БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Рыгор Маеўскі. Парадоксы акадэмічнага пяцітомніка па гісторыі беларускай дзяржаўнасці*

Гісторыя дзяржаўнасці – невычэрпная крыніца ведаў.

Аляксандр Каваленя

У 2004 г. да кіраўніцтва Інстытутам гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі прыйшла новая на той час каманда, якая амаль цалкам складалася з выкладчыкаў кафедры айчыннай і сусветнай гісторыі (былой кафедры гісторыі КПСС) Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта (БДПУ). Загадчык кафедры прафесар Аляксандр Каваленя (з 2014 г. член-карэспандэнт, з 2021 г. акадэмік НАНБ) стаў дырэктарам інстытута, а іншыя яе супрацоўнікі атрымалі пасады намесніка дырэктара па навуцы, вучонага сакратара і кіраўнікоў некаторых падраздзяленняў. Паколькі менавіта гэтая брыгада топ-менеджараў інстытута кіравала падрыхтоўкай і прасоўваннем у друк рэцэнзаванага выдання, варта адзначыць, скажам так, спецыфічнасць некаторых яе навуковых установак. Так, хутка асвоіўшыся ў новым статусе і ў новых кабінетах, нядаўнія выкладчыкі БДПУ самым рашучым чынам запатэнтавалі для сябе эксклюзіўнае месца ў беларускай гістарычнай навуцы… ды і на планеце Зямля наогул. Адзін з найбольш актыўных членаў каманды, Мікалай Смяховіч, якому (як можна зразумець) адводзіцца роля кшталту яе “ідэолага” і “метадолага”, з прываблівай непасрэднасцю абвясціў: “Стан гістарычнай навукі вызначаецца найперш наасфернай яе часткай, якую прадстаўляе Інстытут гісторыі” (!) [1]. Наасфера, як вядома, – гэта сфера розуму, адзіным носьбітам якога сучасная навука прызнае людскую супольнасць, чалавецтва. Такім чынам, паводле сп. Смяховіча, з ліку беларускіх гісторыкаў разумнымі істотамі і складовай часткай чалавецтва з’яўляюцца толькі супрацоўнікі акадэмічнага інстытута. Стрыжнёвым кірункам, “галоўным праблемным полем” айчыннай гістарычнай навукі і “невычэрпнай крыніцай ведаў” новае кіраўніцтва наасфернага інстытута абвясціла гісторыю беларускай дзяржаўнасці [2]. Зыходзячы з такога прыярытэту, Інстытут гісторыі НАНБ да 2020 г. правёў па гэтай тэме мноства навуковых канферэнцый, семінараў і сімпозіумаў [3], а таксама выдаў тры аб’ёмныя кнігі падагульняльнага характару, якія, зрэшты, ў значнай ступені дублююць адна адну [4]. Такая арганізацыйная і выдавецкая актыўнасць, відавочна, была б немагчымай, калі б не здольнасці былой педуніверсітэцкай каманды, што ў адначассе стала акадэмічнай, па некалькі разоў вывуджваць з дзяржаўнага бюджэту належныя сумы на распрацоўку фактычна адной і той жа тэмы. З іншага боку, дзякуючы такім талентам новых адміністратараў ствараліся надзвычай спрыяльныя ўмовы для даследавання дадзенай праблематыкі, бо калектыў інстытута атрымаў магчымасць правесці нібы шэраг “рэпетыцый” ці “трэніровак” па вывучэнні гісторыі дзяржаўнасці, апублікаваць некалькі “чарнавых” варыянтаў, перш чым прыступіць да прэзентацыі ў 2018–2020 г. вынікаў сваіх штудый у “чыставым” выглядзе – у фармаце пяцітомніка “История белорусской государственности”.

Варта таксама адзначыць, што над пяцітомнікам працавалі, паводле нашых падлікаў, 77 аўтараў (з іх як мінімум 21 доктар гістарычных навук) і рэдакцыйная калегія ў складзе 16–18 чалавек (з іх 11–14 – дактары гістарычных навук, у т. л. адзін акадэмік і адзін член-карэспандэнт НАНБ). Гэта пераважна супрацоўнікі акадэмічнага Інстытута гісторыі, а таксама выкладчыкі некаторых універсітэтаў, галоўным чынам БДПУ. Гэта значыць, у праекце былі задзейнічаны многія вядучыя айчынныя спецыялісты ў галіне гісторыі Беларусі. Такі моцны аўтарскі калектыў, здавалася б, павінен быў стаць яшчэ адной зарукай поспеху ў рэалізацыі праекта.

Як жа былі выкарыстаны яго ініцыятарамі і кіраўнікамі гэтыя на рэдкасць дабратворныя перадумовы і чыннікі?

Перш за ўсё мусім заўважыць, што, нягледзячы на вялікі аб’ём выдання, у ім не знайшлося дастатковага месца для сістэмнага выкладання метадалагічных і канцэптуальных асноў даследавання, хоць гэтыя асновы кардынальна разыходзяцца з поглядамі, найбольш пашыранымі ў навуцы і масавай свядомасці, у тым ліку, без сумневу, і з уяўленнямі абсалютнай большасці патэнцыйных чытачоў выдання. Аднак гэтая акалічнасць у пяцітомніку выразна не прагаворваецца. Асобныя выкладкі тэарэтыка-метадалагічнага кшталту рассыпаны ў розных яго частках, і для больш-менш поўнага ўразумення тэарэтычных падвалін калектыўнай працы чытачу трэба прыкладаць немалыя высілкі, у тым ліку звяртацца да іншых публікацый яе аўтараў – галоўным чынам да артыкулаў таго ж М. Смяховіча.

Тэарэтыка-метадалагічным фундаментам даследавання выступае т. зв. “новая дэфініцыя” дзяржаўнасці, народжаная на свет у Інстытуце гісторыі НАНБ. У шматлікіх тэкстах М. Смяховіча сцвярджаецца і прапагандуецца наступнае азначэнне феномена, які з’яўляецца прадметам вывучэння аўтарскага калектыву: “Дзяржаўнасць – гэта права этнанацыянальнай супольнасці, патэнцыйная здольнасць і магчымасць яе нацыянальнай эліты (палітычнай, эканамічнай, навуковай, культурнай) да працяглага самастойнага гістарычнага існавання і развіцця” [5]. Крыху іншымі словамі гэтая дэфініцыя паўторана і ва ўводзінах да пяцітомніка: “Мы разглядаем дзяржаўнасць як унутраную патэнцыйную здольнасць этнанацыянальнай супольнасці і яе эліты, што забяспечвае права і магчымасць працяглага самастойнага гістарычнага існавання і развіцця” (1: 6).

Пры гэтым падкрэсліваецца, што формы ўвасаблення дзяржаўнасці (канкрэтныя дзяржаўныя ўтварэнні) могуць змяняцца, эвалюцыянаваць, “але сама дзяржаўнасць заўсёды застаецца нязменнай” (?!); “яна не можа бясследна знікнуць (?!), яна можа толькі змяніць форму палітычнага быцця свайго носьбіта” [6].

Такім чынам, сутнаснымі атрыбутамі дзяржаўнасці і індыкатарамі яе наяўнасці выступаюць “унутраная патэнцыйная здольнасць”, “права” і “магчымасць”, іманентныя пэўнай этнанацыянальнай супольнасці. Такое нязвыклае сэнсавае напаўненне базавага канцэпту даследавання выклікае цэлы веер пытанняў, на якія рэцэнзент не здолеў знайсці ўцямных адказаў ні ў пяцітомніку, ні ў суправаджальных публікацыях тэарэтыкаў і кіраўнікоў праекта.

Напрыклад: як, паводле якіх прыкмет і крытэрыяў вымераць “здольнасць” (а тым больш “патэнцыйную здольнасць”) супольнасці да існавання і развіцця? Пры поўным маўчанні наконт гэтага аўтараў дэфініцыі рызыкнем дапусціць, што адзіным паказчыкам наяўнасці такога дару з’яўляецца сам факт “працяглага” існавання супольнасці. Але ў такім разе давядзецца прызнаць, што феномен дзяржаўнасці ў роўнай ступені ўласцівы як высокацывілізаваным грамадствам, так і варварскім народам ранняга Сярэднявечча і Старажытнага часу ды нават прымітыўным першабытным плямёнам каменнага веку – прынамсі, тым, якія існавалі ці існуюць адносна працяглы час. (Зрэшты, падобна, што аўтары і рэдактары пяцітомніка так і лічаць, пра што размова ніжэй.)

Наступнае пытанне: “права” на працяглае самастойнае гістарычнае існаванне і развіццё прызнаецца за ўсімі этнанацыянальнымі супольнасцямі ад моманту іх фармавання ці гэтую прывілею за нейкія заслугі атрымліваюць толькі некаторыя з іх? Калі слушна другое, то хто павінен надаць супольнасці ці прызнаць за ёю такое права: яна сама, іншыя падобныя супольнасці, Арганізацыя Аб’яднаных Нацый ці нехта яшчэ?

Нарэшце, “магчымасць” рэалізацыі права супольнасці на існаванне і развіццё залежыць, паводле М. Смяховіча, ад канкрэтна-гістарычных сітуацый [7]. Гэта, мабыць, трэба разумець так, што адны сітуацыі могуць спрыяць узнікненню і захаванню дзяржаўнасці, іншыя – не. Атрымліваецца, што дзяржаўнасць можа як утварацца, так і знікаць. Значыць, гісторыя дзяржаўнасці выступае як перарывісты, дыскрэтны працэс. Але як у такім разе з гэтым спалучаецца працытаваны вышэй пастулат аб непарыўнасці і заўсёднай нязменнасці феномена дзяржаўнасці?

Але, бадай, самае дзівоснае ў такой дэфініцыі дзяржаўнасці палягае ў тым, што ў ёй ніяк не асэнсоўваецца і нават не згадваецца само паняцце “дзяржава” як палітычна-тэрытарыяльная арганізацыя грамадства. Атрымліваецца, што “дзяржаўнасць” і “дзяржава” – гэта зусім розныя рэчы. І сапраўды, М. Смяховіч неаднаразова так і заяўляе: маўляў, уяўленні аб дзяржаве і дзяржаўнасці як сутнасна адзіных паняццях непрымальныя, паміж гэтымі феноменамі існуе прынцыповае адрозненне, таму трэба адыйсці ад іх традыцыйнага атаясамлення [8].

Нам прапануецца лічыць, што дзяржавы – гэта ўсяго толькі мінучыя формы канкрэтна-гістарычнага ўвасаблення такой фундаментальнай і, мяркуючы па ўсім, вечнай з’явы, як дзяржаўнасць. Канкрэтныя дзяржаўныя ўтварэнні могуць развівацца ці занепадаць, змяняць адно аднаго, але сама дзяржаўнасць (працытуем гэтую непераўзыдзеную думку яшчэ раз) “заўсёды застаецца нязменнай” [9]. Адсюль вынікае, што этнанацыянальная супольнасць у пэўны адрэзак часу можа не мець уласнай дзяржаўнай арганізацыі (у дадзяржаўны перыяд, у выніку страты сваёй дзяржавы), але гэта не абавязкова азначае адсутнасць у яе дзяржаўнасці, калі яна валодае здольнасцю, правам і магчымасцю да “самастойнага гістарычнага існавання і развіцця”.

Як бачым, прапанаваная дэфініцыя разглядае дзяржаўнасць як штосьці неінстытуцыяванае, як нейкі спрадвечны і нязменны інстынкт, волю пэўнага народа да жыцця. Такую няўлоўную, эфемерную субстанцыю без канкрэтна-прадметных характарыстык практычна немагчыма апісаць у навуковых катэгорыях. І вось гэтая містыка выкарыстоўваецца М. Смяховічам як падстава для выхвалянняў, што яму ўдалося “ўпершыню ў гісторыі сусветнай сацыягуманітарнай навуковай думкі надзяліць дэфініцыю «дзяржаўнасць» новым сутнасна-сэнсавым зместам” [10]. Нельга не падзівіцца такой самаўпэўненасці М. Смяховіча і яго паплечнікаў. “Скажам прама, – з такой жа непасрэднасцю піша ён у іншым месцы, – у канцы XVIII ст. французы адкрылі паняцце «нацыя», а ў пачатку XXI ст. беларусы адкрылі паняцце «дзяржаўнасць»” [11]. Гэтае сенсацыйнае паведамленне можна зразумець толькі так, што сусветная навуковая думка да гэтага не ведала і не выкарыстоўвала паняцце “дзяржаўнасць”.

Вельмі не хацелася б засмучаць аўтараў з Інстытута гісторыі, але ж прызнаць за імі прыярытэт адкрыцця паняцця “дзяржаўнасць” ніяк не атрымліваецца. Хоць бы таму, што гэтае паняцце выкарыстоўваецца ў навуцы ўжо сама позняе з XVI ст., калі яго ўжыў Жан Бадэн у кнізе “Метад лёгкага пазнання гісторыі” (1566) [12]. Пра “сучасную дзяржаўнасць” і “будучую дзяржаўнасць камуністычнага грамадства” пісаў у “Крытыцы Гоцкай праграмы” (1875) Карл Маркс [13].

У расійскай дарэвалюцыйнай традыцыі канцэптам “дзяржаўнасць” карысталіся тэарэтык рускага анархізму Міхаіл Бакунін [14], кансерватары-манархісты Васіль Каткоў [15] і Леў Ціхаміраў [16], філосаф і рэлігійны дзеяч Сямён Франк [17], іншыя вучоныя і публіцысты.

Катэгорыя “дзяржаўнасць” не была чужой і для беларускага нацыянальнага дыскурсу. Звяртаючыся да гісторыі Вялікага Княства Літоўскага эпохі Вітаўта, газета “Наша Ніва” пісала ў 1910 г.: “Тады было яшчэ Літоўска-Беларускае гасударство, была свая «гасударственнасць», свая культура” [18]. У публікацыях Антона Луцкевіча знаходзім паняцці “польская дзяржаўнасць”, “руская дзяржаўнасць”, “дзяржаўнасць беларусаў”, “беларуская дзяржаўнасць” [19]. Неаднаразова выкарыстоўваў гэтую катэгорыю (у двух лексічных варыянтах – “гасударственнасць” і “дзяржаўнасць”) Вацлаў Ластоўскі [20]. Нарэшце, нельга не прыгадаць знакамітую брашуру Мітрафана Доўнара-Запольскага “Асновы дзяржаўнасці Беларусі” (1918), у якой канцэпт “дзяржаўнасць” асэнсоўваецца скрозь прызму беларускай гісторыі [21].

У савецкі час катэгорыя “дзяржаўнасць” увасобілася ў формулы “сацыялістычная дзяржаўнасць”, “нацыянальная савецкая дзяржаўнасць”, “нацыянальная дзяржаўнасць народаў СССР”, што знайшло адлюстраванне як у навуковых публікацыях, так і ў афіцыйных палітычна-ідэалагічных дакументах, у т. л. у праграме КПСС 1961 г. [22]. Тагачаснае семантычнае напаўненне тэрміна “дзяржаўнасць” было рэзюмавана ў адпаведным артыкуле “Большой советской энциклопедии” (1972) [23]. Ёсць гэты тэрмін і ў класічным слоўніку рускай мовы Сяргея Ожагава [24].

На фоне пададзеных фактаў прыўлашчванне М. Смяховічам пальмы першынства ў адкрыцці паняцця “дзяржаўнасць” выглядае проста ашаламляльна. Але, быць можа, мы ўсё ж няправільна зразумелі знакамітага айчыннага адмыслоўца ў галіне тэорыі і метадалогіі гісторыі? Магчыма, кажучы пра адкрыццё канцэпту “дзяржаўнасць” беларусамі ў пачатку ХХІ ст., ён меў на ўвазе менавіта тое, што да гэтага моманту мысляры і даследчыкі, блукаючы ў поцемках, “не аддзялялі паняцце «дзяржаўнасць» ад паняцця «дзяржава»” [25], што ў навуковай літаратуры “трактоўка дэфініцый «дзяржава» і «дзяржаўнасць» была ідэнтычнай” [26], і толькі, маўляў, сучасныя служкі Кліа з Нацыянальнай акадэміі навук “упершыню ў гісторыі сусветнай гуманітарнай навуковай думкі” [27] расставілі ў гэтым пытанні ўсе кропкі над “і” – устанавілі і сцвердзілі, што паняцці “дзяржава” і “дзяржаўнасць” па сваім прадмеце не супадаюць, чым здзейснілі “важнае навуковае адкрыццё” [28].

Зноў жа не хацелася б нікога расчароўваць, але і ў гэтым сэнсе М. Смяховіч з паплечнікамі ніяк не цягнуць на ролю піянераў-першапраходцаў. Бо спробы канцэптуалізацыі, тэрміналагічнай прапрацоўкі катэгорыі “дзяржаўнасць” як асобнай, не тоеснай паняццю “дзяржава” (хоць і сутнасна з ім звязанай) ажыццяўляюцца мыслярамі розных краін ужо не адно дзесяцігоддзе.

Яшчэ ў 1968 г. брытанска-амерыканскі вучоны Джон Пітэр Нэтл поруч з ранейшым паняццем “statehood” (якое ён трактаваў як статуснасць – знешняе і ўнутранае прызнанне наяўнай дзяржавы і рэжыму) увёў у навуковы ўжытак паняцце “stateness”(пад якім разумеў эфектыўнасць дзяржавы, яе здольнасць забяспечваць працэс прыняцця і рэалізацыі абавязковых для выканання рашэнняў на сваёй тэрыторыі і цыркуляцыю грамадскіх даброт). Пры гэтым у логіцы Дж. П. Нэтла дзяржава – не легіслатура, не бюракратыя, не ўрад, а тэрытарыяльны ахоп і пранікненне дзяржаўнай улады. Такі падыход дазваляе вылучыць розныя ўзроўні дзяржаўнасці і дыферэнцыяваць ступень уплыву яе кампанентаў у тых ці іншых грамадствах: укаранёныя традыцыі дзяржаўнасці, высокая (нізкая) ступень дзяржаўнасці, узровень дзеяздольнасці дзяржавы, які вар’іруецца (павышаецца або паніжаецца) і г. д. [29].

Пасля Дж. П. Нэтла тэму дзяржаўнасці як функцыянальнага стану дзяржавы (stateness) распрацоўвалі Чарльз Цілі, Стэфана Барталіні, Фрэнсіс Фукуяма і іншыя палітолагі [30].

Амерыканскія вучоныя Хуан Лінц і Альфрэд Стэпан разумелі дзяржаўнасць як стан прызнання грамадзянамі прыналежнасці да сваёй дзяржавы, сувязі з ёй [31].

Абапіраючыся на тэарэтычныя палажэнні заходніх даследчыкаў, спецыялісты Маскоўскага дзяржаўнага інстытута міжнародных адносін (універсітэта) на пачатку 2000-х г. распрацавалі метад разліку “індэкса дзяржаўнасці” (па 10-бальнай шкале) шляхам сінтэзу шэрагу палітычных і эканамічных паказчыкаў. Гэта дазволіла вызначаць здольнасць той ці іншай дзяржавы да падтрымання свайго існавання, забеспячэння самастойнага развіцця, вырашэння наяўных унутраных і знешніх задач, г. зн. да выкарыстання сваіх прэрагатываў суверэна. У ходзе даследавання ўсе краіны – члены ААН былі ранжыраваны ў межах двух полюсаў: “паспяховыя дзяржавы” і “недзеяздольныя дзяржавы”. Атрымалася, што ў рэйтынгу краін паводле індэкса дзяржаўнасці 1-е месца з балам 10,00 занялі ЗША, 192-е (апошняе) з балам 0,00 – Рэспубліка Чад. Рэспубліка Беларусь з балам 4,78 апынулася на 102-м месцы – паміж Сент-Вінсентам-і-Грэнадзінамі і Антыгуа-і-Барбудай [32]. Праўда, пазней іншыя аналітыкі на падставе падобнай методыкі зрабілі больш суцяшальныя для нацыянальнага гонару беларусаў высновы [33].

Увогуле, трэба адзначыць, што толькі ў рускамоўным, найбольш даступным для нас сегменце сусветнай гуманітарыстыкі ў апошнія дзесяцігоддзі, асабліва пасля распаду СССР, з’явіліся дзясяткі (калі не сотні) даследаванняў, у якіх у розных ракурсах і аспектах трактуецца сутнасць паняцця “дзяржаўнасць”.

Так, расійскі гісторык Марат Чашкоў у пачатку 1990-х г. разглядаў дзяржаўнасць як фактар або атрыбут цывілізацыі, як абстракцыю накшталт іншых аналагічных абстракцый (грамадства, праца, спосаб вытворчасці). На падставе гэтага даследчык вылучаў наступныя гістарычныя формы дзяржаўнасці: манадная (характэрная для пачатковага этапу станаўлення цывілізацыі), адлюстраваная (узнікла на базе антычнага і германскага тыпаў грамад, якія распаліся), самадастатковая (складваецца ў выніку канцэнтрацыі дзяржавай улады і багацця, усталявання дзяржаўнага панавання над соцыумам), плюралістычная дзяржаўнасць або дзяржаўнасць узаемадзеяння (у постцывілізацыйную эпоху, калі дамінантным будзе выступаць не сацыяльны, а асобасны пачатак) [34].

Кандыдат юрыдычных навук Мікалай Дзееў, спрабуючы выявіць карэляцыю паміж этнічным развіццём і эвалюцыяй дзяржаўнасці, прапанаваў вылучыць такія стадыі гэтага ўзаемадзеяння: 1) дзяржаўнасць на аснове саюзаў і кангламератаў плямён (да XI–XII ст.); 2) цэнтралізаваныя дынастычныя дзяржавы на аснове народнасці (XI–XVII ст.); 3) нацыянальныя дзяржавы на аснове нацый як этнічных і адначасова грамадзянска-палітычных супольнасцяў (з XVIII ст.) [35].

На думку юрыста і палітолага Уладзіміра Пастухова, прыкметы дзяржаўнасці можна знайсці ўжо ў ранніх праявах сацыяльнасці. Ранняя дзяржаўнасць гістарычна развіваецца ў дзяржаву. Станаўленне дзяржаўнасці заканчваецца аддзяленнем дзяржавы ад грамадства ў якасці самастойнага суб’екта. Пры гэтым, паводле У. Пастухова, працэс пераходу ад дзяржаўнасці да дзяржавы ўключае тры асноўныя этапы: дзяржава-клас, дзяржава-бюракратыя, дзяржава-нацыя [36].

Расійская правазнаўца Людміла Марозава таксама разводзіць паняцці “дзяржава” і “дзяржаўнасць”. Паводле яе, апошняя безумоўна ўключае ў сябе дзяржаву як сваё ядро, звязаная з дзяржаўнай уладай, але да яе не зводзіцца. Паводле даследчыцы, феномен дзяржаўнасці адлюстроўвае якасны стан дзяржаўна арганізаванага грамадства на адпаведным этапе яго гісторыі [37]. З тэзісам, што паняцце “дзяржаўнасць” не супадае з паняццем “дзяржава”, быў згодны расійскі юрыст Анатоль Венгераў. Ён акцэнтаваў увагу на тым, што “дзяржаўнасць” адлюстроўвае гістарычныя (дынамічныя) характарыстыкі дзяржавы; гэта дзяржава, што знаходзіцца ў развіцці, “узятая ў эвалюцыі” [38].

Іншы расійскі даследчык, гісторык Віктар Затонскі, падкрэсліваў, што аднакаранёвыя паняцці “дзяржава” і “дзяржаўнасць” суадносяцца як частка і цэлае. Паводле яго, дзяржаўнасць выступае як “сістэма грамадскіх адносін, апасродкаваных дзяржавай”. Яна ахоплівае ўсю сукупнасць дзяржаўна-палітычных, прававых (юрыдычных), адміністратыўных, грамадска-палітычных, сацыяльна-эканамічных, маральна-этычных і іншых з’яў, інстытутаў, узаемадзеянняў і ўзаемазалежнасцяў, так ці інакш звязаных з дзяржавай. Дзяржаўнасць, такім чынам, паўстае як “цэласная дзяржаўна-прававая і палітычная рэчаіснасць” [39].

Шэраг цікавых палажэнняў у плане асэнсавання і канцэптуалізацыі паняцця “дзяржаўнасць” у гістарычным, юрыдычным, паліталагічным аспектах былі сфармуляваны ў спецыяльна прысвечаных дадзенай праблеме дысертацыйных даследаваннях, абароненых у Расіі [40].

Падсумоўваючы і сістэматызуючы розныя інтэрпрэтацыі зместу паняцця “дзяржаўнасць”, даследчыкі канстатуюць, што ў сучаснай сацыяльна-гуманітарнай навуцы існуюць тры падыходы да разумення гэтага феномена: функцыянальны (ступень гатоўнасці дзяржавы да рэалізацыі сваіх функцый), псіхалагічны (ступень лаяльнасці, прызнання дзяржавы народам), этатысцкі (дзяржаўнасць фактычна супадае з дзяржавай або ахоплівае грамадскія з’явы, звязаныя з ёй) [41].

Нескладана заўважыць, што пры ўсіх адрозненнях тэарэтычных падыходаў іх аб’ядноўвае тое, што ў якасці стрыжня, ядра, якое трымае канструкцыю ўсёй складанай сістэмы дзяржаўнасці народа на пэўным гістарычным этапе, выступае сама дзяржава як палітычна-тэрытарыяльны інстытут. Інакш і быць не можа. Дзяржаўнасць без дзяржавы – гэта аксюмаран, такі ж нонсэнс, як, да прыкладу, суверэннасць без суверэна, законнасць без закона, маральнасць без маралі…

Вяртаючыся да нашых беларускіх інтэлектуальных росшукаў у сферы праблем дзяржаўнасці, мусім адзначыць, што ва ўсіх публікацыях на гэтую тэму як аўтарства М. Смяховіча, так і яго прадаўжальнікаў [42], спасылкі на названыя вышэй або іншыя сучасныя працы і іх асэнсаванне стабільна адсутнічаюць. Цяжка знайсці гэтаму іншае тлумачэнне, як толькі тое, што аўтары з Інстытута гісторыі банальна не знаёмыя з літаратурай па тэме. Такая самаізаляцыя ад актуальнай плыні навуковай думкі натуральным чынам асуджае аўтараў “новай дэфініцыі” на саматужніцтва і правінцыялізм. Без засваення і акумуляцыі канцэпцый папярэднікаў, іх крытычнага аналізу і пераасэнсавання дэфініцыя непазбежна правісае ў паветры, стварае ўражанне надуманага плёну фантазіі, які не можа лічыцца фактам навукі.

Адштурхоўваючыся ад догмы, вынайдзенай і растыражаванай М. Смяховічам, пра беларускую дзяржаўнасць як “непарыўнае цэлае”, якая быццам бы ніколі не страчвалася, таму яе і не трэба было “адраджаць” [43], аўтары пяцітомніка абвяшчаюць усе дзяржаўныя ўтварэнні, у якія ў розныя часы ўваходзілі беларускія землі, “формамі беларускай дзяржаўнасці” і падзяляюць гэтыя “формы” на два тыпы: гістарычныя (Полацкае, Тураўскае княствы і Кіеўская Русь, ВКЛ, Рэч Паспалітая, Расійская Імперыя) і нацыянальныя (БНР, ССРБ-БССР, ЛітБел ССР, Рэспубліка Беларусь) (1: 6) [44]. Гэтую класіфікацыю ніяк нельга прызнаць слушнай, бо яна нясе ў сабе грубую лагічную памылку – парушае адно з асноўных правіл падзелу паняццяў, якое палягае ў тым, што такі падзел павінен ажыццяўляцца толькі паводле адной прыкметы (падставы). У дадзеным жа выпадку ў аснову класіфікацыі пакладзены адначасова дзве прыкметы: з аднаго боку – уключанасць у гістарычны працэс (“гістарычныя формы”), з другога – сувязь з нацыяй (“нацыянальныя формы”). Але гэта не аднапарадкавыя з’явы, і ставіць іх на адну дошку для параўнання – тое самае, што параўноўваць цёплае з мяккім. Дапушчаная памылка непазбежна вядзе да парушэння яшчэ аднаго правіла класіфікацыі – што члены падзелу (падмноствы, на якія падзелены аб’ём паняцця) павінны выключаць адзін аднаго. Тут жа аб’ёмы паняццяў, якія ўзніклі ў выніку падзелу, перасякаюцца, часткова супадаюць адзін з адным, бо зразумела, што “нацыянальныя” дзяржаўныя ўтварэнні таксама з’яўляюцца “гістарычнымі” [45]. Таму вылучэнне названых тыпаў выглядае штучным і губляе эўрыстычны сэнс.

Цяжка пагадзіцца і з тым, што поліэтнічныя дзяржавы, часткай якіх з’яўляліся тэрыторыі з беларускім насельніцтвам (Кіеўская Русь, Рэч Паспалітая і нават Расійская імперыя), безагаворачна залічваюцца да “форм беларускай дзяржаўнасці”. Калі разважаць па такой схеме пра іншыя краіны і народы (а “новая канцэпцыя” якраз прэтэндуе на ўніверсальнасць), то, напрыклад, Аўстра-Венгрыю трэба прызнаць гістарычнай формай чэшскай дзяржаўнасці, Асманскую імперыю – балгарскай і г. д.

Вельмі павярхоўным і хісткім бачыцца таксама крытэрый, паводле якога вылучаны нацыянальныя формы дзяржаўнасці, а менавіта – прысутнасць у іх назвах кампанента Беларусь, беларуская (і толькі!). Зноў жа, калі падобны крытэрый прымяніць да іншых нацыянальных дзяржаў, то як быць у тых выпадках, калі назва дзяржавы мянялася (ЦэйлонШры-Ланка, БірмаМ’янма)? Ці змяняўся пры гэтым нацыянальны характар дзяржавы?

Між тым існуе пэўны пласт тэарэтычнай літаратуры, у якой канцэпт “нацыянальная дзяржава” асэнсоўваецца з розных пазіцый і ў розных даследчых парадыгмах: як дзяржава “карэннай” монаэтнічнай нацыі, што размаўляе на адной мове; як мадэль дзяржавы, альтэрнатыўная імперскай мадэлі; як суверэнная дзяржава; як дэмакратычная прававая дзяржава – гістарычны антыпод сярэднявечнай саслоўнай дзяржаўнасці; як дзяржава сучаснага тыпу (мадэрная дзяржава) і г. д. [46]. Аднак і ў дадзеным выпадку не выяўляецца ніякіх прыкмет знаёмства аўтараў “новай канцэпцыі” і творцаў пяцітомніка з адпаведнай навукова-тэарэтычнай літаратурай, чым, напэўна, і тлумачыцца такая спрошчаная трактоўка імі феномена нацыянальнай дзяржаўнасці.

На наш погляд, нацыянальны характар дзяржаве надае не назва нацыі, а сама нацыя як аснова, “субстрат” той ці іншай дзяржаўнай адзінкі. Паўнавартаснай нацыянальнай дзяржавай можна прызнаць толькі такое палітычна-тэрытарыяльнае ўтварэнне, ініцыятыва канстытуявання якога зыходзіла ад самой нацыі (у асобе яе інтэлектуальнай і палітычнай эліты) і ў якім нацыя з’яўляецца крыніцай і – праз механізмы прамой і прадстаўнічай дэмакратыі – носьбітам улады. Іншымі словамі, нацыянальная дзяржава з’яўляецца формай самаарганізацыі той або іншай нацыі на пэўнай суверэннай тэрыторыі і выяўляе волю гэтай нацыі. Відавочна, што такім патрабаванням адпавядаюць не ўсе тыя дзяржаўна-адміністрацыйныя адзінкі, якія аўтарамі пяцітомніка безагаворачна залічваюцца да катэгорыі беларускіх нацыянальных.

Пераходзячы да непасрэднага разбору зместу рэцэнзаванага выдання, мусім адзначыць, што квазітэарэтычныя выкладкі, закліканыя даць метадалагічны арыенцір для аналізу і абагульнення гістарычных фактаў, у пяцітомніку не працуюць. Ніхто з яго шматлікіх аўтараў (апрача, хіба, самога М. Смяховіча) нават не спрабуе вызначыць ні “здольнасць”, ні “права”, ні “магчымасць” самастойнага існавання беларусаў у розныя перыяды гісторыі – гаворка вядзецца пра канкрэтныя формы дзяржаўнай арганізацыі на нашых землях. Пры гэтым адным з вынікаў адсутнасці выразнага, акрэсленага вызначэння прадмета даследавання з’яўляецца і адсутнасць агульных падыходаў да адбору эмпірычнага матэрыялу. Непазбежным наступствам гэтага стаў факталагічны і кампазіцыйны разнабой у розных тамах пяцітомніка: тэматычныя прагалы ў адных выпадках і ўключэнне сюжэтаў, пабочных адносна праблемнага поля даследавання, – у іншых.

Асноўнаму тэксту рэцэнзаванага выдання папярэднічаюць уводзіны, напісаныя кіраўнікамі праекта А. Каваленем, В. Даніловічам і М. Смяховічам (1: 3–10). Непрапарцыйна кароткія ў суаднясенні з агульным аб’ёмам шматтомнай працы, уводзіны да таго ж фактычна распадаюцца на дзве амаль не звязаныя паміж сабой часткі. У першай у максімальна лаканічнай форме выкладаецца (але ніяк не абгрунтоўваецца) пераказаная намі вышэй “новая канцэпцыя” дзяржаўнасці і яе эвалюцыі на беларускіх землях. Пры гэтым тэкст утрымлівае шэраг бяздоказных ідэалагем публіцыстычнага кшталту, непрымальных у навуковым выданні: “культурна-цывілізацыйнай асаблівасцю ўсходніх славян, у тым ліку беларусаў, з’яўляецца адсутнасць традыцыі экспансіі”, “у славян спрадвеку сфармавана абвостранае пачуццё справядлівасці” і г. д. Другая палова ўводзін – фактычна не што іншае, як вытворчая справаздача аб працы Інстытута гісторыі НАНБ за 10–15 гадоў, за час кіраўніцтва навуковай установай саміх аўтараў тэксту. Прыведзеная тут інфармацыя мае толькі ўскоснае дачыненне да праблемнага поля рэцэнзаванага выдання, затое дазваляе аўтарам праз характэрныя для іх кампліментарныя самаацэнкі (“велізарная навукова-даследчая праца”, “упершыню ў гісторыі нашай краіны”, “упершыню ў гістарычнай навуцы”, “на аснове найноўшых дасягненняў гістарычнай думкі”) пахваліць саміх сябе за атрыманыя інстытутам поспехі і дасягненні.

У той жа час ва ўводзінах адсутнічае тое, што абавязкова мусіла б у іх быць, – гістарыяграфічны аналіз ранейшай навуковай літаратуры з пункту гледжання адлюстравання ў ёй прадмета даследавання, г. зн. праблемы беларускай дзяржаўнасці. Напрыклад, тут не згадваецца і не разглядаецца прыгаданая намі брашура М. Доўнара-Запольскага “Асновы дзяржаўнасці Беларусі” (1918) [47], хоць яна, па сутнасці, стала адпраўным пунктам, паклала пачатак даследаванню гісторыі беларускай дзяржаўнасці як асобнага навуковага напрамку і сама па сабе ўжо выклікала цэлы шлейф гістарыяграфічных публікацый [48].

Не згадваюцца і не аналізуюцца скрозь прызму праблемы дзяржаўнасці ранейшыя падагульняльныя выданні па гісторыі Беларусі: кнігі Вацлава Ластоўскага [49], Усевалада Ігнатоўскага [50], Уладзіміра Пічэты [51], Мітрафана Доўнара-Запольскага [52], Генадзя Сагановіча [53] і Захара Шыбекі [54], калектыўныя аднатомнікі [55], двухтомнікі [56], пяцітомнік [57] і шасцітомнік [58], а таксама найбольш аўтарытэтныя падручнікі [59]. Значыць, чытачу не паведамляецца, у якой меры ў агульным гістарычным наратыве гэтых прац прадстаўлена тэматыка беларускай дзяржаўнасці, якія канцэптуальныя мадэлі ў іх выкарыстоўваюцца, што з высноў ранейшых даследаванняў захоўвае сваё значэнне, а што падлягае перагляду. У выніку застаецца незразумелым, якія нявырашаныя папярэднікамі навуковыя праблемы збіраюцца развязаць стваральнікі чарговай шматтомнай працы і навошта яна наогул патрэбна.

У сувязі з адсутнасцю ва ўводзінах гістарыяграфічнага аналізу, натуральна, не разглядаюцца і выдадзеныя ў розны час манаграфіі, навучальныя дапаможнікі, брашуры і артыкулы, спецыяльна прысвечаныя гісторыі беларускай дзяржаўнасці, у тым ліку і тыя, назвы якіх вельмі блізкія ці нават супадаюць з назвай новага выдання [60]. Канцэптуальныя схемы гісторыі беларускай дзяржаўнасці, прапанаваныя ў шэрагу гэтых публікацый, істотна разыходзяцца з канцэпцыяй, пакладзенай у аснову пяцітомніка. У такой сітуацыі, калі прытрымлівацца сфармаваных у навуцы традыцый і норм, аўтарам новага даследавання варта было б пракаментаваць погляды папярэднікаў і абгрунтаваць неабходнасць іх карэкціроўкі. Але стваральнікі пяцітомніка гэтага не робяць.

Яшчэ адзін відавочны прагал у змесце ўводзін: у іх не праведзены “дэмаркацыйныя лініі” паміж гісторыяй дзяржаўнасці як даследчыцкай парадыгмай і іншымі, блізкімі да яе навуковымі дысцыплінамі – агульнай гісторыяй краіны, палітычнай гісторыяй, гісторыяй дзяржавы і права. Акрэсліць такое размежаванне было б асабліва патрэбна ў сувязі з тым, што ў некаторых публікацыях ставіцца знак роўнасці паміж гісторыяй дзяржаўнасці народа і гісторыяй дзяржавы і права адпаведнай краіны [61]. Між тым, гісторыя дзяржавы і права Беларусі намаганнямі айчынных гісторыкаў-юрыстаў – Язэпа Юхо, Вадзіма Круталевіча, Аляксея Вішнеўскага, Таісіі Доўнар, Івана Саракавіка і іншых – добра распрацавана. У сувязі з гэтым было б зусім не лішне патлумачыць, якія прынцыпова новыя веды ў параўнанні з гэтымі распрацоўкамі нясе “История белорусской государственности” і тым самым абгрунтаваць неабходнасць і актуальнасць яе выдання.

Сказанае намі ў папярэдніх абзацах не трэба разумець так, што стваральнікі рэцэнзаванага выдання цалкам ігнаруюць гістарыяграфічныя аспекты даследавання. Зусім наадварот: першыя раздзелы кожнага з пяці тамоў уяўляюць сабой даволі вялікія агляды гістарыяграфіі і крыніц – але толькі па канкрэтных пытаннях, якія асвятляюцца ў адпаведным томе. Гэтыя агляды абмежаваны тэматыкай і храналагічнымі рамкамі пэўнага тома і не могуць замяніць адсутнасць агульнага канцэптуальнага аналізу стану даследавання праблемы гісторыі беларускай дзяржаўнасці ў цэлым. Апрача таго, дадзеныя раздзелы паводле структуры і зместу ўяўляюць сабой вельмі спецыфічныя з’явы. Як вядома, агляды гістарыяграфіі робяцца для таго, каб прасачыць у часавым разрэзе эвалюцыю навуковай думкі па адпаведнай тэматыцы, выявіць даследаваныя і недаследаваныя грані праблемы і на гэтай падставе выразна сфармуляваць праблематыку новай кнігі, давесці яе неабходнасць, актуальнасць, надаць ёй пэўнае канцэптуальнае адзінства. Улічваючы важнасць і складанасць падобных задач, гістарыяграфічна-крыніцазнаўчыя часткі калектыўных публікацый звычайна пішуцца лідарамі навуковых калектываў. Аднак кіраўнікі рэцэнзаванага выдання, мабыць, не знайшлі ў сабе смеласці або інтэлектуальных сіл для выканання такой адказнай місіі. Таму яны пайшлі больш простым шляхам – абавязалі аўтараў кожнага раздзела і параграфа падрыхтаваць гістарыяграфічныя і крыніцазнаўчыя экскурсы па сваіх вузкіх сюжэтах, а потым, асабліва не мудрагелячы, механічна злучылі гэтыя кавалачкі ў складовыя тэксты. Пры гэтым зусім не паклапаціліся пра іх уніфікацыю, лагічную паслядоўнасць, прывядзенне да агульнага назоўніка ці хоць бы да больш-менш гарманічных прапорцый. У выніку гістарыяграфічна-крыніцазнаўчыя раздзелы ўсіх пяці тамоў атрымаліся бессістэмнымі і шматковымі – нібы світка на жабраку ля цвінтара, неахайна сфастрыгаваная з латак рознага памеру і колераў… Часта яны пазбаўлены аналітычнага кампанента і могуць разглядацца хіба што як своеасаблівыя бібліяграфічныя даведкі, у шэрагу выпадкаў няпоўныя, з малымі і вялікімі прагаламі. Больш-менш сур’ёзнага гістарыяграфічнага і крыніцазнаўчага аналізу, з улікам кантэкстаў узнікнення як крыніц, так і навуковых прац, практычна ні адзін том не дае.

Адзначаныя рысы характэрны ў тым ліку для раздзела пра гістарыяграфію і крыніцы першага тома, які мае назву “Беларуская дзяржаўнасць: ад вытокаў да канца XVIII ст.” (адказныя рэдактары тома – Валянцін Голубеў і Вольга Ляўко). Паколькі вытокі беларускай дзяржаўнасці аўтары знаходзяць ужо ў сярэднім палеаліце (100–40 тыс. гадоў таму назад), у гістарыяграфічна-крыніцазнаўчы нарыс яны ўключылі публікацыі па гісторыі ўсёй першабытнай эпохі на тэрыторыі Беларусі. А гэта амаль выключна археалагічныя даследаванні, якім і прысвечана значная частка нарыса. У ім пералічваюцца дзясяткі навукоўцаў, якія ажыццяўлялі археалагічнае вывучэнне краю, пачынаючы з ХІХ і да пачатку ХХІ ст. Па сутнасці, тут зроблены сціслы пераказ гісторыі археалагічнай навукі ў Беларусі. Але якія адносіны гэта мае да праблематыкі дзяржаўнасці? Захапіўшыся разглядам археалагічных артэфактаў, у тым ліку па гісторыі ранніх княстваў (Полацкага, Тураўскага), аўтары выпускаюць з віду пісьмовыя сведчанні першага этапу станаўлення дзяржаўнасці – летапісы, візантыйскія і арабскія крыніцы. Больш грунтоўна і аналітычна рэпрэзентаваны гістарыяграфія і крыніцы па гісторыі ВКЛ і Рэчы Паспалітай як наступных важных этапаў беларускай дзяржаўнасці. Разам з тым гэтая частка раздзела кампазіцыйна не прадумана: спачатку характарызуюцца працы савецкіх і постсавецкіх аўтараў, затым нечакана робіцца адыход назад – прасочваюцца эвалюцыя гістарычнага светапогляду інтэлектуальнай эліты ВКЛ у XV–XVIII ст. і гістарыяграфія XIX – пачатку XX ст., а потым зноў разглядаюцца савецкія і постсавецкія даследаванні. Падобная неўпарадкаванасць часам прыводзіць да паўтораў. Пры гэтым, што дзіўна, у гістарыяграфічным раздзеле нават не згадваюцца ні такая знакавая постаць для гістарычнай навукі пасляваеннай БССР, як Лаўрэн Абэцэдарскі, ні яго вучань і паслядоўнік Аляксандр Ігнаценка.

Наступны раздзел 1-га тома называецца “Гістарычныя перадумовы і абставіны зараджэння дзяржаўнасці”. Безумоўна, выяўленне генезісу дзяржаўнасці на беларускіх землях – адна з найважнейшых задач праекта. Казус тут, аднак, палягае ў тым, што ніякіх перадумоў і абставін дзяржаваўтваральнага працэсу названы раздзел, па сутнасці, не раскрывае. Дзве трэці яго зместу (1: 57–125) зводзяцца да “чыстай” археалогіі – механічнага апісання археалагічных культур і помнікаў (ад палеаліту да жалезнага веку) ды выяўленых знаходак. Гаворка вядзецца выключна ў рэчышчы гісторыі матэрыяльнай культуры, а не гісторыі грамадства. У такім выглядзе гэтая частка тома не мае прамой сувязі з тэмай выдання і ўспрымаецца як цалкам чужародная. У ёй няма ніякай спробы шляхам навуковага аналізу матэрыяльных артэфактаў рэканструяваць грамадскія структуры дадзяржаўнай эпохі (першабытны чалавечы статак, матрыярхальную ці патрыярхальную рода-племянную арганізацыю, правадырства, тэрытарыяльную грамаду), паслядоўная змена якіх урэшце і прывяла да ўзнікнення дзяржаўнасці. Зрэшты, такая рэканструкцыя і немагчымая на падставе вывучэння толькі археалагічных помнікаў. Вядома, што археалагічныя матэрыялы даюць не больш за 15% ведаў пра першабытнае грамадства. Таму простае апісанне археалагічных аб’ектаў не дазваляе ажыццявіць здавальняльнае навуковае ўзнаўленне побыту і грамадскіх адносін паміж людзьмі ў старажытнасці. Для атрымання такога выніку неабходна звяртацца таксама да іншых навуковых дысцыплін – этналогіі, палеагеаграфіі, палеабіялогіі, прымяняць гісторыка-генетычны, рэтраспектыўны, гісторыка-параўнаўчы, эксперыментальны і іншыя метады пазнання [62]. Аднак памкненняў да комплекснага, сістэмнага даследавання першабытнай эпохі ў розных яе ракурсах і праявах аўтары адпаведных тэкстаў не дэманструюць.

Праўда, не выключана, што мы зноў не зразумелі і належна не ацанілі глыбіню і эўрыстычны патэнцыял наватарскай канцэпцыі дзяржаўнасці, дастасаванай у дадзеным выпадку да вывучэння першабытнага мінулага. Магчыма, узброеныя гэтай канцэпцыяй, вучоныя мужы змаглі расчытаць закадаваныя ў разнастайных формах і абрысах каменных, касцяных і металічных вырабаў, у канфігурацыі штрыхоў і ямачак, адбітках шнуроў і грабеньчыкаў на старажытных гліняных гаршках неаспрэчныя доказы дзяржаватворчых “здольнасцяў”, “права” і “магчымасцяў” нашых далёкіх продкаў. Калі так, то нам давядзецца прызнаць поўную слушнасць навуковых установак кіраўнікоў праекта і замяніць усе прэтэнзіі выразамі шчырага захаплення…

Фармаванне этнакультурных супольнасцяў на тэрыторыі Беларусі ў 1-м тыс. н. э. таксама разглядаецца амаль выключна паводле археалагічных матэрыялаў. Гэта дазваляе лакалізаваць зоны рассялення носьбітаў розных археалагічных культур, суаднесці іх у асобных выпадках з вядомымі па летапісах групамі плямён, але не дае дастатковай інфармацыі пра сацыяльныя адносіны ўнутры гэтых супольнасцяў. Таму выснова пра тое, што ў іх “панаваў племянны ўклад, але ўжо склаліся як унутраныя, так і знешнія перадумовы для больш высокага ўзроўню развіцця грамадства” (1: 124) не выглядае дастаткова абгрунтаванай прыведзенымі звесткамі.

На наш погляд, аўтарам тома не ўдалося зафіксаваць сам момант пераходу на беларускіх землях ад першабытных форм арганізацыі грамадства да дзяржаўных, раскрыць фактары гэтай трансфармацыі (эвалюцыя грамадска-палітычных і эканамічных адносін, тэрытарыяльна-адміністратыўнае развіццё, фармаванне інстытутаў улады) – хоць, відавочна, названы гістарычны пералом мусіў бы быць адным з кульмінацыйных пунктаў прапанаванага наратыву. Між тым, гэты прынцыпова важны рубеж аўтары фактычна абмінаюць, як бы “пераскокваюць” праз яго, абмежаваўшыся канстатацыяй, што ўсходнеславянскія “племянныя княжанні” яшчэ з’яўляліся протадзяржаўнымі ўтварэннямі, а “княствы” (Полацкае, Тураўскае і інш.) ужо можна разглядаць як першыя дзяржавы (1: 33, 125–136, 140, 147, 148). Але якімі былі сутнасныя адрозненні паміж гэтымі феноменамі і як дзейнічаў механізм пераходу ад аднаго стану грамадства да другога, у кнізе ўцямна не паказана.

Пазбаўленыя дакладнага метадалагічнага арыенціру, аўтары “Истории…” і далей раз-пораз адыходзяць ад тэматычнага стрыжня выдання – праблемы дзяржаўнасці – і збіваюцца на пабочныя сюжэты. Так, пры ўсёй грунтоўнасці асвятлення гісторыі полацкай (з Х ст.) і тураўскай (з ХІІ ст.) княскіх дынастый, іх знешняй і ўнутранай палітыкі, узаемаадносін паміж князямі чытач не атрымлівае дастаткова выразнага ўяўлення пра аб’ём уладных паўнамоцтваў князя, пра суадносіны паміж кампетэнцыямі князя і веча (у Полацку), пра абавязкі і правы іншых службовых асоб – пасадніка, тысяцкага (у Тураве). Шмат увагі ў раздзелах пра першыя княствы аддадзена шляху “з вараг у грэкі”, выяўленню яго розных варыянтаў, іх канфігурацыі, але пра ўплыў гэтай гандлёвай артэрыі на дзяржаваўтваральныя працэсы ва ўсходнеславянскім рэгіёне сказана вельмі лапідарна (1: 140–147). Залішне падрабязным для падагульняльнай працы выглядае тапаграфічнае апісанне Полацка (1: 166–174). Затое больш важнае пытанне – пра значэнне прыняцця хрысціянства для станаўлення дзяржаўнасці на беларускіх землях, яго кансалідацыйную ролю – фактычна не разгледжана, тэма закранута толькі мімаходзь. Хоць у наступных раздзелах (прысвечаных гісторыі ВКЛ) канфесійнаму фактару адводзіцца значнае месца.

Раздзелы пра ВКЛ і Рэч Паспалітую займаюць большую частку 1-га тома. Гэты кавалак шматтомнай працы, бадай, у найбольшай ступені адпавядае тэме, заяўленай у назве праекта. Прычым можна заўважыць цікавую спробу аўтараў абазначыць месца асобных дзяржаўных утварэнняў у якасці звёнаў адзінага працэсу станаўлення дзяржаўнасці на тэрыторыі Беларусі: калі Полацкае княства (зямля) асэнсоўваецца як “выток беларускай дзяржаўнасці” (1: 158), то ВКЛ – як “першапачатковая дзяржаўнасць будучых беларускага і літоўскага этнасаў” (1: 245). У прынцыпе слушным з’яўляецца назіранне, што паводле сваёй колькасці літоўцы былі ў ВКЛ нацыянальнай меншасцю (1: 244), адно што ў дачыненні да тых часоў больш дакладна было б гаварыць не пра нацыянальную, а пра этнічную меншасць. Прываблівае сваёй кампетэнтнасцю і ў пэўным сэнсе наватарствам параграф пра дзяржаўны лад, органы кіравання і суда ў ВКЛ (аўтар – Аляксандр Груша). Даследчык здолеў не толькі дасканала адлюстраваць структуру і функцыянаванне дзяржаўнага апарату Вялікага Княства, але і паказаць яго ў дынаміцы, з улікам розных рэарганізацый і рэформ. Прычым – адзначым асабліва – зроблена гэта з прымяненнем метадаў сацыяльнай антрапалогіі, што дазволіла выявіць абумоўленасць палітычна-адміністрацыйных працэсаў асаблівасцямі светапогляду і ментальнасці людзей Сярэднявечча і ранняга Новага часу.

З глыбокім веданнем справы адлюстраваны на старонках тома працэс утварэння Рэчы Паспалітай, функцыянаванне яе адміністрацыйна-палітычнай і прававой сістэм (аўтар – Андрэй Радаман). У тэкстах Юрыя Бохана і Міколы Волкава вельмі грунтоўна (часам ці не занадта падрабязна) характарызуецца структура, спосабы камплектавання, узбраенне войск, арганізацыя абароны Вялікага Княства і Рэчы Паспалітай. Прааналізавана таксама ўнутраная і знешняя палітыка ВКЛ і польска-літоўскай федэрацыі. Праўда, чамусьці гэтыя сюжэты пачынаюцца фактычна толькі з канца XIV – пачатку XV ст., а папярэдні этап гісторыі літоўска-беларускай дзяржаўнасці (другая палова XIII – XIV ст.) застаецца ў цяні. Вялікія князі Гедымін, Альгерд і Кейстут, нават Ягайла прысутнічаюць у кнізе досыць умоўна, хутчэй у выглядзе нейкіх прывідаў, а не паўнакроўных гістарычных дзеячаў.

З-за абмежаванасці аб’ёму рэцэнзіі няма магчымасці спыніцца на ўсіх недапрацоўках тома. Адзначым толькі яшчэ адну хібную адметнасць выдання, якая выявілася ўжо ў 1-м яго томе, – фрагментарнасць, урыўкавасць некаторых сюжэтаў, якія разглядаюцца ў дачыненні да пэўнага перыяду, але не маюць ні пачатку, ні наступнага працягу і завяршэння. Такі сюжэт у 1-м томе, напрыклад, – гісторыя геральдыкі ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Пры гэтым у папярэдніх раздзелах – адносна Полацкага і іншых ранніх княстваў – тэма сімволікі не закранаецца (хоць на с. 280 прызнаецца наяўнасць “полацкіх геральдычных традыцый”), як не атрымлівае яна развіцця і ў наступных тамах: нічога не сказана пра геральдыку беларускіх губерняў і гарадоў у часы Расійскай імперыі (губернскія гербы рэпрэзентаваны толькі на ілюстрацыях), не разглядаецца дзяржаўная сімволіка БНР і БССР (герб і сцяг апошняй зноў-такі фігуруюць адно на выявах), і толькі ў апошнім томе пададзены кароткія звесткі пра змены сімволікі ў Рэспубліцы Беларусь.

Другі том (адказныя рэдактары – Мікалай Смяховіч, Андрэй Унучак і Алена Філатава) адпаведна дзівоснасці агульнай канцэпцыі мае не менш дзівосную назву – “Беларуская дзяржаўнасць у перыяд Расійскай імперыі (канец XVIII – пачатак XX ст.)”. Звязаная з гэтым мудрагелістасць і пакручастасць даследчыцкай думкі ўражвае ўжо на першых старонках – у прадмове да тома. З аднаго боку, прызнаецца, што ўрадавыя колы Расійскай імперыі лічылі беларусаў разам з велікарусамі і ўкраінцамі часткай трыадзінага рускага суперэтнасу, што гэтае адзінства, ва ўяўленнях расійскіх уладаў, прадугледжвала і адзінства дзяржаўнае, таму беларусам не пакідалася права нават на нацыянальную аўтаномію (2: 3). Дадзеная акалічнасць, тым не менш, не стала для аўтараў перашкодай, каб прэзентаваць увазе чытача “цэласную карціну гісторыі беларускай дзяржаўнасці ў канцы XVIII – пачатку XX ст.” (2: 4).

Што да цэласнасці, то тут рэдактары тома, без сумневу, дазволілі сабе мастацкае перабольшванне. Бо ці можна яе дамагчыся, калі, напрыклад, для напісання першага раздзела (пра гістарыяграфію і крыніцы) давялося мабілізаваць ажно 18 чалавек! Для параўнання, з аналагічным раздзелам 1-га тома справіліся шэсць чалавек. Не дзіва, што ў гістарыяграфічнай частцы тома начыста адсутнічае хоць нейкая стрыжнёвая лінія, якая аб’ядноўвала б асобна ўзятыя агляды літаратуры па шматлікіх сюжэтных лініях працы. Распадаецца на дробныя тэматычныя “ячэйкі” і крыніцазнаўчая частка. У ёй адсутнічае агульная класіфікацыя дакументаў, не ажыццёўлена іх сістэматызаваная, комплексная характарыстыка, не ставіцца пытанне аб дакладнасці розных катэгорый крыніц, ступені апублікаванасці і даступнасці. Часам складваецца ўражанне, што некаторыя іх групы выбраны для характарыстыкі выпадкова, паводле прынцыпу – да чаго дацягнуліся рукі пры падрыхтоўцы тома, пра тое і напішам. У заключнай частцы агляду крыніц (2: 36–39) наогул замест аналізу дакументаў з пункту гледжання іх інфарматыўнай каштоўнасці пералічваюцца іх месцы захоўвання (архівы і фонды), што фактычна азначае падмену крыніцазнаўства архівазнаўствам.

Назва другога раздзела тома – “Дзяржаўна-прававы статус беларускіх земляў у складзе Расійскай імперыі”, на наш погляд, абавязвала аўтараў пачаць яго з характарыстыкі імперыі як асаблівага тыпу дзяржаўнасці, адрознага і ад былой Рэчы Паспалітай, і ад мадэрных нацыянальных дзяржаў, а таксама выразна паказаць, якое месца імперскі цэнтр адводзіў заходнім (беларускім) губерням у сваіх геапалітычных, ваенна-стратэгічных і ўнутрыдзяржаўных памкненнях і разліках. Бо менавіта гэтыя інтэнцыі шмат у чым абумовілі і адміністрацыйна-тэрытарыяльныя падзелы Заходняга краю, і структуру мясцовых органаў улады і кіравання, і нацыянальна-рэлігійную палітыку, якая тут праводзілася, – пра што ў томе падрабязна апавядаецца. Нягледзячы на тое, што ў адным з параграфаў кнігі зроблена спроба паказаць станаўленне індустрыяльнага грамадства на беларуска-літоўскіх землях у шырокім геапалітычным кантэксце (2: 198–211) і што гэтыя аспекты спарадычна закранаюцца ў іншых месцах (2: 260–261), у цэлым, аднак, грунтоўна высветліць і адлюстраваць статус беларускага рэгіёну ў складзе імперыі ва ўвязцы з агульнаімперскай палітыкай уніфікацыі, якая з нарастальнай інтэнсіўнасцю праводзілася на працягу “доўгага ХІХ стагоддзя” [63], аўтарам яўна не ўдалося.

Затое на старонках тома знаходзім цалкам надуманыя спекуляцыі вакол таго факта, што з канца XVIII ст. ва Усходняй Беларусі пэўны час існавалі адміністрацыйна-тэрытарыяльныя ўтварэнні, у назвах якіх выкарыстоўваўся прыметнік беларускі: Беларуская губерня (1796–1802) і Беларускае генерал-губернатарства (1772–1856). Маўляў, наданнем такіх найменняў расійскі імперскі ўрад прызнаваў Беларусь “тэрытарыяльна-этнічнай і адміністрацыйна-палітычнай (?!) адзінкай”, і гэта нібыта “стала палітычным фактарам у справе фармавання беларускай нацыі” (2: 212–213). У іншым месцы існаванне Беларускай губерні з цэнтрам у Віцебску (на працягу ўсяго толькі шасці гадоў) ужо трактуецца як “асабліва значны” фактар “для развіцця беларускай дзяржаўнасці” (!!) (2: 390). На справе, вядома ж, ніякіх нацыянальных канатацый гэтыя назвы ў канцы XVIII – першай палове ХІХ ст. не ўтрымлівалі, былі чыста адміністрацыйнымі найменнямі. Наадварот, увесь пафас “ідэалагічнага суправаджэння” падзелаў Рэчы Паспалітай і наступнай палітыкі царызму палягаў не ў канструяванні самабытнасці беларусаў, а ў насаджэнні пастулата аб іх гістарычным і культурным адзінстве з велікарусамі.

У такім жа спекулятыўным ключы, прычым зусім не да месца, з нечуваным парушэннем храналогіі, абыгрываецца стварэнне ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654–1667 г. Беларускага палка пад камандаваннем Канстанціна Паклонскага (2: 215–216), пра што, мабыць, проста забыліся сказаць у першым томе.

Аўтары рэцэнзаванага выдання не адмаўляюць ажыццяўлення царскім урадам палітыкі русіфікацыі беларускага насельніцтва (2: 212, 226, 238). Аднак прысвечаныя сюжэту некалькі абзацаў уключаны ў параграф, дзе гаворка ідзе пра пачатак ХХ ст., што фактычна азначае замоўчванне гэтай лініі ў папярэднія дзесяцігоддзі. Канкрэтны змест палітыкі русіфікацыі ў Беларусі не раскрываецца, адпаведна, не разглядаецца праблема яе ўплыву на працэс станаўлення беларускай нацыі і на перспектывы беларускай дзяржаўнасці. Больш за тое, складваецца ўражанне, што названы сюжэт закрануты толькі для таго, каб выкласці аргументы на карысць апраўдання і даравання царызму яго русіфікатарскага курсу. Маўляў, гэтая лінія не прадугледжвала поўнага знішчэння мясцовых асаблівасцяў; аналагічная палітыка праводзілася і ў шэрагу еўрапейскіх краін (хоць тут жа са спасылкай на Андрэаса Капелера прызнаецца, што ў Еўропе гэта было элементам сістэмнай мадэрнізацыі грамадства, а ў Расіі – хутчэй праявай данацыянальнага, г. зн. дамадэрнага “дзяржаўнага патрыятызму, заснаванага на вернасці кіроўнай дынастыі” [64]); русіфікатарская палітыка быццам бы не мела поспеху – захады па асіміляцыі нярускіх супольнасцяў ажыццяўляліся марудна, часам наогул заставаліся на паперы, а ў бюракратычным апараце заўсёды знаходзіліся людзі (прозвішчы не называюцца), якія хоць і падтрымлівалі лінію на ўмацаванне адзінай і непадзельнай імперыі, але выступалі супраць прамалінейнай русіфікацыі (2: 238–239).

Значную частку 2-га тома (каля 180 старонак) займае падрабязнае апісанне адміністрацыйна-тэрытарыяльных рэарганізацый на беларускіх абшарах і дзейных тут органаў улады і кіравання, судовай сістэмы, розных форм саслоўнага і бессаслоўнага самакіравання (дваранскага, сялянскага, гарадскога, земскага). Гэты кампендыум звестак пра структуру і функцыянаванне расійскага дзяржаўнага апарату ў Беларусі можа быць карысным як своеасаблівы даведнік, але шкада, што пры гэтым адсутнічае аўтарскае тлумачэнне, якое дачыненне дзейнасць уладных інстытутаў імперыі мела да ўласна беларускай дзяржаўнасці, якая, калі зыходзіць з назвы тома, нібыта з’яўлялася рэальным фактам у той перыяд.

Яшчэ адзін значны тэматычны блок тома ўяўляе сабой спробу адлюстраваць перадумовы, абставіны і працэс фармавання беларускай нацыі і крышталізацыю ідэі дзяржаўнасці ў часы знаходжання краю ў складзе Расійскай імперыі. Аднак структура адпаведных раздзелаў выглядае непрадуманай, хаатычнай, і гэта перашкаджае паўнавартаснаму разуменню адзначанага працэсу. Пра кампазіцыйную неўпарадкаванасць сведчыць, напрыклад, наяўнасць у розных параграфах складовых частак (будзем называць іх “пунктамі”) з блізкім па змесце напаўненнем і нават часам з аднолькавымі назвамі. Так, у параграфах 3.1 і 3.3 два пункты маюць адну і тую ж назву – “Этнічная тэрыторыя і мова” (2: 180–187 і 223–229). Пункты “Індустрыяльнае развіццё беларускіх земляў” у параграфе 3.2 (2: 206–208) і “Сацыяльна-эканамічны фактар фармавання нацыі” ў параграфе 3.3 (2: 234–238) хоць і называюцца па-рознаму, але блізкія адзін да аднаго тэматычна. Статыстычныя звесткі, раскіданыя па розных старонках кнігі, не прыведзены да адзінага назоўніка, што абцяжарвае іх асэнсаванне. Напрыклад, колькасць, склад і дынаміка насельніцтва на с. 187–191 разлічаны па 35 беларускіх паветах, а на с. 207 і 229–230 аналагічныя звесткі падаюцца то па шасці, то па пяці беларуска-літоўскіх губернях у цэлым. Відавочна, абавязкам рэдактараў выдання было аб’яднаць прадубляваныя фрагменты і ўзгадніць разрозненыя звесткі, аднак гэтага ў томе не зроблена.

Больш удала рэпрэзентавана ў кнізе развіццё грамадска-палітычнага руху ў Беларусі на працягу “доўгага ХІХ стагоддзя”, прадметна паказаны падзеі антыімперскіх паўстанняў 1794, 1830–1831 і 1863–1864 г., прасочана эвалюцыя ідэі дзяржаўнасці ад праектаў аднаўлення Рэчы Паспалітай і ВКЛ да выспявання ідэалу нацыянальнай беларускай дзяржавы. Аналіз дакументаў Студзеньскага паўстання (1863–1864) падвёў аўтараў да высновы, што “ў ходзе паўстання К. Каліноўскі дэклараваў ідэю аб палітычнай суб’ектнасці Беларусі ў адносінах з Расіяй і Польшчай” (2: 221). Аднак выклікае здзіўленне, чаму публіцыстыка К. Каліноўскага шматразова цытуецца па дэфектным у навуковых адносінах зборніку, выпушчаным у свой час Інстытутам гісторыі партыі пры ЦК КП(б)Б (дзе ў тэксты кіраўніка паўстання, перакладзеныя для чагосьці на рускую мову, выдаўцамі адвольна былі ўнесены неагавораныя змены) [65], а не па больш новым і навукова бездакорным выданні, падрыхтаваным Генадзем Кісялёвым [66].

Падсумоўваючы вынікі нацыяўтваральных працэсаў у Беларусі на працягу ХІХ і пачатку ХХ ст., аўтары сцвярджаюць, што да канца гэтага перыяду “аформілася адзінае, кансалідаванае ўяўленне аб тэрытарыяльнай, гістарычнай і палітычнай суб’ектнасці Беларусі. <…> Нацыянальная ідэнтычнасць дасягнула ўзроўню, які забяспечваў далейшае самаразвіццё народа на базе рэалізацыі ідэі нацыянальнай дзяржаўнасці” (2: 390). Сцвярджэнне, мабыць, заклікана падмацаваць адзін з базавых пастулатаў аўтарскай канцэпцыі, што менавіта ў час знаходжання беларускіх земляў у складзе Расійскай імперыі склаліся гістарычныя перадумовы, якія зрабілі магчымай рэалізацыю ідэі нацыянальнай дзяржаўнасці (2: 390) *]. Але нам працытаваная выснова падаецца занадта аптымістычнай. Яна не пацвярджаецца ні матэрыяламі другога тома, ні наступнымі гістарычнымі падзеямі. Так, наяўнасць у грамадска-палітычным жыцці Беларусі такіх уплывовых ідэйных плыняў, як арыентаваны на Расію “заходнерусізм” і асацыяваная з польскасцю “краёвасць”, на нашу думку, ніяк не сведчыла пра высокі ўзровень кансалідацыі соцыуму на грунце менавіта беларускай ідэі. Калі на самай справе, як пішуць аўтары, “беларуская нацыянальная ідэя была ўспрынята значнай часткай грамадства” (2: 237), то як тады вытлумачыць, напрыклад, поўную паразу беларускіх нацыянальных партый на выбарах ва Усерасійскі Устаноўчы сход (лістапад 1917 г.), няздольнасць маладой нацыянальнай эліты абвясціць беларускую дзяржаўнасць на Усебеларускім з’ездзе (снежань 1917 г.), крушэнне спробаў Беларускай Народнай Рэспублікі стаць паўнавартаснай дзяржавай і суб’ектам міжнародных адносін, падзел Беларусі паводле Рыжскага міру 1921 г. без адчувальнага процідзеяння гэтаму саміх беларусаў і г. д. Перабольшванне дасягненняў беларускага грамадства ў справе нацыя- і дзяржавабудавання можа выклікаць у кагосьці прыемныя эмоцыі, але зусім не будзе спрыяць навуковаму асэнсаванню цяжкасцяў і перашкод на шляху беларусаў да дзяржаўнай самастойнасці, а таксама сённяшніх сур’ёзных праблем, з якімі сутыкаецца суверэнная Беларусь.

У 2-м томе заўважаюцца новыя элементы ў кампазіцыйнай будове кнігі. З’явіліся высновы па кожным раздзеле. Праўда, яны ніяк не вылучаны, а проста падвярстаны да апошніх параграфаў раздзелаў, што аслабляе іх успрыманне. Зроблена таксама нейкае падабенства заключэння да ўсяго тома. Але, зноў жа, яно не вылучана ў асобную структурную адзінку, а толькі аддзелена зорачкамі ад апошняга параграфа кнігі. Нічога такога не было ў першым томе, што ўскосна сведчыць пра адсутнасць на пачатку працы над праектам выразнай і прадуманай кампазіцыйнай структуры выдання; відавочна, яна фармавалася спантанна, ужо ў ходзе напісання тэкстаў.

Пасля выхаду 2-га тома чарговай пацешнай рэпрызай парадаваў публіку нястомны спікер наасфернай каманды (і адзін з адказных рэдактараў тома) М. Смяховіч. У знаёмай ужо нам манеры ён абвясціў праз газету “Звязда”: “Такой кнігі няма ні ў адной краіне свету. <…> Упершыню ў сусветнай гістарыяграфіі адбыўся прарыў у адносінах да падрыхтоўкі і выдання новага пакалення навуковай літаратуры пад назвай “Гісторыя дзяржаўнасці”” [67]. І гэта не толькі асабістае меркаванне сп. Смяховіча: такую ж сціплую самаацэнку здзейсненага навуковага подзвігу знаходзім у напісаным А. Каваленем, В. Даніловічам і М. Смяховічам заключэнні да ўсяго пяцітомніка (5: 689). Прачытаўшы за раз усе тамы, мы ахвотна з такой ацэнкай пагаджаемся, бо ў гэтых выказваннях, без сумневу, ёсць свая сярмяжная праўда. Шчыльнае знаёмства з рэцэнзаваным выданнем сапраўды наводзіць на думку, што наўрад ці хоць у адной краіне свету навуковы прадукт падобнай якасці змог бы ўбачыць свет – тым больш пад эгідай такой сур’ёзнай установы, як Нацыянальная акадэмія навук.

Сказанае яскрава пацвярджаецца зместам трэцяга тома (адказныя рэдактары – Валянцін Мазец, Мікалай Смяховіч, Сяргей Траццяк), які сустракае чытача шматлікімі сюрпрызамі-неспадзяванкамі.

Кніга мае назву “Беларуская дзяржаўнасць: ад ідэі да нацыянальнай дзяржавы (1917–1939)” і, як напісана ў прадмове, разглядае такія “нацыянальныя формы” беларускай дзяржаўнасці як БНР, ССРБ-БССР (у другім выпадку, відавочна, трэба гаварыць не пра дзве, як робяць аўтары, а пра адну форму, прырода і сутнасць якой не мяняліся пры нязначнай змене назвы) і ЛітБел ССР (3: 3). Зразумела, што асноўным аб’ектам увагі стваральнікаў тома выступае Беларуская ССР, бо яна так ці інакш заставалася рэальнасцю на працягу амаль усяго даследаванага ў томе перыяду і спарадзіла ў савецкі і постасавецкі час вялікі пласт навуковай літаратуры. Аднак у гістарыяграфічнай частцы тома адпаведныя публікацыі фактычна толькі згадваюцца, але не аналізуюцца, а сюжэты пра абставіны абвяшчэння ССРБ у 1919 і 1920 г., што выклікалі асабліва вялікую цікавасць навукоўцаў, у аглядзе літаратуры наогул абмінаюцца.

У адпаведнасці з уласным павярхоўным разуменнем феномена нацыянальнай дзяржаўнасці (пра што гаварылася вышэй) аўтары 3-га тома разглядаюць БССР як паўнавартасную нацыянальную дзяржаву беларускага народа. Гэта паўтарае савецкія прапагандысцкія клішэ, але істотна разыходзіцца з пазіцыяй многіх сучасных гісторыкаў, якія ацэньваюць БССР як “фіктыўнае ўтварэнне” (Андрэй Чарнякевіч), “сурагат нацыянальнай дзяржаўнасці” (Леанід Гарызонтаў), “фантомную беларускую дзяржаўнасць” (Юрый Барысёнак), “прывід беларускай дзяржаўнасці” (Іван Саракавік) і як “пастку для беларускіх нацыяналістаў, заплаціўшых сваімі жыццямі за тое, што паверылі ў яе як сапраўдную беларускую дзяржаву” (Рыгор Лазько) [68]. Калі б стваральнікі пяцітомніка прытрымліваліся прынятых у навуцы норм і стандартаў, яны абавязкова адрэагавалі б на падобныя ацэнкі і, магчыма, знайшлі б аргументацыю, каб іх аспрэчыць і даказаць слушнасць уласнай пазіцыі. На жаль, акадэмічныя навукоўцы старанна пазбягаюць адкрытых дыскусій, таму альтэрнатыўныя погляды проста ігнаруюць.

З такой жа тактыкай – хаваць галаву ў пясок – сутыкаемся і ў стаўленні да літаратуры па гісторыі Беларускай Народнай Рэспублікі. Аўтары не прамінулі абвясціць “значным укладам у вывучэнне беларускай дзяржаўнасці” (3: 12) кампілятыўнае выданне, спехам падрыхтаванае Інстытутам гісторыі НАНБ да 100-гадовага юбілею БНР [69], але палічылі дапушчальным “не заўважыць” непараўнальна больш сур’ёзныя і наватарскія манаграфіі Дароты Міхалюк [70] і Андрэя Чарнякевіча [71].

Дапусціўшы відавочныя лакуны ў гістарыяграфічным раздзеле 3-га тома што да цэнтральнай праблематыкі выдання, стваральнікі кнігі непрапарцыйна шмат месца адвялі пабочным лініям, якія толькі часткова перасякаюцца з магістральнай тэмай: змясцілі падрабязны канспект гістарыяграфічнай часткі манаграфіі Вольгі Бароўскай пра савецка-польскія перагаворы 1918–1921 г. (3: 14–28) [72], а таксама пераказ манаграфіі Аляксандра Савіча па гістарыяграфіі нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі (3: 34–47) [73].

Нарацыя 3-га тома храналагічна пачынаецца з лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. і адкрываецца аглядам праграм агульнарасійскіх і беларускіх нацыянальных партый па пытаннях рэфармавання расійскай дзяржаўнасці і вызначэння ў новай дзяржаўнай сістэме месца для Беларусі (3: 56–74). Гэты матэрыял цалкам дарэчны, але ў ім занадта скупа пададзены звесткі пра захады беларускіх палітычных актывістаў у 1917 г. па стварэнні надпартыйных арганізаваных структур – Беларускага нацыянальнага камітэта, Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый і партый, Вялікай беларускай рады, – якія былі каардынацыйнымі цэнтрамі нацыянальнага руху і разглядаліся як зародкі будучых уладных інстытутаў беларускай дзяржаўнай адзінкі. Шкада таксама, што не прадоўжаны добра распрацаваныя ў папярэднім томе сюжэты пра органы самакіравання – земствы і гарадскія думы, якія ў дэмакратызаваным выглядзе працягвалі функцыянаваць у 1917–1918 г. і адыгралі не апошнюю ролю ў палітычным проціборстве па пытанні будучага дзяржаўнага статусу Беларусі.

У даволі ўсечаным выглядзе пададзены ў 3-м томе феномен Беларускай Народнай Рэспублікі. Прысвечаны ёй параграф дастаткова грунтоўна асвятляе працэс абвяшчэння БНР, стварэнне яе вярхоўных і мясцовых органаў, узаемаадносіны з германскімі акупацыйнымі ўладамі, дзейнасць у пытанні рээвакуацыі бежанцаў, фінансава-эканамічнай сферы, у галіне культуры – але ўсе гэтыя сюжэты абмяжоўваюцца толькі “менскім” перыядам існавання БНР у 1918 г. Пасля ад’езду ў канцы 1918 г. Рады і ўрада БНР з Менска (пры гэтым памылкова сцвярджаецца, што спачатку яны пераехалі ў Горадню, а потым у Вільню, хоць было наадварот) Беларуская Народная Рэспубліка надоўга знікае са старонак кнігі. Паўторна яна з’яўляецца толькі ў 1925 г. у нечаканым месцы – пры асвятленні грамадска-палітычных працэсаў у Савецкай Беларусі, – калі аўтары паведамляюць пра інспіраваную кіраўніцтвам КП(б)Б Берлінскую канферэнцыю беларускіх палітычных дзеячаў, якая прыняла фармальнае рашэнне аб скасаванні ўрада БНР (3: 342–343, 355–359). А што ж уяўляла сабой БНР у перыяд паміж 1918 і 1925 гадамі? Пра яе становішча ў перыяд польска-савецкай вайны, узаемаадносіны з суседнімі дзяржавамі, намаганні яе лідараў па стварэнні беларускага войска, спробы легітымізацыі на міжнароднай арэне, у т. л. праз удзел у Парыжскай мірнай канферэнцыі, можна прачытаць у кожным падручніку для студэнтаў, але “фундаментальнае” акадэмічнае выданне па гісторыі беларускай дзяржаўнасці пра ўсё гэта зацята маўчыць. Адсутнасць інфармацыі па названых аспектах, між іншым, не дазваляе чытачу зразумець, чаму камуністычнае кіраўніцтва БССР нават у сярэдзіне 1920-х г. выяўляла зацікаўленасць, каб Беларуская Народная Рэспубліка ў фармальна-юрыдычным сэнсе сышла з гістарычнай арэны.

Затое насуперак логіцы і здароваму сэнсу аж 52 старонкі кнігі (3: 199–251) займае параграф 3.4 аўтарства В. Бароўскай пра савецка-польскія мірныя перамовы 1920–1921 г. Зразумела, што беларускае пытанне было адным з цэнтральных пунктаў гэтых перамоў, пэўныя іх этапы праходзілі на тэрыторыі Беларусі (у Баранавічах, Менску), а вынікі прадвызначылі лёс краіны на два дзесяцігоддзі наперад. Аднак з улікам таго, што ні адно з абодвух беларускіх дзяржаўных утварэнняў (ні БНР, ні ССРБ) не было дапушчана да ўдзелу ў перамовах, і Беларусь выступала на іх толькі аб’ектам чужой волі, такое аб’ёмнае і дэталёвае іх апісанне выглядае празмерным – тым больш, што гэта зроблена ва ўрон разгляду больш важных для праблематыкі выдання сюжэтаў. Апрача таго, некаторая інфармацыя, пададзеная ў тэксце В. Бароўскай, дублюецца потым у наступным параграфе 3.5 аўтарства Міхаіла Касцюка (параўн. 3: 218–221 і 261–262).

Характар асвятлення ў пяцітомніку гісторыі Беларускай ССР сведчыць, што яго аўтары і рэдактары ўсё яшчэ – праз трыццаць гадоў пасля распаду СССР – знаходзяцца пад уплывам савецкіх схем і стэрэатыпаў. Так, у 3-м томе, па сутнасці, узноўлена даўняя савецкая версія ўтварэння СССР і ўваходжання ў яго склад Савецкай Беларусі. Яна зыходзіць з пастулата, што ініцыятарамі аб’яднання рэспублік у саюзную дзяржаву былі самі народы гэтых рэспублік, чыя воля ўвасобілася ў адпаведныя рашэнні рэспубліканскіх з’ездаў саветаў (у т. л. IV Усебеларускага з’езда) і была замацавана 30 снежня 1922 г. І з’ездам саветаў СССР. Такую інтэрпрэтацыю падзей запачаткаваў яшчэ да фармальнага абвяшчэння СССР Іосіф Сталін – у інтэрв’ю газеце “Правда” ад 18 лістапада 1922 г. [74]. Дадзеная інтэрпрэтацыя грунтуецца на шырока рэкламаваных дэкларацыях і пастановах савецкіх з’ездаў як афіцыйных органаў улады, але замоўчвае закулісную ролю ў аб’яднаўчым працэсе кіраўніцтва РКП(б) і мясцовых партыйных структур. Між тым, ужо некалькі дзесяцігоддзяў таму абнародаваны і асэнсаваны ў навуковай літаратуры дакументы, з якіх відаць, што аб’яднанне рэспублік было ініцыявана Цэнтральным камітэтам РКП(б) і яго Палітбюро, а потым усё гэта дзейства як па нотах было разыграна ў адпаведнасці са сцэнаром, зацверджаным на негалосна праведзеным 5–6 кастрычніка 1922 г. пленуме ЦК РКП(б) [75].

Нагадаем, што для стваральнікаў пяцітомніка Беларуская ССР – “нацыянальная” і нават “суверэнная” форма беларускай дзяржаўнасці (3: 3, 247, 266, 612 і інш.). Гэта трэба разумець так, што ўлада, якая функцыянавала ў рэспубліцы, не была прыўнесена звонку, а з’яўлялася “сваёй”, уласна беларускай. У такім разе было б лагічным адлюстраваць у 3-м томе структуру і функцыянаванне дзяржаўнага апарату БССР – прынамсі не менш падрабязна, чым адлюстравана ў папярэднім томе расійская імперская адміністрацыя на тэрыторыі Беларусі. Тым часам адносна здавальняльна, хоць і крыху павярхоўна, паказаны толькі найвышэйшыя ўладныя інстытуты БССР і мясцовыя саветы. А што ж уяўлялі сабой іншыя неад’емныя атрыбуты суверэннай нацыянальнай дзяржавы – судовая ўлада, пракуратура, органы правапарадку і дзяржбяспекі, знешнепалітычная служба, узброеныя сілы, механізм выбараў, грашова-фінансавая сістэма? Ці меліся ўсе яны ў наяўнасці, а калі меліся, то наколькі былі самастойныя, якому цэнтру ў канчатковым выніку падпарадкоўваліся – Менску ці нейкаму іншаму? На жаль, з пералічаных дзяржаўных інстытутаў у кнізе эпізадычна згадваюцца толькі некаторыя, але сістэмна яны не характарызуюцца, з-за чаго вобраз Беларускай ССР як формы нацыянальнай дзяржаўнасці атрымаўся непаўнакроўным і непераканаўчым.

Але затое (і гэта не можа не радаваць) 3-і том насычаны захапляльнымі вынаходствамі і цудоўнымі адкрыццямі па іншых пытаннях. Напрыклад, дасюль лічылася (такая аблудная версія прабралася нават у школьныя падручнікі!), быццам Сербія (разам з Чарнагорыяй і Румыніяй) стала незалежнай дзяржавай пасля расійска-турэцкай вайны 1877–1978 г.; у сапраўднасці ж, як устанавілі стваральнікі 3-га тома, сербы здабылі дзяржаўнасць на некалькі дзесяцігоддзяў пазней – толькі на пачатку ХХ ст. (3: 3). Таксама ўсе падручнікі і энцыклапедыі хлусліва цвердзяць, быццам Віленская беларуская рада была абрана на Беларускай канферэнцыі ў Вільні ў студзені 1918 г.; але ж не – яна, як высвятляецца, дзейнічала яшчэ ў 1915–1917 г., выступаючы за аб’яднанне Літвы і Беларусі ў адной дзяржаве (3: 175). Шмат каму са школьных часоў здаецца, што Савецкую Расію абвясцілі федэратыўнай рэспублікай у студзені 1918 г. – на ІІІ Усерасійскім з’ездзе саветаў; дык зноў жа не – на самай справе гэта адбылося ў канцы 1917 г. (3: 251). Дагэтуль у літаратуры бытуе фальшывая канстатацыя, быццам у 1919 г. палякі захапілі беларускую тэрыторыю толькі да Заходняй Дзвіны і Бярэзіны; але ж у рэчаіснасці, аказваецца, яны прасунуліся далей – да Заходняй Дзвіны і Дняпра (3: 259). Афіцыйнае прызнанне Савецкай Расіяй незалежнасці ССРБ адбылося зусім не паводле Рыжскага дагавору 1921 г., як многім дасюль падаецца, а “па Парыжскім дагаворы” (3: 261) – мабыць, ад 28 чэрвеня 1919 г., у якім РСФСР, як вядома, не ўдзельнічала.

Нямала новых цікавых штрыхоў дадаюць аўтары і рэдактары 3-га тома да партрэтаў шэрагу гістарычных дзеячаў. Так, паводле гэтай аўтарытэтнай кнігі, Аляксандр Чарвякоў ужо ў лістападзе 1920 г. з’яўляўся в. а. старшыні ЦВК ССРБ (5: 220), хоць сам ЦВК на той момант яшчэ не існаваў. Воляй аўтараў прозвішча ўдзельніка Усебеларускага з’езда 1917 г. (пазней – генерал-маёра інтэнданцкай службы Чырвонай арміі) Лукаша Калядкі пераўтворана ў Л. Коляду (3: 90), а дзяржаўнага дзеяча БССР 1930-х г., пераемніка А. Чарвякова на пасадзе старшыні ЦВК Міхаіла Стакуна, – у М. Стукана (3: 296).

Яшчэ больш забаўную метамарфозу знаходзім у 3-м томе на с. 399. Працытуем на мове арыгінала: “На XVIII съезде партии (Кампартыі Беларусі. – Р. М.), который проходил 10–18 июня 1938 г., членами Бюро ЦК были избраны 9 человек: А. Ананьев, П. Голиков, А. Кузнецов, М. Кузнецов, А. Левицкий, А. Наседкин, Н. Наталевич, П. Пономаренко, М. Рапинский”. У адным гэтым нескладаным сказе аўтары ўмудрыліся нагрувасціць цэлы каскад памылак. У названыя дні чэрвеня 1938 г. адбыўся не XVIII, а XVII з’езд КП(б)Б. Бюро ЦК абіралася не на з’ездах, а на пленумах Цэнтральнага камітэта, сфармаванага з’ездам; адпаведна, гэты склад Бюро быў выбраны на арганізацыйным пленуме ЦК КП(б)Б 19 чэрвеня 1938 г. Члена Ваеннага савета Беларускай ваеннай акругі (БВА), будучага маршала Савецкага Саюза Голікава па-руску звалі Филипп Иванович, значыць, ініцыял пры яго прозвішчы павінен быць Ф., а не П. Прозвішча першага сакратара Магілёўскага абкама КП(б)Б Марка Рапінскага па-руску пісалася як Репинский. Але самае нечаканае: у названым складзе Бюро ЦК КП(б)Б раптам з’явіліся два чалавекі з прозвішчам Кузнецов, хоць даўно дакументальна ўстаноўлена, што ў гэты склад уваходзілі два члены з прозвішчам Ковалев – старшыня СНК БССР Апанас Кавалёў і камандуючы войскамі БВА Міхаіл Кавалёў [76]. Прызнацца, рэцэнзент не адразу зразумеў, як Кавалёвы маглі пераўвасобіцца ў Кузняцовых. Але потым прыйшло азарэнне – дык гэта ж пераклад! Яно і праўда: нягожа, каб у рускамоўнай кнізе фігуравалі прозвішчы, утвораныя ад не зусім рускага слова каваль. Павіншуем жа аўтараў і рэдактараў 3-га тома з гэтым ноу-хау – без сумневу, унікальным у сусветным маштабе, і пажадаем, каб запачаткаваная імі практыка – перакладаць прозвішчы – не засталася незаўважанай у навуковым асяроддзі.

Увогуле, чытаць і каментаваць 3-і том пяцітомніка (зрэшты, як і ўсе астатнія) – суцэльнае задавальненне. І хоць перспектыва разрастання рэцэнзіі за межы дапушчальнага аб’ёму вымушае нас ахвяраваць прадаўжэннем такой асалоды, усё ж нельга не спыніцца на яшчэ адным неардынарным фрагменце – своеасаблівай “вішаньцы на торце” ў рамках не толькі гэтага тома, але, бадай, і ўсяго выдання. Маем на ўвазе параграф аўтарства тагачаснага дырэктара Інстытута гісторыі НАНБ В. Даніловіча пра моладзевы рух у БССР (фактычна – пра дзейнасць ЛКСМБ), які займае ні многа ні мала – каля 80 старонак кнігі, або 12,4% яе аб’ёму (3: 409–485). Аўтар гэтага тэксту настолькі ўжыўся ў сваю тэму, што мысліць і піша толькі палітычна-ідэалагічнымі катэгорыямі даваеннага часу. Як вопытны майстар слова, ён умела пагружае чытача ўслед за сабой у загадкавы і такі прывабны свет сталінскай дыктатуры перыяду яе росквіту. Адстойваючы генеральную лінію партыі, сп. Даніловіч разам са сваімі героямі-камсамольцамі вядзе на старонках кнігі непрымірымую барацьбу з трацкістамі, бухарынцамі, правым ухілам, левымі перагібамі, нацыяналізмам усіх масцей, правакацыйнымі чуткамі, рашуча выступае супраць засмечвання ЛКСМБ і “несаюзнай моладзі” антысавецкімі элементамі і палітычна ненадзейнымі асобамі. З баявым камсамольскім запалам ён рапартуе чытачу, што, напрыклад, у 1922 г. у ССРБ у палітшколах займалася 300 камсамольцаў, у палітгуртках пры камсамольскіх клубах – 455 і яшчэ 300 камсамольцаў – у вышэйшых палітшколах (3: 452); што ў 1927/28 навучальны годзе палітшколы і палітгурткі ахоплівалі ўжо 90% членаў ЛКСМБ (3: 458); што ў 1928 г. у прафсаюзах БССР моладзі да 23 гадоў налічвалася каля 50 тыс. (19,5%) (3: 438); што на 1 ліпеня 1927 г. у Асаавіяхіме БССР удзельнічалі 14 208 камсамольцаў (16,2% ад усёй іх колькасці), а на 1 лістапада 1927 г. – ужо 24 267 (20,9%) (3: 467); што ў канцы 1935 г. нормы комплексаў “варашылаўскі стралок” здалі 45 960 маладых людзей, “Гатовы да супрацьпаветранай і супрацьхімічнай абароны” – 24 497, а нормы догляду каня – 27 919 (3: 478) і г. д., і г. д.

Навошта ўсё гэта ў кнізе па гісторыі беларускай дзяржаўнасці? Натуральна, рэцэнзент не дапускае нават ценю падазрэння, што тут меў месца звычайны разлік, каб з прыцэлам на будучую абарону доктарскай дысертацыі ў што б там ні стала ўціснуць свой тэкст у прэстыжнае выданне. Ні ў якім разе! Трэба думаць, з’яўленне ў пяцітомніку гэтага феерычнага наратыву было прадыктавана высокімі дзяржаўнымі мэтамі. Відавочна, механічны, цалкам пазбаўлены аналітычнага кампанента пераказ камсамольскіх справаздач 90-гадовай даўнасці – гэта акурат тое, што дапаможа выхаванню ў сённяшніх грамадзян IT-краіны павагі да духоўна-маральных каштоўнасцяў і культуры, пачуцця адказнасці за лёс Айчыны ды паспрыяе кансалідацыі беларускага грамадства і захаванню яго самабытнасці [77].

Чацвёрты том пад назвай “Беларуская дзяржаўнасць напярэдадні і ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны і пасляваеннага аднаўлення” (адказны рэдактар – Мікалай Несцяровіч) ахоплівае перыяд з 1939 да 1953 г. Як і папярэднія, ён поўніцца супярэчнасцямі канцэптуальнага і факталагічнага характару. Аўтары і рэдактары так і не змаглі разабрацца, які ж міжнародна-прававы статус мела БССР на працягу ўсяго часу яе існавання. У прадмове да тома супраціўленне савецкіх воінаў “розных нацыянальнасцяў” германскай агрэсіі інтэрпрэтуецца як “выбар беларускага народа” на карысць “адстойвання незалежнасці”. Адначасова канстатуецца, што нацысцкае кіраўніцтва Германіі не ставіла мэту “захавання незалежнай Беларусі” (4: 4). Атрымліваецца, што да вайны Беларусь ужо была незалежнай краінай? (Адстойваць, захоўваць можна толькі тое, што ўжо ёсць у наяўнасці.) Аднак далей высвятляецца, што БССР толькі пасля вайны атрымала права (ад каго?) “на правядзенне знешнепалітычнай дзейнасці” (4: 5), без якога пра сапраўдную незалежнасць не можа быць гаворкі. А яшчэ праз дзесяць старонак насуперак сказанаму на пачатку прызнаецца, што статус “незалежнай і суверэннай дзяржавы” Беларусь здабыла толькі ў 1991 г. (4: 14). Гэтая канцэптуальная неразбярыха дамоклавым мячом вісіць над усім аўтарскім аповедам пра савецкую дзяржаўнасць Беларусі.

Гістарыяграфічны нарыс у 4-м томе выглядае менш фрагментаваным, больш цэльным і сістэмным, чым у іншых тамах. У асноўнай яго частцы аналізуецца літаратура па перыядзе Другой сусветнай вайны. Акрэслены этапы ў развіцці навуковай думкі па гэтай праблематыцы, вызначаны асаблівасці кожнага з іх, ахарактарызаваны найбольш значныя працы. Лепшае ўражанне, чым у іншых тамах, пакідае тут і параграф пра крыніцы даследавання (праўда, некаторыя яго старонкі па-ранейшаму больш нагадваюць архівазнаўчую інфармацыю, чым крыніцазнаўчы аналіз). Разам з тым, на наш погляд, з самага пачатку аўтары выбралі недакладны ракурс для разгляду літаратуры – “гістарыяграфія гісторыі Беларусі перыяду Вялікай Айчыннай вайны” (4: 9), хоць у адпаведнасці з тэмай выдання мусіла б быць “гістарыяграфія гісторыі беларускай дзяржаўнасці” па названым перыядзе. Г. зн. ужо з першых старонак тома замест гісторыі дзяржаўнасці фактычна разглядаецца агульная гісторыя краіны, а ўласна дзяржаўніцкі аспект фармальна закранаецца толькі зрэдку (4: 10–11, 13, 14). Такі падыход, на жаль, нязменна праводзіцца і ў наступных раздзелах кнігі.

Больш за палову аб’ёму 4-га тома займае асвятленне (калі верыць назвам раздзелаў) праблем дзяржаўнасці Беларусі ў гады Другой сусветнай вайны (1939–1945). Вядучым аўтарам гэтай часткі праекта выступае сам кіраўнік выдання, галоўны рэдактар пяцітомніка А. Каваленя, яго суаўтарамі – Аляксей Літвін, Вячаслаў Даніловіч, Уладзімір Здановіч, Марат Жылінскі і інш. І, як ні парадаксальна, менавіта гэтыя раздзелы кнігі ў найменшай ступені адпавядаюць заяўленай тэме пяцітомнай працы.

“Ваенная” частка праекта пачынаецца матэрыялам пра пакт Молатава – Рыбентропа 1939 г., які разглядаецца ў амаль што цалкам пазітыўным, апалагетычным ключы. Аспрэчваючы крытычныя ацэнкі пакта і сакрэтнага пратакола да яго “некаторымі” неназванымі гісторыкамі, аўтары заяўляюць, што дадзеныя дамоўленасці паміж Германіяй і СССР “не рабілі іх саюзнікамі ні фармальна, ні фактычна” (4: 56). Цяжка зразумець, як такая выснова стасуецца з працытаваным на папярэдняй старонцы выказваннем Гітлера, зробленым 22 жніўня 1939 г., непасрэдна перад заключэннем пакта, дзе нацысцкі фюрэр адназначна называе маючае адбыцца пагадненне “саюзам з Расіяй”, а здольнасць Германіі вытрымаць блакаду з боку Англіі і Францыі звязвае з германскай аўтаркіяй і “рускай сыравінай” (4: 55).

Сотні старонак у 4-м томе адведзена апісанню ваенных дзеянняў: паходу Чырвонай арміі ў Заходнюю Беларусь у верасні 1939 г., падзеям савецка-фінляндскай вайны 1939–1940 г. (бо яна зрабіла “сур’ёзны ўплыў на грамадскае жыццё БССР”; 4: 68), абарончым баям Чырвонай арміі ў 1941 г., барацьбе савецкіх партызан і падпольшчыкаў на акупаванай тэрыторыі (больш за 100 старонак тэксту – практычна кніга ў кнізе), нарэшце, баявым дзеянням на франтах у 1943–1944 г., якія прывялі да вызвалення БССР ад акупацыі. Гэты матэрыял не ўпісваецца ў тэму беларускай дзяржаўнасці – ні ў традыцыйным, ні ў “новым” яе разуменні. Можна сказаць, што асноўным зместам тома з’яўляюцца падзеі германа-савецкай вайны на тэрыторыі Беларусі, а не беларуская дзяржаўнасць у гады вайны. Тэму беларускай дзяржаўнасці фактычна замяняе тэма ўзброенай барацьбы супраць акупантаў. Такое напаўненне 4-га тома яшчэ раз сведчыць пра адсутнасць адзіных падыходаў і прынцыпаў пры ажыццяўленні праекта, бо папярэднія тамы не ўтрымлівалі адлюстравання баявых дзеянняў ні ў войнах сярэдзіны XVII ст., ні ў Вялікую Паўночную вайну, ні ў вайну 1812 г., ні ў Першую сусветную вайну і г. д. Ніякага пераканаўчага тлумачэння такой падмены тэмы даследавання ў томе няма, толькі час ад часу сустракаюцца нязграбныя, штучна ўведзеныя ў тэкст звароты тыпу таго, што змаганне Чырвонай арміі на франтах ды партызанскі і падпольны рух былі накіраваны на “адстойванне Беларусі” (4: 145, 409–410, 427–428) ды нават на абарону яе “дзяржаўнай незалежнасці” (4: 159).

Тут жа можна адзначыць характэрную тэндэнцыю, якая заўважаецца не толькі ў 4-м томе, але і ва ўсіх раздзелах і параграфах, прысвечаных савецкаму перыяду: усё савецкае адначасова лічыць і беларускім, а ўсё несавецкае – небеларускім і чужым. Аўтары настолькі захапляюцца атаясамленнем беларускага з савецкім, што не заўважаюць, як учыняюць часам даследчыцкую “экспансію” за межы Беларусі і абапіраюцца не на мясцовую беларускую фактуру, а, напрыклад, на рэаліі Масквы і Маскоўскай вобласці, калі пішуць пра ўспрыманне масквічамі прамовы Сталіна 3 ліпеня 1941 г. (4: 130–131).

Уласна праблема беларускай дзяржаўнасці ўсплывае ў названым томе нячаста. Так, аўтары спрабуюць высветліць ваенна-палітычныя планы гітлераўскай Германіі адносна Беларусі (4: 110–114). Пры гэтым цытуюцца розныя нямецкія дакументы, якія нярэдка супярэчаць адзін аднаму, – мабыць, з той прычыны, што ў адных выпадках гэта былі толькі прапановы асобных функцыянераў або адміністрацыйных структур, а ў іншых – ужо ўхваленыя рашэнні. Аднак аўтары не бяруць да ўвагі, што дакументы маглі мець розную юрыдычную сілу, і ў выніку іх высновы застаюцца блытанымі, невыразнымі і не даюць уцямнага адказу, ці гітлераўцы гатовы былі дапусціць стварэнне нейкай беларускай адміністрацыйна-дзяржаўнай адзінкі, ці цалкам выключалі такую магчымасць.

Не знаходзяць аўтары дакладных, вывераных фармулёвак і пры аглядзе дзейнасці калабаранцкіх арганізацый і устаноў: Беларускай народнай самапомачы, Беларускай рады даверу, Беларускай цэнтральнай рады. На с. 241 паведамляецца, што генеральны камісар Вільгельм Кубэ прапрацоўваў ідэю стварэння пад пратэктаратам Германіі “самастойнай беларускай дзяржавы”, для чаго ініцыяваў арганізацыю Беларускай рады даверу на чале з Вацлавам Іваноўскім. Але з прыведзеных далей выказванняў В. Кубэ відаць, што Радзе даверу адводзілася роля выключна дарадчага органа пры нямецкай адміністрацыі, і ніякіх дзяржаўніцкіх кампетэнцый для яе не прадугледжвалася (4: 242).

Спыніўшыся на стварэнні акупацыйнымі ўладамі ў супрацоўніцтве з калабарантамі Беларускай цэнтральнай рады (прэзідэнт – Радаслаў Астроўскі), аўтары згадваюць, што яна мела свой статут, але змест яго не раскрываюць, з-за чаго юрыдычнае становішча і кампетэнцыя гэтай структуры застаюцца не высветленымі, хоць яна і характарызуецца ў тэксце як марыянеткавы ”ўрад” (4: 246–248). Толькі адзін абзац тэксту прысвечаны Другому Усебеларускаму кангрэсу (чэрвень 1944 г.), прычым яго ключавое рашэнне – аб пацвярджэнні акта 25 сакавіка 1918 г. (разлічанае, відавочна, на палітычна-прапагандысцкі эфект, каб падаць прыход Чырвонай арміі на тэрыторыю Беларусі як акупацыю Беларускай Народнай Рэспублікі) – не згадваецца, як не каментуюцца і іншыя пастановы кангрэса (4: 250).

Як ні парадаксальна, але стан беларускай савецкай дзяржаўнасці ў час вайны адлюстраваны ў кнізе яшчэ горш. Савецкую дзяржаўнасць Беларусі ўвасаблялі перш за ўсё найвышэйшыя органы ўлады і кіравання БССР: Вярхоўны Савет і яго Прэзідыум, Савет Народных Камісараў, а таксама ЦК КП(б)Б. Але звестак пра іх функцыянаванне ў гады ваеннага ліхалецця адпаведны раздзел 4-га тома – “Беларуская дзяржаўнасць у выпрабаваннях Вялікай Айчыннай вайны (1941–1945)” – утрымлівае вельмі мала. Поўнае маўчанне захоўваецца адносна дзеянняў партыйных і савецкіх кіраўнікоў Беларусі ў першыя дні вайны – з 22 чэрвеня да 1 ліпеня 1941 г. Пасля эвакуацыі ўглыб СССР у сувязі з акупацыяй ворагам усёй тэрыторыі БССР яе вярхоўныя органы фактычна апынуліся ў становішчы “ўрада ў выгнанні” [78]. Згадкі пра іх у названым вышэй даволі вялікім раздзеле з’яўляюцца толькі эпізадычна пад вельмі неакрэсленай, аморфнай намінацыяй: “кіраўніцтва Беларусі”, “палітычнае кіраўніцтва Беларусі (БССР)”, “партыйна-дзяржаўнае кіраўніцтва Беларусі”, “ваенна-палітычнае кіраўніцтва БССР” (4: 223, 233, 239, 259, 280, 314, 427 і інш.). Аднак на працягу амаль усяго раздзела чытач не атрымлівае інфармацыі, дзе канкрэтна гэтае кіраўніцтва лакалізавалася, што сабой уяўляла ў інстытуцыйным і персанальным плане, ці мела міжнароднае прызнанне, на чыім фінансаванні знаходзілася, у якой ступені магло выконваць свае канстытуцыйныя паўнамоцтвы, як яго паўнамоцтвы суадносіліся з усёабдымнай кампетэнцыяй агульнасаюзных органаў, наколькі яно магло ўплываць на сітуацыю ўнутры акупаванай Беларусі і на яе гістарычныя перспектывы, у тым ліку на вызначэнне яе межаў, і г. д. І толькі ў самым канцы раздзела, нібы спахапіўшыся і парушаючы храналогію, аўтары наўздагон робяць кароткі экскурс пра знаходжанне вярхоўных партыйных і савецкіх органаў БССР у эвакуацыі, што не кампенсуе адсутнасці такіх звестак у папярэднім выкладзе.

Бадай, самая выразная рыса “ваенных” раздзелаў 4-га тома – не беларусацэнтрычны (як павінна было б быць у працы, падрыхтаванай вучонымі суверэннай Беларусі), а савецкацэнтрычны погляд на гістарычныя падзеі і працэсы. Пад паняццем “патрыятызм”, якое гучыць у тэксце вельмі часта, разумеецца выключна адданасць савецкай уладзе і гатоўнасць ісці на ахвяры ў імя Савецкага Саюза ў цэлым, а месца для ўласна беларускага патрыятызму – нават ў савецкім варыянце – у кнізе амаль не знаходзіцца (невялікае выключэнне – аповед на с. 272–274 пра святкаванне 25-годдзя БССР). Хоць вядома, што савецкія ўлады рабілі спробы апеляваць да беларускіх нацыянальных пачуццяў і патрыятызму, каб выкарыстаць іх у якасці матывавальных фактараў для барацьбы з захопнікамі [79]. Распрацоўваліся нават планы стварэння беларускага савецкага войска колькасцю да 129 тыс. салдат [80]. І гэтыя намеры не былі нейкай фантастыкай: у 1941–1945 г. у Чырвонай арміі дзейнічалі 53 нацыянальныя злучэнні (латышскія, літоўскія, казахскія, туркменскія, кіргізскія і інш.) з 12 саюзных і 4 аўтаномных рэспублік [81]. Тым часам беларускія нацыянальныя фармаванні так урэшце і не былі арганізаваны. Чаму? Якраз пастаноўка і пошук адказаў на падобныя прынцыповыя пытанні і мусілі б, на нашу думку, знаходзіцца ў цэнтры ўвагі гісторыкаў беларускай дзяржаўнасці.

Аднак кніга насычана інфармацыяй у асноўным па іншых аспектах гістарычнай рэчаіснасці – часта зусім пабочных адносна абвешчанай тэмы праекта. Многія старонкі 4-га тома літаральна ўсеяны статыстычнымі звесткамі, аналітычна не апрацаванымі і ніяк не ўвязанымі з праблемай дзяржаўнасці. Да прыкладу, на с. 94–99 прэзентуецца масіў звестак пра колькасць камуністаў, камсамольцаў, членаў прафсаюзаў і МОПР, значкістаў ГТО, навучэнцаў розных тыпаў школ у перадваеннай БССР; на с. 205–208 падаецца дэталёвая статыстыка, зведзеная ў табліцы, па пастаноўцы школьнай справы немцамі на акупаванай тэрыторыі. Падрабязна, са статыстычнымі табліцамі, апавядаецца пра ўтварэнне і дзейнасць калабаранцкіх моладзевых арганізацый – саюзаў беларускай, рускай, татарскай моладзі (4: 208–223); чытаць гэта, можа, каму і цікава, але, зноў жа, сувязі з тэмай беларускай дзяржаўнасці не прасочваецца. Наогул, аўтараў вельмі часта падводзіць пачуццё меры ў ступені дэталізацыі матэрыялу. Напрыклад, апісваючы нямецкую карную аперацыю “Герман” (ліпень – жнівень 1943 г.), яны не толькі называюць колькасць захопленых і забітых карнікамі мясцовых жыхароў, але і лічаць абавязковым падаць дакладныя лічбы рэквізаванай немцамі жывёлы: 6776 кароў, 499 цялят, 9571 авечка, 1517 свіней і 3145 курэй (4: 231).

Непрапарцыйна шмат месца ў 4-м томе адведзена раскрыццю метадаў ідэалагічна-прапагандысцкага ўздзеяння на насельніцтва занятай немцамі тэрыторыі – як з боку акупацыйных улад (4: 165–174, 252–259), так і з боку бальшавіцка-савецкіх структур – падпольных партыйных і камсамольскіх органаў, партызанскіх падраздзяленняў і г. д. (4: 259–279). Пры гэтым многія старонкі стракацяць савецкімі прапагандыска-публіцыстычнымі штампамі, прасякнутымі напышлівым пафасам, але малазмястоўнымі і недарэчнымі ў акадэмічным навуковым выданні: “павышэнне ідэйна-палітычнага ўзроўню”, “узмацненне ідэйна-палітычнай і агітацыйнай работы”, “павышэнне грамадска-палітычнай актыўнасці”, “ідэйна-палітычная перакананасць”, “паступальны рух беларускага народа па шляху прагрэсу”, “каварныя намеры ворага”, “высокі маральны дух народа”, “умацаванне адзінства і патрыятычных пачуццяў савецкіх людзей” і г. д. (4: 88, 94, 97, 99, 146, 159, 165, 223, 232, 250 і інш).

Нават з улікам шырока вядомай прыхільнасці кіраўнікоў рэцэнзаванага выдання да савецкай артадоксіі цяжкавата ўявіць, каб такія экзатычныя тэксты ў стылістыцы перадавіц газеты “Правда”, са спасылкамі на публікацыі 1950–80-х г. па гісторыі КПСС, маглі быць напісаны ў нашы дні. Не ўяўляе складанасці высветліць, што першааснова гэтай экзотыкі – кандыдацкая дысертацыя А. Кавалені “Ідэйна-палітычная работа падпольных партыйных арганізацый КП(б)Б у партызанскіх зонах”, абароненая ў 1983 г. па спецыяльнасці “гісторыя КПСС”. Што ж, калі гісторыка-партыйныя практыкаванні сп. Кавалені 40-гадовай даўнасці вытрымалі выпрабаванне часам (а хто ж у гэтым адважыцца сумнявацца!), то чаму б не імплантаваць іх у “прарыўное” выданне “новага пакалення”? Тым больш, што тая эпахальная дысертацыя, наколькі можна меркаваць, не была ў свой час апублікавана ў поўным аб’ёме – дык не прападаць жа дабру [82].

На фоне “ваенных” раздзелаў 4-га тома крыху лепш выглядае яго апошні раздзел – пра дзяржаўнае будаўніцтва і грамадска-палітычныя працэсы ў 1945–1953 г. Асноўная ўвага тут аддадзена функцыянаванню ў БССР сістэмы дзяржаўнай улады і кіравання, пры гэтым не замоўчваюцца яе супярэчнасці і заганы: празмерная цэнтралізацыя, бюракратызм (паказную “барацьбу” з якім вяла сама бюракратыя), фармальнае правядзенне выбараў, нізкі культурна-адукацыйны ўзровень кіраўнічых кадраў. Спецыяльна разгледжана пытанне аб месцы і ролі Камуністычнай партыі ў механізме ўлады і кіравання. Адносна рэалістычна паказана засілле партыйных органаў над усімі галінамі дзяржаўнай улады – заканадаўчай, выканаўчай, судовай. Важна таксама, што беларуская савецкая дзяржаўнасць пасляваенных гадоў рэпрэзентавана ў кантэксце тагачасных геапалітычных праблем, найперш – праблемы вызначэння польска-савецкай мяжы, якая станавілася і заходняй мяжой БССР.

Апошні, пяты том (адказны рэдактар – М. Смяховіч) мае назву “Нацыянальная дзяржаўнасць на пераломе эпох (другая палова ХХ – пачатак ХХІ ст.)”. У ім аб’яднаны два прынцыпова розныя гістарычныя перыяды: паслясталінскі савецкі (1954–1991) і перыяд суверэннай дзяржаўнасці Беларусі (1991–2019). Такое размеркаванне матэрыялу паміж тамамі падаецца небясспрэчным. На наш погляд, больш лагічна было б заключны том выдання цалкам прысвяціць суверэннай Рэспубліцы Беларусь – тым больш, што пяцітомнік выйшаў напярэдадні яе 30-годдзя. Гэта падкрэсліла б якаснае адрозненне і асаблівую значнасць гэтага перыяду ў лёсе беларускага народа і спрыяла б успрыманню Рэспублікі Беларусь як паўнавартаснай незалежнай дзяржавы, а не як працягу Беларускай ССР пад іншай назвай.

Не будзем падрабязна спыняцца на змешчаным у 5-м томе аглядзе гістарыяграфіі: напісаны 11 аўтарамі, ён такі ж шматковы, мазаічны, як і ў большасці астатніх тамоў. Тут мы зноў сутыкаемся з падменай гісторыі дзяржаўнасці агульнай гісторыяй краіны, перавагай бібліяграфіі над гістарыяграфіяй, пералікам старых гісторыка-партыйных публікацый пры ігнараванні прац новай, постсавецкай генерацыі навукоўцаў, самаўсхваленнем і прыпісваннем сабе прыярытэту ў даследаванні пытанняў, ужо даследаваных іншымі. Своеасаблівым кур’ёзам з’яўляецца тое, што тыя ж 11 чалавек пісалі агляд крыніц, агульны аб’ём якога складае 4 старонкі (5: 42–46) – па 0,36 старонкі на кожнага аўтара. Ці варта здзіўляцца, што ён распадаецца на дробныя аскепкі і па сутнасці ўяўляе сабой не крыніцазнаўчы аналіз, а пералік архіўных фондаў і вопісаў, г. зн. адлюстроўвае не змястоўныя, а тэхнічныя аспекты.

Адметнасць “савецкіх” раздзелаў 5-га тома, якая адразу ж кідаецца ў вочы, – яўная перавага “агульнасаюзнага” матэрыялу над уласна беларускім. Сацыяльна-гістарычнай прасторай, у межах якой разгортваюцца працэсы, якія даследуюцца, з’яўляецца не Беларусь, а СССР. Дзясяткі і сотні старонак гэтай часткі тома запоўнены стамляльным цытаваннем і пераказам рашэнняў з’ездаў КПСС, пастаноў ЦК КПСС і саюзнага ўрада, адносна якіх органы кіравання БССР выступаюць толькі паслухмянымі і стараннымі выканаўцамі. Галоўнымі героямі раздзелаў фактычна выступаюць не кіраўнікі і іншыя дзеячы Беларусі (яны найчасцей фігуруюць хіба што на фотаздымках), а Мікіта Хрушчоў і Леанід Брэжнеў (хутчэй як станоўчыя персанажы) ды Міхаіл Гарбачоў – адназначна адмоўны персанаж (мабыць, таму, што адным з пабочных вынікаў яго палітыкі стала магчымасць здабыцця беларусамі сваёй суверэннай дзяржаўнасці). Беларусь як суб’ект гістарычнага працэсу і аб’ект даследавання з’яўляецца на старонках гэтых раздзелаў хвалепадобна – то ўсплывае часам на паверхню, то зноў надоўга знікае ў бездані “агульнасаюзнай” фактуры, якая часта сягае па-за праблемнае поле выдання. Пэўным выключэннем з гэтага масіву пабочнай інфармацыі можна лічыць хіба што параграфы пра моўна-культурную палітыку і знешнепалітычную дзейнасць БССР, напісаныя на падставе беларускіх рэалій.

Як і ў папярэдніх тамах, паняцце дзяржаўнасці трактуецца аўтарамі 5-га тома досыць шырока – пад яго падводзіцца не толькі функцыянаванне ўладна-адміністрацыйнага апарату, суда, развіццё заканадаўства, інстытут выбараў, але і няспыннае “ўзмацненне ролі” грамадскіх арганізацый: прафсаюзаў, камсамола, ДТСААФ, сельскага спартыўнага таварыства “Ураджай”, таварыства “Веды”. Напрыклад, паведамляецца, што колькасць членаў прафсаюзаў у БССР з 1956 да 1964 г. вырасла амаль у 2 разы; што лік прафсаюзных актывістаў у рэспубліцы ўзрос з больш чым 300 тыс. у 1958 г. да 553 тыс. у 1964 г.; што па стане на 1959 г. прафсаюзы ўцягнулі ў сацыялістычнае спаборніцтва каля 890 тыс. працоўных, а па стане на 1965 г. – ужо больш за 1160 тыс. (5: 58, 61). У іншым месцы падаюцца статыстычныя звесткі пра рост “партыйнай праслойкі” сярод кіраўнікоў прафсаюзных і камсамольскіх арганізацый (5: 144–145). Тым не менш, нягледзячы на мноства падобнага кшталту лічбаў, чытачу нялёгка зразумець, якой жа насамрэч была роля афіцыйных прафсаюзаў у савецкім грамадстве, калі прызнаецца, што мела месца “далейшае падпарадкаванне іх партыйна-дзяржаўнаму кіраўніцтву” і “з кожным годам бюракратызацыя прафсаюзаў узмацнялася”, але адначасова сцвярджаецца, быццам дзякуючы “намаганням і значнай увазе партыйна-палітычнага кіраўніцтва” адбывалася “павышэнне актыўнасці” самадзейных аб’яднанняў насельніцтва ў грамадскай і вытворчай дзейнасці (5: 60, 62). Атрымліваецца, што звужэнне самастойнасці і бюракратызацыя грамадскіх арганізацый спрыяла іх актывізацыі ў розных сферах?

Падобных супярэчнасцяў, парушэнняў логікі, сэнсавых прагалаў у 5-м томе вельмі шмат. Так, на с. 164 чытаем, што ў брэжнеўска-андропаўскія часы “народ яшчэ больш, чым раней, быў адхілены ад рэальнага ўдзелу ў вырашэнні дзяржаўных і грамадскіх спраў”, але, паколькі развівалася эканоміка, то безуладдзе народа, аказваецца, не перашкаджала стварэнню спрыяльных перадумоў “для рэалізацыі ідэі дзяржаўнага суверэнітэту і незалежнасці”.

Амаль пагалоўны ўдзел дарослага насельніцтва ў галасаванні на выбарах у савецкія часы трактуецца як “палітычная актыўнасць насельніцтва” (5: 108), хоць з іншых старонак кнігі даведваемся, што манапалізацыя партыйнымі органамі ўсіх этапаў выбарчых кампаній не пакідала прасторы для ініцыятывы і самадзейнасці грамадзян і “не спрыяла рэальнай палітычнай актыўнасці выбаршчыкаў” (5: 107, 138–140). І тым не менш, нягледзячы на гэта, савецкая ўлада “з’яўлялася па сваёй прыродзе глыбока дэмакратычнай”, і “дэмакратычныя асновы савецкай сістэмы народаўладдзя” няўхільна ўмацоўваліся (5: 110).

Яшчэ адна загадка для чытача: Канстытуцыя СССР 1977 г. і канстытуцыі саюзных рэспублік 1978 г. прадугледжвалі “больш высокую, чым ранейшая Канстытуцыя СССР 1936 г., ступень цэнтралізму ў пабудове федэратыўнай дзяржавы” (5: 130), але пры гэтым яны адлюстравалі “тэндэнцыю на пашырэнне прававой кампетэнцыі саюзных рэспублік” (5: 129).

У кнізе прыводзяцца надзвычай красамоўныя факты і лічбы пра імклівае звужэнне ў пасляваенныя дзесяцігоддзі сферы выкарыстання ў БССР беларускай мовы, зыходным звяном чаго было яе метадычнае выцясненне са сферы школьнай адукацыі. Калі ў 1955/56 навучальным годзе 94,5% школ рэспублікі працавалі на беларускай мове і на ёй навучалася 78,5% школьнікаў, то ў 1985/86 навучальным годзе школ з беларускай мовай навучання засталося 69,8%, а вучняў – толькі 23,0% (5: 71, 224). Культываванне ў БССР рускай мовы ва ўрон беларускай аўтары 5-га тома сарамліва называюць “уніфікацыяй” і “інтэрнацыяналізацыяй” (тэрмін “русіфікацыя” ў дачыненні да савецкага перыяду – табу). Пры гэтым даследчыцкі спрыт дазваляе знайсці і іншую тэндэнцыю: “дзякуючы клопату дзяржавы” ды працы партыйных камітэтаў і грамадскіх арганізацый адбывалася “пашырэнне” і “ўмацаванне” нацыянальнай самасвядомасці беларускага народа (5: 80). Як гэта ўдавалася дзяржаве і партыйным камітэтам ва ўмовах татальнай “уніфікацыі” і “інтэрнацыяналізацыі” і ў чым канкрэтна выяўлялася, у томе не тлумачыцца.

Паказальным для зместу 5-га тома з’яўляецца асвятленне ў ім гарбачоўскай палітыкі перабудовы. Усе кампаненты гэтай палітыкі характарызуюцца пераважна ў негатыўнай танальнасці. Спасылаючыся на аўтарытэтныя меркаванні Леніна і М. Смяховіча пра згубнасць розных нечаканых пераўтварэнняў, аўтары (М. Несцяровіч і М. Смяховіч) пішуць пра адсутнасць у рэфарматараў распрацаванай у тэорыі мадэлі перабудовы, слабай навуковай падрыхтоўцы М. Гарбачова і яго атачэння, прымітыўнасці і схаластычнасці іх палітычнай дактрыны, дэмагагічным характары абвешчаных імі праграм (5: 179–184). Асаблівую насцярожанасць у стваральнікаў кнігі выклікаюць выбары народных дэпутатаў на альтэрнатыўнай аснове, тайнае галасаванне пры фармаванні партыйных органаў, перавод прамысловай і сельскагаспадарчай вытворчасці на поўны гаспадарчы разлік, антыалкагольная кампанія і, як вынік усяго гэтага, “дэстабілізацыя грамадска-палітычнага жыцця” (5: 183–190).

Падзеі жніўня 1991 г. ацэньваюцца як спроба ГКЧП ажыццявіць дзяржаўны пераварот, якая правалілася. Пасля гэтага, як высвятляецца, пераварот здзейсніў прэзідэнт РСФСР Барыс Ельцын, прыпыніўшы на тэрыторыі Расіі дзейнасць арганізацый КПСС. Завяршылі гэты (другі) пераварот удзельнікі V з’езда народных дэпутатаў СССР (у большасці камуністы), якія 5 верасня 1991 г. прынялі рашэнне аб самароспуску, чым “здрадзілі свайму народу” (5: 290–291). Застаецца непраясненым, у чым палягала здрада і на карысць каго была ўчынена, бо тут жа прызнаецца, што “шырокія партыйныя і народныя масы”, працоўныя саюзных рэспублік, у т. л. Беларусі, не сталі на бок змоўшчыкаў-путчыстаў, а падтрымалі дзеянні прэзідэнта Расіі. Ці не азначае гэта, што дэпутаты здрадзілі народу на карысць… самога народа?

Абвяшчэнне незалежнасці і суверэнітэту – кульмінацыйны пункт, найвялікшае дасягненне ў гісторыі кожнага народа. Але аўтары пяцітомніка па гісторыі беларускай дзяржаўнасці, мабыць, так не лічаць. Бо закон Вярхоўнага Савета БССР ад 25 жніўня 1991 г. аб наданні Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце БССР статуса канстытуцыйнага закона – г. зн. фактычнае абвяшчэнне незалежнасці Беларусі – хоць і згадваецца ў тэксце двойчы, але ніяк не акцэнтаваны, нічога не сказана пра абставіны яго прыняцця, пра барацьбу вакол гэтага акта ў Вярхоўным Савеце і па-за ім, не паказаны лічбы галасавання (5: 300, 307). У выніку гэтае лёсавызначальнае рашэнне беларускага парламента па сутнасці губляецца ва ўспрыманні чытача, патанае ў мностве іншых прынятых у тыя дні законаў і пастаноў.

Досыць падрабязна ў 5-м томе ахарактарызавана палітычная сістэма Рэспублікі Беларусь, што і патрабуецца тэмай выдання. Але і тут аўтары не пазбеглі перакосаў і недарэчнасцяў.

З вялікай узнёсласцю, як адзін з інстытутаў “нацыянальнай мадэлі дэмакратыі” (5: 370), характарызуецца Усебеларускі народны сход, пераказваюцца рашэнні ўсіх пяці УНС, што адбыліся ў перыяд з 1996 да 2016 г. Пры гэтым Усебеларускі народны сход вызначаецца як “форма прамога народаўладдзя” (5: 362, 370). Дадзеная фармулёўка з’яўляецца юрыдычна непісьменнай, бо прамая (непасрэдная) дэмакратыя прадугледжвае магчымасць удзелу у прыняцці рашэнняў усіх дарослых грамадзян краіны [83]. На УНС рашэнні прымаюцца некалькімі тысячамі прадстаўнікоў грамадства – дэлегатамі, што сведчыць аб прыналежнасці названага інстытута не да прамых, а да прадстаўнічых форм дэмакратыі. Паводле дзейнай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, “Усебеларускі народны сход – найвышэйшы прадстаўнічы орган народаўладдзя Рэспублікі Беларусь” [84].

Зыходзячы з меркавання, што “ў Рэспубліцы Беларусь менавіта інстытут прэзідэнцтва закліканы забяспечыць рэалізацыю нацыянальнай дзяржаўнасці беларускага народа” (5: 338), стваральнікі тома аддалі гэтаму інстытуту шмат увагі: прасачылі генезіс ідэі ўвядзення пасады прэзідэнта ў Беларусі, нагадалі канстытуцыйныя палажэнні аб яго паўнамоцтвах, падрабязна апавялі пра ход выбараў прэзідэнта ў 1994, 2001, 2006, 2010 і 2015 г.

Цалкам апраўдана, што адмысловыя параграфы ў 5-м томе прысвечаны судовай галіне ўлады і органам мясцовага кіравання і самакіравання, аднак гэта, на жаль, не азначае, што дадзеныя пытанні асветлены грунтоўна і дасканала.

Кідаецца ў вочы адсутнасць у кнізе спецыяльнага разгляду такога важнага інстытута сучаснай нацыянальнай дзяржаўнасці, як заканадаўчая ўлада, парламент. Некаторыя звесткі пра Вярхоўны Савет, потым Нацыянальны Сход Рэспублікі Беларусь раскіданы па розных раздзелах і параграфах і не даюць цэласнага ўяўлення пра станаўленне сістэмы парламентарызму ў краіне. Зразумела, гэты прагал не можа быць запоўнены змешчанымі ў кнізе паўтара дзясяткамі фотаздымкаў з выявамі дэпутатаў і кіраўнікоў палат. Асабліва дзіўна, што інфармацыя пра парламенцкія выбарчыя кампаніі ў Беларусі ў 2000–2019 г. убудавана ў параграф пра ўтварэнне і дзейнасць палітычных партый, дзе яна яўна згубіцца для чытача. А галоўнае, такая кампаноўка матэрыялу няслушная з паліталагічна-юрыдычнага гледзішча, бо парламент – орган дзяржаўнай улады, а партыі – інстытуты грамадзянскай супольнасці, і сплятаць настолькі розныя суб’екты палітыкі ў адзін клубок абсалютна некарэктна.

За адным разам адзначым, што ў 5-м, як і ў папярэдніх тамах “Истории…”, матэрыял пра ўтварэнне і функцыянаванне палітычных партый і іншых грамадскіх аб’яднанняў (г. зн. недзяржаўных структур) неймаверна раздзьмуты – займае, паводле нашых падлікаў, прыблізна 125 старонак тэксту. Прычым гэтая процьма інфармацыі кепска сістэматызавана і структуравана, вызначаецца несуразмернасцю адносна розных партый і арганізацый (пра больш значныя і ўплывовыя часам гаворыцца павярхоўна і скорагаворкай, а пра малаўплывовыя, маргінальныя – падрабязна і шматслоўна), да таго ж утрымлівае шэраг недакладнасцяў і непрадуманых фармулёвак. І, як ужо павялося ў рэцэнзаваным выданні, сувязь паміж дзейнасцю недзяржаўных грамадскіх утварэнняў і станам беларускай дзяржаўнасці не прасочваецца або прасочваецца вельмі слаба.

Не можам устрымацца, каб не згадаць яшчэ адну цікавостку са зместу 5-га тома, якая выклікае асаблівае замілаванне. Маем на ўвазе параграф пад назвай “Жанчыны ў органах дзяржаўнай улады і кіравання” (аўтар – Ірына Чыкалава). Распрацоўка такога сюжэта ў тэме па гісторыі дзяржаўнасці – яшчэ адно (поруч з раней адзначанымі) інавацыйнае вынаходніцтва аўтараў пяцітомніка. Метадалагічным падмуркам названай распрацоўкі выступае глыбокі і арыгінальны навуковы пасыл аб тым, што “ў Беларусі жанчыны заўсёды, яшчэ з часоў легендарнай Рагнеды, бралі ўдзел у грамадска-палітычным і дзяржаўным жыцці” (5: 446). Праўда, у папярэднія часы гэтая заканамернасць жыццядзейнасці беларускага соцыуму выяўлялася, мабыць, крыху латэнтна, а на паверхню вырвалася толькі ў нашы дні. Старонкі параграфа шчодра ўпрыгожаны прозвішчамі дзясяткаў жанчын пры пасадах: дэпутатаў, міністраў, кіраўніц тэрыторый, дырэктараў розных устаноў і г. д. Усе гэтыя нешараговыя грамадзянкі намаганнямі стваральнікаў пяцітомніка навечна ўпісаны ў аналы беларускай гісторыі – чаго не скажаш пра дзясяткі і сотні мужчын, якія ў той жа перыяд займалі цалкам раўназначныя пасады ў апараце кіравання.

Велічным фінальным акордам 5-га тома стаў параграф “Умацаванне нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь”. У ім разгледжаны канцэптуальныя і інстытуцыйныя асновы сістэмы забеспячэння нацыянальнай бяспекі, акрэслена дзейнасць яе структурных звёнаў. Да інстытутаў нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь аднесены Савет бяспекі, Узброеныя Сілы, органы Міністэрства ўнутраных спраў, Камітэт дзяржаўнай бяспекі, органы памежнай службы, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, Аператыўна-аналітычны цэнтр пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, следчыя і судова-экспертныя органы, Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю і… Аддзяленне гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Тое, што з сямі дзейных аддзяленняў НАНБ да суб’ектаў забеспячэння нацыянальнай бяспекі прылічана толькі вышэй названае, цалкам лагічна і справядліва. Бо зразумела, што навуковая прадукцыя іншых аддзяленняў – фізіка-тэхнічных навук, хіміі і навук аб Зямлі, аграрных навук і г. д. – паводле яе значнасці для ўмацавання нацыянальнай бяспекі і блізка не можа спаборнічаць з такімі магутнымі распрацоўкамі акадэмічных гуманітарыяў, як “Беларусь: страницы истории” (на рускай, англійскай і кітайскай мовах), “Граматычны слоўнік назоўніка”, Граматычны слоўнік дзеяслова”, “Мінулае і сучаснасць Свіслацкага краю”, “Шумілінскі край”, а таксама… “История белорусской государственности” у 5 тамах – і, такім чынам, гэтае слаўнае выданне заслужана ўганаравана на сваіх уласных старонках! (5: 682–684). Нездарма аўтар тэксту А. Каваленя піша пра “гуманітарны рэнесанс” у Беларусі ў апошняе дзесяцігоддзе (г. зн. з моманту яго прыходу ў 2009 г. да кіраўніцтва Аддзяленнем гуманітарных навук і мастацтваў). Змяшчэнне ў фундаментальным выданні рэкламы бягучай дзейнасці гэтай структуры (што, як і належыць, суправаджаецца каляровымі групавымі фотаздымкамі яе функцыянераў), вядома ж, ніяк не звязана з той чыста выпадковай акалічнасцю, што кіраўнік аддзялення і галоўны рэдактар пяцітомніка – адна і тая ж асоба. Хутчэй за ўсё, тут дзейнічае этычная і эстэтычная матывацыя. Дзякуючы такому неардынарнаму ходу шматтомнае выданне акадэмічных гісторыкаў атрымала прыгожае абрамленне: пачалося з самапіяру яго кіраўнікоў (ва ўводзінах да пяцітомніка) і завяршылася іх жа самапіярам (на яго апошніх старонках).

…Вышэй мы засяроджвалі ўвагу галоўным чынам на ўнутраным змесце рэцэнзаванай працы. Неабходнасць заканчваць рэцэнзію не дазваляе, на жаль, падрабязна спыніцца на шматлікіх адметнасцях знешняга боку выдання. Няма часу і месца, каб разабраць прыклады непаразуменняў у спасылках на архіўныя дакументы, калі ў шыфрах пераблытаны не толькі вопісы і фонды, але нават і архівы (3: 261, 273; 4: 264, 377–384, 396). Варта было б таксама сказаць пра заганную практыку аўтараў спасылацца на архіўныя фонды ў выпадку, калі дакументы ўжо апублікаваны ў зборніках, што парушае нормы навуковай этыкі і сведчыць пра кепскае веданне дакументальных публікацый (3: 261, 273 і інш.). Пры знаёмстве з пяцітомнікам нельга не заўважыць рыхласці структурнай пабудовы выдання – нечуваныя дыспрапорцыі паміж структурнымі адзінкамі, калі аб’ёмы двух суседніх параграфаў аднаго і таго ж тома могуць адрознівацца ў пяць-сем разоў. Кідаюцца ў вочы факты неўпарадкаванасці і неўніфікаванасці наменклатуры і тэрміналогіі (Вильна, Вильно, Вильня; Новагародак, Новагародская зямля, але навагрудцы; Брэсцкае стараства, Брэсцкае ваяводства, але Берасцейская епархія; рада і савет; паветы і ўезды). Выклікаюць здзіўленне некаторыя прыклады выкарыстання малых і вялікіх літар: Ефрасіння Полацкая, Ульяна Цвярская, але чамусьці Усяслаў полацкі, Глеб менскі, Давыд смаленскі. У тэкстах не тлумачыцца вузкаспецыяльная тэрміналогія (цэйхгварты, валмістры, эгзекуцыі, дыляцыі, экзактары, чопавае, шэлежнае), не расшыфроўваюцца шматлікія абрэвіятуры, а слоўнікі тэрмінаў і спісы скарачэнняў у тамах адсутнічаюць. Разуменне напісанага часам ускладняецца з-за нядбайна сфармуляваных і кепска адрэдагаваных сказаў і выразаў.

Пяцітомнік вызначаецца раскошным і густоўным мастацкім афармленнем: шыкоўныя цёмна-зялёныя пераплёты з залатым цісненнем, якасная глянцавая папера, багатае аздабленне чорна-белымі і каляровымі ілюстрацыямі, а таксама картамі надаюць кожнаму тому вельмі прэзентабельны выгляд. Праўда, подпісы пад ілюстрацыямі бываюць непрадуманымі, урывачнымі, не заўсёды адпавядаюць выявам на іх (4: 71, 232, 439), а часам ілюстрацыі размешчаны зусім не на тых старонках, для якіх павінны служыць дапаўненнем (5: 49–50, 89).

Дык як у падсумаванні можна ацаніць пяцітомнік: гэта сапраўды навуковы прарыў ці фатальны правал? Не станем адмаўляць, што выданне утрымлівае некаторыя цікавыя тэксты, напісаныя на падставе малавядомых крыніц і з прымяненнем сучаснай метадалогіі, кожны з якіх сам па сабе ўяўляе пэўную навуковую вартасць. Але гэта асабістая заслуга іх аўтараў. У цэлым жа ажыццёўленую Інстытутам гісторыі НАН Беларусі спробу стварэння абагульняльнай працы па гісторыі нацыянальнай дзяржаўнасці трэба прызнаць няўдалай. Так званая новая дэфініцыя дзяржаўнасці выглядае прэтэнцыёзным, але беззмястоўным тэарэтыка-метадалагічным дактрынёрствам, якое не спрыяе атрыманню даследчыцкага выніку, а толькі заблытвае шлях да яго. Выданне фактычна пазбаўлена прадуманага плана, стварае ўражанне бессістэмнасці і спантаннасці. Фундаментальнай працы, аб’яднанай адзінай канцэпцыяй, стройнай кампазіцыйнай структурай, на жаль, не атрымалася. Выдадзеныя тамы – гэта ў лепшым выпадку зборнікі нарысаў, напісаных кожным аўтарам паасобку, без узаемадзеяння паміж сабой, з рознай ступенню кампетэнцыі і прафесіяналізму, і зусім не прыведзеных рэдактарамі да агульнага назоўніка. Усё гэта вымушае зрабіць выснову пра незайздросны сённяшні стан гістарычнай навукі і яе арганізацыі ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Нізкі ўзровень тэарэтычнай і метадалагічнай культуры, кепскае веданне крыніц і навуковай літаратуры, няздольнасць спланаваць і арганізаваць зладжаную працу вялікага творчага калектыву, адсутнасць рэдактарскіх навыкаў не могуць быць кампенсаваныя нічым – ні высокімі навуковымі рэгаліямі і адміністрацыйнымі пасадамі, ні раскошным паліграфічным выкананнем праекта, ні тым больш маніяй уласнай велічы, прымяншэннем навуковых здабыткаў папярэднікаў ці аглушальнай самарэкламай.


* История белорусской государственности / редкол.: А. А. Коваленя (гл. ред.) и др. Т. 1. Минск, 2018. 597 с.; Т. 2. Минск, 2019. 413 с.; Т. 3. Минск, 2019. 639 с.; Т. 4. Минск, 2019. 567 с.; Т. 5. Минск, 2020. 759 с.

[1] Смяховіч М. У. Сучасны стан гістарычнай навукі ў Рэспубліцы Беларусь і актуальныя праблемы метадалогіі гісторыі // Проблемы методологии исследований истории Беларуси: материалы Междунар. науч. конф. (Минск, 26–27 октября 2006 г.) / редколл.: А. А. Коваленя (отв. ред) и др. Минск, 2008. С. 94.

[2] Прывітальнае слова ўдзельнікам канферэнцыі дырэктара Інстытута гісторыі НАН Беларусі, доктара гістарычных навук, прафесара А. А. Кавалені // Методология исследований истории Беларуси: проблемы, достижения, перспективы: материалы Междунар. науч.-практ. конф. (Минск, 22–23 октября 2008 г.) / редколл.: А. А. Коваленя (отв. ред) и др. Минск, 2009. С. 6–7.

[3] Беларусь: этапы станаўлення дзяржаўнасці (да 90-годдзя з дня ўтварэння БССР): матэрыялы Міжнар. навук.-практ. канф. (Мінск, 18 снежня 2008 г.) / рэдкал.: А. А. Каваленя (старш.) і інш. Мінск, 2009; Рэспубліка Беларусь. 20 год незалежнасці: зб. матэрыялаў Міжнар. навук.-практ. канф. (Мінск, 24–25 лістапада 2011 г.) / рэдкал.: А. А. Каваленя і інш. Мінск, 2012; Дзяржаўнае будаўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь: гістарычны вопыт і традыцыі (1991–2000): праграма Міжнар. навук.-практ. канф. (Мінск, 21 лістапада 2012 г.). [Мінск, 2012]; Гісторыя беларускай дзяржаўнасці: матэрыялы навук.-практ. семінара (Мінск, 26 сакавіка 2013 г.) / рэдкал.: У. Р. Гусакоў і інш. Мінск, 2013; Россия, Беларусь, Украина: история, современность, будущее (к 1150-летию зарождения российской государственности) / редкол.: А. А. Коваленя (гл. ред.) и др. Минск, 2014; Навуковыя асновы беларускай дзяржаўнасці: праграма першага сімпозіума (Мінск, 28 сакавіка 2017 г.). [Мінск, 2017]; Октябрьская революция в исторических судьбах белорусской государственности / редкол.: А. А. Коваленя и др. Минск, 2020; Беларуская Народная Рэспубліка ў гісторыі беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці / рэдкал.: А. А. Каваленя і інш. Мінск, 2020; Гістарычны лёс беларускай савецкай дзяржаўнасці (да 100-годдзя абвяшчэння Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі) / рэдкал.: А. А. Каваленя (старш.) і інш. Мінск, 2021.

[4] Нарыс гісторыі беларускай дзяржаўнасці: ХХ стагоддзе / рэдкал.: А. А. Каваленя і інш. Мінск, 2008; Гісторыя беларускай дзяржаўнасці ў канцы XVIII – пачатку XXI ст. / рэдкал.: А. А. Каваленя і інш. Кн. 1. Мінск, 2011; Кн. 2. Мінск, 2012.

[5] Смехович Н. В. Новая концепция истории белорусской государственности // Европа: актуальные проблемы этнокультуры / редколл.: В. В. Тугай (отв. ред.) и др. Минск, 2013. С. 329; Ён жа. Беларуская дзяржаўнасць: канцэпцыя і формы // Гісторыя Магілёва: мінулае і сучаснасць / уклад.: А. М. Бацюкоў, І. А. Пушкін. Магілёў, 2013. С. 347; Ён жа. Белорусская государственность: истоки и формы // Беларуская думка (БД). 2013. № 11. С. 79; Ён жа. Белорусская государственность: истоки, исторические и национальные формы (к 1150-летию Полоцка и Новгорода) // Россия, Беларусь, Украина: история, современность, будущее. Минск, 2014. С. 34; Ён жа. Белорусская государственность: концепция и формы (опыт теоретико-методологического осмысления проблемы) // Сб. науч. трудов сотрудников кафедры “История, мировая и отечественная культура” БНТУ. Минск, 2018. С. 138; Ён жа. Белорусская государственность и национальная идентичность: общее и особенное // На пороге столетия белорусской государственности: социогуманитарный аспект / редколл.: А. В. Демидович (гл. ред.) и др. Барановичи, 2018. С. 142; Ён жа. От государственности к государству: новая концепция // Конституция Республики Беларусь как ценностный выбор: 25 лет свершений и преобразований / редколл.: Г. А. Василевич (гл. ред.) и др. Минск, 2019. С. 376–377 (і інш. працы).

[6] Смехович Н. В. Новая концепция истории белорусской государственности… С. 329; Ён жа. От государственности к государству: новая концепция… С. 377; Ён жа. Белорусская государственность и этнокультурное разнообразие общества (опыт теоретико-методологического осмысления проблемы) // Этнічная, моўная і культурная разнастайнасць у сучасным грамадстве / уклад.: І. А. Пушкін. Магілёў, 2014. С. 41.

[7] Смехович Н. Белорусская государственность: истоки и формы… С. 80; Ён жа. История белорусской государственности: новые подходы в методологии и историографии // Экскурсійна-пазнавальны турызм як важны фактар прапаганды і развіцця нацыянальнай культуры / склад. і гал. рэд. М. А. Чырскі. Мінск, 2017. С. 30–31 (і інш. працы).

[8] Смяховіч М. У. Беларуская дзяржаўнасць: канцэпцыя і формы … С. 345; Ён жа. Белорусская государственность: истоки, исторические и национальные формы… С. 32; Ён жа. Белорусская государственность: концепция и формы… С. 136–137.

[9] Смехович Н. В. Белорусская государственность: истоки, исторические и национальные формы… С. 37; Ён жа. Белорусская государственность: концепция и формы… С. 138 (і інш. працы).

[10] Смехович Н. В. От государственности к государству: новая концепция… С. 376.
Выглядае, што звышарыгінальнае разуменне канцэпту “дзяржаўнасць” увогуле з’яўляецца свайго кшталту фірмовым знакам часткі беларускіх гісторыкаў, якія працавалі або працуюць у Белдзяржпедуніверсітэце – альма-матар стваральнікаў рэцэнзаванага выдання. Калі меркаваць на падставе зместу выпушчаных гістфакам БДПУ зборнікаў матэрыялаў дзвюх канферэнцый па тэме “Беларуская дзяржаўнасць: вытокі, станаўленне, развіццё”, іх укладальнікі і рэдактары (у рэдакцыйныя калегіі ўваходзілі Аляксандр Касовіч, Сяргей Шупляк, Аляксандр Корзюк, Анатоль Вялікі, Віталь Йоцюс і Ірына Трасцян) пад паняцце “беларуская дзяржаўнасць” падводзяць не толькі сістэму органаў дзяржаўнай улады і кіравання, судаводства, заканадаўства, дзяржаўную палітыку ў розных грамадскіх сферах, дзейнасць дзяржавы на міжнароднай арэне, але і такія, напрыклад, сюжэты, як памешчыцкае і сялянскае землеўладанне і землекарыстанне, дваранска-памешчыцкая авечкагадоўля, конегадоўля і вінакурства, развіццё рамяства і фабрычна-заводскай прамысловасці, спаленыя вёскі ў перыяд нацысцкай акупацыі, выкладанне гісторыі ў навучальных установах ды нават сутнасць і структура Святой Імшы ў Рыма-Каталіцкай царкве і гісторыя медаля кітайска-савецкай дружбы (КНР) (!). Як тут не пагадзіцца: сапраўды, гісторыя беларускай дзяржаўнасці – “невычэрпная крыніца ведаў”. Гл.: Белорусская государственность: истоки, становление, развитие (IX–XXI вв.): материалы [I] Респ. науч.-теорет. конф. (Минск, 29 июня 2017 г.) / редколл.: А. В. Касович (отв. ред.) и др. Минск, 2017; Белорусская государственность: истоки, становление, развитие (IX–XXI вв.): к 100-летию провозглашения БССР: материалы II Респ. науч.-теорет. конф. (Минск, 21 декабря 2018 г.) / редколл.: А. В. Касович (отв. ред.) и др. Минск, 2019.

[11] Смехович Н. История белорусской государственности: новые подходы в методологии и историографии… С. 29.

[12] Боден Ж. Метод легкого познания истории. Москва, 2000. С. 18, 25, 215.

[13] Маркс К. Критика Готской программы. Москва, 1975. С. 21.

[14] Бакунин М. А. Воззвание к славянам // Избранные сочинения. Т. 3. [Москва], 2018. С. 48–49; Ён жа. Наша программа // Тамсама. С. 97; Ён жа. Парижская коммуна и понятие о государственности // Избранные сочинения. Т. 4. Петербург – Москва, 1920. С. 249–266; Ён жа. Государственность и анархия. Борьба двух партий в Интернациональном обществе рабочих. Москва, 2019; Ён жа. Коррупция. – О Макиавелли. – Развитие государственности // Вопросы философии. 1990. № 12. С. 55–60.

[15] Катков В. Д. Христианство и государственность. Москва, 2013.

[16] Тихомиров Л. Монархическая государственность. С.-Петербург, 1992.

[17] Франк С. Л. Из размышлений о русской революции // Новый мир. 1990. № 4. С. 213.

[18] Wilnia, 8 (21) lipnia (jula). 1410–1910 // Naša niwa. 1910. № 28. 8 (21) lipnia (jula). С. 418.

[19] Луцкевич А. Национальное возрождение белорусов // Ён жа. Да гісторыі беларускага руху. 2-е выд., дапоўненае. Вільня – Беласток, 2010. С. 27; Ён жа. З беларускага палітычнага архіву // Тамсама. С. 147.

[20] Ластоўскі В. Выбраныя творы. Мінск, 1997. С. 311, 321–322, 324, 358, 369, 388, 399, 426.

[21] Доўнар-Запольскі М. Асновы дзяржаўнасці Беларусі // Выбранае. Мінск, 2017. С. 425–438.

[22] Резолюции и постановления XI съезда Коммунистической партии (большевиков) Белоруссии. Минск, 1927. С. 57; Трайнин И. Национальное и социальное освобождение Западной Украины и Западной Белоруссии. Москва, 1939. С. 5–6; Маргунский С. П. Создание и упрочнение белорусской государственности, 1917–1922. Минск, 1958; Программа Коммуннистической партии Советского Союза. Москва, 1961. С. 101, 109, 114; Семенов П. Г. Нация и национальная государственность в СССР // Вопросы истории (ВИ). 1966. № 7. С. 72–81; Нижечек В. И. Совершенствование социалистической государственности в период строительства коммунизма. Иркутск, 1968; Лесной В. М. Социалистическая государственность: закономерности происхождения и функционирования. Москва, 1974 і інш.

[23] Гулиев В. Е. Государственность // Большая советская энциклопедия. 3-е изд. Т. 7. Москва, 1972. С. 162.

[24] Ожегов С. И. Словарь русского языка. 24-е изд., испр. Москва, 2008. С. 179; Ожегов С. И. Толковый словарь русского языка. 26-е изд., испр. и доп. Москва, 2009. С. 222.

[25] Смехович Н. В. От государственности к государству: новая концепция… С. 376.

[26] Смехович Н. История белорусской государственности: новые подходы… С. 25.

[27] Смехович Н. В. Белорусская государственность и национальная идентичность… 142.

[28] Смехович Н. В. Новая концепция истории белорусской государственности… С. 329; Ён жа. Белорусская государственность: истоки, исторические и национальные формы… С. 34; Ён жа. Белорусская государственность и этнокультурное разнообразие общества… С. 42 (і інш. працы).

[29] Неттл Дж. П. Государство как понятие-переменная // Политическая наука. 2011. № 2. С. 219, 228, 230, 240; Мелешкина Е. Ю. Исследование государственной состоятельности: какие уроки мы можем извлечь? // Тамсама. С. 18.

[30] Ильин М. В. Государственность // Слова и смыслы. Опыт описания ключевых политических понятий. Москва, 1997. С. 187–202; Ён жа. Формула государственности // Полития. 2008. № 3. С. 67–78; Токарев А. А. Концептуализация и операционализация понятия “государственность” // Вестник МГИМО-Университета. 2012. № 4. С. 247–255.

[31] Белканов Е. А. К вопросу о понятии “государственность” // Российский юридический журнал. 2013. № 3. С. 98.

[32] Политический атлас современности: Опыт многомерного статистического анализа политических систем современных государств / А. Ю. Мельвиль, М. В. Ильин и др. Москва, 2007. С. 71–72, 77, 161–163.

[33] Пономарева Е. Г. Республика Беларусь: внутренние факторы развития государственности // Проблемы управления (ПУ). Сер. А и В. 2014. № 3. С. 17–22; Яна ж. Республика Беларусь: внутренние и внешние факторы развития государственности // Государственность – национальная идея Беларуси. Москва, 2016. С. 131–158.

[34] Чешков М. Государственность как атрибут цивилизации: кризис, угасание или возрождение? // Мировая экономика и международные отношения. 1993. № 1. С. 28–40.

[35] Деев Н. Н. Государственность и этнополитическое развитие // Политические проблемы теории государства / [отв. ред. Н. Н. Деев]. Москва, 1993. С. 46–59.

[36] Пастухов В. Б. От государственности к государству: Европа и Россия // Полис. 1994. № 2. С. 6–25.

[37] Морозова Л. А. Национальные аспекты развития российской государственности // Государство и право. 1995. № 12. С. 11–12.

[38] Венгеров А. Б. Будущее российской государственности // Вестник МГУ. Сер. 18. Социология и политология. 1997. № 1. С. 19–20.

[39] Затонский В. А. Категория “государственность”: сущность и научная ценность // Философия права. 2006. № 1. С. 9–11.

[40] Морозова Л. А. Современная российская государственность: проблемы теории и практики: автореф. дис. … докт. юрид. наук. Москва, 1998; Рябинин Н. А. Преемственность государственности: автореф. дис. … канд. юрид. наук. Екатеринбург, 2001; Войтенко О. В. Государство, государственное образование, государственность (теоретико-методологический анализ их соотношения): автореф. дисс… канд. юрид. наук. Москва, 2006.

[41] Белканов Е. А. К вопросу о понятии “государственность”… С. 98–99.

[42] Данилович В. Концепция истории белорусской государственности // Наука и инновации. 2018. № 11. С. 9–15; Каваленя А. А. Гісторыка-прававыя перадумовы фарміравання і развіцця беларускай дзяржаўнасці // Конституция Республики Беларусь как ценностный выбор… С. 53–54; Коваленя А. А., Данилович В. В. Концепция истории белорусской государственности // Гісторыя і грамадазнаўства. 2019. № 2. С. 3–9; гл. таксама: Даніловіч В. Жывое палатно гісторыі // БД. 2014. № 11. С. 14; № 12. С. 17.

[43] Смяховіч М. У. Беларуская дзяржаўнасць: канцэпцыя і формы… С. 348; Ён жа. Белорусская государственность: истоки и формы… С. 79; Ён жа. Белорусская государственность и этнокультурное разнообразие общества… С. 41 (і інш. працы).

[44] Смехович Н. В. Новая концепция истории белорусской государственности… С. 329; Ён жа. Беларуская дзяржаўнасць: канцэпцыя і формы… С. 348; Ён жа. Белорусская государственность: истоки и формы… С. 79–80 (і інш. працы); Даніловіч В. В. Беларуская гістарычная навука на сучасным этапе: дасягненні і перспектывы развіцця // II съезд ученых Республики Беларусь (Минск, 12–13 декабря 2017 г.): сб. материалов / редколл.: В. И. Семашко (пред.) и др. Минск, 2018. С. 804; Ён жа. Концепция истории белорусской государственности… С. 10–14; Ён жа. Нацыянальная канцэпцыя гісторыі Беларусі: сутнасць, асноўныя палажэнні і значэнне // ПУ. 2021. № 1. С. 97–98.

[45] Гл.: Кондаков Н. И. Логический словарь-справочник. 2-е изд., испр. и доп. Москва, 1975. С. 247–248; Гетманова А. Д. Учебник по логике. 3-е изд. Москва, 2000. С. 46–48.

[46] Энгельс Ф. О разложении феодализма и возникновении национальных государств // Маркс К., Энгельс Ф. Сочинения. Т. 21. С. 406–416; Каутский К. Национальное государство, империалистское государство и союз государств. Москва, 1917. С. 3–14; Каутский К. Национальные проблемы. Петроград, 1918. С. 47–58; Мнацаканян М. О. Нация и национальная государственность // ВИ. 1966. № 9. С. 27–36; Национальное государство: теория, история, политическая практика (круглый стол) // Полис. 1992. № 5-6. С. 8–41; Фуше М. Европейская республика: исторические и географические контуры. Москва, 1999. С. 48–50; Кувалдин В., Рябов А. Национальное государство в эпоху глобализации // Свободная мысль – XXI. 2000. № 1. С. 37–47; Любашиц В. Я. Возникновение национального государства как государства современного типа: проблемы теории // Правовая политика и правовая жизнь. 2005. № 1. С. 6–17.

[47] Доўнар-Запольскі М. Асновы дзяржаўнасці Беларусі // Выбранае. Мінск, 2017. С. 425–438.

[48] Михальченко С. И. “Асновы дзяржаўнасці Беларусі” М. В. Довнар-Запольского: история создания и историографические корни // Наш радавод: материалы Междунар. науч. конф. по региональной истории Восточной Европы “Культура народов Великого княжества Литовского и Белоруссии, XIII – начало XX вв.”. Кн. 3. Ч. 1 / отв. ред. и сост. Д. Карев. Гродно, 1991. С. 116–119; Сагановіч Г. Гісторык Доўнар-Запольскі: “Беларуская дзяржаўнасць – на трывалых гістарычных падмурках” // Звязда. 1992. № 157. 8 жн.; Рудовіч С. “Асновы дзяржаўнасці Беларусі” М. Доўнар-Запольскага і гістарычная публіцыстыка Я. Лёсіка: спроба параўнання // Пятыя Міжнародныя Доўнараўскія чытанні / рэдкал.: В. М. Лебедзева (адк. рэд.) і інш. Гомель, 2005. С. 84–97; Станкевіч А. Моўныя асаблівасці брашуры М. Доўнар-Запольскага “Асновы дзяржаўнасці Беларусі” // Шостыя Міжнародныя Доўнараўскія чытанні / рэдкал.: В. М. Лебедзева (адк. рэд.) і інш. Ч. 1. Гомель, 2008. С. 147–152.
Дзеля справядлівасці адзначым, што брашура М. Доўнара-Запольскага ўсё ж згадваецца ў пяцітомніку двойчы, але ў больш вузкіх кантэкстах: у гістарыяграфічных аглядах літаратуры пра ВКЛ (1: 48) і пра БНР (3: 10). Аднак ні ў першым, ні ў другім выпадку яе змест не раскрываецца і не аналізуецца.

[49] Ластоўскі В. Ю. Кароткая гісторыя Беларусі [факс. выд.]. Мінск, 1992; Белазаровіч В. А. Беларуская дзяржаўнасць у гістарычнай канцэпцыі В. Ю. Ластоўскага // Белорусская государственность: истоки, становление, развитие (IX–XXI вв.): материалы [I] Респ. науч.-теорет. конф. … С. 25–27.

[50] Ігнатоўскі У. М. Кароткі нарыс гісторыі Беларусі. 5-е выд. Мінск, 1991.

[51] Пічэта У. І. Гiсторыя Беларусi. Мінск, 2005.

[52] Довнар-Запольский М. В. История Белоруссии. 4-е изд. Минск, 2016.

[53] Сагановіч Г. Нарыс гісторыі Беларусі ад старажытнасці да канца XVIII ст. Мінск, 2001.

[54] Шыбека З. Нарыс гiсторыi Беларусi, 1795–2002. Мінск, 2003.

[55] История Белорусской ССР / Г. В. Штыхов и др.; редкол.: И. М. Игнатенко и др. Минск, 1977; Латышонак А., Мірановіч Я. Гісторыя Беларусі ад сярэдзіны XVIII ст. да пачатку XXI ст. Вільня – Беласток, 2010.

[56] Гісторыя Беларускай ССР. Т. 1–2 / рэд.: І. С. Краўчанка, Н. В. Каменская. Мінск, 1955–1958; История Белорусской ССР. Т. 1–2. 2-е изд., доп. / под общ. ред. Л. С. Абецедарского. Минск, 1961; Нарысы гiсторыi Беларусi. Ч. 1–2 / М. П. Касцюк i iнш.; рэдкал.: М. П. Касцюк i iнш. Мінск, 1994–1995.

[57] Гісторыя Беларускай ССР. Т. 1–5 / рэдкал.: І. М. Iгнаценка (старш.) i iнш. Мінск, 1972–1975.

[58] Гiсторыя Беларусi. Т. 1–6 / рэдкал.: М. Касцюк (гал. рэд.) i iнш. Мiнск, 2007–2011.

[59] Гісторыя Беларусі: курс лекцый. Ч. 1–2 / Рэдкал.: П. I. Брыгадзiн i iнш. Мінск, 2000–2002; Гiсторыя Беларусi: падручнiк. Ч. 1–2. 3-е выд., дапрац. i дапоўн. / Я. К. Новiк, Г. С. Марцуль, I. Л. Качалаў i iнш.; рэд.: Я. К. Новiк, Г. С. Марцуль. Мiнск, 2007.

[60] Запруднік Я. Дзяржаўнасць Беларусі ў дасавецкую пару // Запісы БІНіМ. Кн. 15. New York, 1977. C. 3–22; Сільчанка М. У., Басюк І. А. Асноўныя этапы беларускай дзяржаўнасці: навуч. дапаможнік. Гродна, 1996; Сільчанка М., Басюк І. Беларуская дзяржаўнасць. Гродна, 1997; Біч М. В. Дзяржаўнасць Беларусі: станаўленне, страта, барацьба за аднаўленне. ІХ ст. – 1918 г. // Гуманітарныя і сацыяльныя навукі на зыходзе ХХ ст. Мінск, 1998. С. 330–337; Коршук В. К., Платонов Р. П., Романовский И. Ф. Государственность Беларуси: проблемы формирования в программах политических партий. Минск, 1999; Астаповский В. Е., Божанов В. А., Малиновский В. И. История белорусской государственности: учеб. пособие. Минск, 2002; Малиновский В. И. История белорусской государственности: учеб. пособие. Минск, 2003; Рацько А. Ф. Вытокі беларускай дзяржаўнасці // Основы идеологии белорусского государства: методология и методика преподавания / редкол.: Я. С. Яскевич (отв. ред.) и др. Минск, 2003. С. 95–96; Сосна У. А. Эвалюцыя беларускай дзяржаўнасці // Тамсама. С. 98–101; Мельник В. А. Об идеологии белорусской государственности // Гуманітарныя і сацыяльныя навукі… С. 519–527; Мельник В. А. Белорусская идея и национальная государственность. Минск, 2003; Мельник В. А. Проблема белорусской национальной государственности в современных идейно-политических дискуссиях // Сацыяльна-эканамічныя і прававыя даследаванні. 2007. № 2. С. 64–72; Петриков П. Т. Основные этапы белорусской государственности // XXI век: актуальные проблемы исторической науки / редколл.: В. Н. Сидорцов (отв. ред.) и др. Минск, 2004. С. 227–230; Гістарычны шлях беларускай нацыі і дзяржавы = The History of the Belarusan Nation and State / М. Біч, К. Гарэцкі, У. Конан і інш. 2-е выд., дап. Мінск, 2005. С. 24–139; Становление и развитие белорусской государственности / А. Г. Кохановский и др. Минск, 2011.

[61] Мельник В. А. Белорусская идея и национальная государственность… С. 7; История российской государственности: учеб. пособие. 3-е изд., стереотип. / сост.: Л. А. Коханова, Т. С. Алексеева. Москва, 2007. С. 3.

[62] Гаршкоў А. Д. Метады навуковага пазнання пры вывучэнні першабытнай гісторыі Беларусі (у перыяд 300 – 8 тыс. гадоў да н. э.) // Веснік ГрДУ. Сер. 1. Гісторыя і археалогія. Філасофія. Паліталогія. Т. 13. № 2. 2021. С. 70–78.

[63] Гл.: Свиб А. Ф. Государственно-правовой статус Беларуси в составе России в пореформенный период (1861–1900). Минск, 2004; Лукашевич А. М. Белорусские земли в военно-стратегических планах Российской Империи (конец XVIII в. – 1812 г.): автореф. дис. … докт. ист. наук. Минск, 2014; Шимукович С. Ф. Унификация в рамках административной политики в белорусском регионе Российской империи в XIX в. // Белорусская государственность: истоки, становление, развитие (IX–XXI вв.): материалы [I] Респ. науч.-теорет. конф. … С. 79–82.

[64] Каппелер А. Россия – многонациональная империя. Возникновение. История. Распад. Москва, 1997. С. 256.

[65] Калиновский К. Из печатного и рукописного наследия / предисл. В. Ф. Шалькевича. Минск, 1988.

[66] Каліноўскі К. За нашую вольнасць: творы, дакументы / уклад., прадм., паслясл. і камент. Г. Кісялёва. Мінск, 1999.
*У іншай публікацыі кіраўнікі праекта сфармулявалі гэты пастулат яшчэ больш яскрава: “У складзе Расійскай імперыі… пры падтрымцы рускага народа адбывалася кансалідацыя беларусаў у асобную нацыю”: Коваленя А., Данилович В. Россия и Беларусь: общность исторической судьбы // Родина. 2012. № 9. С. 105.

[67] Шчарбачэвіч Н. Выйшаў другі том “Гісторыі беларускай дзяржаўнасці” // Звязда. 2019. № 62. 3 крас. С. 8.

[68] Czerniakiewicz A. Tworzenie białoruskich struktur państwowych: listopad 1918 – maj 1919 // Rok 1918. Odrodzona Polska w nowej Europie / red. A. Ajnenkiel. Warszawa, 1999. S. 156; Горизонтов Л. Е. [Выступление на круглом столе “Государственно-политический фактор в развитии украинской и белорусской наций (первая треть ХХ века)” 20 мая 2003 г. в Институте славяноведения РАН] // На путях становления украинской и белорусской наций: факторы, механизмы, соотнесения / отв. ред. Л. Е. Горизонтов. Москва, 2004. С. 157; Борисенок Ю. А. “Белорусизация” 1920-х годов: предыстория // ВИ. 2006. № 6. С. 114; Саракавік І. А. Станаўленне беларускай дзяржаўнасці пад уздзеяннем рэвалюцый 1917 г. і адносіны да яе Германіі і Савецкай Расіі // Октябрьская революция в судьбах народов мира и Беларуси / редколл.: В. А. Божанов, С. В. Боголейша. Минск, 2017. С. 221; Лазько Р. Р. На пакутнай дарозе знайшлі сваю нацыю… (Аб нацыянальным беларускім руху 1917–1920 гадоў) // Первая мировая война: события и люди / редколл.: С. А. Черепко (гл. ред.) и др. Гомель, 2018. С. 32.

[69] Беларуская Народная Рэспубліка – крок да незалежнасці: да 100-годдзя абвяшчэння / А. А. Каваленя і інш. Мінск, 2018.

[70] Michaluk D. Białoruska Republika Ludowa: 1918–1919. U podstaw białoruskiej państwowości. Toruń, 2010 (тое ж па-беларуску: Міхалюк Д. Беларуская Народная Рэспубліка ў 1918–1920 г.: ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці. Мінск, 2015). Названая манаграфія аднойчы ў томе згадваецца, але не ў кантэксце гістарыяграфіі БНР, а пры разглядзе літаратуры па гісторыі польска-савецкіх перагавораў (3: 28).

[71] Чернякевич А. Н. БНР: триумф побежденных. Минск, 2018.

[72] Бароўская В. М. Беларускае пытанне на савецка-польскіх перагаворах 1918–1921 гг. Мінск, 2017. С. 8–25; Боровская О. Н. Советско-польские переговоры 1918–1921 гг. и их влияние на решение белорусского вопроса. Москва, 2018. С. 8–24.

[73] Савіч А. А. Нацыянальна-вызваленчы рух у Заходняй Беларусі (1921–1939 гады): гістарыяграфія праблемы. Брэст, 2012.

[74] Сталин И. В. Вопрос об объединении независимых национальных республик: беседа с корреспондентом газеты “Правда” // Сочинения. Т. 5. Москва, 1947. С. 138–144.

[75] Из истории образования СССР // Известия ЦК КПСС. 1989. № 9. С. 191–218; 1991. № 3. С. 167–182; 1991. № 4. С. 158–176; 1991. № 5. С. 154–176; На пути к “социалистическому унитаризму” (из новых документов 1922 г. по истории образования СССР) // Отечественная история. 1922. № 4. С. 89–117; Жуков Ю. Н. Первое поражение Сталина. 1917–1922 годы. От Российской Империи – к СССР. Москва, 2011. С. 539–631.

[76] Страницы истории Компартии Белоруссии: суждения, аргументы, факты / сост. Ю. П. Смирнов, Н. С. Сташкевич; под ред. Р. П. Платонова. Минск, 1990. С. 315.

[77] Данилович В. В. Сохранение исторической памяти – ключевая часть реализации исторической политики в белорусском обществе // Историческая память и патриотизм – важнейшие нравственные ориентиры и факторы консолидации белорусского общества и государства в условиях современных вызовов и угроз / под общ. ред. Л. С. Ананич. Минск, 2021. С. 31–37; Ён жа. Защитить историю, сохранить правду // БД. 2022. № 3. С. 4–10; Ён жа. Реализация государственной исторической политики в Республике Беларусь в современных условиях // Историческая политика и память о прошлом в контексте обеспечения национальной безопасности (ко Дню народного единства и 145-летию со дня рождения Ф. Э. Дзержинского): материалы межведомств. науч.-практ. конф. / редколл.: Г. Г. Краско (глав. ред.) и др. Минск, 2022. С. 47–57.

[78] Кевляк Л. Т. Верховный Совет Белорусской ССР в годы Великой Отечественной войны // Актуальныя праблемы станаўлення і развіцця беларускай дзяржаўнасці. Ч. 2. Гісторыя беларускай дзяржавы (1919 г. – пачатак ХХІ ст.) / рэдкал.: А. І. Андарала і інш. Мінск, 2009. С. 56.

[79] Лінднэр Р. Гісторыкі і ўлада. Мінск, 2003. С. 350–351, 355–357.

[80] Мірановіч Я. В. Нацыянальны фактар у кансалідацыі насельніцтва Беларусі ў 1941–1944 гадах // Актуальные проблемы социально-гуманитарного знания в контексте обеспечения национальной безопасности / редколл.: В. А. Ксенофонтов и др. Ч. 1. Минск, 2014. С. 148–150; Ён жа. Беларусь у нямецкай і савецкай палітыцы 1941–1944 г. // Беларусь і суседзі: шляхі фарміравання дзяржаўнасці, міжнацыянальныя і міждзяржаўныя адносіны. Вып. 3. Гомель, 2014. С. 202–203.

[81] Несломленный народ: от общей победы к общей исторической памяти / отв. ред.: М. А. Липкин, Б. Г. Аяган. Москва, 2021. С. 45–65, 123–136, 128–129.

[82] Коваленя А. А. Идейно-политическая работа партийных организаций КП(б)Б в партизанских зонах: автореф. дис. … канд. ист. наук. Минск, 1983; Ён жа. Идейно-политическая работа подпольных партийных организаций среди населения в партизанских зонах на временно оккупированной территории Белоруссии // Массово-политическая работа Компартии Белоруссии среди трудящихся / редсовет: А. Н. Мацко (отв. ред.) и др. Минск, 1981. С. 40–52; Ён жа. Деятельность подпольных партийных организаций КП(б)Б по интернациональному воспитанию партизан и населения партизанских зон // Партийное руководство интернациональным воспитанием трудящихся в период построения социализма (на материале Белоруссии) / редсовет: А. Н. Мацко (отв. ред.) и др. Минск, 1981. С. 50–60; Ён жа. Идейно-политическая работа подпольных партийных организаций в партизанских формированиях зон Минской области // Творчество молодых / редсовет: В. П. Павлов (отв. ред.) и др. Минск, 1982. С. 50–58.
Тым не менш, няслушна было б думаць, быццам навуковыя погляды А. Кавалені не мяняюцца цягам дзесяцігоддзяў. Зусім наадварот. Так, у 2008 г. сп. Каваленя са спасылкай на К. Маркса называў “нізкімі” тых даследчыкаў, якія імкнуцца прыстасаваць навуку да кан’юнктуры сённяшняга дня: Каваленя А. А. Некаторыя навукова-канцэптуальныя падыходы да асвятлення гісторыі Беларусі // Проблемы методологии исследований… С. 6. А ў 2020 г. ён ужо пісаў пра патрэбу стварэння “неабходнага (вылучана намі. – Р. М.) вобраза мінулага” (5: 685–686).

[83] Руденко В. Н. Конституционно-правовые проблемы прямой демократии в современном обществе: автореф. дис. … докт. юрид. наук. Екатеринбург, 2003. С. 12, 18–19; Большой юридический словарь. 3-е изд., доп. и перераб. Москва, 2009. С. 166.

[84] Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1994 года (са змяненнямі і дапаўненнямі, прынятымі на рэспубліканскіх рэферэндумах 24 лістапада 1996 г., 17 кастрычніка 2004 г. і 27 лютага 2022 г.). Мінск, 2022. С. 32.

Наверх