БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Вячаслаў Насевіч. Мікрагісторыя: мінулае ў чалавечым вымярэнні


З вышыні сённяшняга дня відавочна, што для народаў былога Савецкага Саюза ўвогуле і для беларусаў у прыватнасці гады савецкай улады былі не толькі часам дасягнення ўсеагульнай адукаванасці і засваення набыткаў тэхнічнай цывілізацыі, але таксама і часам разрыву гістарычнай памяці, духоўнай сувязі з мінулымі пакаленнямі. Адна з прычын — выразная „дэперсанізацыя» гісторыі, якую інтэрпрэтавалі як сферу дзейнасці безасабовых „народных масаў», класаў і сацыяльных групаў. Стан масавай свядомасці ў значнай ступені вызначаўся ідэалагічным клішэ — сапраўдная гісторыя пачалася ў 1917 г. Дзвюма найбольш яркімі падзеямі, што трывала перакрывалі ўсе ніжэйшыя пласты, былі часткова грамадзянская вайна 1918—20 г. і асабліва вайна 1941—45 г.

Пасля знікнення савецкага рэжыму пачаўся працэс аднаўлення страчанай „повязі часоў». Ён адбываўся на фоне знікнення „жалезнай заслоны», якая адносна надзейна адгароджвала свядомасць савецкага чалавека ад „шкодных уплываў Захаду», і пасля дзесяцігоддзяў ізаляцыі жыхары постсавецкай прасторы сутыкнуліся з атмасферай напружаных дыскусій, што панавалі ў замежнай гістарычнай навуцы. Тады высветлілася, што не зусім зразумела нават, што гэта значыць увогуле ведаць сваё мінулае?

Для прадстаўніка першабытнага грамадства адказ на гэтае пытанне зводзіўся да ведання генеалогіі свайго роду, комплексу родавых паданняў, што насілі пераважна міфічны характар, а таксама рытуалаў і правілаў этыкету, асвячоных аўтарытэтам продкаў. У еўрапейскай цывілізацыі доўгі час дамінаваў „падзейны» погляд на гісторыю, які склаўся яшчэ ў часы сярэдневяковых храністаў. Гістарычны працэс уяўляўся як серыя „гістарычных падзей» агульнаграмадскай значнасці, якія разрывалі ціну штодзённасці. Сама па сабе гэтая штодзённасць ніякай цікавасці не ўяўляла, памятаць пра яе — значыла абцяжарваць памяць непатрэбным баластам, які імкнуліся адсеяць ужо стваральнікі летапісаў і хронік. „Веданне гісторыі» ў такой атмасферы зводзілася да пераліку кіраўнікоў, іх дзеянняў, войнаў і бунтаў, адным словам — таго, што сёння вызначаецца тэрмінам „палітычная гісторыя». Характэрна, што нават спіс панаванняў быў заведама няпоўным — цікавасць уяўлялі толькі „адметныя» дзеячы. Функцыя адбору ад храністаў перайшла да гісторыкаў, якія вырашалі, шту сярод даволі аднастайных у масе сваёй панаванняў і войнаў вартае ўвагі, а што павінна адысці ў забыццё.

Усялякі адбор непазбежна суб’ектыўны. Усведамляю чы гэта, частка гісторыкаў ужо ў дзевятнаццатым стагоддзі спрабавала адмовіцца ад яго, фіксуючы ўсю інфармацыю, захаваную крыніцамі. Дзеля гэтага яе, натуральна, давялося групаваць па кірунках. На гэтым прынцыпе, які непрыкмет на зліўся з адвечнай чалавечай прагай да збірання калекцый, сфармаваліся „дапаможныя» гістарычныя дысцыпліны — у прыватнасці, генеалогія. Вартым увагі абвяшчаўся кожны ўладар і ўвогуле гістарычны персанаж, які прыгадваецца ў хроніках ці дакументах. Радаводныя дрэвы панавальных дынастый абрасталі ўсё больш дэталёвай інфармацыяй: улічваліся заблытаныя шлюбныя сувязі, тытулы, фіксаваліся нават дзеці, што памерлі немаўлятамі. Ад генеалогіі каралёў і князёў даследчыкі паступова пераходзілі да рыцарства, купецтва, непрывілеяваных станаў. З захапленням аддаючыся гэтаму занятку, генеалогі даволі няўтульна адчувалі сябе, сутыкаючыся з каверзным пытаннем: а каму і навошта патрэбна настолькі дэталёвая інфармацыя? Да таго ж веданне імёнаў, датаў нараджэння і смерці гістарычных персанажаў само па сабе мала што давала для разумення іх жыцця.

Спроба ўлічыць усе факты мінулага, што захаваліся, непазбежна прыводзіла да звужэння поля зроку даследчыка да маленечкай вобласці вузкаспецыяльных ведаў. На гэтай глебе нарадзіўся сумны жарт наконт таго, што ідэальны спецыяліст — гэта той, хто ведае ўсё пра нішто. Імкненне назапашваць веды „на ўсялякі выпадак» не сустракала разумення нават у многіх гісторыкаў, не кажучы ўжо пра шырокую публіку, якая чакала ад іх своеасаблівага „экстракту» найбольш значных звестак. Але хутка высветлілася, што ў самім грамадстве ўяўленне пра тое, якая інфармацыя неабходная, а якая залішняя, зусім не заставалася нязменным.

Вельмі радыкальны погляд на каштоўнасць гістарычнай інфармацыі прапанавалі, напрыклад, марксісты. Яны трактавалі палітычную гісторыю з усімі яе зменамі дынастый, войнамі, ростам і падзеннем імперый як своеасаблівую „рабізну на вадзе», якая толькі перашкаджала бaчыць сапраўдны, глыбінны сэнс гістарычных працэсаў. Сэнс гэты зводзіўся, паводле марксісцкай канцэпцыі, да непарыўнага развіцця спосабаў і сродкаў здабывання з навакольнага асяроддзя неабходных людзям рэсурсаў (вытворчых сілаў грамадства) і спосабаў размеркавання гэтых рэсурсаў паміж імі (сацыяльных адносінаў). Адпаведна, гістарычную каштоўнасць уяўляюць толькі тыя факты, якія дазваляюць вызначыць або тое, як у пэўным грамадстве ствараліся спажывецкія даброты (эканамічная гісторыя), або тое, як яны размяркоўваліся (сацыяльная гісторыя ў вузкім сэнсе). Што тычыцца палітычнай гісторыі, то для яе цікавасць павінны ўяўляць толькі праявы барацьбы розных грамадскіх групаў (класаў) за пераразмеркаванне грамадскіх дабротаў. Усе іншыя, нават самыя вонкава яскравыя падзеі, з’яўляюцца неістотнымі.

У найбольш поўным выглядзе такі падыход быў рэалізава ны менавіта ў савецкай гістарычнай навуцы, дзе ён непадзельна панаваў прыкладна палову стагоддзя (з канца 1920х г. да гарбачоўскай перабудовы ). Далёка не выпадкова, што „асабова арыентаваныя» кірункі — генеалогія, стварэнне гістарычных біяграфій, нават краязнаўства — прыйшлі на тэрыторыі СССР у глыбокі заняпад. Асоба выклікала інтарэс толькі сваёй прыналежнасцю да пэўнага класа, не больш. Пра наступствы такой „дэперсанізацыі» гісторыі сказана ўжо шмат. Склалася парадаксальная сітуацыя: гісторыя як навука, з аднаго боку, павінна была зберагаць і вывучаць звесткі пра мінулае, якія цудам дайшлі да нас праз стагоддзі. З другога боку, яна ўзяла на сябе ролю фільтра, які засцерагаў грамадскую свядомасць ад „залішняй» інфармацыі пра гэтае ж мінулае — фільтра настолькі жорсткага, што часам ён нагадваў непранікальны экран.

У гады, калі сацыяльнаэканамічная праблематыка станавілася панавальнай тэмай у савецкай (а шмат у чым — і ў заходняй) гістарыяграфіі, у Францыі славутая школа „Аналаў» кінула выклік ідэі „фільтра» як такой. Падобна марксізму (да якога былі ідэйна блізкімі некаторыя заснавальнікі гэтай школы, у прыватнасці — М.Блок), яна таксама трактавала палітычныя падзеі як „рабізну на вадзе». Але сэнсам дзейнасці гісторыка абвяшчалася не вычляненне галоўных рухальных фактараў, а рэканструкцыя менавіта той штодзённасці, якую ігнараваў „падзейны» погляд. Размова ішла пра стварэнне татальнай гісторыі , якая б ахоплівала ўсе аспекты дзейнасці мінулых пакаленняў і ўсе матывы, якія стаялі за іх учынкамі[1]. Адзін з галоўных ідэолагаў гэтай школы Фернан Брадэль настойліва абвяшчаў мэтай рэканструкцыю мінулага менавіта ў яго штодзённым, руцінным увасабленні. Асабліва яго цікавіла, у якой ступені дзейнасць чалавека вызначалася жорстка зададзенымі „правіламі гульні» (структурамі ў яго тэрміналогіі) — кліматычнымі ўмовамі, дэмаграфічнымі фактарамі, інфраструктурай і тэхнічным узроўнем працы, калектыўнымі ўяўленнямі і маральнымі нормамі. Паказальная праграмная назва яго кнігі — „Структуры штодзённасці: магчымае і немагчымае»[2], выдадзенай у Савецкім Саюзе толькі з пачаткам перабудовы.

Пры такім падыходзе каштоўнасць набывалі тыя з’явы, якія здаваліся храністам або залішнімі, або настолькі відавочнымі, што яны калі і прыгадвалі іх, то між іншым. „Татальную» карціну штодзённасці даводзілася аднаўляць літаральна па драбках. Пры гэтым на макраўзроўні яна ўсё роўна атрымлівалася эскізнай, фрагментарнай. Здзейснены школай „Аналаў» пераварот у ацэнках парадзіў неабходнасць дэталёвай прапрацоўкі асобных тэмаў і сюжэтаў, што выклікала сярод гісторыкаў паўторную хвалю вузкай спецыялізацыі і з’яўленне цэлага шэрагу новых „дапаможных» дысцыплін, або „вузкіх гісторый»: гісторыі харчавання, гісторыі дзяцінства, гісторыі злачыннасці і г.д., аж да гісторыі псіхічных расстройстваў і сексуальных ненармальнасцяў. Усе яны сёння разглядаюцца, як правіла, у рамках адзінага кірунку — сацыяльнай гісторыі ў шырокім сэнсе[3].

Найбольшы рэзананс сярод гэтых кірункаў выклікалі так званыя гендэрныя даследаванні (gender studies), або гісторыя полаў, шчыльна звязаная з фемінісцкім рухам. З уласцівым апошняму радыкалізмам была сфармуляваная выснова пра тое, што ўся напісаная папярэднімі пакаленнямі гісторыя ўяўляе сабой, па сутнасці, толькі his-story[4] — гісторыю мужчын, напісаную самімі мужчынамі з пазіцый „мужчынскага шавінізму». З гэтага вынікала неабходнасць „перапісаць гісторыю нанова», а ў больш памяркоўным варыянце — дапоўніць яе праблемамі, якіх не хапае, адлюстраваць рэальныя ўзаемаадносіны полаў, іх ролю ў вытворчай, культурнай і іншай дзейнасці. Нягледзячы на экстрэмісцкія выдаткі, такі падыход стаўся вельмі прадукцыйным, дазволіўшы пановаму зірнуць на многія звыклыя стэрэатыпы.

Яшчэ адной характэрнай прыкметай пераходу гісторыі ў „чалавечае вымярэнне» стаў новы наплыў цікавасці да генеалогіі. З прадмета даследаванняў вузкай групы прафесіяналаў яна ператварылася ў поле дзейнасці сапраўднай арміі аматараў, якія з захапленнем аднаўлялі ўласныя радаводы на падставе архіўных матэрыялаў. У многіх краінах генеалагічныя таварыствы, што аб’ядноўваюць такіх генеалогаўаматараў, налічаюць тысячы актыўных сяброў. Веданне кожным прадстаўніком грамадства свайго паходжання на глыбіню, прынамсі, некалькіх пакаленняў паступова становіцца неад’емнай часткай еўраамерыканскага ўяўлення пра тое, што значыць „ведаць гісторыю».

Прынцыповая адмова ад падзелу гістарычных з’яваў на значныя і нязначныя наблізіла гісторыю да маштабу чалавечай асобы, але адначасова абвастрыла праблему апрацоўкі вялізных масіваў інфармацыі. Распад плыні гістарычных даследаванняў на мноства асобных струменьчыкаў не мог, зразумела, задаволіць ні грамадства, ні саміх гісторыкаў. Пачала адчувацца неабходнасць новага сінтэзу, стварэння цэласнай карціны, але на новым узроўні, які б уключаў усю суму дасягненняў „вузкіх гісторый». Гэты сінтэз яшчэ далёка не завершаны. Хутчэй, ідзе толькі пошук шляхоў, здольных прывесці да яго.

На ролю аднаго з такіх шляхоў прэтэндуе мікрагісторыя — кірунак, які аформіўся першапачаткова ў Італіі ў 1970я г. Неўзабаве ён заваяваў трывалыя пазіцыі таксама ў Нямеччыне, ЗША, Францыі. Мікрагісторыя ставіць сваёй мэтай аднаўленне суцэльнай карціны хоць бы ў маштабах аднаго паселішча або групы паселішчаў (мікрарэгіёна), вузкай сацыяльнай групы, а часам нават у маштабе адной сям’і або індывідуаль най біяграфіі[5]. Зразумела, пры гэтым узрастае рызыка „за дрэвамі не ўбачыць лесу». Як палемічна заўважыў беларускі гісторык А.Бухавец, „з такіх індывідуальных гісторый, нават калі б яны былі напісаны па ўсіх паселішчах — усё роўна прынцыпова немагчыма (курсіў аўтара. — В.Н.) скласці цалкам «калектыўную» гісторыю»[6]. Размова, аднак, ідзе не пра механічнае складанне адной вялікай гісторыі з мноства дробных, як мазаікі, а хутчэй пра спробы стварыць люстэрка, з дапамогай якога можна пад новым ракурсам зірнуць на вялікі свет. Ідэя гэтага падыходу грунтуецца на вядомым філасофскім прынцыпе, паводле якога вялікае адбіваецца ў малым, як Сусвет адлюстроўваецца ў кроплі расы.

Хацелася б падкрэсліць розніцу паміж мікрагісторыяй і краязнаўствам. Апошняе азначае драбленне аб’екта даследаванняў па тэрытарыяльным прынцыпе, калі з мноства падзей вылучаюцца тыя, што маюць дачыненне да дадзенай мясцовасці. З краязнаўчых нарысаў „па ўсіх паселішчах» сапраўды немагчыма механічна скласці поўную гісторыю краіны або рэгіёна, хоць такія нарысы можна разглядаць як адзін з відаў неабходнага „будаўнічага матэрыялу» для яе. Ідэя мікрагісто рыі хутчэй нагадвае даследаванне асобнай клеткі пад мікраскопам з мэтай лепш зразумець функцыянаванне шматклетачнага арганізма. Клетка ў такім выпадку разглядаецца не як самастойная існасць, а як частка больш шырокай сістэмы, і цікавасць у першую чаргу ўяўляюць тыя яе характарыстыкі, што маюць агульнасістэмнае значэнне. У гэтым сэнсе англамоўнае паняцце local history („лакальная гісторыя») крыху заблытвае сітуацыю, бо ўжываецца ў дачыненні як да чыста краязнаўчых, так і да мікрагістарычных даследаванняў. Менавіта таму А.Макфарлейнам у 1977 г. было прапанавана вызначэнне „мікрасацыяльная гісторыя»[7]. Праўда, адзін з лідэраў гэтага кірунку ў брытанскай гістарычнай навуцы Ч.Фіцьян Адамс працягвае ўжываць тэрмін „лакальная гісторыя»[8].

У пэўным сэнсе мікрагісторыю можна трактаваць як сродак выяўлення дакладна тыповага . Савецкую гістарычную навуку многа і слушна папракалі ў адвольнай ілюстрацый насці, калі асобныя „тыповыя» факты, адвольна вырваныя з кантэксту, выкарыстоўваліся для падмацоўкі агульных разважанняў. Альтэрнатывай павінна было б стаць вывучэнне ўсяго комплексу фактаў, якія тычацца тэмы даследавання, і пабудовы высноваў толькі на падставе іх аналізу. Але фактаў, якія тычацца нават параўнальна вузкіх праблемаў, бывае вельмі шмат. Поўны іх улік магчымы толькі праз статыстычную апрацоўку, якая непазбежна нараджае абагульненыя лічбы. Яны, на жаль, даюць слабое ўяўленне пра тыя індывідуальныя адхіленні, з якіх, уласна кажучы, і складаецца рэальнае жыццё. Узнікае дылема: ілюстрацыі на ўзроўні адзінкавых фактаў наглядныя і зразумелыя, але іх „тыповасць» недаказальная. З другога боку, статыстычны аналіз дазваляе строга абгрунтаваць высновы і падмацаваць іх разлікамі, але ён пазбаўлены нагляднасці і „чалавечага вымярэння».

Думаецца, што менавіта мікрагістарычны падыход у стане хоць бы часткова зняць гэтую дылему. Ён дае шырокі набор адзінкавых фактаў (на ўзроўні асобных чалавечых лёсаў), прычым параўнальна невялікі аб’ём аб’екта даследавання дазваляе статыстычна дакладна вызначыць месца кожнага такога факта ў маштабах вывучанай выбаркі (мікрарэгіёна). Наколькі гэтыя факты прыдатныя для ілюстрацыі агульнагі старычных высноваў — залежыць ад тыповасці з’яваў, што назіраюцца ў мікрарэгіёне, для грамадства ў цэлым. Тым самым праблема зводзіцца да ацэнкі рэпрэзентатыўнасці выбаркі ў тым ці іншым аспекце — задачы, вырашальнай не толькі для гісторыка, але і для чытача. Пры гэтым захоўваец ца ўся моц і нагляднасць „жывых прыкладаў», уласцівая ілюстрацыйнаапісальнаму метаду.

Зразумела, для выканання такой ролі мікрагістарычнае даследаванне павінна адпавядаць пэўным крытэрыям. У маштабе выбаркі павінны быць сабраныя і ўлічаныя па магчымасці сапраўды ўсе факты, якія захаваліся ў наяўных крыніцах. У ідэале гэтая інфармацыя павінна ўключаць дадзеныя пра структуру насельніцтва і асаблівасці яго дэмаграфічнага ўзнаўлення, пра спосабы здабывання сродкаў да існавання і іх размеркавання, узаемадзеяння з прыродным асяроддзем і агульнадзяржаўнымі палітычнымі структурамі, калектыўныя ўяўленні пра сябе і навакольны свет, норавы, звычаі і многія іншыя аспекты, якія ў суме складаюць карціну штодзённасці (у савецкай гістарыяграфіі бальшыня з гэтых тэмаў традыцыйна лічылася прэрагатывай не гісторыкаў, а этнографаў).

Апрача таго, суцэльная карціна азначае і ўлік доўгатэрміновых працэсаў, якія суб’ектыўна не ўсведамляліся іх удзельнікамі — напрыклад, эпахальных зменаў балансу нараджаль насці — смяротнасці або навакольнага асяроддзя. Нарэшце, побач з дэталёвым пaглыбленнем у тэму неабходна паказаць, як адбіваліся на лёсах вывучальнай групы войны, рэвалюцыі і іншыя падзеі ў сферы эканомікі і палітыкі, якія добра прасочваюцца на макраўзроўні. Вельмі пажадана, каб атрыманыя такім чынам вынікі адпавядалі уніфікаванай методыцы і іх можна было б параўнаць з аналагічнымі даследаваннямі, якія ўжо праведзены або будуць праведзены ў іншых рэгіёнах.

У ідэале вынікам даследавання павінна стаць комплексная мадэль, якая б адлюстроўвала сістэму нашых ведаў пра аб’ект. Такая мадэль павінна адлюстраваць не толькі агульныя статыстычныя заканамернаці працэсаў, якія вывучаюцца, але і дыяпазон іх варыяцый. Відавочна, для гэтага найлепшым чынам падыходзіць стахастычная мадэль, якая б паказвала імавернасць кожнага з магчымых вынікаў. Мадэль павінна ўключаць у сябе, як мінімум, дэмаграфічную і эканамічную падсістэмы, г.зн. адлюстроўваць у лічбах працэсы жыццёвага цыклу сям’і і яе гаспадарчай дзейнасці. Іншыя аспекты жыцця індывіда ў грамадстве — сацыяльныя сувязі, сістэма светапогляду і да т.п. — па сваёй прыродзе значна горш паддаюцца лічбаваму выяўленню. Таму мадэль непазбежна будзе ўключаць і некаторыя апісальныя элементы. Важна, каб пры гэтым ставілася мэта адлюстраваць менавіта сістэму сувязяў і ўяўленняў, а не асобныя, найбольш выразныя ці экзатычныя рысы.

На жаль, методыку даследаванняў для беларускіх матэрыялаў давядзецца ствараць практычна з нуля — да сёння адзінай працай у айчыннай гістарыяграфіі, якая мае хоць нейкае дачыненне да такога падыходу, застаецца нарыс М.Улашчыка пра вёску Віцкаўшчына, размешчаную прыкладна за 20 км на паўднёвы захад ад Мінска. Паказальна, што гэтая кніга была рэкамендаваная да друку ў канцы 1978 г., але неўзабаве выключана з выдавецкага плана і пры жыцці аўтара так і не ўбачыла свету. Не дапамаглі нават такія адчайныя крокі М. Улашчыка, як лісты ў рэдакцыю газеты „Правда» ў красавіку 1985 г. і на адрас XXVII з’езда КПСС у лютым 1986 г.[9]. Апублікавана праца была толькі пасмяротна[10]. У гэтым нарысе М. Улашчык па ўспамінах, аповедах родзічаў, землякоў і з абмежаваным выкарастаннем архіўных матэрыялаў рэканструя ваў карціну штодзённасці сваёй роднай вёскі. Работа каштоўная перш за ўсё вялікай колькасцю жывых падрабязнасцяў, сабраных аўтарам паводле методыкі, як бы сёння сказалі, „вуснай гісторыі» ў другой палове 1920х г. Яна ахоплівае сціслую перадгісторыю вёскі (заснаванай у 1883 г. на памешчыцкіх землях, купленых сялянамі ў складчыну) і характарыстыку сялянскага побыту да 1917 г. Статыстычныя метады ў нарысе практычна не выкарыстоўваліся, што дазваляе разглядаць яго звесткі як яскравую ілюстрацыю, але не як матэматычна абгрунтаваную выбарку.

У цэлым савецкімі гісторыкамі назапашаны даволі вялікі масіў звестак, якія тычацца сацыяльнаэканамічных працэсаў у беларускай вёсцы[11]. Аднак усе яны з’яўляюцца сумарнымі сярэднестатыстычнымі дадзенымі (напрыклад, адносна велічыні сялянскага надзелу, памеру дваровай гаспадаркі або аб’ёму павіннасцяў) на макраўзроўні — па рэгіёнах, губернях і паветах, у лепшым выпадку — табліцамі зводных лічбаў па асобных маёнтках. Як правіла, пад час паказу сярэдніх значэнняў гісторыкі нават не спрабавалі ахарактарызаваць дыяпазон іх роскіду з дапамогай такіх стандартных статыстыч ных працэдураў, як вызначэнне сярэдняга квадратычнага адхілення або каэфіцыента варыяцыі. Для рэканструкцыі карціны на мікраўзроўні гэтыя дадзеныя выкарыстаць нельга, яны прыдатныя толькі пры параўнанні канкрэтнай выбаркі з агульнай сукупнасцю.

Шмат каштоўных звестак пра матэрыяльную культуру беларускай вёскі назапашана этнографамі. У іх даследаван нях апісаныя і класіфікаваныя пабудовы, прылады працы, іншыя рэчы, якія атачалі чалавека ў яго штодзённым жыцці[12]. Што тычыцца „духоўнай каардынаты» традыцыйнага беларускага грамадства, то тут асноўны багаж ведаў быў назапашаны даследчыкамі XIX — пачатку ХХ ст.[13]. Пры гэтым асаблівая ўвага аддавалася такім экзатычным з’явам, як перажыткі першабытнай магіі, забабоны і да т.п. Пытанне пра апісанне традыцыйнага светаўспрымання як цэласнай сістэмы на той час яшчэ не ставілася. Не было яно пастаўлена і этнографамі савецкага перыяду, хоць тады на Захадзе ўжо актыўна абмяркоўваліся метады структурнай антрапалогіі К.ЛевіСтроса, ідэі школы „Аналаў», да т.п. Беларускія этнографы пры вывучэнні духоўнай культуры засяроджваліся галоўным чынам на зборы, публікацыі і павярхоўнай характарыстыцы фальклору, перш за ўсё — народных песняў. Даволі дэталёва была даследавана таксама вясельная абрадавасць, а ў апошні час — сімволіка народнага арнаменту[14].

Нягледзячы на тое, што класікі марксізму разглядалі людзей (працоўныя рэсурсы) як адзін з кампанентаў вытворчых сілаў, вельмі сціплымі аказаліся поспехі савецкіх даследчыкаў у вывучэнні дэмаграфічных працэсаў. Паводле ацэнкі амерыканскага гісторыка Стывена Хока, „цэлы шэраг гісторыкаў савецкага перыяду займаўся «палітычнай арыфметыкай», імкнучыся вызначыць розныя катэгорыі насельніцтва паводле іх прыналежнасці да геаграфічнага рэгіёна, навыкаў і вытворчай дзейнасці, афіцыйнага і этнічнага статусу. Часта гэтыя даследаванні не выходзілі за рамкі перадрукоўкі афіцыйных дадзеных статыстыкі насельніцтва царскага часу (з невялікімі папраўкамі) і абмеркавання дынамікі зменаў»[15]. Сапраўды, даволі хутка вызначыўшы дынаміку базавых дэмаграфічных паказальнікаў — колькасці і шчыльнасці насельніцтва, нараджальнасці, смяротнасці — на макраўзроўні[16], савецкія даследчыкі на сталі паглыбляцца ў больш вытанчаны аналіз нюансаў узнаўлення насельніцтва. На тэрыторыі СССР практычна не праводзіліся гістарычнадэмаграфічныя даследаванні на мікраўзроўні (у дачыненні да лакальных папуляцый або вузкіх сацыяльных групаў).

На пачатку 1920х г. аформіўся вельмі перспектыўны кірунак, які разгортвала школа расійскага эканаміста А.Чаянава. Ён прапанаваў методыку аналізу сялянскай сямейнай гаспадаркі праз дынаміку вытворчасці і спажывання. Увагу даследчыкаў прыцягнулі штогадовыя змены прапорцыі едакоў і працаўнікоў, выкліканыя дэмаграфічнымі фактарамі. Як было паказана на матэрыяле выбарачных абследаванняў расійскіх гаспадарак, гэтая прапорцыя вызначала не толькі колькасць зямлі, занятай пад гаспадарку, але і інтэнсіўнасць працы (меру самаэксплуатацыі ) і размеркаванне бюджэту працоўнага часу[17]. Была сфармулявана тэорыя працаспажы вецкага балансу сямейнай гаспадаркі, якая ўключала не толькі аб’ектыўныя эканамічныя паказчыкі (працазатраты, цэны, даходнасць гаспадаркі), але і такія суб’ектыўныя параметры, как ацэнка сялянамі нуднасці ўласнай працы і адноснай карыснасці кожнай адзінкі вырабленай прадукцыі. Ужываліся мадэлі гадавога гаспадарчага цыклу (якія мелі, праўда, усярэдненатыповы характар). На жаль, у канцы 1920х г. гэтая школа падверглася разгрому, а яе дасягненні на доўгія дзесяцігоддзі былі забытыя. Па гэтай самай прычыне так і не дайшла справа да прымянення ідэй Чаянава да беларускіх матэрыялаў. Не знайшлі працягу і першыя спробы апісаць мадэль тыповага гаспадарчага цыклу беларускага селяніна, якія мелі месца на пачатку ХХ ст. у краязнаўчай працы К.Анікіевіча[18].

У далейшым найбольш цікавыя даследаванні праводзіліся ў рамках замежнай гістарычнай дэмаграфіі і сацыяльнай гісторыі. Аб’ектамі вывучэння сталі першасныя дэмаграфічныя дадзеныя — напрыклад, метрычныя кнігі царкоўных прыходаў, для аналізу якіх прымяняўся метад аднаўлення гісторыі сямей (family reconstitution). На падставе запісаў пра хрышчэнні, шлюбы і пахаванні для кожнай сям’і паасобку вызначаліся працягласць шлюбу, узрост маці пры нараджэнні дзяцей, агульная колькасць народжаных дзяцей і тых, што выжылі, размеркаванне смерцяў паводле ўзросту і іншыя дэмаграфіч ныя характарыстыкі, на падставе якіх вызначаліся дадзеныя для папуляцыі ў цэлым — як правіла, больш дэталёвыя і надзейныя, чым агрэгаваныя дадзеныя афіцыйнай статыстыкі XVIIIXIX ст. Гэты метад, упершыню ўжыты французскім даследчыкам Л.Анры ў 1950я г., быў падхоплены гісторыкамі іншых краінаў[19]. На тэрыторыі СССР адзіным месцам, дзе ён знайшоў прымяненне, была Эстонія, там яго выкарыстоўвала група пад кіраўніцтвам Х.Палі[20].

У Вялікабрытаніі таксама былі дасягнуты ўражальныя поспехі ў вывучэнні метрычных кніг. Кембрыджская група па гісторыі народанасельніцтва і сацыяльнай структуры рэалізавала маштабны праект па выяўленні і апрацоўцы штогадовай сатыстыкі нараджэнняў, шлюбаў і смерцяў ў кожным англійскім прыходзе за перыяд з сярэдзіны XVI ст. да 1871 г. Усяго ў праекце было ўлічана каля 3,7 млн. лічбавых значэнняў з прыкладна 10 тыс. прыходаў, якія дазволілі прасачыць дэмаграфічныя зрухі ў малыя адрэзкі часу і па малых рэгіёнах, а таксама рэканструяваць параўнальна дакладныя характарыстыкі англійскай папуляцыі ў цэлым на працягу трох стагоддзяў, адштурхоўваючыся ад дадзеных перапісу 1871 г. і рухаючыся ў мінулае ў тэхніцы адваротнай праекцыі[21].

Другім кірункам, які актыўна разгортвае Кембрыджская група, стала вывучэнне структуры дворагаспадаркі — базавай ячэйкі даіндустрыяльнага грамадства. Кіраўніком групы П.Лэслетам была распрацаваная сістэма класіфікацыі гаспадарак паводле сямейнага складу, на падставе якой па адзінай методыцы праводзіцца збор і аналіз дадзеных пра сельскія і гарадскія дворагаспадаркі з інвентароў, налогавых рэестраў, падворных перапісаў і іншых масавых крыніц розных краінаў[22]. Пад час гэтых даследаванняў было прадэманстравана, што для розных рэгіёнаў характерныя спецыфічныя нюансы ў сярэдніх памерах і спосабах арганізацыі сямейнай гаспадаркі, якія вызначаюцца як эканамічнымі і прыроднымі фактарамі, так і культурнымі традыцыямі.

Каштоўным дасягненнем брытанскай дэмаграфічнай школы стала высвятленне дзвюх устойлівых мадэляў арганізацыі сямейнай гаспадаркі — традыцыйнай (уласцівай большасці рэгіёнаў свету) і заходнееўрапейскай. Першая з іх характары зуецца параўнальна раннім узростам уступлення ў першы шлюб для абодвух полаў і вельмі нізкім працэнтам асобаў, якія ніколі не ўступалі ў шлюб. Заходнееўрапейская мадэль грунтуецца на больш познім узросце шлюбу (асабліва ў мужчын) і высокім працэнце адзінокіх. Ужо першы параўнальны аналіз макрадэмаграфічных паказальнікаў, праведзены на пачатку 1960х г. Дж.Хайналам, дазволіў гаварыць пра дастаткова выразную лінію ад Пецярбурга да Трыеста, якая ў ХІХ ст. падзяляла Еўропу на зоны пераважання гэтых двух тыпаў дэмаграфічных паводзінаў[23]. Кідаецца ў вочы розніца па абодва бакі лініі Хайнала многіх культурных, эканамічных і нават палітычных характары стык грамадства. Гэта паслужыла тэмай канферэнцыі „Дзе канчаецца Еўропа», арганізаванай па ініцыятыве члена Кембрыджскай групы К.Шурэра ў 1993 г. у Будапешце. Аналіз пытання паказаў, што заходнееўрапейскі тып сямейнай гаспадаркі шчыльна звязаны з прынцыпам маярата, які ўсталяваўся ў канцы Cярэднявечча на тэрыторыі колішняй імперыі Каралінгаў і распаўсюджваўся ў працэсе нямецкай каланізацыі. Старэйшы сын атрымліваў увесь бацькоўскі надзел і, як правіла, толькі пасля гэтага заводзіў уласную сям’ю. Малодшыя сыны вымушаны былі ўладкоўвацца ў жыцці ўласнымі сіламі, што спрыяла з’яўленню вялікай колькасці асобаў вольных прафесій, прафесійных жаўнераў, наёмных рабочых і да т.п., сярод якіх быў высокі працэнт адзінокіх. Гэта спрыяла фармаванню такіх рысаў заходнееўра пейскай культуры, як прадпрымальніцтва, індывідуалізм і звычка разлічваць на ўласныя сілы. Пры традыцыйным тыпе надзел падзяляўся паміж братамі (звычайна ўжо жанатымі), што прыводзіла да фармавання крыху іншага культурнага стэрэатыпа: калектывізму і разліку на своеасаблівы гарантаваны мінімум, які належыць кожнаму ўжо паводле права нараджэння.

Дэмаграфічныя метады даследавання знайшлі новае пераламленне ў сацыяльнай гісторыі. Аб’ектам вывучэння стала кола сацыяльных сувязяў індывіда, г.зн. кола асобаў (родных, сваякоў, хросных і кумоў), на эмацыйную, а часам і матэрыяльную падтрымку якіх ён мог разлічваць у розных жыццёвых сітуацыях[24]. У прыватнасці, колькасць блізкіх кроўных родзічаў звязана з дэмаграфічнымі параметрамі папуляцыі, таму для яе вызначэння выкарыстоўваліся метады, уласцівыя „чыстай» дэмаграфіі, уключна з камп’ютэрным мадэляваннем працэсу ўзнаўлення насельніцтва[25].

З улікам таго, што пералічаныя метады выкарыстоўваліся ў дачыненні да відаў крыніц, якія шырока пададзены і ў архівах Усходняй Еўропы (метрычныя кнігі, інвентары маёнткаў, падворныя перапісы), прымяненне іх да беларускіх матэрыялаў уяўляецца вельмі перспектыўным, прычым менавіта на мікраўзроўні. Комплекс такіх крыніц па гісторыі Беларусі дастаткова багаты, каб дазволіць рэканструкцыю большменш суцэльнай гісторыі пэўнага мікрарэгіёна на працягу прыкладна двух — двух з паловай стагоддзяў, ад XVIII ст. і да сучаснасці. Гэта адпавядае храналагічнаму ахопу даследаванняў, якія праводзіліся на Захадзе — у Нямеччыне[26], Італіі[27], Вялікабрытаніі[28]. Адно даследаванне такога кшталту (акцэнтаванае ў асноўным на дэмаграфіч ных пытаннях) было праведзена на расійскіх матэрыялах[29].

Гэтыя мікрагістарычныя экскурсы, зразумела, вельмі адрозніваюцца паміж сабой па выкарыстаных падыходах, і не ўсе яны адпавядаюць сфармуляваным вышэй ідэальным крытэрыям. Магчыма, таму многія гісторыкі ставяцца да гэтага кірунку крыху насцярожана, а то і проста скептычна. Думаецца, тэарэтычныя спрэчкі на гэты конт будуць бясплоднымі. Людзі, перакананыя ў перспектыўнасці новага метада і яго здольнасці дапамагчы гісторыі дасягнуць доўгачаканага сінтэзу, павінны даказваць сваю правату не словамі, а справай.

* Артыкул падрыхтаваны ў рамках даследавання, падтрыманага грантам Research Support Scheme 1003/1997.


[1] Burke P. The French Historical Revolution: The „Annales“ School, 1929–1989. Cambridge, 1990; Гуревич А. Я. Исторический синтез и Школа „Анналов“. Москва, 1993.
[2] Бродель Ф. Структуры повседневности: возможное и невозможное. Москва, 1986.
[3] Репина Л. П. Смена познавательных ориентаций и метаморфозы социальной истории // Социальная история. Ежегодник, 1997. Москва, 1998. С. 11—52. У іншых артыкулах гэтага зборніка можна знайсці прыклады выкарыстання расійскімі гісторыкамі метадаў гендэрнай, этнасацыяльнай гісторыі і іншых новых кірункаў.
[4] Гульня слоў, заснаваная на сугучнасці англійскaга слова history „гісторыя“ і словазлучэння his story „яго аповед“.
[5] Grendi E. Micro–analisi e storia sociale // Quaderni Storici. 1977. V. 35. P. 506 — 520; Schulze W. Mikrohistorie versus Makrohistorie? Anmerkungen zu einem aktuellen Thema. In: Meier C. und Rüsen J. (Hg.). Historische Methode. (Theorie der Geschichte. Beiträge zur Historik 5). München, 1988. S. 319 — 341; Levi G. On Microhistory. In: Burke P. (Ed.). New Perspectives on Historical Writing. Oxford, 1991. P. 93—113; Medick H. (Hg.). Mikro–Historie. Neue Pfade in die Sozialgeschichte. Frankfurt a.M., 1994; Медик Х. Микроистория // THESIS. 1994. Т. 2. Вып. 4. С. 193 — 202.
[6] Буховец О.Г. Социальные конфликты и крестьянская ментальность в Российской империи начала ХХ века: новые материалы, методы, результаты. Москва, 1996. С. 48.
[7] Macfarlane A. History, Anthropology and the Study of Communities // Social History. 1977. № 5. P. 631–652.
[8] Phythian–Adams C. Re–thinking English Local History. Leichester, 1987.
[9] Другі з гэтых лістоў надрукаваны ў зборніку: Русь — Литва — Беларусь. Проблемы национального самосознания в историографии и культурологии. Москва, 1997. С. 201–203.
[10] Улашчык М. Была такая вёска: Гісторыка–этнаграфічны нарыс. Мінск, 1989.
[11] Похилевич Д. Л. Крестьяне Белоруссии и Литвы в XVI–XVIII вв. Львов, 1957; Улащик Н. Н. Предпосылки крестьянской реформы 1861 г. в Литве и Западной Белоруссии. Москва, 1965; Чепко В. В. Сельское хозяйство Белоруссии в первой половине XIX в. Минск, 1966; Козловский П. Г. Крестьяне Белоруссии во второй половине XVII–XVIII вв. (по материалам магнатских вотчин). Минск, 1969; Липинский Л.П. Развитие капитализма в сельском хозяйстве Белоруссии. Минск, 1971; Мелешко В. И. Очерки аграрной истории Восточной Белоруссии (вторая половина XVII — XVIII вв.). Минск, 1975; Мелешко В. И. Классовая борьба в белорусской деревне во второй половине XVII — XVIII вв. Минск, 1982; Козловский П. Г. Землевладение и землепользование в Белоруссии в конце XVIII — первой половине XIX вв. Минск, 1982; Панютич В. П. Социально–экономическое развитие белорусской деревни в 1861—1900 гг. Минск, 1990; Лойка П. А. Прыватнаўласніцкія сяляне Беларусі. Эвалюцыя феадальнай рэнты ў другой палове XVI—XVIII ст. Мінск, 1991; Голубеў В. Ф. Сялянскае землеўладанне і землекарыстанне на Беларусі XVI–XVIII стст. Мінск, 1992; Спиридонов М. Ф. Закрепощение крестьянства Беларуси (XV—XVI вв.) Минск, 1993; Панютич В. П. Наемный труд в сельском хозяйстве Беларуси 1861—1914 гг. Минск, 1996.
[12] Никифоровский Н. Я. Очерки простонародного житья–бытья в Витебской Белоруссии и описание предметов обиходности. Витебск, 1895; Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо–Западного края / Собр. П. В. Шейном. Т.3. С.–Петербург, 1902; Лебедева Н. И. Жилище и хозяйственные постройки Белорусской ССР. Москва, 1929; Молчанова Л. А. Материальная культура белорусов. Минск, 1968; гринблат М. Я. Белорусы. Очерки происхождения и этнической истории. Минск, 1968; Беларускае народнае жыллё. Мінск, 1973; Беларускае народнае адзенне. Мінск, 1975; Народная сельскагаспадарчая тэхніка беларусаў. Мінск, 1975; Трацевский В. В. Народное зодчество Белоруссии. Минск, 1976; Молчанова Л. А. Очерки материальной культуры белорусов XVI–XX вв. Минск, 1981; Титов В. С. Историко–этнографическое районирование материальной культуры белорусов XIX — начала ХХ в. Минск, 1983; Локотко А. И. Белорусское народное зодчество. Середина XIX — XX в. Минск, 1991; Цітоў В. С. Народная спадчына: Матэрыяльная культура ў лакальна–тыпалагічнай разнастайнасці. Мінск, 1994.
[13] Никифоровский Н. Я. Указ. соч.; Богданович А. Е. Пережитки древнего миросозерцания у белорусов. Этнографический очерк. Гродно, 1895; Довнар–Запольский М. В. Исследования и статьи. Т. 1. Киев, 1909.
[14] Никольский Н. М. Происхождение и история белорусской свадебной обрядности. Минск, 1956; Беларуская народная вусна–паэтычная творчасць. Мінск, 1967; Кацар М. С. Беларускі арнамент. Ткацтва. Вышыўка. Мінск, 1996.
[15] Хок С. Л.. От редактора. В кн.: Анри Л., Блюм А. Методика анализа в исторической демографии. Москва, 1997. С. 7–8.
[16] Рашин А. Г. Население России за 100 лет (1811—1913 гг.). Статистические очерки. Москва, 1956; Кобузан В. М. Народонаселение России в XVIII — первой половине XIX в. Москва, 1963; Вишневский А. Г. Брачность, рождаемость, смертность в России и СССР. Москва, 1977.
[17] Чаянов А. В. Крестьянское хозяйство. Избранные труды. Москва, 1989. С. 218—241 і інш.
[18] Аникиевич К. Т. Сенненский уезд Могилевской губернии. Могилев, 1907.
[19] Henry L. Manuel de démographie historique. Paris, 1967; Drake M. Historical Demography: Problems and Projects. London, 1974; Fleury M., Henry L. Nouveau manuel de dépouilement et d’exploitation de l’état civil ancien, 2 ed. Paris, 1976; Willigan D. J., Lynch K. Sources and Methods of Historical Demography. New York, 1982; Drake M. Population Studies from Parish Registers. London, 1982.
[20] Палли Х. К методике обработки демографических материалов Эстонии XIII—XVIII вв. (до ревизии душ 1781—1782 гг.) // Ежегодник по аграрной истории Восточной Европы. 1966 год. Таллин, 1971. С. 147—161; Палли Х. Методика использования метрик в историко–демографических исследованиях // История СССР. 1982. № 1.
[21] Wrigley E.A., Schofield R.S. The Population History of England, 1571–1871. Cambridge, 1981.
[22] Laselett P. and Wall R. (eds.). Household and Family in Past Time: Comparative Studies in the Size and Structure of the Domestic Group over the Last Three Centuries in England, France, Serbia, Japan, and Colonial North America, with Further Materials from Western Europe. Cambridge, 1972; Flandrin J.–L. Families in Former Times. Cambridge, 1976. P. 66—92; Wall R. (ed.), in collaboration with Robin J. and Laslett P. Family Forms in Historic Europe. Cambridge, 1983; Todorova M. Balkan Family Structure and the European Pattern: Demographic Developments in Ottoman Bulgaria. Washington, 1993. P. 115—158; Janssens A. Family and Social Change: The Household as a process in an industrializing community. Cambridge, 1993; Wall R. Historical Develpment of the Household in Europe. In.: Imhoff E. van, Kuijsten A., Hooimeijer P. and Weissen L. van (eds.). Household Demography and Household Modelling. New York and London, 1995. P. 19—52. На рускай мове пераклад адной з працаў П. Лэслета гл.: Ласлетт П. Семья и домохозяйство: исторический подход // Брачность, рождаемость, семья за три века. Москва, 1979.
[23] Hajnal J. European Marriage Patterns in Perspective. У: Glass D.V. and Everslay D.E.C. (eds). Population in History. Chicago, 1965. P. 101 — 143. На рускай мове гэты артыкул (са скажэннем прозвішча аўтара) гл.: Хаджнал Дж. Европейский тип брачности в перспективе // Брачность, рождаемость, семья за три века. Москва, 1979.
[24] Plekans A. Kinship in the Past: An Anthropology of European Family Life, 1500—1900. Oxford, 1984; Smith R.M. (ed.). Land, Kinship and Life–cycle. Cambridge, 1984; Boulton J. Neighbourhood and Society in the Seventeenth Century. Cambridge, 1987; Wellman B. and Berkowitz S.D. (eds.). Social Structures: A Network Approach. New York, 1988; Wetherell C., Plakans A. and Wellman B. Social Networks, Kinship, and Community in Eastern Europe // Journal of Interdisciplinary History. Vol. XXIV:4 (Spring 1994). P. 639–63.
[25] Smith J. E. The Computer Simulation of Kin Sets and Kin Counts. In: Boungaars J., Burch T. K. and Wacher K. W. (eds.). Family Demography: Methods and their Applications. Oxford, 1987. P. 249–66; Smith J.E. and Oeppen J. Estimating Numbers of Kin in Historical England Using Demographic Microsimulation. In: Reher D.S. and Schofield R. (eds.). Old and New Methods in Historical Demography. Oxford, 1993. P. 280–317; Post W., Poppel F van., Imnoff E van. and Kruse E. Reconstructing the Extended Kin–network in the Netherlands with Genealogical Data: Methods, Problems, and Results // Population Studies. Vol. 51. 1997. P. 263–78.
[26] Levi G. Das immaterielle Erbe. Eine baeuerlische Welt an der Schwelle zur Zmoderne. Berlin, 1968; Ginzburg C. Die Käse und die Würmer. Die Welt eines Müllers um 1600. Frankfurt a.M., 1979 (2 Aufl. Berlin, 1990); Knodel J. E. Demographic Behavior in the past. A Study of Fourteen German Village populations in the Eighteenth and Nineteenth Centuries. Cambridge, 1988; Medick H. Leben und Überleben in Laichingen vom 17. bis 19. Jahrhundert. Untersuchungen zur Social–, Kultur– und Wirtschaftsgeschichte in den Oerspektiven einer lokalen Gesellschaft Altwürtemberg. Göttingen, 1994;
[27] Cerutti S. La ville et ses métiers. Naîssance d’un langage corporatif (Turin 17–e et 18–e siécles). Paris, 1990.
[28] Phythian–Adams C. Desolation of a City: Coventry and the Urban Crisis of the Late Middle Ages. Cambridge, 1979; Sabean D. Property, Production and Family in Neckarhausen 1700 to 1870. Cambridge, 1990; Reay B. Microhistories: Demogaphy, Society and Culture in Rural England, 1800—1930. Cambridge, 1996.
[29] P.Czap. The Perennial Multiple Family Household, Mishino, Russia 1782 — 1858 // Journal of Family History, 1982, 7: 5–26.

Наверх

Тэгі: