Да генэзы БНП, або як ствараліся міфы (Юры Туронак)
Сяргей Ёрш. Вяртаньне БНП. Асобы і дакументы Беларускай Незалежніцкай Партыі. Менск – Слонім, 1998.
Даследчыкам падпольных арганізацый вядома, што выяўленне поўнай карціны іх дзейнасці наўрад ці магчымае, нават пасля перамогі дзяржаўнага рэжыму, за які змагаліся падпольшчыкі. Пераканальнае сведчанне таму — бясконцыя спрэчкі гісторыкаў камуністычнага падполля і партызанскага руху ў Беларусі ў гады ІІ сусветнай вайны ці рухаў супраціўлення ў іншых краінах.
Таму можна зразумець тыя цяжкасці, з якімі сутыкнуўся Сяргей Ёрш, аўтар кнігі „Вяртанне БНП», які не мог выкарыстаць архіўныя матэрыялы органаў дзяржаўнай бяспекі БССР, недаверліва паставіўся да выказванняў Л.Цанавы і В.Раманоўскага, не выявіў дакументаў па дзейнасці БНП у Беларусі, урэшце, не натрапіў на апублікаваныя ўспаміны яе членаў. У выніку, згодна з падзагалоўкам кнігі, аўтар абмежаваў ся асобамі, якія, на яго думку, былі дзеячамі БНП, і створанай на эміграцыі дакументацыяй, што папярэдзіў кароткім нарысам гісторыі БНП.
Не меншыя цяжкасці ўзнікаюць і перад рэцэнзентам, таму адпаведна наяўнасці матэрыялу пастараюся абмежавац ца адным пытаннем — заснаваннем БНП, якое ў гэтай кнізе пададзена даволі асабліва. Сяргей Ёрш спасылаецца на выказванні беларускіх савецкіх гісторыкаў і некаторых арганізатараў партыі, паводле якіх яна была створана ўлетку 1942 г. у Менску, і адначасова на эміграцыйнага гісторыка Вацлава Пануцэвіча, які лічыў, што БНП заснаваў ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі яшчэ напрыканцы 1939 г. у Вільні, дзе было створана яе галоўнае кіраўніцтва — М.Шкялёнак, С.Грынкевіч (псіхіятр), Ч.Ханяўка і Я.Станкевіч, якое працягвала дзейнічаць у 1940-1941 г. у Варшаве.
Паказваючы дзве версіі заснавання БНП, аўтар фармальна засцярогся, што і першая, і другая могуць адпавядаць сапраўднасці, аднак рашучую перавагу аддаў версіі Пануцэвіча. На гэта паказвае і біяграм Гадлеўскага, у якім без агаворак сцвярджаецца, што менавіта ён быў заснавальнікам БНП (с.89), і выказванні аўтара пра тое, што далейшая дзейнасць партыі пад кіраўніцтвам Усевалада Родзькі ажыццяўлялася згодна з указаннямі Гадлеўскага.
Версію Пануцэвіча аўтар імкнуўся падмацаваць дакументамі, якія захоўваюцца ў Нацыянальным Архіве РБ (ф. 4, воп. 33а, спр. 524, а. 185) і «гавораць пра існаванне праграмы партыі ўжо ў 1940 годзе, а таксама пра тое, што яна была надрукавана ў першым нумары бюлетэню беларускіх эмігрантаў» (13). Згодна з старой звычкай беларускіх даследчыкаў, аўтар не падае і не ацэньвае гэтых выяўленых ім дакументаў, ствараючы ў чытачоў уражанне, што выказванні Пануцэвіча — гэта ўжо не версія, а ісціна, якая вырашае дылему заснавання БНП.
Усё ж, здаецца, гэта не так. У 1993 г. я працаваў у гэтым архіве і на маю просьбу атрымаў усе захаваныя там дакументы, якія тычыліся ваенных лёсаў Гадлеўскага, аднак сярод іх не было дакументаў аб заснаваннні ім БНП. Нічога мне не вядома і пра «Бюлетэнь беларускіх эмігрантаў» ні з даведнікаў такіх скрупулёзных даследчыкаў эміграцыі, як Мікола Панькоў ці Алесь Вініцкі, ні з спісаў выданняў Беларускага Камітэта Самапомачы ў Нямеччыне. Нічога пра яго не ведалі і тагачасныя дзеячы Беларускага Камітэта ў Варшаве, з якімі ў свой час даводзілася нярэдка сустракацца.
Аднак вернемся да версіі Пануцэвіча і пастараемся высветліць, што гэты біёграф ведаў пра свайго героя, пішучы аб’ёмісты нарыс «Кс. Вінцэсь Гадлеўскі дзяржаўны муж і правадыр народу», надрукаваны ў 1965 г. у выдаваным ім у Чыкага часопісе «Беларуская Царква» (№ 28) і перадрукаваны ў 1993 г. у менскай «Спадчыне». Вось жа, пасля цеснага супрацоўніцтва з Гадлеўскім у 1936-1939 г. у Вільні Пануцэвіч сустрэўся з ім 22 чэрвеня 1942 г. у Баранавічах, аднак не было тады гутаркі пра падпольныя справы. Такім чынам, аўтар нарыса мог карыстацца толькі ўспамінамі супрацоўнікаў свайго героя. Нямала гэтых успамінаў друкавалася да 1965 г. на старонках эміграцыйных перыёдыкаў, аднак, апрача палемікі разрозненых груповак і ўзаемных абвінавачванняў у прычынах арышту і смерці Гадлеўскага, яго роля як заснавальніка і дзеяча партыі БНП ў іх не згадвалася[1].
Адзінай «крыніцай», якой мог карыстацца Пануцэвіч (хоць на яе не спасылаўся), быў ананімны артыкул «Кс. Вінцэнты Гадлеўскі аснавапаложнік беларускага рэзістансу», надрукаваны ў снежні 1945 г. у першым нумары газеты «Беларускія Навіны», якія пад рэдакцыяй Лявона Рыдлеўскага выдаваліся ў Парыжы. Паводле газеты, Гадлеўскі арыентаваўся не на немцаў, а на заходніх саюзнікаў, імкнуўся наладзіць з імі сувязь, стварыць супроцьнямецкі партызанскі рух, дзеля чаго заснаваў БНП, нелегальна перабраўся ў Беларусь і рэвалюцыйным шляхам захапіў кіраўніцтва школьніцтвам, што выкарыстоўваў для арганізацыі «у многіх мясцовасцях» заканспіраваных асяродкаў партыі. Так паўстаў вобраз героя беларускага нацыянальнага руху супраціву, чыстага ад падазрэнняў у супрацоўніцтве з немцамі. Вобраз, вельмі патрэбны групоўцы Міколы Абрамчыка ў яе палітычнай гульні з акупацыйнымі ўладамі заходніх саюзнікаў у Нямеччыне.
Варта заўважыць, што на працягу наступных дваццаці гадоў Пануцэвіч не змог выявіць ніякіх доказаў, якія б абгрунтавалі выказванні «Беларускіх Навінаў». Таму ў ходзе апрацоўкі свайго нарысу 10 лютага 1965 г. ён звярнуўся да эміграцыйных дзеячаў з просьбай даслаць яму звесткі пра Гадлеўскага. «На жаль, — пісаў Пануцэвіч, — у маім распараджэнні маюцца (…) некамплектныя матарыялы, каб гэтую справу вырашыць. Таму зьвяртаюся з гарачым заклікам да ўсіх, хто ведаў гэтага чалавека, сутыкаўся зь ім, мае матарыялы аб ім, як фатаграфіі, лісты, зацемкі ці можа аб ім напісаць хоць некалькі слоў, каб быў ласкавы як найхутчэй прыслаць на мой адрыс. (…) У асаблівасьці ў мяне не стае дадзеных да наступных пэрыядаў жыцця кс. Гадлеўскага.
(…)
5. Дзейнасьць у Варшаве, Польшчы і Бэрліне ў гадох 1939—1942.
6. Дзейнасьць у Менску 1941—42.
7. Партыя твораная ім «Беларускі Нацыянальны Фронт» у Вільні, Польшчы. Ягонае дачыненьне да «Беларускай Незалежнай (sic! — Ю.Т.) Партыі» ў часе нямецкай акупацыі Беларусі.
(…)
10. Прычыны арышту і сьмерці.
Ведама, на ўсе гэтыя пытаньні цяжка адказаць, але будзе вялікім укладам кожнага, хто хоць дакіне маленькую цаглінку дзеля праўдзівага прадстаўлення гэтага вялікага нашага дзеяча. Усякія зацемкі прашу прыслаць да 15 сакавіка гэтага году»[2].
У адказ на свой заклік Пануцэвіч атрымаў допісы Станіслава Грынкевіча (малодшага), Францішка Кушаля, А.Пякарска га, Часлава Ханяўкі, Язэпа Гладкага і А.Цвікоўскага, якія надышлі пазней жаданага тэрміну і былі апублікаваныя асобна ў 28 і 29 нумарах «Беларускай Царквы». Паказваючы розныя эпізоды дзейнасці Гадлеўскага, ніхто з іх не пацвердзіў яго ролі як заснавальніка і дзеяча БНП. У прыватнасці, пра такую ролю нічога не ведаў Ханяўка, якога Пануцэвіч «уключыў» нават у склад кіраўніцтва БНП у Вільні і Варшаве. Па іншай прычыне не адгукнуўся Янка Станкевіч: ён займаўся стварэннем Партыі (Арганізацыі) Беларускіх Нацыяналістаў, а не, як пісаў Пануцэвіч, БНП. Гэтага, бадай, дастаткова для ацэнкі версіі Пануцэвіча як прадукту ягонага ўяўлення, чаго, на жаль, не ўлічыў Сяргей Ёрш.
Створаны на эміграцыі і пашыраны Яршом на бацькаўшчыне міф пра Гадлеўскага як заснавальніка БНП і натхняльніка беларускага супрацьнямецкага руху супраціўлення несумяшчаль ны з тагачаснай яго палітычнай пазіцыяй і дзейнасцю. Прыбыўшы ў чэрвені 1940 г. у акупаваную немцамі Варшаву, ён уключыўся ў дзейнасць кіраванага Міколам Шчорсам Беларускага Камітэта, увайшоў нават у склад яго кіраўніцтва[3]. Адначасова, не больш чым па традыцыі, выступаў як старшыня Беларускага Нацыянальнага Фронту — нефармальнай групоўкі, створанай ім яшчэ ў Вільні. Аднак насуперак выказванню Ярша (13, 89) БНФ не быў легальнай арганізацыяй (дзейнасць палітычных груповак прынцыпова забаранялася акупацыйнымі ўладамі) і таму не мог быць прыкрыццём падпольнай супрацьнямецкай дзейнасці Гадлеўскага. Дарэчы, пакуль што не было і патрэбы такой дзейнасці, бо яго палітычныя імкненні свабодна ўкладваліся ў рамкі легальнай дзейнасці Беларускага Камітэта[4]. Кіруючыся не толькі патрабаваннямі афіцыйнай палітыкі, але перш за ўсё сваім глыбокім перакананнем, Гадлеўскі лічыў, што аднаўленне беларускай дзяржаўнасці магчымае толькі ў супрацоўніцтве з Нямеччынай. Гэтую ідэю ён часта прапагандаваў пад час камітэцкіх сходаў, прытым, як сведчылі прысутныя, лагічна яе абгрунтоўваў. Варта дадаць, што гэтую стратэгіч ную ідэю Гадлеўскі адлюстраваў у складзеным ім тады «Ідэалагічным Статуце» нефармальнага Беларускага Нацыянальнага Фронту: «… кожны вораг расейскага камунізму ёсьць нашым прыяцелем. Усе тыя дзяржавы, якія імкнуцца да стварэння вялікай Польшчы або вялікай Расеі коштам Беларусі, ёсьць нашымі натуральнымі ворагамі, з якімі мы павінны змагацца»[5].
Як вядома, гэтымі незацікаўленымі лёсам Беларусі дзяржавамі былі Англія і Злучаныя Штаты Амерыкі, якія сталі саюзнікамі Савецкага Саюзу. І не на супрацоўніцтва, а на змаганне з імі заклікаў беларусаў Гадлеўскі, вядома, на баку Нямеччыны. Таму згадкі эмігранцкіх публіцыстаў, а за імі і Ярша (14) пра англійска-амерыканскую арыентацыю Гадлеўскага і яго спробы наладзіць сувязь з гэтымі дзяржавамі трэба лічыць выдумкай, якая дыктавалася ўмовамі пасляваеннай палітычнай кан’юнктуры[6]. Восенню 1941 г. Гадлеўскі прыехаў у Менск, аднак не нелегальна, і не «рэвалюцыйным шляхам» захапіў сваю пасаду, як хацелася б ананімнаму публіцысту «Беларускіх Навінаў». 17 верасня генеральны камісар Вільгельм Кубэ прасіў міністра акупаваных усходніх абшараўАльфрэда Розенберга прыслаць з Нямеччыны адпаведнага спецыяліста да працы ў школьным аддзеле генеральнага камісарыята, і ў адказ на гэтую просьбу Розенберг прызначыў Гадлеўскага, які з 1 лістапада 1941 г. стаў галоўным школьным інспектарам[7].
Працуючы ў Менску, Гадлеўскі працягваў вызнаваць сваю палітычную канцэпцыю, пра што сведчыць, між іншым, распаўсюджванне ім «Ідэалагічнага Статута БНФ» з тымі самымі пранямецкімі тэзісамі. Нягледзячы на цяжкасці ваеннага часу і крытычныя адносіны да непаслядоўнай нямецкай палітыкі, ён да часу арышту заставаўся верны сваёй канцэпцыі, на што ўплывалі поспехі нямецкай арміі, якая ў той час дайшла да Сталінграда і Каўказа. Гэта была важная прычына, дзеля якой ён не ўдзельнічаў у супрацьнямецкай падпольнай дзейнасці, пра якую не гаварыў нават сваім давераным супрацоўнікам Язэпу Найдзюку і Анелі Катковіч[8]. Магчыма таму, што нічога не ведаў пра такую дзейнасць.
У ліпені 1942 г. Кубэ паклікаў Яўхіма Скурата ў склад створанай тады ўстановы Мужоў Даверу і прызначыў яго школьным інспектарам. Аднак гэта не было вынікам недаверу да Гадлеўскага, які працягваў працаваць у школьным аддзеле, стаў членам Галоўнай Рады Беларускай Народнай Самапомачы, удзельнічаў ва ўсіх яе пасяджэннях, у арганізацыі курсаў перашкалення афіцэраў Самааховы, запрашаўся на сустрэчы з Кубэ, апрача таго, абслугоўваў каталіцкае душпастырства ў Менску.
У той час Гадлеўскі цесна супрацоўнічаў з шэфам БНС Іванам Ермачэнкам — іх яднала спадзяванне на вырашальную ролю Нямеччыны ў аднаўленні беларускай дзяржаўнасці пасля пераможнай вайны. Не было паміж імі разыходжанняў і ў вырашэні складанага канфесійнага пытання, пра якія нярэдка згадвалі эмігранцкія публіцысты. Так, напрыклад, праваслаўны Ермачэнка падтрымаў ініцыятыву Гадлеўскага наладзіць радыётрансмісіі каталіцкіх набажэнстваў, з якой ён выступіў 15 кастрычніка на пасяджэнні Галоўнай Рады БНС[9]. Таксама Ермачэнка выступаў да Кубэ з прапановай аформіць кананічнае прызначэнне Гадлеўскага генеральным вікарыем каталіцкай царквы ў Беларусі, пры тым даў наступную яго характарыстыку: «… ксёндз Гадлеўскі ёсьць нам вядомы як сьвядомы беларус, прыхільнік нямецка-беларускага супрацоўніцтва і добры барацьбіт проці палякаў»[10].
І вось раптам загадка: 23 снежня 1942 г. раніцай выйшла цэнзураваная аддзелам прэсы генеральнага камісарыята «Беларуская Газэта» з надрукаваным аб’ёмістым артыкулам Гадлеўскага «25-я ўгодкі скліканьня Усебеларускага Кангрэсу», а таго ж дня ўначы ён быў арыштаваны нямецкай паліцыяй, адпраўлены і менскую турму і знік без следу. Такім чынам, у той самы час адно нямецкае ведамства лічыла Гадлеўскага «чыстым» (інакш яго артыкул не быў бы дапушчаны да друку), а другое — ворагам.
Гэты парадокс адлюстроўваў востры канфлікт, які пад канец 1942 г. узнік паміж галоўнымі дзеячамі акупацыйнага рэжыму ў Беларусі на фоне метадаў супрацьпартызанскіх пацыфікацыйных акцый. Кубэ абвінавачваў высокіх начальнікаў СС і паліцыі ў масавых забойствах мірнага насельніцт ва, за што яны імкнуліся выдаліць яго з Менска. З такой мэтай пачалася кампанія кампраметацыі Кубэ як ініцыятара і натхняльніка нібыта супярэчлівай з інтарэсамі Нямечыны палітыкі кіраўніцтва БНС, якое імкнулася стварыць беларускае войска і органы дзяржаўнага кіравання[11].
Паводле інфармацыі польскай разведкі, у атмасферы паліцэйскіх ганенняў супраць Ермачэнкі і яго супрацоўнікаў тады было арыштавана каля сотні дзеячаў БНС у Менску і ў правінцыі. Сярод іх быў і ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі, які парадаксальна загінуў як нежаданы саюзнік.
Юры Туронак
Варшава
[1] Гл.: Беларуская Думка. 1947. № 2; Адраджэньне. 1948. № 1; Беларус на чужыне. 1949. № 12 (36); Зьніч. 1950—1965. № 1, 21, 70, 82—83; Бацькаўшчына. 1952. № 51—52; Незалежная Беларусь. 1953. № 1 (7), 2 (8).
[2] Летапіс беларускай эміграцыі. 1987. № 51—52.
[3] М.Ш. (Мікола Шчорс) Загінуў, каб жыла Беларусь // Беларуская Думка. 1992. № 37.
[4] Вялікім жаданнем Гадлеўскага было стварэнне беларускага войска, аднак не ён быў ініцыятарам дыверсійнай групы, якую С.Ёрш называе «першым штурмовым звязам» (90). Такія групы арганізаваў абвер і з літоўскіх і ўкраінскіх ваеннапалонных польскай арміі. Роля Гадлеўскага і іншых дзеячаў варшаўскага Беларускага Камітэта абмяжоўвалася вярбоўкай людзей, якіх накіроўвалі ў асяродкі абвера па падрыхтоўцы дыверсантаў.
[5] Арыгінальны экзэмпляр «Ідэалагічнага Статута БНФ» захоўваецца ў НАРБ (ф. 370, воп. 1, спр. 1258, а. 4—9); іншы асобнік, вывезены Леанідам Галяком у ЗША і перадрукаваны кірыліцай у «Летапісе беларускай эміграцыі» (1985. № 24); тамсама інфармацыя, што яго ўкладальнікам быў кс. Гадлеўскі.
[6] Паводле Пануцэвіча, у канцы жніўня 1941 г. Гадлеўскі «выслаў» у Швецыю свайго эмісара Альберта Асоўскага, а ў 1942 г. В.Лукашыка і Я.Федарчука. Асоўскі, прыбыўшы нелегальна праз Нарвегію ў Стакгольм, наладзіў сувязь з беларусамі ў Чыкага (між іншым, айцом Язэпам Рэшацем), якім перадаў даручэнне Гадлеўскага арганізаваць Беларуска–Амерыканскую Нацыянальную Раду, якая павінна была «дзейнічаць перад Вашынгтонам і Альянтамі ў справе Беларусі». У выніку Рада была заснавана 7 верасня 1941 г. (Беларуская Царква. 1965. № 28. С. 76—77, 93—94). Аднак Пануцэвіч не ўлічыў, што на ўсю гэтую аперацыю (ад выезду з Варшавы да заснавання Рады) «прызначыў» Асоўскаму ўсяго некалькі дзён, што робіць яго выказванне, па меншай меры, несур’ёзным. І яшчэ: у маім архіве захоўваецца ліст а. Язэпа Рэшаця ад 22 траўня 1945 г., у якім той піша Васілю Лукашыку, што за гады вайны ніякіх вестак ад беларусаў з Еўропы ён не атрымоўваў.
[7] Ліст Кубэ да Розенберга ад 17.09.1941 // Александрыйскія мікрафільмы, ролік 21/668; Архіў Новых Актаў у Варшаве; НАРБ, ф. 373, воп. 2, спр. 8, а. 79—80.
[8] Лісты Язэпа Найдзюка да аўтара ад 2.03 і 30.11.1980; інфармацыя Анелі Катковіч ад 3.01.1981.
[9] Пратакол пасяджэння Галоўнай Рады БНС ад 15.10.1942, у: НАРБ, ф. 384, воп. 1, спр. 33а, а. 10—16.
[10] Тамсама, ф. 384, воп. 1, спр. 64, а. 7.
[11] Гл. пра гэта шырэй: Туронак Ю. Беларусь пад нямецкай акупацыяй. Мінск, 1993. С. 114—133.