БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Ад рэдакцыі

Беларускаму Гістарычнаму Агляду — пяць гадоў.

У лістападзе 1994 г. у віленскай рэдакцыі Нашай Нівы быў змакетаваны першы нумар БГА, у прадмове да якога мы тлумачылі, што ва ўмовах глыбокага застою беларускай гістарыяграфіі і поўнай абыякавасці дзяржавы навуковы перыёдык па гістарычных навуках паўстае з прыватнай ініцыятывы і выдаецца на прыватныя сродкі. Думалі, што гэта часова, бо інтарэсы беларускай дзяржавы мусяць урэшце супасці з нашымі. Мы пісалі тады, што з крахам савецкага рэжыму гісторыкі набылі свабоду, і спадзяваліся на хуткае паляпшэнне гістарыяграфічнай сітуацыі. Ніхто не здагадваўся, што дні гэтай свабоды злічаныя. Што новыя ўлады пачнуць з рэвізіі падручнікаў па гісторыі, увядуць ідэалагічную цэнзуру на гістарычныя выданні, возьмуцца за акадэмічны Інстытут гісторыі, гвалтоўна мяняючы яго кіраўніцтва, і хто ведае, што нам яшчэ давядзецца перажыць. Аднак палітычныя рэжымы чаcовыя, а гісторыя вечная, і ніякімі перашкодамі не спыніць яе пазнання.

Гэтыя пяць гадоў былі часам нялёгкага станаўлення часопіса. Ён выходзіў дзякуючы падтрымцы беларускай эміграцыі і еўрапейскіх дабрачынных фондаў. Паступова БГА займеў сталых супрацоўнікаў, аўтараў і чытачоў. Захоўваючы канцэпцыю выдання, вызначаную першапачаткова, рэдакцыя шукала больш эфектыўных формаў рэалізацыі сваіх задачаў. У 1998 г. пры рэдакцыі БГА была створана міжнародная рада аўтарытэтных вучоных, і перыёдык з’арыентаваўся пераважна на універсітэцкую аўдыторыю. Мы паставілі на мэце ператварыць выданне ў міжнародны форум актуальных даследаванняў беларускай гісторыі.

Пра зробленае за гэты час пакуль можа сведчыць адно сухая статыстыка. У адзінаццаці сшытках БГА было змешчана 49 артыкулаў (з якіх 16 — перакладных), 24 паведамленні, 3 інтэрвію, 7 публікацый архіўных дакументаў, а таксама рэцэнзіі ці анатацыі на 106 новых выданняў. Агулам на старонках часопіса апублікаваліся 116 аўтараў, з іх больш за траціну — з–за мяжы (Польшча, Нямеччына, Украіна, Расія, Швейцарыя). Асноўныя прынцыпы, зададзеныя на пачатку, мы вытрымлівалі: змяшчалі рознажанравыя публікацыі, не абмяжоўваючыся ніякімі храналагічнымі рамкамі, крытыкавалі і правакавалі дыскусіі, стараліся культываваць амаль адсутны ў Беларусі жанр рэцэнзіі, а ў рубрыцы перакладаў, сцвярджаючы ідэю метадалагічнага плюралізму, знаёмілі чытачоў з сучаснай немарксісцкай гістарыяграфіяй. Урэшце, у 1999 г. кнігай успамінаў Францішка Кушаля „Спробы стварэньня беларускага войска“ распачалі рэалізацыю кнігавыдавецкага праекту „Бібліятэка часопіса БГА“, у праграме якога — дзесяткі так неабходных нашай грамадскасці кніг.

Пяцігадовы вопыт працы стаў добрай навукай выжывання, і цяпер перспектывы існавання БГА бачацца аптымістычней. Але гэты ж вопыт пазбавіў нас многіх ілюзіяў, асабліва што да магчымасцяў хуткага ўплыву на гістарыяграфічную сітуацыю ў Беларусі. Сфармуляваную пяць гадоў таму задачу культывацыі і культурызацыі гістарычнай думкі, канцэптуальнага абнаўлення і ажыўлення ўсёй айчыннай гістарычнай навукі ўважаем яшчэ больш надзённай. Яна ж застаецца галоўным інтарэсам часопіса.