Drozd, Andrzej; Dziekan, Marek; Majda, Tadeusz. Meczety i cmentarze tatarów polsko–litewskich (Аляксандр Лакотка)
Drozd, Andrzej; Dziekan, Marek; Majda, Tadeusz. Meczety i cmentarze tatarów polsko–litewskich. Warszawa, 1999. 101 s., 309 f.
Гэта другі том каталога татарскіх помнікаў, прысвечанага збору і сістэматызацыі звестак пра помнікі гісторыі і культуры татараў–мусульманаў Беларусі, Літвы і Польшчы. Названую працу трэба разглядаць як працяг даследавання культуры татараў пазначанага арэалу, якое амаль стагоддзе выконваецца польскімі даследчыкамі і вучонымі–святарамі татарскіх абшчынаў. Найбольш даўняй спробай навуковага асэнсавання гісторыі татараў–мусульманаў Літвы і Беларусі быў артыкул Антона Мухлінскага (1858). Праз дзесяць гадоў (у 1968 г.) з’явіўся артыкул Аляксандра Асіповіча „Мячэць у Вінкшнупе“. Грунтоўныя і сістэматычныя даследаванні па праблеме ў трыццатыя гады былі праведзены Станіславам Крычынскім. Ім быў апублікаваны шэраг артыкулаў па гісторыі мячэцяў і прыходаў. Падагульняльнай стала яго манаграфія „Татары Літвы. Спроба гістарычна–этнаграфічнай манаграфіі“ (1938). Гісторыі асобных мячэцяў былі прысвечаны даследаванні Лявона Крычынскага (гісторыя мячэцяў у Лоўчыцах і Наваградку, 1934). Былі і сумесныя працы пазначаных аўтараў („Татары ў Слоніме“). Уяўляюць каштоўнасць і асобныя даследаванні Алі Варановіча („Мусульманскія могілкі ў Відзах“, 1931; „Прадмова да гісторыі мячэцяў у Польшчы“, 1957). У 1976 г. выйшаў артыкул Яна Тахтэрмана пра вёску Сорак Татар. Увогуле, вывучэнню праблемы спрыяла наяўнасць адпаведнай перыёдыкі: часопісаў „Татарскі штогоднік“, „Ісламскі погляд“, „Татарскае жыццё“, „Штогоднік польскіх татараў“ і іншых выданняў краязнаўчага і культуразнаўчага кірункаў.
У апошнія дзесяцігоддзі гісторыя і культура татараў–мусульманаў Беларусі, Літвы і Польшчы знайшла адлюстраванне ў даследаваннях М.Канапацкага (1982), П.Бароўскага і А.Дубінскага (1986), Р.Брукоўскага (1988), І.Александровіча (1995), Л.Багдановіча, С.Хазбіевіча, І.Тышкевіча (1997) і іншых вучоных. Архітэктурныя помнікі, мячэці разглядаюцца на старонках архітэктуразнаўчых манаграфій М. і В. Пакропекаў (1976), І.Тлочака (1979). У пазначаных працах даследаваны і сістэматызаваны не толькі архіўныя крыніцы, матэрыялы старажытных актаў (АВАК, т.38), але і значныя вынікі шматлікіх натурных вывучэнняў (малюнкі, абмеры, фотаздымкі), якія ўяўляюць вялікую каштоўнасць, у тым ліку і для вырашэння пытанняў рэстаўрацыі і аднаўлення татарскіх мячэцяў.
Гэтая публікацыя — першае выданне, у якім комплексна і сістэмна выкладзены звесткі па гісторыі мячэцяў і могілак татараў–мусульманаў Беларусі, Літвы і Польшчы. Каталог складаецца з прадмовы, артыкулаў пра рэлігію татараў, пра мячэці, мусульманскія могілкі і прыходы на землях Рэчы Паспалітай, і ўласна каталога, што змяшчае 34 населеныя пункты з месцам знаходжання мячэцяў і татарскіх могілак. Завяршаюць том спіс выкарыстанай літаратуры і альбом фотаздымкаў, малюнкаў і чарцяжоў.
У прадмове аўтары вызначаюць актуальнасць даследавання, неабходнасць вывучэння помнікаў культуры татараў–мусульманаў і характарызуюць структуру каталога: уводзіны, каталог, альбом. Агляд татарскіх помнікаў ахоплівае дыяпазон часу ад канца XIV і XV ст., перыяду ўзнікнення першых татарскіх пасяленняў, да канца XIX—XX ст. Даецца кароткая характарыстыка крыніц і даследаванняў.
Уводзіны пачынаюцца з артыкула М.Дзекана пра рэлігію польска–літоўскіх татараў. Артыкул складаецца з параграфаў, прысвечаных дактрыне ісламу ў практыцы польскіх мусульманаў, мусульманскім святым, абрадам жыццёвага цыклу. Аўтар артыкула, спасылаючыся на Джамаіла Александровіча, вызначае трыяду прынцыпаў, на якіх грунтуецца формула рэлігійнай дактрыны: няма іншага Бога акрамя Алаха, а Мухамед ёсць яго Прарок; няма Бога акрамя Алаха, а Адам ёсць яго выбраннік; няма іншага Бога акрамя Алаха, а Ізмаіл ёсць яго ахвяра.
Падаецца структура і змест набажэнства, роля кіблы і міхраба ў сакральнай прасторы мячэці. Характарызуюцца асноўныя святы (Рамазан, Курбан–байрам, Міўлюд), радзінная, шлюбная і пахавальная абрадавасць.
Артыкул Андрэя Дразда прысвечаны татарскім мячэцям. Падаецца агляд гісторыі фармавання татарскіх пасяленняў і прыходаў, колькасці мячэцяў у розныя гістарычныя перыяды; рэлігійная арганізацыя, фундацыя і будаўніцтва, стан захавання, архітэктурныя асаблівасці, будова інтэр’ера.
Наступны артыкул гэтага самага аўтара пра могілкі польска–літоўскіх татараў. Тут змешчана характарыстыка могілак (размяшчэнне, памеры, фармаванне прасторы), асаблівасці ўсталявання надмагільных помнікаў, іх тыпы і аздабленне, атрыбуцыя. Падаецца спіс могілак у прывязцы да парафій.
Апошні артыкул уводзінаў прысвечаны пераліку мусульманскіх мячэцяў і парафій на землях Рэчы Паспалітай. Апошнія згрупаваны паводле тэрытарыяльнай прыналежнасці: у Польшчы (Карона), Вялікім Княстве Літоўскім (Беларусь і Літва). Усяго пералічана 70 мячэцяў і парафій з звесткамі пра час стварэння (будоўлі), адміністрацыйна–тэрытарыяльную прыналежнасць у розныя гістарычныя перыяды, колькасць прыхаджан, фундатараў, даты рамонту і перабудоваў.
Сам каталог уключае 34 населеныя пункты з звесткамі пра гісторыю фармавання татарскіх пасяленняў, будаўніцтва мячэцяў, гісторыю і апісанне могілак, атрыбуцыю надмагільных помнікаў з пазначэннем памераў, тэкстамі надпісаў, адзнакамі пра стан захаванасці помніка. Пры канцы падаюцца архіўныя і літаратурныя крыніцы, крыніцы выяўленчых матэрыялаў. З 34 паселішчаў 8 размешчаны на тэрыторыі Літвы (Трокі, Вільня (Лукішкі), Сорак Татар, Рэйзы, Базары, Немец, Вінкшнуп, Коўна); 19 — у Беларусі (Доўбучкі, Някрашунцы, Сандыкаўшчына, Іўе, Лоўчыцы, Наваградак, Мір, Асмолава, Арда, Клецк, Ляхавічы, Слонім, Узда, Смілавічы, Мінск, Мядзель, Глыбокае, Відзы, Гродна), 7 — у Польшчы (Крыжыньяны, Бахонкі, Студзянка, Лебедзеў, Варшава, Гданьск, Беласток). Па кожным з паселішчаў падаюцца дакументальныя звесткі гісторыі фармавання татарскіх пасяленняў, мячэцяў, могілак. З паселішчаў на тэрыторыі Беларусі найбольш грунтоўна апісаны Доўбучкі (Смаргонскі раён), Іўе, Лоўчыцы (Наваградскі раён), Наваградак, Слонім, Смілавічы, Менск. У кожным канкрэтным выпадку прыводзяцца крыніцы, артыбуцыя, ілюстрацыі.
Сабраная ў каталогу інфармацыя стварае шырокую карціну жыцця і побыту татараў Беларусі, Літвы і Польшчы канца XIV — пачатку XX ст., адлюстроўвае асаблівасці іх матэрыяльнай і духоўнай культуры, сакральных і мемарыяльных помнікаў. Даведкі змяшчаюць вялікую колькасць датаў, прозвішчаў, тапанімічных звестак, тэрмінаў, якія адлюстроўваюць рысы рэлігійнага і грамадскага жыцця, рытуалаў і абрадаў.
У спісе выкарыстанай літаратуры названыя 9 часопісаў і календароў 1934—1998 г., дзве рукапісныя працы і 58 артыкулаў і манаграфій.
Вялікую каштоўнасць уяўляе альбом ілюстрацый. Ён налічвае 309 адзінак каляровых здымкаў, праектных і абмерных чарцяжоў, гравюраў. Унікальныя абмерныя матэрыялы 20–30–х г. прыведзены па мячэцях у Доўбучках, Лоўчыцах, Іўі, Глыбокім. Многія ілюстрацыі фіксуюць сучасны стан помнікаў, багацце іх унутранага абсталявання, насычэнне ўзорамі дэкаратыўна–ужытковага мастацтва. На каляровых здымках зафіксавана вялікая колькасць унікальных могілкавых помнікаў (у Доўбучках, Садыкаўшчыне, Іўі, Лоўчыцах, Наваградку, Міры, Асмолаве, Ардзе і інш.).
Пры бясспрэчнай карысці гэтага выдання для гісторыкаў, этнографаў, мастацтвазнаўцаў, рэстаўратараў неабходна адзначыць і некаторыя недахопы працы. Звяртае ўвагу несуаднесенасць тэрытарыяльнай сістэматызацыі матэрыялу з гістарычнай рэчаіснасцю, якая склалася на даследаваным арэале ў ХХ ст. У кантэксце адзначанага назва каталога і некаторых яго артыкулаў не зусім абгрунтаваная. Названыя ў ім паселішчы і помнікі размешчаны на тэрыторыях Беларусі, Літвы і Польшчы. У кожнай з гэтых краін ёсць свае грамадскія аб’яднанні татараў–мусульманаў. Іх культурная спадчына — частка шматграннай культуры народаў асобных дзяржаваў. Эклектычна выглядаюць і спробы класіфікацыі, абмежаваныя XVI—XVIII ст. і характэрным для гэтага перыяду адміністрацыйна–тэрытарыяльным падзелам (Карона, Вялікае Княства Літоўскае, ваяводствы і паветы), у якіх падаюцца помнікі ХІХ—ХХ ст. (Докшыцы, Мядзель, Відзы, Глыбокае і інш.).
Пазначаныя заўвагі не зніжаюць у цэлым грунтоўнасці і значнасці выдання. Дарэчы, у яго падрыхтоўцы дапамагалі многія беларусія навукоўцы, даследчыкі, фатографы. Іх імёны падаюцца аўтарамі з выказваннем удзячнасці. Трэба таксама адзначыць вялікую дапамогу ў арганізацыі экспедыцыі па Мінскай, Брэсцкай і Гродзенскай абласцях і зборы звестак пра помнікі культуры, якую аказалі польскім даследчыкам Еўрапейскі Гуманітарны Універсітэт у Мінску, Беларускі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі ў Гродне, Беларускае згуртаванне татараў–мусульманаў „Аль–Кітаб“ і таварыствы татарскай культуры ў гарадах і населеных пунктах гэтых абласцей. Удзел спецыялістаў з Беларусі дапамог папоўніць каталог вялікай колькасцю новага матэрыялу, які адлюстроўвае сучасны стан помнікаў.
Выданне каталога „Мячэці і могілкі польска–літоўскіх татараў“ — несумненна важная падзея ў справе даследавання культуры этнічных груп Беларусі, Літвы і Польшчы.
Аляксандр Лакотка
Менск