памылковага ўражання пра Беларусь як кантынуітэт ідэй, дыскурсаў і дыскурсійных практык, які быццам існаваў у культурнай самастойнасці беларускамоўных жыхароў сённяшняй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Таццяна Астроўская пераканальна паказвае, што пытанне пра ролю беларускай мовы ўжо ў канцы 1950-х г. было рэакцыяй на ўрбанізацыю і індустрыялізацыю, якія завяршаліся пасля Другой сусветнай вайны. У гэтым кантэксце яна разглядае як афіцыйныя скаргі рэктара Гарадзенскага сельскагаспадарчага ўніверсітэта, якія прывялі да яго звальнення і далейшай ссылкі, так і прамовы Васіля Быкава на з’едзе Саюза пісьменнікаў БССР у чэрвені 1966 г. Сёння імя Браніслава Ржэўскага амаль невядома ў Горадні, чаго нельга сказаць пра прамову Быкава. Гэтую розніцу Таццяна Астроўская тлумачыць наступным чынам: згаданая вышэй прамова, якую Васіль Быкаў агучваў на беларускай мове, атрымала распаўсюд у копіях пісьмовага перакладу на рускую. Тут даследчыца падкрэслівае наяўнасць у СССР агульнай камунікацыйнай прасторы, асабліва ўзаемадзеянне пісьменнікаў Беларускай ССР з іх рускамоўнымі калегамі з РСФСР і Украінскай ССР. Думка пра агульнасавецкі кантэкст беларускага дыскурсу добра падмацоўваецца лістом да Міхаіла Гарбачова пра крытычны стан беларускай мовы ў БССР, які быў падпісаны 28 беларускімі інтэлектуальнымі дзеячамі. Як іранічна адзначыла аўтарка, Гарбачоў адрэагаваў на гэты ліст у адным інтэрв’ю ўкраінскаму тэлеканалу 8 снежня 1991 г.

На прыкладзе яркіх біяграфій Т. Астроўская паказвае, што пісанне па-беларуску і актыўныя звароты да дасавецкай гісторыі былі важнымі адказамі на савецкую рэчаіснасць, у якой у БССР цалкам панавалі расійскі і савецкія наратывы. У гэтым сэнсе савецкая культурная і нацыянальная палітыка паспрыяла ўзнікненню руху Адраджэння напрыканцы 1980-х гадоў. Тое істотнае, што аўтарка прапанавала для лепшага разумення згаданых працэсаў, гэта апісанне дыскурсіўных практык самвыдату як ранняй рэзананснай прасторы дыскусій (frühe Echokammer) – яны аказаліся папярэднікамі пазнейшых практык самаідэнтыфікавання. Застаецца толькі пагадзіцца з яе зыходнай тэзай пра тое, што Быкаў, Геніюш і шмат іншых істотна спрычыніліся да стварэння новага клімату ў грамадстве пад час перабудовы.

Астроўская пераканаўча паказала цэнтральную ролю савецкіх рэпрэсій для моўнага клімату пасляваеннага часу, прывёўшы тут у прыклад амаль самотніцкі лад жыцця Ларысы Геніюш у мястэчку Зэльва пасля вяртання з высылкі. Менш пераканаўча выглядае разгляд Другой сусветнай вайны як цэнтральнай тэмы для першага пасляваеннага пакалення пісьменнікаў. Як паспяховы прыклад тут прыводзіцца пошук Васілём Быкавым праўды пра супярэчнасці ваеннай рэчаіснасці, перажытыя ім як салдатам Чырвонай арміі. У працы, аднак, адсутнічае падрабязны аналіз нямецкай акупацыі і яе доўгатэрміновага ўплыву на моўную сітуацыю. Заўважаецца пэўная нераўнавага паміж аналізамі сістэмы ГУЛАГ як негатыўнага інтэлектуальнага фону дысідэнцтва, з аднаго боку, і радыкальнага нямецкага панавання на акупаванай савецкай тэрыторыі, з другога. Напрыклад, у працы прыводзіцца біяграфія Францішка Аляхновіча, які, дзякуючы абмену яго на Браніслава Тарашкевіча, змог пакінуць СССР і выдаць на польскай мове свой антыкамуністычны бестселер “У капцюрох ГПУ”. Але ў гэтай біяграфічнай нататцы не гаворыцца пра факт яго супрацоўніцтва з нямецкай акупацыйнай уладай, якая дазволіла пастаноўку яго п’есы на беларускай мове незадоўга да загадкавай смерці аўтара. Францішак Аляхновіч быў забіты ў 1944 г. і таму выпаў з хору беларускіх галасоў пасляваеннага часу. Яго біяграфія, аднак, адзначае цэнтральную праблему: беларуская нацыянальная інтэлігенцыя міжваеннага часу амаль цалкам страціла аўтарытэт маральнай інстанцыі ў БССР. З-за гэтага беларускамоўная дыяспара амаль не мела ўплыву на падзеі, якія адбываліся ў БССР, але ў працы пра гэта не гаворыцца. Названую праблему даследчыца абгрунтоўвае супрацьстаяннем з антынацыянальнай і антыграмадзянскай прапагандай у БССР.

У завяршальнай частцы Таццяна Астроўская прыводзіць чатыры розныя тыпы прадстаўнікоў інтэлігенцыі ў БССР, якія ўдзельнічалі ў дыскусіях пра статус беларускай мовы ў рэспубліцы. 1. Дзеячы культуры, якія працавалі ў савецкіх структурах і дзякуючы свайму прывілеяванаму становішчу, як Васіль Быкаў, мелі магчымасць працаваць у рамках крытычнага дыскурсу. 2. Дысідэнты, як, напрыклад, Міхась Чарняўскі, якія арыентаваліся на расійскіх дысідэнтаў і таму заявілі пра сябе больш моцна ў руска-савецкім кантэксце. 3. Прадстаўнікі руху Адраджэння, які пашыраўся яшчэ ў міжваенны перыяд. Іх творчасць існавала па-за межамі дзяржаўных літаратурных выдавецтваў, што парадаксальным чынам давала ім значна больш свабоды. Дом Ларысы Геніюш у Зэльве быў свайго кшталту пляцоўкай для крытычнай дыскусій унутры БССР. 4. Прадстаўнікі руху “Тутэйшых”, што ўзнік у канцы 1980-х г., многія з якіх, як Адам Глобус ці Ігар Бабкоў, працягнулі дыскусіі пра культурнае ды моўнае становішча Беларусі пасля 1990/1991 г.

У апошні перыяд існавання Савецкага Саюза ўзніклі такія платформы, як “Наша Ніва” і “Архэ”, якія сталі важнымі пляцоўкамі для дэбатаў. У другой частцы даследавання згадваюцца імёны дзеячоў, што ў рамках сваіх культурных пошукаў стварылі палітычную праграму: Зянон Пазьняк, які праявіў сябе як стваральнік праграмы, заснаванай на аналізе тагачаснага становішча БССР, і вядомы як адзін з галоўных стваральнікаў Партыі Беларускага Народнага Фронту; літаратуразнаўца Алесь Бяляцкі, які стварыў праваабарончую грамадскую арганізацыю “Вясна” і сам трапіў пад палітычны пераслед. Апошнія прыклады сведчаць, што сітуацыя ў пачатку ХХІ ст. з’яўляецца працягам сітуацыі 1980-х гадоў. І хоць тэндэнцыі ў медыя, унутранай палітыцы і геапалітыцы цяпер іншыя, практыкі нацыянальнага самасцвярджэння і патрабавання роўнага статусу для беларускай мовы, якія мелі месца ў БССР канца 1980-х г., аказалі значны ўплыў на фармаванне інтэлектуальнага клімату ў Рэспубліцы Беларусь. Далейшыя параўнанні пераконваюць, наколькі актуальная праца Таццяны Астроўскай: нефармальныя, паўфармальныя і афіцыйныя праявы дысідэнцтва розных прадстаўнікоў інтэлігенцыі пастаянна адбываліся ў адной прасторы Савецкага Саюза і яго палітычных практык. Цэнтралізаваная рэпрэсіўная сістэма і нонканфармісцкія погляды прадстаўнікоў дысідэнцкага руху і інтэлігенцыі існавалі не ў дзвюх асобных рэчаіснасцях, а былі ўзаемазвязаныя. Гэтая выснова дапамагае лепш зразумець сітуацыю ў сучаснай Рэспубліцы Беларусь.

Варшава

Фелікс Акерман

Наверх