Чарадзеі не паміраюць. Слова пра Адама Мальдзіса (1932–2022)
Прайшоў год пасля смерці славутага прафесара Адама Мальдзіса. Ёсць нагода памянуць яго добрым словам. Ніякі іншы вобраз не застаўся ў маёй памяці так яскрава, як ягоны. Каржакаваты, з густымі пасівелымі валасамі, учэпістымі пальцамі. То надоўга заміраў над кнігай ці тэкстам, то раптам ажыўляўся, аж калаціўся ад узбуджанасці і нешта даказваў. Любіў інтрыгі. Дэманстраваў здольнасць прадбачыць хаду падзей, а часам выдаваў ужо вядомае яму за прадбачлівасць. Унутраны голас падказвае мне, – гаварыў ён, – і тлумачыў, што канкрэтна. Каб падмацаваць сваё меркаванне, спасылаўся не на аўтарытэты, а на нейкія чуткі, якія даходзілі да яго не іначай, як ад чароўных духаў. Ён быў незвычайны. Ён быў чарадзей, і гэта пацвярджаюць і яго вобраз, і яго здольнасці, і яго справы.
Я меў асалоду працаваць з Мальдзісам у Скарынаўскім цэнтры – Нацыянальным навукова-асветным цэнтры імя Францішка Скарыны, які ён фактычна стварыў і ўзначальваў. Я ўспрымаў яго найперш як таленавітага навукоўца. Мяне заўсёды здзіўляла яго неверагодная працавітасць, выдатная памяць, абвостраная адказнасць, самаадданыя і самаахвярныя адносіны да навуковай працы. Вакол дырэктара існавала інтэлектуальнае поле вялікага напружання, якое натхняла на творчасць. З неверагоднай цярплівасцю корпаўся ён у старадруках, пакуль не дабіраўся да таямніц мінулага, і адкрытыя факты, як перліны, складваў у беларускую скарбонку. І хто б асмеліўся заявіць першым, каб не ён, што і ў XVII– XVIII ст. меліся здабыткі продкаў беларусаў. Скарынаўскі цэнтр атрымліваў перыядычныя выданні Беларусі і іншых краін. І ў Мальдзіса хапала цярплівасці, каб усе іх прачытаць і зрабіць неабходныя выразкі па кожнай краіне і кожнай тэме. Тэчкі з выразкамі перарасталі ў горы. Цяпер яны – важная крыніца для гісторыкаў. Такі руплівец беларускай справы з сувязямі па ўсім свеце не мог не мець упарадкаваныя архіў і бібліятэку. Толькі б захаваліся.
Мальдзіс быў блізкім і зразумелым мне навукоўцам, бо вывучаў гісторыю беларускай літаратуры да ўсталявання дыктатуры расійскіх бальшавікоў. Акрамя асабістага ўнёску ў вывучэнне гэтай тэмы, ён прымаў чынны ўдзел у напісанні акадэмічнай гісторыі беларускай літаратуры. Яго цікавілі не падзеі, а людзі, іх жыццё і творчасць. Агульную гісторыю Беларусі ён спецыяльна не вывучаў, але перачытваў усю беларускую гуманітарыстыку свайго часу, у тым ліку і кнігі гісторыкаў. Дарэчы, прапанову далучыцца да творчай групы па стварэнні Скарынаўскага цэнтра я атрымаў пасля публікацыі кнігі пра Мінск. Мальдзіс быў першым чытачом рукапісу майго “Нарыса гісторыі Беларусі (1795–2002)”. Не магу сказаць, што рэдактарам, бо не зрабіў ніводнай заўвагі, а толькі выправіў стыль і памылкі. Відаць, з-за сваёй сціпласці і тактоўнасці не хацеў навязваць свае меркаванні.
З геніем немагчыма сябраваць. Дастаткова было дзелавых кантактаў. Мальдзіс быў маім настаўнікам. Усім, хто меў магчымасць вучыцца ў Мальдзіса, вельмі шчасціла. Для пачынальнікаў у навуцы ён быў добразычлівым і карысным. Для таго меў мудрасць, без якой немагчыма стаць аўтарытэтным прафесарам. Ён не павучаў вучняў і калег, не навязваў сваіх поглядаў, а натхняў на творчую працу, скіроўваў на пошук новых крыніц, паказваў асабісты прыклад. Толькі нямногім удавалася дасягнуць яго ўзроўню. Творчае жыццё Мальдзіса працягваецца ў яго вучнях.
Акадэмічны вучоны высокага кшталту, ён умеў даходліва і займальна данесці свае навуковыя здабыткі да шырокага кола слухачоў і чытачоў. Гадзінамі прафесар мог расказваць пра творцаў XVII–XVIII ст., нібыта сам быў з імі асабіста знаёмы і ўдзельнічаў у іх прыгодах. А Мальдзісава майстэрства рабіць на аснове акадэмічных прац навукова-папулярныя кнігі для масавага чытача? Добры прыклад – “Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры XVIII стагоддзя: Нарысы быту і звычаяў” (Мінск, 1982), што падштурхнула і мяне напісаць навукова-папулярную кнігу пра Мінск. Да апошняга часу працоўнай дзейнасці прафесар папулярызаваў свае веды ў перыядычных выданнях.
Спіс адміністрацыйных пасад Мальдзіса сціплы: загадчык аддзела ў акадэмічным Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы, дырэктар Нацыянальнага навуковаасветнага цэнтра імя Скарыны, рэдактар газеты “Голас Радзімы”. Як адміністратар ён ніколі не ўжываў грубы прымус. Яго адміністратыўнае ўздзеянне трымалася на аўтарытэце. Не памятаю, каб у Скарынаўскім цэнтры нехта не выканаў заданне дырэктара, за выключэннем, хіба што, паэта Алега Бембеля, які сам быў чарадзеем. Не паслухацца Мальдзіса было немагчыма. Яго настолькі паважалі, а яго патрабаванні былі настолькі аргументаванымі, што з ім і спрачацца не было неабходнасці.
У 1991–1994 г., пасля распаду СССР, Скарынаўскі цэнтр стаў пляцоўкай постсавецкага адраджэння беларускай гуманітарнай навукі. Там квітнела скарыназнаўства. Быў запачаткаваны новы кірунак гуманістыкі – вывучэнне і пошук беларускай спадчыны за межамі Беларусі і выпрацавана праграма яе вяртання. Грунтоўна вывучалася гісторыя беларускай культуры. З мэтай папулярызацыі беларускіх каштоўнасцяў і дэсаветызацыі беларусаў распрацоўваўся навучальны курс “Беларусістыка”. У цэнтры пастаяннай увагі знаходзіліся беларуская бібліяграфія, біяграфістыка, тэрміналогія. Усе кірункі дзейнасці Скарынаўскага цэнтра падпарадкоўваліся практычным запатрабаванням умацавання суверэннасці Беларусі. Аднак з вяртаннем палітычнай залежнасці ад Расіі рабіць усё гэта станавілася цяжэй і цяжэй.
Яшчэ ў пачатку 1990-х Адам Мальдзіс адносіў сябе да “закамплексаванага пакалення” [1], але свежы подых з Захаду канчаткова, як мне ўяўляецца, вызваліў яго ад савецкай закамплексаванасці, якая і не магла быць моцнай ў асобы, што трымала ў галаве ўвесь сусвет даследчыкаў Беларусі. Мальдзіс быў адначасова і беларусам ХХ ст., і ліцвінам XVII–XVIII ст., як, напрыклад, Міцкевіч ці Скірмунт. Падыход з такіх пазіцый да беларускай літаратуры і культуры якраз і дазволіў яму шырэй за іншых апісаць і зразумець даўнюю і малавядомую культурную спадчыну Беларусі.
З сярэдзіны 1990-х г. Мальдзісу давялося працаваць пры прарасійскай уладзе, калі ўсё беларускае ганьбавалася. Мой дырэктар станавіўся для мяне менш зразумелым і нават загадкавым. Ён прыстасаваўся працягваць беларускую справу. Як яму гэта ўдавалася, і сёння цяжка вытлумачыць. Няўжо зноў ажыла савецкая закамплексаванасць? Але такога не павінна быць. Не, ён не прыстасоўваўся, а выкарыстоўваў ранейшы савецкі вопыт працы з камунізаваным начальствам. Ратаваў яго і міжнародны аўтарытэт. Улады цярпелі Мальдзіса, можа, найперш таму, што ён наладжваў масты з замежнымі краінамі. Інтэграцыя Беларусі ў сусветную эканоміку падкормлівала прарасійскі рэжым. Скарынаўскі цэнтр на чале з Мальдзісам стаў своеасаблівым Міністэрствам замежных гуманітарных спраў. А яго кіраўнік дэманстраваў неверагодныя дыпламатычныя здольнасці і рабіў вядомасць постсавецкай Беларусі ў свеце больш паспяхова, чым афіцыйныя дыпламаты. Створаная ім навуковая супольнасць – Міжнародная асацыяцыя беларусістаў (МАБ) – правяла ў 1991–2005 г. чатыры міжнародныя навуковыя кангрэсы і шэраг міжнародных навуковых канферэнцый. З яго падтрымкай было створана Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Пры актыўным удзеле супрацоўнікаў Скарынаўскага цэнтра на чале з Мальдзісам удалося наладзіць правядзенне з’ездаў беларусаў свету.
Матэрыялы міжнародных кангрэсаў МАБ і навуковых канферэнцый былі старанна адрэдагаваны і выдадзены Мальдзісам. Яны склалі 30-тамовую серыю “БеларусікаAlbaruthenica”. Ён быў ініцыятарам выдання і галоўным рэдактарам штомесячнага інфармацыйна-аналітычнага і культуралагічнага бюлетэня “Кантакты і дыялогі”. На працягу 1996–2002 г. выйшлі 82 нумары. Я ўваходзіў у склад рэдкалегіі і магу сведчыць, што канчатковае слова ў рэдагаванні было заўсёды за Мальдзісам. Неверагодная колькасць адрэдагаваных ім кніг, навуковых зборнікаў і часопісаў стала своеасаблівым помнікам яму і знакам памяці пра яго.
Мальдзіс пастаянна дэманстраваў рыцарскія, паважлівыя адносіны да жанчын. Большасць супрацоўнікаў Скарынаўскага цэнтра складалі жанчыны. Мальдзіс не ўхіляўся ад кілішка моцнага напою. Ва ўмовах яго жыцця гэта быў самы лёгкі і хуткі спосаб зняць тытанічную разумовую напружанасць. Культурная выпіўка дапамагала яму наладжваць кантакты з разумнымі і карыснымі для беларушчыны людзьмі.
Неверагодна, каб столькі зрабіў адзін чалавек для Беларусі. Аказалася, што яго супрацоўніцтва з прарасійскай уладай было апраўданым, карысным. Прыклад Мальдзіса сведчыць, што працаваць у імя вольнай Беларусі трэба пастаянна, нават пры чужой адміністрацыі. Так рабілі беларускія патрыёты і раней. Так рабілі патрыёты Польшчы і Літвы. Урэшце, у мяне няма ніякіх падстаў сумнявацца, што Мальдзіс быў беларускім чарадзеeм. Яго дух і сёння лунае над Беларуссю, дапамагае яе жыхарам стаць беларусамі, думаць па-беларуску, ахвярна працаваць на карысць Айчыны. Ён жыве ў нашай памяці. Чарадзеі не паміраюць.
Хайфа, снежань 2022 г.
Захар Шыбека
[1] Гл. размову Ю. Залозкі з А. Мальдзісам у 1992 г. https://belisrael.info/?p=29764 (доступ 15.ХІ.2022)