БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Памяці Янкі Запрудніка (1926–2022)

Выбітны дзеяч беларускай эміграцыі, гісторык, публіцыст і грамадскі актывіст Янка Запруднік быў адным з нешматлікіх навукоўцаў-беларусаў, што прафесійна займаліся гісторыяй пасля атрымання гістарычнай адукацыі ў Вольным Свеце. Спецыялізуючыся найперш у палітычнай гісторыі Беларусі мадэрнага і найноўшага часу, ён пакінуў значную апублікаваную спадчыну. Але кола яго зацікаўленняў сягала шырэй за гэтыя акрэсленыя тэмы, і ён жыва цікавіўся падзеямі ў Беларусі, культурніцкімі навінамі і дасягненнямі, а таксама рэлігійным жыццём сваёй Бацькаўшчыны.

Янка Запруднік (Ян Запруднік, імя пры народзінах Сяргей Вільчыцкі) з’явіўся на свет у мястэчку Міры ў сям’і настаўнікаў 9 жніўня 1926 г. У дзіцячыя гады на хлопца шмат паўплываў дзед, які меў кузню, вучыў касіць і араць, а яшчэ быў востра настроены супраць польскіх санацыйных уладаў і казаў унуку, што той, як маладзейшы, дачакаецца вольнай, самастойнай Беларусі. Бацькі-настаўнікі мелі ў хаце, акрамя абавязковых польскіх выданняў, добрую бібліятэку беларускіх кніг. У сям’і, дзе быў яшчэ малодшы брат Аркадзь, гутарылі па-беларуску і наагул мелі беларускую нацыянальную свядомасць. Бацькаў брат, Аляксандр Вільчыцкі, быў актыўным дзеячом Беларускай сялянска-работніцкай грамады, рэдактарам грамадоўскай газеты “Беларуская Справа”. Ён загінуў у часы сталінскіх рэпрэсій. У Міры хлопчык скончыў пачатковую школу. Ягоная сям’я пасля прыходу Саветаў была прызначана да вывазу на Усход, але дзякуючы памылцы міліцыянераў замест іх перад самым пачаткам савецка-нямецкай вайны вывезлі сям’ю бацькавага брата, што жыла побач. Праз пэўны час пасля пачатку вайны ў ваколіцах Міра пашырылася савецкая партызанская дзейнасць, і з часам супрацьстаянне партызанаў і сфармаванай немцамі беларускай паліцыі перарасло ў лакальную грамадзянскую вайну. Гэтая вайна, у час якой гінулі цэлыя сем’і разам са старымі, жанчынамі, малымі дзецьмі, дакументальна апісана ў кнізе брытанскага гісторыка Мартына Дына пра калабарацыю і Халакост у Беларусі і Украіне [1].

Пад час нямецкай акупацыі юнак вучыўся ў прагімназіі, а потым у гандлёвай школе ў Баранавічах, дзе далучыўся да Саюза беларускай моладзі (СБМ). У 1944 г. ён уступіў у дапаможную службу Люфтвафэ і перад самым канцом вайны быў пераведзены ў створаную з розных паасобных адзінак дывізію пад маркай СС, дзе насамрэч амаль не было добраахвотнікаў. У красавіку 1945 г. гэтая дывізія здалася ў палон амерыканцам. Калі пасля сканчэння баявых дзеянняў на абшары падзеленай на акупацыйныя зоны Германіі сталі стварацца лагеры для перамешчаных асобаў (ДП, ды-пі), хлопец далучыўся да беларускай грамады лагера Рэгенсбург. Каб зрабіць гэта, ён мусіў памяняць імя, бо ваеннапалонныя не дапускаліся да атрымання статусу ДП. У спісах насельнікаў лагера заставаліся імёны асобаў, якія ўжо выехалі з Германіі на працу ў Марока. Так Сяргей Вільчыцкі з Міра стаў Янкам Запруднікам з Вільні і захаваў новае імя праз далейшае жыццё.

У Рэгенсбургу Запруднік скончыў Беларускую гімназію імя Янкі Купалы, атрымаў атэстат аб сярэдняй адукацыі і думаў пра тое, дзе вучыцца далей. Ён пачаў пісаць, апублікаваў першыя вершы ў гімназічным часопісе “У выраі”, даваў зацемкі ў скаўцкія публікацыі. Як актыўны ўдзельнік скаўцкага руху, стаў сцяжным (кіраўніком сцягу – групы 100 чалавек) скаўтаў лагера Віндышбергердорф. Група нацыянальна вызначаных сяброў і аднадумцаў, якія марылі пра вольную Бацькаўшчыну, пастанавіла скарыстацца магчымасцю трапіць у Вялікабрытанію, калі пачаўся набор на працу ў шахтах, і пашырыць кансалідацыю беларускіх сіл. Так была створаная “Дванаццатка” – ядро моладзі, скіраванай на актыўную нацыянальную дзейнасць. Янка Запруднік стаў адным з найбольш актыўных сяброў “Дванаццаткі”. Калі з дапамогай прэзідэнта Рады БНР Міколы Абрамчыка былі здабыты стыпендыі для беларускай моладзі на вучобу ў Лювэнскім універсітэце ў Бельгіі, то ён з найбліжэйшымі сябрамі Паўлам Урбанам і Уладзімірам Цвіркам паступіў туды на гістарычны факультэт. Пад час вучобы ім шмат дапамагаў апякун беларусаў а. Роберт ван Кавэлярт. Там ладзіліся імпрэзы для беларускіх студэнтаў, чыталіся рэфераты з гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Тэма дыпломнай працы Янкі Запрудніка таксама тычылася ВКЛ. У Лювэне ён ажаніўся з Вольгай Харытончык, бацька якой быў удзельнікам Слуцкага збройнага чыну.

Пасля заканчэння ўніверсітэта ў 1954 г. Янка Запруднік пераехаў у Германію, у Мюнхен, дзе пачаў працу на Радыё Вызваленне, што пазней стала называцца Радыё Свабода. Ён рабіў аналіз інфармацыі пра падзеі ў Беларусі і Савецкім Саюзе, рыхтаваў перадачы пра культурнае і палітычнае жыццё беларусаў на чужыне і адначасна актыўна супрацоўнічаў у газеце “Бацькаўшчына”. У гэты час ён таксама браў чынны ўдзел у дзейнасці Рады БНР пад кіраўніцтвам Міколы Абрамчыка. У 1957 г. пераехаў у Злучаныя Штаты Амерыкі і стаў кіраўніком беларускай філіі Радыё Свабода ў Нью-Ёрку. Гэта было яго асноўнае месца працы аж да 1991 г. Разам з ім у Нью-Ёркскай рэдакцыі працавалі Наталля Арсеннева, Станіслаў Станкевіч, Антон Адамовіч, Ізыдар Плашчынскі, Вітаўт Кіпель, уладыка Васіль (Тамашчык), Андрэй Клёнаў, Яніна Каханоўсая. Запруднік працягваў публікавацца ў “Бацькаўшчыне” і ў газеце “Беларус”, часта друкуючы артыкулы на гістарычныя тэмы.

У канцы 1950-х гадоў Янка Запруднік вырашыў пра цягнуць гістарычныя штудыі, пачатыя ў свой час у Лювэнскім універсітэце. Плануючы напісаць дактарат па тэме, звязанай з найноўшай палітычнай гісторыяй Беларусі, ён звярнуўся да Міколы Абрамчыка з просьбай азнаёміцца з дакументамі Рады БНР, якія былі ў таго ў Парыжы. Спасылаючыся на розныя прычыны, адрасат усяляк адцягваў справу. У 1960 г. Янка Запруднік пачаў навучанне ў дактарантуры ў Нью-Ёркскім універсітэце (NYU) пад кіраўніцтвам прафесара Джозэфа Ліхтэна. Першапачатковай тэмай мелася быць “Беларусь у часе Першай сусветнай вайны (1914–1921)”, дзе асноўны фокус павінен быў быць скіраваны на падрыхтоўку і абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі, з разлікам на арыгінальныя дакументы з тых, што, як меркавалася, знаходзяцца сярод матэрыялаў у руках М. Абрамчыка. Але, не дачакаўшыся матэрыялаў ад Абрамчыка, Янка Запруднік памяняў тэму дысертацыі: ёю стала “Палітычнае змаганне за Беларусь у царскіх Дзяржаўных думах (1906–1917)” [2].

Сітуацыя ў 1906–1917 гадах уяўляла сабой больш-менш нармальнае паступовае развіццё нацыянальнага самаўсведамлення сярод беларускага насельніцтва, найперш праз пашырэнне агульнай адукацыі, рост цікавасці да фальклору і традыцый, нацыянальную выдавецкую дзейнасць, выступы тэатральных груп і самадзейныя тэат ральныя пастаноўкі. Беларусы бачылі падвышэнне нацыянальна-культурнай актыўнасці яўрэяў і палякаў, што міжволі наводзіла на пытанні пра ўласную культурную і нацыянальную тоеснасць. Да гэтага дадаліся захады мясцовых палітычных сіл, якія пачалі сваё развіццё, у тым ліку і ў толькі створаным парламенце Расійскай імперыі – Дзяржаўнай думе. Вынікі гэтага, хай самыя сціплыя, прывялі пазней да спробы стварэння адмысловай беларускай нацыянальнай дзяржавы, і ўжо з прычыны гэтага перыяд думскай актыўнасці, як увасабленне, канцэнтраваны выгляд нацыянальных працэсаў у Беларусі, мусіў бы быць колькасна і якасна вывучаны, але, на жаль, не атрымаў належнай увагі даследчыкаў ні на Бацькаўшчыне, ні па-за ёй.

Хоць напісанне дысертацыі зацягнулася, у верасні 1969 г. яна была абароненая, і Янка Запруднік стаў доктарам гістарычных навук. Артыкулы па матэрыялах сваіх доследаў ён публікаваў, між іншага, у “Запісах” БІНіМа і ў “The Journal of Byelorussian Studies”. Праз шмат гадоў ягоная дысертацыя была перакладзена на беларускую мову і выдадзена рэдакцыяй часопіса “АРХЭ”. У прадмове да беларускага выдання Янка Запруднік напісаў: “Універсальная заканамернасць развіцця сусветнага грамадства – рост нацыянальных дзяржаваў і крышталізацыя этнічнай самасвядомасці ва ўмовах свабоднага інфаабмену – зрабілі свой уплыў і на хаду падзей у Беларусі. Пасля спробаў з усходу праглынуць яе і намаганняў з захаду «пераварыць» яе, у сутыку двух узаемна антаганістычных нацыяналізмаў нарадзіўся трэці – мясцовы, айчынны, больш маральны, бо не захопніцкі, як суседнія з усходу і захаду” [3].

Наагул, хоць глабальная сітуацыя за сто гадоў памянялася, аргументы апанентаў беларускай незалежнасці і беларускай нацыянальнай культуры за стагоддзе бадай не змяніліся, і таму, каб разумець сэнс іх непрыняцця беларускасці і супрацьстаяць ім, актуальна вывучаць і аналізаваць тыя ідэі й аргументацыю, якія высоўвалі прарасійскія сілы ў Беларусі на пачатку мінулага стагоддзя, у тым ліку і з трыбуны тагачаснай Дзяржаўнай думы.

У 1967–1976 г. Янка Запруднік чытаў курсы з гісторыі Беларусі ў Куынз-каледжы Гарадскога ўніверсітэта Нью-Ёрка (Queens College – CUNY), а таксама чытаў курсы і праводзіў семінары ў Калумбійскім універсітэце і ў Ратгерскім універсітэце (Нью-Джэрсі).

Ад самага заснавання Беларускага Інстытута Навукі й Мастацтва Янка Запруднік быў чынным яго сябрам, браў актыўны ўдзел у ладжаных БІНіМам імпрэзах і канферэнцыях і, як ужо адзначалася, публікаваў артыкулы на старонках часопіса гэтай галоўнай інтэлектуальнай установы беларусаў Паўночнай Амерыкі. Як сябар управы ён падтрымліваў і прапаноўваў разнастайныя праекты для інстытута, асабліва выдавецкую серыю, напрыклад, “Ангельска-беларускі слоўнік” В. Пашкевіч, ды шмат іншых выданняў. Ён з’яўляўся таксама актыўным аўтарам газеты “Беларус”, а ў 1981–1995 г. быў яе галоўным рэдактарам.

Янка Запруднік таксама быў ахвярным грамадскім актывістам, пачынаючы яшчэ ад часоў сяброўства ў СБМ на Бацькаўшчыне, у скаўтынгу і грамадскай дзейнасці ў Германіі, Вялікабрытаніі і Бельгіі. Ён уваходзіў у кіраўніцтва Беларуска-амерыканскага задзіночання (БАЗА), у прэзідыум Рады БНР, ва ўправу Беларускай фундацыі Крэчаўскага. Таксама ён быў сябрам Асацыяцыі славістыкі і вывучэння нацыянальнасцяў, браў удзел у такіх важных імпрэзах, як канферэнцыя па нацыянальнасцях Савецкага Саюза ў Гараўгэйт, Англія (1990) і канферэнцыі ў Рыме пяці народаў – нашчадкаў Вялікага Княства Літоўскага (“Рым-І”, 1991). Запруднік з’яўляўся таксама сябрам Украінскай вольнай акадэміі навук у Нью-Ёрку.

Пасля доўгага расстання з Бацькаўшчынай у 1991 г. Янка Запруднік наведаў Беларусь і ўзяў удзел у Першым міжнародным кангрэсе беларусістаў у Мінску. Пасля гэтага ён рэгулярна прыязджаў на радзіму. Быў сябрам Вялікай рады Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Разам з жонкай Надзеяй Запруднік фінансава падтрымліваў культурніцкія ўстановы і праекты, а таксама дапамагаў індывідуальным асобам у Беларусі, у тым ліку маладым навукоўцам. Па даручэнні БІНіМа Янка Запруднік перадаў у Беларускі дзяржаўны музей Янкі Купалы адзін з аўтографаў класіка беларускай літаратуры, што захоўваўся ў інстытуце.

Янка Запруднік пісаў пад наступнымі псеўданімамі і крыптанімамі: Я. З., З., Сяргей Ясень, С. Ясень, С. Я., Аркадзь Будзіч, А. Б., Арсень Загорны, А. З., Рыгор (Ягор) Ліцьвін, Р. Л., Т. Смаленскі, М. Беластоцкі. Ён аўтар некалькіх дзясяткаў кніг і брашур, сотняў артыкулаў па гісторыі Беларусі. Сярод іншага выдаў кнігі: “Паўстаньне на Беларусі 1863 года: «Мужыцкая Праўда» і «Лісты з-пад шыбеніцы» = The 1863 uprising in Byelorussia: «Peasants’ Truth» and «Letters from beneath the Gallows» / тэксты і камэнтарыі” (Нью-Ёрк, 1980; разам з Т. Бэрдам); “Belarus: At Crossroads in history” (Westview Press, 1993), беларускамоўная версія гэтай працы – “Беларусь на гістарычных скрыжаваньнях” (Мінск, 1996); “Historical dictionary of Belarus” (Lanham, 1998; разам з В. Сіліцкім – 2007); “Дванаццатка: Дакумэнтальная аповесьць пра дванаццацёх беларускіх хлапцоў у Нямеччыне, Вялікабрытаніі і Бэльгіі (1946–1957 гг.)” (Нью-Ёрк – Беласток, 2002); “Беларускія фэстывалі і выстаўкі ў Нью Джэрсі: палітычная інфармацыя моваю мастацтва (1948–2011)” (Нью-Ёрк, 2013); “Па гарачых слядах мінуўшчыны: Мае лісты 1952– 1959 гг.: Універсітэт у Бельгіі, газета «Бацькаўшчына», радыё Вызваленне / Свабода ў Мюнхене і Нью-Ёрку” (Мінск, 2015); “Берагу майго зарніцы: паэзія (1946–2017): дзённік (1949–1954)” (Мінск, 2017) [4].

Аўтарству Запрудніка належыць велізарная колькасць артыкулаў, крытычных аглядаў, зацемак і інш. Апублікаваная бібліяграфія ягоных публікацый займае каля 500 пазіцый і, па словах сп. Вітаўта Кіпеля, далёка не поўная [5].

Янка Запруднік аддаваў належную ўвагу архівам, разумеў і цаніў іх важнасць у захаванні для нашчадкаў гісторыі народа і гісторыі эміграцыі. Ён перадаў матэрыялы са свайго архіва ў Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва ў Мінску, а таксама ў Беларускую фундацыю Крачэўскага (Нью-Ёрк), і ў Бібліятэку Аляксандара пры Ратгерскім універсітэце (Нью-Джэрсі). Як зацяты кніжнік, Янка Запруднік сабраў вялізную калек цыю па беларусіцы і потым перадаў яе ў Ратгерскі ўніверсітэт, дзе яна захоўваецца як асобны сегмент пад назвай The Zaprudnik Belarusica Collection [6]. Паасобныя друкаваныя матэрыялы перададзены ім у Нью-Ёркскую публічную бібліятэку і ў Цэнтр вывучэння іміграцыі ў Мінесоце.

Янка Запруднік быў адданым вернікам і сябрам беларускіх праваслаўных парафій у Нью-Джэрсі, а таксама дапамагаў цэрквам у Беларусі. Ён быў сціплым, інтэлігентным і абавязковым чалавекам, асобай тактоўнай і дыпламатычнай, але разам з тым – прынцыповай і да канца аддадзенай справе, пра якую неяк сказаў: “Высокія будынкі робяцца з дробнай цэглы. Вялікія гістарычныя падзеі, калі на іх прыходзіць час, вырастаюць з грунту малых канкрэтных учынкаў, якія чалавек бярэцца выканаць асабіста й дабраахвотна. Шэрасьць і будзённасьць гэтае штодзённае беларускае працы не абніжае ейнае высокае маральнае вартасьці, бо кожны канкрэтны грамадскі акт, якім бы нязначным ён ні здаваўся, мае таксама значаньне гістарычнае: яго асьвятляе Акт 25 Сакавіка, сьветлая ідэя Вольнае Беларусі” [7].

Янка Запруднік быў сапраўдным, перакананым беларускім патрыётам. Ён застанецца ўзорам для тых, хто ведаў яго і захавае памяць пра яго.

Нью-Ёрк

Віталь Зайка


[1] Dean M. Collaboration in the Holocaust: Crimes of the Local Police in Belorussia and Ukraine, 1941–44. New York, St. Martin Press, 2000.
[2] Запруднік Я. Да загадкі дзяржаўнага архіву БНР у Міколы Абрамчыка // Запісы БІНіМ. Т. 32. Нью-Ёрк – Мінск, 2009. С. 454.
[3] Запруднік Я. Палітычнае змаганьне за Беларусь у царскіх Дзяржаўных Думах (1906–1917), Прадмова да беларускага чытача // АРХЭ. 2009. №1-2.
[4] In Memoriam: Др. Янка Запруднік (1926–2022) // Запісы БІНіМ. Т. 42. 2022. С. 10–11.
[5] Бібліяграфія Янкі Запрудніка // Запісы БІНіМ. Т. 30. 2006. С. 10–48.
[6] Кіпель В. Беларусы ў ЗША. Мінск, 2020. С. 534.
[7] Запруднік Я. Гістарычнасьць будзённага. Слова на сьвяткаваньні ў Нью-Ёрку ў сакавіку 1979 г. 61-х угодкаў абвяшчэньня незалежнасьці БНР // Запісы БІНіМ. Т. 30.

Наверх